Беларуская Біблія

ЛІСТ ДА ЭФЕСЦАЎ

Раздзел 1

1 Паўла, апостал Ісуса Хрыста з волі Божай, святым, якія ў Эфесе, і верным у Хрысце Ісусе:

2 ласка вам і супакой ад Бога, Айца нашага, і Госпада нашага Ісуса Хрыста.

3 Бласлаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які блаславіў нас у нябёсах усякім блаславенствам духоўным у Хрысце,

4 Які выбраў нас у Ім перад заснаваннем свету, каб мы сталі святымі і беззаганнымі перад Ім у любові;

5 Ён прызначыў нас на ўсынаўленне Сабе праз Ісуса Хрыста з ласкавасці волі Сваёй,

6 на хвалу славы ласкі Сваёй, якой абдарыў нас ва Умілаваным,

7 у Якім маем адкупленне праз кроў Яго, адпушчэнне грахоў паводле багацця ласкі Яго,

8 якую выліў Ён на нас шчодра ва ўсякай мудрасці і ўмеласці,

9 каб выявіць нам таямніцу Сваёй волі паводле Свайго ўпадабання, што Ён раней пастанавіў у Ім,

10 на ўсталяванне паўнаты часоў: аб’яднаць усё, што на небе і на зямлі, пад галавою Хрыстом. У Ім,

11 у Якім былі пакліканы да ўдзелу і мы, што прызначаны паводле Яго рашэння, Таго, Які спраўляе ўсё паводле пастановы волі Сваёй,

12 каб былі мы на хвалу славы Яго, мы, якія ўжо раней спадзяваліся на Хрыста.

13 У Ім таксама і вы, якія пачулі слова праўды, Евангелле збаўлення вашага, і ў Яго паверылі, запячатаны Духам Святым абяцання,

14 Які ёсць зарука спадчыны нашай для адкуплення ўласнасці і на хвалу Яго славы.

15 Дзеля таго і я, чуючы пра вашу веру ў Госпада Ісуса і пра любоў да ўсіх святых,

16 не спыняюся дзякаваць за вас, памятаючы ў малітвах маіх,

17 каб Бог Госпада нашага Ісуса Хрыста, Айцец славы, даў вам Духа мудрасці і аб’яўлення на пазнанне Яго,

18 прасветленыя вочы сэрца вашага, каб вы ведалі, якая ёсць надзея Яго паклікання ды якія багацці славы спадчыны Яго для святых,

19 і якая велічэзная сіла магутнасці Яго у нас, веручых, праз дзеянне магутнасці сілы Яго,

20 якую выявіў Ён у Хрысце, уваскрасіўшы Яго з мёртвых і пасадзіўшы праваруч Сябе ў нябёсах

21 вышэй за ўсякае начальства і ўладу, і сілу, і валадаранне, і над усякім імем, якое называецца не толькі ў гэтым веку, але таксама і ў будучым;

22 і ўсё паклаў да ног Яго, і ўчыніў Яго галавой над усёй Царквою,

23 якая ёсць Цела Яго, поўня Таго, Які ўсё ўсім напаўняе.

 

Раздзел 2

1 І вы былі памёршымі праз правіны і грахі вашы,

2 у якіх калісьці хадзілі паводле гэтага веку, па волі князя ўлады паветранай, духа, які дзейнічае цяпер у сынах бунту.

3 Між імі і мы калісьці жылі ўсе ў пажадлівасцях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі мы па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя.

4 Але Бог, багаты міласэрнасцю, праз бязмежную любоў Сваю, якою ўзлюбіў нас

5 і, хоць былі мы мёртвымі праз грахі, ажывіў нас з Хрыстом, – ласкаю вы збаўлены, –

6 і ўваскрасіў, і пасадзіў у нябёсах у Хрысце Ісусе,

7 каб у наступных вяках выявіць нам незвычайныя багацці ласкі Сваёй у ласкавасці да нас у Хрысце Ісусе.

8 Бо ласкаю вы збаўлены праз веру, і гэта не ад вас, але Божы дар;

9 не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся.

10 Бо мы – Яго стварэнне, створаныя ў Хрысце Ісусе для добрых спраў, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх жылі.

11 Дзеля таго памятайце, што вы, калісьці пагане целам, якіх завуць неабразаннем тыя, што называюцца абразаннем, [абразаннем] на целе рукатворным,

12 у той час былі без Хрыста, адчужаныя ад супольнасці з Ізраэлем і аддаленыя ад абяцанняў запаветаў, не маючы надзеі і без Бога ў свеце.

13 Цяпер жа ў Хрысце Ісусе вы, што калісьці былі далёка, сталіся блізкімі праз кроў Хрыстову.

