Беларуская Біблія

2-І ЛІСТ ЯНА

1 Старэйшы – выбранай гаспадарыні і яе дзецям, якіх я люблю ў праўдзе, і не толькі я сам, але і ўсе, што пазналі праўду,

2 дзеля праўды, што захоўваецца ў нас ды якая застаецца з намі ў вечнасці.

3 Ласка, міласэрнасць, супакой ад Бога Айца і ад Ісуса Хрыста, Сына Айца, хай будзе з намі ў праўдзе і любові.

4 Я быў вельмі рады, што сярод дзяцей тваіх знайшоў такіх, што жывуць у праўдзе, як мы атрымалі пастанову ад Айца.

5 І цяпер прашу цябе, гаспадарыня, не як новае прыказанне пішучы табе, але як тое, што мелі мы ад пачатку; каб мы любілі адзін аднаго.

6 І тое ёсць любоў, каб мы жылі паводле пастаноў Яго; гэта тое прыказанне, якое вы чулі ад пачатку, каб вы жылі па ім.

7 Бо з’явілася на свеце многа зводнікаў, якія не вызнаюць, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе; гэткі ёсць зводнік і антыхрыст.

8 Глядзіце самі на сябе, каб не страцілі вы таго, над чым папрацавалі, але каб атрымалі плату поўную.

9 Кожны, хто адступае ад навукі Хрыстовай і не трымаецца яе, не мае Бога; а хто трымаецца навукі, той мае і Айца, і Сына.

10 Калі хто прыходзіць да вас і не прыносіць гэтай навукі, не прымайце яго ў дом і не вітайце яго.

11 Бо хто яго вітае, стаецца саўдзельнікам яго злачынства.

12 Шмат маю я вам напісаць, але не хачу на паперы і атрамантам, бо спадзяюся, што да вас прыйду і з вамі пагавару з вуснаў у вусны, каб радасць наша была поўнаю.

13 Вітаюць цябе дзеці сястры тваёй выбранай.