Беларуская Біблія

ЕРАМІІН ПЛАЧ

Разьдзел 1

 

1 Які асамотнены горад, людны калісьці! ён нібы аўдавеў; вялікі паміж народамі, уладца краін адрабляе даніну.

2 Горка плача ён уначы, і сьлёзы яго па шчоках бягуць. Ня мае суцешніка сярод тых, што любілі яго; усе сябры яму здрадзілі, яму сталіся ворагамі.

3 Юда ў выгнаньні, у цярпеньнях і ў цяжкай няволі, пасяліўся сярод язычнікаў, і не знаходзіць спакою сабе; усе, хто яго перасьледаваў, дагналі яго ў цясьнінах.

4 Шляхі да Сіёна ў жалобе, не пасьпяшае ніхто на сьвята; усе апусьцелі брамы; сьвятары яго енчаць, дзяўчаты ягоныя ў смутку, горка й самому яму.

5 Ворагі апанавалі яго, няпрыяцелі шчасьцяцца ў дабрадзенстве, бо наслаў на яго Гасподзь бядоту за многія беззаконьні ягоныя; дзеці яго пайшлі ў палон паперадзе ворага.

6 І адабрана ў дачкі Сіёна ўся яе велічнасьць; князі яе, як алені, што не знаходзяць пашы; і бясьсіла ідуць яны перад паганятым.

7 Успамінае Ерусалім у дні бедства свайго і пакутаў сваіх, пра ўсе скарбы свае, што былі ў яго за былымі днямі, тым часам народ яго гіне ад рук ворага, і ніхто яму не пасабляе; супастаты глядзяць на яго і сьмяюцца зь яго суботаў.

8 Цяжка зграшыў Ерусалім, і за тое зрабіўся агідны; кожны, хто славіў яго, глядзіць на яго з пагардай, галізну ягоную ўбачыўшы; ён і сам уздыхае і адварочваецца.

9 На прыполе ў яго была нечысьць, але ён ня думаў пра будучыню, і заняпаў так ганебна, і няма яму суцешніка. «Паглядзі, Госпадзе, на гароту маю, бо вораг узвысіўся!»

10 Вораг руку працягнуў на ўсе скарбы ягоныя; ён бачыць, як уваходзяць язычнікі ў сьвятыню ягоную, пра якую Ты наказаў, каб яны ня ўступалі ў сходню Тваю.

11 Увесь народ ягоны ўздыхае, шукаючы хлеба, за ежу багацьці свае аддае, каб душу ўмацаваць. «Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся, які я пагарджаны!»

12 Хай ня будзе гэтага з вамі, вы, што дарогай праходзіце! зірнеце і падзівецеся, ці ёсць хвароба, як хвароба мая, што спасьцігла мяне, што наслаў на мяне Гасподзь у дзень палкага гневу Свайго?

13 Згары Ён паслаў агонь у косткі мае, і ён авалодаў імі; раскінуў сеткі на ногі мае, абярнуў мяне, і зьбедніў мяне, каб я таміўся дзень кожны.

14 Ярмо пахібнасьцяў маіх зьвязана ў руцэ Ягонай; яны сплецены і падняліся на шыю маю; Ён паслабіў сілу маю. Гасподзь аддаў мяне ў рукі, зь якіх не магу я вырвацца.

15 Усіх дужых маіх Гасподзь скінуў сярод мяне, склікаў супроць мяне сход, каб вынішчыць хлопцаў маіх; як у таўчэльні стаптаў Гасподзь дзеву, дачку Юдавую.

16 Па гэтым плачу я; вока маё, вока маё вылівае воды, бо далёка ад мяне мой суцешнік, які ажывіў бы душу маю; дзеці мае спустошаны, бо перамог вораг.

17 Сіён працягвае рукі свае, а суцешніка яму няма, Гасподзь даў загад пра Якава ворагам ягоным; Ерусалім сярод іх амярзоціўся.

18 Гасподзь праведны, бо не ўпакораны быў я слову Ягонаму. Паслухайце, усе народы, і зірнеце на немач маю: дзевы мае і хлопцы мае ў няволю пайшлі.

19 Клічу сяброў маіх, але яны ашукалі мяне; сьвятары мае і старцы мае канаюць у горадзе, шукаючы ежы сабе, каб душу сваю падмацаваць.