14 Бо Ён – супакой наш, які злучыў абодвух у адно і зруйнаваў сцяну паміж імі, варожасць, Сваім целам,

15 скасаваў закон прыказанняў з пастановамі, каб з двух у Сабе стварыць аднаго новага чалавека, творачы супакой,

16 і прымірыць з Богам абодвух у адным целе праз крыж, Самім Сабою знішчаючы варожасць.

17 І, прыйшоўшы, Ён абвясціў супакой вам, якія былі далёка, ды супакой тым, што былі блізка.

18 Бо праз Яго адны і другія маем доступ да Айца ў адным Духу.

19 Дык таму вы ўжо не чужынцы і прыхадні, але суграмадзяне святых і члены сям’і Божай,

20 угрунтаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, дзе вуглавым каменем ёсць Сам Хрыстос Ісус,

21 на Якім уся пабудова зладжана расце ў святую святыню ў Госпадзе,

22 на Якім і вы разам будуецеся, на жытло Божае ў Духу.

 

Раздзел 3

1 Дзеля гэтай справы я, Паўла, – вязень Хрыстовы дзеля вас, паганаў.

2 Хіба чулі вы аб распарадкаванні ласкі Божай, што дадзена мне адносна вас,

3 што праз аб’яўленне абвешчана мне таямніца, аб чым коратка я ўжо вышэй напісаў.

4 Чытаючы тое, можаце зразумець маё разуменне таямніцы Хрыстовай.

5 Не была яна абвешчана сынам чалавечым у іншых пакаленнях, як цяпер аб’яўлена святым апосталам Яго і прарокам у Духу,

6 што пагане маюць быць спадкаемцамі, і членамі, і ўдзельнікамі абяцанняў у Хрысце Ісусе праз Евангелле,

7 слугой якога я стаўся паводле дару ласкі Божай, дадзенай мне паводле дзеяння магутнасці Яго.

8 Мне, найменшаму з усіх святых, дадзена гэтая ласка: абвяшчаць добрую вестку паганам аб неабсяжным багацці Хрыстовым

9 і выясніць усім, як павінна здзейсніцца гэтая таямніца, скрытая ад вякоў у Богу, Які ўсё стварыў,

10 каб цяпер сталася вядомай начальствам і ўладам нябесным праз Царкву разнастайная мудрасць Божая

11 паводле адвечнай пастановы, што ўчыніў Ён у Хрысце Ісусе, Госпадзе нашым,

12 у Якім маем адвагу і доступ у надзеі праз веру ў Яго.

13 Таму вось прашу вас, не падайце духам з-за турботаў маіх пра вас, якія ёсць славай вашай.

14 Дзеля гэтай справы схіляю калені мае перад Айцом,

15 ад Якога называецца ўсякае айцоўства на небе і на зямлі,

16 каб даў вам паводле багацця славы Сваёй умацавацца сілай праз Духа Яго ва ўнутраным чалавеку,

17 каб Хрыстос абжыўся праз веру ў сэрцах вашых і каб вы, укараніўшыся і ўмацаваўшыся ў любові,

18 разам з усімі святымі маглі зразумець, якая ёсць шырыня і даўжыня, вышыня і глыбіня,

19 а таксама пазнаць любоў Хрыстову, найвышэйшае веданне, каб напоўніліся вы ўсёю поўняй Божаю.

20 А Таму, Які можа многа больш зрабіць, чым усё, што мы просім або разумеем, магутнасцю, якая дзейнічае ў нас,

21 Яму хвала ў Царкве і ў Хрысце Ісусе праз усе пакаленні на векі вечныя. Амін.

 

Раздзел 4

1 Умольваю вас я, вязень у Госпадзе, каб вы хадзілі дастойна паклікання, якім пакліканы,

2 з усёю пакорлівасцю і лагоднасцю, з доўгацярплівасцю і любоўю адны адных пераносячы,

3 імкнучыся захаваць адзінства духа ў саюзе супакою.

4 Адно цела і адзін Дух, як пакліканыя вы ў адной надзеі паклікання вашага.

5 Адзін Госпад, адна вера, адзін хрост.

6 Адзін Бог і Айцец усіх, Які над усімі, і праз усіх, і ва ўсіх нас.

7 Кожнаму ж з нас дадзена ласка паводле меры дару Хрыстовага.

8 Таму вось кажа Пісанне: «Узыходзячы на вышыню, павёў палон у няволю і даў людзям дары».

9 Што ж значыць «узышоў», як не тое, што перш сышоў у глыбейшыя нетры зямлі?

10 Хто сышоў, Той Самы і ўзышоў вышэй усіх нябёсаў, каб усё напоўніць.

