Беларуская Біблія

ЛІКІ

Разьдзел 1

1 І сказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай, у скініі сходу, у першы дзень другога месяца, на другі год пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай, кажучы:

2 палічэце ўсё супольства сыноў Ізраілевых па родах іхніх, па сямействах іхніх, па ліку імёнаў усіх мужчынскага роду пагалоўна:

3 ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць у Ізраіля, па рушэньнях іхніх палічэце іх — ты і Аарон;

4 з вамі павінны быць з кожнага племя па адным чалавеку, які ў родзе сваім галоўны.

5 І вось імёны мужоў, якія будуць з вамі: ад Рувіма Еліцур, сын Шэдэураў;

6 ад Сымона Шэлумііл, сын Цурышадаеў;

7 ад Юды Наасон, сын Амінадаваў;

8 ад Ісахара Натанаіл, сын Цуараў;

9 ад Завулона Эліяў, сын Хэлонаў;

10 ад сыноў Язэпа: ад Яфрэма Элішама, сын Аміудаў; ад Манасіі Гамалііл, сын Пэдацураў;

11 ад Веньяміна Авідан, сын Гідэонаў;

12 ад Дана Ахіязэр, сын Амішадаеў;

13 ад Асіра Пагііл, сын Ахранаў;

14 ад Гада Эліясаф, сын Рэгуілаў;

15 ад Нэфталіма Ахіра, сын Энанаў.

16 Гэта — выбраныя мужы супольства, правадыры плямёнаў бацькоў сваіх, галовы тысячаў Ізраілевых.

17 І ўзяў Майсей і Аарон мужоў гэтых, якія названы паіменна,

18 і сабралі яны ўсё супольства ў першы дзень другога месяца; і абвясьцілі яны радаводы свае, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, пагалоўна,

19 як загадаў Гасподзь Майсею. І зрабіў ён пералік ім у пустыні Сінайскай.

20 І было сыноў Рувіма, першынца Ізраілевага, паводле родаў іхніх, паводле плямёнаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, пагалоўна, усіх мужчынскага полу, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

21 налічана ў калене Рувімавым сорак шэсьць тысяч пяцьсот.

22 Сыноў Сымонавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, пагалоўна, усіх мужчынскага полу, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

23 налічана ў калене Сымонавым пяцьдзясят дзевяць тысяч трыста.

24 Сыноў Гадавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

25 налічана ў калене Гадавым сорак пяць тысяч шэсьцьсот пяцьдзясят.

26 Сыноў Юдавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

27 налічана ў калене Юдавым сямсот чатыры тысячы шэсьцьсот.

28 Сыноў Ісахаравых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

29 налічана ў калене Ісахаравым пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.

30 Сыноў Завулонавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

31 налічана ў калене Завулонавым пяцьдзясят сем тысяч чатырыста.

32 Сыноў Язэпавых, сыноў Яфрэмавых, паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

33 налічана ў калене Яфрэмавым сорак тысяч пяцьсот.

34 Сыноў Манасііных паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

35 налічана ў калене Манасііным трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.

36 Сыноў Веньямінавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

37 налічана ў калене Веньямінавым трыццаць пяць тысяч чатырыста.

38 Сыноў Данавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

39 налічана ў калене Данавым шэсьцьдзясят дзьве тысячы сямсот.

40 Сыноў Асіравых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

41 налічана ў калене Асіравым сорак адна тысяча пяцьсот.

42 Сыноў Нэфталімавых паводле родаў іхніх, паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, па ліку імёнаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць,

43 налічана ў калене Нэфталімавым пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.

44 Вось тыя, што ўвайшлі ў пералік, якіх палічыў Майсей і Аарон і правадыры Ізраіля — дванаццаць чалавек, па адным чалавеку з кожнага роду.

45 І было ўсіх, што ўвайшлі ў пералік, сыноў Ізраілевых, паводле сямействаў іхніх, ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных ваяваць у Ізраіля,

46 і было ўсіх, што ўвайшлі ў пералік, шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.

47 А лявіты паводле пакаленьняў бацькоў іхніх ня былі палічаны сярод іх.

48 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

49 Толькі племя Лявіінага ня ўнось у перапіс і ня лічы іх разам з сынамі Ізраіля;

50 а даручы лявітам скінію адкрыцьця і ўсе прылады яе і ўсё, што пры ёй: няхай яны носяць скінію і ўсе прылады яе, і служаць пры ёй, і каля скініі няхай ставяць табар свой;

51 і калі трэба пераносіць скінію, няхай падымаюць яе лявіты, калі трэба спыняцца скініі, няхай ставяць яе лявіты; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.

52 Сыны Ізраілевыя павінны станавіцца кожны ў табары сваім і кожны пры сваім сьцягу, рушэньнямі сваімі;

53 а лявіты павінны ставіць табар каля скініі адкрыцьця, каб ня было гневу на супольства сыноў Ізраілевых, і будуць лявіты стаяць на варце каля скініі адкрыцьця.

54 І зрабілі сыны Ізраілевыя: як загадаў Гасподзь Майсею, так яны і зрабілі.

 

Разьдзел 2

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

2 сыны Ізраілевыя павінны кожны ставіць табар свой каля сьцяга свайго, каля знакаў сямействаў сваіх; перад скініяй сходу вакол павінны ставіць табар свой.

3 Сьпераду на ўсход ставяць табар: сьцяг табару Юдавага па рушэньнях іхніх, і правадыр сыноў Юды Наасон, сын Амінадаваў,

4 і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, семдзесят чатыры тысячы шэсьцьсот;

5 пасля яго ставіць табар племя Ісахаравае, і правадыр сыноў Ісахаравых Натанаіл, сын Цуараў,

6 і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят чатыры тысячы чатырыста;

7 племя Завулонавае, і правадыр сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў,

8 і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят сем тысяч чатырыста;

9 усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Юдавага, сто восемдзесят шэсьць тысяч чатырыста, па рушэньнях іхніх; яны павінны выпраўляцца першыя.

10 Сьцяг табару Рувімавага на поўдзень, па рушэньнях іхніх, і правадыр сыноў Рувімавых Эліцур, сын Шэдэураў,

11 і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, сорак шэсьць тысяч пяцьсот;

12 каля яго ставіць табар племя Сымонавага, і правадыр сыноў Сымона Шалумііл, сын Цурышадаеў,

13 і войска ягонага, якое ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят дзевяць тысяч трыста;

14 потым племя Гадавае, і правадыр сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў,

15 і воінства ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, сорак пяць тысяч шэсьцьсот пяцьдзясят;

16 усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Рувімавага, сто пяцьдзясят адна тысяча чатырыста пяцьдзясят, па рушэньнях іхніх; другімі яны павінны выпраўляцца.

17 Калі пойдзе скінія сходу, табар лявітаў будзе ўсярэдзіне табараў. Як стаяць, так і павінны ісьці, кожны на сваім месцы пад сьцягамі сваімі.

18 Сьцяг табару Яфрэмавага паводле рушэньняў іхніх на захад, і правадыр сыноў Яфрэмавых Элішама, сын Аміудаў,

19 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, сорак тысяч пяцьсот;

20 Каля яго племя Манасіінае, і правадыр сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў,

21 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце;

22 потым племя Веньямінавае, і правадыр сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў,

23 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, трыццаць пяць тысяч чатырыста; трэцімі яны павінны выпраўляцца

24 Усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Яфрэма, сто восем тысяч сто, паводле рушэньняў іхніх, трэцімі яны павінны выпраўляцца.

25 Сьцяг табару Данавага на поўнач, паводле рушэньняў іхніх, і правадыр сыноў Данавых Ахіезэр, сын Амішадаеў,

26 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, шэсьцьдзясят дзьве тысячы сямсот;

27 каля яго ставіць табар племя Асіравае, і правадыр сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў,

28 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, сорак адна тысяча пяцьсот;

29 далей племя Нэфталімавае, і правадыр сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў,

30 і войска ягонага, што ўвайшло ў падлік ягоны, пяцьдзясят тры тысячы чатырыста;

31 усіх, што ўвайшлі ў падлік да табару Данавага, сто пяцьдзясят сем тысяч шэсьцьсот; яны павінны ісьці апошнія пад сьцягамі сваімі.

32 Вось сыны Ізраіля паводле сямействаў іхніх, што ўвайшлі ў падлік. Усіх, што ўвайшлі ў падлік у табарах, паводле рушэньняў іхніх, шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзясят.

33 А лявіты не ўвайшлі ў падлік разам з сынамі Ізраіля, як загадаў Гасподзь Майсею.

34 І зрабілі сыны Ізраілевыя ўсё, што загадаў Гасподзь Майсею: так станавіліся табарамі пад сьцягамі сваімі і так ішлі кожны па родах сваіх, па сямействах сваіх.

 

Разьдзел 3

 

1 Вось радавод Ааронаў і Майсееў, калі гаварыў Гасподзь Майсею на гары Сінаі,

2 вось імёны сыноў Ааронавых: першынец Надаў, Авіуд, Элеазар і Ітамар;

3 гэта імёны сыноў Ааронавых, сьвятароў, памазаных, якіх ён прысьвяціў, каб сьвятарылі;

4 але Надаў і Авіуд памерлі перад абліччам Гасподнім, калі яны прынесьлі агонь чужы перад аблічча Госпада ў пустыні Сінайскай, а дзяцей у іх ня было, і засталіся сьвятарамі Элеазар і Ітамар пры Аароне,

5 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

6 прывядзі племя Лявіінае і пастаў яго перад Ааронам сьвятаром, каб яны служылі яму;

7 і няхай яны будуць на варце замест яго і на варце замест усяго супольства пры скініі сходу, каб несьці службы пры скініі;

8 і няхай шануюць усе рэчы скініі сходу і будуць на варце замест сыноў Ізраілевых, каб несьці службу пры скініі;

9 аддай лявітаў Аарону і сынам ягоным: няхай будуць яны аддадзены яму з сыноў Ізраілевых;

10 а Аарону і сынам ягоным даручы, каб яны даглядалі сьвятарскую пасаду сваю; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.

11 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

12 вось, я ўзяў лявітаў з сыноў Ізраілевых замест усіх першынцаў, якія размыкаюць сьцёгны з сыноў Ізраілевых; лявіты будуць Мае,

13 бо ўсе першынцы — Мае; таго дня, калі пабіў Я ўсіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, асьвяціў Я Сабе ўсіх першынцаў Ізраілевых ад чалавека да быдла: яны павінны быць Мае. Я Гасподзь.

14 І наказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай:

15 палічы сыноў Лявііных паводле сямействаў іхніх, паводле родаў іхніх, усіх мужчынскага полу ад аднаго месяца і вышэй палічы.

16 І палічыў іх Майсей па слове Гасподнім, як загадана.

17 І вось сыны Лявііныя па імёнах іхніх: Гірсон, Каат і Мэрары.

18 І вось імёны сыноў Гірсонавых па родах іхніх: Ліўні і Шымэй.

19 І сыны Каата па родах іхніх: Амрам і Іцгар, Хэўрон і Ўзііл.

20 І сыны Мэрары па родах іхніх, Махлі і Мушы. Вось роды Лявііныя па сямействах іхніх.

21 Ад Гірсона род Ліўні і род Шымэя: гэта роды Гірсонавыя.

22 Палічаных было ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, сем тысяч пяцьсот.

23 Роды Гірсонавыя павінны спыняцца за скініяй на захад;

24 правадыр пакаленьня сыноў Гірсонавых Эліясаф, сын Лаэлаў;

25 ахове сыноў Гірсонавых у скініі сходу даручаецца скінія і покрыва яе, і заслона на ўваходзе ў скінію сходу,

26 і заслоны двара, і заслона на ўваходзе ў двор, які вакол скініі і ахвярніка, і вяроўкі яе, з усімі іх прыладамі.

27 Ад Каата род Амрамаў і род Іцгараў, і род Хэўронаў і род Узіілаў: гэта роды Каатавыя.

28 Па ліку ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, восем тысяч шэсьцьсот, якія ахоўвалі сьвятыню.

29 Роды сыноў Каатавых павінны ставіць табар свой з паўднёвага боку скініі;

30 а правадыр пакаленьня родаў Каатавых Элцатан, сын Узіілаў;

31 пад аховаю ў іх каўчэг, стол, сьвяцільня, ахвярнікі, сьвяшчэнны посуд, які ўжываецца пры службе, і заслона з усімі яе прыладамі.

32 Правадыр над правадырамі лявітаў Элеазар, сын Аарона сьвятара; пад яго наглядам тыя, каму даверана ахова сьвятыні.

33 Ад Мэрары род Махлі і род Мушы: гэта род Мэрары;

34 палічаных па ліку ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй — шэсьць тысяч дзьвесьце;

35 правадыр пакаленьня родаў Мэрары Цурыіл, сын Авіхаілаў; яны павінны ставіць табар свой на паўночным баку скініі;

36 ахове сыноў Мэрары даручаюцца брусы скініі і жэрдзі яе, і слупы яе і падножжы яе і ўсе рэчы яе, з усім уладкаваньнем іх.

37 І слупы двара з усіх бакоў і падножжа іхняе, і колцы іхнія і вяроўкі іхнія.

38 А зь пярэдняга боку скініі, на ўсход перад скініяй сходу, павінны ставіць табар Майсей і Аарон і сыны ягоныя, якім даверана ахаваньне сьвятыні за сыноў Ізраілевых; а калі падступіцца хто староньні, аддадзены будзе сьмерці.

39 Усіх палічаных лявітаў, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, паводле родаў іхніх, усіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы.

40 І сказаў Гасподзь Майсею: палічы ўсіх першынцаў мужчынскага полу з сыноў Ізраілевых, ад аднаго месяца і вышэй, і пералічы іх паіменна;

41 і вазьмі лявітаў дзеля Мяне, — Я Гасподзь, — замест усіх першынцаў з сыноў Ізраіля, а быдла лявітаў замест усяго першароднага быдла сыноў Ізраілевых.

42 І палічыў Майсей, як загадаў яму Гасподзь, усіх, першынцаў з сыноў Ізраілевых,

43 і было ўсіх першынцаў мужчынскага полу, па ліку імёнаў, ад аднаго месяца і вышэй, дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце семдзесят тры.

44 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

45 вазьмі лявітаў замест усіх першынцаў з сыноў Ізраіля і быдла лявітаў замест быдла іхняга; няхай лявіты будуць Мае. Я Гасподзь.

46 А выкуп двухсот сямідзесяці трох, якія лішнія ў ліку лявітаў, зь першынцаў Ізраілевых,

47 вазьмі па пяць сікляў за чалавека, па сіклі сьвяшчэнным вазьмі, дваццаць гераў у сіклі

48 і аддай срэбра гэта Аарону і сынам ягоным, у выкуп за лішніх у ліку іхнім.

49 І ўзяў Майсей срэбра выкупу за лішніх у ліку замененых лявітамі,

50 ад першынцаў Ізраілевых узяў срэбра тысячу трыста шэсьцьдзясят пяць сікляў, па сіклі сьвяшчэнным,

51 і аддаў Майсей срэбра выкупу Аарону і сынам ягоным па слове Гасподнім, як загадаў Гасподзь Майсею.

 

Разьдзел 4

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

2 палічы сыноў Каатавых з сыноў Лявіі паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,

3 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, каб несьці працу ў скініі сходу.

4 Вось служба сыноў Каатавых у скініі сходу: насіць Сьвятое Сьвятых.

5 Калі табару трэба выправіцца ў дарогу, Аарон і сыны ягоныя ўвойдуць, і здымуць заслону, якою закрываюць, і накрыюць ёю каўчэг адкрыцьця;

6 і пакладуць на яе покрыва са скураў сіняга колеру, а паўзьверх яго накінуць покрыва ўсё з блакітнай воўны, і ўставяць жэрдкі яго;

7 і стол хлябоў ахвяраваньня накрыюць тканінай з блакітнай воўны, і паставяць на ім місы, талеркі, чары і кубкі для паліваньня, і хлеб яго заўсёдны павінен быць на ім;

8 і пакладуць на іх тканіну барвовую, і накрыюць яе покрывам са скуры сіняга колеру, і ўставяць жэрдкі яго;

9 і возьмуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць сьвяцільню і лампады яго, і абцугі яго і латкі яго, і ўвесь посуд пад алей, які ўжываецца пры ім,

10 і накрыюць яго і ўсе прылады яго покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі;

11 і на залаты ахвярнік пакладуць тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.

12 І возьмуць усе рэчы службовыя, якія ўжываюцца на служэньні ў сьвятыні, і пакладуць у тканіну з блакітнай воўны, і накрыюць іх покрывам са скураў сініх, і пакладуць на насілкі.

13 І ачысьцяць ахвярнік ад попелу і накрыюць яго тканінаю пурпуроваю;

14 і пакладуць на яго ўвесь посуд яго, які ўжываецца ў служэньні каля яго — вугольніцы, відэльцы, лапаткі і чары, увесь посуд ахвярніка — і накрыюць яго покрывам са скураў сініх, і ўставяць жэрдкі яго.

15 Калі, пры выпраўленьні ў дарогу табара, Аарон і сыны ягоныя накрыюць усю сьвятыню і ўсе рэчы сьвятыні, тады сыны Кааты падыдуць, каб несьці; але не павінны яны дакранацца да сьвятыні, каб не памерці. Гэтыя часткі скініі сходу павінны насіць сыны Каатавыя.

16 Элеазару, сыну Аарона сьвятара, даручаецца алей для сьвяцільні і пахучае дымленьне, і заўсёднае хлебнае прынашэньне і алей памазаньня, — даручаецца ўся скінія і ўсё, што ў ёй, сьвятыня і прылады яе.

17 І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

18 не загубеце племя родаў Каатавых спасярод лявітаў,

19 але вось, што зрабеце ім, каб яны былі жывыя і не памерлі, калі падыходзяць да Сьвятога Сьвятых: Аарон і сыны Ягоныя няхай прыйдуць і паставяць іх кожнага ў служэньні ягоным і каля ношы ягонае;

20 але самыя яны не павінны падыходзіць, глядзець сьвятыню; калі накрываюць яе, каб не памерці.

21 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

22 палічы і сыноў Гірсонавых паводле сямействаў іхніх, паводле родаў іхніх,

23 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы іх усіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.

24 Вось працы сямействаў Гірсонавых, пры іхнім служэньні і нашэньні цяжараў:

25 яны павінны насіць покрывы скініі, і скінію сходу, і покрыва яе, і покрыва скураное сіняе, якое паверсе яго, і заслону на ўваход у скінію сходу,

26 і заслоны двара, і заслону на ўваход у двор, які вакол скініі і ахвярніка, і вяроўкі іх і ўсе рэчы, якія належаць да іх; і ўсё, што робіцца пры іх, яны павінны рабіць;

27 па загадзе Аарона і сыноў ягоных павінны чыніцца ўсе службы сыноў Гірсонавых пры ўсякім нашэньні цяжараў і ўсякай працы іхняй, і даручэце іх захаваньню ўсё, што яны носяць;

28 вось службы родаў сыноў Гірсонавых у скініі сходу, і вось, што даручаецца іх захаваньню пад наглядам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.

29 Сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх палічы,

30 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, палічы ўсіх здольных да службы, каб рабіць працу пры скініі сходу.

31 Вось, што яны павінны насіць, паводле службы іхняй пры скініі сходу: брусы скініі і жэрдкі яе, і слупы яе і падножжы яе,

32 і слупы двара з усіх бакоў і падножжы іх, і калы іх і вяроўкі іх, і ўсе рэчы пры іх і ўсе прылады іх; і паімнённа палічэце рэчы, якія яны абавязаны насіць;

33 вось працы родаў сыноў Мэрарыных, паводле службы іх пры скініі сходу, пад нагладам Ітамара, сына Аарона, сьвятара.

34 І палічылі Майсей і Аарон і правадыры супольства сыноў Каатавых паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

35 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усіх здольных да службы, для працы ў скініі сходу;

36 і было палічана, паводле родаў іхніх, дзьве тысячы сямсот пяцьдзясят:

37 гэта — палічаныя з родаў Каатавых, усе службіты пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.

38 І палічаны сыны Гірсонавыя паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

39 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы ў скініі сходу;

40 і было палічана паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх, дзьве тысячы шэсьцьсот трыццаць:

41 гэта — палічаныя з родаў сыноў Гірсона, усе службіты пры скініі сходу, якіх палічыў Майсей і Аарон, па загадзе Гасподнім.

42 І палічаны роды сыноў Мэрарыных паводле родаў іхніх, паводле сямействаў іхніх,

43 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы, для працы пры скініі сходу;

44 і было налічана паводле родаў іхніх тры тысячы дзьвесьце:

45 гэта — палічаныя з родаў сыноў Мэрарыных, якіх палічыў Майсей і Аарон па загадзе Гасподнім, наказаным праз Майсея.

46 І палічаны ўсе лявіты, якіх палічыў Майсей і Аарон і правадыры Ізраіля паводле родаў іхніх і паводле сямействаў іхніх,

47 ад трыццаці гадоў і вышэй да пяцідзесяці гадоў, усе здольныя да службы ў працы і нашэньня ў скініі сходу;

48 і было налічана іх восем тысяч пяцьсот восемдзесят;

49 па загадзе Гасподнім праз Майсея вызначаны яны кожны да сваёй працы і нашэньня, і палічаны, як загадаў Гасподзь Майсею.

 

Разьдзел 5

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею:

2 загадай сынам Ізраілевым выслаць з табара ўсіх пракажоных, і ўсіх кравацечных, і ўсіх, што апаганіліся ад мёртвага,

3 і мужчын і жанчын вышліце, за табар вышліце іх, каб не апаганьвалі яны табараў сваіх, сярод якіх Я жыву.

4 І зрабілі так сыны Ізраілевыя і вынесьлі прэч з табара: так казаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя.

