Беларуская Біблія

КНІГА ПРАРОКА ЕРАМІІ

Разьдзел 1

 

1 Слова Ераміі, сына Хэлкіінага, са сьвятароў у Анатоце, у зямлі Веньямінавай,

2 якому было слова Гасподняе ў дні Ісаі, сына Амонавага, цара Юдэйскага, у трынаццаты год цараваньня яго,

3 і таксама ў дні Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, да канца адзінаццатага года Сэдэкіі, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, да перасяленьня Ерусаліма ў пятым месяцы.

4 І было мне слова Гасподняе:

5 раней чым Я ўтварыў цябе ў чэраве, Я ўведаў цябе, і раней чым ты выйшаў з нутробы, Я асьвяціў цябе: прарокам народам паставіў цябе.

6 А я сказаў: о Госпадзе Божа! я ня ўмею гаварыць, бо я яшчэ малады.

7 Але Гасподзь сказаў мне: не кажы «я малады»; бо да ўсіх, да каго Я пашлю цябе, пойдзеш, і ўсё, што загадаю табе, скажаш.

8 Ня бойся іх; бо Я з табою, каб выбаўляць цябе, сказаў Гасподзь.

9 І працягнуў Гасподзь руку Сваю і дакрануўся да вуснаў маіх; і сказаў мне Гасподзь: вось, Я ўклаў словы Мае ў вусны твае.

10 Глядзі, Я паставіў цябе ў гэты дзень над народамі і царствамі, каб выкараняць і спусташаць, губіць і разбураць, ствараць і садзіць.

11 І было слова Гасподняе мне: што бачыш ты, Ерамія? Я сказаў: бачу посах зь міндальнага дрэва.

12 Гасподзь сказаў мне: ты правільна бачыш; бо Я чуваю над словам Маім, каб яно хутка спраўдзілася.

13 І было слова Гасподняе мне другі раз: «што бачыш ты? Я сказаў: бачу паддзіманы ветрам кацёл кіпеню, і аблічча яго з боку поўначы.

14 І сказаў мне Гасподзь: з поўначы адкрыецца бедства на ўсіх насельнікаў гэтай зямлі.

15 Бо вось, Я паклічу ўсе плямёны царстваў паўночных, кажа Гасподзь, і прыйдуць яны, і паставяць — кожны — трон свой каля ўваходу ў браму Ерусаліма, і вакол усіх сьцен яго, і ва ўсіх гарадах Юдэйскіх.

16 І выкажу над імі прысуды Мае за ўсе беззаконнасьці іхнія, за тое, што яны пакінулі Мяне, і курылі фіміям чужаземным багам і пакланяліся дзеям рук сваіх.

17 І ты аперажы сьцёгны свае, і ўстань і скажы ім усё, што Я накажу табе; не маладушнічай перад імі, каб Я не забіў цябе на вачах у іх.

18 І вось, Я паставіў цябе сёньня ўмацаваным горадам і жалезным слупам і меднаю сьцяною на ўсёй гэтай зямлі, супроць цароў і Юды, супроць князёў яго, супроць сьвятароў яго і супроць народа зямлі гэтай.

19 Яны будуць ваяваць супроць цябе, але не перамогуць цябе; бо Я з табою, кажа Гасподзь, каб выбаўляць цябе.

 

Разьдзел 2

 

1 І было слова Гасподняе мне:

2 ідзі і абвясьці ў вушы дачцэ Ерусаліма: так кажа Гасподзь; Я ўспамінаю дружнасьць маладосьці тваёй, пра каханьне тваё, калі ты была нявеста, калі пайшла сьледам за Мною ў пустыню, у зямлю незасеяную.

3 Ізраіль быў сьвятыняю Госпада, пачаткам пладоў Ягоных: усе, што паядалі яго, асуджаліся, бедства спасьцігла іх, кажа Гасподзь.

4 Паслухайце слова Гасподняе, доме Якаўлеў і ўсе роды дому Ізраілевага!

5 Так кажа Гасподзь: якую няпраўду знайшлі ўва Мне бацькі вашыя, што адышлі ад Мяне і пайшлі за марнасьцю, і змарнелі;

6 і не сказалі: дзе Гасподзь, Які вывеў нас зь зямлі Егіпецкай, вёў нас па пустыні, па зямлі пустой і неабжытай, па зямлі сухой, па зямлі ценю сьмяротнага, па якой ніхто не хадзіў і дзе ня жыў чалавек?

7 І Я ўвёў вас у зямлю плодную, каб вы карміліся пладамі яе і дабром яе; і вы ўвайшлі і апаганілі зямлю Маю, і набытак Мой зрабілі мярзотаю.

8 Сьвятары не казалі: дзе Гасподзь? і настаўнікі закона ня ведалі Мяне, і пастыры адпаліся ад Мяне, і прарокі прарочылі ў імя Валаала і хадзілі сьледам за тымі, якія не дапамагаюць.

9 Таму Я яшчэ буду судзіцца з вамі, кажа Гасподзь, і з сынамі сыноў вашых буду судзіцца.

10 Бо ідзеце на выспы Хітымскія і паглядзеце, і пашлеце ў Кедар і разьведайце старанна і разгледзьце, ці было там што падобнае да гэтага?

11 ці памяняў які-небудзь народ багоў сваіх, хоць яны і не багі? а Мой народ памяняў славу сваю на тое, што не дапамагае.

12 Падзівуйцеся з гэтага, нябёсы, і здрыганецеся і жахнецеся, кажа Гасподзь.

13 Бо два ліхі ўчыніў народ Мой: Мяне, крыніцу вады жывой пакінулі і высеклі сабе вадаёмы разьбітыя, якія ня могуць трымаць вады

14 Хіба Ізраіль раб? альбо ён дамачадзец? чаму ён зрабіўся здабычаю?

15 Зарыкалі на яго маладыя ільвы, падалі голас свой і зрабілі зямлю яго пустэльняю; гарады яго спалены, без жыхароў.

16 І сыны Мэмфіса і Тафны аб’елі цемя тваё.

17 Ці ня ўчыніў ты сабе гэтага тым, што занядбаў Госпада Бога твайго ў той час, калі Ён вёў цябе па дарозе?

18 І сёньня навошта табе дарога ў Егіпет, каб піць ваду зь Ніла? і навошта табе дарога ў Асірыю, каб піць ваду з ракі яе?

19 Пакарае цябе бязбожнасьць твая, і адступніцтва тваё выкрые цябе: дык вось, спазнай і разваж, як блага і горка тое, што ты занядбаў Госпада Бога твайго, і страху Майго няма ў табе, кажа Гасподзь Бог Саваоф.

20 Бо даўно я паламаў ярмо тваё, парваў путы твае, і ты казаў: «ня буду служыць ідалам», а тым часам на кожным высокім пагорку і пад кожным галінастым дрэвам ты блудадзейнічаў.

21 Я пасадзіў цябе як высакародную лазу, — найчысьцейшае насеньне; як жа ты ператварылася ў Мяне ў дзікі парастак чужой лазы?

22 Таму хоць бы ты ўмыўся мылам і шмат ужыў на сябе шчолаку, — бязбожнасьць твая пазначана перад Мною, кажа Гасподзь Бог.

23 Як можаш ты сказаць: «я не апаганіў сябе, я не хадзіў па сьледзе Ваала? паглядзі на паводзіны свае ў даліне, уведай, што рабіла ты, увішная вярблюдзіца, якая ганяецца па шляхах тваіх?

24 Дзікую асьліцу, якая прывыкла да пустыні, якая ў запале душы сваёй глытае паветра, хто можа стрымаць? Усе, хто шукае яе, ня стомяцца; у яе месяцы яны знойдуць яе.

25 Не давай нагам тваім атоптваць абутак, і гартані тваёй — таміцца ад смагі. Але ты сказаў: не спадзявайся, не! бо люблю чужых і буду хадзіць па сьледзе іхнім.

26 Як злодзей, калі зловяць яго, бывае пасаромлены, — так пасароміў сябе дом Ізраілеў: яны, цары іхнія, князі іхнія, і сьвятары іхнія, і прарокі іхнія,

27 кажучы дрэву: «ты мой бацька», і каменю: «ты нарадзіў мяне»; бо яны абярнуліся да мяне сьпінаю, а ня тварам; а ў час бедства свайго будуць казаць: «устань і выратуй нас!»

28 Дзе ж багі твае, якіх ты зрабіў сабе? — хай яны ўстануць, калі могуць выратаваць цябе ў час бедства твайго; бо колькі ў цябе гарадоў, столькі і багоў у цябе, Юда.

29 Навошта вам спаборнічаць са Мною? — усе вы зграшылі супроць Мяне, кажа Гасподзь.

30 Марна пабіваў Я дзяцей вашых: яны не прынялі настаўленьня на розум; прарокаў вашых пажыраў меч ваш, як зьнішчальны леў.

31 О, родзе! уважце вы слову Гасподняму; ці быў Я пустэльняю дому Ізраілеваму? ці быў Я краінаю змроку? Навошта ж народ Мой кажа: мы самыя сабе гаспадары; мы ўжо ня прыйдзем да Цябе?

32 Ці ж забывае дзяўчына акрасы свае і нявеста — убор свой? а народ Мой забыў Мяне, — няма ліку дням.

33 Як умела кіруеш ты дарогі твае, каб здабываць любоў! і дзеля гэтага нават са злачынствамі стасавала ты дарогі твае.

34 Нават на полках вопраткі тваёй ёсьць кроў людзей бедных, невінаватых, якіх ты не засьпела пры ўзломе: і нягледзячы на ўсё гэта,

35 кажаш: як бо я невінаватая, дык, мусіць, гнеў Яго адхінецца ад мяне. — Вось, Я буду судзіцца з табою за тое, што кажаш: «я не зграшыла».

36 Навошта ты так многа бадзяешся, мяняючы дарогу тваю? Ты гэтак сама будзеш пасаромленая і Егіптам, як была пасаромлена Асірыяй;

37 і ад яго ты выйдзеш, паклаўшы рукі на галаву, бо адхіліў Гасподзь надзеі твае, і ня мецьмеш зь імі посьпеху.

 

Разьдзел 3

 

1 Кажуць: калі муж адпусьціць жонку сваю, і яна адыдзе ад яго і зробіцца жонкаю другога мужа, дык ці можа яна вярнуцца да яго? Ці не апаганілася б гэтым краіна тая? А ты з многімі палюбоўнікамі блудадзейнічала, — і аднак жа вярніся да Мяне, кажа Гасподзь.

2 Узьвядзі вочы твае ўгору і паглядзі, дзе не блудадзеялі з табою? Пры дарозе сядзела ты дзеля іх, як Аравіцянін у пустыні, і апаганіла зямлю блудам тваім і хітрынай тваёю.

3 За тое былі затрыманы дажджы, і ня было дажджу позьняга; але ў цябе быў лоб блудніцы, — ты адкінула сорам.

4 Ці ня будзеш ты з гэтага часу заклікаць да Мяне: Войча мой! Ты быў правадніком маладосьці маёй!

5 Няўжо заўсёды Ён будзе ў гневе? і няўжо вечна будзе ўтрымліваць яго ў Сабе? Вось, што кажаш ты, а робіш ліхое і посьпех маеш у ім.

6 Гасподзь сказаў мне ў дні Ёсіі цара: ці бачыў ты, што рабіла адступніца, дачка Ізраіля? Яна хадзіла на кожную высокую гару і пад кожнае галінастае дрэва, і там распусьнічала.

7 І пасьля таго, як яна ўсё гэта рабіла, Я казаў: вярніся да Мяне; але яна не вярнулася; і бачыла гэта вераломная сястра яе Юдэя.

8 І Я бачыў, што, калі за ўсе пералюбныя ўчынкі адступніцы, дачкі Ізраіля, Я адпусьціў яе і даў ёй разводны ліст, вераломная сястра яе, Юдэя, не збаялася, а пайшла і сама распусьнічала.

9 І адкрытым блудадзействам яна апаганіла зямлю, і пералюбнічала з каменем і дрэвам.

10 Але пры ўсім гэтым вераломная сястра яе Юдэя не навярнулася да Мяне ўсім сэрцам сваім, а толькі на блізір, кажа Гасподзь.

11 І сказаў мне Гасподзь: адступніца, дачка Ізраілева, аказалася з большаю праўдаю, чым вераломная Юдэя.

12 Ідзі і абвясьці словы гэтыя на поўнач, і скажы: вярніся, адступніца, дачка Ізраілева, кажа Гасподзь. Я ня вылью на вас гневу Майго; бо Я мілажальны, кажа Гасподзь, — ня вечна буду гневацца.

13 Прызнай толькі віну тваю, бо ты адступілася ад Госпада Бога твайго і распусьнічала з чужымі пад кожным галінастым дрэвам, а голасу Майго вы ня слухаліся, кажа Гасподзь.

14 Вярнецеся, дзеці-адступнікі, кажа Гасподзь, бо Я спалучыўся з вамі, і вазьму вас па адным з горада, па два зь племя, і прывяду вас на Сіён.

15 І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго, якія будуць пасьвіць вас зь веданьнем і добрым розумам.

16 І будзе, калі вы размножыцеся і зробіцеся шматплоднымі на зямлі, у тыя дні, кажа Гасподзь, ня будуць казаць болей: «каўчэг запавету Гасподняга»; ён і не ўзгадаецца, і ня ўспомняць пра яго і ня будуць прыходзіць да яго, і яго ўжо ня будзе.

17 У той час назавуць Ерусалім тронам Госпада; і ўсе народы дзеля імя Госпада зьбяруцца ў Ерусалім і ня будуць болей рабіць з упартасьці злога сэрца свайго.

18 У тыя дні прыйдзе дом Юдаў да дому Ізраілевага, і пойдуць разам зь зямлі паўночнай у зямлю, якую Я даў у спадчыну бацькам вашым.

19 І казаў Я: як пастаўлю цябе ў лік дзяцей і дам табе жаданую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну мноства народаў? і сказаў: ты будзеш называць Мяне бацькам тваім і не адступішся ад Мяне.

20 Але, сапраўды, як жонка вераломна здраджвае сябру свайму, так вераломна ўчынілі са Мною вы, доме Ізраілеў, кажа Гасподзь.

21 Голас чуцен на вышынях, скрушлівы плач сыноў Ізраіля па тым, што яны скрывілі дарогу сваю, забылі Госпада Бога свайго.

22 Вярнецеся, мяцежныя дзеці: Я вылечу вашую непакорлівасьць. — Вось, мы ідзём да Цябе, бо Ты — Гасподзь Бог наш.

23 Праўда, дарма спадзяваліся мы на пагоркі і на мноства гор; праўда, у Госпадзе Богу нашым — выратаваньне Ізраіля!

24 З маладосьці нашай гэта гідота пажырала набытак бацькоў нашых, авечак іхніх і валоў іхніх, сыноў іхніх і дачок іхніх.

25 Мы ляжым у сораме сваім, і сорам наш пакрывае нас, бо мы грашылі перад Госпадам Богам нашым, — мы і бацькі нашыя, з маладосьці нашай і да гэтага дня, — і ня слухаліся голасу Госпада Бога нашага.

 

Разьдзел 4

 

1 І калі хочаш навярнуцца, Ізраіле, кажа Гасподзь, да Мяне навярніся; а калі адвядзеш гідоты твае ад аблічча Майго, ты ня будзеш бадзяцца.

2 І будзеш бажыцца: жывы Гасподзь! у ісьціне, судзе і праўдзе; і народы будуць Ім дабраслаўляцца і Ім хваліцца.

3 Бо так кажа Гасподзь мужам Юды і Ерусаліма: узарэце сабе новыя палеткі і ня сейце сярод церня.

4 Абрэжце сябе дзеля Госпада, і здымеце крайнюю плоць з сэрца вашага, мужы Юды і жыхары Ерусаліма, каб гнеў Мой не адкрыўся, як агонь, і не запалаў непагасна ад ліхіх нахільнасьцяў вашых.

5 Абвясьцеце ў Юдэі і агаласеце ў Ерусаліме, і гаварэце і трубеце трубою па зямлі; заклікайце голасна і кажэце: «зьбярэцеся і пойдзем ва ўмацаваныя гарады».

6 Выставіце сьцяг да Сіёна, — бяжэце, ня спыняйцеся; бо Я прывяду з поўначы бедства і вялікую пагібель.

7 Выходзіць леў са сваёй нетры, і выступае зьнішчальнік народаў: ён выходзіць са свайго месца, каб зямлю тваю зрабіць пусткаю; гарады твае будуць спустошаны, застануцца без жыхароў.

8 Таму аперажэцеся вярэтаю, плачце і галасеце, бо лютасьць гневу Гасподняга не адвернецца ад нас.

9 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь, замрэ сэрца ў цара і сэрца ў князёў; і жахнуцца сьвятары, і дзіву дадуцца прарокі.

10 І сказаў я: о, Госпадзе Божа! няўжо Ты зводзіў толькі народ гэты і Ерусалім, кажучы «мір будзе ў вас»; а тым часам меч даходзіць да душы?

11 У той час сказана будзе народу гэтаму і Ерусаліму: пякучы вецер ляціць з вышыняў пустэльных на дарогу дачкі народа Майго, ня дзеля веяньня і ня дзеля ачышчэньня:

12 і прыйдзе да Мяне адтуль вецер мацнейшы за гэты, і Я агалашу прысуд над імі.

13 Вось, падымаецца ён, быццам воблакі, і калясьніцы яго — як віхура, коні ганчэйшыя за арлоў; гора нам! бо мы будзем спустошаны.

14 Змый ліхое з сэрца твайго, Ерусаліме, каб выратавацца табе: дакуль будуць гнездавацца ў табе ліхамысныя думкі?

15 Бо ўжо ляціць голас ад Дана і пагібельная вестка з гары Яфрэмавай:

16 агаласеце народам, абвясьцеце Ерусаліму, што ідуць з далёкай краіны абложнікі і крыкамі сваімі агалашаюць гарады Юдэі.

17 Як вартавыя палёў, яны абступаюць яго навокал, бо ён узбунтаваўся супроць Мяне, кажа Гасподзь.

18 Шляхі твае і дзеі твае прычынілі табе гэта; ад тваёй бязбожнасьці табе так горка, што даходзіць да сэрца твайго.

19 Нутроба мая! нутроба мая! смуткую ў глыбіні сэрца майго, хвалюецца ўва мне сэрца маё, не магу маўчаць; бо ты чуеш, душа мая, гук трубы, трывогу бітвы.

20 Бяда за бядою: уся зямля спусташаецца, зьнянацку разбураны намёты мае, імгненна — палаткі мае.

21 Ці доўга мне бачыць сьцяг, слухаць гук трубы?

22 Гэта таму, што народ Мой дурны — ня ведае Мяне: неразумныя яны дзеці, і няма ў іх глузду; яны разумныя на благое, а дабра рабіць ня ўмеюць.

23 Гляджу на зямлю — і вось, яна разбураная і пустая, — на нябёсы — і няма на іх сьвятла.

24 Гляджу на горы — і вось, яны дрыжаць, і ўсе пагоркі хістаюцца.

25 Гляджу — і вось, няма чалавека, і ўсе птушкі нябесныя разьляцеліся.

26 Гляджу — і вось, Карміл — пустыня, а ўсе гарады ягоныя разбураныя ад аблічча Гасподняга, ад лютасьці гневу Яго.

27 Бо так сказаў Гасподзь: уся зямля будзе спустошана, але поўнага зьнішчэньня не дапушчу.

28 Заплача па гэтым зямля, і нябёсы запамрочацца ўгары, бо Я сказаў, Я вызначыў, і не раскаюся ў тым і не адступлюся ад таго.

29 Ад шуму верхаўцоў і стралкоў разьбягуцца ўсе гарады: яны пойдуць у густыя лясы і залезуць на скалы; усе гарады будуць пакінуты, і ня будзе ў іх ніводнага жыхара.

30 А ты, спустошаная, што пачнеш рабіць? Хоць ты апранаешся ў пурпуру, хоць ты ахарошваеш сябе залатымі ўборамі, абмалёўваеш вочы твае фарбамі, але дарэмна ахарошваеш сябе; пагрэбавалі табою палюбоўнікі — яны шукаюць душы тваёй.

31 Бо Я чую голас як бы жанчыны-парадзіхі, стогн як бы тае, што нараджае першы раз, голас дачкі Сіёна; яна стогне, працягваючы рукі свае: «о, гора мне! душа мая зьнемагае перад забойцамі».

 

Разьдзел 5

 

1 Пахадзеце па вуліцах Ерусаліма, і паглядзеце і разьведайце і пашукайце на плошчах ягоных, ці ня знойдзеце чалавека, ці няма таго, хто трымаецца праўды, шукае ісьціны! — Я зьлітаваўся б зь Ерусаліма.

2 Хоць і кажуць яны: жывы Гасподзь! але божацца ілжыва.

3 О, Госпадзе! ці не да ісьціны зьвернуты вочы Твае? Ты б’еш іх, а яны не адчуваюць болю; Ты пабіваеш іх, а яны ня хочуць прыняць настаўленьня на розум: твары свае зрабілі яны мацнейшымі за камень — навярнуцца ня хочуць.

4 І сказаў я сам сабе: гэта, можа быць, беднякі; яны дурныя, бо ня ведаюць шляху Гасподняга, закону Бога свайго.

5 Пайду я да знакамітых і пагутару зь імі, бо яны ведаюць шлях Гасподні, закон Бога свайго. Але і яны ўсе паламалі ярмо, парвалі аковы.

6 Затое заб’е іх леў лясны, воўк пустэльны спустошыць іх, барс будзе цікаваць каля гарадоў іхніх: хто выйдзе зь іх, будзе разарваны; бо памножыліся злачынствы іхнія, узмацніліся адступніцтвы іхнія.

7 Як жа Мне дараваць табе за гэта? Сыны твае пакінулі Мяне і прысягаюць тымі, якія — не багі. Я карміў іх дасыта, а яны пералюбы чынілі і натоўпамі хадзілі ў дамы блудніц.

8 Гэта — укормленыя коні: кожны зь іх іржэ на жонку другога.

9 Няўжо Я не пакараю за гэта? кажа Гасподзь; і ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?

10 Падымайцеся на сьцены яго і разбурайце, але не да канца: зьнішчыце зубцы іх, бо яны не Гасподнія;

11 Бо дом Ізраілеў і дом Юдаў зрабілі са Мною вельмі вераломна, кажа Гасподзь:

12 яны зманілі на Госпада і сказалі: «няма Яго, і бяда ня прыйдзе на нас, і мы ня ўбачым ні меча, ні голаду.

13 І прарокі зробяцца ветрам, і слова Гасподняга ў іх няма; над імі самымі няхай гэта будзе».

14 Таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф: за тое, што вы кажаце такія словы, вось, Я зраблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а гэты народ — дровамі, і гэты агонь зжарэ іх.

15 Вось, я прывяду на вас, доме Ізраілеў, народ здалёку, кажа Гасподзь, народ моцны, народ старажытны, народ, мовы якога ты ня ведаеш, і ня будзеш разумець, што ён гаворыць,

16 Калчан яго як адчыненая труна; усе яны — людзі адважныя.

17 І зьядуць яны ўжатак твой і хлеб твой, зьядуць сыноў тваіх і дачок тваіх, зьядуць авечак тваіх і валоў тваіх, зьядуць вінаград твой і смоквы твае; разбураць мечам умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяешся.

18 Але і ў тыя дні, кажа Гасподзь, ня вынішчу вас да канца.

19 І калі вы скажаце: за што Гасподзь Бог наш робіць нам усё гэта? дык адказвай: бо вы пакінулі Мяне і служылі чужым багам у зямлі сваёй, дык будзеце служыць чужым у зямлі ня вашай.

20 Абвясьцеце гэта ў доме Якава і абвясьцеце ў Юдэі, кажучы:

21 І выслухай гэта, народзе дурны і неразумны, у якога ёсьць вочы, а ня бачыць, у якога ёсьць вушы, а ня чуе:

22 Мяне вы ці не баіцеся, кажа Гасподзь, перад Мною ці ня трымціце? Я паклаў пясок, граніцаю мору, вечнаю мяжою, якую не пяройдзе; і хоць хвалі яго імкнуцца, але пераадолець ня могуць; хоць яны бушуюць, але пераступіць яе ня могуць.

23 А ў народа гэтага сэрца буянае і мяцежнае: яны адступілі і пайшлі;

24 і не сказалі ў сэрцы сваім: убаімся Госпада Бога нашага, Які дае нам дождж раньні і позьні ў свой час, захоўвае нам сяміцы, назначаныя пад жніво.

25 Беззаконствы вашыя адвярнулі гэта, і грахі вашыя аддалілі ад вас гэта добрае.

26 Бо сярод народа Майго ёсьць бязбожныя: цікуюць, як лаўцы птушак, прыпадаюць да зямлі, ставяць пасткі і ловяць людзей.

27 Як клетка, напоўненая птушкамі, дамы іх поўныя падману, праз гэта яны і ўзвысіліся і разбагацелі,

28 зрабіліся тоўстыя, тлустыя, пераступілі нават усякую меру ў зьле, не разьбіраюць судовых спраў, спраў сірочых; дабрашчасьцяцца, і справядлівай справе ўбогіх не даюць суду.

29 Няўжо Я не пакараю за гэта? кажа Гасподзь; і ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?

30 Дзівоснае і жудаснае дзеецца ў гэтай зямлі:

31 прарокі прарочаць ілжу, і сьвятары пануюць пры пасрэдніцтве іхнім, і народ Мой любіць гэта. Што ж вы рабіцьмеце пасьля гэтага?

 

Разьдзел 6

 

1 Бяжэце, дзеці Веньямінавыя, спасярод Ерусаліма, і ў Тэкое трубеце ў трубу і дайце знак агнём у Бэткарэме, бо з поўначы ідзе бяда і пагібель вялікая.

2 Я зруйную дачку Сіёна, прыгожую і сьпешчаную.

3 Пастухі са статкамі сваімі прыйдуць да яе, раскінуць намёты вакол яе; кожны будзе пасьвіць сваю дзялянку.

4 Рыхтуйце вайну супраць яе; уставайце і пойдзем апоўдні. Гора нам! дзень ужо хіліцца, доўжацца цені вячэрнія.

5 Уставайце, пойдзем і ўначы, і зруйнуем харомы яе!

6 Бо так кажа Гасподзь Саваоф: сячэце дрэвы і рабеце насып супроць Ерусаліма: гэты горад павінен быць пакараны; у ім усялякі прыгнёт.

7 Як крыніца зь сябе вывяргае ваду, так ён точыць ліха зь сябе: чутно ў ім насільле і рабаўніцтва, перад абліччам Маім — заўсёды крыўды і раны.

8 Набярыся розуму, Ерусаліме, каб душа Мая не аддалілася ад цябе, каб Я не зрабіў цябе пусткаю, зямлёй неабжытаю.

9 Так кажа Гасподзь Саваоф: да канца дабяруць рэшту Ізраіля, як вінаград; працуй рукою тваёю, як зборшчык вінаграду, кашы напаўняючы.

10 Да каго гаварыць мне і каго ўгаворваць, каб слухалі? Вось, вуха ў іх неабрэзанае, і яны ня могуць слухаць; вось слова Гасподняе ў іх пасьмешышча: яно няпрыемнае ім.

11 Таму Я перапоўнены лютасьцю Гасподняю, не магу трымаць яе ў сабе; вылью яе на дзяцей на вуліцы і на зборню юнакоў; узятыя будуць муж з жонкаю, пажылы з тым, хто аджыў гады.

12 І дамы іхнія пяройдуць да іншых, гэтак сама і палі і жонкі; бо Я працягну руку Маю на насельнікаў гэтай зямлі, кажа Гасподзь.

13 Бо ад малога да вялікага, кожны зь іх аддадзены карысьлівасьці, і ад прарока да сьвятара — усе дзеюць ілжыва;

14 Лечаць раны народа Майго легкадумна, кажучы: «Мір! мір!», а міру няма.

15 Ці саромеюцца яны, робячы гнюсоты? Не, зусім не саромеюцца і не чырванеюць. Затое загінуць сярод пагіблых, і ў часіну наведаньня Майго будуць пабітыя, кажа Гасподзь.

16 Так кажа Гасподзь: спынецеся на шляхах вашых і разгледзьце, і распытайце пра шляхі старажытных, дзе шлях добры, і ідзеце па ім, і знойдзеце спакой душам вашым. Але яны сказалі: «ня пойдзем».

17 І паставіў я варту над вамі, сказаўшы: слухайцеся гуку трубы. Але яны сказалі: «ня будзем слухацца».

18 Дык вось, слухайце, народы, і ведай, зборня, што зь імі будзе.

19 Слухай, зямля: вось, я прывяду на народ гэты пагібель, плод помыслаў іхніх; бо яны слоў Маіх ня слухалі і закон Мой адкінулі.

20 Навошта Мне ладан, які ідзе з Савы, і пахучы трысьнёг з далёкай краіны? Цэласпаленьні вашыя недагодныя, і ахвяры вашыя няпрыемныя Мне.

21 Таму так кажа Гасподзь: вось, я кладу перад народам гэтым спатыкі, і спатыкнуцца на іх бацькі і дзеці разам, сусед і сябар ягоны, і загінуць.

22 Так кажа Гасподзь: вось, ідзе народ з краіны паўночнай, і народ вялікі падымаецца ад краёў зямлі;

23 трымаюць у руках лук і дзіду; яны жорсткія і неміласэрныя, голас у іх шуміць, як мора, і ляцяць на конях, выстраеныя, як адзін чалавек, каб цябе зваяваць, дачка Сіёна.

24 Мы пачулі вестку пра іх, і рукі ў нас апусьціліся, скруха агарнула нас, пакуты, як жанчыну ў родах.

25 Ня выходзьце ў поле і не хадзеце па дарозе, бо меч непрыяцеляў, жах з усіх бакоў.

26 Дачка народу майго! аперажы сябе вярэтаю і пасып сябе попелам; смуткуй, як бы па сьмерці адзінага сына, — горка плач; бо зьнянацку прыйдзе на нас загубца.

27 Вежаю паставіў Я цябе сярод народу Майго, слупам, каб ты ведаў і пільнаваў шлях іхні.

