Беларуская Біблія

АДКРЫЦЦЁ

Раздзел 1

1 Адкрыццё Ісуса Хрыста, якое Яму даў Бог, каб аб’явіў слугам Сваім, што павінна стацца ў хуткім часе, і, паслаўшы праз анёла Свайго, даў знак слузе Свайму Яну,

2 які засведчыў слова Божае і сведчанне Ісуса Хрыста пра ўсё, што бачыў.

3 Шчасны той, хто чытае і чуе словы прароцтваў ды захавае тое, што ў іх напісана; бо час блізкі.

4 Ян сямі цэрквам у Азіі: ласка вам і супакой ад Таго, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, і ад сямі духаў, што перад пасадам Яго,

5 і ад Ісуса Хрыста, Які ёсць сведка верны, Першародны з памёршых і Валадар валадароў зямных. Яму, Які ўзлюбіў нас, і абмыў нас ад грахоў нашых крывёю Сваёй,

6 і зрабіў нас царамі і святарамі Богу і Айцу Свайму, Яму хвала і валадарства на векі вечныя. Амін.

7 Вось жа, прыходзіць у аблоках, і ўбачыць Яго ўсякае вока, і тыя, што Яго пракалолі, і залямантуюць над Ім усе плямёны зямлі. Так, амін.

8 Я – Альфа і Амега, кажа Госпад Бог, Які ёсць, Які быў і Які прыйдзе, Усемагутны.

9 Я, Ян, брат ваш і сутрывалец у прыгнёце, і ў Валадарстве і ў цярпенні Ісуса Хрыста, быў на востраве, які называецца Патмас, дзеля слова Божага і сведчання аб Ісусе.

10 Я быў у захапленні духа ў дзень Госпадаў, і пачуў за сабою зычны голас, быццам трубы,

11 які казаў: «Што бачыш, запішы ў кнізе і пашлі сямі цэрквам: у Эфес, і ў Смірну, і ў Пергам, і ў Тыятыру, і ў Сарды, і ў Філадэльфію, і ў Лаадыцэю».

12 Я павярнуўся, каб зірнуць, адкуль быў голас, што да мяне гаварыў; і, павярнуўшыся, убачыў сем залатых светачаў,

13 і паміж светачаў залатых Кагосьці, быццам Сына Чалавечага; Ён апрануты ў доўгую шату і падперазаны пад грудзі залатым поясам;

14 галава ж Яго і валасы былі белыя, як белая воўна, быццам снег, і вочы Яго як полымя агню,

15 і ногі Яго падобны да бронзы, распаленай у печы, і голас Яго падобны на гук бурных вод,

16 і Ён трымаў у правай руцэ Сваёй сем зорак, з вуснаў жа Яго вытыркаўся меч двусечны востры, і твар Яго зіхацеў, як сонца ў магутнасці сваёй.

17 І, убачыўшы Яго, паў я да ног Яго, быццам нежывы. А Ён паклаў правую руку Сваю на мяне, кажучы: «Не бойся! Я – Першы, і Апошні,

18 і жывы; і быў мёртвым, і вось жывы на векі вечныя, і маю ключы смерці і пекла.

19 Дык напішы, што ты ўбачыў, што ёсць і што павінна стацца пасля.

20 Таямніца сямі зорак, якія ты бачыў у маёй правай руцэ, і сямі светачаў залатых: сем зорак – гэта сем анёлаў сямі цэркваў, а сем светачаў – гэта сем цэркваў.

 

Раздзел 2

1 Анёлу царквы, што ў Эфесе, напішы: Вось што кажа Той, Які трымае сем зорак у Сваёй правай руцэ, Які ходзіць пасярод сямі залатых светачаў:

2 Я ведаю ўчынкі твае, і працу, і цярплівасць тваю, і што не можаш пераносіць ліхіх, і што выпрабаваў ты тых, якія называюць сябе апосталамі, а імі не ёсць, і знайшоў іх ашуканцамі.

3 І маеш ты цярплівасць, і перанёс шмат ты дзеля імя Майго, і не знямогся.

4 Але маю Я супраць цябе тое, што пакінуў ты сваю першую любоў.

5 Памятай тады, адкуль ты ўпаў, і навярніся, і выконвай першыя ўчынкі. Інакш бо прыйду да цябе і зрушу твой светач са свайго месца, калі не навернешся.

6 Але маеш тое, што ненавідзіш справы Мікалаітаў, якіх і Я ненавіджу.

7 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: пераможцу дам Я спажываць з дрэва жыцця, якое ў раі Божым.

8 І анёлу царквы, што ў Смірне, напішы: вось што кажа Першы і Апошні, Які быў мёртвы і ажыў:

9 Ведаю прыгнёт твой і беднасць тваю, але ты багаты; і зневажанні тых, якія называюць сябе Юдэямі, а імі не ёсць, бо яны – сінагога шатана.

10 Нічога не бойся з таго, што трэба табе перанесці. Вось жа, пашле некаторых з вас д’ябал у вязніцу, каб вас выпрабаваць, і будзеце цярпець гора на працягу дзесяці дзён. Будзь верны аж да смерці, і дам табе вянец жыцця.

11 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: хто пераможа, другой смерці не сустрэне.

12 І анёлу царквы, што ў Пергаме, напішы: гэта кажа Той, Хто мае меч двусечны востры:

13 Ведаю, што жывеш, дзе пасад шатана, і трымаеш імя Маё, і не выракся ты Маёй веры нават у тыя дні, калі ў вас, дзе пражывае шатан, быў забіты Мой верны сведка Антыпа.

14 Аднак трохі маю супраць цябе, бо маеш там тых, якія трымаюцца навукі Балаама, які вучыў Балака пасылаць згаршэнне на сыноў Ізраэлевых , каб елі ахвяры ідалам і займаліся распустай.

15 І ты маеш таксама такіх, што трымаюцца навукі Мікалаітаў.

16 Дзеля таго навярніся, бо калі не, дык хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом вуснаў Маіх.

17 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам: пераможцу гэтаму дам Я манну таемную і дам яму белы камень, а на камені напісанае новае імя, якога не ведае ніхто, толькі той, хто атрымае.

18 І анёлу царквы, што ў Тыятыры, напішы: гэта вось кажа Сын Божы, Які мае вочы быццам полымя агню, а ногі падобныя да бронзы.

19 Спазнаў Я справы твае, і любоў,  і веру тваю, і служэнне, і цярплівасць тваю, і учынкі твае апошнія больш шматлікія, чым раней.

20 Аднак маю трохі супраць цябе, што дапускаеш жанчыне Езабэлі, якая называе сябе прарочыцай, вучыць і зводзіць слуг Маіх, каб распуснічалі і спажывалі ахвяры для ідалаў.

21 І даў Я ёй час навярнуцца, але яна не хоча за сваю распусту пакутаваць.

22 Вось жа, кіну яе на ложак, і тых, што з ёй чужаложаць, у вялікае гора, хіба што пакаяліся б за правіны свае.

23 І дзяцей яе пакараю смерцю, і няхай усе цэрквы даведаюцца, што Я – Той, Які пранікае вантробы і сэрцы, і дам кожнаму паводле ўчынкаў яго.

24 Вам жа кажу ды іншым, што ёсць у Тыятыры, якія не прызнаюць гэтае навукі і якія не спазналі, як кажуць, бяздонняў шатанскіх, што не пашлю на вас іншай цяжкасці,

25 апроч той, якую маеце; трымайцеся, пакуль да вас прыйду.

26 А хто пераможа і захавае аж да канца справы Мае, таму дам уладу над паганамі,

27 і валадарыць будзе над імі кіем жалезным, крышачы іх, быццам посуд гліняны,

28 як і Я атрымаў ад Айца Майго, і дам яму раннюю зорку.

29 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.

 

Раздзел 3

1 І анёлу царквы, што ў Сардах, напішы: гэта вось кажа Той, Які мае сем духаў Божых і сем зорак: ведаю ўчынкі твае, што маеш імя, што жывы, ды ёсць мёртвы.

2 Чувай і ўзмацняй рэштку, якая мелася загінуць, бо не знаходжу ўчынкаў тваіх выкананымі перад Богам Маім.

3 Дык памятай, як ты атрымаў і чуў, і захавай, і навярніся. Бо калі не будзеш чуваць, прыйду да цябе, як злодзей, і не будзеш ведаць гадзіны, у якую прыйду да цябе.

4 Але вось маеш у Сардах некалькі імёнаў, якія не плямілі вопраткі свае, яны будуць хадзіць са Мною ў белі, бо ёсць дастойныя.

5 Хто пераможа, апранецца гэтак у вопратку белую, і не выкраслю імя яго з кнігі жыцця, і выяўлю імя яго перад Айцом Маім і на віду ў анёлаў Яго.