5 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

6 скажы сынам Ізраілевым: калі мужчына альбо жанчына зробіць які-небудзь грэх супроць чалавека і праз гэта ўчыніць злачынства супроць Госпада, і вінаватая будзе душа тая,

7 дык няхай паспавядаюцца ў грэху сваім, які яны зрабілі, і вернуць поўніцай тое, у чым яны вінаватыя, і дакладуць да таго пятую долю і аддадуць таму, супроць каго зграшылі;

8 а калі ў яго няма спадчыньніка, якому трэба было б аддаць за віну, дык прысьвяціць гэта Госпаду: няхай будзе гэта сьвятару, звыш барана ачышчэньня, якім ён ачысьціць яго;

9 і ўсякае паднашэньне з усіх сьвятыняў сыноў Ізраілевых, якія яны прыносяць да сьвятара, яму належыць,

10 і прысьвечанае кім-небудзь яму належыць; усё, што дасьць хто сьвятару, яму належыць.

11 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

12 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі здрадзіць каму жонка і парушыць вернасьць яму,

13 і перасьпіць хто зь ёю і вылье семя, і гэта будзе схавана ад вачэй мужа яе, і яна апаганіцца тайна, і ня будзе на яе сьведкі, і ня будзе выкрыта,

14 і ўвойдзе ў яго дух рэўнасьці, і будзе раўнаваць жонку сваю, калі яна апаганеная, альбо ўвойдзе ў яго дух рэўнасьці, і ён будзе раўнаваць жонку сваю, калі яна не апаганеная, —

15 няхай прывядзе муж жонку сваю да сьвятара і прынясе за яе ў ахвяру дзясятую долю эфы ячнай мукі, але ня вылівае на яе алею і не кладзе лівану, бо гэта прынашэньне раўнаваньня, прынашэньне ўспаміну, якое нагадвае пра беззаконства;

16 а сьвятар няхай прывядзе і паставіць яе перад абліччам Гасподнім,

17 і возьме сьвятар сьвятой вады ў гліняны посуд, і возьме сьвятар зямлі з падлогі скініі і пакладзе ў ваду;

18 і паставіць сьвятар жонку перад абліччам Гасподнім, і аголіць галаву жонцы, і дасьць ёй у рукі прынашэньне ўспаміну, гэта прынашэньне раўнаваньня, а ў руцэ ў сьвятара будзе горкая вада, якая наводзіць праклён.

19 І закляне яе сьвятар і скажа жонцы: калі ніхто не пераспаў з табою, і ты не апаганілася і ня здрадзіла мужу свайму, дык цэлая будзеш ад гэтай вады горкай, якая наводзіць праклён;

20 але калі ты здрадзіла мужу твайму і апаганілася, і калі хто пераспаў з табою апрача мужа твайго, —

21 тады сьвятар хай закляне жонку кляцьбою праклёну і скажа сьвятар жонцы: хай пракляне цябе Гасподзь і аддасьць кляцьбе ў народзе тваім, і хай зробіць Гасподзь, каб улоньне тваё апала і жывот твой апух;

22 і хай пройдзе вада гэтая, якая наводзіць праклён, у нутрыну тваю, каб апух жывот і апала ўлоньне. І скажа жонка: амін, амін.

23 І напіша сьвятар заклёны гэтыя на зьвітку і змые іх горкаю вадою;

24 і дасьць выпіць жонцы горкую ваду, якая наводзіць праклён, і ўвойдзе ў яе вада, якая наводзіць праклён, на шкоду ёй.

25 І возьме сьвятар з рук жонкі хлебнае прынашэньне раўнаваньня, і паднясе гэтае прынашэньне перад Госпада, і занясе яго да ахвярніка;

26 і возьме сьвятар жменяю з хлебнага прынашэньня частку на памяць, і спаліць на ахвярніку, і потым дасьць жонцы выпіць вады:

27 і калі напоіць яе вадою, тады, калі яна нячыстая і зрабіла злачынства супроць мужа свайго, горкая вада, якая наводзіць праклён, увойдзе ў яе, на шкоду ёй, і апухне чэрава яе і ападзе ўлоньне яе, і будзе тая жонка праклятая ў народзе сваім;

28 а калі жонка не апаганілася і была чыстая, дык застанецца цэлая і будзе апладняцца семем.

29 Вось закон пра раўнаваньне: калі жонка здрадзіць мужу свайму і апаганіцца,

30 альбо калі на мужа сыдзе дух рэўнасьці, і ён будзе раўнаваць жонку сваю, тады няхай ён паставіць жонку сваю прад абліччам Госпада, і зробіць зь ёю сьвятар усё паводле гэтага закона, —

31 і будзе муж чысты ад грэху, а жонка панясе на сабе грэх свой.

 

Разьдзел 6

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею:

2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі мужчына альбо жанчына рашыцца даць заруку назарэйства, каб прысьвяціць сябе ў назарэі Госпаду,

3 дык ён павінен устрымацца ад віна і моцнага напою, і не павінен спажываць ні воцату зь віна, ні воцату з напою, і нічога згатаванага зь вінаграду не павінен піць, і не павінен есьці ні сырых, ні сушаных вінаградных ягад;

4 праз усе дні назарэйства свайго не павінен ён есьці нічога, што вырабляецца зь вінаграду, ад зерня да скуркі.

5 Праз усе дні зарукі назарэйства ягоная брытва не павінна дакранацца да галавы ягонай; пакуль ня скончацца дні, на якія ён прысьвяціў сябе ў назарэі Госпаду, сьвяты ён: павінен адпускаць валасы на галаве сваёй.

6 Праз усе дні, на якія ён прысьвяціў сябе ў назарэі Госпаду, не павінен ён падыходзіць да мёртвага цела:

7 дакрананьнем да бацькі свайго і да маці сваёй, і брата свайго і сястры сваёй не павінен ён апаганьвацца, калі яны памруць, бо прысьвячэньне Богу яго на галаве ягонай;

8 праз усе дні назарэйства свайго сьвяты ён Госпаду.

9 А калі памрэ пры ім хто-небудзь раптам, зьнянацку, і ён апаганіць тым самым галаву назарэйства свайго, дык ён павінен астрыгчы галаву сваю ў дзень ачышчэньня яго, на сёмы дзень павінен астрыгчы яе,

10 і на восьмы дзень павінен прынесьці дзьве галубкі, альбо двух маладых галубоў, сьвятару, да ўваходу ў скінію сходу;

11 сьвятар адну птушку прынясе ў ахвяру за грэх, а другую на цэласпаленьне, і ачысьціць яго ад апаганеньня мёртвым целам, і асьвеціць галаву ў той дзень;

12 і павінен ён зноў пачаць прысьвечаныя Госпаду дні назарэйства свайго і прынесьці ягня-адналетка ў ахвяру павіннасьці; а ранейшыя дні прапалі, бо назарэйства ягонае апаганена.

13 І вось закон пра назарэя, калі скончацца дні назарэйства ягонага: трэба прывесьці яго да ўваходу ў скінію сходу,

14 і ён прынясе ў ахвяру Госпаду адно адналетняе ягня без пахібы на цэласпаленьне, і адну адналетнюю авечку без пахібы ў ахвяру за грэх, і аднаго барана без пахібы ў ахвяру мірную,

15 і кош праснакоў з пшанічнай мукі, хлябоў, сьпечаных з алеем, і прэсных ляпёшак, памазаных алеем, і пры іх хлебнае прынашэньне і паліваньне;

16 і паставіць гэта сьвятар перад Госпадам і прынясе ахвяру ягоную за грэх і цэласпаленьне ягонае;

17 барана прынясе ў ахвяру мірную Госпаду з кашом праснакоў, таксама ўчыніць сьвятар хлебнае прынашэньне ягонае і паліваньне ягонае;

18 і астрыжэ назарэй каля ўваходу ў скінію сходу галаву назарэйства свайго, і возьме валасы галавы назарэйства свайго, і пакладзе на агонь, які пад мірнаю ахвяраю;

19 і возьме сьвятар згатаваную лапатку барана і адзін прэсны пірог і адну прэсную ляпёшку, і пакладзе на рукі назарэю пасьля таго, як астрыжэ ён галаву назарэйства свайго;

20 і паднясе ўсё гэта сьвятар, патрасаючы перад Госпадам: гэта — сьвятыня сьвятару, звыш грудзей патрасаньня і звыш лапаткі паднашэньня. Пасьля гэтага назарэй можа піць віно.

21 Вось закон пра назарэя, які даў заруку, і ахвяра ягоная Госпаду за назарэйства сваё, апроч таго, што дазволіць яму дастатак ягоны; паводле зарукі сваёй, якую ён дасьць, так і павінен ён рабіць, звыш узаконенага пра назарэйства ягонае.

22 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

23 скажы Аарону і сынам ягоным: так дабраслаўляйце сыноў Ізраілевых, кажучы ім:

24 хай дабраславіць цябе Гасподзь і захавае цябе!

25 хай паглядзіць на цябе Гасподзь сьветлым тварам Сваім і ўмілажаліцца зь цябе!

26 хай паверне Гасподзь твар Свой да цябе і дасьць табе спакой!

27 Так няхай заклікаюць імя Маё на сыноў Ізраілевых, і Я дабраслаўлю іх.

 

Разьдзел 7

 

1 Калі Майсей паставіў скінію, і памазаў яе, і асьвяціў яе і ўсе прылады яе, і ахвярнік і ўсе прылады яго, і памазаў іх і асьвяціў іх,

2 тады прыйшлі дванаццаць правадыроў Ізраілевых, галовы сямействаў іхніх, правадыры плямёнаў, якія кіравалі падлікам,

3 і паставілі прынашэньне сваё перад Госпадам, шэсьць накрытых падводаў і дванаццаць валоў, па адной падводзе ад двух правадыроў і па адным вале ад кожнага, і паставілі гэта перад скініяй.

4 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

5 вазьмі ад іх; гэта будзе дзеля ўчыненьня працы пры скініі сходу; і аддам гэта лявітам, адпаведна з родам службы іхняй.

6 І ўзяў Майсей падводы і валоў і аддаў іх лявітам;

7 дзьве падводы і чатырох валоў аддаў сынам Гірсонавым, адпаведна з родам службы іхняй;

8 і чатыры падводы і восем валоў аддаў сынам Мэрарыным, паводле роду службы іхняй, пад наглядам Ітамара, сына Аарона, сьвятара;

9 а сынам Каатавым ня даў, бо служба іхняя — насіць сьвятыню; на плячах павінны яны насіць.

10 І прынесьлі правадыры ахвяры асьвячэньня ў дзень памазаньня ягонага, і паставілі правадыры прынашэньне сваё перад ахвярнікам.

11 І сказаў Гасподзь Майсею: па адным правадыру ў дзень няхай прыносяць прынашэньне сваё дзеля асьвячэньня ахвярніка.

12 У першы дзень прынёс прынашэньне сваё Наасон, сын Амінадаваў, ад племя Юдавага;

13 і прынашэньне ягонае было: адна срэбраная міса, вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнаю мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

14 адно залатое кадзіла ў семдзесят сікляў, напоўненае дымленьнем,

15 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

16 адзін казёл у ахваяру за грэх,

17 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Наасона, сына Амінадававага.

18 На другі дзень прынёс Натанаіл, сын Цуараў, правадыр племя Ісахаравага;

19 ён прынёс ад сябе прынашэньне: адну срэбраную місу вагою ў сто трыццаць сікляў, адну срэбраную чару ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненых пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

20 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

21 адно цяля, аднаго барана, адно ягня-адналетка, на цэласпаленьне,

22 аднаго казла ў ахвяру за грэх,

23 і ў ахвяру мірную двух валоў, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Натанаіла, сына Цуаравага.

24 На трэці дзень правадыр сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў;

25 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

26 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

27 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

28 адзін казёл у ахвяру за грэх,

29 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Эліява, сына Хэлонавага.

30 На чацьвёрты дзень правадыр сыноў Рувімавых Эліцур, сын Шадаураў;

31 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

32 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

33 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

34 адзін казёл у ахвяру за грэх,

35 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Эліцура, сына Шадауравага.

36 На пяты дзень правадыр сыноў Сымонавых Шалумііл, сын Цурышадаеў;

37 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

38 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

39 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

40 адзін казёл у ахвяру за грэх,

41 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Шалумііла, сына Цурышадаевага.

42 На шосты дзень правадыр сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў:

43 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

44 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

45 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

46 адзін казёл у ахвяру за грэх,

47 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў і пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Эліясафа, сына Дэгуілавага.

48 На сёмы дзень правадыр сыноў Яфрэмавых Элішама, сын Амуілаў;

49 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

50 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

51 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

52 адзін казёл у ахвяру за грэх,

53 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Элішамы, сына Аміудавага.

54 На восьмы дзень правадыр сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў;

55 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

56 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

57 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

58 адзін казёл у ахвяру за грэх,

59 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Гамалііла, сына Пецадуравага.

60 На дзявяты дзень правадыр сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў;

61 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэннным, напоўненыя пшанічнаю мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

62 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

63 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

64 адзін казёл у ахвяру за грэх,

65 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Авідана, сына Гідэонавага.

66 На дзясяты дзень правадыр сыноў Данавых Ахіезэр, сын Амішадаеў;

67 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

68 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

69 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

70 адзін казёл у ахвяру за грэх,

71 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць цялят-адналетак; вось прынашэньне Ахіезэра, сына Амішадаевага.

72 На адзінаццаты дзень правадыр сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў;

73 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

74 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

75 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

76 адзін казёл у ахвяру за грэх,

77 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Пагііла, сына Ахранавага.

78 На дванаццаты дзень правадыр сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў;

79 прынашэньне ягонае: адна срэбраная міса вагою ў сто трыццаць сікляў, адна срэбраная чара ў семдзесят сікляў, па сіклі сьвяшчэнным, напоўненыя пшанічнай мукою, зьмяшанаю з алеем, у прынашэньне хлебнае,

80 адно залатое кадзіла ў дзесяць сікляў, напоўненае дымленьнем,

81 адно цяля, адзін баран, адно ягня-адналетак, на цэласпаленьне,

82 адзін казёл у ахвяру за грэх,

83 і ў ахвяру мірную два валы, пяць бараноў, пяць казлоў, пяць ягнят-адналетак; вось прынашэньне Ахіры, сына Энанавага.

84 Вось прынашэньні правадыроў Ізраілевых пры асьвячэньні ахвярніка ў дзень памазаньня яго: дванаццаць срэбраных місаў, дванаццаць срэбраных чараў, дванаццаць залатых кадзілаў;

85 па сто трыццаць сікляў срэбра ў кожнай місе і па семдзесят у кожнай чары: так, усяго срэбра ў гэтым посудзе па дзьве тысячы чатырыста сікляў, па сіклі сьвяшчэнным;

86 залатых кадзілаў, напоўненых дымленьнем, дванаццаць, у кожным кадзіле па дзесяць сікляў, па сіклі сьвяшчэнным: усяго золата ў кадзілах сто дваццаць сікляў;

87 на цэласпаленьне ўсяго дванаццаць цялят з быдла буйнога, дванаццаць бараноў, дванаццаць ягнят-адналетак і пры іх хлебнае прынашэньне, і ў ахвяру за грэх дванаццаць казлоў,

88 і ў ахвяру мірную ўсяго з буйнога быдла дваццаць чатыры цяляці, шэсьцьдзясят бараноў, шэсьцьдзясят казлоў, шэсьцьдзясят ягнят-адналетак; вось прынашэньні пры асьвячэньні ахвярніка пасьля памазаньня яго.

89 Калі Майсей уваходзіў у скінію сходу, каб гаварыць з Госпадам, чуў голас, які гаварыў яму з даха, які над каўчэгам адкрыцьця паміж двума херувімамі, і ён гаварыў яму.

 

Разьдзел 8

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею:

2 абвясьці Аарону і скажы яму: калі ты будзеш запальваць лампады, дык на пярэднім баку сьвяцільні павінны гарэць сем лампадаў.

3 Аарон так і зрабіў: на пярэднім баку сьвяцільні запаліў лампады яе, як загадаў Гасподзь Майсею.

4 І вось, як складзена сьвяцільня: чаканеная яна з золата, ад сьцябла яе і да кветак чаканеная; паводле ўзору, які паказаў Гасподзь Майсею, ён зрабіў сьвяцільню.

5 І наказаў Гасподзь Майсею:

6 вазьмі лявітаў спасярод сыноў Ізраілевых і ачысьці іх;

7 а каб ачысьціць іх, зрабі зь імі так: акрапі іх ачышчальнаю вадою, і няхай яны паголяць брытваю ўсё цела сваё і вымыюць вопратку сваю, і будуць чыстыя;

8 і няхай возьмуць цяля і хлебнае прынашэньне да яго, пшанічнае мукі, зьмяшанай з алеем, і другое цяля вазьмі ў ахвяру за грэх;

9 і прывядзі лявітаў да скініі сходу; і зьбяры ўсё супольства сыноў Ізраілевых

10 і прывядзі лявітаў іхніх да Госпада, і няхай пакладуць сыны Ізраілевыя рукі свае на лявітаў;

11 а Аарон няхай учыніць над лявітамі пасьвячэньне іх перад Госпадам ад сыноў Ізраілевых, каб чынілі яны служэньне Госпаду;

12 а лявіты няхай пакладуць рукі свае на галаву цялят, і прынясі аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэласпаленьне Госпаду, дзеля ачышчэньня лявітаў;

13 і пастаў лявітаў перад Ааронам і перад сынамі ягонымі і ўчыні над імі пасьвячэньне іх Госпаду;

14 і так аддзялі лявітаў ад сыноў Ізраілевых, каб лявіты былі Мае.

15 Пасьля гэтага ўвойдуць лявіты служыць скініі сходу, калі ты ачысьціш іх і ўчыніш над імі пасьвячэньне іх; бо яны аддадзены мне з сыноў Ізраілевых:

16 замест усіх першынцаў з сыноў Ізраілевых, якія размыкаюць усякія сьцёгны, Я бяру іх Сабе;

17 бо Мае ўсе першынцы ў сыноў Ізраілевых, ад чалавека да быдла: у той дзень, калі Я пабіў усіх першынцаў у зямлі Егіпецкай, Я асьвяціў іх Сабе

18 і ўзяў лявітаў замест усіх першынцаў у сыноў Ізраілевых;

19 і аддаў лявітаў Аарону і сынам ягоным спасярод сыноў Ізраілевых, каб яны ўчынялі службы за сыноў Ізраілевых пры скініі сходу і служылі аховаю сынам Ізраілевым, каб не спасьцігла сыноў Ізраілевых кара, калі б сыны Ізраілевыя прыступілі да сьвятыні.

20 І зрабілі так Майсей і Аарон і ўсё супольства сыноў Ізраілевых зь лявітамі: як загадаў Гасподзь Майсею пра лявітаў, так і зрабілі зь імі сыны Ізраілевыя.

21 І ачысьціліся лявіты і абмылі вопратку сваю, і ўчыніў над імі Аарон прысьвячэньне іх перад Госпадам, і ачысьціў іх Аарон, каб зрабіць іх чыстымі;

22 пасьля гэтага ўвайшлі лявіты правіць службы свае ў скініі сходу перад Ааронам і перад сынамі ягонымі. Як загадаў Гасподзь Майсею пра лявітаў, так і зрабілі яны зь імі.

23 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

24 вось закон пра лявітаў: ад дваццаці пяці гадоў і вышэй павінны ісьці на службу дзеля працы пры скініі сходу,

25 а ў пяцьдзясят гадоў павінны спыняць працу і больш не працаваць,

26 тады няхай яны дапамагаюць братам сваім трымаць варту пры скініі сходу, працаваць — хай не працуюць; так рабі зь лявітамі што да служэньня іхняга.

 

Разьдзел 9

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею ў пустыні Сінайскай на другі год пасьля выхаду іх зь зямлі Егіпецкай, у першы месяц, кажучы:

2 хай сыны Ізраілевыя ўчыняць Пасху ў вызначаны час:

3 на чатырнаццаты дзень гэтага месяца ўвечары ўчынеце яе ў вызначаны на яе час, паводле ўсіх пастановаў і паводле ўсіх абрадаў яе ўчынеце яе.

4 І сказаў Майсей сынам Ізраілевым, каб учынілі Пасху.

5 І ўчынілі яны Пасху ў першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца ўвечары ў пустыні Сінайскай: ва ўсім, як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі сыны Ізраілевыя.

6 Былі людзі, якія былі нячыстыя ад дакрананьня да мёртвых целаў чалавечых, і не маглі ўчыніць Пасхі ў той дзень; і прыйшлі яны да Майсея і Аарона ў той дзень,

7 і сказалі яму тыя людзі: мы нячыстыя ад дакрананьня да мёртвых целаў чалавечых; навошта нас пазбаўляць таго, каб мы прынесьлі прынашэньне Госпаду ў вызначаны час сярод сыноў Ізраілевых9

8 І сказаў ім Майсей: пастойце, я паслухаю, што загадае пра вас Гасподзь.

9 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць;

10 скажы сынам Ізраілевым: калі хто з вас альбо з наступнікаў вашых будзе нячысты ад дакрананьня да мёртвага цела, альбо будзе ў далёкай дарозе, дык і ён павінен учыніць Пасху Гасподнюю;

11 а на чатырнаццаты дзень другога месяца ўвечары няхай яны ўчыняць яе і з праснакамі і з горкімі травамі няхай ядуць яе;

12 і няхай не пакідаюць ад яе да раніцы і касьцей яе ня трушчаць; няхай учыняць яе паводле ўсіх пастановаў пра Пасху;

13 а хто чысты і не ў дарозе і ня ўчыніць Пасхі, — зьнішчыцца душа тая з народу свайго, бо ён не прынясе прынашэньня Госпаду ў свой час, панясе на сабе грэх чалавек той;

14 калі будзе жыць у вас прыхадзень, дык і ён павінен учыняць Пасху Гасподнюю: паводле пастановы пра Пасху і паводле абраду яе ён павінен учыніць яе; адзін статут хай будзе ў вас і прыхадню і тубыльцу.

15 У той дзень, калі ўстаноўлена была скінія, воблака ахінула скінію адкрыцьця, і зь вечара над скініяй як бы агонь быў відзён да самае раніцы.

16 Так было і заўсёды: воблака ахінала яе ўдзень і падабенства агню ўначы.

17 І калі воблака падымалася ад скініі, тады сыны Ізраілевыя выпраўляліся ў дарогу, і на месцы, дзе спынялася воблака, там спыняліся табарам сыны Ізраілевыя.