28 Усе яны — упартыя адступнікі, жывуць паклёпам; гэта — медзь і жалеза, — усе яны разбэшчваюць.

29 Паддзімальны мех абгарэў, сьвінец сатлеў ад агню: гутнік плавіў дарма, бо ліхія не аддзяліліся;

30 адкінутым срэбрам назавуць іх, бо Гасподзь адкінуў іх.

 

Разьдзел 7

 

1 Слова, якое было Ераміі ад Госпада:

2 стань у браме дома Гасподняга і абвясьці там слова гэтае і скажы: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ўваходзяць праз гэтую браму на пакланеньне Госпаду.

3 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: выпраўце шляхі вашыя і дзеі вашыя, і Я пакіну вас жыць на гэтым месцы.

4 Не спадзявайцеся на словы манлівыя: «тут храм Гасподні, храм Гасподні, храм Гасподні».

5 Але калі зусім выправіце шляхі вашыя і дзеі вашыя, калі будзеце правільна чыніць суд паміж чалавекам і супернікам ягоным,

6 ня будзеце прыгнятаць іншаземца, сіраты і ўдавы, і праліваць нявіннай крыві на месцы гэтым, і ня пойдзеце сьледам за іншымі багамі на бяду сабе,

7 дык я пакіну вас жыць на месцы гэтым, на гэтай зямлі, якую даў бацькам вашым у роды родаў.

8 Вось, вы спадзеяцеся на падманлівыя словы, якія не дадуць вам карысьці.

9 Як! вы крадзяце, забіваеце і пералюбы чыніце, і божыцеся ў ілжы і кадзіце Ваалу і ходзіце сьледам за іншымі багамі, якіх вы ня ведаеце,

10 і потым прыходзіце і становіцеся перад абліччам Маім у доме гэтым, над якім названа імя Маё, і кажаце: «мы выратаваны», каб і далей рабіць усе гэтыя мярзоты.

11 Ці не зрабіўся кублом разбойнікаў у вачах вашых дом гэты, над якім названа імя Маё? Вось, Я бачыў гэта, кажа Гасподзь.

12 Ідзеце ж на месца Маё ў Сілом, дзе Я раней назначыў быць імю Майму, і паглядзеце, што зрабіў Я зь ім за бязбожнасьць народа Майго Ізраіля.

13 І сёньня, як бо вы робіце ўсё гэта, кажа Гасподзь, і Я казаў вам з самае раніцы, а вы ня слухалі, і клікаў вас, а вы не адказвалі,

14 дык Я так зраблю з домам гэтым, над якім названа імя Маё, на які вы спадзеяцеся, і зь месцам, якое Я даў вам і бацькам вашым, як зрабіў зь Сіломам.

15 І адкіну вас ад аблічча Майго, як адкінуў усіх братоў вашых, усё семя Яфрэмавае.

16 А ты не прасі за народ гэты і ня ўзнось за іх малітвы і просьбы, і не хадайнічай перад Мною, бо Я не пачую цябе.

17 Ці ж ня бачыш, што яны робяць у гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма?

18 Дзеці зьбіраюць дровы, а бацькі разводзяць агонь, і жанчыны месяць цеста, каб рабіць піражкі багіні неба і ўчыняць выліваньні іншым багам, каб засмуціць Мяне.

19 Але ці Мяне засмучаюць яны? кажа Гасподзь: ці не саміх сябе сабе на сорам?

20 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, выліваецца гнеў Мой і лютасьць Мая на месца гэтае, на людзей і на быдла, і на дрэвы польныя і на плады зямлі, і загарыцца і не патухне.

21 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: цэласпаленьні вашыя дадавайце да ахвяраў вашых і ежце мяса;

22 бо бацькам вашым Я не казаў і не даваў ім запаведзі ў той дзень, у які Я вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, пра цэласпаленьне і ахвяру;

23 а такую запаведзь даў ім: слухайцеся голасу Майго, і Я буду вашым Богам, і вы будзеце Маім народам, і хадзеце па ўсякім шляху, які Я запавядаю вам, каб вам было добра.

24 Але яны не паслухаліся і ня прыхілілі вуха свайго, і жылі паводле намовы і ўпартасьці ліхога сэрца свайго, і сталі да Мяне плячыма, а ня тварам.

25 З таго дня, як бацькі вашыя выйшлі зь зямлі Егіпецкай, да гэтага дня Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх — прарокаў, пасылаў кожны дзень з самае раніцы:

26 але яны ня слухаліся Мяне і не прыхілілі вуха, а зжарсьцьвілі карак свой, рабілі горш за бацькоў сваіх.

27 І калі ты будзеш казаць ім усе гэтыя словы, яны цябе не паслухаюцца: і калі будзеш клікаць іх, яны табе не адкажуць.

28 Тады скажы ім: вось народ, які ня слухае голасу Госпада Бога свайго і ня прымае настаўленьняў! Ня стала ў іх ісьціны, — яна адабрана ад вуснаў іх.

29 Абстрыжы валасы свае і кінь, і падымі плач на горах, бо адкінуў Гасподзь і пакінуў род, які наклікаў гнеў Ягоны.

30 Бо сыны Юды робяць ліхое перад вачыма Маімі, кажа Гасподзь, паставілі мярзоты свае ў доме, над якім названа імя Маё, каб апаганіць яго;

31 і зладзілі вышыні ў даліне Тафэта, у даліне сыноў Эномавых, каб паліць сыноў сваіх і дачок сваіх у агні, чаго Я не загадваў, і што мне на сэрца ня прыходзіла.

32 За тое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць болей называць месца гэтае Тафэтам і далінаю сыноў Эномавых, а далінаю забойства, і ў Тафэце будуць хаваць ад недахопу месца.

33 І будуць трупы народа гэтага ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным, і ня будзе каму адганяць іх.

34 І спыню ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма голас перамогі і голас радасьці, голас жаніха і голас нявесты; бо зямля гэтая будзе пустыняю.

 

Разьдзел 8

 

1 У той час, кажа Гасподзь, выкінуць косьці цароў Юды, і косьці князёў ягоных, і косьці сьвятароў, і косьці прарокаў, і косьці жыхароў Ерусаліма — з магілаў іхніх;

2 і раскідаюць іх перад сонцам і месяцам і перад усім войскам нябесным, якіх яны любілі і якім служылі і сьледам за якімі хадзілі, якіх шукалі і якім пакланяліся; ня прыбяруць іх і не пахаваюць: яны будуць гноем на зямлі.

3 І лепей захочуць сьмерці ўсе астатнія, якія застануцца ад гэтага ліхога племені ва ўсіх мясьцінах, куды Я выганю іх, кажа Гасподзь Саваоф.

4 І скажы ім: так кажа Гасподзь: хіба, упаўшы, не ўстаюць і, зьбіўшыся з дарогі, не вяртаюцца?

5 Навошта гэты народ, Ерусаліме, стаіць ва ўпартым адступніцтве? яны моцна трымаюцца падману і ня хочуць навярнуцца.

6 Я назіраў і слухаў: не гавораць яны праўды, ніхто ня каецца ў сваім бязбожніцтве, ніхто ня кажа: «што я зрабіў»? кожны паварочвае на сваю дарогу, як конь, што кідаецца ў бітву.

7 І бусел пад небам ведае свае пэўныя поры, і галубка, і ластаўка, і журавель, сочаць за часам, калі ім прыляцець; а народ Мой ня ведае вызначэньня Гасподняга.

8 Як вы кажаце: мы мудрыя, і закон Гасподні ў нас? А вось, ілжывая трысьціна кніжнікаў і яго ператварае ў хлусьню.

9 Пасарамаціліся мудрацы, сумеліся і заблыталіся ў сетку: вось, яны адхілілі слова Гасподняе; у чым жа мудрасьць іхняя?

10 За тое жонак іхніх аддам другім, палі іхнія — іншым уладарам; бо ўсе яны, ад малога да вялікага, аддаліся карысталюбству; ад прарока да сьвятара — усе дзеюць ілжыва.

11 І гояць рану дачкі народа Майго легкадумна, кажучы: «мір, мір!», а міру няма.

12 Ці саромеюцца яны, робячы мярзоты? Не, яны зусім не саромеюцца і не чырванеюць. За тое загінуць яны сярод пагіблых; у час наведваньня іх будуць пабітыя, кажа Гасподзь.

13 Да канца абяру іх, кажа Гасподзь, не застанецца ніводнай вінаградзіны на лазе, ні смоквы на смакоўніцы, і ліст ападзе, і што Я даў ім, адыдзе ад іх.

14 «Чаго мы сядзім? зьбірайцеся, пойдзем ва ўмацаваныя гарады, і там загінем: бо Гасподзь Бог наш назначыў нас на пагібель і дае нам піць ваду з жоўцю за тое, што мы грашылі перад Госпадам».

15 Чакаем міру, а нічога добрага няма, — часу ацаленьня, і вось жахі.

16 Ад Дана чуваць храп коней ягоных, ад моцнага іржаньня жарабцоў ягоных дрыжыць уся зямля; і прыйдуць і зьнішчаць зямлю і ўсё, што на ёй, горад і ўсіх, хто жыве ў ім.

17 Бо вось, Я пашлю на вас зьмеяў, васіліскаў, супроць якіх няма замовы, і яны будуць кусаць вас, кажа Гасподзь.

18 Калі суцешуся я ў гароце маёй! сэрца маё спакутавалася ўва мне.

19 Вось, чую енк дачкі народа Майго з далёкай краіны: хіба няма Госпада на Сіёне? хіба няма Цара яго на ім? — Навошта яны спадзьвіглі Мяне на гнеў сваімі ідаламі, чужаземнымі, нікчэмнымі?

20 Прайшло жніво, скончылася лета, а мы ня выратаваны.

21 Па смутку дачкі народа Майго я смуткую, хаджу змрочны, жудасьць агарнула мяне.

22 Хіба няма бальзаму ў Галаадзе? хіба няма там лекара? Чаму ж няма ацаленьня дачцэ народа майго?

 

Разьдзел 9

 

1 О, хто дасьць галаве маёй ваду, і вачам маім — крыніцу сьлёз! я дзень і ноч плакаў бы па забітых у дачкі народа майго.

2 О, хто даў бы мне ў пустыні прыстанак дарожны! пакінуў бы я народ мой і сышоў бы ад іх: бо ўсе яны пералюбнікі, зграя вераломных.

3 Як лук, напінаюць язык свой дзеля ілжы, мацуюцца на зямлі няпраўдаю; бо пераходзяць ад аднаго ліха да другога, і Мяне ня ведаюць, кажа Гасподзь.

4 Трымайцеся кожны сябра свайго, і не давярайце ніводнаму з братоў сваіх; бо кожны брат ставіць спатыку другому, і кожны сябар пераносіць паклёпы.

5 Кожны ашуквае сябра свайго, і праўды ня кажуць; прывучылі язык свой гаварыць ману, хітруюць да стомы.

6 Ты жывеш сярод падступнасьці; з падступнасьці яны адмаўляюцца ведаць Мяне, кажа Гасподзь.

7 Таму так кажа Гасподзь Саваоф: вось, я растаплю і выпрабую іх; бо як інакш мне трэба рабіць з дачкою народа Майго?

8 Язык іхні — забойчая страла, гаворыць падступна; вуснамі сваімі гавораць з блізкімі сваімі прыязна, а ў сэрцы сваім ладзяць яму аковы.

9 Няўжо Я не пакараю іх за гэта, кажа Гасподзь? ці не адпомсьціць душа Мая такому народу, як гэты?

10 Па горах падыму плач і лямант, і па стэпавых пашах — галашэньне, бо яны выпалены, так што ніхто там не праходзіць, і ня чуваць, каб статкі бляялі: ад птушак нябесных да быдла — усе расьсеяліся, сышлі.

11 І зраблю Ерусалім крушняю, селішчам шакалаў, і гарады Юдэі зраблю пустыняю, без жыхароў.

12 Ці ёсьць такі мудрэц, які зразумеў бы гэта? І да каго гавораць вусны Гасподнія — растлумачыў бы, за што загінула краіна і выпалена, як пустыня, так што ніхто не праходзіць па ёй?

13 І сказаў Гасподзь: за тое, што яны пакінулі закон Мой, які Я ўстанавіў ім, і ня слухалі голасу Майго і не рабілі паводле яго;

14 а хадзілі паводле ўпартасьці сэрца свайго і па сьледзе Ваала, як навучылі іх бацькі іхнія.

15 Таму так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я накармлю іх, гэты народ, палыном, і напаю іх вадою з жоўцю;

16 і расьсею іх сярод народаў, якіх ня ведалі ні яны, ні бацькі іхнія, і пашлю сьледам за імі меч, пакуль ня вынішчу іх.

17 Так кажа Гасподзь Саваоф: падумайце і паклічце плакальшчыц, каб яны прыйшлі; пашлеце на ўмеліц у гэтай справе, каб яны прыйшлі.

18 Хай яны пасьпяшаюцца і падымуць плач па нас, каб з вачэй нашых ліліся сьлёзы, і зь веек нашых цякла вада.

19 Бо голас плачу чуцен зь Сіёна: «як мы абрабаваны! мы жорстка пасаромленыя, бо пакідаем зямлю, бо разбурылі жытлішчы нашы».

20 Дык вось, слухайце, жанчыны, слова Госпада, і хай уважае вуха ваша слову вуснаў Ягоных; і вучэце дачок вашых плакаць, і адна адну — песьням плачу.

21 Бо сьмерць уваходзьць у нашыя вокны, урываецца ў харомы нашыя, каб вынішчыць дзяцей з вуліцы, юнакоў з плошчаў.

22 Скажы: так кажа Гасподзь: і будуць кінуты трупы людзей, як гной на поле і як снапы за жняцом, і ня будзе каму пазьбіраць іх.

23 Так кажа Гасподзь, хай не хваліцца мудры мудрасьцю сваёю, хай ня хваліцца дужы сілаю сваёю, хай ня хваліцца багаты багацьцем сваім.

24 а хвалько хваліся тым, што разумееш і ведаеш Мяне, што Я — Гасподзь, Які творыць міласьць, суд і праўду на зямлі: бо толькі гэта заўгодна Мне, кажа Гасподзь.

25 Вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я наведаю ўсіх абрэзаных і неабрэзаных:

26 Егіпет і Юдэю, і Эдома і сыноў Амонавых, і Маава і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях, што жывуць у пустыні: бо ўсе гэтыя народы неабрэзаныя, а ўвесь дом Ізраілеў зь неабрэзаным сэрцам.

 

Разьдзел 10

 

1 Слухайце слова, якое Гасподзь кажа вам, доме Ізраілеў.

2 Так кажа Гасподзь: ня вучэцеся шляхам язычнікаў і ня бойцеся азнакаў нябесных, якіх язычнікі баяцца.

3 Бо статуты народаў — пустата: сьсякаюць дрэва ў лесе, абрабляюць яго рукамі цесьлі зь сякерай,

4 пакрываюць срэбрам і золатам, прымацоўваюць цьвікамі і молатам, каб ня хісталася.

5 Яны — як абчасаны слуп, і ня кажуць: іх носяць, бо хадзіць ня могуць. Ня бойцеся іх, бо яны ня могуць прычыніць ліха, але і добра рабіць ня маюць сілы.

6 Няма падобнага да Цябе, Госпадзе! Ты вялікі, і імя Тваё вялікае магутнасьцю.

7 Хто не збаіцца Цябе, Цару народаў? бо Табе аднаму належыць гэта; бо паміж усімі мудрацамі народаў і ва ўсіх царствах іх няма падобнага да Цябе.

8 Усе да аднаго яны бязглуздыя і дурныя; пустое вучэньне — гэта дрэва.

9 Расплюшчанае ў лісты срэбра прывезена з Тарсіса, золата — з Уфаза: твор мастака і рук гутніка; вопратка на іх — гіяцынт і пурпура: усё гэта — творы людзей умелых.

10 А Гасподзь Бог ёсьць ісьціна; Ён ёсьць Бог жывы і Цар вечны. Ад гневу Яго дрыжыць зямля, і народы ня могуць вытрымаць абурэньне Ягонае.

11 Так кажэце ім: багі, якія не стварылі неба і зямлі, зьнікнуць зь зямлі і з-пад нябёсаў.

12 Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, сьцьвердзіў сусьвет мудрасьцю Сваёю і розумам Сваім раскінуў нябёсы.

13 Па голасе Ягоным шумяць воды на нябёсах, і Ён падымае аблокі ад краёў зямлі, творыць маланкі сярод дажджу і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.

14 Вар’яцее кожны чалавек у сваім веданьні, сарамаціць сябе кожны гутнік балванам сваім, бо выплаўленае ім ёсьць мана, і няма ў ім духу.

15 Гэта — поўная пустата, справа аблудная; у час наведваньня іх яны зьнікнуць.

16 Не такая, як у іх, доля Якава; бо Бог яго ёсьць Творца ўсяго, і Ізраіль ёсьць жазло спадчыны Ягонай; імя Яго — Гасподзь Саваоф.

17 Прымай зь зямлі маёмасьць тваю, ты, якая маеш сядзець у аблозе;

18 бо так кажа Гасподзь: вось, Я выкіну жыхароў гэтай зямлі гэтым разам і заганю іх у цеснае месца, каб схапілі іх.

19 Гора мне ў маім смутку; пакутная рана мая, але я кажу сам сабе: «сапраўды, гэта — мая скруха, і я буду несьці яе;

20 намёт мой спустошаны і ўсе вяроўкі мае парваныя; дзеці мае пайшлі ад мяне, і няма іх: няма каму раскінуць намёта майго і разьвесіць кілімы мае;

21 бо пастыры зрабіліся бязглуздымі і ня шукалі Госпада, а таму яны і рабілі бязглузда, і ўвесь статак іхні расьсеяны».

22 Ляціць чутка: вось ён ідзе, і вялікі шум ад краіны паўночнай, каб гарады Юдэі зрабіць пустыняю, селішчамі шакалаў.

23 Ведаю, Госпадзе, што ня ў волі чалавека шлях ягоны, што не ва ўладзе хадыкі даваць кірунак ступакам сваім.

24 Карай мяне, Госпадзе, але па праўдзе, ня ў гневе тваім, каб ня прынізіць мяне,

25 вылі лютасьць Тваю на народы, якія ня ведаюць Цябе, і на плямёны, якія ня прызнаюць імя Твайго; бо яны зьелі Якава, зжэрлі яго і зьнішчылі яго і жытло ягонае спустошылі.

 

Разьдзел 11

 

1 Слова, якое было Ераміі ад Госпада:

2 слухайце слова запавету гэтага і скажэце мужам Юды і жыхарам Ерусаліма;

3 і скажы ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: пракляты чалавек, які не паслухае слоў запавету гэтага,

4 які Я запавядаў бацькам вашым, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з жалезнай печы, сказаўшы: слухайцеся голасу Майго і рабеце ўсё, што Я запавядаю вам, — і будзеце Маім народам, і Я буду вашым Богам,

5 каб выканаць прысягу, якою Я прысягаў бацькам вашым — даць ім зямлю, якая цячэ малаком і мёдам, як гэта сёньня. І адказваў я, сказаўшы: амін, Госпадзе!

6 І сказаў мне Гасподзь: агаласі ўсе гэтыя словы ў гарадах Юды і на вуліцах Ерусаліма і скажы: слухайце словы запавету гэтага і выконвайце іх.

7 Бо бацькоў вашых я ўмаўляў пастаянна з таго дня, як вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, да гэтага дня: умаўляў іх з самае раніцы, кажучы: слухайцеся голасу Майго.

8 Але яны ня слухаліся і ня прыхілялі вуха свайго, а хадзілі кожны паводле ўпартасьці ліхога сэрца свайго: таму Я навёў на іх усё сказанае ў запавеце гэтым, які Я запавядаў ім выконваць, а яны ня выконвалі.

9 І сказаў мне Гасподзь: ёсьць змова паміж мужамі Юды і жыхарамі Ерусаліма:

10 яны зноў павярнуліся да беззаконстваў прабацькоў сваіх, якія адмовіліся слухацца слоў Маіх і пайшлі па сьледзе чужых багоў, служачы ім. Дом Ізраіля і дом Юды парушылі запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі.

11 Таму так кажа Гасподзь: вось, Я навяду на іх бедства, ад якога яны ня могуць выбавіцца, а калі паклічуць Мяне, не пачую іх.

12 Тады гарады Юды і жыхары Ерусаліма пойдуць і заклічуць багоў, якім яны кадзяць; але яны зусім не дапамогуць ім у час бедства іхняга.

13 Бо колькі ў цябе гарадоў столькі і багоў у цябе, Юда, і колькі вуліц у Ерусаліма, столькі вы панастаўлялі ахвярнікаў вартаму сораму, ахвярнікаў, каб кадзіць Ваалу.

14 А ты не прасі за гэты народ і ня ўзнось за іх малітваў і просьбаў: бо Я не пачую, калі яны будуць клікаць Мяне ў бядоце сваёй.

15 Што любаснаму Майму ў доме Маім, калі ў ім робяцца многія непатрэбствы? І сьвяшчэнныя мясы*************************************** не дапамогуць табе, калі, учыняючы ліхое, ты радуешся?

16 Масьлінаю, якая зелянее і красуецца прыемнымі пладамі, назваў цябе Гасподзь. А сёньня, у шуме моцнай сумятні, Ён успалымніў агонь вакол яе, і паламаліся галіны яе.

17 Гасподзь Саваоф, Які пасадзіў цябе, вырак на цябе ліхое за ліха дома Ізраілевага і дома Юдавага, якое яны ўчынілі сабе тым, што спадзьвіжылі Мяне на гнеў каджэньнем Ваалу.

18 Гасподзь адкрыў мне, і я ведаю; Ты паказаў мне іхнія дзеі.

19 А я, як паслухмянае ягня, якое вядуць на закол, і ня ведаў, што яны складаюць намыслы супроць мяне, кажучы: «пакладзем атрутнае дрэва за ежу яму і адарвем яго ад зямлі жывых, каб і імя яго болей не спаміналася».

20 Але, Госпадзе Саваофе, Судзьдзя справядлівы, выпрабавальнік сэрца і нутробы! дай пабачыць мне помсту Тваю над імі, бо Табе даверыў я справу маю.

21 Таму так кажа Гасподзь пра мужоў Анатота, якія шукаюць душы тваёй і кажуць: не прарочы ў імя Госпада, каб не памерці табе ад рук нашых;

22 таму так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я наведаю іх: юнакі іхнія памруць ад меча; сыны іх і дочкі іх памруць з голаду.

23 І астатку ня будзе ад іх; бо Я навяду бедства на мужоў Анатота ў год наведваньня іх.

 

 

Разьдзел 12

 

1 Справядлівы будзеш Ты, Госпадзе, калі я пачну судзіцца з Табою; і аднак жа буду гаварыць з Табою пра правасудзьдзе; чаму шлях бязбожных пасьпяховы, і ўсе вераломныя дабрашчасьцяцца?

2 Ты пасадзіў іх, і яны ўкараніліся, вырасьлі і даюць плод. У іхніх вуснах Ты блізкі, але далёкі ад сэрца іх.

3 А мяне, Госпадзе, Ты ведаеш, бачыш мяне і выпрабоўваеш сэрца маё, якое яно к Табе. Аддзялі іх, як авечак на закол, і падрыхтуй іх на дзень забіваньня.

4 Ці доўга будзе жаліцца зямля, і трава на ўсіх палях — сохнуць? быдла і птушкі гінуць за бязбожнасьць жыхароў яе; бо яны кажуць: Ён ня ўбачыць, што з намі будзе.

5 Калі ты зь пешымі бег, і яны стамілі цябе, як жа табе спаборнічаць з конямі? і калі ў краіне мірнай ты быў у бясьпецы, дык што будзеш рабіць у павадак Ярдана.

6 Бо і браты твае і дом бацькі твайго, і яны вераломна ўчыняюць з табою, і яны крычаць усьлед табе гучным голасам. Ня вер ім, калі яны кажуць табе і добрае.

7 Я пакінуў Мой дом; пакінуў надзел Мой; самае ласкавае душы Маёй аддаў у рукі ворагаў яго.

8 Доля Мая зрабілася Мне як леў у лесе; узвысіла на Мяне голас свой: за тое я ўзьненавідзеў яе.

9 Доля Мая зрабілася ў Мяне, як стракатая птушка, на якую з усіх бакоў напалі іншыя драпежныя птушкі. Ідзеце, зьбірайцеся ўсе польныя зьвяры: ідзеце жэрці яго.

10 Мноства пастухоў сапсавалі Мой вінаграднік, вытапталі нагамі дзялянку Маю; любімую дзялянку Маю зрабілі пустым стэпам,

11 зрабілі яе пустыняю, і ў запусьценьні яна плача перад Мною; уся зямля спустошана, бо ніводзін чалавек не бярэ гэтага да сэрца.

12 На ўсе горы ў пустыні прыйшлі спусташальнікі; бо меч Госпада пажырае ўсё ад аднаго краю зямлі да другога: няма міру ніякай плоці.

13 Яны сеялі пшаніцу, а зжалі церне; вымучыліся, і не атрымалі ніякай карысьці; пасаромейцеся ж такіх прыбыткаў вашых з прычыны палымянага гневу Госпада.

14 Так кажа Гасподзь пра ўсіх ліхіх маіх суседзяў, якія нападаюць на надзел, які Я даў у спадчыну народу Майму, Ізраілю: вось, Я вырву іх зь зямлі іхняй, і дом Юдаў вырву з асяродзьдзя іх.

15 Але пасьля таго, як Я вырву іх, зноў вярну і памілую іх, і прывяду кожнага ў надзел ягоны, і кожнага — у зямлю яго.

16 І калі яны не навучацца шляхоў народу Майго, каб прысягаць імем Маім «жывы Гасподзь», як яны навучылі народ Мой прысягаць Ваалам, — дык уцьвердзяцца сярод народу Майго.

17 Калі ж не паслухаюцца, дык Я выкарчую і зусім ўзьнішчу такі народ, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 13

 

1 Так сказаў мне Гасподзь: ідзі, купі сабе льняны пояс і пакладзі яго на сьцёгны твае, але ў ваду не кладзі яго.

2 І я купіў пояс, паводле слова Гасподняга, і паклаў яго на сьцёгны мае.

3 І было мне слова Гасподняе другі раз, і сказана:

4 вазьмі пояс, які ты купіў, які на сьцёгнах тваіх, і ўстань, ідзі да Еўфрата і схавай яго там, у расколіне скалы.

5 Я пайшоў і схаваў яго каля Еўфрата, як загадаў мне Гасподзь.

6 Як прайшло многа дзён, сказаў мне Гасподзь: устань, ідзі да Еўфрата і вазьмі адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць там.

7 І я прыйшоў да Еўфрата, выкапаў і ўзяў пояс з таго месца, дзе схаваў яго, і вось — пояс быў сапсаваны, стаў ні на што не прыдатны

8 І было мне слова Гасподняе:

9 так кажа Гасподзь: так паламаю я гардунства Юды і вялікае гардунства Ерусаліма

10 Гэты нягодны народ, які ня хоча слухаць слоў Маіх, жыве паводле ўпартасьці сэрца свайго і ходзіць па сьледзе іншых багоў, каб служыць ім і пакланяцца ім, будзе як гэты пояс, які ні на што не прыдатны.

11 Бо, як пояс блізка ляжыць да сьцёгнаў чалавека, так Я наблізіў да сябе ўвесь дом Ізраілеў і ўвесь дом Юдаў, кажа Гасподзь, каб яны былі Маім народам і Маёю славаю, хвалою і акрасаю; але яны не паслухаліся.

12 Таму скажы ім слова гэтае: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: кожны вінны мех напаўняецца віном. Яны скажуць табе: хіба мы ня ведаем, што кожны вінны мех напаўняецца віном?

13 А ты скажы ім: так кажа Гасподзь: вось, Я напоўню віном да ап’яненьня ўсіх жыхароў гэтай зямлі і цароў, якія сядзяць на троне Давідавым, і сьвятароў і прарокаў і ўсіх жыхароў Ерусаліма,

14 І паламаю іх адзін аб аднаго, і бацькоў і сыноў разам, кажа Гасподзь; ня літую і не памілую і не пашкадую вынішчыць іх.

15 Слухайце і ўважайце; ня будзьце ганарыстыя, бо Гасподзь прамаўляе.

16 Узьнясеце славу Госпаду Богу вашаму, пакуль Ён яшчэ не навёў цемры, і пакуль яшчэ ногі вашыя не спатыкаюцца на горах мораку: тады вы будзеце чакаць сьвятла, а Ён аберне яго ў цень сьмерці і зробіць цемраю.

17 Калі ж вы не паслухаеце гэтага, дык душа мая ў запаветных мясьцінах будзе аплакваць гардунства ваша, будзе плакаць горка, і вочы мае будуць вылівацца сьлязьмі; бо статак Гасподні заведзены будзе ў палон.

18 Скажы цару і царыцы: упакорцеся, сядзьце ніжэй, бо ўпаў з галавы вашай вянок славы вашай.

19 Паўднёвыя гарады зачынены, і няма каму адчыняць іх; Юда ўвесь заводзіцца ў палон, заводзіцца ў палон увесь цалкам.

20 Узьвядзеце вочы вашыя і паглядзеце на тых, што шукаюць з поўначы: дзе статак, які быў дадзены табе, прыгожы статак твой?

21 Што скажаш, дачка Сіёна, калі Ён наведае цябе? Ты сама прывучыла іх начальнічаць над табою, ці ня схопяць цябе болі, як парадзіху?

22 І калі скажаш у сэрцы тваім: «за што спасьцігла мяне гэта?» — За безьліч беззаконьняў тваіх адгорнены прыпол у цябе, аголены пяты твае.

23 Ці можа Эфіоп перамяніць скуру сваю і барс — плямы свае? так і вы ці ж можаце рабіць добрае, прызвычаіўшыся рабіць благое?

24 Таму разьвею іх, як пыл, што разносіцца ветрам пустынным.

25 Вось доля твая, намераная табе Мною частка, кажа Гасподзь, бо ты забылася пра Мяне і паспадзявалася на няпраўду.

