ЛІСТ ДА ЦІТА
Раздзел 1
1 Паўла, слуга Божы і апостал Ісуса Хрыста паводле веры выбраннікаў Божых і пазнання праўды, што вядзе да пабожнасці,
2 у надзеі жыцця вечнага, якое абяцаў спрадвеку Бог, Які не падманвае,
3 і аб’явіў у свой час Сваё слова, даручаючы мне вясціць яго па загаду Бога, Збаўцы нашага,
4 Ціту, умілаванаму сыну ў супольнай веры: ласка і супакой ад Бога Айца і Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
5 Дзеля таго пакінуў я цябе на Крыце, каб ты ўсе неўпарадкаваныя справы наладзіў і каб паставіў у гарадах старэйшых, як я табе загадаў:
6 калі хто без заганы, муж аднае жонкі, мае веруючых дзяцей, не вінавачаных у распусце або непаслухмянасці.
7 Належыцца бо, каб епіскап быў беззаганны як распарадчык Божы, не горды, не гняўлівы, не п’яніца, не авантурнік, не сквапны да нажывы,
8 але гасцінны, ласкавы, чэсны, справядлівы, святы, старанны,
9 які трымаецца праўдзівай навукі, вернай слову, каб здатны быў ён схіляць да праўдзівай навукі нават тых, якія выступаюць супраць.
10 Бо ёсць таксама шмат непаслухмяных, пустаслоўных ды звадыяшаў, асабліва з абрэзаных,
11 каторым трэба закрываць рот, бо яны ўсе дамы разбураюць, навучаючы таму, што не належыцца, дзеля ліхой карысці.
12 Сказаў жа адзін з іх саміх, уласны іхні прарок: «Крыцяне заўжды хлусяць, лютыя звяры, гультайскія жываты».
13 Сведчанне гэтае праўдзівае. Таму дакарай іх строга, каб трывалі ў здаровай веры,
14 не звяртаючы ўвагі на Юдэйскія байкі ці на выказванні людзей, якія адварочваюцца ад праўды.
15 Для чыстых усё чыстае. Спаганеным жа і няверучым нічога няма чыстага, але забруджаны іх думкі і сумленне.
16 Кажуць, што ведаюць Бога, а дзейнасцю сваёй пярэчаць, бо абрыдныя яны і непаслухмяныя, да ніякай добрай дзейнасці няздатныя.
Раздзел 2
1 Ты ж навучай таму, што належыць да здаровай навукі.
2 Старыя павінны быць людзьмі цвярозымі, сціплымі, разумнымі, здаровай веры, поўнымі любові і цярплівасці.
3 Падобна і старыя жанчыны павінны апранацца як дастойна святых, высцерагацца пляткарства, не ўпівацца віном, навучаць іншых дабру,
4 разумна навучаць маладых, каб яны любілі сваіх мужоў і дзяцей,
5 былі разумнымі, чыстымі, гаспадарнымі, лагоднымі, паслухмянымі мужам сваім, каб не зневажалася імі слова Божае.
6 Таксама юнакоў заахвочвай, каб былі стрыманымі.
7 Ва ўсім пакажы на сабе прыклад добрых учынкаў, у навуцы – непарушнасць, паважнасць,
8 у здаровым слове – беззаганнасць, каб той, хто супрацівіцца, асароміўся, не могучы нічога благога пра нас сказаць.
9 Хай слугі слухаюць сваіх гаспадароў, ва ўсім стараючыся ім падабацца, а не пярэчыць,
10 не ашукваць, але ва ўсім добрую волю аказваць, каб ва ўсім навуку Збаўцы нашага, Бога, услаўлялі.
11 Бо з’явілася ласка Бога, збаўляючы ўсіх людзей,
12 якая вучыць нас, каб мы, выракшыся бязбожнасці і пажаданняў свету, разважна, справядліва і пабожна жылі на гэтым свеце,
13 чакаючы шчаслівай надзеі і прыйсця хвалы магутнага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
14 Які ахвяраваў Самога Сябе за нас, каб збавіць нас ад усякай спракуды і ачысціць Сабе народ, выбраны на ўласнасць, рупны на добрыя ўчынкі.
15 Гэта кажы, і заахвочвай, і дакарай з усёю уладай. За гэта ніхто цябе не папракне.
Раздзел 3
1 Прыпамінай ім, што яны павінны слухаць начальнікаў і ўладу, выконваць загады і быць гатовымі да ўсякага добрага ўчынку,
2 нікога не абмаўляць, не быць сварлівымі, але памяркоўнымі, выяўляць да ўсіх людзей ласкавасць.
3 Бо і мы былі калісьці неразумнымі і непаслухмянымі, заблукаўшымі, служыўшымі пажадлівасцям і ўсякім капрызам, кіраваліся злосцю і зайздрасцю, былі ненавіснікамі, ненавідзячымі адны адных.
4 Калі ж з’явіліся спагаднасць і чалавекалюбства Збаўцы нашага Бога,
5 дык не дзеля ўчынкаў справядлівасці, якія мы даканалі, але праз міласэрнасць Сваю Ён збавіў нас купальняй адраджэння і аднаўлення Духам Святым,
6 Якога выліў на нас багата праз Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
7 каб мы, апраўданыя ласкай Яго, сталіся спадкаемцамі надзеі жыцця вечнага.
8 Вернае слова, і хачу, каб ты сцвярджаў гэта, каб тыя, што вераць Богу, стараліся перш добрымі ўчынкамі гэта давесці. Гэта добра і карысна людзям.
9 Дурных жа пытанняў, радаводаў, спрэчак і змаганняў наконт закону пазбягай, бо яны некарысныя і пустыя.
10 Герэтыка пасля першай і другой перасцярогі абмінай,
11 ведаючы, што пераваротнік грашыць, сам сябе асуджаючы.
12 Калі пашлю да цябе Арцёма або Тыхіка, парупся чым хутчэй прыбыць да мяне ў Нікапаль, бо там вырашыў я зімаваць.
13 Зэна, заканазнаўцу, і Апалоса старанна забяспеч, каб усяго ім хапала.
14 Хай навучацца і нашыя быць першымі ў добрых дзеяннях дзеля пільных патрэб, каб не былі яны бясплоднымі.
15 Вітаюць цябе ўсе тыя, што са мною. Прывітай тых, якія любяць нас у веры. Ласка з усімі вамі! Амін.