6 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.

7 І анёлу царквы, што ў Філадэльфіі, напішы: гэта кажа Святы і Праўдзівы, Які мае ключ Давідаў, Які адкрые, і ніхто не замкне, а замкне, то ніхто не адкрые.

8 Ведаю ўчынкі твае. Вось, адкрыў перад табою дзверы, якія ніхто не можа закрыць, бо ты, хоць маеш мала моцы, але захаваў слова Маё і не выракся імя Майго.

9 Вось, дам табе з сінагогі шатана, з тых, якія сябе называюць Юдэямі, а імі не ёсць, але падманваюць; вось, зраблю ім, што прыйдуць і паклоняцца табе ў ногі, і даведаюцца, што Я ўзлюбіў цябе.

10 Бо ўхаваў ты слова цярплівасці Маёй, і Я цябе ўхаваю ў гадзіну спакушэння, якая прыйдзе на ўвесь свет зводзіць жыхароў на зямлі.

11 Прыйду хутка. Трымай тое, што маеш, каб ніхто не скраў вянца твайго.

12 Хто пераможа, таго ўчыню калонай у святыні Бога Майго, і больш з яе не выйдзе, і напішу на ім імя Бога Майго і імя горада Бога Майго, новага Ерузаліма, які сыходзіць з неба ад Бога Майго, і імя Маё новае.

13 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам.

14 І анёлу царквы, што ў Лаадыцэі, напішы: гэта кажа Амін, Сведка верны і праўдзівы, Пачатак тварэння Божага.

15 Ведаю ўчынкі твае, што ты ані халодны, ані гарачы. О, каб лепш халодным ты быў або гарачым!

16 Але за тое, што ты цёплы, а не халодны і не гарачы, Я вывергну цябе з вуснаў Маіх.

17 Бо кажаш ты: «Багаты я і забяспечаны, і нічога мне не трэба», і не ведаеш, што ты бедны, і найнешчаслівейшы, і ўбогі, і сляпы, і голы.

18 Раю табе купіць сабе ў Мяне золата, агнём ачышчанага, каб быў забяспечаны, і белую вопратку, каб апрануўся і каб не паказалася нікчэмнасць галізны тваёй, і масць, каб памазаў вочы свае і бачыў.

19 Бо Я на тых, якіх люблю, сваруся і караю іх. Дык пільнуйся і навярніся.

20 Вось, стаю ў дзвярах і стукаю. Калі хто пачуе голас Мой і адчыніць Мне дзверы, увайду да яго і павячэраю з ім, а ён са Мной.

21 Хто пераможа, таму дам сядзець са Мною на Маім пасадзе, як Я перамог і сеў з Айцом Маім на Яго пасадзе.

22 Хто мае вуха, няхай слухае, што Дух кажа цэрквам».

 

Раздзел 4

1 Пасля гэтага ўбачыў я: і вось, дзверы адчыненыя ў небе, і голас першы, які я пачуў, быў як быццам трубы, што размаўляла са мною і казала: «Увайдзі сюды, і Я пакажу табе тое, што павінна стацца пасля».

2 І адразу трапіў я ў захапленне [духа]: і вось пасад стаяў у небе, а на пасадзе [Нехта] сядзеў.

3 І Той, Хто сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя з яспіса і сардыса, і вясёлка вакол пасада была падобная з выгляду на смарагд.

4 І вакол пасада – дваццаць чатыры пасады, і на пасадах сядзелі дваццаць чатыры старыя, адзетыя ў белыя вопраткі, і на галавах іх – залатыя вянцы.

5 І ад пасада выходзілі маланкі, і галасы, і грымоты; і сем светачаў палаючых гараць перад пасадам, якія ёсць сем духаў Божых.

6 І перад пасадам ззяла нібы шкляное мора, падобнае на крышталь. І на сярэдзіне пасада і навокал пасада – чатыры жывёліны, поўныя вачэй спераду і ззаду.

7 І першая жывёліна падобная да льва, і другая жывёліна падобная да быка, і  трэцяя жывёліна мела твар быццам чалавечы, і чацвёртая жывёліна мела падабенства да арла лятаючага.

8 І чатыры жывёліны мелі па шэсць крылаў, і навакол і ў сярэдзіне мелі поўна вачэй; і бесперапынна днём і ўночы яны ўскліквалі: «Святы, святы, святы Госпад Бог Усемагутны, Які быў, і Які ёсць, і Які прыйдзе».

9 І калі аддавалі тыя жывёліны славу і ўшанаванне Таму, Які сядзіць на пасадзе, Таму, Які жывы на векі вечныя,

10 падалі перад Тым, Які сядзіць на пасадзе, дваццаць чатыры старыя, і кланяліся Таму, Хто жывы, на векі вечныя, і клалі вянцы свае перад пасадам, кажучы:

11 «Дастойны Ты, Госпадзе і Божа наш, прымаць славу, і ўшанаванне, і магутнасць, бо Ты стварыў усё, і ўсё з волі Тваёй існавала і было створана».

 

Раздзел 5

1 І ўбачыў я ў правай руцэ Таго, Які сядзіць на пасадзе, кнігу, запісаную ўнутры і звонку, запячатаную на сем пячатак.

2 І ўбачыў магутнага анёла, што правяшчаў гучным голасам: «Хто дастойны адкрыць кнігу і зняць яе пячаткі?»

3 І ніхто не мог ані на небе, ані на зямлі, ані пад зямлёй адкрыць кнігу і глянуць на яе.

4 І я вельмі плакаў, што ніхто не знайшоўся быць дастойным адкрыць кнігу і глянуць на яе.

5 І адзін са старых сказаў мне: «Не плач, вось перамог Леў з пакалення Юды, корань Давідаў, каб адкрыць кнігу і сем яе пячатак».

6 І ўбачыў я між пасадам і чатырма жывёлінамі, пасярод старых Ягня стаячае, быццам забітае, маючае сем рагоў і сем вачэй, якія ёсць сем духаў Божых, пасланых на ўсю зямлю.

7 І пайшло, і ўзяло з правай рукі Таго, Які сядзіць на пасадзе.

8 І калі ўзяло кнігу, чатыры жывёліны і дваццаць чатыры старыя ўпалі перад Ягнём, маючы кожны гуслі і залатыя чары, поўныя пахнасцей, якія ёсць малітвы святых,

9 і спявалі новую песню, кажучы: «Дастойны Ты ўзяць кнігу і адчыніць пячаткі яе, бо забіты быў Ты і адкупіў Ты нас Богу крывёю Тваёй з усякага пакалення, і мовы, і народа, і паганаў,

10 і ўчыніў нас царствам і святарамі Богу нашаму, і будзем валадарыць на зямлі».

11 І ўбачыў, і пачуў вакол пасада голас безлічы анёлаў, жывёлін і старых, і лік іх быў мірыяды мірыядаў і тысячы тысяч,

12 што казалі гучным голасам: «Дастойны Ты, Ягня, што забіты быў, каб прыняць магутнасць, і багацце, і мудрасць, і сілу, і ўшанаванне, і славу, і блаславенства».

13 Тады пачуў я, як заспявала ўсё стварэнне, што на небе, і што на зямлі, і што пад зямлёй, і што на моры, і што ў ім ёсць: «Таму, Які сядзіць на пасадзе, і Ягняці хай будзе бласлаўленне, і ўшанаванне, і слава, і ўлада на векі вечныя».

14 І чатыры жывёліны казалі: «Амін». І старыя ўпалі і пакланіліся.

 

Раздзел 6

1 І пасля ўбачыў я, як Ягня зламала першую з сямі пячатак, і пачуў, як адна з чатырох жывёлін сказала быццам гукам грымоты: «Прыйдзі!»

2 І ўбачыў я: і вось, белы конь, і той, што сядзеў на ім, трымаў лук, і дадзены яму вянец, і выйшаў ён як пераможца, каб перамагаць.

3 І калі адкрыў Ён другую пячатку, пачуў я другую жывёліну, што казала: «Прыйдзі!»

4 І выйшаў тады іншы конь, руды; і таму, што сядзеў на ім, дадзена, каб спыніў супакой на зямлі, каб людзі адны другіх забівалі, і дадзены яму вялікі меч.

5 І калі адкрыў  Ён трэцюю пячатку, пачуў я трэцюю жывёліну, што казала: «Прыйдзі!» І ўбачыў я: і вось, конь вараны; і той, што сядзеў на ім, трымаў вагу ў руцэ сваёй.

6 І пачуў я быццам голас паміж тых чатырох жывёлін, што казаў: «Хінікс пшаніцы за дынар, і тры хініксы ячменю за дынар; і не марнуй віна і алею».

