Беларуская Біблія

1-Ы ЛІСТ ПЁТРЫ

Раздзел 1

1 Пётра, апостал Ісуса Хрыста,  перасяленцам, рассеяным у Понце, у Галатыі, у Кападоцыі, у Азіі і ў Бітыніі,

2 выбраным наканаваннем Бога Айца пры асвячэнні Духам, дзеля паслухмянасці і пакраплення крывёй Ісуса Хрыста: хай ласка і супакой будуць вам шчодра памножаны.

3 Бласлаўлёны Бог і Айцец Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які ў вялікай міласэрнасці Сваёй праз уваскрэсенне з памёршых Ісуса Хрыста адрадзіў нас да жывой надзеі;

4 да спадчыны незнішчальнай, і беззаганнай, і неўвядальнай, што захавана на нябёсах для вас,

5 якія магутнасцю Божай праз веру захоўваецеся дзеля збаўлення, прыгатаванага аб’явіцца ў апошні час.

6 З гэтага радуйцеся, хоць цяпер мусіце пасмуткаваць крыху дзеля шматлікіх выпрабаванняў,

7 каб выпрабаваная вашая вера выявілася шмат даражэйшай за золата –  яно, хоць і выпрабавана ў агні, ды ідзе на загубу, – на славу, пахвалу і гонар пры з’яўленні Ісуса Хрыста.

8 Яго, хоць не бачылі, вы любіце і хоць цяпер не бачыце Яго, але верыце і цешыцеся радасцю невымоўнаю і найслаўнейшаю,

9 дасягаючы ў выніку веры вашай збаўлення душ.

10 Гэтага збаўлення шукалі і выглядалі прарокі, якія прадказвалі будучую для вас ласку,

11 даследуючы, калі і на якую пару паказваў Дух Хрыстовы, Які ў іх прабываў і Які прадказваў пакуты Хрыста і пазнейшую славу.

12 Ім было адкрыта, што не ім самім, а вам служыла тое, што вам было абвешчана праз іх, якія неслі добрую вестку для вас праз Духа Святога, спасланага з неба, у што заглянуць прагнуць і анёлы.

13 Таму, падперазаўшы сцёгны вашага розуму, цвярозыя, майце моцную надзею на ласку, прызначаную вам у аб’яўленні Ісуса Хрыста.

14 Як паслухмяныя дзеці, не кіруйцеся вашымі ранейшымі жаданнямі, калі вы былі яшчэ несвядомымі,

15 але ва ўсіх паводзінах будзьце вы таксама святымі на ўзор Таго Святога, Які вас паклікаў,

16 бо напісана: «Будзьце святымі, бо Я — Святы».

17 І калі Айцом завеце Таго, Хто, без аглядкі на асобы, судзіць кожнага паводле яго ўчынкаў, дык у страху праводзьце час пражывання вашага,

18 ведаючы, што адкуплены вы ад марнага жыцця вашага, перададзенага вам бацькамі, не знішчаемым срэбрам або золатам,

19 але найкаштоўнейшай крывёй Хрыста, як Ягняці беззаганнага і без спракуды,

20 Які быў прызначаны перад стварэннем свету, але аб’явіўся ў апошнія часы дзеля вас,

21 якія праз Яго ўверылі ў Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых і даў Яму славу, каб вера вашая і надзея былі скіраваны да Бога.

22 Ачысціўшы душы вашыя паслухмянасцю праўдзе дзеля здабыцця шчырай братняй любові, ад чыстага сэрца адны другіх любіце,

23 як адроджаныя не са знішчальнага семя, але з незнішчальнага праз Слова Божае, жывое і трывалае, бо

24 кожнае цела — як трава, і ўсякая слава яго — як краска травы. Засохла трава, і краска апала.

25 Але слова Госпада трывае вечна. Гэта вось слова прынесена вам як добрая вестка.

