Беларуская Біблія

КНІГА ЁНЫ

Разьдзел 1

 

1 І было слова Гасподняе Ёну, сыну Амафіінаму:

2 «устань, ідзі ў Нінэвію — горад вялікі і прапаведуй у ім, бо зладзействы яго дайшлі да Мяне».

3 І ўстаў Ёна, каб бегчы ў Тарсіс ад аблічча Гасподняга, і прыйшоўшы ў Ёпію і знайшоўшы карабель, які выпраўляўся ў Тарсіс, аддаў плату за правоз і ўзышоў на яго, каб плыць зь імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада.

4 Але Гасподзь падняў на моры моцны вецер, і зрабілася на моры вялікая бура, і карабель гатовы быў разьбіцца.

5 І спалохаліся карабельнікі і заклікалі кожны свайго бога, і пачалі кідаць у мора паклады з карабля, каб аблегчыць яго ад іх; а Ёна апусьціўся ў нутро карабля, лёг і моцна заснуў.

6 І прыйшоў да яго начальнік карабля і сказаў яму: «чаго ты сьпіш? устань, закліч Бога твайго; можа быць, Бог успомніць пра нас, і мы не загінем».

7 І сказалі адзін аднаму: «хадзем, кінем жэрабя, каб даведацца, за каго спасьцігае нас гэтая бяда». І кінулі жэрабя, і ўпала жэрабя на Ёну.

8 Тады сказалі яму: «скажы нам, за каго спасьцігла нас гэтая бяда? які твой занятак, і адкуль ідзеш ты? дзе твая краіна, і зь якога ты народу?»

9 І ён сказаў ім: «я — Габрэй, шаную Госпада Бога нябёсаў, Які стварыў мора і сушу».

10 І спалохаліся людзі страхам вялікім і сказалі яму: «дзеля чаго ты гэта зрабіў», бо даведаліся гэтыя людзі, што ён уцякае ад аблічча Гасподняга, як ён сам абвясьціў ім.

11 І сказалі яму: «што зрабіць нам з табою, каб мора аціхла для нас?», бо мора не пераставала хвалявацца.

12 Тады ён сказаў ім: «вазьмеце мяне і кіньце мяне ў мора, — і мора аціхне для вас, бо я ведаю, што празь мяне спасьцігла вас гэта вялікая бура».

13 Але гэтыя людзі пачалі моцна веславаць, каб прыстаць да зямлі, але не маглі, бо мора ўсё бушавала і бушавала супроць іх.

14 Тады заклікалі яны Госпада і сказалі: «молім Цябе, Госпадзе, хай не загінем за душу чалавека гэтага, і хай не залічыш на нас кроў невінаватую; бо Ты, Госпадзе, зрабіў, што заўгодна Табе!»

15 І ўзялі Ёну і кінулі яго ў мора; і аціхла мора ад лютасьці сваёй.

16 І спалохаліся гэтыя людзі Госпада вялікім страхам і прынесьлі Госпаду ахвяру і далі абяцаньні.

 

Разьдзел 2

 

1 І загадаў Гасподзь вялікаму кіту праглынуць Ёну; і быў Ёна ў чэраве гэтага кіта тры дні і тры ночы.

2 І памаліўся Ёна Госпаду Богу свайму з чэрава кіта

3 і сказаў: «да Госпада заклікаў я ў смутку маім, — і Ён пачуў мяне; з чэрава апраметнай я загаласіў, — і Ты пачуў голас мой.

4 Ты ўкінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і патокі акружылі мяне, усе воды Твае і хвалі Твае праходзілі над мною.

5 І я сказаў: адкінуты я ад вачэй Тваіх, аднак я зноў убачу сьвяты храм Твой.

6 Абнялі мяне воды да душы маёй, бездань замкнула мяне; марскою травою абвіта была галава мая.

7 Да асновы гор я сышоў, зямля сваімі замкамі навек загарадзіла мяне; але Ты, Госпадзе Божа мой, душу маю выведзеш зь пекла.

8 Калі зьнемагла ўва мне душа мая, я ўспомніў пра Госпада, і малітва мая дайшла да Цябе, да храма сьвятога Твайго.

