Беларуская Біблія

КНІГА САФОНА

Разьдзел 1

 

1 Слова Гасподняе, якое было Сафону, сыну Хусіі, сыну Гадаліі, сыну Амарыі, сыну Эзэкіі, у дні Ісаі, сына Амонавага, сына Юдавага.

2 Усё зьнішчу з аблічча зямлі, — кажа Гасподзь:

3 зьнішчу людзей і быдла, зьнішчу птушак нябесных і рыб марскіх, і спакусы разам зь бязбожнымі; зьнішчу людзей з улоньня зямлі, кажа Гасподзь.

4 І працягну руку Маю на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма: зьнішчу зь месца гэтага рэшткі Ваала, імя жрацоў са сьвятарамі,

5 і тых, якія на дахах пакланяюцца воінству нябеснаму, і тых паклонцаў, якія запрысягаюцца Госпадам і запрысягаюцца царом сваім,

6 і тых, якія адступіліся ад Госпада, ня шукалі Госпада і ня пыталіся пра Яго.

7 Змоўкні перад абліччам Госпада! бо блізкі дзень Госпада: ужо падрыхтаваў Гасподзь ахвярны закол, назначыў, каго паклікаць.

8 І будзе ў дзень ахвяры Гасподняй: Я наведаю князёў і сыноў цара і ўсіх, хто апранаецца ў вопратку іншапляменцаў;

9 наведаю ў той дзень усіх, якія пераскокваюць цераз парог, якія дом Госпада свайго напаўняюць гвалтам і ашуканствам.

10 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, лямант каля брамаў рыбных і галашэньне каля іншых брамаў і вялікае разбурэньне на пагорках.

11 Галасеце, жыхары ніжняга горада, бо зьнікне ўвесь гандлёвы люд, і вынішчаны будуць абцяжаныя срэбрам.

12 І будзе ў той час: Я са сьвяцільняю агледжу Ерусалім і пакараю тых, якія сядзяць на дрожджах сваіх і кажуць у сэрцы сваім: «ня робіць Гасподзь ні дабра ні ліха», —

13 і абернуцца багацьці іхнія здабычаю і дамы іхнія — запусьценьнем: яны пабудуюць дамы, а жыць у іх ня будуць; насадзяць вінаграднікі, а віна зь іх ня піцьмуць.

14 Блізкі вялікі дзень Госпада, блізкі — і вельмі сьпяшаецца: ужо чуцен голас дня Гасподняга. Горка заенчыць тады і самы адважны!

15 Дзень гневу — дзень гэты, дзень скрухі і ўціску, дзень спусташэньня і плягі, дзень цемры і змроку, дзень воблака і мглы,

16 дзень трубы і ваяўнічага крыку супроць умацаваных гарадоў і высокіх вежаў.

17 І Я ўцісну людзей, і яны будуць хадзіць, як сьляпыя, бо яны зграшылі супроць Госпада, і раскідана будзе кроў іхняя, як тло, і плоць іхняя — як памёт.

18 Ні срэбра іхняе, ні золата іхняе ня зможа выратаваць іх у дзень Госпада, і агнём палкасьці Ягонай зжэртая будзе ўся гэта зямля, бо вынішчэньне, раптоўнае, зьдзейсьніць Ён над усімі жыхарамі зямлі.

 

Разьдзел 2

 

1 Дасьледуйце сябе ўважліва, дасьледуйце люд неакілзаны,

2 пакуль ня прыйшло вызначэньне — дзень праляціць, як мякіна — пакуль ня прыйшоў на вас палымяны гнеў Гасподні, пакуль не настаў вам дзень лютасьці Гасподняй.

3 Знайдзеце Госпада, усе пакорліўцы зямлі, выканаўцы законаў Яго; знайдзеце праўду, знайдзеце пакорлівую мудрасьць; можа стацца, вы схаваецеся ў дзень гневу Гасподняга.

4 Бо Газа будзе пакінутая і Аскалон апусьцее, Азот будзе выгнаны сярод дня і Экрон выкараніцца.

5 Гора жыхарам прыморскай краіны, народу Крыцкаму! Слова Гасподняе — на вас, Хананэі, зямля Філістымская! Я зьнішчу цябе, і ня будзе ў цябе жыхароў,

6 і будзе прыморская краіна пастушынай аўчарняй і кашарай пад быдла.

7 І дастанецца гэты край рэшце дому Юдавага, і будуць пасьвіць там, і ў дамах Аскалона будуць вечарам адпачываць, бо Гасподзь Бог іх наведае і верне палон іхні.

8 Чуў Я паганьбеньне Маава і лаянку сыноў Амонавых, як яны зьдзекаваліся з Майго народу і велічаліся на межах ягоных.

9 Таму, жыву Я! кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: Мааў будзе, як Садома, і сыны Амона будуць, як Гамора, здабыткам крапівы, салянаю калдобінаю, пусткаю навекі; рэшта народу Майго возьме іх здабычаю, і ацалелыя зь людзей Маіх атрымаюць іх у спадчыну.

