Беларуская Біблія

ПАВОДЛЕ МАРКА СЬВЯТОЕ ДАБРАВЕСЬЦЕ

Разьдзел 1

 

1 Пачатак Дабравесьця Ісуса Хрыста, Сына Божага,

2 як напісана ў прарокаў: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад Табою».

3 «Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму».

4 Зьявіўся Ян, хрысьцячы ў пустыні і прапаведуючы хрышчэньне пакаяньня на дараваньне грахоў.

5 І выходзілі да яго ўся краіна Юдэйская і Ерусалімляне; і хрысьціліся ў яго ўсе ў рацэ Ярдане, спавядаючыся ў грахах сваіх.

6 А ў Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай, і еў акрыды і дзікі мёд.

7 І прапаведаваў, кажучы: ідзе за мною Мацнейшы за мяне, у Якога я ня варты, нахіліўшыся, разьвязаць рэмень абутку Ягонага;

8 я хрысьціў вас вадою, а Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым.

9 І было ў тыя дні, прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і хрысьціўся ў Яна ў Ярдане.

10 І калі выходзіў з вады, убачыў адразу Ян, як адчыніліся нябёсы, і Духа, як голуба, Які сыходзіў на Яго.

11 І голас быў зь нябёсаў: «Ты Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў».

12 І адразу пасьля гэтага Дух вядзе Яго ў пустыню.

13 І быў Ён там у пустыні сорак дзён, спакушаны сатаною, і быў са зьвярамі; і анёлы слугавалі Яму.

14 А пасьля таго, як прададзены быў Ян, прыйшоў Ісус ў Галілею, прапаведуючы Дабравесьце Царства Божага,

15 і кажучы, што прыйшоў час і наблізілася Царства Божае: пакайцеся і веруйце ў Дабравесьце.

16 А праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сымона і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.

17 І сказаў ім Ісус: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

18 І яны адразу, пакінуўшы мярэжы свае, пайшлі за Ім.

19 І прайшоўшы адтуль далей, Ён угледзеў Якава Зевядзеевага і Яна, брата ягонага, таксама ў лодцы; яны ладзілі мярэжы,

20 і адразу заклікаў іх. І яны, пакінуўшы бацьку свайго Зевядзея ў лодцы з работнікамі, пайшлі за Ім.

21 І прыходзяць у Капернаум; і неўзабаве ў суботу ўвайшоў Ён у сынагогу і вучыў.

22 І зьдзіўляліся з вучэньня Ягонага, бо Ён вучыў іх як той, хто ўладу мае, а не як кніжнікі.

23 У сынагозе іхняй быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і закрычаў:

24 кінь, што Табе да нас, Ісусе Назаранін? Ты прыйшоў пагубіць нас! ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы.

25 Але Ісус загразіў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго.

26 Тады дух нячысты, скалануўшы яго і закрычаўшы зычным голасам, выйшаў зь яго.

27 І жахнуліся ўсе, і пыталіся адзін у аднаго: што гэта? што гэта за вучэньне новае, што Ён і духам нячыстым загадвае і яны слухаюцца Яго.

28 І хутка разышлася пра Яго пагалоска па ўсіх землях вакол Галілеі.

29 Выйшаўшы неўзабаве з сынагогі, прыйшлі ў дом Сымона і Андрэя зь Якавам і Янам.

30 А Сымонава цешча ляжала ў гарачцы; і адразу кажуць Яму пра яе.

31 Падышоўшы, Ён падняў яе, узяў яе за руку; і гарачка адразу пакінула яе, і яна пачала слугаваць ім.

32 А як зьмяркалася, калі заходзіла сонца, прыносілі да Яго ўсіх хворых і апанаваных дэманамі.

33 І ўвесь горад сабраўся да дзьвярэй.

34 І Ён ацаліў многіх, што цярпелі ад розных хваробаў; выгнаў шмат дэманаў і не дазваляў дэманам гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.

35 А нараніцу, устаўшы на досьвітку, выйшаў і пайшоў у пустэльнае месца, і там маліўся.

36 Сымон і тыя, хто быў зь Ім, пайшлі за Ім;

37 і, знайшоўшы Яго, кажуць Яму: усе шукаюць Цябе.

38 Ён кажа ім: хадзем у бліжэйшыя селішчы і гарады, каб Мне і там зьвеставаць, бо Я на тое і прыйшоў.

39 І Ён зьвеставаў у сынагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў дэманаў.

40 Прыходзіць да Яго пракажоны і, просячы Яго на каленях, кажа Яму: калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

41 Ісус, умілажаліўшыся зь яго, працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: хачу, ачысьціся.

42 Пасьля гэтага слова праказа адразу сыйшла зь яго, і ён стаўся чыстым.

43 І гнеўна выгаварыўшы яму, адразу прагнаў яго

44 і сказаў яму: глядзі, нікому нічога не кажы; а ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, што загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.

45 А ён, выйшаўшы, пачаў абвяшчаць і расказваць пра тое, што адбылося, так што Ісус ня мог ужо адкрыта ўвайсьці ў горад, а быў звонку, у мясьцінах пустэльных. І прыходзілі да Яго адусюль.

 

Разьдзел 2

 

1 Праз колькі дзён Ён прыйшоў у Капернаум і стала вядома, што Ён у доме.

2 Адразу сабраліся многія, так што ўжо і за дзьвярыма ня было месца, і Ён казаў ім слова.

3 І прыйшлі да Яго з паралізаваным, якога несьлі чацьвёра:

4 і, ня маючы як падысьці да Яго празь людзей, разабралі дах дома, дзе Ён быў і, пракапаўшыся, апусьцілі пасьцель, на якой ляжаў паралізаваны.

5 Ісус, як убачыў веру іхнюю, кажа пралізаванаму: дзіця! даруюцца табе грахі твае.

6 Тут сядзелі некаторыя кніжнікі і разважалі ў сэрцах сваіх:

7 Чаго Ён так блюзьнерыць? хто можа дараваць грахі, акрамя аднаго Бога?

8 Ісус, адразу пазнаўшы духам Сваім, што яны так разважаюць самі ў сабе, сказаў ім: навошта вы так разважаеце ў сэрцах вашых?

9 што лягчэй? альбо сказаць паралізаванаму: «даруюцца табе грахі?» альбо сказаць: «устань, вазьмі сваю пасьцель і хадзі?»,

10 але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — кажа паралізаванаму:

11 табе кажу: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.

12 Той адразу ўстаў і, узяўшы пасьцель, выйшаў перад усімі, так што ўсе дзіву даваліся і славілі Бога, кажучы: ніколі нічога такога мы ня бачылі.

13 І выйшаў Ісус зноў да мора; і ўсе людзі пайшлі да Яго, і Ён вучыў іх.

14 Праходзячы, убачыў Ён Лявія Алфеевага, які сядзеў каля мытні, і кажа яму: ідзі за Мною. І той, устаўшы, пайшоў за Ім.

15 І калі Ісус узьляжаў у доме ягоным, узьляжалі зь Ім і вучні Ягоныя і многія мытнікі і грэшнікі; бо шмат іх было, і яны ішлі сьледам за Ім.

16 Кніжнікі і фарысэі, убачыўшы, што Ён есьць з мытнікамі і грэшнікамі, казалі вучням Ягоным: як гэта Ён есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?

17 Пачуўшы, Ісус кажа ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя; Я прыйшоў заклікаць ня праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.

18 Вучні Янавыя і фарысэйскія пасьцілі. Прыходзяць да Яго і кажуць: чаму вучні Янавыя і фарысэйскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?

19 І сказаў ім Ісус: ці могуць пасьціць сыны харомаў шлюбных, калі зь імі малады? Пакуль зь імі малады, ня могуць пасьціць;

20 але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціць у тыя дні.

21 Ніхто да старое адзежыны ня прышывае латкі зь нябеленага палатна: інакш зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.

22 Ніхто ня ўлівае віна маладога ў мяхі старыя: інакш маладое віно парве мяхі, і віно выцеча, і мяхі прападуць; а віно маладое трэба ўліваць у мяхі новыя.

23 І давялося Яму ў суботу праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя дарогаю пачалі зрываць калосьсе.

24 І фарысэі сказалі Яму: глядзі, што яны робяць у суботу, чаго нельга рабіць.

25 Ён сказаў ім: няўжо вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім?

26 Як увайшоў ён у дом Божы пры першасьвятары Авіятары і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому акрамя сьвятароў, і даў тым, што былі зь ім?

27 І сказаў ім: субота дзеля чалавека, а не чалавек дзеля суботы;

28 таму Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы.

 

Разьдзел 3

 

1 І ўвайшоў зноў у сынагогу; там быў чалавек з высахлаю рукою.

2 І сачылі за Ім, ці не ацаліць яго ў суботу, каб зьвінаваціць Яго.

3 А Ён кажа чалавеку з сухою рукою: стань пасярэдзіне.

4 А ім кажа: ці належыць у суботу дабро чыніць, альбо зло чыніць? душу ўратаваць, альбо загубіць? Але яны маўчалі.

5 І з гневам на іх паглядзеўшы, смуткуючы па ачарсьцьвеньні сэрцаў іхніх, кажа таму чалавеку: працягні руку тваю. Той працягнуў, і стала рука ягоная здаровая, як другая.

6 Фарысэі, выйшаўшы, адразу зладзілі зь ірадыянамі нараду супраць Яго, як бы загубіць Яго.

7 Але Ісус з вучнямі Сваімі адышоў да мора, і за Ім пайшло мноства людзей з Галілеі, Юдэі,

8 Ерусаліма, Ідума і з-за Ярдана. І з навакольляў Тыра і Сідона, пачуўшы, што Ён рабіў, ішлі да Яго ў вялікім мностве.

