Беларуская Біблія

ДЗЕІ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ

Раздзел 1

1 Перш, што праўда, стварыў я аповед, Тэафіле, пра ўсё, што пачаў Ісус рабіць і чаму навучаць

2 аж да дня, у які быў узяты [у неба], даўшы даручэнні праз Духа Святога апосталам, якіх Ён выбраў.

3 Па Сваёй смерці даў Ён ім многа доказаў, што Ён жывы, на працягу сарака дзён паказваючыся ім ды прамаўляючы пра Валадарства Божае.

4 І пры супольным пасілку загадаў ім не выходзіць з Ерузаліма, але чакаць абяцання Айца: «Аб чым вы чулі ад Мяне,

5 што Ян хрысціў вадою, а вось вы праз некалькі дзён будзеце ахрышчаны Духам Святым».

6 Пыталіся ў Яго тыя, што былі сабраныя, кажучы: «Госпадзе, ці не ў гэты час адновіш царства Ізраэля?»

7 Ён жа сказаў ім: «Не ваша [справа] ведаць час і хвіліну, якія ўстанавіў Айцец Сваёй уладаю,

8 але калі атрымаеце моц ад сышоўшага на вас Духа Святога, тады будзеце Мне сведкамі ў Ерузаліме, і ва ўсёй Юдэі ды Самарыі, і аж па край зямлі».

9 І, калі гэта сказаў, на вачах іх падняўся ўгору, і воблака ўзяло Яго ад іх вачэй.

10 Калі яны так углядаліся ў неба, як Ён падымаўся, вось жа, два мужы ў белых шатах паўсталі каля іх,

11 і сказалі яны: «Мужы Галілейскія, чаго стаіце, углядаючыся ў неба? Гэты Ісус, што ўзяты ад вас у неба, так прыйдзе, як бачылі Яго, узыходзячага ў неба».

12 Тады вярнуліся яны ў Ерузалім з гары, званай Аліўнай, якая каля Ерузаліма, за дзень суботні ходу.

13 І, прыйшоўшы, сабраліся яны ў святліцу, дзе і заставаліся, Пётра і Ян, Якуб і Андрэй, Піліп і Тамаш, Баўтрамей і Мацвей, Якуб Алфееў і Сімон Зэлот ды Юда Якубаў.

14 Яны ўсе аднадушна трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, Маці Ісуса, ды братамі Яго.

15 У тыя дні, устаўшы пасярод братоў, – а там быў людскі натоўп каля ста дваццаці чалавек, – Пётра сказаў:

16 «Мужы браты, здзейснілася тое, што ў Пісанні прадказаў Дух Святы вуснамі Давіда пра Юду, які быў правадыром тых, што ўзялі Ісуса,

17 што ён быў залічаны да нас і быў прызначаны яму ўдзел у гэтым служэнні.

18 Ён, вось, атрымаў зямлю як узнагароду за злачынства і, рынуўшыся, раздзёрся напалам, ды вылілася ўсё нутро яго.

19 І гэта стала вядома ўсім жыхарам Ерузаліма, так што гэтае поле на іх мове было названа Гакельдама, гэта значыць Поле крыві.

20 Бо ў кнізе псалмаў напісана: «Хай яго панадворак будзе пустым, ды хай ніхто на ім не жыве», ды: «Хай пасаду яго атрымае хто іншы».

21 Дык трэба, каб адзін з гэтых мужоў, што з намі хадзілі ўвесь час, пакуль уваходзіў і выходзіў з намі Госпад Ісус,

22 пачынаючы ад Янавага хросту аж да дня, у які Ён быў узяты ад нас, каб стаўся адзін з іх разам з намі сведкам уваскрэсення Яго».

23 І прызначылі двух: Язэпа, называнага Барсабам, па мянушцы Справядлівы, ды Матэя.

24 І ў малітве прасілі: «Ты, Госпадзе, што ведаеш сэрцы ўсіх, пакажы, якога аднаго з гэтых двух выбраў

25 заняць месца той паслугі і апостальства, ад якога адступіўся Юда, каб адысці на сваё месца».

26 І кінулі між іх жэрабя, і жэрабя выпала на Матэя, і ён быў далучаны да адзінаццаці апосталаў.

 

Раздзел 2

1 І, калі спаўняўся дзень Сёмухі, усе былі разам у тым жа месцы.

2 І раптам стаўся шум з неба, як бы ад наляцеўшага буйнага ветру, ды напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі.

3 І паказаліся ім паасобна языкі, як бы агнявыя, і паселі на кожнага з іх;

4 і напоўнены былі яны ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць іншымі мовамі так, як ім Дух даваў прамаўляць.

5 Жылі тады ў Ерузаліме Юдэі, людзі пабожныя, з усіх народаў, што ёсць пад небам;

6 і, калі ўзняўся гэты голас, збеглася мноства людзей і дзівіліся, бо кожны чуў іх, як прамаўлялі на яго мове.

7 Слупянелі яны і дзівіліся, кажучы: «Ці ж вось гэтыя усе, што прамаўляюць, не Галілейцы?

8 Дык як жа мы кожны чуем сваю ўласную мову, у якой мы нарадзіліся?

9 Парты і Мэды, Эламіты і жыхары Мэзапатаміі, Юдэі і Кападоцыі, Понта і Азіі,

10 Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лібіі, што каля Цырэны, і прыбыльцы з Рыма,

11 а таксама Юдэі і празеліты, Крыцяне і Арабы, – чуем, што яны гавораць пра веліч Божую на нашых мовах».

12 І слупянелі ўсе і не разумелі гэтага, кажучы адзін аднаму: «Што гэта можа быць?»

13 А іншыя, падсмейваючыся, казалі: «Можа быць, яны напіліся маладога віна?»

14 Тады Пётра, стаўшы з адзінаццаццю, падняў голас свой і сказаў ім: «Мужы Юдэйскія ды ўсе жыхары Ерузаліма, хай будзе вам гэта ведама, і ўспрыміце вушамі мае словы!

15 Бо гэтыя людзі не п’яныя, як вы думаеце, бо трэцяя гадзіна дня,

16 але гэта спаўняецца тое, што сказана праз прарока Ёэля:

17 «І будзе: у апошнія дні, – кажа Бог, – выллю ад Духа Майго на кожнае цела; і будуць праракаваць сыны вашыя і дочкі вашыя, і юнакі вашыя будуць бачыць з’явы, і старыя вашыя будуць бачыць сны.

18 І на слуг Маіх і на служак выллю ў тыя дні ад Духа Майго, і будуць праракаваць.

19 І дам цуды на небе, угары, ды знакі на зямлі, унізе, кроў і агонь, і слупы дыму;

20 сонца зменіцца ў цемру, і месяц – у кроў, перш чым прыйдзе дзень Госпадаў, вялікі і страшны.

21 І будзе: кожны, хто будзе прызываць імя Госпада, будзе збаўлены».

22 Мужы Ізраэльскія, паслухайце словы гэтыя: Ісуса з Назарэта, Мужа, засведчанага перад вамі Богам моцамі, цудамі і знакамі, якія Бог учыніў праз Яго між вамі, як вы самі ведаеце,

23 Яго вось, Які паводле вызначанага рашэння і наканавання Божага быў выдадзены, вы, рукамі беззаконных укрыжаваўшы, забілі,

24 але Бог уваскрасіў Яго, вызваліўшы ад пакут смерці, бо немагчыма было, каб яна авалодала Ім.

25 Бо Давід кажа адносна Яго: «Стаяў я перад Богам маім заўсёды; паколькі Ён праваруч мяне, нічога не баюся.

26 Дзеля таго ўзрадавалася сэрца маё, і ўзвесялілася душа мая;звыш таго, і цела маё супакоіцца ў спадзяванні.

27 Бо не пакінеш душы маёй у пекле ды не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне.

28 Ты даў мне пазнаць дарогі жыцця, Ты напоўніш мяне радасцю ад аблічча Твайго».

29 Мужы браты, хай дазволена мне будзе сказаць вам адкрыта пра патрыярха Давіда, што ён і памёр, і быў пахаваны, ды магіла яго захавалася ў нас да сённяшняга дня.

30 Як прарок, ён ведаў, што Бог прысягаў яму вернай прысягай, што [Адзін] ад плода сцёгнаў яго засядзе на пасадзе яго,

31 і, прадбачачы будучыню, гаварыў пра ўваскрэсенне Хрыста, што Ён не застанецца ў пекле, ды што цела Яго не ўбачыць парахнення.

32 Гэтага вось Ісуса ўваскрасіў Бог, а мы ўсе – сведкі гэтага.

33 Ён быў правіцаю Божаю ўзвышаны, атрымаўшы ад Айца абяцанне Духа Святога, і выліў Яго, як  вы бачыце і чуеце.

34 Бо Давід не ўзышоў на неба; аднак ён кажа: «Сказаў Госпад Госпаду майму: Сядзь праваруч Мяне,

35 аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае».

36 Дык хай вельмі цвёрда ведае ўвесь дом Ізраэля, што гэтага Ісуса, Якога вы ўкрыжавалі, Бог учыніў Госпадам і Хрыстом».

37 Калі яны пачулі гэта, спакарыліся сэрцам ды пыталіся ў Пётры і іншых апосталаў: «Дык што маем мы рабіць, мужы браты?»

38 А Пётра [сказаў] ім: «Учыніце навяртанне, і хай кожны з вас прыме хрост у імя Ісуса Хрыста на адпушчэнне вашых грахоў, і атрымаеце дар Духа Святога;

39 бо вам належыць абяцанае і сынам вашым, ды ўсім тым, хто далёка, каго б ні паклікаў Госпад, Бог наш».

40 І многімі іншымі словамі сведчыў і ўшчуваў іх, кажучы: «Ратуйцеся ад гэтага роду распуснага».

41 Дык тыя, прыняўшы яго словы, былі ахрышчаны; і ў той дзень былі далучаны каля трох тысяч душ.

42 І трывалі яны ў навуцы апосталаў ды ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах.

43 І страх быў у кожнай душы; бо апосталы чынілі мноства знакаў і цудаў.

44 Усе тыя, што ўверылі, былі разам ды ўсё мелі супольнае,

45 і прадавалі маёмасць і ўласнасць ды дзялілі яе паміж тымі, у каго якая была патрэба;

46 і штодзень аднадушна заставаліся ў святыні, і, ламаючы хлеб па дамах, спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца,

47 славячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народа. Госпад жа штодзень дадаваў тых, што мелі быць збаўлены.

 

Раздзел 3

1 Аднойчы Пётра і Ян уваходзілі ў святыню а гадзіне дзевятай маліцца.

2 І ўносілі аднаго чалавека, які быў кульгавы ад улоння маці сваёй, якога клалі штодзень ля брамы святыні, званай Прыгожай, каб прасіў міласціны ва ўваходзячых у святыню.

3 Ён, убачыўшы Пётру і Яна, што збіраліся ўвайсці ў святыню, прасіў, каб далі яму міласціну.

4 Тады Пётра з Янам, гледзячы на яго, сказалі: «Зірні на нас!»

5 А ён глядзеў на іх, спадзеючыся нешта ад іх атрымаць.

6 Тады Пётра сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне, але што маю, тое дам табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэта ўстань і хадзі!»

7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго; і зараз акрэплі ногі і стопы яго,

8 і ён, ускочыўшы, стаў на нагах, і хадзіў ды ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, і падскокваючы, і славячы Бога.

9 І ўвесь народ убачыў яго, як хадзіў і славіў Бога,

10 і пазнавалі яго, што гэта той самы  чалавек, які дзеля міласціны сядзеў ля Прыгожай брамы святыні; дык напоўніла іх здзіўленне і недаўменне з прычыны таго, што напаткала яго.

11 А як ён трымаўся Пётры і Яна, увесь народ у здзіўленні збегся да іх у прысенак, званы Саламонавым.

12 Бачачы гэта, Пётра прамовіў да народа: «Мужы Ізраэльскія, чаму дзівіцеся з гэтага ды чаму так углядаецеся на нас, быццам мы сваёй моцай або пабожнасцю справілі тое, што ён ходзіць?

13 Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Слугу Свайго Ісуса, Якога вы выдалі ды адракліся перад абліччам Пілата, калі ён вырашыў вызваліць Яго;

14 вы ж адракліся Святога і Справядлівага і прасілі падараваць вам забойцу,

15 а Правадыра жыцця забілі, але Бог падняў Яго з мёртвых, і мы – сведкі гэтага.

16 І дзеля веры ў імя Яго – гэтага, якога вы бачыце і ведаеце, умацавала імя гэта, і вера, што праз Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад вамі ўсімі.

17 Але я цяпер ведаю, браты, што гэта вы зрабілі па няведанні, як і начальнікі вашыя;

18 А Бог такім чынам здзейсніў тое, што прадказаў вуснамі ўсіх прарокаў, што Хрыстос Яго будзе цярпець.

19 Дык пакутуйце і навярніцеся, каб грахі вашыя былі скасаваныя,

20 каб насталі часы астуды ад Госпада і каб Ён паслаў Таго, Якога прадказаў вам, Хрыста Ісуса,

21 Якога неба мусіць затрымаць аж да часу аднаўлення ўсяго, што спрадвеку прадказваў Бог вуснамі святых Сваіх прарокаў.

22 Майсей жа сказаў: «Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых. Слухайце Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.

23 І будзе: кожная душа, якая не паслухае гэтага Прарока, будзе выкаранена з народа».

24 І прадказвалі гэтыя дні таксама ўсе прарокі ад часоў Самуэля і тыя, што пасля яго прамаўлялі.

25 Вы – сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з бацькамі вашымі, калі, кажучы, сказаў Абрагаму: «У патомстве тваім блаславёныя будуць усе зямныя народы».

26 Вам найперш Бог, паставіўшы Слугу Свайго, паслаў Яго, каб блаславіў кожнага з вас на тое, каб кожны адвярнуўся ад нягоднасці вашай».

 

Раздзел 4

1 Калі ж яны прамаўлялі да народа, падышлі да іх святары і начальнік святыні ды садуцэі,

2 наракаючы, што яны вучаць народ ды што весцяць у Ісусе ўваскрэсенне з мёртвых.

3 Дык усклалі на іх рукі і даручылі іх варце да наступнага дня, бо быў ужо вечар.

4 А многія з тых, што слухалі слова, уверылі; і было іх лікам каля пяці тысяч мужоў.

5 І сталася на наступны дзень, што сабраліся ў Ерузаліме іх начальнікі, старшыні і кніжнікі,

6 і першасвятар Анна, і Кайфа, і Ян, і Аляксандра ды колькі іх было са святарскага роду

7 і, паставіўшы іх пасярэдзіне, пыталіся: «Якою моцай ці ў чыё імя вы гэта зрабілі?»

8 Тады Пётра, напоўнены Святым Духам, сказаў ім: «Правадыры народа і старшыні!

9 Калі сёння вы дапытваеце нас дзеля дабрадзейства хвораму чалавеку, праз якое ён быў аздароўлены,

10 дык хай будзе ведама ўсім вам ды ўсяму народу Ізраэля, што ў імя Ісуса Хрыста з Назарэта, Якога вы ўкрыжавалі і Якога Бог уваскрасіў з мёртвых, у Яго [імя] гэты чалавек стаіць перад вамі здаровы.

11 Ён – камень, які вы, будаўнікі, адкінулі і які стаўся галавою вугла.

12 І няма ў нікім іншым збаўлення, бо няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім маглі б мы быць збаўлены».

13 Яны, бачачы адвагу Пётры і Яна ды даведаўшыся, што яны людзі простыя і неадукаваныя, здзівіліся і пазналі іх, што яны былі з Ісусам.

14 Ды, бачачы стаяўшага з імі чалавека, які быў аздароўлены, нічога не маглі запярэчыць.

15 Дык, загадаўшы ім выйсці з залы рады, радзіліся між сабой,

16 кажучы: «Што маем зрабіць з гэтымі людзьмі? Бо ўсім жыхарам Ерузаліма ясна, што споўнены імі яўны знак, і мы не  можам адмаўляць гэта.

17 Але, каб не разыходзілася гэта ў народзе, сурова забаронім ім, каб больш не прамаўлялі ў гэтае імя ніводнаму чалавеку».

18 І, зноў пазваўшы іх, забаранілі ім зусім прамаўляць і навучаць у імя Ісуса.

19 Аднак Пётра і Ян, адказваючы, сказалі ім: «Мяркуйце самі, ці справядліва перад абліччам Бога вас больш слухаць, чым Бога?

20 Бо не можам мы не гаварыць пра тое, што мы бачылі і чулі».

21 Дык яны, панаўляючы пагрозы і не знаходзячы, за што караць, выпусцілі іх дзеля народа, бо ўсе славілі Бога з прычыны таго, што сталася.

22 Бо той чалавек, з якім стаўся гэты знак аздараўлення, меў болей сарака гадоў.

23 Выпушчаныя, яны прыйшлі да сваіх і абвясцілі, што казалі ім першасвятары і старшыні.

24 Тыя ж, выслухаўшы, аднадушна паднялі голас да Бога і сказалі: «Госпадзе, Ты, Які стварыў неба і зямлю, і мора, ды ўсё, што ёсць на іх,

25 Які праз Духа Святога сказаў вуснамі бацькі нашага Давіда, слугі Твайго: «Чаго бунтуюцца плямёны і народы задумваюць марнае?

26 Узнімаюцца цары зямлі і князі збіраюцца супольна супраць Госпада і  супраць Намашчэнца Яго».

27 Бо сапраўды сышліся ў гэтым горадзе супраць святога Слугі Твайго Ісуса, Якога Ты намасціў, Ірад і Понцкі Пілат з паганамі ды народам Ізраэля,

28 каб здзейсніць тое, чаму рука і рада Твая прызначылі стацца.

29 І цяпер, Госпадзе, зірні на пагрозы іх ды дай слугам Тваім з усёю адвагай вясціць слова Тваё,

30 ды працягні руку Тваю дзеля таго, каб аздараўляць, і чыніць знакі і цуды праз імя святога Слугі Твайго Ісуса».

31 І, калі яны памаліліся, задрыжала месца, на якім яны сабраліся, ды ўсе былі напоўнены Духам Святым і вясцілі слова Божае з адвагай.

32 І вялікае мноства веруючых былі аднаго сэрца і адной душы; і нічога з таго, што мелі, ніхто не называў сваім, бо ўсё ў іх было супольнае.

33 І апосталы з вялікай сілай сведчылі пра ўваскрэсенне Госпада Ісуса, і ласка вялікая была на ўсіх іх.