20 Паглядзі, Госпадзе, бо мне цесна, хвалюецца ўва мне нутроба, сэрца маё перавярнулася ўва мне за тое, што я ўпарта Табе супрацівіўся; меч звонку зьбязьдзетніў мяне, а дома — як сьмерць.

21 Пачулі, што я енчу, а суцешніка мне няма; пачулі ўсе ворагі мае пра гароту маю і парадаваліся, што Ты зрабіў гэта: о, калі б Ты загадаў, каб настаў дзень, Табою прадказаны, і каб яны мне ўпадобніліся!

22 Хай стане перад аблічча Тваё ўся іхняя злосьць; і ўчыні зь імі гэтак сама, як Ты са мною ўчыніў за грахі мае, бо цяжкія стагноты мае, і сэрца маё зьнемагае.

 

Разьдзел 2

 

1 І як спахмурніў Гасподзь у гневе Сваім дачку Сіёна! скінуў зь нябёсаў на зямлю красу Ізраіля і не ўзгадаў пра падножжа ног Сваіх у дзень гневу Свайго.

2 Загубіў Гасподзь усе селішчы Якава, не ўмілажаліўся, разбурыў у лютасьці Сваёй умацаваньні дачкі Юдавай, скінуў на зямлю, адкінуў царства і князёў ягоных, як нечысьць;

3 У запале гневу зламаў моц Ізраіля, адвёў правіцу Сваю ад непрыяцеля і загарэўся ў Якаве, як зьнішчальны агонь, што пажыраў усё навакол;

4 напяў лук Свой, як непрыяцель, накіраваў правіцу Сваю, як вораг, і забіў усё, вачам вабнае; на палатку дачкі Сіёна выліў лютасьць Сваю, як агонь.

5 Гасподзь зрабіўся — як непрыяцель, зьнішчыў Ізраіля, спустошыў усе харомы ягоныя, разбурыў умацаваньні яго, і памножыў дачцэ Юдавай смутак і плач.

6 І адабраў агароджу Сваю, як у садзе; разбурыў сьвятыню Сваю, прымусіў Гасподзь забыць на Сіёне сьвяты й суботы; і ў абурэньні гневу Свайго адкінуў цара і сьвятара,

7 Адкінуў Гасподзь ахвярнік Свой, адвёў сэрца Сваё ад сьвятыні Сваёй, аддаў у рукі ворагаў сьцены храмаў яго; у доме Гасподнім шумелі, як у сьвята.

8 Гасподзь пастанавіў разбурыць мур дачкі Сіёна, шнур працягнуў, ня ўхіліў рукі Сваёй ад спусташэньня; зьнішчыў вонкавыя ўмацаваньні, і сьцены разам разбураны.

9 Брамы яе аселі ў зямлю; Ён разбурыў і скрышыў завалы яе; цар яе і князі яе ў язычнікаў; ня стала закона, і прарокам яе няма ўяваў ад Госпада.

10 Маўкліва сядзяць на зямлі старцы дачкі Сіёнавай, пасыпалі попелам сваю галаву, вярэтаю аперазаліся; панурылі голаў сваю да зямлі дзевы Ерусалімскія.

11 Выплакала я мае вочы, і хвалюецца ўва мне нутроба мая, выліваецца на зямлю жоўць мая ад пагібелі дачкі народу майго, калі дзеці і немаўляты з голаду мруць на вуліцах горада.

12 Сваім мацеркам кажуць яны: «дзе хлеб і віно?» паміраючы, падобна параненым на вуліцах гарадскіх, выліваючы душы свае ва ўлоньне сваіх мацярок.

13 Што скажу я табе, з чым параўнаю цябе, дачка Ерусаліма? да чаго прыпадобню цябе, каб суцешыць цябе, дзева, дачка Сіёна? бо рана твая вялікая, як мора, хто можа цябе ацаліць?

14 Прарокі твае вяшчалі табе пустое, ілжывае і беззаконьня твайго не выкрывалі, каб папярэдзіць твой лёс, і зьвеставалі табе ілжыва, што прывяло цябе да выгнаньня.

15 Рукамі пляскаюць над табою праходжыя, сьвішчуць і круцяць галавой з дачкі Ерусаліма, кажучы: «ці той гэта горад, што называўся дасканаласьцю хараства, радасьцю ўсёй зямлі?»

16 Разьзявілі на цябе пашчу сваю твае ворагі, сьвішчуць, скрыгочуць зубамі, кажучы: «праглынулі мы яго, толькі гэтага дня і чакалі мы, дачакаліся, убачылі!»

