Беларуская Біблія

1-Ы ЛІСТ ЯНА

Раздзел 1

1 Што было ад пачатку, што мы чулі, што бачылі сваімі вачамі, што разглядалі, ды чаго дакраналіся нашыя рукі, – аб Слове жыцця,

2 і жыццё аб’явілася, і мы ўбачылі, і сведчым, і прапаведуем вам жыццё вечнае, якое было ў Айца і аб’явілася нам, –

3 весцім і вам, што мы ўбачылі і пачулі, каб і вы мелі супольнасць з намі. А супольнасць наша – з Айцом і Сынам Яго Ісусам Хрыстом.

4 І мы гэта пішам, каб наша радасць была поўнаю.

5 Такая вось вестка, якую мы пачулі ад Яго ды абвяшчаем вам, што Бог ёсць святло, і няма ў Ім ніякае цемры.

6 Калі мы будзем казаць, што маем супольнасць з Ім, а ходзім у цемры, мы хлусім і размінаемся з праўдай.

7 Калі ж мы будзем хадзіць у святле, так як Ён у святле, тады маем супольнасць адны з другімі, і кроў Ісуса, Сына Яго, ачышчае нас ад усякага граху.

8 Калі мы будзем казаць, што не маем граху, дык падманваем саміх сябе, і праўды няма ў нас.

9 Калі вызнаём свае грахі, дык Ён – верны і справядлівы, каб адпусціць нам грахі ды ачысціць нас ад усякае несправядлівасці.

10 Калі  мы будзем казаць, што не грашым, дык мы робім Яго ашуканцам, і слова Яго няма ў нас.

 

Раздзел 2

1 Дзеткі мае, пішу вам гэта, каб вы не грашылі. Але калі б хто і саграшыў, маем Заступніка перад Айцом – Ісуса Хрыста Справядлівага.

2 Ён ёсць ахвяра перамольная за грахі нашыя, ды не толькі за грахі нашыя, але таксама за грахі ўсяго свету.

3 Па тым пазнаём, што Яго ведаем: калі выконваем Яго пастанаўленні.

4 Хто кажа: «Ведаю Яго» і не выконвае Яго пастаноў, той ілгун, і ў ім няма праўды.

5 А хто выконвае Яго слова, у тым сапраўды любоў Бога ажыццявілася. Па гэтым вось пазнаём, што мы ў Ім.

6 Хто кажа, што ён у Ім прабывае, мусіць таксама хадзіць так, як Ён хадзіў.

7 Даражэнькія! Не пішу для вас новую пастанову, але пастанову старадаўнюю, каторую вы мелі ад пачатку: даўняя пастанова ёсць слова, якое вы чулі.

8 Але і новую пастанову пішу вам, яна праўдзівая ў Ім і ў нас, бо цемра прамінае, і праўдзівае святло свеціць ужо.

9 Хто кажа, што ён у святле, і ненавідзіць брата свайго, той дагэтуль у цемры.

10 Хто любіць брата свайго, той застаецца ў святле ды няма яму згаршэння.

11 А хто брата свайго ненавідзіць, той у цемры і ходзіць у цемры, і не ведае, куды ідзе, бо цемра засляпіла вочы яго.

12 Пішу вам, дзеткі: адпушчаны вам грахі ў імя Яго.

13 Пішу вам, бацькі: вы пазналі Таго, Хто ёсць ад пачатку. Пішу вам, юнакі: вы перамаглі ліхога.

14 Напісаў вам, дзеці: вы ведаеце Айца. Напісаў вам, бацькі: пазналі вы Таго, Хто ад пачатку. Напісаў вам, юнакі: вы дужыя, і слова Божае трывае ў вас, і вы перамаглі ліхога.

15 Не любіце свету, ані таго, што ў свеце. Бо калі хто любіць свет, у тым няма любові Айца.

16 Бо ўсё, што ў свеце: пажаданні цела, прагавітасць вачэй ды пыхлівасць жыццёвая, – не ад Айца, але ад свету.

17 І свет мінае, і пажаданні яго; а хто спаўняе волю Божую, той трывае вечна.

18 Дзеткі, ужо апошні час; і як вы чулі, што антыхрыст надыходзіць, і ў гэты час з’явілася многа антыхрыстаў; з гэтага пазнаём, што ўжо апошні час.

19 Выйшлі яны ад нас, але не былі з нас, бо калі б былі з нас, засталіся б з намі; але гэта сталася, каб выявілася, што не ўсе яны з нас.

20 Але вы атрымалі намашчэнне ад Святога, і вы ўсе гэта ведаеце.

21 Я вам напісаў не як не ведаючым праўду, але як ведаючым яе, бо любая хлусня не ад праўды.

22 Хто ж тады ілгун, калі не той, хто пярэчыць, што Ісус ёсць Хрыстос? Той ёсць антыхрыст, хто не прызнае Айца і Сына.

23 Кожны, хто не прызнае Сына, не мае таксама і Айца; а хто спавядае Сына, той мае і Айца.

