Беларуская Біблія

ПАВОДЛЕ МАЦЬВЕЯ СЬВЯТОЕ ДАБРАВЕСЬЦЕ

Разьдзел 1

 

1 Кніга роду Ісуса Хрыста, сына Давідавага, сына Абрагамавага.

2 Абрагам спарадзіў Ісака, Ісак спарадзіў Якава, Якаў спарадзіў Юду і братоў ягоных;

3 Юда спарадзіў Фарэса і Зару ад Тамары; Фарэс спарадзіў Эсрома; Эсром спарадзіў Арама;

4 Арам спарадзіў Амінадава; Амінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;

5 Салмон спарадзіў Ваоза ад Рахавы; Ваоз спарадзіў Авіда ад Руты; Авід спарадзіў Ясея;

6 Ясей спарадзіў Давіда цара; Давід цар спарадзіў Саламона ад былой жонкі Урыевай;

7 Саламон спарадзіў Раваама; Раваам спарадзіў Авію; Авія спарадзіў Асу;

8 Аса спарадзіў Ёсафата; Ёсафат спарадзіў Ярама; Ярам спарадзіў Азію;

9 Азія спарадзіў Ёатама; Ёатам спарадзіў Ёзэкію;

10 Ёзэкія спарадзіў Манасію; Манасія спарадзіў Амона; Амон спарадзіў Ёсію;

11 Ёсія спарадзіў Ёакіма; Ёакім спарадзіў Еханію і братоў яго, пад час высяленьня вавілонскага.

12 Пасьля ж высяленьня вавілонскага Еханія спарадзіў Салатыіля; Салатыіль спарадзіў Зарававеля;

13 Зарававель спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Эліякіма; Эліякім спарадзіў Азора;

14 Азор спарадзіў Садока; Садок спарадзіў Ахіма; Ахім спарадзіў Эліуда;

15 Эліуд спарадзіў Элеазара; Элеазар спарадзіў Матана; Матан спарадзіў Якава;

16 Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога называюць Хрыстос.

17 І вось усіх пакаленьняў ад Абрагама да Давіда чатырнаццаць пакаленьняў; і ад Давіда да высяленьня вавілонскага чатырнаццаць пакаленьняў; і ад высяленьня вавілонскага да Хрыста чатырнаццаць пакаленьняў.

18 Нараджэньне Ісуса Хрыста было так: па заручынах Маці Яго Марыі зь Язэпам, перш чым сышліся яны, выявілася, што Яна мае ва ўлоньні ад Духа Сьвятога.

19 А Язэп, муж Яе, будучы праведны, не жадаючы зьняславіць Яе, хацеў употай адпусьціць Яе.

20 Калі ж надумаў ён гэта, — вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога;

21 і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх.

22 А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа:

23 «Вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог».

24 Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні, і прыняў жонку сваю

25 і ня знаў Яе, пакуль нарадзіла Сына Свайго першароднага, і Ён даў Яму імя: Ісус.

 

Разьдзел 2

 

1 Калі ж Ісус нарадзіўся ў Віфляеме Юдэйскім у дні цара Ірада, вось, мудрацы з усходу прыйшлі ў Ерусалім і кажуць:

2 дзе народжаны Цар Юдэйскі? бачылі бо мы зорку Яго на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму.

3 Пачуўшы гэта, цар Ірад занепакоіўся, і ўвесь Ерусалім зь ім.

4 І сабраўшы ўсіх першасьвятароў і кніжнікаў народных, пытаўся ў іх: дзе мбе нарадзіцца Хрыстос?

5 Яны ж сказалі яму: у Віфляеме Юдэйскім, так бо напісана праз прарока:

6 «І ты, Віфляеме, зямля Юдава, нічым ня меншы сярод ваяводстваў Юдавых, бо зь цябе выйдзе Правадыр, Які ўсьцеражэ народ мой Ізраіля».

7 Тады Ірад, употай паклікаўшы мудрацоў, выведаў у іх час зьяўленьня зоркі

8 і, паслаўшы іх у Віфляем, сказаў: ідзеце, добра разьведайце пра Дзіця і, як знойдзеце, накажэце мне, каб і я пайшоў пакланіцца Яму.

9 Яны, выслухаўшы цара, пайшлі. І вось, зорка, якую бачылі яны на ўсходзе, ішла перад імі, пакуль, прыйшоўшы, ня стала ўгары над месцам, дзе было Дзіця.

10 Угледзеўшы зорку, яны ўсьцешыліся радасьцю вельмі вялікай,

11 і, увайшоўшы ў дом, убачылі Дзіця з Марыяю, Маці Яго, і, упаўшы, пакланіліся Яму; і адкрыўшы скарбы свае, прынесьлі Яму дары: золата, ладан і сьмірну.

12 І ў сьне атрымаўшы наказ не вяртацца да Ірада, іншай дарогай адышлі ў краіну сваю.

13 Калі ж яны адышлі, — вось, анёл Гасподні яўляецца ў сьне Язэпу і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную, і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад хоча шукаць Дзіцятка, каб загубіць Яго.

14 Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную, і адышоў у Егіпет,

15 і быў там да Ірадавай сьмерці, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: «З Егіпта паклікаў Я Сына Майго».

16 Тады Ірад, убачыўшы, што мудрацы ашукалі яго, разгневаўся надта і паслаў пазабіваць усіх дзетак у Віфляеме і ва ўсіх межах яго, ад двух гадоў і ніжэй, паводле часу, які выведаў у мудрацоў.

17 Тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа:

18 «Голас у Раме чуцен, плач, і галашэньне, і лямант вялікі; Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца; бо іх няма».

19 А як Ірад памёр, — вось, анёл Гасподні ў сьне яўляецца Язэпу ў Егіпце

20 і кажа: устань, вазьмі Дзіця і Маці Ягоную і ідзі ў зямлю Ізраілеву; бо памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці.

21 Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Ягоную і прыйшоў у зямлю Ізраілеву.

22 Але пачуўшы, што Архелай валадарыць ў Юдэі замест Ірада, бацькі свайго, пабаяўся туды ісьці; і атрымаўшы ў сьне наказ, адышоў у межы Галілейскія,

23 і, прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае праз прарокаў, што Ён Назарэем назавецца.

 

Разьдзел 3

 

1 У тыя дні прыходзіць Ян Хрысьціцель і прапаведуе ў пустыні Юдэйскай

2 і кажа: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.

3 Бо Ён Той, пра Каго сказаў прарок Ісая: «голас таго, хто кліча ў пустыні, падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьцежкі Яму».

4 А ў самога Яна была вопратка зь вярблюджага воласу і скураны пояс на паясьніцы ягонай; а ежай яму былі акрыды і дзікі мёд.

5 Тады выходзілі да яго Ерусалім і ўся Юдэя, і ўсё навакольле Ярданскае

6 і хрысьціліся ў Ярдане ў яго, спавядаючыся ў грахах сваіх.

7 Убачыўшы многіх фарысэяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысьціцца, Ян сказаў ім: выродзьдзе яхідніна! хто вас намовіў уцякаць ад будучага гневу?

8 Прынясеце ж годны плод пакаяньня;

9 і ня думайце гаварыць самі сабе: «бацька ў нас Абрагам»; бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узьвесьці дзяцей Абрагаму;

10 ужо і сякера пры корані дрэваў ляжыць: бо ўсякае дрэва, якое ня родзіць добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у вагонь;

11 я хрышчу вас вадою на пакаяньне; але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне; я ня варты панесьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і вагнём;

12 лапата Ягоная ў руцэ ў Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё, і зьбярэ пшаніцу Сваю ў засекі, а салому спаліць вагнём непагасным.

13 Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна хрысьціцца ў яго.

14 Ян жа стрымліваў Яго, кажучы: мне трэба ў Цябе хрысьціцца, а Ты прыходзіш да мяне?

15 Але Ісус сказаў у адказ яму: дапусьці цяпер, бо так належыць нам зьдзейсьніць ўсякую праведнасьць. Тады Ян дапускае Яго.

16 І ахрысьціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады; — і вось, адчыніліся Яму нябёсы, і ўбачыў Ян Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго.

17 І вось, голас зь нябёсаў прамовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў.

 

Разьдзел 4

 

1 Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д’ябла.

2 І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся.

3 І падступіўся да Яго спакусьнік і сказаў: калі Ты Сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі.

4 А Ён сказаў яму ў адказ: напісана: «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых».

5 Тады бярэ Яго д’ябал у сьвяты горад і ставіць Яго на крыле храма,

6 і кажа Яму: калі Ты Сын Божы, кінься ўніз; бо напісана: «Анёлам Сваім накажа пра Цябе, і на руках панясуць Цябе, каб не спатыкнуўся Ты аб камень нагою Тваёю».

7 Сказаў яму Ісус: напісана яшчэ: «не спакушай Госпада Бога твайго».

8 Зноў бярэ Яго д’ябал на вельмі высокую гару, і паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх,

9 і кажа Яму: усё гэта Табе дам, калі ўпаўшы паклонішся мне.

10 Тады кажа яму Ісус: адыдзі ад мяне, сатана; бо напісана: «Госпаду Богу твайму пакланяйся, і Яму аднаму служы».

11 Тады пакідае Яго д’ябал, — і вось, анёлы прыступілі і слугавалі Яму.

12 Ісус, пачуўшы, што Ян аддадзены варце, адышоў у Галілею,

13 і, пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Капернауме прыморскім, у межах Завулонавых і Нэталімавых,

14 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:

15 «Зямля Завулонава і зямля Нэталімава, на дарозе прыморскай за Ярданам, Галілея язычніцкая,

16 народ, што сядзеў у цемры, убачыў сьвятло вялікае, і ўсім, хто сядзеў у краіне і цяні сьмерці, зазьзяла сьвятло».

17 З таго часу Ісус пачаў прапаведаваць і казаць: пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае.

18 А праходзячы каля мора Галілейскага, угледзеў Ён двух братоў: Сымона, якога завуць Пятром, і Андрэя, брата ягонага, якія закідвалі мярэжы ў мора, бо яны былі рыбакі.

19 І кажа ім: ідзеце за Мною, і Я зраблю вас лаўцамі людзей.

20 І яны адразу, пакінуўшы мярэжы, пайшлі за Ім.

21 Адтуль прайшоўшы далей, угледзеў Ён іншых двух братоў, Якава Завядзеевага і Яна, брата ягонага, у лодцы з Завядзеем, бацькам іхнім, якія ладзілі мярэжы свае, і заклікаў іх.

22 І яны адразу, пакінуўшы лодку і бацьку свайго, пайшлі за Ім.

23 І хадзіў Ісус па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сынагогах іхніх і прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.

24 І прайшоў пра Яго погалас па ўсёй Сірыі; і прыводзілі да Яго ўсіх нямоглых, рознымі хваробамі і пакутамі ахопленых, і апанаваных дэманамі, і лунатыкаў, і спаралізаваных, і Ён ацаляў іх.

25 І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана.

 

Разьдзел 5

 

1 Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.

2 І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:

3 Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.

4 Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца.

5 Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю.

6 Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца.

7 Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.

8 Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.

9 Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца.

10 Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае.

11 Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне.

12 Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі.

13 Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што ня прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.

14 Вы — сьвятло сьвету: ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары.

15 І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме.

16 Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.

17 Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон, альбо прарокаў: не парушыць прыйшоў Я, а зьдзейсьніць.

18 Бо праўду кажу вам: пакуль ня мінецца неба і зямля, ані ёта адна, ані рыска адзіная ня мінецца з закона, пакуль ня збудзецца ўсё.

19 Дык вось, хто парушыць адну з запаведзяў гэтых найменшых і навучыць гэтак людзей, той найменшым назавецца ў Царстве Нябесным; а хто выканае і навучыць, той вялікім назавецца ў Царстве Нябесным.

20 Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае.

21 Вы чулі, што сказана продкам: «не забівай; а хто заб’е, падпадае суду».

22 А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму «пусты чалавек», падпадае сынедрыёну***************************************************; а хто скажа «неразумны», падпадае геене вогненнай.

23 Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мбе нешта супроць цябе,

24 пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой.

25 Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу;

26 праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта****************************************************.

27 Вы чулі, што сказана продкам: «Ня чыні пералюбу».

28 А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім.

29 Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.

30 І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.

31 Сказана таксама, што, калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разводны ліст.

32 А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пералюбу; і хто ажэніцца з разьведзенай, той чыніць пералюб.

33 Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: «Не давай ілжывай прысягі, а выконвай прад Госпадам прысягі твае».

34 А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно — Трон Божы;

35 ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Ягоным; ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара;

36 ні галавою тваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю.

37 А хай будзе слова ваша: «так — так», «не — не»; а што звыш гэтага, тое ад ліхога.

38 Вы чулі, што сказана: «Вока за вока, і зуб за зуб».

39 А Я кажу вам не працівіцца злому. Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую;

40 і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку;

41 і калі хто цябе змусіць ісьці зь ім адно попрышча*****************************************************, ідзі зь ім два.

42 Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся.

43 Вы чулі, што сказана: «Любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго».

44 А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых;

45 каб сталіся вы сынамі Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах; бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над ліхімі і добрымі і пасылае дождж на праведных і няправедных.

46 Бо, калі вы будзеце любіць тых, што любяць вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі******************************************************?

47 І калі вы вітаеце братоў вашых толькі, што асаблівага робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і язычнікі?

48 Дык вось, будзьце дасканалыя, як дасканалы Айцец ваш Нябесны.

 

 

Разьдзел 6

 

1 Глядзеце, не выстаўляйце праведнасьці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага, Які ёсьць у нябёсах.

2 Дык вось, калі даеш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сынагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю.

3 У цябе ж, калі даеш міласьціну, няхай ня ведае левая рука твая, што робіць правая,

4 каб міласьціна твая была ў тайнасьці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.

5 І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, што любяць у сынагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.

6 Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзьверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.

7 А молячыся, не гаварэце лішняга, бы язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць;

8 дык ня будзьце ж падобныя да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы ў Яго папросіце.

9 Дык вось, малецеся так: Войча наш, Які ёсьць на нябёсах! Хай сьвяціцца імя Тваё;

10 хай прыйдзе Царства Тваё; хай будзе воля Твая як на небе, так на зямлі;

11 хлеб наш надзённы дай нам сёньня;

12 і даруй нам правіны нашыя, як і мы даруем вінаватым перад намі;

13 і не дапусьці нас да спакусы, але ратуй нас ад ліхога; бо Тваё ёсьць Царства і сіла і слава навекі. Амін.

14 Бо калі вы будзеце дараваць людзям правіны іх, дык даруе і вам Айцец ваш Нябесны;

15 а як ня будзеце дараваць людзям іх правінаў, дык і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.

16 І калі посьціце, ня будзьце заняпалыя, як крывадушнікі; бо яны памрочваюць абліччы свае, каб паказаць сябе людзям посьнікамі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю.

17 А ты, калі посьцішся, намасьці галаву тваю і ўмый аблічча тваё,

18 каб явіцца посьнікам не перад людзьмі, а перад Айцом тваім, Які ў тайнасьці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасьці, аддасьць табе на яве.

19 Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе злодзеі падкопваюцца і крадуць:

20 а зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа ня зьнішчаюць і дзе злодзеі не падкопваюцца і ня крадуць;

21 бо дзе скарб ваш, там будзе і сэрца ваша.

