Беларуская Біблія

ПСАЛТЫР

Псальма 1

Два шляхі

Псальма Давідава. Дабрашчасны той муж, што ня ходзіць на раду бязбожных, і не стаіць на дарозе грэшных, і не сядзіць на зборні распустаў;

2 а ў законе Гасподнім воля ягоная, і пра закон Ягоны ўдзень і ўначы разважае!

3 І будзе ён, быццам дрэва, над плынямі водаў пасаджанае, што родзіць свой плод у свой час, і ліст у якога ня жухне; і ва ўсім, што ён учыняе, пашчасьціць яму.

4 Ня так у бязбожнікаў; яны — быццам пыл, ветрам падняты.

5 Таму ня ўстояць бязбожнікі на Божым судзе, а грэшнікі — на сходзе праведных.

6 Бо дарогу праведных ведае Гасподзь, а дарога бязбожнікаў прападзе!

Псальма 2

Прароцтва пра царства Месіі

Псальма Давідава. Навошта бунтуюць народы, і намышляюць плямёны марнае?

2 Паўстаюць зямныя цары, і ўмаўляюцца разам князі супраць Госпада і супраць Памазанца Ягонага:

3 «Парвёмце ж іхнія кайданы і скінем зь сябе іхнія аковы».

4 Той, Хто ў нябёсах жыве, пасьмяецца, Гасподзь паганьбіць іх.

5 Тады Ён у гневе Сваім скажа ім, і лютасьцю Сваёй іх настрашыць;

6 «Я памазаў Цара Майго над Сіёнам, сьвятою гарою Маёю.

7 Я абвяшчу пастанову: Гасподзь сказаў Мне: «Ты Сын Мой; Я сёньня Цябе спарадзіў;

8 прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, і ўладаньні Твае — аж па край зямлі!

9 Ты паб’еш іх жалезным жазлом, патаўчэш іх, як посуд ганчарны».

10 Дык вось — урымсьціцеся, цары; навучэцеся, судзьдзі зямныя,

11 служэце Госпаду богабаязна, і радуйцеся з трымценьнем.

12 Ушануйце Сына, каб Ён не загневаўся, і каб не загінуць вам у дарозе вашай, бо гнеў Ягоны загарыцца неўзабаве. Шчасныя ўсе, хто на Яго спадзяецца.

Псальма 3

Нягоды Давідавыя

Псальма Давіда, калі ён уцякаў ад Авэсалома, сына свайго.

2 Госпадзе! — як пабольшала ворагаў маіх! як многа іх на мяне паўстае!

3 Шмат каторыя кажуць душы маёй: <Сэла>******************************** «Няма яму ў Богу ратунку!»

4 Але Ты, Госпадзе, — шчыт перада мною, слава мая, і Ты ўзносіш маю галаву.

5 Сваім голасам клічу да Госпада, — і Ён чуе мяне са сьвятое гары Свае. <Сэла>

6 Кладуся я, сплю і ўстаю, бо Гасподзь абараняе мяне.

7 І не збаюся я процьмы людзей, што адусюль аблажылі мяне.

8 Паўстань, Госпадзе! ацалі мяне, Божа мой! бо Ты б’еш маіх ворагаў па шчацэ, зубы грэшнікам крышыш.

9 Ратунак у Госпадзе. Над народам Тваім дабраслаўленьне Тваё. <Сэла>

Псальма 4

Вечаровая малітва Давідава

Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Псальма Давідава.

2 Калі клічу я, — акажыся мне, Божа праўды маёй! Ты даваў мне прастору ў цясноцьці. Умілажалься зь мяне і пачуй малітву маю.

3 Сынове людзкія! дакуль ганьбавацьмецца слава мая? Дакуль марнасьць любіць будзеце, дакуль няпраўды шукацьмеце? <Сэла>

4 Ведайце, што сьвятога Свайго Гасподзь Сабе вылучыў, чуе Гасподзь, калі я клічу Яго.

5 У гневе грахоў не рабеце: на ложках сваіх разважайце ў сэрцах сваіх, і суцешыцеся! <Сэла>

6 Ахвяры праўды прыносьце і майце надзею на Бога.

7 Многія кажуць: «Хто нам пакажа дабро?» Пакажы нам, Госпадзе, сьвятло аблічча Твайго!

8 Ты напоўніў радасьцю сэрца маё з той пары, як пабольшала ў іх хлеба й віна.

9 Я спакойна кладуся і сплю, бо Ты, Госпадзе, адзін даеш мне жыць у бясьпецы.

Псальма 5

Ранішняя малітва Давідава

Кіроўцу хору. На духавых. Псальма Давідава.

2 Пачуй, Госпадзе, словы мае, зразумей мае помыслы.

3 Дай увагі енку скаргі маёй, Цару мой і мой Божа! Я малюся Табе.

4 Госпадзе! раніцай голас пачуй мой, — раніцай стану прад Табою і буду чакаць.

5 Бо Ты, Божа, беззаконьняў ня любіш; ліхадзей пры Табе не аселіцца;

6 бязбожнікі прад вачыма Тваімі ня выстаяць: Ты ненавідзіш усіх ліхадзеяў.

7 Ты загубіш усіх ашуканцаў; крыважэрцамі і падступнымі Гасподзь пагарджае.

8 А я, зь вялікай ласкі Тваёй, увайду ў харомы Твае, пакланюся храму сьвятому твайму богабаязна.

9 Госпадзе! вядзі мяне па дарозе ў праўдзе Тваёй, на супастатаў маіх; спрастуй перада мною дарогу Тваю.

10 Бо ў іх вуснах праўды няма: сэрца іхняе — згубнасьць, горла іхняе — дамавіна адчыненая, лісьлівяць яны языком сваім.

11 Асудзі іх, Божа! Няхай прападуць ад намыслаў сваіх; за ліхадзействы вялікія адкінь іх, бо яны ўзбунтаваліся на Цябе.

12 А ўсе, хто на Цябе спадзяецца, будуць радавацца вечна; і Ты будзеш іх асланяць; і будуць хваліцца Табою тыя, хто любіць імя Тваё.

13 Дабраслаўляеш Ты, Госпадзе, праведніка; упадабаньнем, нібы шчытом, ахінаеш яго.

Псальма 6

Малітва грэшніка, які каецца

Кіроўцу хору. На васьміструнным. Псальма Давідава.

2 Ня ў ятры Тваёй выкрывай мяне, Госпадзе, і ня ў гневе Тваім карай мяне.

3 Умілажалься зь мяне, Госпадзе, бо я нямоглы; дай мне гаеньня, Госпадзе, бо косьці мае растрывожаныя,

4 і душа мая моцна ўстрывожаная; — а Ты, Госпадзе, дакуль?

5 Павярніся, Госпадзе, душу маю выратуй, уратуй мяне дзеля ласкі Тваёй,

6 бо ў сьмерці няма пра Цябе памятаньня: у магіле хто Цябе славіць будзе?

7 Стаміўся я ад зітханьняў маіх: кожнае ночы я ложак свой абмываю, сьлязьмі маімі пасьцель акрапляю маю.

8 Высахла ад маркоты вока маё, пастарэла яно праз маіх ворагаў.

9 Адступецеся ад мяне, усе ліхадзеі, бо пачуў Гасподзь голас плачу майго,

10 пачуў Гасподзь маленьне маё; Гасподзь прыме малітву маю,

11 хай усе мае ворагі пасаромлены і моцна настрашыны будуць; хай вернуцца — і пасаромеюцца імгненна.

Псальма 7

Малітва ў смутку

Песьня-плач, якую Давід сьпяваў Госпаду ў справе Хуса, з племя Веньямінавага.

2 Госпадзе Божа мой! на Цябе спадзяваньне маё; уратуй мяне ад усіх маіх ганіцеляў, і вызвалі мяне;

3 хай ня вырве ён душы маёй, быццам леў, які турзае, калі збаўцы няма.

4 Госпадзе Божа мой! калі што я зрабіў, калі ёсьць няпраўда ў руках маіх,

5 калі я ліхам плаціў таму, хто быў у згодзе са мною, — а я ж ратаваў і таго, хто бяз прычыны стаўся маім ворагам,

6 дык няхай вораг перасьледуе душу маю і дагоніць, і жыцьцё маё хай удратуе ў зямлю, і славу маю хай аберне ў нішто. <Сэла>

7 Устань, Госпадзе, у гневе Тваім; паўстань супраць шаленства маіх ворагаў, прачніся дзеля мяне на суд, які Ты прызначыў,

8 сьціжма людзей стане навокал Цябе; над ёй падыміся ў вышыні.

9 Гасподзь судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле праўды маёй, паводле беспахібнасьці маёй.

10 Хай суймецца злосьць бязбожных, а справядлівага ўмацуй, бо Ты выпрабоўваеш сэрца й нутрыну, праведны Божа!

11 Шчыт мой у Богу, Які шчырых сэрцам ратуе.

12 Бог — судзьдзя справядлівы і Бог — кожны дзень спаганяе сурова,

13 калі хто не навяртаецца, Ён вострыць Свой меч, напінае Свой лук і цаляе зь яго;

14 рыхтуе яму прылады сьмерці, і вагністымі робіць стрэлы Свае.

15 Вось напраўду зачаў бязбожны, зацяжарыў крыўдаю і ману сабе спарадзіў,

16 капаў дол і выкапаў яго, і ўпаў у яму, якую выкапаў:

17 абернецца злосьць ягоная на ягоную галаву, і зладзейства ягонае на цела ягонае ападзе.

18 Слаўлю Госпада па праўдзе Ягонай і сьпяваю імю Госпада Ўсявышняга.

Псальма 8

Веліч Творцы і годнасьць чалавека

Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Псальма Давідава.

2 Госпадзе Божа наш! якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая па-над нябёсы!

3 З вуснаў дзяцей і немаўлятак Ты зладзіў хвалу, дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнямовіць мсьціўцу і ворага.

4 Калі я гляджу на нябёсы Твае, — твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў,

5 дык што ёсьць чалавек, якога Ты памятаеш, і сын чалавечы, якога наведваеш Ты?

6 Нядужа Ты зьменшыў яго перад анёламі: славаю, гонарам увянчаў яго;

7 паставіў яго ўладаром над творамі рук Тваіх; пад ногі паклаў яму ўсё:

8 валоў і авечак усіх, і польных зьвяроў гэтак сама,

9 птушак нябесных і рыбін марскіх, усё, што праходзіць марскімі шляхамі.

10 Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі!

Псальма 9

Падзякаваньне за вызваленьне

Кіроўцу хору. Пасьля сьмерці Лабэна. Псальма Давідава.

Алэф

2 Славіць буду Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе цуды Твае,

3 я буду радавацца, весяліцца, імя Тваё апяваць, Усявышні.

Бэт

4 Як павернуць назад мае ворагі, — спатыкнуцца й загінуць прад абліччам Тваім,

5 бо Ты вёў мой суд і маю цяжбіну; Ты сеў на троне, Судзьдзя справядлівы.

Гімэл

6 Ты абурыўся на народы, бязбожнага зьнішчыў, сьцёр іх імёны навечна.

Далэт

7 У ворага зброі ня стала зусім, і гарады Ты разбурыў; загінула зь імі памяць пра іх.

Гэ

8 А Гасподзь жыве вечна; Ён трон Свой на суд падрыхтаваў,

9 і Ён будзе судзіць сьвет па праўдзе, па справядлівасьці суд над народамі ўчыніць.

Вав

10 І будзе Гасподзь прытулкам прыгнечанаму, прытулкам у скрушлівы час;

11 І спадзявацьмуцца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе.

Заін

12 Сьпявайце Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя,

13 бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае енку прыгнечаных.

Хэт

14 Умілажалься зь мяне, Госпадзе; глянь на цярпеньні мае ад ненавісьнікаў маіх, — Ты, Які ўзносіш мяне над брамаю сьмерці,

15 каб я абвяшчаў усю славу Тваю ў браме дачкі Сіёна: буду радавацца з майго ратаваньня Табою.

Тэт

16 Народы пападалі ў яму, якую выкапалі; у сетку, якую схавалі яны, ублыталі ногі свае.

17 Гасподзь быў спазнаны праз суд, які Ён учыніў; бязбожнік злоўлены дзеямі рук сваіх. <Сэла>

Ёд

18 Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, — усе народы, што забываюць Бога,

Каф

19 бо не назаўсёды забудзецца ўбогі, і надзея ўбогіх не назаўсёды загіне.

20 Паўстань, Госпадзе, хай чалавек не адужае, хай народы судзяцца прад абліччам Тваім.

21 Навядзі, Госпадзе, страху на іх; хай знаюць народы, што людзі яны. <Сэла>

Ламэд

22 Навошта, Госпадзе, зводдаль стаіш, хаваеш Сябе ў часе скрухі?

23 Бязбожны з пагарды сваёй перасьледуе беднага; хай схоплены будуць яны хітрынамі, якія намысьлілі самі.

Мэм

24 Бязбожны бо хваліцца пажадай душы сваёй; а карысьлівец сам сабе дагаджае.

Нун

25 Пыхліва бязбожнік пагарджае Богам; «не спагоніць»; ва ўсіх думках ягоных: няма Бога!

Аін

26 У кожным часе шляхі ягоныя згубныя; суды Твае далёкія ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх ён глядзіць грэбліва;

27 і кажа ў сэрцы сваім: «не пахіснуся; і ніколі мяне не спадобіць ліха».

Пэ

28 Вусны ягоныя поўныя праклёну, хітрасьці, крыўды; пад языком у яго пакуты і згуба.

Цадэ

29 Сядзіць у засадзе ў задвор’і, у патайных мясьцінах забівае невінаватага; вочы ягоныя цікуюць за бедным;

30 у патайнай мясьціне пільнуе, нібы ў логвішчы леў; пільнуе ў засадзе, каб схапіць беднага; хапае беднага, цягне ў сеткі свае,

31 згінаецца, прыпадае, — і бедныя падаюць у моцныя кіпці ягоныя;

32 кажа ў сэрцы сваім: «забыў Бог, засланіў Свой твар, ня ўбачыць ніколі».

Каф

33 Паўстань, Госпадзе Божа, падай руку Тваю, не забудзь прыгнечаных.

34 Навошта бязбожнік грэбуе Богам, кажучы ў сэрцы сваім: «Ты не спагоніш?»

Рэш

35 Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік.

Шын

36 Зламай мышцу бязбожнаму і ліхому, каб шукаць і не знайсьці ягонага грэху.

37 Гасподзь — цар навечна, назаўсёды; зьнікнуць язычнікі зь зямлі Ягонай.

Тав

38 Госпадзе! Ты чуеш жаданьні лагодных, умацуй сэрца ім; адкрый вуха Тваё,

39 каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, хай не палохае больш чалавек на зямлі.

Псальма 10

Спадзяваньне на Госпада

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

На Госпада спадзяюся; як жа вы кажаце душы маёй: «Як птушка ўзьляці на гару вашу»?

2 Бо вось бязбожнікі лук напялі, на цяціву стралу наклалі, каб у змроку цаляць у праведных сэрцам.

3 Калі разбураны асновы, што можа зрабіць праведнік?

4 Гасподзь у сьвятым Сваім храме, Гасподзь — трон Ягоны на нябёсах, вочы Ягоныя бачаць, павекі Ягоныя выпрабоўваюць сыноў чалавечых.

5 Гасподзь выпрабоўвае праведніка; а бязбожніка і ліхадзея ненавідзіць душа Ягоная.

6 Дажджом вылье Ён на бязбожных жар, вагонь і серку; і палючы вецер — доля іхняй чары;

7 бо Гасподзь справядлівы, — любіць праўду; аблічча Ягонае бачыць праведніка.

Псальма 11

Роздум у часіну бедства

Кіроўцу хору. На васьміструнным. Псальма Давідава.

2 Ратуй, Госпадзе; бо няма пабожнага, бо няма верных сярод сыноў чалавечых.

3 Кожны хлусіць блізкаму свайму; вусны лісьлівыя ад няшчырага сэрца гавораць.

4 Зьнішчыць Гасподзь усе вусны лісьлівыя, язык велягурысты,

5 тых, што кажуць: «языком нашым адужаем; вусны нашыя з намі; хто нам гаспадар?»

6 Дзеля пакутаў убогіх і стогнаў гаротнікаў сёньня паўстану, кажа Гасподзь, і дам бясьпеку таму, каго хочуць злавіць.

7 Словы Гасподнія — словы чыстыя, срэбра, ачышчанае ад зямлі ў горане, сем разоў ператопленае.

8 Ты, Госпадзе, захаваеш іх, аслоніш навекі ад гэтага роду.

9 Усюды ходзяць бязбожныя, калі нікчэмнасьць з сыноў чалавечых узвысілася.

Псальма 12

Маркота і скруха душы

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Дакуль, Госпадзе, зусім забывацьмеш мяне, дакуль аблічча хавацьмеш Сваё ад мяне?

3 Дакуль буду вагацца ў душы маёй, скруху ў сэрцы маім насіцьму штодзённа? Дакуль вораг мой будзе ўзносіцца нада мною?

4 Глянь, пачуй мяне, Госпадзе Божа мой! Прасьвятлі мне вочы, каб не заснуў я сном сьмерці;

5 хай ня скажа мой вораг: «Я адолеў яго». Хай ня радуюцца супастаты мае, калі завагаюся.

6 А я спадзяюся на літасьць Тваю; хай сэрца маё суцешыцца ратаваньнем Тваім; засьпяваю Госпаду, Які дабром надарыў мяне.

Псальма 13

Шалы і дзеі бязбожных

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога. Яны разбэсьціліся, нарабілі брыдоты ўсялякай: няма дабрадзейных.

2 Гасподзь глянуў зь нябёсаў на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць той, хто разумее, хто шукае Бога.

3 Усе ўхіліліся, зрабіліся аднолькава непатрэбныя; ніхто ня робіць дабра, ніхто аніводзін.

4 Няўжо ня ўрымсьцяцца беззаконьнікі, якія народ мой ядуць, быццам хлеб, і Госпада не заклікаюць?

5 Там страхам яны апантаюцца; бо Бог сярод роду праведнікаў.

6 Вы пасьмяяліся з думкі гаротніка, што Гасподзь — спадзяваньне ягонае.

7 «Хто падасьць зь Сіёна ратунак Ізраілю?» Калі Гасподзь скасуе палон народу Свайго, тады ўзрадуецца Якаў і ўзьвесяліцца Ізраіль.

Псальма 14

Хто варты стаць прад Богам

Псальма Давідава.

Госпадзе! Хто можа быць у жытле Тваім? хто можа жыць на сьвятой гары Тваёй?

2 Той, хто ходзіць бязгрэшна і робіць па праўдзе, і гаворыць ісьціну ў сэрцы сваім;

3 хто не паклёпнічае языком сваім, хто ня робіць блізкаму шкоды і ня прымае наганы суседу;

4 той, хто пагарджае злачынцам, але славіць богабаязных; хто прысягае, хай хоць ліхому, і ня здраджвае;

5 хто срэбра сваё на ліхву не здае, і ня купляецца супроць невінаватага. Хто робіць так, не пахісьнецца ніколі.

Псальма 15

Прароцтва пра Месію

Залатая песьня Давідава.

Барані мяне, Божа; бо я на Цябе спадзяюся.

2 Я сказаў Госпаду: Ты Гасподзь мой; даброты мае Табе не патрэбныя.

3 Да сьвятых на зямлі і да дзівосных Тваіх — да іх уся зычлівасьць мая.

4 Хай памножацца смуткі ў тых, што цякуць да бога чужога; я ня вылью крывавых ахвяраў іхніх, і не спамяну іх імёнаў вуснамі маімі.

5 Гасподзь — частка спадчыны маёй і чары маёй. Ты трымаеш долю маю.

6 Межы мае прайшлі па цудоўных мясьцінах, і спадчына мая мне прыемная.

7 Дабраслаўлю Госпада, Які навучыў мяне; нават і ноччу ўшчувае мяне нутрына мая.

8 Заўсёды перад сабою я Госпада бачыў, бо Ён праваруч мяне; не пахіснуся.

9 Таму ўзрадавалася сэрца маё; і ўзьвесяліўся мой язык; нават і цела маё супакоіцца ў спадзяваньні;

10 бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць тленьне.

11 Ты пакажаш мне шлях жыцьцёвы: паўната радасьці прад абліччам Тваім, шчасьце ў правіцы Тваёй навечна.

Псальма 16

Пра збавеньне ад ворагаў

Малітва Давідава.

Пачуй, Госпадзе, праўду маю, уважы скарзе маёй, прымі мальбу з вуснаў неманлівых!

2 Ад аблічча Твайго хай будзе мне суд; хай паглядзяць вочы Твае на справядлівасьць.

3 Ты праверыў сэрца маё, ноччу мяне наведаў, выпрабаваў мяне, і не знайшоў анічога; ад думак маіх не адступаюцца вусны мае.

4 У дзеях людзскіх, па слове вуснаў Тваіх, я ахоўваў сябе ад шляхоў прыгнятальніка.

5 Умацуй мае крокі на дарогах Сваіх, хай ногі мае не пахіснуцца.

6 Да Цябе заклікаю, бо Ты пачуеш мяне, Божа; прыхілі Тваё вуха да мяне, пачуй словы мае.

7 Пакажы Тваю літасьць дзівосную; Ратаўнік тых, што на Цябе спадзяюцца, ад тых, што супрацівяцца правіцы Тваёй;

8 ахавай мяне, як вока; у цяні Тваіх крылаў аслані мяне

9 ад бязбожных, што на мяне нападаюць, — ад ворагаў душы маёй, што абступілі мяне:

10 яны замкнуліся ў тлушчы сваім, пагардліва гавораць вуснамі сваімі.

11 На кожным кроку нашым цяпер абступаюць нас; напружылі вочы свае, каб скінуць мяне на зямлю;

12 яны падобныя на ільва, што прагне здабычы, падобныя на ільвяня, што сядзіць у схованцы.

13 Паўстань, Госпадзе, папярэдзь іх, скінь іх. Выбаві душу маю ад бязбожнага мечам Тваім,

14 ад людзей — рукою Тваёю, Госпадзе, ад людзей сьвету, чыя доля, у гэтым жыцьці, чыё чэрава Ты напаўняеш са скарбонак Тваіх; сыны іхнія сытыя, і рэшту пакінуць дзецям сваім.

15 А я ў праўдзе буду глядзець на аблічча Тваё; прачнуўшыся, буду насычацца вобразам Тваім.

Псальма 17

Пахвальная песьня за збавеньне ад ворагаў

Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда, калі ён прамовіў ад Госпада словы гэтай песьні ў той дзень, як Гасподзь вызваліў яго з рук усіх ягоных ворагаў і з рукі Саўлавай. І ён сказаў:

2 палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая!

3 Гасподзь мой прытулак і цьвярдыня мая, мой Бог — скала мая; на Яго я спадзяюся, шчыт мой, рог ратунку майго і прытулак мой.

4 Паклічу Госпада, годнага пакланеньня, і ад ворагаў маіх уратуюся.

5 Агарнулі мяне пакуты сьмяротныя, і патокі бяспраўя напалохалі мяне;

6 ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.

7 У цеснаце маёй паклікаў я Госпада, і да Госпада майго зьвярнуўся. І пачуў Ён зь сьвятых харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Ягонага.

8 Затрэслася і захісталася зямля; уздрыгнулі і зрушыліся асновы гор; бо ўгневаўся Бог;

9 падняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных вагонь пажыральны; гарачае вугольле сыпалася зь Яго.

10 Нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок — пад нагамі ў Яго.

11 І сеў на херувімаў і паляцеў, і памчаўся на крылах ветру.

12 І зрабіў сваёю заслонаю змрок, і ценем вакол Сябе змрок водаў, хмараў нябесных.

13 Ад бляску, што прад Ім, уцякалі аблокі Ягоныя, град і вугольле вогненнае.

14 І загрымеў у нябёсах Гасподзь, і падаў Усявышні Свой голас, град і вогненнае вугольле.

15 Пусьціў стрэлы Свае, і расьсеяў іх, мноства маланак, і рассыпаў іх.

16 І сталіся крыніцы водаў, і адчыніліся асновы сусьвету ад грознага голасу Твайго, Госпадзе, ад подыху гнеўнага духу Твайго.

17 Ён працягнуў з вышыні Сваю руку і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў,

18 уратаваў мяне ад ворага майго дужага і ад ненавісьнікаў маіх, якія былі дужэйшыя за мяне.

19 Яны паўсталі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але Гасподзь быў мне апораю.

20 Ён вывеў мяне на шырокае месца і вызваліў мяне; бо ўпадабаў мяне.

21 Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне;

22 бо я трымаўся дарог Гасподніх і ня быў бязбожны прад Богам маім;

23 бо ўсе наказы Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не адступаўся.

24 Я быў прад Ім беззаганны і асьцерагаўся, каб не зграшыць,

25 і даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх прад вачыма Ягонымі.

26 Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым — шчыры,

27 з чыстым — чысты, а з хітрым — паводле хітрыны ягонай.

28 Бо Ты людзей прыгнечаных цешыш, а вочы пагардлівыя прыніжаеш.

29 Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю.

30 З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур.

31 Бог! — Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца.

32 Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?

33 Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях,

34 робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне;

35 вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны.

36 Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.

37 Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае.

38 Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і не вяртаюся, пакуль ня вынішчу іх;

39 пабіваю іх, і ня могуць яны падняцца; пападаюць пад ногі мае,

40 бо Ты аперазаў мяне сілаю для вайны і кінуў пад ногі мне тых, што на мяне паўсталі;

41 ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх; і я зьнішчаю тых, што ненавідзяць мяне:

42 яны лямантуюць, ды няма каму іх ратаваць; да Госпада — але Ён ня слухае іх;

43 я расьсейваю іх, як пыл перад абліччам ветру, як вулічны бруд тапчу іх.

44 Ты збавіў мяне ад бунту народу, паставіў мяне галавою іншапляменцаў; народ, якога я ня ведаў, служыць мне;

45 па адной чутцы пра мяне скараюцца мне; чужынцы лісьлівяцца перада мною.

46 Іншапляменцы бялеюць і трымцяць ва ўмацаваньнях сваіх.

47 Жывы Гасподзь, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго.

48 Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы,

49 і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў.

50 За гэта праслаўлю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму;

51 таму, хто велічна ратуе цара і творыць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна.

Псальма 18

Тварэньне Божае і Слова Божае

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Нябёсы прапаведуюць славу Божую, і пра дзею рук Ягоных абвяшчае цьвердзь.

3 Дзень дню перадае слова, і ноч ночы адмыкае веды.

4 Няма мовы, і няма гаворкі, дзе ня чуўся б іхні голас.

5 Па ўсёй зямлі праходзіць іхні гук, і па край сьвету словы іхнія. Ён паставіў у іх жытло сонцу,

6 і яно выходзіць, як малады са шлюбных харомаў сваіх, радуецца, быццам волат, прабегчы дарогу-прагон:

7 ад краю нябёсаў зыход ягоны, і шэсьце ягонае да краю іхняга, і нічога не схавана ад ягонае цяплыні.

8 Закон Госпада дасканалы, ён мацуе душу; адкрыцьцё Госпада слушнае, умудрае простых.

9 Загады Госпада справядлівыя, разьвясельваюць сэрца; наказ Госпада сьветлы, прасьвятляе вочы.

10 Страх Гасподні чысты, застаецца навечна. Суды Гасподнія — ісьціна, усе справядлівыя;

11 яны больш жаданыя за золата і нават за мноства золата чыстага, за мёд саладзейшыя і за кропелькі з сотаў;

12 і раб Твой вартуецца імі; у захаваньні іхнім вялікая дзяка.

13 Хто ўгледзіць пагрэшкі свае? Ад тайных маіх ачысьці мяне,

14 і ад наўмысных утрымай раба Твайго, каб не завалодалі мною. Тады я буду беззаганны і чысты ад вялікай разбэшчанасьці.

15 Хай будуць словы з вуснаў маіх і помыслы сэрца майго даспадобы Табе, Госпадзе, цьвярдыня мая і Збаўца мой!

Псальма 19

Малітва за цара

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Хай пачуе цябе Гасподзь у дзень скрухі, хай абароніць цябе імя Бога Якаўлевага.

3 Хай пашле табе дапамогу са Сьвятыні, і зь Сіёна хай падмацуе цябе.

4 Хай успомніць усе прынашэньні ахвяраў твае і цэласпаленьне тваё хай зробіць тлустым. <Сэла>

5 Няхай дасьць табе, што па сэрцы табе, і ўсе намеры твае няхай выканае.

6 Мы парадуемся выратаваньню твайму, і ў імя Бога нашага падымем сьцяг. Няхай выканае Гасподзь усе просьбы твае.

7 Сёньня спазнаў я, што Гасподзь ратуе памазанца Свайго; адказвае яму са сьвятых нябёсаў Сваіх магутнасьцю ратавальнай правіцы Сваёй.

8 Некаторыя калясьніцамі, некаторыя конямі, а мы імем Госпада, Бога нашага, хвалімся:

9 яны пахіснуліся, і ўпалі, а мы ўсталі, і стаім проста.

10 Госпадзе! уратуй цара, і пачуй нас, калі паклічам.

Псальма 20

Хвала за збавеньне цара

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Госпадзе! сілаю Тваёю радуецца цар, і з Твайго ратаваньня цешыцца бясконца.

3 Ты даў яму, чаго хацела сэрца ягонае, і просьбы вуснаў ягоных не адкінуў.

4 Бо сустрэў Ты яго дабраславеньнямі даброці, на галаву яму ўсклаў вянок з чыстага золата.

5 Ён прасіў у Цябе жыцьця; Ты даў яму даўгалецьце на векі вечныя.

6 Вялікая слава ягоная ў ратаваньні Тваім; Ты ўсклаў на яго гонар і веліч.

7 Ты ўсклаў на яго дабраславеньне навечна, разьвесяліў яго радасьцю аблічча Твайго,

8 бо цар спадзяецца на Госпада, і з даброці Ўсявышняга не пахісьнецца.

9 Рука Твая знойдзе ўсіх ворагаў Тваіх, правіца Твая знойдзе Тваіх ненавісьнікаў.

10 У час гневу Твайго Ты зробіш іх, як печ вогненную;у гневе Сваім Гасподзь іх пагубіць, і паглыне іх вагонь.

11 Ты вынішчыш плод іхні — спасярод сыноў чалавечых,

12 бо яны ўчынілі зло супроць Цябе, змовы склалі, але ня здолелі нічога,

13 Ты іх паставіш пад стрэлы, з лукаў Тваіх пацэліш у твар ім.

14 Узьнясіся, Госпадзе, у сіле Тваёй: мы будзем апяваць і славіць Тваю магутнасьць.

Псальма 21

Прароцтва пра пакуты і славу Месіі

Кіроўцу хору. На золку. Псальма Давідава.

2 Божа мой! Божа мой! нашто Ты пакінуў мяне? Далёкія словы крыку майго ад ратунку майго.

3 Божа мой! я клічу ўдзень — і Ты не аказваешся, уначы — і няма мне супакаеньня.

4 Але Ты, Сьвяты, жывеш сярод пахвалаў Ізраіля.

5 На Цябе спадзяваліся нашы бацькі; спадзяваліся, і Ты вызваляў іх,

6 да Цябе заклікалі яны, і былі ратаваныя; на Цябе спадзяваліся, і ня былі пасаромленыя.

7 А я чарвяк, а не чалавек, зьнявага ў людзей і пагарда ў народзе.

8 Усе, хто бачыць мяне, клянуць мяне; кажуць вуснамі, галавою ківаюць:

9 «ён спадзяваўся на Госпада; хай вызваліць яго, хай уратуе, калі ён даспадобы Яму».

10 Але Ты вывеў мяне з улоньня матчынага; уклаў у мяне надзею каля грудзей маці маёй.

11 Табе я даручаны ад нараджэньня; ад улоньня маці маёй Ты — мой Бог.

12 Не адыходзь ад мяне, бо блізіцца скруха, а памочніка няма.

13 Многа цялят абступілі мяне, тлустыя Васанскія акружылі мяне;

14 разьзявілі пашчу сваю на мяне, як леў, які прагне здабычы і рыкае.

15 Я разьліўся, нібы вада; усе косткі мае рассыпаліся; сэрца маё, быццам воск, зрабілася, растала ў нутрыне маёй.

16 Моц мая высахла, як чарапок; язык мой прыліп да гартані маёй, і Ты зьвёў мяне ў пыл сьмяротны.

17 Бо сабакі мяне атачылі, хэўра злыдняў мяне абступіла, прабілі рукі мае і ногі мае;

18 можна было палічыць усе косткі мае, а яны дзівяцца, робяць зь мяне відовішча,

19 дзеляць рызы мае між сабою; і за адзежу маю кідаюць жэрабя.

20 Але Ты, Госпадзе, не адыходзь ад мяне; сіла мая! пасьпяшайся мне на дапамогу;

21 душу маю аслані ад меча і ад сабак самотную маю;

22 уратуй мяне ад ільвінае пашчы і ад рагоў аднарогаў, пачуўшы, выратуй мяне.

23 Буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, славіць буду Цябе на сходзе.

24 Вы, што баіцеся Госпада! Усхвалеце Яго. Увесь род Якаваў! праславі Яго. Хай баіцца Яго ўвесь род Ізраілеў!

25 Бо Ён не пагрэбаваў скрухаю спрагненага і не адцураўся яе, і ня ўхіліў ад яго аблічча Свайго, а пачуў яго, калі той паклікаў Яго.

26 Табе хвала мая на сходзе вялікім; спраўджу свае абяцаньні перад тымі, хто баіцца Яго.