18 Па загадзе Гасподнім выпраўляліся сыны Ізраілевыя ў дарогу і па загадзе Гасподнім спыняліся: увесь той час, калі воблака стаяла над скініяй, стаялі і яны;

19 і калі воблака доўгі час было над скініяй, дык і сыны Ізраілевыя сьледавалі гэтаму ўказаньню Госпада і не выпраўляліся;

20 а часам воблака нядоўга было над скініяй: яны па ўказаньні Гасподнім спыняліся і па ўказаньні Гасподнім выпраўляліся ў дарогу;

21 часам воблака стаяла толькі ад вечара да раніцы, і раніцай падымалася воблака, тады і яны выпраўляліся; альбо дзень і ноч стаяла воблака, і калі падымалася, і яны тады выпраўляліся;

22 альбо калі два дні альбо месяц, альбо некалькі дзён стаяла воблака над скініяй, дык і сыны Ізраілевыя стаялі і не выпраўляліся ў дарогу; а калі яно падымалася, тады выпраўляліся;

23 па ўказаньні Гасподнім спыняліся і па ўказаньні Гасподнім выпраўляліся ў дарогу: сьледавалі ўказанью Гасподняму і паводле загаду Гасподняга Майсею.

 

Разьдзел 10

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

2 зрабі сабе дзьве срэбраныя трубы, каваныя зрабі іх, каб яны служылі табе на скліканьне супольства і каб здымаць табары;

3 калі затрубяць у іх, зьбярэцца да цябе ўсё супольства да ўваходу ў скінію сходу:

4 калі ў адну трубу затрубяць, зьбяруцца да цябе князі і тысячнікі Ізраільскія;

5 калі затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з усходу;

6 калі другі раз затрубіце трывогу, падымуцца табары, што стаяць з поўдня; трывогу няхай трубяць, калі яны выпраўляюцца ў дарогу;

7 а калі трэба склікаць сход, трубеце, але ня трывогу;

8 сыны Ааронавыя, сьвятары, павінны трубіць у трубы: гэта будзе вам пастанова вечная ў роды вашыя;

9 і калі пойдзеце на вайну ў зямлі вашай супроць ворага, які наступацьме на вас, трубеце трывогу ў трубы, — і будзеце ўспомненыя перад Госпадам, Богам вашым, і ўратаваныя будзеце ад ворагаў вашых;

10 і ў дзень весялосьці вашай, і ў сьвяты вашыя, і ў час маладзікоў вашых трубеце ў трубы пры цэласпаленьнях вашых і пры мірных ахвярах вашых, — і гэта будзе нагадваць пра вас перад Богам вашым. Я Гасподзь, Бог ваш.

11 На другі год, у другі месяц, на дваццаты дзень месяца, паднялося воблака ад скініі адкрыцьця;

12 і выправіліся сыны Ізраілевыя па табарах сваіх з пустыні Сінайскай, і спынілася воблака ў пустыні Фаран.

13 І падняліся яны першы раз, па загадзе Гасподнім, дадзеным праз Майсея.

14 Падняты быў найперш прапар сыноў Юдавых па рушэньнях іхніх; над рушэньнем іхнім Наасон, сын Амінадаваў;

15 і над рушэньнем племені сыноў Ісахаравых Натанаіл, сын Цуараў;

16 і над рушэньнем племені сыноў Завулонавых Эліяў, сын Хэлонаў.

17 І зьнята была скінія, і пайшлі сыны Гірсонавыя і сыны Мэрарыныя, якія носяць скінію.

18 І падняты быў сьцяг табару Рувімавага па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем ягоным Эліцур, сын Шэдэураў;

19 і над рушэньнем племені сыноў Сымонавых Шэлумііл, сын Цурышадаеў;

20 і над рушэньнем племені сыноў Гадавых Эліясаф, сын Рэгуілаў.

21 Потым пайшлі сыны Каатавыя, якія носяць сьвятыню; а скінію ставілі да іхняга прыходу.

22 і падняты быў сьцяг табару сыноў Яфрэмавых па рушэньнях іхніх; і над рушэньнем іхнім Элішама, сын Аміудаў;

23 і над рушэньнем племені сыноў Манасііных Гамалііл, сын Пэдацураў:

24 і над рушэньнем племені сыноў Веньямінавых Авідан, сын Гідэонаў.

25 Апошні з усіх табараў падняты быў сьцяг табару сыноў Данавых з рушэньнямі іхнімі: і над рушэньнем іхнім Ахіезэр, сын Амішадаеў;

26 і над рушэньнем племені сыноў Асіравых Пагііл, сын Ахранаў;

27 і над рушэньнем племені сыноў Нэфталімавых Ахіра, сын Энанаў.

28 Вось парадак шэсьця сыноў Ізраілевых па рушэньнях іхніх. І выправіліся яны.

29 І сказаў Майсей Хававу, сыну Рагуілаваму, Мадыяніцяніну, родзічу Майсееваму: мы выпраўляемся ў тую мясьціну, пра якую Гасподзь сказаў: вам аддам яе; ідзі з намі, мы зробім табе дабро, бо Гасподзь добрае мовіў пра Ізраіля.

30 Але ён сказаў яму: не пайду; я пайду ў сваю зямлю і на сваю радзіму.

31 А Майсей сказаў: не пакідай нас, бо ты ведаеш, як разьмяшчаемся мы табарам у пустыні, і будзеш нам вокам;

32 калі пойдзеш з намі, дык дабро, якое Гасподзь зробіць нам, мы зробім табе.

33 І выправіліся яны ад гары Гасподняй на тры дні дарогі, і, каб нагледзець мясьціну, дзе спыніцца.

34 І воблака Гасподняе ахінала іх удзень, калі яны выпраўляліся з табару.

35 Калі падымаўся каўчэг у дарогу, Майсей казаў: паўстань, Госпадзе, і рассыплюцца ворагі Твае, і пабягуць ад аблічча Твайго ненавісьнікі Твае!

36 А калі спыняўся каўчэг, ён казаў: вярніся Госпадзе, да тысячаў і цьмоў Ізраілевых!

 

Разьдзел 11

 

1 Народ пачаў наракаць уголас на Госпада; і Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гнеў Ягоны, і загарэўся ў іх агонь Гасподні і пачаў паліць край табару.

2 І закрычаў народ Майсею; і памаліўся Майсей Госпаду, і патух агонь.

3 І далі назву мясьціне гэтай: Тавэра***************, бо загарэўся ў іх агонь Гасподні.

4 Прыхадні сярод іх пачалі аддавацца прыхамаці; а зь імі і сыны Ізраілевыя сядзелі і плакалі і казалі: хто накорміць нас мясам?

5 мы памятаем рыбу, якую ў Егіпце мы елі задарам, гуркі і дыні, цыбулю-рэпку і часнык:

6 а цяпер душа нашая зьнемагае; нічога няма, толькі манна ў вачах нашых.

7 А манна была падобная на каляндравае насеньне, з выгляду, як бдолах;

8 народ хадзіў і зьбіраў яе, і малоў у жорнах альбо тоўк у ступе, і гатаваў у катле, і рабіў зь яе ляпёшкі; а смак яе падобны быў да смаку ляпёшак з алеем.

9 І калі раса ападала ўначы на табар, тады сыходзіла на яго і манна.

10 Майсей чуў, што народ плача ў семэях сваіх, кожны каля дзьвярэй намёта свайго; і моцна ўспалымнеў гнеў Гасподні, і скрушліва зрабілася Майсею.

11 І сказаў Майсей Госпаду: навошта Ты мучыш раба Твайго? і чаму я не знайшоў літасьці перад вачыма Тваімі, што Ты ўсклаў на мяне цяжар усяго народу гэтага?

12 хіба я насіў у чэраве ўвесь народ гэты і хіба я спарадзіў яго, што Ты кажаш мне: нясі яго на руках тваіх, як нянька носіць дзіця, у зямлю, якую Ты прысягаю абяцаў бацькам ягоным?

13 дзе мне ўзяць мяса, каб даць усяму народу гэтаму? бо яны плачуць перад мною і кажуць: дай нам есьці мяса.

14 Я адзін не магу несьці народу гэтага, бо ён цяжкі мне;

15 калі Ты так робіш са мною, дык лепей аддай мяне сьмерці, калі я знайшоў літасьць перад вачыма Тваімі, каб ня бачыць мне бедства майго.

16 І сказаў Гасподзь Майсею: зьбяры мне семдзесят мужчын са старэйшынаў Ізраілевых, якіх ты ведаеш, што яны старэйшыны і наглядчыкі ягоныя і вазьмі іх да скініі сходу, каб яны сталі там з табою;

17 Я сыду, і буду гутарыць там з табою, і вазьму ад Духа, Які на табе, і ўскладу на іх несьці цяжар народу, каб не адзін ты насіў.

18 А народу скажы: ачысьціцеся да заўтрашняга дня, і будзеце есьці мяса; бо вы ўголас плакаліся Богу і казалі: хто накорміць нас мясам? добра нам было ў Егіпце, — дык і дасьць вам Гасподзь мяса, і есьцімеце:

19 не адзін дзень будзеце есьці, ня два дні, ня пяць дзён, ня дзесяць дзён і ня дваццаць дзён,

20 а цэлы месяц, пакуль ня пойдзе яно з ноздраў вашых і ня зробіцца вам агідным за тое, што вы пагардзілі Госпадам, Які сярод вас, і енчылі перад Ім, кажучы: навошта нам было выходзіць зь Егіпта?

21 І сказаў Майсей: шэсьцьсот тысяч пешых у народзе гэтым, сярод якога і я; а Ты кажаш: Я дам ім мяса, і будуць есьці цэлы месяц!

22 ці закалоць усіх авечак і валоў, каб ім было даволі? альбо ўся рыба марская зьбярэцца, каб задаволіць іх?

23 І сказаў Гасподзь Майсею: хіба рука Гасподняя кароткая? сёньня ты ўбачыш, ці збудзецца слова Маё табе, а ці не.

24 Майсей выйшаў і сказаў народу словы Гасподнія, і сабраў семдзесят мужчын са старэйшынаў народу і паставіў іх каля скініі.

25 І сышоў Гасподзь у воблаку і гутарыў зь ім, і ўзяў ад Духа, Які на ім, і даў сямідзесяці мужчынам старэйшынам. І калі спачыў на іх Дух, яны пачалі прарочыць, але потым перасталі.

26 Двое мужчын заставаліся ў табары, імя аднаго Элдад, а імя другога Модад; але і на іх спачыў дух, і яны прарочылі ў табары.

27 І прыбег хлопчык, і данёс Майсею, і сказаў: Элдад і Модад прарочаць у табары.

28 У адказ на гэта Ісус, сын Наваў, службіт Майсееў, адзін з выбраных ягоных, сказаў: спадару мой Майсею! забарані ім.

29 Але Майсей сказаў яму: ці не раўнуеш ты за мяне? о, калі б усе ў народзе Гасподнім былі прарокі, калі б Гасподзь паслаў Духа Свайго на іх!

30 І вярнуўся Майсей у табар, ён і старэйшыны Ізраілевыя.

31 І падняўся вецер ад Госпада, і прынёс ад мора перапёлак, і накідаў іх каля табара, на дзень дарогі з аднаго боку і на дзень дарогі з другога боку табара, амаль на два локці ад зямлі.

32 І ўстаў народ, і ўвесь той дзень і ўсю ноч і ўвесь наступны дзень зьбіралі перапёлак; і хто мала зьбіраў, той назьбіраў дзесяць хомераў: і расклалі іх сабе вакол табара.

33 Мяса яшчэ было ў зубах у іх і ня было зьедзена, як гнеў Гасподні запаліўся на народ, і пакараў Гасподзь народ даволі моцнаю пошасьцю.

34 І далі назву мясьціне гэтай: Кіброт-Гатаава****************, бо там пахавалі прыхаматлівых людзей.

35 Ад Кіброт-Гатаавы рушыў народ у Асірот і спыніліся ў Асіроце.

 

 

Разьдзел 12

 

1 І дакаралі Марыям і Аарон Майсея за жонку Эфіопку, якую ён узяў, — бо ён узяў за сябе Эфіопку, —

2 і сказалі: ці ж аднаму Майсею гаварыў Гасподзь? ці не гаварыў Ён і нам? І пачуў гэта Гасподзь.

3 А Майсей быў чалавек найрахманейшы з усіх людзей на зямлі.

4 І сказаў Гасподзь зьнянацку Майсею і Аарону і Марыям: выйдзіце вы трое да скініі сходу. І выйшлі ўсе трое.

5 І сышоў Гасподзь у воблачным слупе, і стаў каля ўваходу ў скінію, і паклікаў Аарона і Марыям, і выйшлі яны абое.

6 І сказаў: слухайце словы Мае: калі бывае ў вас прарок Гасподні, дык Я адкрываюся яму ва ўяве, у сьне гутару зь ім;

7 але ня так, як з рабом Маім Майсеем, — ён верны ва ўсім дому Майму:

8 вусны ў вусны гавару Я зь ім, і яўна, а не ва ўявах, і вобраз Госпада бачыць ён; як жа не пабаяліся вы дакараць раба Майго Майсея?

9 І ўспалымніўся гнеў Гасподні на іх, і Ён адышоў.

10 І воблака адышло ад скініі, і вось, Марыям пакрылася праказаю, як сьнегам. Аарон зірнуў на Марыям, і вось яна ў праказе.

11 І сказаў Аарон Майсею: гаспадару мой! не палічы нам за грэх, што мы зрабілі неразумна і зграшылі;

12 не дапусьці, каб яна была, як дзіця, што нарадзілася мёртвае, у якога, калі яно выходзіць з чэрава маці сваёй, стлела ўжо палавіна цела.

13 І залямантаваў Майсей да Госпада, кажучы: Божа, ацалі яе!

14 І сказаў Гасподзь Майсею: калі б бацька яе плюнуў ёй у твар, дык ці ня мусіла б яна саромецца сем дзён? дык вось, няхай будзе яна ў затачэньні сем дзён па-за табарам, а пасьля зноў вернецца.

15 І прабыла Марыям у затачэньні па-за табарам сем дзён, і народ не выпраўляўся ў дарогу, пакуль не вярнулася Марыям.

 

Разьдзел 13

 

1 Пасьля гэтага народ рушыў з Асірота і спыніўся ў пустыні Фаран.

2 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

3 Пашлі ад сябе людзей, каб яны агледзелі зямлю Ханаанскую, якую Я дам сынам Ізраілевым; па адным чалавеку ад племені бацькоў іхніх пашлеце, галоўных зь іх.

4 І паслаў іх Майсей з пустыні Фаран, па загадзе Гасподнім, і ўсе яны мужы галоўныя ў сыноў Ізраілевых.

5 Вось імёны іхнія: з племені Рувімавага Самуа, сын Закхураў,

6 з племені Сымонавага Сафат, сын Харыеў,

7 з племені Юдавага Халеў, сын Ефаніін,

8 з племені Ісахаравага Ігал, сын Язэпаў,

9 з племені Яфрэмавага Асія, сын Наваў,

10 з племені Веньямінавага Фалтый, сын Рафуеў,

11 з племені Завулонавага Гадыіл, сын Садыеў,

12 з племені Язэпавага ад Манасіі Гадый, сын Сусіеў,

13 з племені Данавага Амііл, сын Гемаліеў,

14 з племені Асіравага Сэтур, сын Міхаілеў,

15 з племені Нэфталімавага Нахбій, сын Вофсіеў,

16 з племені Гадавага Геуіл, сын Махіеў.

17 Вось імёны мужоў, якіх пасылаў Майсей агледзець зямлю. І назваў Майсей Асію, сына Нававага, Ісусам.

18 І паслаў іх Майсей агледзець зямлю Ханаанскую і сказаў ім: ідзеце ў гэтую паўднёвую краіну, і падымецеся на гару,

19 і агледзьце зямлю, якая яна, і народ, які жыве на ёй, ці моцны ён, ці слабы, ці малы ён лікам, ці вялікі?

20 і якая зямля, на якой ён жыве, ці добрая яна, ці благая? і якія гарады, у якіх ён жыве? ці ў намётах ён жыве, ці ва ўмацаваньнях?

21 і якая зямля, ці тлустая яна, ці пустая? ці ёсьць на ёй дрэвы, ці няма? будзьце адважныя і вазьмеце ад пладоў зямлі. І было гэта ў пару пасьпяваньня вінаграду.

22 Яны пайшлі і агледзелі зямлю ад пустыні Сін нават да Рэхова, непадалёк ад Эмата;

23 і пайшлі ў паўднёвую краіну і дайшлі да Хэўрона, дзе жылі Ахіман, Сэсай і Талмай, дзеці Энакавы: а Хэўрон пабудаваны быў на сем гадоў раней за Цоан Егіпецкі;

24 і прыйшлі да даліны Эсхол, і зрэзалі там вінаградную галінку з адной гронкаю ягад, і панесьлі яе на жардзіне двое; узялі таксама гранатавых яблыкаў і смокваў;

25 мясьціну гэтую назвалі далінаю Эсхол*****************, з прычыны вінаграднай гронкі, якую зрэзалі там сыны Ізраілевыя.

26 І агледзеўшы зямлю, вярнуліся яны праз сорак дзён.

27 І пайшлі і прыйшлі да Майсея і Аарона і ад усяго супольства сыноў Ізраілевых у пустыню Фаран, у Кадэс, і прынесьлі ім і ўсяму супольству адказ, і паказалі ім плады зямлі;

28 і расказвалі яму і казалі: мы хадзілі ў зямлю, у якую ты пасылаў нас; у ёй сапраўды цячэ малако і мёд, і вось плады яе;

29 але народ, які жыве на зямлі той, моцны, і гарады ўмацаваныя, даволі вялікія, і сыноў Энакавых мы бачылі там.

30 Амалік жыве на паўднёвай частцы зямлі, Хэтэі, Евусэі і Амарэі жывуць на гары, Хананэі жывуць каля мора і на беразе Ярдана.

31 Але Халеў супакойваў народ перад Майсеем, кажучы: пойдзем і завалодаем ёю, бо мы можам адолець яе.

32 А тыя, якія хадзілі зь ім, казалі: ня можам мы ісьці супроць народу гэтага, бо ён мацнейшы за нас.

33 І распускалі благія чуткі пра зямлю, якую яны аглядалі, сярод сыноў Ізраілевых, кажучы: зямля, якую праходзілі мы для агляду, ёсьць зямля, якая паядае тых, што жывуць на ёй, і ўвесь народ, які мы бачылі сярод яе, людзі рослыя;

34 там бачылі мы і волатаў, сыноў Энакавых, ад валатоўскага роду; і мы былі ў вачах нашых перад імі, як саранча, такімі самымі былі мы і ў вачах іхніх.

 

 

Разьдзел 14

 

1 І нарабіла ўсё супольства ляманту, і плакаў народ усю тую ноч;

2 і наракалі на Майсея і Аарона ўсе сыны Ізраілевыя, і ўсё супольства сказала ім: о, лепей бы мы памерлі ў зямлі Егіпецкай, альбо сканалі ў пустыні гэтай!

3 і навошта Гасподзь вядзе нас у зямлю гэтую, каб мы загінулі ад меча? жонкі нашыя і дзеці нашыя дастануцца ў здабычу ворагам; ці ня лепей нам вярнуцца ў Егіпет?

4 І сказалі адзін аднаму: паставім сабе правадыра і вернемся ў Егіпет.

5 І ўпалі Майсей і Аарон на абліччы свае перад усім сходам супольства сыноў Ізраілевых.

6 І Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, з тых, што аглядалі зямлю, разадралі вопратку на сабе

7 і сказалі ўсяму супольству сыноў Ізраілевых: зямля, якую мы праходзілі дзеля агляду, вельмі, вельмі добрая;

8 калі Гасподзь літасьцівы да нас, дык увядзе нас у зямлю гэтую і дасьць нам яе — гэтую зямлю, у якой цячэ малако і мёд;

9 толькі супроць Госпада не паўставайце і ня бойцеся народу зямлі гэтай, бо ён дастанецца нам у наедак: абароны ў іх ня стала, а з намі Гасподзь; ня бойцеся іх.

10 І сказала ўсё супольства: пабіць іх камянямі! Але слава Гасподняя явілася ў скініі сходу ўсім сынам Ізраілевым.

11 І сказаў Гасподзь Майсею: дакуль будзе дражніць Мяне народ гэты? і дакуль ён будзе ня верыць Мне пры ўсіх азнаках, якія рабіў Я сярод яго?

12 пакараю яго пошасьцю і зьнішчу яго і выведу ад цябе народ болей шматлікі і мацнейшы за яго.

13 Але Майсей сказаў Госпаду: пачуюць Егіпцяне, спасярод якіх Ты сілаю Тваёю вывеў народ гэты,

14 і скажуць жыхарам зямлі гэтай, якія чулі, што Ты, Госпадзе, сярод народу гэтага, і што Ты, Госпадзе, дазваляеш ім бачыць Сябе твар у твар, і воблака Тваё стаіць над імі, і Ты ідзеш перад імі ўдзень у слупе воблачным, а ўначы ў слупе вогненным;

15 і калі Ты зьнішчыш народ гэты, як аднаго чалавека, дык народы, якія чулі славу Тваю, скажуць:

16 Гасподзь ня мог увесьці народ гэты ў зямлю, якую Ён запрысягнуўся даць яму, а таму і загубіў яго ў пустыні.

17 Дык вось, няхай узьвялічыцца сіла Гасподняя, як Ты сказаў, кажучы:

18 Гасподзь доўгацярплівы і шматлітасьцівы, даруе беззаконьні і злачынствы, і не пакідае без пакараньня, а карае беззаконьне бацькоў у дзецях да трэцяга і чацьвёртага роду.

19 Даруй грэх народу гэтаму зь вялікай міласьці Тваёй, як Ты дараваў народу гэтаму ад Егіпта дагэтуль.

20 І сказаў Гасподзь: дарую па слове тваім:

21 але жывы Я, і славай Гасподняй поўная ўся зямля;

22 усе, хто бачыў славу Маю і азнакі Мае, зробленыя Мною ў Егіпце і ў пустыні, і ня слухалі голасу Майго,

23 ня ўбачаць зямлі, якую Я запрысягнуўся даць бацькам іхнім; усе, хто дражніў Мяне, ня ўбачаць яе;

24 але раба Майго, Халева, за тое, што ў ім быў іншы дух, і ён цалкам слухаўся Мяне, увяду ў зямлю, у якую ён хадзіў, і семя ягонае ўспадкуе яе;

25 Амалікіцяне і Хананэі жывуць у даліне; заўтра павярнецеся і ідзеце ў даліну да Чэрмнага мора.