22 Сьвяцільня целу ёсьць вока. Дык вось, калі вока тваё будзе чыстае, дык усё цела тваё сьветлае будзе;

23 калі ж вока тваё будзе ліхое, дык усё цела тваё цёмнае будзе. І вось, калі сьвятло, якое ў табе, — цемра, дык якая ж цемра?

24 Ніхто ня можа служыць двум гаспадарам: бо альбо аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; альбо аднаго пачне трымацца, а другім будзе пагарджаць. Ня можаце служыць Богу і мамоне*******************************************************.

25 Таму кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці і што піць, ні дзеля цела вашага, у што апрануцца. Ці ж душа ня большая за ежу, і цела — за вопратку?

26 Зірнеце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні зьбіраюць у засекі; і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не намнога лепшыя за іх?

27 Ды і хто з вас, турбуючыся, можа дадаць сабе росту хоць адзін локаць?

28 І пра вопратку што турбуецеся? Паглядзеце на лілеі польныя, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць;

29 але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як кожная зь іх;

30 калі ж траву польную, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж болей вас, малаверы!

31 Дык вось, ня турбуйцеся і не кажэце: «што нам есьці?» альбо: «што піць?» альбо: «у што апрануцца?».

32 Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; ведае бо Айцец ваш Нябесны, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.

33 Шукайце ж найперш Царства Божага і праведнасьці Ягонай, і гэта ўсё дадасца вам.

34 Дык вось, ня турбуйцеся заўтрашнім днём, бо заўтрашні сам за сябе патурбуецца: досыць кожнаму дню свайго клопату.

 

 

Разьдзел 7

 

1 Ня судзеце, каб і вас ня судзілі;

2 бо якім судом судзіце, такім вас судзіць будуць; і якою мераю мерыце, такою і вам будуць мерыць.

3 І што ты глядзіш на парушынку ў воку брата твайго, а калоды ў воку сваім не адчуваеш?

4 Альбо, як скажаш брату свайму: «Дай, я выму парушынку з вока твайго»; а вось у тваім воку калода?

5 Крывадушнік! вымі спачатку калоду са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.

6 Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі і, абярнуўшыся, не разадралі вас.

7 Прасеце, і дасца вам; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам;

8 бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.

9 Ці ёсьць сярод вас такі чалавек, які, калі папросіць сын ягоны ў яго хлеба, камень падаў бы яму?

10 і калі рыбы папросіць, зьмяю падаў бы яму?

11 Дык вось, калі вы, ліхія, умееце дары добрыя даваць вашым дзецям, тым болей Айцец ваш, Які ёсьць у нябёсах, дасьць даброты тым, хто просіць у Яго.

12 І вось усё, што хочаце, каб рабілі вам людзі, тое і вы рабеце ім; бо ў гэтым закон і прарокі.

13 Уваходзьце вузкаю брамаю; бо шырокая брама і прасторная дарога вядуць у пагібель, і многія ідуць імі;

14 бо вузкая брама і цесная дарога вядуць у жыцьцё, і нямногія знаходзяць іх.

15 Асьцерагайцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечай адзежы, а ўсярэдзіне — ваўкі драпежныя;

16 па іхніх пладах пазнаеце іх. Ці ж зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы?

17 Так усякае добрае дрэва родзіць і плады добрыя, а благое дрэва родзіць і плады благія:

18 ня можа добрае дрэва радзіць благія плады, ні дрэва благое радзіць плады добрыя.

19 Усякае дрэва, якое ня родзіць плоду добрага, сьсякаюць і кідаюць у вагонь.

20 Дык вось, па пладах іхніх пазнаеце іх.

21 Ня кожны, хто кажа Мне: «Госпадзе! Госпадзе!» увойдзе ў Царства Нябеснае, а той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах.

22 Многія скажуць Мне ў той дзень: «Госпадзе! Госпадзе! ці не ад Твайго імя мы прарочылі? і ці не Тваім імем дэманаў выганялі? і ці не Тваім імем многія цуды ўчынялі?».

23 І тады абвяшчу ім: «Я ніколі ня знаў вас; адыдзеце ад Мяне, вы, што робіце беззаконьне».

24 Дык вось, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыпадобніцца да мужа разумнага, які збудаваў свой дом на камені;

25 і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо пастаўлены быў на камені.

26 А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і ня выконвае іх, прыпадобніцца да мужа неразважлівага, які паставіў свой дом на пяску;

27 і паліўся дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той; і ён упаў, і было падзеньне яго вялікае.

28 І сталася, калі Ісус прамовіў гэтыя словы, дзівавалі людзі з вучэньня Яго,

29 бо Ён іх вучыў як той, хто мае ўладу, а не як кніжнікі і фарысэі.

 

Разьдзел 8

 

1 Калі Ён сышоў з гары, за Ім сьледам пайшло мноства людзей.

2 І вось, падышоў пракажоны і, кланяючыся Яму, сказаў: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне ачысьціць.

3 Ісус, працягнуўшы руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І адразу ачысьціўся той ад праказы.

4 І кажа яму Ісус: глядзі, не кажы нікому; але ідзі, пакажыся сьвятару, і прынясі дар, аб якім загадаў Майсей, на сьведчаньне ім.

5 Калі ж увайшоў Ісус у Капернаум, падышоў да Яго сотнік і папрасіў у Яго:

6 Госпадзе! слуга мой ляжыць дома ў паралічы і моцна пакутуе,

7 Ісус кажа яму: Я прыйду і ацалю яго.

8 А сотнік сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах; але скажы толькі слова, і выздаравее слуга мой;

9 бо і я чалавек падуладны; і, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.

10 Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся і сказаў тым, што ішлі за Ім: праўду кажу вам: і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.

11 Кажу ж вам, што многія з усходу і з захаду прыйдуць і ўзьлягуць з Абрагамам, Ісаакам і Якавам у Царстве Нябесным;

12 а сыны царства будуць выкінуты ў цемру вонкавую, там будзе плач і скрыгат зубоў.

13 І сказаў Ісус сотніку: ідзі, і, як ты вераваў, хай будзе табе. І выздаравеў слуга ягоны ў тую ж гадзіну.

14 Прыйшоўшы ў дом Пятра, Ісус убачыў цешчу ягоную, якая ляжала ў гарачцы,

15 і дакрануўся да рукі яе, і пакінула яе гарачка; і ўстала яна і слугавала ім.

16 Калі ж зьвечарэла, прывялі да Яго многа людзей, апанаваных дэманамі: і Ён выгнаў духаў словам і ўсіх нядужых ацаліў;

17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа: «Ён узяў на Сябе нашы немачы, і хваробы панёс».

18 Калі ж Ісус убачыў вакол Сябе мноства люду, загадаў вучням адплысьці на той бок.

19 І адзін кніжнік, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік! я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў.

20 І кажа яму Ісус: лісы маюць норы, і птушкі нябесныя гнёзды; а Сын Чалавечы ня мае, дзе прыхіліць галаву.

21 А другі, з вучняў, сказаў Яму: Госпадзе, дазволь мне сьпярша пайсьці і пахаваць майго бацьку.

22 Але Ісус сказаў яму: ідзі за Мною, і пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых.

23 І калі ўвайшоў Ён у лодку, увайшлі за Ім вучні Ягоныя.

24 І вось, бура вялікая сталася на моры, ажно лодку захліствалі хвалі; а Ён спаў.

25 І вучні Ягоныя, падышоўшы да Яго, разбудзілі Яго і сказалі: Госпадзе! ратуй нас, гінем.

26 І кажа ім: чаго вы спалохаліся, малаверы? Тады, устаўшы, забараніў вятрам і мору, і сталася ціша вялікая.

27 А людзі, дзівуючыся, казалі: хто Гэты, што і вятры, і мора слухаюцца Яго?

28 І калі прыплыў Ён на другі бераг у краіну Гергесінскую, сустрэлі Яго, выйшаўшы з магіл********************************************************, двое апанаваных дэманамі, вельмі лютыя, так што ніхто ня мог праходзіць тою дарогаю.

29 І вось, яны закрычалі: што Табе да нас, Ісусе, Сыне Божы? прыйшоў Ты сюды дачасна мучыць нас.

30 А зводдаль ад іх пасьвіўся вялікі гурт сьвіней.

31 І дэманы прасіліся ў Яго: калі выганіш нас, дык пашлі нас у гурт сьвіней.

32 І Ён сказаў ім: ідзеце. І выйшлі яны, і пайшлі ў гурт сьвіней. І вось, кінуўся ўвесь гурт сьвіны з урвішча ў мора і загінуў у вадзе.

33 А пастухі паўцякалі і, прыйшоўшы ў горад, расказалі пра ўсё, і пра апанаваных дэманамі.

34 І вось, увесь горад выйшаў на сустрэчу Ісусу; і, убачыўшы Яго, прасілі, каб Ён адышоў ад іх межаў.

 

 

Разьдзел 9

 

1 І Ён, увайшоўшы ў лодку, пераплыў у Свой горад.

2 І вось, прынесьлі да Яго паралізаванага, пакладзенага на пасьцелі. І ўбачыўшы веру іхнюю, Ісус сказаў паралізаванаму: мацуйся, сыне! даруюцца табе грахі.

3 І вось, некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: Ён блюзьнерыць.

4 А Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў: навошта вы намышляеце ліхое ў сэрцах вашых?

5 бо што лягчэй сказаць: «даруюцца табе грахі», альбо сказаць: «устань і хадзі»?

6 Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — тады кажа паралізаванаму: устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі дахаты.

7 І той устаў, узяў пасьцель сваю, і пайшоў дахаты.

8 А людзі, убачыўшы гэта, дзіву даліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.

9 Праходзячы адтуль, убачыў Ісус чалавека, што сядзеў на мытні, якога звалі Мацьвей, і кажа яму: ідзі за Мною. І ўстаў той і пайшоў за Ім.

10 І сталася, калі Ісус узьляжаў у доме, вось, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і ўзьлеглі зь Ім і вучнямі Ягонымі.

11 І ўбачыўшы гэта, фарысэі сказалі вучням Ягоным: навошта Настаўнік ваш есьць і п’е з мытнікамі і грэшнікамі?

12 А Ісус, пачуўшы гэта, сказаў ім: не здаровыя маюць патрэбу ў лекары, а хворыя;

13 ідзеце, навучэцеся, што азначае: «міласьці хачу, а не ахвяры», бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў да пакаяньня.

14 Тады прыходзяць да Яго вучні Янавыя і кажуць: чаму мы і фарысэі посьцім многа, а Твае вучні ня посьцяцца?

15 І сказаў ім Ісус: ці могуць засмучацца сыны харомаў шлюбных, пакуль зь імі малады? Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх малады, і тады будуць пасьціцца.

16 І ніхто не прышывае латкі зь нябеленага палатна да старой адзежыны; бо зноў прышытае аддзярэцца ад старога, і дзірка будзе яшчэ горшая.

17 Ня ўліваюць таксама віна маладога ў мяхі старыя; а інакш дзяруцца мяхі, а віно маладое ўліваюць у новыя мяхі, і зьберагаецца і тое і другое.

18 Калі Ён ім гэта казаў, вось, прыйшоў нейкі начальнік і, кланяючыся Яму, казаў: дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку Тваю, і яна будзе жыць.

19 І ўстаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.

20 І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутавала ад крывацечы, падышоўшы ззаду, кранулася краю вопраткі Ягонай,

21 бо яна казала сама сабе: калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай, выздаравею.

22 А Ісус, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся, дачка! вера твая ўратавала цябе. І выздаравела жанчына з таго часу.

23 А як прыйшоў Ісус у начальнікаў дом і ўбачыў жалейнікаў і зьбянтэжаны люд,

24 сказаў ім: выйдзіце; бо не памерла дзяўчына, а сьпіць. І насьміхаліся зь Яго.

25 Калі ж людзі былі высланы, Ён, увайшоўшы, узяў яе за руку, і дзяўчына ўстала.

26 І разьнеслася вестка пра гэта па ўсёй зямлі той.

27 І калі ішоў адтуль Ісус, ішлі за Ім двое сьляпых і крычалі: памілуй нас, Ісусе, Сыне Давідаў!

28 І калі Ён прыйшоў у дом, прыступілі да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу зрабіць гэта? Яны кажуць Яму: так, Госпадзе!

29 Тады Ён крануўся вачэй іхніх і сказаў: па веры вашай хай будзе вам.

30 І адкрыліся вочы ў іх; і строга наказаў ім Ісус: глядзеце, каб ніхто не даведаўся.

31 А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй зямлі той.

32 Калі ж тыя выходзілі, вось, прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.

33 І калі дэман быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць. І люд, дзіву даючыся, казаў: ніколі ня было такога явішча ў Ізраілі.

34 А фарысэі казалі: сілаю князя дэманскага выганяе Ён дэманаў.

35 І хадзіў Ісус па ўсіх гарадах і па селішчах, вучачы ў сынагогах іхніх, прапаведуючы Дабравесьце Царства і ацаляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у людзях.

36 Бачачы людзей, Ён умілажаліўся зь іх, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастуха.

37 Тады кажа вучням Сваім: жніва многа, ды работнікаў мала;

38 дык прасеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.

 

Разьдзел 10

 

1 І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх, і ацаляць усякую хваробу і ўсякую немач.

2 А дванаццацёх апосталаў імёны вось такія: першы Сымон, якога называюць Пятром, і Андрэй, брат ягоны, Якаў Зевядзееў і Ян, брат ягоны.

3 Піліп і Барталамей, Тамаш і Мацьвей мытнік, Якаў Алфееў і Леўвей, празваны Тадэем,

4 Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яму.

5 Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: на шлях язычнікаў не хадзеце і ў горад Самаранскі ня ўваходзьце;

6 а ідзеце найболей да пагіблых авечак дому Ізраілевага;

7 і ходзячы, прапаведуйце, што наблізілася Царства Нябеснае;

8 хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, мёртвых уваскрашайце, дэманаў выганяйце; задарам атрымалі, задарам давайце.

9 Не бярэце з сабою ні золата, ні срэбра, ні медзі ў паясы свае,

10 ні торбы ў дарогу, ні дзьве вопраткі, ні абутку, ні кія. Бо хто працуе, той варты пракорму.

11 У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль ня выйдзеце;

12 а ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: «мір дому гэтаму»;

13 і калі дом будзе годны, дык сыйдзе мір ваш на яго; калі ж ня будзе годны, дык мір ваш да вас вернецца.

14 А калі хто ня прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дома, альбо з горада таго, абцярушэце пыл з ног вашых;

15 праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.

16 Вось, Я пасылаю вас, як авечак сярод ваўкоў: дык вось, будзьце мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.

17 Сьцеражэцеся ж людзей: бо яны аддаваць будуць вас у судзілішчы і ў сынагогах сваіх біць будуць вас,

18 і павядуць вас да правіцеляў і да цароў за Мяне на сьведчаньне перад імі і язычнікамі.

19 Калі ж будуць выдаваць вас, ня турбуйцеся, як або што сказаць; бо дадзена будзе вам у той час, што сказаць;

20 бо ня вы будзеце гаварыць, а Дух Айца вашага гаварыць будзе ў вас.

21 І выдасьць брат брата на сьмерць, і бацька — сына; і паўстануць дзеці на бацькоў і заб’юць іх;

22 і будзеце зьненавіджаныя ўсімі за імя Маё; а хто вытрывае да канца, уратаваны будзе.