27 Хай ядуць бедныя і насычаюцца; хай уславяць Госпада тыя, што шукаюць Яго; хай жывуць сэрцы вашыя векапомна!

28 Схамянуцца і да Госпада вернуцца ўсе канцы зямлі, і схіляцца прад Табою ўсе плямёны язычнікаў,

29 бо Гасподняе ёсьць царства, і Ён — Уладар над народамі.

30 Будуць есьці і пакланяцца ўсе сытыя на зямлі; схіляцца прад Ім усе, што сыходзяць у тло і ня могуць захаваць жыцьця свайго.

31 І нашчадкі служыцьмуць Яму, і будуць звацца Гасподнімі вечна,

32 прыйдуць і абвяшчацьмуць праўду Ягоную людзям, якія народзяцца, якіх стварыў Гасподзь.

Псальма 22

Гасподзь — Пастыр мой

Псальма Давідава.

Гасподзь — Пастыр мой; я ніякай нястачы ня мецьму:

2 Ён пасьвіць мяне на пашах зялёных, на ціхія воды водзіць мяне.

3 Ён душу маю мацуе, кіруе мяне на сьцежкі праўды дзеля імя Свайго.

4 Калі я пайду далінай сьмяротнага ценю, не ўбаюся ліха, бо Ты са мною; Тваё жазло і твой посах — яны супакойваюць мяне.

5 Ты перада мною паставіў трапезу на вачах у маіх ворагаў; намасьціў алеем галаву маю; чара мая перапоўнена.

6 Так, ласка і мілажаль хай будуць са мною ва ўсе дні жыцьця майго, і я буду ў доме Гасподнім многія дні.

Псальма 23

Пахвальны гімн Цару славы

Псальма Давідава. У першы дзень тыдня.

Гасподняя зямля і ўсё, што на ёй, сусьвет і ягоныя жыхары,

2 бо Ён заснаваў яе на морах, і на рэках яе ўгрунтаваў.

3 Хто падымецца на гару Гасподнюю, альбо хто стане на сьвятым месцы Ягоным?

4 Той, у каго рукі невінаватыя і чыстае сэрца, не прысягаў хто душою сваёю напуста і не бажыўся хлусьліва,

5 той атрымае дабраславеньне ад Госпада і літасьць ад Бога, Збаўцы свайго.

6 Такі род усіх, што шукаюць Яго, шукаюць аблічча Твайго, Божа Якаваў! <Сэла>

7 Падымеце шчыты свае, брамы, і падымецеся, дзьверы вечныя, і ўвойдзе Цар славы!

8 Хто гэты Цар славы? — Гасподзь, моцны і дужы, Гасподзь, дужы ў змаганьні.

9 Падымеце шчыты вашыя, брамы, і падымецеся, дзверы вечныя, і ўвойдзе Цар славы!

10 Хто гэты Цар славы? — Гасподзь сілаў, Ён — Цар славы. <Сэла>

Псальма 24

Малітва за кіраўніцтва і абарону

Псальма Давідава.

Алэф

Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю.

Бэт

2 Божа мой! на цябе спадзяюся, хай ня будзе мне сорамна, хай не апануюць мяне мае ворагі.

Гімэл

3 Хай ня будзе сораму ўсім, хто на Цябе спадзяецца: хай будзе тым брыдка, хто бяз прычыны беззаконьне ўчыняе.

Далэт

4 Пакажы мне, Госпадзе, дарогі Твае, наставі мяне на сьцежкі Твае.

Гэ

5 Накіруй мяне на праўду Тваю, і навучы мяне, бо Ты Бог ратунку майго;

Вав

на Цябе спадзяюся кожны дзень.

Заін

6 Успомні шчадроты Твае, Госпадзе, і міласэрнасьць Тваю, бо спрадвеку яны.

Хэт

7 Грахоў маладосьці маёй і злачынстваў маіх не ўспамінай; з ласкі Тваёй успомні мяне Ты, Госпадзе, дзеля даброці Тваёй!

Тэт

8 Добры і справядлівы Гасподзь; таму настаўляе грэшных на шлях,

Ёд

9 вядзе пакорлівых да праўды, і навучае ціхмяных шляхам Сваім.

Каф

10 Усе дарогі Гасподнія — міласьць і праўда тым, хто трымаецца запавету Ягонага і адкрыцьця Ягонага.

Ламэд

11 Дзеля імя Твайго, Госпадзе, даруй мне мой грэх; бо вялікі ён.

Мэм

12 Хто ёсьць чалавек, што баіцца Госпада? Яму пакажа Ён шлях, які трэба абраць.

Нун

13 Душа ягоная жыцьме ў дабры, і род ягоны ўспадкуе зямлю, Салэх

14 Тайна Гасподняя тым, што баяцца Яго, і запавет Свой Ён ім адкрывае.

Аін

15 Вочы мае заўсёды да Госпада; бо Ён дастае зь сеткі ногі мае.

Пэ

16 Паглядзі на мяне і пашкадуй мяне, бо я адзінокі і прыгнечаны.

Цадэ

17 Скруха сэрца майго павялічылася; выведзі мяне зь нягодаў маіх,

Коф

18 падзівіся на пакуты мае і на зьнямогу маю, і даруй усе грахі мае.

Рэш

19 Падзівіся на ворагаў маіх, як іх многа, і якою нянавісьцю ненавідзяць мяне.

Шын

20 Аслані душу маю, і ўратуй мяне, хай ня будзе мне сораму, што я на Цябе спадзяюся.

Тав

21 Беззаганнасьць і слушнасьць хай ахаваюць мяне; бо я на Цябе спадзяюся.

Пэ

22 Вызвалі, Божа, Ізраіля ад усіх смуткаў ягоных.

Псальма 25

Мальба пра абарону

Псальма Давідава.

Рассудзі мяне, Госпадзе, бо хадзіў я ў беспахібнасьці маёй, і, у надзеі на Госпада не пахіснуся.

2 Выпрабуй мяне, Госпадзе, растапі мне вантробы і сэрца маё,

3 бо міласьць Твая перад маімі вачыма, і ў праўдзе Тваёй я хадзіў,

4 не сядзеў я зь людзьмі аблуднымі і з падступнымі не пайду;

5 я зьненавідзеў зборню зламысьнікаў, і зь бязбожнікамі ня сяду;

6 буду мець у нявіннасьці рукі мае і абыходзіць Твой ахвярнік, Госпадзе,

7 каб абвяшчаць Табе голасна славу і пра ўсе цуды Твае расказаць.

8 Госпадзе! палюбіў я жытло Твайго дома і месца, дзе слава Твая жыве.

9 Не загубі душы мае з грэшнікамі і жыцьця майго з крыважэрнымі,

10 у чыіх руках ліхадзейства, і чыя правіца поўная зьдзірства.

11 А я хаджу ў сваёй беззаганнасьці; вызвалі мяне, і ўмілажалься зь мяне.

12 Нага мая стаіць на роўным; на сходах праслаўлю Госпада.

Псальма 26

Бясстрашнае спадзяваньне на Бога

Псальма Давідава. Перад памазаньнем.

Гасподзь — сьвятло маё і ратунак мой: каго мне баяцца? Гасподзь — цьвярдыня жыцьця майго: каго мне палохацца?

2 Калі будуць наступаць на мяне зласьліўцы, супастаты і ворагі мае, каб зжэрці цела маё, яны спатыкнуцца самі і ўпадуць.

3 Калі выступіць супраць мяне кагорта, не збаіцца сэрца маё; калі на мяне паўстане вайна, і тады спадзявацца буду.

4 Аднаго я прасіў у Госпада, толькі таго шукаю, каб жыць мне ў доме Гасподнім ва ўсе дні жыцьця майго, сузіраць хараство Гасподняе і наведваць сьвятыню Ягоную;

5 бо Ён схаваў бы мяне ў Сваёй скініі ў дзень няшчасьця; схаваў бы мяне ў патайным месцы Свайго селішча, узьнёс бы мяне на скалу.

6 Тады ўзьнеслася б галава мая над ворагамі наўкола мяне; і прынёс бы я ў Ягонай скініі ахвяры славаслоўя; сьпяваў бы і славіў бы прад Госпадам.

7 Пачуй, Госпадзе, голас мой, якім я клічу; зьлітуйся зь мяне і азьвіся мне.

8 Сэрца маё кажа ад Цябе: «шукайце аблічча Майго»; і я буду шукаць аблічча Тваё, Госпадзе.

9 Не схавай ад мяне аблічча Твайго, не адкінь у гневе раба Твайго. Ты быў мой памочнік; не гані мяне і не пакінь мяне, Божа, Ратаўнік мой!

10 Бо мой бацька і маці мая кінулі мяне; але Гасподзь мяне прыме;

11 навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайму, і накіруй мяне на сьцежку праўды, дзеля ворагаў маіх;

12 не выдавай мяне сваволі ворагаў маіх; бо паўсталі на мяне сьведкі аблудныя і дыхаюць злосьцю.

13 Але я веру, што ўбачу даброць Гасподнюю на зямлі жывых.

14 Май надзею на Госпада, будзь мужны; і хай мацуецца сэрца тваё, май надзею на Госпада.

Псальма 27

Малітва супроць бязбожніка

Псальма Давідава.

Цябе, Госпадзе, заклікаю: цьвярдыня мая! ня будзь бязмоўны са мною, каб пры маўчаньні Тваім ня стаўся я падобным да тых, што ў магілу сыходзяць.

2 Пачуй голас маленьняў маіх, калі я клічу Цябе, калі падымаю рукі мае да сьвятога храма Твайго.

3 Не загубі мяне з грэшнікамі і з тымі, што крыўду ўчыняюць, якія з блізкімі сваімі гавораць пра мір, а ў сэрцы ў іх ліхое.

4 Аддай ім паводле іхніх дзеяў, паводле ліхіх учынкаў іхніх; паводле дзеяў іхніх рук ім аддай; аддай ім, што заслужылі яны.

5 За тое, што не зважаюць на дзеі Гасподнія і на справы рук Ягоных, Ён іх разбурыць і ня збудуе іх.

6 Дабраславёны Гасподзь, бо Ён пачуў голас маленьняў маіх.

7 Гасподзь — цьвярдыня мая і мой шчыт; на яго спадзявалася сэрца маё; і я праслаўлю Яго песьняй маёю.

8 Гасподзь — сіла народу Свайго і ратавальная абарона памазанца Свайго.

9 Ратуй Твой народ, і дабраславі Тваю спадчыну; і гадуй іх і ўзвышай іх вечна!

Псальма 28

Веліч Божая ў грозьбе

Псальма Давідава. Напрыканцы сьвята Кучак. Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду славу і чту,

2 аддайце Госпаду славу імя Ягонага; пакланецеся Госпаду ў пышнай сьвятасьці Ягонай.

3 Голас Гасподні над водамі, Бог славы загрымеў, Гасподзь над вялікімі водамі.

4 Голас Гасподні моцны; голас Гасподні велічны.

5 Голас Гасподні ламае кедры; Гасподзь ламае кедры Ліванскія

6 і прымушае іх скакаць, як цялят, Ліван і Сірыён — як маладога аднарога.

7 Голас Гасподні выкрасае полымя вогненнае.

8 Голас Гасподні трасе пустыню; трасе Гасподзь пустыню Кадэс.

9 Голас Гасподні прымушае касуль каціцца, і агаляе лясы; і ў храме Ягоным абвяшчае пра славу Ягоную.

10 Гасподзь сядзеў над патопам, і сядзецьме Гасподзь царом вечна.

11 Гасподзь дасьць сілу народу Свайму; Гасподзь дабраславіць народ Свой мірам.

Псальма 29

Песьня збавеньня

Псальма Давідава пры абнаўленьні дома.

2 Услаўлю Цябе, Госпадзе, што Ты падняў мяне і ня даў маім ворагам перамагчы мяне.

3 Госпадзе Божа мой! я паклікаў Цябе, і Ты мяне вылечыў.

4 Госпадзе! Ты вывеў зь пекла душу маю і ажывіў мяне, каб я ня сышоў у магілу.

5 Сьпявайце Госпаду, сьвятыя Ягоныя, слаўце памяць сьвятыні Ягонай,

6 бо на хвіліну гнеў Ягоны, на ўсё жыцьцё ўпадабаньне Ягонае: увечары пачынаецца плач, а на раніцу — радасьць.

7 І я казаў у дабрадзействе маім: «не пахіснуся вавек».

8 Па ўпадабаньні Тваім, Госпадзе,Ты ўмацаваў гару маю; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я сумеўся:

9 Тады Цябе, Госпадзе, я клікаў, і Госпада майго я маліў:

10 «якая карысьць у крыві маёй, калі я сыду ў магілу? ці ж будзе тло маё Цябе славіць? ці будзе ўзьвяшчаць Тваю праўду?

11 пачуй, Госпадзе, і памілуй мяне, Госпадзе! будзь мне памочнікам».

12 І Ты скаргі мае абярнуў у радасьць, вярэту маю зьняў зь мяне і аперазаў мяне весялосьцю,

13 хай славіць Цябе душа мая і хай не змаўкае. Госпадзе Божа мой! буду славіць Цябе вечна.

Псальма 30

Малітва скрушлівага Праведніка

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 На Цябе, Госпадзе, надзея мая, хай сораму вавек ня мецьму; па праўдзе Тваёй збаві мяне;

3 прыхілі да мяне вуха Тваё, пасьпяшайся збавіць мяне. Будзь мне каменнаю цьвярдыняю, прыстанішчам, каб уратаваць мяне,

4 бо Ты каменная гара мая і агароджа мая; дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.

5 Выведзі мяне зь сеткі, якую тайна раскінулі на мяне; бо Ты цьвярдыня мая.

6 У Тваю руку аддаю дух мой; Ты выбаўляў мяне, Госпадзе, Божа праўды.

7 Ненавіджу шаноўцаў марных ідалаў; а на Госпада надзея мая.

8 Буду радавацца і весяліцца ў міласьці Тваёй, бо Ты прыгледзеўся да бедства майго, уведаў гора душы маёй,

9 і не перадаў мяне ў рукі ворагаў; паставіў ногі мае на прасторным месцы.

10 Умілажалься зь мяне, Госпадзе, бо мне цесна; высахла з гора вока маё, душа мая і нутроба мая.

11 Вычарпалася ў скрусе жыцьцё маё і леты мае ў стагнотах; зьнемагла ад грахоў маіх сіла мая, і высахлі косткі мае.

12 Ад усіх маіх ворагаў стаўся я кляцьбою нават у суседзяў маіх і страшыдлам знаёмым маім; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае.

13 Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я — як посуд разьбіты,

14 бо чую ліхаслоўе многіх; адусюль жудасьць, калі яны змаўляюцца супраць мяне, намышляюць вырваць душу маю.

15 А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; я кажу: Ты мой Бог.

16 У Тваёй руцэ дні мае; вызваль мяне ад рукі маіх ворагаў і ад тых, што гоняць мяне.

17 Пакажы сьветлае аблічча Тваё рабу Твайму; уратуй мяне літасьцю Тваёю.

18 Госпадзе! хай ня будзе мне сораму, што я Цябе заклікаю; а бязбожным хай будзе брыдка, хай прападуць у пекле.

19 Хай зьнямеюць вусны аблудныя, што гідоту гавораць на праведнага з пыхаю і пагардаю.

20 Як многа ў Цябе дабротаў, якія Ты прыхаваў тым, што баяцца Цябе, і якія Ты падрыхтаваў тым, што на Цябе спадзяюцца перад сынамі чалавечымі!

21 Ты хаваеш іх пад аслонай аблічча Твайго ад людзкіх бунтаў; хаваеш іх у зацішку ад ліхіх языкоў.

22 Дабраславёны Гасподзь, што ўчыніў мне дзівосны Свой мілажаль ва ўмацаваным горадзе!

23 У сумненьні маім я думаў: адхілены я ад вачэй Тваіх; але Ты пачуў голас малітвы маёй, калі я паклікаў Цябе.

24 Любеце Госпада, усе праведнікі Ягоныя; Гасподзь ахоўвае верных, а пагарднікам зь лішкам вяртае.

25 Будзьце мужныя, і хай мацуецца сэрца ваша, усе, хто надзею на Госпада мае!

Псальма 31

Псальма пакаяньня

Псальма Давідава. Вучэньне.

Дабрашчасны, каму дараваны злачынствы, і чые грахі адшкадаваныя,

2 дабрашчасны той, каму Гасподзь грахоў не залічыць, і ў чыім духу хітрыны няма!

3 Калі я маўчаў, састарэлі косткі мае ад штодзённага стогну майго,

4 бо дзень і ноч нада мною рука Твая цяжкая; зьнікла сьвежасьць мая, як у летнюю сушу. <Сэла>

5 Але Я адкрыў табе грэх мой і ня ўтоіў беззаконьня майго; я сказаў: «вызнаю Госпаду злачынствы мае»; і Ты зьняў зь мяне віну грэху майго.

6 За тое памоліцца Табе кожны праведнік у час адпаведны, і тады разьліва вялікай вады не дастане яго.

7 Ты — маё покрыва; Ты асланяеш мяне ад скрухі, атачаеш мяне радасьцямі збавеньня. <Сэла>

8 «Увяду цябе ў розум, настаўлю цябе на шлях, па якім табе йсьці; буду табой кіраваць, вока Маё над табою».

9 «Ня будзьце, як конь, як мул бязглузды, чые храпы цугляць трэба кілзамі і аброцьцю, каб яны Табе ўпакорваліся.

10 Шмат смуткаў бязбожнаму; а таго, хто на Госпада мае надзею, атачае міласьць.

11 Весялецеся ў Госпадзе, цешцеся, праведныя; сьпявайце радасна ўсе, у каго шчырае сэрца.

Псальма 32

Хвала Ўсемагутнаму Богу

Псальма Давідава.

Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць!

2 Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры;

3 новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем,

4 бо слова Гасподняе — шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя.

5 Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца.

6 Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных — усе сілы нябесныя.

7 Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах.

8 Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце,

9 бо сказаў Ён — і сталася; Ён загадаў — і зьявілася.

10 Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў.

11 А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага — з роду ў род.

12 Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, — племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе.

13 Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых;

14 з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі:

15 Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям.

16 Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла.

17 Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю.

18 Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную,

19 што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх.

20 Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша;

21 Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся.

22 Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.

Псальма 33

Псальма хвалы і надзеі

Псальма Давіда, калі ён удаваў зь сябе вар’ята перад Авімэлэхам і быў ад яго выгнаны, і пайшоў.

Алэф

2 Дабраслаўляю Госпада ва ўсякую пору; хвала Яму няспынная ў вуснах маіх.

Бэт

3 Госпадам будзе хваліцца душа мая; пачуюць пакорныя і ўзьвяселяцца.

Гімэл

4 Вялічайце Госпада са мною, і ўзносьма імя Ягонае разам.

Далэт

5 Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і ад усякіх небясьпекаў маіх вызваліў мяне.

Гэ

6 Хто прыглядваўся да Яго, тыя прасьвятліліся, і твары іхнія ня зьведаюць сораму.

Заін

7 Вось убогі паклікаў, — і Гасподзь пачуў і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

Хэт

8 Гасподні анёл паўстае вакол тых, хто баіцца Яго, — і іх вызваляе.

Тэт

9 Паспытайце і ўбачыце, які добры Гасподзь! Дабрашчасны той чалавек, што на яго спадзяецца!

Ёд

10 Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Ягоныя; бо ня маюць нястачы тыя, што баяцца Яго.

Каф

11 Ільвяняты церпяць нягоды і голад, а богашукальнікі ня церпяць нястачы ні ў якім дабры.

Ламэд

12 Прыйдзеце, дзеці, паслухайце мяне: страху Гасподняму вас навучу.

Мэм

13 Ці хоча чалавек жыць і ці любіць дабрадзенства, каб бачыць дабро?

Нун

14 Трымай язык свой ад злога і вусны свае ад падступных словаў.

Самэх

15 Ухіляйся ад ліха і рабі дабро; шукай міру і йдзі за ім.

Аін

16 Вочы Гасподнія — на праведных, і вушы Ягоныя — на скаргу іхнюю.

Пэ

17 А аблічча Гасподняе — супроць тых, што робяць ліхое, каб зьвесьці зь зямлі памяць пра іх.

Цадэ

18 Клічуць, і Гасподзь чуе, і ад усіх уціскаў іх вызваляе.

Коф

19 Блізкі Гасподзь да тых, у каго зламанае сэрца, і пакорлівых духам — уратуе.

Рэш

20 Многа турботаў у праведніка, і ад усіх іх Гасподзь вызваляе.

Шын

21 Ён хавае ўсе косткі ягоныя; і ніводная не паламаецца!

Тав

22 Зло заб’е грэшніка, і ненавісьнікі праведнасьці загінуць.

Пэ

23 Гасподзь вызваліць душу рабоў Сваіх, і не загіне ніхто, хто на Яго спадзяецца.

Псальма 34

Малітва за дапамогу

Псальма Давідава.

Заступіся, Госпадзе, перад тымі, хто судзіцца са мною, зваюй тых, хто ваюе мяне;

2 вазьмі шчыт і латы, і ўстань на дапамогу мне;

3 агалі меч, і заступі дарогу тым, што гоняць мяне; скажы душы маёй: Я — ратунак твой!

4 Хай пасаромяцца і паганьбуюцца тыя, хто цікуе душу маю, хай адступяцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, хто шкоду мне намышляе;

5 хай будуць яны, як пыл на ветры, і анёл Гасподні хай праганяе іх.

6 Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Гасподні няхай гоніць іх,

7 бо яны бязь віны схавалі мне яму — сетку сваю; выкапалі яе на бязьвінную душу маю!

8 Хай спадзе на яго пагібель нянаджаная, і сетка ягоная, якую ён схаваў на мяне, хай яго самога і ўловіць; хай у яе і ўпадзе на пропадзь сваю.

9 А душа мая зарадуецца ў Госпадзе; усьцешыцца збавеньнем ад Яго.

10 Усе косткі мае скажуць: «Госпадзе! хто да Цябе падобны? Ты ратуеш слабога ад дужага, беднага і ўбогага ад зьдзірцы ягонага?»

11 Паўсталі на мяне сьведкі няправедныя: чаго я ня ведаю, — выпытваюць у мяне;

12 плацяць мне злом за дабро, сіроцтвам душы маёй.

13 А як былі хварэлі яны, я апранаўся ў вярэту, душу маю таміў пастом, і малітва мая вярталася ў нетру маю.

14 Я рабіў, быццам сябру, як брату майму; я хадзіў смутны, панурыўшы голаў, як бы аплакваючы маці.

15 А калі я спатыкаўся, яны радаваліся і зьбіраліся; зьбіраліся агуднікі супроць мяне, ня ведаю завошта, ганілі мяне, і не пераставалі;

16 з крывадушнымі пакепнікамі скрыгаталі на мяне зубамі сваімі.

17 Госпадзе! ці доўга будзеш глядзець на гэта? Адвядзі душу маю ад злачынстваў іхніх, ад ільвоў — самотную душу маю!

18 Я праслаўлю Цябе на сходзе вялікім, сярод процьмы народу ўсхвалю Цябе,

19 каб не збыткавалі зь мяне тыя, што ваявалі супроць мяне несправядліва, і не перамігваліся вачыма тыя, што ненавідзяць мяне бязьвіннага;

20 бо не за мір прамаўляюць яны, а супроць мірных на землях плятуць аблудныя намыслы;

21 разьзьяўляюць на мяне вусны свае; кажуць: «добра! добра! бачыла наша вока».

22 Ты бачыў, Госпадзе, не змаўчы; Госпадзе! не аддаляйся ад мяне.

23 Устань, прачніся на суд мой, на цяжбіну маю, Божа мой і Госпадзе мой!

24 Судзі мяне па праўдзе Тваёй, Госпадзе, Божа мой, і хай ня радуюцца яны празь мяне;

25 хай ня кажуць у сэрцы сваім: «добра! добра!, нам да душы!» Хай ня кажуць: «мы праглынулі яго».

26 Няхай пасаромяцца і паганьбуюцца ўсе, хто радуецца зь няшчасьця майго; хай убяруцца ў сорам і ганьбу, хто фанабэрыцца над мною.

27 Няхай радуюцца і весяляцца, хто маёй слушнасьці прагне, і няхай кажуць заўсёды: «хай праславіцца Гасподзь, Які зычыць міру рабу Свайму!»

28 І язык мой будзе абвяшчаць Тваю праўду і хвалу Табе дзень у дзень.

Псальма 35

Даброць і ласка Божая

Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда.

2 Грэшнасьць бязбожніка гаворыць у сэрцы маім: няма страху Божага перад вачыма ягонымі,

3 бо ягоныя вочы лісьлівяць яму, быццам шукаюць віну, каб зьненавідзець яе;

4 словы з вуснаў ягоных — няпраўда і хітрына; ня хоча ён быць мудрым, каб рабіць дабро.

5 Несправядлівасьць намышляе ён на пасьцелі сваёй, на благі становіцца шлях, ня грэбуе злом.

6 Госпадзе! ласка Твая да нябёсаў, праўда Твая пад хмары!

7 Праўда Твая — як горы Божыя, і суды Твае — бездань вялікая! Людзей і быдла захоўваеш Ты, Госпадзе!

8 Якая каштоўная ласка Твая, Божа! Сынам чалавечым у цені крылаў Тваіх спакойна;

9 наядаюцца сытасьцю дома Твайго, і з плыні слодычаў Тваіх Ты выпойваеш іх,

10 бо ў Табе крыніца жыцьця; у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло.

11 Пашыры ласку Тваю на тых, што Цябе ведаюць, і праўду Тваю на людзей, шчырых сэрцам,

12 хай не наступіць на мяне нага гардзеі, і рука грэшніка хай не прагоніць мяне.

13 Там упалі беззаконьнікі, скінутыя, і ня могуць устаць.

Псальма 36

Мудрасьць старца

Псальма Давідава.

Алэф

Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці несправядлівым,

2 бо яны, як трава, неўзабаве скошаны будуць, і як былінка зялёная, завянуць.

Бэт

3 Спадзявайся на Госпада і рабі дабро; жыві на зямлі і праўды трымайся.

4 Суцяшайся Госпадам, і Ён спраўдзіць жаданьні сэрца твайго.

Гімэл

5 Госпаду перадай дарогу тваю, і на яго спадзявайся, і Ён зробіць,

6 і выведзе, як сьвятло, праўду тваю, і справядлівасьць тваю, як полудзень.

Далэт

7 Скарыся Госпаду і на Яго спадзявайся. Не зайздросьці таму, каму шчасьціць у дарозе ягонай, чалавеку хітрамыснаму.

Гэ

8 Перастань гневацца і пакінь запальчывасьць; ня імкніся рабіць благое,

9 бо хто робіць благое, будзе зьнішчаны, а хто спадзяецца на Госпада, зямлю ўспадкуе.

Вав

10 Яшчэ трохі, і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае, і няма яго.

11 А пакорныя зямлю ўспадкуюць, і ўраскошуюцца спакоем вялікім.

Заін

12 Бязбожны зло намышляе супроць праведніка і скрыгоча на яго зубамі сваімі;

13 а Гасподзь пасьміхаецца зь яго; бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.

Хэт

14 Бязбожныя вымаюць меч і напінаюць лук свой, каб паваліць беднага і ўбогага, каб зваліць тых, у каго дарога простая:

15 меч іхні ўвойдзе ў іхняе сэрца, і лукі іхнія паламаюцца.

Тэт

16 Лепш — малое ў праведніка, чым багацьце — у многіх бязбожнікаў,

17 бо зламаюцца плечы ў бязбожных, а праведных сіліць Гасподзь!

Ёд

18 Гасподзь ведае дні беззаганных і дастатак іхні застаецца навечна.

19 Ня будуць яны пасаромлены ў люты час, і ў дні голаду сытыя будуць;

Каф

20 а бязбожныя загінуць, і ворагі Гасподнія, як авечы лой, зьнікнуць, у дыме зьнікнуць.

Ламэд

21 Пазычае бязбожны — і не аддае, а праведны ўмілажальваецца і дае,

22 бо ўміласлаўленыя Ім — зямлю ўспадкуюць, а праклятыя Ім — будуць вынішчаны.

Мэм

23 Ад Госпада крокі чалавека пабожнага ставяцца моцна, і Ён дабраволіць дарозе ягонай:

24 калі ён будзе падаць, не ўпадзе, бо Гасподзь падтрымлівае яго за руку.

Нун

25 Я быў малады і састарыўся, а ня бачыў праведніка пакінутага, і нашчадкаў яго, каб хлеба прасілі:

26 ён кожны дзень шкадуе і пазычае, і нашчадкам ягоным — дабраславеньне будзе.

Самэх

27 Ухіляйся ад благога, і рабі дабро, і жыць будзеш вечна:

28 бо і Гасподзь любіць праўду, і не пакідае богабаязных Сваіх; навек ацалёныя будуць яны; а насеньне бязбожных вынішчыцца.

Аін

29 Праведныя ўспадкуюць зямлю, і будуць жыць на ёй вечна.

Пэ

30 Вусны праведніка мудрасьць маўляюць, і язык ягоны вымаўляе праўду.

31 Закон Божы ў сэрцы ў яго; не пахіснуцца ногі ягоныя.

Цадэ

32 Бязбожны падглядвае праведніка і спрабуе забіць яго;

33 але Гасподзь не аддасьць яго ў рукі ягоныя, і ня дасьць зьвінаваціць яго, калі яго будуць судзіць.

Каф

34 Спадзявайся на Госпада, і трымайся дарогі Ягонай: і Ён падыме цябе, каб ты зямлю ўспадкаваў; і калі будуць зьнішчаць бязбожных, ты ўбачыш.

Рэш

35 Бачыў я бязбожніка грознага, які разгаліноўваўся, нібы самарослае расахатае дрэва;

36 але ён прайшоў, і вось, няма яго; шукаю яго і не знаходжу.

Шын

37 Назірай за беспахібным і дзівіся на праведнага; бо чалавеку міралюбнаму — будучыня;

38 а беззаконьнікі ўсе вынішчацца; будучыня беззаконьнікаў зьнікне.

Тав

39 Ад Госпада выратаваньне праведнікам, Ён — абарона ім у часіны жальбы:

40 і дапаможа ім Гасподзь і вызваліць іх; выбавіць іх ад бязбожных і ўратуе іх, бо яны на Яго надзею кладуць.

Псальма 37

Пакайная псальма пра літасьць

Псальма Давідава. На ўспамін пра суботу.

2 Госпадзе! ня выкрывай мяне ў гневе Тваім, і не карай мяне ў гневе Тваім,

3 бо стрэлы Твае ўпіліся ў мяне і рука Твая мяне ацяжае.

4 Няма цэлага месца на целе маім ад гневу Твайго; няма спакою ў костках маіх ад грахоў маіх.

5 бо злачынствы мае вышэй галавы, як вялікі цяжар, зьнясілілі мяне,

6 сьмярдзяць, гнаяцца раны мае ад безгалоўя майго.

7 Я сагнуты і панураны ўвесь, цэлы дзень бядуючы хаджу;

8 бо сьцёгны мае паліць вагонь, і няма цэлага месца ў целе маім.

9 Я змогся і зьнясіліўся цяжка; крычу ад пакуты сэрца майго.

10 Госпадзе! прад Табою ўсе жаданьні мае, і ўздыханьне маё ад Цябе не схаванае.

11 Сэрца маё трымціць; пакінула мяне сіла мая, і сьвятло вачэй маіх — і таго няма ў мяне.

12 Сябры мае і прыяцелі адступіліся ад няшчасьця майго, і блізкія мае далёка стаяць.

13 Цянёты паставілі тыя, хто пільнуе душу маю, і хто прагне мне ліха, пра пагібель маю гавораць, і намышляюць штодзень мне благое;

14 а я, як глухі, ня чую, і як нямко, што вуснаў сваіх не растуляе;

15 і стаў я, як чалавек, што ня чуе і ня мае ў вуснах сваіх адказу,

16 бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся я; Ты пачуеш, Госпадзе, Божа мой.

17 І сказаў я: няхай не падымуцца нада мною мае ворагі; калі дрыжыць нага мая, хай ня ўзносяцца яны нада мною.

18 Я да ўпадку гатовы, і скруха мая заўжды перада мною.

19 Беззаконьне сваё я ўсьведамляю; і ўбольваюся ў грэху маім.

20 А мае ворагі жывуць і мацуюцца, і памнажаюцца тыя, што ненавідзяць мяне, невінаватага;

21 і тыя, што плацяць мне злом за дабро, ваююць супроць мяне, бо я за добрым іду.

22 Не пакінь мяне, Госпадзе Божа мой! не адыходзь ад мяне;

23 пасьпяшайся на дапамогу мне, Госпадзе, Збаўца мой!

Псальма 38

Малітва ў смутны час

Кіроўцу хору, Ідытуму. Псальма Давідава.

2 Я сказаў: пільнавацьмуся дарогі сваёй, каб маім языком не грашыць; цугляцьму я вусны мае, пакуль бязбожны перада мною.

3 Я быў нямы і безгалосы і маўчаў нават пра добрае; і жальба мая памацнела,

4 запалілася сэрца маё ўва мне; у думках маіх загарэўся вагонь; я пачаў гаварыць языком маім;

5 скажы мне, Госпадзе, пра канец мой і лік дзён маіх, які ён, каб я ведаў, які мой век.

6 Вось, Ты далоняю вымераў дні мае, а век мой — як нішто прад Табою. Сапраўды, поўная марнасьць — кожны жывы чалавек. <Сэла>

7 Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід; і марны клопат яго, зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта.

8 І сёньня чаго мне чакаць, Госпадзе? надзея мая на Цябе.

9 Ад усіх беззаконьняў маіх вызвалілі мяне, не аддавай мяне на паглум неразумным.

