ДРУГАЯ КНІГА ЛЕТАПІСАЎ
Разьдзел 1
1 І ўцьвердзіўся Саламон, сын Давідаў, у царстве сваім; і Гасподзь Бог яго быў зь ім, і ўзьнёс яго высока.
2 І загадаў Саламон сабрацца ўсяму Ізраілю: тысячнікам і сотнікам, і судзьдзям, і ўсім начальнікам ва ўсім Ізраілі — узначальцам пакаленьняў.
3 І пайшлі Саламон і ўвесь сход зь ім на вышыню, што ў Гаваоне, бо там была Божая скінія збору, якую спарудзіў Майсей, раб Гасподні, у пустыні.
4 Каўчэг Божы прынёс Давід з Кірыятыярыма на месца, якое падрыхтаваў для яго Давід, зладзіўшы яму скінію ў Ерусаліме.
5 А медны ахвярнік, які зрабіў Вэсэлэіл, сын Урыя, сына Оравага, заставаўся там, перад скініяй Гасподняю, і зыскаў яго Саламон са зборам.
6 І там прад абліччам Госпада, на медным ахвярніку, які перад скініяй сходу, узьнёс Саламон тысячу цэласпаленьняў.
7 У тую ноч зьявіўся Бог Саламону, і сказаў яму: прасі, што Мне даць табе.
8 І сказаў Саламон Богу: Ты стварыў Давіду, бацьку майму, вялікую міласьць і паставіў мяне царом замест яго.
9 Хай жа спраўдзіцца, Госпадзе Божа, слова Тваё да Давіда, бацькі майго. Як што Ты ўцараваў мяне над народам шматлікім, як пыл зямны,
10 дык цяпер дай мне мудрасьць і веданьне, каб я выходзіў перад народам гэтым і ўваходзіў, бо хто можа кіраваць гэтым народам Тваім вялікім?
11 І сказаў Бог Саламону: за тое, што гэта было на сэрцы тваім, і ты не прасіў багацьця, маёмасьці і славы і душы непрыяцеляў тваіх, і таксама не прасіў ты многіх дзён, а прасіў сабе мудрасьці і веданьня, каб кіраваць народам Маім, над якім Я ўцараваў цябе,
12 мудрасьць і веданьне даецца табе, а багацьце і маёмасьць і славу Я дам табе такія, падобных да якіх ня было ў цароў да цябе і ня будзе пасьля цябе.
13 І прыйшоў Саламон з вышыні, што ў Гаваоне, ад скініі сходу, у Ерусалім і валадарыў над Ізраілем.
14 І набраў Саламон калясьніц і коньнікаў; і было ў яго тысяча чатырыста калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у калясьнічных гарадах і пры цары ў Ерусаліме.
15 І зрабіў цар срэбра і золата ў Ерусаліме раўнацэнным простаму каменю, а кедры, па мностве іх, зрабіў раўнацэнным сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах.
16 Коней Саламону прыводзілі зь Егіпта і з Кувы: купцы царскія з Кувы атрымалі іх за грошы.
17 Калясьніцу атрымлівалі і дастаўлялі зь Егіпта за шасьцьсот сікляў срэбра, а каня за сто пяцьдзясят. Такім самым чынам яны рукамі сваімі дастаўлялі гэта ўсім царам Хэтэйскім і царам Арамэйскім.
Разьдзел 2
1 І пастанавіў Саламон пабудаваць дом імю Госпада і дом царскі сабе.
2 І вызначыў Саламон семдзесят тысяч насільшчыкаў і восемдзесят тысяч каменячосаў у гарах і наглядчыкаў над імі тры тысячы шасьцьсот.
3 І паслаў Саламон да Хірама, цара Тырскага, сказаць: як рабіў ты з Давідам, бацькам маім, і прыслаў яму кедры на пабудову дома, каб яму жыць, так зрабі і са мною.
4 Вось я будую дом імю Госпада Бога майго, дзеля прысьвячэньня Яму, каб паліць перад ім пахучае дымленьне, прыносіць пастаянна пакладныя хлябы і ўзносіць там цэласпаленьні раніцай і ўвечары ў суботы, і на маладзіка, і ў сьвяты Госпада Бога нашага, што назаўсёды наказана Ізраілю.
5 І дом, які я будую, вялікі, бо вялікі Бог наш, вышэй за ўсіх багоў.
6 І ці хопіць у каго сілы пабудаваць Яму дом, калі неба і нябёсы нябёсаў не ўмяшчаюць Яго? І хто я, каб мог пабудаваць Яму дом? Хіба толькі дзеля дымленьня прад абліччам Ягоным.
7 Дык вось прышлі мне чалавека, які ўмее рабіць вырабы з золата, і з срэбра, і зь медзі, і з жалеза, і з прадзіва пурпуровага, барвовага і яхантавага колеру, і выразаць разьбу, разам з мастакамі, якія ёсьць у мяне ў Юдэі і ў Ерусаліме, якіх падрыхтаваў Давід, бацька мой.
8 І прышлі мне кедровай драўніны, і кіпарысу і пеўговага дрэва зь Лівана, бо я ведаю, што рабы твае ўмеюць сячы дрэвы Ліванскія. І вось рабы мае пойдуць з рабамі тваімі,
9 каб прыгатаваць мне многа дрэў, бо дом, які я будую, вялікі і цудоўны.
10 І вось лесарубам, якія сякуць дрэвы, рабам тваім, я даю ў ежу: пшаніцы дваццаць тысяч кораў, і ячменю дваццаць тысяч кораў, і віна дваццаць тысяч батаў, і аліўкавага алею дваццаць тысяч батаў.
11 І адказваў Хірам, цар Тырскі, лістом, які прыслаў Саламону: па любові да народу Свайго, Гасподзь паставіў цябе царом над ім.
12 І сказаў Хірам: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які стварыў неба і зямлю, даў цару Давіду сына мудрага, які мае сэнс і розум, які намераны будаваць дом Госпаду і дом царскі сабе.
13 Дык вось, я пасылаю: чалавека разумнага, які мае веды, Хірама-Авія,
14 сын жанчыны з дочак Данавых, а бацька яго Тыранін, — і ён умее рабіць вырабы з золата і з срэбра, зь медзі, з жалеза, з каменю і з дрэва, з прадзіва пурпуровага, яхантавага колеру, і зь вісону і з барвяніцы, і выразаць усялякую разьбу, і выконваць усё, што будзе даручана яму разам з мастакамі тваімі і з мастакамі гаспадара майго Давіда, бацькі твайго.
15 А пшаніцу і ячмень, аліўкавы алей і віно, пра якія казаў ты, гаспадар мой, пашлі рабам тваім.
16 А мы насячом дрэў зь Лівана, колькі табе трэба, і прыгонім іх у плытах па моры ў Яфу, а ты завязеш іх у Ерусалім.
17 І палічыў Саламон усіх прыбылых, якія былі ў зямлі Ізраілевай, пасьля пералічэньня, зробленага Давідам, бацькам ягоным, — і знайшлося іх сто пяцьдзясят тры тысячы шасьцьсот.
18 І зрабіў ён зь іх семдзесят тысяч насільшчыкаў і восемдзесят тысяч каменячосаў на горах і тры тысячы шасьцьсот наглядчыкаў, каб яны пануквалі народ да працы.
Разьдзел 3
1 І пачаў Саламон будаваць дом Гасподні ў Ерусаліме на гары Морыя, якая ўказана была Давіду, бацьку ягонаму, на месцы, якое падрыхтваў Давід, на гумне Орны Евусэяніна.
2 А пачаў ён будаваць у другі дзень другога месяца, на чацьвёртым годзе валадараньня свайго.
3 І вось падмурак пакладзены Саламонам пры будове дома Божага; даўжыня яго шэсьцьдзясят локцяў, па ранейшай меры, а шырыня дваццаць локцяў;
4 і бабінец, які перад домам, даўжынёю па шырыні дома ў дваццаць локцяў, а вышынёю ў сто дваццаць. І абклаў яго ўсярэдзіне чыстым золатам.
5 А дом галоўны ашаляваў дрэвам кіпарысавым і абклаў яго найлепшым золатам, і вырабіў на ім пальмы і ланцужкі.
6 І абклаў дом іншымі камянямі дзеля прыгажосьці; а золата было золата Парваімскае.
7 І пакрыў дом, бярвеньні, парогі і сьцены яго і дзьверы яго золатам, і выразаў на сьценах херувімаў.
8 І зрабіў Сьвятое Сьвятых: даўжыня яго па шырыні дома ў дваццаць локцяў, і шырыня яго ў дваццаць локцяў; і накрыў яго найлепшым золатам на шасьцьсот талантаў.
9 У цьвіках вагі па пяцьдзясят сікляў золата. Сьвятліцы таксама пакрыў золатам.
10 І зрабіў ён у Сьвятым Сьвятых два херувімы разьбёнага вырабу і пакрыў іх золатам.
11 Крылы ў херувімаў даўжынёю былі ў дваццаць локцяў. Адно крыло ў дваццаць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло таксама ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма;
12 і крыло другога херувіма ў пяць локцяў дакраналася да сьцяны дома, а другое крыло ў пяць локцяў сыходзілася з крылом другога херувіма.
13 Крылы ў гэтых херувімаў распасьцёрты на дваццаць локцяў; і яны стаялі на нагах сваіх, абліччамі сваімі да храма.
14 І зрабіў заслону зь яхантавай, пурпуровай і барвовай тканіны і зь вісону і выявіў на ёй херувімаў.
15 І зрабіў перад храмам два слупы, даўжынёю па трыццаць пяць локцяў, і капітэль наверсе кожнага ў пяць локцяў.
16 І зрабіў ланцужкі, як у сьвятыні, і паклаў наверсе слупоў, і зрабіў сто гранатавых яблыкаў і паклаў на ланцужкі.
17 І паставіў слупы перад храмам, адзін з правага боку, другі зь левага, і даў імя праваму Яхін, а леваму імя Воаз.
Разьдзел 4
1 І зрабіў медны ахвярнік; дваццаць локцяў даўжыня яго і дваццаць локцяў шырыня яго і дзесяць локцяў вышыня яго.
2 І зрабіў мора літое, — ад краю яго да краю яго дзесяць локцяў, — усё круглае, вышынёю ў пяць локцяў; і шнурок у трыццаць локцяў абдымаў яго вакол;
3 і літыя падабенствы валоў стаялі пад ім вакол з усіх бакоў; на дзесяць локцяў акружалі мора вакол два рады валоў, вылітых адным ліцьцём зь ім.
4 Стаяла яно на дванаццаці валах: тры глядзелі на поўнач і тры глядзелі на захад, і тры глядзелі на поўдзень і тры глядзелі на ўсход, — і мора на іх зьверху; а зады іхнія былі павернуты ўсярэдзіну пад яго.
5 Таўшчынёю яно было ў далонь; і краі яго, зробленыя як берагі чары, былі падобныя на расьцьвілую лілею. Яно ўбірала да трох тысяч батаў.
6 І зрабіў дзесяць умывальніц, і паставіў пяць з правага боку і пяць зь левага, каб абмываць у іх, — што рыхтавалі да цэласпаленьня, абмывалі ў іх; а мора — сьвятарам, каб яны абмываліся ў ім.
7 І зрабіў дзесяць залатых сьвяцільняў, як ім быць належала, і паставіў у храме пяць з правага боку і пяць зь левага.
8 І зрабіў дзесяць сталоў і паставіў у храме, пяць з правага боку і пяць зь левага, і зрабіў сто залатых чараў.
9 І зрабіў сьвятарскі двор і вялікі двор і дзьверы ў двор, і вяроўкі іх абклаў медзьдзю.
10 Мора паставіў з правага боку, на паўднёвы ўсход.
11 І зрабіў Хірам балеі і лапаткі і чары. І скончыў Хірам працу, якую рабіў цару Саламону ў доме Божым:
12 два слупы і дзьве апаяскі вянкоў наверсе слупоў, і дзьве сеткі для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія наверсе слупоў.
13 І чатырыста гранатавых яблыкаў на дзьвюх сетках, два рады гранатавых яблыкаў для кожнай сеткі, для пакрыцьця двух апаясак вянкоў, якія на слупах.
14 І падставы зрабіў ён і ўмывальніцы зрабіў на падставах;
15 адно мора, і дванаццаць валоў пад ім,
16 і балеі, і лапаткі, і відэльцы, і ўвесь прыбор іх зрабіў Хірам-Авій цару Саламону для дома Гасподняга з паліраванай медзі.
17 У навакольлі Ярдана выліваў іх цар, у гліністай зямлі, паміж Сакхотам і Цэрэдаю.
18 І зрабіў Саламон усе рэчы гэтыя ў вялікім мностве, так што ня ведалі вагі медзі.
19 Таксама зрабіў Саламон усе рэчы для дома Божага і залаты ахвярнік, і сталы, на якіх хлябы пакладныя,
20 і сьвяцільні і лампады іх, каб запальваць іх па статуце перад давірам, з чыстага золата.
21 і кветкі, і лампады, і абцугі з золата, з самага чыстага золата,
22 і нажы, і крапільніцы і чары, і латкі з золата самага чыстага; і дзьверы храма, — дзьверы яго ўнутраныя ў Сьвятое Сьвятых, і дзьверы храма ў сьвятыню, — з золата.
Разьдзел 5
1 І закончылася ўся праца, якую вёў Саламон для дома Гасподняга. І прынёс Саламон пасьвечанае Давідам, бацькам ягоным, і срэбра і золата і ўсе рэчы аддаў у скарбніцы дома Божага.
2 Тады сабраў Саламон старэйшынаў Ізраілевых і ўсіх узначальцаў плямёнаў, начальнікаў пакаленьняў сыноў Ізраілевых, у Ерусалім, дзеля перанясеньня каўчэга запавета Гасподняга з горада Давіда, зь Сіёна.
3 І сабраліся да цара ўсе Ізраільцяне на сьвята, на сёмым месяцы.
4 І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраілевыя. Лявіты ўзялі каўчэг
5 і панесьлі каўчэг і скінію сходу і ўсе рэчы сьвяшчэнныя, якія ў скініі, — панесьлі іх сьвятары і лявіты.
6 А цар Саламон і ўсё супольства Ізраілевае, якое сабралася да яго перад каўчэгам, прыносілі ахвяры з авечак і валоў, якіх немагчыма палічыць і вызначыць з прычыны мноства.
7 І прынесьлі сьвятары каўчэг запавета Гасподняга на месца яго, у давір храма — у Сьвятое Сьвятых пад крылы херувімаў.
8 І херувімы распасьціралі крылы над месцам каўчэга, і пакрывалі херувімы каўчэг і жэрдзі яго зьверху.
9 І высунуліся жэрдзі, так што галоўкі жэрдак каўчэга відны былі перад давірам, але ня выходзілі вонкі, і яны там да гэтага дня.
10 Ня было ў каўчэзе нічога, апрача двух скрыжаляў, якія паклаў Майсей на Харыве. Калі Гасподзь заключыў запавет з сынамі Ізраілевымі, пасьля выхаду іх зь Егіпта.
11 Калі сьвятары выйшлі са сьвятыні, бо ўсе асьвяціліся без адрозьненьня аддзелаў;
12 і лявіты сьпевакі, — усе яны, Асаф, Эман, Ідытун і сыны іхнія і браты іхнія, — апранутыя ў вісон, з кімваламі і псалтырамі і цытрамі стаялі на ўсходнім баку ахвярніка, і зь імі сто дваццаць сьвятароў, якія трубілі трубамі,
13 і былі як адзін трубачы і сьпевакі, якія ў адзін голас хвалілі і славасловілі Госпада, — і калі загрымеў гук трубаў і кімвалаў і музычных інструментаў, і хвалілі Госпада, бо вечная міласьць Яго; тады дом, дом Гасподні, напоўніла воблака,
14 і не маглі сьвятары стаяць на служэньні з прычыны воблака, бо слава Гасподняя напоўніла дом Божы.
Разьдзел 6
1 Тады сказаў Саламон: Гасподзь сказаў, што ён дабраволіць жыць у мгле,
2 а я пабудаваў дом у жытлішчы Табе, месца для вечнага Твайго быцьця.
3 І павярнуўся цар тварам сваім і дабраславіў увесь сход Ізраільцянаў, — увесь сход Ізраільцянаў стаяў,
4 і сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог Ізраілеў, Які што сказаў вуснамі Сваімі Давіду, бацьку майму, выканаў сёньня рукою Сваёю. Ён казаў:
5 з таго дня, як Я вывеў народ Мой зь зямлі Егіпецкай, Я ня выбраў горада ні ў адным зь плямёнаў Ізраілевых для збудаваньня дома, у якім было б імя Маё, і ня выбраў чалавека, які быў бы кіраўніком народу Майго Ізраіля,
6 а выбраў Ерусалім, каб там было імя Маё, і выбраў Давіда, каб ён быў над народам Маім Ізраілем.
7 І было на сэрцы ў Давіда, бацькі майго, пабудаваць дом імя Госпада Бога Ізраілевага.
8 Але Гасподзь сказаў Давіду, бацьку майму: у цябе ёсьць на сэрцы пабудаваць храм імю Майму; добра, што гэта на сэрцы ў цябе.
9 Аднак ты не пабудуеш храм, а сын твой, які пойдзе са сьцёгнаў тваіх, — ён пабудуе храм імю Майму.
10 І стрымаў Гасподзь слова Сваё, якое сказаў: я ўступіў на месца Давіда, бацкі майго, і сеў на троне Ізраілевым, як сказаў Гасподзь, і пабудаваў дом імя Госпада Бога Ізраілевага.
11 І я паставіў там каўчэг, у якім запавет Госпада, заключаны Ім з сынамі Ізраілевымі.
12 І стаў Саламон каля ахвярніка Гасподняга наперадзе ўсяго сходу Ізраільцянаў, і падняў рукі свае,
13 бо Саламон зрабіў медны амвон даўжынёю ў пяць локцяў і шырынёю ў пяць локцяў, а вышынёю ў тры локці, і паставіў яго сярод двара; і стаў на ім і схіліў калені наперадзе ўсяго сходу Ізраільцянаў, і падняў рукі свае да неба,
14 і сказаў: Госпадзе Божа Ізраілеў! Няма Бога, падобнага на Цябе, ні на небе, ні на зямлі. Ты захоўваеш запавет і літасьць да рабоў Тваіх, якія ходзяць прад Табою ўсім сэрцам сваім:
15 Ты выканаў рабу Твайму Давіду, бацьку майму, што Ты гаварыў яму; што вымавіў Ты вуснамі Тваімі, тое ў дзень гэты выканаў рукою Тваёю.
16 І сёньня, Госпадзе Божа Ізраілеў, выканай рабу Твайму Давіду, бацьку майму, тое, што Ты сказаў яму, кажучы: не перастанецца ў цябе муж, які сядзіць прад абліччам Маім на троне Ізраілевым. Калі толькі сыны Твае будуць назіраць за шляхамі сваімі, ходзячы паводле закону Майго так, як ты хадзіў прад Мною.
17 І цяпер, Госпадзе Божа Ізраілеў, хай будзе правільнае слова Тваё, якое Ты сказаў рабу Твайму Давіду.
18 Сапраўды ці ж Богу жыць зь людзьмі на зямлі? Калі неба і нябёсы нябёсаў не ўмяшчаюць Цябе, тым меней храм гэты, які пабудаваў я.
19 Але паглядзі на малітву раба Твайго і на прашэньне яго, Госпадзе Божа мой, пачуй заклік і малітву, якою раб Твой моліцца прад Табою.
