ПАСЛАНЬНЕ ДА ПІЛІПЯНАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛА
Разьдзел 1
1 Павал і Цімафей, рабы Ісуса Хрыста, усім сьвятым у Хрысьце Ісусе, што жывуць у Піліпах, зь япіскапамі і дыяканамі:
2 мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
3 Дзякую Богу майму кожны раз, як згадваю вас,
4 заўсёды ў кожнай малітве маёй за ўсіх вас з радасьцю молячыся,
5 за ваш удзел у зьвеставаньні зь першага дня аж да сёньня,
6 упэўнены, што той, хто пачаў у вас добрую дзею, будзе завяршаць яе да дня Ісуса Хрыста,
7 як і трэба мне думаць пра ўсіх вас, бо я маю вас у сэрцы ў кайданах маіх, і ў абароне і ў сьцьверджаньні зьвеставаньня, вас усіх, як супольнікаў маіх у мілаце.
8 Бог — сьведка, што я люблю ўсіх вас любоўю Ісуса Хрыста;
9 і малюся за тое, каб любоў ваша яшчэ больш узрастала ў спазнаньні і ўсякім досьведзе,
10 каб, спазнаючы лепшае, вы былі чыстыя і неспатыкнёныя ў дзень Хрыста,
11 поўныя пладоў праведнасьці празь Ісуса Хрыста, на славу і хвалу Божую.
12 Жадаю, браты, каб вы ведалі, што акалічнасьці мае паслужылі на большы посьпех зьвеставаньня,
13 так што кайданы мае за Хрыста зрабіліся вядомыя ўсёй праторыі і ўсім астатнім,
14 і большая частка братоў у Госпадзе, пасьмялеўшы праз кайданы мае, пачалі з большаю адвагаю, бязбоязна прапаведаваць слова Божае.
15 Некаторыя, праўда, з зайздрасьці альбо зь перакорлівасьці, а іншыя з добрай прыхільнасьці прапаведуюць Хрыста:
16 адны зь перакорлівасьці прапаведуюць Хрыста ня чыста, думаючы пабольшыць цяжар кайданоў маіх;
17 а другія — зь любові, ведаючы, што я пастаўлены бараніць зьвеставаньне.
18 Але што да таго? Як бы ні прапаведавалі Хрыста, ці дзеля блізіру, а ці шчыра, я і таму радуюся і буду радавацца,
19 бо ведаю, што гэта паслужыць мне на збавеньне дзякуючы вашай малітве і садзеяньню Духа Ісуса Хрыста,
20 пры пэўнасьці і надзеі маёй, што я ні ў чым пасаромлены ня буду, а пры поўнай адвазе, і сёньня, як і заўсёды, праславіцца Хрыстос у целе маім, хай тое жыцьцём, хай сьмерцю.
21 Бо для мяне жыцьцё — Хрыстос, і сьмерць — набытак.
22 А калі жыцьцё ў плоці дае плод маёй дзеі, дык ня ведаю, што выбраць.
23 Вабіць мяне і тое і другое: хочацца і разьвязацца і быць з Хрыстом, бо гэта непараўнальна лепей;
24 а заставацца ў плоці больш патрэбна вам:
25 і я пэўна ведаю, што застануся і буду з усімі вамі дзеля вашага посьпеху і радасьці ў веры,
26 каб хвала ваша ў Хрысьце Ісусе памножылася празь мяне, пры маім другім да вас прыходзе.
27 Толькі жывеце годнасна зьвеставаньня Хрыстовага, каб мне, калі я прыйду і пабачу вас, альбо калі ня прыйду, чуць пра вас, што стаіце вы ў адным духу, змагаючыся аднадушна за веру Дабравесьця.
28 і не баіцеся ні ў чым праціўнікаў; гэта ім ёсьць знак пагібелі, а вам — выратаваньня. І гэта ад Бога;
29 бо вам дадзена дзеля Хрыста ня толькі вераваць у Яго, але і пакутаваць за Яго.
30 Такім самым подзьвігам, які вы бачылі ўва мне і сёньня чуеце пра мяне.
Разьдзел 2
1 Дык вось, калі ёсьць якая ўцеха ў Хрысьце, калі ёсьць якая радасьць любові, калі ёсьць якая супольнасьць Духа, калі ёсьць які мілажаль у сэрцы і спагадлівасьць,
2 дык дапоўніце маю радасьць: майце адны думкі, майце тую ж любоў, будзьце аднадушныя і аднамысныя;
3 нічога не рабеце зь перакорлівасьці альбо дзеля марнае славы, а ў пакорлівай мудрасьці ўважайце адно аднаго вышэй за сябе.
4 Не за сябе толькі клопат майце, а кожны і за іншых.