9 І сказаў вучням Сваім, каб напагатове была Яму лодка, з прычыны шматлюдзтва, каб ня ціснулі на Яго.

10 Бо многіх Ён ацаліў, так што тыя, хто быў хворы, кідаліся да Яго, каб дакрануцца да Яго.

11 І духі нячыстыя, калі бачылі Яго, падалі перад Ім і крычалі: Ты — Сын Божы.

12 Але Ён строга выгаворваў ім, каб не адкрывалі Яго.

13 Потым узышоў на гару і паклікаў да Сябе, каго Сам хацеў; і пайшлі да Яго.

14 І паставіў дванаццацёх, каб зь Ім былі і каб пасылаць іх зьвеставаць,

15 і каб мелі яны ўладу ацаляць ад хваробаў і выганяць дэманаў:

16 паставіў Сымона, даўшы яму імя Пётр;

17 Якава Зевядзеевага і Яна, брата Якаўлевага, даўшы ім імёны Воанергес, гэта азначае, «сыны громавыя»;

18 Андрэя, Піліпа, Барталамея, Мацьвея, Тамаша, Якава Алфеевага, Тадэя, Сымона Кананіта

19 і Юду Іскарыёцкага, які і выдаў Яго.

20 Прыходзяць у дом; і зноў зьбіраецца люд, так што яны не маглі нават хлеба паесьці.

21 І пачуўшы, блізкія Ягоныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён не ў сабе.

22 А кніжнікі, якія прыйшлі зь Ерусаліма, казалі, што Ён мае ў Сабе Вэльзэвула і што выганяе дэманаў сілаю дэманскага князя.

23 І паклікаўшы іх, казаў ім прытчамі: як можа сатана выганяць сатану?

24 Калі царства разьдзеліцца самое ў сабе, ня можа ўстояць царства тое;

25 і калі дом разьдзеліцца сам у сабе, ня можа ўстояць дом той;

26 і калі сатана паўстаў на самога сябе і разьдзяліўся, ня можа ўстояць, а настаў канец ягоны.

27 Ніхто, увайшоўшы ў дом дужага, ня можа зрабаваць рэчаў ягоных, калі сьпярша ня зьвяжа дужага, — і тады зрабуе дом ягоны.

28 Праўду кажу вам: дараваныя будуць сынам чалавечым усе грахі і блюзьнерствы, якімі б ні блюзьнерылі;

29 але хто будзе блюзьнерыць на Духа Сьвятога, таму ня будзе дараваньня вавекі, а падлягае ён вечнай асудзе.

30 Гэта сказаў Ён, бо казалі: у Ім нячысты дух.

31 І прыйшлі Маці і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі да Яго паклікаць Яго.

32 Каля Яго сядзеў люд. І сказалі Яму: вось, Маці Твая і браты Твае і сёстры Твае, вонкі, пытаюцца Цябе.

33 І адказаў ім: хто Маці Мая і браты Мае?

34 І азірнуўшы тых, што сядзелі вакол Яго, кажа: вось маці Мая і браты Мае;

35 бо, хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат і сястра і маці.

 

Разьдзел 4

 

1 І зноў пачаў вучыць каля мора; і сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і быў на моры, а ўвесь люд быў на зямлі каля мора.

2 І вучыў іх прытчамі многа і ў вучэньні Сваім казаў ім:

3 слухайце: вось, выйшаў сейбіт сеяць;

4 і калі сеяў, сталася так, што іншае ўпала ўскрай дарогі, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;

5 іншае ўпала на камяністую мясьціну, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была там ня глыбокая;

6 а калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;

7 іншае ўпала на церне, і церне вырасла і заглушыла насеньне, яно не дало плоду;

8 а іншае ўпала на добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла тое трыццаць, тое шэсьцьдзясят і тое сто.

9 І сказаў ім: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

10 Калі ж застаўся бязь людзей, усе, хто быў вакол Яго разам з дванаццацьцю, спыталіся ў Яго пра прытчу.

11 І сказаў ім: вам дадзена ведаць тайны Царства Божага, а тым, вонкавым, усё бывае ў прытчах,

12 каб яны сваімі вачыма глядзелі, і ня ўбачылі; сваімі вушамі чулі, і не ўразумелі, каб не навярнуліся, і не дараваны былі ім грахі.

13 І кажа ім: не разумееце гэтай прытчы? як жа вам уразумець усе прытчы?

14 Сейбіт слова сее.

15 Пасеянае ўскрай дарогі азначае тых, у якіх сеецца слова, але да якіх, калі пачуюць, адразу прыходзіць сатана і хапае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх.

16 Такім самым чынам і пасеянае на камяністых мясьцінах азначае тых, якія, калі пачуюць слова, адразу з радасьцю прымаюць яго,

17 але ня маюць у сабе кораня і нясталыя; потым, калі настане ўціск і ганеньне за слова, адразу спакушаюцца.

18 Пасеянае ў церне азначае тых, што чуюць слова,

19 але ў якіх турботы веку гэтага, панада багацьця і іншыя жаданьні, уваходзячы ў іх, заглушаюць слова, і яно бывае бяз плоду.

20 А пасеянае на добрай зямлі азначае тых, якія слухаюць слова і прымаюць, і родзяць плод, адзін у трыццаць, другі ў шэсьцьдзясят, той ўстакроць.

21 І сказаў ім: ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну альбо пад ложак? ці не на тое, каб ставіць яе на сьвечніку?

22 Няма нічога таемнага, што ня выйшла б на яву; і нічога няма схаванага, што ня выйшла б наверх.

23 Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай пачуе!

24 І сказаў ім: заўважайце, што чуеце: якою мераю мерыце, такою адмерана будзе вам і дададзена будзе вам, слухачам.

25 Бо, хто мае, таму дадзена будзе, а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае.

26 І сказаў: Царства Божае падобнае на тое, як калі чалавек кіне насеньне ў зямлю,

27 і сьпіць, і ўстае ноччу і днём, і як насеньне ўзыходзіць і расьце, ня ведае ён;

28 бо зямля сама сабою родзіць спачатку зеляніну, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе;

29 калі ж высьпее плод, адразу пасылае серп, таму што настала жніво.

30 І сказаў: да чаго прыпадобнім Царства Божае? альбо празь якую прытчу выявім яго?

31 Яно — як зерне гарчычнае, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць найменшае з усіх зярнят на зямлі:

32 а як пасеяна, узыходзіць і робіцца большае за ўсякую траву, і пускае вялікае гольле, так што пад ценем ягоным могуць хавацца птушкі нябесныя.

33 І такімі многімі прытчамі прапаведаваў ім слова, колькі яны маглі чуць;

34 і бяз прытчы не казаў ім, а вучням сам-насам тлумачыў усё.

35 Увечары таго самага дня сказаў ім: пераправімся на той бок.

36 І яны, адпусьціўшы людзей, узялі Яго з сабою, як Ён быў, у лодку; зь Ім былі і іншыя лодкі.

37 І паднялася вялікая бура; хвалі білі ў лодку, так што яна ўжо напаўнялася вадою.

38 А Ён спаў на карме на ўзгалоўі. Яго будзяць і кажуць Яму: Настаўнік! няўжо Табе ня рупіць, што мы гінем?

39 І ўстаўшы, Ён загразіў ветру і сказаў мору: суйміся, перастань. І вецер аціх, і зрабілася вялікая ціша.

40 І сказаў ім: чаго вы такія палахлівыя? чаму ў вас няма веры?

41 І ўбаяліся страхам вялікім і гаварылі і паміж сабою: хто ж гэта, што і вецер і мора слухаюцца Яго?

 

Разьдзел 5

 

1 Прыйшлі на другі бераг мора, у краіну Гадарынскую.

2 І калі выйшаў Ён з лодкі, адразу сустрэў Яго чалавек, які выйшаў з магілаў, апанаваны нячыстым духам;

3 у яго было жытло ў магілах, і ніхто ня мог зьвязаць яго нават ланцугамі;

4 бо колькі разоў яго ні кавалі ў ланцугі і путы, але разрываў ланцугі і разьбіваў путы, і ніхто ня меў сілы ўтаймаваць яго;

5 заўсёды, уночы і ўдзень, у горах і магілах, крычаў ён і біўся аб каменьне.

6 А ўбачыўшы Ісуса здалёк, прыбег і пакланіўся Яму,

7 і, закрычаўшы моцным голасам, сказаў: што Табе да мяне? Ісусе, Сыне Бога Усявышняга! заклінаю Цябе Богам, ня муч мяне!

8 Бо Ісус сказаў яму: выйдзі, дух нячысты, з гэтага чалавека.

9 І спытаўся ў яго: як тваё імя? І той сказаў у адказ: легіён імя мне, бо нас многа.

10 І вельмі прасілі Яго, каб ня высылаў іх прэч з краіны той.

11 А пасьвіўся там пад гарою вялікі гурт сьвіней.

12 І прасіліся ў Яго ўсе дэманы, кажучы: пашлі нас у сьвіней, каб нам увайсьці ў іх.

13 Ісус адразу дазволіў ім. І нячыстыя духі, выйшаўшы, увайшлі ў сьвіней; і памкнуўся гурт з урвішча ў мора, а іх было каля дзьвюх тысяч; і патанулі ў моры.

14 А сьвінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках. І жыхары выйшлі паглядзець, што сталася.

15 Прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны, у якім быў легіён, сядзіць і апрануты, і ў здаровым розуме; і спалохаліся.

16 А тыя, што бачылі, расказалі ім пра тое, як гэта здарылася з апантаным, і пра сьвіней.

17 І пачалі прасіць Яго, каб адышоў ад межаў іхніх.