7 І калі адкрыў Ён чацвёртую пячатку, пачуў я голас чацвёртай жывёліны, што казаў: «Прыйдзі!»

8 І ўбачыў я: і вось, конь сіні, і вершніку, які сядзеў на ім, было імя смерць, і пекла ішло следам за ім, і дадзена яму ўлада на чацвёртай частцы зямлі забіваць мячом, голадам, і смерцю, і звярамі зямлі.

9 І калі адкрыў Ён пятую пячатку, убачыў я пад алтаром душы тых, якія былі пазабіваныя за слова Божае і за сведчанне, якое яны мелі.

10 І гаманілі яны гучным голасам, кажучы: «Госпадзе, святы і справядлівы, як доўга будзеш марудзіць з судом і помстай за нашу кроў над жыхарамі зямлі?»

11 І кожнаму з іх была дадзена белая вопратка, і сказана было ім, каб пачакалі яшчэ кароткі час, пакуль не дапоўніцца лік супрацоўнікаў іх і братоў, якія маюць памерці падобна, як і яны.

12 І калі Ён адкрыў шостую пячатку, убачыў я, як зрабіўся жудасны землятрус, і сонца стала чорнае, як мех валасяны, і месяц быццам заліўся крывёю,

13 і зоркі нябесныя паспадалі на зямлю так, як фігавае дрэва скідае свае недаспелыя плады, калі ім страсяне вялікі вецер,

14 і неба знікла, як быццам звілося ў скрутак, і ўсе горы і астравы зрушыліся са сваіх месцаў.

15 І цары зямлі, і магнаты, і тысячнікі, і багацеі, і асілкі, і кожны нявольнік і вольны пахаваліся ў пячорах і горных скалах,

16 і кажуць гарам і скалам: «Спадзіце на нас і схавайце нас ад аблічча Таго, Які сядзіць на пасадзе, і ад гневу Ягняці,

17 бо надышоў вялікі дзень гневу Яго, і хто зможа вытрымаць?»

 

Раздзел 7

1 І пасля гэтага бачыў я чатырох анёлаў, што стаялі на чатырох вуглах зямлі, трымаючы чатыры ветры зямлі, каб вецер не дзьмуў на зямлю, ані на мора, ані на якое дрэва.

2 І ўгледзеў я іншага анёла, які падымаўся з усходу і нёс пячатку Бога жывога і гаманіў гучным голасам чатыром анёлам, якім даручана было чыніць шкоду зямлі і мору,

3 кажучы: «Не шкодзьце зямлі і мору ані дрэвам, пакуль не адзначым слуг Божых на чолах іх».

4 І пачуў я лік тых, што адзначаны: сто сорак чатыры тысячы адзначаных з усіх пакаленняў сыноў Ізраэля:

5 з пакалення Юды дванаццаць тысяч адзначаных, з пакалення Рубэна дванаццаць тысяч, з пакалення Гада дванаццаць тысяч,

з пакалення Асэра дванаццаць тысяч, з пакалення Нэфталі дванаццаць тысяч, з пакалення Манаса дванаццаць тысяч,

7 з пакалення Сімона дванаццаць тысяч, з пакалення Левія дванаццаць тысяч, з пакалення Ісахара дванаццаць тысяч,

8 з пакалення Забулона дванаццаць тысяч, з пакалення Язэпа дванаццаць тысяч, з пакалення Беньяміна дванаццаць тысяч адзначаных.

9 Пасля ўбачыў я: і вось, вялікі натоўп, якога пералічыць ніхто не змог, з усіх плямёнаў і пакаленняў, народаў і моў. І стаялі яны перад пасадам і перад Ягнём, апранутыя ў белыя вопраткі, і пальмы ў руках іх.

10 І гаманілі яны моцным голасам, кажучы: «Збаўленне ў Бога нашага, Які сядзіць на пасадзе, і ў Ягняці!»

11 І ўсе анёлы стаялі вакол пасада, і старыя, і чацвёра жывёлін; і ўпалі перад пасадам на твары свае і аддалі пашану Богу,

12 кажучы: «Амін! Бласлаўленне, і слава, і мудрасць, і падзяка, і ўшанаванне, і магутнасць, і сіла Богу нашаму на векі вечныя. Амін».

13 І адзін са старых азваўся да мяне, кажучы: «Хто гэтыя, апранутыя ў бель, і адкуль яны прыйшлі?»

14 А я сказаў яму: «Гаспадару мой, ты ведаеш». І ён сказаў мне: «Гэта тыя, якія выйшлі з вялікага гора, і абмылі свае вопраткі, і выбелілі іх у крыві Ягняці.

15 Таму стаяць перад пасадам Божым і служаць Яму ўночы і днём у святыні Яго, і Той, што сядзіць на пасадзе, будзе жыць у іх.

16 Ні голаду, ні смагі больш не будуць цярпець, не будзе пячы іх болей сонца і ніякая спякота,

17 бо Ягня, Які знаходзіцца пасярод пасада, пасвіць іх будзе і вадзіць да крыніцы вод жыцця, і абатрэ Бог кожную слязу з вачэй іх».

 

Раздзел 8

1 І калі Ягня зняў сёмую пячатку, настала ў небе маўчанне каля паўгадзіны.

2 І ўбачыў я сем анёлаў, якія стаялі перад Богам, і дадзена было ім сем труб.

3 І выступіў іншы анёл і стаў перад алтаром, трымаючы залатую кадзільніцу, і дадзена было яму шмат кадзілаў, каб з малітвамі ўсіх святых узнёс іх на залаты алтар, які перад пасадам.

4 І падняўся дым кадзілаў разам з малітвамі святых з рукі анёла да Бога.

5 І ўзяў анёл кадзільніцу, і напоўніў яе агнём з алтара, і кінуў на зямлю; і сталіся грымоты і галасы, і маланкі і землятрусы.

6 І сем анёлаў, што мелі сем труб, нарыхтаваліся, каб трубіць.

7 І першы затрубіў. І стаўся град і агонь, змяшаны з крывёй, і ўпалі на зямлю. І трэцяя частка зямлі згарэла, і трэцяя частка дрэў спалымнела, і ўся трава зялёная згарэла.

8 І другі анёл затрубіў. І тады быццам велічэзная гара, агнём палымнеючая, кінута была ў мора. І трэцяя частка мора сталася крывёй,

9 і трэцяя частка марскіх істот, што мелі душы, вымерла, і трэцяя частка караблёў загінула.

10 І затрубіў трэці анёл. І зляцела з неба велічэзная зорка, палымнеючая, як паходня, і ўпала яна на трэцюю частку рэк і крыніц водных.

11 І назва той зоркі чытаецца Палын. І трэцяя частка вод пераўтварылася ў палын, і многа людзей паўмірала ад той вады, бо вельмі была горкая.

12 І чацвёрты анёл затрубіў. І тады была пашкоджана трэцяя частка сонца, і трэцяя частка месяца, і трэцяя частка зорак, так што пацямнела іх трэцяя частка, а ў дня не яснела трэцяя частка, і таксама ж ноч.

13 Потым глянуў я і пачуў аднаго арла, які ляцеў па сярэдзіне неба, голасна ўскрыкваючы: «Гора, гора, гора жыхарам зямлі ад гукаў іншых труб трох анёлаў, якія павінны неўзабаве трубіць».

 

Раздзел 9

1 І затрубіў пяты анёл. І ўбачыў я зорку, як яна звалілася з неба на зямлю, і дадзены ёй ключ ад студні бяздоння.

2 І адкрыла яна студню бяздоння, і падняўся з бяздоння дым, як дым з вялізнае печы, і сонца і паветра патанулі ў цемры ад дыму з таго бяздоння.

3 І з дыму таго выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй улада, якую маюць скарпіёны зямлі.

4 І сказана ёй не шкодзіць траве зямлі, ані якой зеляніне, ані якім дрэвам, толькі людзям, якія не маюць пячаткі Божай на чолах.

5 І нельга было ёй забіваць людзей, але толькі мучыць іх на працягу пяці месяцаў. І мучэнне іх, як боль ад скарпіёна, калі ўколе чалавека.

6 І ў тыя дні людзі будуць шукаць смерці, але не знойдуць яе, і будуць хацець памерці, але ўцячэ смерць ад іх.

7 І саранча была падобная да коней, падрыхтаваных да бою, і на галавах яна мела быццам залатыя вянцы, і воблік яе быў на падабенства твараў чалавечых,

8 і валасы мела падобныя да валасоў жанчын, і зубы яе падобныя да зубоў ільвоў,

9 і панцыры яе былі нібы з жалеза, і грукат крылаў яе быццам грукат многіх калясніц, запрэжаных коньмі, якія імчацца ў бой.