23 Калі ж будуць вас гнаць у адным горадзе, уцякайце ў другі, бо праўду кажу вам: не пасьпееце абысьці гарадоў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.

24 Вучань ня вышэйшы за настаўніка, і слуга ня вышэйшы за гаспадара свайго.

25 Даволі вучню, каб ён быў, як настаўнік ягоны, і слузе, каб ён быў, як гаспадар ягоны. Калі гаспадара дома назвалі Вэльзэвулам, дык ці ня тым болей хатніх яго?

26 Дык вось, ня бойцеся іх: бо няма нічога схаванага, што ня выкрылася б, і таемнага, што ня было б уведана.

27 Што кажу вам у цемры, кажэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, прапаведуйце з дахаў.

28 І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, але ж душы забіць ня могуць; а бойцеся болей Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у геене.

29 Ці ж ня дзьве маленькія птушкі прадаюцца за асарый*********************************************************? І ніводная зь іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага;

30 а ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны;

31 дык ня бойцеся: вы лепшыя за многіх маленькіх птушак.

32 Дык вось, кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, таго вызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах;

33 а хто зрачэцца Мяне перад людзьмі, таго зракуся і Я перад Айцом Маім, Які ёсьць у нябёсах.

34 Ня думайце, што Я прыйшоў прынесьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прынесьці, а меч;

35 бо Я прыйшоў падзяліць чалавека з бацькам ягоным, і дачку з маці яе, і нявестку са сьвякрухай яе.

36 І ворагі чалавеку — хатнія ягоныя.

37 Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, ня варты Мяне; і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, ня варты Мяне;

38 і хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе сьледам за Мною, той ня варты Мяне.

39 Хто зьберагае душу сваю, страціць яе; а хто страціў душу сваю за Мяне, зьберажэ яе.

40 Хто прымае вас, Мяне прымае; а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто паслаў Мяне;

41 хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарокавую атрымае; і хто прымае праведніка ў імя праведніка, узнагароду праведнікавую атрымае.

42 І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.

 

 

Разьдзел 11

 

1 І сталася, калі закончыў Ісус настаўленьні дванаццаці вучням Сваім, перайшоў адтуль вучыць і прапаведаваць у гарадах іхніх.

2 А Ян, пачуўшы ў цямніцы пра дзеі Хрыстовыя, паслаў двух вучняў сваіх

3 сказаць Яму: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?

4 І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што чуеце і бачыце:

5 сьляпыя робяцца відушчымі і кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, і ўбогія зьвястуюць,

6 і дабрашчасны той, хто не спакусіцца празь Мяне.

7 Калі ж пайшлі яны, Ісус пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?

8 Што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? тыя, што носяць мяккія шаты, жывуць у харомах царскіх.

9 Што ж глядзець хадзілі вы? прарока? Так, кажу вам, нават больш, чым прарока.

10 Бо ён той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».

11 Праўду кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не паўставаў большы за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Нябесным большы за яго.

12 Ад дзён жа Яна Хрысьціцеля да сёньня Царства Нябеснае дасягаецца сілаю, і тыя, што руплівасьць ужываюць, здабываюць яго;

13 бо ўсе прарокі і закон прадвясьцілі да Яна.

14 І калі хочаце прыняць, ён ёсьць Ільля, які мае прыйсьці.

15 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе.

16 Да каго ж прыпадобню род гэты? Падобны ён да дзяцей, якія сядзяць на рынку і, зьвяртаючыся да сваіх сяброў,

17 кажуць: «мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі».

18 Бо прыйшоў Ян, ня есьць, ня п’е; і кажуць: «у ім дэман».

19 Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажуць: «вось, чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў». І апраўдана мудрасьць дзецьмі яе.

20 Тады пачаў Ён дакараць гарады, у якіх найбольш праявіліся сілы Яго, бо яны не пакаяліся.

21 Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо калі б у Тыры і Сідоне явіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны ў вярэце і ў попеле пакаяліся;

22 але кажу вам: Тыру і Сідону лягчэй будзе ў дзень судны, чым вам.

23 І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся; бо калі б у Садоме явіліся сілы, яўленыя ў табе, дык ён прастаяў бы па сёньняшні дзень;

24 але кажу вам, што зямлі Садомскай лягчэй будзе ў дзень судны, чым табе.

25 Тым часам, далей прамаўляючы, Ісус сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў тое дзецям;

26 так, Войча! бо такое было Тваё ўпадабаньне.

27 Усё Мне перададзена Айцом Маім, і ніхто ня ведае Сына, толькі Айцец; і Айца ня ведае ніхто, толькі Сын, і каму Сын хоча адкрыць.

28 Прыйдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя, і Я супакою вас;

29 вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучэцеся ад Мяне, бо Я лагодны і пакорлівы сэрцам; і знойдзеце спакой душам вашым;

30 бо ярмо Маё добрае, і цяжар Мой лёгкі.

 

Разьдзел 12

 

1 Тым часам праходзіў Ісус у суботу засеянымі палямі, а вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есьці.

2 Фарысэі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: вось, вучні Твае робяць, чаго нельга рабіць у суботу.

3 А Ён сказаў ім: хіба вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, што былі зь Ім?

4 Як ён увайшоў у дом Божы і еў паклбдныя хлябы, якіх нельга было есьці ні яму, ні тым, што зь ім былі, а толькі адным сьятарам?

5 Альбо ці ня чыталі вы ў законе, што ў суботы сьвятары ў храме парушаюць суботу, аднак не вінаватыя?

6 Але кажу вам, што тут нешта большае за храм;

7 калі б ведалі вы, што азначае: «міласьці хачу, але не ахвяры», не асудзілі б невінаватых;

8 бо Сын Чалавечы ёсьць Гаспадар і суботы.

9 І перайшоўшы адтуль, увайшоў Ён у сынагогу іхнюю.

10 І вось там быў чалавек з сухою рукою. І спыталіся ў Яго: ці можна ацаляць у суботы? — каб зьвінаваціць Яго.

11 А Ён сказаў ім: ці ёсьць сярод вас такі чалавек, што, маючы адну авечку, — калі яна ў суботу ўпадзе ў яму, — ня возьме і ня выцягне яе?

12 Наколькі ж чалавек лепшы за авечку! Таму можна ў суботу дабро рабіць.

13 Тады кажа чалавеку таму: працягні руку тваю. І той працягнуў; і стала яна здаровая, як другая.

14 А фарысэі выйшлі і раду мелі супраць Яго, як бы загубіць Яго. Але Ісус, даведаўшыся, пайшоў адтуль.

15 І пайшло за Ім сьледам багата людзей, і Ён ацаліў іх усіх

16 і забараніў ім расказваць пра Яго:

17 каб збылося сказанае праз прарока Ісаю, які кажа:

18 «Вось, Юнак Мой, Якога Я выбраў; Любасны Мой, Якога ўпадабала душа Мая. Ускладу Духа Майго на Яго і Ён суд народам абвесьціць;

19 не запярэчыць, ні залямантуе, і не пачуе ніхто на вуліцах голасу Ягонага;

20 трысьціны надламанай не пераломіць, і кнота, які тлее, не патушыць, пакуль не давядзе суд да перамогі;

21 і на імя Ягонае будуць спадзявацца народы».

22 Тады прывялі да Яго апанаванага дэманам сьляпога і нямога; і ацаліў яго, так што сьляпы і нямы пачаў гаварыць і бачыць.

23 І зьдзіўляўся ўвесь люд і казаў: ці ня гэта Хрыстос, Сын Давідаў?

24 А фарысэі, пачуўшы гэта, сказалі: Ён выганяў дэманаў няйначай, як Вэльзэвулам, князем дэманскім.

25 Але Ісус, ведаючы помыслы іхнія, сказаў ім: усякае царства, якое разьдзялілася самое ў сабе, запусьцее; і ўсякі горад альбо дом, які разьдзяліўся сам у сабе, ня ўстоіць.

26 І калі сатана сатану выганяе, дык ён разьдзяліўся сам у сабе, як жа ўстоіць царства ягонае?

27 І калі Я Вэльзэвулам выганяю дэманаў, дык сыны вашыя кім выганяюць? Таму яны вам судзьдзямі будуць.

28 Калі ж Я Духам Божым выганяю дэманаў, то дайшло да вас Царства Божае.

29 Альбо, як можа хто ўвайсьці ў дом дужага і рэчы яго зрабаваць, калі сьпярша ня зьвяжа дужага і тады дом яго зрабуе?

30 Хто не са Мною, той супраць Мяне; і хто ня зьбірае са Мною, той раскідае.

31 Таму кажу вам: усякі грэх і блюзьнерства даруюцца людзям; а супраць Духа блюзьнерства не даруецца людзям;

32 калі хто скажа слова на Сына Чалавечага, даруецца яму; а калі хто скажа на Духа Сьвятога, не даруецца яму ані ў гэтым веку, ані ў будучым.

33 Альбо прызнайце дрэва добрым і плод ягоны добрым; альбо прызнайце дрэва благім і плод ягоны благім; бо па плодзе дрэва пазнаецца.

34 Выродзьдзе яхідніна! як вы можаце добрае казаць, калі вы ліхія? Бо ад лішніцы сэрца вусны маўляюць.

35 Добры чалавек з добрай скарбніцы выносіць добрае; а ліхі чалавек зь ліхой скарбніцы выносіць ліхое.

36 Кажу ж вам, што за кожнае марнае слова, якое вымавяць людзі, дадуць яны адказ у дзень судны;

37 бо паводле слоў сваіх апраўдаешся, і паводле слоў сваіх асудзішся.

38 Тады адказалі некаторыя кніжнікі і фарысэі, кажучы: Настаўнік! хочам ад Цябе азнаку ўбачыць.

39 Ён ім сказаў у адказ: род падступны і пералюбны азнакі шукае; і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока;

40 бо як Ёна быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.

41 Нінэвіцяне ўстануць на суд з родам гэтым і асудзяць яго, бо яны пакаяліся праз пропаведзь Ёнаву; і вось, тут больш за Ёну.

42 Царыца поўдня паўстане на суд з родам гэтым і асудзіць яго, бо яна прыходзіла з канцоў зямлі паслухаць мудрасьці Саламонавай, і вось, тут больш за Саламона.

43 Калі нячысты дух выйдзе з чалавека, дык блукае па бязводных мясьцінах, шукаючы спакою, і не знаходзіць;

44 тады кажа: вярнуся ў дом мой, адкуль я выйшаў. І прыйшоўшы застае пусты, падмецены і прыбраны;

45 тады ідзе і бярэ з сабою сем іншых духаў, люцейшых за сябе, і ўвайшоўшы жывуць там; і бывае чалавеку таму апошняе горш за першае. Так будзе і роду гэтаму ліхому.

46 Калі ж Ён яшчэ прамаўляў да людзей, вось, Маці Яго і браты Яго стаялі звонку, хочучы гаварыць зь Ім.

47 І нехта сказаў Яму: вось Маці Твая і браты Твае звонку стаяць, хочучы гаварыць з Табою.

48 Ён жа ў адказ таму, хто гаварыў Яму, сказаў: хто маці Мая? і хто браты Мае?

49 І паказаўшы рукою Сваёю на вучняў Сваіх, сказаў: вось маці Мая і браты Мае;

50 бо хто будзе выконваць волю Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці.

 

Разьдзел 13

 

1 Выйшаўшы таго ж дня з дома, Ісус сеў каля мора.

2 І сабралася да Яго мноства людзей, так што Ён увайшоў у лодку і сеў; а ўвесь люд стаяў на беразе.

3 І гаварыў ім шмат прытчамі, кажучы: вось, выйшаў сейбіт сеяць.

4 І калі сеяў ён, адно ўпала пры дарозе, і наляцелі птушкі і падзяўблі тое;

5 іншае ўпала на мясьціны камяністыя, дзе няшмат было зямлі, і неўзабаве ўзышло, таму што зямля была ня глыбокая.

6 А калі ўзышло сонца, завяла і, як ня мела карэньня, засохла;

7 іншае ўпала ў церне, і вырасла церне і заглушыла яго;

8 іншае ўпала на добрую зямлю і ўрадзіла плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсьцьдзясят, а тое ў трыццаць.

9 Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

10 І прыступіўшы, вучні сказалі Яму: чаму прытчамі гаворыш ім?

11 Ён сказаў ім у адказ: таму, што вам дадзена ведаць таямніцы Царства Нябеснага, а ім ня дадзена;

12 бо хто мае, таму дадзена будзе і памножыцца; а хто ня мае, у таго адымецца і тое, што мае;

13 дзеля таго прытчамі прамаўляю ім, што яны бачачы ня бачаць, і чуючы ня чуюць, і не разумеюць;

14 і збываецца над імі прароцтва Ісаі, якое кажа: «слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзець будзеце, і ня ўбачыце;

15 агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і вушыма цяжка чуюць, і вочы свае зьмежылі, каб ня ўгледзець вачыма, і вушыма не пачуць, і сэрцам не ўразумець, і ня зьвернуцца, каб Я ацаліў іх».

16 А вашы дабрашчасныя вочы, што бачаць; і вушы вашыя, што чуюць:

17 бо праўду кажу вам, што многія прарокі і праведнікі жадалі бачыць, што вы бачыце, і ня бачылі, і чуць, што вы чуеце, і ня чулі.

18 Але ж вы пачуйце прытчу пра сейбіта:

19 да кожнага, хто слухае слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхадзей і крадзе пасеянае ў сэрцы ягоным: вось каго азначае пасеянае пры дарозе.

20 А пасеянае на камяністых мясьцінах азначае таго, хто чуе слова і адразу з радасьцю прымае яго;

21 але ня мае кораня ў сабе і нясталы: калі настане ўціск альбо ганеньне за слова, адразу спакушаецца.

22 А пасеянае ў церне азначае таго, хто чуе слова, але клопат веку гэтага і панада багацьця заглушае слова, і яно стаецца бясплодным.

23 А пасеянае на добрай зямлі азначае таго, хто чуе слова і разумее, які і плод прыносіць і дае адзін сто, другі шэсьцьдзясят, а той трыццаць.

24 Другую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: Царства Нябеснае падобнае на чалавека, які пасеяў добрае насеньне на полі сваім;

25 калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў куколь сярод пшаніцы, і пайшоў;

26 калі ўзышла рунь і завязала плод, тады зьявіўся і куколь.

27 Прыйшоўшы, рабы гаспадара дома сказалі яму: гаспадар! ці ж ня добрае насеньне пасеяў ты на полі тваім? адкуль жа на ім куколь?

28 А ён сказаў ім: варожы чалавек гэта зрабіў. А рабы сказалі яму: хочаш, мы пойдзем, выпалем яго?

29 А ён сказаў: не, каб, выбіраючы куколь, вы не павырывалі разам зь ім і пшаніцы;

30 пакіньце расьці разам тое і другое да жніва; а ў час жніва я скажу жняцам: зьбярэце перш куколь і зьвяжэце яго ў снапы, каб спаліць яго; а пшаніцу зьбярэце ў засекі мае.

31 Іншую прытчу прапанаваў Ён ім, кажучы: падобнае Царства Нябеснае на зерне гарчычнае, якое чалавек узяў і пасеяў на полі сваім,

32 якое, хоць меншае за ўсякае насеньне, але, калі вырастае, бывае большае за ўсякую траву і робіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і ўюць гнёзды ў гольлі яго.

33 Іншую прытчу сказаў Ён ім: падобнае Царства Нябеснае на закваску, якую жанчына ўзяўшы паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.