34 І не было між іх нікога ў недастатку, бо ўсе, хто былі ўласнікі зямлі або дома, прадавалі іх ды прыносілі грошы за тое, што прадавалі,

35 ды складалі ля ног апосталаў, і дзялілі іх паміж сабой, у каго якая была патрэба.

36 Язэп жа, празваны апосталамі Барнабам, што значыць «Сын пацяшэння», левіт, родам з Кіпра,

37 маючы зямлю, прадаў яе і прынёс грошы, і паклаў ля ног апосталаў.

 

Раздзел 5

1 А адзін чалавек, імем Ананія, са сваёй жонкай Сафірай прадаў зямлю

2 ды, з ведама жонкі, адклаў сабе частку атрыманых грошай, а рэшту, прынёсшы, паклаў ля ног апосталаў.

3 Пётра ж сказаў: «Ананія, чаму шатан напоўніў тваё сэрца, каб ты падмануў Духа Святога і адабраў частку атрыманых за поле грошай?

4 Ці ж не ў тваёй гэта ўладзе – пакінуць або прадаць? Дык чаму надумаў гэтакую рэч у сэрцы сваім? Ты ж схлусіў не людзям, але Богу!»

5 Выслухаўшы гэтыя словы, Ананія ўпаў і сканаў; і стаўся страх вялікі з усімі, хто чулі.

6 А некалькі юнакоў, устаўшы, загарнулі яго і, вынесшы, пахавалі.

7 Сталася, што недзе праз тры гадзіны ўвайшла яго жонка, не ведаючы, што здарылася.

8 Звярнуўся да яе Пётра: «Скажы мне, ці за столькі прадалі вы зямлю?» А яна адказала: «Так, за столькі».

9 Пётра ж ёй: «Навошта вы змовіліся, каб выпрабоўваць Духа Госпадавага? Вось, у парозе тыя, што пахавалі мужа твайго. Вынесуць яны і цябе».

10 І яна зараз жа ўпала да ног яго і сканала. Юнакі, уваходзячы, знайшлі яе мёртвай і, вынесшы, пахавалі яе каля мужа.

11 І стаўся страх вялікі над усёй царквой ды з усімі, хто аб гэтым пачулі.

12 Рукамі ж апосталаў былі чынены ў народзе многія знакі і цуды, і былі ўсе аднадушна ў прысенку Саламонавым.

13 І ніхто з іншых не адважваўся да іх далучыцца, але хваліў іх народ.

14 І штораз больш павялічваўся лік мужчын і жанчын, што верылі ў Госпада,

15 так што людзі нават на вуліцу выносілі хворых ды там клалі на насілкі або ложкі, каб, калі пройдзе Пётра, хоць цень яго ўпаў на якога з іх.

16 Таксама з суседніх гарадоў збягалася ў Ерузалім многа народа, прыносячы хворых ды апанаваных нячыстымі духамі, і ўсе яны былі аздароўлены.

17 Тады першасвятар і ўсе, што былі з ім, герэзія садуцэйская, напоўніліся зайздрасцю,

18 і ўсклалі рукі на апосталаў, і пасадзілі іх у грамадскую вязніцу.

19 А ўночы анёл Госпадаў адчыніў дзверы вязніцы і, вывеўшы іх, сказаў:

20 «Ідзіце і вясціце ў святыні народу ўсе словы жыцця гэтага».

21 Пачуўшы гэта, яны на світанні ўвайшлі ў святыню і навучалі. Тым часам першасвятар і тыя, што былі з ім, прыйшоўшы, склікалі раду ды ўсіх старшынь сыноў Ізраэля і паслалі ў вязніцу, каб прывесці іх.

22 Але слугі, пайшоўшы, не знайшлі іх у вязніцы, а вярнуўшыся, паведамілі,

23 кажучы: «Знайшлі мы вязніцу вельмі старанна замкнёную, ды вартаўнікоў, што стаялі перад дзвярамі; адчыніўшы ж, у сярэдзіне не знайшлі мы анікога».

24 Калі начальнік варты святыні і першасвятар пачулі гэтыя словы, дык не маглі зразумець, што гэта з імі сталася.

25 У той час нехта, прыйшоўшы, паведаміў ім: «Вось, людзі, якіх вы замкнулі ў вязніцы, стаяць у святыні і навучаюць народ».

26 Тады начальнік са слугамі пайшоў і прывёў іх, але без прымусу, бо баяліся, каб народ не ўкаменаваў іх саміх.

27 І, калі яны прывялі іх, то паставілі перад радай. І першасвятар спытаўся ў іх,

28 кажучы: «Хіба не забаранілі мы вам строга, каб вы не навучалі ў гэта імя? А вось, вы напоўнілі Ерузалім вашаю навукай ды хочаце ўзвесці на нас кроў гэтага Чалавека».

29 У адказ Пётра і апосталы сказалі: «Болей трэба слухацца Бога, чым людзей.

30 Бог нашых бацькоў уваскрасіў Ісуса, Якога вы забілі, прыбіўшы да дрэва,

31 Бог узвысіў Яго правіцай Сваёй як Валадара і Збаўцу, каб даць Ізраэлю навяртанне ды адпушчэнне грахоў.

32 І мы – сведкі гэтых падзей, як і Дух Святы, Якога Бог даў паслухмяным Яму».

33 Калі яны гэта пачулі, то раззлаваліся і хацелі іх забіць.

34 Тады адзін фарызей у радзе, на імя Гамаліэль, заканазнаўца, паважаны ўсім народам, устаўшы, загадаў на нейкі час вывесці людзей

35 і прамовіў да іх: «Мужы Ізраэльцы! Добра абдумайце, што вы будзеце рабіць з гэтымі людзьмі.

36 Бо нядаўна ў нас выступіў Тэўда, кажучы, што ён – нехта незвычайны, і далучыліся да яго каля чатырохсот прыхільнікаў, і быў забіты, і ўсе, што верылі яму, расцярушыліся, і след іх прапаў.

37 Потым у дні перапісу выступіў Юда Галілеец, і пацягнуў за сабой людзей; і ён згінуў сам, і ўсе яго прыхільнікі рассеяліся.

38 І цяпер кажу вам: адступіцеся ад гэтых людзей, і пакіньце іх у супакоі, і адпусціце іх. Бо калі гэты намер і дзейнасць ад людзей паходзіць, будзе знішчана,

39 а калі ад Бога, дык вы не  зможаце іх знішчыць, ды каб часам не аказалася, што вы ваюеце з Богам». Паслухалі яго

40 і, паклікаўшы апосталаў і пабіўшы, сурова папярэдзілі, каб не прамаўлялі ў імя Ісуса, і адпусцілі.

41 І яны выходзілі ад аблічча рады, усцешаныя, што дзеля імя Ісуса цярпелі знявагу,

42 і, не перастаючы, штодзень у святыні і па дамах навучалі і вясцілі добрую вестку аб Ісусе Хрысце.

Раздзел 6

1 У тыя дні, калі лік вучняў узрастаў, пачалі Геленісты наракаць на Гебраяў, што ў штодзённым служэнні іх удовы былі крыўджаны.

2 Тады дванаццаць, склікаўшы мноства вучняў, сказалі: «Не прыдатна нам, пакінуўшы слова Божае, паслугаваць пры сталах.

3 Таму вось, браты, нагледзьце паміж сябе сем мужоў з добрым імем і поўных Духа і мудрасці, якім мы даручым гэтую работу.

4 А мы заўжды будзем на малітве і паслузе слова».

5 І спадабалася гэтая прапанова ўсім сабраўшымся, і выбралі Сцяпана, чалавека, поўнага веры і Духа Святога, і Піліпа, і Прохара, і Міканора, і Тымона, і Пармэна, і Мікалая Антыяхійца, празеліта,

6 і паставілі іх перад апосталамі, і яны, молячыся, усклалі на іх рукі.

7 І слова Божае расло, і павялічвалася вельмі лічба вучняў у Ерузаліме; нават вялікая колькасць святароў схілілася да веры.

8 Сцяпан жа, поўны ласкі і моцы, чыніў цуды ды вялікія знакі ў народзе.

9 Тады падняліся некаторыя з сінагогі, званай Лібяртынскай, і з Цырэнейскай ды з Александрыйскай, ды з тых, што былі з Цыліцыі ды з Азіі, дыспутуючы са Сцяпанам.

10 І не маглі яны ўстаяць супраць мудрасці і Духа, у Якім ён прамаўляў.

11 Тады падаслалі яны людзей, якія казалі: «Мы чулі, як ён казаў блюзнерствы на Майсея і Бога».

12 І ўзбурылі народ, і старшыняў, і кніжнікаў; і, збегшыся, схапілі яго і завялі ў раду.

13 І паставілі фальшывых сведкаў, што казалі: «Гэты чалавек не перастае прамаўляць супраць святога месца ды супраць закону.

14 Бо мы чулі, як ён казаў, што Ісус з Назарэта зруйнуе гэтае месца і пазмяняе звычаі, якія нам перадаў Майсей».

15 І ўсе, што засядалі ў радзе, угледзеўшыся ў твар яго пільна, бачылі твар яго, як твар анёла.

 

Раздзел 7

1 А першасвятар сказаў яму: «Ці гэта праўда?»

2 Ён жа гаворыць: «Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог хвалы аб’явіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі ён яшчэ быў у Мэзапатаміі, перад тым як абжыўся ў Харане.

3 І сказаў яму: «Выйдзі з зямлі сваёй і ад радні сваёй у зямлю, якую Я табе пакажу».

4 Тады, выйшаўшы з зямлі Халдэйскай, абжыўся ён у Харане. І адтуль, па смерці яго бацькі, перасяліў яго [Бог] у зямлю гэтую, у якой вы цяпер пражываеце,

5 і не даў яму ва ўласнасць ані пядзі зямлі, але абяцаў даць яе ва ўласнасць яму і патомству яго па ім, хоць не меў тады яшчэ сына.

6 Сказаў Бог так: «Будуць нашчадкі яго перасяленцамі ў чужой зямлі, і аддадуць іх у нявольніцтва і на благое абыходжанне, на працягу чатырохсот гадоў будуць зняволенымі і крыўджанымі.

7 І народ, у якога будуць яны нявольнікамі, Я Сам асуджу, сказаў Бог, і пасля таго выйдуць яны і будуць служыць Мне на гэтым месцы».

8 Ды даў яму запавет абразання; і так нарадзіў Ізаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень, а Ізаак – Якуба, а Якуб – дванаццаць патрыярхаў.

9 І патрыярхі праз зайздрасць прадалі Язэпа ў Егіпет; і Бог быў з ім,

10 і вызваліў яго ад усякіх бед, і даў яму ласку і мудрасць перад абліччам фараона, цара Егіпта, і ён прызначыў яго правіцелем над Егіптам ды над усім сваім домам.

11 І ўвесь Егіпет і Ханаан наведаў голад, і вялікае гора, і бацькі нашыя не мелі чаго есці.

12 Калі Якуб дачуўся, што ў Егіпце ёсць збожжа, паслаў бацькоў нашых першы раз,

13 а за другім разам Язэп  быў пазнаны сваімі братамі, фараону ж стаў вядомы род Язэпа.

14 І, паслаўшы, Язэп паклікаў Якуба, бацьку свайго, ды ўсю радню ў ліку сямідзесяці пяці душ,

15 і Якуб прыйшоў у Егіпет. І памёр ён сам, і бацькі нашыя,

16 і перанеслі іх у Сіхем ды паклалі ў магіле, якую Абрагам купіў за срэбра ад сыноў Гемора ў Сіхеме.

17 А, як набліжаўся час здзяйснення абяцання, якое Бог даў  Абрагаму, народ разрастаўся і размнажаўся ў Егіпце,

18 аж узняўся над Егіптам новы цар,  які не ведаў Язэпа.

19 Ён пачаў прыгнятаць народ наш і прымушаў бацькоў нашых выкідваць немаўлят сваіх, каб не заставаліся жывымі.

20 У той час нарадзіўся Майсей, і быў ён мілы Богу; і тры месяцы кармілі яго ў доме бацькі.

21 А калі ён быў выкінуты, узяла яго дачка фараона і ўзгадавала яго як свайго сына.

22 І быў Майсей навучаны ўсёй мудрасці Егіпецкай, ды быў магутны ў словах і ўчынках сваіх.

23 А калі настала яму сорак гадоў, апанавала яго сэрца задума адведаць братоў сваіх, сыноў Ізраэля.

24 І, калі ўбачыў ён аднаго земляка, што цярпеў несправядлівасць, то абараніў і памсціўся за крыўджанага, забіўшы Егіпцяніна.

25 Ён думаў, што браты зразумеюць, што Бог яго рукой дае ім ратунак, але яны не зразумелі.

26 Калі на другі дзень з’явіўся ён між іх, а яны біліся між сабой, дык стараўся іх пагадзіць, кажучы: «Людзі, вы ж браты; чаму крыўдзіце адзін аднаго?»

27 Але той, што чыніў несправядлівасць бліжняму, адпіхнуў яго, кажучы: «Хто паставіў цябе кіраўніком і суддзёю над намі?

28 Хіба і мяне хочаш забіць, як учора забіў Егіпцяніна?»

29 З-за гэтых слоў Майсей уцёк і зрабіўся чужынцам у зямлі Мадыян, дзе нарадзіў ён двух сыноў.

30 Калі ж мінула сорак гадоў, з’явіўся яму ў пустыні пад гарою Сінай анёл Госпадаў у полымі агня ў кусце.

31 Майсей жа, бачачы, дзівіўся з убачанага; а калі падышоў да яго, каб прыгледзецца, пачуў голас Госпада:

32 «Я – Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба». Затрымцеўшы, Майсей не адважыўся глядзець.

33 І сказаў яму Госпад: «Здымі абутак з ног тваіх, бо месца, на якім стаіш, ёсць зямля святая.

34 Пазіраючы,  убачыў Я прыгнёт народа Майго у Егіпце, ды пачуў стогны яго, дык сышоў, каб вызваліць яго; і цяпер ідзі, Я пасылаю цябе ў Егіпет».

35 Таго, вось, Майсея, якога яны зракліся, кажучы: «Хто паставіў цябе кіраўніком і суддзёй?», яго вось Бог паслаў як правадыра і збаўцу рукою анёла, што з’явіўся яму ў кусце.

36 Ён вывеў іх, чынячы цуды і знакі ў зямлі Егіпецкай і на Чырвоным моры ды ў пустыні на працягу сарака гадоў.

37 Гэты вось Майсей, што сказаў сынам Ізраэля: «Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых».

38 Ён той, што быў пры агульным сходзе адзін на адзін з анёлам, які размаўляў з ім на гары Сінай і з бацькамі нашымі, які атрымаў словы жыцця, каб пераказаць іх нам.

39 Але не хацелі яго слухацца бацькі нашыя, ды адпіхнулі яго і звярнуліся ў сэрцах сваіх да Егіпта,

40 кажучы Аарону: «Зрабі нам багоў, якія будуць ісці перад намі; бо не  ведаем, што сталася з тым Майсеем, які вывеў нас з зямлі Егіпецкай».

41 І зрабілі сабе цяля ў тыя дні, ды склалі ахвяру ідалу, ды цешыліся з тварэння рук сваіх.

42 Дык Бог адвярнуўся ад іх і дазволіў, каб служылі войску нябеснаму, як напісана ў кнізе прарокаў: «Дом Ізраэля! Хіба Мне прыносілі вы  ахвяры і цэласпаленні на працягу сарака гадоў у пустыні?

43 І паднялі вы палатку Малоха ды зорку бога вашага Рэфана, фігуры, якія зрабілі, каб ім пакланяцца. Таму перасялю вас за Бабілон».

44 Нашыя бацькі мелі ў пустыні палатку сведчання; як  загадаў  Той, Хто гаварыў з Майсеем, каб ён учыніў яе на ўзор, які бачыў.

45 І, узяўшы яе, нашыя бацькі разам з Ешуа ўнеслі ў зямлю паганаў, якіх Бог выгнаў перад абліччам бацькоў нашых аж да дзён Давіда,

46 які знайшоў ласку ў Бога і прасіў, каб знайшоў месца для дома [Бога] Якуба.

47 А Саламон пабудаваў Яму дом.

48 Але Узвышні не жыве ў пабудовах рук людскіх, як кажа прарок:

49 «Неба – пасад Мой, а зямля – падножжа ног Маіх. Які ж дом пабудуеце Мне, кажа Госпад, або якое месца для супачынку Майго?

50 Ці ж не рука Мая ўчыніла ўсё гэта?»

51 Людзі з цвёрдым каркам, неабрэзанымі сэрцамі і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Святому, як бацькі вашыя, так і вы!

52 Якога з прарокаў не пераследавалі бацькі вашыя? Пазабівалі вы і тых, якія прадказвалі прыход Справядлівага, Якому вы сталі цяпер здраднікамі і забойцамі.

53 Вы, што атрымалі закон праз пасрэдніцтва анёлаў, але не збераглі яго».

54 Калі пачулі гэта, у сэрцах сваіх закіпелі яны гневам і скрыгаталі зубамі на яго.

55 А ён, напоўнены Духам Святым, глянуўшы ў неба, убачыў хвалу Божую і Ісуса, што стаяў праваруч Айца,

56 і гаворыць: «Вось, бачу неба адкрытае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога».

57 Яны ж паднялі вялікі лямант, і затыкалі вушы сабе, і кінуліся на яго аднадушна,

58 і, выцягнуўшы яго за горад, укаменавалі. І сведкі паклалі сваё адзенне ля ног юнака, якога звалі Савелам.

59 І каменавалі Сцяпана, які гучна маліўся і казаў: «Госпадзе Ісусе, прымі духа майго!»

60 А калі ўпаў на калені, закрычаў моцным голасам: «Госпадзе, не палічы ім граху гэтага». І, сказаўшы гэта, сканаў.

 

Раздзел 8

1 А Савел згаджаўся з забойствам яго. З таго дня пачалося вялікае пераследаванне супраць царквы, якая была ў Ерузаліме; і ўсе, за выключэннем апосталаў, рассеяліся па Юдэі і Самарыі.

2 А богабаязныя людзі пахавалі Сцяпана і зрабілі вялікае галашэнне па ім.

3 Савел жа пустошыў царкву, урываючыся ў дамы, і, хапаючы мужчын і жанчын, аддаваў іх у вязніцу.

4 А тыя, што рассеяліся, хадзілі, несучы слова [дабравесця].