10 Гэта ім — за пыху іхнюю, за тое, што яны зьдзекаваліся і велічаліся над народам Госпада Саваофа.

11 Страшны будзе для іх Гасподзь; бо вынішчыць усіх багоў зямлі, і Яму будуць пакланяцца — кожны месца зь месца свайго — усе выспы народаў.

12 І вы, Эфіопы, пабітыя будзеце мечам Маім.

13 І працягне Ён руку Сваю на поўнач — і зьнішчыць Асура і ператворыць Нінэвію ў руіны, у месца сухое, як пустыня,

14 і пакоіцца будуць сярод яе статкі і ўсякага роду жывёлы; пелікан і вожык будуць начаваць — у розных аздобах яе; голас іхні будзе гучаць у вокнах, разбурэньне выявіцца на касяках дзьвярэй, бо не застанецца на іх кедровай шалёўкі.

15 Вось чым будзе горад пераможна-радасны, які жыве бесклапотна, які кажа ў сэрцы сваім: «я — і няма іншага апроч мяне». Як ён зрабіўся руінаю, логвішчам для зьвяроў! Кожны, праходзячы міма яго, пасьвішча й рукою махне.

 

Разьдзел 3

 

1 Гора гораду нячыстаму і апаганенаму, прыгнятальніку!

2 Ня слухае голасу, ня прымае настаўленьняў, на Госпада не спадзяецца, да Бога свайго не набліжаецца.

3 Князі яго сярод яго — рыклівыя ільвы, судзьдзі яго — вечаровыя ваўкі, якія не пакідаюць да раніцы ніводнай косткі.

4 Прарокі яго — людзі легкадумныя, вераломныя; сьвятары яго апаганьваюць сьвятыню, топчуць закон.

5 Гасподзь праведны пасярод яго, ня чыніць няпраўды, кожнае раніцы яўляе суд свой нязьменна; але беззаконьнік ня ведае сораму.

6 Я вынішчыў народы, разбурыў цьвярдыні іхнія; спустошыў вуліцы іхнія, так што ніхто ўжо ня ходзіць па іх; спляжаны гарады іхнія: няма ніводнага чалавека, няма жыхароў.

7 Я казаў: «бойся толькі Мяне, прымай настаўленьне»! і ня будзе зьнішчана жытлішча ягонае, і не спасьцігне яго ліха, якое Я пастанавіў яму; а яны рупліва стараліся псаваць усе свае дзеяньні.

8 Дык вось, чакайце мяне, кажа Гасподзь, да таго дня, калі Я паўстану дзеля спусташэньня, бо Мною вызначана сабраць народы, склікаць царствы, каб выліць на іх абурэньне Маё; бо агнём палкасьці Маёй зжэрта будзе ўся зямля.

9 Тады зноў Я дам народам вусны чыстыя, каб усе заклікалі імя Госпада і служылі Яму аднадушна.

10 З пазарэчных краін Эфіопіі прыхільнікі Мае — дзеці расьсеяных Маіх — прынясуць Мне дарункі.

11 У той дзень ты ня будзеш сарамаціць сябе рознымі ўчынкамі тваімі, якімі ты грашыў супроць Мяне, бо тады Я выдалю спасярод цябе тых, якія марнаславяцца тваёй знакамітасьцю, і ня будзеш болей упадаць у пыху на сьвятой гары Маёй.

12 Але пакіну сярод цябе народ пакорлівы і просты, і яны будуць спадзявацца на імя Гасподняе.

13 Рэшта Ізраіля ня будзе рабіць няпраўды, ня будзе гаварыць маны, і ня знойдзецца ў вуснах у іх языка падступнага, бо самыя будуць пасьвіцца і пакоіцца, і ніхто не патрывожыць іх.

14 Радуйся, дачка Сіёна! трыюмфуй, Ізраіле! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерусаліма!

15 Адмяніў Гасподзь прысуд над табою, прагнаў ворага твайго! Гасподзь, цар Ізраілеў, пасярод цябе: ужо болей ня ўбачыш ліха.

16 У той дзень скажуць Ерусаліму: «ня бойся», і Сіёну: «хай жа ня слабнуць рукі твае!

17 Гасподзь Бог твой сярод цябе: Ён мае сілу ўратаваць цябе; узьвяселіцца за цябе радасьцю, будзе літасьцівы паводле любові Сваёй, будзе радавацца за цябе зь весялосьцю».

18 Наракальнікаў на радасныя сьвяты Я зьбяру; твае яны, на іх цісьне паганьбеньне.

19 Вось, Я ўцісну ўсіх уціскальнікаў тваіх у той час і выратую кульгавае, і зьбяру расьсеянае, і прывяду іх у пашану і знакамітасьць на ўсёй гэтай зямлі паганьбеньня іхняга.

20 У той час прывяду вас і тады зьбяру вас; бо зраблю вас знакамітымі і ганаровымі сярод усіх народаў зямлі, калі вярну палон ваш перад вачыма вашымі, кажа Гасподзь.