34 Гэта ўсё казаў Ісус прытчамі люду, і бяз прытчы нічога не казаў ім,

35 каб збылося сказанае праз прарока, які кажа: «Разамкну ў прытчах вусны Мае; выкажу ўтоенае ад стварэньня сьвету».

36 Тады Ісус, адпусьціўшы людзей, увайшоў у дом. І прыступіўшы да Яго, вучні Яго сказалі: растлумач нам прытчу пра куколь на полі.

37 А Ён ім сказаў у адказ: сейбіт добрага насеньня ёсьць Сын Чалавечы;

38 поле ёсьць сьвет; добрае насеньне гэта — сыны Царства, а куколь — сыны ліхога;

39 вораг, які пасеяў яго, ёсьць д’ябал; жніво ёсьць сканчэньне веку, а жняцы — анёлы.

40 А таму, як зьбіраюць куколь і агнём паляць, гэтак сама будзе пры сканчэньні веку гэтага:

41 пашле Сын Чалавечы анёлаў Сваіх, і зьбяруць з Царства Яго ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконьне,

42 і ўкінуць іх у печ вогненную; там будзе плач і скрыгат зубоў;

43 тады праведныя зазьзяюць, як сонца, у Царстве Айца іх. Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!

44 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на скарб, схаваны на полі, які, знайшоўшы, чалавек утоіў, і ў радасьці ад гэтага ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе поле тое.

45 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на купца, які шукае прыгожых пэрлаў,

46 які, знайшоўшы адзін шматкаштоўны пэрл, пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яго.

47 Яшчэ падобнае Царства Нябеснае на нерат, закінуты ў мора і поўны рыбы ўсялякага роду,

48 які, калі ён напоўніўся, выцягнулі на бераг і, сеўшы, добрае склалі ў начыньне, а благое кінулі прэч.

49 Так будзе пры сканчэньні веку: выйдуць анёлы і аддзеляць ліхіх з асяродзьдзя праведных,

50 і ўкінуць іх у печ вогненную: там будзе плач і скрыгат зубоў.

51 Сказаў ім Ісус: ці зразумелі вы гэта ўсё? Яны кажуць яму: так, Госпадзе!

52 А Ён сказаў ім: таму ўсякі кніжнік, навучаны Царству Нябеснаму, падобны на гаспадара дома, які выносіць са скарбніцы сваёй новае і старое.

53 І сталася, калі скончыў Ісус прытчы гэтыя, пайшоў адтуль.

54 І прыйшоўшы на бацькаўшчыну Сваю, вучыў іх у сынагозе іхняй, так што яны зьдзіўляліся і казалі: адкуль у Яго гэтая мудрасьць і сілы?

55 ці не цесьляроў Ён Сын? ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда?

56 і сёстры Яго ці ня ўсе сярод нас? адкуль жа ў Яго ўсё гэта?

57 І паняверыліся ў Ім. А Ісус сказаў ім: ня бывае прарока без пашаны, хіба што толькі на бацькаўшчыне сваёй, і ў доме сваім.

58 І ня ўчыніў там многіх цудаў з-за няверства іхняга.

 

Разьдзел 14

 

1 У той час Ірад тэтрарх пачуў погалас пра Ісуса

2 і сказаў служкам сваім: гэта Ян Хрысьціцель; ён паўстаў зь мёртвых, і таму цуды ўчыняюцца ім.

3 Бо Ірад, узяўшы Яна, зьвязаў яго і пасадзіў у цямніцу празь Ірадыяду, жонку Піліпа, брата свайго;

4 таму што Ян казаў яму: нельга табе мець яе.

5 І хацеў яго забіць, але пабаяўся народу, бо яго ўважалі за прарока.

6 А ў дзень народзін Ірада, скакала дачка Ірадыяды перад усімі і дагадзіла Іраду;

7 таму ён пад прысягаю абяцаў ёй даць, чаго толькі яна ні папросіць.

8 А яна, падбухтораная маці сваёю, сказала: дай мне тут у місе галаву Яна Хрысьціцеля.

9 І засмуціўся цар; але дзеля прысягі і тых, што ўзьляжалі зь ім, загадаў даць ёй,

10 і паслаў адцяць Яну галаву ў цямніцы.

11 І прынесьлі галаву яго ў місе, і далі дзяўчыне; а яна занесла маці сваёй.

12 А вучні яго, прыйшоўшы, узялі яго цела і пахавалі яго;

13 І пачуўшы, адплыў Ісус адтуль на лодцы ў пустэльнае месца адзін; а люд, пачуўшы пра тое, пайшоў за Ім з гарадоў пяшком.

14 І выйшаўшы, Ісус убачыў мноства людзей і пашкадаваў іх, і ацаліў хворых іх.

15 Калі ж зьвечарэла, прыступілі да Яго вучні Ягоныя і сказалі: пустэльная тут мясьціна, і час ужо позьні; адпусьці людзей, каб яны пайшлі ў селішчы і купілі ежы сабе.

16 Але Ісус сказаў ім: ня трэба ім ісьці, вы дайце ім есьці.

17 Яны ж кажуць Яму: у нас тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбіны.

18 Ён сказаў: прынясеце іх Мне сюды.

19 І загадаў народу ўзьлегчы на траву і, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбіны, узьвёў вочы ў неба, дабраславіў, разламаў і даў хлябы вучням, а вучні — народу.

20 І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў дванаццаць кашоў поўных;

21 а тых, што елі, было каля пяці тысяч чалавек, апроч жанчын і дзяцей.

22 І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў лодку і выправіцца раней за Яго на той бок, пакуль Ён адпусьціць людзей.

23 І адпусьціўшы людзей, Ён узышоў на гару сам-насам памаліцца; і калі зьвечарэла, застаўся там адзін.

24 А лодка была ўжо на сярэдзіне мора, і яе біла хвалямі, бо вецер быў супраціўны.

25 А ў чацьвёртую варту ночы пайшоў да іх Ісус, ідучы па моры.

26 І вучні, убачыўшы Яго, што ішоў Ён па моры, сумеліся і казалі: гэта прывід; і ад страху закрычалі.

27 Але Ісус адразу загаварыў зь імі і сказаў: падбадзёрцеся; гэта Я, ня бойцеся.

28 Пётр сказаў Яму ў адказ: Госпадзе! калі гэта Ты, загадай мне прыйсьці да Цябе па вадзе.

29 А Ён сказаў: ідзі. І выйшаўшы з лодкі, Пётр пайшоў па вадзе, каб падысьці да Ісуса.

30 але, бачачы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: Госпадзе! уратуй мяне.

31 Ісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго і кажа яму: малаверны! навошта ты засумняваўся?

32 І калі ўвайшлі яны ў лодку, вецер аціх.

33 А тыя, што ў лодцы былі, падышлі, пакланіліся Яму і сказалі: сапраўды, Ты Сын Божы.

34 І пераправіўшыся, прыбылі ў зямлю Генісарэцкую.

35 І, пазнаўшы Яго, жыхары той мясьціны паслалі ва ўсё навакольле тое і прынесьлі да Яго ўсіх хворых,

36 і прасілі Яго, каб толькі дакрануцца да краю адзеньня Ягонага; і каторыя дакраналіся, ацаляліся.

 

Разьдзел 15

 

1 Тады прыходзяць да Ісуса Ерусалімскія кніжнікі і фарысэі і кажуць:

2 навошта вучні Твае парушаюць звычай старцаў? бо ня ўмываюць рук сваіх, калі ядуць хлеб.

3 А Ён сказаў ім у адказ: навошта і вы парушаеце запаведзь Божую дзеля звычаю вашага?

4 Бо Бог запаведаў, сказаўшы: шануй бацьку і маці; і: хто ліхасловіць бацьку альбо маці, сьмерцю хай памрэ.

5 А вы кажаце: калі хто скажа бацьку альбо маці: «дар Богу — тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся»,

6 той можа і не ўшанаваць бацьку альбо маці сваю; такім чынам вы скасавалі запаведзь Божую дзеля звычаю вашага.

7 Крывадушнікі! добра прарочыў пра вас Ісая, кажучы:

8 «Набліжаюцца да Мяне людзі гэтыя вуснамі сваімі і шануюць Мяне языком; а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне;

9 але марна шануюць Мяне, навучаючы вучэньням, запаведзям чалавечым».

10 І паклікаўшы люд, сказаў яму: слухайце і разумейце:

11 ня тое, што ўваходзіць у вусны, апаганьвае чалавека; а што выходзіць з вуснаў, тое апаганьвае чалавека.

12 Тады вучні Ягоныя, прыступіўшы, сказалі Яму: ці ведаеш, што фарысэі, пачуўшы слова гэтае, запаняверыліся?

13 А Ён сказаў у адказ: усякая расьліна, якую не Айцец Мой Нябесны пасадзіў, выкараніцца,

14 пакіньце іх: яны — сьляпыя павадыры сьляпых; а калі сьляпы сьляпога вядзе, дык абодва ў яму ўпадуць.

15 А Пётр сказаў Яму ў адказ: растлумач нам прытчу гэтую.

16 Ісус сказаў: няўжо і вы яшчэ ня маеце разуменьня?

17 ці яшчэ не разумееце, што ўсё, што ўваходзіць у вусны, праходзіць у чэрава і праз кішку выходзіць?

18 а што выходзіць з вуснаў — з сэрца выходзіць; і гэта апаганьвае чалавека;

19 бо з сэрца выходзяць ліхія намыслы, забойствы, пералюбы, распуста, крадзяжы, ілжывыя сьведчаньні, зьнявагі:

20 гэта апаганьвае чалавека; а есьці няўмытымі рукамі — не апаганьвае чалавека.

21 І выйшаўшы адтуль, адышоў Ісус у межы Тырскія і Сідонскія.

22 І вось, жанчына Хананэянка, выйшаўшы з тых мясьцін, закрычала Яму: памілуй мяне, Госпадзе, Сыне Давідаў, дачку маю цяжка мучыць дэман.

23 Але Ён не адказаў ёй ні слова. І вучні Ягоныя, прыступіўшы, прасілі Яго, кажучы: адпусьці яе, бо крычыць за намі.

24 А Ён сказаў у адказ: Я пасланы толькі да пагіблых авечак дому Ізраілевага.

25 А яна, падышоўшы, кланялася Яму, кажучы: Госпадзе! памажы мне.

26 А Ён сказаў у адказ: нядобра — узяць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.

27 Яна ж сказала: так, Госпадзе! але і шчаняты ядуць крошкі, якія падаюць са стала гаспадароў іхніх.

28 Тады Ісус сказаў ёй у адказ: жанчына! вялікая вера твая, хай станецца табе, як ты хочаш. І выздаравела яе дачка ў тую ж гадзіну.

29 Перайшоўшы адтуль, прыйшоў Ісус да мора Галілейскага і, узышоўшы на гару, сеў там.

30 І прыступіла да Яго мноства людзей, маючы з сабою кульгавых, сьляпых, нямых, зьнявечаных і іншых многіх, і паклалі іх да ног Ісусавых; і Ён ацаліў іх,

31 так што людзі зьдзіўляліся, бачачы, як нямыя гавораць, зьнявечаныя здаравеюць, кульгавыя ходзяць і сьляпыя бачаць; і праслаўлялі Бога Ізраілевага.

32 А Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім: шкада Мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці; і адпусьціць іх няеўшых не хачу, каб не аслаблі ў дарозе.

33 І кажуць Яму вучні Ягоныя: адкуль нам узяць у пустыні столькі хлябоў, каб накарміць столькі людзей?

34 І кажа ім Ісус: колькі ў вас хлябоў? А яны адказалі: сем, і трошкі рыбак.

35 І загадаў людзям узьлегчы на зямлю.

36 І, узяўшы сем хлябоў і рыбы, узьнёс падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, а вучні — людзям.

37 І елі ўсе, і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў поўных;

38 А тых, што елі, было чатыры тысячы чалавек, акрамя жанчын і дзяцей.

39 І адпусьціўшы народ, Ён увайшоў у лодку і прыбыў у межы Магдалінскія.

 

Разьдзел 16

 

1 І падступіліся фарысэі і садукеі і, спакушаючы, прасілі Яго паказаць ім азнаку зь неба.

2 А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе пагода, бо неба агністае;

3 і раніцай: сёньня непагадзь, бо неба агніста-хмарнае. Крывадушнікі! аблічча неба вы ўмееце адрозьніваць, а азнакаў часу ня можаце?

4 Род ліхі і пералюбны азнакі шукае, і азнака ня дасца яму, акрамя азнакі Ёны прарока. І пакінуўшы іх, адышоў.

5 І перапраўляючыся на другі бок, вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў.

6 Ісус сказаў ім: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай.

7 Яны ж разважалі самі сабе, кажучы: хлябоў мы не ўзялі.

8 Уразумеўшы гэта, Ісус сказаў ім: што разважаеце самі сабе, малаверныя, што хлябоў не ўзялі?

9 Няўжо яшчэ не разумееце і не памятаеце пра пяць хлябоў на пяць тысяч, і колькі кашоў вы набралі?

10 Ні пра сем хлябоў на чатыры тысячы, і колькі кошыкаў набралі?

11 Як не разумееце, што не пра хлябы Я сказаў вам: «сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і садукейскай»?

12 Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асьцерагацца не закваскі хлебнай, а вучэньня фарысэйскага.

13 А прыйшоўшы ў межы Кесарыі Піліпавай, Ісус пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: за каго людзі ўважаюць Мяне, Сына Чалавечага?

14 Яны сказалі: адны за Яна Хрысьціцеля, другія за Ільлю, а тыя за Ерамію альбо за аднаго з прарокаў.

15 Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне?

16 І Сымон Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.

17 І Ісус сказаў яму ў адказ: дабрашчасны ты, Сымоне, сыне Ёнаў, бо ня плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які ёсьць у нябёсах;

18 і Я кажу табе: ты Пётр**********************************************************, і на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе.

19 І дам табе ключы Царства Нябеснага: і што зьвяжаш на зямлі, тое будзе зьвязана ў нябёсах; і што разьвяжаш на зямлі, тое будзе разьвязана ў нябёсах.

20 Тады Ісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсьць Хрыстос.

21 З таго часу Ісус пачаў адкрываць вучням Сваім, што Ён мусіць ісьці ў Ерусалім і шмат выцерпець ад старэйшын і першасьвятароў і кніжнікаў, і мае быць забіты, і на трэйці дзень уваскрэснуць.

22 І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэчыць Яму, кажучы: міласэрны Ты, Госпадзе! Хай ня будзе гэтага з Табою!

23 А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзі ад Мяне, сатана! ты Мне спакуса, бо думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.

24 Тады Ісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісьці за Мною, хай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе за Мною;

25 Бо хто хоча душу*********************************************************** сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне, той знойдзе яе;

26 бо якая карысьць чалавеку, калі ён увесь сьвет здабудзе, а душу сваю змарнуе? альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?

27 Бо прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з анёламі Сваімі, і тады аддасьць кожнаму паводле спраў ягоных.

28 Праўду кажу вам: ёсьць сярод тых, што стаяць тут, такія, што не скаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён ідзе ў Царстве Сваім.

 

 

Разьдзел 17

 

1 І праз шэсьць дзён узяў Ісус Пятра, Якава і Яна, брата ягонага, і ўзьвёў іх на гару высокую адных,

2 і перамяніўся перад імі, і зазьзяла аблічча Ягонае, як сонца, а ўбраньне Ягонае стала белае, як сьвятло.