10 І мела хвасты, падобныя да скарпіёнавых, і джалы, і ў сваіх хвастах уладу шкодзіць людзям на працягу пяці месяцаў.

11 Маюць яны над сабой валадаром анёла бездані, які па-гебрайску завецца Абадон, а па-грэцку Апаліён.

12 Так прайшло першае гора, а вось, яшчэ два горы наступаюць.

13 І шосты анёл затрубіў. І пачуў я адзіны голас з чатырох рагоў залатога алтара, які перад Богам,

14 што сказаў шостаму анёлу, які меў трубу: «Адпусці чатырох анёлаў, звязаных над вялікай ракой Еўфрат».

15 Тады былі развязаны путы чатырох анёлаў, якія былі прыгатаваныя на гадзіну, дзень, месяц і год, каб выгубіць трэцюю частку людзей.

16 І лік коннага войска быў дваццаць тысяч па дзесяць тысяч; і пачуў я іх лічбу.

17 І так бачыў я ў з’яве коней і вершнікаў на іх, маючых панцыры агністыя, і дымна-сінія, і серкава-жоўтыя. І галовы іх былі як галовы львоў, а з храпаў іх шугаў агонь, дым і серка.

18 Ад гэтых трох бедстваў: агня, дыму і серкі, якія шугалі з іх храпаў, – загінула трэцяя частка ўсіх людзей.

19 Бо сіла коней у іхніх храпах і ў хвастах, а хвасты іх падобныя да змеяў, маюць галовы і імі шкодзяць.

20 І рэштка людзей, якія не былі выгублены гэтымі бедствамі, не навярнуліся ад  спраў рук сваіх, каб не пакланяцца дэманам і залатым балванам, і срэбраным, і бронзавым, і каменным, і драўляным, якія не могуць ані бачыць, ані чуць, ані хадзіць,

21 і не навярнуліся ад забойстваў сваіх, не адмовіліся ад чараванняў сваіх, ані ад распусты сваёй, ані ад зладзейства свайго.

 

Раздзел 10

1 Пасля ўбачыў я іншага магутнага анёла, сыходзячага з неба, заслоненага воблакам, і над галавой у яго вясёлка, і твар яго быццам сонца, і ногі яго як слупы вогненныя,

2 і меў ён у руцэ сваёй адкрытую кнігу. І паставіў ён ногі свае: правую – на мора, а левую – на зямлю,

3 і гаманіў магутным голасам на падабенства рыкаючага льва. І калі ён загаманіў, прамовілі сем грымот галасамі сваімі.

4 І калі прагучалі гэтыя сем грымот, хацеў я пісаць, але пачуў з неба голас, кажучы мне: «Пазнач [пячаткай] тое, што абвяшчала сем грымот, і не пішы таго».

5 І анёл, якога я бачыў, што стаяў на моры і на зямлі, падняў правую руку сваю ў неба

6 і прысягнуў Тым, Хто жыве на векі вечныя, Які стварыў неба і ўсё, што на ім ёсць, і зямлю, і тое, што на ёй ёсць, і мора, і што ў ім ёсць: «Часу ўжо больш не будзе!

7 Але ў тых днях, у час голасу сёмага анёла, калі ён пачне трубіць, збудзецца таямніца Божая, як Ён дабравесціў слугам сваім прарокам».

8 І пачуў я зноў голас з неба, які гаварыў са мной і казаў: «Ідзі і вазьмі адкрытую кнігу з рукі анёла, што стаіць на моры і на зямлі».

9 І пайшоў я да анёла, кажучы яму, каб ён даў мне кнігу. І ён сказаў мне: «Бяры кнігу і з’еш яе; і нутро тваё перапоўніць яна горыччу, але ў вуснах тваіх будзе яна салодкая, як мёд».

10 І ўзяў я кнігу з рукі анёла і з’еў яе; і ў вуснах маіх была яна салодкай, як мёд, а, калі яе спажыў, нутро маё напоўнілася горыччу.

11 І кажуць мне: «Ты павінен зноў прарочыць пра народы, пра плямёны, пра мовы і пра многіх цароў».

 

Раздзел 11

1 І дадзена была мне трысціна, падобная да жазла, і сказана мне: «Падыміся і памерай святыню Божую, і алтар, і тых, што пакланяюцца ў ёй.

2 А панадворак звонку святыні абміні і не мерай яго, бо ён прызначаны паганам, і яны будуць таптаць горад святы на працягу сарака двух месяцаў.

3 І Я дам уладу Маім двум сведкам, і будуць яны прарочыць тысяча дзвесце шэсцьдзесят дзён, адзетыя ў зрэбніцу».

4 Яны – дзве алівы і два светачы, якія стаяць перад Госпадам зямлі.

5 І калі хто хоча ім шкодзіць, то агонь выходзіць з вуснаў іх і нішчыць іх ворагаў; калі ж хто захоча пакрыўдзіць іх, то гэткі мусіць быць забіты.

6 Яны маюць уладу зачыніць неба, каб не ішоў дождж у час іх праракавання, ды маюць уладу над водамі замяніць іх у кроў, і насылаць на зямлю ўсякія бедствы, якія толькі захочуць.

7 І, калі закончаць яны сведчанне сваё, звер, які паўстане з бяздоння, пачне супраць іх бой, і пераможа іх, і заб’е іх.

8 І целы іх будуць ляжаць на плошчы вялікага горада, які духоўна завецца Садома і Егіпет, дзе і Госпад іх быў укрыжаваны.

9 І многія з народаў, і пакаленняў, і моў, і плямён будуць аглядаць трупы іх тры дні і паўдня, а целаў іх не дазволяць пакласці ў магілу.

10 І жывучыя на зямлі будуць радавацца дзеля іх, і весяліцца, і падарункі пасылаць адны адным, бо гэтыя два прарокі мучылі тых, якія жылі на зямлі.

11 І пасля трох з паловай дзён увайшоў у іх дух жыцця ад Бога. І падняліся яны на свае ногі; і вялікі страх ахапіў тых, якія бачылі іх.

12 І пачулі яны з неба магутны голас, што гаварыў да іх: «Падыміцеся сюды». І падняліся яны ў неба ў воблаку, і бачылі іх ворагі іхнія.

13 І ў той час пачаліся страшныя землятрусы, і дзесятая частка горада абрушылася, і загінула ад землятрусу сем тысяч імён чалавечых, а тыя, што засталіся, перапалохаліся і аддалі славу Богу на небе.

14 Гора другое мінула; вось, трэцяе прыйдзе неўзабаве.

15 І затрубіў анёл сёмы. І загаманілі моцныя галасы ў небе, кажучы: «Сталася валадарства гэтага свету [Валадарствам] Госпада нашага і Хрыста Яго, і будзе Ён валадарыць на векі вечныя».

16 І дваццаць чатыры старыя, што сядзяць перад Богам на сваіх пасадах, палі на твары свае і пакланіліся Богу,

17 усклікаючы: «Дзякуем Табе, Госпадзе, Божа Усемагутны, Які ёсць, Які быў і Які ўзяў сілу Сваю магутную і запанаваў.

18 І ўзбурыліся народы, і прыйшоў гнеў Твой, і гадзіна судзіць памёршых, і даць узнагароду слугам Тваім, прарокам і святым, і тым, што баяцца імя Твайго, малым і вялікім, і час загубы для тых, што губяць зямлю».

19 І адчынілася Божая святыня ў небе, і бачна стала арка запавету Яго ў святыні Яго, і зазіхацелі маланкі, і пачуліся галасы, і былі землятрусы і град вялікі.

 

Раздзел 12

1 І знак вялікі з’явіўся на небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад яе ступнямі, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак,

2 і была яна цяжарная, і крычала ад болю і мук радзільных.

3 І паказаўся іншы знак на небе: і вось, дракон вялізны, руды, з сямю галовамі і з дзесяццю рагамі, і на галовах яго сем дыядэм,

4 і хвост яго сцягнуў трэцюю частку зорак з неба і кінуў іх на зямлю. І дракон стаў перад жанчынаю, якая павінна нарадзіць, каб, як яна народзіць, зжэрці яе сына.

5 І нарадзіла сына, хлопчыка, які будзе валадарыць над усімі народамі жазлом жалезным. І ўзяты быў яе сын да Бога і да Яго пасада.

6 І жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мела месца, прыгатаванае Богам, каб кармілі яе там тысячу дзвесце шэсцьдзесят дзён.

7 I пачалася вялікая вайна на небе; Міхал і анёлы яго змагаліся з драконам, а дракон ваяваў [супраць іх] са сваімі анёламі,

8 і не асілілі, і не знайшлося ўжо больш месца для іх у небе.