5 А Піліп, прыбыўшы ў горад Самарытанскі, прапаведаваў ім Хрыста.

6 І людзі аднадушна прымалі, што казаў Піліп, слухаючы і бачачы знакі, якія ён учыняў:

7 бо з многіх, што былі апанаваныя нячыстымі духамі, яны выходзілі, лямантуючы моцным голасам; і шмат спаралізаваных і кульгавых было аздароўлена.

8 І сталася вялікая радасць у тым горадзе.

9 А ў горадзе быў адзін чалавек, на імя Сімон, які раней займаўся чарадзействам і здзіўляў народ Самарыі, кажучы, што ён нехта вялікі;

10 паважалі яго ўсе ад найменшага да найбольшага, кажучы: «Ён – моц Божая, што завецца вялікая».

11 І лічыліся з ім, бо ён доўгі час чмуціў іх сваімі чарамі.

12 Але калі ўверылі Піліпу, які нёс добрую вестку пра Валадарства Божае і імя Ісуса Хрыста, дык мужчыны і жанчыны прымалі хрост.

13 Тады і Сімон сам уверыў і па атрыманні хросту далучыўся да Піліпа; і дзівіўся ён надта, бачачы, якія знакі і  вялікія цуды ўчыняюцца.

14 Апосталы ж, што былі ў Ерузаліме, пачуўшы, што Самарыя прыняла слова Божае, паслалі да іх Пётру і Яна,

15 і,калі яны прыбылі, то маліліся за іх саміх, каб атрымалі Духа Святога;

16 бо не сыходзіў Ён яшчэ на ніводнага з іх, але былі яны толькі ахрышчаны ў імя Госпада Ісуса.

17 Тады апосталы ўскладалі на іх рукі, і яны атрымоўвалі Духа Святога.

18 Калі Сімон убачыў, што апосталамі праз ускладанне рук даецца Дух, прынёс ім грошы,

19 кажучы: «Дайце і мне гэтую ўладу, каб, калі ўскладу на каго рукі, атрымаў ён Духа Святога».

20 Пётра ж сказаў яму: «Хай срэбра тваё ідзе на пагібель разам з табой, бо ты меркаваў за грошы набыць дар Божы!

21 Не  маеш ты ані часткі, ані долі ў гэтым слове, бо сэрца тваё няшчырае перад Богам.

22 Дык пакайся за гэтую сваю нягоднасць і малі Бога, можа, Ён даруе табе гэты намер сэрца твайго,

23 бо бачу цябе ў горычы жоўці ды ў путах сапсаванасці».

24 І, адказваючы, Сімон сказаў: «Маліце за мяне Госпада, каб не спаткала мяне нічога з таго, што вы казалі».

25 І апосталы, даўшы сведчанне і абвясціўшы слова Божае, вярталіся ў Ерузалім і неслі добрую вестку ў многіх вёсках Самарытанскіх.

26 І анёл Госпадаў сказаў Піліпу, кажучы: «Устань і ідзі на  поўдзень па дарозе, што ідзе з Ерузаліма ў Газу; яна цалкам пустая».

27 І, падняўшыся, ён пайшоў; і вось, пакланіцца Богу прыбыў у Ерузалім муж Этыёпскі, еўнух, урадовец Кандацыі, царыцы Этыёпскай, загадчык усіх яе скарбаў,

28 і ён вяртаўся, седзячы ў сваім возе, і чытаў прарока Ісаю.

29 Дык Дух кажа Піліпу: «Падыдзі і далучыся да гэтага воза».

30 Калі Піліп падбег, пачуў, як той чытаў прарока Ісаю, і сказаў: «Ці разумееш, што чытаеш?»

31 Той гаворыць: «Як магу [разумець], калі ніхто мне не адкрыў?» І запрасіў Піліпа ўзлезці ў воз і сесці побач.

32 А месца Пісання, што ён чытаў, было гэткае: «Як авечка на зарэз вядзецца, ды як ягня безгалосае перад стрыгалямі, не адкрыў Ён вуснаў Сваіх.

33 На прыніжэнні і суд Ён быў аддадзены. І паходжаннем Яго хто пацікавіцца? Бо з зямлі ўзята жыццё Яго».

34 І, звяртаючыся да Піліпа, еўнух сказаў: «Прашу цябе, пра каго гэта кажа прарок? Пра сябе, ці пра каго другога?»

35 Тады Піліп, адкрыўшы свае вусны, пачынаючы ад Пісання гэтага, апавядаў яму добрую вестку пра Ісуса.

36 І калі ехалі па дарозе, пад’ехалі да нейкай вады, і гаворыць еўнух: «Вось вада, ці не магу быць ахрышчаны?» (37)

38 І казаў затрымацца, і яны абодва, Піліп і еўнух, увайшлі ў ваду, і ахрысціў яго.

39 А калі выйшлі з вады, Дух Госпадаў схапіў Піліпа, і еўнух не бачыў яго ўжо больш, але паехаў у сваю дарогу радасны.

40 А Піліп апынуўся ў Азоце, і, праходзячы праз усе гарады, нёс добрую вестку аж да Цэзарэі.

 

Раздзел 9

1 Савел жа, дыхаючы пагрозамі і забойствамі на вучняў Госпадавых, прыйшоў да першасвятара

2 і папрасіў у яго лістоў да сінагог у Дамаску, каб, калі там знойдзе каго гэтага напрамку, як мужчын, так і жанчын, увязніўшы, дастаўляць у Ерузалім.

3 І, калі ён быў у дарозе, здарылася так, што, калі ён набліжаўся да Дамаска, раптам агарнула яго святло з неба,

4 і, падаючы на зямлю, пачуў голас, які казаў яму: «Савел, Савел, чаму Мяне пераследуеш?»

5 Ён сказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» А той: «Я – Ісус, Якога ты пераследуеш!

6 Але ўстань і ідзі ў горад, і скажуць табе, што маеш рабіць».

7 Тыя ж людзі, што былі з ім у дарозе, стаялі аслупянеўшы, бо чулі голас, але нікога не  бачылі.

8 Савел жа падняўся з зямлі, раскрыўшы вочы, але нічога не бачыў; дык завялі яго ў Дамаск, трымаючы за руку.

9 І тры дні не  бачыў, не  еў і не  піў.

10 У Дамаску ж быў адзін вучань, на імя Ананія, і сказаў яму Госпад у бачанні: «Ананія!» А той гаворыць: «Вось я, Госпадзе».

11 А Госпад яму: «Устань і ідзі на вуліцу, што завецца Простая, ды ў доме Юды запытай пра Савела з Тарса, вось жа, ён моліцца,

12 ды ў бачанні ўгледзеў чалавека, на  імя Ананія, які прыйшоў і ўсклаў рукі на яго, каб ён зноў бачыў».

13 І Ананія адказаў: «Госпадзе, я чуў ад многіх пра гэтага чалавека, колькі ён зла ўчыніў святым Тваім у Ерузаліме;

14 і тут ён мае ўладу ад першасвятароў вязніць усіх, хто прызывае імя Тваё».

15 Але Госпад сказаў яму: «Ідзі, бо выбраў Я гэтага [чалавека] як пасудзіну, каб занесці імя Маё паганам і царам і сынам Ізраэля;

16 і Я пакажу яму, колькі ён мае цярпець дзеля імя Майго».

17 І Ананія пайшоў, і ўвайшоў у дом ды, усклаўшы рукі на яго, сказаў: «Браце Савеле! Госпад паслаў мяне, Ісус, Які аб’явіўся табе ў дарозе, якой ты ішоў, каб ты бачыў ды быў напоўнены Духам Святым».

18 І ў той момант быццам луска адпала з вачэй яго, і ён зноў атрымаў зрок. І, падняўшыся, быў ахрышчаны,

19 і калі спажыў пасілак, набраўся сіл. І некалькі дзён быў з вучнямі, якія былі ў Дамаску,

20 і зараз жа стаў абвяшчаць у сінагогах Ісуса, што Ён – Сын Божы.

21 І ўсе, што чулі гэта, дзівіліся і казалі: «Ці ж гэта не той самы, што ў Ерузаліме пераследаваў тых, якія прызывалі гэтае імя, і ці не па тое ён прыйшоў сюды, каб, увязніўшы іх, весці да першасвятароў?»

22 А Савел тым адважней выступаў і бянтэжыў Юдэяў, што жылі ў Дамасаку, даводзячы, што гэта Хрыстос.

23 Калі мінула шмат дзён, Юдэі ўчынілі нараду, каб забіць яго,

24 але Савелу сталі вядомыя іх намеры. А яны днём і ўночы пільнавалі ля брамы, каб яго забіць;

25 і вучні, узяўшы яго, уночы спусцілі ў кашы цераз мур ды выправілі.

26 І калі Савел прыбыў у Ерузалім, дык стараўся далучыцца да вучняў, але ўсе баяліся яго, не  верачы, што ён вучань.

27 Толькі Барнаба, прыняўшы яго, прывёў да апосталаў ды расказаў ім, як у дарозе ён убачыў Госпада і што [Той] сказаў яму, ды з якою адвагай выступаў у Дамаску ў імя Ісуса.

28 І быў ён разам з імі ўвесь час у Ерузаліме, смела выступаючы ў імя Госпада.

29 Гутарыў таксама і спрачаўся з Геленістамі. Яны ж імкнуліся яго забіць.

30 Даведаўшыся пра гэта, браты адвялі яго ў Цэзарэю і выправілі ў Тарс.

31 Тым часам царква мела супакой ва ўсёй Юдэі, Галілеі і Самарыі, будавалася і хадзіла ў страху Госпадавым, і ў пацяшэнні ад Духа Святога ўзрастала.

32 І сталася, Пётра, наведваючы ўсіх, дабраўся і да святых, што пражывалі ў Лідзе.

33 Там напаткаў ён аднаго чалавека, імем Энэй, які быў спаралізаваны і восем гадоў праляжаў у ложку.

34 І гаворыць яму Пётра: «Энэй, Ісус Хрыстос цябе аздараўляе; падыміся і засцялі сабе». І ён адразу ўстаў.

35 І бачылі яго ўсе тыя, што насялялі Ліду і Сарон, і навярнуліся да Госпада.

36 А была ў Ёппе адна вучаніца, імем Табіта, значыць Дорка; яна была поўная добрых учынкаў і міласцін, якія рабіла.

37 Сталася ж у тыя дні, што яна захварэла і памёрла; яе памылі ды палажылі ў святліцы.

38 А як Ліда ёсць недалёка ад Ёппы, дык вучні, пачуўшы, што там знаходзіцца Пётра, паслалі да яго двух мужоў папрасіць яго: «Прыйдзі да нас, не марудзь!»

39 І Пётра, устаўшы, пайшоў з імі; і, калі прыйшоў, завялі яго ў святліцу, і акружылі яго там усе ўдовы, плачучы і паказваючы яму тунікі і адзенне, якія зрабіла Дорка, калі была з імі.

40 І, выправіўшы ўсіх, Пётра ўпаў на калені ды маліўся і, павярнуўшыся да цела, сказаў: «Табіта, устань!» І яна адкрыла вочы свае ды, убачыўшы Пётру, села.

41 Пётра ж, падаўшы ёй руку, падняў яе і, паклікаўшы святых і ўдоў, паказаў яе жывую.

42 І стала вядома пра  гэта па ўсёй Ёппе, і многія ўверылі ў Госпада.

43 І сталася, што яшчэ многа дзён заставаўся Пётра ў Ёппе ў нейкага гарбара Сімона.

 

Раздзел 10

1 А ў Цэзарэі жыў адзін чалавек, на імя Карнэлій, сотнік кагорты, званай Італійскай,

2 пабожны і богабаязны з усім домам сваім, які рабіў шматлікія міласціны люду ды заўсёды маліўся да Бога.

3 Каля дзевятай гадзіны дня ён у з’яве выразна ўбачыў анёла Божага, што ўваходзіў да яго і казаў яму: «Карнэлію!»

4 Ён жа, углядаючыся ў яго, ахоплены страхам, сказаў: «Што, гаспадару?» Той жа сказаў яму: «Малітвы твае і міласціны твае падняліся на ўспамін перад абліччам Бога.

5 Дык зараз жа пашлі людзей у Ёппу і прывядзі нейкага Сімона, званага Пётрам.

6 Ён гасціць у нейкага гарбара Сімона, якога дом каля мора».

7 Калі адышоў анёл, які з ім гутарыў, і калі той паклікаў двух сваіх дамоўнікаў і богабаязнага жаўнера, з тых, што былі яму падначалены,

8 то расказаў ім усё і паслаў іх у Ёппу.

9 На другі дзень, калі яны былі ў дарозе ды набліжаліся да горада, Пётра ўзышоў на дах, каб  памаліцца, каля шостай гадзіны.

10 І, калі пачуў ён голад, захацелася яму есці; пакуль жа гатавалі яму, найшло на яго захапленне [духа],

11 і ён убачыў адкрытае неба ды нейкую пасудзіну, што навісала, падобную да вялікага абруса, які за чатыры канцы спускалі на зямлю,

12 на ёй былі ўсякія чацвераногія, і паўзуны зямныя, і нябесныя птушкі.

13 І азваўся голас да яго: «Устань, Пётра, забівай і еш!»

14 А Пётра гаворыць: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо я ніколі не  еў нічога паганага і нячыстага».

15 І голас паўторна [азваўся] да яго: «Што Бог ачысціў, не называй таго нячыстым».

16 І сталася гэта тройчы, і зараз жа тая пасудзіна была ўзята ў неба.

17 І калі Пётра разважаў у сабе, што можа азначаць з’ява, якую бачыў, вось, перад брамай затрымаліся тыя, што былі  пасланы Карнэліем, і пыталіся пра дом Сімона.

18 Яны пыталіся ўголас, ці тут гасціць Сімон, называны Пётрам.

19 А ў той час, як Пётра разважаў пра з’яву, Дух сказаў яму: «Вось, тры мужчыны пытаюцца пра цябе,

20 дык устань і сыдзі на ніз ды ідзі з імі, не сумняваючыся, бо Я іх паслаў».

21 І, сышоўшы, Пётра сказаў мужам: «Вось, я той, якога шукаеце; што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»

22 Яны сказалі: «Сотнік Карнэлій, чалавек справядлівы і богабаязны, аб чым можа засведчыць увесь народ Юдэйскі, атрымаў ад анёла святога даручэнне паклікаць цябе ў свой дом і выслухаць тое, што ты скажаш».

23 Тады ён, запрасіўшы іх, прыняў, як гасцей. А на другі дзень, узняўшыся, у таварыстве некаторых братоў з Ёппы разам з імі выбраўся ў дарогу.

24 На другі дзень прыбылі ў Цэзарэю; Карнэлій жа чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх прыяцеляў.

25 І сталася, калі Пётра ўваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач, паў яму да ног і пакланіўся.

26 Пётра ж падняў яго, кажучы: «Устань, бо і я такі самы чалавек».

27 І, гутарачы з ім, увайшоў у дом і знайшоў там шмат сабраўшыхся,

28 і сказаў ім: «Вы ведаеце, што Юдэю нельга мець адносіны з чужынцамі. Але Бог мне паказаў, што ніводнага чалавека нельга назваць паганым і нячыстым.

29 Таму вось, запрошаны, я, без сумнення, прыбыў. Дык цяпер пытаюся, навошта вы мяне запрасілі?»

30 І Карнэлій гаворыць: «Чатыры дні таму а дзевятай гадзіне маліўся я ў сваім доме, і вось паўстаў перада мною муж у бліскучым адзенні,

31 і гаворыць: «Карнэлій, твая малітва выслухана, і прыгаданы твае міласціны перад абліччам Божым.

32 Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сімона, званага Пётрам; ён гасціць у доме Сімона гарбара каля мора».

33 Дык я паслаў, не марудзячы, па цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер усе мы стаім перад абліччам Бога, каб паслухаць усяго, што табе Госпад даручыў».

34 Тады Пётра, адкрыўшы вусны, сказаў: «Я сапраўды пераконваюся, што Бог не зважае на асобу,

35 але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і служыць справядлівасці.

36 Паслаў Ён Сваё Слова сынам Ізраэля, несучы добрую вестку пра мір праз Ісуса Хрыста; Ён – Госпад усіх.

37 Вы ведаеце, што сталася ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, па хросце, які прапаведаваў Ян;

38 пра Ісуса з Назарэта, якім чынам намасціў Яго Бог Духам Святым і магутнасцю, Які хадзіў, чынячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманамі, бо Бог быў з Ім.

39 І мы – сведкі ўсяго, што Ён учыніў у зямлі Юдэйскай і ў Ерузаліме; Яго і забілі, павесіўшы на дрэве.

40 Але Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і даў Яму аб’яўляцца,

41 ды не ўсяму народу, але сведкам, выбраным наперад Богам, нам, якія з Ім елі і пілі пасля таго, як Ён уваскрос з мёртвых.

42 І Ён нам загадаў прапаведаваць народу і сведчыць, што Ён – Той, Які ўстаноўлены Богам за суддзю жывых і мёртвых.

43 І ўсе прарокі даюць сведчанне таму, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Яго».

44 І калі Пётра яшчэ гаварыў гэта, Дух Святы сышоў на ўсіх, якія слухалі слова.

45 Дык веруючыя з абрэзаных, што прыйшлі з Пятром, былі надта здзіўлены, што дар Духа Святога выліты быў таксама на паганаў,

46 бо чулі, што яны гавораць [чужымі] мовамі і славяць Бога. Тады азваўся Пётра:

47 «Хто можа адабраць ваду ў тых, што атрымалі Духа Святога, як і мы?»

48 І загадаў іх хрысціць у імя Ісуса Хрыста. Тады прасілі яго затрымацца некалькі дзён.

 

Раздзел 11

1 Апосталы ж і браты, што былі ў Юдэі, дачуліся, што і пагане прынялі слова Божае.

2 Калі ж Пётра прыбыў у Ерузалім, веруючыя з абрэзаных дакаралі яго,

3 кажучы: «Ты пайшоў да людзей неабрэзаных ды еў з імі».

4 Тады Пётра пачаў тлумачыць ім па парадку, кажучы:

5 «Быў я ў горадзе Ёппе на малітве і ўбачыў у захапленні, як нейкі прадмет, падобны на вялікі абрус, за чатыры канцы спускаўся з неба, аж спусціўся каля мяне.

6 І, углядаючыся, я спыніўся і ўбачыў на ім чацвераногіх зямлі, звяроў і паўзуноў ды птушак нябесных.