3 І вось, явіліся ім Майсей і Ільля, і зь Ім гутарылі.

4 Азваўшыся, Пётр сказаў Ісусу: Госпадзе! добра нам тут быць; калі хочаш, зробім тут тры намёты: Табе адзін, і Майсею адзін, і адзін Ільлю.

5 Калі ён яшчэ гаварыў, вось, воблака сьветлае асланіла іх; і вось, голас з воблака мовіў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Якога Я ўпадабаў; Яго слухайце.

6 І пачуўшы, вучні ўпалі ніцма і вельмі перапалохаліся.

7 І прыступіўшы, Ісус дакрануўся да іх і сказаў: устаньце і ня бойцеся.

8 А ўзьвёўшы вочы свае, яны нікога ня ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса.

9 І калі сыходзілі яны з гары, Ісус загадаў ім, кажучы: нікому не кажэце пра бачанае, пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсьне зь мёртвых.

10 І спыталіся ў Яго вучні Ягоныя, кажучы: як жа кніжнікі кажуць, што Ільля мае прыйсьці раней?

11 Ісус сказаў ім у адказ: Ільля сапраўды прыйдзе раней і падрыхтуе ўсё;

12 але кажу вам, што Ільля ўжо прыйшоў, і не пазналі яго, а зрабілі зь ім, што хацелі; так і Сын Чалавечы мае пацярпець ад іх.

13 Тады зразумелі вучні, што Ён пра Яна Хрысьціцеля казаў ім.

14 І калі прыйшлі яны да люду, падышоў да Яго чалавек і, укленчыўшы перад Ім,

15 сказаў: Госпадзе! памілуй сына майго; ён лунатык і цяжка пакутуе, бо часта падае ў вагонь і часта ў ваду;

16 я прыводзіў яго да вучняў Тваіх, і яны не маглі ацаліць яго.

17 А Ісус сказаў у адказ: о, род няверны і разбэшчаны! дакуль буду з вамі? дакуль буду трываць вас? прывядзеце яго да Мяне сюды.

18 І забараніў яму Ісус; і выйшаў зь яго дэман; і выздаравеў хлопец у тую ж хвіліну.

19 Тады вучні, прыступіўшы да Ісуса асобна, сказалі: чаму мы не маглі выгнаць яго?

20 А Ісус сказаў ім: ад няверства вашага; бо праўду кажу вам: калі вы будзеце мець веру з гарчычнае зерне і скажаце гары гэтай: «перайдзі адсюль туды», і яна пяройдзе; і нічога ня будзе немагчымага вам.

21 Гэты ж род выганяецца толькі малітваю і постам.

22 У той час, як былі яны ў Галілеі, сказаў ім Ісус: аддадзены будзе Сын Чалавечы ў рукі чалавечыя,

23 і заб’юць Яго, і на трэйці дзень уваскрэсьне. І засмуціліся яны вельмі.

24 Калі ж прыйшлі яны ў Капернаум, дык падышлі зьбіральнікі дыдрахмаў************************************************************ да Пятра і сказалі: Настаўнік ваш ці ня дасьць дыдрахмы?

25 Ён кажа: так. І калі ўвайшоў ён у дом, дык Ісус, папярэдзіўшы яго, сказаў: як табе здаецца, Сымоне? цары зямныя з каго бяруць мыта ці падатак? ці з сыноў сваіх, ці з чужых?

26 Кажа Яму Пётр: з чужых. Сказаў яму Ісус: значыцца, сыны свабодныя;

27 але каб нам не спакусіць іх, ідзі на мора, закінь вуду, і першую рыбіну, якая зловіцца, вазьмі; і, адкрыўшы рот ёй, знойдзеш статыр*************************************************************; вазьмі яго і дай за Мяне і за сябе.

 

 

Разьдзел 18

 

1 У той час прыступілі вучні да Ісуса, кажучы: хто ж большы ў Царстве Нябесным?

2 І паклікаўшы дзіця, Ісус паставіў яго сярод іх

3 і сказаў: праўду кажу вам, калі не навернецеся і ня будзеце, як дзеці, ня ўвойдзеце ў Царства Нябеснае;

4 дык вось, хто ўпакорыцца, як гэтае дзіця, той большы ў Царстве Нябесным;

5 і хто прыме адно такое дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае;

6 а хто спакусіць аднаго з малых гэтых, што веруюць у Мяне, таму лепей было б, каб павесілі жарон млынскі на шыю яго і ўтапілі яго ў глыбіні марской.

7 Гора сьвету ад спакусаў, бо павінны прыйсьці спакусы; але гора таму чалавеку, празь якога спакусы прыходзяць.

8 Калі ж рука твая, альбо нага твая спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе: лепш табе ўвайсьці ў жыцьцё бяз рукі альбо без нагі, чым зь дзьвюма рукамі і дзьвюма нагамі быць укінутым у вагонь вечны;

9 і калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе: лепш табе з адным вокам ў жыцьцё ўвайсьці, чым з двума вачыма быць укінутым у геену вогненную.

10 Глядзеце, не пагарджайце ніводным з малых гэтых; бо кажу вам, што анёлы іх на нябёсах заўсёды бачаць аблічча Айца Майго Нябеснага.

11 Бо прыйшоў Сын Чалавечы вышукаць і выратаваць пагіблае.

12 Як вам здаецца? Калі б у нейкага чалавека было сто авечак і заблудзілася адна зь іх; ці не пакіне ён дзевяноста дзевяцёх ў горах і ці ня пойдзе тую шукаць, што заблудзілася?

13 і калі дасца знайсьці яе, дык, праўду кажу вам, ён радуецца за яе болей, чым за дзевяноста дзевяць, што не заблудзіліся.

14 Так няма волі Айца вашага Нябеснага, каб загінуў адзін з малых гэтых.

15 А калі згрэшыць супроць цябе брат твой, ідзі і выкрый яго паміж табою і ім адным; калі паслухаецца цябе, дык здабыў ты брата твайго;

16 калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго альбо двух, каб вуснамі двух альбо трох сьведкаў пацьвердзілася кожнае слова;

17 калі ж не паслухаецца іх, скажы царкве; а калі і царквы не паслухаецца, дык няхай будзе ён табе, як язычнік і мытнік.

18 Праўду кажу вам: што вы зьвяжаце на зямлі, тое будзе зьвязана на небе; і што разьвяжаце на зямлі, тое будзе разьвязана на небе.

19 Праўду таксама кажу вам, што калі двое з вас пагодзяцца на зямлі прасіць за любую справу, дык чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго, Які ёсьць у нябёсах;

20 бо дзе двое альбо трое сабраныя ў імя Маё, там Я сярод іх.

21 Тады прыступіў Пётр і сказаў Яму: Госпадзе! колькі разоў дараваць брату майму, які грэшыць супроць мяне? ці да сямі разоў?

22 Кажа яму Ісус: не кажу табе: «да сямі», а да сямі разоў па семьдзесят.

23 Таму Царства Нябеснае падобнае на цара, які захацеў зрахавацца з рабамі сваімі.

24 Калі ён пачаў рахавацца, прывялі да яго аднаго, хто быў вінен яму дзесяць тысяч талянтаў;

25 а як ён ня меў, чым заплаціць, дык уладар ягоны загадаў прадаць яго, і жонку ягоную, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць.

26 Тады раб той упаў і, кланяючыся яму, казаў: «уладару! пацярпі на мне, і ўсё табе заплачу».

27 Уладар, зьлітаваўшыся з раба таго, адпусьціў яго і доўг дараваў яму.

28 А раб той, выйшаўшы, знайшоў аднаго з субратоў сваіх, які вінен яму быў сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: «аддай мне, што вінен».

29 Тады субрат ягоны ўпаў да ног яму, умольваў яго і казаў: «пацярпі на мне, і ўсё аддам табе».

30 Але той не схацеў, а пайшоў і ўвязьніў яго ў цямніцу, пакуль не аддасьць доўгу.

31 Субраты ягоныя, убачыўшы тое, засмуціліся вельмі, і прыйшоўшы расказалі ўладару свайму пра ўсё, што было.

32 Тады ўладар ягоны заклікае яго і кажа: «ліхі раб, увесь доўг той я дараваў табе, бо ўпрасіў ты мяне;

33 ці ня варта было і табе памілаваць субрата твайго, як і я цябе памілаваў?».

34 І, угневаўшыся, уладар ягоны аддаў яго кбтам, пакуль не аддасьць яму ўсяго доўгу свайго.

35 Так і Айцец Мой Нябесны зробіць з вамі, калі не даруеце кожны брату свайму ад сэрца свайго правінаў ягоных.

 

Разьдзел 19

 

1 І сталася, калі Ісус закончыў словы гэтыя, дык выйшаў з Галілеі і прыйшоў у межы Юдэйскія, па той бок Ярдана.

2 За Ім сьледам пайшло шмат людзей, і Ён ацаліў іх там.

3 І падступіліся да Яго фарысэі і, спакушаючы Яго, казалі Яму: ці з усякай прычыны дазволена чалавеку разводзіцца з жонкай сваёю?

4 Ён сказаў ім у адказ: ці ня чыталі вы, што Творца спачатку стварыў іх мужчынаю і жанчынаю?

5 І сказаў: таму пакіне чалавек бацьку і маці і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое плоцьцю адною,

6 так што яны ўжо ня двое, а адна плоць. Значыцца, што Бог злучыў, таго чалавек хай не разлучае.

7 Яны кажуць Яму: як жа Майсей запаведаў даваць разводны ліст і разводзіцца зь ёю?

8 Ён кажа ім: Майсей, з прычыны жорсткага сэрца вашага, дазволіў вам разводзіцца з жонкамі вашымі; а спачатку ня было так.

9 Але Я кажу вам: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю не за распусту і ажэніцца з другою, той чыніць пералюб; і хто ажэніцца з разьведзенай, пералюб чыніць.

10 Кажуць Яму вучні Ягоныя: калі такі абавязак чалавека перад жонкаю, дык лепш не жаніцца.

11 А Ён сказаў ім: ня ўсе разумеюць слова гэтае, а каму дадзена,

12 бо ёсьць скапцы, якія з лона матчынага нарадзіліся так; і ёсьць скапцы, якія выпакладаны людзьмі; і ёсьць скапцы, якія зрабілі самі сябе скапцамі дзеля Царства Нябеснага. Хто можа ўцяміць, няхай уцяміць.

13 Тады прыведзены былі да Яго дзеці, каб Ён усклаў на іх рукі і памаліўся; а вучні забаранялі ім.

14 Але Ісус сказаў: пусьцеце дзяцей і не заважайце ім прыходзіць да Мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае.

15 І ўсклаўшы на іх рукі, пайшоў адтуль.

16 І вось, адзін нейкі, падышоўшы, сказаў Яму: Настаўнік Добры! што зрабіць мне добрага, каб мець жыцьцё вечнае?

17 А Ён сказаў яму: што ты называеш Мяне добрым? Ніхто ня добры, толькі адзін Бог. Калі ж хочаш увайсьці ў жыцьцё вечнае, трымайся запаведзяў.

18 Кажа Яму: якіх? А Ісус сказаў: не забівай; ня чыні пералюбу; ня крадзь; ня сьведчы ілжыва;

19 шануй бацьку і маці; і: любі блізкага твайго, як самога сябе.

20 Кажа Яму юнак: усё гэта захаваў я зь юнацтва майго: чаго яшчэ не хапае мне?

21 Сказаў яму Ісус: калі хочаш дасканалым быць, ідзі, прадай маёмасьць тваю і раздай убогім; і мець будзеш скарб на нябёсах; і прыходзь, і ідзі сьледам за Мною.

22 Пачуўшы слова гэтае, юнак адышоў замаркочаны, бо ў яго была вялікая маёмасьць.

23 А Ісус сказаў вучням Сваім: праўду кажу вам, што цяжка багатаму ўвайсьці ў Царства Нябеснае;

24 і яшчэ кажу вам: лягчэй вярблюду прайсьці празь ігольныя вушкі, чым багатаму ўвайсьці ў Царства Божае.

25 Пачуўшы гэта, вучні Ягоныя вельмі зьдзівіліся і сказалі: дык хто ж можа ўратавацца?

26 А Ісус паглядзеў і сказаў ім: людзям гэта немагчыма, а Богу ўсё магчыма.

27 Тады Пётр, адказваючы, сказаў Яму: вось, мы пакінулі ўсё і пайшлі сьледам за Табою; што ж будзе нам?

28 А Ісус сказаў ім: праўду кажу вам, што вы, хто пайшоў сьледам за Мною, — у новым жыцьці, калі сядзе Сын Чалавечы на троне славы Сваёй, сядзеце і вы на дванаццаці тронах судзіць дванаццаць каленаў Ізраілевых;

29 і кожны, хто пакіне дамы, альбо братоў, альбо сёстраў, альбо бацьку, альбо маці, альбо жонку, альбо дзяцей, альбо землі дзеля імя Майго, атрымае ў сто разоў больш і ўспадкуе жыцьцё вечнае.

30 А многія першыя будуць апошнімі, і апошнія першымі.

 

Разьдзел 20

 

1 Бо Царства Нябеснае падобнае на гаспадара дома, які выйшаў на досьвітку наняць работнікаў у вінаграднік свой.

2 І, згадзіўшы работніка па дынары ў дзень, паслаў іх у вінаграднік свой.

3 І выйшаўшы каля трэйцяй гадзіны, ён убачыў іншых, якія стаялі на рынку бяз працы,

4 і ім сказаў: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, дам вам. Яны пайшлі.

5 Зноў выйшаўшы каля шостай і дзявятай гадзіны, зрабіў тое самае.

6 А, выйшаўшы каля адзінаццатай гадзіны, ён знайшоў іншых, якія стаялі бяз працы, і кажа ім: што вы тут стаіце цэлы дзень бяз працы?

7 Яны кажуць яму: ніхто не наняў нас. Ён кажа ім: ідзеце і вы ў вінаграднік мой, і што справядліва будзе, атрымаеце.

8 А калі зьвечарэла, кажа гаспадар вінаградніка наглядчыку свайму: пакліч работнікаў і аддай ім плату, пачаўшы з апошніх да першых.

9 І тыя, што прыйшлі каля адзінаццатай гадзіны, атрымалі па дынары.

10 Тыя, што прыйшлі першыя, думалі, што болей атрымаюць; але атрымалі і яны па дынары.

11 І атрымаўшы, пачалі наракаць на гаспадара дома

12 і казалі: гэтыя апошнія адну гадзіну працавалі, і ты зраўняў іх з намі, а мы ж перанесьлі цяготу дня і сьпёку.

13 А ён у адказ сказаў аднаму зь іх: дружа! я ня крыўджу цябе; ці ж не за дынар ты дамовіўся са мною?

14 вазьмі сваё ды ідзі; я ж хачу гэтаму апошняму даць што і табе;

15 хіба я ня маю ўлады рабіць што хачу ў сваім? ці вока тваё зайздросьлівае ад таго, што я добры?

16 Так будуць апошнія першымі, і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

17 І, уваходзячы ў Ерусалім, Ісус адвёў дванаццацёх вучняў асобна і дарогаю сказаў ім:

18 вось, мы ўзыходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы, выдадзены будзе першасьвятарам і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць;

19 і выдадуць Яго язычнікам на ганьбаваньне і біцьцё і крыжаваньне; і на трэйці дзень уваскрэсьне.