 

Раздзел 2

1 Дык адкінуўшы ўсякае ліха і ўсякую падступнасць, і крывадушнасць, зайздрасць ды ўсякае ачарненне,

2 як нованароджаныя дзеткі запрагніце духоўнага і непадробленага малака, каб ад яго вы ўзраслі да збаўлення,

3 бо вы пакаштавалі, які салодкі Госпад.

4 Прыступаючы да Яго, жывога каменя, адкінутага людзьмі, але выбранага Богам і каштоўнага,

5 і вы самі, як жывыя камяні, будуйцеся ў дом духоўны, у святарства святое, каб складаць духоўныя ахвяры, мілыя Богу праз Ісуса Хрыста.

6 Пра гэта сказана ў Пісанні: «Вось, Я кладу на Сіёне вуглавы камень, выбраны і дарагі, і, хто верыць у Яго, не будзе асаромлены».

7 Дык Ён для вас, веруючых, — гонар, а для няверуючых: «камень, які адкінулі будаўнікі, які стаўся галавою вугла»,

8 ды «каменем спатыкнення і каменем згаршэння»; аб яго спатыкаюцца няверуючыя Слову, на што і прызначаны.

9 Але вы — выбранае племя, валадарнае святарства, святы народ, люд набыты, каб абвяшчалі магутнасць Таго, Хто паклікаў вас з цемры ў цудоўнае святло Сваё;

10 вы, калісьці не народ, а цяпер народ Божы, якія былі не дасягнуўшымі міласэрнасці, а цяпер дасягнулі міласэрнасці.

11 Умілаваныя, прашу вас, як прышэльцаў і падарожнікаў, паўстрымацца цялесных пажаданняў, якія ваююць супраць душы.

12 Паводзіны вашыя сярод паганаў хай будуць добрыя, каб тыя, што ставяцца да вас як да злачынцаў, бачачы вашыя добрыя ўчынкі, хвалілі Бога ў дзень адведзінаў.

13 Падпарадкоўвайцеся кожнай людской уладзе дзеля Госпада: ці гэта цару, як вышэйшаму валадару,

14 ці то намеснікам, што праз яго пасланы дзеля пакарання злачынцаў або дзеля пахвалы тых, што дабро робяць,

15 бо такая воля Божая, каб вы добрымі ўчынкамі затыкалі вусны невуцтву неразумных людзей,

16 як людзі свабодныя, ды не як тыя, для якіх свабода ёсць покрыва зла, але як слугі Божыя.

17 Усіх паважайце, братоў любіце, Бога бойцеся, цара шануйце!

18 Нявольнікі! З усім страхам падпарадкоўвайцеся гаспадарам, і не толькі добрым і спагадным, але таксама і суровым.

19 Бо гэта ласка, калі хто ў імя Бога пераносіць гора, церпячы несправядліва.

20 Бо што гэта за слава, калі вас за грахі б’юць па твары? Але калі церпіце, робячы дабро, дык гэта ласка ў Бога.

21 Вы ж на гэта пакліканы; бо і Хрыстос цярпеў за вас, пакідаючы вам прыклад, каб ішлі вы Яго слядамі:

22 Ён не ўчыніў граху, і ў Яго вуснах не знойдзена подступу.

23 Ён, зняважаны, не зневажаў, церпячы, не пагражаў, але ўсё перадаў справядліваму Суддзі.

24 Ён Сам у Сваім целе занёс нашыя грахі на дрэва, каб мы, забыўшыся на грэх, жылі для справядлівасці; Яго ранамі вы аздароўлены.

25 Бо вы былі, як аблудныя авечкі, але цяпер вярнуліся да Пастыра і Вартаўніка душ вашых.

 

Раздзел 3

1 Таксама і вы, жонкі, пакарайцеся мужам сваім, каб нават тады, калі некаторыя з іх не слухаюць слова, праз самыя паводзіны жонак далучыліся [да веры] без слова,

2 аглядаючы вашае чыстае, поўнае страху [Божага] жыццё.