24 Няхай захаваецца ў вас тое, што вы чулі ад пачатку. Калі тое, што вы чулі ад пачатку, захаваецца ў вас, дык вы будзеце трываць у Сыне і ў Айцу.

25 А вось абяцанне, якое Ён нам даў: жыццё вечнае.

26 Гэта ўсё я вам напісаў адносна тых, якія зводзяць вас.

27 І намашчэнне, якое вы атрымалі ад Яго, трывае ў вас, і не трэба, каб вас хтосьці вучыў, бо самае Яго намашчэнне вучыць вас усяму, і яно праўдзівае, і няма ў ім хлусні, і як вас навучыла, так вы і трывайце ў ім.

28 Дык цяпер, дзеткі, трывайце ў Ім, каб, калі Ён з’явіцца, мелі ў Ім надзею, ды каб у дзень Яго прыходу не дазналі перад Ім сораму.

29 Калі вы ведаеце, што Ён справядлівы, дык ведайце, што кожны, хто чыніць справядлівасць, з Яго нарадзіўся.

 

Раздзел 3

1 Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы [імі] ёсць! Свет таму не ведае нас, што не пазнаў Яго.

2 Дарагія, мы цяпер дзеці Божыя, але яшчэ не выявілася, кім мы будзем. Ведаем, што, калі гэта само выявіцца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім Ён ёсць.

3 І кожны, хто мае такую надзею ў Ім, ачышчае сябе падобна таму, як Ён чысты.

4 Кожны, хто ўчыняе грэх, дапускаецца і беззаконня, бо грэх ёсць беззаконне.

5 І ведаеце, што Ён аб’явіўся на тое, каб забраць грахі, і ў Ім няма граху.

6 Кожны, хто застаецца ў Ім, не грашыць; ніводзін жа з тых, што грашаць, не бачыў Яго і не пазнаў Яго.

7 Дзеткі! Хай ніхто вас не зводзіць. Хто робіць справядлівасць, той справядлівы, як і Ён справядлівы.

8 Хто ўчыняе грэх, той ад д’ябла, бо д’ябал ад пачатку грашыць. Дзеля гэтага і аб’явіўся Сын Божы, каб знішчыць справы д’ябла.

9 Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не ўчыняе граху, бо застаецца ў ім семя Яго; і не можа ён грашыць, бо нарадзіўся ад Бога.

10 Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д’ябла: кожны, хто не ўчыняе справядлівасці, не ёсць ад Бога, таксама як і той, хто не любіць брата свайго.

11 Бо такое ёсць абвяшчэнне, каторае чулі вы ад пачатку, каб мы любілі адзін аднаго.

12 Не як Каін: ад ліхога быў і забіў брата свайго. А чаму яго забіў? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата яго – справядлівыя.

13 Не дзівіцеся, браты, калі свет ненавідзіць вас.

14 Мы ведаем, што перайшлі ад смерці да жыцця, бо любім братоў; хто не любіць, той застаецца ў смерці.

15 Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсць забойца, а вы ведаеце, што ніводзін забойца не мае ў сабе жыцця вечнага, якое з ім застаецца.

16 З таго пазналі мы любоў, што Ён аддаў душу Сваю за нас; і мы павінны аддаваць душу за братоў.

17 Калі хто мае багацце [гэтага] свету і бачыць, што брат яго жыве ў бядзе, і зачыняе сэрца сваё ад яго, дык як можа трываць у ім любоў Божая?

18 Дзеткі, будзем любіць не словам ці языком, але справай і праўдай.

19 Па гэтым пазнаём, што мы ад праўды, ды супакоім перад абліччам Яго сэрцы нашыя,

20 бо калі нашае сэрца асуджае нас, дык Бог большы за нашае сэрца і ведае ўсё.

21 Даражэнькія, калі сэрца нашае не асуджае нас, маем адвагу перад Богам,

22 і, пра што прасіць будзем, атрымаем ад Яго, бо захоўваем прыказанні Яго і робім тое, што Яму падабаецца.

23 А прыказанне Яго такое: каб мы верылі ў імя Яго Сына Ісуса Хрыста і любілі адзін аднаго, як Ён нам загадаў.

24 І хто выконвае пастановы Яго, той трывае ў Ім, а Ён – у тым, і тое, што Ён трывае ў нас, пазнаём па Духу, Якога Ён нам даў.

 

Раздзел 4

1 Дарагія! Не кожнаму духу верце, але выпрабоўвайце духаў, ці яны ад Бога, бо прыйшло ў свет многа фальшывых прарокаў.

2 Па гэтым пазна/еце Духа Божага: кожны дух, які вызнае, што Ісус Хрыстос прыйшоў у целе, ёсць ад Бога,

3 а кожны дух, каторы не вызнае Ісуса, не ёсць ад Бога, але гэта дух антыхрыста, які, як вы чулі, надыходзіць і ўжо цяпер ёсць у свеце.

4 Вы, дзеткі, ад Бога і перамаглі іх, бо большы Той, Хто ў вас, за таго, хто ў свеце.

5 Яны – ад свету, таму гавораць так, як свет, і свет іх слухае.

6 Мы – ад Бога. Той, хто ведае Бога, слухае нас; хто не ад Бога, не слухае нас. Такім чынам пазнаём духа праўды і духа падману.