20 Тады прыступіла да Яго маці сыноў Зевядзеевых з сынамі сваімі, кланяючыся і чагосьці просячы ў Яго.

21 Ён жа сказаў ёй: чаго ты хочаш? Яна кажа Яму: скажы, каб селі гэтыя два сыны мае адзін праваруч, а другі леваруч ад Цябе ў Царстве Тваім.

22 Ісус сказаў у адказ: ня ведаеце, чаго просіце; ці можаце піць чару, якую Я буду піць, альбо хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, хрысьціцца? Яны кажуць Яму: можам.

23 І кажа ім: чару Маю будзеце піць, і хрышчэньнем, якім Я хрышчуся, будзеце хрысьціцца; але даць сесьці ў Мяне праваруч і леваруч не ад Мяне залежыць, а каму ўгатавана Айцом Маім.

24 Пачуўшы гэта, дзесяцёра вучняў абурыліся на двух братоў.

25 Ісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: вы ведаеце, што князі народаў пануюць над імі, і вяльможы валадараць над імі.

26 Але ня так хай будзе паміж вамі: а хто хоча між вамі большым быць, хай будзе вам слугою;

27 і хто хоча між вамі быць першым, хай будзе вам рабом;

28 бо Сын Чалавечы ня прыйшоў, каб Яму служылі, а каб паслужыць і аддаць душу Сваю як выкуп за многіх.

29 І калі выходзілі яны зь Ерыхона, за Ім сьледам ішло мноства людзей.

30 І вось, двое сьляпых, што сядзелі пры дарозе, пачуўшы, што Ісус ідзе міма, пачалі крычаць: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!

31 А людзі змушалі іх маўчаць; але яны яшчэ галасьней закрычалі: памілуй нас, Госпадзе, Сыне Давідаў!

32 Ісус, спыніўшыся, паклікаў іх і сказаў: што вы хочаце, каб Я зрабіў вам?

33 Яны кажуць Яму: Госпадзе! каб адкрыліся вочы нашыя.

34 Ісус жа, умілажаліўшыся, дакрануўся да вачэй іхніх; і адразу вочы іх пачалі бачыць, і яны пайшлі за Ім.

 

Разьдзел 21

 

1 І калі наблізіліся да Ерусаліма і прыйшлі ў Віфагію да гары Аліўнай, тады Ісус паслаў двух вучняў,

2 сказаўшы ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; і адразу знойдзеце асьліцу прывязаную і маладога асла зь ёю; адвязаўшы, прывядзеце да Мяне.

3 І калі вам хто скажа што-небудзь, адказвайце, што яны патрэбныя Госпаду; і адразу пашле іх.

4 А ўсё гэта было, каб збылося сказанае праз прарока, які гаворыць:

5 «скажэце дачцэ Сыёнавай: вось, Цар твой ідзе да цябе лагодны, седзячы на асьліцы і маладым асьле, сыне пад’ярэмнай».

6 Вучні пайшлі і зрабілі так, як загадаў ім Ісус,

7 прывялі асьліцу і маладога асла і паклалі на іх вопратку сваю, і Ён сеў паверх яе.

8 Мноства людзей пасьцілалі вопратку сваю на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэў і пасьцілалі на дарозе;

9 а люд, які ішоў сьпераду і сьледам, усклікаў: асанна************************************************************** Сыну Давідаваму! Дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе! Асанна ў вышынях!

10 І калі ўвайшоў Ён у Ерусалім, увесь горад узрушыўся і пыталіся і казалі: хто гэта?

11 А люд казаў: Гэта Ісус, Прарок з Назарэта Галілейскага.

12 І ўвайшоў Ісус у храм Божы і выгнаў усіх тых, што прадавалі і куплялі ў храме, і сталы мяняйлаў перакуліў і ўслоны прадаўцоў галубоў,

13 і сказаў ім: напісана: «дом Мой домам малітвы назавецца»; а вы зрабілі зь яго логава разбойнікаў.

14 І прыступілі да Яго ў храме сьляпыя і кульгавыя, і Ён ацаліў іх.

15 А першасьвятары і кніжнікі, убачыўшы цуды, якія Ён учыніў, і дзяцей, якія ўсклікалі ў храме і казалі: «асанна Сыну Давідаваму», абурыліся.

16 і сказалі Яму: ці чуеш, што яны кажуць? А Ісус кажа ім: так! хіба вы ніколі ня чыталі: «з вуснаў дзетак і немаўлят Ты ўчыніў хвалу?».

17 І пакінуўшы іх, выйшаў з горада ў Віфанію і правёў там ноч.

18 А раніцай, вяртаючыся ў горад, схацеў есьці.

19 І, угледзеўшы пры дарозе адну смакоўніцу, падышоў да яе і, нічога на ёй не знайшоўшы, акрамя толькі лісьця, кажа ёй: хай ня будзе больш ад цябе плоду вавек. І адразу ўсохла смакоўніца.

20 Убачыўшы гэта, вучні зьдзівіліся і казалі: як гэта адразу ўсохла смакоўніца?

21 А Ісус сказаў ім у адказ: праўду кажу вам: калі будзеце мець веру і не спаняверыцеся, ня толькі зробіце тое, што зроблена са смакоўніцай, але, калі і гары гэтай скажаце: «падыміся і кінься ў мора», — будзе;

22 і ўсё, чаго ні папросіце ў малітве зь вераю, атрымаеце.

23 І калі прыйшоў Ён у храм і вучыў, падступіліся да Яго першасьвятары і старэйшыны народу і сказалі: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў такую ўладу?

24 Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно; калі пра тое скажаце Мне, і Я вам скажу, якою ўладаю гэта раблю.

25 Хрышчэньне Янава адкуль было: зь нябёсаў, ці ад людзей? яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам: «зь нябёсаў», дык Ён скажа нам: «чаму ж вы не паверылі яму?»,

26 а калі скажам: «ад людзей», — баімося народу, бо ўсе ўважаюць Яна за прарока.

27 І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Сказаў ім Ён: і Я вам не скажу, якою ўладаю гэта раблю.

28 А як вам здаецца? У аднаго чалавека было два сыны; і ён, падышоўшы да першага, сказаў: сыне! ідзі, сёньня працуй у вінаградніку маім.

29 Але ён сказаў у адказ: «не хачу», а пасьля, раскаяўшыся, пайшоў.

30 І, падышоўшы да другога, ён сказаў тое самае. Гэты сказаў у адказ: «іду, гаспадар». І не пайшоў.

31 Каторы з двух выканаў бацькаву волю? Кажуць Яму: першы. Кажа ім Ісус: праўду кажу вам, што мытнікі і распусьніцы паперад вамі ідуць у Царства Божае.

32 Бо прыйшоў да вас Ян шляхам праведнасьці, і вы не паверылі яму, а мытнікі і распусьніца паверылі яму; вы ж, і бачыўшы гэта, не раскаяліся пасьля, каб паверыць яму.

33 Выслухайце іншую прытчу. Быў адзін гаспадар дома, які насадзіў вінаграднік: і мурам абгарадзіў яго, і выкапаў у ім чавільню і збудаваў вежу, і аддаў яго вінаградарам, і адлучыўся.

34 А калі надышоў час пладоў, ён паслаў сваіх слуг да вінаградараў узяць плады свае.

35 Вінаградары, схапіўшы слуг ягоных, каго набілі, каго забілі, а каго каменьнем пабілі.

36 Зноў паслаў ён іншых слуг, больш чым раней; і зь імі ўчынілі тое самае.

37 Нарэшце паслаў ён да іх сына свайго, кажучы: пасаромеюцца сына майго.

38 Але вінаградары, убачыўшы сына, сказалі адзін аднаму: гэта спадкаемца; хадзем, заб’ем яго і завалодаем спадчынай ягонай:

39 І схапіўшы яго, вывелі вонкі зь вінаградніка і забілі.

40 І вось, калі прыйдзе гаспадар вінаградніка, што зробіць ён з гэтымі вінаградарамі?

41 Кажуць яму: ліхадзеяў гэтых аддасьць на лютую сьмерць, а вінаграднік аддасьць іншым вінаградарам, якія аддаваць будуць яму плады ў свой час.

42 Ісус кажа ім: няўжо вы ніколі ня чыталі ў Пісаньні: «камень, які адкінулі будаўнікі, той самы зрабіўся каменем кутнім: гэта — ад Госпада, і ёсьць дзіўна ў вачах нашых»?

43 Таму кажу вам, што адымецца ад вас Царства Божае, і дадзена будзе народу, які прыносіць плады ягоныя.

44 І той, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго раздушыць.

45 І чуючы прытчы Ягоныя, першасьвятары і фарысэі зразумелі, што Ён пра іх гаворыць;

46 і памыкаліся схапіць Яго; але пабаяліся люду, бо Яго ўважалі за прарока.

 

 

Разьдзел 22

 

1 І ў адказ Ісус зноў прамовіў да іх у прытчах, кажучы:

2 падобнае Царства Нябеснае на чалавека-цара, які справіў вясельле сыну свайму

3 і паслаў рабоў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.

4 Зноў паслаў іншых рабоў, сказаўшы: скажэце запрошаным: «вось я прыгатаваў абед мой, цяляты мае і што ўкормлена, заколата, і ўсё гатова; прыходзьце на вясельле».

5 Але яны, ня даўшы ўвагі, пайшлі, хто на поле сваё, а хто да гандлю свайго.

6 Астатнія ж, схапіўшы рабоў ягоных, зьняважылі і забілі іх.

7 І пачуўшы, цар той угневаўся, і, паслаўшы войскі свае, вынішчыў забойцаў тых і горад іхні спаліў.

8 Тады кажа ён рабам сваім: вясельле гатова, а запрошаныя ня былі вартыя.

9 Дык вось, ідзеце на ростані і ўсіх, каго спаткаеце, клічце на вясельле.

10 І рабы тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі, і благіх і добрых; і напоўнілася вясельле бяседнікамі.

11 Цар, увайшоўшы паглядзець на бяседнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельныя строі,

12 і кажа яму: дружа! як ты ўвайшоў сюды не ў вясельных строях? А той маўчаў.

13 Тады сказаў цар слугам: зьвязаўшы яму рукі і ногі, вазьмеце яго і выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў;

14 бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

15 Тады фарысэі пайшлі і дамаўляліся, як падлавіць Яго на слове.

16 І пасылаюць да Яго вучняў сваіх зь ірадыянамі, кажучы: Настаўнік! мы ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не стараешся дагадзіць каму-небудзь, бо не глядзіш на абліччы;

17 дык вось скажы нам: як Табе здаецца? ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?

18 Але Ісус, убачыўшы зламыснасьць іхнюю, сказаў: што спакушаеце Мяне, крывадушнікі?

19 пакажэце Мне манету, якою плаціцца падатак. Яны прынесьлі Яму дынар.

20 І кажа ім: чыя гэта выява і надпіс?

21 І кажуць Яму: кесаравы. Тады кажа ім: дык аддавайце кесарава кесару, а Божае Богу.

22 Пачуўшы гэта, яны зьдзівіліся і пакінуўшы Яго, пайшлі.

23 У той дзень падступіліся да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсеньня, і спыталіся ў Яго:

24 Настаўнік! Майсей сказаў: «калі хто памрэ, ня маючы дзяцей, хай возьме брат ягоны жонку ягоную і адродзіць семя брату свайму».

25 Было ў нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр і, ня маючы дзяцей, пакінуў жонку сваю брату свайму;

26 гэтак сама і другі, і трэйці, нават да сёмага;

27 а пасьля ўсіх памерла і жонка.

28 Дык вось, ва ўваскрэсеньні, катораму зь сямёх будзе яна за жонку? бо ўсе мелі яе?

29 Ісус сказаў ім у адказ: памыляецеся, ня ведаючы Пісаньняў, ні сілы Божай;

30 бо ва ўваскрэсеньні ні жэняцца, ні выходзяць замуж, а жывуць, як анёлы Божыя на нябёсах.

31 А пра ўваскрэсеньне мёртвых ці ня чыталі вы сказанага вам Богам:

32 «Я Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якава»? Бог ня ёсьць Бог мёртвых, а жывых».

33 І пачуўшы, люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.

34 А фарысэі, пачуўшы, што Ён прывёў садукеяў у маўчаньне, сабраліся разам.

35 І спытаўся адзін зь іх, законьнік, спакушаючы Яго і кажучы:

36 Настаўнік! якая запаведзь найбольшая ў законе?

37 Ісус жа сказаў яму: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім»;

38 гэта найбольшая і першая запаведзь;

39 а другая падобная да яе: «палюбі блізкага твайго, як самога сябе»;

40 на гэтых дзьвюх запаведзях грунтуецца ўвесь закон і прарокі.

41 Калі ж сабраліся фарысэі, спытаўся ў іх Ісус:

42 што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён сын? Кажуць Яму: Давідаў.

43 Кажа ім: як жа Давід, з натхненьня, Госпадам Яго называе, калі кажа:

44 «Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч ад Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх»?

45 Дык вось, калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён сын яму?

46 І ніхто ня мог адказаць Яму ні слова; і не адважваўся ўжо ніхто з таго дня дапытвацца ў Яго.

 

Разьдзел 23

 

1 Тады Ісус прамовіў да люду і вучняў Сваіх,

2 кажучы: на Майсеевым пасадзе селі кніжнікі і фарысэі;

3 дык вось, усё, што яны кажуць вам захоўваць, рабеце і захоўвайце; а паводле ўчынкаў іхніх не рабеце, бо яны гавораць, і ня робяць:

4 зьвязваюць цяжары важкія і непасільныя і ўскладаюць на плечы людзям, а самі ня хочуць і пальцам зрушыць іх;

5 а ўсе справы свае робяць дзеля таго, каб бачылі іх людзі; пашыраюць філактэрыі*************************************************************** свае ды павялічваюць кутасы на адзеньні сваім;

6 а таксама любяць узьляжаць наперадзе на гасьцінах, і наперадзе сядзець у сынагогах,

7 і вітаньні на плошчах, і каб людзі клікалі іх: «Настаўнік! настаўнік!»

8 А вы не называйцеся настаўнікамі, бо адзін у вас Настаўнік — Хрыстос, а ўсе вы — браты;

9 і айцом сабе не называйце нікога на зямлі, бо адзін у вас Айцец, Які на нябёсах;

10 і не называйцеся правадырамі, бо адзін у вас Правадыр — Хрыстос.

11 Большы з вас хай будзе вам слуга:

12 бо хто ўзвышае сябе, той паніжаны будзе; а хто паніжае сябе, той узвысіцца.

13 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што зачыняеце Царства Нябеснае перад людзьмі; бо самі не ўваходзіце, і тых, што ўваходзяць, ня пускаеце ўвайсьці.

14 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што паядаеце дамы ўдоваў і напаказ доўга моліцеся: за тое прымеце тым большую асуду.

15 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што праходзіце мора і сушу, каб прыдбаць хоць аднаго нававерца; і калі гэта здараецца, робіце яго сынам геены, двойчы горшым за вас.

16 Гора вам, павадыры сьляпыя, што кажаце: «калі хто прысягне храмам, дык нічога; а калі прысягне золатам храма, дык вінаваты».

17 Неразумныя і сьляпыя! што большае: золата, ці храм, які асьвячае золата?

18 і: «калі хто прысягне ахвярнікам, дык нічога; а калі прысягне дарам, які на ім, дык вінаваты».