18 І калі Ён увайшоў у лодку, апантаны прасіў Яго, каб быць зь Ім.

19 Але Ісус не дазволіў яму, а сказаў: ідзі дамоў да сваіх і раскажы ім, што ўчыніў з табою Гасподзь і як зь цябе ўмілажаліўся.

20 І пайшоў і пачаў зьвеставаць у Дзесяцігародзьдзі, што ўчыніў зь ім Ісус. І ўсе дзіваваліся.

21 Калі Ісус зноў пераправіўся ў лодцы на другі бераг, сабралася да Яго мноства людзей. Ён быў каля мора.

22 І вось, прыходзіць адзін з начальнікаў сынагогі, якога звалі Яір, і, убачыўшы Яго, падае ў ногі Яму

23 і ўмольна просіць Яго, кажучы: дачка мая пры сьмерці; прыйдзі і ўскладзі на яе рукі, каб яна ачуняла і засталася жывая.

24 Ісус пайшоў зь ім. За Ім сьледам ішло мноства людзей, і націскалі на Яго.

25 Адна жанчына, якая пакутавала ад крывацечы дванаццаць гадоў,

26 шмат нацярпелася ад многіх лекараў, патраціла ўсё, што было ў яе, і ня зыскала ніякай палёгкі, а самой толькі пагоршала,

27 дачуўшыся пра Ісуса, падышла ззаду ў натоўпе і кранулася вопраткі Ягонай;

28 бо казала: калі хоць да вопраткі Ягонай дакрануся, дык выздаравею.

29 І перастала адразу ў яе крывацеча, і яна адчула ў целе, што ачуняла ад хваробы.

30 А ў той самы час Ісус, адчуўшы Сам у Сабе, што выйшла зь Яго сіла, абярнуўся ў народзе і сказаў: хто крануўся Маёй вопраткі?

31 Вучні сказалі Яму: Ты бачыш, што людзі націскаюць на Цябе, і кажаш: «хто крануўся Мяне?».

32 Але Ён глядзеў навокал, каб убачыць тую, якая зрабіла гэта.

33 Жанчына ў страху і трымценьні, ведаючы, што зь ёю сталася, падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.

34 А Ён сказаў ёй: дачка! вера твая ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад хваробы тваёй.

35 Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, прыходзяць ад начальніка сынагогі і кажуць: дачка твая памерла; чаго яшчэ дакучаеш Настаўніку?

36 Але Ісус, пачуўшы гэтыя словы, адразу кажа начальніку сынагогі; ня бойся, толькі веруй.

37 І не дазволіў нікому ісьці сьледам за Ім, акрамя як Пятру, Якаву і Яну, брату Якава.

38 Прыходзяць у дом начальніка сынагогі і бачаць перапалох, і плачуць і голасам галосяць.

39 І ўвайшоўшы, кажа ім: чаго сумеліся і плачаце? дзяўчына не памерла, а сьпіць.

40 І сьмяяліся зь Яго. Але Ён, выслаўшы ўсіх, бярэ з Сабою бацьку і маці дзяўчыны і тых, што былі зь Ім, і ўваходзіць туды, дзе дзяўчына ляжала.

41 І ўзяўшы дзяўчыну за руку, кажа ёй: таліфа-кумі, што азначае: «Дзяўчына, табе кажу, устань».

42 І дзяўчына адразу ўстала і пачала хадзіць, бо была гадоў дванаццаці. І вялікаму дзіву даліся.

43 І Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта ня ведаў, і сказаў, каб ёй далі есьці.

 

Разьдзел 6

 

1 Ён выйшаў адтуль і прыйшоў на бацькаўшчыну Сваю; за Ім сьледам ішлі вучні Ягоныя.

2 Калі настала субота, Ён пачаў вучыць у сынагозе; і многія слухачы з подзівам казалі: адкуль у Яго гэта? што за мудрасьць дадзена Яму, і як такія дзівосы чыняцца рукамі Ягонымі?

3 ці не цясьляр Ён, сын Марыін, брат Якава, Ясіі, Юды і Сымона? ці ня тут сярод нас Ягоныя сёстры? І паняверыліся ў Ім.

4 А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне сваёй і ў родзічаў і ў доме сваім.

5 І ня мог учыніць там ніякага цуду; толькі на нямногіх хворых усклаўшы рукі, ацаліў іх.

6 І зьдзіўляўся зь няверства іхняга. Потым хадзіў па навакольных селішчах і вучыў.

7 І, паклікаўшы дванаццацёх, пачаў пасылаць іх па двое і даў ім ўладу над нячыстымі духамі.

8 І наказаў ім нічога ня браць у дарогу, апрача аднаго кія: ні торбы, ні хлеба, ні медзі ў поясе,

9 а абувацца ў просты абутак і не насіць дзьвюх вопратак.

10 І сказаў ім: калі дзе ўвойдзеце ў дом, заставайцеся ў ім, пакуль ня выйдзеце з той мясьціны.

11 І калі хто ня прыме вас і ня будзе слухаць вас, дык, выходзячы адтуль, абцярушэце пыл з ног вашых, у сьведчаньне на іх. Праўду кажу вам: радасьней будзе Садоме і Гаморы ў дзень судны, чым таму гораду.

12 І яны пайшлі і зьвеставалі каяньне;

13 выганялі шмат дэманаў і многіх хворых мазалі алеем і ацалялі.

14 Цар Ірад, дачуўшыся пра Ісуса, — бо імя Ягонае стала слыннае, — казаў: гэта Ян Хрысьціцель паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.

15 Іншыя казалі: гэта Ільля. А іншыя казалі: гэта прарок, альбо як адзін з прарокаў.

16 А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Ян, якому я адцяў галаву, ён паўстаў зь мёртвых.

17 Бо гэты Ірад, паслаўшы, узяў Яна і ўвязьніў яго ў цямніцу за Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго, бо ажаніўся зь ёю.

18 Бо Ян казаў Іраду: нельга табе мець жонку брата твайго.

19 А Ірадыяда, угневаўшыся на яго, хацела забіць яго; ды не магла.

20 Бо Ірад баяўся Яна, ведаючы, што ён муж праведны і сьвяты і пільнаваў яго; многае рабіў, слухаючыся яго, і з прыемнасьцю слухаў яго.

21 Настаў зручны дзень, калі Ірад, з нагоды ўгодкаў сваіх, даваў гасьціну вяльможам сваім, тысячнікам і старэйшынам Галілейскім, —

22 дачка Ірадыядзіна ўвайшла, скакала і дагадзіла Іраду і ўсім, што ўзьляжалі зь ім. Цар сказаў дзяўчыне: прасі ў мяне, чаго хочаш, і дам табе.

23 І запрысягнуўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, нават да палавіны майго царства.

24 Яна выйшла і спыталася ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галавы Яна Хрысьціцеля.

25 І яна адразу пайшла сьпешна да цара і прасіла, кажучы: хачу, каб ты даў мне цяпер жа ў місе галаву Яна Хрысьціцеля.

26 Цар замаркоціўся; але, дзеля прысягі і тых, што ўзьляжалі зь ім, не захацеў адмовіць ёй.

27 І адразу паслаўшы збраяносца, цар загадаў прынесьці галаву ягоную.

28 Той пайшоў, адцяў яму галаву ў цямніцы, і прынёс галаву ягоную ў місе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала яе маці сваёй.

29 Вучні ягоныя, пачуўшы, прыйшлі і ўзялі цела ягонае і паклалі яго ў магілу.

30 І сабраліся апосталы да Ісуса і расказалі Яму ўсё, і што зрабілі, і чаму навучылі.

31 Ён сказаў ім: ідзеце вы адныя ў пустэльнае месца і адпачнеце крыху. Бо шмат прыходзіла і адыходзіла, так што і есьці ім ня было калі.

32 І выправіліся ў пустэльнае месца на лодцы адныя.

33 Люд убачыў, як яны выпраўляліся, і многія пазналі іх; і беглі туды пешыя з усіх гарадоў і апярэдзілі іх, і сабраліся да Яго.

34 Ісус, выйшаўшы, угледзеў мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былі як авечкі без пастуха; і пачаў іх вучыць многа.

35 І як што часу мінула шмат, вучні Ягоныя, прыступіўшы да Яго, кажуць: месца тут пустэльнае, а час ужо позьні;

36 адпусьці іх, каб яны пайшлі ў навакольныя вёскі і селішчы і купілі сабе хлеба; бо ім няма чаго есьці.

37 Ён сказаў ім у адказ: вы дайце ім есьці. І сказалі Яму: хіба што нам пайсьці купіць хлеба дынараў на дзьвесьце і даць ім есьці?

38 Але Ён папытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Ідзеце, паглядзеце. Яны, даведаўшыся, сказалі: пяць хлябоў і дзьве рыбіны.

39 Тады загадаў ім пасадзіць усіх гуртамі на зялёнай траве.

40 І паселі радамі па сто і па пяцьдзясят.

41 Ён узяў пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы да неба, дабраславіў і разламаў хлябы і даў вучням Сваім, каб яны раздалі ім; і дзьве рыбіны падзяліў на ўсіх.

42 І елі ўсе і наеліся;

43 і набралі кавалкаў хлеба і рэшты ад рыбін дванаццаць поўных кашоў;

44 а было тых, што елі хлябы, каля пяці тысяч мужчын.

45 І адразу ж прымусіў вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца наперад на той бок да Віфсаіды, пакуль Ён адпусьціць людзей.

46 І адпусьціўшы іх, пайшоў на гару памаліцца.

47 Увечары лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.

48 І ўбачыў іх у бядзе ў плаваньні, бо вецер ім быў супраціўны; а каля чацьвёртай варты ночы падышоў да іх, ідучы па моры, і хацеў прайсьці міма іх.