20 Хай будуць вочы Твае адкрытыя на храм гэты ўдзень і ўначы, на месца, дзе Ты абяцаў пакласьці імя Тваё, каб чуць малітву, якою раб Твой будзе маліцца на месцы гэтым.
21 Пачуй маленьні раба Твайго і народу Ізраіля, якімі яны будуць маліцца на месцы гэтым; пачуй месца пабытаваньня Твайго, зь нябёсаў, пачуй і памілуй.
22 Калі хто зграшыў супроць блізкага свайго, і запатрабуюць ад яго клятвы, каб ён запрысягнуўся, і будзе ўчыняцца прысяга перад ахвярнікам Тваім у храме гэтым,
23 тады Ты пачуй зь неба і ўчыні суд над рабамі Тваімі, дай вінаватаму, паклаўшы ўчынак на галаву ягоную, і апраўдай невінаватага паводле праўды ягонай.
24 Калі пабіты будзе народ Твой Ізраіль няпрыяцелем за тое, што зграшыў прад Табою, і яны павернуцца да Цябе, і вызнаюць імя Тваё, і будуць прасіць і маліцца прад Табою ў храме гэтым,
25 тады Ты пачуеш зь неба, і даруй грэх народу Твайго Ізраіля, і вярні іх у зямлю, якую Ты даў ім і бацькам іхнім.
26 Калі зачыніцца неба і ня будзе дажджу за тое, што яны зграшылі прад Табою, і будуць маліцца на месцы гэтым, і вызнаюць імя Тваё, і адвернуцца ад грэху свайго, бо ты ўпакорыў іх,
27 тады Ты пачуй зь неба і даруй грэх рабоў Тваіх і народу Твайго Ізраіля, паказаўшы ім добры шлях, па якім ісьці ім, і пашлі дождж на зямлю Тваю, якую Ты даў народу Твайму ў спадчыну.
28 Ці голад будзе на зямлі, ці будзе пошасьць маравая, ці будзе вецер палючы ці іржа, саранча ці чарвяк, ці будуць цясьніць яго няпрыяцелі ягоныя на зямлі валоданьняў ягоных, ці будзе якое бедства, якая хвароба,
29 усякую малітву, усякае прашэньне, якое будзе ад якога-небудзь чалавека альбо ад усяго народу Твайго Ізраіля, калі яны адчуюць кожны бедства сваё і гора сваё і працягнуць рукі свае да храма гэтага,
30 Ты пачуй зь неба — месца пабытаваньня Твайго, і даруй, і аддай кожнаму паводле шляхоў ягоных, як Ты ведаеш сэрца ягонае, — бо Ты адзін ведаеш сэрца сыноў чалавечых,
31 каб яно баялася Цябе і хадзіла шляхамі Тваімі ва ўсе дні, пакуль жывуць на зямлі, якую Ты даў бацькам нашым.
32 Нават іншапляменец, які не ад народу Твайго Ізраіля, калі ён прыйдзе зь зямлі далёкай дзеля імя Твайго вялікага і рукі Тваёй магутнай і мышцы Тваёй працягнутай, і прыйдзе і будзе маліцца каля храма гэтага,
33 Ты пачуй зь неба, зь месца пабытаваньня Твайго, і зрабі ўсё, пра што будзе прасіць у Цябе іншапляменец, каб у сьне народы зямлі ўведалі імя Тваё, і каб баяліся Цябе, як народ Твой Ізраіль, і ведалі, што Тваім імем называецца дом гэты, які пабудаваў я.
34 Калі выйдзе народ Твой на вайну супроць няпрыяцеляў сваіх шляхам, якім Ты пашлеш яго, і будзе маліцца Табе, павярнуўшыся да горада гэтага, які выбраў Ты, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
35 тады пачуй зь неба малітву іхнюю і прашэньне іхняе і зрабі, што трэба для іх.
36 Калі яны зграшылі прад Табою, — бо няма чалавека, які не зграшыў бы, — і Ты прагневаешся на іх і аддасі іх ворагу, і завядуць іх тыя, што паланілі іх, у зямлю далёкую альбо блізкую,
37 і калі яны ў зямлі, у якую будуць запаланёныя, увойдуць у сябе і будуць маліцца Табе ў зямлі палону свайго, кажучы: мы зграшылі, зрабілі беззаконьне, мы вінаватыя,
38 і павернуцца да Цябе ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёю ў зямлі палону свайго, куды завядуць іх у палоне, і будуць маліцца, павярнуўшыся да зямлі сваёй, якую Ты даў бацькам іхнім, і да горада, які выбраў Ты, і да храма, які я пабудаваў імю Твайму,
39 тады пачуй зь неба, зь месца пабытаваньня Твайго, малітву іхнюю і прашэньне іхняе, і зрабі, што трэба ім, і даруй народу Твайму, у чым ён зграшыў прад Табою.
40 Божа мой, хай будуць вочы Твае адкрытыя і вушы Твае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.
41 І сёньня, Госпадзе Божа, стань на месца спакою Твайго, Ты і каўчэг магутнасьці Тваёй. Сьвятары Твае, Госпадзе Божа, хай апрануцца ў выратаваньне і падобнікі Твае хай усьцешацца дабротамі.
42 Госпадзе Божа, не адвярні аблічча Твайго, спамяні міласьціны Давіду, рабу Твайму.
Разьдзел 7
1 Калі закончыў Саламон малітву, сышоў агонь зь неба і паглынуў цэласпаленьне і ахвяры, і слава Гасподняя напоўніла дом.
2 І не маглі сьвятары ўвайсьці ў дом Гасподні, бо слава Гасподняя напоўніла дом Гасподні.
3 І ўсе сыны Ізраілевыя, бачачы, як сышоў агонь і слава Гасподняя на дом, упалі тварам на зямлю, на памост, і пакланіліся, і славасловілі Госпада, бо Ён добры, бо вавек міласьць Ягоная.
4 А цар і ўвесь народ пачалі прыносіць ахвяры прад абліччам Госпада.
5 І прынёс цар Саламон у ахвяру дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысяч авечак: так асьвяцілі дом Божы цар і ўвесь народ.
6 Сьвятары стаялі ў служэньні сваім, і лявіты з музычнымі спарудамі Госпада, якія зрабіў цар Давід дзеля праслаўленьня Госпада, бо вечная міласьць Ягоная, бо Давід славасловіў празь іх; а сьвятары трубілі перад ім, і ўвесь Ізраіль стаяў.
7 Асьвяціў Саламон і ўнутраную частку двара, якая перад домам Гасподнім, бо прынёс там цэласпаленьні і тлушч мірных ахвяр, бо ахвярнік медны, зроблены Саламонам, ня мог умяшчаць цэласпаленьня і хлебнага прынашэньня і тлушчу.
8 І зрабіў Саламон у той час сямідзённае сьвята, і ўвесь Ізраіль зь ім — сход вельмі вялікі, які сабраўся ад уваходу ў Эмат да ракі Егіпецкай;
9 а ў дзень восьмы зрабілі сьвята, бо асьвячэньне ахвярніка ўчынялі сем дзён і сьвята сем дзён.
10 І на дваццаць трэці дзень сёмага месяца цар адпусьціў народ у намёты іхнія, радуючыся ў сэрцы за дабро, якое зрабіў Гасподзь Давіду і Саламону і Ізраілю, народу Свайму.
11 І закончыў Саламон дом Гасподні і дом царскі; і ўсё, што прапанаваў Саламон у сэрцы сваім зрабіць у доме Гасподнім у доме сваім, учыніў ён пасьпяхова.
12 І зьявіўся Гасподзь Саламону ўначы і сказаў яму: Я пачуў малітву тваю і выбраў Сабе месца гэтае ў доме ахвярапрынашэньня.
13 Калі Я зачыню неба і ня будзе дажджу, і калі загадаю саранчы паядаць зямлю, альбо пашлю згубную пошасьць на народ Мой,
14 і ўпакорыцца народ Мой, які называецца імем Маім, і будуць маліцца, і шукацьмуць аблічча Майго, і адвернуцца ад благіх шляхоў сваіх, дык Я пачую зь неба і дарую грахі іхнія і ацалю зямлю іхнюю.
15 Цяпер вочы Мае будуць адкрытыя і вушы Мае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.
16 І цяпер Я выбраў і асьвяціў дом гэты, каб імя Маё было там вечна; і вочы Мае і сэрца Маё будзе там ва ўсе дні.
17 І калі ты будзеш хадзіць прад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, і будзеш рабіць усё, што Я загадаў табе, і будзеш захоўваць пастановы Мае і законы Мае,
18 дык умацую трон царства твайго, як Я абяцаў Давіду, бацьку твайму, кажучы: не перастанецца ў цябе муж, які валодае Ізраілем.
19 А калі вы адступіцеся і пакінеце пастановы Мае і запаведзі Мае, якія Я даў вам і пойдзеце і пачняце служыць багам іншым і пакланяцца ім,
20 дык Я зьнішчу Ізраіля з улоньня зямлі Маёй, якую Я даў ім, і храм гэты, які Я асьвяціў імю Майму, адкіну ад аблічча Майго і зраблю яго прыпавесьцю і пасьмешышчам ва ўсіх народаў.
21 І з храма гэтага высокага кожны, хто праходзіцьме міма яго, жахнецца і скажа: за што зрабіў так Гасподзь зь зямлёю гэтаю і з храмам гэтым?
22 І скажуць: за тое, што яны пакінулі Госпада, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, і прыляпіліся да багоў іншых, і пакланяліся ім, і служылі ім, — за тое Ён навёў на іх усё гэтае бедства.
Разьдзел 8
1 Калі прайшлі дваццаць гадоў, у якія Саламон будаваў дом Гасподні і свой дом,
2 Саламон забудаваў і гарады, якія даў Саламону Хірам, і пасяліў у іх сыноў Ізраілевых.
3 І пайшоў Саламон на Эмат-Сува і ўзяў яго.
4 І пабудаваў ён Тадмор у пустыні, і ўсе гарады пад запасы, якія заснаваў у Эмаце.
5 Ён забудаваў Вэтарон верхні і Вэтарон ніжні, гарады ўмацаваныя, са сьценамі, брамамі і замкамі,
6 і Ваалат і ўсе гарады пад запасы, якія былі ў Саламона, і ўсе гарады пад калясьніцы, і гарады для коньнікаў, і ўсё, што хацеў Саламон пабудаваць у Ерусаліме і на Ліване і ва ўсёй зямлі валоданьня свайго.
7 Увесь народ пазасталы ад Хэтэяў і Амарэяў, і Фэрэзэяў і Эвэяў і Евусэяў, якія былі ня з сыноў Ізраілевых,
8 дзяцей іхніх, пазасталых пасьля іх на зямлі, якіх ня зьнішчылі сыны Ізраілевыя, — зрабіў Саламон аброчнымі да сёньня.
9 А сыноў Ізраілевых не рабіў Саламон працаўнікамі па справах сваіх, а яны былі воінамі і начальнікамі целаахоўцаў ягоных і правадырамі калясьніц ягоных і коньнікаў ягоных.
10 І было галоўных прыстаўнікаў у цара Саламона, што кіравалі народам, дзьвесьце пяцьдзясят.
11 А дачку фараонавую перавёў Саламон з горада Давідавага ў дом, які пабудаваў для яе, бо, казаў ён не павінна жыць жанчына ў мяне ў доме Давіда, цара Ізраілевага, бо сьвяты ён, таму што ўвайшоў у яго каўчэг Гасподні.
12 Тады пачаў узносіць Саламон цэласпаленьні Госпаду на ахвярніку Гасподнім, які ён зладзіў перад бабінцам,
13 каб па статуце кожнага дня прыносіць цэласпаленьні, паводле наказу Майсеевага, у суботы і на маладзіка і ў сьвяты тры разы ў год: у сьвята праснакоў і ў сьвята сяміц і ў сьвята кучак.
14 І ўстанавіў ён, паводле распараджэньня Давіда, бацькі свайго, чэргі сьвятароў па службе іхняй і лявітаў па вартах іхніх, каб яны славасловілі і служылі пры сьвятарах па статуце кожнага дня, і брамнікаў па чэргах іхніх, да кожнае брамы, бо такі быў тастамант Давіда, чалавека Божага.
15 І не адступаліся ад загадаў цара пра сьвятароў і лявітаў ні ў чым, ні ў адносінах скарбаў.
16 Так зладжана была ўся дзея Саламона ад дня заснаваньня дома Гасподняга да поўнага завяршэньня яго — дома Гасподняга.
17 Тады пайшоў Саламон у Эцыён-Гевэр і ў Элат, які на беразе мора, у зямлі Ідумэйскай.
18 І прыслаў яму Хірам праз слуг сваіх караблі і рабоў, якія ведаюць мора, і выправіліся яны з слугамі Саламонавымі ў Афір, і здабылі адтуль чатырыста пяцьдзясят талантаў золата, і прывезьлі цару Саламону.
Разьдзел 9
1 Царыца Саўская, дачуўшыся пра славу Саламона, прыйшла выпрабаваць Саламона загадкамі ў Ерусалім, з даволі вялікім багацьцем і зь вярблюдамі, наўючанымі пахошчамі і мноствам золата і каштоўных камянёў. І прыйшла да Саламона і гутарыла зь ім пра ўсё, што было на сэрцы ў яе.
2 І раскрыў ёй Саламон усе словы яе, і не знайшлося нічога невядомага Саламону, чаго ён не раскрыў бы ёй.
3 І ўбачыла царыца Саўская мудрасьць Саламона і дом, які ён пабудаваў,
4 і ежу за сталом ягоным, і чыннасьць слугаў ягоных і вопратку іхнюю, і чашнікаў ягоных і вопратку іхнюю, і ход, якім ён хадзіў у дом Гасподні, — і была яна не ў сабе.
5 І сказала цару: правільна тое, што я чула ў зямлі маёй пра дзеі твае і пра мудрасьць тваю,
6 але я ня верыла словам пра яе, пакуль ня прыйшла і ня ўбачыла на свае вочы. І вось, мне і палавіны ня сказана пра вялікую мудрасьць тваю: ты пераўзыходзіш пагалоскі, якія я чула.
7 Шчасныя людзі твае, і шчасныя гэтыя слугі твае, якія заўсёды стаяць перад табою і чуюць мудрасьць тваю.
8 Хай будзе дабраславёны Гасподзь Бог твой, Які ўдабраволіў пасадзіць цябе на трон Свой царом у Госпада Бога твайго. Па любові Бога твайго да Ізраіля, каб уцьвердзіць яго навекі, Ён паставіў цябе царом над ім — чыніць суд і праўду.
9 І падарыла яна цару сто дваццаць талантаў золата і вялікае мноства пахошчаў і каштоўных камянёў; і ня бывала такіх пахошчаў, якія падарыла царыца Саўская цару Саламону.
10 І слугі Хірамавыя і слугі Саламонавыя, якія прывезьлі золата з Афіра, прывезьлі і чырвонага дрэва і каштоўных камянёў.
11 І зрабіў цар з гэтага чырвонага дрэва лесьвіцы да дома Гасподняга і да дома царскага, і цытры і псалтыры сьпевакамі. І ня відаць было падобнага на гэта раней у зямлі Юдэйскай.
12 А цар Саламон даў царыцы Саўскай усё, чаго яна хацела і чаго яна прасіла, апрача такіх рэчаў, якія яна прывезла цару. І яна выправілася назад у зямлю сваю, яна і слугі яе.
13 Вагі ў золаце, якое прыходзіла Саламону за год, было шасьцьсот шэсьцьдзясят шэсьць талантаў золата.
14 Звыш таго, паслы і купцы прыносілі, і ўсе цары Аравійскія і начальнікі абласныя прыносілі золата і срэбра Саламону.
15 І зрабіў цар Саламон дзьвесьце вялікіх шчытоў з каванага золата, — па шасьцьсот сікляў каванага золата пайшло на кожны шчыт,
16 і трыста шчытоў меншых з каванага золата, — па трыста сікляў золата пайшло на кожны шчыт; і паставіў іх цар у доме зь Ліванскага дрэва.
17 І зрабіў цар вялікі трон са слановай косьці, і абклаў яго чыстым золатам,
18 і шэсьць прыступак да трона і залатое падножжа, да трона прыробленае, і лакотнікі абапал каля сядзеньня, і двух ільвоў, якія стаялі каля лакотнікаў,
19 і яшчэ дванаццаць ільвоў, якія стаялі там на шасьці прыступках, абапал. Ня бывала такога ў ніводным царстве.
20 І ўвесь посуд для піцьця ў цара Саламона быў з золата, і ўвесь посуд у доме зь Ліванскага дрэва быў з золата адборнага; срэбра ў дні Саламона лічылася нічым,
21 бо караблі цара хадзілі ў Тарсіс са слугамі Хірама, і ў тры гады раз вярталіся караблі з Тарсіса і прывозілі золата і срэбра, слановую косьць і малпаў і паваў.
22 І пераўзышоў цар Саламон усіх цароў зямлі багацьцем і мудрасьцю.
23 І ўсе цары зямлі спрабавалі ўбачыць Саламона, каб паслухаць мудрасьці ягонай, якую ўклаў Бог у сэрца ягонае.
24 І кожны зь іх падносіў ад сябе ў дарунак посуд срэбны і посуд залаты і вопратку, зброю і пахошчы, коней і кабыл, год у год.
25 І было ў Саламона чатыры тысячы стойлаў для коней і калясьніц і дванаццаць тысяч коньнікаў; і ён разьмясьціў іх у гарадах калясьнічных і пры цары — у Ерусаліме;
26 і панаваў ён над усімі царамі ад ракі Еўфрата да зямлі Філістымскай і да межаў Егіпта.
27 І зрабіў цар золата і срэбра ў Ерусаліме роўнавартасным простаму каменю, а кедры, ад мноства, зрабіў роўнавартаснымі сікаморам, якія на нізкіх мясьцінах.
28 Коней прыводзілі Саламону зь Егіпта і з усіх земляў.
29 Астатнія дзеі Саламонавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Натана прарока і ў прароцтве Ахіі Сіламляніна і ў відзежах празорліўца Ёіля пра Ераваама, сына Наватавага.
30 А валадарыў Саламон з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давіда, бацькі ягонага. І зацаравваў Раваам, сын ягоны замест яго.
(31)
Разьдзел 10
1 І пайшоў Раваам у Сіхем, бо ў Сіхем сышліся ўсе Ізраільцяне, каб паставіць яго царом.
2 Калі дачуўся пра гэта Ераваам, сын Наватаў, — ён быў у Егіпце, куды ўцёк ад цара Саламона, — дык вярнуўся Ераваам зь Егіпта.
3 І паслалі і клікалі яго; і прыйшоў Ераваам і ўвесь Ізраіль, і казалі Еравааму так:
4 бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо; але ты паслабі жорсткую працу бацькі твайго і цяжкае ярмо, якое ён наклаў на нас, і мы будзем служыць табе.
5 І сказаў ім Раваам; праз тры дні прыйдзеце зноў да мяне. І разышоўся народ.
6 І раіўся цар Раваам са старэйшынамі, якія стаялі перад тварам Саламона, бацькі ягонага, пры жыцьці ягоным, і казаў: як вы параіце адказваць народу гэтаму?
7 Яны сказалі яму: калі ты будзеш добры да народу гэтага і дагодзіш ім і будзеш гаварыць зь імі ласкава, дык яны будуць табе рабамі на ўсе дні.
8 Але ён адкінуў параду старэйшын, якую яны давалі яму, і пачаў раіцца зь людзьмі маладымі, якія вырасьлі разам зь ім, якія стаялі перад тварам ягоным;
9 і сказаў ім: што вы параіце мне адказваць народу гэтаму, які казаў мне так: паслабі ярмо, якое наклаў на нас бацька твой?