3 Хай вашым упрыгожаннем будзе не вонкавае заплятанне валасоў, ані залатыя пярсцёнкі, ані стройныя сукні,

4 але схаваны ў сэрцы чалавек у непахіснай мірнасці і спакойнасці духа, што вельмі каштоўна ў вачах Божых.

5 Так калісьці і святыя жонкі, усклаўшы надзею на Бога, аздаблялі сябе і былі падданымі сваім мужам,

6 як Сара была паслухмянай Абрагаму, клічучы яго сваім гаспадаром. І вы яе дочкі, калі робіце дабро і не баіцеся ніякіх турбот.

7 Так жа і вы, мужы, у супольным жыцці лічыцеся разумна з жанчынай, як з нетрывалай пасудзінай, аддаючы гонар, бо вы супольна з імі спадкаемцы ласкі жыцця, каб не стаўляць перашкод малітвам вашым.

8 Нарэшце, будзьце ўсе аднадумныя, спагадныя, поўныя братняй любові, міласэрныя, пакорныя,

9 не адгаджайце ліхам за ліха, ані праклёнам за праклён, але, наадварот, бласлаўляйце, бо на тое вы пакліканы, каб атрымалі ў спадчыну блаславенне.

10 «Бо хто хоча любіць жыццё ды аглядаць шчаслівыя дні, хай стрымлівае язык ад зла і вусны, каб не гаварылі падступна;

11 няхай адступіцца ад зла і робіць дабро, хай спаганяе супакой ды ідзе за ім.

12 Бо вочы Госпадавы на справядлівых, і вушы Яго на просьбы іх; але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць зло».

13 І хто вам пашкодзіць, калі будзеце рупіцца пра дабро?

14 А калі б вы нават пацярпелі дзеля справядлівасці, вы шчасныя. Не палохайцеся іх пагроз ды не трывожцеся,

15 Госпада Хрыста асвячайце ў сэрцах вашых і будзьце заўсёды гатовыя абараніцца перад кожным, хто патрабуе ад вас адказу аб той надзеі, якая прабывае ў вас.

16 У спагаднасці і страху [Божым] беражыце добрае сумленне, каб тым, чым вас прыніжаюць,  былі зганьбаваны тыя, што ачарняюць вашыя добрыя паводзіны ў Хрысце.

17 Бо лепш цярпець, дабро чынячы, калі такая воля Божая, чым чынячы зло.

18 Хрыстос таксама раз пацярпеў за грахі, Справядлівы за несправядлівых, каб вас давесці да Бога, стаўшы мёртвым целам, але аджыўшы Духам;

19 у Ім, пайшоўшы, прапаведаваў нават тым духам, што былі ў вязніцы,

20 якія калісьці пры будове аркі Ноя, у якой нямногія, гэта значыць восем душ, уратаваліся ад вады, былі непаслухмяныя, злоўжываючы Божаю цярплівасцю ў дні Ноя.

21 На падабенства таго і вас цяпер збаўляе хрост, не праз абмыццё бруду цела, але праз просьбу да Бога аб добрым сумленні, праз уваскрэсенне Ісуса Хрыста,

22 Які ўзышоў у неба і сядзіць  праваруч Бога, падпарадкаваўшы Сабе анёлаў, і ўлады, і магуцці.

 

Раздзел 4

1 Калі ж Хрыстос цярпеў целам, дык і вы ўзбройцеся тою самаю думкаю, што той, хто церпіць целам, адыходзіць ад граху,

2 каб той час, што застаўся для жыцця ў целе, пражыць не для пажаданняў людскіх, але для волі Божай.

3 Бо даволі, што ўжо ў мінулыя часы вы, дзеля выканання волі паганаў, жылі ў раскошы, пажаднасцях, у злоўжыванні віном, абжорстве, п’янстве і ў агідным балванахвальстве.

4 Дзеля таго яны дзівяцца, што вы не топіцеся разам з імі ў тым самым віры распусты, ды таму блага аб вас гавораць.