17 Зьдзейсьніў Гасподзь, што прадвызначыў, спраўдзіў слова Сваё, сказанае калісьці, спустошыў бязь літасьці і даў ворагу парадавацца над табою, узьнёс моц тваіх супастатаў.

18 Сэрца іх лямантуе да Госпада: сьцяна дачкі Сіёна! лі ручаём сьлёзы дзень і ноч, не давай сабе супакоіцца, не давай спачыну зрэнкам вачэй тваіх.

19 Уставай, кліч сярод ночы, на пачатку кожнае варты; вылівай, як ваду, сэрца тваё прад Госпадам; да Яго цягні рукі твае за душу тваіх дзетак, што канаюць з голаду на рагах усіх вуліц.

20 «Паглядзі, Госпадзе, і падзівіся: каму так зрабіў, каб елі жанчыны свой плод, немаўлятак, выкармленых імі? каб забівалі ў Гасподнім сьвяцілішчы сьвятара і прарока?

21 Дзеці і старцы ляжаць на зямлі ў пыле; дзевы мае і хлопцы загінулі ад меча; у дзень гневу Твайго ты іх біў, заколваў бязь літасьці».

22 Ты склікаў адусюль, як на сьвята, жахі мае, і ў дзень гневу Гасподняга не ўратаваўся ніхто, не ацалеў аніхто; тых, каго выкарміла і ўзгадавала я, вораг мой вынішчыў.

 

Разьдзел 3

 

1 Я чалавек, які зьведаў гора ад жазла Твайго гневу:

2 Ён павёў мяне і ўвёў у цемру, а не ў сьвятло.

3 Толькі супроць мяне Ён зьвяртае руку Сваю кожнага дня;

4 выснажыў плоць маю і скуру маю, паламаў мае косьці;

5 абгарадзіў мяне і абклаў горыччу і цяготаю;

6 пасадзіў мяне ў цёмнае месца, як даўно памерлых;

7 акружыў мяне мурам, каб я ня выйшаў, уцяжыў аковы мае,

8 і хоць я клічу і енчу, нячулы Ён да малітвы маёй;

9 крушнямі загарадзіў мне дарогі, скрывіў сьцежкі мае.

10 Ён мне стаўся як бы мядзьведзь у засадзе, як бы леў у патайным месцы;

11 скрывіў дарогі мае і разарваў мяне, у нівеч абярнуў мяне;

12 напяў лук Свой і паставіў мяне як бы цэлем пад стрэлы;

13 паслаў у ныркі мае стрэлы з калчана Свайго.

14 Я зрабіўся пасьмешышчам усяму народу майму, штодзённаю скрушлівай песняй яго.

15 Ён насыціў мяне горыччу, напаіў мяне палыном;

16 скрышыў камянямі зубы мае, пасыпаў мяне попелам.

17 І адышоў спакой ад душы маёй; я забыўся пра шчасныя дні,

18 і сказаў я: загінула сіла мая і надзея мая на Госпада.

19 Падумай пра цярпеньні мае, пра гароту маю, пра жоўць і палын.

20 Цвёрда памятае гэта душа мая і ападае ўва мне.

21 Вось, што я адказваю сэрцу майму і таму спадзяюся:

22 зь міласьці Госпада мы ня зьніклі, бо ня вычарпаўся Яго мілажаль:

23 ён абнаўляецца кожнае раніцы; вялікая вернасьць Твая!

24 Гасподзь частка мая, кажа душа мая, спадзявацьмуся ж на Яго.

25 Добры Гасподзь з тымі, што на Яго спадзяюцца, з душою, якая шукае Яго.

26 Добра таму, хто цярпліва чакае ратунку ад Госпада.

27 Добра чалавеку, калі ён нясе ярмо ў маладосьці сваёй;

28 сядзіць адасоблена і маўчыць, бо Ён ярмо наклаў на яго;

29 кладзе вусны свае ў пыл, думаючы: «магчыма, яшчэ ёсьць надзея»;

30 падстаўляе шчаку сваю таму, хто яго б’е, здавальняецца ганьбаваньнем,

31 бо не навек пакідае Гасподзь.

32 Але паслаў гора, і ўмілажаліцца зь вялікай даброці Сваёй.

33 Бо Ён не па волі сэрца Свайго карае і засмучае сыноў чалавечых.