10 І казалі яму маладыя людзі, якія вырасьлі разам зь ім, і сказалі: бацька твой наклаў на нас цяжкае ярмо, а ты паслабі нам, — так скажы ім: мезенец мой таўсьцейшы за сьцёгны бацькі майго.
11 Бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а я павялічу ярмо вашае, бацька мой караў вас бізунамі, а я буду скарпіёнамі.
12 І прыйшоў Ераваам і ўвесь народ да Раваама на трэці дзень, як загадаў цар, сказаўшы: прыйдзеце да мяне зноў праз тры дні.
13 Тады цар адказваў ім сурова, бо пакінуў цар Раваам параду старэйшын, і казаў ім па парадзе маладых людзей так:
14 бацька мой наклаў на вас цяжкае ярмо, а Я павялічу яго; бацька мой караў вас бізунамі, а я буду скарпіёнамі.
15 І не паслухаўся цар народу, бо так уладжана было ад Бога, каб спраўдзіць Госпаду слова Сваё, якое прамовіў ён праз Ахію Сіламляніна Еравааму, сыну Наватаваму.
16 Калі ўвесь Ізраіль убачыў, што ня слухае яго цар, дык адказваў народ цару, кажучы: якая нам доля ў Давідзе? няма нам долі ў сыне Есэевым; па намётах сваіх, Ізраіль, цяпер ведай свой дом, Давідзе. І разышліся ўсе Ізраільцяне па намётах сваіх.
17 Толькі над сынамі Ізраілевымі, якія жылі ў гарадах Юдавых, застаўся царом Раваам.
18 І паслаў цар Раваам Аданірама, начальніка над зборам даніны, і закідалі яго сыны Ізраілевыя камянямі, і ён памёр. А цар Раваам пасьпяшаўся сесьці на калясьніцу, каб уцячы ў Ерусалім.
19 Так адасобіліся Ізраільцяне ад дома Давідавага да сёньня.
Разьдзел 11
1 І прыбыў Раваам у Ерусалім і склікаў з дома Юдавага і Веньямінавага сто восемдзесят тысяч адборных воінаў, каб ваяваць зь Ізраілем і вярнуць царства Равааму.
2 І было слова Гасподняе Самэю, чалавеку Божаму, і сказана:
3 скажы Равааму, сыну Саламонаваму, цару Юдэйскаму, і ўсяму Ізраілю ў племі Юдавым і Веньямінавым:
4 так кажа Гасподзь: не хадзеце і не пачынайце вайны з братамі вашымі; вяртайцеся кожны ў дом свой, бо Мною зроблена гэта. Яны паслухаліся слоў Гасподніх і вярнуліся з паходу супроць Ераваама.
5 Раваам жыў у Ерусаліме; ён абнёс гарады ў Юдэі сьценамі.
6 Ён умацаваў Віфляем і Этам і Тэкою,
7 і Вэтцур, і Сахо і Адалам,
8 і Гэт і Марэшу, і Зіф
9 і Адараім, і Лахіс і Азэку,
10 і Цору і Аялон і Хэўрон, якія былі ў племі Юдавым і Веньямінавым.
11 І ўмацаваў ён крэпасьці гэтыя і паставіў у іх начальнікаў і сховішчы для хлеба і драўніннага алею і віна.
12 І даў у кожны горад шчыты і дзіды і ўмацаваў іх вельмі добра. І заставаліся за ім Юда і Веньямін.
13 І сьвятары і лявіты, якія былі па ўсёй замлі Ізраільскай, сабраліся да яго з усіх межаў,
14 бо пакінулі лявіты свае гарадзкія прадмесьці і свае валоданьні і прыйшлі ў Юдэю і ў Ерусалім, бо пакінуў іх Ераваам і сыны ягоныя ад сьвяшчэнства Гасподняга
15 і паставіў у сябе жрацоў да вышыняў, і да казлоў і да цялят, якіх ён зрабіў.
16 А за імі і з усіх плямёнаў Ізраілевых прыхільныя сэрцам сваім, каб ісьціць Госпада Бога Ізраілевага, прыходзілі ў Ерусалім, каб прыносіць ахвяры Госпаду Богу бацькоў сваіх.
17 І ўмацавалі яны царства Юдава і падтрымлівалі Раваама, сына Саламонавага, тры гады, бо хадзілі шляхам Давіда і Саламона ў гэтыя тры гады.
18 І ўзяў сабе Раваам за жонку Міхалату, дачку Ерымота, сына Давідавага, і Авіхаіль, дачку Эліява, сына Есэевага,
19 і яна нарадзіла яму сыноў: Еўса і Шэмарыю і Загама.
20 Пасьля яе ён узяў Мааху, дачку Авэсаломавую, і яна нарадзіла яму Авію і Атая, і Зізу і Шэламіта.
21 І кахаў Раам Мааху, дачку Авэсаломавую, больш за ўсіх жонак і наложніц сваіх, бо ён меў васямнаццаць жонак і шэсьцьдзясят наложніц і спарадзіў дваццаць восем сыноў і шэсьцьдзясят дочак.
22 І паставіў Раваам Авію, сына Маахі, узначальцам і князем над братамі ягонымі, бо хацеў паставіць яго царом.
23 І дзейнічаў разумна і разаслаў усіх сыноў сваіх па ўсіх землях Юды і Веньяміна ва ўсе ўмацаваныя гарады, і даў ім утрыманьне вялікае і прышукаў многа жонак.
Разьдзел 12
1 Калі царства Раваама ўцьвердзілася, і ён зрабіўся моцны, тады ён пакінуў закон Гасподні, і ўвесь Ізраіль зь ім.
2 На пятым годзе валадараньня Раваама, Сусакім, цар Егіпецкі, пайшоў на Ерусалім, — бо яны адступіліся ад Госпада, —
3 з тысячаю і дзьвюмастамі калясьніц і шасьцюдзесяцьцю тысячамі коньнікаў; і ня было ліку народу, які прыйшоў зь ім зь Егіпта, Лівійцаў, Сукхітаў і Эфіопаў;
4 і ўзяў умацаваныя гарады ў Юдэі і прыйшоў да Ерусаліма.
5 Тады Самэй прарок прыйшоў да Раваама і князёў Юдэі, якія сабраліся ў Ерусалім, ратуючыся ад Сусакіма, і сказаў ім: так кажа Гасподзь: вы пакінулі Мяне, затое і Я пакіну вас у рукі Сусакіму.
6 І ўпакорыліся князі Ізраілевыя і цар і сказалі: справядлівы Гасподзь.
7 Калі ўбачыў Гасподзь, што яны ўпакорыліся, тады было слова Гасподняе Самэю, і сказана: яны ўпакорыліся; ня зьнішчу іх і неўзабаве дам і ўратаваньне, і не пральецца гнеў Мой на Ерусалім рукою Сусакіма;
8 аднак яны будуць слугамі ягонымі, каб ведалі, як служыць Мне і служыць царствам зямным.
9 І прыйшоў Сусакім, цар Егіпецкі, ў Ерусалім і ўзяў скарбы дома Гасподняга і скарбы дома царскага; усё ўзяў ён, узяў і шчыты залатыя, якія зрабіў Саламон.
10 І зрабіў цар Раваам замест іх шчыты медныя, і аддаў іх на рукі начальнікам целаахоўцаў, якія ахоўвалі ўваход дома царскага.
11 Калі выходзіў цар у дом Гасподні, прыходзілі целаахоўцы і несьлі іх, і потым зноў выносілі іх у палату целаахоўцаў.
12 І калі ён упакорыўся, тады адхіліўся ад яго гнеў Госпада, і не загубіў яго да канца; прытым і ў Юдэі было нешта добрае.
13 І ўмацаваўся цар Раваам у Ерусаліме і валадарыў. Сорак адзін год было Равааму, калі ён зацараваў, і сямнаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме, у горадзе, які з усіх плямёнаў Ізраілевых выбраў Гасподзь, каб там было імя Ягонае. Імя маці яго Наама, Аманіцянка.
14 І рабіў ён ліхое, бо ня схіліў сэрца свайго да таго, каб уісьціць Госпада.
15 Дзеі Раваамавыя, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Самэя прарока і Ады празорліўца пры радаводах. І былі войны ў Раваама зь Ераваамам ва ўсе дні.
16 І спачыў Раваам з бацькамі сваімі і пахаваны ў горадзе Давідавым. І зацараваў Авія, сын ягоны, замест яго.
Разьдзел 13
1 На васямнаццатым годзе валадараньня Ераваама зацараваў Авія над Юдай:
2 тры гады ён валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Міхая, дачка Урыілавая, з Гівы. І была вайна ў Авіі зь Ераваамам.
3 І вывеў Авія на вайну войска зь людзей адважных, з чатырохсот тысяч чалавек адборных; а Ераваам выступіў супроць яго на вайну з васьмюстамі тысяч чалавек, таксама адборных, адважных.
4 І стаў Авія на вяршыні гары Цэмараімскай, адной з гор Яфрэмавых, і казаў: паслухайце мяне, Ераваам і ўсе Ізраільцяне.
5 Ці ня ведаеце вы, што Гасподзь Бог Ізраілеў даў царства Давіду над Ізраілем навек, яму і сынам ягоным, па запавеце солі?
6 Але паўстаў Ераваам, сын Наватаў, раб Саламона, сына Давідавага, і ўзбунтаваўся супроць гаспадара свайго.
7 І сабраліся вакол яго людзі, людзі распусныя, і ўмацаваліся супроць Раваама, сына Саламонавага; а Раваам быў малады і слабы сэрцам і ня ўстояў супроць іх.
8 І цяпер вы думаеце ўстояць супроць царства Гасподняга ў руцэ сыноў Давідавых, бо вас вялікае мноства, і ў вас залатыя цяляты, якіх Ераваам зрабіў вам багамі.
9 Ці ня вы выгналі сьвятароў Гасподніх, сыноў Аарона, і лявітаў, і паставілі ў сябе сьвятароў, якія ў народаў іншых земляў? Кожны, хто прыходзіць для пасьвячэньня свайго зь цялём і зь сямю баранамі, робіцца ў вас сьвятаром фальшывых багоў.
10 А ў нас — Гасподзь Бог наш; мы не пакідалі Яго, і Госпаду служаць сьвятары, сыны Ааронавыя, і лявіты пры сваёй справе.
11 І паляць яны Госпаду цэласпаленьні кожнае раніцы і кожнага вечара, і пахучае дымленьне, і кладуць радамі хлябы на стале чыстым, і запальваюць залатую сьвяцільню і лампады яе, каб гарэлі кожнага вечара, бо мы выконваем устаноўленае Госпадам Богам нашым, а вы пакінулі Яго.
12 І вось, у нас на чале Бог, і сьвятары Ягоныя, і трубы гучнагалосыя, каб грымець супроць вас. Сыны Ізраілевыя, не ваюйце з Госпадам Богам бацькоў вашых, бо ня мецьмеце посьпеху.
13 Між тым Ераваам паслаў атрад у засаду з тылу ім, так што сам ён быў наперадзе Юдэяў, а засада за імі.
14 І азірнуліся Юдэі, і вось, ім бітва сьпераду і ззаду; і залямантавалі яны да Госпада, а сьвятары затрубілі ў трубы.
15 І ўсклікнулі Юдэі. І калі ўсклікнулі Юдэі, Бог пабіў Ераваама і ўсіх Ізраільцянаў перад абліччам Авіі і Юды.
16 І пабеглі сыны Ізраілевыя ад Юдэяў, і перадаў іх Бог у рукі ім.
17 І ўчынілі ў іх Авія і народ ягоны разгром вялікі; і загінула ў Ізраіля пяцьсот тысяч чалавек адборных.
18 І ўпакорыліся тады сыны Ізраілевыя, і былі моцныя сыны Юдавыя, бо спадзяваліся на Госпада Бога бацькоў сваіх.
19 І перасьледаваў Авія Ераваама і ўзяў у яго гарады: Вэтыль і залежныя ад яго гарады, і Ешану і залежныя ад яе гарады, і Эфрон і залежныя ад яго гарады.
20 І не ўваходзіў больш у сілу Ераваам у дні Авіі. І пабіў яго Гасподзь, і ён памёр.
21 А Авія ўзмацнеў; і ўзяў сабе чатырнаццаць жонак і спарадзіў дваццаць два сыны і шаснаццаць дочак.
22 Астатнія дзеі Авіі і ягоныя ўчынкі і словы апісаны ў сказаньні прарока Ады.
Разьдзел 14
1 І спачыў Авія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым. І зацараваў Аса, сын ягоны, замест яго. У дні ягоныя пакоілася зямля дзесяць гадоў.
2 І рабіў Аса добрае і спадобнае ў вачах Госпада Бога свайго;
3 і адкінуў ён ахвярнікі багоў чужых і вышыні, і разьбіў статуі, і высек прысьвечаныя дрэвы;
4 і загадаў Юдэям знайсьці Госпада Бога бацькоў сваіх і выконваць закон і запаведзі;
5 і адмяніў ён ва ўсіх гарадах Юдавых вышыні і статуі сонца. І спакойнае было пры ім царства.
6 І будаваў ён умацаваныя гарады ў Юдэі, бо спакойная была зямля, і ня было ў яго вайны ў тыя гады, бо Гасподзь даў спакой яму.
7 І сказаў ён Юдэям: пабудуем гарады гэтыя і абнясём іх сьценамі зь вежамі, з брамамі і засаўкамі; зямля яшчэ наша, бо мы знайшлі Госпада Бога нашага: мы знайшлі Яго, — і Ён даў нам спакой з усіх бакоў. І пачалі будавацца, і мелі посьпех.
8 І было ў Асы ваеннай сілы: узброеных шчытом і дзідай з калена Юдавага трыста тысяч, і з калена Веньямінавага ўзброеных шчытом і стралкоў з лука дзьвесьце восемдзесят тысяч, людзей адважных.
9 І выйшаў на іх Зарай Эфіоп з войскам у тысячу тысяч і з трымастамі калясьніц і дайшоў да Марэшы.
10 І выступіў Аса супроць яго, і сышліся на бітву ў даліне Цэфата каля Марэшы.
11 І заклікаў Аса Госпада Бога свайго і сказаў: Госпадзе, ці не ў Тваёй сіле памагчы моцнаму альбо бясьсіламу? дапамажы ж нам, Госпадзе Божа наш: бо мы на Цябе спадзяёмся і ў імя Тваё мы выйшлі супроць мноства гэтага. Госпадзе! Ты Бог наш: хай не пераможа Цябе чалавек.
12 І пабіў Гасподзь Эфіопаў перад абліччам Асы і перад абліччам Юды, і пабеглі Эфіопы.
13 І перасьледаваў іх Аса і народ, які быў зь ім, да Герара, і загінулі Эфіопы, так што ў іх нікога не засталося жывога, бо яны пабітыя былі прад Госпадам і перад войскам Ягоным. І набралі здабычы вялікае мноства.
14 І разбурылі ўсе гарады Вакол Шэрара, бо напала на іх жудасьць ад Госпада; і разрабавалі ўсе гарады і вынесьлі зь іх многа здабычы.
15 Таксама і пастуховыя буданы пабурылі і забралі мноства статкаў дробнага быдла і вярблюдаў і вярнуліся ў Ерусалім.
Разьдзел 15
1 Тады на Азарыю, сына Адэтавага, сышоў Дух Божы,
2 і выйшаў ён насустрач Асу і сказаў яму: паслухайце мяне, Аса і ўвесь Юда і Веньямін: Гасподзь з вамі, калі вы зь Ім; і калі вы будзеце шукаць Яго, Ён будзе знойдзены вамі; а калі пакінеце Яго, Ён пакіне вас.
3 Многа дзён Ізраіль будзе бяз Бога сапраўднага і безь сьвятара навучальнага і без закона;
4 але калі ён павернецца ва ўціску сваім да Госпада Бога Ізраілевага і знойдзе Яго, Ён дасьць ім знайсьці Сябе.
5 У тыя часы ня будзе міру ні таму, хто выходзіць, ні хто ўваходзіць, бо вялікія хваляваньні будуць ва ўсіх жыхароў земляў;
6 народ будзе біцца з народам, і горад з горадам, бо Бог прывядзе іх у хваляваньне вялікімі бедствамі.
7 Але вы ўмацуецеся, і хай не слабнуць рукі вашыя, бо ёсьць адплата за дзеі вашыя.
8 Калі пачуў Аса словы гэтыя і прароцтва, сына Адэда прарока, дык падбадзёрыўся і выкінуў мярзоты язычніцкія з усёй зямлі Юдавай і Веньямінавай і з гарадоў, якія ён узяў на гары Яфрэмавай, і абнавіў ахвярнік Гасподні, што перад бабінцам Гасподнім.
9 І сабраў усяго Юду і Веньяміна і перасяленцаў, якія жылі зь імі, ад Яфрэма і Манасіі і Сімяона; бо многія ад Ізраіля перайшлі да яго, калі ўбачылі, што Гасподзь Бог яго зь ім.
10 І сабраліся ў Ерусаліме ў трэці месяц, на пятнаццатым годзе валадараньня Асы;
11 і прынесьлі ў той дзень ахвяру Госпаду са здабычы, якую прывялі, з буйнога быдла сямсот і з дробнага сем тысяч;
12 і ўступілі ў запавет, каб уісьціць Госпада Бога бацькоў сваіх ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй;
13 і кожны, хто ня будзе шукаць Госпада Бога Ізраілевага, павінен памерці, ці ён малы, ці вялікі, ці мужчына, ці жанчына.
14 І прысягаліся Госпаду гучнагалоса і з заклікамі і пры гуках труб і рагоў.
15 І радаваліся ўсе Юдэі гэтай клятве, бо ад усяго сэрца свайго прысягаліся і з усёй рупнасьцю шукалі Яго, і Ён даў ім знайсьці Сябе. І даў ім Гасподзь спакой з усіх бакоў.
16 І Мааху, маці сваю, цар Аса пазбавіў царскай годнасьці за тое, што яна зрабіла балвана для дубровы. І скінуў Аса балвана яе, і пасек на кавалкі, і спаліў у даліне Кедрона.
17 Хоць вышыні ня былі адменены ў Ізраіля, але сэрца Асы было цьвёрда адданае Госпаду ва ўсе дні ягоныя.
18 і ўнёс ён прысьвечанае бацькам ягоным і сваё прысьвячэньне ў дом Божы, срэбра і золата і посуд.
19 І ня было вайны да трыццаць пятага года валадараньня Асы.
Разьдзел 16
1 На трыццаць шостым годзе валадараньня Асы пайшоў Вааса, цар Ізраільскі, на Юдэю і пачаў будаваць Раму; каб не дазволіць нікому ні сыходзіць ад Асы, цара Юдэйскага, ні прыходзіць да яго.
2 І вынес Аса срэбра і золата са скарбніц дома Гасподняга і дома царскага і паслаў да Ванадада, цара Сірыйскага, які жыў у Дамаску, кажучы:
3 хай будзе саюз паміж мною і табою, як быў паміж бацькам маім і бацькам тваім: вось я пасылаю табе срэбра і золата: ідзі парві спрымірэнства тваё з Ваасам, царом Ізраільскім; каб ён адступіўся ад мяне.
4 І паслухаўся Ванадад цара Асы і паслаў ваеначальнікаў, якія былі ў яго, супроць гарадоў Ізраільскіх, і яны спустошылі Іён і Дан і Авэлмаім і ўсе запасы ў гарадах Нэфталімавых.
