КНІГА МАЛАХІІ
Разьдзел 1
1 Прарочае слова Госпада Ізраілю праз Малахію.
2 Я палюбіў вас, кажа Гасподзь. А вы кажаце: «у чым явіў Ты любоў да нас?» — Ці ж Ісаў ня брат Якаву? кажа Гасподзь; і аднак жа Я палюбіў Якава,
3 а Ісава зьненавідзеў і аддаў горы ягоныя на спусташэньне, і валоданьні ягоныя — шакалам пустыні.
4 Калі Эдом скажа: мы спляжаны, але мы адновім разбуранае, дык Гасподзь Саваоф кажа: яны пабудуюць, а Я разбуру, і назавуць іх вобласьцю бязбожнаю, народам, на які Гасподзь угневаўся назаўсёды.
5 І ўбачаць гэта вочы вашыя, і вы скажаце: узьвялічыўся Гасподзь над межамі Ізраіля!
6 Сын шануе бацьку і раб — гаспадара свайго; калі Я — бацька, дык дзе пашана да Мяне? і калі Я — Гасподзь, дык дзе багавейнасьць перад Мною? кажа Гасподзь Саваоф вам, сьвятары, якія няславіце імя Маё. Вы кажаце: чым мы няславім імя Тваё?
7 Вы прыносіце на ахвярнік Мой нячысты хлеб, а кажаце: чым мы няславім Цябе? — тым, што кажаце: трапеза Гасподняя ня вартая павагі.
8 І калі прыносіце ў ахвяру сьляпое, ці ж ня блага гэта? альбо калі прыносіце кульгавае і хворае, ці ж ня блага гэта? Паднясі гэта твайму князю; ці будзе ён задаволены табою і ці ласкава прыме цябе? кажа Гасподзь Саваоф.
9 Дык вось, малецеся Богу, каб зьлітаваўся з нас; а калі такое зыходзіць з рук вашых, дык ці ж можа Ён ласкава прымаць вас? кажа Гасподзь Саваоф.
10 Лепей хто-небудзь з вас замкнуў бы дзьверы, каб дарма ня трымалі агню на ахвярніку Маім. Няма Майго ўпадабаньня да вас, кажа Гасподзь Саваоф, і прынашэньні з рук вашых не да спадобы Мне.
11 Бо ад усходу сонца да заходу вялікае будзе імя Маё сярод народаў, і на ўсякім месцы будуць прыносіць фіміям імю Майму, чыстую ахвяру; вялікае будзе імя Маё сярод народаў, кажа Гасподзь Саваоф.
12 А вы ганіце яго тым, што кажаце: трапеза Гасподняя ня вартая павагі, і прыбытак ад яе — ежа нікчэмная.
13 Пры гэтым кажаце: вось колькі працы! і заняхайваеце яе, кажа Гасподзь Саваоф, і прыносіце крадзенае, кульгавае і хворае, і гэтакай самай якасьці прыносіце хлебны дарунак: ці ж магу з упадабаньнем прымаць гэта з рук вашых? кажа Гасподзь.
14 Пракляты ілжывец, у якога ў статку ёсьць несапсаваны самец, і ён даў абяцаньні, а прыносіць у ахвяру Госпаду пашкоджанае: бо Я цар вялікі, і імя Маё страшнае ў народаў.
Разьдзел 2
1 Дык вось, вам, сьвятары, гэтая запаведзь:
2 калі вы не паслухаецеся, і калі ня прымеце да сэрца, каб узносіць славу імю Майму, кажа Гасподзь Саваоф, дык я пашлю на вас праклён і пракляну вашыя дабраславеньні, і ўжо праклінаю, бо вы ня хочаце прыкласьці да гэтага сэрца.
3 Вось, Я адбяру ў вас лапатку, і памёт раскідаю на твары вашыя, памёт сьвяточных ахвяраў вашых, і выкінуць вас разам зь ім.