26 За тое будзе падняты прыпол твой, каб агалілася сарамата твая.

27 Бачыў Я распусту тваю і шалёныя пахацінствы твае, твае непатрэбствы і твае гідоты на пагорках у полі. Гора табе, Ерусаліме! ты і пасьля гэтага не ачысьцішся. Дакуль жа?

 

Разьдзел 14

 

1 Слова Госпада, якое было Ераміі з нагоды бездажджэўя.

2 Плача Юда, брамы ягоныя распаліся, пачарнелі на зямлі, і енк падымаецца ў Ерусаліме.

3 Вяльможы пасылаюць слуг сваіх па ваду; яны прыходзяць да калодзежаў і не знаходзяць вады; вяртаюцца з парожнім посудам; прысаромленыя і зьбянтэжаныя, яны пакрываюць свае галовы.

4 Як бо глеба патрэскалася ад таго, што ня было дажджу на зямлю, дык і земляробы зьбянтэжаныя і пакрываюць свае галовы.

5 Нават і касуля нараджае на полі і пакідае дзяцей, бо няма травы.

6 І дзікія аслы стаяць на ўзвышаных мясьцінах і глытаюць, нібы шакалы, паветра; вочы ў іх зацьміліся, бо няма травы.

7 Хоць нашыя беззаконьні сьведчаць супроць нас, але Ты, Госпадзе, твары з намі дзеля імя Твайго; адступніцтва наша вялікае, зграшылі мы перад Табою.

8 Надзея Ізраіля, Ратаўнік яго ў часы скрухі! Навошта Ты — як чужынец, у гэтай зямлі, як праходжы, які зайшоў заначаваць?

9 Навошта Ты — як чалавек зьдзіваваны, як дужы, як той, што ня мае сілы выратаваць? І аднак жа Ты, Госпадзе, сярод нас, і Тваё імя названа над намі; не пакідай нас.

10 Так кажа Гасподзь народу гэтаму: за тое, што яны любяць бадзяцца, ня стрымліваюць ног сваіх, за тое Гасподзь не дабраволіць ім, нагадвае сёньня беззаконьні іхнія і карае грахі іхнія.

11 І сказаў мне Гасподзь: ты не маліся за народ гэты на дабро яму.

12 Калі яны будуць пасьціцца, Я не пачую енку іхняга; і калі ўзьнясуць цэласпаленьне і дарунак, ня прыму іх; але мечам і голадам і згубнаю пошасьцю вынішчу іх.

13 Тады скажу я: Госпадзе Божа! вось, прарокі кажуць ім: ня ўбачыце меча, і голаду ня будзе ў вас, а пастаянны мір дам вам на гэтым месцы.

14 І сказаў мне Гасподзь: прарокі прарочаць няпраўду імем Маім; Я не пасылаў іх і не даваў ім загаду, і не казаў ім; яны вяшчаюць вам уявы фальшывыя і варажбу, і пустое і мроі сэрца свайго.

15 Таму так кажа Гасподзь пра прарокаў: яны прарочаць імем Маім, а Я не пасылаў іх; яны кажуць: «меча і голаду ня будзе на гэтай зямлі»: мечам і голадам будуць вынішчаны гэтыя прарокі,

16 і народ, якому яны прарочаць, раскіданы будзе па вуліцах Ерусаліма ад голаду і меча, і ня будзе каму хаваць іх, — яны і жонкі іхнія, і сыны іхнія і дочкі іхнія; і Я вылью на іх ліхату іхнюю.

17 І скажы ім слова гэтае: хай ліюцца з вачэй маіх сьлёзы ноч і дзень, і хай не прасыхаюць; бо вялікай уразаю ўражана дзева, дачка народа майго, цяжкім ударам.

18 Я выходжу на поле, — і вось, пабітыя мечам; уваходжу ў горад, — і вось тыя, што растаюць ад голаду; нават і прарок і сьвятар бадзяюцца па зямлі несьвядома.

19 Хіба ты зусім адкінуў Юду? Хіба душы тваёй спрыкраў Сіён? Навошта ўразіў нас так, што няма нам ацаленьня? Чакаем міру — і нічога добрага няма; чакаем часіны ацаленьня — і вось, жахі.

20 Усьведамляем, Госпадзе, бязбожнасьць нашую, беззаконства бацькоў нашых; бо зграшылі мы перад Табою.

21 Не адкінь нас дзеля імя Твайго; не прыніжай трона славы Тваёй: узгадай, не разбурай запавету Твайго з намі.

22 Ці ёсьць сярод марных божышчаў язычніцкіх такія, што твораць дождж? альбо ці можа неба само па сабе падаваць зьліву? ці ня Ты гэта, Госпадзе Божа наш? на Цябе спадзяёмся мы; бо Ты творыш усё гэта.

 

Разьдзел 15

 

1 І сказаў мне Гасподзь: хоць бы сталі перад абліччам Маім Майсей і Самуіл, душа Мая ня прыхіліцца да народа гэтага: адгані іх ад аблічча Майго — хай адыдуць яны.

2 А калі сажуць табе: «куды нам ісьці?», дык скажы ім: так кажа Гасподзь: хто асуджаны на сьмерць, ідзі на сьмерць; і хто пад меч — пад меч, і хто на голад, — на голад; і хто ў палон, — у палон.

3 І пашлю на іх чатыры роды кары, кажа Гасподзь: меч, каб забіваць, і сабак, каб рваць, і птушак нябесных і зьвяроў польных, каб жэрці і зьнішчаць;

4 і аддам іх на азлобу ўсім царствам зямлі за Манасію, сына Эзэкіі, цара Юдэйскага, за тое, што ён зрабіў у Ерусаліме.

5 Бо хто пашкадуе цябе, Ерусаліме? і хто паспагадае табе? і хто зойдзе да цябе папытацца пра тваю дабрабытнасьць?

6 І ты пакінуў Мяне, кажа Гасподзь, адступіўся: таму я падыму на цябе руку Маю і загублю цябе: Я стаміўся літаваць.

7 Я разьвяваю іх веялам за браму зямлі: пазбаўляю іх дзяцей, гублю народ Мой; але яны не вяртаюцца са шляхоў сваіх.

8 Удоваў іхніх у Мяне болей, чым пяску ў моры; навяду на іх, на маці юнакоў, паўдзённага спусташальніка: нападзе на іх зьнянацку страх і жудасьць.

9 Ляжыць зьнямоглая тая, што нарадзіла сямёра, дух свой выпускае; яшчэ ўдзень закацілася сонца яе: яна паганьбавана і пасаромлена. І рэшту іх аддам мечу на вачах ворагаў іхніх, кажа Гасподзь.

10 «Гора мне, маці мая, што ты нарадзіла мяне чалавекам, які спрачаецца і сварыцца з усёю зямлёю! нікому не даваў я на ліхву, і мне ніхто не даваў на ліхву, а ўсе клянуць мяне».

11 Гасподзь сказаў: канец твой будзе добры, і Я прымушу ворага абыходзіцца з табою добра ў часіны нягодаў і ў часіны смутку.

12 Ці можа жалеза зламаць жалеза паўночнае і медзь?

13 Маёмасьць тваю і скарбы аддам на рабунак, бяз платы, за ўсе грахі твае, ва ўсіх межах тваіх;

14 і адпраўлю з ворагамі тваімі ў зямлю, якое ты ня ведаеш; бо агонь загарэўся ў гневе Маім, — будзе шугаць на вас.

15 О, Госпадзе! Ты ведаеш усё; успомні пра мяне і наведай мяне, і адпомсьці за мяне ганіцелям маім; не загубі мяне пасьля доўгага трываньня Твайго; Ты ведаеш, што дзеля Цябе я цярплю паганьбеньне.

16 Здабыты словы Твае, і я зьеў іх; і было слова Тваё мне на радасьць і на злагаду сэрца майго; бо імя тваё названа на мне, Госпадзе Божа Саваоф.

17 Не сядзеў я на зборні блазнаў і не весяліўся: пад цяжкаю рукою Тваёю на мне я сядзеў самотна, бо Ты напоўніў мяне абурэньнем.

18 За што такая напорыстая хвароба мая, і рана мая такая незагойная, што адхіляе лекаваньне? Няўжо ты будзеш мне як бы падманліваю крыніцаю, нявернаю вадою?

19 На гэта так сказаў мне Гасподзь: калі ты навернешся, дык Я адраджу цябе, і будзеш стаяць перад абліччам Маім; і калі выдабудзеш каштоўнае зь нікчэмнага, дык будзеш як вусны Мае. Яны самі будуць зьвяртацца да цябе, а ты ня будзеш зьвяртацца да іх.

20 І зраблю цябе гэтаму народу моцнаю меднаю сьцяною; яны будуць ваяваць супроць цябе, але не адолеюць цябе, бо Я з табою, каб ратаваць і вызваляць цябе, кажа Гасподзь.

21 І ўратую цябе ад рукі ліхіх і вызвалю цябе ад рукі прыгнятальнікаў.

 

Разьдзел 16

 

1 І было мне слова Гасподняе:

2 не бяры сабе жонкі, і хай ня будзе ў цябе ні сыноў, ні дачок на месцы гэтым.

3 Бо так кажа Гасподзь пра сыноў і дачок, якія народзяцца на месцы гэтым, і пра матак іхніх, якія народзяць іх, і пра бацькоў іх, якія зачнуць іх на гэтай зямлі:

4 цяжкімі сьмерцямі памруць яны і ня будуць ні аплаканыя, ні пахаваныя; будуць гноем на паверхні зямлі; мечам і голадам будуць вынішчаны, і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.

5 Бо так кажа Гасподзь: не ўваходзь у дом тых, што бядуюць, і не хадзі плакаць і жаліцца зь імі; бо Я адабраў у гэтага народа, кажа Гасподзь, мір Мой і ласку і шкадаваньне.

6 І памруць вялікія і малыя на зямлі гэтай; і ня будуць пахаваныя, і ня будуць аплакваць іх, ні рваць сябе, ні стрыгчыся дзеля іх.

7 І ня будуць ламаць дзеля іх хлеб у журбоце на ўцеху па нябожчыку; і не пададуць ім чары суцяшэньня, каб піць па бацьку іх і маці іх.

8 Не хадзі таксама і ў дом баляваньня, каб сядзець зь імі, есьці і піць;

9 бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я спыню на месцы гэтым і ў дні вашыя голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты.

10 Калі ты перакажаш народу гэтаму ўсе гэтыя словы, і яны скажуць табе: «за гэта сказаў на нас Гасподзь усё гэта вялікае бедства, і якая наша няпраўда, і які наш грэх, якім зграшылі мы перад Госпадам Богам нашым?»

11 тады скажы ім: за тое, што бацькі вашыя пакінулі Мяне, кажа Гасподзь, і пайшлі сьледам за іншымі божышчамі і слугавалі ім і пакланяліся ім, а Мяне пакінулі і закона Майго ня трымаліся.

12 А вы робіце яшчэ горш за бацькоў вашых і жывяце кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго, каб ня слухаць Мяне.

13 За гэта выкіну вас зь зямлі гэтай у зямлю, якой ня ведалі ні вы, ні бацькі вашыя, і там будзеце служыць іншым божышчам дзень і ноч; бо я не прыхілюся да вас мілажальнасьцю.

14 Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі ня будуць ужо казаць: «жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай»,

15 а: «жывы Гасподзь, Які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх»; бо вярну іх у зямлю іхнюю, якую Я даў бацькам іхнім.

16 Вось, Я пашлю мноства рыбаловаў, кажа Гасподзь, і будуць лавіць іх; а потым пашлю мноства паляўнічых, і яны пагоняць іх з кожнай гары і з кожнага пагорка і зь цясьнін скал.

17 Бо вочы Мае — на ўсіх шляхах іхніх; яны не схаваны ад аблічча Майго, і няпраўда іх не схавана ад вачэй Маіх.

18 І дам ім найперш за няпраўду іхнюю і за падвойны грэх іхні, бо апаганілі зямлю Маю, трупамі гнюсотных сваіх і мярзотамі сваімі напоўнілі спадчыну Маю.

19 Госпадзе! сіла мая і моц мая і прыстанішча маё ў дзень смутку! да Цябе прыйдуць народы ад краёў зямлі і скажуць: «толькі няпраўду спадкавалі нашы бацькі, пустату і тое, у чым ніякай няма карысьці».

20 Ці можа чалавек зрабіць сабе божышчаў, якія зрэшты не багі?

21 Таму, вось Я пакажу ім сёньня, пакажу ім руку Маю і магутнасьць Маю, і ўведаюць, што імя Маё — Гасподзь.

 

Разьдзел 17

 

1 Грэх Юдаў напісаны жалезным разцом, алмазным вастрыём накрэсьлены на скрыжалі сэрца іхняга і на рагах ахвярнікаў іхніх.

2 Як пра сыноў сваіх, успамінаюць яны пра ахвярнікі свае і дубровы свае каля зялёных дрэў, на высокіх пагорках.

3 Гару Маю ў полі, маёмасьць тваю і ўсе скарбы твае аддам на рабунак, і ўсе вышыні твае — за грахі ва ўсіх межах тваіх.

4 І ты празь сябе пазбудзешся спадчыны тваёй, якую Я даў табе, і аддам цябе ў рабства ворагам тваім, у зямлю, якое ты ня ведаеш, бо вы запалілі агонь гневу Майго; ён будзе гарэць вечна.

5 Так кажа Гасподзь: пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і плоць робіць сваёю апораю, і сэрца якога аддаляецца ад Госпада.

6 Ён будзе — як верас у пустыні і ня ўбачыць, калі прыйдзе добрае, і паселіцца ў мясьцінах скварных у стэпе, на зямлі неўрадлівай, неабжытай.

7 Дабраславёны чалавек, які спадзяецца на Госпада, і чыя надзея — Гасподзь.

8 Бо ён будзе як дрэва, якое пасаджана каля водаў і пускае сваё карэньне каля патока; ня ведае яно, калі настае сьпёка; лісьце ў яго зялёнае, і ў засушлівы час яно не баіцца і не перастае радзіць плады.

9 Падступнае сэрца чалавечае найбольш і да краю сапсаванае; хто спазнае яго?

10 Я, Гасподзь, пранікаю ў сэрца і выпрабоўваю ўсярэдзіне, каб даць кожнаму паводле шляху ягонага і паводле плёну дзеяў ягоных.

11 Курапатка садзіцца на яйкі, якіх ня несла; такі той, хто набывае багацьце няпраўдаю: ён пакіне яго на палове дзён сваіх, дурнем застанецца пры канцы сваім.

12 Трон славы, узвышаны ад пачатку, ёсьць месца асьвячэньня нашага.

13 Ты, Госпадзе, — надзея Ізраілева; усе, хто пакідае Цябе, пасаромяцца. «Тыя, што адступаюцца ад Мяне, будуць напісаны на пыле, бо пакінулі Госпада, крыніцу вады жывое»,

14 Ацалі мяне, Госпадзе, — і ацалёны буду; уратуй мяне — і ўратаваны буду; бо Ты — хвала мая.

15 Вось, яны кажуць мне: «дзе слова Гасподняе? няхай яно прыйдзе!»

16 Я не сьпяшаўся быць пастырам у Цябе і не хацеў бядотнага дня, Ты гэта ведаеш; што выйшла з вуснаў маіх — адкрыта перад абліччам Тваім.

17 Ня будзь страшны мне, Ты — надзея мая ў дзень бедства.

18 Хай сорам пакрые ганіцеляў маіх, а я ня буду пасаромлены; хай яны затрымцяць, а я не трымцецьму; навядзі на іх дзень бедства і паламай іх двайной ламатою.

19 Так сказаў мне Гасподзь: ідзі і стань у браме сыноў народу, у якую ўваходзяць цары Юдэйскія і празь якую яны выходзяць, і ва ўсіх брамах Ерусалімскіх,

20 і кажа ім: слухайце слова Гасподняе, цары Юдэйскія і ўся Юдэя і ўсе жыхары Ерусаліма, якія ўваходзяць праз гэтыя брамы

21 Так кажа Гасподзь: пільнуйце душы свае і не насеце ношак у суботні дзень, і ня ўносьце іх праз брамы Ерусалімскія.

22 І ня выносьце ношак з дамоў вашых у дзень суботні, не рабеце ніякае працы, сьвяткуйце дзень суботні так, як Я наказаў бацькам вашым,

23 якія, зрэшты, не паслухаліся і не прыхілілі вуха свайго, а зрабіліся цьвердалобымі, каб ня слухацца і ня прымаць настаўленьня.

24 І калі вы паслухаецеся Мяне ў тым, кажа Гасподзь, каб не насіць ношак праз брамы гэтага горада ў дзень суботні і каб сьвяткаваць суботу, ня робячы ў гэты дзень ніякае працы:

25 дык праз брамы гэтага горада будуць уваходзіць цары і князі, якія сядзяць на троне Давідавым, езьдзяць на калясьніцах і на конях, яны і князі іхнія, Юдэі і жыхары Ерусаліма, і горад гэты будзе жытлы вечна.

26 І будуць прыходзіць з гарадоў Юдэйскіх і з навакольляў Ерусаліма і зь зямлі Веньямінавай, і з раўніны і з гор і з поўдня, і прыносіць цэласпаленьне і ахвяру, і хлебнае прынашэньне і ліван, і падзякавальныя ахвяры ў дом Гасподні.

27 А калі не паслухаецеся Мяне ў тым, каб сьвяткаваць дзень суботні і не насіць ношак, уваходзячы ў брамы Ерусаліма ў суботні дзень, дык запалю агонь у брамах яго, — і ён паглыне харомы Ерусаліма і не патухне.

 

Разьдзел 18

 

1 Слова, якое было Ерамію ад Госпада:

2 Устань і сыдзі ў дом ганчара, і там Я абвяшчу табе Маё слова.

3 І сышоў я ў дом ганчара, і вось ён рабіў сваю працу на крузе.

4 І посуд, які ганчар рабіў з гліны, разваліўся ў руцэ ягонай; і ён зноў зрабіў яго, другі посуд, які ганчар надумаўся зрабіць.

5 І было слова Гасподняе мне:

6 Ці не магу Я ўчыніць з вамі, доме Ізраілеў, як гэты ганчар? кажа Гасподзь. Вось, што гліна — у руках у ганчара, тое самае — вы ў Маёй руцэ, доме Ізраілеў.

7 Часам Я скажу пра які-небудзь народ і царства, што выкарчую, зламаю і загублю яго;

8 але калі народ гэты, пра які Я гэта мовіў, адвернецца ад сваіх благіх дзеяў, Я адмяню ліха, якое надумаў зрабіць яму.

9 А часам скажу пра які-небудзь народ і царства, што ўладжу і ўмацую яго;

10 але калі ён будзе рабіць благое перад вачыма Маімі і ня слухацца голасу Майго, Я адмяню тое добрае, якім хацеў удабрачыніць яму.

11 Дык вось скажы мужам Юды і жыхарам Ерусаліма: так кажа Гасподзь: вось, Я рыхтую вам ліха і намышляю супроць вас; дык вось, адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і папраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя.

12 Але яны кажуць: «не спадзявайся, мы будзем жыць згодна са сваім намыслам і будзем рабіць кожны паводле ўпартасьці злога сэрца свайго».

13 Таму так кажа Гасподзь: спытайцеся сярод народаў, ці чуў хто падобнае на гэта? вельмі гнюсотныя дзеі ўчыніла дзева Ізраілева.

14 Ці пакідае сьнег Ліванскі скалу гары? ці канчаюцца халодныя воды, якія цякуць зь іншых мясьцінаў?

15 А народ Мой пакінуў Мяне; яны кадзяць марным, спатыкнуліся на дарогах сваіх, пакінулі шляхі старадаўнія, каб хадзіць па сьцежках шляху непракладзенага,

16 каб зрабіць зямлю сваю жахам, заўсёдным пасьмешышчам, так што кожны, хто праходзіцьме па ёй, зьдзівіцца і паківае галавою сваёю.

17 Як усходнім ветрам разьвею іх перад абліччам ворага; сьпінаю, а ня тварам павярнуся да іх у дзень бедства іхняга.

18 А яны сказалі: «прыйдзеце, складзем змову супроць Ераміі; бо ня зьнік жа закон у сьвятара, і рада ў мудрага, і слова ў прарока; прыйдзеце, паб’ем яго языком і ня будзем уважаць словам ягоным».

19 Уважы мне, Госпадзе, і пачуй голас маіх супраціўцаў.

20 Ці трэба плаціць злом за дабро? а яны капаюць яму для душы маёй. Уважы, што я стаю перад абліччам Тваім, каб гаварыць за іх добрае, каб адвярнуць ад іх гнеў Твой.

21 Дык вось аддай сыноў іхніх голаду і ўвядзі іх пад меч; хай будуць іх жонкі бязьдзетныя і ўдовы, і мужоў іхніх няхай сьмерць прыбярэ, а юнакі іхнія — хай будуць усьмерчаны мечам на вайне.

22 Хай будзе чуцен енк іхні з дамоў іхніх, калі прывядзеш на іх войска зьнянацку; бо яны капаюць яму, каб злавіць мяне, і таемна паставілі сеткі на ногі мае.

23 Але Ты, Госпадзе, ведаеш усе намыслы іх супроць мяне, каб усьмерціць мяне; не даруй іхняй няпраўды і грэху іхняга не загладзь перад абліччам Тваім; хай будуць яны звалены перад Табою; учыні зь імі ў час гневу Твайго.

 

Разьдзел 19

 

1 Так сказаў Гасподзь: ідзі і купі гліняны збанок у ганчара; і вазьмі з сабою старэйшынаў з народу, і са старэйшынаў сьвятарскіх,

2 і выйдзі ў даліну сыноў Эномавых, якая каля брамы Харшыт, і абвясьці там словы, якія Я кажу табе,

3 і скажы: слухайце слова Гасподняе, цары Юдэйскія і жыхары Ерусаліма! Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду бедства на мясьціну гэтую, — пра якую калі хто пачуе, у таго зазьвініць у вушах, —

4 за тое, што яны пакінулі Мяне, і счужынілі Мне мясьціну гэтую, і кадзяць на ёй іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні бацькі іхнія, ні цары Юдэйскія; напоўнілі мясьціну гэтую крывёю невінаватых

5 і насыпалі вышыні Ваалу, каб паліць сыноў сваіх агнём на цэласпаленьне Ваалу, чаго Я не загадваў і не казаў, і чаго Мне нават наўме ня было;

6 затое вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі мясьціна гэтая ня будзе больш называцца Тафэтам альбо далінаю сыноў Эномавых, а далінаю забойства.

7 Я зьнішчу раду Юды і Ерусаліма на месцы гэтым і зваюю іх мечам перад абліччам ворагаў іхніх і рукою шукальнікаў душы іхняй, і аддам трупы іх на ежу птушкам нябесным і зьвярам зямным

8 І зраблю горад гэты жахам і пасьмешышчам; кожны хто праходзіцьме празь яго, зьдзівіцца і пасьвішча, гледзячы на ўсе раны ягоныя.

9 І накармлю іхняй плоцьцю сыноў іхніх і плоцьцю дачок іхніх; і будзе кожны есьці плоць свайго блізкага ў аблозе і сьціску, калі сьціснуць іх ворагі іхнія і шукальнікі душы іхняй.

10 І разьбі збанок на вачах у тых мужоў, якія прыйдуць з табою,

11 і скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: так скрышу Я народ гэты і горад гэты, як скрышаны ганчарны посуд, які ўжо ня можа быць адноўлены, і будуць хаваць іх у Тафэце ад недахопу месца пад пахаваньне.

12 Так зраблю і зь месцам гэтым, кажа Гасподзь, і з жыхарамі яго; і горад гэты зраблю падобным на Тафэт.

13 І дамы Ерусаліма і дамы цароў Юдэйскіх будуць, — як месца Тафэт, — нячыстыя, бо на дахах усіх дамоў кадзяць усяму войску нябеснаму і ўчыняюць ахвяраваньні божышчам чужым.

14 І прыйшоў Ерамія з Тафэта, куды Гасподзь пасылаў яго прарочыць, і стаў на дварэ дома Гасподняга і сказаў усяму народу:

15 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду на горад гэты і на ўсе гарады яго ўсё тое бедства, якое вымавіў на яго, бо яны — цьвердалобыя і не слухаюць слоў Маіх.

 

Разьдзел 20

 

1 Калі Пасхор, сын Эмэраў, сьвятар, ён жа і наглядчык у доме Гасподнім, пачуў, што Ерамія прароча вымавіў словы гэтыя,

2 дык ударыў Пасхор Ерамію прарока і пасадзіў яго ў калоду, якая была каля верхняе брамы Веньямінавае пры доме Гасподнім.

3 Але на другі дзень Пасхор выпусьціў Ерамію з калоды, і Ерамія сказаў яму: не Пасхор**************************************** назваў Гасподзь імя табе, а Магор Місавіў*****************************************.

4 Бо так кажа Гасподзь: вось, Я зраблю цябе жахам табе самому і ўсім сябрам тваім, і загінуць яны ад меча ворагаў сваіх, і твае вочы ўгледзяць гэта. І ўсяго Юду перадам у рукі цара Вавілонскага, і завядзе іх у Вавілон і паб’е мечам.

5 І перадам усё багацьце гэтага горада і ўвесь набытак яго і ўсе каштоўнасьці яго, і ўсе скарбы цароў Юдэйскіх аддам у рукі іх, і зрабуюць іх і возьмуць і адправяць іх у Вавілон.

6 І ты, Пасхор, і ўсе, хто жыве ў доме тваім, пойдзеце ў палон; і прыйдзеш у Вавілон — і там памрэш, і там будзеш пахаваны, ты і ўсе сябры твае, якім ты прарочыў фальшыва.

7 Ты вёў мяне, Госпадзе, — і я паведзены; Ты мацнейшы за мяне — і перамог; і мяне кожны дзень высьмейваюць, кожны зьдзекуецца зь мяне.

8 Бо толькі пачну гаварыць я, — крычу пра гвалт, лямантую пра спусташэньне, бо слова Гасподняе абярнулася кляцьбою мне і штодзённым высьмейваньнем.

9 І падумаў я: ня буду я нагадваць пра Яго і ня буду больш гаварыць у імя Яго; а было ў сэрцы маім, як бы палкі агонь, заключаны ў костках маіх, і я стаміўся, трымаючы яго, і — ня мог.

10 Бо я чуў перагуды многіх: пагрозы вакол; «заявеце, казалі яны, і мы зробім данос». Усе, хто жыў са мною ў міры, пільнуюць мяне, але ці не спатыкнуся я: «магчыма, кажуць, ён пападзецца, і мы адолеем яго і адпомсьцім яму».

11 Але са мною Гасподзь, як моцны ваяр; таму перасьледнікі мае спатыкнуцца і не адолеюць; моцна спаганьбяцца, бо рабілі неразумна; паганьбеньне будзе вечнае, ніколі не забудзецца.

12 Госпадзе сіл! Ты выпрабоўваеш праведнага і бачыш нутрыну і сэрца. Хай жа пабачу я помшчаньне Тваё ім, бо Табе даверыў я справу маю.

13 Сьпявайце Госпаду, хвалеце Госпада, бо Ён збаўляе душу беднага ад рукі зламысьнікаў.

14 Пракляты дзень, у які я нарадзіўся; дзень, у які нарадзіла мяне маці мая, хай ня будзе дабраславёны!

15 Выкляты чалавек, які прынёс вестку бацьку майму і сказаў: «у цябе нарадзіўся сын» і тым вельмі парадаваў яго.

16 І хай будзе з тым чалавекам, як з гарадамі, якія разбурыў Гасподзь і не пашкадаваў; хай чуе ён раніцай енк і аполудні галашэньне,

17 за тое, што ён не забіў мяне ў самай нутрыне — так, каб маці мая была мне труною, і чэрава яе заставалася вечна цяжарнае.

18 Навошта я выйшаў з нутрыны, каб бачыць працу і скрухі, і каб дні мае зьніклі ў няславе?

 

 

Разьдзел 21

 

1 Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі цар Сэдэкія прыслаў да яго Пасхора, сына Малхіінага і Сафонію, сына Маасэі сьвятара, сказаць:

2 «Спытайся пра нас у Госпада, бо Навухаданосар, цар Вавілонскі, ваюе супроць нас; магчыма, Гасподзь учыніць з намі што-небудзь такое, як усе цуды Яго, каб той адступіўся ад нас».

3 І сказаў ім Ерамія: так скажэце Сэдэкію:

4 так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў: вось, Я павярну назад вайсковую зброю, якая ў руках вашых, якою вы змагаецеся з царом Вавілонскім і з Халдэямі, якія асуджаюць вас па-за сьценамі, і зьбяру іх сярод горада гэтага;

5 і Сам буду ваяваць супроць вас рукою прасьцёртаю і мышцаю моцнаю ў гневе і ў лютасьці і ў вялікім абурэньні;

6 і паб’ю жыхароў гэтага горада — і людзей і быдла; ад вялікай пошасьці памруць яны.

7 А пасьля таго, кажа Гасподзь, Сэдэкію, цара Юдэйскага, слуг ягоных і народ і тых, хто застаўся ў горадзе гэтым ад пошасьці і паморку, меча і голаду, перадам у рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ў рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй; і ён паб’е іх вастрыём меча і ня зьлітуецца зь іх, і не пашкадуе і не памілуе.

8 І народу гэтаму скажы: так кажа Гасподзь: вось, Я прапаную вам шлях жыцьця і шлях сьмерці:

9 Хто застанецца ў гэтым горадзе, той памрэ ад меча і голаду, пошасьці і згубнага паморку; а хто выйдзе і аддасца Халдэям, якія аблажылі вас, той будзе жывы, і душа ягоная будзе яму замест здабычы;

10 бо Я павярнуў аблічча Маё супроць горада гэтага, кажа Гасподзь, на зло, а не на дабро; ён будзе выдадзены ў рукі цара Вавілонскага, і той спаліць яго агнём.

11 І дому цара Юдэйскага скажы: слухайце слова Гасподняе:

12 Доме Давідаў! так кажа Гасподзь: з самае раніцы чынеце суд і ратуйце скрыўджанага ад рукі крыўдніка, каб лютасьць Мая ня выйшла, як агонь, і не разгарэлася з прычыны благіх дзеяў вашых да таго, што ніхто не патушыць.