9 I скінуты быў дракон той магутны, змей старадаўні, які завецца д’ябал і шатан, які зводзіць цэлы свет, і скінуты быў на зямлю, і анёлы яго былі скінуты разам з ім.

10 I пачуў я голас магутны на небе, кажучы: «Цяпер настала збаўленне і магутнасць, і Валадарства Бога нашага і ўлада Хрыста Яго, бо скінуты абвінаваўца братоў нашых, які абвінавачваў іх перад Богам нашым днём і ўночы.

11 I тыя перамаглі яго дзякуючы крыві Ягняці і словам свайго сведчання, і не шкадавалі душ сваіх нават да смерці.

12 Дзеля таго цешцеся, неба і жыхары яго. Гора зямлі і мору, бо сышоў д’ябал да вас, поўны вялікай злосці, ведаючы, што мае мала часу!»

13 А калі дракон убачыў, што скінуты ён на зямлю, пачаў пераследаваць жанчыну, што нарадзіла сына.

14 I былі дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб ляцела ў пустыню на сваё месца, дзе будзе карміцца далёка ад змея праз пару і поры ды паўпары.

15 I пусціў тады змей з пашчы сваёй за жанчынай струмень вады, каб яе вадою сцягнуць.

16 І дапамагла жанчыне зямля, бо раскрыла зямля вусны свае і праглынула раку, якую выпусціў дракон са сваёй пашчы.

17 I ўзлаваўся дракон на жанчыну, і пайшоў ваяваць з астаткам яе патомства, які трымаўся загадаў Божых і меў сведчанне Ісуса.

18 I стаў ён на пяску марскім.

 

Раздзел 13

1 I ўбачыў я звера, які падымаўся з мора, з сямю галовамі і дзесяццю рагамі. На рагах у яго было дзесяць дыядэм, і на галовах яго надпісы блюзнерскія.

2 І звер, якога я бачыў, быў падобны да барса, а ступні яго як у мядзведзя, а пашча ў яго як у льва. I даў яму дракон сілу сваю, і пасад свой, і вялікую ўладу.

3 I адна з яго галоў быццам смяротна ранена, і тая яе смяротная рана была залечана. I дзівілася ўся зямля са звера,

4 і пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу зверу, і кланяліся зверу, кажучы: «Хто ж зраўняецца са зверам і хто зможа супраць яго ваяваць?»

5 I дадзены былі яму вусны, што гаварылі вялікае і блюзнерскае, і дадзена была яму ўсякая ўлада дзейнічаць на працягу сарака двух месяцаў.

6 I адчыніў ён пашчу сваю на Бога, каб блюзнерыць на імя Яго, і палатку Яго, і на тых, што жывуць у небе.

7 I пры тым дадзена было яму ваяваць супраць святых і перамагаць іх, і дадзена была яму моц над усякім пакаленнем, народам, моваю і племем.

8 I кланяцца будуць яму ўсе, што абжываюць зямлю і чыё імя ад заснавання свету не запісана ў кнізе жыцця Ягняці, Які быў забіты.

9 Хто мае вуха, хай слухае:

10 «Хто прызначаны ў палон, той ідзе ў палон. Хто павінны мячом быць забіты, належыцца таму прапасці ад мяча. Тут вось цярплівасць і вера святых».

11 I ўбачыў я іншага звера, што падымаўся з зямлі, і меў ён двое рагоў, падобных да Ягнячых, і гаварыў як дракон.

12 І здзяйсняе ён поўную ўладу першага звера на вачах у яго, і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першаму зверу, якога смяротная рана была залечана.

13 І чыніць ён вялікія знакі, нават агонь зводзіць з неба на зямлю на вачах у людзей.

14 І зводзіць жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зверам, кажучы жыхарам, каб рабілі абразы звера, што меў рану ад мяча, але жывы.

15 I дадзена яму надаць дух абразу звера, каб гаварыў абраз звера і каб таго, хто не пакланяўся абразу звера, забіваць.

16 I робіць ён, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць меціну на правай руцэ сваёй або на чале сваім,

17 і ніхто не зможа купляць або прадаваць, хто не будзе мець меціны, або імя звера, або лічбы імя яго.

18 Тут трэба мудрасць; хто мае розум, няхай палічыць лічбу звера; бо гэта лічба чалавека, і лічба гэтая шэсцьсот шэсцьдзесят шэсць.

 

Раздзел 14

1 I глянуў я: і вось, Ягня стаіць на гары Сіён, і пры ім стаяць сто сорак чатыры тысячы, якія маюць на чолах сваіх напісанае імя Яго і імя Айца Яго.

2 I пачуў я голас з неба, быццам голас многіх вод і быццам рэха магутных грымот; і голас, які чуў я, гучаў як голас гусляроў, граючых на гуслях сваіх.

3 І яны спяваюць быццам новую песню перад пасадам, і перад чатырма жывёлінамі, і перад старымі. І ніхто не мог спяваць гэтай песні, апроч гэтых ста сарака чатырох тысяч, якія былі выкуплены з зямлі.

4 Гэта тыя, што не спляміліся з жанчынамі і ёсць нявінныя. Гэта тыя, што ідуць за Ягнём, куды б Ён не ішоў. Гэта тыя, якія выкуплены з людзей як першынцы Богу і Ягняці,

5 і ў вуснах іх не знойдзена хлусні; без заганы яны.

6 I бачыў я іншага анёла, пралятаючага праз сярэдзіну неба. Ён меў спрадвечнае Евангелле, каб абвяшчаць пражываючым на зямлі, усякаму племю, і роду, і мове, і народу,

7 усклікваючы гучным голасам: «Бойцеся Бога і аддайце Яму славу, бо надыходзіць час суда Яго, і пакланіцеся Таму, Які стварыў неба і зямлю, мора і крыніцы водныя».

8 I другі анёл ляцеў за ім, кажучы: «Паў, паў Бабілон той вялікі, які паіў усе народы віном гневу распусты сваёй».

9 I трэці анёл ляцеў за тым, гамонячы зычным голасам: «Калі хто паклоніцца зверу і абразу яго і атрымае меціну на чале сваім або на руцэ сваёй,

10 той будзе піць віно гневу Божага, якое змяшана без дадатку [вады] ў келіху гневу Яго. Агнём і серкай будзе мучаны той перад святымі анёламі, і перад Ягнём.

11 І дым пакут іх узнімаецца на векі вечныя. Ані днём, ані ўночы не маюць супакою тыя, якія пакланяюцца зверу і абразу яго і калі хто будзе насіць меціну імя яго».

12 Тут вось цярплівасць святых, якія захоўваюць прыказанні Божыя і веру Ісуса.

13 I пачуў я голас з неба, кажучы мне: «Напішы: шчасныя памёршыя, якія ў Госпадзе паміраюць. Сапраўды, кажа Дух, яны супачынуць ад працы сваёй, бо ўчынкі іх ідуць за імі».

14 I ўбачыў я: і вось, воблака яснае, і на воблаку сядзеў Нехта, падобны да Сына Чалавечага, і на галаве меў Ён залаты вянец, а ў руцэ трымаў востры серп.

15 I іншы анёл выйшаў са святыні, усклікаючы гучным голасам да Таго, Хто сядзіць на воблаку: «Пашлі серп Твой і жні, бо прыйшоў час, каб жаць, бо даспела жніво зямлі».

16 І Той, што сядзеў на воблаку, пусціў серп Свой на зямлю, і зжата была зямля.

17 I выйшаў іншы анёл са святыні, якая ёсць у небе, трымаючы таксама серп востры.

18 I яшчэ іншы анёл, маючы ўладу над агнём, [выйшаў] ад алтара і ўсклікнуў зычным голасам да таго, які трымаў востры серп, кажучы: «Пашлі серп твой востры і абрэж гронкі вінаграду зямлі, бо даспелі ягады яго».

19 I кінуў анёл серп свой востры на зямлю, і абрэзаў вінаград зямлі, і ссыпаў гронкі ў вялікую ступу гневу Божага.

20 I выціснулі ў ступе вінаград за горадам, і пацякла кроў са ступы аж да цугляў коней на тысячу шэсцьсот стадый.

 

Раздзел 15

1 I ўбачыў я іншы вялікі і дзіўны знак на небе: сем анёлаў з сямю апошнімі плягамі, на якіх спыняўся гнеў Божы.

2 I ўбачыў я нібы шкляное мора, змяшанае з агнём, і тых, што перамаглі звера, і абраз яго, і лічбу імя яго, якія стаялі на шкляным моры, трымаючы гуслі Божыя.

3 І спявалі яны песню Майсея, слугі Божага, і песню Ягняці, кажучы: «Вялікія і цудоўныя дзеянні Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны; справядлівыя і праўдзівыя шляхі Твае, Валадару народаў!