7 Ды пачуў я голас, які казаў мне: «Устань, Пётра, забівай і еш!»

8 Я адказаў: «Ніякім чынам, Госпадзе! Ніколі нічога паганага або нячыстага не браў я ў свае вусны».

9 Але голас з неба азваўся паўторна: «Што Бог ачысціў, ты не называй нячыстым!»

10 І так паўтарылася тры разы, і зноў усё было ўзята ў неба.

11 І вось, зараз жа перад домам, у якім мы былі, з’явіліся трое мужчын, якіх паслалі з Цэзарэі да мяне.

12 І сказаў мне Дух, каб я, не сумняваючыся, пайшоў з імі. А разам са мной пайшлі таксама тых шэсць братоў, і мы разам прыбылі ў дом [таго] чалавека.

13 І ён расказаў нам, як убачыў анёла, які паўстаў у яго доме, і сказаў: «Пашлі ў Ёппу і пакліч Сімона, званага Пётрам.

14 Ён скажа табе словы, праз якія будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой».

15 Калі ж я пачаў прамаўляць, Дух Святы сышоў на іх, як і на нас напачатку.

16 І прыпомніў я тады словы  Госпада, як Ён казаў: «Ян хрысціў вадою, вы ж будзеце ахрышчаны Духам Святым».

17 Дык калі Бог даў ім такі самы дар, як і нам, якія ўверылі ў Госпада Ісуса Хрыста, то хто ж я, каб мог працівіцца Богу?»

18 Пачуўшы гэта, усе супакоіліся ды славілі Бога і казалі: «Дык і паганам даў Бог ласку навяртання на [вечнае] жыццё».

19 А тыя, што былі рассеяны дзеля пераследавання, што ўзнікла з прычыны Сцяпана, дабраліся аж да Фэніцыі, і Кіпра, і Антыёхіі, абвяшчаючы слова адным толькі Юдэям.

20 З іх жа некаторыя былі Кіпрыйцы і  Цырэнейцы, якія, прыбыўшы ў Антыёхію, сталі навучаць і Грэкаў, абвяшчаючы добрую вестку пра Госпада Ісуса.

21 І рука Госпада была з імі, і вялікая колькасць веруючых навярнуліся да Госпада.

22 І вестка пра іх дайшла да вушэй царквы, што ў Ерузаліме, дык паслалі Барнабу ў Антыёхію.

23 Калі ён прыбыў і ўбачыў дзеянне ласкі Божай, усцешыўся ды заахвочваў усіх, каб усім сэрцам трывалі пры Госпадзе.

24 А быў ён чалавек добры і поўны Духа Святога ды веры. І вялікая колькасць прыхінулася да Госпада.

25 Пасля ён накіраваўся ў Тарс, каб адшукаць Савела.

26 І, калі знайшоў яго, прывёў у Антыёхію. І сталася ім, што цэлы год працавалі яны разам у царкве і навучалі  вялікае мноства людзей, і ў Антыёхіі ўпершыню вучняў назвалі хрысціянамі.

27 У тыя дні з Ерузаліма ў Антыёхію прыбылі прарокі.

28 І вось, адзін з іх, імем Агаб, устаўшы, даў знак праз Духа, што па ўсёй зямлі мае быць вялікі голад; і стаўся ён за Клаўдыем.

29 Дык вучні вырашылі, што кожны па магчымасці мае ўспамагчы братам, што пражываюць у Юдэі.

30 Так яны і зрабілі, пасылаючы дапамогу праз Барнабу і Савела.

 

Раздзел 12

1 У гэты час Ірад паслаў жаўнераў, каб пераследаваць некаторых з царквы.

2 І Якуба, брата Яна, забіў ён мячом.

3 І, бачачы, што гэта спадабалася Юдэям, увязніў да таго ж і Пётру. А былі гэта дні праснакоў.

4 Калі яго схапіў, укінуў у вязніцу, даручыўшы, каб чатыры [варты] па чацвёра жаўнераў пільнавалі яго, жадаючы па свяце Пасхі вывесці яго народу.

5 І быў Пётра вартаваны ў астрозе. А ў царкве безупынна была малітва за яго да Бога.

6 У ноч, па якой Ірад меўся вывесці яго, Пётра, скаваны падвойным ланцугом, спаў між двух жаўнераў, і вартаўнікі перад брамай пільнавалі астрог.

7 І вось, з’явіўся анёл Госпадаў, і святло заззяла ў каморы; і, ткнуўшы ў бок Пётры, абудзіў яго, кажучы: «Устань хутчэй!» І апалі ланцугі з рук яго.

8 І сказаў яму анёл: «Падперажыся ды абуй сандалі твае!» І ён так зрабіў. І кажа яму: «Надзень вопратку тваю ды ідзі за мной».

9 І, выйшаўшы, ішоў за ім, але не ведаў, ці гэта рэчаіснасць, што анёл робіць, ці, можа, бачыць прывід.

10 Прамінуўшы першую і другую варту, яны дайшлі да жалезнай брамы, што вяла ў горад, якая сама адчынілася перад імі, і, выйшаўшы, прайшлі адну вуліцу, і зараз анёл аддаліўся ад яго.

11 Тады Пётра, прыйшоўшы ў сябе, сказаў: «Цяпер ведаю сапраўды, што Госпад паслаў анёла Свайго ды вырваў мяне з рукі Ірада і з усяго, чаго чакаў народ Юдэйскі».

12 Паразважаўшы, пайшоў у дом Марыі, маці Яна, званага Маркам, дзе пазбіраліся многія на малітве.

13 І калі пастукаў у дзверы, прыбегла дзяўчына, на імя Рода, паслухаць, хто там.

14 І, пазнаўшы голас Пётры, з радасці не адчыніла дзверы, але пабегла паведаміць, што Пётра стаіць перад дзвярамі.

15 А яны сказалі ёй: «Дурніца!» Яна ж даказвала, што гэта так. Яны ж усе казалі: «Гэта анёл яго».

16 А Пётра стукаўся далей. Калі ж нарэшце адчынілі, убачылі яго і надта здзівіліся.

17 Ён жа, даўшы ім знак рукою маўчаць, расказаў, як Госпад вывеў яго з астрога, і сказаў: «Паведаміце пра гэта Якубу і братам». І, выйшаўшы, пайшоў у другое месца.

18 Калі ж настаў дзень, між жаўнераў узнікла немалая трывога з-за таго, што сталася праз Пётру.

19 Ірад жа, калі спытаўся пра яго і не знайшоў, распытаўшы вартаўнікоў, загадаў пакараць іх смерцю. І, перабраўшыся з Юдэі ў Цэзарэю, там затрымаўся.

20 А ён дужа злаваўся на жыхароў Тыра і Сідона. Але яны аднадушна прыбылі да яго і, схіліўшы на свой бок Бласта, палацавага царскага, прасілі супакою, бо іх край жывіўся ад царскіх запасаў.

21 У вызначаны ж дзень Ірад, апрануўшы  царскія шаты, седзячы на пасадзе, прамаўляў да іх.

22 А народ крычаў: «Гэта голас бога, а не чалавека!»

23 І адразу ж ударыў яго анёл Госпадаў, таму што ён не аддаў Богу належнай хвалы, і ён памёр, сточаны чарвямі.

24 Слова ж Госпадава расло і памнажалася.

25 А Барнаба і Савел, выканаўшы сваё даручэнне, вярнуліся ў Ерузалім, узяўшы з сабой Яна, званага Маркам.

 

Раздзел 13

1 І былі ў Антыёхіі, у царкве, прарокі і настаўнікі: Барнаба і Сімон, званы Нігер, Люцый Цырэнеец і Манаэн, які гадаваўся разам з Ірадам тэтрархам, ды Савел.

2 І, калі яны адпраўлялі службу Госпадаву і посцілі, сказаў Дух Святы: «Вылучыце мне Барнабу і Савела на дзейнасць, на якую Я іх паклікаў».

3 Тады з постам і малітваю, усклаўшы на іx рукі, адпусцілі іх.

4 І яны, выпраўленыя Духам Святым, накіраваліся ў Сэлеўцыю, а адтуль паплылі па моры на Кіпр.

5 І, калі прыбылі ў Саламіну, прапаведавалі слова Божае ў сінагогах Юдэйскіх. Мелі ж яны Яна ў дапамогу.

6 І, праходзячы праз увесь востраў, дайшлі да Пафы. Там напаткалі аднаго чараўніка, фальшывага Юдэйскага прарока, якому імя Барысус.

7 Ён быў пры праконсуле Сергіі Паўлу, чалавеку разважным. Ён, паклікаўшы Барнабу і Савела, хацеў паслухаць слова Божае.

8 Але працівіўся ім Элімас, чараўнік, так бо тлумачыцца імя яго, намагаючыся праконсула адвярнуць ад веры.

9 Тады Савел, які таксама Паўла, напоўнены Духам Святым, паглядзеў на яго пільна

10 і сказаў: «О ты, сын д’ябла, поўны ўсякага ашуканства ды ўсякай крывадушнасці, вораг усякай справядлівасці! Ці не перастанеш ты заварочваць простых дарог Госпадавых?

11 Вось жа, цяпер рука Госпадава на табе; і будзеш сляпы, і нейкі час не будзеш бачыць сонца». І зараз жа найшла на яго слепата і цемра, і ён, ходзячы кругом, шукаў, хто б даў яму руку.

12 Тады, убачыўшы, што здарылася, праконсул уверыў, здзіўлены навукай Госпадавай.

13 Адплыўшы з Пафы, тыя, што былі з Паўлам, прыбылі ў Пэргэ ў Памфіліі, а Ян вярнуўся ў Ерузалім, адышоўшы ад іх.

14 Яны ж, ідучы далей, прайшлі Пэргэ, і дайшлі да Антыёхіі Пісідскай, і ў суботу ўвайшлі ў сінагогу, і там паселі.

15 Па прачытанні закону і прарокаў начальнікі сінагогі паслалі да іх, кажучы: «Калі маеце, мужы браты, нейкае слова заахвоты для народа, прамоўце!»

16 Тады падняўся Паўла і, даўшы знак рукою маўчаць, гаворыць: «Слухайце, мужы Ізраэльскія ды тыя, што баіцеся Бога!

17 Бог гэтага народа Ізраэльскага выбраў нашых бацькоў ды ўзвысіў народ, калі былі жыхарамі зямлі Егіпецкай, і магутнаю рукою вывеў іх з яе.

18 І каля сарака гадоў зносіў цярпліва іх нараканні ў пустыні.

19 Ды, выгубіўшы сем народаў у зямлі Ханаан, жэрабем падзяліў зямлю ім

20 меней-болей праз чатырыста пяцьдзесят гадоў. Потым даў ім суддзяў аж да прарока Самуэля.

21 І, калі пазней прасілі цара, даў ім Бог Савула, сына Ціса, мужа з пакалення Бэньяміна, на сорак гадоў.

22 А калі яго адкінуў, паставіў ім царом Давіда, пра якога даючы сведчанне, сказаў: «Знайшоў Я Давіда, сына Есэя, мужа па сэрцы Маім, які ва ўсім выканае волю Маю».

23 З яго патомства, паводле абяцання, Бог падняў для Ізраэля Збаўцу Ісуса,

24 перад прыходам Якога Ян прапаведаваў хрост навяртання ўсяму народу Ізраэля.

25 А пад канец свайго шляху Ян казаў: «Кім вы мяне лічыце? Гэта не я; але вось пасля мяне ідзе Той, Якому я не варты развязаць сандаляў на нагах».

26 Мужы браты, сыны роду Абрагама і тыя паміж вас, што баяцца Бога! Нам паслана слова збаўлення гэтага.

27 Жыxары Ерузаліма ды іх начальнікі не прызналі Яго ды, асуджаючы Яго, здзейснілі прадказанні прарокаў, чытаныя кожную суботу,

28 і, не знаходзячы ў Ім ніякай віны, вартай смерці, дамагаліся ад Пілата, каб Яго забіць.

29 А калі выканалі ўсё, што пра Яго было напісана, зняўшы Яго з крыжа, паклалі ў магілу.

30 Але Бог уваскрасіў Яго з мёртвых,

31 і Ён паказваўся многа дзён тым, што з Ім разам прыйшлі з Галілеі ў Ерузалім; яны цяпер сведкі Яго перад народам.

32 І мы абвяшчаем вам гэтую добрую вестку, што абяцанне, дадзенае бацькам,

33 Бог выканаў адносна нас, іх сыноў, уваскрашаючы нам Ісуса, як напісана ў другім псалме: «Ты – Сын Мой. Я сёння нарадзіў Цябе».

34 А што Яго ўваскрасіў з мёртвых і што Ён не абернецца больш у  спарахненне, так сказаў: «Выканаю для вас святыя абяцанні Давіду».

35 І ў іншым месцы кажа: «Не дасі Святому Твайму ўбачыць парахненне».

36 Бо Давід, паслужыўшы свайму пакаленню, заснуў з волі Божай і быў пахаваны пры сваіх бацьках, і ўбачыў парахненне.

37 Але Той, Каго Бог уваскрасіў, не бачыў парахнення.

38 Мужы браты, хай будзе вам ведама, што абвяшчаецца вам адпушчэнне грахоў праз Яго; ад усіх, ад якіх не змаглі вы апраўдацца ў законе Майсея,

39  у Ім кожны, хто ўверыць, апраўдаецца.

40 Дык глядзіце, каб не здзейснілася, што сказана прарокамі:

41 «Глядзіце вы, пагарджаючыя, дзівуйцеся ды адыдзіцеся, бо я выконваю ў дні вашыя тое, ува што ніхто не паверыць, калі вам хтосьці аб ім гаварыў».

42 Калі ж яны выходзілі, прасілі іх, каб яны ў наступную суботу гаварылі тыя самыя словы.

43 А як разышлася сінагога, многа Юдэяў і пабожных празелітаў праводзілі Паўлу і Барнабу, якія заклікалі іх да трывання ў ласцы Божай.

44 А ў наступную суботу амаль увесь горад сышоўся слухаць слова Божае.

45 Калі ж Юдэі ўбачылі натоўпы, ахапіла іх зайздрасць, і, блюзнячы, пярэчылі таму, чаму навучаў Паўла.

46 Тады Паўла і Барнаба сказалі адважна: «Першым вам належала прапаведаваць слова Божае, але, калі вы яго адкідваеце ды самі сябе лічыце за нягодных жыцця вечнага, вось, мы звернемся да паганаў.

47 Бо гэтак загадаў нам Госпад: «Устанаўляю Я цябе святлом для паганаў, каб быў Ты збаўленнем аж па край зямлі».

48 Пагане ж, чуючы гэта, цешыліся ды славілі слова Госпадава, і ўсе, прызначаныя да жыцця вечнага, уверылі.

49 І слова Госпадава разносілася па ўсім краі.

50 Тым часам Юдэі падбурылі пабожных і паважаных жанчын ды першых грамадзян і ўчынілі пераследаванне Паўлы і Барнабы, ды выкінулі іх са сваіх межаў.

51 А яны, абтросшы на іх пыл ад ног, пайшлі ў Іконію.

52 Вучні ж былі поўныя радасці і Духа Святога.

 

Раздзел 14

1 І сталася ў Іконіі, што падобным чынам увайшлі яны ў Юдэйскую сінагогу і прамаўлялі так, што вялікае мноства Юдэяў і Грэкаў уверыла.

2 Але тыя Юдэі, што не ўверылі, падбуралі і раздражнялі паганаў супраць братоў.

3 Аднак Паўла і Барнаба прабылі там доўгі час, дзейнічаючы з вераю ў Госпада,  Які сведчыў слова ласкі Сваёй, даючы цуды і знакі, якія чыніў іх рукамі.

4 Дык жыхары горада падзяліліся: і адны былі з Юдэямі, а другія – з апосталамі.

5 Калі, аднак, пагане і Юдэі сумесна з начальнікамі сваімі пачалі намагацца, каб зняважыць іх і ўкаменаваць,

6 уцяклі ў гарады Лікаонскія, Лістру і Дэрбу, і ў іх ваколіцы,

7 і там неслі добрую вестку.

8 І сядзеў у Лістры адзін чалавек, хворы на ногі, калека ад нараджэння свайго, які ніколі не хадзіў.

9 Ён пачуў, што казаў Паўла. Той жа глянуў на яго ўважна ды, бачачы, што ён мае веру, каб быць збаўленым,

10 сказаў моцным голасам: «Стань проста на ногі твае!» І той падскочыў і стаў хадзіць.

11 І людзі, бачачы, што ўчыніў Паўла, узвысілі голас свой, кажучы па-лікаонску: «Багі сталіся падобнымі да людзей і сышлі да нас!»

12 І назвалі Барнабу Юпітэрам, а Паўлу – Меркурыем, бо ён быў правадыром у слове.

13 А святар храма Юпітэра, які быў перад горадам, прывёў да брамы валоў ды прынёс вянкі і хацеў разам з народам скласці ахвяру.

14 Калі пра гэта даведаліся Барнаба і Паўла, раздзёрлі адзенне ды кінуліся ў народ, крычучы

15 і кажучы: «Людзі, што гэта вы робіце? І мы людзі смяротныя, падобныя да вас, нясём вам добрую вестку, каб вы адвярнуліся ад гэтых марнасцей да Бога жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў іх ёсць.

16 Дапусціў Ён у даўнейшых пакаленнях, каб народ кожны хадзіў сваімі дарогамі,

17 але не пераставаў сведчыць аб Сабе, чынячы дабро, даючы вам дажджы, урадлівую пару, напаўняючы ежай і радасцю сэрцы вашыя».

18 І гэтымі словамі ледзь стрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.

19 Тым часам падышлі Юдэі з Антыёхіі і Іконіі, і, падбурыўшы людзей, укаменавалі Паўлу ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.

20 Але калі сабраліся вакол яго вучні, узняўшыся, пайшоў у горад. А на другі дзень разам з Барнабам накіраваўся ў Дэрбу.

21 І ў гэтым горадзе прапаведавалі Евангелле, і навучалі многіх, а пасля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,

22 умацоўваючы душы вучняў, заахвочваючы іх да трывання ў веры, бо, каб увайсці ў Валадарства Божае, трэба прайсці праз многа прыцясненняў.

23 Потым з малітвай і постам для кожнай царквы прызначылі з іх ліку  старэйшых ды даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі.

24 І, праходзячы ў Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію,

25 і прапаведавалі слова ў Пэрге, а затым пайшлі ў Аталію.

26 І адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі.