5 Бо ў вас павінны быць тыя самыя адчуваньні, як і ў Хрысьце Ісусе;
6 Ён, быўшы ў Божай прыродзе, не палічыў за рабунак Сваю роўнасьць з Богам,
7 а прынізіў Сябе Самога, узяўшы вобраз раба, зрабіўшыся падобным на людзей і з выгляду стаўшыся, як чалавек;
8 упакорыў Сябе і быў паслухмяны аж да сьмерці, і сьмерці крыжовай.
9 Таму і Бог узьнёс Яго і даў Яму імя вышэй за ўсякае імя,
10 каб прад імем Ісуса схілілася кожнае калена на небе, зямлі і ў апраметнай,
11 і кожныя вусны вызнавалі, што Ісус Хрыстос ёсьць Гасподзь на славу Бога Айца.
12 Дык вось, любасныя мае, як вы заўсёды былі паслухмяныя ня толькі ў прысутнасьці маёй, але яшчэ болей сёньня ў адсутнасьці маёй, са страхам і трымценьнем выконвайце сваё збавеньне,
13 бо гэта Бог учыняе ў вас і хаценьне і дзеяньне па Сваім упадабаньні.
14 Усё рабеце без нараканьня і сумненьня,
15 каб вам быць бездакорнымі і чыстымі дзецьмі Божымі, беспахібнымі сярод упарцістага і разбэшчанага роду, у якім вы зьзяеце, як сьвяцілы ў сьвеце,
16 ашчаджаючы слова жыцьця на пахвалу мне ў дзень Хрыстовы, што я ня марна змагаўся і ня марна працаваў.
17 Але калі я і мушу зрабіцца ахвяраю за ахвяру і служэньне веры вашай, дык радуюся і цешуся разам з усімі за вас;
18 за гэта самае і вы радуйцеся і цешцеся са мною.
19 Спадзяюся ж у Госпадзе Ісусе неўзабаве паслаць да вас Цімафея, каб і я, даведаўшыся пра вашыя абставіны, суцешыўся духам.
20 Бо няма ў мяне нікога роўнага яму ў рупнасьці, хто б так шчыра дбаў пра вас;
21 бо ўсе шукаюць свайго, а не таго, што даспадобы Ісусу Хрысту.
22 А ягоная вернасьць вам вядомая, бо ён, як сын пры бацьку, служыў мне ў зьвеставаньні.
23 І вось я спадзяюся паслаць яго адразу ж, як толькі даведаюся, што будзе са мною.
24 Я ўпэўнены ў Госпадзе, што і сам хутка прыйду да вас.
25 Урэшце я палічыў патрэбным паслаць да вас Эпафрадыта, брата і супрацоўніка і падзьвіжніка майго ў змаганьні, а вашага пасланца і службіта ў патрэбе маёй,
26 бо ён моцна хацеў бачыць вас і цяжка журыўся, што да вас дайшлі чуткі пра ягоную хваробу.
27 Бо ён быў хворы пры сьмерці; але Бог памілаваў яго, і не яго толькі, але і мяне, каб не дадалося мне жальбы да жальбы.
28 Таму я хутчэй паслаў яго, каб вы, убачыўшы яго зноў, парадаваліся, і я быў меней засмучаны.
29 Прымеце ж яго ў Госпадзе з усякаю радасьцю, і такіх майце ў пашане,
30 бо ён за справу Хрыстовую хадзіў каля сьмерці, ставіў жыцьцё пад пагрозу, каб дапоўніць недахоп вашых паслугаў мне.
Разьдзел 3
1 У астатнім, браты мае, радуйцеся ў Госпадзе. Пісаць вам пра гэта самае мне ня цяжка, а вам карысна.
2 Пільнуйцеся ад сабак, пільнуйцеся ад ліхіх дзеячаў, пільнуйцеся ад абразаньня;
3 бо абразаньне — мы, калі служым Богу духам і хвалімся Хрыстом Ісусам, і не на плоць спадзяёмся;
4 хоць я магу спадзявацца і на плоць. Калі хто іншы думае пакласьціся на плоць, дык тым болей я,
5 абрэзаны на восьмы дзень, з роду Ізраілевага, калена Веньямінавага, Габрэй ад Габрэяў, паводле закона — фарысэй,
6 а ў руплівасьці — ганіцель царквы Божай, па праўдзе закона — беззаганны.
7 Але што мне было перавагаю, тое дзеля Хрыста я палічыў марнасьцю.
8 Ды і ўсё лічу марнасьцю дзеля перавагі пазнаньня Хрыста Ісуса, Госпада майго: дзеля Яго я ад усяго адмовіўся, і ўсё лічу сьмецьцем, каб здабыць Хрыста,
9 і знайсьці сябе ў Ім не з маёю праведнасьцю, якая ад закона, а з тою, якая празь веру ў Хрыста, з праведнасьцю ад Бога па веры;
10 каб спазнаць Яго, і сілу ўваскрэсеньня Ягонага, і мець удзел у пакутах Ягоных, прыпадобніцца да Яго ў сьмерці,
11 каб дасягнуць уваскрэсеньня зь мёртвых.