34 Але калі топчуць нагамі сваімі ўсіх вязьняў зямлі,

35 калі несправядліва судзяць чалавека перад абліччам Усявышняга,

36 калі чалавека ўціскаюць у дзеях ягоных: хіба ня бачыць Гасподзь?

37 Хто гэта кажа: «І тое бывае, чаму Гасподзь не загадаў быць»?

38 Ці не ад вуснаў Усявышняга адбываецца бедства і посьпех?

39 Навошта наракае чалавек жывы? кожны хай наракае на грахі свае.

40 Выпрабуем і дасьледуем шляхі свае, і зьвернемся да Госпада.

41 Узьнясём сэрца наша і рукі да Бога, сутнага на нябёсах:

42 мы адпалі і ўпарціліся; Ты ня зьлітаваўся:

43 Ты пакрыў Сябе гневам і перасьледаваў нас, забіваў, не шкадуючы;

44 Ты засланіў сябе хмарай, каб не даходзіла наша малітва;

45 сьмецьцем і мярзотаю Ты зрабіў нас сярод народаў.

46 Разьзявілі на нас пашчу сваю ўсе ворагі нашы.

47 Жудасьць і яма, спусташэньне і разбурэньне — доля наша.

48 Патокі водаў вылівае вока маё па пагібелі дачкі народа майго.

49 Вока маё выліваецца і не перасыхае, бо палёгкі няма,

50 пакуль ня ўгледзіць і ня ўбачыць Гасподзь зь нябёсаў.

51 Вока маё засмучае душу маю дзеля ўсіх дочак майго горада.

52 Па ўсякаму сіліліся вылавіць мяне, як птушку, ворагі мае, бязь ніякай прычыны;

53 укінулі жыцьцё маё ў яму і закідалі мяне камянямі.

54 Воды падняліся да галавы маёй; я сказаў: «загінуў я».

55 Я заклікаў імя Тваё, Госпадзе, зь ямы глыбокай.

56 Ты чуў голас мой; не затулі Тваё вуха ад уздыханьня майго, ад енку майго!

57 Ты набліжаўся, калі я клікаў Цябе, і казаў: ня бойся!

58 Ты абараняў, Госпадзе, дзеі душы маёй; акупляў жыцьцё маё.

59 Ты бачыш, Госпадзе, крыўду маю; рассудзі справу маю.

60 Ты бачыш усю помсьлівасьць іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне;

61 Ты чуеш, Госпадзе, лаянку іхнюю, усе намыслы іхнія супраць мяне,

62 словы тых, што паўстаюць на мяне, і іхнія хітраваньні супроць мяне дзень у дзень.

63 Паглядзі, ці сядзяць яны, а ці ўстаюць, я для іх — песьня.

64 Аддай ім, Госпадзе, паводле дзеяў рук іхніх;

65 пашлі ім памрочышча сэрца і пракляцьце Тваё на іх;

66 перасьледуй іх, Госпадзе, гневам тваім, і вынішчы іх з паднябеснай.

 

Разьдзел 4

 

1 Як паблякла золата, як зьмянілася золата высакароднае! камяні сьвяцілішча рассыпаны па ўсіх ростанях.

2 Сыны Сіёна каштоўныя, роўныя шчыраму золату, цяпер як чарэп’е глінянае цэняцца, як вырабы рук ганчара!

3 І шакалы падсоўваюць смочкі і кормяць сваіх дзяцей, а дачка народа майго цяпер жорсткая, як у пустыні страўсы:

4 язык немаўлят да гартані ад смагі ліпне; дзеці благаюць хлеба, і не падае ім ніхто.

5 Тыя, што елі салодкае, млеюць на вуліцах; а тыя, каго спавівалі ў пурпуры, на сьметніках сьпяць.

6 Правіны дачкі народа майго большыя за грэх Садомы: тая зьнішчана вокаімгненна, бяз дотыку рук чалавечых.

7 Яе князі былі чысьцейшыя за сьнег, бялейшыя за малако; целам былі прыгажэйшыя за карал, выгляд іх быў, як шафір;

8 а цяпер цямней за ўсё чорнае твар у іх; не пазнаюць іх на вуліцы; скура ў іх да касьцей іх прыліпла, уся перасохла, як дрэва.

9 Тыя, каго забіваюць мечам, шчасьлівейшыя за забіваных голадам, ападаюць у сіле з голаду, бо ім пладоў нестае палявых.