4 Хто не забаіцца Цябе, Госпадзе, і не стане славіць імя Тваё? Бо Ты адзін святы, бо ўсе народы прыйдуць і паклоняцца перад Табою, бо яўнымі сталіся справядлівыя суды Твае!»

5 І потым бачыў я вось што: і адчынілася на небе святыня палаткі сведчання

6 і выйшлі сем анёлаў з сямю плягамі, апранутыя ў чыстае палатно ззяючае, і грудзі мелі падпаясаныя залатымі паясамі.

7 I адна з чатырох жывёлін дала сямі анёлам сем залатых чар, поўных гневу Бога, Які жыве на векі вечныя.

8 І напоўнілася святыня дымам славы Божай і магутнасці Яго, і ніхто не мог увайсці ў святыню, пакуль не споўняцца сем плягаў сямі анёлаў.

 

Раздзел 16

1 I пачуў я магутны голас са святыні, які казаў сямі анёлам: «Iдзіце і выліце сем чар гневу Божага на зямлю».

2 I пайшоў першы, і выліў сваю чару на зямлю; і сталіся балючыя і страшныя скулы на людзях, якія насілі меціну звера, і на тых, якія пакланяліся абразу яго.

3 І другі выліў сваю чару ў мора; і сталася мора як кроў памёршага, і кожная жывая душа, што была ў моры, памёрла.

4 І трэці выліў сваю чару на рэкі і крыніцы вод, і сталіся яны крывёй.

5 I пачуў я, як казаў анёл вод: «Справядлівы Ты, Які ёсць, Які быў, Святы, што такі прысуд выдаў,

6 бо яны пралівалі кроў святых і прарокаў, дзеля таго Ты даў ім кроў для пітва. Заслужылі яны».

7 I пачуў я голас іншы з алтара, які казаў: «Сапраўды праўдзівыя і справядлівыя прысуды Твае, Госпадзе, Божа Усемагутны».

8 І чацвёрты выліў сваю чару на сонца; і дадзена яму моц нішчыць людзей спякотаю і агнём.

9 І пякліся людзі ад вялікай спёкі, і зневажалі імя Бога, Які мае ўладу над гэтымі плягамі, і не навярнуліся, і не аддалі Яму хвалы.

10 І пяты выліў сваю чару на пасад звера; і тады цемрай ахуталася яго валадарства, і кусалі сабе людзі языкі ад болю,

11 і блюзнілі на Бога нябёсаў за пакуты свае і скулы свае, але не навярнуліся ад спраў сваіх.

12 І шосты выліў чару сваю на раку знакамітую і вялікую, што завецца Еўфрат; і высахла яе вада, каб гэтым была падрыхтавана дарога царам з усходу.

13 І ўбачыў я, як выходзілі тры нячыстыя духі, падобныя да жаб, з пашчы дракона, з пашчы звера і з пашчы фальшывага прарока.

14 Гэта ўсё духі дэманаў, якія робяць знакі і падступаюць да ўсіх валадароў зямлі, каб сабраць іх на бой у дзень вялікі Усемагутнага Бога.

15 Вось, іду як злодзей. Шчасны той, хто чувае і сцеражэ адзежу сваю, каб не застацца голым і каб не паказаць сораму свайго.

16 І сабраў іх у месцы, якое па-гебрайску завецца Хармагедон.

17 І сёмы выліў сваю чару ў паветра; і пачуўся магутны голас са святыні ад пасада, які казаў: «Споўнілася!»

18 І сталіся маланкі, і галасы, і грымоты, і пачалося страшнае трасенне зямлі, якога яшчэ ніколі не было з таго часу, калі людзі сталі жыць на зямлі, такога землятрусу вялікага.

19 І распаўся вялізны горад на тры часткі, і гарады паганаў былі знішчаны. І прышоў на памяць Богу вялікі Бабілон, і даў яму піць келіх віна лютага гневу Свайго.

20 І кожны востраў знік, і ніводнай гары не знайшлося.

21 І вялікі град, велічынёю з талент, спаў з неба на людзей; і людзі зневажалі Бога за пакаранне градам, бо вельмі вялікай плягай быў той град.

 

Раздзел 17

1 І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, якія мелі сем чар, і прамовіў да мяне, кажучы: «Хадзі, пакажу табе знішчэнне вялікай распусніцы, што сядзіць над водамі многімі,

2 з якой чужаложылі многія цары зямлі, і жыхары зямлі ўпіваліся віном распуснасці яе».

3 І перанёс мяне ў духу на пустыню. І ўбачыў я жанчыну, якая сядзела на чырвоным зверы, поўным імён блюзнерскіх, які меў сем галоў і дзесяць рагоў.

4 Жанчына ж была ўбраная ў пурпур і багата ўпрыгожаная золатам, дарагімі камянямі і пэрламі, і ў руцэ сваёй трымала залатую чару, поўную брыдоты і нячыстасці сваёй распусты,

5 і на сваім чале мела напісанае тайнае імя: «Вялікі Бабілон, маці распусты і агіды зямлі».

6 І бачыў я гэтую жанчыну п’янаю крывёй святых і крывёй мучанікаў Ісусавых. І здзівіўся, калі ўбачыў яе, вялікім здзіўленнем.

7 І анёл сказаў мне: «Чаго дзівішся? Я табе выкажу таямніцу жанчыны і звера, што яе носіць, які мае сем галоў і дзесяць рагоў.

8 Звер, якога ты бачыў, быў, і няма ўжо яго, і зноў выйдзе з бяздоння і пойдзе на загубу. На від звера, які быў і якога ўжо няма, і які зноў з’явіцца, задзівяцца ўсе жыхары зямлі, імёны якіх ад заснавання свету не запісаны ў кнізе жыцця.

9 Вось тут розум, які мае мудрасць. Сем галоў – гэта сем узгоркаў, на якіх сядзіць жанчына, і сем цароў.

10 Пяць упала, адзін трывае, а іншы яшчэ не прыйшоў, і, калі прыйдзе, будзе дадзены яму кароткі час прабыць.

11 І звер, які быў і якога ўжо няма, ёсць восьмы, і з сямі паходзіць, і ідзе на загубу.

12 І дзесяць рагоў, якія ты бачыў, гэта дзесяць цароў, якія яшчэ не атрымалі ўлады, але атрымаюць царскую ўладу ў адзін час са зверам.

13 У іх адзін намер; і моц і ўладу сваю аддадуць зверу.

14 Яны будуць ваяваць супраць Ягняці, і Ягня пераможа іх, бо Ён – Госпад пануючых і Валадар валадароў; і разам з Ім пакліканыя, і выбраныя, і верныя.

15 І кажа ён мне: «Вада, што ты бачыў, на якой сядзіць распусніца, – гэта народы, і натоўпы, і плямёны, і мовы.

16 Дзесяць жа рагоў, што ты бачыў у звера, гэта тыя, што будуць мець у нянавісці распусніцу, і знішчаць яе, і аголяць яе, і цела яе з’ядуць, і спаляць яе агнём.

17 Бог бо даў ім у сэрцы іх, каб выканалі яны тое, што ім наканавана, і выканалі аднадумна і аддалі царства сваё зверу, аж пакуль не споўняцца словы Божыя.

18 І жанчына, якую ты бачыў, – гэта вялікі горад, які мае панаванне над царамі зямлі».

 

Раздзел 18

1 Пасля гэтага бачыў я іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, і зямля зазіхацела ад яснасці яго.

2 І загаварыў ён магутным голасам: «Паў, паў Бабілон, вялікая [распусніца], і стаўся паселішчам дэманаў і сховішчам усякіх духаў нячыстых, і сховішчам усякага нячыстага і ненавіснага звера.

3 Бо ўсе народы пілі віно гневу распусты яе, і ўсе цары зямлі з ёю распуснічалі, і купцы зямлі ўзбагачаліся з яе вялікага багацця».

4 І пачуў я яшчэ іншы голас з неба, які казаў: «Выйдзі з яе, народ Мой, каб не стаўся ты ўдзельнікам яе грахоў і каб разам не прыняў плягаў яе.

5 Бо падняліся грахі яе аж да неба, і прыпомніў Госпад яе нягоднасць.

6 Адгадзіце ёй, як і яна вам давала, і падвойце ёй удвая за яе ўчынкі; у чару, з якой яна вас паіла, наліце ёй удвая.

7 Колькі ўзносілася яна і раскашавала, столькі дайце ёй і горычы, і суму, бо думала ў сваім сэрцы: «Сяджу, як царыца, і не ўдава я, і не пабачу суму».

8 Дзеля таго зваляцца на яе ў адзін дзень плягі яе, смерць, і сум, і голад, і агнём будзе спалена, бо магутны Госпад Бог, Які асудзіў яе.