13 Вось, Я — супроць цябе, жыхара даліны, скала раўніны, кажа Гасподзь, — супроць вас, што кажаце: «хто выступіць супроць нас і хто ўвойдзе ў селішчы нашыя?»

14 Але Я наведаю вас паводле плёну дзеяў вашых, кажа Гасподзь, і запалю агонь у лесе вашым, і зжарэ ўсё вакол яго.

 

Разьдзел 22

 

1 Так сказаў Гасподзь: сыдзі ў дом цара Юдэйскага і вымаві слова гэта

2 і скажы: выслухай слова Гасподняе, цару Юдэйскі, што сядзіш на троне Давідавым, — ты і слугі твае і народ твой, якія ўваходзяць праз гэтую браму.

3 Так кажа Гасподзь: чынеце суд і праўду і ратуйце скрыўджанага ад рук уціскальніка, ня крыўдзеце і ня ўціскайце прыхадня, сіраты і ўдавы, і нявіннай крыві не пралівайце на месцы гэтым.

4 Бо калі вы будзеце выконваць слова гэтае, дык будзеце ўваходзіць брамаю дома гэтага, цары, што сядзіце замест Давіда на троне ягоным, езьдзіце на калясьніцы і на конях, — самі і слугі іх і народ іхні.

5 А калі не паслухаецеся слоў гэтых, дык Мною прысягаю, кажа Гасподзь, што дом гэты апусьцее.

6 Бо так кажа Гасподзь дому цара Юдэйскага: Галаад ты ў Мяне, выршыня Лівана; але Я зраблю цябе пустыняю і гарады — няжытлымі.

7 І падрыхтую супроць цябе зьнішчальнікаў, кожнага са сваёй зброяй, — і сьсякуць найлепшыя кедры твае і кінуць у агонь.

8 І многія народы будуць праходзіць праз горад гэты і казаць адзін аднаму: «за што Гасподзь так зрабіў з гэтым вялікім горадам?»

9 І скажуць у адказ: за тое, што яны пакінулі запавет Госпада Бога свайго і пакланяліся іншым божышчам і служылі ім.

10 Ня плачце па памерлым і не шкадуйце яго; а горка плачце па тым, хто ідзе ў палон, бо ён ужо ня вернецца і ня ўбачыць роднай краіны сваёй.

11 Бо так кажа Гасподзь пра Салума, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, які цараваў пасьля бацькі свайго, Ёсіі, і які выйшаў з гэтага месца: ён ужо ня вернецца сюды,

12 а памрэ ў тым месцы, куды завялі яго палоннага, і больш не пабачыць зямлі гэтай.

13 Гора таму, хто будуе дом свой няпраўдаю і сьвяцёлкі свае — беззаконьнем, хто прымушае блізкага свайго працаваць задарма і не аддае яму платы ягонай,

14 хто кажа: збудую сабе дом прасторны і сьвяцёлкі прасторныя, — і прарубае сабе вокны і шалюе кедрам і фарбуе чырвонаю фарбаю.

15 Ці думаеш ты быць царом, бо замкнуў сябе ў кедр? бацька твой еў і піў, але чыніў суд і праўду, і таму яму было добра.

16 Ён разьбіраў справу беднага і ўбогага, і таму яму добра было. Ці ня гэта азначае ведаць Мяне? кажа Гасподзь.

17 Але твае вочы і тваё сэрца скіраваныя толькі на тваю карысьлівасьць і на праліваньне крыві, на тое, каб рабіць уціск і насільле.

18 Таму так кажа Гасподзь пра Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага: ня будуць аплакваць яго: «на жаль, браце мой!» і: «на жаль, сястра!». Ня будуць аплакваць яго: «на жаль, спадару!» і: «на жаль, вашэці!»

19 Асьліным пахаваньнем будзе ён пахаваны: выцягнуць яго і кінуць далёка за брамы Ерусаліма.

20 Падыміся на Ліван і крычы, і на Васане ўзвысь голас твой і крычы з Аварыма, бо зламаныя ўсе сябры твае.

21 Я казаў табе ў час дабрадзенства твайго; але ты сказаў: не паслухаю. Такія былі паводзіны твае з самай тваёй маладосьці, што ты ня слухаў голасу Майго.

22 Усіх пастыраў тваіх зьмяце вецер, і сябры твае пойдуць у палон; — і тады ты будзеш пасаромлены і паганьбаваны за ўсе ліхадзействы твае.

23 Жыхар Лівана, агнездаваны на кедрах! Які нікчэмны будзеш ты, калі спасьцігнуць цябе мукі, як боль жанчыну пры родах!

24 Жыву Я, сказаў Гасподзь: калі б Еханія, сын Ёакімаў, цар Юдэйскі, быў пярсьцёнкам на правай руцэ Маёй, дык і адсюль я сарву цябе

25 і аддам цябе ў рукі шукальнікаў душы тваёй і ў рукі тым, каго ты баішся, у рукі Навухаданосара, цара Вавілонскага, і ў рукі Халдэям,

26 і выкіну цябе і тваю маці, якая нарадзіла цябе, у чужую краіну, дзе вы не радзіліся, і там памраце;

27 а ў зямлю, куды душа іх будзе жадаць вярнуцца, туды ня вернуцца.

28 «Няўжо гэты чалавек, Еханія, ёсьць стварэньне пагарджанае, адкінутае? альбо ён — посуд непатрэбны? за што яны выкінуты — ён і племя ягонае — і кінуты ў краіну, якое ня ведалі?»

29 О, зямля, зямля, зямля! слухай слова Гасподняе.

30 Так кажа Гасподзь: запішэце чалавека гэтага пазбаўленым дзяцей, чалавекам злашчасным у дні свае, бо ніхто ўжо з племя ягонага ня будзе сядзець на троне Давідавым і валадарыць у Юдэі.

 

Разьдзел 23

 

1 Гора пастырам, якія губяць і разганяюць авечак паствы Маёй! кажа Гасподзь.

2 Таму так кажа Гасподзь Бог, Бог Ізраілеў пастырам, якія пасуць народ Мой: вы расьсеялі авечак Маіх і разагналі іх і не даглядалі іх; вось, я пакараю Вас за ліхія ўчынкі вашыя, кажа Гасподзь.

3 І зьбяру рэшту статку Майго з усіх краін, куды Я выгнаў іх, і вярну іх у двары іхнія, і будуць пладзіцца і множыцца.

4 І пастаўлю над імі пастыраў, якія будуць пасьвіць іх, і яны ўжо ня будуць баяцца і палохацца і ня будуць губіцца, кажа Гасподзь.

5 Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, — і пастаўлю Давіду Галіну праведную, і зацаруе Цар і будзе рабіць мудра і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.

6 У дні Яго Юда і Ізраіль будуць жыць у бясьпецы; і вось — імя Яго, якім будуць называць Яго: «Гасподзь — апраўданьне наша!»

7 Таму, вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі ўжо ня будуць казаць: «жывы Гасподзь, які вывеў сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай»,

8 а: «жывы Гасподзь, Які вывеў і Які прывёў племя дома Ізраілевага зь зямлі паўночнай і з усіх земляў, куды Я выгнаў іх», і жыцьмуць на зямлі сваёй.

9 Пра прарокаў. Сэрца маё ўва мне разьдзіраецца, усе косткі мае дрыжаць: я — як п’яны, як чалавек, якога адолела віно, дзеля Госпада і дзеля сьвятых словаў Яго,

10 бо зямля напоўнена пералюбцамі, бо плача зямля ад праклёнаў; пасохлі пашы ў пустыні, і імкненьне іхняе — зло, і сіла іхняя — няпраўда,

11 бо іхні прарок і сьвятар — крывадушнікі; нават у доме Маім Я знайшоў бязбожнасьць іхнюю, кажа Гасподзь.

12 Затое дарога іхняя будзе ім, як коўзкія мясьціны ў цемры: іх штурхнуць — і яны ўпадуць там; бо Я навяду на іх бядоту, год наведваньня іх, кажа Гасподзь.

13 І ў прароках Самарыі Я бачыў вар’яцтва; яны прарочылі імем Ваала — і ўвялі ў аблуду народ Мой, Ізраіля.

14 Але ў прароках Ерусаліма бачу жахлівае: яны распусьнічаюць і ходзяць у фальшы, падтрымліваюць рукі ліхадзеяў, каб ніхто не наварочваўся ад сваёй бязбожнасьці; усе яны перад Мною — як Садома, і жыхары яго — як Гамора.

15 Таму так кажа Гасподзь Саваоф пра прарокаў: вось, я накармлю іх палыном і напаю іх вадою з жоўцю, бо ад прарокаў Ерусалімскіх бязбожнасьць пашырылася на ўсю зямлю.

16 Так кажа Гасподзь Саваоф: ня слухайце словаў прарокаў, якія прарочаць вам: яны ашукваюць вас, расказваюць мроі сэрца свайго, а не ад вуснаў Гасподніх.

17 Яны ўвесь час кажуць паняверцам Маім: «Гасподзь сказаў: мір будзе ў вас». І, кожнаму, хто дзейнічае з упартасьці сэрца свайго, кажуць: «ня прыйдзе на вас бяда».

18 Бо хто стаяў у радзе Госпада і бачыў і чуў слова Ягонае? Хто ўважаў слову Яго — і пачуў?

19 Вось, ідзе бура Гасподняя зь лютасьцю, бура грозная, і ўпадзе на галаву бязбожных.

20 Гнеў Госпада не адвернецца, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і пакуль ня выканае намераў сэрца Свайго; у наступныя дні вы ясна ўразумееце гэта.

21 Я не пасылаў прарокаў гэтых, а яны самі пабеглі; Я не казаў ім, а яны прарочылі.

22 Калі б яны стаялі ў радзе Маёй, дык абвясьцілі б народу Майму словы Мае і адводзілі б іх ад благога шляху іхняга і ад благіх дзеяў іхніх.

23 Хіба Я — Бог толькі зьблізку, кажа Гасподзь, а ня Бог здалёку?

24 Ці можа чалавек схавацца ў патайнае месца, дзе Я ня бачыў бы яго? кажа Гасподзь. Ці ж не напаўняю Я неба і зямлю? кажа Гасподзь.

25 Я чуў, што гавораць прарокі, якія Маім імем прарочаць ману. Яны кажуць: «мне сьнілася, мне сьнілася».

26 Ці доўга гэта будзе ў сэрцы ў прарокаў, якія прарочаць ману, прарочаць ашуканства свайго сэрца?

27 Ці думаюць яны давесьці народ Мой да забыцьця імя Майго празь сьненьні свае, якія яны пераказваюць адзін аднаму, як бацькі іх забылі імя Маё праз Ваала?

28 Прарок, які бачыў сон, няхай і расказвае яго як сон; а ў якога Маё слова, той няхай кажа слова Маё слушна. Што ёсьць супольнага ў мякіны з чыстым зернем? кажа Гасподзь

29 Слова Маё ці ж не падобнае на агонь, кажа Гасподзь, і ці ж не падобнае на молат, які разьбівае скалу?

30 Таму вось, Я — на прарокаў, кажа Гасподзь, якія крадуць словы Мае адзін у аднаго.

31 Вось, Я — на прарокаў, кажа Гасподзь, якія дзейнічаюць сваім языком, а кажуць: «Ён сказаў».

32 Вось, Я на прарокаў фальшывых сноў, кажа Гасподзь, якія расказваюць іх і ўводзяць народ Мой у аблуду сваімі падманамі і ашуканствам, тым часам як Я не пасылаў іх і не загадваў ім, і яны ніякай карысьці ня прыносяць народу гэтаму, кажа Гасподзь.

33 Калі спытае ў цябе народ гэты альбо прарок альбо сьвятар: «які цяжар ад Госпада», дык скажы ім: «які цяжар? Я пакіну вас, кажа Гасподзь».

34 Калі прарок альбо сьвятар альбо народ скажа: «цяжар ад Госпада», Я пакараю таго чалавека і дом ягоны.

35 Так кажэце адзін аднаму і брат брату: «што адказаў Гасподзь?» альбо: «што сказаў Гасподзь?»

36 а гэтага слова: «цяжар ад Госпада», наперад ня ўжывайце: бо цяжарам будзе такому чалавеку слова ягонае, бо вы пераварочваеце словы жывога Бога, Госпада Саваофа Бога нашага.

37 Так кажы прароку: «што адказаў табе Гасподзь? альбо: «што сказаў Гасподзь?»

38 А калі вы яшчэ казацьмеце: «цяжар ад Госпада», дык так кажа Гасподзь; за тое, што вы кажаце слова гэтае: «цяжар ад Госпада», тым часам як я паслаў сказаць вам: не кажэце «цяжар ад Госпада»,

39 за тое вось, Я забуду вас зусім і пакіну вас, і горад гэты, які Я даў вам і бацькам вашым, адхілю ад аблічча Майго

40 і накладу на вас агуду вечную, якая не забудзецца.

 

Разьдзел 24

 

1 Гасподзь паказаў мне: і вось, два кашы са смоквамі пастаўлены перад храмам Гасподнім, — пасьля таго, як Навухаданосар, цар Вавілонскі, вывеў зь Ерусаліма палоннымі Еханію, сына Ёакімавага, цара Юдэйскага, і князёў Юдэйскіх зь цесьлямі і кавалямі і прывёў іх у Вавілон:

2 адзін кош быў са смоквамі вельмі добрымі, якімі бываюць смоквы раньнія, а другі кош — са смоквамі вельмі благімі, якіх зь нягоднасьці іхняй нельга есьці.

3 І сказаў мне Гасподзь: што бачыш ты, Ерамія? я сказаў: смоквы, смоквы добрыя — вельмі добрыя, а благія — вельмі благія, так што іх нельга есьці, бо яны вельмі кепскія.

4 І было мне слова Гасподняе:

5 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: падобна, як гэтыя смоквы добрыя, Я прызнаю добрымі перасяленцаў Юдэйскіх, якіх Я паслаў з гэтага месца ў зямлю Халдэйскую;

6 я зьвярну на іх вочы Мае на дабро ім і вярну іх у зямлю гэтую, і ўладжу іх, а ня зруйную, і пасаджу іх, а ня выкарчую;

7 і дам ім сэрца, каб ведалі Мяне, што Я — Гасподзь, і яны будуць Маім народам, а Я буду іхнім Богам; бо яны абернуцца да Мяне ўсім сэрцам сваім.

8 А пра благія смоквы, якіх і есьці нельга за няпрыдатнасьць іх, так кажа Гасподзь: такім Я зраблю Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных і іншых Ерусалімцаў, што застаюцца ў зямлі гэтай і жывуць у зямлі Егіпецкай;

9 і аддам іх на азлобу і на ліхія пакуты ва ўсіх царствах зямных, на паглум, на перагуды, на пакепства і праклён ва ўсіх мясьцінах, куды Я выганю іх.

10 І пашлю на іх меч, голад і паморак, пакуль ня вынішчу іх зь зямлі, якую Я даў ім і бацькам іхнім.

 

Разьдзел 25

 

1 І слова, якое было Ераміі пра ўвесь народ Юдэйскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, — гэта быў першы год Навухаданосара, цара Вавілонскага, —

2 і якое прарок Ерамія прамовіў да ўсяго народа Юдэйскага і да ўсіх жыхароў Ерусаліма і сказаў:

3 ад трынаццатага года Ёсіі сына Амонавага, цара Юдэйскага, да гэтага дня, — вось ужо дваццаць тры гады, — было мне слова Гасподняе, і я з самае раніцы прамаўляў вам, — і вы ня слухалі.

4 Гасподзь пасылаў да вас усіх рабоў Сваіх прарокаў, з самае раніцы пасылаў, — і вы ня слухалі і ня прыхілялі вуха свайго, каб слухаць.

5 Вам казалі: «адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і ад благіх дзеяў сваіх і жывеце на зямлі, якую Гасподзь даў вам і бацькам вашым адвеку навечна;

6 І не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім і пакланяцца ім, і не гнявеце Мяне дзеямі рук сваіх, і не зраблю вам благога».

7 Але вы ня слухаліся Мяне, кажа Гасподзь, гневячы Мяне дзеямі рук сваіх, на злосьць сабе.

8 Таму так кажа Гасподзь Саваоф: за тое, што вы ня слухалі словаў Маіх,

9 вось Я пашлю і вазьму ўсе плямёны паўночныя, кажа Гасподзь, і пашлю да Навухаданосара, цара Вавілонскага, раба Майго, і прывяду іх на зямлю гэтую і на жыхароў яе і на ўсе навакольныя народы; і цалкам вынішчу іх і зраблю іх жахам і пасьмешышчам і вечным запусьценьнем.

10 І спыню іх голас радасьці і голас весялосьці, голас жаніха і голас нявесты, гук жорнаў і сьвятло сьвяцільні.

11 І ўся зямля гэтая будзе пустыняю і жахам; і народы гэтыя будуць служыць цару Вавілонскаму семдзесят гадоў.

12 І будзе: калі споўніцца семдзесят гадоў, пакараю цара Вавілонскага і той народ, кажа Гасподзь, за іх бязбожнасьць, і зямлю Халдэйскую, і зраблю яе вечнаю пустыняю.

13 І спраўджу над тою зямлёю ўсе словы Мае, якія Я прамовіў на яе, усё напісанае ў гэтай кнізе, што Ерамія прароча вымавіў на ўсе народы,

14 бо і іх паняволяць шматлікія народы і цары вялікія; і Я дам ім паводле іх учынкаў, паводле дзеяў рук іхніх.

15 Бо так сказаў мне Гасподзь Бог Ізраілеў: вазьмі з рукі Маёй чару гэтую зь віном лютасьці і напаі зь яе ўсе народы, да якіх Я пасылаю цябе.

16 І яны вып’юць і будуць хістацца і звар’яцеюць, убачыўшы меч, які Я пашлю на іх.

17 І ўзяў я чару з рукі Гасподняй і напаіў зь яе ўсе народы, да якіх паслаў мяне Гасподзь:

18 Ерусалім і гарады Юдэйскія, і цароў яго і князёў яго, каб спустошыць іх і зрабіць жахам, пасьмешышчам і праклёнам, як і відно сёньня,

19 фараона, цара Егіпецкага, і слуг ягоных, і князёў яго і ўвесь народ яго,

20 і ўвесь зьмешаны народ, і ўсіх цароў зямлі Уца і ўсіх цароў зямлі Філістымскай, і Аскалон і Газу, і Экрон, і рэшткі Азота,

21 Эдома і Маава і сыноў Амонавых,

22 і ўсіх цароў Тыра і ўсіх цароў Сідона і цароў астравоў, якія за морам,

23 Дэдана і Тэму, і Буза і ўсіх, што стрыгуць валасы на скронях,

24 і ўсіх цароў Аравіі і ўсіх цароў народаў рознапляменных, што жывуць у пустыні,

25 усіх цароў Зімврыі і ўсіх цароў Элама, і ўсіх цароў Мідыі

26 і ўсіх цароў поўначы, блізкіх адзін аднаму і далёкіх, і ўсе царствы зямныя, якія — на ўлоньні зямлі, а цар Сэсаха вып’е пасьля іх.

27 І скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: пеце і ўпецеся, вырыгніце і ўпадзеце, і не ўставайце, угледзеўшы меч, які Я пашлю на вас.

28 Калі ж яны будуць адмаўляцца браць чарку з рукі тваёй, каб піць, дык скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф: вы канечне піцьмеце.

29 Бо вось на горад гэты, на якім напісана Маё імя, я пачынаю наводзіць бедства; і ці вы застанецеся непакараныя? Не, не застанецеся непакараныя; бо Я наклікаю меч на ўсіх жыхароў зямлі, кажа Гасподзь Саваоф.

30 Таму вымаві на іх усе словы гэтыя і скажы ім: Гасподзь загрыміць з вышыні і з жытлішча сьвятыні Сваёй падасьць голас Свой; страшна загрыміць на селішча Сваё; як тыя, што топчуць у чавільні, усклікне на ўсіх жыхароў зямлі.

31 Шум дойдзе да канцоў зямлі; бо ў Госпада спаборства з народамі: Ён будзе судзіцца з кожнаю плоцьцю, бязбожных ён аддасьць мечу, кажа Гасподзь.

32 Так кажа Гасподзь Саваоф: вось, бедства пойдзе ад народа да народа, і вялікая віхура падымецца ад краёў зямлі.

33 І будуць пабітыя Госпадам у той дзень — ад канца зямлі да канца зямлі, ня будуць аплаканыя і ня будуць прыбраныя і пахаваныя, гноем будуць на ўлоньні зямлі,

34 Галасеце, пастыры, і стагнеце, і пасыпайце сябе пылам, правадыры статку; бо споўніліся дні вашыя для заколу і расьсеяньня вашага, і паб’яцеся, як дарагі посуд.

35 І ня будзе прыстанішча пастырам і ратунку важакам статку.

36 Чуцен енк пастыраў і галашэньне важакоў статку, бо спустошыў Гасподзь пашу іхнюю.

37 Вынішчаюцца мірныя селішчы ад лютасьці гневу Гасподняга.

38 Ён пакінуў жытлішча Сваё, як леў; і зямля іхняя зрабілася пусткаю ад лютасьці спусташальніка і ад палымянага гневу Ягонага.

 

Разьдзел 26

 

1 На пачатку цараваньня Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, было такое слова ад Госпада:

2 так кажа Гасподзь: стань у двары дома Гасподняга і скажы ўсім гарадам Юдэі, якія прыходзяць на пакланеньне ў дом Гасподні, усе тыя словы, якія загадаю табе сказаць ім; не адымі ні слова.

3 Магчыма, яны паслухаюцца і адвернуцца кожны ад благога шляху свайго, і тады Я адмяню тое бедства, якое думаю навесьці на іх за ліхія дзеі іхнія.

4 І скажы ім: так кажа Гасподзь: калі вы не паслухаецеся Мяне ў тым, каб хадзіць паводле закона Майго, які Я даў вам,

5 каб уважаць словам рабоў Маіх прарокаў, якіх Я пасылаю да вас, пасылаю з самай раніцы, і якіх вы ня слухаеце, —

6 дык з домам гэтым Я зраблю тое самае, што — зь Сіломам, і горад гэты аддам на праклён усім народам зямлі.

7 Сьвятары і прарокі і ўвесь народ слухалі Ерамію, калі ён гаварыў гэтыя словы ў доме Гасподнім.

8 І калі Ерамія сказаў усё, што Гасподзь загадаў яму сказаць усяму народу, тады схапілі яго сьвятары і прарокі і ўвесь народ — і сказалі: «ты павінен памерці;

9 навошта ты прарочыш імем Госпада і кажаш: і дом гэты будзе — як Сілом, і горад гэты апусьцее, застанецца без жыхароў?» І сабраўся ўвесь народ супроць Ераміі ў доме Гасподнім.

10 Калі пачулі пра гэта князі Юдэйскія, дык прыйшлі з дома цара да дома Гасподняга і селі каля ўваходу ў новую браму дома Гасподняга.

11 Тады сьвятары і прарокі так сказалі князям і ўсяму народу: «сьмяротны вырак — гэтаму чалавеку, бо ён прарочыць супроць горада гэтага, як вы чулі на свае вушы!».

12 І сказаў Ерамія ўсім князям і ўсяму народу: «Гасподзь паслаў мяне прарочыць супроць дома гэтага і супроць горада гэтага ўсе тыя словы, якія вы чулі;

13 дык вось, выправіце дарогі вашыя і паслухайцеся голасу Госпада Бога вашага, і Гасподзь адменіць бедства, якое вырак на вас;

14 а што да мяне, вось, я — у вашых руках; рабеце са мною, што вачам вашым здасца добрым і справядлівым:

15 толькі цьвёрда ведайце, што калі вы ўсьмерціце мяне дык нявінную кроў ускладзяце на сябе і на горад гэты і на жыхароў яго; бо сапраўды Гасподзь паслаў мяне да вас сказаць усе тыя словы ў вашыя вушы».

16 Тады князі і ўвесь народ сказалі сьвятарам і прарокам: гэты чалавек ня мае быць вырачаны на сьмерць, бо ён гаварыў нам імем Госпада Бога нашага.

17 І некаторыя са старэйшын зямлі ўсталі і сказалі ўсяму народнаму сходу:

18 «Міхей Марастыцянін прарочыў у дні Эзэкіі, цара Юдэйскага, і сказаў усяму народу Юдэйскаму: так кажа Гасподзь Саваоф: Сіён будзе ўзараны, як поле, і Ерусалім зробіцца грудаю развалінаў, і гара дома гэтага — лясістым пагоркам.

19 Ці ўсьмерцілі яго за гэта Эзэкія, цар Юдэйскі, і ўвесь Юда? Ці не збаяўся ён Госпада і ці ня ўмольваў Госпада? і Гасподзь адмяніў бедства, якое вырак на іх; а мы хочам зрабіць вялікае ліха душам нашым?

20 Прарочыў таксама імем Госпада нехта Урыя, сын Шэмаіін, з Карыятыярыма, — і прарочыў супроць горада гэтага і супроць зямлі гэтай якраз такімі словамі, як Ерамія.

21 Калі пачуў ягоныя словы цар Ёакім, і ўсе вяльможы ягоныя і ўсе князі, дык цар спрабаваў забіць яго. Пачуўшы пра гэта, Урыя збаяўся і ўцёк, і сышоў у Егіпет.

22 Але цар Ёакім і ў Егіпет паслаў людзей: Элнатана, сына Ахборавага, і іншых зь ім.

23 І вывелі Урыю зь Егіпта і прывялі яго да цара Ёакіма, і ён забіў яго мечам і кінуў труп ягоны, дзе былі могілкі простага люду».

24 Але рука Ахікіма, сына Саванавага, была за Ерамію, каб не аддаваць яго ў рукі народа на забойства.

 

Разьдзел 27

 

1 На пачатку цараваньня Ёакіма******************************************, сына Ёсіі, цара Юдэйскага, было слова гэтае Ерамію ад Госпада:

2 Так сказаў мне Гасподзь: зрабі сабе повязі і ярмо і накладзі іх сабе на шыю;

3 і пашлі такія самыя цару Ідумэйскаму і цару Маавіцкаму, і цару сыноў Амонавых і цару Тыра і цару Сідона, праз паслоў, якія прыйшлі ў Ерусалім да Сэдэкіі, цара Юдэйскага;

4 і накажы ім сказаць спадарам іхнім: так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: так скажэце гаспадарам вашым:

5 Я стварыў зямлю, чалавека і жывёлы, якія на ўлоньні зямлі, вялікай магутнасьцю Маёй і прасьцёртаю мышцай Маёю, і аддаў яе, каму Мне заўгодна было.

6 І сёньня я аддаю ўсе землі гэтыя ў руку Навухаданосару, цару Вавілонскамму, рабу Майму, і нават зьвяроў польных аддаю яму на слугаваньне.

7 І ўсе народы будуць служыць яму і сыну ягонаму і сыну сына яго, пакуль ня прыйдзе час яго і ягонай зямлі і яму самому; і будуць служыць яму народы многія і цары вялікія.

8 І калі які народ і царства не захоча служыць яму, Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ня схіліць шыі сваёй пад ярмо цара Вавілонскага, — гэты народ Я пакараю мечам, голадам, пошасьцю і згубным паморкам, кажа Гасподзь, пакуль ня вынішчу іх рукою ягонай,

9 і вы ня слухайце сваіх прарокаў і сваіх варажбітоў, і сваіх мройнікаў і сваіх чараўнікоў і сваіх зьвездароў, якія кажуць вам: «ня будзеце служыць цару Вавілонскаму».

10 Бо яны прарочаць вам няпраўду, каб выдаліць вас зь зямлі вашай, і каб Я прагнаў вас і вы загінулі.

11 А народ, які схіліць шыю сваю пад ярмо цара Вавілонскага і пачне служыць яму, Я пакіну на зямлі Сваёй, кажа Гасподзь, і ён будзе ўрабляць яе і жыць на ёй.

12 І Сэдэкію, цару Юдэйскаму, я казаў усімі гэтымі словамі і сказаў: схілеце шыю пад ярмо цара Вавілонскага і служэце яму і народу ягонаму — і будзеце жывыя.

13 Навошта паміраць табе і народу твайму ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці, як сказаў Гасподзь пра той народ, які ня будзе служыць цару Вавілонскаму?

14 І ня слухайце слоў прарокаў, якія кажуць вам: «ня будзеце служыць цару Вавілонскаму»; бо яны прарочаць няпраўду.

15 Я не пасылаў іх, кажа Гасподзь; і яны фальшыва прарочаць імем Маім, каб я выгнаў вас, і каб вы загінулі, — вы і прарокі вашыя, якія прарочаць вам.

16 І сьвятарам і ўсяму народу гэтаму я казаў: так кажа Гасподзь: ня слухайце слоў прарокаў вашых, якія прарочаць вам і кажуць: «вось, неўзабаве вернуты будзе з Вавілона посуд дома Гасподняга»; бо яны прарочаць вам няпраўду.

17 Ня слухайце іх, служэце цару Вавілонскаму і жывеце; навошта даводзіць горад гэты да спусташэньня?

18 А калі яны — прарокі і калі ў іх ёсьць слова Гасподняе, дык няхай хадайнічаюць перад Госпадам Саваофам, каб посуд, які застаецца ў доме Гасподнім і ў доме цара Юдэйскага і ў Ерусаліме, не прайшоў у Вавілон.

19 Бо так кажа Гасподзь Саваоф пра слупы і пра меднае мора, і падножжы і іншыя рэчы, якія засталіся ў гэтым горадзе,

20 якіх Навухаданосар, цар Вавілонскі ня ўзяў, калі Еханію, сына Ёакіма, цара Юдэйскага, і ўсіх знакамітых Юдэяў і Ерусалімлян вывеў зь Ерусаліма ў Вавілон,

21 бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, пра посуд, які застаўся ў доме Гасподнім і ў доме цара Юдэйскага і ў Ерусаліме:

22 ён будзе занесены ў Вавілон і там застанецца да таго дня, калі Я наведаю іх, кажа Гасподзь, і выведу іх і вярну іх на месца гэтае.