11 І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, а яшчэ іншых пастырамі і вучыцелямі

12 на ўдасканаленне святых, на патрэбы служэння, на збудаванне Цела Хрыстовага,

13 аж пакуль не дойдзем усе да адзінства веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да поўнай меры веку поўні Хрыстовай,

14 каб не былі мы ўжо хісткімі дзецьмі, што кідаюцца ўсякімветрам навукі сапсаваных людзей і падступных аблуд.

15 Трымаючыся праўды, ва ўсім узрастаем у любові да Таго, Хто ёсць Галава, да Хрыста,

16 з Якога ўсё Цела, састаўленае і злучанае ўсякімі вязямі праз дзейнасць у патрэбную меру кожнага паасобнага члена ўзрастае на свё збудаванне ў любові.

17 Вось аб гэтым кажу і сведчу ў Госпадзе, каб вы ўжо не хадзілі так, як пагане ходзяць у марнасці розуму свайго,

18 маючы прыцемраныя думкі, аддаленыя ад жыцця Божага з-за няведання, што трывае ў іх праз асляпленне іхняга сэрца;

19 яны адурманены і аддалі саміх сябе на распусту, каб рабіць прагавіта ўсякую брыдоту.

20 Але вы не гэткага пазналі Хрыста,

21 калі толькі вы пра Яго чулі і калі ў Ім былі навучаны, таму што праўда ў Ісусе.

22 Дык адкіньце вы ранейшыя звычкі старога чалавека, які прападае ў аблудных пажадлівасцях,

23 а аднавіцеся духам розуму вашага

24 і апраніцеся ў новага чалавека, створанага Богам у справядлівасці і святасці праўды.

25 Дзеля таго, адкінуўшы падман, гаварыце праўду кожны свайму бліжняму, бо мы члены адзін аднаму.

26 Калі гневаецеся, не грашыце; хай сонца не заходзіць у гневе вашым;

27 і не давайце месца д’яблу.

28 Хто краў, хай ужо не крадзе, лепш хай працуе, зарабляючы рукамі дабро, каб меў чым у патрэбе ўспамагчы таму, каму трэба.

29 Усякае ліхое слова хай не выходзіць з вуснаў вашых, але толькі добрае на збудаванне супольнасці, каб давала ласку тым, што слухаюць.

30 І не засмучайце Святога Духа Божага, Якім вы пазначаны на дзень адкуплення.

31 Хай пакінуць вас усякая прыкрасць, гнеў, і злосць, і звадка, і ачарненне, і ўсякая злоснасць.

32 Будзьце ж паміж сабой спагаднымі, міласэрнымі, даруйце адны адным, як і Бог дараваў вам у Хрысце.

Раздзел 5

1 Дык будзьце паслядоўнікамі Бога, як сыны найдаражэйшыя,

2 і жывіце ў любові, як і Хрыстос узлюбіў нас і выдаў Самога Сябе за нас як дар і ахвяру Богу на водар прыемнасці.

3 Распуста ж і ўсякая нячыстасць або сквапнасць хай і не ўзгадваюцца ў вас, як і належыць у святых,

4 або разбэшчанасць ці ліхая гаворка, ці насмешка неадпаведная, але лепш падзяка.

5 Вось гэта ведайце, разумеючы, што ні адзін распуснік або нячысты ці сквапны, што з’яўляецца служыцелем ідалаў, не мае ўдзелу ў Валадарстве Хрыстовым і Божым.

6 Хай ніхто вас не зводзіць пустымі словамі; бо за гэта прыйшоў гнеў Божы на сыноў недаверства.

7 Дык не станьцеся супольнікамі іх.

8 Бо былі вы калісьці цемраю, а цяпер вы – святло ў Госпадзе, дык і жывіце, як сыны святла.

9 Плод жа святла выяўляецца ва ўсякай дабраце, і справядлівасці, і праўдзе.

10 Выпрабоўвайце, што падабаецца Госпаду,

11 і не прымайце ўдзелу ў бясплённых справах цемры, але лепш выкрывайце.

12 Бо сорамна і казаць аб тым, што робіцца імі патаемна.

13 Усё, што выклікае дакаранні, выяўляецца ў святле,

14 бо ўсё, што выяўляецца, ёсць святло. Таму і сказана: «Устань, які спіш, і паўстань з мёртвых, і будзе свяціць табе Хрыстос».

15 Дык глядзіце, браты, асцярожна хадзіце, не як неразумныя, але як мудрыя,

16 выкарыстоўваючы час, бо дні цяпер ліхія.

17 Дзеля таго не будзьце неразважлівымі, але разумейце, што ёсць воля Госпада.