19 Неразумныя і сьляпыя! што большае: дар, ці ахвярнік, які асьвячае дар?

20 Дык вось, хто прысягне ахвярнікам, прысягае ім і ўсім, што на ім;

21 і той, што прысягае храмам, прысягае ім і Тым, Хто жыве ў ім;

22 і той, хто прысягае небам, прысягае тронам Божым і Тым, Хто сядзіць на ім.

23 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даяце дзесяціну зь мяты, анісу і кмену, і адкінулі важнейшае ў законе: суд, міласьць і веру; гэта трэба было рабіць, і таго не пакідаць.

24 Павадыры сьляпыя, што адцэджваеце камара, а вярблюда праглынаеце!

25 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што ачышчаеце зьнешнасьць кубка і місы, а ўсярэдзіне яны поўныя пахапнасьці і няпраўды.

26 Фарысэй сьляпы! ачысьці сьпярша сярэдзіну кубка і місы, каб чыстая была і зьнешнасьць іхняя.

27 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што прыпадабняецеся да павапленых магіл, якія звонку здаюцца прыгожымі, а ўсярэдзіне поўныя касьцей мёртвых і ўсякага бруду;

28 так і вы зьнешне здаяцеся людзям праведнымі, а ўсярэдзіне поўныя крывадушнасьці і беззаконьня.

29 Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што будуеце магільніцы прарокам і ўпрыгожваеце помнікі праведнікам.

30 і кажаце: «калі б мы былі ў дні бацькоў нашых, дык ня былі б саўдзельнікамі іхнімі ў праліваньні крыві прарокаў»;

31 тым самым вы самі сьведчыце супроць сябе, што вы сыны тых, якія забілі прарокаў;

32 дапаўняйце ж меру бацькоў вашых.

33 Зьмеі, выродзьдзе яхідніна! як унікнеце вы асуджэньня ў геену?

34 Таму, вось, Я пасылаю да вас прарокаў, і мудрых, і кніжнікаў; і некаторых зь іх вы заб’яце і ўкрыжуеце, а некаторых будзеце біць у сынагогах вашых і гнаць з горада ў горад;

35 каб апала на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі, сына Варахіевага, якога вы забілі паміж храмам і ахвярнікам.

36 Праўду кажу вам: усё гэта ападзе на род гэты.

37 Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і каменьнем пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка зьбірае птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!

38 Вось, застаецца вам дом ваш пусты.

39 Бо кажу вам: ня ўбачыце Мяне ад сёньня, пакуль ня ўсклікнеце: «дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!».

 

 

Разьдзел 24

 

1 І выйшаўшы, Ісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі храма.

2 Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана.

3 Калі ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якая азнака Твайго прыходу і сканчэньня веку?

4 І ў адказ Ісус сказаў ім: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;

5 бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: «я Хрыстос», — і многіх увядуць у зман.

6 Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, не жахайцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец:

7 бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і пошасьці, і землятрусы месцамі.

8 А ўсё гэта — болесны пачатак.

9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зьненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.

10 І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьненавідзяць адзін аднаго;

11 і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;

12 і ад памнажэньня беззаконьня ахалоне любоў у многіх;

13 а хто выцерпіць да канца, уратуецца.

14 І абвешчана будзе гэтае Дабравесьце Царства па ўсім сьвеце, на сьведчаньне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.

15 Дык вось, калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане на сьвятым месцы, — хто чытае, хай разумее, —

16 тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;

17 і хто на даху, той хай ня сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;

18 і хто ў полі, той хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.

19 Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!

20 Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;

21 бо тады будзе вялікі смутак, якога ня было ад пачатку сьвету да сёньня, і ня будзе.

22 І калі б не скараціліся тыя дні, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.

23 Тады калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос», альбо «там», — ня верце;

24 бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і дадуць азнакі і вялікія цуды, каб увесьці ў зман, калі ўдасца, і выбраных.

25 Вось, Я наперад сказаў вам.

26 Значыцца, калі скажуць вам: «вось Ён у пустыні», — ня выходзьце; «вось, Ён у патайных пакоях», — ня верце;

27 бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такі будзе прыход Сына Чалавечага;

28 бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы.

29 І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца;

30 і тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай;

31 і пашле анёлаў Сваіх з трубою громагучнаю, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.

32 Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле яе ўжо мякчэе і пускае лісьце, ведаеце, што блізка лета;

33 так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.

34 Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе;

35 неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць;

36 а пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін;

37 але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага,

38 бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,

39 і не разумелі, пакуль ня прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прыход Сына Чалавечага;

40 тады будуць двое на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;

41 дзьве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, а другая пакінецца.

42 Дык чувайце ж, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе.

43 Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і ня даў бы падкапаць дома свайго.

44 Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў якую гадзіну ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.

45 Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?

46 Дабрашчасны той раб, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы застане, што робіць так;

47 праўду кажу вам, што над усім маёнткам сваім паставіць яго.

48 А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім: «ня хутка прыйдзе гаспадар мой»,

49 і пачне біць субратоў сваіх, і есьці і піць з п’яніцамі, —

50 дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,

51 і разатне яго напалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў.

 

Разьдзел 25

 

1 Тады ўпадобніцца Царства Нябеснае дзесяцём дзевам, якія, узяўшы сьвяцільні свае, выйшлі сустрэць маладога.

2 пяць зь іх было неразумных і пяць мудрых;

3 неразумныя, узяўшы сьвяцільні свае, не ўзялі з сабою алею;

4 а мудрыя ўзялі алею ў пасудзінах разам зь сьвяцільнямі сваімі;

5 і калі малады замарудзіўся, дык задрамалі ўсе і паснулі.

6 Але апоўначы крык пачуўся: «вось, малады ідзе, выходзьце на сустрэчу яму».

7 Тады ўсталі ўсе дзевы тыя і паправілі сьвяцільні свае.

8 А неразумныя мудрым сказалі: «дайце нам алею вашага, бо сьвяцільні нашыя гаснуць».

9 А мудрыя сказалі ў адказ: «каб ня сталася недахопу і ў нас і ў вас, ідзеце лепей да прадаўцоў і купеце сабе».

10 Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў малады, і гатовыя ўвайшлі зь ім на вясельле, і зачыніліся дзьверы.

11 Пасьля прыходзяць і астатнія дзевы і кажуць: «спадару! спадару! адчыні нам».

12 Ён жа сказаў ім у адказ: «праўду кажу вам: ня ведаю вас».

13 Дык вось, чувайце; бо ня ведаеце ні дня, ні гадзіны, у якую прыйдзе Сын Чалавечы.

14 Гэтак і чалавек нейкі, адыходзячы, заклікаў рабоў сваіх і даручыў ім маёмасьць сваю:

15 і аднаму даў пяць талянтаў, другому два, таму адзін, кожнаму паводле ягонай сілы; і адразу адышоў.

16 Той, хто атрымаў пяць талянтаў, пайшоў: ужыў іх у справу і набыў другія пяць;

17 гэтак сама і той з двума набыў другія два;

18 а той, хто атрымаў адзін талянт, пайшоў і закапаў яго ў зямлю і схаваў серабро гаспадара свайго.

19 Па доўгім часе прыходзіць гаспадар рабоў тых і зводзіць зь імі рахунак.

20 І той, хто атрымаў пяць талянтаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талянтаў і кажа: «Гаспадар! пяць талянтаў ты даў мне; вось, другія пяць талянтаў я набыў на іх».

21 Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».

22 Падышоў таксама і той, што атрымаў два талянты, і сказаў: «гаспадар! два талянты ты даў мне; вось, другія два талянты набыў я на іх».

23 Сказаў жа яму гаспадар ягоны: «добра, раб добры і верны! у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю; увайдзі ў радасьць гаспадара твайго».

24 Падышоў і той, што атрымаў адзін талянт, і сказаў: «гаспадар! я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі, жнеш, дзе ня сеяў, і зьбіраеш, дзе не рассыпбў;

25 і пабаяўшыся, пайшоў і схаваў талянт твой у зямлі; вось табе тваё».

26 Гаспадар жа ягоны сказаў яму ў адказ: «ліхі раб і гультай! ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпбў;

27 таму трэба было табе аддаць серабро маё гандлярам, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы маё з прыбыткам.

28 Дык вось вазьмеце ў яго талянт і дайце таму, хто мае дзесяць талянтаў,

29 бо кожнаму, хто мае, дасца і памножыцца, а ў таго, хто ня мае, адымецца і тое, што мае;

30 а нягоднага раба выкіньце ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгат зубоў». (Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!).

31 Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя анёлы зь Ім, тады сядзе на троне славы Сваёй,

32 і зьбяруцца перад Ім усе народы; і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;

33 і паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.

34 Тады скажа Цар тым, якія праваруч ад Яго: «Прыйдзеце, дабраславёныя Айца Майго, прымеце ў спадчыну Царства, угатаванае вам ад стварэньня сьвету:

35 бо быў галодны Я, і вы далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы напаілі Мяне; быў падарожны, і вы прынялі Мяне;

36 быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у цямніцы быў, і вы прыйшлі да Мяне.

37 Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: «Госпадзе! калі мы бачылі Цябе галоднага і накармілі? альбо сасьмяглага і напаілі?

38 калі ж мы бачылі Цябе падарожнага і прынялі? альбо голага і адзелі?

39 калі ж мы бачылі Цябе хворага, альбо ў цямніцы, і прыйшлі да цябе?».

40 І Цар скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што зрабілі вы гэта аднаму з братоў Маіх меншых, дык зрабілі Мне».

41 Тады скажа і тым, якія леваруч ад Яго: «ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, угатаваны д’яблу і анёлам ягоным:

42 бо быў галодны Я, вы не далі Мне есьці; быў сасьмяглы, і вы не напаілі Мяне;

43 быў падарожны, і не прынялі Мяне; быў голы, і не адзелі Мяне; хворы і ў цямніцы, і не адведалі Мяне».

44 Тады і яны скажуць яму ў адказ: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галоднага, альбо сасьмяглага, альбо падарожнага, альбо голага, альбо хворага, альбо ў цямніцы, і не паслужылі Табе?»

45 Тады скажа ім у адказ: «праўду кажу вам: як што вы не зрабілі гэтага аднаму з гэтых меншых, дык не зрабілі Мне».

46 І пойдуць гэтыя на пакуты вечныя, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.

 

Разьдзел 26

 

1 І сталася: калі прамовіў Ісус усе словы гэтыя, дык сказаў вучням Сваім:

2 вы ведаеце, што праз два дні Пасха будзе, і Сын Чалавечы выданы будзе на крыжаваньне.

3 Тады сабраліся першасьвятары і кніжнікі і старэйшыны народу ў двор першасьвятара, якога звалі Каяфа,

4 і дамовіліся ўзяць Ісуса хітрасьцю і забіць;

5 але казалі: толькі ня ў сьвята, каб ня сталася абурэньня ў народзе.

6 Калі ж Ісус быў у Віфаніі, у доме Сымона пракажонага,

7 прыступіла да Яго жанчына з алавастравай пасудзінай міра шматкаштоўнага і ліла яму на галаву, калі Ён узьляжаў за сталом.

8 Убачыўшы, вучні Ягоныя абурыліся і казалі: навошта такое марнатраўства?

9 бо можна было б прадаць гэтае міра за вялікія грошы і даць убогім.

10 Але Ісус, зразумеўшы гэта, сказаў ім: што бянтэжыце жанчыну? Яна добры ўчынак зрабіла дзеля Мяне;

11 бо заўсёды ўбогіх вы маеце пры сабе, а Мяне не заўсёды маеце;

12 бо, выліўшы гэтае міра на Цела Маё, яна падрыхтавала Мяне да пахаваньня;

13 праўду кажу вам: дзе ні будзе абвешчана Дабравесьце гэтае ў цэлым сьвеце, сказана будзе ў памяць яе і пра тое, што зрабіла яна.

14 Тады адзін з дванаццацёх, якога звалі Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў

15 і сказаў: што вы дасьце мне, і я вам выдам Яго? Яны прапанавалі яму трыццаць срэбранікаў;

16 і з таго часу ён шукаў зручнай нагоды выдаць Яго.

17 У першы ж дзень праснакоў прыступілі вучні да Ісуса і сказалі яму: дзе хочаш, каб мы прыгатавалі Табе есьці пасху?

18 Ён жа сказаў: ідзеце ў горад да такога і такога і скажэце яму: «Настаўнік кажа: час мой блізкі, у цябе ўчыню пасху з вучнямі Маімі».

19 І зрабілі вучні, як загадаў ім Ісус, і прыгатавалі пасху.

20 Калі ж зьвечарэла, Ён узьлёг з дванаццацьцю вучнямі;

21 І калі яны елі, сказаў: праўду кажу вам, што адзін з вас выдасьць Мяне.

22 Яны вельмі засмуціліся і пачалі казаць Яму, кожны зь іх: ці ня я, Госпадзе?

23 А Ён сказаў у адказ: хто апусьціў са Мною руку ў місу, той выдасьць Мяне;

24 зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як пісана пра Яго; але гора таму чалавеку, якім Сын Чалавечы выдаецца: лепей было б чалавеку гэтаму не радзіцца.

25 У адказ жа Юда, які выдаў Яго, сказаў: ці ня я, Равьві? Ісус кажа яму: ты сказаў.

26 А калі яны елі: Ісус, узяўшы хлеб і дабраславіўшы, паламаў і, раздаючы вучням, сказаў: прымеце, ежце: гэта Цела Маё.

27 І ўзяўшы чару, і падзякаваўшы, падаў ім і сказаў: пеце зь яе ўсе;

28 бо гэта Кроў Мая новага запавету, за многіх праліваная дзеля дараваньня грахоў.

29 Кажу ж вам, што ад сёньня ня буду піць ад плоду гэтага вінаграднага да таго дня, калі буду піць з вамі новае віно ў Царстве Айца Майго.

30 І засьпяваўшы, пайшлі на гару Аліўную.

31 Тады кажа ім Ісус: усе вы запаняверыцеся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напісана: «пакараю пастыра, і расьсеюцца авечкі».

32 А пасьля ўваскрэсеньня Майго сустрэну вас у Галілеі.

33 У адказ жа Пётр сказаў Яму: калі і ўсе запаняверацца ў Табе, я не запаняверуся.

34 Сказаў яму Ісус: праўду кажу табе, што гэтае ночы, перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.

35 Кажа Яму Пётр: хоць бы прыпала мне і памерці з Табою, не адракуся ад Цябе. Падобнае і ўсе вучні казалі.

36 Потым прыходзіць зь імі Ісус у мясьціну, званую Гефсіманія, і кажа вучням: пасядзеце тут, пакуль Я пайду, памалюся там.

37 І ўзяўшы Пятра і абодвух сыноў Зевядзеевых, пачаў смуткаваць і журыцца.

38 Тады кажа ім Ісус: душа Мая смуткуе да сьмерці; пабудзьце тут і чувайце са Мною.

39 І адышоўшы крыху, упаў на аблічча Сваё, маліўся і казаў: Войча Мой! калі магчыма, хай абміне Мяне чара гэтая: але не як Я хачу, а як Ты.

40 І прыходзіць да вучняў і застае, што яны сьпяць, і кажа Пятру: ці так не змаглі вы адну гадзіну чуваць са Мною?

41 чувайце і малецеся, каб не паддацца спакусе: дух бадзёры, а плоць нядужая.