49 Яны, убачыўшы Яго, што ідзе па моры, падумалі, што гэта прывід, і закрычалі.

50 Бо ўсе бачылі Яго і перапалохаліся. І адразу загаварыў зь імі і сказаў ім: узбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.

51 І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер аціх. І яны вельмі-вельмі зьдзіўляліся ў сабе і дзіву даваліся.

52 Бо не дайшлі розумам да цуду з хлябамі, таму што сэрца ў іх было скамянелае.

53 І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую і прысталі да берагу.

54 Калі выйшлі яны з лодкі, адразу жыхары, пазнаўшы Яго,

55 абеглі ўсё навакольле тое і пачалі на ложках прыносіць хворых туды, дзе, як чуваць было, Ён быў.

56 І куды ні прыходзіў Ён, ці то ў селішчы, ці то ў гарады, ці то ў вёскі, клалі хворых на плошчах і прасілі Яго, каб ім дакрануцца хоць да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся да Яго, ацаляліся.

 

Разьдзел 7

 

1 Сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі зь Ерусаліма;

2 і ўбачыўшы некаторых вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, то ж бо няўмытымі рукамі, дакаралі.

3 Бо фарысэі і ўсе Юдэі, сьледуючы наказу старцаў, не ядуць, не памыўшы старанна рук;

4 і, прыйшоўшы з торжышча, не ядуць, не абмыўшыся. Ёсьць і яшчэ шмат чаго іншага, чаго яны пастанавілі трымацца: глядзець, каб мылі чары, кубкі, катлы і ўслоны.

5 Потым пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: навошта вучні Твае не трымаюцца наказаў старцаў, а няўмытымі рукамі ядуць хлеб?

6 Ён сказаў ім у адказ: добра прарочыў пра вас, крывадушных, Ісая, як напісана: «людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі, а сэрца іхняе далёка ад Мяне адлягае;

7 але марна шануюць Мяне, настаўляючы на вучэньні, запаведзі чалавечыя»;

8 бо вы, занядбаўшы запаведзь Божую, трымаецеся звычаю чалавечага, абмываньня кубкаў і чараў, і робіце шмат чаго іншага, да гэтага падобнага.

9 І сказаў ім: ці добра, што вы адмяняеце запаведзь Божую, каб датрымацца свайго звычаю?

10 Бо Майсей сказаў: «шануй бацьку свайго і маці сваюё; і: ёхто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ».

11 А вы кажаце: хто скажа бацьку альбо маці: «корван (значыць, дар) Богу тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся», —

12 таму вы ўжо дазваляеце нічога не рабіць бацьку свайму альбо маці сваёй,

13 ухіляючы слова Божае наказам вашым, які вы ўстанавілі; і робіце шмат чаго на гэта падобнага.

14 І паклікаўшы ўвесь люд, сказаў яму: слухайце Мяне ўсе і разумейце:

15 нішто, што ўваходзіць у чалавека звонку, ня можа апаганіць яго; а што выходзіць зь яго, тое апаганьвае чалавека.

16 Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

17 І калі Ён ад людзей увайшоў у дом, вучні Ягоныя спыталіся ў Яго пра прычту.

18 Ён сказаў ім: няўжо і вы такія няцямныя? няўжо не разумееце, што нішто, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа апаганіць яго?

19 бо ня ў сэрца ягонае ўваходзіць, а ў чэрава, і выходзіць вонкі, чым ачышчаецца ўсякая ежа.

20 Далей сказаў: тое, што выходзіць з чалавека, апаганьвае чалавека;

21 бо зь сярэдзіны, з сэрца чалавечага, выходзяць ліхія помыслы, пералюбы, распуста, забойствы,

22 крадзяжы, ліхвярства, злосьць, хітрына, непатрэбства, зайздросьлівае вока, блюзьнерства, пыха, безгалоўе.

23 Усё гэтае ліха зь сярэдзіны выходзіць, і апаганьвае чалавека,

24 І выправіўшыся адтуль, прыйшоў у межы Тырскія і Сідонскія; і ўвайшоўшы ў дом, не хацеў, каб хто даведаўся; але ня здолеў утоіцца.

25 Бо дачулася пра Яго жанчына, у якое дачка апанаваная была нячыстым духам, і прыйшоўшы прыпала да ног Ягоных;

26 а жанчына тая была язычніца, родам Сірафінікіянка; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана зь ейнай дачкі.

27 Але Ісус сказаў ёй: дай перш насыціцца дзецям; бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам.

28 А яна сказала Яму ў адказ: так, Госпадзе; але і сабакі пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.

29 І сказаў ёй: за гэтае слова, ідзі; дэман выйшаў з тваёй дачкі.

30 І прыйшоўшы ў свой дом, яна ўбачыла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на пасьцелі.

31 Выйшаўшы зь межаў Тырскіх і Сідонскіх, Ісус зноў пайшоў да мора Галілейскага празь землі Дзесяцігародзьдзя.

32 Прывялі да яго глухога гугняўца і прасілі Яго ўскласьці на яго руку.

33 Ісус, адвёўшы яго ўбок ад людзей, уклаў пальцы Свае ў вушы яму і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага;

34 і ўзьвёўшы вочы да неба, уздыхнуў і сказаў яму: «Еффафа», што значыцца — «адчыніся».

35 І адразу адчыніўся ў яго слых, і разамкнуліся повязі ягонага языка, і пачаў гаварыць чыста.

36 І загадаў ім не казаць нікому. Але, колькі Ён ні забараняў ім, яны яшчэ больш разгалошвалі.

37 І вельмі-вельмі зьдзіўляліся і казалі: усё добра робіць: і глухіх робіць чуткімі і нямых — гаваркімі.

 

Разьдзел 8

 

1 У тыя дні, калі сабралася даволі многа народу і ня было чаго есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім:

2 шкада мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці;

3 калі няеўшых адпушчу іх дадому, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя зь іх прыйшлі здалёку.

4 Вучні Ягоныя адказвалі Яму: адкуль мог бы хто ўзяць тут у пустыні хлябоў, каб накарміць іх?

5 І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем.

6 Тады загадаў людзям узьлегчы на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў і ўзьнёсшы падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, каб яны раздалі; і яны раздалі людзям.

7 Было ў іх і крыху рыбак; дабраславіўшы, Ён загадаў раздаць і іх.

8 І елі і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў.

9 Тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.

10 І адразу ўвайшоўшы ў лодку з вучнямі Сваімі, прыплыў у межы Далмануфскія.

11 Выйшлі фарысэі, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго азнакі зь неба, спакушаючы Яго,

12 і Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? праўду кажу вам, ня дасца роду гэтаму азнакі.

13 І пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і паплыў на той бок.

14 Пры гэтым вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба ня мелі з сабою ў лодцы.

15 А Ён наказаў ім, кажучы: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і закваскі Ірадавай.

16 І разважаючы паміж сабою, казалі: гэта азначае, што хлябоў няма ў нас.

17 Ісус, зразумеўшы, кажа ім: што разважаеце пра тое, што няма ў вас хлябоў? няўжо яшчэ ня цяміце і не разумееце? няўжо яшчэ скамянелае ў вас сэрца?

18 маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і не памятаеце?

19 калі Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч чалавек, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў? Кажуць Яму: дванаццаць.

20 А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў набралі вы кавалкаў рэшты? Сказалі: сем.

21 І сказаў ім: як жа яшчэ не разумееце?

22 Прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць, каб да яго дакрануўся.

23 Ён, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго зь селішча прэч і, плюнуўшы яму на вочы, усклаў на яго рукі, і спытаўся ў яго: ці бачыць што?

24 Той, зірнуўшы, сказаў: бачу людзей, што праходзяць, як дрэвы.

25 Потым зноў усклаў рукі на вочы яму, і загадаў яму зірнуць. І ён выздаравеў, і пачаў бачыць усё ясна.

26 І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не заходзь у селішча і не расказвай нікому ў селішчы.

27 І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў селішчы Кесарыі Піліпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго ўважаюць Мяне людзі?

28 Яны адказвалі: за Яна Хрысьціцеля, а другія — за Ільлю, а іншыя — за аднаго з прарокаў.

29 Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстос.

30 І строга наказаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.

31 І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэйці дзень уваскрэснуць.

32 І гаварыў пра гэта адкрыта. А Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў пярэчыць Яму.

33 А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх, строга ўшчуў Пятра, сказаўшы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.

34 І паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам;

35 бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Дабравесьця, той уратуе яе;

36 бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?

37 альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?

38 бо, хто пасаромеецца Мяне і Маіх словаў у родзе гэтым распусным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго са сьвятымі анёламі.

 

Разьдзел 9

 

1 І сказаў ім: праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не памершы яшчэ, ужо ўбачаць Царства Божае, што прыйшло ў сіле.

2 І, як мінула шэсьць дзён, узяў Ісус Пятра, Якава і Яна, і ўзьвёў на гару высокую асобна іх адных і перамяніўся перад імі:

3 адзеньне Ягонае зрабілася бліскучае, вельмі белае, як сьнег, як на зямлі бялільшчык ня можа выбеліць.

4 І зьявіўся ім Ільля з Майсеем: і гутарылі зь Ісусам.

5 Пры гэтым Пётр сказаў Ісусу: Равьві! добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну, і адну Ільлю.

6 Бо ня ведаў, што сказаць; таму што яны былі ў страху.

7 І зьявілася воблака, якое іх ахінула, і з воблака выйшаў голас, які сказаў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.

8 І раптам, агледзеўшыся навокал, нікога больш з сабою ня бачылі, акрамя аднаго Ісуса.