10 Я зрабіўся нямы, не растульваю вуснаў маіх, бо Ты ўчыніў гэта.

11 Ухілі ад мяне ўразы Твае; я зьнікаю ад удару пагібельнай рукі Тваёй.

12 Калі Ты дакорамі будзеш караць чалавека за злачынствы, рассыплецца, як ад молі, прывабнасьць ягоная. Так кожны чалавек — марны. <Сэла>

13 Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і выслухай енкі мае, ня будзь бязуважны да сьлёз маіх, бо вандроўнік я ў Цябе і прыхадзень, як бацькі мае ўсе.

14 Адступі ад мяне, каб я мог умацавацца, перш чым адыду і ня будзе мяне.

Псальма 39

Падзякаваньне і просьба

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Цьвёрда я спадзяваўся на Госпада, і Ён да мяне прыхіліўся і крык мой пачуў;

3 падняў мяне са згубнага рова, з балоцістай багны, і паставіў на камені ногі мае, і ўмацаваў ступакі мае;

4 і даў новую песьню ў вусны мае — хвалу Богу нашаму. Убачаць многія і збаяцца, і будуць на Госпада спадзявацца.

5 Дабрашчасны той чалавек, які на Госпада надзею сваю кладзе і не зьвяртаецца да ганарыстых і да тых, што да няпраўды горнуцца.

6 Многа зрабіў Ты, Госпадзе Божа мой. Твае цуды і думкі Твае, толькі пра нас — няма Табе роўных! — хацеў бы я прапаведаваць і гаварыць, але ім ліку няма.

7 Ахвяры і прынашэньня Ты не схацеў; Ты адкрыў мне вушы; цэласпаленьня і ахвяры за грэх Ты не спатрабаваў.

8 Тады я сказаў: вось, іду; у зьвітку кніжным пра мяне напісана:

9 я хачу спраўдзіць волю Тваю, Божа мой, і закон Твой у сэрцы ў мяне.

10 Я абвяшчаў праўду Тваю на зборні вялікай; я не забараняў вуснам маім: Ты, Госпадзе, ведаеш.

11 Праўды Тваёй не хаваў у сэрцы маім, абвяшчаў вернасьць Тваю і выратаваньне Тваё, ня ўтойваў Тваёй ласкі і праўды Тваёй перад сходам вялікім.

12 Не запыняй, Госпадзе, шчадротаў Тваіх ад мяне; ласка Твая і праўда Твая хай няспынна ахоўваюць мяне,

13 бо няшчасьці мяне абступілі безьлічныя; беззаконьні мае дасягнулі мяне, так што і бачыць не магу; іх болей, чым валос на маёй галаве; сэрца маё пакінула мяне.

14 Удабраволься, Госпадзе, выбавіць мяне; Госпадзе! пасьпяшайся на дапамогу мне.

15 Хай пасаромяцца і хай паганьбаваныя будуць усе, што шукаюць згубы душы маёй! Няхай адхіснуцца назад і абсьмяяныя будуць, хто зычыць мне ліха!

16 Хай скамянеюць ад ганьбы тыя, што кажуць мне: добра! добра!

17 Хай радуюцца і весяляцца Табою ўсе, што шукаюць Цябе, і хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць увесь час: «вялікі Гасподзь!».

18 А я гаротны і ўбогі, але Гасподзь пра Мяне дбае. Ты — дапамога мая і Ратунак мой, Божа мой! не спазьніся!

Псальма 40

Псальма пра літасьцівага

Кіроўцу хору. Псальма Давідава,

2 Дабрашчасны, хто дбае пра ўбогага! У дзень бедства выбавіць яго Гасподзь.

3 Гасподзь ахавае яго і жыцьцё яму зьберажэ; дабрашчасны ён на зямлі будзе. І Ты не здасі яго на волю ворагаў ягоных.

4 Гасподзь умацуе яго на ложку хваробы ягонай. Ты зьменіш увесь ложак ягоны ў хваробе ягонай.

5 Я сказаў: Госпадзе! зьлітуйся зь мяне, вылечы душу маю; бо зграшыў я прад Табою.

6 Ворагі мае пра мяне кажуць благое: «Калі ён памрэ, і загіне імя ягонае?»

7 І калі хто прыходзіць пабачыць мяне, кажа няпраўду; сэрца ягонае складае ў сабе няпраўду, і ён, выйшаўшы, гаворыць пра тое.

8 Усе ненавідзяць мяне, шэпчуцца паміж сабою супроць мяне, благое супроць мяне намышляюць:

9 «слова Веліяла прыйшло на яго; ён лёг; і болей ня ўстане».

10 Нават чалавек мірны са мною, на якога я спадзяваўся, які еў мой хлеб, падняў на мяне нагу.

11 А Ты, Госпадзе, зьлітуйся зь мяне і мяне падымі, і я ім заплачу.

12 З таго даведаюся, што Ты любіш мяне, калі вораг мой не апануе мяне,

13 а мяне захаваеш у цэласьці маёй і паставіш прад абліччам Тваім навечна.

14 Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, адвечна й навечна! Амін, амін!

Псальма 41

Жальба і суцяшэньне пабожнага

Кіроўцу хору. Вучэньне. Сыноў Карэевых.

2 Як сарна імкнецца да водных патокаў, так душа мая імкнецца да Цябе, Божа!

3 Душа мая прагне Бога моцнага і жывога: калі я прыйду і зьяўлюся прад аблічча Божае!

4 Сьлёзы мае былі мне хлебам удзень і ўначы, калі мне казалі штодзень: дзе твой Бог?

5 Калі ўспамінаю пра гэта, душу маю выліваю, бо хадзіў я з мноствам людзей; уступаў зь імі ў храм Божы з голасам радасьці і падзякі натоўпу сьвяточнага.

6 Чаго ты падупадаеш, душа мая, чаго непакоішся? Май надзею на Бога; бо я буду славіць Яго, Збаўцу майго і Бога майго.

7 Падупадае ўва мне душа мая, бо я пра Цябе ўспамінаю зь зямлі Ярданскай, зь Ярмона, з гары Цаар.

8 Бездань прорву заклікае голасам вадаспадаў Тваіх; усе воды Твае і хвалі Твае прайшлі нада мною.

9 Удзень удзяляе Гасподзь Свае ласкі і ўночы Яму мая песьня, малітва да Бога жыцьця майго.

10 Скажу Богу, заступніку майму: навошта забыў Ты мяне? Навошта хаджу я і бядую ад варожых зьнявагаў?

11 Быццам косьці ламаюць мае, збыткуюць зь мяне мае супастаты, калі кажуць мне кожнага дня: дзе твой Бог?

12 Чаго ж ты журышся, душа мая, чаго ты маркоцішся? май надзею на Бога; бо я буду славіць Яго, Збаўцу майго і Бога майго.

Псальма 42

Малітва пра абарону

1 Разваж мяне, Божа, і ўбарані маю цяжбіну ад нядобрых людзей. Ад чалавека падступнага і несправядлівага мяне вызвалі.

2 Бо Ты Бог цьвярдыні маёй. Нашто Ты пакінуў мяне? Навошта хаджу я і бядую ад варожых зьнявагаў?

3 Спашлі Тваю праўду, Тваё сьвятло; хай вядуць яны мяне і завядуць на сьвятую гару Тваю і ў селішчы Твае.

4 І падыду да ахвярніка Божага, да Бога радасьці і ўцехі маёй, і на арфе праслаўлю Цябе, Божа, Божа мой!

5 Чаго ж ты журышся, душа мая, чаго ты маркоцішся? Май надзею на Бога; бо я буду славіць Яго, Збаўцу майго, і Бога майго.

Псальма 43

Малітва за перамогу з Богам

Кіроўцу хору. Вучэньне. Сыноў Карэевых.

2 Божа, мы чулі на вушы свае, бацькі нашыя нам апавядалі пра дзею, якую ўчыніў Ты ў іхнія дні, у дні пракаветныя.

3 Ты рукою Тваёю панішчыў народы, а іх насадзіў; расьсеяў плямёны і выгнаў іх;

4 бо ня мечам сваім яны зямлю набылі, і ня іхняя мышца іх выратавала, а Твая правіца і мышца Твая і сьвятло аблічча Твайго; бо дабраволіў ім.

5 Божа, Цару мой! Ты — той самы; даруй ратунак Якаву.

6 З табою паборам рагамі супраціўнікаў нашых; у імя Тваё патопчам нагамі і тых, што паўсталі на нас;

7 бо не на лук мой спадзяюся, і ня меч мой уратуе мяне;

8 а Ты ўратуеш нас ад ворагаў нашых, і пасароміш ненавісьнікаў нашых.

9 Хваліцьмемся Богам штодня, і імя Тваё будзем славіць вечна.

10 Ад сёньня Ты адкінуў нас і пасароміў, і ня выходзіш з войскам нашым,

11 змусіў нас уцякаць ад ворага, і ненавісьнікі нашы рабуюць нас;

12 Ты аддаў нас, як авечак, на поед, і расьсеяў нас між народамі;

13 бяз выгоды прадаў Ты народ Твой, і не падвысіў яму цаны;

14 аддаў нас на зьдзекі суседзям, на глум і зьнявагу наўкольным;

15 Ты зрабіў нас пагудкаю паміж народамі, і галавою хітаюць народы з нас.

16 Кожны дзень зьнявага мая перада мною, і сорам на твары маім

17 ад голасу паклёпнікаў і зьняважнікаў, ад позіркаў ворага і помсьніка:

18 усё гэта найшло на нас; але мы не забылі Цябе і запавету Твайго не парушылі.

19 Не адступілася сэрца наша, і ня ўхіліліся нашыя ногі ад дарогі Тваёй,

20 калі скрышыў Ты нас у зямлі шакалаў і акрыў нас ценем сьмяротным.

21 Калі б мы забыліся імя Бога нашага і працягнулі рукі нашы да Бога чужога,

22 дык ці не спагнаў бы за гэта Бог? Бо Ён ведае таямніцы сэрца.

23 Але за Цябе забіваюць нас кожнага дня, прымаюць нас за авечак ахвярных…

24 Паўстань, чаго сьпіш, Госпадзе! прачніся, не адкінь назаўсёды.

25 Навошта хаваеш аблічча Тваё, забываеш пра скруху нашу і пра нашыя ўціскі?

26 бо душа наша зьніжаная да пылу, і да зямлі наша цела прыпала.

27 Паўстань жа на дапамогу нам, і дзеля ласкі Тваёй выратуй нас.

Псальма 44

Цароў шлюб

Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошан. Вучэньне. Сыноў Карэевых. Песьня каханьня.

2 Маё сэрца вылілася добрым словам; я кажу: песьня мая пра Цара; язык мой — пяро хуткага пісьма.

3 Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; мілата з Тваіх вуснаў вылілася; таму дабраславіў Цябе Бог навечна.

4 Аперажыся мечам па паясьніцы Тваёй, Магутны, славаю Тваёю і хараством Тваім,

5 і ў гэтым уборы Тваім пасьпяшайся, сядзь на калясьніцу дзеля праўды і лагоды і справядлівасьці, і правіца Твая пакажа Табе дзівосныя дзеі.

6 Вострыя стрэлы Твае — народы ўпадуць прад Табою, — яны — у сэрцы ворагаў Царовых.

7 Трон Твой, Божа, навечна; жазло праўды — жазло царства Твайго.

8 Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў бяспраўе, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш, чым саўдзельцаў Тваіх.

9 Усё адзеньне Тваё — як сьмірна і альяс і касія; з харомаў слановай косьці Цябе зьвесяляюць.

10 Дочкі царскія ў Цябе сярод ганаровых; стала царыца праваруч Цябе ў Афірскім золаце.

11 Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі тваё вуха, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго.

12 І запрагне Цар прыгажосьці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты пакланіся Яму.

13 І дачка Тырская прыйдзе з дарункамі, і будуць прасіць цябе найбагацейшыя людзі.

14 Уся слава Царовай дачкі ўсярэдзіне; адзежа яе шытая золатам;

15 ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Цара; за ёю вядуць да Цябе дзяўчат, сябровак яе.

16 Прыводзяць іх з радасьцю і пацяшэньнем, уваходзяць у харомы Царовыя.

17 Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; Ты паставіш іх валадарамі на ўсёй зямлі.

18 Зраблю імя Тваё памятным ва ўсіх пакаленьнях; таму народы будуць славіць Цябе векавечна.

Псальма 45

Бог нам прыстанішча і сіла

Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. На музычным інструмэньце Аламот. Песьня.

2 Бог нам прыстанішча і сіла, хуткі памочнік у нягодах.

3 Таму не ўбаімся, хоць бы зямля здрыганулася і горы рушыліся б у сэрцы мораў.

4 Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хваляваньня іх. <Сэла>

5 Рачныя патокі весяляць горад Божы, сьвятое жытло Ўсявышняга.

6 Бог сярод яго; ён не пахісьнецца: Бог дапаможа яму з самае раніцы.

7 Зашумелі народы; пахіснуліся царствы: а Ён голас падаў Свой, і растала зямля.

8 Гасподзь сілы з намі, Бог Якава заступнік наш. <Сэла>

9 Прыйдзеце і пабачце дзеі Гасподнія, — якія ўчыніў Ён на зямлі спусташэньні:

10 спыняючы войны да краю зямлі, зламаў лук і струшчыў дзіду, калясьніцы спаліў вагнём.

11 Спынецеся і ўведайце, што Я — Бог: буду праслаўлены сярод народаў, праслаўлены на зямлі.

12 Гасподзь сілы з намі, заступнік наш Бог Якава.

Псальма 46

Бог — Цар усёй зямлі

Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых Псальма.

2 Пляскайце ў далоні, усе народы, клікніце Богу голасам радасьці;

3 бо Гасподзь Усявышні грозны, — вялікі Цар над усёю зямлёю;

4 скарыў нам народы і плямёны пад ногі нашыя;

5 выбраў нам спадчыну нашу, красу Якава, якога палюбіў. <Сэла>

6 Узышоў Бог пад воклічы, Гасподзь пад гукі трубныя.

7 Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце; сьпявайце цару нашаму, сьпявайце;

8 бо Бог — Цар усёй зямлі; сьпявайце ўсе разумна.

9 Бог зацараваў над народамі, Бог сеў на сьвятым троне Сваім;

10 сабраліся валадары народаў да народу Бога Абрагамавага; бо шчыты зямлі — Божыя; Ён узьнесены над намі.

Псальма 47

Песьня Сіёна

Песьня. Псальма сыноў Карэевых.

2 Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі ў горадзе Бога нашага, на сьвятой гары Ягонай.

3 Прыгожае ўзвышша, радасьць усёй зямлі гара Сіён; на паўночным схіле яе горад вялікага Цара.

4 Бог у харомах ягоных вядомы як цьвярдыня:

5 бо вось, сышліся цары і прайшлі ўсе міма;

6 убачылі і дзіву даліся, спалохаліся і паўцякалі:

7 агарнуў іх там страх і пакута, быццам боль парадзіху;

8 усходнім ветрам разьбіў Ты Тарсіскія караблі.

9 Як мы чулі, так і ўбачылі ў горадзе Госпада сілы, у горадзе Бога нашага; Бог уцьвердзіць яго навечна. <Сэла>

10 Разважалі мы, Божа, пра добрасьць Тваю пасярод храма Твайго.

11 Як імя Тваё, Божа, так і слава Твая да краю зямлі; правіца Твая поўная праўды.

12 Хай весяліцца гара Сіён, хай радуюцца дочкі юдэйскія дзеля судоў Тваіх, Госпадзе.

13 Атачэце Сіён, і абступеце яго; палічэце ягоныя вежы;

14 Зьвярнеце сэрца ваша на ўмацаваньні ягоныя; разгледзьце будынкі ягоныя, каб расказаць пакаленьню наступнаму,

15 бо гэты Бог ёсьць Бог наш на векі вечныя; Ён будзе павадыром нам да самае сьмерці.

Псальма 48

Казань пра неразумнасьць надзеі на багацьце

Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.

2 Слухайце гэта, усе народы; уважайце гэтаму ўсе, хто жыве на сьвеце,

3 і простыя, і знакамітыя, багаты, гэтак сама і бедны;

4 вусны мае вымавяць мудрасьць, а развагі сэрца майго — веданьне.

5 Нахілю вуха маё да прыпавесьці; адкрыю загадку маю на арфе:

6 «чаго мне баяцца ў дні бедства, калі абчэпіць мяне злосьць шляхоў маіх беззаконных»,

7 якія надзею кладуць на багацьце і сваімі дастаткамі хваляцца?

8 Чалавек ня выкупіць брата свайго ніяк і за яго ня дасьць выкупу Богу;

9 бо выкуп за душы іхнія дарагі, і ня будзе таго вавек,

10 каб застаўся хто жыць назаўсёды і ня ўбачыў магілы.

11 Кожны бачыць, што і мудрыя паміраюць, як і невукі і бязглуздыя гінуць, пакідаюць маёмасьць сваю іншым.

12 У думках у іх, што хаты іхнія вечныя, і што харомы іхнія з роду да роду, і землі свае яны называюць сваімі імёнамі.

13 Ды не застанецца ў пашане чалавек, падобна жывёле, якая гіне.

14 Такая дарога іхняя ёсьць іхняя неразумнасьць, хоць за імі ідуць тыя, што думку іхнюю ўхваляюць. <Сэла>

15 Як авечак, у апраметную іх зьвядуць: сьмерць будзе іх пасьвіць, а раніцай праведнікі запануюць над імі; сіла іхняя вычарпаецца; магіла — жытлішча іхняе.

16 Але вызваліць Бог душу маю ад улады сьмяротнага краю, калі прыме мяне. <Сэла>

17 Ня бойся, калі чалавек багацее, калі слава дома ягонага множыцца:

18 бо, памерлы, нічога з сабою ня возьме; ня пойдзе за ім слава ягоная,

19 хоць пры жыцьці ён душы сваёй патураў, і ўслаўляюць цябе, калі ты сабе робіш дабро,

20 але ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, якія ніколі ня ўбачаць сьвятла.

21 Чалавек у пашане, але неразумны, падобны да жывёлы, якая гіне.

Псальма 49

Суд Божы. Шчырая і фальшывая пабожнасьць

Псальма Асафава.

Бог над багамі, Гасподзь, прамовіў, і заклікае зямлю, ад усходу сонца да захаду.

2 Зь Сіёна, які ёсьць карона красы, зьяўляецца Бог,

3 ідзе Бог наш — і не маўчыць: перад ім вагонь пажыральны, а вакол Яго моцная бура.

4 Ён заклікае нябёсы згары, і зямлю — народ Свой судзіць:

5 «зьбярэце Мне пабожных Маіх, што пры ахвяры склалі са мной запавет».

6 І абвесьцяць нябёсы праўду Ягоную; бо судзьдзя гэты — Бог.

7 Слухай, народзе Мой, буду Я прамаўляць, Ізраіле! буду Я сьведчыць супроць цябе: Я — Бог, твой Бог.

8 Не за ахвяры твае Я дакарацьму цябе; цэласпаленьні твае заўжды прада Мною,

9 не вазьму цяляці з дома твайго, ні казлоў з кашараў тваіх;

10 бо Мае ўсе зьвяры ў лесе, і быдла на тысячы гор,

11 ведаю ўсё птаства ў гарах і зьвер польны прада Мною.

12 Калі б Я быў галодны, дык не сказаў бы табе; бо Мой сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.

13 Ці ем Я валовае мяса, і ці п’ю Я казьліную кроў?

14 Прынясі Богу ў ахвяру падзяку, і выконвай твае абяцаньні Ўсявышняму,

15 і пакліч Мяне ў дзень смутку; Я ўратую цябе, і ты ўславіш Мяне.

16 А грэшніку кажа Бог: чаго прапаведуеш ты ўстанаўленьні Мае і бярэш Мой запавет у вусны твае,

17 а сам ненавідзіш Маё настаўленьне, і словы Мае за сябе адкідаеш?

18 Калі бачыш ты злодзея, лагодзішся зь ім, і зь пералюбцамі стасункуешся,

19 вусны твае пускаеш на слова ліхое і язык твой хітрыну пляце;

20 сядзіш і на брата твайго намаўляеш, на сына маці тваёй паклёпы пускаеш;

21 ты гэта рабіў, і Я маўчаў; ты падумаў, што Я такі самы, як ты. Выкрыю цябе, і пакажу вачам тваім грахі твае.

22 Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога, каб Я не забраў вас, бо ня будзе каму ратаваць.

23 Хто ў ахвяру падзяку прыносіць, той шануе Мяне, і хто на дарогі свае зважае, таму пакажу Я Божы ратунак!

Псальма 50

Пакайная псальма

Кіроўцу хору. Псальма Давідава,

2 калі да яго прыходзіў прарок Натан пасьля таго, як Давід увайшоў да Вірсавіі.

3 Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае!

4 Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне:

5 бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною.

6 Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім.

7 Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне.

8 Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць.

9 Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся.

10 Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя.

11 Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае.

12 Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне.

13 Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне.

14 Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай.

15 Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца.

16 Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю.

17 Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе:

18 бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца.

19 Ахвяра Богу — дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае.

20 Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія.

21 Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.

Псальма 51

Доля грэшніка

Кіроўцу хору. Вучэньне Давідава.

2 пасьля таго, як прыходзіў Доік Ідумэянін, і данёс Саўлу, і сказаў яму, што Давід прыйшоў у дом Ахімэлэхаў.

3 Чаго хвалішся злачынствам, магутны? Ласка Божая заўжды са мною;

4 твой язык наклікае пагібель; як брытва навостраная ён у цябе, падступнік!

5 Ты болей любіш зло, чым дабро, а няпраўду болей за праўду казаць; <Сэла>

6 ты любіш усякія шкадлівыя словы, язык аблудны.

7 За гэта Бог зруйнуе цябе дарэшты, выкіне цябе і вырве цябе зь сялібы тваёй і корань твой зь зямлі жывых. <Сэла>

8 Убачаць праведнікі і напалохаюцца; пасьмяюцца зь іх і скажуць:

9 вось чалавек, які ня ў Богу закладваў цьвярдыню сваю, а спадзяваўся на мностьва багацьця свайго, мацаваўся ў злачынстве сваім.

10 А я, як аліва зялёная, у доме Божым; і надзею кладу на міласьць Божую на векі вечныя,

11 вечна буду славіць Цябе за тое, што Ты ўчыніў, і на Тваё спадзявацца імя, бо яно добрае перад сьвятымі Тваімі.

Псальма 52

Неразумнасьць і бязбожнасьць людзей

Кіроўцу хору. На духавым інструмэньце. Навучальная псальма Давідава.

2 Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога. Разбэсьціліся яны, і ўчынілі гнюсныя злачынствы; няма дабрачынца.

3 Бог зь нябёсаў паглядзеў на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць той, хто разумее, шукае Бога.

4 Усе ўхіліліся, зрабіліся аднолькава непатрэбнымі; ніхто ня робіць дабра, ніхто аніводзін.

5 Няўжо ня ўрымсьцяцца беззаконьнікі, якія народ мой ядуць, быццам хлеб ядуць, і не заклікаюць Бога?

6 Там страхам яны напалохаюцца, дзе страху няма, бо рассыпле Бог косткі таго, хто супраць Цябе ўзбурыўся, Ты іх пасароміш, бо іх Бог заняхаіў.

7 Хто дасьць з Сіёна ратунак Ізраілю? Калі Бог скасуе палон народу Свайго, тады зарадуецца Якаў і ўзьвесяліцца Ізраіль.

Псальма 53

Малітва пакутніка

Кіроўцу хору. На струнных. Вучэньне Давідава,

2 калі прыйшлі Зіфэі і сказалі Саўлу: «ці ня ў вас хаваецца Давід?»

3 Божа! імем Тваім уратуй мяне, і сілаю Тваёю судзі мяне.

4 Божа! пачуй малітву маю; уваж словам вуснаў маіх,

5 бо на мяне чужыя паўсталі, і дужыя шукаюць душы мае; яны ня маюць Бога перад сабою. <Сэла>

6 Вось, Бог мой памочнік; Гасподзь мацуе душу маю.

7 Ён за зло ворагаў маіх пакарае; ісьцінай Тваёю зьнішчыць іх.

8 Я рупліва ахвяру Табе прынясу, праслаўлю імя Тваё, Госпадзе, бо яно добрае,

9 бо Ты выбавіў мяне ад усіх нягодаў, і на воргаў глядзела вока маё.

Псальма 54

Малітва ў страху і трымценьні

Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Вучэньне Давідава.

2 Пачуй, Божа, малітву маю, і ад маленьня майго не хавайся;

3 уваж мне і пачуй мяне; я стагну ў гароце маёй і бянтэжуся

4 ад крыку варожага, ад уціску бязбожнага; бо яны мне накідаюць беззаконьне і ў гневе супроць мяне варагуюць.

5 Сэрца маё трапеча ўва мне і сьмяротныя страхі мяне ахапілі;

6 страх і жудасьць мяне агарнулі, і вусьцішна мне.

7 І сказаў я: «Хто даў бы мне крылы, як у голуба? Я паляцеў бы і супакоіўся;

8 далёка заляцеў бы, і ў пустыні застаўся б; <Сэла>

9 пасьпяшаўся б схавацца ад буры й віхуры».

10 Разладзь, Госпадзе, і падзялі языкі іхнія, бо я гвалт і нязгоду ў горадзе бачу;

11 удзень і ўначы яны ходзяць навокал па ягоных мурах; зладзействы і бедствы ў ім;

12 сярод яго згуба; ашука і подступ ня сыходзяць з вуліц ягоных:

13 бо ня вораг мяне кляне, — гэта я ператрываў бы; не ненавісьнік мой узьвялічваецца нада мною — ад яго я схаваўся б;

14 а ты, хто быў мне тым, што і сам я сабе, сябар мой і паплечнік мой,

15 з кім мы шчырыя гутаркі мелі і разам хадзілі ў дом Божы.

16 Хай іх сьмерць ня міне; хай сыдуць яны жывыя ў пекла; бо злачынства ў сялібах іхніх, у іхнім сэрцы,

17 я ж паклічу Бога, і Гасподзь мяне выратуе.

18 Увечары і раніцай і апоўдні я буду маліць і прасіць, і Ён пачуе мой голас;

19 выбавіць душу маю ў спакоі ад тых, хто на мяне паўстае; бо іх многа ў мяне;

20 Бог выслухае, і суцешыць іх Той, Хто адвеку сядзіць на троне, <Сэла> бо няма ў іх перамены, і Бога яны не баяцца;

21 рукі свае паднялі на тых, якія зь імі ў міры, парушылі згоду сваю;

22 вусны ў іх гладкія, нібы масла, а ў сэрцы варожасьць у іх; словы іхнія лагаднейшыя за алей, а самі яны — мячы аголеныя.

23 Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца.

24 Ты, Божа, зьвядзеш іх у яму пагібельную; крыважэрныя і падступныя не пражывуць палавіны дзён сваіх. А на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.

Псальма 55

Малітва за збавеньне

Кіроўцу хору. Пра галубіцу маўклівую ў пустках далёкіх. Залатая псальма Давіда, калі Філістымляне схапілі яго былі ў Гэце.

2 Зьлітуйся, Божа, зь мяне. Бо чалавек хоча мяне праглынуць; кожнага дня на мяне нападаючы, уціскае мяне.

3 Цэлы дзень ворагі віжуюць за мною заўзята, многа іх паўстае на мяне, Усявышні!

4 Калі страх агартае мяне, я надзею кладу на Цябе.

5 У Богу я ўслаўлю слова Ягонае; на Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне цела?

6 Кожнага дня пераварочваюць словы мае; усе іхнія намыслы супраць мяне — на ліхое:

7 зьбіраюцца, тояцца, сьлед мой высочваюць, каб улавіць душу маю.

8 Няўжо яны ўнікнуць адплаты за няпраўду сваю? У гневе адкінь, Божа, народы.

9 Палічыў Ты туляньні мае; пакладзі мае сьлёзы ў сасуд прад Табою, — ці ня ў кнізе яны Тваёй?

10 Ворагі мае ўцякаюць назад, калі я клічу Цябе; з гэтага я і даведваюся, што Бог за мяне.

11 У Богу я ўслаўлю слова Ягонае, у Госпадзе ўслаўлю слова Ягонае.

12 На Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне чалавек?

13 На мне, Божа, прысягі Табе; Табе аддам ахвяры хвалы,

14 бо Ты збавіў душу маю ад сьмерці, і ногі мае ад спатыканьня, каб хадзіў я прад абліччам Божым у сьвятле жывых.

Псальма 56

Збавеньне Давіда ад Саўла

Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі ён уцёк ад Саўла ў пячору.

2 Зьлітуйся, Божа, зь мяне, зьлітуйся; бо на Цябе спадзяецца душа мая, і ў цяні крылаў Тваіх я схаваюся, пакуль ня мінуцца нягоды.

3 Паклічу Бога Ўсявышняга, Бога, Які мне чыніць дабро;

4 Ён зь нябёсаў пашле, і ўратуе мяне; <Сэла> пасароміць таго, хто спрабуе мяне праглынуць, пашле Бог Сваю літасьць і праўду Сваю.

5 Душа мая сярод ільвоў; я ляжу сярод тых, што дыхаюць полымем, сярод сыноў чалавечых, чые зубы — як дзіды і стрэлы, чый язык — востры меч.

6 Будзь услаўлены вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая!

7 На ногі мае ўгатавалі сетку: душа мая панікла; выкапалі перада мною яму, і самі ўпалі ў яе. <Сэла>

8 Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё: буду сьпяваць і славіць.

9 Паўстань, слава мая, паўстань, псалтыр і арфа! Я ўстану рана.

10 Славіць буду Цябе, Госпадзе, сярод народаў; славіць буду Цябе сярод плямёнаў,

11 бо да нябёсаў вялікая ласка Твая і ў пазахмар’і праўда Твая.

12 Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая.

Псальма 57

Пакараньне бязбожных

Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давідава.

2 Няўжо-такі праўду вы кажаце, судзьдзі, няўжо справядліва судзіце, сыны чалавечыя?

3 Пакідаеце крыўды на сэрцы, кладзяце на вагі злачынствы рук вашых на зямлі.

4 З нараджэньня свайго адступіліся вы, бязбожныя; ад улоньня маці сваёй заблудзіліся, кажучы ману.

5 Яд у іх — нібыта яд зьмяіны, як атрута гадзюкі глухое, што вушы свае затуляе

6 і ня чуе голасу заклінача, самага спраўнага ў заклёнах.

7 Божа! скрышы ім зубы ў іхніх вуснах; разьбі, Госпадзе, сківіцы львам!

8 Няхай зьнікнуць, як вада цякучая; калі напнуць стрэлы, хай яны паламаюцца.

9 Няхай счэзнуць, як сьлімак, які ў сьлізі сваёй распускаецца; няхай сонца ня бачаць, як скідзень у жанчыны.

10 Пакуль гаршкі вашы пачуюць распалены цёрн, — няхай вецер яго разьнясе, ці сьвежае, а ці спаленае!

11 А праведны ўсьцешыцца; помсту пабачыўшы, у крыві бязбожнага ступакі ён абмые!

12 І скажа чалавек: «Сапраўды ёсьць плод справядліваму! Сапраўды ёсьць Бог — судзьдзя на зямлі!»

Псальма 58

Давідава за збавеньне ад Саўла

Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом ягоны, каб забіць яго.

2 Вызваль мяне ад маіх ворагаў, Божа мой! абарані мяне ад тых, што на мяне паўстаюць.

3 вызваль мяне ад злачынцаў; уратуй ад крыважэрных,

4 бо вось, яны цікуюць за душою маёю; на мяне зьбіраюцца дужыя, не за правіну маю і не за грэх мой, Госпадзе;

5 бязь віны маёй зьбягаюцца і зброю рыхтуюць; паўстань мне на дапамогу, і паглядзі.

6 Ты, Госпадзе, Божа сілы, Божа Ізраілеў, паўстань, каб наведаць усе народы, не шкадуй нікога зь бязбожных беззаконьнікаў: <Сэла>

7 увечары вяртаюцца яны, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць:

8 вось, яны вырыгаюць нагану сваім языком; у іхніх вуснах — мечы: «бо», думаюць, «хто чуе?».

9 Але Ты, Госпадзе, зь іх пасьмяешся; Ты пасароміш усе народы.

10 Сіла — у іх, але я да Цябе іду, бо Бог — мой заступнік.

11 Бог мой, Які любіць мяне, папярэдзіць мяне; Бог дасьць мне глядзець на ворагаў маіх.

12 Не забівай іх, каб не забыўся народ мой; разьвей іх сілаю Тваёю, і скінь іх, Госпадзе, наш абаронца.

13 Слова іхняга языка ёсьць грэх іхніх вуснаў; няхай пыхай сваёю яны зловяцца, за прысягу і за ману, якую яны вымаўляюць.

14 У гневе іх зьнішчы, зьнішчы, каб прапалі яны; і хай ведаюць, што Бог валадарыць над Якавам аж да краю зямлі.

15 Хай вяртаюцца ўвечары, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць;

16 хай бадзяюцца, ежу шукаюць, і ў нянасыці ночы праводзяць.

17 А я буду славіць сілу Тваю і з самае раніцы ласку Тваю абвяшчаць; бо Ты быў аслонаю мне і сховам у дзень майго бедства.

18 Сіла мая! Цябе буду я апяваць; бо Бог — мой заступнік, Бог мой, Які любіць мяне.

Псальма 59

Малітва за збавеньне Ізраіля

Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шушан-Эдут. Залатая псальма Давідава для навучаньня,

2 калі ён ваяваў зь Сірыяй Месапатамскай і зь Сірыяй Цаванскай, і калі Ёаў, вяртаючыся, перамог дванаццаць тысяч Ідумэяў у даліне Салянай.