26 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

27 дакуль ліхое супольства гэтае будзе наракаць на Мяне? Нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на Мяне, Я чую.

28 Скажы ім: жыву Я, кажа Гасподзь: як казалі вы ў вушы Мне, так і зраблю вам;

29 у пустыні гэтай палягуць целы вашыя, і ўсе вы палічаныя, колькі вас лікам, ад дваццаці гадоў і вышэй, якія наракалі на Мяне,

30 ня ўвойдзеце ў зямлю, на якой Я, падымаючы руку Маю, прысягаўся асяліць вас, акрамя Халева, сына Ефаніінага, і Ісуса, сына Нававага;

31 дзяцей вашых, пра якіх вы казалі, што яны дастануцца здабычай ворагам, Я ўвяду туды, і яны ўведаюць зямлю, якою вы пагардзілі,

32 а вашыя трупы палягуць у пустыні гэтай;

33 а сыны вашыя будуць качаваць у пустыні сорак гадоў і будуць несьці кару за блудадзейства вашае, пакуль не загінуць усе целы вашыя ў пустыні;

34 па ліку сарака дзён, у якія вы аглядалі зямлю, вы панесяце кару за грахі вашыя сорак гадоў, год за дзень, каб вы спазналі, што значыцца быць пакінутым Мною.

35 Я, Гасподзь, кажу і так зраблю з усім гэтым ліхім супольствам, што паўстала супроць Мяне: у пустыні гэтай усе яны загінуць і перамруць.

36 І тыя, каго пасылаў Майсей на агледзіны зямлі, і якія, вярнуўшыся, узбурылі супроць яго ўсё гэта супольства, распускаючы ліхія чуткі пра зямлю,

37 гэтыя, што распусьцілі благія чуткі пра зямлю, памерлі, пабітыя прад Госпадам;

38 толькі Ісус, сын Наваў, і Халеў, сын Ефаніін, засталіся жывыя з тых мужоў, якія хадзілі аглядаць зямлю.

39 І сказаў Майсей словы гэтыя перад усімі сынамі Ізраілевымі, і народ моцна засмуціўся.

40 І ўстаўшы з самага рана, пайшлі на вяршыню гары, кажучы: вось, мы пойдзем на тое месца, пра якое сказаў Гасподзь, бо мы зграшылі.

41 Майсей сказаў: навошта вы пераступаеце загад Гасподні? гэта ня дасьць посьпеху;

42 не хадзеце, бо няма сярод вас Госпада, каб не пабілі вас ворагі вашыя;

43 бо Амалікіцяне і Хананэі там перад вамі, і вы паляжаце ад меча, бо вы адступіліся ад Госпада, і ня будзе з вамі Госпада.

44 Але яны дзёрзка рашылі падняцца на вяршыню гары; а каўчэг запавета Гасподняга і Майсей не пакідалі табару.

45 І сышлі Амалікіцяне і Хананэі, якія жылі на гары той, і разьбілі іх, і гналі іх да Хормы.

 

Разьдзел 15

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы ўвойдзеце ў зямлю вашага жыхарства, якую Я даю вам,

3 і будзеце прыносіць ахвяру Госпаду, цэласпаленьне, альбо ахвяру колатую, з валоў і авечак, у выкананьне абяцаньня, альбо з руплівасьці, альбо ў сьвяты вашыя, каб зрабіць прыемную духмянасьць Госпаду, —

4 тады той, хто прыносіць ахвяру сваю Госпаду, павінен прынесьці ў прынашэньне ад хлеба дзясятую частку эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з чацьвёртаю часткаю гіна алею;

5 і віна дзеля паліваньня прынось чацьвяціну гіна пры цэласпаленьні альбо пры ахвяры, якую колеш, на кожнае ягня.

6 А прыносячы барана, прынось у прынашэньне хлебнае дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з трацінай гіна алею;

7 і віна для паліваньня прынось траціну гіна дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

8 Калі маладога вала прыносіш на цэласпаленьне альбо ў ахвяру колеш, дзеля выкананьня абяцаньня альбо ў мірную ахвяру Госпаду,

9 дык разам з валом трэба прынесьці прынашэньня хлебнага тры дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з палавінаю гіна алею;

10 і віна на паліваньне прынось паўгіна ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

11 Так рабі пры кожным прынашэньні вала і барана і ягняці з авечак альбо коз;

12 па ліку ахвяр, якія вы прыносіце, так рабеце пры кожнай, па ліку іх.

13 Кожны тубылец так павінен рабіць гэта, прыносячы ахвяру дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду;

14 і калі будзе паміж вамі жыць прыхадзень, альбо хто б там ні быў сярод вас у роды вашыя, і прынясе ахвяру дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, дык і ён павінен рабіць так, як вы робіце;

15 вам, супольства, і прыхадню, які жыве, статут адзін, статут вечны ў роды вашыя: што вы, тое і прыхадзень хай будзе перад Госпадам;

16 закон адзін і адны правы хай будуць вам і прыхадню, які жыве ў вас.

17 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

18 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы ўвойдзеце ў зямлю, у якую Я вяду вас,

19 і будзеце есьці хлеб той зямлі, дык прыносьце прынашэньне Госпаду;

20 ад пачаткаў цеста вашага ляпёшку прыносьце ў прынашэньне; прыносьце яе так, як прынашэньне з гумна;

21 ад пачаткаў цеста вашага аддавайце ў прынашэньне Госпаду ў роды вашыя.

22 А калі парушыце ад няведаньня і ня выканаеце ўсіх гэтых наказаў, якія сказаў Гасподзь Майсею,

23 усяго, што наказаў вам Гасподзь праз Майсея, ад таго дня, калі Гасподзь наказаў вам, і наперад у роды вашыя, —

24 дык, калі зь недагляду супольства зроблена памылка, няхай уся супольнасьць прынясе аднаго маладога вала на цэласпаленьне, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду, з хлебным прынашэньнем і паліваньнем яго, паводле статуту, і аднаго казла ў ахвяру за грэх;

25 і ачысьціць сьвятар усё супольства сыноў Ізраілевых, і будзе даравана ім, бо гэта была памылка, і яны прынесьлі прынашэньне сваё ў ахвяру Госпаду, і ахвяру за грэх свой перад Госпадам, за сваю памылку;

26 і будзе даравана ўсяму супольству сыноў Ізраілевых і прыхадню, які жыве сярод іх, бо ўвесь народ зрабіў гэта з памылкі.

27 А калі адзін хто згрэшыць зь няведаньня, дык няхай прынясе казу-адналетку ў ахвяру за грэх;

28 і ачысьціць сьвятар душу, якая зрабіла з памылкі грэх перад Госпадам, і ачышчана будзе, і даравана будзе ёй,

29 адзін закон хай будзе ўсім вам, як прыроднаму жыхару з сыноў Ізраілевых, так і прыхадню, які жыве ў вас, калі хто зробіць што з памылкі.

30 А калі хто з тубыльцаў альбо з прыхадняў зробіць што дзёрзкаю рукою, дык ён зьневажае Госпада: зьнішчыцца душа тая з народу свайго,

31 бо словам Гасподнім ён пагардзіў і запавет Ягоны парушыў; зьнішчыцца душа тая; грэх яе на ёй.

32 Калі сыны Ізраілевыя былі ў пустыні, знайшлі чалавека, які зьбіраў дровы ў суботу;

33 і прывялі яго, зборшчыка дроў, да Майсея і Аарона і да ўсяго супольства;

34 і пасадзілі яго пад варту, бо ня было яшчэ вызначана, што трэба зь ім зрабіць.

35 І сказаў Гасподзь Майсею: павінен памерці чалавек гэты; хай пабэе яго камянямі ўсё супольства за табарам.

36 І вывела яго ўсё супольства з табара, і пабілі яго камянямі, і ён памёр, як загадаў Гасподзь Майсею.

37 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

38 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім, каб яны рабілі сабе кутасы на краях вопраткі сваёй у роды іхнія, і ў кутасы, якія на краях, устаўлялі ніткі з блакітнай воўны;

39 і будуць яны ў кутасах у вас дзеля таго, каб вы, гледзячы на іх, успаміналі ўсе наказы Гасподнія і выконвалі іх і не хадзілі сьледам за сэрцам вашым і вачамі вашымі, якія вабяць вас да блудадзейства,

40 каб вы памяталі і выконвалі ўсе наказы Мае і былі сьвятыя перад Богам вашым.

41 Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай, каб быць вашым Богам: Я Гасподзь, Бог ваш.

 

Разьдзел 16

 

1 Карэй, сын Ісаараў, сын Каатаў, сын Лявіін, і Датан і Авірон, сын Эліяваў, і Аўнан, сын Фалетаў, сыны Рувімавыя,

2 паўсталі на Майсея, і зь імі з сыноў Ізраілевых дзьвесьце пяцьдзясят мужоў, правадыры супольства, якіх клічуць на сходы, людзі знакамітыя.

3 І сабраліся супроць Майсея і Аарона і сказалі ім: годзе вам; усё супольства, усе сьвятыя, і сярод іх Гасподзь! чаму ж вы ставіце сябе вышэй народу Гасподняга?

4 Майсей, пачуўшы гэта, упаў на аблічча сваё

5 і сказаў Карэю і ўсім саўдзельнікам ягоным, кажучы: заўтра пакажа Гасподзь, хто Ягоны, і хто сьвяты, каб наблізіць яго да Сябе; і каго Ён выбера, таго і наблізіць да Сябе;

6 вось, што зрабеце: Карэй і ўсе саўдзельнікі ягоныя вазьмеце сабе кадзілы

7 і заўтра пакладзеце ў іх агню і ўсыпце ў іх дымленьні перад Госпадам; і каго выбера Гасподзь, той і будзе сьвяты. Годзе вам, сыны Лявііныя!

8 І сказаў Майсей Карэю: паслухайце, сыны Лявііныя!

9 няўжо мала вам таго, што Бог Ізраілеў вылучыў вас з супольства Ізраільскага і наблізіў вас да Сябе, каб вы выконвалі службу пры скініі Гасподняй і стаялі перад супольствам, служачы ім?

10 Ён наблізіў цябе і з табою ўсіх братоў тваіх, сыноў Лявія, а вы дамагаецеся яшчэ і сьвятарства.

11 Дык вось, ты і ўвесь твой хаўрус сабраліся супроць Госпада. Што Аарон, чаго вы наракаеце на яго?

12 І паслаў Майсей паклікаць Датана і Авірона, сыноў Эліявавых. Але яны сказалі: ня пойдзем!

13 хіба мала таго, што ты вывеў нас зь зямлі, у якой цячэ малако і мёд, каб загубіць нас у пустыні? і ты яшчэ хочаш валадарыць над намі!

14 ці прывёў ты нас у зямлю, дзе цячэ малако і мёд, і ці даў нам ва ўладаньне палі і вінаграднікі? вочы людзей гэтых ты хочаш асьляпіць? ня пойдзем!

15 Майсей вельмі засмуціўся і сказаў Госпаду: не зьвяртай пагляду Твайго на прынашэньне іхняе; я ня ўзяў ані ў воднага зь іх асла і не зрабіў благога ніводнаму з іх.

16 І сказаў Майсей Карэю: заўтра ты і ўвесь хаўрус твой будзьце прад абліччам Госпада, ты, яны і Аарон;

17 і вазьмеце кожны сваё кадзіла, і пакладзеце ў іх дымленьне, і прынясеце прад аблічча Гасподняе кожны сваё кадзіла, дзьвесьце пяцьдзясят кадзілаў; ты і Аарон, кожны сваё кадзіла.

18 І ўзяў кожны сваё кадзіла, і паклалі ў іх агню, і ўсыпалі ў іх дымленьняў, і сталі перад уваходам у скінію сходу; гэтак сама і Майсей і Аарон.

19 І сабраў супроць іх Карэй увесь хаўрус каля ўваходу ў скінію сходу. І зьявілася слава Гасподняя ўсяму супольству.

20 І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону, кажучы:

21 аддзялецеся ад гурту гэтага, і Я зьнішчу іх у імгненьне.

22 А яны ўпалі на абліччы свае і сказалі: Божа, Божа духаў усякай плоці! адзін чалавек зграшыў, і Ты гневаешся на ўсё супольства?

23 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

24 скажы супольству: адступеце з усіх бакоў ад жытлішча Карэевага, Датанавага і Авіронавага.

25 І ўстаў Майсей і пайшоў да Датана і Авірона, і за імі пайшлі старэйшыны Ізраілевыя.

26 І сказаў супольству: адыдзеце ад палатак грэшных людзей гэтых і не дакранайцеся ні да чога, што належыць ім, каб не загінуць вам ва ўсіх грахах іхніх.

27 І адышлі яны з усіх бакоў ад жытлішча Карэя, Датана і Авірона; а Датан і Авірон выйшлі і стаялі каля дзьвярэй палатак сваіх з жонкамі сваімі і сынамі сваімі і з малымі дзецьмі сваімі.

28 І сказаў Майсей: з гэтага даведаецеся, што Гасподзь паслаў мяне рабіць усе дзеі гэтыя, а не па сваёй самахоці я раблю гэта:

29 калі яны памруць, як паміраюць усе людзі, і спасьцігне іх такая кара, як і ўсіх людзей, дык не Гасподзь паслаў мяне;

30 а калі Гасподзь учыніць нязвычайнае, і зямля разьзявіць вусны свае і праглыне іх і ўсё, што ў іх, і яны жывыя сыдуць у апраметную, дык ведайце, што людзі гэтыя пагардзілі Госпадам.

31 Толькі ён сказаў словы гэтыя, як расьселася зямля пад імі;

32 і разьзявіла зямля вусны свае і праглынула іх і дамы іхнія, і ўсіх людзей Карэевых і ўсю маёмасьць;

33 і сышлі яны з усім, што належала ім, жывыя ў апраметную, і накрыла іх зямля, і згінулі яны спасярод супольства.

34 І ўсе Ізраільцяне, якія былі вакол іх, пабеглі пры іх енку, каб, казалі яны, і нас не праглынула зямля.

35 І выйшаў агонь ад Госпада і зжэр тых дзвесьце пяцьдзясят мужоў, якія прынесьлі дымленьне.

36 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

37 скажы Элеазару, сыну Ааронаваму, сьвятару, няхай ён зьбярэ кадзілы спаленых і агонь выкіне прэч; бо асьвяціліся

38 кадзілы грэшнікаў гэтых сьмерцю іхняю, і няхай расплешчуць іх на лісты, каб накрываць ахвярнік, бо яны прынесьлі іх прад аблічча Госпада, і яны зрабіліся асьвечаныя; і будуць яны азнакаю сынам Ізраілевым.

39 І ўзяў Элеазар сьвятар медныя кадзілы, якія прынесьлі спаленыя, і распляскалі іх на лісты, каб накрываць ахвярнік

40 на памяць сынам Ізраілевым, каб ніхто староньні, які не ад семені Аарона, не прыступаў прыносіць дымленьне прад аблічча Гасподняе, і ня было зь ім, што з Карэем і хаўрусьнікамі ягонымі, як казаў яму Гасподзь праз Майсея.

41 На другі дзень усё супольства сыноў Ізраілевых пачало наракаць на Майсея і Аарона і казала: вы забілі народ Гасподні.

42 І калі сабралася супольства супроць Майсея і Аарона, яны павярнуліся да скініі сходу, і вось, хмара накрыла яе, і зьявілася слава Гасподняя.

43 І прыйшоў Майсей і Аарон да скініі сходу.

44 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

45 адхілецеся ад супольства гэтага, і Я зьнішчу іх у імгненьне. Але яны абодва ўпалі на аблічы свае.

46 І сказаў Майсей Аарону: вазьмі кадзіла і пакладзі ў яго агню з ахвярніка і ўсып дымленьня, і нясі хутчэй да супольства і заступіся за іх, бо выйшаў гнеў ад Госпада, пачалася пагібель.

47 І ўзяў Аарон, як сказаў Майсей, і пабег да супольства, і вось, ужо пачалася пагібель у народзе. І ён паклаў дымленьне і заступіўся за народ;

48 стаў ён паміж мёртвымі і жывымі, і пагібель спынілася.

49 І памерла ад пагібелі чатырнаццаць тысяч сямсот чалавек, апрача памерлых па справе Карэевай.

50 І вярнуўся Аарон да Майсея, да ўваходу ў скінію сходу, пасьля таго як пагібель спынілася.

 

Разьдзел 17

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

2 скажы сынам Ізраілевым і вазьмі ў іх посах ад кожнага роду, ад усіх правадыроў іхніх па плямёнах, дванаццаць посахаў, і імя кожнага напішы на посаху ягоным;

3 імя Аарона напішы на посаху Лявііным, бо адзін посах ад правадыра племені іхняга;

4 і пакладзі іх у скініі сходу, перад каўчэгам адкрыцьця, дзе зьяўляюся Я вам;

5 і каго Я выберу, посах таго зацьвіце; і так Я суйму нараканьне сыноў Ізраілевых, якім яны наракаюць на вас.

6 І сказаў Майсей сынам Ізраілевым, і далі яму ўсе правадыры іхнія, ад кожнага правадыра посах паводле плямёнаў іхніх дванаццаць посахаў, і посах Ааронаў быў сярод посахаў іхніх.

7 І паклаў Майсей посахі прад абліччам Госпада ў скініі сходу.

8 На другі дзень увайшоў Майсей у скінію сходу, і вось, посах Ааронаў, ад дома Лявіінага, зацьвіў, пусьціў парасткі, даў цьвет і ўрадзіў міндаліны.

9 І вынес Майсей усе посахі ад аблічча Гасподняга да ўсіх сыноў Ізраілевых; і ўгледзелі яны гэта і ўзялі кожны свой посах.

10 І сказаў Гасподзь Майсею: пакладзі зноў посах Ааронаў перад каўчэгам адкрыцьця на захаваньне, як азнаку непакорлівым, каб перасталі наракаць на Мяне, і каб яны не памерлі.

11 Майсей зрабіў гэта: як загадаў яму Гасподзь, так ён і зрабіў.

12 І сказалі сыны Ізраілевыя Майсею: вось, мы паміраем, гінем, усе гінем!

13 кожны, хто набліжаецца да скініі Гасподняй, памірае: ці не давядзецца ўсім нам памерці?

 

Разьдзел 18

 

1 І сказаў Гасподзь Аарону: ты і сыны твае і дом бацькі твайго з табою панесяце на сабе грэх за нядбальства ў сьвятыні; і ты і сыны твае з табою панесяце на сабе грэх за няўпраўнасьць у сьвятарстве вашым.

2 Гэтак сама і братоў тваіх, племя Лявіінага, род бацькі твайго, вазьмі сабе: няхай яны будуць пры табе і служаць табе, а ты і сыны твае з табою будзеце пры скініі адкрыцьця;

3 няхай яны правяць службу табе і службу ва ўсёй скініі; толькі каб не падыходзілі да рэчаў сьвятыні і да ахвярніка, каб не памерці і ім і вам.

4 Няхай яны будуць пры табе і правяць службу ў скініі сходу, усю працу ў скініі; а староньні не павінен набліжацца да вас.

5 Так чынеце службу ў сьвяцілішчы і каля ахвярніка, каб ня было больш гневу на сыноў Ізраілевых;

6 бо братоў вашых, лявітаў, Я ўзяў з сыноў Ізраілевых і даў іх вам, у дарунак Госпаду, дзеля ўчыненьня службы пры скініі сходу;

7 і ты і сыны твае з табою захоўвайце сьвятарства вашае ва ўсім, што належыць ахвярніку, і што ўсярэдзіне за заслонаю, і служэце; Я даю вам у дарунак службу сьвятарства, а староньні, які возьмецца, аддадзены будзе сьмерці.

8 І сказаў Гасподзь Аарону: вось, Я даручаю табе сачыць за паднашэньнямі Мне; з усяго, што пасьвячаецца сынамі Ізраілевымі, Я дам табе і сынам тваім, дзеля сьвятарства вашага, статутам вечным;

9 вось, што належыць табе са сьвятыняў вялікіх, з таго, што паліцца: любое прынашэньне іхняе хлебнае, і ўсякая ахвяра іхняя за грэх, і кожная іхняя ахвяра за віну, што яны прынясуць Мне; гэта вялікая сьвятыня табе і сынам тваім.

10 На самым сьвятым месцы ежце гэта; усе мужчынскага полу могуць есьці; гэта сьвятыняю і будзе табе.

11 І вось, што табе з паднесеных дароў іхніх: усе паднашэньні сыноў Ізраілевых Я даў табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; усякі чысты ў доме тваім можа есьці гэта.

12 Усё найлепшае з алею і ўсё найлепшае зь вінаграду і хлеба, пачаткі іх, якія яны даюць Госпаду, Я аддаў табе;

13 усе першыя ўтворы зямлі іхняй, першыя яны прынясуць Госпаду, хай будуць твае; кожны чысты ў доме тваім можа есьці гэта.

14 Усё заклятае ў зямлі Ізраілевай хай будзе тваё.

15 Усё, што размыкае сьцёгны ў кожнай плоці, якую прыносяць Госпаду, зь людзей і з быдла, хай будзе тваё; толькі першынец зь людзей павінен быць выкуплены, і першароднае з быдла нячыстага павінна быць выкуплена;

16 а выкуп за іх: пачынаючы з аднаго месяца, паводле ацэнкі тваёй, бяры выкуп пяць сікляў срэбра, па сіклі сьвяшчэнным, які ў дваццаць гераў;

17 а за першароднае з валоў і за першароднае з авечак і за першароднае з коз не бяры выкупу: яны сьвятыня; крывёю іх акрапляй ахвярнік і тлушч зь іх палі ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду;

18 а мяса іх табе належыць, гэтаксама як і грудзіна паднашэньня — правая лапатка табе належыць.