18 І не піце лішне віна, у якім распуста, але напаўняйцеся Духам,

19 гаворачы між сабою псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі; спяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых.

20 Дзякуйце заўсёды Богу і Айцу за ўсё ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста,

21 падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Хрыстовым.

22 Жанчыны [падпарадкавайцеся] мужам сваім, як Госпаду,

23 бо муж – галава жанчыны, як Хрыстос – галава Царквы; Ён жа – Збаўца цела.

24 Але, як Царква падпарадкавана Хрысту, так і жонкі мужам сваім ва ўсім.

25 Мужы, любіце жонак, як і Хрыстос любіць Царкву, і Самога Сябе выдаў за яе,

26 каб асвяціць яе, ачышчаючы лазняй воднаю ў слове,

27 каб паставіць Самому Сабе слаўную Царкву, без пляміны ці зморшчыны або чагосьці падобнага, але каб была яна святая і беззаганная.

28 Так і мужы павінны любіць жонак сваіх, як уласныя целы. Хто сваю жонку любіць, сам сябе любіць.

29 Бо ніхто ніколі не меў у нянавісці цела свайго, але корміць і спагадае яму, як Хрыстос Царкве,

30 бо мы – члены Цела Яго.

31 Дзеля таго пакіне чалавек бацьку і матку і злучыцца з жонкай сваёй, і будуць двое адным целам.

32 Гэта вялікая таямніца; а я кажу аб Хрысце і Царкве.

33 Вось жа і вы, усякі па сабе, кожны хай любіць жонку сваю, як самога сябе, а жонка хай баіцца мужа.

 

Раздзел 6

1 Дзеці, слухайце бацькоў вашых у Госпадзе, бо гэта справядліва.

2 Паважай бацьку твайго і маці; гэта першае прыказанне з абяцаннем:

3 каб добра было табе і каб быў ты даўгавечным на зямлі.

4 І вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але ўзгадоўвайце іх у навуцы і напамінанні Госпадавым.

5 Нявольнікі, са страхам і трымценнем у прастаце сэрца падпарадкоўвайцеся цялесным гаспадарам вашым, як Хрысту,

6 не на вачах толькі служачы, каб людзям падабацца, але як слугі Хрыстовы, выконваючы волю Божую ад душы,

7 з добрай волі паслугуючы, як Госпаду, а не людзям,

8 ведаючы, што кожны, хто б зрабіў дабро, той і ад Бога атрымае, ці ён нявольнік, ці вольны.

9 І вы, гаспадары, тое самае рабіце ім, змяншаючы пагрозы, ведаючы, што іх і ваш Госпад ёсць у небе і што Ён не ўзіраецца на асобу.

10 Напаследак, браты, умацуйцеся ў Госпадзе і ў сіле магутнасці Яго.

11 Апраніцеся ў зброю Божую, каб змаглі ўстаяць супраць хітрыкаў д’ябла.

12 Бо нашая барацьба не супраць цела і крыві, але супраць начальстваў, супраць уладаў, супраць уладальнікаў гэтай цемры свету, супраць духаў нягоднасці ў нябёсах.

13 Дзеля таго вазьміце зброю Божую, каб маглі ў дзень ліхі абараніцца і, выканаўшы ўсё, выстаяць.

14 Дык стойце, падперазаўшы сцёгны вашыя праўдаю і надзеўшы панцыр справядлівасці,

15 і абуўшы ногі ў гатоўнасць несці добрую вестку супакою;

16 на ўсякую [нагоду] вазьміце шчыт веры, якім зможаце патушыць усе вогненныя стрэлы ліхога;

17 і вазьміце шалом збаўлення разам з мячом Духа, якім ёсць Слова Божае,

18 ва ўсякі час молячыся ўсякаю малітваю і просьбаю ў Духу, і самі чувайце з усёй трываласцю і просьбаю за ўсіх святых

19 і за мяне, каб дадзены быў мне дар слова на адкрыванне вуснаў маіх, каб пераканаўча выяўляў таямніцы Евангелля,

20 дзеля якога я прызначаны пасланцам у путах, каб у самім сабе адважыўся гаварыць так, як мне належыцца гаварыць.

21 Каб жа і вы ведалі пра мае справы, што раблю, пра ўсё гэта паведаміць вам Тыхік, найдаражэйшы брат і верны слуга ў Госпадзе,

22 якога я паслаў да вас на тое, каб вы ведалі, што ў нас робіцца, і каб ён суцешыў сэрцы вашыя.

23 Супакой братам і любоў з вераю ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста.

24 Ласка з усімі, якія любяць Госпада нашага Ісуса Хрыста ў незнішчальнасці.