3 Божа! Ты нас адкінуў, Ты паглуміў нас, угневаўся Ты; вярніся да нас,

4 Ты зямлю скалануў, разьбіў яе: загаі разломы яе, бо яна хістаецца.

5 Ты даў народу Твайму зьведаць жорсткае, напаіў нас віном зьдзіўленьня.

6 Дай сьцяг тым, хто баіцца Цябе, каб яны паднялі яго дзеля ісьціны, <Сэла>

7 каб вызваліліся аблюбенцы Твае; уратуй правіцай Тваёю, і пачуй мяне.

8 Бог сказаў у сьвятыні Сваёй: «перамагу, — падзялю Я Сіхем, і даліну Сукот абмераю;

9 Мой Галаад, Мой Манасія, Яфрэм крэпасьць Маёй галавы, Юда скіпетр Мой,

10 Мааў умывальная шаля Мая; на Эдом абуткам кіну Маім». Кліч мяне, зямля Філістымская!

11 Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто давядзе мяне да Эдома?

12 Ці ня Ты, Божа, Які нас адкінуў, і ня выходзіш, Божа, з войскам нашым?

13 Дай дапамогу нам ва ўціску, бо дапамога людзкая — марнота.

14 З Богам мы выявім сілу; Ён скіне ворагаў нашых.

Псальма 60

Малітва прыгнечанага цара

Кіроўцу хору. На струнным інструмэньце. Псальма Давідава.

2 Пачуй, Божа, мой лямант, уваж малітве маёй,

3 ад краю зямлі заклікаю Цябе ў заняпаласьці сэрца майго; узьвядзі мяне на скалу, недасягальную мне,

4 бо Ты апора мая, Ты моцная абарона ад ворага.

5 Хай жыцьму я вечна ў сялібе Тваёй, і ўпакоюся пад покрывам крылаў Тваіх,

6 бо Ты, Божа, пачуў абяцаньні мае і даў мне спадчыну тых, хто баіцца Твайго імя.

7 Памнож цару дні на дні, гады падоўжы яму — з роду ў род,

8 няхай жыцьме ён прад Богам вечна; накажы мілажалю і праўдзе ахоўваць яго.

9 І я сьпяваць буду імю Твайму вечна, абяцаньні мае выконваць дзень у дзень.

Псальма 61

Поўная надзея

Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Давідава.

2 Толькі ў Богу душа мая суцяшаецца; ад Яго выратаваньне маё.

3 Толькі Ён — цьвярдыня мая, ратунак мой, сховы мае: не пахіснуся болей.

4 Дакуль будзеце налягаць на чалавека? Абвалены будзеце вы, усе вы, як сьцяна нахіленая, як плот расхістаны.

5 Яны скінуць яго з вышыні намысьлілі, ашукаю скарысталіся; вуснамі дабраслаўляюць, а ў сэрцы сваім клянуць. <Сэла>

6 Толькі ў Богу, душа мая, супакойвайся! бо на Яго ўся надзея мая.

7 Толькі Ён — цьвярдыня мая і ратунак мой, сховы мае: не пахіснуся.

8 У Богу выратаваньне маё і слава мая; скала сілы маёй і надзея мая ў Богу.

9 Народзе! на Яго спадзявайся ўвесь час; сэрца маё прад Ім вылівайце: Бог — нам прыстанішча.

10 Сыны чалавечыя — марнасьць адна; сыны мужоў — ашуканства; калі іх пакласьці на вагі, усе яны разам лягчэйшыя за пустату.

11 Не спадзявайцеся на рабункі, і не выхваляйцеся крадзяжом; калі багацьце множыцца, ня хілецеся да яго сэрцам.

12 Аднойчы сказаў Бог, і двойчы я гэта пачуў, што сіла — у Богу,

13 і ў Цябе, Госпадзе, міласьць, бо Ты плаціш кожнаму паводле ўчынкаў ягоных.

Псальма 62

Прага быць з Богам

Псальма Давідава, калі ён быў у пустыні Юдэйскай.

2 Божа! Ты Бог мой, Цябе я шукаю ад золку; Цябе прагне душа мая, па Табе маё цела тужыць у зямлі пустой, высахлай і бязводнай,

3 каб бачыць сілу Тваю і славу Тваю, як бачыў Цябе ў сьвятыні:

4 бо ласка Твая лепшая за жыцьцё. Уславяць вусны мае Цябе.

5 Так дабраслаўлю Цябе ў жыцьці маім; у імя Тваё рукі мае падыму.

6 Як лоем і алеем душа мая насычаецца, і радасным голасам вусны мае Цябе славяць,

7 калі ўспамінаю Цябе я на ложку маім, думаю пра Цябе ў часіну начную,

8 бо Ты дапамога мая, і ў цяні крылаў Тваіх я парадуюся;

9 Душа мая да Цябе прыляпілася; правіца Твая трымае мяне.

10 А тыя, што шукаюць пагібелі душы маёй, сыдуць у апраметную зямлі;

11 паб’юць іх сілаю меча; стануць здабычаю лісаў;

12 а цар усьцешыцца ў Богу, будзе ўслаўлены кожны, хто Яму прысягае, бо замкнуцца вусны ў тых, што гавораць няпраўду.

Псальма 63

Малітва за дапамогу Божую супроць тайных ворагаў

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Пачуй, Божа, голас мой у малітве маёй; ад страху ворага душу маю аслані.

3 Ахавай мяне ад намыслаў падступных, ад бунту злыдняў,

4 якія язык свой навастрылі, як меч; напнулі лук свой — слова зьедлівае,

5 каб употай страляць у беззаганнага; яны зьнянацку страляюць па ім, і не баяцца.

6 Яны ўмацавалі сябе ў намеры ў ліхім; змовіліся таемна сеткі паставіць; казалі: хто іх убачыць?

7 Яны крыўды шукаюць, віжуюць і сочаць і падкопваюцца да нутра чалавечага і да глыбіняў сэрца.

8 Але Бог паб]е іх стралою: зьнянацку будуць яны пацэлены.

9 Языком сваім яны заб’юць самі сябе; усе, хто іх бачыць, адыдуць ад іх.

10 І збаяцца ўсе людзі, і абвесьцяць дзею Божую, і зразумеюць, што гэта дзея Яго.

11 А праведны ўзьвесяліцца ў Богу і на Яго спадзявацца будзе; і пахвалены будуць усе справядлівыя сэрцам!

Псальма 64

Сіла і даброць Божая

Кіроўцу хору. Псальма Давідава для сьпяваньня.

2 Табе, Божа, належыць хвала на Сіёне, і Табе будзе дадзена абяцаньне ў Ерусаліме.

3 Ты чуеш малітву; да Цябе ўсё жывое прыходзіць.

4 Учынкі грахоўных адольваюць мяне. Ты ачысьціш злачынствы нашыя.

5 Дабрашчасны, каго Ты абраў і наблізіў, каб ён жыў у сялібах Тваіх. Насыцімся дабром дома Твайго, сьвятога храма Твайго.

6 Страшны ў правасудзьдзі, пачуй нас, Божа, Ратаўнік наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і ўсіх, хто далёка ў моры,

7 Ты, Хто горы паставіў сілаю Сваёю, магутнасьцю аперазаны,

8 Хто таймуе гул мораў, плёскат іхніх хваляў, і бунт народаў!

9 І забаяцца азнакаў Тваіх жыхары ўсіх канцоў зямлі. І ранак і вечар абудзіш на славу Тваю.

10 Ты наведваеш сушу і спатольваеш смагу яе, шчодра яе ўзбагачаеш: паток Божы поўны вады; Ты яе збожжа гатуеш, бо так яе зладзіў;

11 Ты поіш барозны яе, раўняеш камлыгі яе, пульхніш яе кроплямі дажджу, дабраслаўляеш расьліннасьць яе;

12 вянчаеш лета даброці Тваёй, і сьцежкі Твае кроплямі тлушчу цякуць;

13 цякуць на пустэльныя пашы, і пагоркі радасьцю апяразваюцца,

14 лугі апранаюцца ў статкі, і даліны ўкрываюцца збажыною, гукаюць яны і сьпяваюць.

Псальма 65

Песьня падзякі

Кіроўцу хору. Песьня

1 Клікніце Богу, уся зямля.

2 Сьпявайце славу імю Ягонаму; гонар славе Ягонай, хвала Яму.

3 Скажэце Богу: грозны Ты ў дзеях Тваіх! У вялікай сіле Тваёй упакорацца Табе ворагі Твае.

4 Хай паклоніцца Табе ўся зямля і сьпявае Табе, хай сьпявае імю Твайму, Усявышні! <Сэла>

5 Прыйдзеце і гляньце на дзеі Бога, грознага ў дзеях супроць сыноў чалавечых.

6 Ён мора ў сушу ператварыў: раку перайшлі нагамі; там радасьць была нам у Ім.

7 Магутнасьцю Сваёю ўладарыць Ён вечна; вочы Ягоныя глядзяць на народы, хай ня ўзносяцца бунтаўшчыкі. <Сэла>

8 Дабраславеце, народы, Бога нашага і ўзнясеце славу Яму.

9 Ён жыцьцё захаваў душы нашай, і назе нашай ня даў пахіснуцца.

10 Ты нас выпрабаваў, Божа, ператапіў нас, як топяць срэбра.

11 Ты ўвёў нас у сетку, аковы паклаў нам на сьцёгны нашыя,

12 пасадзіў чалавека на галаву нам. Мы ўвайшлі ў вагонь і ў ваду, і Ты вывеў нас на волю.

13 Увайду ў дом Твой з цэласпаленьнямі, аддам Табе зарукі мае,

14 якія вымавілі вусны мае і сказаў язык мой у скрусе маёй.

15 Цэласпаленьні тлустыя прынясу я Табе, з дымам ахвярным з авечага лою; ахвярую валоў і казлоў. <Сэла>

16 Прыйдзеце, паслухайце ўсе, богабаязныя, і я абвяшчу вам, што стварыў Ён душы маёй.

17 Я паклікаў Яго вуснамі маімі і ўславіў Яго языком маім.

18 Калі б угледзеў я беззаконьне ў сэрцы маім, дык не пачуў бы мяне Гасподзь.

19 Але Бог пачуў, уважыў голасу маленьня майго.

20 Дабраславёны Бог, Які не адкінуў малітвы маёй і не адвярнуў ад мяне ласкі Свае.

Псальма 66

Малітва за ўсе народы

Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Псальма. Песьня.

2 Божа! будзь літасьцівы да нас і дабраславі нас, асьвятлі нас абліччам Сваім, <Сэла>

3 каб мы спазналі на зямлі дарогу Тваю, ва ўсіх народах выратаваньне Тваё.

4 Хай уславяць народы Цябе, Божа; хай уславяць усе народы Цябе.

5 Хай весяляцца і радуюцца плямёны; бо Ты судзіш народы справядліва і кіруеш на зямлі плямёнамі.

6 Хай уславяць народы Цябе, Божа, хай уславяць усе народы Цябе.

7 Зямля дала плод свой: хай дабраславіць нас Бог, Бог наш.

8 Хай дабраславіць нас Бог, і хай збаяцца Яго ўсе межы зямлі.

Псальма 67

Гасподзь — Бог усёй зямлі

Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Песьня.

2 Няхай паўстане Бог — і расьсеюцца ворагі Ягоныя, і хай ад аблічча Ягонага ўцякуць Яго ненавісьнікі!

3 Як дым разьвейваецца, так іх разьвей; як топіцца воск ад вагню, так бязбожнікі прад абліччам Божым хай загінуць!

4 А праведнікі хай узрадуюцца і ўсьцешацца прад Богам, і ўзьвесяляцца ў радасьці.

5 Сьпявайце Богу нашаму, сьпявайце імю Ягонаму, праслаўляйце Таго, Хто па нябёсах ідзе; Гасподзь імя Яму, — і прад абліччам Ягоным радуйцеся.

6 Сіротам Бацька і ўдовам судзьдзя Бог у сьвятой сялібе Сваёй!

7 Бог самотных уводзіць у дом, вызваляе вязьняў з кайданаў; а непакорлівыя застаюцца ў скварнай пустыні.

8 Божа! калі Ты выходзіў перад народам Тваім, калі Ты ішоў па пустыні, <Сэла>

9 зямля скаланалася, нават нябёсы плавіліся, ад аблічча Божага, і гэты Сінай — ад аблічча Бога, Бога Ізраілевага.

10 Шчодры дождж праліваў Ты, Божа, на Тваю спадчыну, і калі яна зьнемагала ад працы, Ты падмацоўваў яе.

11 Народ Твой там жыў; з даброці Тваёй, Божа, ты ўдзяляў беднаму.

12 Гасподзь дасьць слова: зьвястунак вялікае мноства.

13 «Цары войска ўцякаюць, уцякаюць, а тая, што дома сядзіць, дзеліць здабычу.

14 Калі спачываеце вы ў сваіх вотчынах, вы — як галубіца, у якое крылы срэбрам пакрытыя, а пёры чыстым золатам:

15 калі Ўсемагутны расьсеяў цароў на гэтай зямлі, яна забялела, быццам сьнег на Сэлмоне.

16 Гара Божая! — гара Васанская! гара высокая — гара Васанская!

17 Што ж вы зайздросьліва глядзіце, горы высокія, на гару, на якой Бог з добрай волі жыве, і Гасподзь жыцьме вечна!

18 Калясьніц Божых процьма, тысячы тысяч сярод іх; сярод іх Гасподзь на Сінаі, у сьвятыні.

19 Ты ўзышоў на вышыню, запалоніў палон, прыняў дары дзеля людзей, каб і адступнікі жыць маглі ў Госпада Бога.

20 Дабраславёны Бог кожны дзень, Бог ускладае на нас цяжар, але Ён і ратуе нас.

21 Бог нам — Бог на ратаваньне; <Сэла> ва ўладзе Госпада Ўладыкі брама сьмерці.

22 Але Бог патрушчыць голаў ворагам Сваім, валасатае цемя таго, хто ў грахах сваіх закасьцянеў.

23 Гасподзь сказаў: ад Васана вярну, выведу з прадоньня марскога,

24 каб ты апусьціў нагу тваю, як сабакі твае язык свой, у кроў ворагаў.

25 Бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце Бога майго, Цара майго ў сьвятыні:

26 наперадзе йшлі сьпевакі, ззаду ішлі музыкі, пасярэдзіне дзевы з тымпанамі:

27 «Дабраслаўляйце Бога Госпада на сходах, вы — ад семені Ізраілевага!»

28 Там Веньямін малодшы — іхні князь; князі Юдавы — уладыкі іхнія; князі Завулонавы, князі Нэфталімавы.

29 Бог твой наказаў табе сілу. Умацуй, Божа, тое, што Ты зрабіў нам!

30 Дзеля храма Твайго ў Ерусаліме цары прынясуць Табе дары.

31 Утаймуй зьвера ў трысьнягу, — статак валоў сярод цялят народаў, якія хваляцца зьліткамі срэбра; рассып народы, што бітваў прагнуць.

32 Прыйдуць вяльможы з Егіпта; Эфіопія рукі свае працягне да Бога.

33 Царствы зямныя! сьпявайце Богу, услаўляйце Госпада,

34 Які крочыць на нябёсах нябёсаў спрадвеку. Вось, Ён дае голасу Свайму голас моцы.

35 Узьнясеце славу Богу! веліч Ягоная — на Ізраіле, і магутнасьць Ягоная — на аблоках.

36 Грозны Ты, Божа, у Сьвятыні Тваёй. Бог Ізраілеў — Ён дае сілу і моц народу Свайму. Дабраславёны Бог!

Псальма 68

Месіянская псальма — малітва за збавеньне

Кіроўцу хору. На шошаніме. Псальма Давідава.

2 Ратуй мяне, Божа; бо воды дайшлі да душы маёй.

3 Я заграз у глыбокай багне, і няма на чым стаць; увайшоў у глыбіні водаў, і хуткая плынь іх панесла мяне.

4 Я зьнямог ад крыку; засьмягла горла маё; стаміліся вочы мае, выглядаючы Бога майго.

5 Тых, што ненавідзяць мяне бязь віны, болей, чым валос на маёй галаве: ворагі мае, што бязьвінна мяне перасьледуюць, набраліся сілы; чаго я не адбіраў, тое мушу аддаць.

6 Божа! Ты ведаеш дурасьць маю, і грахі мае ад цябе не схаваны.

7 Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе, Божа сілы. Хай не пасаромяцца празь мяне тыя, што шукаюць Цябе, Божа Ізраілеў;

8 бо дзеля Цябе я цярплю зьнявагу, і ганьбаю пакрываюць аблічча маё.

9 Счужынеў я братам маім, чужынцам зрабіўся сынам маці маёй,

10 бо клопат па доме Тваім пажырае мяне, і ліхаслоўе тых, што Цябе ліхасловяць, падае на мяне,

11 і постам выплакаў я душу маю, і гэта робяць зьнявагаю мне.

12 І замест вопраткі я на сябе нацягнуў валасяніцу — і раблюся ім прытчаю;

13 і пра мяне балабоняць, седзячы каля брамы, і сьпяваюць у песьнях тыя, што п’юць віно.

14 А я з малітвай маёю да Цябе, Госпадзе; у час добрай зычлівасьці, Божа, па вялікай даброці Тваёй, пачуй мяне ў праўдзе ратунку Твайго;

15 дастань мяне з багавіньня, каб не загразнуў я: хай я вызвалюся ад ненавісьнікаў маіх і ад глыбокіх водаў;

16 хай не пацягне мяне цячэньне вады, хай не паглыне мяне багна, хай не замкне нада мною прорва пашчы свае.

17 Пачуй мяне, Госпадзе, бо добрая міласьць Твая; у мностве шчадротаў Тваіх дагледзь мяне,

18 не хавай твару Твайго ад раба Твайго, бо я смуткую; хутка пачуеш мяне;

19 Наблізься да душы маёй, вызваль яе; дзеля ворагаў маіх уратуй мяне.

20 Ты ведаеш паганьбеньне маё, сорам мой і агуду маю; ворагі мае ўсе прад Табою.

21 Маё сэрца зламала агуда, і я зьнямогся; чакаў спагады, але няма яе — і спагадцаў, ды не знаходжу.

22 І далі мне за ежу жоўць, і ў смазе маёй воцатам напаілі мяне.

23 Няхай стане трапеза іхняя сеткаю ім, і мірнае застольле іхняе — пасткаю;

24 няхай запамрочацца іхнія вочы, каб ім ня бачыць, і сьцёгны расслабі ім назаўсёды;

25 вылі на іх лютасьць Тваю, і полымя гневу Твайго хай абдыме іх;

26 селішча іхняе няхай запусьцее, і ў палатках іхніх хай ніхто ня жыве,

27 бо, каго Ты забіў, яны яшчэ перасьледуюць, і пакуты Табою параненых памнажаюць.

28 Прыкладзі беззаконьне да іхняга беззаконьня, і хай ня ўвойдуць яны ў праўду Тваю;

29 няхай скрэсьлены будуць з кнігі жывых, і хай ня будуць запісаны з праведнымі.

30 А я бедны і пакутую; дапамога Твая, Божа, хай адродзіць мяне.

31 Я буду славіць імя Бога майго ў песьні, буду ўзьвялічваць яго праслаўленьнем,

32 і будзе гэта даспадобы Госпаду болей, чым вол, чым цяля з рагамі і з капытамі.

33 Угледзяць гэта спрагненыя, і зарадуюцца. І ажыве сэрца ваша, богашукальнікі;

34 бо Гасподзь чуе ўбогіх і не пагарджае вязьнямі Сваімі.

35 Хай праславяць Яго зямля і нябёсы, моры, і ўсё рухомае ў іх,

36 бо ўратуе Бог Сіён, створыць гарады Юдавыя, і паселяцца там, і ўспадкуюць яго,

37 і нашчадкі рабоў Ягоных умацуюцца ў ім, і тыя, што любяць імя Ягонае, сяліцца ў ім будуць.

Псальма 69

Зварот пра збавеньне ад ганіцеляў

Кіроўцу хору. Псальма Давідава. На ўспамін.

2 Пасьпяшайся, Божа, вызваль мяне, пасьпяшайся, Госпадзе, на дапамогу мне.

3 Хай пасаромяцца і хай паганьбаваныя будуць усе, што шукаюць загубы душы маёй! Няхай адхіснуцца і абсьмяяныя будуць тыя, што зычаць мне ліха!

4 Няхай адхіснуцца за паганьбаваньне мяне і тыя, што кажуць мне: «добра! добра!».

5 Няхай радуюцца і весяляцца Табою ўсе, што Цябе шукаюць, і хто любіць збавеньне Тваё, хай кажуць заўсёды: вялікі Гасподзь!

6 А я гаротны і ўбогі: Божа, пасьпяшайся да мяне! Ты — дапамога мая і Збаўца мой; Госпадзе! не спазьніся.

Псальма 70

Малітва на схіле гадоў

На Цябе, Госпадзе, спадзяюся; хай ня буду вавек пасаромлены.

2 Праўдай Тваёй мяне вызвалі і выбаві; прыхілі вуха Тваё да мяне, і ўратуй мяне.

3 Будзь мне трывалым прыстанішчам, куды я заўсёды мог бы схавацца; Ты наказаў уратаваць мяне, бо цьвярдыня мая і моцнасьць мая — Ты.

4 Божа мой! вызвалі мяне з рук бязбожніка, з рук бязбожніка і прыгнятальніка.

5 Бо Ты — надзея мая, Госпадзе Божа, спадзяваньне маё зь юнацтва майго.

6 На Цябе апіраўся я быў ад улоньня; Ты вывеў мяне з чэрава маці маёй; Табе хвала мая ня спыніцца.

7 Многім я стаўся нібыта дзівам; але Ты — цьвёрдая надзея мая.

8 Няхай вусны мае хвалою напоўняцца, каб я Табе славу сьпяваў, кожны дзень апяваў Тваю веліч.

9 Не адкідай мяне на час старасьці; як пачне мая сіла слабнуць, не пакінь мяне,

10 бо ворагі мае супраць мяне змаўляюцца, і тыя, што цікуюць душу маю, — ладзяць нарады,

11 кажучы: «Бог яго кінуў; даганеце і схапеце яго; бо няма таго, хто б яго ўратаваў».

12 Божа! не аддаляйся ад мяне; Божа мой! пасьпяшайся мне на дапамогу.

13 Хай пасаромяцца і зьнікнуць супастаты душы маёй; хай сорам і ганьба пакрые тых, што зычаць мне ліха!

14 А я заўсёды буду на Цябе спадзявацца і памнажаць Тваю славу.

15 Вусны мае абвяшчацьмуць праўду Тваю, кожны дзень Твае добрыя дзеі; бо я ня ведаю ліку ім.

16 Буду славіць усемагутнасьць Госпада Бога; згадаю праўду Тваю — адзіна Тваю.

17 Божа! Ты навучаў мяне зь дзён маёй маладосьці, і да сёньня дзівосы Твае я абвяшчаю.

18 І да старасьці, і да сівізны не пакінь мяне, Божа, пакуль не абвяшчу Тваю сілу гэтаму роду і ўсім будучым магутнасьць Тваю.

19 Праўда Твая, Божа, да найвышэйшых; вялікія дзеі ўчыніў Ты; Божа, хто падобны да Цябе?

20 Ты пасылаў на мяне многія і лютыя беды, але і зноў ажыўляў мяне і зь бездані зямлі зноў выводзіў мяне.

21 Ты ўзвышаў мяне і суцяшаў мяне, і зь бездані зямлі выводзіў мяне.

22 І я буду славіць Цябе на псалтыры, Тваю праўду, Божа мой; буду Цябе апяваць на арфе, Сьвяты Ізраілеў!

23 Радуюцца вусны мае, калі я сьпяваю Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў;

24 і язык мой кожны дзень будзе абвяшчаць праўду Тваю, бо пасаромленыя, бо паганьбёныя тыя, што ліха шукаюць мне.

Псальма 71

Цар — Месія ў славе Сваёй

Пра Саламона. Псальма Давідава.

Божа! даруй цару Твой суд і сыну цара Тваю праўду,

2 няхай судзіць людзей Тваіх справядліва і ўбогіх Тваіх на судзе;

3 няхай прынясуць горы мір людзям і пагоркі праўду;

4 няхай судзіць убогіх народу, няхай выратуе сыноў убогага, і суйме прыгнятальніка, —

5 і будуць баяцца Цябе, пакуль будуць сонца і месяц, у роды родаў.

6 Ён сыдзе, як дождж на скошаны луг, як кроплі, што арашаюць зямлю;

7 У дні ягоныя праведнік будзе цьвісьці, і будзе вялікі спакой, пакуль ня спыніцца месяц:

8 ён будзе валадарыць ад мора да мора і ад ракі********************************* да краёў зямлі;

9 упадуць перад ім жыхары пустыняў, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл;

10 цары Тарсіса і выспаў даніну яму паднясуць; цары Аравіі і Савы дары паднясуць;

11 і паклоняцца яму ўсе цары; усе народы служыцьмуць яму;

12 бо вызваліць ён убогага, што галосіць, і прыгнечанага, што дапамогі ня мае,

13 умілажаліцца з гаротніка ўбогага, і душы гаротнікаў уратуе;

14 ад хітрыны і гвалту вызваліць душы іхнія, і каштоўнаю будзе кроў перад вачыма ягонымі;

15 і будзе жыць, і будуць даваць яму золата Аравіі, і будуць маліцца за яго няспынна, кожнага дня дабраслаўляць яго;

16 на зямлі будзе шчодрае збожжа, наверсе гор; і плады ягоныя захвалююцца, быццам лес на Ліване, і ў гарадах размножацца людзі, як трава на зямлі;

17 будзе імя ягонае дабраславёнае навечна; пакуль сонца жыве, будзе перадавацца імя ягонае; і дабраславяцца ў ім усе плямёны зямныя, усе народы будуць злагоджваць яго.

18 Дабраславёны Гасподзь Бог, Бог Ізраілеў, адзіны, Хто творыць цуды,

19 і дабраславёнае імя славы Ягонае навечна, і напоўніцца славаю Яго ўся зямля. Амін і амін.

20 Скончыліся малітвы Давіда, сына Ясэевага.

КНІГА ТРЭЦЯЯ (72-88)

Псальма 72

Часовы дастатак бязбожных

Псальма Асафава.

Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам!

2 А я — ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, —

3 я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных,

4 бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх;

5 на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць.

6 Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх;

7 вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца,

8 сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць;

9 вусны свае ўзносяць да неба, — а іхні язык па зямлі валачэцца.

10 Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п’юць ваду поўнаю чараю

11 і кажуць: «як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?»

12 І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце.

13 І сказаў я: ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі,

14 і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю?

15 Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, — дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх.

16 І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх,

17 пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца.

18 Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы.

19 Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў!

20 Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі.

21 Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая,

22 быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою.

23 Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку:

24 Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне.

25 Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі.

26 Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог — цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна,

27 бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца.

28 А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае!

Псальма 73

Нараканьне на спусташэньне зямлі

Вучэньне Асафава.

Навошта, Божа, назаўсёды Ты нас адкінуў? распаліўся Твой гнеў на авечак пашаў Тваіх?

2 Успомні пра збор Твой, які Ты прыдбаў здавён, пра племя спадчыны Тваёй, якое Ты адкупіў, — пра гэту гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.

3 Падымі Твае ногі да вечных руінаў: усё вораг разбурыў у сьвятыні.

4 Рыкаюць ворагі Твае сярод сходаў Тваіх, паставілі знакі свае замест нашых азнакаў;

5 выдавалі сябе падобнымі на таго, хто падымаў сякеру на перавітае вецьце дрэва;

6 і сёньня ўсе рэзьбы ў ім адным разам разьбілі яны сякерамі і бярдышамі;

7 сьвятыню Тваю на вагонь аддалі, сялібу Твайго імя дашчэнту заплямілі;

8 сказалі ў сэрцы сваім: «зруйнуем іх зусім!» — і спалілі ўсе мясьціны Божых сходаў на зямлі.

9 Азнакаў нашых мы ня бачым, няма больш прарока, і няма з намі таго, хто ведаў бы, дакуль гэта будзе.

10 Дакуль, Божа, вораг зьдзек чыніць будзе? ці вечна будзе агуднік імя Тваё ганіць?

11 Навошта ўхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю? Зь сярэдзіны ўлоньня Твайго іх панішчы.

12 Божа, Цару мой адвеку, Ты чыніш ратаваньне пасярод зямлі!

13 Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы зьмеям на водах;

14 Ты струшчыў галаву левіяфану, аддаў яго на ежу народу ў пустыні.

15 Ты выкрасаў паток і крыніцу, Ты высушыў рэкі вялікія.

16 Твой дзень і Твая ноч; падрыхтаваў Ты сьвяцілы і сонца;

17 Ты правёў усе межы зямлі, лета і зіму Ты ўтварыў.

18 Прыгадай жа: вораг Госпада зьневажае, і неразумныя людзі ганяць імя Тваё.

19 Не аддай зьвярам душы Тваёй галубіцы; сходаў убогіх Тваіх не забудзь назаўсёды.

20 Дагледзь запавет Твой, бо цямноты зямлі поўныя жытлішчамі гвалту.

21 Хай ня вернецца прыгнечаны ў сораме; гаротны і ўбогі хай славяць імя Тваё.

22 Паўстань, Божа, абарані дзеі Твае, успомні штодзённае зьневажаньне Цябе неразумнымі;

23 не забудзь крыкаў ворагаў Тваіх; шум паўсталых супроць Цябе ўвесь час падымаецца.

Псальма 74

Справядлівы суд Божы

Кіроўцу хору. Не загубі. Псальма Асафава. Песьня.

2 Славім Цябе, Божа, славім; бо блізка імя Тваё; абвяшчаюць цуды Твае.

3 «Калі Я выберу час, Я ўчыню суд па праўдзе.

4 Хістаюцца зямля і ўсе, хто на ёй жыве: Я ўмацую стаўпы яе». <Сэла>

5 Кажу ліхамысным: не шалейце, і бязбожным: не падымайце рога,

6 не падымайце высока рога вашага, не гаварэце цьвёрдалоба,

7 бо не ад усходу і не ад захаду і не ад пустыні ўзвышэньне;

8 а Бог ёсьць Судзьдзя: аднаго прыніжае, а другога ўзносіць;

9 бо чара ў руцэ ў Госпада, віно ў ёй кіпіць, поўнае мяшанага, і Ён палівае зь яе. Нават дрожджы зь яе будуць выціскаць і піць усе бязбожнікі зямлі.

10 А я буду абвяшчаць вечна, буду апяваць Бога Якаўлевага.

11 Усе рогі бязбожнікаў паламаю, і ўзьнясуцца рогі праведніка.

Псальма 75

Перамога Божая

Кіроўцу хору. На струнных. Псальма Асафава. Песьня.

2 Вядомы Бог у Юдэі; Ягонае імя вялікае ў Ізраіля.

3 І было ў Саліме селішча Ягонае, і жыў Ён — на Сіёне.

4 Ён там паламаў стрэлы лука, шчыт і меч і вайну. <Сэла>

5 Ты слаўны, магутнейшы за дзікія горы.

6 Моцныя сэрцам здабычаю сталі, заснулі сном сваім, і не знайшлі ўсе мужчыны сілы ў руках сваіх.

7 Ад клічу Твайго, Божа Якаваў, задрамалі і калясьніца і конь.

8 Ты грозны, і хто ўстоіць прад абліччам Тваім у час гневу Твайго?

9 Зь нябёсаў Ты суд абвясьціў: зямля забаялася і замоўкла,

10 калі паўстаў Бог на суд, каб выратаваць усіх прыгнечаных на зямлі. <Сэла>

11 І гнеў чалавечы абярнуўся на славу Табе, рэшту гневу Ты ўтаймуеш.

12 Рабеце і давайце зарокі Госпаду, Богу вашаму; усе, хто вакол Яго, хай прынясуць дарункі Страшнаму.

13 Ён таймуе дух валадароў, Ён страшны царам зямным.

Псальма 76

Суцяшэньне пры ўспаміне пра вялікія дзеі Божыя

Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Асафава.

2 Голас мой да Бога, і я буду клікаць; голас мой да Бога, і Ён пачуе мяне.

3 У дзень скрухі маёй шукаю Госпада; рука мая працягнута ўначы, і не апускаецца; душа мая ня хоча суцешанай быць.

4 Пра Бога згадваю, і дрыжу; разважаю, і зьнемагае мой дух. <Сэла>

5 Ты не даеш мне вачэй маіх зьмежыць; я ашаломлены, і не магу гаварыць.

6 Разважаю пра даўнія дні, пра гады пракаветныя;

7 узгадваю песьні мае начныя, гутару з сэрцам маім, і выпрабоўвае дух мой:

8 няўжо назаўсёды адкінуў, Гасподзь, і ня будзе больш дабраволіць?

9 няўжо назаўсёды міласьць Яго перастала быць, і спынілася слова Ягонае з роду ў род?

10 няўжо Бог забыўся мілаваць? няўжо ў гневе спыніў шчадроты Свае? <Сэла>

11 І сказаў я: вось гора маё — перамена правіцы Ўсявышняга.

12 Буду ўспамінаць пра дзеі Гасподнія! буду ўспамінаць пра даўнія цуды Твае.

13 Буду ў кожны Твой чын заглыбляцца, разважаць пра вялікія дзеі Твае.

14 Божа! сьвятая дарога Твая. Які Бог такі вялікі, як Бог наш!