4 І вы ўведаеце, што Я даў гэтую запаведзь на захаваньне запавету Майго зь Лявіем, кажа Гасподзь Саваоф.
5 Запавет Мой зь ім быў запавет жыцьця і міру, і Я даў яго яму дзеля страху, і ён баяўся Мяне і трымцеў перад імем Маім.
6 Закон праўды быў у вуснах ягоных, і няпраўды ня было на языку ў яго; у міры і ў праўдзе ён хадзіў са мною і многіх адвярнуў ад грэху.
7 бо вусны сьвятара павінны захоўваць веды, а закону шукаюць ад вуснаў яго, бо ён весьнік Госпада Саваофа.
8 Але вы ўхіліліся ад гэтай дарогі, многія паслужылі спакусай у законе, разбурылі запавет Лявія, кажа Гасподзь Саваоф.
9 За гэта і Я зраблю вас пагарджанымі і прыніжанымі перад усім народам, бо вы не ідзяце шляхамі Маімі, крывадушнічаеце ў справах закону.
10 Ці ж не адзін ва ўсіх нас Бацька? Ці ж не адзін Бог стварыў нас? Чаму ж мы вераломна дзеем адзін супроць аднаго, парушаючы тым самым запавет бацькоў нашых?
11 Вераломна ўчыняе Юда, і мярзота чыніцца ў Ізраілі і ў Ерусаліме; бо прынізіў Юда сьвятыню Гасподнюю, якую любіў, і ажаніўся з дачкою чужога бога.
12 У таго, хто робіць гэта, зьнішчыць Гасподзь з намётаў Якаўлевых таго, хто чувае на варце і адказвае, і прыносіць ахвяру Госпаду Саваофу.
13 І вось, што яшчэ вы робіце: вы прымушаеце паліваць сьлязьмі ахвярнік Госпада з галашэньнем і лямантам, так што Ён ужо не глядзіць болей на прынесенае і ня прымае ўмілажальвальнай ахвяры з рук вашых.
14 Вы скажаце: за што? За тое, што Гасподзь быў сьведка паміж табою і жонкай маладосьці тваёй, супроць якой ты ўчыніў вераломства, тым часам як яна сяброўка твая і законная жонка твая.
15 Але ці ж не зрабіў таго самага адзін, і ў ім жыў выдатны дух? Што ж зрабіў гэты адзін? Ён хацеў атрымаць ад Бога нашчадкаў. Дык вось, захоўвайце дух ваш, і ніхто хай ня робіць вераломна супроць жонкі і маладосьці сваёй.
16 Калі ты ненавідзіш яе, адпусьці, кажа Гасподзь Бог Ізраілеў; крыўда пакрые вопратку яго, кажа Гасподзь Саваоф; таму сачэце за духам вашым і не рабеце вераломна.
17 Вы гневаеце Госпада словамі вашымі і кажаце: чым гневаем мы Яго? Тым, што кажаце: кожны, хто чыніць ліха, добры перад вачыма Госпада, і да такіх Ён мае ўпадабаньне, альбо: дзе Бог правасудзьдзя?
Разьдзел 3
1 Вось, Я пасылаю анёла Майго, і ён падрыхтуе шлях перад Мною, і нянаджана прыйдзе ў храм Свой Гасподзь, Якога вы шукаеце, і анёл запавету, якога вы жадаеце; вось, ён ідзе, кажа Гасподзь Саваоф.
2 І хто вытрымае дзень прышэсьця Яго, і хто ўстоіць, калі Ён явіцца? Бо Ён — як агонь, што расплаўляе, і як шчолак, што ачышчае,
3 і сядзе пераплаўляць і ачышчаць срэбра, і ачысьціць сыноў Левія і пераплавіць іх, як золата і як срэбра, каб прыносілі ахвяру Госпаду ў праўдзе.
4 Тады даспадобы будзе Госпаду ахвяра Юды і Ерусаліма, як у дні старадаўнія і як у гады ранейшыя.