9 Калі ж сыходзілі яны з гары, Ён не дазволіў нікому расказваць пра тое, што бачылі, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых.

10 І яны стрымалі гэтае слова, пытаючыся адзін у аднаго, што азначае: уваскрэснуць зь мёртвых?

11 І спыталіся ў Яго: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?

12 Ён сказаў ім у адказ: праўда, Ільля павінен прыйсьці раней і падрыхтаваць усё; і Сын Чалавечы, як напісана пра Яго, мае шмат адпакутаваць і быць зьняважаным;

13 але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, што хацелі, як напісана пра яго.

14 Прыйшоўшы да вучняў, убачыў шмат людзей каля іх і кніжнікаў, што спрачаліся зь імі.

15 Адразу, убачыўшы Яго, усе людзі зьдзівіліся, і, падбягаючы, віталі Яго.

16 Ён спытаўся ў кніжнікаў: пра што спрачаецеся зь імі?

17 Адзін зь людзей сказаў у адказ: Настаўнік! я прывёў да Цябе сына майго, апанаванага духам нямым:

18 дзе ні хапае яго, кідае яго на зямлю, і ён пускае пену, і скрыгоча зубамі сваімі, і дранцьвее; казаў я вучням Тваім, каб выгналі яго, і яны не маглі.

19 Адказваючы яму, Ісус сказаў: о, род няверны! дакуль буду я з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне.

20 І прывялі таго да Яго. Як толькі апантаны ўбачыў Яго, дух скалануў яго; ён упаў на зямлю і качаўся, пускаючы пену.

21 І спытаўся Ісус у бацькі ягонага: як даўно гэта дзеецца зь ім? Той сказаў: змалку;

22 і шмат разоў дух кідаў яго і ў вагонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, умілажалься з нас і памажы нам.

23 Ісус сказаў яму: калі хоць колькі можаш верыць, дык усё магчыма верніку.

24 І адразу хлопцаў бацька ўсклікнуў са сьлязьмі: веру, Госпадзе! памажы майму няверству.

25 Ісус, убачыўшы, што зьбягаюцца людзі, загразіў духу нячыстаму, сказаўшы яму: дух нямы і глухі! Я загадваю табе, выйдзі зь яго і больш не ўваходзь у яго.

26 І ўскрыкнуўшы і моцна скалануўшы яго, выйшаў; і ён зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі, што ён памёр.

27 Але Ісус, узяўшы яго за руку, падняў яго; і ён устаў.

28 І як увайшоў Ісус у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго сам-насам: чаму мы не маглі выгнаць яго?

29 І сказаў ім: гэты род ня можа выйсьці інакш, як ад малітвы і посту.

30 Выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею: і Ён не хацеў, каб хто ведаў.

31 Бо вучыў Сваіх вучняў і казаў ім, што Сын Чалавечы аддадзены будзе ў рукі чалавечыя, і заб’юць Яго, і пасьля забойства на трэйці дзень уваскрэсьне.

32 Але яны не разумелі гэтых слоў, а спытацца ў Яго баяліся.

33 Прыйшоў у Капернаум; і калі быў у доме, спытаўся ў іх: пра што ў дарозе вы разважалі паміж сабою?

34 яны маўчалі, бо дарогаю разважалі паміж сабою, хто большы.

35 І сеўшы, паклікаў дванаццаць і сказаў ім: хто хоча быць першым, хай будзе з усіх апошнім і ўсім слугою.

36 І ўзяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:

37 хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той прымае Мяне; а хто Мяне прыме, той не Мяне прымае, а Таго, Хто паслаў Мяне.

38 Ян пры гэтым сказаў: Настаўнік! мы бачылі чалавека, які імем Тваім выганяе дэманаў, а ня ходзіць за намі; і забаранілі яму, бо ня ходзіць за намі.

39 Ісус сказаў: не забараняйце яму; бо ніхто, хто ўчыніў цуд імем Маім, ня зможа так хутка пасьля ліхасловіць Мяне.

40 Бо, хто ня супроць вас, той за вас.

41 І хто напоіць вас кубкам вады ў імя Маё, бо вы Хрыстовыя, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.

42 А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі яму на шыю жарон і кінулі яго ў мора.

43 І калі спакушае цябе рука твая, адатні яе: лепш табе зьнявечанаму ўвайсьці ў жыцьцё, чым зь дзьвюма рукамі ісьці ў геену, у вагонь непагасны,

44 дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.

45 І калі нага твая цябе спакушае, адатні яе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым зь дзьвюма нагамі быць укінутым у геену, у вагонь непагасны.

46 дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.

47 І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго: лепш табе з адным вокам увайсьці ў Царства Божае, чым з двума вачмі быць укінутым у геену вогненную,

48 дзе чарвяк іхні не памірае, і вагонь ня гасьне.

49 Бо кожны вагнём асоліцца, і кожная ахвяра сольлю асоліцца.

50 Соль — добрая; але, калі соль не салёная будзе, чым вы яе паправіце? Майце ў сабе соль і мір майце паміж сабою.

 

Разьдзел 10

 

1 Выправіўшыся адтуль, прыходзіць у межы Юдэйскія за Ярданам. Зноў зьбіраюцца да Яго людзі; і паводле звычаю Свайго, Ён зноў вучыў іх.

2 Падышлі фарысэі і спыталіся, спакушаючы Яго: ці дазволена разводзіцца мужу з жонкаю?

3 Ён сказаў ім у адказ: што наказаў вам Майсей?

4 Яны сказалі: Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разводзіцца.

5 А Ісус сказаў ім у адказ: за жорсткае сэрца вашае ён напісаў вам гэтую запаведзь;

6 а ў пачатку стварэньня, Бог мужчыну і жанчыну стварыў іх.

7 Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці

8 і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адною плоцьцю, так што яны ўжо ня двое, а адна плоць.

9 Дык вось, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.

10 У доме вучні Ягоныя зноў спыталіся ў Яго пра тое самае.

11 Ён сказаў ім: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб зь ёю;

12 і калі жонка разьвядзецца з мужам сваім і выйдзе за другога, пералюб чыніць.

13 Прыносілі да Яго дзяцей, каб Ён дакрануўся да іх; а вучні не дапускалі тых, што прыносілі.

14 Убачыўшы гэта, Ісус разгневаўся і сказаў ім: пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне і не перашкаджайце ім, бо такім належыць Царства Божае;

15 праўду кажу вам: хто ня прыме Царства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.

16 І абняўшы іх, усклаў рукі на іх і дабраслаўляў іх.

17 Калі выходзіў Ён у дарогу, падбег нехта, упаў перад Ім на калені і спытаўся ў Яго: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?

18 Ісус сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог.

19 Ведаеш запаведзі: ня чыні пералюбу; не забівай; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва; ня крыўдзі; шануй бацьку твайго і маці.

20 А ён сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Усё гэта захаваў я зь юнацтва майго.

21 Ісус, зірнуўшы на яго, палюбіў яго і сказаў яму: аднаго табе не стае: ідзі, усё, што маеш, прадай і раздай убогім і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною, узяўшы крыж.

22 А ён, ад гэтага слова сумеўшыся, адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.

23 І паглядзеўшы навакол, Ісус кажа вучням Сваім: як цяжка багатым маетнікам увайсьці ў Царства Божае!

24 Вучні жахнуліся ад словаў Ягоных. Але Ісус зноў кажа ім у адказ: дзеці! як цяжка тым, хто спадзяецца на багацьце, увайсьці ў Царства Божае!

25 лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.

26 А яны вельмі моцна зьдзіўляліся і гаварылі паміж сабою: хто ж можа ўратавацца?

27 Ісус, зірнуўшы на іх, кажа: людзям гэта немагчыма, але ня Богу; бо ўсё магчымае Богу.

28 І пачаў Пётр гаварыць Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою.

29 Ісус сказаў у адказ: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакінуў бы дом, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля Мяне і Дабравесьця,

30 і не атрымаў бы сёньня, у час гэты, сярод ганеньняў, устакроць больш дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і мацярок, і дзяцей, і земляў, а ў веку будучым жыцьця вечнага;

31 а многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

32 Калі былі яны ў дарозе, узыходзячы ў Ерусалім, Ісус ішоў паперадзе іх, а яны жахаліся і, ідучы сьледам за Ім, былі ў страху. Паклікаўшы дванаццаць, Ён зноў пачаў ім казаць пра тое, што будзе зь Ім:

33 вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго язычнікам;

34 і паглумяцца зь Яго, і біцьмуць Яго, і аплююць Яго, і заб’юць Яго; і на трэйці дзень уваскрэсьне.

35 Тады падышлі да Яго сыны Зевядзеевыя, Якаў і Ян, і сказалі: Настаўнік! мы хочам, каб Ты зрабіў нам, чаго папросім.

36 Ён сказаў ім: чаго хочаце, каб Я зрабіў вам?

37 Яны сказалі Яму: дай нам сесьці ў Цябе, аднаму праваруч, а другому леваруч, у славе Тваёй.

38 Але Ісус сказаў ім: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я п’ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?

39 Яны адказвалі: можам. А Ісус сказаў ім: чару, якую Я п’ю, будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца;

40 а даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч — не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана.

41 І пачуўшы, дзесяцёра пачалі абурацца Якавам і Янам.

42 А Ісус, паклікаўшы іх, сказаў ім: вы ведаеце, што тыя, хто лічацца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхнія ўладараць над імі;

43 але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча быць большым між вамі, хай будзе вам слугою;

44 і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе ўсім рабом;

45 бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.

46 Прыходзяць у Ерыхон. І калі выходзіў Ён зь Ерыхона з вучнямі Сваімі і мноствам людзей, Варцімей, сын Цімееў, сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.