15 Ты — Бог, Які творыць цуды; Ты паказаў магутнасьць Сваю сярод народаў;

16 Ты вызваліў народ Твой рукою сыноў Якава і Язэпа. <Сэла>

17 Бачылі Цябе, Божа, воды, бачылі Цябе воды, і напалохаліся, і скалануліся бездані.

18 Аблокі вылівалі воды, хмары аддавалі гром, і лёталі стрэлы Твае.

19 Голас грому Твайго ў коле нябесным; маланкі асьвятлялі сьвет; зямля трэслася і скаланалася.

20 Шлях Твой у моры, і сьцежка Твая ў водах вялікіх, і сьляды Твае невядомыя.

21 Як статак, вёў Ты народ Твой рукою Майсея і Аарона.

Псальма 77

Вернасьць Божая і непаслушэнства народу

Вучэньне Асафава.

Слухай, народзе мой, закону майго, прыхілеце вуха вашае да словаў з вуснаў маіх.

2 Разамкну мае вусны ў прытчы і вымаўлю старадаўнія прыпавесьці.

3 Што чулі мы і даведаліся і бацькі нашы нам пераказалі,

4 не схаваем ад дзяцей іхніх, і абвесьцім роду будучаму славу Госпада, і сілу Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён утварыў.

5 Ён устанавіў засьведчаньне ў Якаве і паклаў закон у Ізраілі, які наказаў бацькам нашым абвяшчаць дзецям іхнім,

6 каб ведаў будучы род, дзеці, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвяшчалі дзецям сваім,

7 класьці на Бога надзею сваю, і не забываць дзеяў Божых, і захоўваць наказы Ягоныя,

8 і ня быць падобным да бацькоў іхніх, роду ўпарцістага і мяцежнага, сэрцам неўладкаванага і нявернага Богу духам сваім.

9 Сыны Яфрэмавыя, узброеныя, лучнікі, павярнулі назад у дзень бітвы:

10 яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць у законе Ягоным:

11 забылі дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён нам паказаў.

12 Ён перад вачыма бацькоў іхніх тварыў цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі Цаан.

13 Падзяліў мора і правёў іх празь яго, і паставіў воды сьцяною;

14 і ўдзень вёў іх вобмацкам, а ўначы сьвятлом вагню;

15 расьсек камень у пустыні, і напаіў іх, як зь вялікае бездані;

16 са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі.

17 Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі Ўсявышнага ў пустыні:

18 спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй,

19 і казалі супраць Бога, і сказалі: «ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?»

20 Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. «Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?»

21 Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля,

22 за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратваньне Ягонае.

23 Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба,

24 і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў.

25 Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць.

26 Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёю

27 і, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых;

28 і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх,

29 і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі.

30 Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх,

31 гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў.

32 Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя.

33 І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху.

34 Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога,

35 і прыгадвалі, што Бог — іхняе прыстанішча і Бог Усявышні — Збаўца іхні,

36 і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім;

37 а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму.

38 Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй.

39 Ён памятаў, што яны — цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца.

40 Колькі разоў яны раздражнялі Яго ў пустыні і гневалі Яго ў краі неабжытым!

41 І зноў спакушалі Бога, і зьневажалі Сьвятога Ізраілевага,

42 не памяталі рукі Ягонай, дня, калі выбавіў іх ад прыгнёту,

43 калі аказаў у Егіпце азнакі Свае і цуды Свае на полі Цаан.

44 і ператварыў рэкі іхнія і патокі іхнія ў кроў, каб яны піць не маглі;

45 паслаў на іх заедзь, каб джаліла іх, і жаб, каб губілі іх;

46 парасьліну зямную іхнюю аддаў вусеням і працу іхнюю — саранчы;

47 вінаград іхні пабіў градам і шаўкоўніцы іхнія аддаў сьцюжы;

48 быдла іхняе аддаў граду і статкі іхнія — маланкам;

49 паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне, і лютасьць і беды, пасольства ліхіх анёлаў;

50 Ён дарогу выпрастаў гневу Свайму, не ахоўваў іхніх душаў ад сьмерці, і быдла іхняе аддаў пошасьці;

51 пабіў кожнага першынца ў Егіпце, пачаткі сілаў у намётах Хамавых;

52 і павёў народ Свой, як авечак, пустыняю;

53 вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, а ворагаў іхніх пакрыла мора;

54 і прывёў іх у зямлю сьвятую Сваю, на гару гэтую, якую правіца Ягоная набыла.

55 Прагнаў ад аблічча іхняга народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў у спадчыну ім, і плямёны Ізраілевыя пасяліў у намётах іхніх.

56 Але яны яшчэ спакушалі і засмучалі Бога Ўсявышняга, і пастановаў Ягоных ня трымаліся;

57 адступалі і здраджвалі, як бацькі іхнія; вярталіся назад, як падманлівы лук;

58 засмучалі Яго курганамі сваімі, ды ідаламі сваімі абуджалі зайздрасьць Ягоную.

59 Пачуў Бог, і ўспалымніўся гневам, і моцна абурыўся супроць Ізраіля;

60 пакінуў селішча ў Сіломе, скінію, у якой жыў Ён сярод людзей;

61 і аддаў у няволю Ён моцнасьць Сваю і славу Сваю ў рукі ворага;

62 і аддаў Ён мечу народ Свой, і прагневаўся на спадчыну Сваю.

63 Хлопцаў ягоных пажыраў вагонь, і дзяўчатам ягоным не сьпявалі шлюбных песьняў;

64 сьвятары ягоныя падалі ад меча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.

65 Але быццам ад сну, абудзіўся Гасподзь, быццам волат, віном пераможаны,

66 і ўдарыў ворагам ягоным у тыл, і пасароміў іх навекі,

67 і адкінуў палатку Язэпаву, і роду Яфрэмавага не абраў.

68 а выбраў калена Юдава, гару Сіён, якую палюбіў,

69 і зладзіў, як неба, сьвятыню Сваю, і, як зямлю, угрунтаваў яе навечна,

70 і выбраў Давіда, раба Свайго, і ўзяў яго ад кашараў,

71 і ад даяроў прывёў яго пасьвіць народ свой, Якаваў, і спадчыну Сваю — Ізраіля.

72 І ён пасьвіў іх у чысьціні сэрца свайго, і рукамі мудрымі вадзіў іх.

Псальма 78

Плач па разбураным Ерусаліме

Псальма Асафава.

Божа! язычнікі прыйшлі ў спадчыну Тваю; апаганілі сьвяты храм Твой; Ерусалім ператварылі ў руіны;

2 трупы рабоў Тваіх аддалі на поед птушкам нябесным, целы сьвятых Тваіх зьвярам зямным;

3 пралілі кроў іхнюю, як ваду, вакол Ерусаліма, і ня было каму іх пахаваць.

4 Мы зрабіліся пасьмешышчам у суседзяў нашых, ганьбаю і сараматою тых, хто вакол нас.

5 Дакуль, Госпадзе, не перастанеш гневацца, будзе рэўнасьць Твая палаць, як вагонь?

6 Вылі гнеў Твой на народы, якія Цябе ня ведаюць, і на царствы, якія імя Твайго не заклікаюць,

7 бо яны пажэрлі Якава, і селішча ягонае спустошылі.

8 Не спамяні нам грахоў нашых продкаў; хай неўзабаве запабегнуць нас шчадроты Твае; бо мы зусім аслаблі.

9 Памажы нам, Божа, Збаўца наш, дзеля славы імя Твайго; вызвалі нас, і даруй нам грахі нашыя дзеля імя Твайго.

10 Навошта казаць язычнікам: «дзе Бог іхні?» Хай стане вядомая сярод язычнікаў перад вачыма нашымі помста за пралітую кроў рабоў Тваіх.

11 Хай прыйдзе прад аблічча Тваё стогн вязьня; магутнасьцю сілы Тваёй захавай асуджаных на сьмерць.

12 Сем разоў вярні суседзям нашым у нетры іхнія кляцьбу, якою яны Цябе, Госпадзе, пракліналі.

13 А мы, народ Твой і Тваёй пашы авечкі, вечна славіць будзем Цябе, і род у род узносіць славу Табе.

Псальма 79

Малітва Ізраіля пра збавеньне ад бедстваў

Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошанім-Эдуф. Псальма Асафава.

2 Пастыр Ізраілеў! паслухай; Ты, што водзіш, як авечак, Язэпа, і сядзіш на хэрувімах, акажы Сябе.

3 Перад Яфрэмам і Веньямінам і Манасіем абудзі сілу Тваю і прыйдзі выратаваць нас.

4 Божа! навярні нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся!

5 Госпадзе, Божа сіл! дакуль будзеш гнеўны да малітваў народу Твайго?

6 Ты накарміў іх хлебам сьлёзным, і напаіў іх сьлязьмі, у вялікай меры,

7 паклаў нас супярэчкаю нашым суседзям, і ворагі нашыя зьдзекуюцца.

8 Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся!

9 Зь Егіпта перанёс Ты лазу вінаградную, выгнаў народы, і пасадзіў яе;

10 ачысьціў пад яе месца, і ўгрунтаваў карэньне яе, і яна напоўніла замлю.

11 Горы накрыліся ценем яе, і гольле яе нібы кедры Божыя:

12 яна пусьціла гольле сваё да мора і пасынкі свае да ракі.

13 Навошта разбурыў Ты агароджу яе, так што скубуць яе ўсе, хто ідзе па дарозе?

14 Лясны вепр яе падкопвае, і зьвер польны яе аб’ядае.

15 Божа сіл! азірніся, паглядзі зь неба і ўбач, і наведай вінаграднік гэты;

16 ахавай тое, што пасадзіла правіца Твая, і пасынкі, якія Ты Сабе ўмацаваў.

17 Яно спалена вагнём, абсечана; хай ад зьзяньня аблічча Твайго загінуць,

18 хай будзе рука Твая над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў Сабе,

19 і мы ад Цябе не адступімся; ажыві нас, і мы будзем імя Тваё заклікаць.

20 Госпадзе, Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся.

Псальма 80

Мілата Божая і ўпартасьць Ізраіля

Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Псальма Асафава.

2 Сьпявайце радасна Богу, цьвярдыні нашай; усклікайце Богу Якава!

3 Вазьмеце псальму, зайграйце на бубне, на арфе з гукам прыемным, на псалтыры;

4 трубеце ў трубу парою маладзіка, у пэўны час, у дзень сьвята нашага;

5 бо гэта закон Ізраілю, пастанова ад Бога Якаўлевага.

6 Ён пастанавіў гэта ў сьведчаньне Язэпу, калі той выйшаў зь зямлі Егіпецкай, дзе пачуў гукі мовы, якое ня ведаў:

7 «Я зьняў з плячэй ягоны цяжар, і рукі ягоныя вызваліліся ад кашоў».

8 У гароце ты паклікаў Мяне, і Я цябе вызваліў; зь сярэдзіны грому пачуў Я цябе; пры водах Мэрывы выпрабаваў цябе.

9 Слухай, народзе Мой, і Я буду сьведчыць табе; Ізраіле! о, калі б ты паслухаў Мяне!

10 Хай ня будзе ў цябе іншага Бога, і не пакланяйся богу чужому.

11 Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай; разамкні твае вусны, і Я напоўню іх».

12 Але народ Мой ня слухаўся голасу Майго, і Ізраіль не ўпакорваўся Мне;

13 таму Я пакінуў іх упартасьці іхняга сэрца, хай ходзяць паводле намераў сваіх.

14 О, калі б народ Мой слухаў Мяне і Ізраіль хадзіў Маімі шляхамі!

15 Я хутка ўпакорыў бы ворагаў іхніх і павярнуў бы руку Маю на прыгнятальнікаў іхніх;

16 ненавісьнікі Госпада поўзалі б перад імі, а дабрашчасьце доўжылася б заўсёды.

17 я карміў бы іх тлушчам пшаніцы і насычаў бы іх мёдам са скалы.

Псальма 81

Суд Божы — несправядлівым судзьдзям

Псальма Асафава.

Бог стаяў у гурце багоў; сярод багоў правіў суд:

2 дакуль будзеце вы судзіць несправядліва і патураць бязбожным? <Сэла>

3 Чынеце суд беднаму і сіраце; прыгнечанаму і гаротнаму справядлівасьць рабеце;

4 вызваляйце беднага і ўбогага; вырывайце яго з рук бязбожнікаў.

5 Ня ведаюць, не разумеюць, у цемрадзі ходзяць; усе асновы зямлі хістаюцца.

6 Я сказаў: вы — багі, і сыны Ўсявышняга — усе вы;

7 але вы памраце, як людзі, і ўпадзяце, як кожны з князёў.

8 Паўстань, Божа, судзі зямлю, бо Ты спадкуеш усе народы.

Псальма 82

Малітва да Бога за пасаромленьне ворагаў

Песьня. Псальма Асафава.

2 Божа! Не перамоўчы, не маўчы, і не заставайся спакойны, Божа!

3 Бо вось, ворагі Твае зашумелі, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву:

4 супроць народу Твайго склалі падступную змову, і раяцца супроць тых, каго Ты ахоўваеш;

5 сказалі: «пойдзем і вынішчым іх з народаў, каб і ня згадвалася болей імя Ізраіля».

6 Змовіліся аднадушна, склалі супроць Цябе хаўрус:

7 селішчы Эдомавыя і Ізмаільцяне, Мааў і Агаране,

8 Гевал і Амон і Амалік, Філістымляне з жыхарамі Тыра;

9 і Асур прыстаў да іх; яны сталі сілаю ўсім сынам Лотавым. <Сэла>

10 Зрабі ім тое самае, што Мадыяму, што Сісару, што Явіну каля патока Кісона,

11 якія вынішчаны ў Аэндоры, зрабіліся гноем зямлі.

12 Зрабі зь імі, з уладарамі іхнімі, як з Орывам і Зівам, і з усімі правадырамі іхнімі, як зь Зэвэем і Салманам,

13 якія казалі: «возьмем сабе на валоданьне селішчы Божыя».

14 Божа мой! хай будуць яны, як пыл у віхуры, як на вятры салома.

15 Як вагонь выпальвае лес, і як полымя апальвае горы,

16 так гані іх бураю Тваёю, і настрашы іх бураю Тваёю,

17 напоўні аблічча іхняе сорамам, каб шукалі яны імя Тваё, Госпадзе!

18 Хай пасаромяцца і настрашаны будуць навечна, хай брыдка ім будзе і хай загінуць,

19 і няхай яны ведаюць, што Ты, Каму адзінаму імя — Гасподзь, Усявышні над усёю зямлёю.

Псальма 83

Туга па храме

Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Сыноў Карэевых. Псальма.

2 Якія жаданыя селішчы Твае, Госпадзе сіл!

3 Душа мая стужылася, прагнучы ў двары Гасподнія; сэрца маё і цела маё імкнуцца да Бога жывога.

4 І птушка знаходзіць сабе жытло, і ластаўка гняздо сабе, дзе пакласьці птушанятак сваіх, каля алтароў Тваіх, Госпадзе сіл, Цару мой і Божа мой!

5 Дабрашчасныя тыя, што жывуць у доме Тваім; яны няспынна будуць славіць Цябе. <Сэла>

6 Дабрашчасны чалавек, сіла Якога ў Табе, і ў якога ў сэрцы сьцежкі вядуць да Цябе.

7 Ідучы далінаю плачу, яны адчыняюць у ёй крыніцы, і дождж пакрывае яе дабраславеньнем;

8 прыходзяць ад сілы ў сілу, паўстаюць прад Богам на Сіёне

9 Госпадзе, Божа сіл! Пачуй малітву маю, уважы, Божа Якаваў!

10 Божа, абаронца наш! Прынікні і дагледзь аблічча памазанца Твайго. <Сэла>

11 Бо адзін дзень у дварах Тваіх лепшы за тысячу. Хачу лепей быць каля парога ў доме Божым, чым жыць у намётах няславы.

12 Бо Гасподзь Бог ёсьць сонца і шчыт, Гасподзь дае мілату і славу; дабра не адмаўляе тым, хто ў беззаганнасьці ходзіць.

13 Госпадзе сіл! Дабрашчасны той чалавек, які на Цябе спадзяецца!

Псальма 84

Малітва за мілажаль да Ізраіля

Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.

2 Госпадзе! Ты ўмілажаліўся зь зямлі Тваёй, вярнуў палон Якаваў;

3 беззаконьне народу Твайго дараваў, усе грахі ягоныя пакрыў,

4 гнеў Твой увесь суняў, адвярнуў лютасьць гневу Твайго.

5 Узнаві нас, Божа ратунку нашага, і спыні абуранасьць Тваю намі.

6 Няўжо вечна будзеш гневацца на нас, і пашырыш Твой гнеў з роду ў род?

7 Няўжо зноў не ажывіш нас, каб народ Твой зарадаваўся Табе?

8 Пакажы нам, Госпадзе, ласку Тваю, і даруй нам выратаваньне Тваё.

9 Паслухаю, што скажа Гасподзь Бог. Ён скажа мір народу Свайму і выбранцам Сваім; і няхай не ўпадуць яны зноў у неразважлівасьць.

10 Сапраўды, выратаваньне Ягонае блізкае тым, хто баіцца Яго, каб слава Ягоная жыла ў нашай зямлі.

11 Вернасьць і мілата сустрэнуцца, справядлівасьць і мір пацалуюцца;

12 зь зямлі вернасьць вырасьце, а справядлівасьць прыхіліцца зь неба;

13 і Гасподзь дабрадзенства ўдзеліць, і ўродзіць зямля наша плод свой;

14 прад Ім справядлівасьць пойдзе, і дарогу нам вызначыць крокам Ягоным.

Псальма 85

Малітва за збавеньне ў дзень жалобы

Малітва Давідава. Нахілі, Госпадзе вуха Тваё, і пачуй мяне; бо я бедны і ўбогі.

2 Ахавай душу маю, бо я богабаязны; уратуй, Божа мой, раба Твайго, які на Цябе спадзяецца.

3 Зьлітуйся зь мяне, Госпадзе, бо Цябе я клічу кожнага дня.

4 Разьвесялі душу раба Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, узношу душу сваю,

5 бо Ты, Госпадзе, добры і міласэрны і мілажальны да ўсіх, хто кліча Цябе.

6 Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і прыслухайся да голасу маленьня майго.

7 У дзень смутку майго я клічу Цябе, бо Ты пачуеш мяне.

8 Няма, Госпадзе, паміж багамі такога, як Ты, і дзеяў няма, як Твае.

9 Усе народы, Табою створаныя, прыйдуць і схіляцца прад Табою, Госпадзе, і праславяць імя Тваё,

10 бо Ты вялікі, творыш дзівосы, — Ты, Божа, адзіны Ты.

11 Настаў мяне, Госпадзе, на дарогу Тваю, і хадзіцьму ў праўдзе Тваёй; умацуй сэрца маё ў страху імя Твайго

12 Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім і славіць імя Тваё вечна,

13 бо вялікая ласка Твая да мяне; Ты выбавіў душу маю ад пекла апраметнага.

14 Божа! на мяне гардуны паўсталі, і хэўра мяцежнікаў шукае душы маёй; і перад сабою ня ставяць Цябе.

15 Але Ты, Госпадзе, Божа шчодры і сэрцам шчыры, доўгацярплівы і шматлітасьцівы і справядлівы,

16 паглядзі на мяне і ўмілажалься зь мяне; дай моц Тваю рабу Твайму, і ўратуй сына рабы Тваёй;

17 учыні на мне азнаку на добрае, хай бачаць мяне ненавісьнікі мае і пасаромяцца, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і суцешыў мяне.

Псальма 86

Слова Сьвятога горада Божага

Псальма. Песьня. Сыноў Карэевых.

2 Падмурак ягоны********************************** на горах сьвятых. Гасподзь любіць браму Сіёна больш за ўсе паселішчы Якава.

3 Славутае абвяшчаецца пра цябе, горадзе Божы!

4 Згадаю тым, хто знае мяне, пра Раава*********************************** і Вавілон; вось Філістымляне, і Тыр з Эфіопіяю, — скажуць: «такі-а-такі нарадзіўся там».

5 А пра Сіён казаць будуць: «такі-а-такі і такі-а-такі муж нарадзіўся ў ім, і Сам Усявышні ўмацаваў яго».

6 Гасподзь у перапісе народу напіша: «такі-а-такі нарадзіўся там».

7 І ўсе, хто сьпявае і грае, — усе крыніцы мае ў табе.

Псальма 87

Малітва за збавеньне ад сьмерці

Песьня. Псальма. Сыноў Карэевых. Кіроўцу хору на Махалат, для сьпяваньня. Вучэньне Этана Эзрахіта.

2 Госпадзе, Божа ратунку майго! удзень лямантую і ўначы прад Табою.

3 Хай дойдзе малітва мая прад аблічча Тваё; нахілі вуха Тваё да маленьня майго.

4 Бо душа мая насыцілася немарасьцямі, і жыцьцё маё наблізілася да апраметнай.

5 Я дараўнаўся да тых, што ў магілу сыходзяць; я стаў, як чалавек бязь сілы,

6 паміж мёртвымі кінуты, — як забітыя, што ляжаць у магіле, пра якіх Ты больш не ўспамінаеш і якія ад рукі Тваёй адкінутыя.

7 Ты паклаў мяне ў дол апраметны, у морак, у бездань.

8 Легла на мяне лютасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі Ты пабіў мяне.

9 Ты адвёў ад мяне знаёмых маіх, зрабіў мяне агідным для іх; я ўвязьнены і не магу выйсьці.

10 Вока маё ад гароты стамілася; цэлы дзень я клікаў Цябе, Госпадзе; працягваў рукі свае да Цябе.

11 Хіба над мёртвымі ўчыніш Ты цуд? Хіба мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе? <Сэла>

12 Альбо ў магіле будзе абвяшчацца ласка Твая, і праўда Твая — у месцы тленьня?

13 Хіба ж у мораку спазнаюцца дзівосы Твае, і ў зямлі забыцьця — праўда Твая?

14 але я Цябе, Госпадзе, клічу, і рана раніцай малітва мая сустракае Цябе.

15 Навошта, Госпадзе, адкідаеш душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?

16 Я няшчасны і парахнею зь дзяцінства; нясу жахі Твае, і зьнемагаю.

17 Над мною прайшла лютасьць Твая; страхоцьці Твае зламалі мяне,

18 кожны дзень абступаюць мяне, як вада: аблягаюць мяне ўсе разам.

19 Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага; знаёмых маіх ня відаць.

Псальма 88

Запавет Божы з Давідам і жальба Ізраіля

Вучэньне Этана Эзрахіта.

2 Пра ласкі Твае, Госпадзе, буду сьпяваць вечна, з роду ў род абвяшчаць праўду Тваю вуснамі маімі,

3 бо кажу: будзе навек пакладзена ласка, на нябёсах уцьвердзіў Ты праўду Тваю, калі сказаў:

4 «Я склаў запавет з выбранцам Маім, прысягаўся Давіду, рабу Майму:

5 навечна ўгрунтую семя тваё, і твой род уладжу навечна». <Сэла>

6 І праславяць нябёсы дзівосныя дзеі Твае, Госпадзе, і праўду Тваю ў саборы сьвятых,

7 бо хто на нябёсах дараўнаецца з Богам? хто паміж сынамі Божымі спадобніцца Госпаду?

8 Грозны Бог у вялікім гурце сьвятых, грозны Ён усім, хто Яго атачае.

9 Госпадзе, Божа сіл! хто моцны, як Ты, Госпадзе? І праўда Твая навокал Цябе.

10 Ты валадарыш над лютасьцю мора; калі ўздымаюцца хвалі яго, Ты іх таймуеш.

11 Ты скінуў Раава, як пабітага; моцнаю мышцай Тваёю расьсеяў ворагаў Тваіх.

12 Твае — нябёсы і Твая — зямля; сусьвет, і што напаўняе яго, Ты заснаваў.

13 Поўнач і поўдзень Ты стварыў; Фавор і Ярмон зь імя Твайго радуюцца.

14 Моцная мышца Твая, дужая рука, высокая правіца Твая!

15 Правасудзьдзе й істасьць — аснова трона Твайго; любасьць і праўда прад абліччам Тваім ходзяць.

16 Дабрашчасны народ, які ведае трубны кліч! Яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго, Госпадзе;

17 а зь імя Твайго радуюцца кожны дзень, і праўдаю Тваёю хваляцца,

18 бо Ты акраса сілы іхняе, і добраю воляй Тваёю ўзвышаецца рог наш.

19 Ад Госпада — шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраілевага цар наш.

20 Калісьці казаў Ты ва ўяве сьвятому Твайму і сказаў: «Я дапамог мужнаму, узьнёс абранца з народу.

21 Я здабыў Давіда, раба Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.

22 Рука Мая будзе зь ім, і мышца Мая ўмацуе яго.

23 Вораг не пераможа яго, і сын беззаконьня ня ўцісьне яго.

24 Скрышу перад ім ворагаў ягоных, і паб’ю ненавісьнікаў ягоных,

25 і праўда Мая і ласка Мая зь ім, і Маім імем узвысіцца рог ягоны,

26 і пакладу на мора руку ягоную, і на рэкі — правіцу ягоную

27 Ён будзе клікаць мяне: Ты Бацька мой, Бог мой і цьвярдыня ратунку майго..

28 І Я зраблю яго першынцам, вышэйшым за цароў зямных,

29 навек захаваю яму ласку Маю, і запавет Мой зь ім будзе правільны.

30 І прадоўжу навечна семя ягонае, і ягоны трон — як дні неба.

31 Калі сыны ягоныя пакінуць закон Мой, і ня будуць хадзіць паводле наказаў Маіх;

32 калі парушаць пастановы Мае, і загадаў Маіх не захаваюць:

33 наведаю жазлом беззаконьне іхняе, і ўдарамі — няпраўду іхнюю;

34 а ласкі Маёй не пазбаўлю яго, і не зьмяню ісьціны Маёй.

35 Не парушу запавету Майго, і не памяняю таго, што выйшла з вуснаў Маіх,

36 Аднойчы прысягнуў сьвятасьцю Маёю: а ці зманю Давіду?

37 Семя ягонае будзе вечна, і трон ягоны, як сонца, прада Мною;

38 вечна будзе цьвёрды, як месяц, і сьведка праўдзівы на нябёсах».

39 Але Ты адкінуў і пагардзіў, угневаўся на памазанца Твайго;

40 занядбаў запавет з рабом Тваім, кінуў на зямлю вянок ягоны;

41 разбурыў усе агароджы ягоныя, абярнуў у руіны крэпасьці ягоныя.

42 Рабуюць яго ўсе, хто праходзіць дарогаю; пасьмешышчам стаўся ён суседзям сваім.

43 Ты ўзвысіў правіцу супраціўцаў ягоных, парадаваў усіх ворагаў ягоных.

44 Ты павярнуў назад лязо меча ягонага, і не ўмацаваў яго ў бітве;

45 адабраў у яго бляск, і трон ягоны скінуў долу;

46 скараціў дні маладосьці ягонай, і пакрыў яго сорамам». <Сэла>

47 Дакуль, Госпадзе, будзеш хавацца няспынна, будзе палаць лютасьць Твая, як вагонь?

48 Прыгадай, які век мой: на якую марноту стварыў Ты ўсіх сыноў чалавечых?

49 Хто зь людзей жыў — і ня бачыў сьмерці, выбавіў душу сваю ад рукі апраметнай? <Сэла>

50 Дзе ранейшыя міласьці Твае, Госпадзе? Ты прысягаў Давіду ісьцінай Тваёю.

51 Прыгадай, Госпадзе, паганьбеньне рабоў Тваіх, якое нашу я ў нетрах маіх ад усіх моцных народаў,

52 як бэсьцяць ворагі Твае, Госпадзе, як няславяць сьляды памазанца Твайго.

53 Дабраславёны Гасподзь навечна! Амін, амін!

КНІГА ЧАЦЬВЁРТАЯ (89-105)

Псальма 89

Справядлівасьць Божая і часовасьць чалавека

Малітва Майсея, чалавека Божага.

2 Госпадзе! Ты нам прыстанішча з роду ў род.

3 Перш чым нарадзіліся горы, і Ты стварыў зямлю і сусьвет, і ад веку да веку Ты — Бог.

4 Ты вяртаеш чалавека ў тло, і кажаш: вярнецеся, сыны чалавечыя!

5 Бо прад вачыма Тваімі тысяча гадоў, як дзень учарашні, калі ён прыйшоў, як варта начная.

6 Ты быццам паводкаю зносіш іх; яны — як сон, як трава, што раніцаю вырастае, раніцаю цьвіце і зелянее, увечары вяне і сохне;

7 бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, і ад лютасьці Тваёй мы разгубленыя.

8 Ты паклаў прад Сабою правіны нашыя і нашы тайноты ў сьвятло аблічча Твайго.

9 Усе дні нашыя прайшлі ў гневе Тваім; мы трацім гады нашыя, нібы гук.

10 Дзён гадоў нашых — семдзесят гадоў; а пры большай моцы восемдзесят гадоў; а самая лепшая іх пара — праца і хвароба, бо праходзяць хутка, і мы ляцім.

11 Хто ведае сілу гневу Твайго, і лютасьць Тваю па меры страху Твайго?

12 Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць.

13 Павярніся, Госпадзе! Дакуль? Умілажалься з рабоў Тваіх,

14 раніцай насыці нас міласэрнасьцю Тваёю, і мы будзем радавацца і весяліцца ўсе дні нашыя.

15 Разьвесялі нас за дні, калі Ты пабіваў нас, за леты, калі мы бачылі нягоды.

16 Хай выявіцца на рабах Тваіх дзея Твая, і на сынах іхніх — слава Твая;

17 і хай будзе добрая воля Госпада Бога нашага на нас, і ў дзеях рук нашых пасабляй нам, у дзеях рук нашых пасабляй.

Псальма 90

Бясьпека таго, хто спадзяецца на Бога

Пахвальная песьня Давідава. Хто жыве пад аслонаю Ўсявышняга, той пакоіцца ў засені ‹семагутнага,

2 кажа Госпаду: прыстанішча мне і Заступніку мой, Божа мой, на Цябе спадзяюся!

3 Ён цябе вызваліць зь сетак лаўца, ад пагібельнай пошасьці;

4 пер’ем Сваім Ён цябе ўзасьціць, і пад крыльлем ягоным убясьпечышся; шчыт і аслона — ісьціна Ягоная.

5 Не збаішся страху начнога, ні стралы, што ўдзень пралятае,

6 ні пошасьці, што ў цемры ходзіць, ані пошасьці, што нішчыць апоўдні.

7 Упадзе тысяча побач з табою, і дзесяць тысяч праваруч ад цябе; але да цябе не наблізіцца:

8 толькі глядзецьмеш вачыма тваімі і ўбачыш помсту бязбожнікам.

9 Бо сказаў Ты: Гасподзь — надзея мая; Усявышняга выбраў ты прыстанішчам тваім;

10 ліха цябе не спаткае, і пошасьць жытла твайго не зачэпіць;

11 бо анёлам Сваім наказвае пра цябе — ахоўваць цябе на ўсіх дарогах тваіх,

12 і на руках цябе панясуць, каб не спатыкнуўся ты аб камень нагою тваёю;

13 на асьпіда і васіліска наступіш і патопчаш ільва і дракона.

14 «За тое, што ён палюбіў Мяне, уратую яго; абараню яго, бо ён спазнаў імя Маё.

15 Пакліча Мяне і пачую яго: зь ім Я ў жалобе, вызвалю яго, і праслаўлю яго;

16 даўжынёю дзён напоўню яго, і пакажу яму выратаваньне Маё».

Псальма 91

Хвала мілаце Гасподняй

Псальма. Песьня на дзень суботні.

2 Дабро ёсьць — славіць Госпада і сьпяваць імю Твайму, Усявышні,

3 абвяшчаць раніцай ласку Тваю і праўду Тваю ўначы,

4 на дзесяціструнным і на псалтыры, зь песьняю на арфе.

5 Бо Ты ўсьцешыў мяне, Госпадзе, тварэньнем Тваім; я захапляюся дзеямі рук Тваіх.

6 Якія вялікія дзеі Твае, Госпадзе! дзівосна глыбокія помыслы Твае:

7 Чалавек няцямны ня ведае, і недавумак не разумее таго.

8 Тым часам як бязбожныя растуць, бы трава, і ліхадзеі квітнеюць, каб зьнікнуць навечна, —

9 Ты, Госпадзе, высокі векавечна!

10 Бо вось, ворагі Твае, Госпадзе, — вось, ворагі Твае гінуць, і рассыпаюцца ўсе ліхадзеі;

11 а мой рог Ты падымаеш, як рог аднарога, і я ўмашчаны сьвежым алеем;

12 і вока маё глядзіць на ворагаў маіх, і вушы мае чуюць пра паўсталых на мяне злыдняў.

13 Праведнік цьвіце, як пальма, узвышаецца, быццам кедр на Ліване.

14 Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны цьвітуць на падворках Бога нашага;

15 яны і ў старасьці пладаносныя, сакавітыя і сьвежыя,

16 каб абвяшчаць, што Гасподзь справядлівы, цьвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды

Псальма 92

Веліч Гасподняя

Пахвальная песьня Давідава. У дзень суботні, калі заселена зямля.

Царуе Гасподзь; Ён у веліч убраны, убраны Гасподзь у магутнасьць і перапаясаны: сусьвет таму цьвёрды, ня зрушыцца.

2 Трон Твой угрунтаваны спаконвечна; Ты — ад вечнасьці.

3 Узвышаюць рэкі, Госпадзе, узвышаюць рэкі голас свой, узвышаюць рэкі хвалі свае.

4 Але над шумам водаў вялікіх, моцных хваляў марскіх, моцны ў вышыных Гасподзь.

5 Сьведчаньні Твае бяз сумненьня пэўныя. Дому Твайму, Госпадзе, належыць сьвятасьць на доўгія дні.