5 І калі дачуўся пра гэта Вааса, дык перастаў будаваць Раму і спыніў працу сваю.
6 А Аса цар сабраў усіх Юдэяў, і яны вывезьлі з Рамы камяні і дрэва, якое ўжываў Вааса на будаўніцтве, — і пабудаваў зь іх Гэву і Міцфу.
7 У той час прыйшоў Ананій празорлівец да Асы, цара Юдэйскага, і сказаў яму: як што ты паспадзяваўся на цара Сірыйскага і не спадзяваўся на Госпада Бога твайго, таму і ўратавалася войска цара Сірыйскага ад рукі тваёй.
8 І ці ня былі Эфіопы і Лівійцы зь сілаю большаю і з калясьніцамі і коньнікамі вельмі шматлікімі? Але як ты спадзяваўся на Госпада, дык Ён аддаў іх у рукі твае,
9 бо вочы Госпада азіраюць усю зямлю, каб падтрымаць тых, чыё сэрца цалкам аддадзена Яму. Безразважліва ты ўчыніў цяпер. За тое ад сёньня будуць у цябе войны.
10 І разгневаўся Аса на празорліўца і ўвязьніў яго ў цямніцу, бо праз гэта быў раздражнёны на яго; уціскаў Аса і некаторых з народу ў той час.
11 І вось дзеі Асы, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
12 І зрабіўся Аса хворы нагамі на трыццаць дзявятым годзе валадараньня свайго, і хвароба ягоная паднялася да верхніх частак цела; але ён у хваробе сваёй шукаў ня Госпада, а лекараў.
13 І спачыў Аса з бацькамі сваімі і памёр на сорак першым годзе валадараньня свайго.
14 І пахавалі яго ў магільніцы, якую ён уладзіў сабе ў горадзе Давідавым; і паклалі яго на ложы, якое напоўнілі пахошчамі і рознымі штучнымі масьцямі і спалілі іх для яго вялікае мноства.
Разьдзел 17
1 І зацараваў Ёсафат, сын ягоны, замест яго; і ўмацаваўся ён супроць Ізраільцян.
2 І паставіў ён войска ва ўсе ўмацаваныя гарады Юдэі і расставіў ахоўнае войска па зямлі Юдэйскай і па гарадах Яфрэмавых, якімі авалодаў Аса, бацька ягоны.
3 І быў Гасподзь зь Ёсафатам, бо ён хадзіў першымі шляхамі Давіда, бацькі свайго, і ня шукаў Ваалаў,
4 а шукаў ён Бога бацькі і рабіў паводле запаведзяў Ягоных, а не па ўчынках Ізраільцянаў.
5 І ўцьвердзіў Гасподзь царства ў руцэ ягонай, і давалі ўсе Юдэі дары Ёсафату, і было ў яго многа багацьця і славы.
6 І ўзвысілася сэрца ягонае на шляхах Гасподніх; прытым і вышыні адмяніў ён і дубровы ў Юдэі.
7 І на трэцім годзе цараваньня свайго ён паслаў князёў сваіх Бэнхаіла і Авадыю, і Захара і Натанаіла і Міхея, каб вучылі па гарадах Юдавых народ,
8 і зь імі лявітаў: Шэмаю і Нэтанію, і Зэвадыю і Азаіла, і Шэмірамота і Ёнатана, і Аданію і Товію і Тоў-Аданію, і зь імі Элэшаму і Ёрама, сьвятароў.
9 І яны вучылі ў Юдэі, маючы з сабою кнігу закона Гасподняга: і абыходзілі ўсе гарады Юдэі і вучылі народ.
10 І быў страх Гасподні на ўсіх царствах земляў, якія вакол Юдэі, і не ваявалі зь Ёсафатам.
11 А ад Філістымлянаў прыносілі Ёсафату дарункі, і ў даніну срэбра; таксама Аравіцяне прыганялі яму дробнае быдла: бараноў сем тысяч сямсот і казлоў сем тысяч сямсот.
12 І ўзвышаўся Ёсафат усё больш і больш і пабудаваў у Юдэі крэпасьці і гарады пад запасы.
13 Многа было ў яго запасаў у гарадах Юдэйскіх, а ў Ерусаліме людзей ваенных, адважных.
14 І вось сьпіс іх па пакаленьнях іхніх: у Юды начальнікі тысяч: Адна начальнік і ў яго выдатных воінаў трыста тысяч;
15 за ім Ёханан начальнік, і ў яго дзвесьце восемдзесят тысяч;
16 за ім Амасія, сын Зімхры, які прысьвяціў сябе Госпаду, і ў яго дзвесьце тысяч воінаў выдатных.
17 У Веньяміна: выдатны воін Эліяда, і ў яго ўзброеных лукам і шчытом дзвесьце тысяч;
18 за ім Егазавад, і ў яго сто восемдзесят тысяч узброеных воінаў.
19 Вось тыя, што служылі цару, звыш тых, якіх расставіў цар ва ўмацаваных гарадах па ўсёй Юдэі.
Разьдзел 18
1 І было ў Ёсафата многа багацьця і славы; і парадніўся ён з Ахавам.
2 І пайшоў празь некалькі гадоў да Ахава ў Самарыю; і закалоў дзеля яго Ахаў мноства быдла дробнага і буйнога, і дзеля людзей, якія былі зь ім, і схіляў яго ісьці на Рамот Галаадскі.
3 І казаў Ахаў, цар Ізраільскі, Ёсафату, цару Юдэйскаму: ці пойдзеш са мною ў Рамот Галаадскі? Той сказаў Яму: як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ: іду з табою на вайну̀
4 І сказаў Ёсафат цару Ізраільскаму: спытайся сёньня, што скажа Гасподзь.
5 І сабраў цар Ізраільскі прарокаў чатырыста чалавек і сказаў ім: ці ісьці нам на Рамот Галаадскі вайною, ці ўстрымацца? Яны сказалі: ідзі і Бог перадасьць яго ў рукі цара.
6 І сказаў Ёсафат: ці няма тут яшчэ прарока Гасподняга? Спытаемся і ў яго.
7 І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: ёсьць яшчэ адзін чалавек, празь якога можна спытацца ў Госпада; але я ня люблю яго, бо ён не прарочыць пра мяне добрага, а пастаянна прарочыць благое; гэта Міхей сын Емвлая. І сказаў Ёсафат: не кажы так, цару.
8 І паклікаў цар Ізраільскі аднаго еўнуха і сказаў: схадзі хутчэй па Міхея, сына Емвлая.
9 А цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, сядзелі кожны на сваім троне, апранутыя ў царскую вопратку; сядзелі на плошчы каля брамы Самарыі, і ўсе прарокі прарочылі перад імі.
10 І зрабіў сабе Сэдэкія, сын Хэнааны, жалезныя рогі і сказаў: так кажа Гасподзь: імі забадаеш Сірыйцаў да вынішчэньня іх.
11 І ўсе прарокі прарочылі тое самае, кажучы: ідзі на Рамот Галаадскі; будзе посьпех табе, і аддасьць яго Гасподзь у руку цара.
12 Пасланец, які пайшоў паклікаць Міхея, казаў яму: вось, прарокі аднагалосна прадказваюць добрае цару; хай бы і тваё слова было такое самае, як кожнага зь іх: скажы і ты добрае.
13 І сказаў Міхей: жывы Гасподзь, — што скажа мне Бог мой, тое вымаўлю.
14 І прыйшоў ён да цара, і сказаў яму цар: Міхей, ці ісьці нам вайною на Рамот Галаадскі, ці ўстрымацца? І сказаў той: ідзеце, будзе вам посьпех, і яны аддадзены будуць у рукі вашыя.
15 І сказаў яму цар: колькі разоў мне заклінаць цябе, каб ты не гаварыў мне нічога, акрамя праўды, у імя Гасподняе?
16 Тады Міхей сказаў: я бачыў усіх сыноў Ізраіля, расьсеяных па горах, як авечак, у якіх няма пастуха, — і сказаў Гасподзь: няма ў іх начальніка, хай вернуцца кожны ў дом свой зь мірам.
17 І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату, ці не казаў я табе, што ён не прарочыць пра мяне добрага, а толькі благое?
18 І сказаў Міхей: дык выслухайце слова Гасподняе: я бачыў Госпада, Які сядзеў на троне Сваім, і ўсё войска нябеснае стаяла праваруч і леваруч ад Яго.
19 І сказаў Гасподзь: хто звабіў бы Ахава, цара Ізраільскага, каб ён пайшоў і загінуў у Рамоце Галаадскім? І адзін казаў так, другі казаў інакш.
20 І выступіў адзін дух, і сказаў прад абліччам Госпада і сказаў: я зваблю яго. І сказаў яму Гасподзь: чым?
21 Той сказаў: я выйду і буду духам падману ў вуснах усіх прарокаў ягоных. І сказаў Ён: ты звабіш яго, і пасьпееш; ідзі і зрабі так.
22 І цяпер, вось папусьціў Гасподзь духа падману ўвайсьці ў вусны гэтых прарокаў тваіх, але Гасподзь сказаў пра цябе нядобрае.
23 І падышоў Сэдэкія, сын Хэнааны, і ўдарыў Міхея па шчацэ і сказаў: па якой гэта дарозе адышоў ад мяне Дух Гасподні, каб гаварыць у табе?
24 І сказаў Міхей: вось ты ўбачыш гэта ў той дзень, калі будзеш бегаць з пакоя ў пакой, каб схавацца.
25 І сказаў цар Ізраільскі: вазьмеце Міхея і зьвядзеце яго да Амона начальніка горада і да Ёаса, сына цара,
26 і скажэце: так кажа цар: пасадзеце гэтага ў цямніцу і кармеце яго хлебам і вадою мала, пакуль я не вярнуся ў міры.
27 І сказаў Міхей: калі ты вернешся ў міры, дык мне Гасподзь гаворыць празь мяне. І сказаў: слухайце гэта, усе людзі,
28 і пайшоў цар Ізраільскі і Ёсафат, цар Юдэйскі, да Рамота Галаадскага.
29 І сказаў цар Ізраільскі Ёсафату: я пераапрануся і ўступлю ў бітву, а ты надзень сваю царскую вопратку. І пераапрануўся цар Ізраільскі, і ўступілі ў бітву.
30 І цар Сірыйскі загадаў начальнікам калясьніц, якія былі ў яго, сказаўшы: ня бецеся ні з малым, ні зь вялікім, а толькі з адным царом Ізраільскім.
31 І калі ўбачылі Ёсафата начальнікі калясьніц, дык падумалі: гэта цар Ізраільскі, — і акружылі яго, каб біцца зь ім. Але Ёсафат закрычаў, і Гасподзь памог яму, і адвёў іх Бог ад яго.
32 І калі ўбачылі начальнікі калясьніц, што гэта ня быў цар Ізраільскі, дык павярнулі ад яго.
33 Тым часам адзін чалавек выпадкова нацягнуў лук свой, і параніў цара Ізраільскага праз швы латаў. І сказаў ён калясьнічаму: павярні назад, і вязі мяне ад войска, бо я паранены.
34 Але бітва таго дня ўзмацнілася і цар Ізраільскі стаяў на калясьніцы насупраць Сірыйцаў да вечара і памёр на захадзе сонца.
Разьдзел 19
1 І вяртаўся Ёсафат, цар Юдэйскі, у міры ў дом свой у Ерусалім.
2 І выступіў насустрач яму Іуй, сын Ананіі, празорлівец, і сказаў цару Ёсафату: ці сьлед было табе дапамагаць бязбожніку і любіць ненавісьнікаў Госпада? За гэта на цябе гнеў ад аблічча Гасподняга.
3 Зрэшты, і добрае знойдзена ў табе, бо ты зьнішчыў куміраў у зямлі Юдэйскай і схіліў сэрца тваё да таго, каб ісьціць Бога.
4 І жыў Ёсафат у Ерусаліме. І зноў пачаў ён абыходзіць народ свой ад Вірсавіі да гары Яфрэмавай, і навяртаў іх да Госпада, Бога бацькоў іхніх.
5 І паставіў судзьдзяў на зямлі па ўсіх умацаваных гарадах Юдэі, у кожным горадзе,
6 і сказаў судзьдзям: глядзеце, што вы робіце, вы чыніце ня суд чалавечы, а суд Госпада; і Ён з вамі ў справе суду.
7 Дык вось, хай будзе страх Гасподні на вас: дзейце абачліва, бо няма ў Госпада Бога нашага няпраўды, ні ўвагі на асобы, ні хабарніцтва.
8 І ў Ерусаліме прыставіў Ёсафат зь лявітаў і сьвятароў і ўзначальцаў пакаленьняў у Ізраіля да суду Гасподняга і да цяжбінаў. І вярнуліся ў Ерусалім.
9 І даў ім загад, кажучы: так дзейце ў страху Гасподнім, зь вернасьцю і з чыстым сэрцам:
10 ва ўсякай справе спрэчнай, якая паступіць да вас ад братоў вашых, што жывуць у гарадах сваіх, ці пра праліваньне крыві, ці пра закон запаведзі, пастановы і абрады, настаўляйце іх, каб яны не правініліся прад Госпадам і ня было б гневу Ягонага на вас і на братоў вашых; так дзейнічайце, — і вы не зграшыце.
11 І вось Амарыя першасьвятар над вамі ва ўсякай дзеі Гасподняй, а Зэвадыя, сын Ісмаілаў, князь дома Юдавага, у кожнай дзеі цара, і наглядчыкі лявіты перад вамі. Будзьце цьвёрдыя і дзейце, і будзе Гасподзь з добрым.
Разьдзел 20
1 Пасля гэтага Маавіцяне і Аманіцяне, а зь імі некаторыя з стараны Мааніцкай, пайшлі вайною на Ёсафата.
2 І прыйшлі, і данесьлі Ёсафату, кажучы: ідзе на цябе мноства вялікае з-за мора, ад Сірыі, і вось яны ў Хацацон-Тамары, гэта значыць, у Энгеды.
3 І збаяўся Ёсафат, і павярнуў твар свой ісьціць Госпада, і абвясьціў пост па ўсёй Юдэі.
4 І сабраліся Юдэі прасіць дапамогі ў Госпада; з усіх гарадоў Юдавых прыйшлі яны ўмольваць Госпада.
5 І стаў Ёсафат на сходзе Юдэяў і Ерусалімлянаў у доме Гасподнім, перад новым дваром,
6 і сказаў: Госпадзе Божа бацькоў нашых! Ці ня Ты Бог на небе? І Ты валадарыш над усімі царствамі народаў, і ў Тваёй руцэ сіла і моц, і ніхто ня ўстоіць супроць Цябѐ
7 Ці ня Ты, Божа наш, выгнаў жыхароў зямлі гэтай перад абліччам народу Твайго Ізраіля і аддаў яе семені Абрагама, сябра Твайго, навек?
8 І яны пасяліліся на ёй і пабудавалі Табе на ёй сьвятыню ў імя Тваё, кажучы:
9 калі прыйдзе на нас бедства: меч карны, альбо пошасьць, альбо голад, дык мы станем перад домам гэтым і прад абліччам Тваім, бо імя Тваё ў доме гэтым; і заклічам Цябе ва ўціску нашым, і Ты пачуеш і выратуеш.
10 І сёньня вось Аманіцяне і Маавіцяне, і жыхары гары Сэіра, празь землі якіх Ты не дазволіў прайсьці Ізраільцянам, калі яны ішлі зь зямлі Егіпецкай, а таму яны абмінулі іх і ня вынішчылі іх,
11 вось яны плацяць нам тым, што прыйшлі выгнаць нас са спадчыннага валоданьня Твайго, якое Ты аддаў нам.
12 Божа наш! Ты судзі іх. Бо няма ў нас сілы супроць мноства гэтага вялікага, якое прыйшло на нас, і мы ня ведаем, што рабіць, але да Цябе вочы нашыя.
13 І ўсе Юдэі стаялі прад абліччам Гасподнім, і малыя дзеці іхнія, жонкі іхнія і сыны іхнія.
14 Тады на Ёзііла, сына Захара, сына Ванэі, сына Еэла, сына Матаніі, лявіта з сыноў Асафавых, сышоў Дух Гасподні сярод сходу
15 і сказаў ён: слухайце, усе Юдэі і жыхары Ерусаліма і цар Ёсафат! Так кажа Гасподзь вам: ня бойцеся і не жахайцеся мноства гэтага вялікага, бо ня ваша вайна, а Божая.
16 Заўтра выступіце супроць іх: вось яны ўзыходзяць на ўзвышша Цыц, і вы знойдзеце іх у канцы даліны, перад пустыняю Еруілам.
17 Ня вам біцца гэтым разам; вы станьце, стойце і глядзеце на ратаваньне Гасподняе, пасыланае вам. Юда і Ерусалім, ня бойцеся і не жахайцеся. Заўтра выступіце насустрач ім, і Гасподзь будзе з вамі.
18 І схіліўся Ёсафат тварам да зямлі, і ўсе Юдэі і жыхары Ерусаліма ўпалі прад Госпадам, каб пакланіцца Госпаду.
19 І ўсталі лявіты з сыноў Каатавых, і з сыноў Карэевых — хваліць Госпада Бога Ізраілевага голасам вельмі гучным.
20 І ўсталі яны з самага рана, і выступілі да пустыні Тэкойскай, і калі яны выступілі, устаў Ёсафат і сказаў: паслухайце мяне, Юдэі і жыхары Ерусаліма! Верце Госпаду Богу вашаму, і будзеце цьвёрдыя; верце прарокам Ягоным, і будзе вам посьпех.
21 І раіўся ён з народам, і паставіў сьпевакоў Госпаду, каб яны ў харастве сьвятыні, выступаючы наперадзе ўзброеных, славасловілі і казалі: слаўце Госпада, бо вавек міласьць Ягоная.
22 І ў той час, як яны пачалі ўсклікаць і славасловіць, Гасподзь абудзіў нязгодзіцу паміж Аманіцянамі, Маавіцянамі і жыхарамі гары Сэіра, якія прыйшлі ў Юдэю, і былі яны пабітыя:
23 бо паўсталі Аманіцяне і Маавіцяне на жыхароў гары Сэіра, пабіваючы і зьнішчаючы іх, а калі пакончылі з жыхарамі Сэіра, тады пачалі зьнішчаць адзін аднаго.
24 І калі Юдэі прыйшлі на ўзвышша да пустыні і зірнулі на тое шматлюдства, і вось, — трупы ляжаць на зямлі, і няма ацалелага.
25 І прыйшоў Ёсафат і народ ягоны забіраць здабычу, і знайшлі ў іх у мностве і маёмасьць, і вопратку, і каштоўныя рэчы, і набралі сабе столькі, што не маглі несьці. І тры дні яны забіралі здабычу, такая вялікая была яна̀
26 А на чацьвёрты дзень сабраліся ў даліну дабраславеньні, бо там яны дабраславілі Госпада. Таму і называюць тое месца далінаю дабраславеньня да сёньня.
27 І пайшлі назад усе Юдэі і Ерусалімляне і Ёсафат на чале іх, каб вярнуцца ў Ерусалім зь весялосьцю, бо даў ім Гасподзь перамогу над ворагамі іхнімі.
28 І прыйшлі ў Ерусалім з псалтырамі і цытрамі і трубамі да дома Гасподняга.
29 І быў страх Божы на ўсіх царствах зямных, калі яны пачулі, што Сам Гасподзь ваяваў супроць ворагаў Ізраіля.
30 І спакойнае стала царства Ёсафатавае, і даў яму Бог ягоны спакой з усіх бакоў.
31 Так валадарыў Ёсафат над Юдэяй: трыццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць пяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Азува, дачка Салаіла.