27 І, калі прыйшлі і склікалі царкву, расказалі, што ўчыніў Бог з імі, ды як адкрыў Ён дзверы веры паганам.

28 І шмат часу былі яны сярод вучняў.

Раздзел 15

1 Некаторыя, што паходзілі з Юдэі, навучалі братоў: «Калі не будзеце абрэзаныя па звычаю Майсея, не можаце быць збаўлены».

2 І сталася шмат немалых спрэчак і звадак паміж імі ды Паўлам і Барнабам, так што вырашылі, каб Паўла і Барнаба ды яшчэ некалькі з іх пайшлі дзеля гэтае справы ў Ерузалім да апосталаў і старэйшых.

3 Дык, пасланыя царквою, ішлі яны праз Фэніцыю і Самарыю, расказваючы пра навяртанне паганаў, і прыносілі братам вялікую радасць.

4 Калі ж прыбылі ў Ерузалім, былі прынятыя  царквою і апосталамі ды старэйшымі, і расказалі ім, як шмат Бог учыніў ім.

5 Але некаторыя з тых, што ўверылі, з герэзіі фарызейскай супрацівіліся, кажучы: «Трэба абрэзаць іх і загадаць берагчы закон Майсея!»

6 Дык сабраліся апосталы і старэйшыя разгледзець гэтую справу.

7 Калі па гэтым узнікла вялікая спрэчка, тады, узняўшыся, Пётра сказаў ім: «Мужы браты, вы ведаеце, што Бог з даўніх дзён выбраў з нас мяне, каб з вуснаў маіх пагане пачулі слова Евангелля ды ўверылі.

8 І Бог, што ведае сэрцы, засведчыў гэта, даючы ім Духа Святога, як і нам,

9 і не зрабіў ніякай розніцы між намі і імі, ачышчаючы сэрцы іх верай.

10 Дык чаму цяпер выпрабоўваеце Бога, каб ускладаў Ён на вучняў ярмо, якога ані бацькі нашыя, ані мы самі не змаглі насіць?

11 Мы, аднак, верым, што праз ласку Госпада Ісуса будзем збаўлены, як і яны».

12 І замоўк увесь натоўп, і слухалі аповед  Барнабы і Паўлы, якія знакі і цуды ўчыніў Бог праз іх сярод паганаў.

13 І калі яны замоўклі, адазваўся Якуб, кажучы: «Мужы браты, паслухайце мяне.

14 Сімон расказаў, як Бог спачатку  наведаў паганаў, каб выбраць з іх народ для імя Свайго,

15 і з гэтым згаджаюцца словы прарокаў, як напісана:

16 «Пасля гэтага вярнуся і адбудую палатку Давіда, якая ўпала, і адбудую руіны яе, і ўзнаўлю яе,

17 каб іншыя людзі шукалі Госпада, ды ўсе народы, над якімі будзе прызывана імя Маё. Так кажа Госпад, Які чыніць гэта,

18 што вядома спрадвеку».

19 Таму я лічу, што не трэба непакоіць тых, якія з паганаў навярнуліся да Бога,

20 але напісаць ім, каб сцерагліся апаганьвання ад балванаў, распусты, і задаўленага, і крыві.

21 Бо Майсей ад найдаўнейшых пакаленняў мае такіх, што ў паасобных гарадах абвяшчаюць яго ў сінагогах, дзе кожную суботу чытаюць».

22 Тады апосталы і старэйшыя з усёй царквою надумалі выбраць мужоў са свайго ліку: Юду, званага Барсабам, і Сілу, мужоў першых сярод братоў, ды паслаць іх у Антыёхію разам з Барнабам і Паўлам,

23 паслаўшы праз іх ліст: «Апосталы, і старэйшыя, і браты – тым, што жывуць у Антыёхіі, Сірыі і Цыліцыі, братам з паганаў, прывітанне!

24 Мы даведаліся, што некаторыя з нашых без нашага даручэння занепакоілі вас словамі, трывожачы сэрцы вашыя.

25 Дык мы, сабраўшыся разам, вырашылі паслаць да вас выбраных людзей разам з дарагімі нам Барнабам і Паўлам,

26 людзьмі, якія за імя Госпада нашага Ісуса Хрыста аддалі душы свае.

27 Дык пасылаем Юду і Сілу, якія перакажуць словамі тое самае.

28 Бо Дуx Святы і мы вырашылі, што не трэба ўскладаць на вас аніякага цяжару, апрача таго, што неабходна:

29 устрымлівацца ад ахвяр для ідалаў, ад крыві, ад таго, што задушана, ды ад распусты. Добра вы зробіце, калі ад гэтых рэчаў паўстрымаецеся. Бывайце».

30 Тыя ж, пасланыя, прыбылі ў Антыёхію, і, сабраўшы грамаду, аддалі  ліст.

31 Калі яго прачыталі, узрадаваліся словам суцяшэння.

32 А Юда і Сіла, якія і самі былі прарокамі, у частых прамовах пацяшалі братоў і ўмацоўвалі іх.

33 Па нейкім часе адаслалі іх браты з прывітаннем супакою да тых, якія іх паслалі. (34)

35 А Паўла і Барнаба затрымаліся ў Антыёхіі, навучаючы і добравесцячы з многімі іншымі слова Госпадава.

36 А праз некалькі дзён Паўла сказаў Барнабу: «Вернемся і наведаем братоў ва ўсіх гарадах, у якіх мы прапаведавалі слова Госпадава, і паглядзім, як маюцца».

37 Барнаба хацеў узяць з сабой Яна, званага Маркам,

38 але Паўла судзіў, што за тое, што ён адышоў ад іх у Памфіліі і не хадзіў працаваць з імі, не належыцца браць яго.

39 І ўсчынілася крыўда, так што раздзяліліся, і Барнаба, узяўшы Марка, паплыў на Кіпр,

40 Паўла ж, абраўшы Сілу, пайшоў, даручаны братамі ласцы Госпада.

41 І праxодзіў праз Сірыю і Цыліцыю, умацоўваючы цэрквы.

 

Раздзел 16

1 І прыбыў ён у Дэрбу і Лістру. І вось, быў там адзін вучань, на імя Цімафей, сын веруючай Гебрайкі і бацькі Грэка;

2 браты з Лістры і Іконіі добра пра яго сведчылі.

3 Яго Паўла захацеў узяць у дарогу з сабой і, прымаючы, абрэзаў яго дзеля Юдэяў, якія былі ў тых мясцовасцях, бо ведалі яны ўсе, што бацька яго быў Грэкам.

4 Калі ж праходзілі праз гарады, загадваў ім берагчы прынятыя апосталамі і старэйшымі ў Ерузаліме пастановы.

5 І цэрквы ўмацоўваліся вераю і штодзень раслі лікам.

6 Затым перайшлі яны Фрыгію і краіну Галатыйскую, бо Дух Святы забараніў ім прамаўляць слова ў Азіі.

7 Прыбыўшы ў ваколіцы Мізіі, спрабавалі ісці ў Бітынію, і Дух Ісуса не дазволіў ім.

8 Перайшоўшы Мізію, яны накіраваліся ў Трааду.

9 І тут уночы Паўлу адкрылася ў з’яве: нейкі Мацэдонец стаў перад ім і прасіў яго, кажучы: «Прыйдзі ў Мацэдонію, дапамажы нам!»

10 Як пабачыў ён з’яву, мы, не марудзячы, вырашылі выправіцца ў Мацэдонію, перакананыя, што Бог паклікаў нас дабравесціць ім.

11 Выплыўшы з Траады, паплылі мы проста ў Саматрацыю, а на другі дзень – у Неапаль;

12 а адтуль – у Піліпы, галоўны горад той часткі Мацэдоніі, [рымскую] калонію. У гэтым горадзе былі мы некалькі дзён.

13 А ў суботу выйшлі мы за браму да ракі, дзе, як мы меркавалі, моляцца, і, сеўшы, гутарылі з жанчынамі, што сабраліся.

14 І слухала адна богабаязная жанчына, імем Лідзія, родам з горада Тыятыры, што прадавала пурпур, і Госпад адчыніў ёй сэрца, каб успрымаць тое, што казаў Паўла.

15 І, калі была ахрышчана разам з домам сваім, папрасіла, кажучы: «Калі лічыце мяне вернай Госпаду, увайдзіце ў дом мой і застаньцеся», і змусіла нас.

16 І сталася, што, калі мы ішлі на малітву, пераняла нас нейкая дзяўчына, якая мела духа варажбіта, і прыносіла яна многа даходу сваім гаспадарам, праракуючы.

17 Яна, бегучы за Паўлам і за намі, крычала: «Гэтыя людзі – слугі Бога Узвышняга, яны прапаведуюць вам дарогу збаўлення».

18 І рабіла яна гэта шмат дзён. Паўла ж, у роспачы, павярнуўся і сказаў: «Загадваю табе ў імя Ісуса Хрыста, выйдзі з яе!», і ў тую ж гадзіну ён выйшаў.

19 Калі яе гаспадары ўбачылі, што надзея іх даходу знікла, дык, схапіўшы Паўлу і Сілу, завалаклі на рынак да начальнікаў,

20 і, аддаўшы іх магістрату, сказалі: «Гэтыя людзі, хоць і Юдэі, уводзяць у замяшанне наш народ

21 і абвяшчаюць звычаі, якія нам не след прымаць ды выконваць, бо мы – Рымляне».

22 І сабраўся натоўп супраць іх, дык магістрат загадаў  хвастаць іх розгамі, сцягнуўшы тунікі.

23 І, нанёсшы ім шматлікія раны, укінулі іх у вязніцу, загадваючы варце пільна іх вартаваць.

24 Атрымаўшы такі загад, вартавы кінуў іх ва ўнутраную вязніцу і ногі іх замкнуў у калоду.

25 Апоўначы Паўла і Сіла, молячыся, услаўлялі Бога, і іншыя вязні слухалі іх.

26 Раптам сталася вялікае трасенне, аж захісталіся падмуркі астрога, і адкрыліся ўсе дзверы, ды з усіх апалі путы.

27 Калі вартавы абудзіўся і ўбачыў дзверы астрога адчыненыя, выцягнуўшы меч, хацеў забіць сябе, думаючы, што вязні паўцякалі.

28 Тады Паўла закрычаў на ўвесь голас, кажучы: «Не рабі сабе нічога благога, бо мы ўсе тут».

29 Тады ён, запатрабаваўшы святла, ускочыў унутр ды ўпаў, дрыжучы, да ног Паўлы і Сілы.

30 І, вывеўшы іх навонкі, гаворыць: «Гаспадарове, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?»

31 І яны сказалі: «Увер у Госпада Ісуса, і будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой».

32 І расказалі слова Госпада яму і ўсім, што былі ў яго доме.

33 І, узяўшы іх, абмыў раны іх, і, не марудзячы, прыняў хрост разам з усімі сваімі.

34 І, калі ўвёў іх у дом, запрасіў да стала ды з усім домам сваім вельмі цешыўся, што ўверыў Богу.

35 І, калі настаў дзень, магістрат  паслаў ліктараў сказаць: «Адпусціце гэтых людзей».

36 Вартавы астрога перадаў Паўлу гэтыя словы: «Магістрат прыслаў, каб выпусціць вас. Дык выйдзіце цяпер ды ідзіце ў супакоі».

37 Але Паўла сказаў ім: «Збіўшы нас прылюдна без суда, хоць мы – Рымскія грамадзяне, яны кінулі нас у астрог, а цяпер цішком выпускаюць? О не! Хай прыйдуць і самі выведуць нас».

38 Ліктары перадалі гэтыя словы магістрату. Дык тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэта Рымляне,

39 і, прыйшоўшы, перапрасілі іх ды, вывеўшы, прасілі, каб яны пакінулі горад.

40 Яны ж, выйшаўшы з вязніцы, пайшлі да Лідзіі, пабачыліся з братамі, суцешылі іх і выправіліся ў дарогу.

 

Раздзел 17

1 Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалонію, прыбылі яны ў Тэсалоніку, дзе Юдэі мелі сінагогу.

2 Па звычаю свайму Паўла ўвайшоў да  іх і на працягу трох субот разбіраў з імі Пісанне,

3 даводзячы і паказваючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з мёртвых ды што: «Ісус, Якога я вам абвяшчаю, і ёсць гэты Хрыстос».

4 І некаторыя з іх уверылі і далучыліся да Паўлы і Сілы, таксама і вялікая колькасць веруючых Грэкаў, і нямала высакародных жанчын.

5 Тады зайздросныя Юдэі, узяўшы з рынку нейкіх нягодных людзей і ўчыніўшы натоўп, збунтавалі горад і, знайшоўшы дом Язона, шукалі іх, каб вывесці да народа.

6 І, не знайшоўшы іх, павалаклі Язона ды некаторых братоў да палітархаў, крычучы: «Тыя, якія бунтуюць увесь свет, прыйшлі таксама сюды,

7 і Язон іх прыняў. А яны ўсе выступаюць супраць загадаў цэзара, кажучы, што ёсць іншы Валадар – Ісус».

8 Такім чынам узбурылі яны натоўпы і палітархаў, якія гэта слухалі;

9 і, узяўшы паруку ад Язона і ад іншых, пусцілі іх.

10 Зараз жа ўначы браты выправілі Паўлу і Сілу ў Берэю. Калі яны туды прыбылі, пайшлі ў Юдэйскую сінагогу.

11 Гэтыя былі разумнейшыя за тых, што ў Тэсалоніцы, і прынялі слова з усёю руплівасцю ды штодзень разбіралі Пісанне, ці так яны гэта разумеюць.

12 І многа з іх уверыла, а таксама нямала высакародных жанчын Грэцкіх ды мужчын.

13 Калі Юдэі з Тэсалонікі даведаліся, што таксама ў Берэі Паўла прапаведуе слова Божае, прыбылі і туды, падбураючы і хвалюючы многіх.

14 Тады браты безадкладна выправілі Паўлу, каб ішоў ён аж да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.

15 Тыя, што праводзілі Паўлу, завялі яго аж у Атэны ды вярнуліся, атрымаўшы ад яго загад Сіле і Цімафею, каб чым хутчэй прыйшлі да яго.

16 Чакаючы іх у Атэнах, Паўла абураўся ў духу сваім, бачачы горад, аддадзены балванахвальству.

17 Таксама дыспутаваў у сінагозе з Юдэямі і з богабаязнымі ды штодзень на плошчы з тымі, з якімі сустракаўся.

18 Некаторыя з філосафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім. І некаторыя казалі: «Што хоча сказаць гэты балбатун?» Іншыя ж: «Здаецца, што ён абвяшчае новых багоў», бо дабравесціў ім Ісуса і ўваскрэсенне.

19 І, узяўшы яго, завялі ў Арэапаг, і запыталі: «Ці не маглі б мы даведацца, якое новае вучэнне ты выкладаеш ?

20 Бо нейкія дзівосныя рэчы ўкладаеш ты ў нашыя вушы. Дык хацелі б даведацца, што гэта мае быць».

21 Усе ж Атэнцы і іншаземцы-прыхадні нічым іншым не бавяць час, як толькі гавораць або слухаюць нешта новае.

22 Дык Паўла, стаўшы сярод Арэапагу, гаворыць: «Мужы Атэнскія! Па ўсім бачу, што вы надта пабожныя.

23 Бо, праxодзячы ды аглядаючы вашыя святыні, напаткаў і алтар, на якім было напісана: «Невядомаму Богу». Дык Таго, Каму вы, не ведаючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю.

24 Бог, Які стварыў свет ды ўсё, што ў ім, Ён – Госпад неба і зямлі, не пражывае ў святынях рукатворных,

25 ды не патрабуе паслугі рук людскіх, як быццам Яму чаго нестае, бо Ён Сам дае ўсім жыццё, і дыханне, і ўсё.

26 Ён з аднаго чалавека ўчыніў увесь род чалавечы, каб пражываў на ўсім абліччы зямлі, вызначаючы пэўны час і межы іх пражывання,

27 каб шукалі Бога, ці не дакрануцца да Яго часам, ці не знойдуць, хоць Ён недалёка ад кожнага з нас.

28 Бо ў Ім жывём, рухаемся ды існуем, як сказалі некаторыя з вашых паэтаў: «Мы ж ёсць і род Яго».

29 Дык, калі мы род Божы, не павінны мы думаць, што Боства падобнае да золата, або срэбра, або каменя, твора мастацтва або розуму чалавечага.

30 І вось, зважаючы на часы няведання, Бог цяпер заклікае людзей, каб усе паўсюдна навярталіся,

31 таму што вызначыў дзень, у які будзе судзіць свет справядліва і праз Чалавека, Якога [на гэта] прызначыў, даўшы ўсім упэўнасць, уваскрасіўшы Яго з мёртвых».

32 Пачуўшы пра ўваскрэсенне мёртвых, адны насміхаліся, а іншыя казалі: «Паслухаем цябе пра гэта іншым разам».

33 І гэтак Паўла выйшаў з іх асяродка.

34 Некаторыя, аднак, далучыліся да яго і ўверылі, між якімі і Дыянізій Арэапагіт ды жанчына на імя Дамара, і іншыя з імі.

 

Раздзел 18

1 Пасля гэтага пакінуў ён Атэны ды прыбыў у Карынт.

2 Тут напаткаў ён нейкага Юдэя, на  імя Аквіла, родам з Понта, які прыбыў нядаўна з Італіі, і жонку яго Прысцылу, бо Клаўдзій загадаў выселіць з Рыма ўсіх Юдэяў, і ён прыйшоў да іх.

3 А займаўся ён тым жа рамяством, таму застаўся ў іх і працаваў; а рамяством іх было майстраванне палатак.

4 І ў кожную суботу дыспутаваў у сінагозе ды пераконваў Юдэяў ды Грэкаў.

5 Калі ж прыйшлі Сіла і Цімафей з Мацэдоніі, Паўла выключна аддаўся слову, сведчачы Юдэям, што Ісус ёсць Хрыстос.

6 А калі пярэчылі яму і блюзнілі, атрасаў сваё адзенне ды казаў ім: «Кроў вашая на вашу галаву! Я чысты. Ад гэтай гадзіны пайду да паганаў».

7 І перайшоў адтуль, і ўвайшоў у дом аднаго богабаязнага чалавека, імем Ціт Юстус, дом якога быў побач з сінагогай.

8 Начальнік жа сінагогі, Крысп, з усім сваім домам уверыў у Госпада, і многа Карынцянаў, слухаючы, уверылі і прынялі хрост.