42 Яшчэ, адышоўшы другі раз, маліўся, кажучы: Войча Мой! калі ня можа чара гэтая абмінуць Мяне, каб Мне ня піць яе, хай будзе воля Твая.

43 І прыйшоўшы, застаў, што зноў яны сьпяць, бо ў іх вочы ацяжэлі.

44 І пакінуўшы іх, адышоў зноў і памаліўся трэйці раз, тое самае слова сказаўшы.

45 Тады прыходзіць да вучняў Сваіх і кажа ім: вы ўсе яшчэ сьпіце і спачываеце; вось, наблізілася гадзіна, і Сын Чалавечы аддаецца ў рукі грэшнікаў;

46 устаньце, хадзем: вось наблізіўся той, хто прадае Мяне.

47 І калі яшчэ гаварыў Ён, вось, Юда, адзін з дванаццацёх, прыйшоў, і зь ім мноства людзей зь мечамі і каламі, ад першасьвятароў і старэйшын народных.

48 А хто выдаваў Яго, даў ім знак, кажучы: каго я пацалую, Той і ёсьць, вазьмеце Яго.

49 І, адразу падышоўшы да Ісуса, сказаў: радуйся, Равьві! І пацалаваў Яго.

50 Ісус жа сказаў яму: дружа, чаго ты прыйшоў? Тады падышлі, і паклалі рукі на Ісуса, і ўзялі Яго.

51 І вось, адзін з тых, што былі зь Ісусам, працягнуўшы руку, дастаў меч свой і, ударыўшы раба першасьвятаровага, адсек яму вуха.

52 Тады кажа яму Ісус: вярні меч твой у месца ягонае, бо ўсе, што возьмуць меч, ад мяча і загінуць;

53 альбо думаеш, што Я не магу цяпер упрасіць Айца Майго, і Ён дасьць Мне больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў?

54 як жа збудуцца Пісаньні, што так павінна быць?

55 У тую гадзіну сказаў Ісус народу: быццам на разбойніка выйшлі вы зь мечамі і каламі ўзяць Мяне; кожны дзень з вамі сядзеў Я, вучачы ў храме, і вы ня бралі Мяне.

56 А ўсё гэта было, каб збыліся пісаньні прарокаў. Тады ўсе вучні, пакінуўшы Яго, паўцякалі.

57 А тыя, што ўзялі Ісуса, завялі Яго да Каяфы першасьвятара, куды сабраліся кніжнікі і старэйшыны.

58 А Пётр ішоў сьледам за Ім зводдаль, да двара першасьвятаровага і ўвайшоўшы ў сярэдзіну, сеў са слугамі, каб бачыць канец.

59 Першасьвятары і старэйшыны і ўвесь сынедрыён шукалі ілжывага сьведчаньня супроць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць;

60 і не знаходзілі; і хоць шмат ілжывых сьведкаў прыходзіла, не знайшлі. Але нарэшце прыйшлі два лжывыя сьведкі

61 і сказалі: Ён казаў: «магу разбурыць храм Божы і за тры дні збудаваць яго».

62 І ўстаўшы, першасьвятар сказаў Яму: чаму нічога не адказваеш, што яны супроць Цябе сьведчаць?

63 А Ісус маўчаў. І першасьвятар сказаў Яму: заклінаю Цябе Богам жывым, скажы нам, ці Ты Хрыстос, Сын Божы?

64 Кажа яму Ісус: ты сказаў; нават маўляю вам: ад сёньня ўгледзіце Сына Чалавечага, што сядзіць праваруч сілы і ідзе на аблоках нябесных.

65 Тады першасьвятар разадраў адзеньне сваё і сказаў: Ён блюзьнерыць. Навошта яшчэ нам сьведкі? Вось, вы чулі блюзьнерства Ягонае!

66 Як вам здаецца? А яны сказалі ў адказ: варты сьмерці.

67 Тады плявалі Яму ў твар і тузалі Яго; а іншыя білі па шчоках.

68 і казалі: скажы нам, Хрысьце, хто ўдарыў Цябе?

69 А Пётр сядзеў звонку на дварэ. І падышла да яго адна служанка і сказала: і ты быў зь Ісусам Галілеянінам.

70 Але ён адрокся перад усімі, сказаўшы: ня ведаю, што ты кажаш.

71 А калі ён выходзіў за браму, убачыла яго другая, і кажа тым, што былі там: і гэты быў зь Ісусам Назарэем.

72 І зноў адрокся ён, прысягнуўшы: я ня ведаю Гэтага Чалавека.

73 Крыху пазьней падышлі тыя, што стаялі, і сказалі Пятру: сапраўды і ты зь іх, бо і гаворка твая выдае цябе.

74 Тады ён пачаў прысягаць і бажыцца: я ня ведаю Гэтага Чалавека. І тут жа засьпяваў певень.

75 І згадаў Пётр словы, сказаныя яму Ісусам: перш чым засьпявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне. І выйшаўшы вонкі, плакаў горка.

 

Разьдзел 27

 

1 Калі ж настала раніца, зрабілі нараду ўсе першасьвятары і старэйшыны народу супраць Ісуса, каб аддаць Яго на сьмерць:

2 і зьвязаўшы Яго, завялі і перадалі яго Понцію Пілату, намесьніку.

3 Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што засудзілі Яго, і раскаяўшыся, аддаў трыццаць срэбранікаў першасьвятарам і старэйшынам,

4 кажучы: зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную. Яны ж сказалі: што нам да таго? глядзі сам.

5 І кінуўшы срэбранікі ў храме, ён адышоў; і пайшоўшы, павесіўся.

6 Першасьвятары, узяўшы срэбранікі, сказалі: не дазваляецца класьці іх у храмавую скарбніцу, бо гэта цана крыві.

7 І зрабіўшы нараду, купілі на іх поле ганчара для пахаваньня чужынцаў;

8 таму і называецца поле тое «полем крыві» па сёньняшні дзень;

9 тады збылося сказанае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срэбранікаў, цану Ацэненага, Якога ацанілі сыны Ізраілевыя,

10 і далі іх за поле ганчара, як сказаў мне Гасподзь.

11 Ісус жа стаў перад намесьнікам. І спытаўся ў Яго намесьнік, кажучы: Ты Цар Юдэйскі? А Ісус сказаў яму: ты кажаш.

12 І калі вінавацілі Яго першасьвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказваў.

13 Тады кажа Яму Пілат: ці ня чуеш, колькі сьведчаць супроць Цябе?

14 І не адказваў яму на ніводнае слова, так што намесьнік вельмі зьдзіўляўся.

15 А на сьвята намесьнік меў звычай выпускаць народу аднаго вязьня, якога б хацелі.

16 Быў тады ў іх вядомы вязень, званы Варава.

17 І вось, як сабраліся яны, сказаў ім Пілат: каго хочаце, каб я выпусьціў вам: Вараву ці Ісуса, Якога завуць Хрыстом?

18 Бо ведаў, што з зайздрасьці выдалі Яго.

19 Тым часам, як сядзеў ён на судовым месцы, жонка ягоная паслала яму сказаць: не рабі нічога Праведніку Таму, бо я сёньня ў сьне шмат адцярпела за Яго.

20 Але першасьвятары і старэйшыны падбухторылі люд прасіць Вараву, а Ісуса загубіць.

21 Тады намесьнік сказаў у адказ: каго хочаце з двух, каб я выпусьціў вам? Яны сказалі: Вараву.

22 Кажа ім Пілат: што ж мне зрабіць зь Ісусам, Якога завуць Хрыстом? Кажуць яму ўсе: хай будзе ўкрыжаваны!

23 А намесьнік сказаў: якое ж ліха ўчыніў Ён? Але яны яшчэ мацней крычалі: хай будзе ўкрыжаваны!

24 Пілат, бачачы, што нічога не дапамагае, а неспакой расьце, узяў вады і ўмыў рукі перад людзьмі, кажучы: невінаваты я ў крыві Праведніка Гэтага; глядзеце самі.

25 І, адказваючы, увесь люд сказаў: Кроў Ягоная на нас і на дзецях нашых.

26 Тады выпусьціў ім Вараву, а Ісуса, біўшы, аддаў на крыжаваньне.

27 Тады воіны намесьнікавы, узяўшы Ісуса ў прэторыю, сабралі на Яго цэлы полк,

28 і разьдзеўшы Яго, надзелі на Яго пурпуру;

29 і, сплёўшы вянок зь цёрну, усклалі на галаву Яму і далі Яму ў правую руку кій, і, укленчыўшы перад Ім, кпілі зь Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!

30 і плявалі на Яго і, узяўшы кій, білі па галаве Яго.

31 І калі назьдзекаваліся зь Яго, зьнялі зь Яго пурпуру і апранулі Яго ў адзежу Ягоную, і павялі Яго на крыжаваньне.

32 Выходзячы, спаткалі яны аднаго Кірынеяніна, імем Сымон: яго і прымусілі несьці крыж Ягоны.

33 І прыйшоўшы на месца, якое называецца Галгофа, што азначае «месца чарапоў»,

34 далі Яму піць воцату, зьмяшанага з жоўцю; і, пакаштаваўшы, не хацеў піць.

35 Тыя, што ўкрыжавалі Яго, дзялілі вопратку Ягоную, кідаючы жэрабя;

36 і, седзячы, вартавалі Яго там;

37 і зьмясьцілі над галавою Ягонай надпіс зь віною Яго: Гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі.

38 Тады ўкрыжавалі зь Ім двух разбойнікаў: аднаго па правы бок, а другога па левы.

39 А тыя, што міма праходзілі, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі сваімі

40 і кажучы: Ты, што разбураеш храм і за тры дні будуеш! уратуй Сябе Самога. Калі Ты Сын Божы, сыйдзі з крыжа.

41 Падобна і першасьвятары з кніжнікамі і старэйшынамі і фарысэямі, насьміхаючыся, казалі:

42 іншых ратаваў, а Самога Сябе ня можа ўратаваць. Калі Ён Цар Ізраілеў, хай цяпер сыйдзе з крыжа, і ўверуем у Яго;

43 спадзяваўся на Бога: хай цяпер выбавіць Яго, калі Ён угодны Яму. Бо Ён сказаў: Я Божы Сын.

44 Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя зь Ім, зьневажалі Яго.

45 Ад шостай жа гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзявятай.

46 а каля дзявятай гадзіны ўскрыкнуў Ісус моцным голасам, кажучы: Ілі, Ілі! ламб савахвані? што азначае: Божа Мой, Божа Мой! чаму Ты Мяне пакінуў?

47 Некаторыя, што стаялі там, чуючы гэта, казалі: Ільлю кліча Ён.

48 І адразу пабег адзін зь іх, узяў губку, намачыў у воцат і, насадзіўшы на кій, даваў Яму піць;

49 а другія казалі: пастой; пабачым, ці прыйдзе Ільля ўратаваць Яго.

50 А Ісус, зноў ўскрыкнуўшы моцным голасам, выпусьціў дух.

51 І вось, завеса храма разадралася напалам, зьверху данізу; і зямля здрыганулася: і каменьне раскалолася;

52 і магілы расчыніліся; і многія целы памерлых паўсталі;

53 і выйшаўшы з магілаў пасьля ўваскрэсеньня Ягонага, увайшлі ў сьвяты горад і явіліся многім.

54 А сотнік і тыя, што зь ім вартавалі Ісуса, бачачы землятрус і ўсё, што адбылося, перапалохаліся вельмі і казалі: сапраўды Ён быў Сын Божы.

55 Там былі таксама і глядзелі здалёк многія жанчыны, якія ішлі сьледам за Ісусам з Галілеі, служачы Яму;

56 сярод іх былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Ёсіі, і маці сыноў Зевядзеевых.

57 Калі ж зьвечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, імем Язэп, які таксама вучыўся ў Ісуса;

58 ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў Цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць Цела.

59 І ўзяўшы Цела, Язэп абгарнуў яго чыстым палатном

60 і паклаў яго ў новай сваёй магіле, якую высек у скале; і прываліўшы вялікі камень да дзьвярэй магілы, адышоў.

61 Была ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, якія сядзелі насупраць магілы.

62 На другі дзень, які ідзе за пятніцай, сабраліся першасьвятары і фарысэі да Пілата

63 і казалі: спадару! мы ўспомнілі, што ашуканец той, яшчэ калі быў жывы, сказаў: «праз тры дні ўваскрэсну»;

64 дык вось, загадай вартаваць магілу да трэйцяга дня, каб вучні Ягоныя, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: «уваскрэс зь мёртвых», і будзе апошняе ашуканства горшае за першае.

65 А Пілат сказаў ім: маеце варту; ідзеце, ахоўвайце, як ведаеце.

66 Яны пайшлі і ахоўвалі магілу, прыклаўшы пячатку да каменя і паставіўшы варту.

 

Разьдзел 28

 

1 Як прайшла субота, на сьвітаньні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдаліна і другая Марыя паглядзець магілу.

2 І вось, зрабіўся вялікі землятрус, бо анёл Гасподні, які сышоў зь неба, прыступіўшы, адваліў камень ад уваходу ў магілу і сядзеў на ім;

3 выгляд жа ягоны быў, як маланка, і ўбраньне ягонае белае, як сьнег.

4 І ад страху перад ім затрымцелі вартаўнікі, і сталі як мёртвыя.

5 Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: ня бойцеся вы; бо ведаю, што вы шукаеце Ісуса ўкрыжаванага;

6 няма Яго тут; Ён уваскрэс, як сказаў; падыдзеце, пабачце месца, дзе ляжаў Гасподзь;

7 ды ідзеце хутчэй, скажэце вучням Ягоным, што Ён уваскрэс зь мёртвых і сустрэне вас у Галілеі: там Яго ўбачыце; вось я сказаў вам.

8 І пайшоўшы сьпешна ад магілы, яны са страхам і радасьцю вялікаю пабеглі паведаміць вучням Ягоным;

9 калі ж ішлі яны паведаміць вучням Ягоным, і вось, Ісус сустрэў іх і сказаў: радуйцеся! І яны, прыступіўшы, абхапілі ногі Ягоныя і пакланяліся Яму.

10 Тады кажа ім Ісус: ня бойцеся; ідзеце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, і там яны ўбачаць мяне.

11 А калі яны ішлі, дык некаторыя з варты, увайшоўшы ў горад, паведамілі першасьвятарам усё, што адбылося.

12 І яны, сабраўшыся са старэйшынамі і зрабіўшы нараду, немалыя грошы далі воінам,

13 кажучы: скажэце, што вучні Ягоныя, уначы прыйшоўшы, укралі Яго, калі мы спалі;

14 і калі чуткі пра гэта дойдуць да намесьніка, мы пераканаем яго і вас ад няпрыемнасьці ўратуем.

15 Яны ж, узяўшы грошы, зрабілі, як навучаныя былі. І пранеслася слова гэтае сярод Юдэяў аж да сёньняшняга дня.

16 Адзінаццаць жа вучняў пайшлі ў Галілею, на гару, куды загадаў ім Ісус;

17 і, убачыўшы Яго, пакланіліся Яму; а другія засумняваліся.

18 І, прыступіўшы, Ісус сказаў ім: дадзена Мне ўсякая ўлада на небе і на зямлі:

19 дык ідзеце, навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца і Сына і Сьвятога Духа,

20 вучачы іх выконваць усё, што Я запаведаў вам; і вось, Я з вамі ва ўсе дні да сканчэньня веку. Амін.