19 Усе ахвярныя сьвятыні, якія падносяць сыны Ізраілевыя Госпаду, аддаю табе і сынам тваім і дочкам тваім з табою, статутам вечным; гэта запавет солі вечны перад Госпадам, дадзены табе і нашчадкам тваім з табою.

20 І сказаў Гасподзь Аарону: у зямлі іхняй ня будзеш мець надзелу і долі ня будзе з табою сярод іх; Я доля твая і надзел твой сярод сыноў Ізраілевых;

21 а сынам Лявіі, вось, Я даў у надзел дзесяціну з усяго, што ў Ізраіля, за службу іхнюю, за тое, што яны правяць службы ў скініі сходу;

22 і сыны Ізраілевыя не павінны больш падыходзіць да скініі сходу, каб не панесьці грэху і не памерці:

23 няхай лявіты правяць службы ў скініі сходу і нясуць на сабе грэх іхні. Гэта статут вечны ў роды вашыя; а сярод сыноў Ізраілевых яны не атрымаюць долі;

24 а як што дзесяціну сыноў Ізраілевых, якую яны прыносяць у паднашэньне Госпаду, Я аддаю лявітам у надзел, таму і сказаў Я ім: сярод сыноў Ізраілевых не атрымаюць яны долі.

25 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

26 абвясьці лявітам і скажы ім: калі брацьмеце ў сыноў Ізраілевых дзесяціну, якую Я даў вам у долю, дык падносьце зь яе паднашэньне Госпаду, дзесяціну зь дзесяціны, —

27 і ўскладзена будзе на вас гэта паднашэньне, як хлеб з гумна і як узятае з чавільні;

28 так і вы будзеце падносіць паднашэньне Госпаду з усіх дзесяцін вашых, якія брацьмеце ў сыноў Ізраілевых, і будзеце даваць зь іх паднашэньне Гасподняе Аарону сьвятару;

29 з усяго, што даруецца вам, падносьце паднашэньне Госпаду, з усяго найлепшага, што асьвячаецца.

30 І скажы ім: калі вы прынесяце з гэтага найлепшае, дык гэта ўскладзена будзе на лявітаў, як тое, што атрымліваецца з гумна і што атрымліваецца з чавільні;

31 вы можаце есьці гэта ў любым месцы, вы і семэі вашыя, бо гэта вам плата за працу вашую ў скініі сходу;

32 і не панесяце за гэта грэху, калі прынесяце найлепшае з гэтага; і таго, што пасьвячаецца сынамі Ізраілевымі, не апаганьце, і не памраце.

 

Разьдзел 19

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею і Аарону сказаць:

2 вось статут закона, які запавядаў Гасподзь, кажучы: скажы сынам Ізраілевым, няхай прывядуць табе рыжую цялушку без пахібы, у якое няма заганы, на якой ня было ярма;

3 і аддайце яе Элеазару сьвятару, і выведзе яе прэч з табара, і заколюць яе пры ім;

4 і няхай возьме Элеазар сьвятар пальцам сваім крыві яе і крывёю пакропіць да пярэдняга боку скініі сходу сем разоў;

5 і спаляць цялушку на вачах у яго: скуру зь яе і мяса яе і кроў зь яе зь нячыстасьцю няхай спаляць;

6 і няхай возьме сьвятар кедровых дроў і ісопу і нітку з чырванёнай воўны і кіне на спальваную цялушку;

7 і няхай вымые сьвятар вопратку сваю і абмые цела сваё вадою, і потым увойдзе ў табар, і нячысты будзе сьвятар да вечара;

8 і той, хто паліў, няхай вымые вопратку сваю вадою, і абмые цела сваё вадою, і нячысты будзе да вечара;

9 і хто-небудзь чысты няхай зьбярэ попел ад цялушкі і пакладзе за табарам на чыстым месцы, і будзе ён захоўвацца для супольства сыноў Ізраілевых, дзеля вады ачышчальнай: гэта ахвяра за грэх;

10 і той, хто зьбіраў попел ад цялушкі, няхай вымые вопратку сваю, і нячысты будзе да вечара. Гэта сынам Ізраілевым і прыхадням, якія жывуць у іх, хай будзе статутам вечным.

11 Хто дакранецца да мёртвага цела якога-небудзь чалавека, нячысты будзе сем дзён;

12 ён павінен ачысьціць сябе гэтаю вадою на трэці дзень і на сёмы дзень, і будзе чысты; а калі ён не ачысьціць сябе на трэці дзень і на сёмы дзень, дык ня будзе чысты;

13 кожны, хто дакрануўся да мёртвага цела якога-небудзь чалавека, што памёр, і не ачысьціў сябе, апаганіць жытлішча Госпада: зьнішчыцца чалавек той спасярод Ізраіля, бо ён не акроплены ачышчальнаю вадою, ён нячысты, яшчэ нячыстасьць ягоная на ім.

14 Вось закон: калі чалавек памрэ ў намёце, дык кожны, хто прыйдзе ў намёт, і ўсё ў намёце нячыстае будзе сем дзён;

15 кожны адкрыты посуд, які не абвязаны і не накрыты, нячысты.

16 Кожны, хто дакранецца на полі да забітага мечам, альбо да памерлага, альбо да косткі чалавечай, альбо да дамавіны, нячысты будзе сем дзён.

17 Нячыстаму няхай возьмуць попелу з той спаленай ахвяры за грэх і нальюць на яго жывой вады ў посуд;

18 і няхай хто-небудзь чысты возьме ізопу, і абмочыць яго ў вадзе, і акропіць намёт і ўвесь посуд і людзей, якія ў ім, і таго, хто дакрануўся да косткі, альбо да забітага, альбо да памерлага, альбо да дамавіны;

19 і няхай акропіць чысты нячыстага на трэці і на сёмы дзень і ачысьціць яго на сёмы дзень; і вымые ён вопратку сваю, і абмые вадою, і пад вечар будзе чысты.

20 А калі хто будзе нячысты і не ачысьціць сябе, дык вынішчыцца чалавек той спасярод народу, бо ён апаганіў сьвяцілішча Госпада: ачышчальнаю вадою ён не акроплены, ён нячысты.

21 І няхай будзе гэта ім устанаўленьнем вечным. І той, хто крапіў ачышчальнаю вадою, няхай вымые вопратку сваю; і хто дакрануўся да ачышчальнай вады, нячысты будзе да вечара.

22 І ўсё, да чаго дакранецца нячысты, будзе нячыстае; і той чалавек, які дакрануўся, нячысты будзе да вечара.

 

Разьдзел 20

 

1 І прыйшлі сыны Ізраілевыя, усё супольства, у пустыню Сін у першы месяц, і спыніўся народ у Кадэсе, і памерла там Марыям і пахавана там.

2 І ня было вады ў супольства, і сабраліся яны супроць Майсея і Аарона;

3 і абурыўся народ на Майсея і сказаў: о, калі б памерлі тады і мы, калі памерлі браты нашыя перад Госпадам!

4 навошта вы прывялі супольства Гасподняе ў гэтую пустыню, каб памерці тут нам і быдлу нашаму?

5 і навошта вывелі вы нас зь Егіпта, каб прывесьці нас у гэта нягоднае месца, дзе нельга сеяць, няма ні смакоўніц, ні вінаграду, ні гранатавых яблыкаў, ні нават вады пітной?

6 І пайшоў Майсей і Аарон ад народу да ўваходу ў скінію сходу, і ўпалі на абліччы свае, і зьявілася ім слава Гасподняя.

7 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

8 вазьмі посах і зьбяры супольства, ты і Аарон, брат твой, і скажэце на вачах у іх скале, і яна дасьць зь сябе ваду: і так ты выведзеш ім ваду са скалы і напоіш супольства і быдла ягонае.

9 І ўзяў Майсей посах перад абліччам Госпада, як Ён загадаў яму.

10 І сабралі Майсей і Аарон народ да скалы, і сказаў ён ім: паслухайце, непакорныя, хіба нам з гэтае скалы вывесьці вам ваду?

11 І падняў Майсей руку сваю і ўдарыў у скалу посахам сваім двойчы, і пацякло многа вады, і піло супольства і быдла ягонае.

12 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону: за тое, што вы не паверылі Мне, каб зьявіць сьвятасьць Маю на вачах у сыноў Ізраілевых, не ўведзяце вы народу свайго ў зямлю, якую Я даю яму.

13 Гэта вада Мэрывы, у якой увайшлі ў раздор сыны Ізраілевыя з Госпадам, і Ён зьявіў ім сьвятасьць Сваю.

14 І паслаў Майсей з Кадэса паслоў да цара Эдомскага: так кажа брат твой, Ізраіль: ты ведаеш усе цяжкасьці, якія спасьціглі нас;

15 бацькі нашыя перайшлі ў Егіпет, і мы жылі ў Егіпце многа часу, і дрэнна абыходзіліся Егіпцяне з намі і бацькамі нашымі;

16 і паклікалі мы Госпада, і пачуў Ён голас наш, і паслаў анёла, і вывеў нас зь Егіпта; і вось, мы ў Кадэсе, горадзе каля самай мяжы тваёй;

17 дазволь нам прайсьці зямлёю тваёю; мы ня пойдзем па палях і па вінаградніках і ня будзем піць ваду з калодзежаў; а пойдзем дарогаю царскаю, ня збочым ні направа, ні налева, пакуль не пяройдзем межаў тваіх.

18 Але Эдом сказаў яму: не праходзь празь мяне, інакш я зь мечам выступлю супроць цябе.

19 І сказалі яму сыны Ізраілевыя: мы пойдзем вялікаю дарогаю, і калі будзем піць тваю ваду, я і быдла маё, дык будзем плаціць за яе; толькі нагамі маімі прайду, што нічога не каштуе.

20 Але ён сказаў: не праходзь. І выступіў супроць яго Эдом з шматлікім народам і з моцнаю рукою.

21 І вось не згадзіўся Эдом дазволіць Ізраілю прайсьці праз ягоныя межы, і Ізраіль пайшоў убок ад яго.

22 І выправіліся сыны Ізраіля з Кадэса, і пайшло ўсё супольства да гары Ор.

23 І сказаў Гасподзь Майсею і Аарону на гары Ор, каля межаў зямлі Эдомскай, кажучы:

24 няхай прыкладзецца Аарон да народу свайго, бо ён ня ўвойдзе ў зямлю, якую Я даю сынам Ізраілевым, за тое, што вы непакорныя былі загаду Майму каля водаў Мэрывы;

25 і вазьмі Аарона і Элеазара, сына ягонага, і ўзьвядзі іх на гару Ор;

26 і здымі з Аарона вопратку ягоную і апрані ў яе Элеазара, сына ягонага, і няхай Аарон адыдзе і памрэ там.

27 І зрабіў Майсей так, як загадаў Гасподзь. Пайшлі яны на гару Ор на вачах ва ўсяго супольства,

28 і зьняў Майсей з Аарона вопратку ягоную і апрануў у яе Элеазара, сына ягонага; і памёр там Аарон на вяршыні гары. А Майсей і Элеазар сышлі з гары.

29 І ўбачыла ўсё супольства, што Аарон памёр, і аплакваў Аарона ўвесь дом Ізраілеў трыццаць дзён.

 

Разьдзел 21

 

1 Ханаанскі цар Арада, які жыў на поўдні, пачуўшы, што Ізраіль ідзе дарогаю ад Атарыма, уступіў у бітву зь Ізраільцянамі і некалькіх зь іх узяў у палон.

2 І даў Ізраіль абяцаньне Госпаду і сказаў: калі аддасі народ гэты ў рукі мае, дык накладу заклён на гарады іхнія.

3 Гасподзь пачуў голас Ізраіля і аддаў Хананэяў у рукі яму, і ён паклаў заклён на іх і на гарады іхнія і даў імя месцу таму: Хорма******************.

4 Ад гары Ор выправіліся яны дарогаю Чэрмнага мора, каб абмінуць зямлю Эдома. І пачаў маладушнічаць народ у дарозе,

5 і гаварыў народ супроць Бога і супроць Майсея: навошта вывелі вы нас зь Егіпта, каб памерці ў пустыні, бо тут няма ні хлеба, ні вады, і душы нашай абрыдла нягодная ежа.

6 І паслаў Гасподзь на народ ядавітых зьмеяў, якія джгалі народ, і памерла мноства народу з Ізраілевых.

7 І прыйшоў народ да Майсея і сказаў: зграшылі мы, што гаварылі супроць Госпада і супроць цябе; памаліся Госпаду, каб ён адвёў ад нас зьмеяў. І памаліўся Майсей за народ.

8 І сказаў Гасподзь Майсею: зрабі сабе зьмея і выставі яго на сьцяг, і ўкушаны, зірнуўшы на яго, застанецца жывы.

9 І зрабіў Майсей меднага зьмея і выставіў яго на сьцяг, і калі зьмяя кусала чалавека, ён, зірнуўшы на меднага зьмея, заставаўся жывы.

10 І выправіліся сыны Ізраілевыя і спыніліся ў Авоце;

11 і выправіліся з Авота і спыніліся ў Іў-Аварыме, у пустыні, што насупраць Маава, на ўсход сонца;

12 адтуль выправіліся і спыніліся ў даліне Зарэд;

13 выправіўшыся адтуль, спыніліся ў той частцы Арнона ў пустыні, якая цячэ за межамі Амарэя, бо Арнон мяжа Маава, паміж Маавам і Амарэем.

14 Таму і сказана ў кнізе змаганьняў Гасподніх:

15 Вагеб у Суфе і патокі Арнона, і вярхоўе патоку, якое схіляецца да Шабэт-Ару і прымыкае да межаў Маава.

16 Адсюль да Баэр*******************; гэта той калодзеж, пра які Гасподзь сказаў Майсею: зьбяры народ, і дам ім вады.

17 Тады засьпяваў Ізраіль песьню гэтую: напаўняйся, калодзеж, сьпявайце яму;

18 калодзеж, які выкапалі князі, выкапалі правадыры народу з законаўстаноўцам посахамі сваімі. З пустыні ў Матану,

19 з Матаны ў Нагалііл, з Нагалііла ў Вамот,

20 з Вамота ў Гай, што ў зямлі Маава, на вяршыні гары Фасгі, павернутай відам да пустыні.

21 І паслаў Ізраіль паслоў да Сігона, цара Амарэйскага, каб сказаць:

22 дазволь мне прайсьці зямлёю тваёю; ня будзем заходзіць на палі і ў вінаграднікі, ня будзем піць вады з калодзежаў, а пойдзем дарогаю царскаю, пакуль не пяройдзем межаў тваіх.

23 Але Сігон не дазволіў ісьці праз свае межы; і сабраў Сігон увесь народ свой і выступіў супроць Ізраіля ў пустыню, і дайшоў да Яацы і ўступіў у бітву зь Ізраілем.

24 І пабіў яго Ізраіль мечам і ўзяў у валоданьне зямлю ягоную ад Арнона да Явока, да межаў Аманіцкіх, бо моцныя былі межы Аманіцянаў;

25 і ўзяў Ізраіль усе гарады гэтыя, і жыў Ізраіль ва ўсіх гарадах Амарэйскіх, у Эсэвоне і ва ўсіх залежных ад яго;

26 бо Эсэвон быў горад Сігона, цара Амарэйскага, і ён ваяваў з ранейшым царом Маавіцкім і ўзяў з рук ягоных усю зямлю ягоную да Арнона.

27 Таму і гаворыцца ў вершах: Ідзеце ў Эсэвон, хай уладзяць і ўмацуюць горад Сігонаў,

28 бо выйшаў агонь зь Эсэвона, полымя з горада Сігонавага, і зжэр яго Мааў і валадароў вышыняў Арнона.

29 Гора, Мааве, табе! загінуў ты, Хамосаў народзе! Паразьбягаліся сыны ягоныя, і дочкі яго зрабіліся паланянкамі Амарэйскага цара Сігона;

30 мы пабілі іх стрэламі; загінуў Эсэвон да Дывона, мы спустошылі іх да Нофы, што паблізу Мэдэвы.

31 І жыў Ізраіль у зямлі Амарэйскай.

32 І паслаў Майсей агледзець Язэр, і ўзялі селішчы, залежныя ад яго, і прагналі Амарэяў, якія былі ў іх.

33 І павярнуліся і пайшлі да Васана. І выступіў супроць іх Ог, цар Васанскі, сам і ўвесь народ ягоны, на бітву да Эдрэі.

34 І сказаў Гасподзь Майсею: ня бойся яго, бо Я аддам яго і ўвесь народ ягоны і ўсю зямлю ягоную ў рукі твае, і зробіш зь ім, як зрабіў зь Сігонам, царом Амарэйскім, які жыў у Эсэвоне.

35 І пабілі яны яго і сыноў ягоных і ўвесь народ ягоны, так што ніводнага не засталося, і завалодалі зямлёю ягонай.

 

 

Разьдзел 22

 

1 І выправіліся сыны Ізраілевыя і спыніліся на руінах Маава, каля Ярдана, насупраць Ерыхона.

2 І ўбачыў Валак, сын Сэпфораў, усё, што зрабіў Ізраіль Амарэям;

3 і вельмі баяліся Маавіцяне народу гэтага, бо ён быў шматлікі; і збаяліся Маавіцяне сыноў Ізраілевых.

4 І сказалі Маавіцяне старэйшынам Мадыямскім: гэты народ зьядае цяпер усё вакол нас, як вол зьядае траву палявую. А Валак, сын Сэпфораў быў царом Маавіцянаў у той час.

5 І паслаў ён паслоў да Валаама, сына Вэоравага, у Пэтор, што на рацэ Еўфраце, у зямлі сыноў народу яго, каб паклікаць яго і сказаць: вось, народ выйшаў зь Егіпта і пакрыў улоньне зямлі, і жыве ён каля мяне;

6 дык вось, прыйдзі, пракляні мне народ гэты, бо ён мацнейшы за мяне: можа, тады я змагу разьбіць яго і выгнаць яго зь зямлі; я ведаю, што каго ты дабраславіш, той дабраславёны, і каго ты праклянеш, той пракляты.

7 І пайшлі старэйшыны Маавіцкія і старэйшыны Мадыямскія, з дарункамі ў руках за чарадзейства, і пайшлі да Валаама, і пераказалі яму словы Валакавыя.

8 І сказаў ён ім: заначуйце тут ноч, і дам вам адказ, як скажа мне Гасподзь. І засталіся старэйшыны Маавіцкія ў Валаама.

9 І прыйшоў Бог да Валаама і сказаў: якія гэта людзі ў цябе?

10 Валаам сказаў Богу: Валак, сын Сэпфораў, цар Маавіцкі, прыслаў да мяне:

11 вось, народ выйшаў зь Егіпта і пакрыў улоньне зямлі; дык вось, прыйдзі, пракляні мне яго; можа, я тады змагу падужацца зь ім і выгнаць яго.

12 І сказаў Бог Валааму: не хадзі зь імі, не праклінай народу гэтага, бо ён дабраславёны.

13 І ўстаў Валаам раніцай і сказаў князям Валакавым: ідзеце ў зямлю вашу, бо ня хоча Гасподзь дазволіць мне ісьці з вамі.

14 І ўсталі князі Маавіцкія, і прыйшлі да Валака, і сказалі: не згадзіўся Валаам ісьці з намі.

15 Валак паслаў яшчэ князёў, пабольш і знакаміцейшых за тых.

16 І прыйшлі яны да Валаама і сказалі яму: так кажа Валак, сын Сэпфораў: не адмоўся прыйсьці да мяне;

17 я зраблю табе вялікі гонар і зраблю ўсё, што ні скажаш мне; прыйдзі ж, пракляні мне народ гэты.

18 І адказваў Валаам і сказаў рабам Валакавым: хоць бы Валак даваў мне поўны дом срэбра і золата, не магу пераступіць загадаў Госпада, Бога майго, і зрабіць што-небудзь малое альбо вялікае;

19 зрэшты, застаньцеся і вы тут нанач, і я даведаюся, што яшчэ скажа мне Гасподзь.

20 І прыйшоў Бог да Валаама ўначы і сказаў яму: калі людзі гэтыя прыйшлі клікаць цябе, устань, і ідзі зь імі! але толькі рабі тое, што Я буду казаць табе.

21 Валаам устаў раніцай, асядлаў асьліцу сваю і пайшоў з князямі Маавіцкімі.

22 І запалаў гнеў Божы за тое, што ён пайшоў, і стаў анёл Гасподні на дарозе, каб перашкодзіць яму. Ён ехаў на асьліцы сваёй і два слугі ягоныя.

23 І ўбачыла асьліца анёла Гасподняга, які стаяў на дарозе з аголеным мечам у руцэ, і зьвярнула асьліца з дарогі і пайшла на поле; а Валаам пачаў біць асьліцу, каб вярнуць яе на дарогу.

24 І стаў анёл Гасподні на вузкай дарозе, паміж вінаграднікамі, дзе з аднаго боку сьцяна і з другога боку сьцяна.

25 Асьліца, убачыўшы анёла Гасподняга, прыціснулася да сьцяны і прыціснула нагу Валаама да сьцяны; і ён зноў пачаў біць яе.

26 Анёл Гасподні зноў перайшоў і стаў у цесным месцы, дзе ня было куды зьвярнуць, ні налева, ні направа.

27 Асьліца, убачыўшы анёла Гасподняга, легла пад Валаамам. І запалаў гнеў Валаама, і пачаў ён біць асьліцу кіем.

28 І разамкнуў Гасподзь вусны асьліцы, і яна сказала Валааму: што я табе зрабіла, што ты бэеш мяне вось ужо трэці раз?

29 Валаам сказаў асьліцы: за тое, што ты паглумілася зь мяне; калі б у мяне ў руцэ быў меч, дык я цяпер ужо забіў бы цябе.

30 А асьліца сказала Валааму: ці ня я твая асьліца, на якой ты езьдзіў з пачатку да гэтага дня? ці мела я звычку так рабіць з табою? Ён сказаў: не.

31 І адкрыў Гасподзь вочы Валааму, і ўбачыў ён анёла Гасподняга, які стаяў на дарозе з аголеным мечам у руцэ, і пакланіўся, і ўпаў на аблічча сваё.