47 Пачуўшы, што гэта Ісус Назарэй, ён пачаў крычаць і казаць: Ісусе, Сыне Давідаў! памілуй мяне.

48 Многія змушалі яго замоўкнуць; але ён яшчэ мацней крычаў: Сыне Давіваў! памілуй мяне.

49 Ісус спыніўся і загадаў паклікаць яго. Клічуць сьляпога і кажуць яму: ня бойся, уставай, кліча цябе.

50 Ён скінуў зь сябе верхнюю вопратку, устаў і прыйшоў да Ісуса.

51 Адказваючы яму, Ісус спытаўся: чаго ты хочаш ад Мяне? Сьляпы сказаў Яму: Настаўнік! каб зноў бачыць.

52 Ісус сказаў яму: ідзі, вера твая ўратавала цябе. І той адразу пачаў бачыць і пайшоў за Ісусам па дарозе.

 

Разьдзел 11

 

1 Калі наблізіліся да Ерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх

2 і кажа ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце маладога асла, на якога ніхто зь людзей не садзіўся; адвяжэце яго, прывядзеце;

3 і калі вам хто скажа: «Што гэта вы робіце?», адказвайце, што ён патрэбен Госпаду; і адразу пашле яго сюды.

4 Яны пайшлі, і знайшлі маладога асла, прывязанага каля варот пры дарозе, і адвязалі яго.

5 І некаторыя, што стаялі там, казалі ім: што робіце? навошта адвязваеце асьляня?

6 Яны адказвалі ім, як наказаў Ісус; і тыя адпусьцілі іх.

7 І прывялі да Ісуса асьляня, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; Ісус сеў на яго.

8 А многія пасьцілалі адзеньне сваё на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.

9 І тыя, што ішлі паперадзе і сьледам, усклікалі: асанна! дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!

10 дабраславёнае царства айца нашага Давіда, што ідзе ў імя Гасподняе! асанна ў вышынях!

11 І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў храм; і агледзеўшы ўсё, як што час ужо быў позьні, выйшаў у Віфанію з дванаццацьцю.

12 На другі дзень, калі яны выйшлі зь Віфаніі, Ён схацеў есьці;

13 і, угледзеўшы здалёку смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе чаго на ёй; але, падышоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо яшчэ ня час быў зьбіраць смоквы.

14 І сказаў ёй Ісус: ад сёньня хай ніхто зь цябе ня есьць плоду вавек. І чулі гэта вучні Ягоныя.

15 Прыйшлі ў Ерусалім. Ісус, увайшоўшы ў храм, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупцоў у храме; і сталы мяняйлаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў;

16 і не дазваляў, каб хто пранёс праз храм якую-небудзь рэч.

17 І вучыў іх, кажучы: ці ж не напісана: ёдом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаўё? — а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў.

18 Пачулі гэта кніжнікі і першасьвятары і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.

19 А калі настаў вечар, Ён выйшаў з горада.

20 Раніцай, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да кораня.

21 І, прыгадаўшы, Пётр кажа Яму: Равьві! паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, усохла.

22 Ісус, адказваючы, кажа ім:

23 майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: ёпадыміся і кінься ў мораё, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, — будзе яму, што ні скажа.

24 Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, — і будзе вам.

25 І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя;

26 калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых.

27 Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны

28 і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?

29 Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю:

30 хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне.

31 Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам «зь нябёсаў» — дык Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»

32 а сказаць: «ад людзей», — баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок.

33 І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.

 

Разьдзел 12

 

1 І пачаў гаварыць ім прытчамі: нейкі чалавек насадзіў вінаграднік, і абгарадзіў мурам, і выкапаў чавільню, і збудаваў вежу, і, аддаўшы яго вінаградарам, адлучыўся.

2 І паслаў у свой час да вінаградараў слугу — узяць у вінаградараў пладоў зь вінаградніка;

3 а яны, схапіўшы яго, білі і прагналі ні з чым.

4 Зноў паслаў да іх другога слугу; і таму камянямі разьбілі галаву і адпусьцілі яго з ганьбаю.

5 І зноў іншага паслаў: і таго забілі; і многіх іншых то білі, то забівалі.

6 І маючы яшчэ аднаго сына, любаснага яму, напасьледак паслаў і яго да іх, кажучы: пасаромеюцца сына майго.

7 Але вінаградары сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемец; хадзем, заб’ем яго, і спадчына будзе нашая.

8 І схапіўшы яго, забілі і выкінулі прэч зь вінаградніка.

9 Што ж зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і пакарае сьмерцю вінаградараў, і аддасьць вінаграднік іншым.

10 Няўжо вы ня чыталі гэтага ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім:

11 гэта — ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?

12 І памыкаліся схапіць Яго, але збаяліся люду; бо зразумелі, што пра іх сказаў прытчу; і пакінуўшы Яго, адышлі.

13 І пасылаюць да Яго некаторых фарысэяў і ірадыян, каб падлавіць Яго на слове.

14 А яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш ні на якія абліччы, а шчыра шляху Божаму вучыш; ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не? ці даваць нам, ці не даваць?

15 Але Ён, ведаючы іхнюю крывадушнасьць, сказаў ім: што спакушаеце Мяне? прынясеце Мне дынар, каб Мне бачыць яго.

16 Яны прынесьлі. Тады кажа ім: чыя гэта выява і надпіс? яны сказалі Яму: кесаравыя.

17 Ісус сказаў ім у адказ: аддавайце кесаравае кесару, а Божае Богу. І зьдзіўляліся зь Яго.

18 Потым прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго, кажучы:

19 Настаўнік! Майсей напісаў нам: «калі ў каго памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, дык брат ягоны хай возьме жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму».

20 Было сем братоў: першы ўзяў жонку, і паміраючы, не пакінуў дзяцей;

21 узяў яе другі, і памёр, і ён не пакінуў дзяцей; гэтак сама і трэйці.

22 Бралі яе за сябе сямёра, і не пакінулі дзяцей. Пасьля ўсіх памерла і жонка.

23 Дык вось ва ўваскрэсеньні, калі ўваскрэснуць, каму зь іх будзе яна за жонку? бо сямёра яе мелі за жонку.

24 Ісус сказаў ім у адказ: ці не праз гэта ўпадаеце вы ў памылку, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай?

25 бо, калі зь мёртвых уваскрэснуць, ня будуць ні жаніцца, ні замуж выходзіць, а будуць, як анёлы на нябёсах.

26 А пра мёртвых, што яны ўваскрэснуць, хіба ня чыталі вы ў кнізе Майсеевай, калі Бог пры купіне сказаў яму: «Я Бог Абрагама і Бог Ісаака, і Бог Якава»?

27 Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а Бог жывых. Дык вось вы дужа памыляецеся.

28 Адзін кніжнік, чуючы іхнія спрэчкі і бачачы, што Ісус хораша ім адказваў, падышоў і спытаўся ў Яго: якая першая з усіх запаведзяў?

29 Ісус адказваў яму: першая з усіх запаведзяў: «слухай, Ізраіль! Гасподзь Бог наш ёсьць Гасподзь адзіны;

30 і палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і ўсёю моцаю тваёю»: вось, першая запаведзь!

31 Другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»; іншае запаведзі большае за гэтыя няма.

32 Кніжнік сказаў Яму: Настаўнік! добра, праўду сказаў Ты, што адзін ёсьць Бог і няма іншага, апрача Яго;

33 і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю моцаю, і любіць блізкага, як самога сябе, ёсьць больш за ўсе ўсеспаленьні і ахвяры.

34 Ісус, бачачы, што ён разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. Пасьля таго ніхто ўжо не адважваўся пытацца ў Яго.

35 Вучачы далей у храме, Ісус казаў: як кажуць кніжнікі, што Хрыстос ёсьць сын Давідаў?

36 Бо сам Давід сказаў у Духу Сьвятым: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх».

37 Дык вось сам Давід называе Яго Госпадам: як жа Ён сын Яму? І безьліч люду Яго слухалі з асалодаю.

38 І казаў ім у вучэньні Сваім: асьцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгім адзеньні і вітаньні на сходах народных,

39 сядзець наперадзе ў сынагогах і ўзьляжаць на першым месцы на гасьцінах;

40 гэтыя, што пажыраюць дамы ўдовіныя і напаказ доўга моляцца, прымуць найцяжэйшую асуду.

41 І сеў Ісус насупроць скарбонкі, і глядзеў, як люд кладзе грошы ў скарбонку. Многія багатыя клалі памногу.

42 А прыйшоўшы, адна бедная ўдава паклала дзьве лепты, што складае кадрант.

43 Паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: праўду кажу вам, што гэтая бедная ўдава паклала болей за ўсіх, што клалі ў скарбонку;

44 бо ўсе клалі ад лішку свайго, а яна ад нястачы сваёй паклала ўсё, што мела, увесь пражытак свой.

 

Разьдзел 13

 

1 І калі выходзіў Ён з храма, кажа Яму адзін вучань Ягоны: Настаўнік! паглядзі, якія камяні і якія будынкі!

2 Ісус сказаў яму ў адказ: бачыш гэтыя вялікія будынкі? усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені.

3 І калі Ён сядзеў на гары Аліўнай насупраць храма, пыталіся ў Яго асобна Пётр і Якаў, і Ян і Андрэй:

4 скажы нам, калі гэта будзе, і якая прыкмета, калі ўсё гэта павінна стацца?

5 Адказваючы ім, Ісус пачаў гаварыць: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;

6 бо многія прыйдуць пад імем Маім, і будуць казаць, што гэта Я, і многіх увядуць у зман.

7 А як пачуеце пра войны і пра ваенныя чуткі, не жахайцеся: бо павінна тое быць: але гэта яшчэ не канец.

