Беларуская Біблія

2-І ЛІСТ ПЁТРЫ

Раздзел 1

1 Сымон Пётра, слуга і апостал Ісуса Хрыста, тым, што ў справядлівасці Бога нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста атрымалі веру, роўную нашай:

2 ласка вам і супакой хай памножацца праз пазнанне Бога і Ісуса, Госпада нашага.

3 Паколькі ўсё нам – ад Боскае магутнасці Яго, падараванай для жыцця і пабожнасці праз пазнанне Таго, Хто паклікаў нас Сваёю хвалой і дасканаласцю,

4 праз якія падараваў Ён нам дарагія і вялікія абяцанні, каб праз іх сталіся мы ўдзельнікамі Божае прыроды, усцярогшыся нікчэмнасці, якая пашыраецца па свеце праз пажадлівасць,

5 то менавіта з-за гэтага старайцеся з усіх сіл, каб у сваёй веры паказаць дасканаласць сваю, а ў дасканаласці  веданне,

6 а ў веданні паўстрыманасць, а ў паўстрыманасці цярплівасць, а ў цярплівасці пабожнасць,

7 а ў пабожнасці браталюбства, а ў браталюбстве любоў.

8 Калі гэта ў вас жыве і памнажаецца, то яно не пакіне вас пустымі і бясплоднымі ў пазнанні Госпада нашага Ісуса Хрыста.

9 А ў каго гэтага няма, той сляпы і блізарукі, які забыўся аб ачышчэнні ад даўнейшых сваіх грахоў.

10 Дык тым больш, браты, старайцеся ўгрунтаваць сваё пакліканне і выбранне. Гэтак бо робячы, ніколі не дапусціце аблуд.

11 Бо гэтак яшчэ шырэй адчыніцца вам уваход у вечнае Валадарства Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста.

12 Таму я буду вам заўсёды прыгадваць гэта, хоць вы ведаеце і перакананыя ў цяперашняй праўдзе.

13 Я лічу за справядлівасць, пакуль знаходжуся ў гэтай палатцы, падбадзёрыць вас напамінам,

14 бо ведаю, што хутка пакіну гэтую палатку маю, як Госпад наш Ісус Хрыстос вызначыў мне.

15 Буду прыкладаць намаганні, каб вы часта і па маім адыходзе пра гэта ўспаміналі.

16 Бо мы вясцілі вам магутнасць і прыход Госпада нашага Ісуса Хрыста, не ідучы следам за прыдуманымі казкамі, але як сведкі, што бачылі Яго веліч.

17 Бо атрымаў Ён ад Бога Айца гонар і хвалу, калі вось такім чынам прагучаў да Яго голас ад велічнай славы: «Гэта Сын Мой, улюбёнец Мой, у Якім Я маю ўпадабанне».

18 І мы чулі, як гэты голас даносіўся з неба, калі мы з Ім разам былі на святой гары.

19 Прытым мы маем найпэўнейшае прарочае слова, і вы добра робіце, трымаючыся яго, як светача, які свеціць у цёмным месцы аж пакуль развіднее, і зорка ранняя ўзыдзе ў сэрцах вашых.

20 Гэта перш за ўсе майце на ўвазе, што ніводнае прароцтва Пісання нельга вытлумачыць самавольна.

21 Бо не па волі людской было калісьці абвешчана прароцтва, але прамовілі яго людзі Божыя, кіраваныя Духам Святым.

 

Раздзел 2

1 Былі ж у народзе і фальшывыя прарокі, як і ў вас бываюць настаўнікі-ашуканцы, каторыя ўцягваюць у згубныя секты і, адцураўшыся Таго Валадара, Хто іх адкупіў, рыхтуюць сабе скорую загубу.

2 І многія пойдуць слядамі іхняй распусты, і дарога праўды з-за іх знеслаўляцца будзе.

3 І яны ў хцівасці будуць лавіць вас ілжывымі словамі, але прысуд на іх даўно гатовы, і згуба іх не абміне.

4 Бо калі саграшыўшых анёлаў Бог не пашкадаваў, але, звязаўшы путамі пякельнай цемры, аддаў захаваць на суд;

5 і калі не пашкадаваў першага свету, а ўхаваў толькі васьмярых з Ноем, вестуном праўды, наводзячы патоп на бязбожны свет;

6 таксама гарады Садом і Гамору, ператварыўшы ў попел, асудзіў на згубу, даючы прыклад кары для тых, што будуць бязбожнымі ў будучыні,

7 і выратаваў справядлівага Лота, што пакутаваў ад распусных паводзін нягоднікаў,

8 бо гэты справядлівы, пражываючы сярод іх, з дня на дзень сваю справядлівую душу крыжаваў іх бязбожнымі ўчынкамі, каторыя бачыў і аб каторых чуў.

9 Дык ведае Госпад, як пабожных выратаваць ад спакушэння, а несправядлівых захаваць на пакаранне ў дзень суда,

10 а перад усім тых, што ідуць за целам у нячыстай пажадлівасці і пагарджаюць начальствам; нахабнікаў, пыхліўцаў, што не баяцца блюзнерыць на слаўных,

11 у той час як анёлы, большыя за іх сілай і магутнасцю, не выносяць перад Госпадам прысуд супраць іх блюзнерства.