Псальма 93

Заклік да Бога адплаты

Псальма Давідава ў чацьвёрты дзень тыдня.

Божа помсты, Госпадзе. Божа помсты, акажы Сябе!

2 Паўстань, Судзьдзя зямлі, аддай ганарліўцам адплату.

3 Дакуль, Госпадзе, бязбожнікі, дакуль бязбожнікі радавацца будуць?

4 Яны вырыгаюць дзёрзкія словы; пышаюцца ўсе беззаконьнікі;

5 топчуць народ Твой, Госпадзе, прыгнятаюць спадчыну Тваю.

6 Удаву і прыхадня забіваюць, і мардуюць сіротак,

7 і кажуць: ня ўбачыць Гасподзь, і не даведаецца Бог Якаваў.

8 Схамянецеся, бязглуздыя людзі! калі вы паразумнееце, недавумкі?

9 Хіба Той, што вуха наставіў, не пачуе? і Той, Хто вока стварыў, ня ўбачыць?

10 Хто настаўляе народы, ці ж ня выкрые, — Той, Хто вучыць чалавека разуменьню?

11 Гасподзь ведае думкі чалавечыя, што яны марныя.

12 Дабрашчасны той чалавек, якога настаўляеш Ты, Госпадзе, і вучыш законам Тваім,

13 каб даць яму спакой у бядотныя дні, пакуль бязбожнаму будзе выкапана яма!

14 Бо не адкіне Гасподзь народу Свайго і не пакіне спадчыны Сваёй.

15 Бо суд вернецца да праўды, і за ім усе, хто шчырыя сэрцам.

16 Хто паўстане за мяне супроць злыдняў? хто стане за мяне супроць ліхадзеяў?

17 Калі б не Гасподзь быў мне памочнікам, неўзабаве ўсялілася б душа мая ў моўчу.

18 Калі я казаў: хістаецца нага мая, — ласка Твая, Госпадзе, падтрымала мяне.

19 Пры памнажэньні смуткаў маіх у сэрцы маім, суцяшэньні Твае душу маю шчасьцяць.

20 Ці стане каля Цябе седала душагубаў, якія гвалт намышляюць насуперак закону?

21 Натоўпам ідуць яны на душу праведніка, і асуджаюць кроў невінаватую.

22 Але Гасподзь — абарона мая, і Бог мой — цьвярдыня прытулку майго,

23 і аберне на іх беззаконьне іхняе, і зладзействам іхнім вынішчыць іх, вынішчыць іх Гасподзь Бог наш.

Псальма 94

Хвала Богу — Творцу і Збаўцу

Пахвальная песьня Давідава.

Прыйдзеце, засьпяваем Госпаду, усклікнем Богу, цьвярдыні ратунку нашага;

2 станьма прад абліччам Ягоным з хвалою, у песьнях усклікнем Яму,

3 бо Гасподзь ёсьць Бог вялікі і Цар над усімі багамі.

4 У руцэ Ягонай глыбіні зямлі, і вяршыні гор — Ягоныя;

5 Ягонае — мора, і Ён стварыў яго, і сушу стварылі рукі Ягоныя.

6 Прыйдзеце, паклонімся і прыпадзем, укленчым прад абліччам Госпада, Творцы нашага,

7 бо Ён ёсьць Бог наш, і мы — людзі паствы Ягонай і авечкі рукі Ягонай. О, калі б вы сёньня паслухалі голасу Яго:

8 «ня ўпускайце жорсткасьць у сэрца вашае, як у Мэрыве, як у дзень спакушэньня ў пустыні,

9 дзе спакушалі Мяне бацькі вашыя, выпрабоўвалі Мяне, і бачылі дзею Маю.

10 Сорак гадоў раздражняў Мяне род гэты, Я сказаў: гэта народ, які заблудзіўся сэрцам; яны не спазналі дарог Маіх;

11 і таму прысягнуў Я ў гневе Маім, што яны ня ўвойдуць у Мой спакой».

Псальма 95

Пакланеньне Госпаду

Пахвальная песьня Давідава. На будову дома.

Засьпявайце Госпаду песьню новую; засьпявайце Госпаду, уся зямля;

2 сьпявайце Госпаду, дабраслаўляйце імя Ягонае, зьвястуйце дзень у дзень выратаваньне Ягонае;

3 абвяшчайце ў народах славу Ягоную, ва ўсіх плямёнах дзівосы Ягоныя;

4 бо вялікі Гасподзь і праслаўлены, грозны Ён над багамі ўсімі.

5 Бо ўсе багі народаў — ідалы, а Гасподзь нябёсы стварыў.

6 Слава і веліч прад абліччам Ягоным, сіла і вялікае хараство ў сьвятыні Ягонай.

7 Дайце Госпаду, плямёны народаў, дайце Госпаду славу і гонар;

8 дайце Госпаду славу імя Ягонага, нясеце дары, і ідзеце ў двары Ягоныя;

9 пакланецеся Госпаду ў аздобе сьвятыні. Трымцеце прад абліччам Ягоным, уся зямля!

10 Скажэце народам: валадарыць Гасподзь! таму сусьвет цьвёрды, не пахісьнецца. Ён будзе судзіць народы па праўдзе.

11 Хай весяляцца нябёсы, і хай радуецца зямля; хай шуміць мора і ўсё, што ў ім;

12 хай радуецца поле і ўсё, што на ім, і хай сьпяваюць тады ўсе дрэвы ў дубровах

13 прад абліччам Госпада, бо ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет па праўдзе, і народы паводле ісьціны Сваёй.

Псальма 96

Сіла і валадарства Госпада

Псальма Давіда, калі ўладжвалася зямля ягоная.

Валадарыць Гасподзь: хай радуецца зямля; хай весяляцца шматлікія выспы.

2 Хмара і змрок навокал Яго; праўда і суд — аснова трона Ягонага.

3 Прад Ім ідзе вагонь, і наўкол выпальвае ворагаў Ягоных.

4 Маланкі Ягоныя асьвятляюць сусьвет; зямля бачыць, і трымціць.

5 Горы, як воск, растаюць ад аблічча Гасподняга, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі.

6 Нябёсы абвяшчаюць праўду Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную.

7 Хай пасаромяцца ўсе, хто служыць балванам, хто хваліцца ідаламі. Пакланецеся Яму, усе багі.

8 Чуе Сіён, і радуецца, і весяляцца дочкі Юдавы дзеля судоў Тваіх, Госпадзе,

9 бо Ты, Госпадзе, высокі над усёю зямлёю, узьнесены над усімі божышчамі.

10 Хто любіць Госпада, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы сьвятых Сваіх; з рукі бязбожных вызваляе іх.

11 Сьвятло зьзяе на праведніка, і на тых, хто справядлівы сэрцам, лье весялосьць.

12 Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе, і слаўце памяць сьвятыні Ягонай.

Псальма 97

Песьня Богу, справядліваму Судзьдзі ўсяго сьвету

Псальма Давідава.

Засьпявайце Госпаду новую песьню; бо Ён дзівосы стварыў. Ягоная правіца і сьвятая мышца Ягоная прынесьлі Яму перамогу.

2 Паказаў Гасподзь выратаваньне Сваё, адкрыў перад вачыма народаў праўду Сваю.

3 Успомніў Ён міласьць Сваю да Якава і вернасьць Сваю да дома Ізраілевага. Усе канцы зямлі ўбачылі ратунак Бога нашага.

4 Усклікайце Госпаду, уся зямля; радуйцеся, весялецеся і сьпявайце;

5 сьпявайце Госпаду з арфаю, з арфаю і з псальмамі;

6 з гукамі труб і рога радуйцеся прад Валадаром Госпадам.

7 Хай шуміць мора і ўсё, што ў ім, сусьвет і ўсё, што жыве ў ім;

8 хай у далоні пляскаюць рэкі; хай радуюцца разам горы

9 прад абліччам Госпада; бо Ён ідзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сусьвет справядліва і народы — па праўдзе.

Псальма 98

Хвала ўсесьвятому Богу

Псальма Давідава.

Валадарыць Гасподзь: хай дрыжаць народы! Ён сядзіць на херувімах: хай трасецца зямля!

2 Гасподзь на Сіёне вялікі, і высокі Ён над усімі народамі.

3 Хай славіць вялікае і грознае імя Тваё: сьвятое яно!

4 І магутнасьць цара любіць суд. Ты сьцьвердзіў справядлівасьць; суд і праўду Ты ўчыніў у Якаве.

5 Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся падножжу Ягонаму: сьвятое яно!

6 Майсей і Аарон паміж сьвятарамі, і Самуіл паміж тымі, хто кліча імя Ягонае, клікаў да Госпада, і Ён слухаў іх;

7 У слупе хмарным прамаўляў Ён да іх; яны захоўвалі Яго запаведзі і пастановы, якія Ён даў ім.

8 Госпадзе, Божа наш! Ты слухаў іх; Ты быў ім Богам, Які даруе і карае за дзеі іхнія.

9 Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся на сьвятой гары Ягонай; бо сьвяты Гасподзь, Бог наш.

Псальма 99

Давідава пахвальная

Усе людзі хай славяць Бога Псальма.

Усклікніце Госпаду, уся зямля!

2 Служэце Госпаду з радасьцю; ідзеце прад абліччам Ягоным з пахвалою!

3 Ведайце, што Гасподзь ёсьць Бог, што Ён стварыў нас, і мы — Ягоныя, Ягоны народ і авечкі паствы Ягонай.

4 Уваходзьце ў браму Ягоную з праслаўленьнем, у двары Ягоныя — з пахвалою. Слаўце Яго, дабраслаўляйце імя Ягонае.

5 Бо добры Гасподзь: міласьць Ягоная навечна, і праўда Ягоная з роду ў род.

Псальма 100

Малітва цара пра беззаганнасьць

Псальма Давідава.

Пра міласьць і суд буду сьпяваць: Табе, Госпадзе, буду сьпяваць.

2 Думаць буду пра шлях беззаганны: калі прыйдзеш Ты да мяне? Буду хадзіць у беззаганнасьці сэрца майго сярод дома майго.

3 Не пакладу перад вачыма маімі непатрэбнае рэчы; дзею злачынную я ненавіджу; ня прыстане яна да мяне.

4 Сэрца разбэшчанае будзе далёка ад мяне, ліхога я ведаць ня буду.

5 Таго, хто таемна паклёпнічае на блізкага свайго, праганю; ганарыстага вачамі і пагардлівага сэрцам не патрываю.

6 Вочы мае — на верных зямлі, каб яны заставаліся пры мне; хто ходзіць дарогаю беззаганнасьці, той будзе служыць мне.

7 Ня жыцьме ў доме маім той, хто ўчыняе падступна; і хто няпраўду гаворыць, ня стане перад вачыма маімі.

8 З самае раніцы буду зьнішчаць усіх бязбожных зямлі, каб выкарчаваць з горада Гасподняга ўсіх, хто злачынства ўчыняе.

Псальма 101

Заклік да мілажалю і да Сіёна

Малітва спрагненага, калі ён смуткуе і вылівае прад Госпадам скруху сваю.

2 Госпадзе! пачуй малітву маю, і енк мой хай дойдзе да Цябе.

3 Не хавай аблічча Твайго ад мяне; у дзень смутку майго прыхілі да мяне вуха Тваё; у дзень, калі паклічу Цябе, адразу пачуй мяне.

4 Бо зьніклі, як дым, дні мае, і косткі мае абпаленыя, як галавешка;

5 сэрца маё ўражанае, і высахла, як трава, аж я забываюся есьці мой хлеб;

6 ад голасу стогну майго косткі мае прысталі да плоці маёй.

7 Я стаў падобны да пелікана ў пустыні; я зрабіўся як сыч у руінах;

8 ня сплю і сяджу, як адзінокая птушка на даху.

9 Кожны дзень клянуць мяне ворагі мае, і неабольнікі мае ганяць мяне.

10 Я попел ем замест хлеба, і пітво маё разбаўляю сьлязьмі,

11 ад гневу Твайго і абурэньня Твайго; бо Ты ўзвысіў мяне і скінуў мяне.

12 Дні мае быццам цень, які ўхіляецца; і я высах, быццам трава.

13 Ты ж, Госпадзе, вечна жывеш, і памяць пра Цябе з роду ў род.

14 Ты паўстанеш, умілажалішся з Сіёна? бо час літаваць яго, бо прысьпеў час;

15 бо рабы Твае палюбілі і каменьне ягонае, і попел ягоны шкадуюць.

16 І збаяцца народы імя Гасподняга, і ўсе цары зямныя — славы Тваёй.

17 Бо збудуе Гасподзь Сіён, і зьявіцца ў славе Сваёй;

18 паглядзіць на малітву бездапаможных, і не пагардзіць малітваю іхняй.

19 Пра гэта напісана будзе роду наступнаму, і пакаленьне наступнае ўславіць Госпада,

20 бо Ён прынік са святой гары Сваёй; зь нябёсаў глянуў Гасподзь на зямлю,

21 каб пачуць стогны вязьняў, раскаваць сыноў сьмерці,

22 каб абвяшчалі на Сіёне імя Гасподняе, і славу Яму — у Ерусаліме,

23 калі зьбяруцца народы разам і царствы служыць Госпаду.

24 Стаміў Ён на шляху сілу маю, скараціў дні мае.

25 Я сказаў: Божа мой! не забяры мяне на палавіне дзён маіх. Твае гады ў роды родаў.

26 На пачатку Ты, Госпадзе, заснаваў зямлю, і нябёсы — дзея рук Тваіх;

27 яны загінуць, а Ты застанешся; і ўсе яны, як рыза, спарахнеюць, і, як адзеньне, Ты пераменіш іх, — і зьменяцца;

28 але Ты — той самы, і гады Твае ня скончацца.

29 Сыны рабоў Тваіх будуць жыць, і семя іхняе ўмацуецца прад абліччам Тваім.

Псальма 102

Хвала міласэрнасьці Божай

Псальма Давідава.

Дабраславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё — сьвятое імя Ягонае.

2 Дабраславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх добрых дзеяў Ягоных.

3 Ён даруе ўсе беззаконьні твае; ацаляе ўсе немачы твае;

4 ад магілы жыцьцё тваё вызваляе, вянчае цябе міласьцю і шчадротамі;

5 насычае дабротамі жаданьні твае: абнаўляецца, як арол, юнацтва тваё.

6 Гасподзь творыць праўду і суд усім пакрыўджаным.

7 Ён паказаў шляхі Свае Майсею, сынам Ізраілевым — дзеі Свае.

8 Шчодры і міласьцівы Гасподзь, вельмі цярплівы і шчодраміласьцівы:

9 не да канца гневаецца і не навек абураецца.

10 Не паводле злачынстваў нашых стварыў нам, і не паводле грахоў нашых аддаў нам:

11 бо, як высока неба над зямлёю, так вялікая ласка Госпада да тых, хто баіцца Яго;

12 як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас беззаконьні нашыя;

13 як бацька даруе сынам, так даруе Гасподзь тым, хто баіцца Яго.

14 Бо Ён ведае склад наш, памятае, што мы — пыл.

15 Дні чалавечыя — як трава; як польная краска, так ён цьвіце.

16 Пройдзе над ім вецер, і няма яго, і месца ягонае ўжо не пазнае яго.

17 А ласка Гасподняя зьвеку й давеку тым, хто баіцца Яго,

18 і праўда Ягоная на сынах сыноў, якія захоўваюць запавет Ягоны і памятаюць наказы Ягоныя, каб выконваць іх.

19 Гасподзь на нябёсах паставіў Свой трон, і царства Ягонае ўсім валодае.

20 Дабраславеце Госпада, усе анёлы Ягоныя, моцныя сілаю, выканаўцы слова Ягонага.

21 Дабраславеце Госпада, усе войскі Ягоныя, службіты Ягоныя, што выконваюць волю Ягоную.

22 Дабраславеце Госпада, усе дзеі Ягоныя, ва ўсіх месцах валадарства Ягонага. Дабраславі, душа мая, Госпада!

Псальма 103

Праслаўленьне Бога, Творцы сьвету

Псальма Давідава пра стварэньне сьвету.

Дабраславі, душа мая, Госпада! Госпадзе, Божа мой! Ты дзівосна вялікі. Ты ўбраны ў славу і ў веліч,

2 Ты ўбіраешся ў сьвятло, як у шаты, прасьціраеш нябёсы, як заслону,

3 ладзіш над водамі вышынныя харомы Твае, робіш хмары Твае калясьніцаю, крочыш на крылах ветру.

4 Ты творыш анёлаў Тваіх з духаў, слуг Тваіх — з вагню палымянага.

5 Ты паставіў зямлю на цьвёрдых асновах: не пахісьнецца яна векавечна.

6 Безданьню, як вопраткаю, накрыў Ты яе; на горах воды стаяць.

7 Ад пагрозы Тваёй уцякаюць яны, ад голасу грому Твайго пабеглі яны;

8 узыходзяць на горы, сыходзяць у даліны, на месца, якое Ты ім назначыў.

9 Ты паклаў мяжу, якой не пяройдуць, і ня вернуцца зямлю пакрыць.

10 Ты паслаў крыніцы ў даліны; паміж гор цякуць воды,

11 пояць усіх зьвяроў польных; дзікія аслы спатольваюць смагу сваю.

12 Каля іх жывуць птушкі нябесныя, з гольля падаюць галасы.

13 Ты напойваеш горы з вышыняў Тваіх, плёнам дзеяў Тваіх зямля насычаецца.

14 Ты росьціш быдлу траву, і зеляніну на спажытак чалавеку, каб ежу зь зямлі здабываў,

15 і віно, якое вяселіць сэрца чалавеку, і алей, ад якога блішчыць твар ягоны, і хлеб, які мацуе сэрца чалавеку.

16 Насычаюцца дрэвы Госпада, кедры Ліванскія, якія Ён пасадзіў;

17 на іх гняздуюцца птушкі: яліны — пад гняздо буслам,

18 высокія горы — сарнам; каменныя скалы — сховы зайцам.

19 Ён стварыў месяц на азначэньне часу; сонца ведае свой захад.

20 Ты прасьціраеш цемру, і бывае ноч: уначы бадзяюцца ўсе лясныя зьвяры;

21 ільвы, якія рыкаюць па здабычы і просяць у Бога ежы сабе.

22 Устае сонца, і яны зьбіраюцца і кладуцца ў свае логвішчы;

23 выходзіць чалавек на дзеі свае і на працу сваю да вечара.

24 Як многа дзеяў Тваіх, Госпадзе! Усё стварыў Ты мудра; зямля поўная твораў Тваіх.

25 Гэта мора — вялікае і шырокае: там паўзуны, якім ліку няма, жывёлы малыя і вялікія;

26 там плаваюць караблі, там гэты левіяфан, якога Ты стварыў гуляць у ім.

27 Усе яны ад Цябе чакаюць, каб Ты даў ім ежу сваечасова.

28 Даеш ім — прымаюць; адкрываеш далоню Тваю — насычаюцца дабром;

29 схаваеш аблічча Тваё — палохаюцца; забіраеш у іх дух — паміраюць, і ў пыл свой вяртаюцца.

30 пашлеш дух Твой — ствараюцца, і Ты абнаўляеш улоньне зямлі.

31 Хай будзе Госпаду слава навечна; хай радуецца Гасподзь дзеямі Сваімі.

32 Паглядзіць на зямлю, і яна трасецца; дакранецца да гор, і дымяцца.

33 Буду сьпяваць Госпаду ўсё жыцьцё маё, буду сьпяваць Богу майму, пакуль я ёсьць.

34 Хай Яму паспрыяе песьня мая; буду радавацца ў Госпадзе.

35 Хай зьнікнуць грэшнікі зь зямлі, і бязбожных хай болей ня будзе. Дабраславі, душа мая, Госпада! Алілуя!

Псальма 104

Хвала Богу, Які захоўвае Запавет

Слаўце Госпада; заклікайце імя Ягонае; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя.

2 Сьпявайце Яму і грайце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя.

3 Хвалецеся імем Ягоным сьвятым; хай цешыцца сэрца ў тых, хто шукае Госпада.

4 Шукайце Госпада і сілы Ягонай, шукайце аблічча Ягонага заўсёды.

5 Згадвайце цуды Ягоныя, якія ўчыніў, азнакі Ягоныя і суд вуснаў Ягоных,

6 вы, семя Абрагамавае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Ягоныя.

7 Ён Гасподзь Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.

8 Вечна Ён памятае Свой запавет, слова, якое запавядаў тысячам родаў,

9 якое запавядаў Абрагаму, і клятву сваю Ісааку,

10 і паставіў тое Якаву законам, і Ізраілю запаветам вечным,

11 кажучы: табе дам зямлю Ханаанскую як часьціну спадчыны вашай.

12 Калі іх было яшчэ лікам мала, вельмі мала, і былі яны прыхадні ў ёй,

13 і пераходзілі ад народу да народу, з царства да іншага племя,

14 нікому не дазваляў крыўдзіць іх, і за іх цароў дакараў:

15 «не дакранайцеся да памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабеце зла».

16 І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў.

17 Паслаў перад імі чалавека: у рабы быў прададзены Язэп.

18 Скавалі аковамі ногі яму, у жалеза ўвайшла душа ягоная,

19 пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Гасподняе выпрабавала яго.

20 Паслаў цар, і разьвязалі яго; уладар народаў, і вызваліў яго.

21 Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і ўпраўцам над усім валоданьнем сваім,

22 каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці.

23 Тады прыйшоў Ізраіль у Егіпет, і перасяліўся Якаў у зямлю Хамаву,

24 і вельмі размножыў Бог народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных.

25 Абудзіў у сэрцы іхнім нянавісьць супроць народу Ягонага і хітрасьць супроць рабоў Ягоных.

26 Паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, якога абраў.

27 Яны паказалі сярод іх слова азнакаў Ягоных і дзівосы Ягоныя ў зямлі Хамавай.

28 Паслаў цемру, і зрабіў морак, і не зрабілі супору слову Ягонаму.

29 Ператварыў іхнюю ваду ў кроў, і замарыў рыбу іхнюю.

30 Зямля іхняя ўрадзіла шмат жаб нават у спальні цароў іхніх.

31 Ён сказаў, і прыйшлі розныя насякомыя, воды ва ўсе іхнія межы.

32 Замест дажджу паслаў на іх град, вагонь пякучы на зямлю іхнюю.

33 І пабіў вінаград іхні і смакоўніцы іхнія, і паваліў дрэвы ў межах іхніх.

34 Сказаў, і прыйшла саранча, і безьліч вусеняў;

35 і паелі ўсю траву на зямлі іхняй, і паелі плады на палях іхніх.

36 І забіў кожнага першынца ў зямлі іхняй, пачаткі ўсёй сілы іхняй.

37 І вывеў іх з срэбрам і золатам, і ня было ў іхніх плямёнах хворага.

38 Узрадаваўся Егіпет выхаду іхняму; бо страх ад іх напаў на яго.

39 Прасьцёр ім хмару як заслону і вагонь, каб сьвяціў ім ноччу.

40 Прасілі, і Ён паслаў перапёлак, і хлебам нябесным карміў іх.

41 Раскалоў камень, і пацяклі воды, пацяклі ракою па мясьцінах сухіх,

42 бо ўзгадаў Ён сьвятое слова Сваё да Абрагама, раба Свайго,

43 і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у весялосьці:

44 і даў ім землі народаў, і перанялі яны працу людзкую,

45 каб трымаліся пастановаў Ягоных і законы Ягоныя захоўвалі. Алілуя!

Псальма 105

Хвала міласэрнасьці Божай да грэшнага люду

Алілуя.

Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна ласка Ягоная.

2 Хто выкажа магутнасьць Госпада, хто абвесьціць усю славу Ягоную?

3 Дабрашчасныя — хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час!

4 Спамяні пра мяне, Госпадзе, у зычлівасьці да народу Твайго; наведай мяне ратаваньнем Тваім,

5 каб угледзеў я дабрадзенства выбранцаў Тваіх, каб радаваўся я радасьцю народу Твайго, каб хваліўся я спадчынаю Тваёю.

6 Зграшылі мы з бацькамі нашымі, учынілі бяспраўе, скрывілі праўду.

7 Бацькі нашыя ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, не памяталі безьлічы міласьцяў Тваіх і ўзбунтаваліся каля мора, Чэрмнага мора.

8 Але Ён уратаваў іх дзеля імя Свайго, каб паказаць магутнасьць Сваю.

9 Грозна прамовіў мору Чэрмнаму, і яно высахла; і правёў іх прадоньнем, як па сухім;

10 і ўратаваў іх ад рукі ненавісьніка і выбавіў іх ад рукі ворага.

11 Воды накрылі ворагаў іхніх; ніводнага зь іх не засталося.

12 І паверылі яны словам Ягоным, і пасьпявалі славу Яму.

13 Але неўзабаве забылі дзеі Ягоныя, не дачакаліся Ягонага пажаданьня:

14 і загарэліся ў пустыні пажадай, і спакусілі Бога ў бязьлюднай.

15 І Ён выканаў іхнюю просьбу, але паслаў на іх душы пошасьць.

16 І пазайздросьцілі ў табары Майсею і Аарону, сьвятому Гасподняму.

17 Раскалолася зямля, і паглынула Датана, і накрыла Ааронавую зборню.

18 І загарэўся вагонь на зборні іхняй, полымя папаліла бязбожных.

19 Зрабілі цяля каля Харыва, і пакланіліся ідалу;

20 і памянялі славу сваю на выяву вала, які есьць траву.

21 Забыліся Бога, Збаўцу свайго, Які велічнае ў Егіпце ўчыніў,

22 дзівоснае ў зямлі Хамавай, страшэннае каля Чэрмнага мора.

23 І хацеў вынішчыць іх, калі б Майсей, выбранец Ягоны, ня стаў прад Ім у расколіне, каб адвесьці ятру Ягоную, не пагубіць іх.

24 І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, ня верылі слову Ягонаму;

25 і наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Гасподняга.

26 І падняў Ён руку Сваю на іх, каб зубожыць іх у пустыні,

27 і зубожыць іхні род сярод народаў і расьсеяць іх па зямлі.

28 Яны прыляпіліся да Ваалфэгора, і елі ахвяры бяздушным,

29 і разгневалі Бога сваімі ўчынкамі, і напала пошасьць на іх.

30 І паўстаў Фінээс, і ўчыніў суд, — і спынілася пошасьць

31 І залічана гэта яму ў праведнасьць на векі вечныя з роду ў род.

32 І ўгневалі Бога каля водаў Мэрывы, і Майсей пацярпеў за іх,

33 бо засмуцілі яны дух ягоны, і ён паграшыў вуснамі сваімі.

34 Ня вынішчылі народаў, пра якія сказаў ім Гасподзь;

35 а зьмяшаліся зь язычнікамі, і навучыліся дзеяў іхніх;

36 служылі ідалам іхнім, якія былі ім сеткаю,

37 і прыносілі сыноў сваіх і дачок сваіх у ахвяру дэманам;

38 пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам Ханаанскім, — і зьнячысьцілася зямля крывёю;

39 зьнячышчалі сябе дзеямі сваімі і распусьнічалі ўчынкамі сваімі.

40 І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю

41 і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі.

42 Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю.

43 Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё.

44 Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі,

45 і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх,

46 і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон.

47 Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю.

48 Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя!

КНІГА ПЯТАЯ (106-150)

Псальма 106

Падзякаваньне Богу Збаўцу

Алілуя.

Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна літасьць Ягоная!

2 Так хай скажуць уратаваныя Госпадам, як іх збавіў Ён ад рук ворага

3 і сабраў з краін, ад усходу і захаду, ад поўначы і мора.

4 Яны блукалі ў пустыні бязьлюднымі шляхамі, і не знаходзілі населенага горада;

5 цярпелі голад і смагу, душа іхняя тлелася ў іх.

6 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выбавіў іх ад нягодаў іхніх,

7 і павёў іх простай дарогай, каб яны ішлі да населенага горада.

8 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых:

9 бо Ён спатоліў душу спрагненую, і душу сьмяглую напоўніў дабром.

10 Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам;

11 бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі.

12 Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка.

13 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх,

14 вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы.

15 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых:

16 бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў.

17 Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае;

18 усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці.

19 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе;

20 паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх.

21 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!

22 Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю!

23 Хто выпраўляецца на караблях у мора, хто справы ўчыняе на водах вялікіх, —

24 бачыць Гасподнія дзеі і цуды Ягоныя ў бездані:

25 Ён маўляе, — і паўстае буйны вецер, і высока падымае хвалі яго:

26 узыходзяць да неба, ападаюць у бездань; душа іхняя растае ў нягодах;

27 яны кружацца і хістаюцца, нібы п’яныя, і ўся мудрасьць іхняя зьнікае.

28 Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён вывеў іх зь нягодаў іхніх.

29 Ён ператварае буру ў цішыню, і хвалі сунімаюцца.

30 І радуюцца, што яны суцішыліся, і Ён прыводзіць іх да жаданае прыстані.

31 Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!

32 Хай славяць Яго на сходзе народным, і хай славяць Яго ў гурце старэйшынаў!

33 Ён ператварае рэкі ў пустыню і крыніцы вады — у сушу,

34 зямлю пладавітую — у саланчак, за бязбожнасьць тых, што жывуць на ёй.

35 Ён ператварае пустыню ў возера, і зямлю высахлую — у крыніцу вады;

36 і пасяляе там спрагненых, і яны будуюць горад, каб жыць у ім;

37 засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, якія родзяць ім багатыя плады.

38 Ён дабраслаўляе іх, і яны вельмі памнажаюцца, і ў іх быдла ня менее.

39 Паменшыліся яны, і ўпалі ад прыгнёту, гароты і скрухі;

40 Ён вылівае зьнявагу на князёў, і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе дарог няма.

41 А гаротнага выцягвае з гароты, і род ягоны памнажае, як статак авечак.

42 Праведнікі бачаць гэта, і радуюцца, а ўсякае няверства засланяе вусны свае.

43 Хто мудры, той заўважыць гэта, і зразумее ласку Госпада.

Псальма 107

Песьня надзеі на Бога

Песьня. Псальма Давідава.

2 Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё; буду пяяць і апяваць у славе маёй.

3 Паўстань, псалтыр і арфа! Я ўстану рана.

4 Славіць буду Цябе, Госпадзе, сярод народаў; славіць буду Цябе, сярод плямёнаў,

5 бо вышэй за нябёсы ласка Твая і ў пазахмар’і праўда Твая.

6 Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа; і над усёю зямлёю будзе слава Твая,

7 каб вызваліліся аблюбенцы Твае: уратуй правіцай Тваёю, і пачуй мяне.

8 Бог сказаў у сьвятыні Сваёй: няхай разьвесялюся — падзялю Я Сіхем, і даліну Сукот абмераю.

9 Мой Галаад, Мой Манасія, Яфрэм крэпасьць Маёй галавы, Юда скіпетр Мой,

10 Мааў умывальная шаля Мая, на Эдом абуткам кіну Маім, над зямлёю Філістымскаю клікаць буду.

11 Хто ўвядзе мяне ў горад умацаваны? Хто давядзе мяне да Эдома?

12 Ці ня Ты, Божа, Які нас адкінуў, і ня выходзіш, Божа, з войскам нашым?

13 Падай дапамогу нам ва ўціску, бо абарона людзкая — марнота.

14 З Богам мы выявім сілу; Ён скіне ворагаў нашых.

Псальма 108

Псальма праклёну на ворагаў

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

Божа хвалы маёй! не прамаўчы,

2 бо разьзявіліся на мяне вусны бязбожныя і вусны падступныя;

3 адусюль атачылі мяне словамі нянавісьці, узбройваюць супраць мяне бяз прычыны;

4 за любоў маю ваююць супраць мяне; а я малюся;

5 аддаюць мне злом за дабро, за любоў маю — нянавісьцю.

6 Пастаў над імі бязбожнага, і д’ябал хай стане праваруч яго.

7 Калі будзе судзіцца, хай будзе вінаваты, і малітва ягоная няхай стане грэхам;

8 хай дні ягоныя будуць кароткія, і пасад ягоны іншы хай прыймае;

9 дзеці ягоныя няхай будуць сіротамі, а жонка ягоная — удавою;

10 хай бадзяюцца дзеці ягоныя і жабруюць, і просяць хлеба з руінаў сваіх;

11 хай захопіць ліхвяр усё, што ёсьць у яго, хай другія захопяць працу ягоную;

12 хай ніхто яму не паспагадае; хай ніхто ня зьлітуецца зь сіротаў ягоных;

13 хай будуць нашчадкі ягоныя на пагібель, і хай забудзецца іхняе імя ў наступным родзе;

14 хай згадаецца прад Госпадам беззаконьне бацькоў ягоных, і грэх маці ягонай хай не загладзіцца;

15 хай будуць заўсёды яны ў вачах Госпада, і хай вынішчыць Ён на зямлі пра іх памяць

16 за тое, што ён ня думаў пра літасьць, а гнаў чалавека беднага і ўбогага і зламанага сэрцам, каб забіць яго;

17 палюбіў праклён, і праклён спадобіць яго; не захацеў дабраславеньня, яно ад яго і адыдзе;

18 хай у пракляцьце апранецца, быццам у рызу, і хай увойдзе яно, як вада, у нутробу ягоную і, як алей, у косткі ягоныя;

19 хай будзе яно яму, нібы вопратка, у якую ён апранецца, і як пояс, якім заўсёды перапаясваецца.

20 Такая аддача ад Госпада ворагам маім і тым, што ліхасловяць душу маю!

21 Са мною, Госпадзе, Госпадзе, чыні дзеля імя Твайго, бо добрая міласьць Твая; уратуй мяне,

22 бо я бедны і ўбогі, і сэрца маё паранена ўва мне.