9 Уночы Госпад сказаў Паўлу ў з’яве: «Не бойся, але гавары і не маўчы,

10 бо Я з табою, і ніхто не кране цябе, каб пашкодзіць табе, бо многа ў Мяне ў гэтым горадзе народа».

11 Дык застаўся, навучаючы іх слову Божаму год ды шэсць месяцаў.

12 А калі Галіён стаўся праконсулам Ахаі, Юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўлы і прывялі яго на суд,

13 кажучы: «Ён падгаворвае людзей, каб славілі Бога не паводле закону».

14 Калі ўжо Паўла пачынаў адкрываць вусны, Галіён сказаў Юдэям: «Калі б быў які праступак або злачынства, о Юдэі, дык я заняўся б вамі.

15 Але калі вы спрачаецеся пра словы і назовы ды пра ваш закон, дык самі разбірайцеся. Я не хачу быць суддзёю ў гэтым».

16 Затым выгнаў іх з суда.

17 А ўсе, схапіўшы начальніка сінагогі Састэна, білі яго перад судом, але Галіён не звяртаў на гэта ўвагі.

18 А Паўла, яшчэ шмат дзён прабыўшы там, развітаўся з братамі ды разам з Прысцылай і Аквілам паплыў у Сірыю, а ў Кенхрах абстрыг галаву, бо такое зрабіў абяцанне.

19 І дабраліся да Эфеса, і там ён іx пакінуў, а сам, увайшоўшы ў сінагогу, дыспутаваў з Юдэямі.

20 Калі ж прасілі яго, каб заставаўся даўжэй, не згадзіўся,

21 але, развітваючыся з імі, сказаў: «Вярнуся да вас, калі Бог захоча», і паплыў з Эфеса.

22 Прыбыўшы ў Цэзарэю, ён з’явіўся [у Ерузаліме] і  прывітаў царкву і накіраваўся ў Антыёхію.

23 Забавіўшыся нейкі час там, зноў падаўся ў дарогу, падарожнічаючы паслядоўна праз Галатыйскую краіну і Фрыгію, умацоўваючы ў веры ўсіх вучняў.

24 Адзін жа Юдэй, на імя Апалос, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і моцны ў Пісанні, прыбыў у Эфес.

25 Настаўлены быў ён на шлях  Госпада і, палаючы Духам, гаварыў ды навучаў рупліва пра Ісуса, ведаючы толькі Янаў хрост.

26 Ён пачаў адважна дзейнічаць у сінагогах. Калі пачулі яго Прысцыла і Аквіла, забралі яго з сабой ды выяснілі яму шлях Божы.

27 А калі задумаў ён ісці ў Ахаю, то браты, узрушаныя, напісалі ліст да вучняў, каб прынялі яго. Калі ж ён прыбыў, дапамагаў многа тым, што ўверылі праз ласку,

28 бо рашуча і прылюдна абвяргаў Юдэяў, даводзячы з Пісання, што Ісус ёсць Хрыстос.

 

Раздзел 19

1 І сталася, калі Апалос быў у Карынце, Паўла, прайшоўшы ўзгорыстыя мясцовасці, прыйшоў у Эфес ды напаткаў нейкіх вучняў,

2 і сказаў ім: «Ці атрымалі вы Духа Святога, уверыўшы?» А яны яму: «Мы нават не чулі, ці ёсць Дух Святы».

3 Тады ён гаворыць: «Дык які вы хрост прынялі?» А яны сказалі: «Хрост Янаў».

4 Тады Паўла сказаў: «Ян хрысціў хростам навяртання, кажучы людзям, каб уверылі ў Таго, Хто прыйдзе па ім, значыць у Ісуса».

5 Калі яны гэта пачулі, прынялі хрост у імя Госпада Ісуса.

6 І калі Паўла ўсклаў на іх рукі, Дух Святы сышоў на іх, і гаварылі мовамі і праракавалі.

7 Было ж іх усіх каля дванаццаці мужчын.

8 Затым, увайшоўшы ў сінагогу, адважна прамаўляў, на працягу трох месяцаў дыспутуючы і пераконваючы пра Валадарства Божае.

9 Але паколькі некаторыя закамянелі і не верылі, знеслаўляючы шлях перад натоўпамі, дык аддзяліўся ён ад іх ды аддзяліў вучняў, і штодзень гутарыў у школе Тыранаса.

10 Працягвалася гэта два гады, так што ўсе жыхары Азіі, і Юдэі і Грэкі, мелі магчымасць слухаць слова Госпадава.

11 І Бог чыніў не абы-якія цуды праз рукі Паўла,

12 так што нават хусткі і паясы з яго цела клалі на хворых, і хваробы пакідалі іх, ды выходзілі ліхія духі.

13 Дык некаторыя падарожныя экзарцысты Юдэйскія спрабавалі прызываць імя Госпада Ісуса над апанаванымі ліхім духам, кажучы: «Заклінаю вас праз Ісуса, Якога прапаведуе Паўла».

14 Рабіла ж гэта сем сыноў нейкага Сцэвы, першасвятара Юдэйскага.

15 А ліхі дух, адказваючы, сказаў ім: «Ісуса я ведаю і Паўлу ведаю, а вы хто такія?»

16 І кінуўся на іх чалавек, у якім быў ліхі дух, і, атрымаўшы зверхнасць над усімі, адолеў іх так, што голыя і пакалечаныя ўцяклі з таго дома.

17 І даведаліся пра гэта ўсе Юдэі і Грэкі, якія жылі ў Эфесе, ды страх ахапіў іх усіх, і славілі імя Госпада Ісуса.

18 І многа веруючых прыходзіла, вызнаючы і абвяшчаючы ўчынкі свае.

19 Многа таксама з тых, што займаліся чарамі, прыносілі кнігі і палілі іх на вачах усіх; і падлічылі кошт іх, і аказалася пяцьдзесят тысяч срэбранцаў.

20 Так магутна расло і ўмацоўвалася слова Госпадава.

21 Зрабіўшы ўсё гэта, Паўла намерыўся ў Духу, прайшоўшы праз Мацэдонію і Ахаю, ісці ў Ерузалім, кажучы: «Пасля таго, як пабуду там, належыць мне  і Рым убачыць».

22 Дык выслаў у Мацэдонію двух сваіх памочнікаў, Цімафея і Эраста, а сам застаўся на нейкі час у Азіі.

23 І сталася ў той час немалое забурэнне з прычыны шляху [Госпадава].

24 Адзін срэбранік, на імя Дэмэтар, які вырабляў срэбраныя фігуры Дыяны і гэтым даваў неблагі заробак рамеснікам,

25 сабраў іх разам з іншымі работнікамі гэтага рамяства і сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтага рамяства нам дабрабыт.

26 Але бачыце і чуеце, што не толькі у Эфесе, але амаль ва ўсёй Азіі гэты Паўла, пераконваючы, зводзіць шмат людзей, даказваючы, што няма багоў, зробленых рукамі.

27 Дык пагражае небяспека, што не толькі нашае рамяство ўпадзе, але і святыня вялікай багіні Дыяны за нішто будзе лічыцца, ды і яна сама, слаўленая ва ўсёй Азіі, будзе пазбаўляцца велічы сваёй».

28 Калі гэта пачулі, напоўніліся гневам і крычалі, кажучы: «Вялікая Дыяна Эфеская!»

29 І замяшанне напоўніла ўвесь горад, і, схапіўшы Гая і Арыстарха, Мацэдонцаў, таварышаў Паўлы, з імпэтам кінуліся аднадушна ў тэатр.

30 Калі ж Паўла хацеў выйсці да народа, вучні не пусцілі яго;

31 таксама некаторыя прыхільныя да яго азіяцкія начальнікі паслалі да яго, просячы, каб ён не ішоў у тэатр.

32 І адны крычалі адно, а іншыя – другое, бо сход быў бурлівы, і многія не ведалі, з якой нагоды сышліся.

33 З натоўпу вывелі Аляксандру, якога выпіхалі Юдэі. Аляксандра, даўшы знак рукою, каб змоўклі, хацеў даць народу тлумачэнні.

34 Калі ж даведаліся, што ён – Юдэй, то ўсчыніўся суцэльны голас, і ўсе крычалі каля двух гадзін: «Вялікая Дыяна Эфеская!»

35 І пісар, калі супакоіў натоўпы, сказаў: «Эфесцы! Ці ёсць чалавек, які не ведае, што горад Эфес славіць вялікую Дыяну і што фігура яе Юпітэрам спушчана?

36 Паколькі гэтаму нельга запярэчыць, то належыць вам супакоіцца і нічога не рабіць неразважна.

37 Прывялі вы гэтых людзей, якія ані абкрадалі святыні, ані блюзнілі супраць багіні нашай.

38 А калі Дэмэтар і рамеснікі, што з ім, маюць супраць кагосьці справу, дык на рынку праводзяцца суды і ёсць праконсулы; хай адны адных вінавацяць.

39 А калі чаго іншага дамагаецеся, дык можна вырашыць законна на сходзе.

40 Пагражае бо нам абвінавачанне адносна сённяшняга забурэння, бо няма ніякай прычыны, дзеля якой маглі б апраўдаць гэтае зборышча». І па гэтых словах распусціў сход.

 

Раздзел 20

1 Калі забурэнне сціхла, Паўла, паклікаўшы вучняў і падбадзёрыўшы іх, развітаўся і выправіўся, каб ісці ў Мацэдонію.

2 Калі ж прайшоў тыя мясціны і падбадзёрыў тых многімі словамі, прыбыў у Грэцыю.

3 І, калі прабыў там тры месяцы, то Юдэі ўчынілі супраць яго змовы, дык ён сабраўся плыць у Сірыю, і меў намер вяртацца праз Мацэдонію.

4 Праводзілі яго Сапатэр Піраў з Берэі, і з Тэсалонікі Арыстарх і Секунд, і Гай з Дэрбы, і Цімафей, а з Азіі – Тыхік і Трафім.

5 Яны пайшлі наперад ды чакалі нас у Траадзе,

6 а мы паплылі з Піліпаў па свяце праснакоў ды цераз пяць дзён прыйшлі да іх у Трааду, дзе прабылі сем дзён.

7 У першы дзень па субоце, калі сабраліся мы на ламанне хлеба, Паўла, які назаўтра меў выбрацца ў дарогу, дыспутаваў з імі ды зацягнуў прамову да поўначы.

8 І многа светачаў гарэла ў святліцы, дзе былі мы сабраныя.

9 А адзін юнак, на імя Яўтых, сядзеў на акне, і забыўся глыбокім сном, бо Паўла доўга гаварыў, і, змораны сном, зваліўся з трэцяга паверха ўніз, і паднялі яго мёртвага.

10 Тады Паўла сышоў на ніз, прыпаў да яго і, абняўшы яго, сказаў: «Не трывожцеся, бо душа яго ў ім».

11 І, узышоўшы наверх, ламаў хлеб і еў, а потым навучаў яшчэ доўга, аж да світання, а потым выбраўся ў дарогу.

12 А юнака прывялі жывога на вялікую ўсіх радасць.

13 Мы ж, сеўшы ў карабель, паплылі ў Ас, адкуль мелі ўзяць Паўлу, бо ён так загадаў, хочучы сам ісці пехатой.

14 Калі пераняў нас у Асе, узяўшы яго, мы адправіліся ў Мітылену

15 і, адплыўшы адтуль, апынуліся назаўтра насупраць Хіёса, а наступнага дня прыбылі ў Самос, а на наступны дзень дабраліся да Мілета,

16 бо Паўла вырашыў абмінуць Эфес, каб не было яму затрымкі ў Азіі, бо спяшаўся па магчымасці ўчыніць Пяцідзесятніцу ў Ерузаліме.

17 З Мілета паслаўшы ў Эфес, склікаў ён старэйшых царквы.

18 А калі яны прыйшлі да яго, сказаў ім: «Вы ведаеце, якім я быў між вас ад першага дня, калі прыбыў у Азію, ды ўвесь час,

19 служачы Госпаду з усёй пакораю, і ў слязах, і ў выпрабаваннях, якія напаткалі мяне з прычыны подступаў Юдэйскіх;

20 як я нічога не прапусціў карыснага, каб вам не абвясціць, ды вучыў вас публічна і па дамах,

21 заклікаючы як Юдэяў, так і Грэкаў навярнуцца да Бога і верыць Госпаду нашаму Ісусу.

22 І вось, цяпер я, прынуканы Духам, іду ў Ерузалім, не ведаючы, што мяне там напаткае.

23 У адным толькі запэўнівае мяне Дух Святы ва ўсіх гарадах, кажучы, што чакаюць мяне путы і гора.

24 Але я не  дбаю лішне пра сваю душу, абы завяршыў бег мой і служэнне, якое атрымаў ад Госпада Ісуса: сведчыць пра Евангелле ласкі Божай.

25 І цяпер вось я ведаю, што ўжо больш не ўбачыце вобліку майго вы ўсе, з якімі я сустракаўся, прапаведуючы Валадарства [Божае].

26 Дзеля таго запэўніваю вас сёння, што я чысты ад крыві ўсіх,

27 бо я не ўхіляўся, каб  прапаведаваць вам усю волю Божую.

28 Зважайце на сябе і на ўвесь статак, над якім паставіў вас Дух Святы наглядчыкамі, каб пасвіць царкву Бога, каторую Ён здабыў Сваёй Крывёй.

29 Я ведаю, што па маім зыходзе ўварвуцца да вас лютыя ваўкі, якія не шкадуюць стада,

30 ды паміж вас саміх знойдуцца людзі, што будуць прамаўляць адваротнае, каб пацягнуць за сабой вучняў.

31 Таму чувайце, памятаючы, што я на працягу трох гадоў днём і ўночы не пераставаў са слязамі настаўляць кожнага з вас.

32 І цяпер даручаю вас Богу ды слову ласкі Яго, якое мае магутнасць збудаваць ды даць спадчыну з усімі святымі.

33 Не квапіўся я ні на чыё срэбра, ані на золата, ані на адзенне.

34 Самі ведаеце, што гэтыя рукі зараблялі на тое, што было патрэбна мне і тым, што са мною.

35 Ва ўсім паказваў я вам, што, так працуючы, трэба ўспамагаць нядужым і памятаць словы Госпада Ісуса, Які казаў: «Лепш даваць, чым браць».

36 Па гэтых словах упаўшы на калені свае, маліўся разам з усімі.

37 І стаўся плач вялікі паміж усіх, і кідаліся Паўлу на шыю ды цалавалі яго,

38 сумуючы вельмі з-за слова, якое ён сказаў, што больш не  ўбачаць вобліку яго. І правялі яго да карабля.

 

Раздзел 21

1 І калі сталася, што, развітаўшыся з імі, мы паплылі, то напрасткі прыбылі ў Кос, а наступнага дня ў Радос, а адтуль – у Патары;

2 і, знайшоўшы карабель, які меў плысці ў Фэніцыю, мы селі і паплылі.

3 Убачыўшы Кіпр і пакінуўшы яго злева, мы плылі ў Сірыю і прыбылі ў Тыр, бо там карабель меў пакінуць груз.

4 І, адшукаўшы вучняў, прабылі мы там сем дзён, тыя ж праз Духа казалі Паўлу, каб не ішоў у Ерузалім.

5 Як прайшлі [тыя] дні, мы выправіліся і пайшлі, а яны ўсе разам з жонкамі і дзецьмі праводзілі нас аж за горад. На ўзбярэжжы палі мы на калені і маліліся,

6 а затым развіталіся; і мы ўзышлі на карабель, а яны вярнуліся дадому.

7 Скончыўшы плаванне, з Тыра прыбылі мы ў Пталемайду і, прывітаўшыся з братамі, прабылі мы ў іх адзін дзень.

8 На другі дзень, пусціўшыся ў дарогу, прыбылі мы ў Цэзарэю і ўвайшлі ў дом евангеліста Піліпа, які быў з сямі, ды ў яго затрымаліся.

9 А ў яго было чатыры дачкі, дзяўчаты, якія праракавалі.

10 Калі мы там прабылі шмат дзён, прыйшоў з Юдэі нейкі прарок, на  імя Агаб.

11 І, калі ён прыйшоў да нас і ўзяў пояс Паўлы, то, звязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Гэта кажа Дух Святы: так Юдэі ў Ерузаліме звяжуць чалавека, якому належыць гэты пояс, ды выдадуць яго ў рукі паганаў».

12 Калі мы гэта пачулі, то прасілі разам з братамі, што там былі, каб ён не ішоў у Ерузалім.

13 Тады Паўла адказаў: «Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Я гатовы не  толькі ў вязніцу, але і на смерць у Ерузаліме дзеля імя Госпада Ісуса».

14 І, не  здолеўшы яго пераканаць, мы саступілі, кажучы: «Хай станецца воля Госпада!»

15 Па тых днях, прыгатаваўшыся, мы выправіліся ў Ерузалім,

16 і пайшлі з намі таксама некаторыя з вучняў з Цэзарэі ды завялі нас да нейкага Мназона з Кіпра, даўняга вучня, у якога знайшлі мы гасціну.

17 І калі мы прыбылі ў Ерузалім, браты ахвотна прынялі нас.

18 А на другі дзень Паўла разам з намі пайшоў да Якуба, і сабраліся таксама ўсе старэйшыя.

19 Прывітаўшы іх, ён пачаў падрабязна расказваць, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз яго паслугу.

20 Чуючы гэта, яны славілі Бога і сказалі яму: «Бачыш, брат, колькі тысяч Юдэяў уверыла, ды ўсе яны рупліва берагуць закон.

21 Пра цябе ж мы чулі, што ты ўсіх Юдэяў, што жывуць між паганаў, навучаеш адступніцтву ад Майсея, кажучы, што яны не павінны абразаць сваіх сыноў ды трымацца звычаяў.

22 Дык што гэта? Напэўна дачуюцца, што ты прыйшоў.

23 Дык зрабі, як мы табе раім: ёсць у нас чацвёра мужчын, якія ўсклалі на сябе абяцанне.

24 Вазьмі іх з сабой, і ачысціся разам з імі, і заплаці за іх, каб яны абстрыглі галовы, і тады ўсе даведаюцца, што тое, што пра цябе пачулі, – няпраўда, але што ты жывеш сам, захоўваючы закон.

25 А адносна паганаў, якія ўверылі, дык мы напісалі, пастанавіўшы, каб яны цураліся пасвечанага балванам, і крыві, і задушанага, і распусты».