12 Ня тое, каб я ўжо дасягнуў мэты, альбо ўдасканаліўся; але прагну, а ці не дасягну і я, як дасягнуў мяне Хрыстос Ісус.
13 Браты, я ня лічу, што я ўжо дасягнуў; а толькі, забываючы тое, што ўжо за мною, і сягаючы наперад,
14 імкнуся да мэты, да гонару вышэйшага пакліканьня Божага ў Хрысьце Ісусе.
15 І вось, хто з нас дасканалы, так і мусіць думаць; калі ж вы пра што іначай думаеце, дык і гэта Бог вам прасьветліць.
16 Тым часам, чаго б мы ні дасягнулі, так і павінны мысьліць і паводле таго правіла жыць.
17 Пераймайце, браты, мяне і дзівецеся на тых, якія робяць згодна з прыкладам, які маеце ў нас.
18 Бо многія, пра каго я часта казаў вам, а цяпер нават са сьлязьмі кажу, робяць, як ворагі крыжа Хрыстовага;
19 іхні канец — пагібель, іхні бог — чэрава, і слава іхняя — у ганьбе: яны думаюць пра зямное.
20 А нашае жыцьцё — на нябёсах, адкуль мы чакаем і Збаўцу, Госпада нашага Ісуса Хрыста,
21 Які нашае паганьбёнае цела пераўтворыць так, што яно прыпадобніцца праслаўленаму Целу Ягонаму, станецца сілаю, якою Ён дзейнічае і ўпакорвае Сабе ўсё.
Разьдзел 4
1 Дык вось, браты мае любасныя і жаданыя, радасьць і вянок мой, стойце так у Госпадзе, любасныя мае.
2 Малю Евадыю, малю Сінтыхію думаць гэтак сама пра Госпада;
3 сапраўды, прашу і цябе, мой шчыры супрацоўнік, памагай ім, што памагалі ў зьвеставаньні разам са мною і з Кліментам і з астатнімі супрацоўнікамі маімі, чые імёны — у кнізе жыцьця.
4 Радуйцеся заўсёды ў Госпадзе; і яшчэ кажу: радуйцеся.
5 Пакорлівасьць вашая хай будзе вядомая ўсім людзям. Гасподзь блізка.
6 Ня турбуйцеся ні пра што, а заўсёды ў малітве і прашэньні з падзякаваньнем адкрывайце свае жаданьні Богу, —
7 і мір Божы, які вышэйшы за ўсякі розум, ахавае сэрцы вашыя і помыслы ў Хрысьце Ісусе.
8 Нарэшце, браты мае, што толькі ў ісьціне, што сумленнае, што справядлівае, што чыстае, што любае, што вартае хвалы, што толькі дабрадзейнасьць, ці што пахвалы годнае, — тое і майце наўме.
9 Чаго вы навучыліся, што прынялі і чулі і бачылі ўва мне, тое і выконвайце, — і Бог міру будзе з вамі.
10 Я вельмі ўзрадаваўся ў Госпадзе, што вы ўжо зноў пачалі клапаціцца пра мяне; вы і раней клапаціліся, але вам ня спрыяла нагода.
11 Кажу гэта не таму, што патрэбу маю; бо я навучыўся здавольвацца тым, што ў мяне ёсьць:
12 умею жыць і ў гароце, умею жыць і ў дастатку; навучыўся ўсяго і ва ўсім, насычацца і галадаць, быць і ў раскошы і ў нястачы.
13 Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне.
14 Нарэшце, вы добра зрабілі, што ўзялі ўдзел у смутках маіх.
15 Вы ведаеце, Піліпяне, што на пачатку зьвеставаньня, калі я выйшаў з Македоніі, ніводная царква, апроч вас адных, ня брала ўдзелу ў маіх выдатках і прыбытках;
16 вы і ў Фесалоніку і раз і два дасылалі мне на патрэбы.
17 Ня тое, каб шукаў я дароў; а шукаю плоду, які памнажаецца на карысьць вам.
18 Я атрымаў усё і маю занадта; я задаволены, атрымаўшы ад Эпафрадыта гасьцінцы вашыя, — салодкія пахошчы, ахвяру прыемную, спадобную Богу.
19 Бог мой няхай адшкадуе вам на любую патрэбу вашую, ад багацьця Свайго ў славе, празь Ісуса Хрыста.
20 А Богу і Айцу нашаму слава на векі вякоў! Амін.
21 Вітайце кожнага сьвятога ў Хрысьце Ісусе. Вітаюць вас браты, якія са мною.
22 Вітаюць вас усе сьвятыя, а найболей з кесаравага дома.
23 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі вамі. Амін.