32 І сказаў яму анёл Гасподні: за што ты біў асьліцу тваю аж тры разы? Я выйшаў, каб перашкодзіць табе, бо шлях твой няправільны перад Мною;

33 і асьліца, убачыўшы Мяне, зьвярнула ад Мяне вось ужо тры разы; калі б яна не зьвярнула ад Мяне, дык Я забіў бы цябе, а яе пакінуў бы жывую.

34 І сказаў Валаам анёлу Гасподняму: зграшыў я, бо ня ведаў, што Ты стаіш насупраць мяне на дарозе; дык вось, калі гэта няпрыемна ў вачах Тваіх, дык я вярнуся.

35 І сказаў анёл Гасподні Валааму: ідзі зь людзьмі гэтымі, толькі кажы тое, што Я буду казаць табе. І пайшоў Валаам з князямі Валакавымі.

36 Валак, пачуўшы, што ідзе Валаам, выйшаў насустрач яму ў горад Маавіцкі, які на граніцы пры Арноне, што каля самай мяжы.

37 І сказаў Валак Валааму: ці не пасылаў я да цябе клікаць цябе? чаму ты ня ішоў да мяне? няўжо я і праўда не магу ўшанаваць цябе?

38 І сказаў Валаам Валаку: вось, я і прыйшоў да цябе, але ці магу я штосьці ад сябе сказаць? што ўкладзе Бог у вусны мае, тое і буду гаварыць.

39 І пайшоў Валаам з Валакам, і прыйшлі ў Кірыят-Хуцот.

40 І закалоў Валак валоў і авечак і паслаў да Валаама і князёў, якія былі зь ім.

41 На другі дзень раніцай Валак узяў Валаама і ўзьвёў яго на вышыні Ваалавыя, каб ён убачыў адтуль частку народу.

 

Разьдзел 23

 

1 І сказаў Валаам Валаку: пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне сем цялят і сем бараноў.

2 Валак зрабіў так, як казаў Валаам, і ўзьнесьлі Валак і Валаам па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.

3 І сказаў Валаам Валаку: пастой каля цэласпаленьня твайго, а я пайду; можа, Гасподзь выйдзе мне насустрач, і што Ён адкрые мне, я абвяшчу табе.

4 І сустрэўся Бог з Валаамам, і сказаў яму Валаам: сем ахвярнікаў паставіў я і ўзьнёс па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.

5 І ўклаў Гасподзь слова ў вусны Валаамавыя і сказаў: вярніся да Валака і так кажы.

6 І вярнуўся да яго, і вось, ён стаіць каля цэласпаленьня свайго, ён і ўсе князі Маавіцкія.

7 І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: зь Месапатаміі прывёў мяне Валак, цар Маава, ад гор усходніх: прыйдзі, пракляні мне Якава, прыйдзі, выкажы зло на Ізраіля!

8 Як пракляну я? Бог не праклінае яго. Як выкажу зло? Гасподзь не выказвае зла.

9 Зь вяршыні скал бачу яго і з пагоркаў гляджу на яго: вось, народ жыве асобна і сярод народаў ня лічыцца.

10 Хто палічыць пясок Якава і велічыню чацьвёртай часткі Ізраіля? Хай памрэ душа мая сьмерцю праведнікаў, і хай будзе скон мой, як і іхні!

11 І сказаў Валак Валааму: што ты са мною робіш? я ўзяў цябе, каб праклясьці ворагаў маіх, а ты, вось, дабраслаўляеш?

12 І адказваў ён і сказаў: ці не павінен я дакладна сказаць тое, што ўкладвае Гасподзь у вусны мае?

13 І сказаў яму Валак: ідзі са мною на другое месца, зь якога ты ўбачыш яго, але толькі частку яго ўбачыш, а ўсяго яго ня ўбачыш, і пракляні мне яго адтуль.

14 І ўзяў яго на месца вартаўнікоў, на вяршыню гары Фасгі, і паставіў сем ахвярнікаў, і ўзьнёс па цяляці і па барану на кожным ахвярніку.

15 І сказаў Валаку: пастой тут каля цэласпаленьня твайго, а я пайду туды насустрач.

16 І сустрэўся Гасподзь з Валаамам, і ўклаў слова ў вусны ягоныя, і сказаў: вярніся да Валака і так кажы.

17 І прыйшоў да яго, і вось, ён стаіць каля цэласпаленьня свайго, і зь ім князі Маавіцкія. І сказаў яму Валак: што сказаў Гасподзь?

18 Ён прамовіў прытчу сваю і сказаў: устань, Валак, і паслухай, уважай мне, сыне Сэпфораў.

19 Бог не чалавек, каб няпраўду казаць, і ня сын чалавечы, каб Яму шкадаваць. Ці скажа Ён і ня зробіць? будзе казаць і ня выканае9

20 Вось, дабраслаўляць пачаў я, бо Ён дабраславіў, і я не магу зьмяніць гэтага.

21 Ня відаць бяды ў Якаве, і ня прыкметна няшчасьця ў Ізраіле; Гасподзь, Бог ягоны, зь ім, і трубны царскі гук у яго;

22 Бог вывеў іх зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго;

23 няма чарадзейства ў Якаве і няма варажнечы ў Ізраілі. Сваім часам скажуць пра Якава і пра Ізраіля: вось, што творыць Бог!

24 Вось народ, як ільвіца ўстае, і як леў падымаецца; ня ляжа, пакуль ня зьесьць здабычы і пакуль не напэецца крыві забітых.

25 І сказаў Валак Валааму: ні клясьці не кляні яго, ні дабраслаўляць не дабраслаўляй яго.

26 І адказваў Валаам і сказаў Валаку: ці не казаў я табе, што я буду рабіць усё тое, што скажа мне Гасподзь?

27 І сказаў Валак Валааму: ідзі, я вазьму цябе на другое месца; можа, заўгодна будзе Богу, і адтуль праклянеш мне яго.

28 І ўзяў Валак Валаама на верх Фегора, абернутага да пустыні.

29 І сказаў Валаам Валаку: пастаў мне тут сем ахвярнікаў і падрыхтуй мне тут сем цялят і сем бараноў.

30 І зрабіў Валак, як сказаў Валаам, і ўзьнёс па цяляці і барану на кожным ахвярніку.

 

Разьдзел 24

 

1 Валаам убачыў, што Госпаду заўгодна дабраслаўляць Ізраіля, і не пайшоў, як раней, чарадзейнічаць, а павярнуўся тварам сваім да пустыні.

2 І зірнуў Валаам і ўбачыў Ізраіля, які стаяў паводле родаў сваіх, і быў на ім Дух Божы.

3 І прамовіў ён прытчу і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,

4 гаворыць той, хто чуе словы Божыя, які бачыць уявы Ўсемагутнага; падае, але адкрытыя вочы ягоныя:

5 такія цудоўныя намёты твае, Якаў, селішчы твае, Ізраіле!

6 расьсьцілаюцца яны як даліны, як сады над ракою, як альясавыя дрэвы, пасаджаныя Госпадам, як кедры каля вады;

7 пальецца вада зь вёдраў ягоных, і насеньне ягонае будзе як вялікія воды, пераўзыдзе Агага цар яго і ўзвысіцца царства ягонае.

8 Бог вывеў яго зь Егіпта, імклівасьць адзінарога ў яго, пажырае народы, варожыя яму, дробіць косьці іхнія і стрэламі сваімі бье.

9 Нахіліўся, і лёг, як леў і як ільвіца, — хто падыме яго? Хто дабраслаўляе цябе, той дабраславёны, і хто праклінае цябе, той пракляты!

10 І ўспалымніўся гнеў Валака на Валаама, і пляснуў ён рукамі сваімі, і сказаў Валак Валааму: я паклікаў цябе праклясьці ворагаў маіх, а ты дабраслаўляеш іх вось ужо трэці раз;

11 дык вось, бяжы ў сваё месца; я хацеў ушанаваць цябе, але вось, Гасподзь пазбаўляе цябе гонару.

12 І сказаў Валаам Валаку: «ці не казаў я паслам тваім, якіх ты пасылаеш да мяне:

13 ўхоць бы даваў мне Валак поўны свой дом срэбра і золата, не магу пераступіць загаду Гасподняга, каб зрабіць што-небудзь добрае альбо благое па сваёй волі: што скажа Гасподзь, тое і буду казаць»?

14 дык вось, я іду да народу свайго; ідзі, я абвяшчу табе, што зробіць народ гэты з народам тваім зь бегам часу.

15 І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гаворыць Валаам, сын Вэораў, гаворыць муж з адкрытым вокам,

16 гаворыць той, хто чуе словы Божыя, хто мае ўяву ад Усявышняга, хто бачыць уявы Ўсемагутнага, падае, але адкрытыя вочы ў яго.

17 Бачу Яго, але яшчэ ня сёньня; бачу Яго, але ня блізка. Узыходзіць зорка ад Якава і паўстае жазло ад Ізраіля, і бэе князёў Маава і валіць усіх сыноў Сітавых.

18 Эдом будзе пад валоданьнем, Сэір будзе пад валоданьнем ворагаў сваіх, а Ізраіль пакажа сілу.

19 Той, хто паходзіць ад Якава, авалодае і загубіць рэшткі горада.

20 І ўгледзеў ён Амаліка, і прамовіў прытчу сваю, і сказаў: першы з народаў Амалік, але канец ягоны — пагібель.

21 І ўгледзеў ён Кенэяў, і прамовіў ён прыпавесьць сваю, і сказаў: моцнае селішча тваё, і на скале ўладжана гняздо тваё;

22 але спустошаны будзе Каін, і неўзабаве Асур паняволіць цябе.

23 І прамовіў прыпавесьць сваю і сказаў: гора, хто ацалее, калі навядзе гэта Бог!

24 прыйдуць караблі ад Кітыма і ўрымсьцяць Асура і ўрымсьцяць Эвэра; але і ім пагібель!

25 І ўстаў Валаам і пайшоў назад у сваю мясьціну, а Валак таксама пайшоў сваёю дарогаю.

 

Разьдзел 25

 

1 І жыў Ізраіль у Сітыме, і пачаў народ блудадзейнічаць з дочкамі Маава,

2 і запрашалі яны народ да ахвяраваньня багам сваім, і еў народ і кланяўся багам іхнім.

3 І прыляпіўся Ізраіль да Ваал-Фегора. І ўспалымніўся гнеў Гасподні на Ізраіля.

4 І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі ўсіх правадыроў народу і павесь іх Госпаду перад сонцам, і адвернецца ад Ізраіля лютасьць гневу Гасподняга.

5 І сказаў Майсей судзьдзям Ізраілевым: забеце кожны людзей сваіх, якія прыляпіліся да Ваал-Фегора.

6 І вось, нехта з сыноў Ізраілевых прыйшоў і прывёў да братоў сваіх Мадыяніцянку, на вачах у Майсея і на вачах ва ўсяго супольства сыноў Ізраілевых, калі яны плакалі каля ўваходу ў скінію сходу.

7 Фінээс, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, убачыўшы гэта, устаў з супольства і ўзяў у руку сваю дзіду,

8 і ўвайшоў сьледам за Ізраільцянінам у спальню і пракалоў абодвух іх, Ізраільцяніна і жанчыну ў чэрава яе: і спынілася параза сыноў Ізраілевых.

9 А памерлых ад паразы было дваццаць чатыры тысячы.

10 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

11 Фінээс, сын Элеазара, сына Аарона сьвятара, адвёў лютасьць Маю ад сыноў Ізраілевых, парупіўшыся за Мяне сярод іх, і Я ня зьнішчыў сыноў Ізраілевых у руплівасьці Маёй;

12 таму скажы: вось Я даю яму Мой запавет міру,

13 і будзе ён яму і нашчадкам ягоным пасьля яго запаветам сьвятарства вечнага, за тое, што ён паказаў руплівасьць за Бога свайго і заступіўся за сыноў Ізраілевых.

14 Імя забітага Ізраільцяніна, які забіты з Мадыяніцянкаю, было Зімры, сын Салу, правадыр пакаленьня Сымонавага;

15 а імя забітай Мадыяніцянкі Хазва; яна была дачка Цура, правадыра Амота, з роду Мадыямскага.

16 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

17 уціскай Мадыямаў, і беце іх,

18 бо яны варожа зрабілі з вамі ў падступнасьці сваёй, завабіўшы вас Фегорам і Хазвою, дачкою правадыра Мадыямскага, сястрою сваёю, забітаю ў дзень паразы за Фегора.

 

Разьдзел 26

 

1 Пасьля гэтай паразы сказаў Гасподзь Майсею і Элеазару, сыну Аарона, сьвятару, кажучы:

2 палічэце ўсё супольства сыноў Ізраілевых ад дваццаці гадоў і вышэй, па семэях іхніх, усіх здольных ваяваць у Ізраіля.

3 І сказаў ім Майсей і Элеазар сьвятар на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона, кажучы:

4 палічэце ўсіх ад дваццаці гадоў і вышэй, як загадаў Гасподзь Майсею і сынам Ізраілевым, якія выйшлі зь зямлі Егіпецкай:

5 Рувім, першынец Ізраіля. Сыны Рувімавыя: ад Ханоха пакаленьне Ханохавае, ад Фалу, пакаленьне Фалуевае,

6 ад Хецрона пакаленьне Хецронавае, ад Хармі пакаленьне Харміевае;

7 вось пакаленьні Рувімавыя; і налічана іх сорак тры тысячы сямсот трыццаць.

8 І сыны Фалуевыя: Эліяў.

9 Сыны Эліява: Нэмуіл, Датан і Авірон. Гэта тыя Датан і Авірон, якіх клічуць на сход, якія ўчынілі бунт супроць Майсея і Аарона разам з саўдзельнікамі Карэя, калі гэтыя ўчынілі бунт супроць Госпада;

10 і разьзявіла зямля вусны свае і праглынула іх і Карэя: разам зь імі памерлі і саўдзельнікі іхнія, калі агонь зжэр дзьвесьце пяцьдзясят чалавек, і сталіся яны азнакаю;

11 але сыны Карэевыя не памерлі.

12 Сыны Сымонавыя паводле пакаленьняў іхніх: ад Нэмуіла пакаленьне Нэмуілавае, ад Яміна пакаленьне Ямінавае, ад Яхіна пакаленьне Яхінавае,

13 ад Зары пакаленьне Зарынавае, ад Саўла пакаленьне Саўлавае;

14 вось пакаленьні Сымонавыя: дваццаць дзьве тысячы дзьвесьце.

15 Сыны Гадавыя паводле пакаленьняў іхніх: ад Цафона пакаленьне Цафонавае, ад Хагія пакаленьне Хагіевае, ад Шунія пакаленьне Шуніевае,

16 ад Азьнія пакаленьне Азьніевае, ад Эрыя пакаленьне Эрыевае,

17 ад Арода пакаленьне Ародавае, ад Арэлія пакаленьне Арэліевае;

18 вось пакаленьні сыноў Гадавых, паводле падліку іх: сорак тысяч пяцьсот.

19 Сыны Юды: Ір і Анан; але Ір і Анан памерлі ў зямлі Ханаанскай;

20 і былі сыны Юдавыя паводле пакаленьняў іхніх: ад Шэлы пакаленьне Шэлавае, ад Фарэса пакаленьне Фарэсавае, ад Зары пакаленьне Заравае;

21 і былі сыны Фарэсавыя: ад Эсрома пакаленьне Эсромавае, ад Хамула пакаленьне Хамулавае;

22 вось пакаленьні Юдавыя, паводле падліку іх: семдзесят шэсьць тысяч пяцьсот.

23 Сыны Ісахаравыя паводле пакаленьняў іх: ад Толы пакаленьне Толавае, ад Фувы пакаленьне Фувавае,

24 ад Яшува пакаленьне Яшувавае, ад Шымрона пакаленьне Шымронавае;

25 вось пакаленьні Ісахаравыя, паводле падліку іх: шэсьцьдзясят чатыры тысячы трыста.

26 Сыны Завулонавыя паводле пакаленьняў іх: ад Сарэда пакаленьне Сарэдавае, ад Элона пакаленьне Элонавае, ад Яхлэіла пакаленьне Яхлэілавае;

27 вось пакаленьні Завулонавыя, паводле падліку іх: шэсьцьдзясят тысяч пяцьсот.

28 Сыны Язэпа паводле пакаленьняў іх: Манасія і Яфрэм.

29 Сыны Манасііныя: ад Махіра пакаленьне Махіравае; ад Махіра нарадзіўся Галаад, ад Галаада пакаленьне Галаадавае.

30 Вось сыны Галаадавыя: ад Езэра пакаленьне Езэравае, ад Хэлэка пакаленьне Хэлэкавае,

31 ад Асрыіла пакаленьне Асрыілавае, ад Шахэма пакаленьне Шахэмавае,

32 ад Шаміды пакаленьне Шамідавае, ад Хэфэра пакаленьне Хэфэравае.

33 У Салпаада, сына Хэфэравага, ня было сыноў, а толькі дочкі; імя дочак Салпаадавых: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца.

34 Вось пакаленьні Манасііныя; а налічана іх пяцьдзясят дзьве тысячы сямсот.

35 Вось сыны Яфрэмавыя паводле пакаленьняў іх: ад Шутэлы пакаленьне Шутэлавае, ад Бэхера, пакаленьне Бэхеравае, ад Тахана пакаленьне Таханавае;

36 і вось сыны Шутэлавыя: ад Арана пакаленьне Аранавае;

37 вось пакаленьне сыноў Яфрэмавых, паводле падліку іх: трыццаць дзьве тысячы пяцьсот. Вось сыны Язэпавыя паводле пакаленьняў іх.

38 Сыны Веньямінавыя паводле пакаленьняў іх: ад Бэлы пакаленьне Бэлавае, ад Ашбэла пакаленьне Ашбэлавае, ад Ахірама пакаленьне Ахірамавае,

39 ад Шэфуфама пакаленьне Шэфуфамавае, ад Хуфама пакаленьне Хуфамавае;

40 і былі сыны Бэлавыя: Ард і Нааман; пакаленьне Ардавае, ад Наамана пакаленьне Нааманавае;

41 вось сыны Веньямінавыя паводле пакаленьняў іх; а налічана іх сорак пяць тысяч шэсьцьсот.

42 Вось сыны Данавыя паводле пакаленьняў іх: ад Шухама пакаленьне Шухамавае; вось сямействы Данавыя паводле пакаленьня іх.

43 І ўсіх пакаленьняў Шухама, паводле падліку іх: шэсьцьдзясят чатыры тысячы чатырыста.

44 Сыны Асіравыя паводле пакаленьняў іх: ад Імны пакаленьне Імнавае, ад Ішвы пакаленьне Ішвавае, ад Вэрыі пакаленьньне Вэрыінае;

45 ад сыноў Вэрыі, ад Хэвэра пакаленьне Хэвэравае, ад Малхііла пакаленьне Малхіілавае;

46 імя дачкі Асіравай Сара;

47 вось пакаленьне сыноў Асіравых, паводле падліку іх: пяцьдзясят тры тысячы чатырыста.

48 Сыны Нэфталімавыя паводле пакаленьняў іх; ад Яхцаіла пакаленьне Яхцаілавае, ад Гунія пакаленьне Гуніевае,

49 ад Ецэра, пакаленьне Ецэравае, ад Шылэма пакаленьне Шылэмавае;

50 вось пакаленьні Нэфталімавыя паводле пакаленьняў іх; а налічана іх сорак пяць тысяч чатырыста.

51 Вось лік тых, што ўвайшлі ў падлік сыноў Ізраілевых: шэсьцьсот адна тысяча сямсот трыццаць.

52 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

53 гэтым на долю табе трэба разьдзяліць зямлю па колькасьці імёнаў;

54 хто большы лікам, тым дай долю большую, а хто меншы лікам, тым дай долю меншую: кожнаму трэба даць долю суразьмерна з колькасьцю тых, што ўвайшлі ў падлік;

55 паводле жэрабя трэба падзяліць зямлю, паводле плямёнаў бацькоў іхніх павінны яны атрымаць долі;

56 паводле жэрабя трэба падзяліць ім долі іхнія, як шматлікім, так і малалікім.

57 Гэтыя лявіты ўвайшлі ў падлік паводле пакаленьняў іх: ад Гірсона пакаленьне Гірсонавае, ад Каата пакаленьне Каатавае, ад Мэрары пакаленьне Мэрарынае.

58 Вось пакаленьні Лявііныя: пакаленьне Ліўніевае, пакаленьне Хэўронавае, пакаленьне Махліевае, пакаленьне Мушыевае, пакаленьне Карэевае. Ад Каата нарадзіўся Амрам.

59 Імя жонкі Амрамавай Ёхавэд, дачка Лявііная, якую нарадзіла жонка Лявііная ў Егіпце, а яна Амраму нарадзіла Аарона, Майсея і Марыям, сястру іхнюю.

60 І нарадзіліся ў Аарона Надаў і Авіуд, Элеазар і Ітамар;

61 Але Надаў і Авіуд памерлі, калі прынесьлі чужы агонь да Госпада.

62 І было налічана дваццаць тры тысячы ўсіх мужчынскага полу, ад аднаго месяца і вышэй; бо яны ня былі палічаны разам з сынамі Ізраілевымі, бо ня дадзена ім долі сярод сыноў Ізраілевых.

63 Вось палічаны Майсеем і Элеазарам сьвятаром, якія палічылі сыноў Ізраілевых на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона;

64 у ліку іх ня было ніводнага чалавека з палічаных Майсеем і Ааронам сьвятаром, якія лічылі сыноў Ізраілевых у пустыні Сінайскай;

65 бо Гасподзь сказаў ім, што памруць яны ў пустыні, — і не засталося зь іх нікога, акрамя Халева, сына Ефаніінага, і Ісуса, сына Нававага.

 

Разьдзел 27

 

1 І прыйшлі дочкі Салпаада, сына Хэфэра, сына Галаадавага, сына Махіравага, сына Манасіінага з пакаленьня Манасіі, сына Язэпавага, і вось імёны дочак ягоных: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца:

2 і сталі перад Майсеем і перад Элеазарам сьвятаром, і перад князямі і перад усім супольствам, каля ўваходу ў скінію сходу, і сказалі:

3 бацька наш памёр у пустыні, і ён ня быў у ліку саўдзельнікаў, што сабраліся супроць Госпада разам з грамадою Карэевай, але за свой грэх памёр, і сыноў у яго ня было;

4 за што зьнікаць імю бацькі нашага зь роду ягонага, бо няма ў яго сына? дай нам долю сярод братоў бацькі нашага.