5 І прыйду да вас судзіць і буду хутка выкрываць чарадзеяў і пералюбцаў, і тых, якія прысягаюць ілжыва і забіраюць плату ў найміта, уціскаюць удаву і сірату і адпіхваюць прыхадня, і Мяне не баяцца, кажа Гасподзь Саваоф.
6 Бо Я — Гасподзь, Я не мяняюся; і тады вы, сыны Якава, ня зьнішчыліся.
7 Зь дзён бацькоў вашых вы адступіліся ад пастановаў Маіх і ня трымаецеся іх; зьвярнецеся да Мяне, і Я зьвярнуся да вас, кажа Гасподзь Саваоф. Вы скажаце: як нам зьвярнуцца?
8 Ці можна чалавеку абкрадваць Бога? А вы абкрадваеце Мяне. Скажаце: чым абкрадваем мы Цябе? дзесяцінаю і прынашэньнямі.
9 Праклёнам вы праклятыя, бо вы — увесь народ — абкрадваеце Мяне.
10 Прынясеце мне дзесяціны ў дом сховішча, каб у доме Маім была ежа, і хоць бы ў гэтым выпрабуйце Мяне, кажа Гасподзь Саваоф: ці не адчыню Я вам адтулін нябесных і ці ня вылью на вас дабраславеньня да краю?
11 Я ў вас забараню пажыральнікам зьнішчаць вашыя плады зямныя, і вінаградная лаза на полі не пазбудзецца пладоў сваіх, кажа Гасподзь Саваоф.
12 І шчаснымі называцьмуць вас усе народы, бо вы будзеце зямлёю бажавольнаю, кажа Гасподзь Саваоф.
13 Дзёрзкія прад Мною словы вашыя, кажа Гасподзь. Вы скажаце: што мы гаворым супроць Цябе?
14 Вы кажаце: марнае служэньне Богу, і якая карысьць, што мы трымаліся пастановаў Яго і хадзілі ў жалобнай вопратцы прад абліччам Госпада Саваофа?
15 І сёньня мы лічым пагардлівых шчасьлівымі: лепей уладжваюцца тыя, якія робяць беззаконна, і хоць спакушаюць Бога, але застаюцца цэлыя.
16 Тыя, што не баяцца Бога, кажуць адно аднаму: уважае Гасподзь і чуе гэта, і прад абліччам Яго пішацца памятная кніга пра тых, што баяцца Госпада і шануюць імя Яго.
17 І яны будуць Мае, кажа Гасподзь Саваоф, уласнасьцю Маёю ў той дзень, які Я зраблю, і буду літаваць іх, як літуе чалавек сына свайго, што служыць яму.
18 І тады зноў убачыце розьніцу паміж праведнікам і бязбожным, паміж службітом Бога і няслухам Ягоным.
Разьдзел 4
1 Бо вось, прыйдзе дзень, палкі як печ: тады ўсе пагардлівыя бязбожначынцы будуць як салома, і папаліць іх прыйшлы дзень, кажа Гасподзь Саваоф, так што не пакіне ў іх ні кораня, ні вецьця.
2 А вам, любабаязныя перад імем Маім, узыдзе сонца праўды і ацаленьні ў праменьні Ягоным, і выйдзеце вы і забушуеце, як цяляты ўкормленыя;
3 і будзеце таптаць бязбожных, бо яны будуць пылам пад ступакамі ног вашых у той дзень, які Я зраблю, кажа Гасподзь Саваоф.
4 Памятайце закон Майсея, раба Майго, які Я наказаў яму, на Харыве ўсяму Ізраілю, гэтак сама як і правілы і пастановы.
5 Вось, я пашлю да вас Ільлю прарока перад наступленьнем дня Гасподняга, вялікага і страшнага.
6 І ён паверне сэрцы бацькоў да дзяцей і сэрцы дзяцей да бацькоў іхніх, каб Я, прыйшоўшы, не пакараў зямлю праклёнам.