32 І хадзіў ён шляхам бацькі свайго Асы і ня ўхіляўся ад яго, робячы заўгоднае ў вачах Гасподніх.
33 Толькі вышыні ня былі адменены, і народ яшчэ не павярнуў цьвёрда сэрца свайго да Бога бацькоў сваіх.
34 Астатнія дзеі Ёсафата, першыя і апошнія, апісаны ў запісах Іуя, сына Ананіевага, якія ўнесены ў кнігу цароў Ізраілевых.
35 Але пасля таго ўступіў Ёсафат, цар Юдэйскі, ў зносіны з Ахозіем, царом Ізраільскім, які ўчыняў беззаконна.
36 і паяднаўся зь ім, каб пабудаваць караблі, каб выправіць іх у Тарсіс; і пабудавалі яны караблі ў Эцыён-Гавэры.
37 І сказаў тады Эліезэр, сын Дадавы з Марэшы, прароцтва на Ёсафата, кажучы: таму што ты ўступіў у зносіны з Ахозіем, дык парушыў Гасподзь дзею тваю. — І разьбіліся караблі, і не маглі ісьці ў Тарсіс.
Разьдзел 21
1 І спачыў Ёсафат з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ёрам, сын ягоны, замест яго.
2 І ў яго былі браты, сыны Ёсафата: Азарыя і Ехііл, і Захар і Азарыя і Міхаіл і Сафатыя: усе гэтыя сыны Ёсафата, цара Ізраілевага.
3 І даў ім бацька іхні вялікія дарункі срэбрам і золатам і каштоўнасьцямі, разам з умацаванымі гарадамі ў Юдэі; а царства аддаў Ёраму, бо ён першынец.
4 І ўступіў Ёрам на царства бацькі свайго і ўмацаваўся, і ўсьмерціў усіх братоў сваіх мечам і таксама некаторых з князёў Ізраілевых;
5 трыццаць два гады было Ёраму, калі зацараваў, і восем гадоў цараваў у Ерусаліме;
6 і хадзіў ён шляхам цароў Ізраільскіх, як рабіў дом Ахаваў, бо дачка Ахава была жонка яго, — і рабіў ён незаўгоднае ў вачах Гасподніх.
7 Аднак жа не хацеў Гасподзь загубіць дом Давідаў дзеля запавета, які заключыў з Давідам, і таму што абяцаў даць яму сьвяцільню і сынам ягоным на ўсе часы.
8 У дні ягоныя выйшаў Эдом з-пад улады Юды, і паставілі над сабою цара.
9 І пайшоў Ёрам з ваеначальнікамі сваімі, і ўсе калясьніцы зь ім; і ўстаўшы ўначы, пабіў Ідумэян, якія акружалі яго, і начальных над калясьніцамі.
10 Аднак выйшаў Эдом з-пад улады Юды да сёньня. У той час выйшла і Ліўна з-пад улады ягонай, бо ён пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх.
11 Таксама вышыні зладзіў ён на гарах Юдэйскіх, і ўвёў у заблуду жыхароў Ерусаліма і спакусіў Юдэю.
12 І прыйшло да яго пісьмо ад Ільлі прарока, у якім было сказана: так кажа Гасподзь Бог Давіда, бацькі твайго: за тое, што ты не пайшоў шляхамі Ёсафата, бацькі твайго, і шляхамі Асы, цара Юдэйскага,
13 а пайшоў шляхам цароў Ізраільскіх і ўвёў у заблуду Юдэю і жыхароў Ерусаліма, як уводзіў у заблуду дом Ахаваў, а яшчэ і братоў тваіх, дом бацькі твайго, якія лепшыя за цябе, аддаў сьмерці,
14 за тое вось Гасподзь пабіў паражэньнем вялікім народ твой і сыноў тваіх, і жонак тваіх і ўсю маёмасьць тваю,
15 а цябе самога — хваробаю моцнаю, хваробаю вантробаў тваіх да таго, што будуць выпадаць вантробы твае ад хваробы дзень у дзень.
16 І ўзбунтаваў Гасподзь супроць Ёрама дух Філістымлянаў і Аравіцянаў, сумежных Эфіопам;
17 і яны пайшлі на Юдэю і ўварваліся ў яе, і захапілі ўсю маёмасьць, якая была ў доме цара, таксама і сыноў ягоных, і не засталася ў яго сына, акрамя Ахозіі, меншага з сыноў ягоных.
18 А пасля ўсяго гэтага пабіў Гасподзь вантробы яго хваробаю нявылечнаю.
19 Так было дзень у дзень, а пад канец другога года выпалі вантробы ягоныя ад хваробы ягонай, і ён памёр у ліхіх пакутах; і не спаліў дзеля яго народ ягоны пахошчаў, як рабіў гэта дзеля бацькоў ягоных;
20 трыццаць два гады было яму, калі зацараваў, і восем гадоў валадарыў у Ерусаліме, і адышоў неаплаканы, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым, але ня ў царскіх магільніцах.
Разьдзел 22
1 І паставілі царом жыхары Ерусаліма Ахозію, меншага сына ягонага, замест яго, бо ўсіх старэйшых перабіла полчышча, якое прыходзіла з Аравіцянамі да табара, — і зацараваў Ахозія, сын Ёрама, цара Юдэйскага;
2 дваццаць два гады было Ахозію, калі зацараваў, і адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Гатолія, дачка Амврыя.
3 Ён таксама хадзіў шляхамі дома Ахававага, бо маці ягоная была дарадчыца яму на беззаконныя дзеі.
4 І рабіў ён незаўгоднае ў вачах Гасподніх, падобна дому Ахававаму, бо ён быў яму дарадцам, пасля сьмерці бацькі ягонага, на пагібель яму.
5 Таксама прымаючы параду іхнюю, ён пайшоў за Ёрамам, сынам Ахававым, царом Ізраільскім, на вайну супроць Азаіла, цара Сірыйскага, у Рамот Галаадскі. І паранілі Сірыйцы Ёрама,
6 і вярнуўся ён у Ізрэель лячыцца ад ранаў, якія прычынілі яму ў Раме, калі ён ваяваў з Азаілам, царом Сірыйскім. Ахозія, сын Ёрама, цар Юдэйскі, прыйшоў наведаць Ёрама, сына Ахававага, у Ізрэель, бо той быў хворы.
7 І ад Бога было гэта на пагібель Ахозіі, што ён прыйшоў да Ёрама: бо пасля прыходу свайго ён выйшаў з Ёрамам супроць Іуя, сына Намэсіевага, якога памазаў Гасподзь на вынішчэньне дома Ахававага.
8 Калі чыніў Іуй суд над домам Ахава, тады ён знайшоў князёў Юдэйскіх і сыноў братоў Ахозіі, якія служылі Ахозію, і забіў іх.
9 І загадаў ён шукаць Ахозію, і ўзялі яго, калі ён хаваўся ў Самарыі, і прывялі яго да Іуя, і забілі яго, і пахавалі яго, бо казалі: ён сын Ёсафата, які ўісьціў Госпада ад усяго сэрца свайго. І не засталося ў доме Ахозіі, хто мог бы валадарыць.
10 І Гатолія, маці Ахозіі, убачыўшы, што памёр сын яе, устала і зьнішчыла ўсё царскае племя дома Юдавага.
11 Але Ёсавэт, дачка царская, узяла Ёаса, сына Ахозіі, і выкрала яго з асяродзьдзя царскіх сыноў, якіх забівалі, і размясьціла яго і карміцельку яго ў спальным пакоі; і такім чынам Ёсавэт, дачка цара Ёрама, жонка Ёдая сьвятара, сястра Ахозіі, схавала Ёаса ад Гатоліі, і не забіла яго.
12 І быў ён у іх у доме Божым хаваны шэсьць гадоў; а Гатолія валадарыла над зямлёю.
Разьдзел 23
1 А на сёмым годзе ўзбадзёрыўся Ёдай і прыняў у саюз з сабою начальнікаў сотняў: Азарыю, сына Ерахамавага, і Ісмаіла, сына Егахананавага, і Азарыю, сына Авэдавага, і Маасэю, сына Адаі, і Элішафата, сына Зіхры.
2 І яны прайшлі па Юдэі і сабралі лявітаў з усіх гарадоў Юдэі і ўзначальцаў пакаленьняў Ізраілевых, і прыйшлі ў Ерусалім.
3 І заключыў увесь сход спрымірэнства ў доме Божым з царом. І сказаў ім Ёдай: вось сын цара павінен быць царом, як сказаў Гасподзь пра сыноў Давідавых.
4 Вось што вы зрабеце: траціна вас, што прыходзяць у суботу, са сьвятароў і лявітаў, будзе брамнікамі каля парогаў,
5 і траціна пры доме царскім, і траціна каля брамы Есод, а ўвесь народ на дварах дома Гасподняга.
6 І ніхто хай не заходзіць у дом Гасподні, акрамя сьвятароў і служак зь лявітаў. Яны могуць увайсьці, бо асьвечаныя; а ўвесь народ хай стаіць на варце Гасподняй.
7 І хай лявіты абступяць цара з усіх бакоў, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй, і хто будзе ўваходзіць у храм, хай будзе забіты. І будзьце вы пры цары, калі ён будзе ўваходзіць і выходзіць.
8 І зрабілі лявіты і ўсе Юдэі, што загадаў Ёдай сьвятар; і ўзялі кожны людзей сваіх, якія прыходзяць у суботу з тымі, што адыходзяць у суботу, бо не адпусьціў сьвятар Ёдай чэргаў, якія зьмяніліся.
9 І раздаў Ёдай сьвятар начальнікам сотняў дзіды і малыя і вялікія шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Божым;
10 і паставіў увесь народ, кожнага са зброяю ягонай у руцэ ягонай, ад правага боку храма да левага боку храма, каля ахвярніка і каля дома, вакол цара.
11 І вывелі сына цара, і ўсклалі на яго вянок і аздобы, і паставілі яго царом; і памазалі яго Ёдай і сыны ягоныя і сказалі: хай жыве цар!
12 І пачула Гатолія голас народу, які бег і абвяшчаў пра цара, і выйшла да народу ў дом Гасподні,
13 і ўбачыла: і вось цар стаіць на ўзвышэньні сваім каля ўваходу, і князі і трубы каля цара, і ўвесь народ зямлі весяліцца, і трубяць у трубы, і сьпевакі са спарудамі музычнымі і ўмелыя ў славаслоўі. І падрала Гатолія вопратку на сабе і закрычала: змова̀ змова̀
14 І выклікаў Ёдай сьвятар начальнікаў сотняў, начальнікаў над войскам, і сказаў ім: выведзіце яе прэч, і хто пойдзе за ёю, хай будзе забіты мечам. Бо сьвятар сказаў: ня ўсьмерціце яе ў доме Гасподнім.
15 І далі ёй месца, і калі яна прайшла да ўваходу конскае брамы царскага дома, там забілі яе.
16 І заключыў Ёдай запавет паміж сабою і ўсім народам і царом, каб быць народам Гасподнім.
17 І пайшоў увесь народ у капішча Ваала, і разбурылі яго, і ахвярнікі ягоныя і балванаў ягоных пабілі, і Матана, жраца Ваалавага, забілі перад ахвярнікамі.
18 І даручыў Ёдай справы дома Гасподняга сьвятарам і лявітам, як размеркаваў Давід у доме Гасподнім, дзеля прынашэньня цэласпаленьняў Госпаду, як напісана ў законе Майсеевым, з радасьцю і сьпевамі, паводле статуту Давідавага.
19 І паставіў ён брамнікаў каля брамы дома Гасподняга, каб не ўваходзіў нячысты ў чым-небудзь.
20 І ўзяў начальнікаў сотняў, і вяльможаў, і начальнікаў у народзе, і ўвесь народ зямлі, і правёў цара з дома Гасподняга і прайшлі праз верхнюю браму ў дом царскі, і пасадзілі цара на царскі трон.
21 І весяліўся ўвесь народ, і горад супакоіўся. А Гатолію забілі мечам.
Разьдзел 24
1 Сем гадоў было Ёасу, калі зацараваў, і сорак гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Цыўя зь Вірсавіі.
2 і рабіў Ёас заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсе дні Ёдая сьвятара.
3 І ўзяў яму Ёдай дзьвюх жонак, і ён меў ад іх сыноў і дочак.
4 І пасля гэтага прыйшло на сэрца Ёасу абнавіць дом Гасподні,
5 і сабраў ён сьвятароў і лявітаў і сказаў ім: ідзеце па гарадах Юдэі і зьбірайце з усіх Ізраільцянаў срэбра на падтрыманьне дома Бога вашага год у год, і пасьпяшайцеся ў гэтай справе. Але не пасьпяшаліся лявіты.
6 І паклікаў цар Ёдая, узначальца іхняга, і сказаў яму: чаму ты не патрабуеш ад лявітаў, каб яны дастаўлялі зь Юдэі і Ерусаліма даніну, устаноўленую Майсеем, рабом Гасподнім, і зьбіраньнем Ізраільцянаў для скініі сходу?
7 Бо бязбожная Гатолія і сыны яе спустошылі дом Божы і ўсё прысьвечанае для дома Божага заўжылі для Ваалаў.
8 І загадаў цар і зрабілі адну скрынку, і паставілі яе каля ўваходу ў дом Гасподні звонку.
9 І абвясьцілі па Юдэі і Ерусаліме, каб прыносілі Госпаду даніну, накладзеную Майсеем, рабом Божым, і на Ізраільцянаў у пустыні.
10 І ўзрадаваліся ўсе начальнікі і ўвесь народ, і прыносілі і клалі ў скрынку, пакуль яна не напоўнілася.
11 У той час, калі прыносілі скрынку царскім чыноўнікам празь лявітаў, і калі яны бачылі, што срэбра многа, прыходзіў пісар цара і даверанік першасьвятара, і высыпалі са скрынкі, і адносілі яго і ставілі яе на сваё месца. Так рабілі яны дзень у дзень, і сабралі многа срэбра.
12 і аддавалі яго цар і Ёдай тым, што вялі працу ў доме Гасподнім, і тыя наймалі каменячосаў і цесляў для паднаўленьня дома Гасподнага, таксама кавалёў і меднікаў для ўмацаваньня дома Гасподнага.
13 І працавалі майстры работ, і зьдзейсьнілася папраўленьне рукамі іхнімі, і прывялі дом Божы да патрэбнага ладу, і ўмацавалі яго.
14 І закончыўшы, яны прадставілі цару і Ёдаю рэшту срэбра. І зрабілі зь яго посуд для дома Гасподняга, посуд службовы і чары на цэласпаленьне і іншы посуд залаты і срэбраны. І прыносілі цэласпаленьні ў доме Гасподнім пастаянна ва ўсе дні Ёдая.
15 І састарыўся Ёдай і насыціўшыся днямі жыцьця, памёр: сто трыццаць гадоў было яму, калі ён памёр.
16 І пахавалі яго ў горадзе Давідавым з царамі, бо ён рабіў добрае ў Ізраілі і дзеля Бога і дзеля дома Яго.
17 Але пасля сьмерці Ёдая прыйшлі князі Юдэйскія і пакланіліся цару, тады цар пачаў слухацца іх,
18 І пакінулі дні Госпада Бога бацькоў сваіх і пачалі служыць дрэвам прысьвечаным і ідалам, — і быў гнеў Гасподні на Юду і Ерусалім за гэтую віну іхнюю.
19 І Ён пасылаў да іх прарокаў дзеля навароту іх да Госпада, і яны ўмаўлялі іх, але тыя ня слухаліся.
20 І Дух Божы ахінуў Захара, сына Ёдая сьвятара, і ён стаў на ўзвышэньні перад народам і сказаў ім: так кажа Гасподзь: навошта вы пераступаеце загады Гасподнія? Ня будзе посьпеху вам, і як вы пакінулі Госпада, так і Ён пакіне вас.
21 І змовіліся супроць яго, і пабілі яго камянямі, па загадзе цара Ёаса, на двары дома Гасподняга.
22 І ня ўспомніў цар Ёас дабрадзейства, якое зрабіў яму Ёдай, бацька ягоны, і забіў сына яго. І ён паміраючы казаў: хай бачыць Гасподзь і хай спагоніць.
23 І праз год выступіла супроць яго войска Сірыйскае і ўвайшлі ў Юдэю і ў Ерусалім, і зьнішчылі з народу ўсіх князёў народа, і ўсю здабычу ў іх адаслалі цару ў Дамаск.
24 Хоць і ў невялікай колькасьці людзей прыходзіла войска Сірыйскае, але Гасподзь перадаў у руку іх вельмі шматлікую сілу за тое, што пакінулі Госпада Бога свайго. І над Ёасам учынілі яны суд,
25 і калі яны пайшлі ад яго, пакінуўшы яго ў цяжкай хваробе, дык склалі супроць яго змову рабы ягоныя, за кроў сына Ёдая сьвятара, і забілі яго на пасьцелі, і ён памёр. І пахавалі яго ў доме Давідавым, але не пахавалі яго ў царскіх магільніцах.
26 А змоўшчыкі супроць яго былі: Завад, сын Шымэаты Аманіцянкі, і Егазавад, сын Шымрыты Маавіцянкі.
27 Пра сыноў яго і пра мноства прароцтваў супроць яго і пра ўладкаваньне дома Божага напісана ў кнізе цароў. І зацараваў Амасія, сын ягоны замест яго.
Разьдзел 25
1 У дваццаць пяць гадоў зацараваў Амасія і валадарыў у Ерусаліме дваццаць дзевяць гадоў; імя маці ягонай Егаадань зь Ерусаліма.
2 І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх, але не ад поўнага сэрца.
3 Калі ўцьвердзілася за ім царства, тады ён аддаў сьмерці рабоў сваіх, якія забілі цара, бацьку ягонага.
4 Але дзяцей іхніх не забіў, бо напісана ў законе, у кнізе Майсеевай, дзе запавядаў Гасподзь, кажучы: не павінны быць забіваныя бацькі за дзяцей, і дзеці не павінны быць забіваныя за бацькоў, а кожны за сваё злачынства павінен памерці.
5 І сабраў Амасія Юдэяў і паставіў іх па пакаленьнях пад уладу тысчнікаў і сотнікаў, усіх Юдэяў і Веньямініцянаў, і пералічыў іх ад дваццаці гадоў і вышэй, і аказалася іх трыста тысяч чалавек адборных, якія ходзяць на вайну і трымаюць дзіду і шчыт.
6 І наняў зь Ізраільцянаў сто тысяч адважных воінаў за сто талантаў срэбра.
7 Але чалавек Божы прыйшоў да яго і сказаў: цару̀ хай ня ідзе з табою войска Ізраільскае, бо няма Госпада зь Ізраільцянамі, з усімі сынамі Яфрэма.
8 А ідзі ты адзін, рабі дзею, мужна спасобнічай на вайне. Інакш паваліць цябе Бог перад тварам ворага, бо ёсьць сіла ў Бога падтрымаць і паваліць.
9 І сказаў Амасія чалавеку Божаму: што ж рабіць са ста талантамі, якія я аддаў войску Ізраільскаму? І сказаў чалавек Божы: Гасподзь можа даць табе больш за гэта.
10 І аддзяліў іх Амасія, — войска, якое прышло да яго зь зямлі Яфрэмавай, — каб яны ішлі на сваё месца. І запаліўся моцна іхні гнеў на Юдэю, і яны пайшлі назад у сваё месца, у запале гневу.