5 І падаў Майсей справу іхнюю Госпаду.

6 І сказаў Гасподзь Майсею:

7 праўду кажуць дочкі Салпаадавыя; дай ім спадчынны надзел сярод братоў бацькі іхняга і перадай ім надзел бацькі іхняга;

8 і сынам Ізраілевым абвясьці і скажы: калі хто памрэ, ня маючы сына, дык перадавайце надзел ягоны дачцэ ягонай;

9 а калі няма ў яго дачкі, перадавайце надзел ягоны братам ягоным;

10 а калі няма ў яго братоў, аддавайце надзел ягоны братам бацькі ягонага;

11 а калі няма братоў бацькі ягонага, аддайце надзел ягоны блізкаму ягонаму родзічу з пакаленьня ягонага, каб ён успадкаваў яго; і хай будзе гэта сынам Ізраілевым пастаўлена ў закон, як загадаў Гасподзь Майсею.

12 І сказаў Гасподзь Майсею: падыміся на гэтую гару Аварым, і паглядзі на зямлю, якую Я дам сынам Ізраілевым;

13 і калі паглядзіш на яе, прыкладзіся да народу свайго і ты, як прыклаўся Аарон, брат твой;

14 бо вы не паслухаліся загаду Майго ў пустыні Сін, падчас раздору супольства, каб выявіць перад вачыма іхнімі сьвятасьць Маю каля водаў.

15 І сказаў Майсей Госпаду, кажучы:

16 хай паставіць Гасподзь, Бог духаў усякай плоці, над супольствам гэтым чалавека,

17 які выходзіў бы перад імі і які ўваходзіў бы перад імі, які выводзіў бы іх, каб не засталося супольства Гасподняе, як авечкі, у якіх няма пастуха.

18 І сказаў Гасподзь Майсею: вазьмі сабе Ісуса, сына Нава, чалавека, у якім ёсьць Дух, і пакладзі на яго руку тваю,

19 і пастаў яго перад Элеазарам сьвятаром і перад усім супольствам, і дай яму настаўленьне перад вачыма іхнімі,

20 і дай яму ад славы тваёй, каб слухала яго ўсё супольства сыноў Ізраілевых;

21 і будзе ён зьвяртацца да Элеазара сьвятара і пытацца ў яго пра рашэньне праз урым перад Госпадам; і па ягоным слове павінны ўваходзіць ён і ўсе сыны Ізраілевыя зь ім і ўсё супольства.

22 І зрабіў Майсей, як загадаў ім Гасподзь, і ўзяў Ісуса, і паставіў яго перад Элеазарам сьвятаром і перад усім супольствам;

23 і паклаў на яго рукі свае і даў яму настаўленьне, як казаў Гасподзь праз Майсея.

 

Разьдзел 28

 

1 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

2 загадай сынам Ізраілевым і скажы ім: сачэце, каб прынашэньне Маё, хлеб Мой у ахвяру Мне, дзеля прыемнай духмянасьці Мне, прыносілі Мне своечасова.

3 І скажы ім: вось агнявая ахвяра, якую вы павінны прыносіць Госпаду: два ягняці-адналеткі без пахібы на дзень, на цэласпаленьне пастаяннае;

4 адно ягня прынось раніцай, а другое ягня прынось увечары;

5 і ў прынашэньне хлебнае дзясятую долю эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з чацьвярцінаю гіна чаўленага алею;

6 гэта цэласпаленьне пастаяннае, якое ўчынена было каля гары Сінай, дзеля прыемнай духмянасьці, у ахвяру Госпаду;

7 і паліваньне пры ёй чацьвярціну гіна на адно ягня; на сьвятым месцы палівай паліваньне, віно Госпаду.

8 Другое ягня прынось увечары, з такім хлебным прынашэньнем, як раніцай, і з такім самым паліваньнем пры ім прынось яго ў ахвяру, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

9 А ў суботу прыносьце два ягняці адналеткі без пахібы, і ў прынашэньне хлебнае дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, і паліваньне пры ім:

10 гэта суботняе цэласпаленьне кожнае суботы, звыш пастаяннага цэласпаленьня і паліваньня пры ім.

11 І на маладзікі вашыя прыносьце цэласпаленьне Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак без пахібы,

12 і тры дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на адно цяля, і дзьве дзясятыя долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на барана,

13 і па дзясятай долі эфы пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, у прынашэньне хлебнае на кожнае ягня; гэта цэласпаленьне, прыемная духмянасьць, ахвяра Госпаду;

14 і паліваньня пры іх павінна быць паўгіна віна на цяля, траціна гіна на барана і чацьвярціна гіна на ягня; гэта цэласпаленьне на час кожнага маладзіка ў кожны месяц года.

15 І аднаго казла прыносьце Госпаду ў ахвяру за грэх; звыш цэласпаленьня пастаяннага трэба прыносіць яго з паліваньнем яго.

16 У першы месяц, на чатырнаццаты дзень месяца Пасха Гасподняя.

17 І на пятнаццаты дзень гэтага месяца сьвята; сем дзён трэба есьці праснакі.

18 У першы дзень сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце;

19 і прыносьце ахвяру, цэласпаленьне Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак; без пахібы яны павінны быць у вас;

20 і пры іх у прынашэньне хлебнае прыносьце пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае цяля, і дзьве дзясятыя долі эфы на барана,

21 і па дзясятай долі эфы прынось на кожнае зь сямі ягнят,

22 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, для ачышчэньня вас;

23 звыш ранішняга цэласпаленьня, якое ёсьць цэласпаленьне пастаяннае, прыносьце гэта.

24 Так прыносьце і ў кожны зь сямі дзён; гэта хлеб, ахвяра, прыемная духмянасьць Госпаду; звыш цэласпаленьня пастаяннага і паліваньня яго, трэба прыносіць гэта.

25 І на сёмы дзень хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце.

26 І ў дзень першых пладоў, калі прыносіце Госпаду новае прынашэньне хлебнае ў сяміцы вашыя, хай будзе сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце;

27 і прыносьце цэласпаленьне дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду: з буйнога быдла два цяляці, аднаго барана і сем ягнят-адналетак,

28 і пры іх у прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае цяля, дзьве дзясятыя эфы на барана;

29 і па дзясятай долі эфы на кожнае зь сямі ягнят,

30 і аднаго казла, дзеля ачышчэньня вас,

31 звыш пастаяннага цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня пры ім, прыносьце з паліваньнем іх; без пахібы павінны быць яны ў вас.

 

Разьдзел 29

 

1 І сёмага месяца, у першы дзень месяца, хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце; хай будзе гэта ў вас дзень трубнага гуку;

2 і прыносьце цэласпаленьне дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду: адно цяля, аднаго барана, сем ягнят-адналетак, без пахібы,

3 і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на цяля, дзьве дзясятыя долі эфы на барана,

4 і адну дзясятую долі эфы на кожнае зь сямі ягнят,

5 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, дзеля ачышчэньня вас,

6 звыш цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня яго ў дзень маладзіка, і звыш пастаяннага цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня іх, паводле ўстанаўленьня, дзеля прыемнай духмянасьці Госпаду.

7 І на дзясяты дзень гэтага сёмага месяца хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход: упакорвайце тады душы вашыя і ніякай працы не рабеце;

8 і прыносьце цэласпаленьне Госпаду дзеля прыемнай духмянасьці: адно цяля, аднаго барана сем ягнят-адналетак; без пахібы хай будуць яны ў вас;

9 і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на цяля, дзьве дзясятыя долі эфы на барана,

10 і па дзясятай долі эфы на кожнае зь сямі ягнят,

11 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш ахвяры за грэх, якая прыносіцца ў дзень ачышчэньня, і звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня іх.

12 І на пятнаццацты дзень сёмага месяца хай будзе ў вас сьвяшчэнны сход; ніякай працы не рабеце і сьвяткуйце сьвята Гасподняе сем дзён;

13 і прыносьце цэласпаленьне, ахвяру, прыемную духмянасьць Госпаду: трынаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак; без пахібы хай будуць яны;

14 і зь імі ў прынашэньне хлебнае пшанічнай мукі, зьмяшанай з алеем, тры дзясятыя долі эфы на кожнае з трынаццаці цялят, дзьве дзясятыя долі эфы на кожнага з двух бараноў,

15 і па дзясятай долі эфы на кожнае з чатырнаццаці ягнят,

16 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня яго і паліваньня яго.

17 І на другі дзень дванаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

18 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

19 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня іх.

20 І на трэці дзень адзінаццаць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят адналеткаў, без пахібы,

21 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

22 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

23 І на чацьвёрты дзень дзесяць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

24 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

25 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

26 і на пяты дзень дзевяць цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

27 і зь імі прынашэньбне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

28 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

29 І на шосты дзень восем цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

30 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

31 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

32 і на сёмы дзень сем цялят, двух бараноў, чатырнаццаць ягнят-адналетак, без пахібы,

33 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цялят, бараноў і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

34 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

35 На восьмы дзень хай будзе ў вас адданьне сьвята; ніякай працы не рабеце;

36 і прыносьце цэласпаленьне, ахвяру, прыемную духмянасьць Госпаду: адно цяля, аднаго барана, сем ягнят-адналетак, без пахібы,

37 і зь імі прынашэньне хлебнае і паліваньне для цяляці, барана і ягнят, па ліку іх, паводле ўстанаўленьня,

38 і аднаго казла ў ахвяру за грэх, звыш цэласпаленьня пастаяннага і хлебнага прынашэньня і паліваньня яго.

39 Прыносьце гэта Госпаду ў сьвяты вашыя, звыш таго, што вы прыносіце, паводле абяцаньня і па рупнасьці, цэласпаленьняў вашых і хлебных прынашэньняў вашых і паліваньняў вашых і мірных ахвяраў вашых.

 

Разьдзел 30

 

1 І пераказаў Майсей сынам Ізраілевым усё, што загадаў Гасподзь Майсею.

2 І сказаў Майсей правадырам плямёнаў сыноў Ізраілевых, кажучы: вось, што загадаў Гасподзь:

3 калі хто дасьць абяцаньне Госпаду, альбо прысягне клятваю, паклаўшы зарок на душу сваю, дык ён не павінен парушаць слова свайго, а павінен выконваць усё, што выйшла з вуснаў ягоных.

4 Калі жанчына дасьць абяцаньне Госпаду і накладзе на сябе зарок у доме бацькі свайго, у маладосьці сваёй,

5 і пачуе бацька абяцаньне яе і зарок, які яна наклала на душу сваю, і змоўчыць пра тое бацька яе, дык усе абяцаньні яе збудуцца, і кожны зарок яе, які яна паклала на душу сваю, збудзецца;

6 калі ж бацька яе, пачуўшы, забароніць ёй, дык усе абяцаньні яе і зарокі, якія яна паклала на душу сваю, ня збудуцца, і Гасподзь даруе ёй, бо забараніў ёй бацька яе.

7 Калі яна выйдзе замуж, а на ёй абяцаньне яе, альбо слова вуснаў яе, якім яна зьвязала сябе,

8 і пачуе муж яе і, пачуўшы, змоўчыць, дык абяцаньні яе збудуцца, і зарокі яе, якія яна наклала на душу сваю, збудуцца;

9 а калі муж яе, пачуўшы, забароніць ёй і адкіне абяцаньне яе, якое на ёй, і слова вуснаў яе, якім яна зьвязала сябе, і Гасподзь даруе ёй.

10 А абяцаньне ўдавы і разьведзенай, які б яна ні паклала зарок на душу сваю, адбудзецца.

11 Калі жонка ў доме мужа свайго дала абяцаньне, альбо паклала зарок на душу сваю з клятваю,

12 і муж яе чуў, і змоўчаў пра тое, і не забараніў ёй, дык усе абяцаньні яе збудуцца, і ўсякі зарок, які яна паклала на душу сваю, адбудзецца;

13 а калі муж яе, пачуўшы, адхіліў іх, дык усе абяцаньні яе, што выйшлі з вуснаў яе, і зарокі душы яе не адбудуцца: муж яе зьнішчыў іх, і Гасподзь даруе ёй.

14 Кожнае абяцаньне і кожны зарок з клятваю, каб упакорыць душу, муж яе можа сьцьвердзіць, і муж яе можа адхіліць;

15 а калі муж яе маўчаў пра тое дзень у дзень, дык ён тым самым сьцьвердзіў усе абяцаньні яе і ўсе зарокі яе, якія на ёй, сьцьвердзіў, бо ён, пачуўшы, маўчаў пра тое;

16 а калі адхіліў іх, пасьля таго як пачуў, дык ён узяў на сябе грахі яе.

17 Вось устанаўленьні, якія Гасподзь наказаў Майсею пра адносіны паміж мужам і жонкаю ягонай, паміж бацькам і дачкою ягонай у маладосьці яе, у доме ў бацькі яе.

 

Разьдзел 31

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

2 адпомсьці Мадыяніцянам за сыноў Ізраілевых, і потым адыдзеш да народу твайго.

3 І сказаў Майсей народу, кажучы: узбройце спаміж сябе людзей на вайну, каб яны пайшлі супроць Мадыяніцянаў учыніць помсту Гасподнюю Мадыяніцянам;

4 па тысячы з племя, ад усіх плямёнаў Ізраілевых пашлеце на вайну.

5 І вылучана з тысячаў Ізраілевых, па тысячы з племя, дванаццаць тысяч узброеных на вайну.

6 І паслаў іх Майсей на вайну, па тысячы з племя, іх і Фінээса, сына Элеазара, сьвятара, на вайну, і ў руцэ ў яго сьвяшчэнны посуд і трубы на трывогу.

7 І пайшлі вайною на Мадыяма, як загадаў Гасподзь Майсею, і забілі ўсіх мужчынскага полу;

8 і разам з забітымі іхнімі забілі цароў Мадыямскіх: Эвія, Рэкема, Цура, Хура і Рэву, пяць цароў Мадыямскіх, і Валаама, сына Вэоравага, забілі мечам;

9 а жанок Мадыямскіх і дзяцей іхніх сыны Ізраілевыя ўзялі ў палон, і ўсё быдла іхняе, і ўсе статкі іхнія, і ўсю маёмасьць іхнюю ўзялі як здабычу,

10 і ўсе гарады іхнія ва ўладаньнях іхніх і ўсе селішчы іхнія спалілі агнём;

11 і ўзялі ўсё захопленае і ўсю здабычу, ад чалавека да быдла;

12 і даставілі палонных і здабычу і захопленае да Майсея і да Элеазара сьвятара і да супольства сыноў Ізраілевых, да табара, на раўніны Маавіцкія, што каля Ярдана, насупраць Ерыхона.

13 І выйшлі Майсей і Элеазар сьвятар і ўсе князі супольства насустрач ім з табара.

14 І ўгневаўся Майсей на ваеначальнікаў, тысячнікаў і сотнікаў, якія прыйшлі з вайны,

15 і сказаў ім Майсей: вы пакінулі жывымі ўсіх жанчын?

16 вось яны, з парады Валаамавай, былі сынам Ізраілевым прычынаю адступленьня ад Госпада дзеля дагоды Фэгору, за што і параза была ў супольстве Гасподнім;

17 дык вось, забеце ўсіх дзяцей мужчынскага полу, і ўсіх жанчын, якія спазналі мужа на мужавым ложку, забеце;

18 а ўсіх дзяцей жаночага полу, якія не спазналі мужавага ложка, пакіньце жывымі сабе;

19 і прабудзьце за табарам сем дзён; кожны, хто забіў чалавека і дакрануўся да мёртвага, ачысьціцеся на трэці дзень і на сёмы дзень, вы і палонныя вашыя;

20 і ўсё адзеньне, і ўсе скураныя рэчы, і ўсё зробленае з казінай воўны, і ўвесь драўляны посуд ачысьціце.

21 І сказаў Элеазар сьвятар воінам, якія хадзілі на вайну: вось пастанова закона, які наказаў Гасподзь Майсею:

22 золата, срэбра, медзь, жалеза, волава і сьвінец,

23 і ўсё, што праходзіць праз агонь, правядзеце праз агонь, каб яно ачысьцілася, а акрамя таго і ачышчальнаю вадою трэба ачысьціць; а ўсё, што не праходзіць праз агонь, правядзеце праз ваду;

24 і вопратку вашу вымыйце на сёмы дзень, і ачысьціцеся, і пасьля таго ўваходзьце ў табар.

25 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

26 палічы здабычу палону, ад чалавека да быдла, ты і Элеазар сьвятар і правадыры плямёнаў супольства;

27 і падзялі здабычу напалам паміж ваярамі, якія хадзілі на вайну, і супольствам;

28 і з ваяроў, якія хадзілі на вайну, вазьмі даніну Госпаду, па адной душы зь пяцісот, зь людзей і буйнога быдла, і з аслоў і з дробнага быдла;

29 вазьмі гэта з палавіны іхняй і аддай Элеазару сьвятару дзеля прынашэньня Госпаду;

30 і з палавіны сыноў Ізраілевых вазьмі па адной долі зь пяцідзесяці, зь людзей, з буйнога быдла, з аслоў і з дробнага быдла і аддай гэта лявітам, якія служаць пры скініі Гасподняй.

31 І зрабіў Майсей і Элеазар сьвятар, як загадаў Гасподзь Майсею.

32 І было здабычы, якая засталася ад захопленага, што захапілі тыя, якія былі на вайне: дробнага быдла шэсьцьсот семдзесят пяць тысяч,

33 буйнога быдла семдзесят дзьве тысячы,

34 аслоў шэсьцьдзясят адна тысяча,

35 людзей, жанчын, якія ня ведалі мужчынскага ложка, усіх душ трыццаць дзьве тысячы.

36 Палавіна, доля тых, што хадзілі на вайну, пасьля падліку была: дробнага быдла трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот,

37 і даніна Госпаду з дробнага быдла шэсьцьсот семдзесят пяць;

38 буйнога быдла трыццаць шэсьць тысяч, і даніна зь іх Госпаду семдзесят два;

39 аслоў трыццаць тысяч пяцьсот, і даніна зь іх Госпаду шэсьцьдзясят адзін;

40 людзей шаснаццаць тысяч, і даніна зь іх Госпаду трыццаць дзьве душы.

41 І аддаў Майсей даніну, прынашэньне Госпаду, Элеазару сьвятару, як загадаў Гасподзь Майсею.

42 І з палавіны сыноў Ізраілевых, якую аддзяліў Майсей ад тых, што былі на вайне;

43 а палавінам на долю супольства была: дробнага быдла трыста трыццаць сем тысяч пяцьсот,

44 буйнога быдла трыццаць шэсьць тысяч,

45 аслоў трыццаць тысяч пяцьсот,

46 людзей шаснаццаць тысяч.

47 З палавіны сыноў Ізраілевых узяў Майсей адну пяцідзясятую частку зь людзей і з быдла і аддаў гэта лявітам, якія выконваюць службу пры скініі Гасподняй, як загадаў Гасподзь Майсею.

48 І прыйшлі да Майсея правадыры над тысячамі войска, тысячнікі і сотнікі,

49 і сказалі Майсею: рабы твае палічылі воінаў, якія нам даручаны, і ня ўбыло ніводнага зь іх;

50 і вось, мы прынесьлі прынашэньне Госпаду, хто што дастаў з залатых рэчаў, ланцужкі, запясьці, пярсьцёнкі, завушніцы і падвескі, дзеля ачышчэньня душаў нашых перад Госпадам.

51 І ўзяў у іх Майсей і Элеазар сьвятар золата ва ўсіх гэтых вырабах;

52 і было ўсяго золата, якое прынесена ў прынашэньне Госпаду, шаснаццаць тысяч сямсот пяцьдзясят сікляў, ад тысячнікаў і сотнікаў.

53 Воіны рабавалі кожны сабе.

54 І ўзяў Майсей і Элеазар сьвятар золата ад тысячнікаў і сотнікаў, і прынесьлі яго ў скінію сходу, у памяць сыноў Ізраілевых перад Госпадам.

 

Разьдзел 32

 

1 У сыноў Рувімавых і ў сыноў Гадавых статкаў было вельмі многа; і ўбачылі яны, што зямля Язэр і зямля Галаад ёсьць месца прыдатнае статкам;

2 і прыйшлі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя і сказалі Майсею і Элеазару і князям супольства, кажучы:

3 Атарот і Дывон, і Язэр і Німра, і Эсэвон і Элале, і Сэвам і Нэво і Вэон.

4 зямля, якую Гасподзь пабіў перад супольствам Ізраілевым, ёсьць зямля прыдатная для статкаў, а ў рабоў тваіх ёсьць статкі.

5 І сказалі: калі мы здабылі ўпадабаньне ў вачах тваіх, аддай зямлю гэтую рабам тваім у валоданьне; не пераводзь нас праз Ярдан.

6 І сказаў Майсей сынам Гадавым і сынам Рувімавым: браты вашыя пойдуць на вайну, а вы застанецеся тут?

7 дзеля чаго вы ўхіляеце сэрца сыноў Ізраілевых ад пераходу ў зямлю, якую дае ім Гасподзь?

8 так рабілі бацькі вашыя, калі я пасылаў іх з Кадэс-Варні на агляд зямлі:

9 яны даходзілі да даліны Эсхол, і бачылі зямлю і ўхілілі сэрца сыноў Ізраілевых, каб ня йшлі яны ў зямлю, якую Гасподзь дае ім;

10 і запалаў таго дня гнеў Госпада, і пакляўся ён, кажучы:

11 людзі гэтыя, якія выйшлі зь Егіпта, ад дваццаці гадоў і вышэй, не пабачаць зямлі, пра якую я запрысягаўся Абрагаму, Ісааку і Якаву, бо яны ня слухаліся Мяне,

12 апрача Халева, сына Ефаніінага, Кенэзэяніна, і Ісуса, сына Нававага, бо яны слухаліся Госпада.

13 І запалаў гнеў Госпада на Ізраіля, і вадзіў Ён іх па пустыні сорак гадоў, пакуль ня скончыўся ўвесь род, які ўчыніў зло ў вачах Гасподніх.