9 І плакаць будуць і галасіць дзеля яе цары зямлі, якія з ёй распуснічалі і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым пажару яе,

10 і, стоячы здалёк, дзеля страху яе мучэнняў будуць казаць: «Гора, гора, вялікі той горад, Бабілон, магутны той горад, у адну хвіліну прыйшоў суд твой».

11 І гандляры зямлі будуць плакаць і лямантаваць дзеля таго, што іх тавараў ніхто ўжо не купіць,

12 тавараў залатых і срэбраных, і дарагіх каменняў, і пэрлаў, і вісону, і пурпуру, і ядвабу, і кармазыну, і рознага пахкага дрэва ды вырабаў са слановай косці, і ўсякіх рэчаў з найдаражэйшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру,

13 і цынамону, і духмянасцяў, і пахаў, і масці, і кадзілаў, і віна, і алею, і чыстай мукі, і пшаніцы, і жывёлы, і авечак, і коней, і вазоў, і нявольнікаў, і душ людскіх.

14 І плады твае, пажаданне душы, прапалі для цябе, і ўсё тлустае і бліскучае знікла перад табою, і больш ужо яго не знайсці.

15 Гандляры гэтага, якія праз яе ўзбагаціліся, будуць стаяць здалёк з-за страху перад яе мукамі, плачучы і лямантуючы,

16 і кажучы: «Гора, гора табе, вялікі гэты горад, што апрануты ў вісон і пурпур, і кармазын, і багаты золатам, дарагімі камянямі і пэрламі,

17 бо ў адну хвіліну пагінулі такія багацці!» І ўсе стырнікі, і перавозчыкі прыбярэжныя, і маракі разам з тымі, што на моры працавалі, здалёк стаялі,

18 уздыхалі і лямантавалі, гледзячы на дым пажару і кажучы: «Дзе ж падобны да гэтага горад такі вялікі?»

19 І пасыпалі попелам галовы сабе і крычалі, плачучы і галосячы, і казалі: «Гора, гора табе, вялікі гэты горад, у якім усе сталіся багатымі, хто меў караблі на моры, са скарбаў яго. У адзін момант усё прапала!

20 Цешцеся з яго, неба і святыя, і апосталы, і прарокі, бо спагнаў Бог суд ваш над ім».

21 Тады адзін магутны анёл падняў вялікі, як млынавы, камень і кінуў яго ў мора, кажучы: «З такой сілаю будзе скінуты гэты горад Бабілон, і больш не паўстане.

22 І голасу граючых на гуслях, і паэтаў, і спевакоў, і дудароў, і труб не пачуецца больш у табе, і не знойдзецца больш ніводнага мастака і ніякага мастацтва, і не будзе чутна голасу жорнаў,

23 і не зазіхаціць у табе больш святло лямпы, і галасоў закаханых больш у табе не пачуеш, бо купцы твае былі магнатамі зямлі, бо ўсе народы былі падмануты тваімі чарамі,

24 і засталася на табе кроў прарокаў і святых, ды ўсіх тых, што закатаваныя былі на зямлі».

Раздзел 19

1 Пасля гэтага чуў я голас гучны на небе як быццам многіх натоўпаў, што казалі: «Аллелюя! Збаўленне, і хвала, і магутнасць Богу нашаму,

2 бо праўдзівыя і справядлівыя суды Яго. Ён бо асудзіў распусніцу вялікую, якая паганіла зямлю сваёй распустаю, і адпомсціў за кроў слугаў Сваіх ад рук яе».

3 І зноў усклікнулі: «Аллелюя! І дым з яе будзе падымацца на вякі».

4 І палі на твар дваццаць чатыры старыя і чатыры жывёліны, і аддалі паклон Богу, што сядзіць на пасадзе, і ўсклікнулі: «Амін. Аллелюя».

5 І голас зышоў ад пасада, кажучы: «Слаўце Бога нашага, усе слугі Яго, якія Яго баяцца, малыя і вялікія».

6 І пачуў я быццам голас незлічонай грамады, як шум многіх вод і як гук вялікіх грымот, кажучы: «Аллелюя, бо ўзяў уладу Госпад, Бог наш Усемагутны.

7 Узрадуемся і ўсцешымся, і аддадзім славу Яму, бо надышоў час шлюбу Ягняці, і жонка Яго прыгатавана.

8 І дадзена ёй прыбрацца ў вісон чысты і ззяючы; вісон жа ёсць справядлівасць святых».

9 І кажа мне: «Напішы: шчасныя, пакліканыя на вячэру шлюбную Ягняці». І кажа мне: «Гэта сапраўды словы Божыя».

10 І я паў яму да ног, каб ушанаваць яго. А ён кажа мне: «Глядзі, не рабі гэтага! Бо я саслужнік твой і братоў тваіх, якія маюць сведчанне Ісуса. Богу пакланіся. Бо сведчанне Ісуса ёсць дух прароцтва».

11 І ўбачыў я адкрытае неба; і вось, белы конь; і на ім сядзеў вершнік, называны Верны і Праўдзівы, і Ён справядліва судзіць і змагаецца.

12 Вочы Яго як полымя агністае, і на галаве ў Яго шмат дыядэм, імя Яго напісанае, якога ніхто не ведае, апрача Яго Самога,

13 і адзеты Ён у вопратку акрываўленую, і завецца імя Яго Слова Божае.

14 І войска нябеснае, апранутае ў вісон чысты і белы, на белых конях ідзе за Ім.

15 І з вуснаў Яго выходзіць меч востры, каб ім пабіць народы, і Ён будзе валадарыць над імі жалезным кіем і Сам стопча ступу віна лютага гневу Бога Усемагутнага.

16 І мае на вопратцы і на сцягне Сваім напісанае імя: Валадар валадароў і Госпад пануючых.

17 І ўбачыў я аднаго анёла, які стаў на сонцы і закрычаў вялікім голасам да ўсіх птушак, якія ляталі праз сярэдзіну неба, кажучы: «Хадзіце і збярыцеся на вялікую вячэру Божую,

18 каб паесці целы цароў, і целы тысячнікаў, і целы асілкаў, і целы коней і іх вершнікаў, і целы ўсіх вольных і нявольнікаў, малых і вялікіх».

19 І пабачыў я звера і цароў зямлі, а поруч войска іхняе, падрыхтаванае да бою з Тым, што сядзеў на кані, і з войскам Яго.

20 І схоплены быў звер, а з ім фальшывы прарок, які чыніў знакі перад ім, і знакамі тымі зводзіў тых, што атрымалі меціну звера і што пакланіліся перад яго абразом. Абодва яны былі жыўцом кінуты ў возера вогненнае, палаючае серкай.

21 А іншыя пагінулі ад мяча Таго, Які сядзеў на кані, што выходзіў з вуснаў Яго. І ўсе птушкі нажыраваліся целамі іх.

 

Раздзел 20

1 І ўбачыў я анёла,сыходзячага з неба і маючага ў руцэ ключ ад бяздоння і вялікі ланцуг.

2 І схапіў ён дракона, змея старадаўняга, які ёсць д’ябал і шатан, і звязаў яго на тысячу гадоў,

3 і кінуў яго ў бяздонне, і замкнуў яго, і запячатаў яго, каб не зводзіў больш народы, пакуль не міне тысяча гадоў. А пасля ён мае быць вызвалены на кароткі час.

4 І ўбачыў я пасады, і паселі на іх тыя, якім дадзена права судзіць, і бачыў я душы тых, якім сцялі галовы за сведчанне аб Ісусе і за слова Божае, і тых, якія не пакланіліся зверу і абразу яго, якія не мелі меціны на чолах і руках сваіх. І жылі яны, і валадарылі разам з Хрыстом тысячу гадоў.

5 Рэштка памёршых не ажыла, пакуль не скончылася тысяча гадоў. Гэта ёсць першае ўваскрэсенне.

6 Шчасны і святы той, хто мае ўдзел у першым уваскрэсенні! Над імі другая смерць не мае ўлады, але яны будуць святарамі Бога і Хрыста і будуць валадарыць з Ім тысячу гадоў.

7 І, калі міне тысяча гадоў, будзе вызвалены шатан са сваёй вязніцы,

8 і будзе ўводзіць у зман народы, якія на чатырох канцах зямлі, Гога і Магога, і збіраць іх на бой, а лік іх, як пяску марскога.

9 І яны выйшлі на прастор зямлі і акружылі лагер святых і іх умілаваны горад. Але зляцеў з неба агонь і знішчыў іх.

10 І д’ябал, які зводзіў іх, быў кінуты ў возера агню і серкі, дзе і звер, і фальшывы прарок, і мучыцца будуць яны днём і ўночы на векі вечныя.

