1-Ы ЛІСТ ДА ЦІМАФЕЯ
Раздзел 1
1 Паўла, апостал Ісуса Хрыста, па загаду Бога, Збаўцы нашага, і Ісуса Хрыста, нашай надзеі,
2 Цімафею, улюбёнаму сыну ў веры: ласка, міласэрнасць, супакой ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.
3 Я, ідучы ў Мацэдонію, прасіў цябе застацца ў Эфесе, каб загадаў некаторым не крывіць навукі,
4 а таксама не займацца байкамі і радаводамі бясконца, якія выклікаюць больш спрэчак, чым настаўлення Божага, якое ў веры.
5 Мэтай жа загаду ёсць любоў з чыстага сэрца, і добрага сумлення, і няўяўнай веры,
6 адвярнуўшыся ад чаго, некаторыя звярнуліся да пустаслоўя,
7 хочучы быць настаўнікамі закону, хоць не разумеюць, што гавораць і што сцвярджаюць.
8 Ведаем, што закон добры, калі ім хто законна карыстаецца,
9 ведаючы, што закон устаноўлены не для справядлівых, але для несправядлівых і непаслухмяных, бязбожных і грэшнікаў, разбэшчаных і паганых, бацьказабойцаў і мацізабойцаў, чалавеказабойцаў,
10 для распуснікаў, мужаложнікаў, людакрадаў, брахуноў, крывапрысяжнікаў і для ўсяго іншага, што пярэчыць здаровай навуцы,
11 паводле Евангелля славы бласлаўлёнага Бога, якое мне даручана.
12 Дзякую Таму, Хто мяне ўзмацняе, Хрысту Ісусу, Госпаду нашаму, бо Ён палічыў мяне верным, ставячы на служэнне,
13 мяне, які раней блюзніў, пераследаваў і ачарняў; але атрымаў міласэрнасць, бо дзейнічаў па несвядомасці і з няверства.
14 Ласка ж Госпада нашага вылілася шчодра з вераю і любоўю, якая ў Ісусе Хрысце.
15 Вернае слова і вартае ўсякага прыняцця: Хрыстос Ісус прыйшоў на свет, каб збавіць грэшнікаў, з якіх я – першы,
16 але атрымаў міласэрнасць дзеля таго, каб ува мне першым выявіў Хрыстос Ісус усю доўгацярплівасць на паказ тым, што павераць Яму на жыццё вечнае.
17 Валадару ж бессмяротнаму вякоў, нябачнаму, адзінаму Богу ўшанаванне і слава на векі вечныя. Амін.
18 Гэты загад даю табе, сыне Цімафею, паводле ранейшых адносна цябе прароцтваў, каб ты вёў згодна з імі добрую вайну,
19 маючы веру і чыстае сумленне, якое страціўшы, некаторыя адступіліся ад веры,
20 з якіх Гіменэй і Аляксандра, якіх я аддаў шатану, каб вучыліся не блюзніць.
Раздзел 2
1 Дык прашу найперш, каб узносілі просьбы, малітвы, умольванні і падзякі за ўсіх людзей,
2 за цароў і за ўсіх тых, што знаходзяцца пры ўладзе, каб маглі мы весці жыццё ціхае і спакойнае з усёю пабожнасцю і прыстойнасцю.
3 Гэта добра і міла Збаўцу нашаму Богу,
4 Які хоча збавіць усіх людзей і давесці іх да пазнання праўды.
5 Бо адзін Бог, і адзін Пасярэднік між Богам і людзьмі – чалавек Хрыстос Ісус,
6 Які Самога Сябе выдаў дзеля адкуплення за ўсіх, як сведчанне ў свой час,
7 на які і я прызначаны прапаведнікам і апосталам, і, праўду кажу, не ашукваю, настаўнікам паганаў у веры і праўдзе.
8 Дык хачу, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, падымаючы чыстыя рукі без гневу і спрэчак.
9 Падобна і жанчыны ў прыстойным адзенні, упрыгожаныя са сціпласцю і цнатлівасцю не пляценнем валасоў ці золатам або пэрламі ці каштоўнымі строямі,
10 але як належыцца жанчынам, лепш выяўляючы пабожнасць праз добрыя справы.
11 Жанчына няхай вучыцца ў ціхасці, з поўнай пакорлівасцю.
12 Не дазваляю жанчыне навучаць і панаваць над мужам, але каб заставалася ў ціхасці.
13 Бо Адам быў першым створаны, а потым Ева.
14 І не Адам даўся звесціся, а жанчына была зведзена і спракудзілася.
15 Яна будзе збаўлена, родзячы дзяцей і трываючы ў веры, любові і святасці са сціпласцю.
Раздзел 3
1 Вернае слова: калі хто епіскапства жадае, добрай справы жадае.
2 Епіскапу належыцца быць беззаганным, мужам аднае жонкі, цвярозым, мудрым, чэсным, гасцінным, вучыцелем;
3 не п’яніцаю, не задзіраю, але далікатным, не сварлівым, не сквапным,
4 добрым гаспадаром уласнага дома, трымаючым у паслухмянасці дзяцей з усякай пашанай, –
5 бо калі хто не можа кіраваць сваім домам, як жа будзе рупіцца аб Царкве Божай? –
6 не можа быць з нованавернутых, каб не ўзбіўся ў пыху і не трапіў на суд разам з д’яблам.