8 Бо паўстане народ на народ, і царства на царства; і будуць землятрусы па месцах, і будуць галады і смуты. Гэта пачатак хвароб.

9 Але вы зважайце на сябе: бо вас будуць выдаваць у судзілішчы, і біць у сынагогах, і перад валадарамі і царамі паставяць вас за Мяне, на сьведчаньне перад імі.

10 І ўсім народам наперад павінна быць абвешчана Дабравесьце.

11 Калі ж павядуць выдаваць вас, ня турбуйцеся загадзя, што вам сказаць, і не абдумвайце; а што дадзена будзе вам у тую часіну, тое і кажэце, бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Сьвяты.

12 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька дзяцей; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх.

13 І будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто перацерпіць да канца, уратуецца.

14 А калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане, дзе ня трэба, — хто чытае, хай разумее, — тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;

15 а хто на даху, той ня сыходзь у дом і не ўваходзь узяць што-небудзь з дому свайго;

16 і хто ў полі, не вяртайся назад узяць вопратку сваю.

17 Гора цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні.

18 Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою.

19 Бо ў тыя дні будзе такі смутак, якога ня было ад пачатку стварэньня, якое ўчыніў Бог, нават да сёньня, і ня будзе.

20 І калі б Гасподзь не скараціў тых дзён, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных, якіх Ён выбраў, скароціць тыя дні.

21 Тады, калі хто вам скажа: «вось, тут Хрыстосё, альбо: ёвунь, там», — ня верце.

22 Бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі, і дадуць азнакі і цуды, каб увесьці ў зман, калі магчыма, і выбраных.

23 А вы зважайце. Вось, Я наперад сказаў вам усё.

24 Але ў тыя дні, пасьля смутку таго сонца памеркне, і месяц ня дасць сьвятла свайго;

25 і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца.

26 Тады ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках у сіле моцнай і ў славе.

27 І тады Ён пашле анёлаў Сваіх і зьбярэ выбраных Сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі і да краю неба.

28 Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле ейнае ўжо мякчэе і пускае лісьце, дык ведайце, што блізка лета;

29 так і вы, калі ўбачыце, што збываецца тое, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.

30 Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе.

31 Неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць.

32 А пра дзень той або гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, ні Сын, а толькі Айцец.

33 Глядзеце, чувайце, малецеся; бо ня ведаеце, калі настане час гэты.

34 Падобна на тое, як калі б хто, ідучы ў дарогу і пакідаючы дом свой, даў слугам сваім уладу, і кожнаму сваю працу, і загадаў брамніку чуваць.

35 Дык чувайце ж; бо ня ведаеце, калі прыйдзе гаспадар дома, увечары, ці апоўначы, ці пры пеўнях, ці нараніцу;

36 каб, прыйшоўшы зьнянацку, не застаў вас у сьне.

37 А што вам кажу, кажу ўсім: чувайце.

 

Разьдзел 14

 

1 Праз два дні мелася быць сьвята Пасхі і праснакоў; і намышлялі першасьвятары і кніжнікі, як бы ўзяць Яго хітрасьцю і забіць;

2 але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.

3 І калі быў Ён у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага, і ўзьляжаў, — прыйшла жанчына з алавастравай пасудзінай міра з нарду чыстага, каштоўнага, і, разьбіўшы пасудзіну, паліла Яму на галаву.

4 А некаторыя абурыліся і казалі паміж сабою: навошта гэтае марнатраўства міра?

5 бо можна было прадаць яго больш, чым за трыста дынараў, і раздаць убогім. І дакаралі яе.

6 Але Ісус сказаў: пакіньце яе; што яе бянтэжыце? яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне.

7 Бо заўсёды ўбогіх маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім дабрачыніць; а Мяне не заўсёды маеце.

8 Яна зрабіла, што магла: загадзя памазала Цела Маё на пахаваньне.

9 Праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць пра яе, і пра тое, што зрабіла яна.

10 І пайшоў Юда Іскарыёт, адзін з дванаццацёх, да першасьвятароў, каб выдаць Яго ім.

11 А яны, пачуўшы, узрадаваліся і абяцаліся даць яму срэбранікі. І ён намышляў, як бы ў зручны час выдаць Яго.

12 У першы дзень праснакоў, калі калолі пасхальнае ягня, кажуць Яму вучні Ягоныя: дзе хочаш есьці пасху? мы пойдзем і прыгатуем.

13 І пасылае двух вучняў Сваіх і кажа ім: ідзеце ў горад: і сустрэнецца вам чалавек, які нясьціме збанок вады: пойдзеце сьледам за ім,

14 і куды ён увойдзе, скажэце гаспадару дома таго: «Настаўнік кажа: дзе пакой, у якім бы Мне есьці пасху з вучнямі Маімі?».

15 І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую, гатовую; там прыгатуеце нам.

16 І пайшлі вучні ягоныя, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатавалі пасху.

17 Калі зьвечарэла, Ён прыходзіць з дванаццацьцю.

18 І калі яны ўзьляжалі і елі, Ісус сказаў: праўду кажу вам, адзін з вас, які есьць са Мною, выдасьць Мяне.

19 Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму, адзін за адным: ці ня я? І другі: ці ня я?

20 А Ён сказаў ім у адказ: адзін з дванаццацёх, што мачае са Мною ў місцы.

21 Бо Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б таму чалавеку не радзіцца.

22 І калі яны елі, Ісус, узяўшы хлеб, дабраславіў, паламаў, даў ім і сказаў: прымеце, ежце; гэта Цела Маё.

23 І ўзяўшы чару, падзякаваўшы, падаў ім; і пілі зь яе ўсе.

24 І сказаў ім: гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная.

25 Праўду кажу вам: Я ўжо ня буду піць ад плоду лазы вінаграднае да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым.

26 І засьпяваўшы пайшлі на гару Аліўную.

27 І кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч: бо напісана: «паражу пастыра, і расьсеюцца авечкі»,

28 а пасьля ўваскрэсеньня Майго Я запабягу вас у Галілеі.

29 Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца, дык ня я.

30 І кажа яму Ісус: праўду кажу табе, што ты сёньня, гэтае ночы, перш чым двойчы засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.

31 Але ён яшчэ больш настойліва казаў: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Тое самае і ўсе казалі.

32 Прыйшлі ў селішча, якое называлася Гефсіманія: і Ён сказаў вучням Сваім: пасядзеце тут, пакуль Я памалюся.

33 І ўзяў з Сабою Пятра, Якава і Яна; і пачаў смуткаваць і журыцца.

34 І сказаў ім: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут, і чувайце.

35 І, адышоўшы крыху, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі можна, мінула Яго гадзіна гэтая;

36 і казаў: Авва Войча! усё магчыма Табе; пранясі чару гэтую міма Мяне; але не чаго Я хачу, а чаго Ты.

37 Вяртаецца і знаходзіць, што яны сьпяць; кажа Пятру: Сымоне! ты сьпіш? ня мог ты чуваць аднае гадзіны?

38 чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.

39 І зноў адышоўшы маліўся, сказаўшы тое самае слова.

40 І вярнуўшыся, зноў знайшоў, што яны сьпяць: бо ў іх вочы ацяжэлі; і яны ня ведалі, што яму адказаць.

41 І прыходзіць трэйці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ сьпіце і спачываеце? годзе; настала гадзіна; вось, аддаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікам;

42 устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто выдае Мяне.

43 І адразу, як Ён яшчэ гаварыў, прыходзіць Юда, адзін з дванаццацёх, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і кніжнікаў і старэйшын.

44 А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць; вазьмеце Яго, і вядзеце пільна.

45 І прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Равьві, Равьві! І пацалаваў Яго.

46 А яны ўсклалі на Яго рукі свае і ўзялі Яго.

47 А адзін з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба першасьвятаровага і адсек яму вуха.

48 Тады Ісус сказаў ім: як на грабежніка выйшлі вы зь мечамі і каламі, каб узяць Мяне;

49 кожны дзень бываў Я з вамі ў храме і вучыў, і вы не ўзялі мяне; але хай збудуцца Пісаньні.

50 Тады, пакінуўшы Яго, усе паўцякалі.

51 Адзін хлопец, захінуўшыся па голым целе пакрывалам, ішоў сьледам за Ім; і воіны схапілі яго.

52 Але ён, пакінуўшы пакрывала, голы ўцёк ад іх.

53 І прывялі Ісуса да першасьвятара; і сабраліся да яго ўсе першасьвятары і старэйшыны і кніжнікі.

54 Пётр зводдаль ішоў сьледам за Ім, нават усярэдзіну двара першасьвятаровага; і сядзеў са службітамі, і грэўся каля вагню.

55 А першасьвятары і ўвесь сінэдрыён шукалі сьведчаньня на Ісуса, каб аддаць Яго сьмерці, і не знаходзілі,

56 Бо многія ілжываа сьведчылі на Яго, але сьведчаньні гэтыя ня былі дастатковыя.

57 І некаторыя, устаўшы, сьведчылі ілжыва супроць яго; казалі:

58 мы чулі, як Ён казаў: «Я разбуру храм гэты рукатворны і праз тры дні ўзьвяду другі, нерукатворны».

59 Але і такое сьведчаньне іхняе ня было дастатковае.

60 Тады першасьвятар стаў пасярэдзіне і спытаўся ў Ісуса: што Ты нічога не адказваеш? што яны супроць Цябе сьведчаць?

61 Але Ён маўчаў і не адказваў нічога. Зноў першасьвятар спытаўся ў Яго і сказаў Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Дабраславёнага?

62 Ісус сказаў: Я; і вы ўгледзіце Сына Чалавечага, Які сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.