12 Яны, як неразумныя жывёлы, што прызначаны з натуры сваёй на ўлоў і ўбой, блюзнераць на тое, чаго не разумеюць, ды ў нікчэмнасці сваёй будуць знішчаны,

13 атрымаюць кару як плату за несправядлівасць. За асалоду ўважаюць яны штодзённую распусту, як сараматнікі і агіднікі патанаючы ў асалодзе, у распуснасці сваёй раскашуючы з вамі.

14 Вочы іхнія поўныя чужаложства і няспыннага граху, зводзяць яны душы хісткія; сэрцы іхнія апанаваныя хцівасцю, яны – сыны праклёну;

15 сышоўшы з простага шляху, заблукалі ды пайшлі дарогай Балаама Басорава, які ўзлюбіў плату за несправядлівасць,

16 але быў пакараны за сваё злачынства: пад’ярэмная жывёла, нямая, прамовіўшы чалавечым голасам, стрымала неразумнасць прарока.

17 Яны – крыніцы без вады, воблакі, віхрам гнаныя, каторых чакае туман цемры.

18 Пыхліва і марна гаворачы, яны прывабліваюць да пажадлівасці цялеснай распустай тых, што замала асцерагаюцца аблудаў ды пражываюць у блудзе;

19 абяцаюць ім свабоду, а самі – нявольнікі нікчэмнасці; бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.

20 Бо калі хто ўцякае ад брыдот свету праз пазнанне Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста, а потым зноў, заблытаўшыся, захапляецца імі, дык апошнія яго справы горшыя за папярэднія.

21 Лепш было б ім дарогі справядлівасці не ведаць, чым, пазнаўшы, адвярнуцца назад ад дадзенага ім святога прыказання.

22 Споўнілася бо на іх тое, аб чым слушна кажа прыказка: «Сабака вярнуўся да сваіх рыготаў, а свіння памытая – да бруднай лужыны».

 

Раздзел 3

1 Дарагія, пішу да вас ужо другі такі ліст і стараюся ў ім ажывіць ваш здаровы розум напамінам,

2 каб вы памяталі тыя словы, якія прадказаны былі святымі прарокамі, і перададзеныя вам апосталамі прыказанні Госпада і Збаўцы.

3 Перад усім ведайце, што ў апошнія дні з’явяцца паклёпнікі з кпінамі, якія будуць хадзіць адпаведна сваёй пажадлівасці

4 і будуць пытацца: «Дзе ж абяцанне Яго прыходу?», кажучы: «Бо з таго часу, як бацькі паснулі, усё так застаецца, як ад пачатку стварэння».

5 Бо не ведаюць яны, якія думаюць гэтак, што неба было здаўна і што зямля з вады і праз ваду словам Божым паўстала,

6 ды што праз яе тады той свет загінуў, затоплены вадою.

7 А цяперашнія нябёсы і зямля тым самым словам прызначаны агню, захаваныя на дзень суда і згубы бязбожных людзей.

8 Няхай для вас, дарагія, не будзе таямніцай тое, што адзін дзень у Госпада як тысяча гадоў, і тысяча гадоў – як адзін дзень.

9 Не марудзіць Госпад з абяцаннем, як некаторым здаецца, што марудзіць, але Ён цярплівы ў адносінах да вас і не хоча нічыёй згубы, але хоча ўсіх давесці да навяртання.

10 Як злодзей прыйдзе дзень Госпадаў, у якім нябёсы з шумам вялікім прамінуцца, стыхіі ў агні знікнуць, а зямля і ўсё створанае на ёй згарыць.

11 Калі ўсё гэта мае так разбурыцца, дык якімі павінны вы быць у святым жыцці і пабожнасці,

12 калі чакаеце і прыспешваеце прыход дня Божага, у якім нябёсы, палымнеючы, знікнуць, і стыхіі ў паланні агню рассыпяцца.

13 Аднак, паводле абяцання Яго, мы чакаем новага неба і новай зямлі, у якіх жыве справядлівасць.

14 Дзеля таго, дарагія, чакаючы гэтага, старайцеся быць без заганы і спракуды, каб Ён застаў вас у супакоі.

15 І доўгацярплівасць Госпада нашага лічыце за збаўленне, як і наш дарагі брат Паўла паводле дадзенай яму мудрасці напісаў вам,

16 як аб гэтым гаворыць ён ва ўсіх лістах, дзе ёсць штосьці цяжкае для разумення, што людзі неадукаваныя і няўстойлівыя выкрыўляюць, як і іншыя Пісанні, на ўласную згубу.

17 Дык вы, дарагія, аб гэтым папярэджаныя, сцеражыцеся, каб не даць сябе звесці ў аблуду нягоднікаў, і не адпасці ад свайго ўмацавання.

18 Дык узрастайце ў ласцы і пазнанні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму хвала і цяпер, і ў дзень вечнасці. Амін.