7 Яму належыць мець добрае сведчанне ад тых, што навокал, каб не трапіў у пагарду і ў пастку д’ябла.
8 Таксама і дыяканы [хай бууць] паважныя, не двуязычныя, не прагавітыя да віна, не сквапныя да нажывы,
9 захоўваючыя таямніцу веры ў чыстым сумленні.
10 І яны павінны быць перш выпрабаваныя, і потым, калі не будуць мець правіны, хай служаць.
11 Падобна і жанчыны паважныя, не абмоўныя, цвярозыя, верныя ва ўсім.
12 Дыяканы каб былі мужамі аднае жонкі, якія добра кіруюць дзецьмі сваімі і сваім домам.
13 Тыя, што добра спаўняюць служэнне, здабываюць сабе пачэсную ступень ды вялікую ўпэўненасць у веры, якая ёсць у Хрысце Ісусе.
14 Пішу табе ўсё гэта, маючы надзею прыбыць да цябе неўзабаве.
15 Калі ж замаруджу, каб ведаў ты, як маеш трымацца ў доме Божым, які ёсць Царква Бога жывога, стоўп і ўмацаванне праўды.
16 Ды агульна прызнана, што вялікая таямніца пабожнасці: Той, Які аб’явіўся ў целе, засведчаны Духам, паказаўся анёлам, абвешчаны паганам, прыняты вераю ў свеце, узнесены ў славе.
Раздзел 4
1 Дух вось адкрыта кажа, што ў апошнія часы некаторыя адступяцца ад веры і прыхіляцца да духаў спакусы і да навук дэманавых,
2 крывадушна падманваючых і з перавернутым сумленнем,
3 забараняючых жаніцца, ужываць у ежу стравы, якія стварыў Бог і даў тым, што пазналі праўду, каб дзякавалі Богу.
4 Бо любое стварэнне Бога добрае, і нічога не трэба адкідаць, што з падзякаю прымаецца;
5 бо ўсвячаецца яно праз слова Божае і малітву.
6 Выясняючы гэта братам, будзеш добрым слугою Хрыста Ісуса, спасілены словамі веры і добрай навукі, якой ты заўсёды трымаўся.
7 Недарэчных і бабскіх плётак высцерагайся. Нахіляй сябе да пабожнасці.
8 Бо цялесныя практыкаванні мала карысныя, пабожнасць жа да ўсяго прыдатная, маючы абяцанне жыцця цяперашняга і будучага.
9 Праўдзівае гэтае слова і вартае ўсякай увагі.
10 Бо дзеля гэтага мы працуем і пакутуем, што спадзяёмся на Бога жывога, Які ёсць Збаўца ўсіх людзей, а ў першую чаргу верных.
11 Загадвай гэта і вучы.
12 Няхай ніхто не пагарджае тваёй маладосцю, але будзь прыкладам верным у слове, у паводзінах, у любові, у веры, у чыстасці.
13 Пакуль прыбуду, займіся чытаннем, суцяшэннем, навукаю.
14 Не занядбай даравання, якое ў табе, якое дадзена табе праз прароцтва з ускладаннем рук старшых.
15 Аб гэтым думай, будзь у гэтым, каб поспех твой усім быў бачны.
16 Глядзі сябе і навукі, трывай у іх; бо, так робячы, і сябе збавіш, і тых, каторыя слухаюць цябе.
Раздзел 5
1 На старэйшага не сварыся сурова, але ўпрошвай, як бацьку; маладых – як братоў;
2 старэйшага ўзросту жанчын – як мацерак, а маладых – як сясцёр з усёй чыстасцю.
3 Удоў шануй, якія сапраўды ўдовы.
4 Калі ж якая ўдава мае дзяцей або ўнукаў, дык няхай перш навучыцца кіраваць пабожна домам сваім ды няхай умее аддаць належнае бацькам, бо гэта ўгодна Богу.
5 Тая ж, што сапраўды ўдава і адзінокая, мае надзею на Бога і не перастае ўпрошваць Бога і маліцца ўночы і днём.
6 А тая, што ў распусце жыве, тая мёртвая.
7 І гэта загадвай ім, каб яны былі беззаганнымі.
8 Калі ж хто не апякуецца над сваімі, тым больш хатнімі, той выракся веры і горшы за нявернага.
9 У патрэбе выбіраць трэба ўдаву не менш шасцідзесяці гадоў, меўшую аднаго толькі мужа,
10 выпрабаваную ў добрых справах, гэта значыць, што добра выгадавала дзяцей, што яна гасцінная, што святым ногі абмывала, што пакутуючых у горы суцяшала, што рупілася пра добрыя справы.
11 А маладых удоў абмінай, бо яны, раскашуючы, жывуць супраць Хрыста і хочуць выйсці замуж.