9 Пашаноўцы марных і фальшывых божышчаў пакінулі Мілажальнага свайго,

10 а я голасам хвалы прынясу Табе ахвяру; што абяцаў, выканаю. У Госпада выратаваньне!»

11 І сказаў Гасподзь кіту, і ён выкінуў Ёну на сушу.

 

Разьдзел 3

 

1 І было слова Гасподняе Ёну другі раз:

2 «устань, ідзі ў Нінэвію — горад вялікі і прапаведуй у ёй, што Я загадаў табе».

3 І ўстаў Ёна і пайшоў у Нінэвію па слове Гасподнім; а Нінэвія была горад вялікі ў Бога, на тры дні хады.

4 І пачаў Ёна хадзіць па горадзе, колькі можна прайсьці за адзін дзень, і прапаведаваў, кажучы: «яшчэ сорак дзён, — і Нінэвія будзе разбурана!»

5 І паверылі Нінэвіцяне Богу: і абвясьцілі пост і апрануліся ў вярэты, ад вялікага зь іх да малога.

6 Гэтае слова дайшло да цара Нінэвіі, — і ён устаў з трона свайго і зьняў зь сябе царскае адзеньне сваё, і апрануўся ў вярэту і сеў на попеле,

7 і загадаў абвясьціць і сказаць у Нінэвіі ад імя цара і вяльможаў ягоных, «каб ні людзі, ні быдла, ні валы, ні авечкі нічога ня елі, ні хадзілі на пашу, і вады ня пілі,

8 і каб пакрытыя былі вярэтай людзі і быдла і моцна галасілі да Бога, і каб кожны адвярнуўся ад ліхога шляху свайго ад гвалту рук сваіх.

9 Хто ведае, можа, яшчэ Бог умілажаліцца і ўхіліць ад нас полымны гнеў Свой, і мы не загінем».

10 І ўбачыў Бог дзеі іхнія, што яны зьвярнулі ад ліхога шляху свайго, і пашкадаваў Бог за бедства, пра якое сказаў, што навядзе на іх, і не навёў.

 

Разьдзел 4

 

1 Ёна моцна засмуціўся з гэтага і быў раздражнёны.

2 І маліўся ён Госпаду і сказаў: «о, Госпадзе! ці ж ня раз гэта казаў я, калі быў яшчэ ў краіне маёй? Таму я і пабег у Тарсіс, бо ведаў, што Ты — Бог добры і міласэрны, шматцярплівы і шматлітасьцівы, і шкадуеш за бедства.

3 І сёньня, Госпадзе, вазьмі душу маю ад мяне, бо лепей мне памерці, чым жыць».

4 І сказаў Гасподзь: «няўжо гэта засмуціла цябе так моцна?»

5 І выйшаў Ёна з горада і сеў з усходняга боку каля горада, і зрабіў сабе там намёт і сеў пад ім у цяні, каб убачыць, што будзе з горадам,

6 І вырасьціў Гасподзь Бог расьліну, і яна паднялася над Ёнам, каб над галавою ягонай быў цень і каб выбавіць яго ад засмучэньня ягонага; Ёна вельмі ўзрадаваўся расьліне гэтай.

7 І зрабіў Бог так, што на другі дзень з зарою чарвяк падтачыў расьліну, і яна засохла.

8 А калі ўзышло сонца, навёў Бог сьпякотны ўсходні вецер, і сонца пачало пячы галаву Ёны, так што ён зьнямог і прасіў сабе сьмерці і сказаў: «лепей мне памерці, чым жыць».

9 І сказаў Бог Ёну: «няўжо так моцна засмуціўся ты за расьліну?» Ён сказаў: «вельмі засмуціўся, нават да сьмерці».

10 Тады сказаў Гасподзь: «ты шкадуеш за расьліну, над якою ты не працаваў і якое не гадаваў, якая за адну ноч вырасла і за адну ж ноч і прапала:

11 Мне ці ж не пашкадаваць Нінэвіі, горада вялікага, у якім больш за сто дваццаць тысяч чалавек, якія ня ўмеюць адрозьніць правай рукі ад левай, і мноства быдла?»