11 А Амасія адважыўся і павёў народ свой, і пайшоў у даліну Саляную і пабіў сыноў Сэіра дзесяць тысяч;
12 і дзесяць тысяч жывых узялі сыны Юдавыя ў палон, і прывялі іх на вяршыню скалы, і скінулі іх зь вяршыні скалы, і ўсе яны разьбіліся цалкам.
13 А войска, якое Амасія адаслаў назад, каб яно не хадзіла зь ім на вайну, рассыпалася па гарадах Юдэі ад Самарыі да Вэтарона і перабіла ў іх тры тысячы, і нарабавала шмат здабычы.
14 Амасія, прыйшоўшы пасля паражэньня Ідумэянаў, прынёс багоў сыноў Сэіра і пакінуў іх у сябе багамі, і перад імі кланяўся і ім кадзіў.
15 І загарэўся гнеў Госпада на Амасію, і паслаў Ён да яго прарока, і той сказаў яму: навошта ты прыходзіш да багоў народу гэтага, якія ня выбавілі народу свайго ад рукі тваёй?
16 Калі ён гаварыў яму, цар адказваў: хіба дарадцам царскім паставілі цябе? перастань, каб не забілі цябе. І перастаў прарок, сказаўшы: ведаю, што рашыў Бог загубіць цябе, таму што ты зрабіў гэта і ня слухаеш рады маёй.
17 І параіўся Амасія, цар Юдэйскі, і паслаў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Іуевага, цара Ізраільскага, сказаць: выходзь, пабачымся асабіста.
18 І паслаў Ёас, цар Ізраільскі, да Амасіі, цара Юдэйскага, сказаць: цёран, які на Ліване, паслаў да кедра, які таксама на Ліване, сказаць: аддай дачку сваю за жонку сыну майму. Але прайшлі звяры дзікія, якія на Ліване, і затапталі гэты цёрн.
19 Ты кажаш: вось я пабіў Ідумэянаў, — і ўзьнеслася сэрца тваё да славы. Сядзі лепей у сябе дома. Навошта табе намышляць небясьпечную дзею? Упадзеш ты і Юдэя з табою.
20 Але не паслухаўся Амасія, бо ад Бога было гэта, каб перадаць іх у руку Ёаса за тое, што пачалі прыходзіць да багоў Ідумэйскіх.
21 І выступіў Ёас, цар Ізраільскі, і ўбачыліся асабіста, ён і Амасія, цар Юдэйскі, у Вэтсамісе Юдэйскім.
22 І былі разьбіты Юдэі Ізраільцянамі, і разьбегліся кожны ў намёт свой.
23 І Амасію, цара Юдэйскага, сына Ёаса, сына Ёахазавага, захапіў Ёас, цар Ізраільскі, у Вэтсамісе і прывёў яго ў Ерусалім, і разбурыў сьцяну Ерусалімскую ад брамы Яфрэмавай да брамы вугольнай, на чатырыста локцяў;
24 і ўзяў усё золата і срэбра, і ўвесь посуд, які быў у доме Божым у Авэд-Эдома, і скарбы дома царскага, і заложнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
25 І жыў Амасія, сын Ёсаваў, цар Юдэйскі, пасля сьмерці Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, пятнаццаць гадоў.
26 Астатнія дзеі Амасіі, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
27 І пасля таго часу, як Амасія адступіў ад Госпада, склалі супроць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Лахіс. І паслалі за ім у Лахіс, і забілі яго там.
28 І прывезьлі яго на конях, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Юдавым.
Разьдзел 26
1 І ўзяў увесь народ Юдэйскі Азію, якому было шаснаццаць гадоў, і паставіў яго царом на месца бацькі ягонага Амасіі.
2 Ён забудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасьля таго як спачыў цар з бацькамі сваімі.
3 Шаснаццаць гадоў было Азіі, калі зацараваў, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Ехалія зь Ерусаліма.
4 І рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Амасія, бацька ягоны;
5 і прыходзіў ён да Бога ў дні Захара, які вучыў страху Божаму; і ў тыя дні, калі ён прыходзіў да Госпада, даваў яму Бог посьпех.
6 І ён выйшаў і біўся зь Філістымлянамі, і разбурыў сьцены Гэта і сьцены Яўнэі і сьцены Азота; і пабудаваў гарады ў вобласьці Азоцкай і ў Філістымлянаў.
7 І памагаў яму Бог супроць Філістымлянаў і супроць Аравіцянаў, якія жылі ў Гур-Ваале, і супроць Мэўніцянаў;
8 і давалі Аманіцяне даніну Азіі, і дайшло імя яго да межаў Егіпта, таму што ён быў даволі моцны.
9 І пабудаваў Азія вежы ў Ерусаліме над брамамі вуглавымі і над брамамі даліны і на рагу, і ўмацаваў іх.
10 І пабудаваў вежы ў пустыні, і зрабіў многа вадаёмаў, бо меў шмат быдла, і ў нізіне і на раўніне, і землеўладальнікаў і садоўнікаў на гарах і на Карміле, бо ён любіў земляробства.
11 Было ў Азіі і войска, якое выходзіла на вайну атрадамі, і па ліку ў сьпісе іх, складзеным рукою Еэла пісца і Маасэі наглядчыка, пад кіраўніцтвам Хананіі, аднаго з галоўных саноўнікаў царскіх.
12 Уся лічба ўзначальцаў пакаленьняў, з адважных воінаў, было дзьве тысячы шасьцьсот,
13 і пад рукою ў іх ваеннай сілы трыста сем тысяч пяцьсот, што ўступалі ў бітву з воінскай мужнасьцю, на дапамогу цару супроць няпрыяцеля.
14 І падрыхтаваў для іх Азія, для ўсяго войска, шчыты і дзіды і шаломы і латы, і лукі і прашчныя камяні.
15 І зрабіў ён у Ерусаліме вынаходліва прыдуманыя машыны, каб яны былі на вежах і на вуглах для кіданьня стрэл і вялікіх камянёў. І пранеслася імя яго далёка, бо ён дзівосна асланіў сябе і зрабіўся моцны.
16 Але калі ён зрабіўся моцны, заганарылася сэрца ягонае на пагібель яго, і ён зрабіўся злачынцам прад Госпадам Богам сваім, бо ўвайшоў у храм Гасподні, каб задыміць фіміям на алтары кадзільным.
17 І пайшоў за ім Азарыя сьвятар, і зь ім восемдзесят сьвятароў Гасподніх, людзей выдатных,
18 і ўсупрацівіліся Азію цару і сказалі яму: не табе, Азія, кадзіць Госпаду; гэта сьвятарам, сынам Ааронавым, пасьвечаным для каджэньня; выйдзі са сьвятыні, бо ты зрабіў беззаконна, і ня будзе табе гэта ў гонар у Госпада Бога.
19 І разгневаўся Азія, — а ў руцэ ў яго кадзільніца для каджэньня; і калі разгневаўся ён на сьвятароў, праказа явілася на лобе ў яго, перад абліччам сьвятароў, у доме Гасподнім, каля алтара кадзільнага.
20 І зірнуў на яго Азарыя першасьвятар і ўсе сьвятары; і вось у яго праказа на лобе ягоным. І змушалі яго выйсьці адтуль, ды і сам ён сьпяшаўся выйсьці, бо пакараў яго Гасподзь.
21 І быў цар Азія пракажоны да дня сьмерці сваёй, і жыў у асобным доме і адлучаны быў ад дома Гасподняга. А Ёатам, сын ягоны, начальнічаў над домам царскім і кіраваў народам зямлі.
22 Астатнія дзеі Азіі, першыя і апошнія, апісаў Ісая, сын Амоса прарок.
23 І спачыў Азія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі на полі царскіх магільніц, бо казалі: ён пракажоны. І зацараваў Ёатам, сын ягоны, замест яго.
Разьдзел 27
1 Дваццаць пяць гадоў было Ёатаму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Еруша, дачка Садока.
2 І рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Азія, бацька ягоны, толькі ён не ўваходзіў у храм Гасподні, і народ усё яшчэ грашыў далей.
3 Ён пабудаваў верхнюю браму дома Гасподняга, і многае пабудаваў на сьцяне Афэла;
4 і гарады пабудаваў на гары Юдэйскай, і ў лясах пабудаваў палацы і вежы.
5 Ён ваяваў з царом Аманіцянаў і адолеў іх, і далі яму Аманіцяне ў той год сто талантаў срэбра і дзесяць тысяч кораў пшаніцы і ячменю дзесяць тысяч. Гэта давалі яму Аманіцяне і на другі год, і на трэці.
6 Такі моцны быў Ёатам таму, што клаў шляхі свае прад абліччам Госпада Бога свайго.
7 Астатнія дзеі Ёатама і ўсе войны яго і паводзіны яго апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх:
8 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме.
9 І спачыў Ёатам з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ахаз, сын ягоны, замест яго.
Разьдзел 28
1 Дваццаць гадоў было Ахазу, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; і ён не рабіў спадобнага ў вачах Гасподніх, як рабіў Давід, бацька ягоны:
2 ён ішоў шляхамі цароў Ізраільскіх, і нават зрабіў літыя статуі Ваалаў;
3 і ён учыняў дымленьні ў даліне сыноў Энома, і праводзіў сыноў сваіх праз агонь, пераймаючы мярзоты народаў, якіх выгнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых;
4 і прыносіў ахвяры і дымленьні на вышынях і на пагорках і пад кожным галінастым дрэвам.
5 І аддаў яго Гасподзь Бог ягоны ў руку цара Сірыйцаў, і яны пабілі яго і ўзялі ў яго шмат палонных і завялі ў Дамаск. Таксама і ў руку цара Ізраільскага быў аддадзены ён, і той учыніў яму вялікае паражэньне.
6 І пабіў Факей, сын Рэмаліін, Юдэяў сто дваццаць тысяч за адзін дзень, людзей ваяўнічых, бо яны пакінулі Госпада Бога бацькоў сваіх.
7 А Зіхрый, асілак зь Яфрэмлянаў, забіў Маасэю, сына цара, і Азрыкама, начальніка над палацам, і Элкану, другога пасьля цара.
8 І ўзялі сыны Ізраілевыя ў палон у братоў сваіх, Юдэяў, дзьвесьце тысяч жонак, сыноў і дочак; таксама і мноства здабычы набралі ў іх, і адправілі здабычу ў Самарыю.
9 Там быў прарок Гасподні, імя яго Адэд. Ён выйшаў перад аблічча войска, якое ішло ў Самарыю, і сказаў ім: вось Гасподзь Бог бацькоў вашых, у гневе на Юдэяў, перадаў іх у руку вашу, і вы пабілі іх з такой лютасьцю, якая дайшла да нябёсаў.
10 І цяпер вы думаеце зрабіць рабамі сыноў Юды і Ерусаліма. А хіба на саміх вас няма віны прад Госпадам Богам вашым?
11 Дык вось, паслухайце мяне, і вярнеце палонных, якіх вы захапілі з братоў вашых, бо полымя гневу Гасподняга на вас.
12 І ўсталі некаторыя з начальнікаў сыноў Яфрэмавых: Азарыя, сын Егаханана, Бэрэхія, сын Мэшылэмота, і Эзэкія, сын Шалума, і Амаса, сын Хадла, супроць тых, што ішлі з вайны,
13 і сказалі ім: ня ўводзьце сюды палонных, бо грэх быў бы нам прад Госпадам. Няўжо вы думаеце дадаць да грахоў нашых і да злачынстваў нашых? вялікая віна наша, і полымя гневу Гасподняга над Ізраілем.
14 І пакінулі ўзброеныя палонных і здабычу ў ваеначальнікаў і ўсяго сходу.
15 І ўсталі мужы, памянёныя па імёнах, і ўзялі палонных, і ўсіх голых іх апранулі са здабычы, — і апранулі іх, і абулі іх, і накармілі іх, і напаілі іх, і памазалі іх алеем, і пасадзілі на аслоў усіх слабых зь іх, і адправілі іх у Ерыхон, горад пальмаў, да братоў іхніх, і вярнуліся ў Самарыю.
16 У той час паслаў цар Ахаз да цароў Асірыйскіх, каб яны памаглі яму,
17 бо Ідумэяне і яшчэ прыходзілі, і многіх пабілі ў Юдэі і ўзялі ў палон:
18 і Філістымляне рассыпаліся па гарадах нізіннага краю і поўдня Юдэі і ўзялі Бэтсаміс і Аялон, і Гедэрот і Сахо і залежныя ад яго гарады, і Тымну і залежныя ад яе гарады, і Гімзо і залежныя ад яго гарады, і пасяліліся там.
19 Так прынізіў Гасподзь Юдэю за Ахаза, цара Юдэйскага, таму што ён разбэсьціў Юдэю і цяжка грашыў прад Госпадам.
20 І прыйшоў да яго Тэглафэласар, цар Асірыйскі, але быў цяжарам яму, замест таго, каб памагчы яму,
21 бо Ахаз узяў скарбы з дома Гасподняга і дома царскага і ў князёў і аддаў цару Асірыйскаму, але не ў дапамогу сабе.
22 І ў цяжкі для сябе час ён і далей учыняў беззаконна прад Госпадам, ён — цар Ахаз.
23 І прыносіў ён ахвяры багам Дамаскім, думаючы, што яны пабівалі яго, і казаў: багі цароў Сірыйскіх дапамагаюць ім; прынясу я ахвяру ім, і яны дапамогуць мне. Але яны былі на заняпад яму і ўсяму Ізраілю.
24 І сабраў Ахаз посуд дома Божага, і пабіў посуд дома Божага, і замкнуў дзьверы дома Гасподняга, і зладзіў сабе ахвярнікі па ўсіх кутах у Ерусаліме,
25 і па ўсіх гарадах Юдавых зладзіў вышыні для дымленьня багам іншым, і раздражняў Госпада Бога бацькоў сваіх.
26 Астатнія дзеі яго і ўсе ўчынкі яго, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
27 І спачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў горадзе, у Ерусаліме, але ня ўнесьлі яго ў магільніцы цароў Ізраілевых. І зацараваў Эзэкія, сын ягоны, замест яго.
Разьдзел 29
1 Эзэкія зацараваў у дваццаць пяць гадоў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці яго Авія, дачка Захара.
2 І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх гэтак сама, як рабіў Давід, бацька ягоны.
3 У першы год валадараньня свайго, у першы месяц, ён адчыніў дзьверы дома і аднавіў іх,
4 і загадалі прыйсьці сьвятарам і лявітам, і сабраў іх на пляцы ўсходнім,
5 і сказаў ім: паслухайе мяне, лявіты. Сёньня асьвяцецеся самі і асьвяцеце дом Госпада Бога бацькоў вашых, і выкіньце нячыстае са сьвятыні.
6 Бо бацькі нашыя рабілі беззаконна, і рабілі незаўгоднае ў вачах Госпада Бога нашага, і пакінулі Яго, і адвялі яны твары свае ад жытлішча Гасподняга, і павярнуліся сьпінаю,
7 і замкнулі дзьверы бабінца, і патушылі сьвяцільні, і не палілі дымленьня, і ня ўзносілі цэласпаленьняў у сьвятыні Бога Ізраілевага.
8 І быў гнеў Госпада на Юдэю і на Ерусалім, і Ён аддаў іх на ганьбу, на спусташэньне і на пасьмешышча, як вы бачыце на вочы вашыя.
9 І вось загінулі бацькі нашыя ад меча, а сыны нашыя і дочкі нашыя і жонкі нашыя за гэта ў палоне дагэтуль.
10 Цяпер у мяне на сэрцы — заключыць запавет з Госпадам Богам Ізраілевым, хай ухіліць ад нас полымя гневу Свайго.
11 Дзеці мае, ня будзьце неахайныя, бо вас выбраў Гасподзь стаяць прад абліччам Ягоным і быць у Яго службітамі і запальвачамі дымленьня.
12 І ўсталі лявіты: Махат, сын Амасая, і Ёэль, сын Азарыі, з сыноў Каатавых; і з сыноў Мэрарыных; Кіс, сын Аўдыя, і Азарыя, сын Егалелела; і з племя Гірсонавага: Ёах, сын Зімы, і Элдэн, сын Ёаха;
13 і з сыноў Эліцафанавых: Шымры і Еэл; і з сыноў Асафавых: Захар і Матанія;
14 і з сыноў Эманавых: Ехіэл і Шымэй; і з сыноў Ідытунавых: Шэмая і ўзіел.
15 Яны сабралі братоў сваіх і асьвяціліся, і пайшлі па загадзе цара ачышчаць дом Гасподні па словах Госпада.
16 І ўвайшлі сьвятары ўсярэдзіну дома Гасподняга дзеля ачышчэньня, і вынесьлі ўсё нячыстае, што знайшлі ў храме Гасподнім, на двор дома Гасподняга, а лявіты ўзялі гэта, каб вынесьці прэч да патока Кедрона.
17 І пачалі ачышчаць у першы дзень першага месяца, і ў восьмы дзень таго самага месяца ўвайшлі ў бабінец Гасподні; і асьвячалі дом Гасподні восем дзён, а на шаснаццаты дзень першага месяца закончылі.
18 І прыйшлі ў дом да цара Эзэкіі і сказалі: мы ачысьцілі дом Гасподні, і ахвярнік для цэласпаленьняў, і ўвесь посуд яго, і стол для пакладных хлябоў, і ўвесь посуд яго;
19 і ўвесь посуд, які занядбаў цар Ахаз у час валадараньня свайго, у беззаконьні сваім, мы падрыхтавалі і асьвяцілі, і вось ён перад ахвярнікам Гасподнім.
20 І ўстаў цар Эзэкія з самага рана і сабраў начальнікаў горада, і пайшоў у дом Гасподні.
21 І прывялі сем цялят і сем бараноў, і сем ягнят і сем казлоў на ахавяру за грэх царства і за сьвятыню і за Юдэю; і загадаў ён сынам Ааронавым, сьвятарам, узьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік Гасподні.
22 І закалолі цялят, і ўзялі сьвятары кроў, і акрапілі ахвярнік, і закалолі бараноў, і акрапілі крывёю ахвярнік, і закалолі ягнят, і акрапілі крывёю ахвярнік.
23 І прывялі казлоў за грэх перад аблічча цара і сходу, і яны ўсклалі рукі свае на іх.
24 І закалолі іх сьвятары, і ачысьцілі крывёю іхняй ахвярнік для загладжваньня грахоў усяго Ізраіля, бо за ўсяго Ізраіля загадаў цар прынесьці цэласпаленьне і ахвяру за грэх.
25 І паставіў ён лявітаў у доме Гасподнім з кімваламі, псалтырамі і цытрамі, па статуце Давіда і Гада, празорліўца царовага, і Натана прарока, бо ад Госпада быў статут гэты праз прарокаў Ягоных.
26 І сталі лявіты з музычнымі спарудамі Давідавымі і сьвятары з трубамі.
27 І загадаў Эзэкія ўзьнесьці цэласпаленьне на ахвярнік. І ў той час, як пачалося цэласпаленьне, пачалося сьпяваньне Госпаду, пад гукі труб і спарудаў Давіда, цара Ізраілевага.
28 І ўвесь сход маліўся, і сьпевакі сьпявалі, і трубілі трубы, пакуль не закончылася цэласпаленьне.
29 Пасьля заканчэньня цэласпаленьня, цар і ўсе, хто быў пры ім, укленчылі і пакланіліся.
30 І сказаў цар Эзэкія і князі лявітам, каб яны славілі Госпада словамі Давіда і Асафа празорліўца, і яны славілі з радасьцю, і кленчылі і кланяліся.
31 І Эзэкія сказаў далей: цяпер вы прысьвяцілі сябе Госпаду; прыступайце і прыносьце ахвяры і падзякавальныя прынашэньні ў дом Гасподні. І панёс сход ахвяры і падзякавальныя прынашэньні, і кожны, хто прыхільны быў сэрцам, — цэласпаленьні.