12 Яны падлягаюць асуджэнню, бо страцілі першую веру.
13 Да таго ж яны, гультайкі, прывучаюцца хадзіць па хатах; і не толькі гультайкі, але і пляткаркі, і цікаўныя, і лапочуць, што не належыцца.
14 Таму хачу, каб маладыя выходзілі замуж, нараджалі дзяцей, кіравалі домам, не давалі аніякай падставы ворагу для знеслаўлення.
15 Бо ўжо некаторыя павярнуліся назад за шатанам.
16 Калі ж якая верная мае ўдоў, дык няхай апякуецца над імі і не абцяжарвае царквы, каб яна магла ўспамагаць тым, якія сапраўды ўдовы.
17 Старшыя, якія добра кіруюць, вартыя падвойнага гонару, асабліва тыя, што працуюць у слове і ў навуцы.
18 Вось жа кажа Пісанне: «Не завязвай пыскі валу, які малоціць» і: «Работнік варты платы сваёй».
19 Не прымай абвінавачванняў на старшых, хіба ў прысутнасці двух ці трох сведкаў.
20 Грэшнікаў павучай перад усімі, каб іншыя баяліся.
21 Заклінаю цябе перад Богам і Ісусам Хрыстом і выбранымі анёламі захаваць гэта без перадузятасці, не хістаючыся ў той ці іншы бок.
22 Не ўскладай ні на каго паспешліва рук, каб не стаць табе супольнікам чужых грахоў.
23 З гэтай пары не пі вады, але патроху ўжывай віна з увагі на твой страўнік, дзеля частых тваіх захворванняў.
24 Грахі некаторых людзей выяўляюцца непасрэдна перад судом, а за іншымі ідуць следам.
25 Падобна і добрыя ўчынкі выяўляюцца, а калі яны скрытыя, схавацца не змогуць.
Раздзел 6
1 Нявольнікі, якія пад ярмом, няхай лічаць сваіх гаспадароў дастойнымі ўсякай павагі, каб імя Божае і навука не зневажаліся.
2 Якія маюць гаспадароў верных, няхай імі не пагарджаюць, бо яны браты, але няхай служаць больш, бо яны верныя і ўлюбёныя, яны саўдзельнікі ў дабрачыннасці. Вучы гэтаму і заклікай.
3 Калі хто вучыць інакш і не прытрымліваецца здаровых слоў Госпада нашага Ісуса Хрыста і навукі, згоднай з пабожнасцю,
4 той ганарлівец, які нічога не разумее, але мае схільнасць спрачацца ў справах і кідаць словамі, з якіх паўстаюць нянавісць, звадкі, блюзнерствы, ліхія падазрэнні,
5 пустыя спрэчкі між людзьмі тупагаловымі, пазбаўленымі праўды і думаючымі, што пабожнасць для набытку.
6 Але вялікім набыткам ёсць пабожнасць разам з задаволенасцю.
7 Бо нічога мы не прынеслі на свет, а значыць, і вынесці нічога не можам.
8 Маючы ж ежу і ў што апрануцца, будзем гэтым задаволены.
9 А вось тыя, што хочуць стаць багатымі, трапляюць у спакусу і ў пятлю ды ў многія неразумныя і шкодныя пажадлівасці, якія топяць людзей у знішчэнні і загубе.
10 Бо корань усякіх няшчасцяў ёсць сквапнасць, гонячыся за якой, некаторыя адступілі ад веры і аддалі сябе на шматлікія пакуты.
11 А ты, чалавек Божы, пазбягай гэтага. Шукай справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, цярплівасці, лагоднасці.
12 Змагайся добрым змаганнем веры, здабудзь жыццё вечнае, да якога ты пакліканы і дзеля якога ты вызнаў добрае сведчанне перад шматлікімі сведкамі.
13 Загадваю табе перад Богам, Які ажыўляе ўсё, і Ісусам Хрыстом, Які засведчыў перад Понцкім Пілатам добрае вызнанне,
14 каб ты спаўняў прыказанне беззаганна і няўхільна аж да прыходу Госпада нашага Ісуса Хрыста,
15 якое выявіць у свой час бласлаўлёны і адзіна магутны Валадар валадароў і Госпад пануючых,
16 Які Сам адзін мае несмяротнасць і жыве ў светласці недаступнай, Якога ніхто з людзей не бачыў і бачыць не можа; Яму ўшанаванне і валадаранне вечнае. Амін.
17 Багатым гэтага веку загадвай, каб лішне высока пра сябе не думалі і не пакладалі надзеі на няпэўнасць багацця, але спадзяваліся на Бога, Які шчодра дае нам усё патрэбнае для жыцця,
18 каб як найбольш рабілі дабра, багацелі добрымі ўчынкамі, былі шчодрымі, дзяліліся,
19 збіралі сабе сапраўдны падмурак на будучае, каб атрымаць жыццё [вечнае].
20 О Цімафею, беражы перададзенае табе, абмінай навінкі пустаслоўя і супярэчлівых цверджанняў фальшывай навукі,
21 некаторыя прыхільнікі якой адступіліся ад веры. Ласка з вамі.