26 Тады Паўла, які ўзяў з сабой  мужчын, на другі дзень разам з імі паддаўся ачышчэнню, і ўвайшоў у святыню, абвяшчаючы заканчэнне дзён ачышчэння, у які за кожнага з іх мае быць складзена ахвяра.

27 Калі ж сем дзён завяршаліся, Юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў святыні, падбухторылі ўвесь натоўп ды ўсклалі на яго рукі,

28 лямантуючы: «Ізраэльцы! На помач! Гэта той чалавек, які ўсюды ўсіх вучыць супраць народа і закону, і супраць гэтага месца, а прытым Грэкаў увёў у святыню і апаганіў гэтае святое месца».

29 Бо перад тым бачылі з ім Трафіма з Эфеса ў горадзе, ды думалі, што Паўла ўвёў яго ў святыню.

30 Дык узрушыўся ўвесь горад, і пачаў збягацца народ, і схапілі Паўлу ды выцягнулі яго па-за святыню, і зараз жа зачынілася брама.

31 Калі ж хацелі яго забіць, дайшла да трыбуна кагорты вестка, што ўвесь Ерузалім збунтаваўся,

32 дык ён неадкладна, узяўшы жаўнераў ды сотнікаў, сышоў да іх. Яны ж, убачыўшы трыбуна і жаўнераў, перасталі біць Паўлу.

33 Тады трыбун, падышоўшы, узяў яго і загадаў звязаць двума ланцугамі, ды пытаўся, хто ён і што зрабіў.

34 А з натоўпу кожны крычаў што іншае. І, не могучы нічога даведацца яснага з прычыны забурэння, загадаў завесці яго ў крэпасць.

35 Калі ж прыйшлі да сходаў, з-за штурханіны людзей жаўнеры мусілі несці яго,

36 бо натоўп людзей ішоў за ім, крычучы: «Забі яго!»

37 І, калі пачалі яго ўводзіць у крэпасць, кажа Паўла трыбуну: «Ці можна мне штосьці сказаць табе?» Ён сказаў: «Ты ўмееш па-грэцку?

38 Ці ты не Егіпцянін, які перад гэтымі днямі ўчыніў забурэнне ды вывеў у пустыню чатыры тысячы сікарыйцаў?»

39 І адказаў Паўла: «Я – Юдэй з Тарса  ў Цыліцыі, грамадзянін не абы-якога горада; прашу цябе, дазволь мне гаварыць да народа».

40 Калі той дазволіў, Паўла, стоячы на сходах, даў знак рукой народу, і, калі настала поўная цішыня, ён прамовіў на гебрайскай мове, кажучы:

 

Раздзел 22

1 «Мужы браты і бацькі, паслухайце, што я вам цяпер скажу ў сваё апраўданне».

2 Пачуўшы, што ён гаворыць на гебрайскай мове, яны тым больш сціхлі. Ён жа сказаў:

3 «Я – Юдэй, народжаны ў Тарсе, з Цыліцыі, выгадаваны ў гэтым горадзе, ля ног Гамаліэля атрымаў руплівае навучанне ў праўдзе айцоўскага закону, шчыры слуга Бога, як і вы ўсе сёння.

4 Пераследаваў я гэты шлях аж да  смерці, звязваючы і кідаючы ў вязніцы мужчын і жанчын,

5 што могуць засведчыць пра мяне першасвятар і цэлая рада. Ад іх атрымаўшы лісты да братоў, я направіўся ў Дамаск, каб тых, што былі там, увязніўшы, прывесці ў Ерузалім для пакарання.

6 І здарылася, калі я ішоў і набліжаўся да Дамаска, апоўдні раптам агарнула мяне вялікае святло з неба.

7 І я ўпаў на зямлю, і пачуў голас, які казаў мне: «Савеле, Савеле, чаму ты пераследуеш Мяне?»

8 А я адказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» Ён сказаў мне: «Я – Ісус з Назарэта, Якога ты пераследуеш».

9 Тыя ж, што былі са мною, бачылі, праўда, святло, але голасу Яго не чулі, які гаварыў са мной.

10 Дык я сказаў: «Што маю рабіць, Госпадзе?» Госпад жа сказаў мне: «Устань і ідзі ў Дамаск, ды там скажуць усё, што табе прызначана рабіць».

11 І як я аслеп ад яркасці таго святла, дык, ведзены за руку таварышамі, прыбыў у Дамаск.

12 І нейкі Ананія, чалавек пабожны паводле закону, пра што сведчаць усе жывучыя там Юдэі,

13 прыбыўшы да мяне і падышоўшы, сказаў мне: «Савеле, браце, праглянь!» І я ў тую ж хвіліну ўбачыў яго.

14 А ён сказаў: «Бог бацькоў нашых прадвыбраў цябе, каб пазнаў ты волю Яго і ўбачыў Справядлівага, ды пачуў голас з вуснаў Яго,

15 бо будзеш сведкам Яму перад усімі людзьмі Яго пра тое, што ты бачыў і чуў.

16 Дык чаму ж ты цяпер марудзіш? Прымі хрост і абмый грахі твае, прызваўшы імя Яго».

17 І сталася, калі вярнуўся я ў Ерузалім і маліўся ў святыні, апынуўся ў захапленні [духа]

18 і ўбачыў Яго, як Ён мне казаў: «Паспяшайся і выйдзі хутчэй з Ерузаліма, бо не  прымуць твайго сведчання пра Мяне».

19 Я ж сказаў: «Госпадзе, яны ж ведаюць, што я тых, што верылі ў Цябе, замыкаў у вязніцах і бічаваў у сінагогах;

20 а калі пралівана была кроў Сцяпана, сведкі Твайго, і я ўдзельнічаў, і згаджаўся [на гэта] ды пільнаваў адзенне забойцаў яго».

21 Ён жа сказаў мне: «Ідзі, бо Я цябе пашлю далёка да паганаў».

22 І слуxалі яны яго да гэтых слоў, і закрычалі, кажучы: «Вынішчы з зямлі такога, бо яму нельга жыць!»

23 А калі яны крычалі, і махалі адзеннем сваім, і кідалі пясок у паветра,

24 трыбун загадаў завесці яго ў крэпасць, кажучы бічаваннем  дазнацца, з якой прычыны так крычаць на яго.

25 І, калі яго звязалі рамянямі, Паўла сказаў сотніку, што стаяў побач: «Ці  дазволена вам без суда бічаваць грамадзяніна Рымскага?»

26 Пачуўшы гэта, сотнік пайшоў да трыбуна і паведаміў яму, кажучы: «Што ты думаеш рабіць? Гэты ж чалавек – Рымлянін».

27 Трыбун падышоў і сказаў яму: «Скажы мне, ці ты – Рымлянін?» А Паўла сказаў: «Так».

28 Трыбун адказаў: «Я за вялікую суму здабыў гэтае грамадзянства». А Паўла гаворыць: «Я маю яго ад нараджэння».

29 Адразу таму адышлі ад яго тыя, што меліся дапытваць яго. А трыбун тады спалохаўся, як даведаўся, што Паўла  –  Рымлянін, а ён яго звязаў.

30 На другі дзень, хочучы лепш даведацца, з якой прычыны вінавацяць яго Юдэі, ён развязаў яго, ды загадаў прыйсці першасвятарам і ўсёй радзе, і, прывёўшы Паўлу, паставіў яго перад імі.

Раздзел 23

1 Паўла ж, гледзячы адважна на раду, гаворыць: «Мужы браты! Да сённяшняга дня я жыў на віду Бога з заўсёды чыстым сумленнем».

2 Тады першасвятар Ананія загадаў тым, што пры ім стаялі, ударыць яго ў твар.

3 Дык Паўла сказаў яму: «Хай ударыць цябе Бог, сцяна падбеленая! Бо ты сеў мяне судзіць паводле закону, а загадваеш мяне біць насуперак закону».

4 А якія пры ім стаялі, сказалі: «Першасвятара Божага ты абражаеш?»

5 Сказаў Паўла: «Не ведаў, браты, што гэта першасвятар. Бо напісана: «Кіраўніка народа твайго не абражай».

6 І Паўла, ведаючы, што тут адна частка садуцэяў, а другая – фарызеяў, закрычаў перад радай: «Я – фарызей, мужы браты, і сын фарызееў! Стаю перад судом за надзею на ўваскрэсенне з мёртвых».

7 Калі гэта сказаў, узнялася звадка паміж фарызеямі і садуцэямі, і грамада раздзялілася.

8 Бо садуцэі кажуць, што няма ўваскрэсення, ані анёла, ані Духа, а фарызеі прызнаюць адно і другое.

9 І зрабіўся вялікі лямант, і, ускочыўшы, некаторыя кніжнікі з фарызейскага боку зацята крычалі: «Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. Можа, сапраўды гаварыў да яго Дух або анёл».

10 І, калі дайшло да вялікага забурэння, трыбун, баючыся, каб яны самі не разарвалі Паўлу, загадаў жаўнерам сысці, і забраць яго ад іх, і завесці ў крэпасць.

11 У наступную ноч аб’яўляецца яму Госпад і гаворыць: «Будзь мужны! Трэба, каб ты і ў Рыме сведчыў пра Мяне падобным чынам, як у Ерузаліме».

12 А як настаў дзень, учынілі зборышча Юдэі і пакляліся, што не будуць есці і  піць, пакуль не заб’юць Паўлу.

13 І было больш за сорак чалавек, што ўчынілі гэтакую прысягу.

14 Яны пайшлі да першасвятароў і старшыняў і сказалі: «Мы пакляліся клятваю нічога не браць у вусны, пакуль не заб’ём Паўлу.

15 Цяпер вы, разам з радай, паведаміце трыбуну, каб ён прывёў яго да вас, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго, а мы гатовыя забіць яго перш, чым ён дойдзе».

16 Калі пра змову пачуў сын сястры Паўлы, прыйшоў ды ўвайшоў у крэпасць, і абвясціў пра гэта Паўлу.

17 Паўла ж, пазваўшы аднаго з сотнікаў, гаворыць: «Завядзі гэтага юнака да трыбуна, бо мае нешта яму паведаміць».

18 Дык той узяў яго з сабой, завёў да трыбуна і гаворыць: «Вязень Паўла пазваў мяне і папрасіў, каб я завёў да цябе гэтага юнака, які мае нешта табе сказаць».

19 Трыбун узяў яго за руку і, адышоўшы з ім на бок, запытаўся: «Што маеш мне сказаць?»

20 Ён сказаў: «Юдэі вырашылі прасіць цябе, каб заўтра прывёў Паўлу ў раду, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго.

21 Ты, аднак, не вер ім, бо болей сарака з іх цікуе на яго. Яны пакляліся клятвай не есці і не піць, пакуль не заб’юць яго, і ўжо прыгатаваліся, чакаючы твайго дазволу».

22 Дык трыбун адпусціў юнака і загадаў, каб нікому не гаварыў тое, «што ты мне паведаміў».

23 І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: «Прыгатуйце дзвесце жаўнераў, каб  ішлі ў Цэзарэю, а таксама семдзесят коннікаў, ды дзвесце дзіднікаў а трэцяй гадзіне ночы.

24 Прыгатуйце і жывёлу да язды, каб, пасадзіўшы Паўлу на яе, здаровага даставілі намесніку Фэліксу».

25 Напісаў прытым ліст такога зместу:

26 «Клаўдзій Лісій найдастойнейшаму намесніку Фэліксу – прывітанне.

27 Гэтага чалавека схапілі Юдэі і хацелі забіць. Я ж, паспяшаўшы з войскам, вырваў яго, даведаўшыся, што ён – Рымлянін.

28 Хочучы ведаць прычыну, дзеля якой яго вінавацілі, адвёў яго ў іх раду

29 і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаннях іхняга закону, але ні ў якім злачынстве, вартым смерці або астрогу.

30 Калі ж мне паведамілі аб змове, што рыхтуецца супраць [гэтага] чалавека, я выслаў яго безадкладна да цябе, паведамляючы абвінаваўцам, каб выказваліся супраць яго перад табой».

31 Дык жаўнеры паводле загаду ўзялі Паўлу і ўночы прывялі яго ў Антыпатрыду.

32 Назаўтра, адправіўшы коннікаў, каб пайшлі разам з ім, самі вярнуліся ў крэпасць.

33 Тыя ж, калі прыбылі ў Цэзарэю, аддалі ліст намесніку, ды паставілі Паўлу перад ім.

34 А ён, прачытаўшы, спытаў, з якой ён правінцыі. Калі ж даведаўся, што з Цыліцыі,

35 сказаў: «Выслухаю цябе, калі прыбудуць твае абвінаваўцы». І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Ірада.

 

Раздзел 24

1 Па пяці днях прыбыў першасвятар Ананія з некалькімі старшынямі і з нейкім рытарам Тэртулам, і ўручылі намесніку абвінавачанне супраць Паўлы.

2 І, калі яго вызвалі, Тэртул пачаў яго вінаваціць, кажучы: «Дзякуючы табе жывём мы ў поўным супакоі, ды дзякуючы тваёй апецы папраўляецца дабрабыт гэтага народа,

3 найдастойнейшы Фелікс, і мы ўсюды ды заўсёды прымаем гэта з выказваннем усялякай удзячнасці.

4 А каб цябе лішне не турбаваць, прашу, каб ты нас спагадна нядоўга паслухаў.

5 Мы знайшлі, што гэты чалавек сее заразу і выклікае бунты сярод усіх Юдэяў у цэлым свеце, і ён – правадыр секты Назарэйцаў,

6 які нават адважыўся спаганіць святыню, дык мы яго схапілі. (7)

8 Дык разважаючы пра ўсё гэта, ты сам зможаш даведацца ад яго, у чым мы яго вінавацім».

9 І Юдэі пацвердзілі, кажучы, што так яно і ёсць.

10 Калі намеснік даў знак Паўлу гаварыць, ён адказаў: «Ведаю, што ты ад многіх гадоў з’яўляешся суддзёю гэтага народа, таму з добрым настроем дам апраўданне па маёй справе.

11 Можаш пераканацца, што я не больш як дванаццаць дзён таму прыбыў у Ерузалім дзеля пакланення.

12 І ані ў святыні, ані ў сінагозе, ані ў горадзе не бачылі мяне, каб я з кім спрачаўся або падбухторваў людзей на забурэнне.

13 Яны не могуць даказаць табе таго, у чым цяпер мяне вінавацяць.

14 Да таго вось прызнаюся перад табою, што на шляху, які яны называюць герэзіяй, я служу Богу бацькоў, верачы ва ўсё, што напісана ў законе ды ў прарокаў,

15 маючы таксама ў Богу надзею, чаго і яны чакаюць, што будзе ўваскрэсенне справядлівых і несправядлівых.

16 Таму і сам стараюся заўсёды мець бездакорна чыстае сумленне перад Богам і перад людзьмі.

17 Па многіх гадах прыйшоў я да майго народа, каб учыніць міласціны ды ахвяры,

18 і пры гэтым знайшлі мяне ачышчанага ў святыні без натоўпу ды без заварухі

19 некаторыя Юдэі з Азіі. Дык трэба было быць ім тут і вінаваціць, калі маюць нешта супраць мяне.

20 А тыя, што тут, хай скажуць, што за праступак знайшлі, калі стаяў я перад радай.

21 Xіба толькі тое, што, стоячы між іх, закрычаў я ўголас: «Судзяць мяне сёння ў вас за веру ва ўваскрэсенне мёртвых».

22 Фэлікс, добра разбіраючыся, што гэта за шлях, адклаў іх справу, кажучы: «Разгледжу вашу справу, як прыбудзе трыбун Лісій».

23 І загадаў сотніку пільнаваць яго і быць спагадным ды не перашкаджаць нікому з яго [блізкіх] паслугаваць яму.

24 Па некалькіх днях прыбыў Фэлікс са сваёй жонкаю Друзілай, якая была Юдэйкай, паклікаў Паўлу, ды выслухаў яго аб веры ў Ісуса Хрыста.

25 Але калі Паўла стаў апавядаць пра справядлівасць і пра ўстрыманасць, ды пра будучы суд, Фэлікс, напалоханы, адказаў: «Цяпер даволі, ідзі; пры зручным часе паклічу цябе».

26 Спадзяваўся прытым, што атрымае ад Паўлы грошы, дык таму, часта запрашаючы яго, гутарыў з ім.

27 Па двух гадах наступнікам Фэлікса стаў Порцый Фэст. Фэлікс, аднак, пакінуў Паўлу ўвязненым, хочучы аказаць ласку Юдэям.

 

Раздзел 25

1 Калі нарэшце прыбыў Фэст у правінцыю, то па трох днях направіўся з Цэзарэі ў Ерузалім.

2 Там да яго звярнуліся першасвятары і значныя з Юдэяў адносна Паўлы і прапаноўвалі яму,

3 просячы ласкі ў яго, каб загадаў паслаць яго ў Ерузалім, падступна думаючы забіць яго ў час дарогі.

4 Але Фэст адказаў, што Паўла знаходзіцца пад вартай у Цэзарэі ды што ён сам скора туды выправіцца:

5 «Дык хай, хто з вас можа, гаворыць, пойдуць разам са мной ды вінавацяць яго, калі за [гэтым] чалавекам ёсць якія злачынствы».

6 І, прабыўшы сярод іх не больш васьмі ці дзесяці дзён, выправіўся ён у Цэзарэю, і на другі дзень сеў у судзе, і загадаў прывесці Паўлу.

7 І, калі ён быў прыведзены, абступілі яго Юдэі, што прыйшлі з Ерузаліма, ускладаючы многа цяжкіх абвінавачанняў, якіх не маглі даказаць,

8 Паўла ж апраўдваўся: «Не саграшыў я нічым ані супраць закону Юдэйскага, ані супраць святыні, ані супраць цэзара».

9 А Фэст, хочучы аказаць ласку Юдэям, адказваючы, сказаў Паўлу: «Хочаш ісці ў Ерузалім, каб там у гэтым быць мною суджаным?»

10 Паўла сказаў: «Стаю перад судом цэзара, дзе трэба мяне судзіць. Юдэям я крыўды не зрабіў, як ты сам добра ведаеш.

11 Калі б зрабіў што несправядліва або ўчыніў штосьці, вартае смерці, не адмаўляюся памерці. Але калі не зрабіў нічога з таго, у чым мяне вінавацяць, ніхто не можа мяне ім выдаць. Апелюю да цэзара!»

12 Тады Фэст, пагаварыўшы з радай, адказаў: «Апелюеш да цэзара, дык пойдзеш да цэзара».

13 І па прашэсці некалькіх дзён цар Агрыпа і Берэніка прыбылі ў Цэзарэю і прывіталі Фэста.