 

 

Разьдзел 28

 

1 У той самы год, — на пачатку цараваньня Сэдэкіі, цара Юдэйскага, — у чацьвёрты год, у пяты месяц, Ананія, сын Азураў, прарок з Гаваона, казаў мне ў доме Гасподнім на вачах у сьвятароў і ўсяго народа і сказаў:

2 так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў; паламаю ярмо цара Вавілонскага;

3 праз два гады я вярну на месца гэтае ўвесь посуд дома Гасподняга, якія Навухаданосар, цар Вавілонскі, узяў з гэтага месца і перанёс іх у Вавілон;

4 І Еханію, сына Ёакімавага, цара Юдэйскага, і ўсіх палонных Юдэяў, якія прыйшлі ў Вавілон, Я вярну на месца гэтае, кажа Гасподзь; бо паламаю ярмо цара Вавілонскага.

5 І сказаў Ерамія прарок прароку Ананіі на вачах у сьвятароў і на вачах ва ўсяго народа, што стаялі ў доме Гасподнім, —

6 і сказаў Ерамія прарок: хай будзе так, як учыніць гэта Гасподзь! хай спраўдзіць Гасподзь словы твае, якія ты сказаў пра вяртаньне з Вавілона посуду дома Гасподняга і ўсіх палонных на месца гэта!

7 Толькі выслухай слова гэтае, якое я скажу ўголас табе і ў голас усяму народу:

8 прарокі, якія здавён былі да мяне і да цябе, прадказвалі многім землям і вялікім царствам вайну і бедства і паморак.

9 Калі які прарок прадказваў мір, дык тады толькі ён прызнаваны быў за прарока, якога сапраўды паслаў Гасподзь, калі збывалася слова таго прарока.

10 Тады прарок Ананія ўзяў ярмо з шыі Ераміі прарока і паламаў яго.

11 І сказаў Ананія на вачах усяго народа гэтыя словы: «так паламаю ярмо Навухаданосара, цара Вавілонскага, праз два гады, зьняўшы яго з шыі ўсіх народаў». І пайшоў Ерамія сваёй дарогай.

12 І было слова Гасподняе Ераміі пасьля таго, як прарок Ананія паламаў ярмо на шыі прарока Ераміі:

13 ідзі і скажы Ананію: так кажа Гасподзь: ты паламаў ярмо драўлянае — і зробіш замест яго ярмо жалезнае.

14 Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: жалезнае ярмо накладу на шыю ўсіх гэтых народаў, каб яны працавалі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і яны будуць служыць яму, і нават зьвяроў польных Я аддам яму.

15 І сказаў прарок Ерамія прароку Ананію: паслухай, Ананія: Гасподзь цябе не пасылаў, і ты абнадзейваеш народ гэты фальшыва.

16 Пасьля гэтага так кажа Гасподзь: вось, Я скіну цябе з улоньня зямлі; у гэтым самым годзе ты памрэш, бо ты гаворыш насуперак Госпаду.

17 І памёр прарок Ананія ў тым самым годзе, на сёмым месяцы.

 

Разьдзел 29

 

1 І вось словы зь пісьма, якое прарок Ерамія паслаў зь Ерусаліма да рэшты старэйшынаў паміж перасяленцамі і да сьвятароў, і да прарокаў і да ўсяго народа, якіх Навухаданосар вывеў зь Ерусаліма ў Вавілон,

2 пасьля таго, як выйшлі зь Ерусаліма цар Еханія і царыца і еўнухі, князі Юдэі і Ерусаліма, і цесьляры і кавалі,

3 праз Элеасу, сына Сафанавага, і Герамію, сына Хэлкіінага, якіх Сэдэкія, цар Юдэйскі, пасылаў у Вавілон да Наухаданосара, цара Вавілонскага:

4 так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў, усім палонным, якіх Я перасяліў зь Ерусаліма ў Вавілон:

5 будуйце дамы і жывеце ў іх, і разводзьце сады і ежце плады зь іх;

6 бярэце жонак і раджайце сыноў і дачок; і сынам сваім бярэце жонак і дачок сваіх аддавайце ў замужства, каб яны нараджалі сыноў і дачок, і множцеся там, а не змаляйцеся;

7 і клапацецеся пра дабрабыт горада, у які Я перасяліў вас, і малецеся за яго Госпаду; бо пры дабрабыце яго і вам будзе мір.

8 Бо так кажа Гасподзьа Саваоф, Бог Ізраілеў: хай ня зводзяць вас прарокі вашыя, якія сярод вас, і варажбіты вашыя; і ня слухайце сноў вашых, якія вам сьняцца;

9 фальшыва прарочаць яны вам імем Маім; Я не пасылаў іх, кажа Гасподзь.

10 Бо так кажа Гасподзь: калі споўніцца вам у Вавілоне семдзесят гадоў, тады Я наведаю вас і спраўджу добрае слова Маё пра вас, каб вярнуць вас на месца гэтае.

11 Бо толькі Я ведаю намеры, якія маю пра вас, кажа Гасподзь, намеры на дабро, а не на ліха, каб даць вам будучыню і надзею.

12 І ўсклікнеце Мне, і пойдзеце і памоліцеся Мне, і Я пачую вас;

13 і пашукаеце Мяне і знойдзеце, калі пашукаеце Мяне ўсім сэрцам вашым.

14 І буду Я знойдзены вамі, кажа Гасподзь, і вярну вас з палону і зьбяру вас з усіх народаў і з усіх мясьцінаў, куды Я выгнаў вас, кажа Гасподзь, і вярну вас у тое месца, адкуль перасяліў вас.

15 Вы кажаце: «Гасподзь паставіў нам прарокаў і ў Вавілоне».

16 Так кажа Гасподзь пра цара, які сядзіць на троне Давідавым, і пра ўвесь народ, які жыве ў горадзе гэтым, пра братоў вашых, якія не адведзены з вамі ў палон,

17 так кажа пра іх Гасподзь Саваоф: вось, Я пашлю на іх меч, голад і паморак з пошасьцю, і зраблю іх такімі, як гнілыя смоквы, якіх нельга есьці за нягоднасьць іх;

18 і буду перасьледаваць іх мечам, голадам і паморкам з пошасьцю, і аддам іх на азлабеньне ўсім царствам зямлі, на праклён і жудасьць, на пасьмешышча і паганьбеньне паміж усімі народамі, куды Я выганю іх,

19 за тое, што яны ня слухалі словаў Маіх, кажа Гасподзь, зь якімі Я пасылаў да іх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы, але яны ня слухаліся, кажа Гасподзь.

20 А вы, усе перасяленцы, якіх Я паслаў зь Ерусаліма, ў Вавілон, слухайце слова Гасподняе:

21 так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў, пра Ахава, сына Каліінага, і пра Сэдэкію, сына Маасэінага, якія прарочаць вам імем маім ілжу: вось, Я перадам іх у рукі Навухаданосара, цара Вавілонскага, і ён заб’е іх у вас на вачах.

22 І прынята будзе ад іх усімі перасяленцамі Юдэйскімі, якія ў Вавілоне, праклінаць так: «хай зробіць табе Гасподзь тое самае, што Сэдэкію і Ахаву», якіх цар Вавілонскі спражыў на агні

23 за тое, што яны рабілі брыдкае ў Ізраілі: пералюбнічалі з жонкамі блізкіх сваіх і імем Маім гаварылі ілжу, чаго Я не наказваў ім; Я ведаю гэта і Я сьведка, кажа Гасподзь.

24 І Шэмаію Нэхэламіцяніну скажы:

25 так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: за тое, што ты пасылаў пісьмы ад імя свайго да ўсяго народу, які ў Ерусаліме, і да сьвятара Сафонія, сына Маасэінага, і да ўсіх сьвятароў, і пісаў:

26 Гасподзь паставіў цябе сьвятаром замест сьвятара Ёдая, каб ты быў паміж прыглядчыкамі ў доме Гасподнім за кожным чалавекам, які шалее і прарочыць, і каб ты вязьніў такога ў цямніцу і ў калодку:

27 чаму ж ты не забароніш Ерамію Анатоцкаму прарочыць у вас?

28 бо ён і да нас у Вавілон прыслаў сказаць: «палон будзе працяглы: будуйце дамы і жывеце ў іх, разводзьце сады і ежце плады зь іх».

29 Калі Сафонія сьвятар прачытаў гэта пісьмо ўголас прароку Ерамію,

30 тады было слова Гасподняе Ерамію:

31 пашлі да ўсіх перасяленцаў сказаць: так кажа Гасподзь пра Шэмаію Нэхэламіцяніна: за тое, што Шэмаія ў вас прарочыць, а Я не пасылаў яго, і абнадзейвае вас фальшыва, —

32 за тое, так кажа Гасподзь: вось, Я пакараю Шэмаію Нэхэламіцяніна і племя ягонае; ня будзе ад яго чалавека, каб жыў сярод народа гэтага, і ня ўбачыць ён таго дабра, якое Я зраблю народу Майму, кажа Гасподзь; бо ён гаварыў насуперак Госпаду.

 

Разьдзел 30

 

1 Слова, якое было Ерамію ад Госпада:

2 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: напішы сабе ўсе словы, якія Я казаў табе, у кнігу,

3 бо вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я вярну з палону народ Мой, Ізраіля і Юду, кажа Гасподзь; і прывяду іх зноў у тую зямлю, якую даў бацькам іхнім, і яны будуць валодаць ёю.

4 І вось — тыя словы, якія сказаў Гасподзь пра Ізраіля і Юду.

5 Так сказаў Гасподзь: голас трывогі і жудасьці чуем мы, а ня міру.

6 Спытайцеся і разважце: ці родзіць мужчына? Чаму ж Я бачу ў кожнага мужчыны рукі на сьцёгнах ягоных, як у жанчыны ў родах, і твары ва ўсіх бледныя?

7 О, гора! вялікі той дзень, ня было падобнага да яго; гэта — бядотны час у Якава, але ён будзе ўратаваны ад яго.

8 І будзе ў той дзень, кажа Гасподзь Саваоф: паламаю ярмо ягонае, якое на шыі тваёй, і повязі твае парву; і ня будзе ўжо служыць чужаземцам,

9 але будуць служыць Госпаду Богу свайму і Давіду свайму, якога Я пастаўлю ім.

10 І ты, рабе Мой Якаве, ня бойся, кажа Гасподзь, і не палохайся, Ізраіле; бо вось, Я ўратую цябе з далёкай краіны і племя тваё зь зямлі палону іхняга; і вернецца Якаў і будзе жыць спакойна і мірна, і ніхто ня будзе палохаць яго,

11 бо Я з табою, кажа Гасподзь, каб ратаваць цябе: Я цалкам вынішчу ўсе народы, сярод якіх расьсеяў цябе, а цябе ня зьнішчу; я буду караць цябе ў меру, але непакараным не пакіну цябе.

12 Бо так кажа Гасподзь: рана твая незагойная, пошасьць твая жорсткая;

13 ніхто не клапоціцца пра справу тваю, каб загоіць рану тваю; гаючых лекаў няма для цябе;

14 усе сябры твае забылі цябе, ня шукаюць цябе; бо Я пабіў цябе ўдарамі непрыяцельскімі, жорсткаю караю за мноства беззаконьняў тваіх, бо грахі твае памножыліся.

15 Што ты енчыш пра раны твае, пра жорсткасьць хваробы тваёй? за мноства беззаконьняў тваіх Я зрабіў табе гэта, бо грахі твае памножыліся.

16 Але ўсе, хто пажырае цябе, будуць зжэртыя; і ўсе ворагі твае — усе самі пойдуць у палон, і спусташальнікі твае будуць спустошаныя, і ўсіх рабаўнікоў тваіх аддам на рабунак.

17 Я абкладу цябе пластырам і вылечу цябе ад ранаў тваіх, кажа Гасподзь. Цябе называлі адкідам, кажучы: «вось Сіён, пра які ніхто ня пытаецца».

18 так кажа Гасподзь: вось, вярну палон намётаў Якава і селішчы ягоныя памілую, — і горад зноў будзе пабудаваны на пагорку сваім, і храм уладкуецца як раней.

19 І ўзьнясуцца зь іх падзяка і голас разьвяселеных; і Я памножу іх, і ня будуць меншыцца, і праслаўлю іх, і ня будуць прыніжаныя.

20 І сыны ягоныя будуць, як раней, і гурт ягоны будзе стаяць перад Мною, і пакараю ўсіх уціскальнікаў ягоных.

21 І будзе правадыр ягоны зь яго самога, і валадар ягоны будзе паходзіць з асяродзьдзя яго; і Я набліжу яго і ён падступіцца да Мяне; бо хто наважыцца сам па сабе наблізіцца да Мяне? кажа Гасподзь.

22 І вы будзеце Маім народам, і Я буду вам Богам.

23 Вось, лютая віхура ідзе ад Госпада, віхура грозная; яна ідзе на галаву бязбожнікаў.

24 Палымяны гнеў Госпада не адвернецца, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і ня спраўдзіць намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта.

 

Разьдзел 31

 

1 У той час, кажа Гасподзь, Я буду Богам усім плямёнам Ізраілевым, а яны будуць Маім народам.

2 Так кажа Гасподзь: народ, які ацалеў ад меча, знайшоў мілажаль у пустыні, іду супакоіць Ізраіля.

3 Здалёк явіўся мне Гасподзь і сказаў: любоўю вечнаю Я палюбіў цябе, і таму даў табе Маё ўпадабаньне.

4 Я зноў уладжу цябе, і ты будзеш уладжана, дзева Ізраілевая, зноў будзеш упрыгожвацца тымпанамі тваімі і выходзіць у карагодзе тых, якія весяляцца;

5 зноў насадзіш вінаграднікі на горах Самарыі; вінаграднікі, якія будуць гадаваць іх, самыя будуць карыстацца імі.

6 Бо будзе дзень, калі вартаўнікі на гары Яфрэмавай абвесьцяць: «уставайце, і пойдзем на Сіён да Госпада Бога нашага».

7 Бо так кажа Гасподзь: радасна сьпявайце пра Якава і ўсклікайце перад галавою народаў; узьвяшчайце, слаўце і кажэце: уратуй, Госпадзе народ Твой, рэшту Ізраіля!

8 Вось, Я прывяду іх з краіны паўночнай і зьбяру іх з краёў зямлі; сьляпы і кульгавы, цяжарная і парадзіха разам зь імі, — вялікі гурт вернецца сюды.

9 Яны пайшлі са сьлязьмі, а Я павяду іх з уцехаю; павяду іх бліз патокаў водаў, дарогаю роўнаю, на якой не спатыкнуцца; бо Я — бацька Ізраілю і Яфрэм — першынец Мой.

10 Слухайце слова Гасподняе, народы, і ўзьвясьцеце выспам аддаленым і скажэце: «Хто расьсеяў Ізраіля, Той і зьбярэ яго, і будзе ахоўваць яго, як пастух статак свой»;

11 бо адкупіць Гасподзь Якава і пазбавіць яго ад рукі таго, хто быў дужэйшы за яго.

12 І прыйдуць яны — і будуць радавацца на вышынях Сіёна; і сьцякуцца да добрасьці Гасподняй, да пшаніцы і віна і алею, да ягнят і валоў; і душа іхняя будзе як напоены вадою сад, і яны ня будуць ужо болей таміцца.

13 Тады дзяўчына будзе весяліцца ў карагодзе, і хлопцы і старыя разам; і замяню маркоту іхнюю на радасьць і суцешу іх, і парадую іх пасьля смутку іхняга.

14 І накармлю душу сьвятароў тлушчам, і народ Мой насыціцца дабротамі Маімі, кажа Гасподзь.

15 Так кажа Гасподзь: голас чуцен у Раме, лямант і горкае галашэньне: Рахіль плача па дзецях сваіх і ня хоча суцешыцца ў дзецях сваіх, бо іх няма.

16 Так кажа Гасподзь; утрымай голас твой ад галашэньня і вочы твае ад сьлёз,

17 Бо ёсьць узнагарода за працу тваю, кажа Гасподзь, і вернуцца сыны твае ў межы свае.

18 Чую Яфрэма, які плача: «Ты пакараў мяне, — і я пакараны, як цялё неўтаймоўнае; навярні мяне, — і навярнуся, бо Ты — Гасподзь Бог мой.

19 Калі я быў навернуты, я каяўся, і калі быў настаўлены на розум, біў сябе па клубах; я быў пасаромлены, я быў зьбянтэжаны, бо нёс няславу маладосьці маёй».

20 Ці не дарагі ў Мяне сын Яфрэм? ці ня любае дзіця? бо, як толькі загавару пра яго, заўсёды зь любоўю ўспамінаю пра яго; нутроба Мая абураецца за яго; умілажалюся зь яго, кажа Гасподзь.

21 Пастаў сабе дарожныя знакі, пастаў сабе слупы, павярні сэрца тваё на дарогу — на шлях, па якім ты ішла; вяртайся, дзева Ізраілевая, вяртайся ў гэтыя гарады твае.

22 Ці доўга табе бадзяцца, адпалая дачка? Бо Гасподзь стварыў на зямлі нешта новае: жонка выратуе мужа.

23 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: наперад, калі Я вярну палон іхні, будуць казаць на зямлі Юды і ў гарадах ягоных гэтае слова: «хай дабраславіць цябе Гасподзь, жытлішча праўды, гара сьвятая!»

24 І паселіцца на ёй Юда і ўсе гарады ягоныя разам, земляробы і тыя, што ходзяць са статкамі.

25 Бо Я напаю душу стомленую і накармлю душу скрушную.

26 Пры гэтым я прачнуўся і паглядзеў, і сон мой быў прыемны мне.

27 Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я засею дом Ізраілеў і дом Юдаў насеньнем чалавека і насеньнем быдла.

28 І як Я назіраў за імі, выкараняючы і ламаючы, і разбураючы і губячы, і пашкоджваючы, так буду назіраць за імі, будуючы і насаджваючы, кажа Гасподзь.

29 У тыя дні ўжо ня будуць казаць: «бацькі елі кіслы вінаград, а ў дзяцей на зубах — аскома»,

30 а кожны будзе паміраць за сваё ўласнае беззаконьне; хто будзе есьці кіслы вінаград, у таго на зубах і аскома будзе.

31 Вось настаюць дні, кажа Гасподзь, калі Я заключу з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет,

32 не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў той дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх зь зямлі Егіпецкай; той запавет Мой яны парушылі, хоць я заставаўся ў еднасьці зь імі, кажа Гасподзь.

33 А той запавет, які Я заключу з домам Ізраілевым пасьля тых дзён, кажа Гасподзь: укладу закон Мой у іхнюю нутрыну і на сэрцах іх напішу яго, і буду ім Богам, а яны будуць Маім народам.

34 І ўжо ня будуць вучыць адзін аднаго, брат — брата і казаць: «спазнайце Госпада», бо ўсе самі будуць ведаць Мяне, ад малога да старога, кажа Гасподзь, бо Я дарую беззаконьні іхнія і грахоў іхніх ужо не спамяну болей.

35 Так кажа Гасподзь, Які даў сонца на асьвятленьне ўдзень, пастановы месяцу і зоркам на асьвятленьне ўначы, Які хвалюе мора, што аж хвалі яго равуць; Гасподзь Саваоф — імя Яму.

36 Калі гэтыя пастановы перастануць дзейнічаць перад Мною, кажа Гасподзь, дык і племя Ізраілевае перастане быць народам перад Мною назаўсёды.

37 Так кажа Гасподзь: калі неба можа быць абмерана ўгары, а асновы зямлі — дасьледаваныя ўнізе, дык і Я адкіну ўсё племя Ізраілевае за ўсё тое, што яны рабілі, кажа Гасподзь.

38 Вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі горад уладжаны будзе на славу Госпаду ад вежаў Анамэіла да брамаў вугольных,

39 і каморніцкая вяроўка пойдзе проста да пагорка Гарыва і абыдзе Гаат.

40 І ўся даліна трупаў і попелу, і ўсё поле да патока Кедрона, да кута конскае брамы на ўсход, будзе сьвятыняю Госпада; не разбурыцца і не распадзецца векавечна.

 

Разьдзел 32

 

1 Слова, якое было ад Госпада Ерамію ў дзясяты год Сэдэкіі, цара Юдэйскага; гэты год быў васемнаццаты год Навухаданосара.

2 Тады войска цара Вавілонскага аблягала Ерусалім, і Ерамія прарок быў увязьнены ў двары варты, які быў пры доме цара Юдэйскага.

3 Сэдэкія, цар Юдэйскі, увязьніў яго туды, сказаўшы: «навошта ты прарочыш і кажаш: так кажа Гасподзь: вось, я аддаю горад гэты ў рукі цара Вавілонскага, і ён возьме яго;

4 і Сэдэкія, цар Юдэйскі, не ўцячэ ад рук Халдэяў, а непазьбежна аддадзены будзе ў рукі цару Вавілонскаму, і будзе гаварыць зь імі вусны ў вусны, і вочы ягоныя ўбачаць вочы яго;

5 і ён завядзе Сэдэкію ў Вавілон, дзе той і будзе, пакуль не наведаю яго, кажа Гасподзь. Калі вы будзеце ваяваць з Халдэямі, дык ня мецьмеце посьпеху»?

6 І сказаў Ерамія: такое было мне слова Гасподняе:

7 і вось Анамэіл, сын Салумаў, дзядзькі твайго, ідзе да цябе сказаць: купі сабе поле маё, якое ў Анатоце, бо паводле права роднасьці табе належыць купіць яго.

8 І Анамэіл, сын дзядзькі майго, прыйшоў да мяне, паводле слова Гасподняга, у двары варты і сказаў мне: купі поле маё, якое ў Анатоце, у зямлі Веньямінавай, бо права спадчыны тваё і права выкупу тваё; купі сабе. Тады я даведаўся, што гэта было слова Гасподняе.

9 І купіў я поле ў Анамэіла, сына дзядзькі майго, якое ў Анатоце, і наважыў яму сем сікляў срэбра і дзесяць срэбранікаў;

10 і запісаў у кнігу і запячатаў яе, і запрасіў да таго сьведкаў і наважыў срэбра на вагах.

11 І ўзяў я купчы запіс, як запячатаны паводле закона, так і адкрыты,

12 і аддаў гэты купчы запіс Варуху, сыну Нірыі, сына Маасэі, на вачах у Анамэіла, сына дзядзькі майго, і на вачах у сьведак, якія падпісалі купчы запіс, на вачах ва ўсіх Юдэяў, якія сядзелі ў двары варты;

13 І наказаў Варуху пры іх:

14 так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: вазьмі гэтыя запісы, — гэты купчы запіс, які запячатаны, і гэты запіс адкрыты, — і пакладзі іх у гліняны запіс, каб яны заставаліся там многа дзён.

15 Бо так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: дамы і палі і вінаграднікі будуць зноў купляцца ў зямлі гэтай.

16 І перадаўшы купчы запіс Варуху, сыну Нірыі, я памаліўся Госпаду:

17 «О Госпадзе Божа! Ты стварыў неба і зямлю вялікаю сілаю Тваёю і працягнутай рукою; Табе няма нічога немагчымага;

18 Ты выказваеш міласэрнасьць тысячам і за беззаконьне бацькоў даеш у нутро дзецям іхнім пасьля іх: Божа вялікі, моцны, імя Якому — Гасподзь Саваоф!

19 Вялікі ў радзе і моцны ў дзеях, вочы Якога адкрытыя на ўсе шляхі сыноў чалавечых, каб даваць кожнаму паводле шляхоў ягоных і паводле плёну дзеяў яго,

20 Які ўчыніў цуды і азнакі ў зямлі Егіпецкай, і ўчыняеш да сёньняшняга дня і ў Ізраілі і сярод усіх людзей, і стварыў Сабе імя, як у гэты дзень,

21 і вывеў народ твой Ізраіля зь зямлі Егіпецкай азнакамі і цудамі, і рукою моцнаю і мышцаю прасьцёртаю, пры вялікай жудасьці,

22 і даў ім зямлю гэтую, даць якую ім запрысягнуўся бацькам іхнім, — зямлю, якая цячэ малаком і мёдам.

23 Яны ўвайшлі і завалодалі ёю, але перасталі слухацца голасу Твайго і рабіць паводле закона Твайго, перасталі рабіць тое, што Ты наказаў ім рабіць, і за тое Ты навёў на іх усё гэта бедства.

24 Вось насыпы дастаюць да горада, каб узяць яго; і горад ад меча і голаду і пошасьці з паморкам аддаецца ў рукі Халдэям, якія ваююць супроць яго; што Ты казаў, тое і збываецца, і вось, Ты бачыш гэта.

25 А Ты, Госпадзе Божа, сказаў мне: «купі сабе поле за срэбра і запрасі сьведкаў, тым часам як горад аддаецца ў рукі Халдэям».

26 І было слова Гасподняе Ераміі:

27 вось, Я — Гасподзь Бог кожнай плоці: ці ёсьць што немагчымае Мне?

28 Таму так кажа Гасподзь: вось, Я аддаю горад гэты ў рукі Халдэям і ў рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ён возьме яго,

29 і ўвойдуць Халдэі, якія аблажылі гэты горад, падпаляць горад агнём і спаляць яго і дамы, на дахах якіх куродымілі Ваалу і лілі чужым божышчам, каб гнявіць Мяне.

30 Бо сыны Ізраілевыя і сыны Юдавыя толькі зло чынілі перад вачыма Маімі з маладосьці сваёй; сыны Ізраілевыя толькі гнявілі Мяне дзеямі рук сваіх, кажа Гасподзь.

31 І як бы на гнеў Мой і лютасьць Маю існаваў горад гэты з самага дня пабудовы яго да гэтага дня, каб Я адкінуў яго ад аблічча Майго

32 за ўсё зло сыноў Ізраіля і сыноў Юды, якое яны дзеля гневу Майго рабілі, — яны, цары іхнія, князі іхнія, сьвятары іхнія і прарокі іхнія, і мужы Юдавы і жыхары Ерусаліма.

33 Яны павярнуліся да Мяне сьпінаю, а ня тварам; і калі Я вучыў іх, з самае раніцы вучыў, яны не хацелі прыняць настаўленьні,

34 і ў доме, над якім названа імя Маё, паставілі гідоты свае, апаганьваючы яго.

35 Зладзілі капішчы Ваалу ў даліне сыноў Эномавых, каб праводзіць праз агонь сыноў сваіх і дачок сваіх у гонар Малоху, чаго Я не загадваў ім, і Мне ў галаву ня прыходзіла, каб яны рабілі гэтую гідоту, уводзячы ў грэх Юду.

36 і аднак жа сёньня так кажа Гасподзь, Бог Ізраілеў, пра гэты горад, пра які вы кажаце: «ён аддаецца ў рукі цару Вавілонскаму мечам і голадам і пошасьцю з паморкам», —

37 вось, Я зьбяру іх з усіх краін, у якія выгнаў іх у гневе Маім і ў лютасьці Маёй і ў вялікім абурэньні, і вярну іх на месца гэтае і дам ім жыцьцё ў бясьпецы.

38 Яны будуць Маім народам, а Я буду ім Богам.

39 І дам ім адно сэрца і адну дарогу, каб баяліся Мяне праз усе дні жыцьця, на дабро сабе і на дабро дзецям сваім пасьля іх.

40 І заключу зь імі вечны запавет, паводле якога Я не адвярнуся ад іх, каб тварыць ім дабро, і страх Мой укладу ў сэрцы іхнія, каб яны не адступаліся ад Мяне.

41 І буду радавацца за іх, творачы ім дабро, і пасаджу іх на зямлі гэтай цьвёрда — ад усяго сэрца Майго і ад усёй душы Маёй.

42 Бо так кажа Гасподзь: як Я навёў на народ гэты ўсё гэта вялікае ліха, так навяду на іх усё дабро, якое Я сказаў пра іх.

43 І будуць купляць палі ў зямлі гэтай, пра якую вы кажаце: «гэта — пустыня, бязь людзей і бяз быдла; яна аддадзена ў рукі Халдэям»;

44 будуць купляць палі за срэбра і ўносіць у запісы, і запячатваць і запрашаць сьведак — у зямлі Веньямінавай і ў ваколіцах Ерусаліма, і ў гарадах Юды і ў гарадах нагорных, і ў гарадах нізінных і ў гарадах паўднёвых: бо вярну палон іхні, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 33

 

1 І было слова Гасподняе Ерамію другі раз, калі яго яшчэ трымалі ў двары варты:

2 так кажа Гасподзь, які стварыў зямлю, Гасподзь, Які ўладзіў і ўцьвердзіў яе, — Гасподзь імя Яму:

3 пакліч Мяне — і Я адкажу табе, пакажу табе вялікае і недаступнае, чаго ты ня ведаеш.

4 Бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра дамы горада гэтага і пра дамы цароў Юдэйскіх, якія разбураюцца дзеля завалаў і дзеля бітваў

5 тымі, якія прыйшлі ваяваць з Халдэямі, каб напоўніць дамы трупамі людзей, якіх Я паб’ю ў гневе Маім і ў лютасьці Маёй, і за ўсе беззаконьні якіх Я схаваў аблічча Маё ад горада гэтага.

6 Вось, я прыкладу яму пластыр і гойныя сродкі і вылечу іх і адкрыю ім багацьце міру і ісьціны,

7 і вярну палон Юды і палон Ізраіля і ўладжу іх, як на пачатку,

8 і ачышчу іх ад усёй бязбожнасьці іхняй, якой яны грашылі перад Мною, і дарую ўсе беззаконьні іхнія, якімі яны грашылі перад Мною і адпаліся ад Мяне.

9 І будзе Мне Ерусалім радасным імем, пахвалою і гонарам перад усімі народамі зямлі, якія пачуюць пра ўсе даброты, якія Я зраблю яму, і зьдзівяцца і затрымцяць ад усіх дабрадзействаў і ўсяго дабрадзенства, якое Я дам яму.

10 Так кажа Гасподзь: на гэтым месцы, пра якое вы кажаце: «яно пустое, бязь людзей і бяз быдла», — у гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, якія пустыя бязь людзей, без жыхароў, бяз быдла,

11 зноў будзе чуцен голас радасьці і голас весялосьці, голас маладога і голас маладое, голас тых, якія кажуць: «слаўце Госпада Саваофа, бо добры Гасподзь, бо навекі міласэрнасьць Яго», і голас тых, якія прыносяць ахвяру падзякаваньня ў доме Гасподнім; бо я вярну палонных гэтай зямлі ў ранейшы стан, кажа Гасподзь.