23 Я зьнікаю, быццам цень, калі хіліцца дзень, гоняць мяне, як саранчу.

24 Калені мае зьнемаглі ад посту, і цела маё засталося бяз тлушчу.

25 Я зрабіўся для іх пасьмешышчам; убачыўшы мяне, галовамі круцяць.

26 Памажы мне, Госпадзе, Божа мой; уратуй мяне з ласкі Тваёй,

27 хай уведаюць, што гэта Твая рука, і што Ты, Госпадзе, учыніў гэта.

28 Яны праклінаюць, а Ты дабраславі; яны паўстаюць, але няхай будуць пасаромленыя; а раб Твой хай радуецца.

29 Хай апрануцца праціўнікі мае ў ганьбу і, як вопраткаю, хай накрыюцца сорамам сваім.

30 І я голасна буду вуснамі сваімі славіць Госпада і сярод мноства Яго праслаўляць:

31 бо Ён стаіць праваруч беднага, каб ратаваць яго ад судзьдзяў душы ягонай.

Псальма 109

Псальма прароча-месіянская Валадарства Месіі

Псальма Давідава.

Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх.

2 Жазло сілы Тваёй пашле Гасподзь зь Сіёна: валадары сярод ворагаў Тваіх.

3 У дзень моцы Тваёй народ Твой гатовы ў аздобах сьвятыні; з улоньня дзяньніцы падобнае да расы Тваё нараджэньне.

4 Прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты Сьвятар навекі паводле абраду Мэлхісэдэкавага.

5 Гасподзь праваруч Цябе. Ён у дзень гневу Свайго пакарае цароў;

6 учыніць суд над народамі, напоўніць зямлю трупамі, раструшчыць галаву ў зямлі шырокай.

7 З патока на дарозе будзе піць, і таму падыме галаву.

Псальма 110

Славаслоўе Госпаду

Алілуя

Алэф

Слаўлю Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім.

Бэт

на радзе праведных і на сходні.

Гімэл

2 Вялікія дзеі Гасподнія,

Далэт

вабныя ўсім, хто іх любіць.

Гэ

3 Дзея Ягоная — слава і хараство,

Вав

і праўда Ягоная застаецца навечна.

Заін

4 Незабыўнымі зрабіў Ён цуды Свае;

Хэт

літасьцівы і шчодры Гасподзь.

Тэт

5 Ежу дае тым, хто баіцца Яго;

Ёд

вечна памятае Свой запавет.

Каф

6 Сілу дзеяў Сваіх паказаў Ён народу Свайму,

Ламэд

каб даць яму спадчыну язычнікаў.

Мэм

7 Дзеі рук Ягоных праўда і суд;

Нун

усе Яго запаведзі правільныя,

Самэх

8 цьвёрдыя на вякі вечныя,

Аін

заснаваныя на праўдзе і слушнасьці.

Пэ

9 Збавеньне паслаў Ён народу Свайму;

Цадэ

наказаў навечна Свой запавет.

Коф

Сьвятое і страшнае імя Ягонае!

Рэш

10 Пачатак мудрасьці страх Гасподні:

Шын

розум правільны ва ўсіх, хто выконвае запаведзі Ягоныя.

Тав

Хвала Яму няхай будзе вечная.

Псальма 111

Дабрашчаснасьць і асалода верніка

Алілуя!

Алэф

Дабрашчасны муж, што баіцца Госпада

Бэт

і шчыра любіць ягоныя запаведзі.

Гімэл

2 Моцнае будзе насеньне ягонае на зямлі;

Далэт

род праведных дабраславёны будзе.

Гэ

3 Дастатак і багацьце ў доме ў яго,

Вав

і праўда Ягоная трывае вечна.

Заін

4 У цемры ўзыходзіць сьвятло справядлівым;

Хэт

добрае яно і міласэрнае і праведнае.

Тэт

5 Добры чалавек міласэрны і пазычае;

Ёд

ён дасьць цьвёрдасьць словам сваім на судзе.

Каф

6 Ён вавек не пахісьнецца,

Ламэд

у вечнай памяці праведны будзе.

Мэм

7 Не пабаіцца нядобрае славы;

Нун

сэрца ў яго цьвёрдае, спадзяецца на Госпада.

Самэх

8 Умацаванае сэрца ў яго; ён не збаіцца,

Аін

калі гляне на ворагаў сваіх.

Пэ

9 Ён шчодра раздаў, абдарыў убогіх;

Цадэ

праўда ягоная застаецца навечна;

Коф

рог ягоны ўзьнясецца ў славе.

Рэш

10 Бязбожны гэта пабачыць і будзе злавацца.

Шын

заскрыгоча зубамі сваімі, і растане.

Тав

Жаданьне бязбожных загіне.

Псальма 112

Хвала Богу паслухмяных

Алілуя.

Хвалеце, рабы Гасподнія, хвалеце імя Гасподняе.

2 Хай будзе імя Гасподняе дабраславёна ад сёньня і навечна,

3 ад усходу сонца да захаду хай будзе праслаўлена імя Гасподняе;

4 Высокі над усімі народамі Гасподзь; над нябёсамі слава Ягоная.

5 Хто — як Гасподзь, Бог наш, Які, жывучы ў высях,

6 прыхіляецца, каб дагледзець неба і зямлю;

7 з тла падымае беднага, з гразі ўзвышае ўбогага,

8 каб пасадзіць яго з князямі, з князямі народу Ягонага;

9 няплодную ўсяляе ў дом мацераю, што радуецца за дзяцей? Алілуя!

Псальма 113

Для ўспамінаў пра збавеньне Ізраіля Богам

Алілуя.

Калі выйшаў Ізраіль зь Егіпта, дом Якава — з народу іншапляменнага,

2 Юда зрабіўся сьвятыняю Ягонаю, Ізраіль — валоданьнем Ягоным.

3 Мора ўгледзела, і пабегла; Ярдан павярнуўся назад.

4 Горы скакалі, як бараны, і пагоркі, як ягняткі.

5 Што з табою, мора, чаго ты пабегла, і з табою, Ярдане, чаго павярнуўся назад?

6 Чаго вы скачаце, горы, як бараны, і вы, пагоркі, як ягняткі?

7 Прад абліччам Госпада дрыжы, зямля, прад абліччам Бога Якава,

8 Які ператварае скалу ў возера вады і камень — у крыніцу вады.

9 Ня нам, Госпадзе, ня нам, а імю Твайму дай славу, дзеля ласкі Тваёй, дзеля праўды Тваёй.

10 Навошта язычнікі кажуць: дзе ж іхні Бог?

11 Бог наш на небе і на зямлі; творыць усё, што хоча.

12 А іхнія ідалы — срэбра і золата, творы рук чалавечых.

13 Ёсьць у іх вусны, але не гавораць; ёсьць у іх вочы, але ня бачаць;

14 ёсьць у іх вушы, але ня чуюць; ёсьць у іх ноздры, але нюху няма;

15 ёсьць у іх рукі, але не адчуваюць; ёсьць у іх ногі, але ня ходзяць; і яны гукаў не выдабываюць з горла свайго.

16 Няхай будуць да іх падобныя тыя, што іх робяць, і ўсе, хто на іх спадзяецца.

17 Доме Ізраілеў! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.

18 Доме Ааронаў! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.

19 Хто баіцца Госпада! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.

20 Гасподзь нас памятае, дабраслаўляе нас, дабраслаўляе Ізраілеў дом, дабраслаўляе Ааронаў дом;

21 дабраслаўляе тых, што баяцца Госпада, малых і вялікіх.

22 Няхай дадасьць вам Гасподзь болей і болей, вам і дзецям вашым,

23 дабраславёныя вы Госпадам, Які стварыў неба і зямлю.

24 Неба — неба Госпаду, а зямлю Ён даў сынам чалавечым.

25 Ня мёртвыя ўславяць Госпада, ні ўсё, што ў магілу сыходзіць,

26 а мы жывыя дабраслаўляцьмем Госпада ад сёньня і давеку. Алілуя.

Псальма 114

Падзяка Богу за збавеньне

Алілуя.

Я радуюся, што Гасподзь пачуў голас мой, малітву маю,

2 прыхіліў да мяне вуха Сваё; і таму буду клікаць Яго ўсе дні мае.

3 Агарнулі мяне хваробы сьмяротныя, пакуты пякельныя агарнулі мяне; сустрэў я ўціскі і смуткі.

4 Тады клікнуў я імя Гасподняе: Госпадзе! уратуй душу маю.

5 Гасподзь літасьцівы і справядлівы, міласэрны Бог наш.

6 Асланяе Гасподзь прастадушных: я ўвесь зьнямог, і Ён дапамог мне.

7 Вярніся, душа мая, у спакой твой; бо Гасподзь умілажаліўся зь цябе.

8 Ты збавіў душу маю ад сьмерці, вочы мае — ад сьлёз і ногі мае — ад спатыканьня.

9 Буду хадзіць прад абліччам Гасподнім па зямлі жывых.

Псальма 115

Алілуя.

Я вераваў і таму казаў: я моцна засмучаны.

2 Я сказаў неабачліва: усякі чалавек — мана.

3 Што аддам Госпаду за ўсе дабрачынствы Ягоныя мне?

4 Чару ратунку прыму, і імя Гасподняе клікну.

5 Зарокі мае аддам Госпаду перад усім народам Ягоным.

6 Дарагая ў Гасподніх вачах сьмерць сьвятых Ягоных!

7 О, Госпадзе! я раб Твой, я раб Твой і сын рабыні Тваёй, Ты разамкнуў мне кайданы.

8 Табе прынясу ахвяру хвалы, і імя Гасподняе клікну.

9 Зарокі мае аддам Госпаду перад усім народам Ягоным,

10 у дварах дома Гасподняга, сярод цябе, Ерусаліме! Алілуя.

Псальма 116

Увесь сьвет хай славіць Госпада

Алілуя.

Хвалеце Госпада, усе народы, услаўляйце Яго, усе плямёны;

2 бо вялікая літасьць да нас у Яго, і праўда Гасподняя застаецца навечна. Алілуя.

Псальма 117

Падзякаваньне Госпаду

Алілуя.

Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

2 Хай скажа сёньня дом Ізраілеў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

3 Хай скажа сёньня дом Ааронаў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

4 Хай скажуць сёньня, хто баіцца Госпада: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

5 З уціску паклікаў я Госпада, і пачуў мяне, і на шырокае месца вывеў мяне Гасподзь.

6 Гасподзь за мяне — не збаюся: што зробіць мне чалавек?

7 Гасподзь мне памочнік: буду глядзець на ворагаў маіх.

8 Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на чалавека.

9 Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на князёў.

10 Усе народы абступілі мяне, але імем Гасподнім я іх скінуў;

11 Абступілі мяне, атачылі мяне; але імем Гасподнім я іх скінуў.

12 Абселі мяне, як пчолы соты, і пагасьлі, як вагонь у цёрне; імем Гасподнім я іх скінуў.

13 Моцна штурхнулі мяне, каб я ўпаў; але Гасподзь падтрымаў мяне.

14 Гасподзь сіла мая і песьня; Ён зрабіўся выратаваньнем маім.

15 Голас радасьці і выратаваньня ў жытлішчах праведнікаў; правіца Гасподняя творыць сілу!

16 Правіца Гасподняя высока, правіца Гасподняя творыць сілу!

17 Не памру, а жыць буду і абвяшчацьму дзеі Гасподнія.

18 Строга пакараў мяне Гасподзь, але сьмерцю мяне не скараў.

19 Адчынеце мне браму праўды: увайду ў яе, праслаўлю Госпада,

20 вось брама Госпада, праведныя ўвойдуць у яе.

21 Слаўлю Цябе, што Ты пачуў мяне і зрабіўся ратункам маім.

22 Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла.

23 Гэта — ад Госпада, і гэта дзівосна ў нашых вачах.

24 Гэты дзень стварыў Гасподзь: парадуемся і ўзьвесялімся ў дзень гэты!

25 О, Госпадзе, выратуй! О, Госпадзе, пашчасьці!

26 Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе! Дабраслаўляем вас з дома Гасподняга.

27 Бог — Гасподзь, і апраменіў нас; зьвяжэце шнурамі ахвяру, вядзеце да нарожнікаў ахвярніка.

28 Ты — Бог мой: славіць буду Цябе; Ты — Бог мой: славіць буду Цябе, (славіць буду Цябе, бо Ты пачуў мяне і зрабіўся маім ратаваньнем).

29 Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.

Псальма 118

Закон Гасподні

Алілуя.

Алэф

Дабрашчасныя — беззаганныя ў дарозе, што ходзяць у законе Гасподнім.

2 Дабрашчасныя — хто прымае сьведчаньні Ягоныя, хто ўсім сэрцам шукае Яго!

3 Яны крыўды ня чыняць, ходзяць шляхамі Ягонымі.

4 Ты запавёў наказы Твае выконваць дакладна.

5 О, каб дарогі мае былі простыя да захаваньня Тваіх пастановаў!

6 Тады не пасаромеўся б я, гледзячы на ўсе Твае запаведзі;

7 шчырым сэрцам Я славіў бы Цябе, вучыўся б судам Тваёй праўды.

8 Буду трымацца Тваіх пастановаў; не пакідай мяне назусім.

Бэт

9 Чым юнак утрымае свой шлях у чысьціні? — Калі будзе трымацца словаў Тваіх.

10 Цэлым сэрцам сваім я шукаю Цябе! ня дай мне збочыць ад запаведзяў Тваіх.

11 У сэрцы маім я схаваў слова Тваё, каб не грашыць прад Табою.

12 Дабраславёны Ты, Госпадзе! навучы мяне пастановам Тваім.

13 Вуснамі маімі абвяшчаў я ўсе суды Тваіх вуснаў.

14 На шляху Тваіх сьведчаньняў я радуюся, як у кожным багацьці.

15 Пра запаведзі Твае разважаю, і гляджу на шляхі Твае.

16 Пастановамі Тваімі суцяшаюся; не забываю слова Твайго.

Гімэл

17 Акажы ласку рабу Твайму, і буду я жыць і трымацца слова Твайго.

18 Разамкні вочы мае і пабачу дзівосы закона Твайго.

19 Прыхадзень я на зямлі; не хавай ад мяне запаведзяў Тваіх.

20 Зьнемагла душа мая ад жаданьня судоў Тваіх ва ўсялякі час.

21 Утаймаваў Ты пыхлівых, праклятых, што ўхіляюцца ад Тваіх запаведзяў.

22 Адвярні ад мяне зьнявагу і сорам, бо я захоўваю сьведчаньні Твае.

23 Князі сядзяць і змаўляюцца супраць мяне; а раб Твой разважае пра пастановы Твае.

24 Сьведчаньні Твае — суцяшэньне маё, і пастановы Твае — дарадцы мае.

Далэт

25 Душа мая кінута ў пыл; ажыві мяне словам Тваім.

26 Абвясьціў я дарогі мае, і Ты пачуў мяне; навучы мяне пастановам Тваім.

27 Дай зразумець мне шлях загадаў Тваіх, і буду разважаць пра дзівосы Твае.

28 Душа мая растае ад журботы: умацуй мяне паводле слова Твайго.

29 Адвярні ад мяне дарогу маны, і закон Твой даруй мне.

30 Я выбраў дарогу праўды, паставіў перад сабою суды Твае.

31 Я прыляпіўся да сьведчаньняў Тваіх, Госпадзе; не пасаромі мяне.

32 Пацяку шляхам запаведзяў Тваіх, калі Ты расшырыш сэрца маё.

Гэ

33 Пакажы мне, Госпадзе, шлях пастановаў Тваіх, і я буду трымацца яго да канца.

34 Дай мне зразумець, і буду трымацца закону Твайго і захоўваць яго ўсім сэрцам.

35 Пастаў мяне на сьцежку запаведзяў Тваіх, бо я жадаю яе.

36 Прыхілі маё сэрца да адкрыцьцяў Тваіх, а не да карысьлівасьці.

37 Адвядзі вочы мае, каб ня бачыць марноты; ажыві Ты мяне на дарозе Тваёй.

38 Сьцьвердзі слова Тваё рабу Твайму, каб багавейны я быў прад Табою.

39 Адвядзі ад мяне зьнявагу, якое баюся; бо суды Твае добрыя.

40 Вось, я пажадаў загадаў Тваіх; ажыві мяне праўдаю Тваёю.

Вав

41 Хай сыдзе на мяне, Госпадзе, міласьць Твая, выратаваньне паводле слова Твайго,

42 і я адкажу таму, хто мяне зьневажае, бо я спадзяюся на слова Тваё.

43 Не адбірай зусім ад вуснаў маіх слова праўды, бо я спадзяюся на суды Твае.

44 і буду трымацца суду Твайго заўсёды, на векі вечныя;

45 буду хадзіць свабодна, бо наказаў Тваіх я шукаю,

46 буду маўляць пра адкрыцьці Твае перад царамі, і не пасаромеюся;

47 буду суцяшацца запаведзямі Тваімі, якія я палюбіў;

48 рукі мае працягну да запаведзяў Тваіх, якія я палюбіў, і разважаць пра Твае пастановы.

Заін

49 Згадай слова Тваё да раба Твайго, на якое Ты загадаў мне спадзявацца:

50 гэта — суцяшэньне ў нягодзе маёй, што слова Тваё суцяшае мяне.

51 Гардуны зь мяне надта глуміліся, але я ня ўхіліўся ад закона Твайго.

52 Згадваў суды Твае, Госпадзе, зьвеку, і суцяшаўся.

53 Жах агартае мяне, калі бачу бязбожных, якія законы Твае пакідаюць.

54 Пастановы Твае былі песьнямі мне ў мясьцінах вандровак маіх.

55 Уначы ўспамінаў я імя Тваё, Госпадзе, і трымаўся закону Твайго.

56 Ён зрабіўся маім, бо загады Твае я шаную.

Хэт

57 Доля мая, Госпадзе, сказаў я, трымацца слова Твайго.

58 Маліўся Табе я ўсім сэрцам: памілуй мяне паводле слова Твайго.

59 Разважаў пра шляхі мае, і павярнуў свае ногі да сьведчаньняў Тваіх.

60 Сьпяшаўся і не марудзіў выконваць запаведзі Твае.

61 Сеткі бязбожных акружылі мяне; але не забываў я закона Твайго.

62 Апоўначы падымаўся славіць Цябе за справядлівыя суды Твае.

63 Саўдзельнік я ўсім, хто баіцца Цябе і хто наказы Твае шануе.

64 Ласкаю Тваёй, Госпадзе, поўніцца ўся зямля; навучы мяне пастановам Тваім.

Тэт

65 Добра зрабіў Ты рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.

66 Добраму разуменьню і веданьню навучы мяне, бо запаведзям Тваім я веру.

67 Пакуль я цярпеў, я блукаў; а сёньня слова Твайго трымаюся.

68 Добры і дабрадзейны Ты, Госпадзе; навучы мяне пастановам Тваім.

69 Гардуны плятуць на мяне ману; а я ўсім сэрцам загады Твае шанавацьму.

70 Затлусьцела ў іх сэрца, стала, як лой; а я законам Тваім суцяшаюся.

71 Добра мне, што я пацярпеў, каб навучыцца Тваім пастановам.

72 Закон Тваіх вуснаў мне лепей за тысячы золата і срэбра.

Ёд

73 Рукі Твае стварылі мяне і збудавалі мяне; дай мне розуму і навучуся запаведзям Тваім.

74 Хто баіцца Цябе, убачаць мяне і парадуюцца, што я спадзяюся на слова Тваё.

75 Ведаю, Госпадзе, што суды Твае справядлівыя, і па справядлівасьці Ты пакараў мяне.

76 Хай жа міласьць Твая будзе мне ўцехаю паводле слова Твайго рабу Твайму.

77 Хай прыйдзе мне Твой мілажаль, і буду я жыць; бо закон Твой — суцяшэньне маё.

78 Хай пасаромлены будуць пыхлівыя, бо бязь віны прыгнятаюць мяне; я разважаю пра загады Твае.

79 Хай зьвернуцца да мяне тыя, што баяцца Цябе і ведаюць сьведчаньні Твае.

80 Хай будзе сэрца маё беззаганнае ў вуснах Тваіх, каб я не пасаромеўся!

Каф

81 Душа мая прападае па ратунку Тваім; спадзяюся на слова Тваё.

82 Прападаюць вочы мае па слове Тваім; я кажу: калі Ты суцешыш мяне?

83 Я зрабіўся, як мех у дыме; а пастановаў Тваіх не забыўся.

84 Колькі дзён у раба Твайго? Калі ўчыніш суд над маімі ганіцелямі?

85 Яму выкапалі мне гардзеі насуперак закону Твайму.

86 Усе запаведзі Твае — праўда; несправядліва перасьледуюць мяне; памажы мне.

87 Ледзьве не загубілі мяне на зямлі, але я не пакінуў загадаў Тваіх.

88 Па літасьці Тваёй ажыўляй мяне, і буду захоўваць сьведчаньні вуснаў Тваіх.

Ламэд

89 Навечна, Госпадзе, слова Тваё сьцьверджана на нябёсах;

90 праўда Твая з роду ў род. Ты паставіў зямлю, і стаіць яна.

91 Паводле Тваіх вызначэньняў усё стаіць і дагэтуль; бо ўсё служыць Табе.

92 Калі б не закон Твой быў суцяшэньнем маім, загінуў бы я ў нягодах маіх.

93 Вавек не забуду загадаў Тваіх, бо імі Ты ажыўляеш мяне.

94 Я Твой: уратуй мяне; бо я наказаў Тваіх шукаю.

95 Бязбожнікі пільнуюць мяне, каб загубіць; а я паглыбляюся ў адкрыцьці Твае.

96 Я бачыў мяжу дасканаласьці ўсякай; але Твая запаведзь надта шырокая.

Мэм

97 Як люблю я закон Твой! увесь дзень пра яго разважаю.

98 Запаведзьдзю Тваёю Ты зрабіў мяне мудрэйшым за ворагаў маіх; бо яна заўсёды са мною.

99 Я стаўся разумнейшы за настаўнікаў маіх; бо разважаю пра сьведчаньні Твае.

100 Я ведаю болей за старцаў; бо загады Твае шаную.

101 Ад усякай ліхое дарогі ўхіляю ногі мае, каб трымацца слова Твайго;

102 ад судоў Тваіх ня ўхіляюся, бо Ты навучаеш мяне.

103 Якое салодкае слова Тваё майму паднябеньню! лепей за мёд вуснам маім.

104 Ад наказаў Тваіх я стаўся разумнейшы, таму ненавіджу любы шлях маны.

Нун

105 Слова Тваё — сьветач нагам маім і сьвятло сьцежцы маёй.

106 Я прысягнуў шанаваць справядлівыя суды Твае, і выканаю.

107 Моцна прыгнечаны я, Госпадзе; ажыві мяне паводле слова Твайго.

108 Хай будзе воля Твая, Госпадзе, прыняць дабраахвотную ахвяру вуснаў маіх, і судам Тваім навучы мяне.

109 Душа мая бесьперастанку ў руцэ маёй; але закона Твайго не забываю.

110 Бязбожнікі паставілі на мяне пастку; але я ня ўхіліўся ад загадаў Тваіх.

111 Сьведчаньні Твае я прыняў, як спадчыну вечную; бо яны злагада сэрца майго.

112 Я прыхіліўся сэрцам да выкананьня загадаў Тваіх навек, да канца.

Самэх

113 Вымудры паняверныя ненавіджу, а закон Твой люблю.

114 Ты — маё покрыва і шчыт мой; на слова Тваё спадзяюся.

115 Адыдзеце ад мяне, беззаконныя, і буду захоўваць запаведзі Бога майго.

116 Умацуй мяне словам Тваім, і буду жыць; не пасаромі мяне ў надзеі маёй;

117 падтрымай мяне, і ўратуюся; і ў Твае пастановы ўдумвацца няспынна буду.

118 Усіх адступнікаў ад пастановаў Тваіх Ты скідаеш, бо вымудры іхнія — няпраўда.

119 Як шашаль, зьмятаеш Ты ўсіх бязбожных зь зямлі; таму палюбіў я адкрыцьці Твае.

120 Дрыжыць ад страху прад Табою цела маё, і судоў Тваіх баюся я.

Аін

121 Я чыніў суд і праўду; не аддавай мяне ганіцелям маім.

122 Даручы Ты на добрае раба Твайго, каб не прыгняталі мяне гардуны.

123 Растаюць мае вочы, чакаючы ратунку Твайго і слова праўды Тваёй.

124 Учыні рабу Твайму паводле ласкі Тваёй і пастановам Тваім навучы мяне.

125 Я раб Твой; дай розуму мне, і спазнаю адкрыцьці Твае.

126 Час настаў Госпаду дзейнічаць: закон Твой зьняважнілі.

127 А я люблю запаведзі Твае болей за золата, золата чыстае.

128 Усе загады Твае — усе прызнаю справядлівымі: усякі шлях маны ненавіджу.

Пэ

129 Дзівосныя адкрыцьці Твае; таму іх трымае душа мая.

130 Сьведчаньне словаў Тваіх прасьвятляе, простым розум дае.

131 Размыкаю вусны мае, і ўздыхаю; бо запаведзяў Тваіх прагну.

132 Паглядзі на мяне і памілуй мяне, як робіш з тымі, што любяць імя Тваё.

133 Умацуй ногі мае ў слове Тваім, і ня дай авалодаць мною ніякаму беззаконьню;

134 вызвалі мяне ад прыгнёту чалавечага, і буду наказы Твае шанаваць.

135 Апрамень раба Твайго сьвятлом аблічча Твайго, і навучы мяне пастановам Тваім.

136 З вачэй маіх цякуць патокі вады, бо не шануюць закона Твайго.

Цадэ

137 Справядлівы Ты, Госпадзе, і суды Твае справядлівыя.

138 Сьведчаньні Твае, якія Ты запавядаў, — праўда і дасканалая ісьціна.

139 Руплівасьць мая зьядае мяне, бо мае ворагі забылі словы Твае.

140 Слова Тваё вельмі чыстае, і раб Твой палюбіў яго.

141 Малы я і пагарджаны; але наказаў Тваіх не забываю.

142 Праўда Твая — праўда вечная, а закон Твой — ісьціна.

143 Скруха і гора мяне агарнулі; запаведзі Твае — суцяшэньне маё.

144 Праўда адкрыцьцяў Тваіх — вечная: дай мне розуму, і буду жыць.

Коф

145 Клічу ўсім сэрцам маім: пачуй мяне, Госпадзе; і захаваю Твае пастановы.

146 Заклікаю Цябе; уратуй мяне, і буду захоўваць адкрыцьці Твае.

147 Сустракаючы ранак, я заклікаю; на слова Тваё спадзяюся.

148 Вочы мае сустракаюць ранішнюю варту, каб мне заглыбляцца ў слова Тваё.

149 Пачуй голас мой зь міласьці Тваёй, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.

150 Наблізіліся тыя, што намышляюць хітрыну; далёка яны ад закона Твайго.

151 Блізкі Ты, Госпадзе, і ўсе запаведзі Твае — ісьціна.

152 Здаўна Я даведаўся пра сьведчаньні Твае, што Ты сьцьвердзіў іх навечна.

Рэш

153 Паглядзі на нягоды мае, і вызваль мяне; бо я не забываю закона Твайго.

154 Заступіся за справу маю, і абарані мяне; словам Тваім ажыві мяне.

155 Далёка ад бязбожных выратаваньне, бо яны пастановаў Тваіх ня шукаюць.

156 Многа шчадротаў Тваіх, Госпадзе; судом Тваім ажыві мяне.

157 Многа ў мяне ганіцеляў і ворагаў; але ад сьведчаньняў Тваіх не адступлюся.

158 Бачу адступнікаў, і брыджуся імі; бо яны не шануюць слова Твайго.

159 Падзівіся, як я люблю наказы Твае; міласьцю Тваёю, Госпадзе, ажыві мяне.

160 Аснова слова Твайго сапраўдная, і вечны ўсякі суд праўды Тваёй.

Шын

161 Князі перасьледуюць мяне бязьвінна; але сэрца маё баіцца слова Твайго.

162 Радуюся я слову Твайму, як той, хто вялікі дастак прыдбаў.

163 Ненавіджу ману і грэбую ёю; а закон Твой люблю.

164 Сямікроць на дзень праслаўляю Цябе за суды праўды Тваёй.

165 Вялікі мір у тых, што любяць закон Твой, і не спатыкаюцца яны.

166 Спадзяюся на выратаваньне Тваё, Госпадзе, і запаведзі Твае выконваю.

167 Душа мая песьціць сьведчаньні Твае, і я люблю іх моцна.

168 Шаную наказы Твае і адкрыцьці Твае; бо ўсе шляхі мае прад Табою.

Тав

169 Хай наблізіцца енк мой прад аблічча Тваё, Госпадзе; словам Тваім дай мне розум.

170 Хай прыйдзе маленьне маё прад аблічча Тваё, словам Тваім збаві мяне.

171 Вусны мае вымавяць славу, калі Ты навучыш мяне пастановам Тваім.

172 Язык мой абвесьціць слова Тваё; бо ўсе запаведзі Твае справядлівыя.

173 Хай будзе рука Твая дапамогаю мне; бо я выбраў Твае загады.

174 Прагну выратаваньня Твайго, Госпадзе, і закон Твой суцяшэньне маё.

175 Хай жыве душа мая і славіць Цябе, і суды Твае хай дапамогуць мне.

176 Я заблудзіўся, як авечка, згубленая: знайдзі раба Твайго; бо я запаведзяў Тваіх не забыўся.

Псальма 119

Малітва пра збавеньне

Песьня ўзыходжаньня.

Да Госпада зьвярнуўся я ў скрусе маёй, і Ён пачуў мяне.

2 Госпадзе! ратуй душу маю ад вуснаў манлівых, ад языка падступнага!

3 Што дасьць табе і што дадасьць табе язык падступны?

4 Вострыя стрэлы моцнага, з жарам ад ядлоўцу.

5 Гора мне, што я застаюся ў Мосаха, жыву пад намётамі Кідарскімі.

6 Доўга жыла душа мая зь ненавісьнікамі міру.

7 Я міралюбны; але як толькі скажу пра мір, яны — ідуць ваяваць.

Псальма 120

Гасподзь — ахавальнік мой

Песьня ўзыходжаньня.

Падымаю вочы мае ўгору, адкуль прыйдзе дапамога мая.

2 Дапамога мая ад Госпада, Які стварыў неба й зямлю.

3 Ня дасьць Ён пахіснуцца назе тваёй, не задрэмле Той, Хто асланяе цябе:

4 ня дрэмле і ня сьпіць, Хто асланяе Ізраіля.

5 Гасподзь — ахавальнік твой; Гасподзь — шата твая з правай рукі Тваёй.

6 Удзень сонца цябе не заб’е, ані месяц уночы.

7 Гасподзь аслоніць цябе ад усякага ліха; ахавае душу тваю Гасподзь.

8 Гасподзь будзе ахоўваць твой выхад і ўваход ад сёньня і вечна.

Псальма 121

Пра мір Ерусаліма

Песьня ўзыходжаньня. Давідава.

Усьцешыўся я, калі мне сказалі: пойдзем у дом Гасподні.

2 Вось стаяць ногі нашыя ў браме тваёй, Ерусаліме, —

3 Ерусалім, пабудаваны як горад, зьліты ў адно,

4 куды сыходзяцца плямёны, плямёны Гасподнія паводле закону Ізраіля славіць імя Гасподняе.

5 Там стаяць троны суду, троны дома Давідавага.

6 Прасеце спакою Ерусаліму: хай жывуць у дабрадзенстве тыя, хто любіць цябе!

7 Хай будзе спакой у мурах тваіх, дабрадзенства — у харомах тваіх!

8 Дзеля братоў маіх і блізкіх маіх кажу я: «Мір табе!»

9 Дзеля дома Госпада, Бога нашага, зычу табе дабра.

Псальма 122

Песьня надзеі на Бога

Песьня ўзыходжаньня.

Я ўздымаю вочы мае да Цябе, Хто жыве ў нябёсах!

2 Вось, як вочы рабоў глядзяць на руку іхніх паноў, як вочы рабыні на руку іхняе гаспадыні, так нашыя вочы да Госпада, Бога нашага, пакуль Ён зьлітуецца з нас.

3 Зьлітуйся з нас, Госпадзе, зьлітуйся з нас; бо даволі мы сытыя пагардай.

4 Даволі насычана душа нашая зьдзекамі ганарліўцаў і пагардай пыхлівых.

Псальма 123

Падзякаваньне за цудоўнае збавеньне

Песьня ўзыходжаньня. Давідава.

Калі б не Гасподзь быў з намі, — хай скажа Ізраіль, —

2 калі б не Гасподзь быў з намі, калі паўсталі на нас людзі, —

3 дык жывых нас яны праглынулі б, калі загарэлася ў іх ятра на нас;

4 воды патапілі б нас, паток прайшоў бы над душою нашаю;

5 прайшлі б над душою нашаю воды бурлівыя.

6 Дабраславёны Гасподзь, Які ня даў нас на здабычу іхнім зубам!

7 Душа наша вызвалілася, як птушка, зь сеткі лавецкай; сетка парвана, і мы вызваліліся.

8 Дапамога нашая ў імені Госпада, Які стварыў неба й зямлю.

Псальма 124

Гасподзь — абаронца народу свайго

Песьня ўзыходжаньня.

Той, хто надзею кладзе на Госпада, як гара Сіён, не захістаецца, стаяцьме вечна.

2 Горы вакол Ерусаліма, а Гасподзь вакол народу Свайго ад сёньня і давеку.