7 Дарагія, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога, і кожны, хто любіць, нарадзіўся ад Бога і ведае Бога.

8 А хто не любіць, не ведае Бога, бо Бог ёсць любоў.

9 У гэтым выявілася  любоў Бога да нас, што Бог паслаў Сына Свайго Адзінароднага ў свет, каб мы жылі праз Яго.

10 Любоў у тым, што не мы палюбілі Бога, але што Ён Сам палюбіў нас ды паслаў Сына Свайго як ахвяру перамольную за нашыя грахі.

11 Дарагія, калі Бог нас так палюбіў, дык і мы мусім любіць узаемна адзін аднаго.

12 Бога не бачыў ніхто ніколі; калі мы любім адзін аднаго, дык Бог трывае ў нас; і любоў Яго дасканалая ў нас.

13 Што мы трываем у Ім, а Ён – у нас, пазнаём па тым, што даў нам Духа Свайго.

14 Мы вось бачылі і сведчым, што Айцец паслаў Сына Збаўцам свету.

15 Хто будзе вызнаваць, што Ісус ёсць Сын Божы, у тым трывае Бог, і ён – у Богу.

16 І мы, што ўверылі,  пазналі любоў, якую Бог мае да нас. Бог ёсць любоў, і, хто трывае ў любові, у Богу трывае і Бог у ім.

17 Дзеля таго любоў удасканалілася ў нас, каб мы мелі адвагу на дзень суда, бо які Ён, такія і мы на гэтым свеце.

18 У любові няма страху, але дасканалая любоў вон выганяе страх, бо страх мае ў сабе кару, а хто баіцца, той не дасканалы ў любові.

19 Мы любім [Бога], бо Ён першы палюбіў нас.

20 Калі б хто сказаў: «Я люблю Бога» і ненавідзеў бы брата свайго, той ілгун; бо хто не любіць брата свайго, якога бачыць, не можа любіць Бога, Якога не бачыць.

21 І маем такую пастанову ад Яго, каб той, хто любіць Бога, любіў таксама і брата свайго.

 

Раздзел 5

1 Кожны, хто верыць, што Ісус ёсць Хрыстос, той ад Бога нарадзіўся; і кожны, хто любіць Бога, Які нарадзіў, любіць і Таго, Хто з Яго нарадзіўся.

2 З таго пазнаём, што любім дзяцей Божых, калі мы любім Бога і выконваем Яго пастановы,

3 бо любоў да Бога ў тым, каб мы выконвалі пастановы Яго, а пастановы Яго не цяжкія,

4 бо кожны, хто з Бога нарадзіўся, перамагае свет; а вось перамога, што перамагае свет: вера нашая.

5 А хто перамагае свет, калі не той, хто верыць, што Ісус ёсць Сын Божы!

6 Ісус Хрыстос ёсць Той, Хто перайшоў праз ваду і кроў; не толькі праз ваду, але праз ваду і кроў. І ёсць Дух, які дае сведчанне, бо Дух ёсць праўда.

7 Бо трое даюць сведчанне:

8 Дух, вада і кроў, і гэтыя трое ёсць у адным.

9 Калі мы прымаем сведчанне людзей, дык сведчанне Божае большае, бо гэта сведчанне Бога, якім Ён засведчыў аб Сыне Сваім.

10 Хто верыць у Сына Божага, той мае ў сабе сведчанне Бога. Хто не верыць Богу, зрабіў Яго ашуканцам, бо не паверыў у сведчанне, якое даў Бог аб Сыне Сваім.

11 А сведчанне такое, што Бог даў нам жыццё вечнае, і гэтае жыццё ў Сыне Яго.

12 Той, хто мае Сына, мае жыццё, а хто не мае Сына, не мае жыцця Божага.

13 Пра гэта напісаў я вам, каб вы ведалі, што маеце жыццё вечнае, – вы, якія верыце ў імя Сына Божага.

14 І вось давер, які мы маем да Яго, што, калі чаго паводле волі Яго просім, Ён слухае нас.

15 І калі ведаем, што Ён слухае нас, пра што б мы ні прасілі, дык ведаем, што мы маем права прасіць, чаго хочам ад Яго.

16 Калі хто бачыць, што брат яго грашыць грахом несмяротным, хай моліцца і дасць Бог яму жыццё, – маю на увазе таго, чый грэх несмяротны. Ёсць грэх смяротны; не кажу, каб за такога маліцца.

17 Кожнае беззаконне ёсць грэх, аднак ёсць грахі, што не на смерць.

18 Ведаем, што кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, але той, які народжаны ад Бога, захоўвае сябе, і ліхі не дакранецца яго.

19 Ведаем, што мы ад Бога, а ўвесь свет апанаваны ліхім.

20 Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і абдарыў нас розумам, каб мы пазналі Таго, Хто праўдзівы; і мы ў Тым, Хто праўдзівы, у Сыне Яго Ісусе Хрысце. Ён праўдзівы Бог і Жыццё вечнае.

21 Дзеткі, сцеражыцеся балванаў!