12 Так кажа Гасподзь Саваоф: на гэтым месцы, якое пустое — бязь людзей, бяз быдла — і ва ўсіх гарадах яго зноў будуць жытлішчы пастухоў, якія будуць пасьвіць статкі.

13 У гарадах нагорных, у гарадах нізінных і ў гарадах паўднёвых, і ў зямлі Веньямінавай і ў навакольлях Ерусаліма і ў гарадах Юды зноў будуць праходзіць статкі пад рукою таго, хто іх лічыць, кажа Гасподзь.

14 Вось, настануць дні, кажа Гасподзь, калі Я спраўджу тое добрае слова, якое сказаў пра дом Ізраілеў і пра дом Юдаў.

15 У тыя дні і ў той час узгадую Давіду Галіну праведную, — і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.

16 У тыя дні Юда будзе выратаваны і Ерусалім будзе жыць у бясьпецы, і дадуць імя Яму: «Гасподзь — апраўданьне наша!»

17 Бо так кажа Гасподзь: не зьвядзецца ў Давіда муж, які сядзіць на троне дома Ізраілевага,

18 і ў сьвятароў-лявітаў ня будзе неставаць мужа перад абліччам Маім, які будзе ўзносіць цэласпаленьне і паліць прынашэньні і ўчыняць ахвяраваньні.

19 І было слова Гасподняе Ерамію:

20 так кажа Гасподзь: калі можаце разбурыць запавет Мой пра дзень і запавет Мой пра ноч, каб дзень і ноч ня прыходзілі ў свой час,

21 дык можа быць разбураны і запавет Мой з рабом Маім Давідам, так што ня будзе ў яго сына, каб цараваў на троне ягоным, і гэтак сама зь лявітамі — сьвятарамі, службітамі Маімі.

22 Як нязьлічонае нябеснае войска і нявымерны пясок марскі, так памножу племя Давіда раба Майго, і лявітаў, якія служаць Мне.

23 І было слова Гасподняе Ераміі:

24 ці ня бачыш, што народ гэты кажа: «тыя два племені, якія выбраў Гасподзь, Ён адкінуў», і праз гэта яны пагарджаюць народам Маім, як бы ён ужо ня быў народам у вачах іхніх?

25 Так кажа Гасподзь: калі запавету Майго пра дзень і пра ноч і статутаў неба і зямлі Я не зацьвердзіў,

26 дык і племя Якава і Давіда, раба Майго, адкіну, каб ня браць болей валадароў зь яго племя племю Абрагама, Ісака і Якава; бо вярну палон іхні і памілую іх.

 

Разьдзел 34

 

1 Слова, якое было Ерамію ад Госпада, калі Навухаданосар, цар Вавілонскі, і ўсё войска ягонае і ўсе царствы зямлі, падуладныя руцэ ягонай, і ўсе народы ваявалі супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў ягоных:

2 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: ідзі і скажы Сэдэкію, цару Юдэйскаму, і скажы яму: так кажа Гасподзь: вось, я аддаю горад гэты ў рукі цару Вавілонскаму, — і ён спаліць яго агнём;

3 і ты не ўцячэш ад рукі ягонай, а непазьбежна будзеш узяты і перададзены ў рукі яго, і вочы твае ўбачаць цара Вавілонскага, і вусны яго будуць гаварыць тваімі вуснамі, і пойдзеш у Вавілон.

4 Зрэшты, слухай слова Гасподняе, Сэдэкія, цару Юдэйскі! так кажа Гасподзь пра цябе: ты не памрэш ад меча;

5 ты памрэш у міры, і як бацькам тваім, — ранейшым царам, якія былі да цябе, — палілі пры пахаваньні пахошчы, так спаляць і табе і аплачуць цябе: «на жаль, спадару», бо Я вымавіў гэтае слова, кажа Гасподзь.

6 Ерамія прарок усе гэтыя словы пераказаў Сэдэкію, цару Юдэйскаму, у Ерусаліме.

7 Тым часам войска цара Вавілонскага ваявала супроць Ерусаліма і супроць усіх гарадоў Юдэйскіх, якія яшчэ заставаліся, супроць Лахіса і Азэкі; бо з гарадоў Юдэйскіх толькі гэтыя заставаліся, як гарады ўмацаваныя.

8 Слова, якое было Ерамію ад Госпада пасьля таго як цар Сэдэкія заключыў запавет з усім народам, што быў у Ерусаліме, каб абвясьціць свабоду,

9 каб кожны адпусьціў на волю свайго раба і сваю рабыню, Габрэя і Габрэйку, каб ніхто зь іх ня трымаў у рабстве Юдэя, брата свайго.

10 І паслухаліся ўсе князі і ўвесь народ, якія ўступілі ў запавет, каб адпусьціць кожнаму раба свайго і кожнаму рабыню сваю на волю, каб ня трымаць іх наперад у рабах, — і паслухаліся і адпусьцілі:

11 але пасьля таго, перадумаўшы, пачалі браць назад рабоў і рабынь, якіх адпусьцілі на волю, і прымусілі іх быць рабамі і рабынямі.

12 І было слова Гасподняе Ерамію ад Госпада:

13 Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я заключыў запавет з бацькамі вашымі, калі вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, з дома рабства, і сказаў:

14 «у канцы сёмага года адпускайце кожны брата свайго, Габрэя, які прадаў сябе табе; хай ён працуе табе шэсьць гадоў, а потым адпусьці яго ад сябе на волю»; але бацькі вашыя не паслухаліся Мяне і не прыхілілі вуха свайго.

15 Вы сёньня навярнуліся і зрабілі справядліва перад вачыма Маімі, даўшы кожны свабоду свайму блізкаму, і заключылі перад Мною запавет у доме, над якім названа імя Маё;

16 але потым перадумалі — і зьняславілі імя Маё — і вярнулі да сябе кожны раба свайго і кожны рабыню сваю, якіх адпусьцілі на волю, куды іхняй душы заўгодна, і прымушаеце іх быць у вас рабамі і рабынямі.

17 Таму так кажа Гасподзь: вы не паслухаліся Мяне ў тым, каб кожны абвясьціў свабоду брату свайму і блізкаму свайму; за тое вось Я, кажа Гасподзь, абвяшчаю вам свабоду падупасьці мечу, згубнай пошасьці і голаду, і аддам вас на азлабеньне ва ўсе царствы зямлі;

18 і аддам адступнікаў ад запавету Майго і няўстойлівых у словах запавету, які яны заключылі перад абліччам Маім, калі расьсеклі цяля напалам і прайшлі паміж расьсечанымі часткамі яго,

19 князёў Юдэйскіх і князёў Ерусалімскіх, еўнухаў і сьвятароў і ўвесь народ зямлі, які праходзіў паміж расьсечанымі часткамі цяляці, —

20 аддам іх у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікаў душы іхняй, — і трупы іх будуць ежаю птушкам нябесным і зьвярам зямным.

21 І Сэдэкію, цара Юдэйскага, і князёў ягоных аддам у рукі ворагам іхнім і ў рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі войску цара Вавілонскага, якое адступіла ад вас.

22 Вось, Я дам загад, кажа Гасподзь, і вярну іх да гэтага горада, і яны нападуць на яго і возьмуць яго і спаляць яго агнём, і гарады Юдэі зраблю пустыняю неабжытаю.

 

Разьдзел 35

 

1 Слова, якое было Ерамію ад Госпада ў дні Ёакіма, сына Ісаі, цара Юдэйскага:

2 ідзі ў дом Рэхавітаў і пагавары зь імі, і прывядзі іх у дом Гасподні, у адзін пакой, і дай ім піць віна.

3 Я ўзяў Язанію, сына Ераміі, сына Авацыніі, і братоў ягоных, і ўсіх сыноў ягоных і ўвесь дом Рэхавітаў,

4 і прывёў іх у дом Гасподні, да сына Анана, сына Гадаліі, чалавека Божага, у пакой, які — каля пакоя князёў, над пакоем Маасэі, сына Сэлумавага, вартаўніка каля ўваходу;

5 і паставіў перад сынамі дома Рэхавітаў поўныя чары віна і шклянкі і сказаў ім: «пеце віно».

6 Але яны сказалі: «мы віна ня п’ём, бо Ёнадаў, сын Рэхаваў, бацька наш, даў нам запаведзь, сказаўшы: ня пеце віна ні вы, ні дзеці вашы давеку;

7 і дамоў ня будуйце і насеньня ня сейце, і вінаграднікаў не разводзьце і ня майце іх, а жывеце ў вашых намётах ва ўсе дні жыцьця вашага, каб вам доўга пражыць на той зямлі, дзе вы вандруеце.

8 І паслухаліся голасу Ёнадава, сына Рэхамавага, бацькі нашага, ва ўсім, што ён наказаў нам, каб ня піць віна ва ўсе дні нашыя, — мы і жонкі нашыя, і сыны нашыя і дочкі нашыя, —

9 і каб не будаваць дамоў для жыхарства нашага; і ў нас няма ні вінаграднікаў ні палёў ні пасеву;

10 а жывём у намётах і ва ўсім слухаемся і робім усё, што наказаў нам Ёнадаў, бацька наш.

11 Калі ж Навухаданосар, цар Вавілонскі, прыйшоў у зямлю гэтую, мы сказалі: хадзем, сыдзем у Ерусалім ад войска Халдэяў і ад войска Арамэяў, — і вось, мы жывём у Ерусаліме».

12 І было слова Гасподняе Ераміі:

13 так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: ідзі і скажы мужчынам Юды і жыхарам Ерусаліма: няўжо вы ня возьмеце з гэтага навуку сабе, каб слухацца словаў Маіх? кажа Гасподзь.

14 Слова Ёнадава, сына Рэхамавага, які наказаў сынам сваім ня піць віна, выконваецца, і яны ня п’юць да сягоньня, бо слухаюцца наказу бацькі свайго; а Я бесьперастанку казаў вам, казаў з самай раніцы, — і вы не паслухаліся Мяне.

15 Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы і казаў: адвярнецеся кожны ад благога шляху свайго і выпраўце паводзіны вашыя і не хадзеце сьледам за іншымі божышчамі, каб служыць ім, — і жыцьмеце на гэтай зямлі, якую Я даў вам і бацькам вашым; але вы ня прыхілілі вуха свайго і не паслухаліся Мяне.

16 Як бо сыны Ёнадава, сына Рэхамавага, выконваюць наказ бацькі свайго, які ён наказаў ім, а народ гэты ня слухаецца Мяне,

17 таму так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я навяду на Юдэю і на ўсіх жыхароў Ерусаліма ўсё тое ліха, якое Я выказаў на іх, бо Я казаў ім, а яны ня слухаліся, клікаў іх, а яны не адказвалі.

18 А дому Рэхавітаў сказаў Ерамія: за тое, што вы паслухаліся запавету Ёнадава, бацькі вашага, і захоўваеце ўсе наказы ягоныя і ва ўсім паводзіцеся, як ён наказаў вам, —

19 за тое, — так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў, не адымецца ў Ёнадава, сына Рэхамавага, муж, які стаіць перад абліччам Маім ва ўсе дні.

 

Разьдзел 36

 

1 У чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, было такое слова Ерамію ад Госпада:

2 вазьмі сабе кніжны скрутак і напішы на ім усе словы, якія Я казаў табе пра Ізраіля і пра Юду і пра ўсе народы з таго дня, як Я пачаў гаварыць табе, ад дзён Ёсіі — да гэтага дня;

3 можа быць, дом Юдаў пачуе пра ўсе бедствы, якія Я думаю зрабіць ім, каб яны адвярнуліся кожны ад благога шляху свайго, каб Я дараваў няпраўду іхнюю і грэх іхні.

4 І паклікаў Ерамія Варуха, сына Нірыі, і напісаў Варух у кніжны скрутак з вуснаў Ераміі ўсе словы Госпада, якія Ён казаў яму.

5 І загадаў Ерамія Варуху і сказаў: «я ўвязьнены і не магу ісьці ў дом Гасподні;

6 дык вось, ідзі ты і прачытай напісаныя табою ў скрутку з вуснаў маіх словы Гасподнія ў вушы народа ў доме Гасподнім у дзень посту, таксама і ў вушы ўсім Юдэям, якія прыйшлі з гарадоў сваіх, прачытай іх;

7 магчыма, яны ўзьнясуць пакорліва маленьне перад аблічча Госпада і адвернуцца кожны ад благога шляху свайго; бо вялікі гнеў і абурэньне, якое абвясьціў Гасподзь на народ гэты».

8 Варух, сын Нірыін зрабіў усё, што загадаў яму прарок Ерамія, каб словы Гасподнія, напісаныя ў скрутку, прачытаць у доме Гасподнім.

9 У пяты год Ёакіма, сына Ёсіінага, цара Юдэйскага, у дзявятым месяцы абвясьцілі пост перад абліччам Госпада ўсяму народу ў Ерусаліме і ўсяму люду, які прыйшоў у Ерусалім з гарадоў Юдэйскіх.

10 І прачытаў Варух напісаныя ў скрутку словы Ераміі ў доме Гасподнім, у пакоі Гемарыі, сына Сафанавага, пісца, на верхнім двары, каля ўваходу ў новую браму дома Гасподняга, у вушы ўсяму народу.

11 Міхей, сын Гемарыі, сына Сафанавага, чуў усе словы Гасподнія, напісаныя ў скрутку,

12 і сышоў у дом цара, у пакой царскага пісца, і вось, там сядзелі ўсе князі: Элісам, царскі пісец, і Дэлая, сын Сэмая, і Элнатан, сын Ахбоа, і Гемарыя, сын Сафана, і Сэдэкія, сын Ананія, і ўсе князі;

13 і пераказаў ім Міхей усе словы, якія ён чуў, калі Варух чытаў скрутак у вушы народу.

14 Тады ўсе князі паслалі да Варуха Егудыю, сына Натаніі, сына Сэлэміі, сына Хусіі, сказаць яму: «скрутак, які ты чытаў у вушы народу, вазьмі ў руку тваю і прыйдзі». І ўзяў Варух, сын Нірыін, скрутак у руку сваю і прыйшоў да іх.

15 Яны сказалі яму: «сядзь, і прачытай нам у вушы». І прачытаў Варух у вушы ім.

16 Калі яны выслухалі ўсе словы, дык з жахам паглядзелі адзін на аднаго, і сказалі Варуху: «мы мусова перакажам усе гэтыя словы цару».

17 І спыталіся ў Варуха: «скажы ж нам, як ты напісаў усе словы гэтыя з вуснаў ягоных»?

18 І сказаў ім Варух: «ён вымаўляў мне вуснамі сваімі ўсе гэтыя словы, а я чарнілам пісаў іх у гэты скрутак».

19 Тады сказалі князі Варуху: «ідзі, схавайся, ты і Ерамія, каб ніхто ня ведаў, дзе вы».

20 І пайшлі яны да цара ў палац, а скрутак пакінулі ў пакоі Элісама, царскага пісца, і пераказалі ў вушы цару ўсе словы гэтыя.

21 Цар паслаў Егудыю прынесьці скрутак, і ён узяў яго з пакоя Элісама, царскага пісца; і чытаў яго Егудый у вушы цару і ў вушы ўсім князям, якія стаялі каля цара.

22 Цар у той час, у дзявятым месяцы, сядзеў у зімовым доме, і перад ім гарэла жароўня.

23 Калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, цар адразаў іх пісцовым ножыкам і кідаў на агонь у жароўні, пакуль ня зьнішчаны быў увесь скрутак на агні, які быў у жароўні.

24 І не пабаяліся і не разадралі вопраткі сваёй ні цар, ні ўсе слугі ягоныя, якія чулі ўсе словы гэтыя.

25 Хоць Элнатан і Дэлая і Гемарыя ўпрошвалі цара не паліць скрутка, але ён не паслухаўся іх.

26 І загадаў цар Ерамэілу, сыну цароваму, і Сэраію, сыну Азрыілаваму, і Сэлэмію, сыну Аўдыілаваму, узяць Варуха пісца і Ерамію прарока. Але Гасподзь схаваў іх.

27 І было слова Гасподняе Ерамію, пасьля таго як цар спаліў скрутак і словы, якія Варух напісаў з вуснаў Ераміі, і сказаў яму:

28 «вазьмі сабе зноў другі скрутак і напішы ў ім усе ранейшыя словы, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі;

29 а цару Юдэйскаму Ёакіму скажы: так кажа Гасподзь: ты спаліў скрутак гэты, сказаўшы: навошта ты напісаў у ім: «мусова прыйдзе цар Вавілонскі і спустошыць зямлю гэтую, і вынішчыць на ёй людзей і быдла», —

30 за гэта, так кажа Гасподзь пра Ёакіма, цара Юдэйскага: «ня будзе ад яго таго, хто сядзецьме на троне Давідавым, і труп яго будзе выкінуты на сьпёку дзённую і на холад начны;

31 і наведаю яго і племя яго і слуг ягоных за няпраўду іхнюю, і навяду на іх і на жыхароў Ерусаліма і на мужчын Юдавых усё ліха, якое Я прамовіў на іх, а яны ня слухалі».

32 І ўзяў Ерамія другі скрутак і аддаў яго Варуху пісцу, сыну Нірыі, і ён напісаў у ім з вуснаў Ераміі ўсе словы з таго скрутка, які спаліў Ёакім, цар Юдэйскі, на агні; і яшчэ дададзена да іх шмат падобных да тых словаў.

 

Разьдзел 37

 

1 Замест Еханіі, сына Ёакімавага, цараваў Сэдэкія, сын Ёсіі, якога Навухаданосар, цар Вавілонскі, паставіў царом у зямлі Юдэйскай.

2 Ні ён, ні слугі ягоныя, ні народ краіны ня слухалі словаў Госпада, якія казаў Ён празь Ерамію прарока.

3 Цар Сэдэкія паслаў Егухала, сына Сэлэміі, і Сафонію, сына Маасэевага, сьвятара, да Ераміі прарока сказаць: «памаліся за нас Госпаду Богу нашаму».

4 Ерамія тады яшчэ свабодна ўваходзіў і выходзіў сярод народа, бо ня ўвязьнілі яго ў цямніцу.

5 Тым часам войска фараонава выступіла зь Егіпта, і Халдэі, якія аблягалі Ерусалім, пачуўшы вестку пра тое, адступілі ад Ерусаліма.

6 І было слова Гасподняе Ерамію прароку:

7 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: так скажэце цару Юдэйскаму, які паслаў вас да Мяне спытацца ў Мяне: вось, войска фараонавае, якое ішло да вас з дапамогаю, вернецца ў зямлю сваю, у Егіпет;

8 а Халдэі зноў прыйдуць і будуць ваяваць супроць горада гэтага, і возьмуць яго і спаляць яго агнём.

9 Так кажа Гасподзь: не ашуквайце сябе, кажучы: «мусова адыдуць ад нас Халдэі», бо яны не адыдуць;

10 калі б вы нават разьбілі ўсё войска Халдэяў, якія ваююць супроць вас, і засталіся б у іх толькі параненыя, дык і тыя ўсталі б, кожны з намёту свайго, і спалілі б горад гэты агнём.

11 У той час, калі войска Халдэйскае адступіла ад Ерусаліма, з прычыны войска фараонавага,

12 Ерамія пайшоў зь Ерусаліма, каб сысьці ў зямлю Веньямінавую, хаваючыся адтуль сярод народа.

13 Але калі ён быў у браме Веньямінавай, начальнік варты, які там быў, на імя Ірэія, сын Сэлэміі, сына Ананіі, затрымаў Ерамію прарока, сказаўшы: «ты хочаш перабегчы да Халдэяў?».

14 Ерамія сказаў: гэта — хлусьня; я не хачу перабегчы да Халдэяў. Але ён не паслухаў яго, і ўзяў Ірэія Ерамію і прывёў яго да князёў.

15 Князі раззлаваліся на Ерамію і білі яго, і ўвязьнілі яго ў цямніцу, у дом Ёнатана пісца, бо зрабілі яго цямніцаю.

16 Калі Ерамія ўвайшоў у цямніцу і ў склеп, і прабыў там Ерамія шмат дзён,

17 цар Сэдэкія паслаў і ўзяў яго. І пытаўся ў яго цар у доме сваім таемна і сказаў: «ці няма слова ад Госпада?», Ерамія сказаў: «ёсьць», і сказаў: «ты будзеш аддадзены ў рукі цара Вавілонскага».

18 І сказаў Ерамія цару Сэдэкіі: «чым я зграшыў перад табою і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што вы пасадзілі мяне ў цямніцу?

19 і дзе вашыя прарокі, якія прарочылі вам, кажучы: «цар Вавілонскі ня пойдзе супроць вас і супроць зямлі гэтай»?

20 І сёньня паслухай, спадару мой цар, хай упадзе дараваньне маё перад аблічча тваё; не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісца, каб мне не памерці там».

21 І даў загад цар Сэдэкія, каб увязьнілі Ерамію ў двары варты і давалі яму па кавалку хлеба на дзень з вуліцы пекараў, пакуль ня кончыўся ўвесь хлеб у горадзе. І так заставаўся Ерамія ў двары варты.

 

Разьдзел 38

 

1 І пачулі Сафатыя, сын Матанаў, і Гадолія, сын Пасхораў, і Юхал, сын Сэлэміін, і Пасхор, сын Малхіін, словы, якія Ерамія прамовіў да ўсяго люду, кажучы:

2 так кажа Гасподзь: хто застанецца ў гэтым горадзе, памрэ ад меча, голаду і пошасьці з паморкам; а хто выйдзе да Халдэяў, будзе жывы, і душа яму будзе замест здабычы, і ён застанецца жывы.

3 Так кажа Гасподзь: мусова будзе аддадзены горад гэты ў рукі войска цара Вавілонскага, і ён возьме яго.

4 Тады князі сказалі цару: «хай будзе гэты чалавек аддадзены сьмерці, бо ён аслабляе рукі воінам, якія застаюцца ў гэтым горадзе, і рукі ўсяму народу, кажучы ім такія словы; бо гэты чалавек не дабрадзенства зычыць народу гэтаму, а бедства»,

5 і сказаў цар Сэдэкія: «вось, ён у вашых руках, бо цар нічога ня можа рабіць насуперак вам».

6 Тады ўзялі Ерамію і ўкінулі яго ў яму Малхіі, сына царовага, якая была ў двары варты, і апусьцілі Ерамію на вяроўках; у яме той ня было вады, а толькі гразь, і апусьцілі Ерамію ў гразь.

7 І пачуў Аўдэмэлэх Эфіоп, адзін зь еўнухаў, што былі ў царскім доме, што Ерамію пасадзілі ў яму; а цар сядзеў тады каля брамы Веньямінавай.

8 І выйшаў Аўдэмэлэх з дому царскага і сказаў цару:

9 «спадару мой цар! блага зрабілі гэтыя людзі, такое ўчыніўшы зь Ераміем прарокам, якога ўкінулі ў яму; ён памрэ там з голаду, бо няма болей хлеба ў горадзе».

10 Цар загадаў Аўдэмэлэху Эфіопу, сказаўшы: «вазьмі з сабою адгэтуль трыццаць чалавек і выцягні Ерамію прарока зь ямы, пакуль ён не памёр».

11 Аўдэмэлэх узяў людзей з сабою і ўвайшоў у дом царскі пад кладоўкаю, і ўзяў адтуль старога нягоднага рызьзя і старых нягодных лахманоў і апусьціў іх на вяроўках у яму Ерамію.

12 І сказаў Аўдэмэлэх Эфіоп Ерамію: «падкладзі гэтыя старыя кінутыя анучы і лахманы пад пахі рук тваіх, пад вяроўкі». І зрабіў так Ерамія.

13 І пацягнулі Ерамію на вяроўках і выцягнулі яго зь ямы; і заставаўся Ерамія ў двары варты.

14 Тады цар Сэдэкія паслаў і паклікаў Ерамію прарока да сябе, пры трэцім уваходзе ў дом Гасподні, і сказаў цар Ерамію: «я ў цябе нешта спытаюся; ня ўтойвай ад мяне нічога».

15 І сказаў Ерамія Сэдэкію: «калі я адкрыю табе, ці не аддасі мяне сьмерці? і калі дам табе параду, ты не паслухаешся мяне».

16 І прысягаўся цар Сэдэкія Ерамію таемна, кажучы: «жывы Гасподзь, Які стварыў нам душу гэтую, не аддам цябе сьмерці і не аддам у рукі гэтых людзей, якія шукаюць душы тваёй».

17 Тады Ерамія сказаў Сэдэкію: «так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: калі ты выйдзеш да князёў цара Вавілонскага, дык жывая будзе душа твая, і гэты горад ня будзе спалены агнём, і ты будзеш жывы, і дом твой;

18 а калі ня выйдзеш да князёў цара Вавілонскага, дык гэты горад будзе выдадзены ў рукі Халдэям, і яны спаляць яго агнём, і ты не ўцячэш ад рук іхніх».

19 І сказаў цар Сэдэкія Ерамію: «я баюся Юдэяў, якія перайшлі да Халдэяў, каб Халдэі ня выдалі мяне ў рукі ім, і каб тыя не паглуміліся зь мяне».

20 І сказаў Ерамія: «ня выдадуць; паслухай голасу Госпада ў тым, што я кажу табе, і добра табе будзе, і жывая будзе душа твая.

21 А калі ты не захочаш выйсьці, дык вось слова, якое адкрыў мне Гасподзь:

22 вось, усе жанчыны, якія засталіся ў доме цара Юдэйскага, заведзены будуць да князёў цара Вавілонскага, і скажуць яны: «цябе змусьцілі і адолелі сябры твае; ногі твае загразьлі ў брудзе, і яны адышлі ад цябе», —

23 і ўсіх жонак тваіх і дзяцей тваіх завядуць да Халдэяў, і ты не ўцячэш ад рук іхніх, а будзеш узяты рукою цара Вавілонскага і зробіш тое, што горад гэты будзе спалены агнём.

24 І сказаў Сэдэкія Ерамію: «ніхто не павінен ведаць гэтых словаў і тады ты не памрэш;

25 і калі пачуюць князі, што я гутарыў з табою, і прыйдуць да цябе, і скажуць табе: «скажы нам, што казаў ты цару, ня ўтойвай ад нас і мы не дамо цябе сьмерці, — а таксама што казаў табе цар»,

26 дык скажы ім: я склаў перад абліччам цара прашэньне маё, каб не вяртаць мяне ў дом Ёнатанаў, каб не памерці там».

27 І прыйшлі ўсе князі да Ераміі і пыталіся ў яго, і ён сказаў ім згодна з усімі словамі, якія цар загадаў сказаць, і яны моўчкі пакінулі яго, бо не даведаліся, што было сказана цару.

28 І заставаўся Ерамія ў двары варты да таго дня, у які быў узяты Ерусалім. І Ерусалім быў узяты.

 

Разьдзел 39

 

1 У дзявяты год Сэдэкіі, цара Юдэйскага, у дзясятым месяцы, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліма, і аблеглі яго.

2 А ў адзінаццаты год Сэдэкіі, у чацьвёртым месяцы, у дзявяты дзень месяца горад быў узяты.

3 І ўвайшлі ў яго ўсе князі цара Вавілонскага і разьмсьціліся ў сярэдняй браме, Нэргал-Шарэцэр, Самгар-Нэво, Сарсэхім, начальнік еўнухаў, Нэргал-Шарэцэр, начальнік магаў, і ўсе астатнія князі цара Вавілонскага.

4 Калі Сэдэкія, цар Юдэйскі, і ўсе вайсковыя людзі ўбачлі іх, — пабеглі, і ўночы выйшлі з горада праз царскі сад у браму паміж дзьвюма сьценамі і пайшлі па дарозе на раўніне.

5 Але войска Халдэйскае пагналася за імі; і дагналі Сэдэкію на раўнінах Ерыхонскіх; і ўзялі яго і завялі да Навухаданосара, цара Вавілонскага, у Рыўлу, у зямлю Эмат, дзе ён учыніў суд над ім.

6 І закалоў цар Вавілонскі сыноў Сэдэкіі ў Рыўле ў яго на вачах, і ўсіх вяльможаў Юдэйскіх закалоў цар Вавілонскі;

7 а Сэдэкіі выкалаў вочы, і закаваў яго ў аковы, каб завесьці яго ў Вавілон.

8 Цароў дом і дамы народа Халдэі спалілі агнём, і сьцены Ерусаліма разбурылі.

9 А рэшту людзей, якія заставаліся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перайшлі да яго, і іншы астатні люд Навузардан, начальнік целаахоўцаў, перасяліў у Вавілон.

10 А бедных з народа, якія нічога ня мелі, Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў у Юдэйскай зямлі і даў ім тады вінаграднікі і палі,

11 А пра Ерамію Навухаданосар, цар Вавілонскі, даў такі загад Навузардану, начальніку целаахоўцаў:

12 «вазьмі яго і май яго на ўвазе, і не рабі яму нічога благога, а рабі зь ім так, як ён скажа табе».

13 І паслаў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і Навузардан, начальнік еўнухаў, і Нэргал-Шарэцэр, начальнік магаў, і ўсе князі цара Вавілонскага

14 паслалі і ўзялі Ерамію з двара варты, і даручылі яго Гадолію, сыны Ахікамаву, сыну Сафанаву, завесьці яго дамоў. І ён застаўся жыць сярод народа.

15 Ерамію, яшчэ калі яго трымалі ў двары цямніцы, было слова Гасподняе:

16 ідзі, скажы Аўдэмэлэху Эфіопу: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я спраўджу словы Мае пра горад гэты на ліха, а не на дабро яму, і яны збудуцца ў той дзень на вачах тваіх;

17 але цябе Я выбаўлю ў той дзень, кажа Гасподзь, і ня будзеш аддадзены ў рукі людзям, якіх ты баішся.

18 Я выбаўлю цябе, і ты не загінеш ад меча, і душа твая застанецца ў цябе замест здабычы, бо ты на Мяне надзею паклаў, сказаў Гасподзь.