10 Пяшчотныя колісь жанчыны дзетак сваіх гатавалі, каб пракарміцца імі ў часе пагібелі дачкі народа свайго.

11 Спраўдзіў Гасподзь Свой гнеў, выліў лютасьць гневу Свайго і запаліў на Сіёне агонь, які зжэр асновы яго.

12 Ня верылі цары зямныя і ўсе жывыя ў сусьвеце, каб вораг і непрыяцель увайшоў у браму Ерусаліма.

13 Усё гэта — за грахі ілжэпрарокаў, за беззаконьні яго сьвятароў, што пралівалі кроў праведнікаў;

14 бадзяліся, як сьляпыя па вуліцах, крывёй апаганьваліся, аж немагчыма было дакрануцца да вопраткі іхняй.

15 «З дарогі! нячысты ідзе!» крычалі паперадзе іх; «сыдзеце ўбок, сыдзеце ўбок! не дакранайцеся!»; і саступалі ўбок; а людзі казалі: «іх болей ня будзе!

16 Гасподзь іх між люду расьцярусіў; Ён іх больш не дагледзіць», бо яны сьвятароў не шануюць, бо не шкадуюць старцаў.

17 Стаміліся нашыя вочы чакаць дапамогі марнае; з вежы дазорнай чакалі народу, які нас ня выратаваў.

18 А яны цікавалі за крокамі нашымі, каб не маглі мы хадзіць па вуліцах нашых; зблізіўся наш канец, дні нашы споўніліся; настала наша пара.

19 Ганіцелі нашы былі шыбчэйшыя за нябесных арлоў; ганяліся за намі па горах, ставілі пасткі на нас у пустыні.

20 Дыханьне жыцьця нашага, памазанец Гасподні злоўлены ў яму іхнюю, той, пра якога казалі мы: пад яго шатамі жыцьмем сярод народаў.

21 Радуйся і весяліся, дачка Эдома, жыхарка зямлі Уц! І да цябе дойдзе чара; уп’ешся й аголішся.

22 Дачка Сіёна! скончыцца кара за беззаконьне тваё; Ён цябе болей ня гнацьме; а тваё беззаконьне, дачка Эдома, Ён адкрые і пакарае яго.

 

Разьдзел 5

 

1 Успомні, Госпадзе, што над намі зьдзейсьнілася; паглядзі, падзівіся на паганьбеньне нашае:

2 спадчына нашая перайшла да чужых, дамы нашыя — да іншапляменцаў;

3 Мы асірацелі, бяз бацькі; маці нашыя — аўдавелі.

4 Ваду сваю п’ем за срэбра, дровы нашыя нам за грошы даюць.

5 Нас паганяюць у карак, мы працуем — і ня маем спачыну.

6 Працягваем руку да Егіпцянаў, да Асірыянаў, каб наесьціся хлеба.

7 Бацькі нашыя грэшнікі: іх больш няма, а мы кару нясем за беззаконьні іхнія.

8 Рабы пануюць над намі, і няма каму выбавіць з-пад рукі іхняй.

9 Свой хлеб здабываем з пагрозай жыцьцю ад меча.

10 Счарнела, як печ, нашая скура ад пякучага голаду

11 Жанок на Сіёне няславяць, дзяўчат — у гарадах Юдэйскіх.

12 Князі павешаны рукамі іхнімі, абліччы старцаў не ўшанаваны.

13 Юнакоў бяруць да жорнаў, і падлеткі падаюць пад ношкамі дроў.

14 Старцы не сядзяць больш каля варотаў; хлапцы не сьпяваюць.

15 Аціхла радасьць сэрца нашага: карагоды нашыя ў енк абярнуліся.

16 Упаў вянок з галавы нашай; гора нам, што мы зграшылі!

17 Ад гэтага вось зьнемаглося нашае сэрца; ад гэтага нашыя вочы зацьміліся.

18 Ад таго, што апусьцела гара Сіён, лісы ходзяць па ёй.

19 Ты, Госпадзе, жывеш вечна; трон твой — род у род.

20 Дзеля чаго зусім забываеш нас, пакідаеш на доўгі час?

21 Навярні нас да Цябе, Госпадзе, і мы навернемся; абнаві дні нашыя, як спрадвеку было.

22 Няўжо ты зусім адкінуў нас, прагневаўся на нас бязь меры?