63 Тады першасьвятар, разадраўшы адзеньне сваё, сказаў: навошта нам яшчэ сьведкі?

64 вы чулі блюзьнерства; як вам здаецца? А яны ўсе прызналі Яго вінаватым да сьмерці.

65 І некаторыя пачалі пляваць на Яго і, закрываючы твар Яму, біць Яго і казаць Яму: прароч. І слугі білі Яго па шчоках.

66 Калі Пётр быў на дварэ ўнізе, прыйшла адна служанка першасьвятаровая

67 і, убачыўшы Пятра, што ён грэецца, і ўгледзеўшы яго, сказала: і ты быў зь Ісусам Назаранінам.

68 Але ён адрокся, сказаўшы: ня ведаю і не разумею, што ты кажаш. І выйшаў на пярэдні двор; і засьпяваў певень.

69 Служанка, убачыўшы яго зноў, пачала казаць тым, што стаялі тут: гэты зь іх.

70 Ён зноў адрокся. Крыху пазьней тыя, што стаялі тут, зноў пачалі гаварыць Пятру: і праўда, ты зь іх; бо ты Галілеянін, і гаворка твая падобная.

71 А ён пачаў прысягаць і бажыцца: ня ведаю Чалавека гэтага, пра Якога кажаце.

72 Тады певень засьпяваў другі раз. І ўспомніў Пётр слова, сказанае яму Ісусам: «перш чым певень засьпявае двойчы, тройчы адрачэшся ад Мяне». І заплакаў.

 

Разьдзел 15

 

1 І адразу раніцай першасьвятары з старэйшынамі і кніжнікамі і ўвесь сынедрыён зрабілі нараду і, зьвязаўшы Ісуса, завялі і перадалі Пілату.

2 Пілат спытаўся ў Яго: Ты Цар Юдэйскі? А Ён сказаў яму ў адказ: ты кажаш.

3 І першасьвятары вінавацілі Яго ў многім.

4 А Пілат зноў спытаўся ў Яго: Ты нічога не адказваеш? бачыш, як многа супроць Цябе скаргаў.

5 Але Ісус і на гэта нічога не адказваў, так што Пілат зьдзіўляўся.

6 А на кожнае сьвята ён адпускаў ім аднаго вязьня, за якога прасілі.

7 Тады быў у кайданах нейкі Варава, са сваімі саўдзельнікамі, якія падчас бунту ўчынілі забойства.

8 І люд пачаў крычаць і прасіць у Пілата таго, што ён заўсёды рабіў ім.

9 Ён сказаў ім у адказ: ці хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?

10 Бо ведаў, што першасьвятары выдалі Яго з зайздрасьці.

11 Але першасьвятары падбухторылі людзей прасіць, каб адпусьціў ім лепей Вараву.

12 Пілат, адказваючы, зноў сказаў ім: а што хочаце, каб я зрабіў з Тым, Якога вы называеце Царом Юдэйскім?

13 Яны зноў закрычалі: укрыжуй Яго!

14 Пілат сказаў ім: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней закрычалі: укрыжуй Яго!

15 Тады Пілат, хочучы дагадзіць людзям, адпусьціў ім Вараву, а Ісуса, бічаваўшы, аддаў на крыжаваньне.

16 А воіны завялі Яго ўсярэдзіну двара, гэта значыцца, у прэторыю, і сабралі цэлы полк;

17 і апранулі Яго ў пурпуру і, сплёўшы цярновы вянок, усклалі на Яго;

18 і пачалі вітаць Яго: радуйся, Цару Юдэйскі!

19 І білі яго па галаве кіем, і плявалі на Яго і, кленчачы, кланяліся Яму.

20 А калі насьмяяліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру, адзелі Яго ў Ягонае адзеньне і павялі Яго, каб крыжаваць Яго.

21 І прымусілі праходжага нейкага Кірынеяніна Сымона, бацьку Аляксандравага і Руфавага, які ішоў з поля, несьці крыж Ягоны.

22 І прывялі Яго на месца Галгофу, што азначае: «месца чарапоў».

23 І давалі яму піць віно зь сьмірнаю; але Ён ня ўзяў.

24 Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя, каму што ўзяць.

25 Была гадзіна трэйцяя, і ўкрыжавалі Яго.

26 І быў надпіс віны Яго: Цар Юдэйскі.

27 Зь Ім укрыжавалі двух разбойнікаў, аднаго з правага, другога зь левага боку ад Яго.

28 І збылося слова Пісаньня: «і да зладзеяў залічаны».

29 Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: э! Той, Хто храм разбурае і за тры дні будуе!

30 уратуй Сябе Самога і сыйдзі з крыжа.

31 Падобна і першасьвятары з кніжнікамі, насьміхаючыся, казалі адзін аднаму: іншых ратаваў, а Сябе ня можа ўратаваць!

32 Хрыстос, Сын Ізраілеў, хай сыйдзе цяпер з крыжа, каб мы бачылі, і ўверуем. І ўкрыжаваныя зь Ім ганілі Яго.

33 А на шостай гадзіне настала цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзявятай.

34 На дзявятай гадзіне ўскрыкнуў Ісус моцным голасам: «Элоі, Элоі! ламма савахфані!», што азначае: «Божа, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?».

35 Некаторыя, што стаялі тут, пачуўшы, казалі: вось, Ільлю кліча.

36 А адзін пабег, набраў у губку воцату і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць, кажучы: чакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ільля зьняць Яго.

37 А Ісус, ускрыкнуўшы моцна, выпусьціў дух.

38 І завеса ў храме разадралася напалам, зьверху данізу.

39 Сотнік, які стаяў насупраць Яго, убачыўшы, што Ён, так ускрыкнуўшы, выпусьціў дух, сказаў: сапраўды Чалавек Гэты быў Сын Божы.

40 Былі тут і жанчыны, якія глядзелі здалёк; сярод іх была і Марыя Магдаліна, і Марыя, маці Якава меншага і Ясіі, і Саломія,

41 якія і тады, як Ён быў у Галілеі, ішлі сьледам за Ім і служылі Яму, і іншыя многія, што разам зь Ім прыйшлі ў Ерусалім.

42 І як ужо зьвечарэла, бо была пятніца, гэта значыць — перадсубоцьце,

43 прыйшоў Язэп з Арымафеі, знакаміты сябра рады, які і сам чакаў Царства Божага, адважыўся ўвайсьці да Пілата і прасіў Цела Ісусавага.

44 Пілат зьдзівіўся, што Ён ужо памёр; і паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго: ці даўно памёр?

45 І даведаўшыся ад сотніка, аддаў Цела Язэпу.

46 Ён, купіўшы палатно і зьняўшы Яго, ахінуў палатнінаю і паклаў у магіле, якая была высечана ў скале; і прываліў камень да магільных дзьвярэй.

47 А Марыя Магдаліна і Марыя Ясіева глядзелі, дзе Яго клалі.

 

Разьдзел 16

 

1 Як прайшла субота, Марыя Магдаліна і Марыя Якаўлева і Саломія купілі пахошчаў, каб ісьці — намасьціць Яго.

2 І даволі рана, у першы дзень тыдня, прыходзяць да магілы, на ўзыходзе сонца,

3 і гавораць паміж сабою: хто адваліць нам камень ад магільных дзьвярэй?

4 І зірнуўшы, бачаць, што камень адвалены; а ён быў досыць вялікі.

5 І ўвайшоўшы ў магілу, убачылі юнака, які сядзеў з правага боку, адзетага ў белыя шаты: і жахнуліся.

6 А ён кажа ім: не жахайцеся. Ісуса шукаеце Назараніна, укрыжаванага; Ён уваскрэс, Яго няма тут. Вось месца, дзе Ён быў пакладзены.

7 Але ідзеце, накажэце вучням Ягоным і Пятру, што Ён запабегне вас у Галілеі; там Яго ўгледзіце, як Ён сказаў вам.

8 І выйшаўшы, пабеглі ад магілы; іх апанаваў жах, і нікому нічога не сказалі, бо баяліся.

9 Уваскрэснуўшы рана ў першы дзень тыдня, Ісус зьявіўся спачатку Марыі Магдаліне, зь якое быў выгнаў сем дэманаў.

10 Яна пайшла і абвясьціла тым, што былі зь Ім, што плакалі і галасілі;

11 але яны, пачуўшы, што Ён жывы, і яна бачыла Яго, — не паверылі.

12 Пасьля гэтага зьявіўся ў іншым вобразе двум зь іх на дарозе, калі яны ішлі ў селішча.

13 І тыя, вярнуўшыся, абвясьцілі астатнім; але і ім не паверылі.

14 Нарэшце зьявіўся самім адзінаццацём, калі яны ўзьляжалі на вячэры, і дакараў іх за няверства і жорсткасьць сэрца, што не паверылі тым, якія бачылі Яго ўваскрэслага.

15 І сказаў ім: ідзеце па ўсім сьвеце і абвяшчайце Дабравесьце ўсяму стварэньню.

16 Хто будзе верыць і хрысьціцца, выратаваны будзе; а хто ня будзе верыць, асуджаны будзе.

17 Тым, што ўверуюць, дадзены будуць гэтыя азнакі: імем Маім будуць выганяць нячыстых, будуць гаварыць новымі мовамі;

18 будуць браць зьмей; і калі што сьмертагубнае вып’юць, не зашкодзіць ім; ускладуць рукі на хворых, і яны будуць здаровыя.

19 І так Гасподзь, пасьля гутаркі зь імі, узьнёсься на неба і сеў праваруч Бога.

20 А яны пайшлі і прапаведавалі ўсюды, пры Гасподнім садзеяньні і падмацаваньні слова наступнымі азнакамі. Амін.