 

Разьдзел 40

 

1 Слова, якое было Ераміі ад Госпада, пасьля таго як Навузардан, начальнік целаахоўцаў, адпусьціў яго з Рамы, дзе ён узяў яго скаванага ланцугамі сярод іншых палонных Ерусалімцаў і Юдэяў, якіх перасялілі ў Вавілон.

2 Начальнік целаахоўцаў узяў Ерамію і сказаў яму: «Гасподзь Бог твой вырак гэта бедства на месца гэтае,

3 і навёў яго Гасподзь і зрабіў тое, што сказаў; бо вы зграшылі перад Госпадам і ня слухаліся голасу Ягонага, за тое і спасьцігла вас гэта.

4 Дык вось, я вызваляю цябе сёньня з ланцугоў, якія на руках тваіх: калі табе заўгодна ісьці са мною ў Вавілон, — ідзі, і я мецьму клопат за цябе; а калі незаўгодна табе ісьці са мною ў Вавілон, — заставайся. Вось, уся зямля перад табою; куды табе заўгодна, і куды падабаецца ісьці, туды і ідзі».

5 Калі ён яшчэ не адышоў, сказаў Навузардан: «ідзі да Гадоліі, сына Ахікамавага, сына Сафанавага, якога цар Вавілонскі паставіў над гарадамі Юдэйскімі, і заставайся зь ім сярод народа; альбо ідзі, куды падабаецца табе ісьці». І даў яму начальнік целаахоўцаў прадуктаў і дарунак і адпусьціў яго.

6 І прыйшоў Ерамія да Гадоліі, сына Ахзікамавага, у Масіфу, і жыў зь ім сярод народа, які заставаўся ў краіне.

7 Калі ўсе ваеначальнікі, якія былі ў полі, яны і людзі іхнія, пачулі, што цар Вавілонскі паставіў Гадолію, сыны Ахікамавага, начальнікам над краінаю і даручыў Яму мужчын і жанчын і дзяцей, і тых зь беднякоў краіны, якія ня былі пераселены ў Вавілон,

8 тады прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу і Ісмаіл, сын Натаніі, і Ёанан і Ёнатан, сыны Карэевыя, і Сэрая, сын Танасмэта, і сыны Офі з Нэтафаты, і Езанія, сын Махаты, яны і дружына іхняя,

9 Гадолія, сын Ахікамаў, сына Сафанавага, запрысягнуўся ім, кажучы: «ня бойцеся служыць Халдэям, заставайцеся на зямлі і служэце цару Вавілонскаму, і будзе вам добра;

10 А я застануся ў Масіфе, каб стаяць перад абліччам Халдэяў, якія будуць прыходзіць да нас; а вы зьбірайце віно і летнія плады і алей і зьбірайце ў посуд ваш, і жывеце ў гарадах вашых, якія занялі».

11 Таксама і ўсе Юдэі, якія былі ў зямлі Маавіцкай і сярод сыноў Амона і ў Ідумэі, і ва ўсіх краінах, пачулі, што цар Вавілонскі пакінуў частку Юдэяў і паставіў над імі Гадолію, сына Ахікамавага, сына Сафанавага;

12 і вярнуліся ўсе гэтыя Юдэі з усіх мясьцінаў, куды былі выгнаны, і прыйшлі ў зямлю Юдэйскую да Гадоліі ў Масіфу, і сабралі віна і летніх пладоў вельмі шмат.

13 Тым часам Янан, сын Карэеў, і ўсе вайсковыя начальнікі, якія былі ў полі, прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу

14 і сказалі яму: «ці ведаеш ты, што Вааліс, цар сыноў Амонавых, прыслаў Ісмаіла, сына Натаніі, каб забіць цябе»? Але Гадолія, сын Ахікамаў, не паверыў ім.

15 Тады Янан, сын Карэеў, сказаў Гадоліі патайна ў Масіфе: «дазволь мне, і я пайду і заб’ю Ісмаіла, сына Натаніі, і ніхто не даведаецца; навошта дапускаць, каб ён забіў цябе, і каб усе Юдэі, што сабраліся да цябе, расьсеяліся, і каб загінула рэшта Юдава»?

16 Але Гадолія, сын Ахікамаў, сказаў Янану, сыну Карэеваму: «не рабі гэтага, бо ты няпраўду кажаш пра Ісмаіла».

 

Разьдзел 41

 

1 І было ў сёмы месяц, Ісмаіл, сын Натаніі, сына Элісама зь племя царскага, і вяльможы царовыя і дзесяць чалавек зь ім прыйшлі да Гадоліі, сына Ахікамавага, у Масіфу, і там яны елі разам хлеб у Масіфе.

2 І ўстаў Ісмаіл, сын Натаніі, і дзесяць чалавек, якія былі зь ім, і ўдарылі Гадолію, сына Ахікамавага, сына Сафанавага, мечам і забілі таго, каго цар Вавілонскі паставіў начальнікам над краінаю.

3 Таксама забіў Ісмаіл і ўсіх Юдэяў, якія былі зь ім, з Гадоліем, у Масіфе, і былых там Халдэяў, людзей вайсковых.

4 На другі дзень пасьля забойства Гадоліі, калі ніхто ня ведаў пра гэта,

5 прыйшлі зь Сіхема, Сілома і Самарыі восемдзесят чалавек з паголенымі бародамі і ў падранай вопратцы, і параніўшы сябе, з дарункамі і ліванам у руках для прынясеньня іх у дом Гасподні.

6 Ісмаіл, сын Натаніі, выйшаў з Масіфы насустрач ім, ідучы і плачучы, і спаткаўшыся зь імі, сказаў ім: «ідзеце да Гадоліі, сына Ахікамавага».

7 І як толькі яны ўвайшлі ўсярэдзіну горада, Ісмаіл, сын Натаніі перабіў іх і ўкінуў у роў, ён і былыя зь ім людзі.

8 Але знайшліся сярод іх дзесяць чалавек, якія сказалі Ісмаілу: «не забівай нас, бо ў нас ёсьць у полі схаваныя скарбы з пшаніцаю і ячменем, і алеем і мёдам». І ён утрымаўся і не забіў іх зь іншымі братамі іхнімі.

9 А роў, куды кінуў Ісмаіл усе трупы людзей, якіх ён забіў за Гадолію, быў той самы, які выкапаў цар Аса, баючыся Ваасы, цара Ізраільскага; яго напоўніў Ісмаіл, сын Натаніі, забітымі.

10 І захапіў Ісмаіл усю рэшту народа, што быў у Масіфе, дачок царовых і ўсю рэшту людзей у Масіфе, якіх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, даручыў Гадоліі, сыну Ахікамаваму, і захапіў іх Ісмаіл, сын Натаніі, і выправіўся да сыноў Амонавых.

11 Але калі Ёанан, сын Карэеў і ўсе ваеначальнікі, што былі зь ім, пачулі пра ўсе зладзействы, якія ўчыніў Ісмаіл, сын Натаніі,

12 узялі ўсіх людзей і пайшлі на бітву зь Ісмаілам, сынам Натаніі, і дагналі яго каля вялікіх водаў, у Гаваоне.

13 І калі ўвесь народ, які быў у Ісмаіла, угледзеў Ёанана, сына Карэевага, і ўсіх ваенных начальнікаў, што былі зь ім, — узрадаваўся;

14 і адвярнуўся ўвесь люд, які Ісмаіл зьвёў у палон з Масіфы, і павярнуўся і пайшоў да Ёанана, сына Карэевага,

15 а Ісмаіл, сын Натаніі, уцёк ад Ёанана з васьмю людзьмі і пайшоў да сыноў Амонавых.

16 Тады Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі, што былі зь ім, узялі з Масіфы ўсю рэшту люду, які ён вызваліў ад Ісмаіла, сына Натаніі, пасьля таго як той забіў Гадолію, сына Ахікамавага, мужчын, ваенных людзей і жанок і дзяцей, і еўнухаў, якіх ён вывеў з Гаваона;

17 і пайшлі і спыніліся ў селішчы Хімам, непадалёк ад Віфляема, каб пайсьці ў Егіпет

18 ад Халдэяў, бо яны баяліся іх, бо Ісмаіл, сын Натаніі, забіў Гадолію, сына Ахікамавага, якога цар Вавілонскі паставіў начальнікам над краінаю.

 

Разьдзел 42

 

1 І падступіліся ўсе ваенныя начальнікі, і Ёанан, сын Карэеў, і Езанія, сын Гашаі і ўвесь люд ад малога да старога,

2 і сказалі Ерамію прароку: «хай прыпадзе перад аблічча тваё прашэньне наша, памаліся за нас Госпаду Богу твайму за ўсю гэтую рэшту, бо з многага засталося нас мала, як вочы твае бачаць нас,

3 каб Гасподзь Бог твой паказаў нам дарогу, якою нам ісьці, і тое, што нам рабіць».

4 І сказаў ім Ерамія прарок: «чую, памалюся Госпаду Богу вашаму, паводле слоў вашых, і ўсё, што адкажа вам Гасподзь, абвяшчу вам, ня ўтою ад вас ні слова».

5 Яны сказалі Ерамію: «Гасподзь хай будзе паміж намі сьведкам слушным і праўдзівым у тым, што мы дакладна выканаем усё тое, з чым прышле цябе да нас Гасподзь Бог твой:

6 ці добра, ці блага тое будзе, але голасу Госпада Бога нашага, да Якога пасылаем цябе, паслухаемся, каб нам было добра, калі будзем паслухмяныя голасу Госпада Бога нашага».

7 Як прайшло дзесяць дзён, было слова Гасподняе Ерамію.

8 Ён паклікаў да сябе Ёанана, сына Карэевага, і ўсіх ваенных начальнікаў, што былі зь ім, і ўвесь люд, ад малога да старога

9 і сказаў ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў, да Якога вы пасылалі мяне, каб пакласьці перад Ім маленьне ваша:

10 калі застанецеся на зямлі гэтай, дык Я ўладжу вас і ня спустошу, пасаджу вас і ня выкараню, бо Я шкадую за тое бедства, якое навёў на вас.

11 Ня бойцеся цара Вавілонскага, якога вы баіцеся; ня бойцеся яго, кажа Гасподзь, бо Я з вамі, каб уратаваць вас і выбаўляць вас ад рукі ягонай.

12 І пакажу вам літасьць, і ён зьлітасьцівіцца з вас і верне вас у зямлю вашу.

13 Калі ж вы скажаце: «ня хочам жыць у гэтай зямлі», і не паслухаецеся голасу Госпада Бога вашага, кажучы:

14 «не, мы пойдзем у зямлю Егіпецкую, дзе вайны ня ўбачым і трубнага голасу не пачуем, і галадаць ня будзем, і там жыцьмем»,

15 дык выслухайце сёньня слова Гасподняе, вы, рэшта Юды: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: калі вы рашуча павернеце твары вашыя, каб ісьці ў Егіпет, і пойдзеце, каб жыць там,

16 дык меч, якога вы баіцеся, дагоніць вас там, у зямлі Егіпецкай, і голад, якога вы страшыцеся, будзе заўсёды сьледаваць за вамі там у Егіпце, і там памраце.

17 І вось, каторыя павернуць твар свой, каб ісьці ў Егіпет і там жыць, памруць ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці, і ніводзін зь іх не застанецца і не пазьбегне таго бедства, якое я навяду на іх.

18 Бо так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: як выліўся гнеў Мой і лютасьць Мая на жыхароў Ерусаліма, так выльецца лютасьць Мая на вас, калі ўвойдзеце ў Егіпет, і вы будзеце пракляцьцем і жудасьцю, і паганьбеньнем і кляцьбою, і ня ўбачыце болей месца гэтага.

19 Да вас, рэшта Юдава, прамовіў Гасподзь: не хадзеце ў Егіпет; цьвёрда ведайце, што я сёньня перасьцярог вас;

20 бо вы зграшылі супроць саміх сябе: вы паслалі мяне да Госпада Бога нашага, сказаўшы: «памаліся за нас Госпаду Богу нашаму, і ўсё, што скажа Гасподзь Бог наш, абвясьці нам, — і мы зробім»,

21 Я абвясьціў вам сёньня; але вы не паслухаліся голасу Госпада Бога нашага і ўсяго таго, з чым Ён паслаў мяне да вас.

22 Дык вось ведайце, што вы памраце ад меча, голаду, паморку і згубнай пошасьці ў тым месцы, куды хочаце ісьці, каб жыць там.

 

Разьдзел 43

 

1 Калі Ерамія перадаў людзям усе словы Госпада Бога іхняга, усе тыя словы, зь якімі Гасподзь Бог іхні паслаў яго да іх,

2 тады сказаў Азарыя, сын Асаіі, і Ёанан, сын Карэеў, і ўсе дзёрзкія людзі сказалі Ерамію: «няпраўду ты кажаш, не пасылаў цябе Гасподзь Бог наш сказаць: «не хадзеце ў Егіпет, каб жыць там»;

3 а Варух, сын Нірыін, падбухторвае цябе супроць нас, каб перадаць нас у рукі Халдэям, каб яны забілі нас, альбо завялі нас палоннымі ў Вавілон».

4 І не паслухаўся Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі, і ўвесь народ голасу Госпада, каб застацца ў зямлі Юдэйскай.

5 І ўзяў Ёанан, сын Карэеў, і ўсе ваенныя начальнікі ўсю рэшту Юдэеў, якія вярнуліся з усіх народаў, куды яны былі выгнаныя, каб жыць ў зямлі Юдэйскай,

6 мужоў і жонак і дзяцей, і дачок цара і ўсіх тых, каго Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў з Гадоліем, сынам Ахікамавым, сына Сафанавага, і Ерамію прарока, і Варуха, сына Нірыінага;

7 і пайшлі ў зямлю Егіпецкую, бо не паслухаліся голасу Гасподняга, і дайшлі да Тафніса.

8 І было слова Гасподняе Ерамію ў Тафнісе:

9 вазьмі ў рукі свае вялікія камяні і схавай іх у пакамячанай гліне пры ўваходзе ў дом фараона ў Тафнісе, на вачах у Юдэяў,

10 і скажы ім: так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я пашлю і вазьму Навухаданосара, цара Вавілонскага, раба Майго, і пастаўлю трон ягоны на гэтых камянях, схаваных Мною, і раскіне ён над ім цудоўны намёт свой

11 і прыйдзе, і паб’е зямлю Егіпецкую: хто асуджаны на сьмерць, той аддадзены будзе сьмерці; і хто ў палон, пойдзе ў палон; і хто пад меч, — пад меч.

12 І запалю агонь у капішчах божышчаў Егіпцянаў; і ён спаліць іх, а гэтых возьме ў палон, і апранецца ў зямлю Егіпецкую, як пастух апранаецца ў вопратку сваю, і выйдзе адтуль спакойна;

13 і паб’е статуі ў Бэтсамісе, што ў зямлі Егіпецкай, і капішчы божышчаў Егіпецкіх спаліць агнём.

 

Разьдзел 44

 

1 Слова, якое было Ерамію пра ўсіх Юдэяў, якія жылі ў зямлі Егіпецкай і пасяліліся ў Магдоле і Тафнісе, і ў Нофе, і ў зямлі Патрос:

2 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы бачылі ўсё бедства, якое Я навёў на Ерусалім і на ўсе гарады Юдэйскія; вось, яны цяпер пустыя, і ніхто ня жыве ў іх,

3 за бязбожнасьць іхнюю, якую яны чынілі, гневаючы Мяне, ходзячы кадзіць і служыць іншым божышчам, якіх ня ведалі ні яны, ні вы, ні бацькі вашыя.

4 Я пасылаў да вас усіх рабоў Маіх, прарокаў, пасылаў з самае раніцы, каб сказаць: «не рабеце гэтае агіднае справы, якую Я ненавіджу».

5 Але яны ня слухаліся і не прыхілілі вуха свайго, каб адвярнуцца ад сваёй бязбожнасьці, не кадзіць іншым багам.

6 І вылілася лютасьць Мая і гнеў Мой і разгарэлася ў гарадах Юдэі і на вуліцах Ерусаліма; і яны зрабіліся развалінамі і пустыняю, як бачыце сёньня.

7 І сёньня так кажа Гасподзь Бог Саваоф, Бог Ізраілеў: навошта вы робіце гэта вялікае зло душам вашым, вынішчаючы ў сябе мужчын і жанчын, дарослых дзяцей і немаўлят з асяродзьдзя Юдэі, каб не пакінуць у сябе астатку,

8 гневаючы Мяне вырабам рук сваіх, каджэньнем іншым багам у зямлі Егіпецкай, куды вы прыйшлі жыць, каб загубіць сябе і зрабіцца праклёнам і паганьбеньнем ва ўсіх народаў зямлі?

9 Хіба вы забылі бязбожнасьць бацькоў вашых і бязбожнасьць цароў Юдэйскіх, вашу ўласную бязбожнасьць і бязбожнасьць жанчын вашых, якую яны чынілі ў зямлі Юдэйскай і на вуліцах Ерусаліма?

10 Ня зьмірыліся яны да сёньняшняга дня, і не баяцца і ня ўчыняюць паводле закона Майго і паводле пастановаў Маіх, якія Я даў вам і бацькам вашым.

11 Таму так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: вось, Я павярну супроць вас аблічча Маё на пагібель і на вынішчэньне ўсёй Юдэі

12 і вазьму рэшту Юдэяў, якія павярнулі аблічча сваё, каб ісьці ў зямлю Егіпецкую і жыць там, і ўсе яны будуць вынішчаны, загінуць у зямлі Егіпецкай; мечам і голадам будуць вынішчаны; ад малога і да старога памруць ад меча і голаду, і будуць праклёнам і жахам, асудаю і паганьбеньнем.

13 Наведаю тых, што жывуць у зямлі Егіпецкай, як Я наведаў Ерусалім, мечам і голадам, паморкам і згубнай пошасьцю,

14 і ніхто ня ўнікне і не ацалее з рэшты Юдэяў, што прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там і потым вярнуцца ў зямлю Юдэйскую, куды яны ўсёю душою хочуць вярнуцца, каб жыць там; ніхто ня вернецца, акрамя тых, якія ўцякуць адтуль.

15 І адказвалі Ерамію ўсе мужчыны, якія ведалі, што жонкі іхнія кадзяць іншым багам, і ўсе жанчыны, што стаялі там у вялікім мностве, і ўвесь люд, які жыў у зямлі Егіпецкай, у Патросе, і сказалі:

16 «словы, якія ты казаў нам імем Госпада, мы ня слухаем ад цябе;

17 але канечне будзем рабіць усё тое, што выйшла з вуснаў нашых, каб кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньні, як мы рабілі, мы і бацькі нашыя, цары нашыя і князі нашыя, у гарадах Юдэі і на вуліцах.

18 А з таго часу, як перасталі мы кадзіць багіні неба і выліваць ёй выліваньне, церпім ва ўсім нястачу і гінем ад меча і голаду.

19 І калі мы кадзілі багіні неба і вылівалі ёй выліваньні, дык хіба бязь ведама мужоў нашых рабілі мы ёй піражкі з выяваю яе і вылівалі ёй выліваньні»?

20 Тады сказаў Ерамія ўсяму люду, мужчынам і жанчынам, і ўсяму люду, які так адказаў яму:

21 «ці ж ня гэта каджэньне, якое чынілі вы ў гарадах Юдэйскіх і на вуліцах Ерусаліма, вы і бацькі вашыя, цары вашыя і князі вашыя, і народ краіны, спамянуў Гасподзь? І ці не яно ўзышло Яму на сэрца?

22 Гасподзь ня мог болей трываць ліхіх дзеяў вашых і гідотаў, якія вы рабілі; таму і зрабілася зямля ваша пустыняю і жахам, і праклёнам, без жыхароў, як бачыце сёньня.

23 Як бо вы, учыняючы тое курэньне, грашылі перад Госпадам і ня слухаліся голасу Госпада, і не паводзіліся паводле закона Ягонага і паводле пастановаў Ягоных, і паводле загадаў Ягоных, дык і спасьцігла вас гэтая бяда, як бачыце сёньня».

24 І сказаў Ерамія ўсяму народу і ўсім жанчынам: слухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай:

25 Так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вы і жонкі вашыя, што вуснамі сваімі гаварылі тое і рукамі сваімі рабілі; вы кажаце: «будзем выконваць зарокі нашыя, якія мы давалі, каб кадзіць багіні неба і паліваць ёй паліваньне», — цьвёрда трымайцеся зарокаў вашых і дакладна выконвайце зарокі вашыя.

26 Затое выслухайце слова Гасподняе, усе Юдэі, якія жывуць у зямлі Егіпецкай: вось, Я запрысягнуўся вялікім імем Маім, кажа Гасподзь, што ня будзе ўжо на ўсёй зямлі Егіпецкай вымаўляцца імя Маё вуснамі якога-небудзь Юдэя, які кажа: «жывы Гасподзь Бог!»

27 Вось Я буду сачыць за вамі на пагібель, а не на дабро; і ўсе Юдэі, якія ў зямлі Егіпецкай, будуць гінуць ад меча і голаду, пакуль зусім ня вынішчацца.

28 Толькі невялікі лік тых, што пазьбегнуць меча, вернуцца зь зямлі Егіпецкай у зямлю Юдэйскую, і даведаюцца ўсе пазасталыя Юдэі, якія прыйшлі ў зямлю Егіпецкую, каб пажыць там, чыё слова збудзецца, Маё, ці іхняе.

29 І вось вам азнака, кажа Гасподзь, што Я наведаю вас на гэтым месцы, каб вы ведалі, што збудуцца словы Мае пра вас на пагібель вам.

30 Так кажа Гасподзь: вось, Я аддам фараона Вафрыя, цара Егіпецкага, у рукі ворагам ягоным і ў рукі шукальнікам душы ягонай, як аддаў Сэдэкію, цара Юдэйскага, у рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, ворагу ягонаму і шукальніку душы ягонай.

 

Разьдзел 45

 

1 Слова, якое прарок Ерамія сказаў Варуху, сыну Нірыінаму, калі ён напісаў словы гэтыя з вуснаў Ераміі ў кнігу, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага:

2 так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў табе, Варух:

3 ты кажаш: «гора мне! бо Гасподзь прыклаў скруху да хваробы маёй; я змогся ад уздыханьняў маіх і не знаходжу спакою».

4 так скажы яму: так кажа Гасподзь: вось, што Я пабудаваў, разбуру, і што насадзіў, выкарчую, — усю гэтую зямлю.

5 А ты просіш сабе вялікага: не прасі; бо вось, Я навяду бедства на ўсякую плоць, кажа Гасподзь, а табе замест здабычы пакіну душу тваю ва ўсіх мясьцінах, куды ні пойдзеш.

 

Разьдзел 46

 

1 Слова Гасподняе, якое было Ерамію прароку пра народы язычніцкія:

2 пра Егіпет, пра войска фараона Нэхао, цара Егіпецкага, якое было каля ракі Еўфрат і Кархаміс, і якое пабіў Навухаданосар, цар Вавілонскі, у чацьвёрты год Ёакіма, сына Ёсіі, цара Юдэйскага.

3 Рыхтуйце шчыты і дзіды, і ўступайце ў бітву;

4 сядлайце коні і сядайце, вершнікі, і станавецеся ў шаломах; мяньцеце дзіды, апранайцеся ў браню.

5 Чаму ж, бачу Я, яны зьнясьмеліліся і павярнуліся назад? і дужыя ў іх пабітыя, і бягуць без аглядкі; адусюль жах, кажа Гасподзь.

6 Не ўцячэ хуткі на ногі, і не ўратуецца дужы; на поўначы, каля ракі Еўфрат, яны спатыкнуцца і ўпадуць.

7 Хто гэта падымаецца, як рака, і як патокі хвалююцца воды яго?

8 Егіпет падымаецца, як рака, і, як патокі, захваляваліся воды яго, і кажа: «падымуся і пакрыю зямлю, загублю горад і жыхароў яго».

9 Сядайце на коні і імчэце, калясьніцы, і выступайце, дужыя, Эфіопы і Лівійцы, узброеныя шчытом, і Лідыйцы, што трымаеце лукі і напінаеце іх;

10 бо дзень гэты ў Госпада Бога Саваофа ёсьць дзень помсты, каб адпомсьціць ворагам Ягоным; і меч будзе пажыраць, і насыціцца і ўп’ецца крывёю іхняю; бо гэта Госпаду Богу Саваофу будзе ахвяраваньне ў зямлі паўночнай, каля ракі Еўфрат.

11 Ідзі ў Галаад і вазьмі бальзаму, дзева, дачка Егіпта; дарма ты будзеш памнажаць лекаваньні, няма табе ацаленьня.

12 Пачулі народы пра пасаромленьне тваё, і лямант твой напоўніў зямлю; бо дужы сутыкнуўся з дужым, і абодва разам загінулі.

13 Слова, якое сказаў Гасподзь прароку Ерамію пра Навухаданосара, цара Вавілонскага, каб разьбіць зямлю Егіпецкую:

14 абвясьцеце ў Егіпце і дайце знак у Магдоле, і дайце знаць у Нофе і Тафнісе; скажэце: «спыніся і рыхтуйся, бо меч пажырае навакольлі твае».

15 Чаму дужы твой павалены? — ня ўстояў, бо Гасподзь пагнаў яго.

16 Ён памножыў тых, што падалі, нават падалі адзін на аднаго, і казалі: «уставай і вернемся да народу нашага ў родную нашу зямлю ад пагібельнага меча»,

17 А там крычаць: «фараон; цар Егіпта сумеўся; ён прапусьціў умоўлены час».

18 Жыву Я, кажа Цар, імя Якога — Гасподзь Саваоф: як Тавор сярод гор і як Карміл каля мора, так пэўна прыйдзе ён.

19 Рыхтуй сабе патрэбнае на перасяленьне, дачка — жыхарка Егіпта, бо Ноў будзе спустошаны, застанецца без жыхара.

20 Егіпет — цудоўная цялушка; але пагібель ідзе з поўначы, ідзе.

21 І найміты яго сярод яго, як укормленыя цяляты, — і самыя павярнулі назад, пабеглі ўсе, ня ўстоялі, бо прыйшоў на іх дзень пагібелі іхняй, час наведваньня іх.

22 Голас яго ляціць, як зьмяіны; яны ідуць з войскам, прыйдуць на яго зь сякерамі, як дрывасекі;

23 высякуць лес яго, кажа Гасподзь, бо яны нязьлічоныя; іх больш, чым саранчы, і няма ліку ім.

24 Пасаромлена дачка Егіпта, перададзена ў рукі народу паўночнаму.

25 Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў кажа: вось, Я наведаю Амона, які ў Но, і фараона і Егіпет, і багоў яго і цароў яго, фараона, і тых, што спадзяюцца на яго;

26 і перадам іх у рукі шукальнікам душы іхняй і ў рукі Навухаданосару, цару Вавілонскаму, і ў рукі рабам ягоным; але пасьля таго ён будзе населены, як у ранейшыя дні, кажа Гасподзь.

27 Ты ж ня бойся, рабе Мой Якаў, і не палохайся, Ізраіле: бо вось, Я выратую цябе з далёкай краіны і насеньне тваё зь зямлі палону іхняга; і вернецца Якаў, і будуць жыць спакойна і мірна, і ніхто ня будзе палохаць яго.

28 Ня бойся, рабе Мой Якаў, кажа Гасподзь: бо Я з табою; Я зьнішчу ўсе народы, да Якіх Я выгнаў цябе, а цябе ня вынішчу; а толькі пакараю цябе ў меры; непакараным жа не пакіну цябе.

 

Разьдзел 47

 

1 Слова Госпада, якое было Ерамію пра Філістымлян, перш чым фараон разьбіў Газу.

2 Так кажа Гасподзь: вось, падымаюцца воды з поўначы і зробяцца патокам павадкавым, і затопяць зямлю і ўсё, што напаўняе яе, горад і жыхароў яго; тады залямантуюць людзі, і загалосяць усе насельнікі краіны.

3 Ад шумнага тупату капытоў дужых коней ягоных, ад стукату калясьніц ягоных, бацькі не азірнуцца на дзяцей сваіх, бо рукі ў іх апусьцяцца

4 ад таго дня, які прыйдзе зьнішчыць усіх Філістымлян, адабраць у Тыра і Сідона ўсіх астатніх памочнікаў, бо Гасподзь спустошыць Філістымлян, рэшту горада Кафтора.

5 Аблысела Газа, гіне Аскалон, рэшта даліны іхняй.

6 Дакуль будзеш сячы іх, о, мечу Гасподні! дакуль ты ня ўрымсьцішся? вярніся ў похвы твае, перастань і супакойся.

7 Але як табе супакоіцца, калі Гасподзь даў загад супроць Аскалона і супроць берагу марскога? туды Ён скіраваў яго.

 

Разьдзел 48

 

1 Пра Мааў так кажа Гасподзь Саваоф Бог Ізраілеў: гора Нэво! ён спустошаны; Карыятаім пасаромлены і ўзяты; Мізгаў пасаромлены і разьбіты.

2 Няма болей славы Маава; у Эсэвоне намышляюць супроць яго ліхое: «хадзем», скасуем яго зь ліку народаў». І ты, Мадмэна, загінеш; меч ідзе сьледам за табою.

3 Чуцен лямант ад Аранаіма, спусташэньне і разбурэньне вялікае.

4 Разьбіты Мааў; ляманту нарабілі дзеці ягоныя.

5 На ўзыходзе ў Лухіт плач і плач падымаецца; і на спуску з Аранаіма непрыяцель чуе лямант пра руйнаваньне.

6 Уцякайце, ратуйце жыцьцё сваё, і будзьце падобныя на голае дрэва ў пустыні.

7 Як бо ты спадзяваўся на дзеі твае і на скарбы твае, дык і ты будзеш узяты, Хамос пойдзе ў палон, разам са сваімі сьвятарамі і сваімі князямі.

8 І прыйдзе спусташальнік на ўсякі горад, і горад не ацалее; і загіне даліна, і апусьцее раўніна, як сказаў Гасподзь.

9 Дайце крылы Мааву, каб ён мог паляцець; гарады яго будуць пустыняю, бо ня будзе каму жыць у іх.