32 І быў лік цэласпаленьняў, якія прывёў сход: семдзесят валоў, сто бараноў, дзьвесьце ягнят — усё гэта на цэласпаленьне Госпаду.
33 Іншых сьвяшчэнных ахвяраў было: шасьцьсот з буйнога быдла і тры тысячы з дробнага быдла.
34 Але сьвятароў было мала, і яны не маглі зьдзіраць скуру з усіх цэласпаленьняў, і дапамагалі ім браты іхнія лявіты, да заканчэньня справы і пакуль асьвяціліся іншыя сьвятары, бо лявіты былі больш старанныя ў асьвячэньні сябе, чым сьвятары.
35 Прытым цэласпаленьняў было мноства з тлушчам і мірных ахвяраў і з паліваньнем пры цэласпаленьні. Так адноўдена служэньне ў доме Гасподнім.
36 І радаваўся Эзэкія і ўвесь народ за тое, што Бог так схіліў народ, бо гэта ўчынілася неспадзявана.
Разьдзел 30
1 І паслаў Эзэкія па ўсёй зямлі Ізраільскай і Юдэі, і лісты пісаў Яфрэму і Манасіі, каб прыйшлі ў дом Гасподні, у Ерусалім, дзеля ўчыненьня пасхі Госпаду Богу Ізраілеваму.
2 І пастанавіў на радзе цар і князі ягоныя і ўвесь сход у Ерусаліме — учыніць пасху ў другім месяцы,
3 бо не маглі ўчыніць яе сваім часам, бо сьвятары яшчэ не асьвяціліся ў дастатковай колькасьці і народ не сабраўся ў Ерусалім.
4 І спадабалася гэта цару і ўсяму сходу.
5 І пастанавілі абвясьціць па ўсім Ізраілі, ад Вірсавіі да Дана, каб ішлі ў Ерусалім для ўчыненьня пасхі Госпаду Богу Ізраілеваму, бо даўно ня ўчынялі яе, як прадпісана.
6 І пайшлі ганцы зь лістамі ад цара і ад князёў па ўсёй зямлі Ізраільскай і Юдэі, і па загадзе цара казалі: дзеці Ізраіля, навярнецеся да Госпада Бога Абрагама, Ісака і Ізраіля, і Ён павернецца да рэшты, ацалелай у вас ад рукі цароў Асірыйскіх.
7 І ня будзьце такія, як бацькі вашыя і браты вашыя, якія беззаконна дзеялі прад Госпадам Богам бацькоў сваіх; і Ён аддаў іх на спусташэньне, як вы бачыце.
8 Цяпер ня будзьце цвёрдахрыбетныя, як бацькі вашыя, скарэцеся Госпаду і прыходзьце ў сьвятыню Ягоную, якую Ён асьвяціў навек: і служэце Госпаду Богу вашаму, і Ён адверне ад вас полымя гневу Свайго.
9 Калі вы навернецеся да Госпада, тады браты вашыя і дзеці вашыя будуць у літасьці ў тых, што паланілі іх, і вернуцца на зямлю гэтую, бо добры і міласэрны Гасподзь Бог ваш і не адверне аблічча ад вас, калі вы зьвернецеся да Яго.
10 І хадзілі ганцы з горада ў горад па зямлі Яфрэмавай і Манасіінай і да Завулонавай, але зь іх сьмяяліся і зьдзекаваліся.
11 Аднак некаторыя з племя Асіравага, Манасіінага і Завулонавага зьмірыліся і прыйшлі ў Ерусалім.
12 І над Юдэяю была рука Божая, якая даравала ім адзінае сэрца, каб выканаць загад цара і князёў, па слове Гасподнім.
13 І сабралася ў Ерусаліме мноства народу для ўчыненьня сьвята праснакоў, у другі месяц, — сход вельмі шматлюдны.
14 І ўсталі і скінулі ахвярнікі, якія былі ў Ерусаліме; і ўсё, на чым учынялася дымленьне ідалам, разбурылі і кінулі ў паток Кедрон;
15 і закалолі пасхальнае ягня на чатырнаццаты дзень другога месяца. Сьвятары і лявіты пасаромеўшыся асьвяціліся і прынесьлі цэласпаленьні ў дом Гасподні,
16 і пачалі на сваім месцы паводле статуту свайго, паводле закона Майсея, чалавека Божага. Сьвятары крапілі крывёю з рук лявітаў.
17 А як многа было на сходзе такіх, якія не асьвяціліся, дык замест нячыстых лявіты закалолі пасхальнае ягня для прысьвячэньня Госпаду.
18 Многія з народу, найбольш з калена Яфрэмавага і Манасіінага, Ісахаравага і Завулонавага, не ачысьціліся; аднак яны елі пасху, не паводле статуту.
19 Але Эзэкія памаліўся за іх, кажучы: Гасподзь добры хай даруе кожнаму, хто прыхіліў сэрца сваё да таго, каб знайсьці Госпада Бога, Бога бацькоў сваіх, хоць і без ачышчэньня сьвятога̀
20 І пачуў Гасподзь Эзэкію і дараваў народу.
21 І ўчынілі сыны Ізраілевыя, якія былі ў Ерусаліме, сьвята праснакоў на сем дзён, зь вялікай весялосьцю, кожны дзень лявіты і сьвятары славілі Госпада на спарудах, зробленых дзеля славаслаўленьня Госпада.
22 І гаварыў Эзэкія па сэрцы ўсім лявітам, якія мелі добрае разуменьне ў служэньні Госпаду. І елі сьвяточнае сем дзён, прыносячы ахвяры мірныя і славячы Госпада Бога бацькоў сваіх.
23 І рашыў увесь сход сьвяткаваць другія сем дзён, і правялі гэтыя сем дзён у весялосьці,
24 бо Эзэкія, цар Юдэйскі, выставіў сходу тысячу цялят і дзесяць тысяч дробнага быдла, і вяльможы выставілі сходу тысячу цялят і дзесяць тысяч дробнага быдла; і сьвятароў асьвяцілася ўжо многа.
25 І весяліўся ўвесь сход зь Юдэі, і сьвятары і лявіты, і ўвесь збор, што прыйшлі ад Ізраіля, і прыхадні, і тыя што прыйшлі зь зямлі Ізраільскай і што жылі ў Юдэі.
26 І была весялосьць вялікая ў Ерусаліме, бо зь дзён Саламона, сына Давідавага, цара Ізраілевага, ня бывала падобнага на гэты ў Ерусаліме.
27 І ўсталі сьвятары і лявіты, і дабраславілі народ; і пачуты быў голас іх, і ўзышла малітва іхняя ў сьвятое жытлішча Яго на нябёсы.
Разьдзел 31
1 Пасьля заканчэньня ўсяго гэтага, пайшлі ўсе Ізраільцяне, якія былі там, у гарады Юдэйскія і разьбілі статуі, пасеклі прысьвечаныя дрэвы, і разбурылі вышыні і ахвярнікі ва ўсёй Юдэі і ў зямлі Веньямінавай, Яфрэмавай і Манасіінай, да канца. І потым вярнуліся ўсе сыны Ізраілевыя, кожны ў валоданьне сваё, у гарады свае.
2 І паставіў Эзэкія чэргі сьвятароў і лявітаў, па іх разьмеркаваньні, кожнага пры справе сваёй ягонай сьвятарскай ці лявіцкай, пры цэласпаленьні і пры ахвярах мірных, для службы, для хваленьня і славаслоўя, каля брамаў дома Гасподняга.
3 І вызначыў цар частку з маёмасьці сваёй на цэласпаленьне: на цэласпаленьні ранішнія і вячэрнія, і на цэласпаленьні ў суботы і ў новыя месяцы, і ў сьвяты, як напісана ў законе Гасподнім.
4 І загадаў ён народу, які жыў у Ерусаліме, даваць пэўнае ўтрыманьне сьвятарам і лявітам, каб яны былі руплівыя ў законе Гасподнім.
5 Калі быў абнародаваны гэты загад, тады сыны Ізраілевыя назносілі многа пачаткаў хлеба, віна, і алею, і мёду, і ўсякіх утвораў палявых; і дзесяцін з усяго паназносілі мноства.
6 І Ізраільцяне і Юдэі, якія жылі па гарадах Юдэйскіх, таксама прадстаўнікі дзесяціны з буйнога і дробнага быдла і дзесяціны з ахвяраваньняў, прысьвечаных Госпаду Богу іхняму; і наклалі груды, груды.
7 У трэці месяц пачалі класьці груды, і ў сёмы месяц кончылі.
8 І прыйшлі Эзэкія і вяльможы, і ўбачылі груды, і дзякавалі Госпаду і народу Яго Ізраіля.
9 Я спытаў у Эзэкіі, сьвятароў і лявітаў пра гэтыя груды.
10 І адказваў яму Азарыя першасьвятар з дома Садокавага і сказаў: з таго часу, як пачалі насіць прынашэньні ў дом Госпада, мы елі ўдосыць, і многае засталося, бо Гасподзь дабраславіў народ Свой. З пазасталага склалася такое мноства.
11 І загадаў Эзэкія падрыхтаваць пакоі пры доме Гасподнім. І падрыхтавалі.
12 І перанесьлі туды прынашэньні і дзесяціны і ахвяраваньні, з усёй дакладнасьцю. І быў начальнікам пры іх Хананія лявіт, і Сімэй, брат ягоны, другім.
13 А Ехііл і Азазія, і Нахат і Асаіл, і Ерымот і Ёзавад, і Эліел і Ісмахія, і Махат і Бэнанія былі наглядчыкамі пад рукою Хананіі і Сімэя, брата ягонага, па распараджэньні цара Эзэкіі і Азарыі, начальніка пры доме Божым.
14 Карэ, сын Імны, лявіт, брамнік на ўсходнім баку, быў пры дабравольных прынашэньнях Богу, для выдачы прынесенага Богу і важнейшых з рэчаў прынесеных.
15 І пад яго веданьнем былі Эдэн і Мініямін, і Ешуа і Шэмая, і Амарыя і Шэханія ў гарадах сьвятарскіх, каб правільна раздаваць братам сваім часткі, як большаму, так і малому,
16 звыш сьпіса іхняга, усім мужчынскага полу ад трох гадоў і вышэй, усім, хто ходзіць у дом Госпада дзеля дзеяў штодзённых, дзеля служэньня іх, паводле пасадаў іхніх і паводле аддзелаў іхніх
17 і ўнесеным у сьпіс сьвятарам, паводле пакаленьняў іх і лявітам ад дваццаці гадоў і вышэй, паводле пасадаў іхніх, паводле аддзелаў іх,
18 і ўнесеным у сьпіс, з усімі малалетнімі іх, з жонкамі іхнімі і з сынамі іхнімі і з дочкамі іхнімі, — усяму супольству, бо яны зь вернасьцю прысьвяцілі сябе сьвяшчэннай службе.
19 І для сыноў Ааронавых, сьвятароў у селішчах вакол гарадоў іхніх, пры кожным горадзе пастаўлены былі мужы памянёныя, каб раздаваць участкі ўсім мужчынскага полу ў сьвятароў і ўсім унесеным у сьпіс у лявітаў.
20 Вось, што зрабіў Эзэкія ва ўсёй Юдэі, — і ён рабіў добрае, і справядлівае, і праўдзівае прад абліччам Госпада Бога свайго.
21 І ва ўсім, што ён прадпрымаў на служэньне дому Божаму і дзеля захаваньня закона і запаведзяў, думаючы пра Бога свайго, ён дзейнічаў ад усяго сэрца свайго і меў посьпех.
Разьдзел 32
1 Пасьля такіх дзеяў і вернасьці прыйшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі, і ўступіў у Юдэю і аблажыў умацаваныя гарады, і думаў адарваць іх сабе.
2 Калі Эзэкія ўбачыў, што прыйшоў Сэнахірым з намерам ваяваць супроць Ерусаліма,
3 тады рашыў з князямі сваімі і з ваеннымі людзьмі сваімі засыпаць крыніцы вады, якія па-за горадам, і тыя дапамаглі яму.
4 І сабралася мноства народу, і засыпалі ўсе крыніцы і паток, які працякаў па краіне, кажучы: хай ня знойдуць цары Асірыйскія, прыйшоўшы сюды, многа вады.
5 І падбадзёрыўся ён, і аднавіў усю абваленую сьцяну, і падняў яе да вежы, і звонку паставіў другую сьцяну, і ўмацаваў Міло ў горадзе Давідавым, і нарыхтаваў мноства зброі і шчытоў.
6 І паставіў ваеначальнікаў над народам, і сабраў іх да сябе на пляц каля гарадское брамы, і гаварыў да сэрца іхняга, і сказаў:
7 будзьце цвёрдыя і мужныя, ня бойцеся і не палохайцеся цара Асірыйскага і ўсяго мноства, якое зь ім, бо з намі больш, чым зь ім;
8 зь ім сіла плоцкая, а з намі Гасподзь Бог наш, каб дапамагаць нам і змагацца на вежах нашых. І падмацаваўся народ словамі Эзэкіі, цара Юдэйскага.
9 Пасьля гэтага паслаў Сэнахірым, цар Асірыйскі, рабоў сваіх у Ерусалім, — сам ён стаяў супроць Лахіса, і ўся сіла ягоная зь ім, — да Эзэкіі, цара Юдэйскага, і да ўсіх Юдэяў, якія ў Ерусаліме, сказаць:
10 так кажа Сэнахірым, цар Асірыйскі: на што вы спадзеяцеся і сядзіце ў крэпасьці Ерусаліме?
11 І ці ня зводзіць вас з тропу Эзэкія, каб аддаць вас сьмерці з голаду і смагі, кажучы: Гасподзь Бог наш уратуе нас ад рукі цара Асірыйскага?
12 Ці ня гэты Эзэкія разбурыў вышыні ягоныя і ахвярнікі ягоныя і сказаў Юдэі і Ерусаліму: перад ахвярнікам адзіным пакланяйцеся і на ім учыняйце дымленьні?
13 Хіба вы ня ведаеце, што зрабіў я і бацькі мае з усімі народамі земляў? Ці маглі багі народаў зямных выратаваць зямлю сваю ад рукі маёй?
14 Хто з усіх багоў народаў, зьнішчаных бацькамі маімі, мог выратаваць народ свой ад рукі маёй? Як жа можа ваш Бог уратаваць вас ад рукі маёй?
15 І цяпер хай ня зводзіць вас Эзэкія і ня ўхіляе вас такім чынам: ня верце яму: калі ня меў сілы ніводзін бог ніводнага народу і царства выратаваць народ свой ад рукі маёй і ад рукі бацькоў маіх, дык і ваш Бог ня выратуе вас ад рукі маёй.
16 І яшчэ шмат чаго гаварылі рабы ягоныя супроць Госпада Бога і супроць Эзэкіі, раба Ягонага.
17 І лісты пісаў ён, у якіх ганіў Госпада Бога Ізраілевага і гаварыў супроць Яго такія словы: як багі народаў зямных ня выратавалі народаў сваіх ад рукі маёй, так Бог Эзэкіі ня выратуе народу Свайго ад рукі маёй.
18 І крычалі гучным голасам на Юдэйскай мове да народу Ерусалімскага, які быў на сьцяне, каб запалохаць яго і настрашыць яго і ўзяць горад.
19 І гаварылі пра Бога Ерусаліма, як пра багоў народаў зямлі, — выраб рук чалавечых.
20 І памаліўся цар Эзэкія і Ісая, сын Амосаў, прарок, і залямантавалі да неба.
21 І паслаў Гасподзь анёла, і ён вынішчыў усіх адважных і галоўнага начальніка і начальнікаў у войску цара Асірыйскага. І вярнуўся ён з сорамам у зямлю сваю; і калі прыйшоў у дом бога свайго, выхадні сьцёгнаў яго забілі яго там мечам.
22 Так уратаваў Гасподзь Эзэкію і жыхароў Ерусаліма ад рукі Сэнахірыма, цара Асірыйскага, і ад рукі ўсіх і аберагаў іх адусюль.
23 Тады многія прыносілі дарункі Госпаду ў Ерусалім і дарагія рэчы Эзэкію, цару Юдэйскаму. І ён узьвялічыўся пасьля гэтага ў вачах усіх народаў.
24 У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І памаліўся Госпаду, і Ён пачуў яго і даў яму азнаку.
25 Але не аддаў Эзэкія за ўчыненыя яму дабрадзействы, бо заганарылася сэрца ягонае. І быў на яго гнеў Божы і на Юдэю і на Ерусалім.
26 Але калі ўпакорыўся Эзэкія ў ганарыстасьці сэрца свайго, — сам і жыхары Ерусаліма, дык ня прыйшоў на іх гнеў Гасподні ў дні Эзэкіі.
27 І было ў Эзэкіі багацьця і славы вельмі многа, і сховішча ён зрабіў у сябе пад срэбра і золата і камяні каштоўныя, і пад пахошчы і шчыты і пад усякі каштоўны посуд;
28 і кладоўкі пад усе ўтворы зямлі, хлеб, віно і алей, і стойлы ўсякаму быдлу, і двары для статкаў.
29 І гарады пабудаваў сабе. І статкаў дробнага і буйнога быдла было ў яго мноства, бо даў яму Бог даволі вялікую маёмасьць.
30 А ён, Эзэкія, замкнуў верхні праток водаў Геона і правёў іх уніз да заходняга боку горада Давідавага. І дзеяў пасьпяхова Эзэкія ў кожнай справе сваёй.
31 Толькі пры паслах цароў Вавілонскіх, якія прысылалі да яго спытацца пра азнаку, якая была на зямлі, пакінуў Яго Бог, каб выпрабаваць яго і адкрыць усё, што ў яго на сэрцы.
32 Астатнія дзеі Эзэкіі і дабрачынствы ягоныя апісаны ў відзежах Ісаі, сына Амосавага, прарока, і ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
33 І спачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і пахавалі яго над магільніцамі сыноў Давідавых, і ўшанаваньні яму зрабілі пасьля сьмерці ягонай ўсе Юдэі і жыхары Ерусаліма. І зацараваў Манасія, сын ягоны, замест яго.
Разьдзел 33
1 Дванаццаць гадоў было Манасіі, калі зацараваў, і пяцьдзясят пяць валадарыў у Ерусаліме,
2 і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых,
3 і зноў зладзіў вышыні, якія разбурыў Эзэкія, бацька ягоны, і паставіў ахвярнікі Ваалам, і ўладзіў дубровы, і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму;
4 і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме будзе імя Маё вечна;
5 і спарудзіў ахвярнікі ўсяму войску нябеснаму на абодвух дварах дома Гасподняга.
6 А ён правёў сыноў сваіх праз агонь у даліне сына Эномавага, і гадаў, і варажыў, і чараваў, і назначыў закліначоў і чараўнікоў: многа рабіў ён незаўгоднага ў вачах Госпада, для гневу Яго.
7 І паставіў разьбёнага ідала, якога зрабіў, у доме Божым, пра якога і казаў Бог Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я пакладу імя Маё навек;
8 і ня дам наперад выступіць назе Ізраіля зь зямлі гэтай, якую Я замацаваў за бацькамі іхнімі, калі толькі яны будуць старацца выконваць усё, што Я наказаў ім, паводле ўсяго закона і пастановаў і загадаў, дадзеных рукою Майсея.
9 Але Манасія давёў Юдэю і жыхароў Ерусаліма да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якіх вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.
10 І гаварыў Гасподзь Манасіі і народу яго, але яны ня слухалі.