14 Калі там прабылі многа дзён, Фэст далажыў цару пра Паўлу, кажучы: «Фэлікс пакінуў у вязніцы аднаго чалавека.

15 Калі я быў у Ерузаліме, першасвятары і старшыні Юдэйскія звярнуліся да мяне, дамагаючыся яго асуджэння.

16 Я ім адказаў, што Рымляне не маюць звычаю выдаваць якога-небудзь чалавека [на смерць], калі абвінавачаны не стане перад абвінаваўцамі ды не атрымае магчамасці бараніцца ад абвінавачанняў.

17 І, калі яны прыбылі сюды, я без ніякага адкладу на наступны дзень, седзячы ў судзе, загадаў прывесці [гэтага] чалавека.

18 І, калі ўсталі абвінаваўцы, то не прадставілі ніякага абвінавачання ў злачынствах, пра якія я меркаваў.

19 Яны з ім спрачаліся пра іхнюю веру ды пра нейкага памёршага Ісуса, пра Якога Паўла даказвае, што Ён жыве.

20 Не разбіраючыся ў гэтым пытанні, я казаў, ці не хацеў бы ён пайсці ў Ерузалім ды там быць суджаным у гэтых спрэчках.

21 Калі ж Паўла запатрабаваў, каб яго затрымалі на разгляд Аўгуста, я загадаў яго пільнаваць, пакуль не выпраўлю яго да цэзара».

22 Агрыпа [сказаў] Фэсту: «Я і сам хацеў бы паслухаць [гэтага] чалавека». «Заўтра, адказаў, пачуеш яго».

23 На другі дзень, калі Агрыпа і Берэніка з вялікаю пышнасцю прыбылі і ўвайшлі ў залу разам з трыбунамі ды самымі паважанымі людзьмі горада, па загаду Феста ўведзены быў Паўла.

24 І кажа Фэст: «Цар Агрыпа і ўсе прысутныя з намі мужы! Бачыце гэтага, дзеля якога звярталася да мяне многа Юдэяў і ў Ерузаліме, і тут, усклікаючы, што яму не належыцца больш жыць.

25 Але я пераканаўся, што ён не ўчыніў нічога, вартага смерці. А калі ён апеляваў да Аўгуста, вырашыў яго выправіць.

26 Дык не маю нічога пэўнага аб ім напісаць валадару. Дзеля таго прывёў я яго да вас, а асабліва да цябе, цар Агрыпа, каб, зрабіўшы допыт, меў што напісаць.

27 Бо здаецца мне неразумным выпраўляць вязня, не вызначыўшы яго віны».

 

Раздзел 26

1 Агрыпа гаворыць да Паўлы: «Дазваляецца табе гаварыць у тваю абарону». Тады Паўла, працягнуўшы руку, пачаў апраўдвацца:

2 «Цар Агрыпа! Лічу я сябе шчаслівым, што магу сёння выступаць у абарону сваю перад табой адносна ўсяго, у чым вінавацяць мяне Юдэі.

3 Тым болыш, што ты ведаеш усё, што  звычайнае і спрэчнае сярод Юдэяў; таму прашу цярпліва мяне выслухаць.

4 Жыццё маё ад маладосці, якое праходзіла ў народзе маім і ў Ерузаліме, ведаюць усе Юдэі.

5 Яны добра ведаюць мяне ад пачатку і, каб хацелі, маглі б засведчыць, што я, як фарызей, жыў паводле звычаяў  найдасканалейшага вучэння нашай рэлігіі.

6 І цяпер стаю перад судом за надзею на тое, што было абяцана ад Бога бацькам нашым,

7 на выкананне гэтага спадзяюцца дванаццаць пакаленняў нашых, служачы заўсёды, днём і ўночы. Дзеля гэтае надзеі, цару, і вінавацяць мяне Юдэі.

8 Чаму вам здаецца немагчымым, што Бог уваскрашае памёршых?

9 Калісьці і мне самому здавалася, што мушу чыніць многа перашкод імені Ісуса з Назарэта,

10 што і рабіў у Ерузаліме; і, атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, кідаў у вязніцы шматлікіх святых, і аддаваў голас за, калі іх забівалі.

11 І часта ва ўсіх сінагогах карамі прымушаў іх да блюзнерства,  і пераследаваў іх празмерна нават па іншых гарадах.

12 І так ішоў я ў Дамаск з уладаю і з даручэннем ад першасвятароў,

13 і ў дарозе апоўдні ўбачыў я, о цару, святло з неба, ярчэйшае за ззянне сонца, якое агарнула мяне і тых, што ішлі разам са мной.

14 І, калі ўпалі мы ўсе на зямлю, пачуў я голас, што гаварыў да мяне на гебрайскай мове: «Савеле, Савеле, чаму Мяне пераследуеш? Цяжка табе ўпірацца проці ражна!»

15 Я сказаў: «Хто Ты, Госпадзе?» А Госпад адказаў: «Я – Ісус, Якога ты пераследуеш.

16 Але падыміся і стань на ногі свае, бо аб’явіўся Я табе, каб паставіць цябе слугою і сведкам таго, што ты пабачыў, ды таго, што табе аб’яўлю,

17 і абараню цябе ад народа і ад паганаў, да якіх цябе пасылаю,

18 каб адкрыў ты ім вочы, каб павярнуліся ад цемры да святла і ад улады шатана да Бога, каб атрымалі адпушчэнне грахоў і ўдзел са святымі праз веру ў Мяне».

19 Адсюль, цару Агрыпа, не мог я працівіцца з’яве з неба,

20 але перш тым, што ў Дамаску, і ў Ерузаліме, і ва ўсёй краіне Юдэі, і паганам прапаведаваў, каб пакутавалі ды навярталіся да Бога і спаўнялі ўчынкі праўдзівага навяртання.

21 З гэтай прычыны, схапіўшы мяне, калі я быў у святыні, Юдэі спрабавалі мяне забіць.

22 Але з дапамогай Божай жыву да сёння і стаю, сведчачы малым і вялікім, не кажучы нічога звыш таго, што прадказвалі прарокі і Майсей,

23 што Хрыстос мае цярпець, што будзе Першым уваскросшым з мёртвых, ды што будзе прапаведаваць святло для народа і для паганаў».

24 А калі ён так выступаў у абароне, Фэст гучным голасам сказаў: «Паўле, ты неразумны. Вялікая навука давяла цябе да вар’яцтва».

25 А Паўла адказаў: «Дастойнейшы Фэст, я не вар’ят,  але гавару словы праўды і разважнасці!

26 Ведае пра гэта цар, да якога гавару смела. Я мяркую, што нічога з гэтага для яго не таямніца, бо адбывалася яно не ў нейкім закутку.

27 Ці верыш, цар Агрыпа, прарокам? Ведаю, што верыш».

28 На гэта Агрыпа [сказаў] Паўлу: «Хутка ты пераканаеш мяне стаць хрысціянінам!»

29 А Паўла: «Я маліў бы Бога, каб хутка ці няскора не  толькі ты, але таксама ўсе, што мяне сёння слухаюць, сталіся б такімі, як я, апрача гэтых путаў».

30 І ўстаў цар, і намеснік, і Берэніка, ды тыя, што з імі сядзелі,

31 і, выходзячы, гаварылі адзін аднаму, кажучы: «Гэты чалавек не зрабіў нічога, вартага смерці або вязніцы».

32 А Агрыпа сказаў Фэсту: «Можна было б адпусціць яго, калі б ён не апеляваў да цэзара».

 

Раздзел 27

1 Калі было вырашана плысці нам у Італію, перадалі Паўлу і разам з ім іншых вязняў Юлію, сотніку кагорты Аўгуста.

2 Селі мы на Гадрамітыйскі карабель, які меў плысці каля ўзбярэжжа Азіі, і затым адплылі, а з намі быў Арыстарх, Мацэдонец з Тэсалонікі.

3 На другі дзень прыплылі ў Сідон, і Юлій, які па-людску абыходзіўся з Паўлам, дазволіў яму пайсці да сяброў ды апекавацца над сабой.

4 І, калі мы выправіліся адсюль, то  паплылі мы ўздоўж Кіпра, таму што былі супраціўныя вятры,

5 і пераплылі мора каля Цыліцыі і Памфіліі, ды прыбылі на караблі ў Міры, што ў Ліцыі.

6 І там сотнік знайшоў Александрыйскі карабель, што плыў у Італію, і перасадзіў нас на яго.

7 І, многа дзён плывучы паволі, ледзь апынуліся насупраць Кніда з прычыны неспрыяльнага ветру, ды падплылі да Крыта каля Салмоны.

8 І, плывучы з цяжкасцю каля яго, мы дабраліся да аднаго месца, званага Добры Порт, каля якога быў горад Ласея.

9 Калі ж прайшло многа часу і плаванне сталася ўжо небяспечным, бо ўжо і пост прайшоў, Паўла перасцерагаў іх,

10 кажучы: «Людзі, я бачу, што плаванне становіцца небяспечным ды вельмі згубным не толькі для груза і карабля, але і для нашых душ».

11 Але сотнік верыў болей стырніку і гаспадару карабля, чым таму, што казаў Паўла.

12 А як порт не надаваўся для зімоўкі, большасць параіла адплысці адтуль, спадзеючыся дабрацца неяк на зімоўку ў порт Фэнікс на Крыце, выстаўлены на паўднёва-заходнія і паўночна-заходнія вятры.

13 І, калі падзьмуў паўднёвы вецер, яны, думаючы выканаць свой намер, выправіліся і паплылі ўздоўж берагоў Крыта.

14 Але хутка наляцеў на іх бурны вецер, званы аўраквілон.

15 Калі карабель быў падхоплены і не мог супрацівіцца ветру, мы здалі карабель на вецер, і нас панесла.

16 Апынуўшыся каля нейкага вострава, званага Каўда, з цяжкасцю ўтрымалі мы лодку.

17 Калі яна была ўцягнута, то скарысталіся з запасак, абцягваючы карабель. І, баючыся, каб не трапіць на мялізну, спусцілі ветразь і так нас панесла.

18 А як вялікая бура кідала намі, пачалі назаўтра выкідваць [груз],

19 а на трэці дзень сваімі рукамі выкінулі некаторыя прылады карабля.

20 Калі ж праз многа  дзён ані сонца не паказвалася, ані зоркі, а бура шалела, знікла ўжо ўсякая надзея нашага выратавання.

21 А пост ужо вельмі зацягнуўся, і тады сказаў ім Паўла, стаўшы між іх: «Трэба было слухаць мяне, і не адплываць ад Крыта, і не выстаўляцца на гэтую нядолю і шкоду.

22 І цяпер раю вам не губляць настрою, бо ніхто з вас не загіне, апрача толькі карабля.

23 У гэтую ноч аб’явіўся мне анёл Бога, Якому належу ды Якому служу,

24 кажучы: «Не бойся, Паўле; трэба табе стаць перад цэзарам; і вось, Бог табе падараваў усіх, што плывуць разам з табою».

25 Дык будзьце добрай думкі, мужы, бо веру Богу, што будзе так, як мне сказана.

26 Напэўна, нас выкіне на які-небудзь востраў».

27 А ў чатырнаццатую ноч, калі нас насіла па Адрыятыку, стала здавацца маракам каля поўначы, што падплываюць да нейкай зямлі.

28 Дык спусцілі шнур з волавам і намералі дваццаць сажаняў і, крыху адплыўшы, спусцілі і знайшлі пятнаццаць сажаняў.

29 Баючыся, каб не трапіць на скалістыя месцы, кінулі з кармы чатыры якары ды чакалі досвітку.

30 Калі маракі, імкнучыся ўцячы з карабля, спусцілі лодку на мора пад выглядам, што хочуць спераду закінуць якар,

31 Паўла сказаў сотніку і жаўнерам: «Калі яны не застануцца на караблі, вы не зможаце выратавацца».

32 Тады жаўнеры парэзалі вяроўкі ад лодкі ды дазволілі ёй зваліцца ў мора.

33 Калі пачынала днець, Паўла заахвочваў усіх пасілкавацца, кажучы: «Сёння ўжо чатырнаццаты дзень, як вы чакаеце, посцячы і не маючы нічога ў вуснах.

34 Дык прашу вас, пасілкуйцеся. Гэта прычыніцца да вашага выратавання; бо ніводнаму з вас волас з галавы не спадзе».

35 І, калі сказаў гэта і ўзяў хлеб, падзякаваў Богу на віду ва ўсіх і, паламаўшы, пачаў есці.

36 Яны тады ўсе супакоіліся ды самі прынялі ежу.

37 А было ўсіх нас на караблі дзвесце семдзесят шэсць чалавек.

38 І, калі наеліся, аблягчылі карабель, выкідваючы пшаніцу ў мора.

39 Калі развіднела, не пазналі зямлі, заўважылі, аднак, нейкую затоку з плоскім берагам, да якой надумалі давесці карабель.

40 І паадразалі якары, і пакінулі іх у моры, і, развязаўшы стырно і распусціўшы брамсель па ветру, скіраваліся да берага.

41 Патрапілі, аднак, на мялізну і асадзілі на ёй карабель. Нос карабля ўвяз і быў нерухомы, а карма разбівалася сілаю хваль.

42 Жаўнеры ж змовіліся пазабіваць вязняў, каб хто, даплыўшы да берага, не ўцёк.

43 Але сотнік, хочучы ўхаваць Паўлу, утрымаў іх ад намеру. І тым, што ўмелі плаваць, загадаў, каб першыя кінуліся ў ваду ды выйшлі на зямлю,

44 а астатнія – хто на дошках або на частках карабля; і так усе выбраліся на зямлю.

 

Раздзел 28

1 Уратаваўшыся, даведаліся мы, што востраў называецца Меліта.

2 Тутэйшыя ж выявілі да нас немалую людскасць; распалілі агонь дзеля таго, што церушыў дождж, ды сабралі нас усіх пры ім, бо было халодна.

3 Калі Паўла назбіраў бярэмя ламачча і ўсклаў на агонь, тады гад, вылезшы ад гарачыні, прычапіўся да яго рукі.

4 Калі тутэйшыя ўбачылі гада, што звісаў з яго рукі, гаварылі паміж сабой: «Гэты чалавек хіба забойца, бо, хоць уратаваўся ад мора, усё ж такі багіня помсты не дае яму жыць».

5 А ён абтрос гада ў агонь і не дазнаў нічога благога.

6 Яны думалі, што ён пачне пухнуць, і раптам упадзе і памрэ. Але калі яны доўга чакалі і бачылі, што яму нічога благога не робіцца, змяніўшы думкі, гаварылі, што ён – бог.

7 Каля таго месца быў маёнтак гаспадара таго вострава, на імя Публій. Ён прыняў нас ласкава, і мы тры дні гасцілі ў яго.

8 Бацька ж Публія ляжаў, хворы на гарачку і крываўку. Паўла пайшоў да яго і, памаліўшыся, усклаў на яго рукі, і аздаравіў яго.

9 Па такой падзеі прыходзілі таксама іншыя хворыя, што былі на востраве,  ды аздараўляліся.

10 Дык яны ставіліся да нас з вялікай пашанай і, калі мы адплывалі, далі нам усяго, у чым [мы] мелі патрэбу.

11 Па трох месяцах на Александрыйскім караблі, які зімаваў на востраве і быў пазначаны Кастарам, мы адплылі.

12 Даплыўшы ў Сіракузы, прабылі мы там тры дні.

13 Адплыўшы адтуль, прыбылі мы ў Рэгію праз адзін дзень, і, калі падзьмуў паўднёвы вецер, на другі дзень прыбылі мы ў Путэолі.

14 Там спаткалі братоў і па іх просьбе забавіліся ў іх на сем дзён. І нарэшце прыбылі мы ў Рым.

15 Тамтэйшыя браты, дачуўшыся пра нас, перанялі нас каля Апіевай плошчы і Трох Гасцініц. Убачыўшы іх, Паўла падзякаваў Богу і набраўся адвагі.

16 Калі ж прыбылі мы ў Рым, дазволена Паўлу было жыць прыватна пад наглядам жаўнераў.

17 Па трох днях запрасіў Паўла да сябе знатнейшых Юдэяў. І, калі яны сабраліся, казаў ім: «Мужы браты! Не зрабіў я нічога ані супраць народа, ані супраць бацькоўскіх звычаяў, але як вязень быў выдадзены з Ерузаліма ў рукі Рымлянаў,

18 якія, учыніўшы мне допыт, хацелі мяне выпусціць, бо не было ўва мне ніякай смяротнай віны.

19 Калі, аднак, Юдэі працівіліся гэтаму, я змушаны быў апеляваць да цэзара, але не каб вінаваціць у чым-колечы свой народ.

20 Таму вось запрасіў я вас, каб з вамі пабачыцца і пагаварыць, бо дзеля спадзявання Ізраэля я апутаны гэтымі кайданамі».

21 А яны сказалі яму: «Мы пра цябе не атрымалі ані лістоў з Юдэі, ані таксама ніхто з братоў не прыбыў і не паведаміў, ды ніхто нічога благога не сказаў пра цябе.

22 Дык просім пачуць ад цябе, што ты думаеш, бо нам ведама аб гэтай секце, што ўсюды працівяцца ёй».

23 І, прызначыўшы яму дзень, вельмі многія прыйшлі да яго ў гатэль. І ён ім выкладаў, сведчачы пра Валадарства Божае, ад рана да вечара пераконваючы іх пра Ісуса на падставе Майсеевага закону і прарокаў.

24 І адны верылі таму, што гаварыў, а другія не верылі.

25 І, будучы ў нязгодзе між сабой, сабраліся адысці. Тады Паўла сказаў ім адно слова: «Добра Дух Святы сказаў бацькам вашым праз прарока Ісаю,

26 кажучы: «Ідзі да народа гэтага і скажы ім: пільна слухайце і не зразумееце, пільна ўглядайцеся і не ўбачыце.

27 Бо закамянела сэрца народа гэтага, і вушамі слаба чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб часам не пабачыць вачамі, і не пачуць вушамі, і не зразумець сэрцам, ды не навярнуцца, і каб Я іх не аздаравіў».

28 Дык няхай будзе вам вядома, што гэта збаўленне Божае паслана паганам, і яны будуць слухаць». (29)

30 Ён жа цэлых два гады пражываў у  нанятай кватэры і прымаў усіх, хто да яго прыходзіў,

31 абвяшчаючы Валадарства Божае і вучачы пра Госпада Ісуса Хрыста з усёй адвагай без перашкод.