14 І вось, замест бацькоў вашых паўсталі вы, выродзьдзе грэшнікаў, каб узмацніць яшчэ больш лютасьць гневу Гасподняга на Ізраіля.

15 Калі вы адвернецеся ад Яго, дык Ён зноў пакіне яго ў пустыні, і вы згубіце ўвесь народ гэты.

16 І пайшлі яны да яго і сказалі: мы пабудуем тут авечыя кашары для статкаў нашых і гарады дзецям нашым;

17 а самыя мы першыя ўзброімся і пойдзем перад сынамі Ізраілевымі, пакуль не прывядзём іх у мясьціны іхнія; а дзеці нашыя няхай застануцца ва ўмацаваных гарадах дзеля бясьпекі ад жыхароў зямлі;

18 ня вернемся ў дамы нашыя, пакуль ня ўступяць сыны Ізраілевыя кожны ў надзел свой;

19 бо мы ня возьмем зь імі надзелу па той бок Ярдана і далей, калі надзел нам дастанецца па гэты бок Ярдана, на ўсход.

20 І сказаў ім Майсей: калі вы гэта зробіце, калі ўзброеныя пойдзеце на вайну перад Госпадам,

21 і пойдзе кожны з вас узброены за Ярдан перад Госпадам, пакуль ня зьнішчыць Ён ворагаў Сваіх перад Сабою,

22 і ўпакорана будзе зямля перад Госпадам, дык потым вернецеся і будзеце невінаватыя перад Госпадам і перад Ізраілем, і будзе зямля гэтая ў вас у валоданьні перад Госпадам;

23 а калі ня зробіце так, дык згрэшыце перад Госпадам і зьведаеце кару за грэх ваш, якая спасьцігне вас;

24 будуйце сабе гарады дзецям вашым і кашары авечкам вашым і рабеце, што вымаўлена вуснамі вашымі.

25 І сказалі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя Майсею: рабы твае зробяць, як загадвае гаспадар наш;

26 дзеці нашыя, жонкі нашыя, статкі нашыя і ўсё быдла наша застануцца тут у гарадах Галаада,

27 а рабы твае, усе ўзброіўшыся, як ваяры, пойдуць перад Госпадам на вайну, як кажа гаспадар наш.

28 І даў Майсей пра іх загад Элеазару сьвятару і Ісусу, сыну Нава, і правадырам плямёнаў сыноў Ізраілевых,

29 і сказаў ім Майсей: калі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя пяройдуць з вамі за Ярдан, усе ўзброіўшыся на вайну перад Госпадам, і ўпакорана будзе перад вамі зямля, дык аддайце ім зямлю Галаад у валоданьне;

30 а калі ня пойдуць яны з вамі ўзброеныя, і яны атрымаюць валоданьне разам з вамі ў зямлі Ханаанскай.

31 І адказвалі сыны Гадавыя і сыны Рувімавыя і сказалі: як сказаў Гасподзь рабам тваім, так і зробім;

32 мы пойдзем узброеныя перад Госпадам у зямлю Ханаанскую, а надзел валоданьня нашага хай будзе па гэты бок Ярдана.

33 І аддаў Майсей ім, сынам Гадавым і сынам Рувімавым, і палавіне племя Манасіі, сына Язэпавага, царства Сігона, цара Амарэйскага, і царства Ога, цара Васанскага, зямлю з гарадамі яе і навакольлем, гарады зямлі ва ўсе бакі.

34 І пабудавалі сыны Гадавыя Дывон і Атарот і Араэр,

35 і Атарот-Шотан і Язэр і Ёгбэгу,

36 і Бэт-Німру і Бэт Гаран, гарады ўмацаваныя і кашары авечкам.

37 і сыны Рувімавыя пабудавалі Эсэвон, Элэале, Кірыятаім,

38 і Нэво і Ваал-Мэон, назвы якіх пераменены, і Сімву, і далі назвы гарадам, якія яны пабудавалі.

39 І пайшлі сыны Махіра, сына Манасіінага, у Галаад, і ўзялі яго, і выгналі Амарэяў, якія былі ў ім;

40 і аддаў Майсей Галаад Махіру, сыну Манасіінаму, і ён пасяліўся ў ім.

41 І Яір, сын Манасіін, пайшоў і ўзяў селішчы іхнія, і назваў іх: селішчы Яіравыя.

42 І Новах пайшоў і ўзяў Кенат і залежныя ад яго гарады, і назваў яго сваім імем: Новах.

 

Разьдзел 33

 

1 Вось табары сыноў Ізраілевых, якія выйшлі зь зямлі Егіпецкай рушэньнямі сваімі, пад начальствам Майсея і Аарона,

2 Майсей, па загадзе Гасподнім, апісаў падарожжа іхняе па табарах іхніх, і вось табары падарожжа іхняга:

3 з Раамсэса выправіліся яны ў першы месяц, у пятнаццаты дзень першага месяца; на другі дзень Пасхі выйшлі сыны Ізраілевыя пад рукою высокаю на вачах усяго Егіпта;

4 між тым Егіпцяне хавалі сваіх першынцаў, якіх пабіў у іх Гасподзь, і над багамі іхнімі Гасподзь учыніў суд.

5 Так выправіліся сыны Ізраілевыя з Раамсэса і разьмясьціліся табарам у Сакхоце.

6 І выправіліся з Сакхота і разьмясьціліся табарам у Этаме, што на краі пустыні.

7 І выправіліся з Этама, і павярнулі да Пі-Гахірота, што перад Ваал-Цэфонам, і разьмясьціліся табарам перад Мігдолам.

8 Выправіліся ад Гахірота, прайшлі сярод мора ў пустыню, і ішлі тры дні пустыняю Этам, і разьмясьціліся табарам у Мэры.

9 І выправіліся з Мэры і прыйшлі ў Элім; а ў Эліме дванаццаць крыніц вады і семдзесят фінікавых дрэў, і разьмясьціліся там табарам.

10 І выправіліся з Эліма і разьмясьціліся табарам каля Чэрмнага мора.

11 І выправіліся ад Чэрмнага мора і разьмясьціліся табарам у пустыні Сін.

12 І выправіліся з пустыні Сін і разьмясьціліся табарам у Дофцы.

13 І выправіліся з Дофкі і разьмясьціліся табарам у Алушы.

14 І выправіліся з Алуша і разьмясьціліся табарам у Рэфідыме, і ня было там вады, каб піць народу.

15 І выправіліся з Рэфідыма і разьмясьціліся табарам у пустыні Сінайскай.

16 І выправіліся з пустыні Сінайскай і разьмясьціліся табарам у Кіброт-Гатааве.

17 І выправіліся зь Кіброт-Гатаавы і разьмясьціліся табарам у Асіроце.

18 І выправіліся з Асірота і разьмясьціліся табарам у Рытме.

19 І выправіліся з Рытмы і разьмясьціліся табарам у Рымнон-Фарэце.

20 І выправіліся з Рымнон-Фарэца і разьмясьціліся табарам у Ліўне.

21 І выправіліся зь Ліўны і разьмясьціліся табарам у Рысе.

22 І выправіліся з Рысы і разьмясьціліся табарам у Кегелаце.

23 І выправіліся зь Кегелаты і разьмясьціліся табарам на гары Шафэр.

24 І выправіліся ад гары Шафэр і разьмясьціліся табарам у Харадзе.

25 І выправіліся з Харады і разьмясьціліся табарам у Макелоце.

26 І выправіліся з Макелота і разьмясьціліся табарам у Тахаце.

27 І выправіліся з Тахата і разьмясьціліся табарам у Тараху.

28 І выправіліся з Тараха і разьмясьціліся табарам у Мітцы.

29 І выправіліся з Міткі і разьмясьціліся табарам у Хашмоне.

30 І выправіліся з Хашмоны і разьмясьціліся табарам у Масэроце.

31 І выправіліся з Масэрота і разьмясьціліся табарам у Бэнэ-Яакане.

32 І выправіліся з Бэнэ-Яакана і разьмясьціліся табарам у Хор-Агідгадзе.

33 І выправіліся з Хор-Агідгада і разьмясьціліся табарам у Ётваце.

34 І выправіліся ад Ётваты і разьмясьціліся табарам у Аўроне.

35 І выправіліся з Аўрона і разьмясьціліся табарам у Эцэён-Гавэры.

36 І выправіліся з Эцэён-Гавэра і разьмясьціліся табарам у пустыні Сін; яна ж Кадэс.

37 І выправіліся з Кадэса і разьмясьціліся табарам на гары Ор, каля межаў зямлі Эдомскай.

38 І ўзышоў Аарон сьвятар на гару Ор па загадзе Гасподнім і памёр там на саракавым годзе пасьля выхаду зь зямлі Егіпецкай, на пятым месяцы, у першы дзень месяца.

39 Аарону было сто дваццаць тры гады, калі памёр на гары Ор.

40 Ханаанскі цар Арада, які жыў на поўдні зямлі Ханаанскай, пачуў тады, што ідуць сыны Ізраілевыя.

41 І выправіліся яны ад гары Ор і разьмясьціліся табарам у Салмоне.

42 І выправіліся з Салмона і разьмясьціліся табарам у Пуноне.

43 І выправіліся з Пунона і разьмясьціліся табарам у Авоце.

44 І выправіліся з Авота і разьмясьціліся табарам у Ійм-Аварыме на межах Маава.

45 І выправіліся зь Ійма і разьмясьціліся табарам у Дывон-Гадзе.

46 І выправіліся з Дывон-Гада і разьмясьціліся табарам у Алмон-Дыўлатаіме.

47 І выправіліся з Алмон-Дыўлатаіма і разьмясьціліся табарам на гарах Аварымскіх перад Нэво.

48 І выправіліся ад гор Аварымскіх і разьмясьціліся табарам на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона;

49 яны разьмясьціліся табарам каля Ярдана ад Бэт-Ешымота да Авэ-Сітыма на раўнінах Маавіцкіх.

50 І сказаў Гасподзь Майсею на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана, насупраць Ерыхона, кажучы:

51 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі пяройдзеце празь Ярдан у зямлю Ханаанскую,

52 дык праганеце ад сябе ўсіх жыхароў зямлі і зьнішчыце ўсе выявы іх, і ўсіх літых ідалаў іхніх зьнішчыце і ўсе капішчы іхнія спустошце;

53 і вазьмеце ў валоданьне зямлю і пасялецеся на ёй, бо Я вам даю зямлю гэтую ў валоданьне;

54 і падзялеце зямлю па жэрабі на надзелы плямёнам вашым: шматлікаму дайце надзел большы, а малалікаму дай надзел меншы; каму дзе выпадзе жэрабя, там яму і будзе надзел; паводле плямёнаў бацькоў вашых вазьмеце сабе надзелы;

55 А калі вы не прагоніце ад сябе жыхароў зямлі, дык тыя зь іх, што застануцца, будуць цернямі для вачэй вашых і асьцюкамі для бакоў вашых і будуць уціскаць вас на зямлі, у якой вы жыцьмеце,

56 і тады, што Я намерыўся зрабіць ім, зраблю вам.

 

Разьдзел 34

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

2 загадай сынам Ізраілевым і скажы ім: калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаанскую, дык вось зямля, якая дастанецца вам у надзел, зямля Ханаанская зь яе межамі:

3 паўднёвы бок будзе ў вас ад пустыні Сін, каля Эдома, і пойдзе ў вас паўднёвая мяжа ад канца Салёнага мора з усходу,

4 і пойдзе мяжа на поўдзень да ўзвышша Акравіма і пойдзе праз Сін, і будуць выступы яе на поўдзень да Кадэс-Варні, адтуль пойдзе да Гацар-Адара і пройдзе праз Ацмон;

5 ад Ацмона пойдзе мяжа да патока Егіпецкага, і будуць выступы яе да мора;

6 а мяжою заходняю будзе ў вас вялікае мора: гэта будзе ў вас мяжа на захад;

7 а на поўнач будзе ў вас мяжа: ад вялікага мора правядзеце яе да гары Ор,

8 ад гары Ор правядзеце да Эмата, і будуць выступы мяжы да Цэдада;

9 адтуль пойдзе мяжа да Цыфрона, і выступы яе будуць да Гацар-Энана: гэта будзе ў вас мяжа паўночная;

10 мяжу ўсходнюю правядзеце сабе ад Гацар-Энана да Шэфама,

11 ад Шэфама пойдзе мяжа да Рыблы, з усходняга боку Аіна, потым пойдзе мяжа і кранецца берагоў мора Кінэрэт з усходняга боку;

12 і пойдзе мяжа да Ярдана, і будуць выступы яе да Салёнага мора. Гэта будзе мяжа ваша ў межах яе з усіх бакоў.

13 І загадаў Майсей сынам Ізраілевым і сказаў: вось зямля, якую вы падзеліце на надзелы па жэрабі, якую загадаў Гасподзь даць дзевяці плямёнам і палавіне племя;

14 бо племя сыноў Рувімавых паводле сямействаў іхніх, і племя сыноў Гадавых паводле сямействаў іхніх, і палавіна племя Манасіінага, атрымалі надзел свой;

15 два плямёны і палавіна племя атрымалі надзел свой за Ярданам насупраць Ерыхона на ўсход.

16 І сказаў Гасподзь Майсею, кажучы:

17 вось імёны мужоў, якія будуць дзяліць вам зямлю: Элеазар сьвятар і Ісус, сын Наваў;

18 і па адным князі ад племя вазьмеце для падзелу зямлі.

19 І вось імёны гэтых мужоў: для племя Юдавага Халеў, сын Ефаніін;

20 для племя сыноў Сымонавых Самуіл, сын Аміудаў;

21 для племя Веньямінавага Элідад, сын Кіслонаў;

22 для племя сыноў Данавых князь Букій, сын Ёгліі;

23 для сыноў Язэпавых, для племя сыноў Манасііных князь Ханііл, сын Эфодаў;

24 для племя сыноў Яфрэмавых князь Кемуіл, сын Шыфтанаў;

25 для племя сыноў Завулонавых князь Эліцафан, сын Фарнакаў;

26 для племя сыноў Ісахаравых князь Фалтыіл, сын Азанаў;

27 для племя сыноў Асіравых князь Ахіуд, сын Шэломія;

28 для племя сыноў Нэфталімавых князь Пэдаіл, сын Аміудаў;

29 вось тыя, каму загадаў Гасподзь падзяліць надзелы сынам Ізраілевым у зямлі Ханаанскай.

 

Разьдзел 35

 

1 І сказаў Гасподзь Майсею на раўнінах Маавіцкіх каля Ярдана насупраць Ерыхона, кажучы:

2 загадай сынам Ізраілевым, каб яны з надзелаў валоданьня свайго далі лявітам гарады для жыхарства; і палі пры гарадах з усіх бакоў дайце лявітам.

3 Гарады будуць ім для жыхарства, а палі будуць для быдла іхняга і для маёмасьці іхняй і для ўсіх жыцьцёвых патрэбаў іхніх.

4 Палі каля гарадоў, якія вы павінны даць лявітам, ад сьцяны горада павінны прасьцірацца на дзьве тысячы локцяў, ва ўсе бакі.

5 І адмерце за горадам на ўсходні бок дзьве тысячы локцяў, і на паўднёвы бок дзьве тысячы локцяў, а пасярэдзіне горад: такія будуць у іх палі каля гарадоў.

6 З гарадоў, якія вы дасьце лявітам, будуць шэсьць гарадоў пад сховы, у якія вы дазволіце ўцякаць забойцу; і звыш іх дайце сорак два гарады.

7 Усіх гарадоў, якія вы павінны даць лявітам, будзе сорак восем гарадоў, з палямі каля іх.

8 І калі будзеце даваць гарады з валоданьня сыноў Ізраілевых, тады з большага дайце больш, зь меншага менш; кожнае племя, гледзячы па надзеле, які атрымае, павінна даць з гарадоў сваіх лявітам.

9 І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

10 абвясьці сынам Ізраілевым і скажы ім: калі вы пяройдзеце празь Ярдан у зямлю Ханаанскую,

11 выберце сабе гарады, якія былі б у вас гарадамі пад сховы, куды мог бы ўцячы забойца, які забіў чалавека ненаўмысна.

12 І будуць у вас гарады гэтыя сховішчам ад помсьніка, каб ня быў забіты забойца, перш чым ён стане перад супольствам на суд.

13 А гарадоў, якія вы павінны даць, гарадоў-сховішчаў, павінна быць у вас шэсьць.

14 Тры гарады дайце па гэты бок Ярдана, і тры гарады дайце ў зямлі Ханаанскай; гарадамі-сховішчамі павінны быць яны.

15 Сынам Ізраілевым і прыхадням і пасяленцам сярод вас будуць гэтыя шэсьць гарадоў сховішчам, каб уцякаць туды кожнаму, хто забіў чалавека ненаўмысна.

16 Калі хто ўдарыць каго жалезнай прыладай, так што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.

17 І калі хто ўдарыць каго з рукі каменем, ад якога можна памерці, так што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.

18 Альбо, калі драўлянай прыладай, ад якое можна памерці, ударыць з рукі так, што той памрэ, — дык ён забойца: забойцу трэба аддаць на сьмерць.

19 Помсьнік за кроў сам можа забіць забойцу; як толькі спаткае таго, сам можа ўсьмерціць яго.

20 Калі хто штурхне каго зь нянавісьці, альбо наўмысна кіне на яго што-небудзь, так што той памрэ,

21 альбо з варожасьці ўдарыць яго рукою, так што той памрэ: дык таго, хто ўдарыў, трэба аддаць сьмерці, — ён забойца; помсьнік за кроў можа ўсьмерціць забойцу, як толькі спаткае яго.

22 Калі ж ён штурхне яго незнарок, без варожасьці, альбо кіне на яго што-небудзь без намыслу,

23 альбо які-небудзь камень, ад якога можна памерці, ня бачачы ўпусьціць на яго, так што той памрэ, але ён ня быў ворагам яму і не хацеў яму благога:

24 дык супольства павінна рассудзіць забойцу і помсьніка за кроў паводле гэтых пастановаў;

25 і павінна супольства ўратаваць забойцу ад рукі помсьніка за кроў, і павінна вярнуць яго супольства ў горад сховішча ягонага, куды ён уцёк, каб ён жыў там да сьмерці вялікага сьвятара, які памазаны сьвяшчэнным алеем.

26 Калі ж забойца выйдзе за мяжу горада-сховішча, у які ён уцёк,

27 і знойдзе яго помсьнік за кроў па-за межамі горада схову ягонага, і забэе забойцу гэтага помсьнік за кроў, дык ня будзе на ім віны праліцьця крыві.

28 Бо той павінен быў жыць у горадзе схову свайго да сьмерці вялікага сьвятара; а пасьля сьмерці вялікага сьвятара павінен быў вярнуцца забойца ў зямлю валоданьня свайго.

29 Хай будзе гэта ў вас устаноўлена законам у роды вашыя, ва ўсіх селішчах вашых.

30 Калі хто забэе чалавека, дык забойцу трэба забіць па словах сьведак; але аднаго сьведкі недастаткова, каб засудзіць на сьмерць.

31 Не бярэце выкупу за душу ўбойцы, які заслужыў сьмерці, ён сьмерцю памрэ.

32 І не бярэце адкупу за таго, хто ўцёк у горад схову, каб яму дазволіць жыць у зямлі сваёй да сьмерці вялікага сьвятара.

33 Не апаганьвайце зямлі, на якой вы будзеце жыць; бо кроў апаганьвае зямлю, і зямля ня йнакш ачышчаецца ад пралітай на ёй крыві, як крывёю таго, хто праліў яе.

34 Нельга апаганьваць зямлю, на якой вы жывяце, сярод якое жыву Я; бо Я Гасподзь жыву сярод сыноў Ізраілевых.

 

Разьдзел 36

 

1 Прыйшлі ўзначальнікі сямействаў ад роду сыноў Галаада, сына Махіравага, сына Манасіінага з роду сыноў Язэпавых, і гаварылі перад Майсеем і перад князямі, узначальнікамі пакаленьняў сыноў Ізраілевых,

2 і сказалі: Гасподзь загадаў гаспадару нашаму даць зямлю ў надзел сынам Ізраілевых па жэрабі, а гаспадару нашаму загадана ад Госпада даць надзел Салпаада, брата нашага, дочкам ягоным.

3 А калі яны будуць жонкамі сыноў якога-небудзь іншага племя сыноў Ізраілевых, дык надзел іхні адымецца ад надзелу бацькоў нашых і дадасца да надзелу таго племя, у якім яны будуць, і адымецца ад надзелу нашага, які дастаўся па жэрабі.

4 І нават калі будзе ў сыноў Ізраілевых юбілей, тады надзел іхні дадасца да надзелу таго племя, у якім яны будуць, і ад таго надзелу бацькоў нашых адымецца надзел іхні.

5 І даў Майсей загад сынам Ізраілевым, па слове Гасподнім, і сказаў: праўду кажа племя сыноў Язэпавых.

6 Вось што наказвае Гасподзь пра дочак Салпаадавых: яны могуць быць жонкамі тых, хто спадабаецца вачам іхнім, толькі павінны быць жонкамі ў родзе племя бацькі свайго,

7 каб надзел сыноў Ізраілевых не пераходзіў з племя ў племя; бо кожны з сыноў Ізраілевых павінен быць прывязаны да надзелу племя бацькоў сваіх.

8 І кожная дачка, якая спадкуе надзел у каленах сыноў Ізраілевых, павінна быць жонкаю каго-небудзь з роду племя бацькі свайго, калі сыны Ізраілевыя спадкавалі кожны надзел бацькоў сваіх,

9 і каб не пераходзіў надзел з племя ў другое племя; бо кожнае племя сыноў Ізраілевых павінна быць прывязана да свайго надзелу.

10 Як загадаў Гасподзь Майсею, так і зрабілі дочкі Салпаадавыя.

11 І выйшлі дочкі Салпаадавыя Махла, Тырца, Хогла, Мілка і Ноа замуж за сыноў дзядзькоў сваіх.

12 У родзе сыноў Манасіі, сына Язэпавага яны былі жонкамі, і застаўся надзел іхні ў племі роду бацькі іхняга.

13 Вось запаведзі і пастановы, якія даў Гасподзь сынам Ізраілевым праз Майсея на раўнінах Маавіцкіх, каля Ярдана, насупраць Ерыхона.