11 І ўбачыў я пасад вялікі ззяючы і Таго, Які сядзеў на ім, перад абліччам Якога зніклі зямля і неба, і не знайшлося ім месца.

12 І ўбачыў я памёршых, вялікіх і малых, што стаяць перад пасадам. І былі адкрыты кнігі. І была адкрыта іншая кніга, кніга жыцця. І быў суд над памёршымі за тое, што напісана было ў кнігах, паводле іх ўчынкаў.

13 І аддала мора памёршых, якія ў ім былі. Падобным спосабам аддалі смерць і пекла сваіх памёршых, якія ў іх былі. І кожны быў суджаны паводле сваіх учынкаў.

14 І смерць і пекла былі ўкінуты ў возера вогненнае. Гэта другая смерць, возера вогненнае.

15 І хто не знайшоўся запісаны ў кнізе жыцця, той быў укінуты ў возера вогненнае.

 

Раздзел 21

1 І ўбачыў я новае неба і новую зямлю, бо першае неба і першая зямля зніклі, і мора ўжо няма.

2 А я, Ян, убачыў святы горад, новы Ерузалім, сыходзячы з неба ад Бога, прыгатаваны, быццам нявеста на сустрэчу свайго мужа.

3 І пачуў я голас магутны, кажучы: «Вось палатка Бога з людзьмі, і Ён будзе жыць з імі, і яны будуць народам Яму, і Сам Бог з імі будзе іх Богам,

4 і абатрэ кожную слязу з вачэй іх, і смерці ўжо не будзе, ані плачу, ані галашэння, ані болю больш не будзе, бо гэта ўжо ўсё мінула».

5 І сказаў Той, Які сядзеў на пасадзе: «Вось, Я раблю ўсё новае». І кажа: «Напішы: словы гэтыя верныя і праўдзівыя».

6 І сказаў мне: «Сталася! Я – Альфа і Амега, Пачатак і Канец. Прагнучаму дам Я піць дарма з крыніцы жыцця.

7 Хто пераможа, атрымае гэта як спадчыну, і буду яму Богам, а ён будзе Мне сынам.

8 Удзелам жа палахлівых, няверных, нягоднікаў, забойцаў, распуснікаў, чараўнікоў, балванахвальцаў і ўсіх хлуслівых будзе палымнеючае возера агню і серкі, што ёсць другая смерць».

9 І прыйшоў адзін з сямі анёлаў, маючых сем чар, поўных сямю плягамі апошнімі, і загаварыў са мною, кажучы: «Хадзі, пакажу табе жанчыну, нявесту Ягняці».

10 І падняў ён мяне ў духу на гару вялікую і высокую, і паказаў мне святы горад Ерузалім, сыходзячы з неба ад Бога

11 і маючы славу Божую. Бляск яго быў падобны да бляску каштоўных камянёў, быццам яспіса ці нават крышталю.

12 І меў ён вялікі і высокі мур, і меў дванаццаць брам, на брамах стаяла дванаццаць анёлаў ды выпісаны былі імёны, якія ёсць імёны дванаццаці пакаленняў сыноў Ізраэля.

13 Ад усходу тры брамы, і ад поўначы тры брамы, і ад поўдня тры брамы, і ад захаду тры брамы.

14 І мур горада меў дванаццаць падмуркаў, і на іх дванаццаць імёнаў дванаццаці апосталаў Ягняці.

15 І той, што размаўляў са мною, меў мерку, залатую трысціну, каб змерыць горад, брамы яго і мур ягоны.

16 І горад ляжыць чатырохкутнікам, і даўжыня яго роўная шырыні. І абмераў ён горад залатой трысцінай на дванаццаць тысяч стадый; і даўжыня яго, шырыня і вышыня – аднолькавыя.

17 І змераў мур яго ста сарака чатырмя локцямі меры чалавечай, такая ж і анёльская.

18 І мур яго быў збудаваны з яспісу, а сам горад быў з чыстага золата, чыстага, як шкло.

19 Падмуркі муру горада ўпрыгожаны былі дарагімі камянямі: падмурак першы – яспісам, другі – сапфірам, трэці – халцэдонам, чацвёрты – смарагдам,

20 пяты – сардоніксам, шосты – сардзінам, сёмы – хрызалітам, восьмы – берылам, дзевяты – тапазам, дзесяты – хрызапразам, адзінаццаты – гіяцынтам, дванаццаты – аметыстам.

21 І дванаццаць брам – дванаццаць пэрлаў; кожная брама была з адной пэрлы. І вуліцы горада з чыстага золата, нібы з празрыстага шкла.

22 І святыні я ў ім не ўбачыў, бо Госпад, Бог Усемагутны, быў яго святыняй і Ягня.

23 І горад не патрабуе ўжо ані сонца, ані месяца, каб асвятлялі яго, бо яснасць Божая асвятляе яго, і Ягня ёсць свяцільняй яго.

24 І будуць хадзіць народы ў святле яго, і цары зямныя прынясуць у яго славу сваю і гонар.

25 І брамы яго не зачыняюцца ўдзень, а ночы не будзе там.

26 І ўнясуць у яго славу і багацце народаў.

27 І нішто заганнае не ўвойдзе ў яго, і ніводзін ліхадзей ані махляр, а толькі тыя, што запісаны ў кнізе жыцця Ягняці.

 

Раздзел 22

1 І паказаў мне чыстую раку вады жыцця, ззяючую, светлую, як быццам крышталь, выцякаючую з пасада Бога і Ягняці.

2 На сярэдзіне вуліцы [горада] і паабапал ракі было дрэва жыцця, што прыносіць дванаццаць пладоў, штомесяц даючы плод свой, і лісце дрэва – для лячэння народаў.

3 І не будзе ўжо больш нічога праклятага. І пасад Бога і Ягняці ў ім будзе, і слугі Яго Яму служыць будуць,

4 і будуць аглядаць аблічча Яго, і імя Яго будуць насіць на чолах сваіх.

5 І ночы ўжо не будзе, і не трэба будзе ўжо святла лямпы, ані святла сонца, бо Госпад Бог асветліць іх, і будуць яны валадарыць на векі вечныя.

6 І сказаў мне: «Словы гэтыя самыя верныя і праўдзівыя, і Госпад, Бог духаў прарочых, паслаў Свайго анёла, каб паказаць слугам Сваім, што павінна стацца неўзабаве.

7 І вось, прыходжу скора. Шчасны, хто захоўвае словы прарочыя гэтае кнігі».

8 І я, Ян, чуў гэта і бачыў. І, калі гэта пачуў і ўгледзеў, паў да ног анёла, што мне гэта паказаў, каб пакланіцца яму.

9 І ён кажа мне: «Глядзі, не рабі! Бо я толькі саслужнік твой і братоў тваіх прарокаў разам з тымі, якія захоўваюць словы гэтай кнігі. Богу пакланіся».

10 І кажа мне: «Не запячатвай прарочых слоў гэтай кнігі, бо час ужо блізкі.

11 Хто ліхі, няхай больш ліхадзейнічае, хто апаганены, няхай больш апаганьваецца, і справядлівы няхай яшчэ павялічвае справядлівасць [сваю], і святы няхай яшчэ больш усвячаецца.

12 Вось, прыходжу хутка, і ўзнагарода Мая разам са Мною, каб аддаць кожнаму паводле ўчынкаў яго.

13 Я – Альфа і Амега, Першы і Апошні, Пачатак і Канец.

14 Шчасныя, што мыюць вопраткі свае, яны будуць мець уладу над дрэвам жыцця і ўвойдуць у горад праз брамы.

15 За мурам застануцца сабакі, чараўнікі, распуснікі, забойцы, балванахвальцы і ўсе тыя, што любяць хлусіць і хлусяць.

16 Я, Ісус, паслаў Майго анёла, каб даў вам гэтае сведчанне ў цэрквах. Я – корань і род Давідаў, яснеючая ранішняя зорка».

17 І Дух і нявеста клічуць: «Прыйдзі!» І хто чуе, няхай кажа: «Прыйдзі!» І хто смягне, няхай прыйдзе; хто жадае, хай бярэ ваду жыцця дарма.

18 Вось, сведчу кожнаму, хто слухае словы прароцтва гэтай кнігі: калі хто да іх дадасць нешта, таго Бог пакарае адной з тых плягаў, што запісаны ў гэтай кнізе,

19 і, калі хто адыме ад слоў прароцтва гэтай кнігі, у таго Бог адыме долю яго з дрэва жыцця і з горада святога, і з таго, што ў гэтай кнізе напісана.

20 Той, Хто пра гэта сведчыць, кажа: «Так, прыйду неўзабаве!» «Амін. Прыйдзі, Госпадзе Ісусе!»

21 Ласка Госпада Ісуса з усімі.