3 Бо не пакіне Гасподзь жазла бязбожных над доляю праведных, каб праведныя не працягнулі рукі свае да беззаконьня.

4 Рабі ж, Госпадзе, добрае добрым і справядлівым у сэрцах сваіх.

5 А тых, што збочваюць на крывыя сьцяжыны свае, хай пакіне Гасподзь хадзіць зь беззаконнымі. Мір на Ізраіля!

Псальма 125

Падзякаваньне за збавеньне Божае

Песьня ўзыходжаньня.

Калі вяртаў Гасподзь палон Сіёна, мы былі быццам у сьне.

2 Тады вусны нашы былі поўныя весялосьці, і язык наш — сьпяваў; тады між народамі казалі: «вялікае стварыў Гасподзь над імі!».

3 Вялікае стварыў Гасподзь над намі: мы радаваліся.

4 Вярні, Госпадзе, паланёных нашых, як патокі на поўдзень.

5 Хто са сьлязьмі сеяў, пажынацьме з радасьцю.

6 Хто з плачу нясе насеньне, вернецца з радасьцю, нясучы снапы свае.

Псальма 126

Бяз Бога ўсе намогі марныя

Песьня ўзыходжаньня. Саламонава.

Калі Гасподзь ня збудуе дома, марна працуюць будаўнікі яго; калі Гасподзь не ахавае горада, марна чувае варта.

2 Дарэмна вы рана ўстаяце, позна праседжваеце, ясьце хлеб журботы, тым часам як любаснаму Свайму Ён дае сон.

3 Вось спадчына ад Госпада: дзеці; узнагарода Ягоная — плод ад улоньня.

4 Што стрэлы ў руках у дужага, тое сыны маладыя.

5 Дабраславёны чалавек, які напоўніў імі калчан свой! Не застануцца яны ў сораме, калі гаварыцьмуць з ворагамі ў браме.

Псальма 127

Дабраславеньне пабожнай сям’і

Песьня ўзыходжаньня.

Дабрашчасны кожны, хто баіцца Госпада, хто ходзіць шляхамі ягонымі!

2 Ты будзеш есьці ад працы рук тваіх; дабрашчасны ты, і добра табе!

3 Жонка твая, як лаза плодная, у доме тваім; сыны твае, як аліўнае гольле, вакол трапезы тваёй:

4 так мілаславіцца чалавек, які баіцца Госпада!

5 Дабраславіць Цябе Гасподзь зь Сіёна, і ўбачыш бясьпеку Ерусаліма ва ўсе дні жыцьця твайго.

6 Убачыш сыноў у сыноў тваіх. Мір на Ізраіля!

Псальма 128

Малітва за паганьбеньне ненавісьнікаў Сіёна

Песьня ўзыходжаньня.

Шмат уціскалі мяне зь юнацтва майго, хай скажа Ізраіль:

2 шмат уціскалі мяне зь юнацтва майго, але не адолелі мяне.

3 На хрыбце маім аралі аратыя, вялі доўгія барозны свае.

4 Але Гасподзь справядлівы; Ён расьсек путы бязбожнікаў.

5 Хай пасаромяцца і павернуць назад усе ненавісьнікі Сіёна.

6 Хай будуць, як трава на дахах, якая раней, чым вырвана будзе, засыхае,

7 якою жнец не напоўніць рукі сваёй, а хто вяжа снапы — жмені сваёй;

8 і хто праходзіць міма, ня скажа: дабраславеньне Гасподняе на вас; дабраслаўляем вас імем Гасподнім!

Псальма 129

Заклік да міласэрнасьці Божай

Песьня ўзыходжаньня.

З глыбіні клічу Цябе, Госпадзе.

2 Госпадзе! пачуй голас мой. Хай будуць вушы Твае ўважлівыя да голасу маленьняў маіх.

3 Калі Ты, Госпадзе, будзеш заўважаць беззаконьні, — Госпадзе! хто ўстоіць?

4 Але ў Цябе дараваньне, хай багавеюць прад Табою.

5 Спадзяюся на Госпада, спадзяецца душа мая; на слова Ягонае спадзяюся.

6 Душа мая чакае Госпада, болей, чым варта — раніцы, болей, чым варта — раніцы.

7 Хай спадзяецца Ізраіль на Госпада; бо ў Госпада літасьць і вялікае ў Яго збавеньне,

8 і Ён збавіць Ізраіля ад усіх беззаконьняў ягоных.

Псальма 130

Надзея на Госпада

Песьня ўзыходжаньня Давідава.

Госпадзе! ня пышылася сэрца маё і ня ўзносіліся вочы мае, і я не ўваходзіў у вялікае і недасяжнае мне.

2 Ці ж ня цугляў я, ці ж не супакойваў душы маёй, як дзіцяці, аднятаму ад грудзей маці? Душа мая была ўва мне, як дзіця, аднятае ад грудзей.

3 Хай спадзяецца Ізраіль на Госпада ад сёньня і вечна.

Псальма 131

Давід і каўчэг Запавета

Песьня ўзыходжаньня.

Спамяні, Госпадзе, Давіда, і ўсе ягоныя пакуты:

2 як ён прысягаў Госпаду, даваў зарок Моцнаму Якава;

3 «не ўвайду ў палатку дома майго, ня ўзыду на ложак мой;

4 ня дам сну вачам маім і павекам маім дрымоты,

5 пакуль не знайду месца Госпаду, жытлішча Моцнаму Якава».

6 Вось, мы чулі пра яго ў Эфраце, знайшлі яго на палях Ярыма.

7 Пойдзем да жытлішча Ягонага, паклонімся падножжу ног Ягоных.

8 Стань, Госпадзе, на месца пакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасьці Тваёй.

9 Сьвятары Твае апранаюцца ў праўду, і сьвятыя Твае ўзрадуюцца.

10 Дзеля Давіда, раба Твайго, не адвярні аблічча памазанца Твайго.

11 Прысягаў Гасподзь Давіду ў ісьціне, і не зрачэцца яе; «ад плоду ўлоньня твайго пасаджу на троне тваім.

12 Калі сыны твае будуць шанаваць запавет Мой і Мае сьведчаньні, якім Я іх навучу: дык і іхнія сыны вечна сядзецьмуць на троне тваім».

13 Бо выбраў Гасподзь Сіён; пажадаў яго жытлом Сабе.

14 «Гэта — спакой Мой навечна; тут пасялюся, бо Я пажадаў яго.

15 Ежу ягоную дабраслаўляючы дабраслаўлю, убогіх ягоных накармлю хлебам;

16 сьвятароў ягоных апрану ў выратаваньне, і сьвятыя ягоныя радасьцю ўзрадуюцца.

17 Там згадую рог Давіду, пастаўлю сьветач памазанцу Майму.

18 Ворагаў ягоных апрану ў сорам; а на ім будзе зьзяць вянок ягоны».

Псальма 132

Надзея на Госпада

Песьня ўзыходжаньня.

Як добра і як прыемна жыць разам з братамі!

2 Гэта — як каштоўны алей на галаве, які сьцякае на бараду, бараду Ааронавую, сьцякае на край ягонае шаты;

3 як раса Ярмонская, што ападае на горы Сіёнскія, бо там наказаў Гасподзь дабраславеньне і жыцьцё навечна.

Псальма 133

Умаўленьне да начнога чуваньня

Песьня ўзыходжаньня. Дабраславеце насеньне Госпада, усе рабы Гасподнія, што стаяць у доме Гасподнім у пару начную.

2 Узьнясеце рукі вашыя да сьвяцілішча, і дасбраславеце Госпада.

3 Дабраславіць цябе зь Сіёна Гасподзь, Які стварыў неба й зямлю.

Псальма 134

Хвала Госпаду

Алілуя.

Хвалеце імя Гасподняе, хвалеце, рабы Гасподнія,

2 усе, хто стаіць у доме Гасподнім, у дварах Бога нашага.

3 Хвалеце Госпада, бо Гасподзь добры; сьпявайце імю Ягонаму, бо гэта соладка,

4 бо Гасподзь абраў сабе Якава, Ізраіля ўласнасьцю Сваёю.

5 Я ўведаў, што Гасподзь вялікі, і Гасподзь наш вышэйшы за ўсіх багоў.

6 Гасподзь творыць усё, што хоча, на нябёсах і на зямлі, на морах і ва ўсіх прадоньнях;

7 узводзіць хмары ад краю зямлі, творыць маланкі пры дажджы, выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.

8 Ён пабіў першынцаў Егіпта, ад чалавека да быдла,

9 паслаў азнакі і цуды сярод цябе, Егіпце, на фараона і на ўсіх рабоў ягоных,

10 пабіў народы многія, і вынішчыў цароў моцных:

11 Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага, і ўсе царствы Ханаанскія;

12 і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу Свайму.

13 Госпадзе! імя Тваё навечна; Госпадзе! памяць пра Цябе з роду ў род.

14 Бо Гасподзь судзіцьме народ Свой, і з рабоў Сваіх умілажаліцца.

15 Ідалы язычнікаў — срэбра і золата, утворы рук чалавечых.

16 Ёсьць у іх вусны, але не маўляюць, ёсьць у іх вочы, але ня бачаць;

17 ёсьць у іх вушы, але ня чуюць, і няма дыханьня ў вуснах у іх.

18 Спадобняцца ім тыя, што робяць іх, і кожны, хто спадзяецца на іх.

19 Доме Ізраілеў! дабраславеце Госпада. Доме Ааронаў! дабраславеце Госпада.

20 Доме Лявія! дабраславеце Госпада. Хто баіцца Госпада, дабраславеце Госпада.

21 Дабраславёны Гасподзь ад Сіёна, Які жыве ў Ерусаліме! Алілуя!

Псальма 135

Слава Госпаду за вечную ласку Ягоную

Алілуя.

Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Яго.

2 Слаўце Бога багоў, бо вечная ласка Яго.

3 Слаўце Госпада ўладароў, бо вечная ласка Яго.

4 Таго, Які адзін творыць цуды вялікія, бо вечная ласка Яго;

5 Які мудра стварыў нябёсы, бо вечная ласка Яго;

6 уцьвердзіў зямлю на водах, бо вечная ласка Яго;

7 стварыў сьвяцілы вялікія, бо вечная ласка Яго;

8 сонца — на кіраваньне днём, бо вечная ласка Яго;

9 месяц і зоркі — на кіраваньне ноччу, бо вечная ласка Яго;

10 пабіў Егіпет у першынцах ягоных, бо вечная ласка Яго;

11 вывеў Ізраіля з асяродзьдзя яго, бо вечная ласка Яго;

12 рукою моцнаю і мышцаю прасьцёртаю, бо вечная ласка Яго;

13 разьвёў Чэрмнае мора, бо вечная ласка Яго;

14 і правёў Ізраіля пасярод яго, бо вечная ласка Яго;

15 і скінуў фараона і войска ягонае ў Чэрмнае мора, бо вечная ласка Яго;

16 правёў народ Свой цераз пустыню, бо вечная ласка Яго;

17 пабіў цароў вялікіх, бо вечная ласка Яго;

18 і забіў цароў моцных, бо вечная ласка Яго;

19 Сігона, цара Амарэйскага, бо вечная ласка Яго;

20 і Ога, цара Васанскага, бо вечная ласка Яго;

21 і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, бо вечная ласка Яго;

22 у спадчыну Ізраілю, рабу Свайму, бо вечная ласка Яго;

23 спамянуў нас у прыніжэньні нашым, бо вечная ласка Яго;

24 і збавіў нас ад ворагаў нашых, бо вечная ласка Яго;

25 ежу дае ўсякаму целу, бо вечная ласка Яго.

26 Слаўце Бога нябёсаў, бо вечная ласка Яго.

Псальма 136

Песьня на рэках Вавілона

Давідава.

Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы, калі згадвалі пра Сіён.

2 На вербах пасярод яго павесілі мы свае арфы.

3 А тыя, што нас паланілі, песьняў ад нас патрабавалі, а нашыя прыгнятальнікі — весялосьці: «пасьпявайце нам зь песьняў Сіёна».

4 Як нам сьпяваць Гасподнюю песьню на чужынскай зямлі?

5 Калі забуду цябе, Ерусаліме, хай забудзе мяне правіца мая;

6 хай прыліпне язык мой да паднябеньня, калі помніць цябе я ня буду, калі не пастаўлю Ерусаліма на чале весялосьці маёй.

7 Прыгадай, Госпадзе, сынам Эдомавым дзень Ерусаліма, калі казалі яны: «руйнуйце, руйнуйце да падмурка яго».

8 Дачка Вавілона, спусташальніца! дабрашчасны, хто ўдзеліць табе за тое, што зрабіла ты нам!

9 Дабрашчасны, хто возьме й заб’е немаўлятак тваіх аб камень!

Псальма 137

Гасподзь ёсьць Бог верны

Давідава.

Слаўлю Цябе ўсім сэрцам маім, перад багамі сьпяваю Табе, што пачуў Ты ўсе словы вуснаў маіх;

2 кланяюся перад сьвятым храмам Тваім, і слаўлю імя Тваё за ласку Тваю і за праўду Тваю; бо Ты праславіў слова Тваё вышэй за ўсякае найменьне Тваё.

3 У дзень, калі я паклікаў, Ты пачуў мяне; усяліў у душу маю бадзёрасьць.

4 Праславяць Цябе, Госпадзе, усе цары зямныя, калі пачуюць словы вуснаў Тваіх

5 і апяюць шляхі Гасподнія, бо вялікая слава Гасподняя.

6 Высокі Гасподзь: і пакорнага бачыць, і гардзея здалёк пазнае.

7 Калі я пайду сярод нягодаў, Ты ажывіш мяне, на ятру ворагаў маіх пашлеш руку Тваю і ўратуе мяне правіца Твая.

8 Гасподзь зробіць за мяне! Ласка Твая, Госпадзе, вечная; дзеяў рук Тваіх не пакідай.

Псальма 138

Малітва веруючай душы

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

Госпадзе! Ты выпрабаваў мяне і ведаеш.

2 Ты ведаеш, калі я сядаю і калі ўстаю; Ты разумееш думкі мае здалёк.

3 Ці іду я, ці адпачываю, — Ты акружаеш мяне і ўсе дарогі мае Табе вядомыя.

4 Яшчэ слова няма на мове маёй, — Ты, Госпадзе, ужо ведаеш яго дасканала.

5 Ззаду і сьпераду атачыў Ты мяне і кладзеш на мяне руку Тваю.

6 Дзіўнае мне Тваё веданьне — высока, дасягнуць яго не магу!

7 Куды пайду ад Духа Твайго, ад аблічча Твайго куды ўцяку?

8 Ці на неба ўзыду — Ты там; ці сыду ў апраметную — і там Ты.

9 Ці вазьму крылы золку і перасялюся на край мора, —

10 і там рука Твая мяне павядзе, і ўтрымае мяне правіца Твая.

11 Ці скажу: можа, цемра ўкрые мяне, і сьвятло навокал мяне зробіцца ноччу;

12 але і цемра Цябе ад мяне не зацемрыць, і ноч сьветлая, быццам дзень; як цемра, так і сьвятло.

13 Бо Ты ўладзіў вантробы мае і выткаў мяне ў чэраве маці маёй.

14 Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсьведамляе гэта,

15 Не схаваны былі ад Цябе косткі мае, калі мяне ў таямніцы стваралі, складалі мяне ў глыбіні нутрыны.

16 Зародак мой бачылі вочы Твае; у Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, мне назначаныя, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было.

17 Якія ўзьнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як многа іх лікам!

18 Ці ж палічу іх, калі іх больш, чым пяску, калі прачынаюся, я ўсё Яшчэ з Табою.

19 О, калі б Ты, Божа, пабіў бязбожнага! Адыдзеце ад мяне, крыважэрныя!

20 Яны гавораць супроць Цябе бязбожна; марнае намышляюць ворагі Твае.

21 Ці ж мне ненавідзець Тваіх ненавісьнікаў, Госпадзе, і не пагрэбаваць тымі, што паўстаюць на Цябе?

22 Поўнаю нянавісьцю ненавіджу іх; ворагі яны мне.

23 Выпрабуй мяне, Божа, і ўведай сэрца маё; выпрабуй мяне, і ўведай намеры мае.

24 і глядзі, ці дарога мая бясьпечная, і накіруй мяне на шлях вечны.

Псальма 139

Малітва за дапамогу супроць ворагаў

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2 Збаві мяне, Госпадзе, ад чалавека ліхога; ахавай мяне ад прыгнятальніка:

3 яны ліхое думаюць у сэрцы, кожны дзень на бойку ладзяцца,

4 яны востраць свой язык, як зьмей, яд асьпіда пад вуснамі іхнімі. <Сэла>

5 Упільнуй мяне, Госпадзе, ад рук бязбожнага, ахавай мяне ад прыгнятальнікаў, якія намысьлілі пахіснуць ногі мае.

6 Гардзеі паставілі на мяне пасткі і петлі, раскінулі сетку на дарозе, цянёты раскінулі на мяне.

7 Я сказаў Госпаду: Ты — Бог мой; пачуй, Госпадзе, голас маленьняў маіх!

8 Госпадзе, Госпадзе, сіла ратунку майго! Ты пакрыў галаву маю ў дзень бою.

9 Ня дай, Госпадзе, жаданага бязбожніку; ня дай посьпеху ліхому намыслу яго; яны заганарацца. <Сэла>

10 Хай пакрые галовы тых, што мяне абступілі, ліха ад іхніх жа вуснаў.

11 Хай ападзе на іх распалены жар; хай будуць укінуты ў вагонь, у прорвы, каб і ня ўсталі.

12 Чалавек злоязыкі хай ня ўмацуецца на зямлі; а ліха няхай прыгнятальніка ў пропадзь зьвядзе.

13 Ведаю, што Гасподзь ўчыніць суд над прыгнятальнікамі і справядлівасьць бедным.

14 Так! праведныя ўславяць імя Тваё: беззаганныя будуць жыць прад абліччам Тваім.

Псальма 140

Малітва верніка ў скрушлівы час Псальма Давідава

Госпадзе! да Цябе заклікаю; пасьпяшайся да мяне, уваж голасу маленьня майго, калі клічу Цябе.

2 Хай пойдзе малітва мая, як фіміям, да аблічча Твайго, уздыманьне рук маіх — як ахвяра вячэрняя.

3 Пакладзі, Госпадзе, ахову на вусны мае, і аслані дзьверы вуснаў маіх;

4 ня дай нахіліцца сэрцу майму да словаў падступных, і на перапросіны дзеяў грахоўных і людзей, што беззаконьне ўчыняюць, і хай не скаштую я іхніх прысмакаў.

5 Хай карае мяне праведнік: гэта — міласьць; хай выкрывае мяне: гэта — найлепшы алей, які не пашкодзіць галаве маёй; а малітвы мае — супраць зладзействаў іхніх.

6 іхнія правадыры рассыпаліся па скалах, і чуюць, што словы мае лагодныя.

7 Быццам зямлю расьсякаюць і трушчаць нас; сыплюцца косткі нашыя ў шчэлепы апраметнай.

8 Але да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, вочы мае; на Цябе спадзяюся, не адкінь душы маёй!

9 Ахавай мяне ад пастак, пастаўленых на мяне, ад цянётаў беззаконцаў.

10 Хай трапяць бязбожнікі ў сеткі свае, а я перайду.

Псальма 141

Малітва за дапамогу ў выпрабаваньнях

Вучэньне Давідава. Малітва ягоная, калі ён быў у пячоры.

Голасам маім да Госпада заклікаў я, голасам маім Госпаду памаліўся;

2 выліў перад ім малітву маю; адкрыў Яму скруху маю.

3 Калі зьнемагаў ува мне дух мой, Ты ведаў сьцежку маю. На дарозе, па якой я хадзіў, яны тайна паставілі сеткі на мяне.

4 Гляджу праваруч і бачу, што ніхто не прызнае мяне: ня стала мне сховаў, ніхто за душу маю ня мае турботы.

5 Я паклікаў Цябе, Госпадзе, я сказаў: Ты прыстанішча маё і частка мая на зямлі жывых.

6 Уваж енку майму, бо я вельмі зьнямогся. Аслані мяне ад ганіцеляў маіх, бо яны дужэйшыя за мяне.

7 Выведзі зь цямніцы душу маю, каб я славіў імя Тваё. Вакол мяне зьбяруцца праведныя, калі Ты пакажаш мне дабрадзейнасьць.

Псальма 142

Малітва верніка ў бядзе

Псальма Давіда, калі яго перасьледаваў сын ягоны Авэсалом.

Госпадзе, пачуй малітву маю, уваж маленьню майму па праўдзе Тваёй; пачуй мяне па праўдзе Тваёй

2 і не ўваходзь у суд з рабом Тваім, бо не апраўдаецца прад Табою ніводзін жывы.

3 Вораг перасьледуе душу маю, затаптаў у зямлю жыцьцё маё, прымусіў мяне жыць у цемры, як даўно памерлых,

4 і засмуціўся ўва мне дух мой, зьнямела ўва мне сэрца маё.

5 Прыгадваю дні мінулыя, думаю пра ўсе дзеі Твае, разважаю пра дзеі рук Тваіх,

6 працягваю да Цябе рукі мае; душа мая — да Цябе, як перасохлая зямля. <Сэла>

7 Хутчэй пачуй мяне, Госпадзе: дух мой зьнемагае; не хавай аблічча Твайго ад мяне, каб я не спадобіўся тым, што ў магілу ідуць.

8 Дай мне рана пачуць ласку Тваю, бо я на Цябе спадзяюся. Пакажы мне, Госпадзе, дарогу, па якой мне ісьці, бо да Цябе я ўзношу душу маю.

9 Вызвалі мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх; да Цябе прыбягаю.

10 Навучы мяне выконваць волю Тваю, бо Ты — Бог мой; Дух Твой добры вядзе мяне ў зямлю праўды.

11 Дзеля імя Твайго, Госпадзе, ажыві мяне; дзеля праўды Тваёй выведзі зь нягоды душу маю

12 і зь літасьці Тваёй зьлічы ворагаў маіх, і загубі ўсіх, што ўціскаюць душу маю, бо я — Твой раб.

Псальма 143

Псальма воіна

Давідава супроць Галіяфа.

Дабраславёны Гасподзь, цьвярдыня мая, які навучае рукі мае да бою і пальцы мае — да вайны,

2 літасьць мая і аслона мая, сховішча маё і Збаўца мой, шчыт мой, — і я на Яго спадзяюся; Ён мой народ мне паддае.

3 Госпадзе! што ёсьць чалавек, што пра яго Ты ведаеш, і сын чалавечы, як на яго зважаеш?

4 Чалавек падобны да дыханьня; дні ягоныя — як цень мінушчы.

5 Госпадзе! Нахілі нябёсы Твае, і сыдзі; дакраніся да гор, і задымяцца;

6 блісьні маланкаю, і расьсей іх; пусьці стрэлы Твае, і разладзь іх.

7 Працягні з вышыні руку Тваю, збаві мяне і ўратуй ад водаў вялікіх, ад рукі сыноў чужынскіх,

8 чые вусны маўляюць марнае, і чыя правіца — правіца маны.

9 Божа! новую песьню Табе засьпяваю, на дзесяціструннай псалтыры Табе засьпяваю,

10 даравальніку перамогі царам і збаўцу Давіда, раба Твайго, ад лютага меча.

11 Збаві мяне і ўратуй мяне ад рукі сыноў чужынскіх, чые вусны маўляюць марнае, і чыя правіца — правіца маны.

12 Хай будуць сыны нашыя, як расьліны збуялыя ў іх маладосьці; дочкі нашыя — як слупы на акрасу разьбёныя ў харомах.

13 Хай будуць засекі нашыя поўныя, поўныя ўсякім збожжам, хай плодзяцца авечкі нашыя тысячамі і цьмамі на палетках нашых;

14 хай будуць валы нашыя сытыя; хай ня будзе ні крадзяжу, ні пропадзі, ні енку на вуліцах нашых.

15 Дабрашчасны народ, які гэта мае. Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог.

Псальма 144

Добрасьць Гасподняя

Хвала Давідава.

Алэф

Хваліць буду Цябе, Божа мой, Цару мой, і дабраслаўляць імя Тваё векі вечныя.

Бэт

2 Кожны дзень дабраслаўляць буду Цябе і хваліць імя Тваё векі вечныя.

Гімэл

3 Вялікі Гасподзь і праслаўлены вельмі, і веліч Ягоная недасьледная.

Далэт

4 Род у род будзе хваліць дзеі Твае і абвяшчаць магутнасьць Тваю.

Гэ

5 А я буду разважаць пра высокую славу велічы Тваёй і пра высокія чыны дзеі Твае.

Вав

6 Буду казаць пра моц страшных дзеяў Тваіх, і я буду абвяшчаць веліч Тваю.

Заін

7 Будуць абвяшчаць памяць вялікай даброці Тваёй і распавядацьмуць праўду Тваю.

Хэт

8 Шчодры і міласэрны Гасподзь, вельмі цярплівы і вельмі мілажальны.

Тэт

9 Добры Гасподзь да ўсіх, і шчадроты Ягоныя на ўсіх дзеях Ягоных.

Ёд

10 Хай славяць Цябе, Госпадзе, усе дзеі Твае, і хай дабраслаўляюць Цябе сьвятыя Твае;

Каф

11 хай прапаведуюць славу царства Твайго і распавядаюць пра магутнасьць Тваю,

Ламэд

12 каб перадаць сынам чалавечым пра моц Тваю і пра слаўную веліч царства Твайго.

Мэм

13 Царства Тваё — царства ўсіх вякоў, і валадарства Тваё — ва ўсе роды.

Самэх

14 Гасподзь падтрымлівае ўсіх, хто падае, і падымае ўсіх, хто ўпаў.

Аін

15 Вочы ўсіх спадзяюцца на Цябе, і Ты даеш ім ежу сваім часам;

Пэ

16 адкрываеш руку Тваю і корміш усіх жывых па добрай волі.

Цадэ

17 Праведны Гасподзь на ўсіх дарогах Сваіх і добры ва ўсіх дзеях Сваіх.

Коф

18 Блізкі Гасподзь да ўсіх, хто кліча Яго, да ўсіх, хто кліча Яго ў праўдзе.

Рэш

19 Жаданьне тых, што баяцца Яго, Ён выконвае, скаргі іхнія чуе, і ратуе іх.

Шын

20 Асланяе Гасподзь усіх, хто любіць Яго, а ўсіх бязбожных зьнішчае.

Тав

21 Вусны мае вымавяць хвалу Гасподнюю, і хай дабраслаўляе ўсякае цела сьвятое імя Ягонае вечна.

Псальма 145

Умаўленьне да спадзяваньня на Госпада

Агея і Захарыі.

Алілуя. Хвалі душа мая Госпада.

2 Буду славіць Госпада, пакуль жыву; пецьму Богу майму, пакуль існую.

3 Не кладзеце надзеяў на князёў, на сына людзкога, у якім ратунку няма.

4 Выходзіць дух ягоны, і ён вяртаецца ў зямлю сваю; у той дзень зьнікаюць усе намеры ягоныя.

5 Шчасны, каму памочнік Бог Якаваў, у каго надзея на Госпада Бога ягонага,

6 Які стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, Які вечна захоўвае вернасьць,

7 творыць суд пакрыўджаным, дае хлеб галодным. Гасподзь вызваляе вязьняў;

8 Гасподзь размыкае вочы сьляпым, Гасподзь сагнутых выпроствае; Гасподзь любіць праведных.

9 Гасподзь ахоўвае прыхадняў, падтрымлівае сірату і ўдаву; а шлях бязбожных — скрыўляе.

10 Гасподзь будзе валадарыць вечна, Бог твой, Сіёне, з роду ў род. Алілуя.

Псальма 146

Хвала Госпаду за аднаўленьне Ерусаліма

Алілуя.

Хвалеце Госпада, бо гэта добра — сьпяваць Богу нашаму, бо гэта соладка — Яму належыць хвала.

2 Гасподзь будуе Ерусалім, зьбірае выгнанцаў Ізраіля.

3 Ён ацаляе зьнявечаных сэрцам, і лекуе скрухі іхнія.

4 Вылічвае колькасьць зорак; усіх іх называе імёнамі іхнімі.

5 Вялікі Гасподзь наш і вялікая моц Ягоная, і розум Ягоны нявымерны.

6 Пакорлівых узвышае Гасподзь, а бязбожных прыгінае да зямлі.

7 Сьпявайце па чарзе славаслоўе Госпаду; грайце Богу нашаму на арфе.

8 Ён засьцілае неба хмарамі, рыхтуе зямлі дождж, росьціць на горах траву;

9 дае быдлу пашу ягоную і крумкача птушанятам, што клічуць Яго.

10 Не на сілу каня глядзіць ён, ня хуткасьці ног чалавечых дабраволіць;

11 дабраволіць Гасподзь тым, хто баіцца Яго, хто спадзяецца на ласку Ягоную.

Псальма 147

Алілуя.

Хвалі, Ерусаліме, Госпада; хвалі, Сіёне, Бога твайго,

2 бо Ён мацуе завалы ў брамах тваіх, дабраслаўляе сыноў тваіх сярод неба;

3 сьцьвярджае ў межах тваіх спакой; тлушчам пшаніцы корміць цябе,

4 пасылае слова Сваё на зямлю; хутка цячэ слова Ягонае,

5 дае сьнег, як хвалю; сыпле іней, як попел;

6 кідае град Свой кавалкамі; перад марозам Ягоным хто выстаіць?

7 Пашле слова Сваё, і ўсё растае; падзьме ветрам Сваім, і пацякуць воды.

8 Ён абвясьціў слова Сваё Якаву, пастановы Свае і суды Свае Ізраілю.

9 Не зрабіў Ён таго ніякаму іншаму народу, і судоў Ягоных яны ня ведаюць. Алілуя.

Псальма 148

Увесь сьвет хай славіць Госпада

Алілуя.

Хвалеце Госпада зь нябёсаў, хвалеце Яго ў вышынях.

2 Хвалеце Яго, усе анёлы Ягоныя, хвалеце Яго, усе войскі Ягоныя.

3 Хвалеце Яго, сонца і месяц, хавалеце Яго, усе зоркі сьвету.

4 Хвалеце Яго, нябёсы нябёсаў і воды, якія вышэй за неба.

5 Хай хваляць імя Госпада, бо Ён сказаў — і сталася, Ён загадаў, і стварылася,

6 паставіў іх на векі вечныя; даў наказ, які не праміне.

7 Хвалеце Госпада зь зямлі, вялікія рыбы і ўсе прадоньні,

8 вагонь і град, сьнег і туман, буйны вецер, які напаўняе слова Ягонае,

9 горы і ўсе пагоркі, дрэвы плодныя і ўсе кедры,

10 зьвяры і ўсякае быдла, паўзуны і птушкі крылатыя,

11 цары зямныя і ўсе народы, князі і ўсе судзьдзі зямныя,

12 хлопцы і дзяўчаты, старцы і падлеткі

13 хай хваляць імя Госпада; бо толькі Ягонае імя высока ўзьнесена, слава Ягоная на зямлі і на нябёсах.

14 Ён падняў рог народу Свайго, славу ўсіх сьвятых Сваіх, сыноў Ізраілевых, народу, блізкага Яму. Алілуя.

Псальма 149

Любоў Гасподняя да Ізраіля

Алілуя.

Сьпявайце Госпаду песьню новую; слава Яму на сходні сьвятых.

2 Хай радуецца Ізраіль за Творцу свайго; сыны Сіёна хай радуюцца за Цара свайго.

3 Хай хваляць імя Ягонае скокамі; на тымпане і арфе хай сьпяваюць Яму,

4 бо дабраволіць Гасподзь народу Свайму, праслаўляе пакорных ратункам.

5 Хай радуюцца сьвятыя ў славе, хай сьпяваюць на ложках сваіх.

6 Хай будуць праслаўленьні Богу ў іхніх вуснах, і меч двусечны ў руцэ іхняй,

7 каб помсьціць народам, караць плямёны,

8 закоўваць цароў іхніх у кайданы і вяльможаў іхніх — у путы жалезныя,

9 чыніць над імі суд пісаны. Гонар гэты — усім сьвятым Ягоным. Алілуя.

Псальма 150

Усё жывое хай славіць Госпада

Алілуя.

Хвалеце Бога ў сьвятыні Ягонай; хвалеце Яго на цьвердзі сілы Ягонай.

2 Хвалеце Яго паводле магутнасьці Ягонай, хвалеце Яго паводле мноства велічы Ягонай.

3 Хвалеце Яго гукам трубным, хвалеце Яго на псалтыры і арфе.

4 Хвалеце Яго тымпанам і танцам, хвалеце Яго струнамі і арганам.

5 Хвалеце Яго гучнымі кімваламі, хвалеце Яго кімваламі гучнагалосымі.

6 Усё, што дыхае, хай славіць Госпада! Алілуя.

Псальма 151

Псальма Давіда************************************ на аднаборстве з Галіяфам

Я быў найменшы сярод братоў маіх і наймалодшы ў доме ў бацькі майго; пасьвіў авечкі бацькі майго.

2 Рукі мае зрабілі арган, пальцы мае наладжвалі псалтыр.

3 І хто абвясьціў бы Госпаду майму? Сам Гасподзь, Сам пачуў мяне.

4 Ён паслаў вястуна Свайго, і забраў мяне ад авечак бацькі майго, і памазаў мяне алеем памазаньня Свайго.

5 Браты мае прыгожыя і вялікія; але Гасподзь не ўдабраволіўся выбраць зь іх.

6 Я выйшаў насустрач чужынцу, і ён пракляў мяне ідаламі сваімі.

7 Але я, вырваўшы меч у яго, адцяў яму галаву, і выбавіў сыноў Ізраілевых ад зьнявагі.