11 І прывёў Гасподзь на іх ваеначальнікаў цара Асірыйскага, і закавалі яны Манасію ў кайданы і закавалі яго ланцугамі, і зьвялі яго ў Вавілон.
12 І ва ўціску сваім пачаў ён умольваць Госпада Бога свайго і глыбока ўпакорыўся прад Богам бацькоў сваіх.
13 І памаліўся Яму, і Бог схіліўся да яго і пачуў малітву ягоную, і вярнуў яго ў Ерусалім на царства ягонае. І даведаўся Манасія, што Гасподзь ёсьць Бог.
14 І пасьля таго пабудаваў зьнешнюю сьцяну горада Давідавага, на заходнім баку Геона, па лагчыне і да ўваходу ў рыбную браму, і правёў яе вакол Афэла і высока падняў яе. І паставіў ваеначальнікаў па ўсіх умацаваных гарадах у Юдэі,
15 і скінуў чужаземных багоў і ідалаў з дома Гасподняга, і ўсе капішчы, якія спарудзіў на гары дома Гасподняга ў Ерусаліме, і выкінуў іх за горад.
16 І аднавіў ахвярнік Гасподні і прынёс на ім ахвяры мірныя і хвалебныя, і сказаў Юдэям, каб яны служылі Госпаду Богу Ізраілеваму.
17 Але народ яшчэ прыносіў ахвяры на вышынях, хоць і Госпаду Богу свайму.
18 Астатнія дзеі Манасіі, і малітва яго да Бога свайго, і словы празорліўцаў, якія гаварылі зь ім імем Госпада Бога Ізраілевага, яны ў запісах цароў Ізраілевых.
19 І малітва ягоная, і тое, што Бог схіліўся да яго, і ўсе грахі ягоныя і беззаконьні ягоныя, і месцы, на якіх ён пабудаваў вышыні і паставіў выявы Астарты і балванаў, да таго як упакорыўся, апісаны ў запісах Хазая.
20 І спачыў Манасія з бацькамі сваімі і пахавалі яго ў доме ягоным. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго.
21 Дваццаць два гады было Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме,
22 і рабіў незаўгоднае ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны; і ўсім балванам, якіх зрабіў Манасія, бацька ягоны, прыносіў Амон ахвяры і служыў ім.
23 І не ўпакорыўся прад абліччам Гасподнім, як упакорыўся Манасія, бацька ягоны; наадварот, Амон памножыў свае грахі.
24 І склалі супроць яго змову слугі ягоныя і забілі яго ў доме ягоным.
25 Але народ зямлі перабіў усіх, што былі ў змове супраць цара Амона, і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.
Разьдзел 34
1 Восем гадоў было Ёсіі, калі ён зацараваў, і трыццаць адзін год валадарыў у Ерусаліме,
2 і рабіў ён спадобнае ў вачах Гасподніх, і хадзіў шляхамі Давіда, бацькі свайго, і ня ўхіляўся ні налева, ні направа.
3 На восьмым годзе валадараньня свайго, яшчэ калі быў хлопчыкам, ён пачаў прыходзіць да Бога Давіда, бацькі свайго, а на дванаццатым годзе пачаў ачышчаць Юдэю і Ерусалім ад вышыняў і прысьвечаных дрэў і ад разьбёных і літых куміраў.
4 І разбурылі перад абліччам ягоным ахвярнікі Ваалаў і статуі, якія ўзвышаліся над імі; і прысьвечаныя дрэвы ён сьсек, і разьбёныя літыя куміры паламаў і пабіў у пыл, і рассыпаў па магілах тых, якія прыносілі ім ахвяры,
5 і косьці жрацоў спаліў на ахвярніках іхніх, і ачысьціў Юдэю і Ерусалім,
6 і ў гарадах Манасіі і Яфрэма і Сімяона, да калена Нэфталімавага, і ў спустошаных ваколіцах іх
7 ён разбурыў ахвярнікі і прысьвечаныя дрэвы, і куміры разьбіў у пыл, і ўсе статуі пакрышыў і па ўсёй зямлі Ізраільскай, і вярнуўся ў Ерусалім.
8 На васямнаццатым годзе цараваньня свайго, пасьля ачышчэньня зямлі і дома Божага, ён паслаў Шафана, сына Ацаліі, і Маасэю начальніка горада і Ёаха, сына Ёахазавага, дзеяпісальніка, аднавіць дом Госпада Бога свайго.
9 І прыйшлі яны да Хэлкіі першасьвятара і аддалі срэбра, прынесенае ў дом Божы, якое лявіты, якія стаяць на варце каля парога, сабралі з рук Манасіі і Яфрэма, і ўсіх іншых Ізраільцянаў, і ад усяго Юды і Веньяміна і ад жыхароў Ерусаліма,
10 і аддалі ў рукі майстрам работ, што прыстаўленыя да дома Гасподняга, каб яны раздавалі яго работнікам, якія працуюць у доме Гасподнім на папраўленьні і аднаўленьні дома.
11 І яны раздавалі цесьлярам і будаўнікам на куплю часанага каменю і дрэва на зьвязь і пакрыцьцё будынкаў, якія спустошылі цары Юдэйскія.
12 Людзі гэтыя дзеялі сумленна ў працы, і дзеля нагляду над імі былі пастаўлены Яхат і Авадыя, лявіты з сыноў Мэрарыных, і Захар і Мэшулам з сыноў Каатавых, і ўсе лявіты, якія ўмелі граць на музычных спарудах.
13 Яны ж былі прыстаўнікамі над насільшчыкамі і назіралі за ўсімі работнікамі ў кожнай працы; а зь лявітаў былі і пісцы, і наглядчыкі, і брамнікі.
14 Калі яны вымалі срэбра, прынесенае ў дом Гасподні, тады Хэлкія сьвятар знайшоў кнігу закона Гасподняга, дадзеную рукою Майсея.
15 І пачаў Хэлкія, і сказаў Шафану пісцу: кнігу закона знайшоў я ў доме Гасподнім. І падаў Хэлкія тую кнігу Шафану.
16 І панёс Шафан кнігу да цара, і прынёс пры гэтым цару вестку: усё, што даручана рабам тваім, яны робяць;
17 і высыпалі срэбра, знойдзенае ў доме Гасподнім і перадалі яго ў рукі прыстаўнікам і ў рукі майстрам работ.
18 І данёс Шафан пісец цару, кажучы: кнігу даў мне Хэлкія сьвятар. І чытаў яе Шафан перад царом.
19 Калі пачуў цар слова закона, дык падраў вопратку на сабе.
20 І даў цар загад Хэлкію і Ахікаму, сыну Шафанаваму, і Аўдону, сыну Міхея, і Шафану пісцу, і Асаю, слузе царскаму, кажучы:
21 ідзеце, папрасеце Госпада за мяне і за пазасталых у Ізраіля і за Юду пра словы гэтай знойдзенай кнігі, бо вялікі гнеў Госпада, які загарэўся на нас за тое, што не захоўвалі бацькі нашыя слова Гасподняга, каб дзеяць паводле ўсяго напісанага ў кнізе гэтай.
22 І пайшоў Хэлкія і тыя, якія ад цара, да Алданы прарочыцы, жонкі Шалума, сына Таўкегата, сына Хасры, захавальніка вопраткі, — а жыла яна ў другой частцы Ерусаліма, — і гаварылі зь ёю пра гэта.
23 І яна сказала ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: скажэце таму чалавеку, які паслаў вас да мяне,
24 так кажа Гасподзь: вось Я навяду бедства на месца гэтае і на жыхароў яго ўсе праклёны, напісаныя ў кнізе, якую чыталі перад абліччам цара Юдэйскага,
25 за тое, што яны пакінулі Мяне і дымілі багам іншым, каб гнявіць Мяне ўсімі дзеямі рук сваіх. І гнеў Мой загарыцца над месцам гэтым і не патухне.
26 І цару Юдэйскаму, які паслаў вас папытацца ў Госпада, дык скажэце: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра словы, якія ты чуў:
27 таму што зьмягчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся прад Богам, пачуўшы словы Ягоныя пра месца гэтае і пра жыхароў яго, — і ты ўпакорыўся прад Мною, і падраў вопратку на сабе, і плакаў прад Мною, дык і Я пачуў цябе, кажа Гасподзь.
28 Вось Я прыкладу цябе да бацькоў тваіх, і пакладзены будзеш у магільніцу тваю ў міры, і ня ўбачаць вочы твае ўсяго таго бедства, якое Я навяду на месца гэтае і на жыхароў яго. І прынесьлі цару адказ.
29 І паслаў цар, і сабраў усіх старэйшын Юдэі і Ерусаліма,
30 і пайшоў цар у дом Гасподні, і зь ім усе Юдэі і жыхары Ерусаліма, і сьвятары і лявіты, і ўвесь народ, ад вялікага да малога; і ён прачытаў уголас ім усе словы кнігі запавета, знойдзенай у доме Гасподнім.
31 І стаў цар на месцы сваім, і заключыў запавет прад абліччам Госпада сьледаваць Госпаду і захоўваць запаведзі Ягоныя і адкрыцьці Ягоныя і пастановы Ягоныя ад усяго сэрца свайго і ад усёй душы сваёй, какб выканаць словы запавету, напісаныя ў кнізе гэтай.
32 І загадаў цар пацьвердзіць гэта ўсім, хто быў у Ерусаліме і ў зямлі Веньямінавай; і пачалі дзеяць жыхары Ерусаліма паводле запавета Бога, Бога бацькоў сваіх.
33 І выкінуў Ёсія ўсе мярзоты з усіх земляў, якія ў сыноў Ізраілевых, і загадаў усім у зямлі Ізраілевай служыць Госпаду Богу свайму. І ва ўсе дні жыцьця ягонага яны не адступаліся ад Госпада Бога бацькоў сваіх.
Разьдзел 35
1 І ўчыніў Ёсія ў Ерусаліме пасху Госпаду, і закалолі пасхальнае ягня ў чатырнаццаты дзень першага месяца.
2 І паставіў ён сьвятароў на месцах іхніх, і падбадзёрваў іх на служэньне ў доме Гасподнім;
3 і сказаў лявітам, настаўнікам усіх Ізраільцянаў, пасьвечаных Госпаду: пастаўце каўчэг сьвяты ў храме, які пабудаваў Саламон, сын Давідаў, цар Ізраілеў; няма вам патрэбы насіць яго на плячах; служэце цяпер Госпаду Богу нашаму і народу Яго Ізраілю;
4 станьце па пакаленьнях вашых, па чэргах вашых, як прадпісана Давідам, царом Ізраілевым, і як прадпісана Саламонам, сынам ягоным,
5 і стойце ў сьвятыні, паводле разьмеркаваных пакаленьняў у братоў вашых, сыноў народу, і па падзелах пакаленьняў у лявітаў,
6 і закалеце пасхальнае ягня і асьвяцецеся, і згатуйце яго братам вашым, робячы згодна са словам Гасподнім праз Майсея.
7 І даў Ёсія ў дарунак сынам народу, усім хто там, з дробнага быдла ягнят і казлоў маладых, усё дзеля ахвяры пасхальнай, лікам трыццаць тысяч і тры тысячы валоў. Гэта з маёмасьці цара.
8 І князі ягоныя па руплівасьці давалі ў дарунак народу, сьвятарам і лявітам: Хэлкія і Захар і Ехііл, начальнікі ў доме Божым, далі сьвятарам для ахвяры пасхальнай дзьве тысячы шасьцьсот авечак, ягнят і казлоў і трыста валоў;
9 і Ханавія і Шэмая і Натанаіл, браты ягоныя, і Хашавія і Еэл і Ёзавад, начальнікі лявітаў, падарылі лявітам для ахвяры пасхальнай авечак пяць тысяч і пяцьсот валоў.
10 Так наладжана было служэньне, і сталі сьвятары на месца сваё і лявіты паводле чародаў сваіх, па загадзе царскім;
11 і закалолі пасхальнае ягня, і крапілі сьвятары крывёю, прымаючы яе з рук лявітаў, а лявіты здымалі скуру;
12 і разьмеркавалі прызначанае на цэласпаленьне, каб раздаць па аддзелах пакаленьняў у сыноў народу, дзеля прынясеньня Госпаду, як напісана ў кнізе Майсеевай. Тое самае зрабілі і з валамі.
13 І сьпяклі пасхальнае ягня на агні, паводле статуту; і сьвяшчэнныя ахвяры згатавалі ў катлах, гаршках і рондлях і сьпешна раздалі ўсяму народу,
14 а пасьля згатавалі сабе і сьвятарам, бо сьвятары, сыны Ааронавыя, прыносілі цэласпаленьні і тлушчы да ночы, таму і гатавалі лявіты сабе і сьвятарам, сынам Ааронавым.
15 І сьпевакі, сыны Асафавыя, заставаліся на месцах сваіх, паводле ўстанаўленьня Давіда і Асафа, і Эмана і Ідытуна празорліўца царскага, і брамнікі ў кожнай браме: і ня было дзеля чаго ім адыходзіць ад служэньня свайго, бо браты іхнія лявіты гатавалі ім.
16 Так зладжана было ўсё служэньне Госпаду ў той дзень, каб учыніць пасху і прынесьці цэласпаленьні на ахвярніку Гасподнім, па загадзе цара Ёсіі.
17 І ўчынялі сыны Ізраілевыя, якія былі там, пасху ў той час і сьвята праснакоў сем дзён.
18 І ня ўчынялася такая пасха ў Ізраіля зь дзён Самуіла прарока; і з усіх цароў Ізраілевых ніводзін ня ўчыняў такой пасхі, якую ўчыніў Ёсія, і сьвятары, і лявіты, і ўсе Юдэі, і Ізраільцяне, якія былі там, і жыхары Ерусаліма.
19 На васямнаццатым годзе валадараньня Ёсіі ўчынена гэтая пасха.
20 Пасьля ўсяго таго, што зрабіў Ёсія ў доме Божым, пайшоў Нэхаа, цар Егіпецкі на вайну да Кархэміса на Еўфраце; і Ёсія выйшаў насустрач яму.
21 І паслаў да яго Нэхаа паслоў сказаць: што мне і табе, цар Юдэйскі? Ня супроць цябе цяпер іду я, а туды, дзе ў мяне вайна. І Бог загадаў мне сьпяшацца; ня супрацівіся Богу, Які са мною, каб Ён не пагубіў цябе.
22 Але Ёсія не адхіліўся ад яго, а падрыхтаваўся, каб біцца зь ім, і не паслухаўся слоў Нэхаа ад аблічча Божага і выступіў на бітву на раўніну Мэгіда.
23 І стрэлілі стралкі ў цара Ёсію, і сказаў цар слугам сваім, выведзіце мяне, бо я цяжка паранены.
24 І зьвялі яго слугі з калясьніцы, і пасадзілі яго на другую павозку, якая была ў яго, і адвезлі яго ў Ерусалім. І памёр ён, і пахаваны ў магільніцах бацькоў сваіх. І ўся Юдэя і Ерусалім аплакалі Ёсію.
25 Аплакаў Ёсію і Ерамія ў песьні жалобнай; і гаварылі ўсе сьпевакі і сьпявачкі пра Ёсію ў жалобных песнях сваіх, вядомых да сёньня, і перадалі іх на ўжытак у Ізраіля; і вось яны ўпісаны ў кнігу жалобных песняў.
26 Іншыя дзеі Ёсіі і дабрачыннасьці ягоныя, згодныя з прадпісаным у законе Гасподнім,
27 і дзеі ягоныя, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх.
Разьдзел 36
1 І ўзяў народ зямлі Ёахаза, сына Ёсіінага, і паставілі царом яго, замест бацькі ягонага, у Ерусаліме.
2 Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме.
3 І скінуў яго цар Егіпецкі, і наклаў на зямлю яго даніны сто талантаў срэбра і талант золата.
4 І паставіў цар Егіпецкі над Юдэяй і Ерусалімам Эліякіма, брата ягонага, і перамяніў імя ягонае на Ёакіма, а Ёахаза, брата ягонага, узяў Нэхаа і завёў яго ў Егіпет.
5 Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. І рабіў ён незаўгоднае ў вачах Госпада Бога свайго.
6 Супроць яго выйшаў Навухаданосар, цар Вавілонскі, і закаваў яго ў кайданы, каб завесьці ў Вавілон.
7 І частку посуду дома Гасподняга перанёс Навухаданосар у Вавілон і паклаў яго ў капішчы сваім у Вавілоне.
8 Іншыя дзеі Ёакіма і мярзоты ягоныя, якія ён рабіў і якія знойдзены ў ім, апісаны ў кнізе цароў Ізраільскіх і Юдэйскіх. І зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.
9 Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы і дзесяць дзён валадарыў у Ерусаліме, і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх.
10 Праз год паслаў цар Навухаданосар і загадаў узяць яго ў Вавілон разам з каштоўным посудам дома Гасподняга, і паставіў царом над Юдэяю і Ерусалімам Сэдэкію, брата ягонага.
11 Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме,
12 і рабіў ён неспадобнае ў вачах Госпада Бога свайго. Ён не ўпакорыўся перад Ераміем прарокам, які прарочыў з вуснаў Гасподніх,
13 і адкалоўся ад цара Навухаданосара, які ўзяў зь яго клятву імем Бога, — і зрабіў упарцістаю шыю сваю і зжарсьцьвіў сэрца сваё да таго, што не зьвярнуўся да Госпада Бога Ізраілевага.
14 Ды і ўсе начальнікі над сьвятарамі і над народам многа грашылі, пераймаючы ўсе мярзоты язычнікаў, і спаганілі дом Госпада, які Ён асьвяціў у Ерусаліме.
15 І пасылаў да іх Гасподзь Бог бацькоў іхніх пасланцаў Сваіх з раньняга рана, бо Ён шкадаваў народ Свой і Сваё жытлішча.
16 Але яны зьдзекаваліся з пасланых ад Бога і заняхайвалі словы Яго, і ганілі прарокаў Ягоных, пакуль ня сышоў гнеў Госпада на народ Ягоны, так што ня было яму ратунку.
17 І Ён навёў на іх цара Халдэйскага, — і той пазабіваў юнакоў іхніх мечам у доме сьвятыні іхняй і не пашкадаваў ні юнака, ні дзяўчыны, ні старога, ні сівога: усё аддаў Бог у руку ягоную.
18 І ўвесь посуд дома Божага, вялікі і малы, і скарбы дома Гасподняга, і скарбы цара і князёў ягоных, усё прынёс ён у Вавілон.
19 І спалілі дом Божы, і разбурылі сьцяну Ерусаліма, і ўсе харомы яго спалілі агнём, і ўсе каштоўнасьці яго зьнішчылі.
20 І перасяліў ён тых, што засталіся, ў Вавілон, і былі яны рабамі яго і сыноў ягоных, да цараваньня цара Персідскага,
21 пакуль, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, зямля не адсьвяткавала суботаў сваіх. Ва ўсе дні запусьценьня яна суботнічала, пакуль ня споўнілася семдзесят гадоў.
22 А на першым годзе Кіра, цара Персідскага, дзеля спраўджаньня слова Гасподняга, сказанага вуснамі Ераміі, абудзіў Гасподзь дух Кіра, цара Персідскага, і ён загадаў абвясьціць па ўсім царстве сваім словамі і пісьмова, і сказаць:
23 так кажа Кір, цар Персідскі: усе царствы зямлі даў мне Гасподзь Бог нябесны, і Ён загадаў мне пабудаваць Яму дом у Ерусаліме, што ў Юдэі. Хто ёсьць з вас — з усяго народу Ягонага, Гасподзь Бог яго зь ім, і хай ён туды ідзе.