5 Яны здадуць справаздачу Таму, Хто прыгатаваны на тое, каб судзіць жывых і мёртвых.

6 Таму неслі добрую вестку нават мёртвым, каб яны, хоць суджаныя целам па-людску, жылі духам па-божаму.

7 Канец усяго ўжо наблізіўся. Дык будзьце разумнымі і чувайце ў малітвах.

8 Перад усім майце заўсёды нязменную любоў між сабою, бо любоў закрывае многа грахоў.

9 Будзьце адны да другіх без наракання гасціннымі.

10 Служыце адны другім тым дарам, які хто атрымаў, як добрыя раздаўцы разнастайнай ласкі Божай.

11 Калі хто прамаўляе, хай гаворыць як словы Божыя; калі хто паслугуе, хай паслугуе сілай, дадзенай яму Богам, каб ва ўсім быў праслаўлены Бог праз Ісуса Хрыста: Яму слава і валадаранне ў векі вечныя. Амін.

12 Дарагія! Не дзівіцеся агню, які дзеля выпрабавання вам з’явіўся, як бы што нечаканае вас напаткала,

13 але, наколькі вы ўдзельнічаеце ў цярпеннях Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў аб’яўленні славы Яго цешыліся вы з весялосцю.

14 Калі зневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасныя, бо Дух славы і Бога на вас супачывае.

15 Хай толькі ніхто з вас не церпіць як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або зайздроснік чужому.

16 Калі ж церпіць як хрысціянін, хай не саромеецца, але хай услаўляе Бога за гэтае імя.

17 Бо час, каб суд распачаўся ад дома Божага. Калі перш ад нас, дык які канец будзе тых, што не слухаюць Божага Евангелля?

18 І калі справядлівы ледзь будзе збаўлены, дык бязбожны і грэшнік дзе апынецца?»

19 Дык тыя, што церпяць згодна з воляй Божай, хай аддаюць свае душы вернаму Творцы, робячы дабро.

 

Раздзел 5

1 Старэйшых сярод вас прашу я, таксама старэйшы і сведка Хрыстовых цярпенняў, ды ўдзельнік тае славы, якая мае аб’явіцца:

2 Пасіце статак Божы, які ў вас, даглядаючы яго не пад прымусам, але добраахвотна, па волі Божай, не дзеля нягодных нажыткаў, але з ахвотаю,

3 і не пануючы над святымі, але даючы прыклад статку.

4 І, калі аб’явіцца Найвышэйшы Пастыр, атрымаеце незвядальны вянок славы.

5 Таксама і вы, юнакі, будзьце паслухмяныя старэйшым. Усе ўзаемна апраніцеся ў пакору, бо Бог пыхлівым супрацівіцца, а пакорлівым ласку дае.

6 Дык скарыцеся пад магутнай рукой Бога, каб вас узвысіў у свой час.

7 Усе клопаты свае ўскладайце на Яго, бо Ён пра вас рупіцца.

8 Будзьце цвярозымі, чувайце! Бо супраціўнік ваш, д’ябал, як леў рыклівы кружыць, шукаючы, каго зжэрці.

9 Супраціўцеся яму, дужыя вераю, ведаючы, што гэткія самыя пакуты выпадаюць і тым вашым братам, што ёсць у свеце.

10 А Бог усякае ласкі, Той, Хто вас паклікаў да вечнай славы Сваёй у Хрысце Ісусе, калі крыху пацерпіце, Сам вас уладкуе, удасканаліць, угрунтуе, падмацуе.

11 Яму Валадарства ў векі вечныя. Амін.

12 Каротка я вам напісаў праз Сільвана, вернага брата, як думаю, перасцерагаючы ды і сведчанне прыносячы, што такая вось праўдзівая ласка Божая; у ёй вы трымаецеся.

13 Вітае вас тая, што ў Бабілоне, супольны сход, а таксама Марк, мой сын.

14 Павітайцеся ўзаемна пацалункам любові. Супакой вам усім, што трываеце ў Хрысце.