10 Пракляты, хто справу Гасподнюю робіць абы як, і пракляты, хто стрымлівае меч Яго ад крыві!

11 Мааў з маладосьці сваёй быў у спакоі, сядзеў на дрожджах сваіх і яго не пералівалі з посуду ў посуд, і ў палон не хадзіў; таму і заставаўся ў ім смак яго, і пах яго не мяняўся.

12 Таму вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі Я прышлю да яго пералівальнікаў, якія перальюць яго і спарожняць посуд яго, і паб’юць збаны ягоныя.

13 І пасаромлены будзе Мааў дзеля Хамоса, як дом Ізраілеў пасаромлены быў дзеля Вэтыля, надзеі сваёй.

14 Як вы кажаце: «мы людзі адважныя і моцныя для вайны?»

15 спустошаны Мааў, і гарады яго гараць, і адборныя хлопцы яго пайшлі на закол, кажа Цар, — Гасподзь Саваоф імя Яго.

16 Блізкая пагібель Маава, і вельмі сьпяшаецца бедства ягонае.

17 Пашкадуйце яго ўсе суседзі ягоныя, і ўсе, хто ведае імя яго, скажэце: «як паламана жазло сілы, посах славы!»

18 Сыдзі з вышыні велічы і сядзі ў смазе, дачка — жыхарка Дывона; бо спусташальнік Маава прыйдзе да цябе і зруйнуе ўмацаваньні твае.

19 Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэра, пытайся ў таго, хто бяжыць і ратуецца: «што сталася?»

20 Пасаромлены Мааў, бо разьбіты; галасеце і енчыце, абвясьцеце ў Арноне, што спустошаны Мааў.

21 І суд прыйшоў на раўніны, на Халон і на Яацу, і на Мафат,

22 і на Дывон і на Нэво, і на Бэт-Дыўлатаім,

23 і на Карыятаім і на Бэт-Гамул, і на Бэт-Маон,

24 і на Керыот на Васор, і на ўсе гарады зямлі Маавіцкай, далёкія і блізкія.

25 адсечаны рог у Маава, і мышца яго зламана, кажа Гасподзь

26 Напаеце яго п’яным, бо ён падняўся супроць Госпада: і хай Мааў качаецца ў ванітах сваіх, і сам будзе пасьмешышчам.

27 Ці ня быў пасьмешышчам, у цябе Ізраіль? хіба ён быў злоўлены сярод злодзеяў, што ты, бывала, як толькі загаворыш пра яго, круціш галавою?

28 Пакіньце гарады і жывеце на скалах, жыхары Маава, і будзьце, як галубы, якія робяць гнёзды каля ўваходу ў пячору.

29 Мы чулі пра гонар Маава, гонар надмерны, пра ягоную пыху і фанабэрыю, і задавацтва яго і ганарлівасьць сэрца ягонага.

30 Ведаю Я дзёрзкасьць ягоную, кажа Гасподзь, але гэта — ненадзейна; пустыя словы ў яго: ня так зробяць.

31 Таму буду галасіць па Мааве і енчыць па ўсім Мааве; будуць уздыхаць па мужчынах Кірхарэса.

32 Буду плакаць па табе, вінаграднік Сэвамскі, плачам Язэра; галіны твае распасьцерліся за мора, дасталі да возера Язэра; спусташальнік напаў на летнія плады твае і на сьпелы вінаград.

33 Радасьць і весялосьць забраны ў Карміла і ў зямлі Маава. Я паклаў крэс віну ў чавільнях; ня будуць болей таптаць у іх зь песьнямі; крык бітвы будзе, а ня крык радасьці.

34 Ад ляманту Эсэвона да Элеалы і да Яацы яны падымуць голас свой ад Сігора да Аранаіма, да трэцяй Эглы, бо і воды Німрыма высахнуць.

35 Зьнішчу ў Маава, кажа Гасподзь, тых, што прыносяць ахвяры на вышынях і кадзяць божышчам ягоным.

36 Таму сэрца маё стогне па Мааве як жалейка; па жыхарах Кірхарэса стогне сэрца маё як жалейка, бо багацьці, імі здабытыя, загінулі:

37 у кожнага галава голая і ў кожнага барада ўкарочаная; ва ўсіх на руках драпіны і на сьцёгнах вярэта.

38 На ўсіх дахах Маава і на вуліцах яго агульны плач, бо Я разьбіў Маава, як непатрэбны посуд, кажа Гасподзь.

39 Які разьбіты ён, будуць казаць галосячы; як Мааў пакрыўся сорамам, паказаўшы сьпіну! і будзе Мааў пасьмешышчам і жахам усім, хто акружае яго,

40 бо так кажа Гасподзь: вось, як арол, паляціць ён і раскіне крылы свае над Маавам.

41 Гарады будуць узятыя, і цьвярдыні заваёваны, і сэрца адважных Маавіцян будзе ў той дзень як сэрца жанчыны, што пакутуе ў родах.

42 І вынішчаны будзе Мааў зь ліку народаў, бо ён паўстаў супроць Госпада.

43 Жудасьць і яма і шворка — табе, жыхар Маава, сказаў Гасподзь.

44 Хто ўцячэ ад жудасьці, — упадзе ў яму; а хто выйдзе зь ямы, — трапіць у шворку; бо Я навяду на яго, на Маава, гадзіну наведваньня іх, кажа Гасподзь.

45 Пад ценем Эсэвона спыніліся ўцекачы, зьнясілеўшы; але агонь выйшаў з Эсэвона і полымя з асяродзьдзя Сігона, і зжарэ бок Маава і цемя сыноў мяцежных.

46 Гора табе, Мааве! загінуў народ Хамоса, бо сыны твае ўзяты ў палон, і дочкі твае — у палон,

47 але апошнімі днямі вярну палон Маава, кажа Гасподзь. Дагэтуль суд на Маава.

 

Разьдзел 49

 

1 Пра сыноў Амонавых так кажа Гасподзь: хіба ж няма сыноў у Ізраіля? хіба няма ў яго спадкаемцы? Чаму ж Малхом завалодаў Гадам, і народ яго жыве ў гарадах ягоных?

2 Таму вось, настаюць дні, кажа Гасподзь, калі ў Раве сыноў Амонавых будзе чуцен крык бітвы, і зробіцца яна грудай руінаў, і гарады яе будуць спалены агнём, і авалодае Ізраіль тымі, якія валодалі ім, кажа Гасподзь.

3 Галасі, Эсэвоне, бо спустошаны Гай; крычэце, дочкі Равы, аперажэцеся вярэтаю, плачце і бадзяйцеся па гарадах, бо Малхом пойдзе ў палон разам са сьвятарамі і князямі сваімі.

4 Што хвалішся далінамі? Пацячэ даліна твая крывёю, вераломная дачка, што спадзяешся на скарбы свае, і кажаш: «хто прыйдзе да мяне?»

5 Вось, Я навяду на цябе жах з усіх навакольляў тваіх, кажа Гасподзь Бог Саваоф: разьбяжэцеся, хто куды, і ніхто не зьбярэ тых, што паразьбягаліся.

6 Але пасьля таго Я вярну палон сыноў Амонавых, кажа Гасподзь.

7 Пра Эдом так кажа Гасподзь Саваоф: хіба няма болей мудрасьці ў Тэмане? Хіба ня стала рады ў разумных? хіба зьбяднела мудрасьць іхняя?

8 Уцякайце, павярнуўшыся сьпінаю, хавайцеся ў пячорах, жыхары Дэдана, бо пагібель Ісава Я навяду на яго, — час наведаньня Майго.

9 Калі б зборшчыкі вінаграду прыйшлі да цябе, дык напэўна пакінулі б некалькі несабраных ягадзін. І калі б злодзеі прыйшлі ўначы, дык яны захапілі б, колькі ім трэба.

10 А Я да галечы абяру Ісава, адчыню патайныя мясьціны ягоныя, і схавацца ён ня здолее. Вынішчана будзе племя ягонае, і браты яго і суседзі яго; і ня будзе яго.

11 Пакінь сіротаў тваіх, Я падтрымаю жыцьцё іхняе, і ўдовы твае хай спадзяюцца на мяне,

12 бо так кажа Гасподзь: вось і тыя, каму не наканавана было піць чару, канечне піцьмуць яе, і ці ж ты застанешся непакараны? Не, не застанешся непакараны, але канечне піцьмеш чару.

13 Бо, Мною прысягаю, кажа Гасподзь, што жахам, пасьмешышчам, пустэльняю і праклёнам будзе Васор, і ўсе гарады яго зробяцца вечнымі пусткамі.

14 Я чуў чутку ад Госпада, і пасьля пасланы да народаў сказаць: зьбярэцеся і ідзеце супроць яго, і падымайцеся на вайну.

15 Бо вось, Я зраблю цябе малым сярод народаў, пагарджаным сярод людзей.

16 Грозны стан твой і пыхлівасьць сэрца твайго ашукалі цябе, хто жыве ў расколінах скал і займае вяршыні пагоркаў. Але, хоць бы ты як арол высока зьвіў гняздо тваё, і адтуль скіну цябе, кажа Гасподзь.

17 І будзе Эдом жахам; кожны, хто будзе праходзіць міма, зьдзівіцца і сьвісьне, гледзячы на ўсе пахібы яго.

18 Як скінуты Садома і Гамора і суседнія гарады іхнія, кажа Гасподзь, так і там ніводзін чалавек ня будзе жыць, і сын чалавечы ня спыніцца ў ім.

19 Вось, узыходзіць ён як леў ад узвышэньня Ярдана на ўмацаваныя селішчы; але я прымушу іх сьпешна адысьці зь Ідумэі, і хто выбраны, таго пастаўлю над ёю. Бо хто падобны на Мяне? і хто спатрабуе адказу ў Мяне? І які пастух стане супроць Мяне?

20 Дык вось выслухайце вызначэньне Госпада, якое Ён пастанавіў пра Эдом, і намеры Ягоныя, якія Ён мае на жыхароў Тэмана: сапраўды, самыя малыя са статкаў пацягнуць іх і спустошаць селішчы іхнія.

21 Ад шуму падзеньня іх здрыганецца зямля, і водгалас крыку іхняга будзе чуцен каля Чэрмнага мора.

22 Вось, як арол, падымецца ён і паляціць, і распусьціць крылы свае над Васорам; і сэрца адважных Ідумэйцаў будзе ў той дзень, як сэрца жанчыны ў родах.

23 Пра Дамаск. — Пасаромлены Эмат і Арпад, бо, пачуўшы журботную вестку, яны ўпалі духам; трывога на моры, супакоіцца ня могуць.

24 Зьнясьмеліўся Дамаск і кінуўся наўцёкі; страх авалодаў ім; боль і пакуты ахапілі яго, як жанчыну ў родах.

25 Як не ацалеў горад славы, горад радасьці маёй?

26 Дык вось, загінуць юнакі яго на вуліцах ягоных, і ўсе воіны загінуць таго дня, кажа Гасподзь Саваоф.

27 І запалю агонь у сьценах Дамаска, — і зьнішчыць харомы Вэнадада.

28 Пра Кідар і пра царствы Асорскія, якія разьбіў Навухаданосар, цар Вавілонскі, так кажа Гасподзь: уставайце, выступайце супроць Кідара і спусташайце сыноў усходу!

29 Намёты іхнія і авечак іх возьмуць сабе, і покрывы іхнія і вярблюдаў іхніх возьмуць і будуць крычаць ім: «жудасьць адусюль!»

30 Бяжэце, уцякайце хутчэй, схавайцеся ў прорве, жыхары Асора, кажа Гасподзь, бо Навухаданосар, цар Вавілонскі, зрабіў рашэньне, пра вас і склаў супроць вас намысел.

31 Уставайце, выступайце супроць народу мірнага, які жыве ў бясьпецы, кажа Гасподзь; ні дзьвярэй, ні засавак няма ў яго, жывуць паасобку.

32 Вярблюды іхнія аддадзены будуць у здабычу, і мноства статкаў іхніх — на разбор; і расьсею іх па ўсіх вятрах, гэтых, што стрыгуць валасы на скронях, і з усіх бакоў іх навяду на іх пагібель, кажа Гасподзь.

33 І будзе Асор жытлішчам шакалаў, вечнаю пусткаю; чалавек ня будзе жыць там, і сын чалавечы ня будзе спыняцца ў ім.

34 Слова Госпада, якое было Ерамію прароку супроць Элама на пачатку цараваньня Сэдэкіі, цара Юдэйскага.

35 так кажа Гасподзь Саваоф: вось, Я паламаю лук Элама, галоўную сілу іх;

36 і навяду на Элам чатыры вятры ад чатырох краёў неба, і разьвею іх па ўсіх гэтых вятрах, і ня будзе народу, да якога ня прыйшлі б выгнаныя Эламіты;

37 і паб’ю Эламітаў страхам перад ворагамі іхнімі і перад шукальнікамі душы іхняй; і навяду на іх бедства, гнеў Мой, кажа Гасподзь, і пашлю сьледам за імі меч, пакуль ня вынішчу іх;

38 і пастаўлю трон Мой у Эламе, і зьнішчу там цара і князёў, кажа Гасподзь.

39 Але апошнімі днямі вярну палон Элама, кажа Гасподзь.

 

Разьдзел 50

 

1 Слова, якое прамовіў Гасподзь пра Вавілон і пра зямлю Халдэяў празь Ерамію прарока:

2 абвясьцеце і распаўсюдзьце сярод народаў, і падымеце сьцяг, аб’явеце, не хавайце, кажэце: Вавілон узяты, Віл пасаромлены, Мэрадах зламаны, балваны ягоныя пасаромленыя, ідалы яго разьбітыя.

3 Бо з поўначы падняўся супроць яго народ, які зробіць зямлю ягоную пустэльняю, і ніхто ня жыцьме там, ад чалавека да быдла, усе рушаць і сыдуць.

4 У тыя дні і ў той час, кажа Гасподзь, прыйдуць сыны Ізраілевыя, яны і сыны Юдавыя разам, будуць хадзіць і плакаць і знойдуць Госпада Бога свайго;

5 будуць пытацца дарогі да Сіёна і, павярнуўшы да яго твары, будуць казаць: ідзеце і далучэцеся да Госпада спрымірэнствам вечным, якое не забудзецца.

6 Народ Мой быў, як пагіблыя авечкі; пастухі іхнія зьвялі іх з дарогі, разагналі іх па горах; бадзяліся яны з гары на пагорак, забылі лежбішча сваё.

7 Усе, што знаходзілі іх, пажыралі іх, і прыгнятальнікі іх казалі: «мы не вінаватыя, бо яны зграшылі перад Госпадам, перад жытлішчам праўды і перад Госпадам, надзеяй бацькоў іхніх».

8 Уцякайце з асяродзьдзя Вавілона, і сыходзьце з Халдэйскай зямлі, і будзьце, як казлы наперадзе статка авечак.

9 Бо вось, Я падыму і прывяду на Вавілон зборню вялікіх народаў зь зямлі паўночнай, і разьмесьцяцца насупраць яго, і ён будзе ўзяты: стрэлы ў іх, як у спраўнага воіна, не вяртаюцца марна.

10 І Халдэі зробяцца здабычаю іхняй; і спусташальнікі яе насыцяцца, кажа Гасподзь.

11 Бо мы весяліліся, вы сьвяткавалі, рабаўнікі спадчыны Маёй; скакалі ад радасьці, як цялушка на траве, і ржалі, як баявыя коні.

12 У вялікім сораме будзе маці ваша, пачырванее радзіцелька вашая; вось, будучыня тых народаў — пустэльня, сухая зямля і стэп.

13 Ад гневу Госпада яна зробіцца няжылою, і ўся яна будзе пустая; кожны, хто будзе праходзіць праз Вавілон, зьдзівіцца і сьвісьне, гледзячы на ўсе пахібы яго.

14 Выстрайцеся ў баявы парадак вакол Вавілона; усе, хто напінае лук, страляйце па ім, не шкадуйце стрэлаў, бо ён зграшыў супроць Госпада;

15 падымеце крык супроць яго з усіх бакоў; ён падаў руку сваю; упалі цьвярдыні ягоныя, разваліліся сьцены яго, бо гэта — адплата Госпада; помсьціце яму; як ён рабіў, так і вы рабеце зь ім;

16 зьнішчайце ў Вавілоне і сейбіта і жняца ў часе жніва; ад страху пагібельнага меча хай кожны вернецца да народа свайго, і кожны хай бяжыць у зямлю сваю.

17 Ізраіль — расьсеяны статак; ільвы разагналі яго; раней аб’ядаў яго цар Асірыйскі, а гэты апошні, Навухаданосар, цар Вавілонскі, і косьці яго патрушчыў.

18 Таму так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: вось, Я наведаю цара Вавілонскага і зямлю яго, як наведаў цара Асірыйскага;

19 і вярну Ізраіля на пашу ягоную, і будзе ён пасьвіцца на Карміле і Васане, і душа яго насыціцца на гары Яфрэмавай і ў Галаадзе.

20 У тыя дні і ў той час, кажа Гасподзь, будуць шукаць няпраўды Ізраілевай, і ня будзе яе, і грахоў Юды, і ня знойдзецца іх; бо дарую тым, каго пакіну жывога.

21 Ідзі на яе, на зямлю мяцежную, і пакарай жыхароў яе; спусташай і вынішчай усё за імі, кажа Гасподзь, і зрабі ўсё, што Я загадаў табе.

22 Шум бітвы на зямлі і вялікае разбурэньне!

23 Як разьбіты і скрышаны молат усяе зямлі! Як Вавілон зрабіўся жахам сярод народаў!

24 Я раскінуў сеткі на цябе, і ты злоўлены, Вавілоне, не прадбачачы таго; ты знойдзены і схоплены, бо паўстаў супроць Госпада.

25 Гасподзь адчыніў сховішча Сваё і ўзяў зь яго посуд гневу Свайго, бо ў Госпада Бога Саваофа ёсьць справа ў зямлі Халдэйскай.

26 Ідзеце на яе з усіх краёў, адчыняйце засекі яе, тапчэце яе як снапы, зусім зьнішчыце яе, каб нічога ад яе не засталося;

27 забівайце ўсіх валоў яе, хай ідуць на закол; гора ім! бо прыйшоў дзень іхні, час наведваньня іх.

28 Чуцен голас тых, што бягуць і ратуюцца зь зямлі Вавілонскай, каб узьвясьціць на Сіёне пра помсту Госпада Бога нашага, пра помсту за храм Яго.

29 Склічце супроць Вавілона лучнікаў; усе, хто напінае лук, вакол яго, каб ніхто не ўратаваўся зь яго, аддайце яму паводле дзеяў яго, каб ніхто не ўратаваўся зь яго, аддайце яму паводле дзеяў яго; як ён учыняў, так учынеце і зь ім, бо ён узьнёсься супроць Госпада, супроць Сьвятога Ізраілевага.

30 За тое загінуць юнакі ягоныя на вуліцах яго, і ўсе воіны яго зьнішчаны будуць у той дзень, кажа Гасподзь.

31 Вось, Я — на цябе, гардзея, кажа Гасподзь Бог Саваоф; бо прыйшоў дзень твой, час наведваньня твайго

32 І спатыкнецца гардыня і ўпадзе, і ніхто не падыме яго; і распалю агонь у гарадах ягоных, — і зжарэ ўсё вакол яго.

33 Так кажа Гасподзь Саваоф: прыгнечаны сыны Ізраіля, як і сыны Юды, і ўсе, што запаланілі іх, моцна трымаюць іх і ня хочуць адпусьціць іх.

34 Але Адкупнік іхні дужы, Гасподзь Саваоф — імя Яго; Ён разьбярэ справу іхнюю, каб супакоіць зямлю і навесьці трымценьне на жыхароў Вавілона.

35 Меч на Халдэяў, кажа Гасподзь, і на жыхароў Вавілона, і на князёў яго і на мудрых яго;

36 на спакушальнікаў, і яны звар’яцеюць; меч на воінаў ягоных, і яны зьнясьмеляцца;

37 меч на коней яго і на калясьніцы яго і на ўсе рознапляменныя народы сярод яго, і яны будуць як жанчыны; меч на скарбы яго, і яны будуць разрабаваны;

38 суш на воды яго, і яны перасохнуць; бо гэта зямля балваноў, і яны зьнеразумяцца ад ідальскіх страшыдлаў.

39 І паселяцца там стэпавыя зьвяры з шакаламі, і жыцьмуць на ёй страўсы, і ня будзе абжытая вавекі і заселеная ў роды родаў.

40 Як развалены Богам Садома і Гамора і суседнія гарады іх, кажа Гасподзь, так і тут ніводзін чалавек ня жыцьме, і сын чалавечы ня будзе спыняцца.

41 Вось, ідзе народ з поўначы, і народ вялікі, і многія цары, падымаюцца з краёў зямлі;

42 трымаюць у руках лук і дзіду; яны жорсткія і неміласэрныя; голас іх шумны, як мора; імчацца на конях, выстраіліся як адзін чалавек, каб пабіцца з табою, дачка Вавілона!

43 Пачуў цар Вавілонскі вестку пра іх, і рукі ў яго апусьціліся; скруха ахапіла яго, пакуты — як жанчыну пры родах.

44 Вось, узыходзіць ён як леў з вышыняў Ярдана на ўмацаваныя селішчы; але Я прымушу іх сьпешна сысьці зь яго; і хто выбраны, таму даверу яго, бо хто падобны на Мяне? і хто спатрабуе зь Мяне адказу? І які пастух стане супроць мяне?

45 Дык вось, выслухайце вызначэньне Госпада, якое ён пастанавіў пра Вавілон, і намеры Яго, якія Ён мае пра зямлю Халдэйскую; сапраўды самыя малыя са статкаў пацягнуць іх; сапраўды, ён спустошыць селішчы іхнія зь імі.

46 Ад шуму ўзяцьця Вавілона затрасецца зямля, і лямант будзе чуцен сярод народаў.

 

Разьдзел 51

 

1 Так кажа Гасподзь: вось, Я падыму на Вавілон і на жыхароў ягоных супраціўнікаў Маіх.

2 і пашлю на Вавілон вейнікаў, і разьвеюць яго, і спустошаць зямлю яго, бо ў дзень бедства нападуць на яго з усіх бакоў.

3 Хай лучнік напінае лук супроць таго, хто напінае лук, і на таго, хто выстаўляецца бранёю сваёю; і ня літуйце юнакоў яго, зьнішчыце ўсё войска ягонае.

4 Пабітыя няхай упадуць на зямлі Халдэйскай і прабітыя — на дарогах яе.

5 Бо не аўдавеў Ізраіль і Юда ад Бога свайго, Госпада Саваофа, хоць зямля іх поўная грахамі перад Сьвятым Ізраілевым.

6 Уцякайце з асяродзьдзя Вавілона і ратуйце кожны душу сваю, каб не загінуць ад беззаконьня яго, бо гэта час помсты ў Госпада: Ён аддасьць яму аддачу.

7 Вавілон быў залатою чараю ў руцэ ў Госпада, што ап’яняла ўсю зямлю; народы пілі зь яе віно і вар’яцелі.

8 Раптоўна ўпаў Вавілон і разьбіўся; галасеце па ім, вазьмеце бальзаму на раны яго, можа, ён ацаліцца.

9 Лекавалі мы Вавілон, але не ацаліўся; пакіньце яго, і хадземце кожны ў сваю зямлю, бо вырак пра яго дастаў да нябёсаў і падняўся да воблакаў.

10 Гасподзь вывеў на сьвятло праўду нашу; хадземце і ўзьвесьцімце на Сіёне дзею Госпада Бога нашага.

11 Вастрэце стрэлы, напаўняйце калчаны; Гасподзь разбудзіў дух цароў Мідыйскіх, бо ў Яго ёсьць намер супроць Вавілона, каб зьнішчыць яго, бо гэта ёсьць помста Госпада, помста за храм Ягоны.

12 Насупроць сьцен Вавілона падымеце сьцяг, узмоцніце нагляд, расстаўце варту, падрыхтуйце засады, бо, як Гасподзь намысьліў, так і зробіць, што мовіў на жыхароў Вавілона.

13 О, ты, што жывеш каля водаў вялікіх, багаты скарбамі! прыйшоў канец твой, мера прагнасьці тваёй!

14 Гасподзь Саваоф, запрысягнуўся Самім Сабою: у ісьціне кажу, што напоўню цябе людзьмі, як саранчою, і падымуць крык супроць цябе.

15 Ён стварыў зямлю сілаю Сваёю, сьцвердзіў сусьвет мудрасьцю Сваёю і розумам Сваім расхінуў нябёсы.

16 Па голасе Яго шумяць воды на нябёсах, і Ён узводзіць воблакі ад краёў зямлі, творыць маланкі сярод дажджу і выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.

17 Вар’яцее кожны чалавек у сваім веданьні, сарамаціць сябе кожны гутнік балванам сваім, бо балван ягоны ёсьць хлусьня, і няма ў ім духу.

18 Гэта — поўная пустата, дзея аблуды; у час наведаньня іх яны зьнікнуць.

19 Не такая, як іхняя, доля Якава, бо Бог ягоны ёсьць Творца ўсяго, і Ізраіль ёсьць жазло спадчыны Ягонай, імя Яго — Гасподзь Саваоф.

20 Ты ў мяне — молат, зброя вайсковая; табою Я пабіваў народы і табою разбураў царствы;

21 табою пабіваў каня і вершніка яго і табою пабіваў калясьніцу і калясьнічага яе;

22 табою пабіваў мужа і жонку, табою пабіваў і старога і маладога, табою пабіваў і юнака і дзяўчыну;

23 і табою пабіваў пастуха і статак ягоны, табою пабіваў і земляроба і працоўнае быдла ягонае, табою пабіваў і начальнікаў вобласьцяў і кіроўцаў гарадоў.

24 І аддам Вавілону і ўсім жыхарам Халдэі за ўсё тое ліха, якое яны чынілі на Сіёне на вачах у вас, кажа Гасподзь.

25 Вось, Я — на цябе, гара загубная, кажа Гасподзь, што руйнуе ўсю зямлю, і працягну на цябе руку Маю, і скіну цябе са скалаў і зраблю цябе гарою абгарэлаю.

26 І ня возьмуць зь цябе каменя для вуглоў і каменя на падмурак, а вечна будзеш запусьценьнем, кажа Гасподзь.

27 Падымеце сьцяг на зямлі, трубеце ў трубу сярод народаў, азбройце супроць яго народы, склічце на яго царствы Арарацкія, Мінійскія і Аскеназскія, пастаўце правадыра супроць яго, навядзеце коней, як страшную саранчу.

28 Азбройце супроць яго народы, цароў Мідыі, начальнікаў абласьцей і ўсіх кіроўцаў яе гарадоў і ўсю зямлю, падуладную ёй.

29 Трасецца зямля і трымціць, бо спраўджваюцца над Вавілонам намеры Госпада зрабіць зямлю Вавілонскую пусткаю без жыхароў.

30 Перасталі змагацца асілкі Вавілонскія, сядзяць ва ўмацаваньнях сваіх; вычарпалася сіла іхняя, зрабіліся як жанчыны, жытлішчы іхнія спалены, замкі іхнія патрушчаны.

31 Ганец бяжыць насустрач ганцу, і весьнік — насустрач весьніку, каб узьвясьціць цару Вавілонскаму, што горад яго ўзяты з усіх бакоў,

32 і броды захоплены, і агароджы спалены агнём, і ваяры ахоплены страхам.

33 Бо так кажа Гасподзь Саваоф, Бог Ізраілеў: дачка Вавілона падобная на гумно ў час малацьбы ў ім; яшчэ крыху, і настане час жніва яе.

34 Жэр мяне і грыз мяне Навухаданосар, цар Вавілонскі; зрабіў мяне пустым посудам; праглынуў мяне, як дракон; напаўняў чэрава сваё слодычамі маімі, вывяргаў мяне,

35 Крыўда мая і плоць мая — на Вавілоне, скажа насельніца Сіёна, і кроў мая — на жыхарах Халдэі, скажа Ерусалім.

36 Таму так кажа Гасподзь: вось, я ўступлюся ў тваю дзею і адпомшчу за цябе, і асушу мора яго, і высушу каналы яго.

37 І Вавілон будзе грудаю руінаў, селішчам шакалаў, жудасьцю і пасьмешышчам, без жыхароў.

38 Як ільвы зыркаюць усе яны, і заравуць як шчанюкі ільвіныя.

39 У час іхняга разгарачэньня зраблю ім гасьціну і ўпаю іх, каб яны павесяліліся і заснулі вечным сном, і не прачыналіся, кажа Гасподзь.

40 Зьвяду іх як ягнят на закол, як бараноў з казламі.

41 Як узяты Сэсах, і заваявана слава ўсёй зямлі! Як зрабіўся Вавілон жахам сярод народаў!

42 Памкнулася на Вавілон мора; ён пакрыты мноствам хваляў яго.

43 Гарады яго зрабіліся пустымі, зямля сухою, стэпам, зямлёю; дзе ня жыве ніводзін чалавек, і дзе не праходзіць сын чалавечы.

44 І наведаю Віла ў Вавілоне і вырву з вуснаў ягоных праглынутае ім, і народы ня будуць болей сьцякацца да яго, нават і муры Вавілонскія асыплюцца.

45 Выходзь з асяродзьдзя яго, народзе Мой, і ратуйце кожны душу сваю ад палымянага гневу Госпада.

46 Хай не аслабне сэрца вашае, і ня бойцеся чуткі, якая будзе пачута на зямлі; чутка прыйдзе ў адзін год, і потым на другі год, і на зямлі будзе гвалт, валадар паўстане на валадара.

47 Таму вось, прыходзяць дні, калі Я наведаю балваноў Вавілона, і ўся зямля ягоная будзе пасаромлена, і ўсе пабітыя яго ўпадуць сярод яго.

48 І ўзрадуюцца над Вавілонам неба і зямля і ўсё, што на іх; бо з поўначы прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.

49 Як Вавілон не скідаў пабітых Ізраільцян, так у Вавілоне будуць скінуты пабітыя ўсёй краіны.

50 Хто ўратуецца ад меча, уцякайце, ня спыняйцеся, спамянеце здалёк пра Госпада, і хай узыдзе Ерусалім на сэрца ваша.

51 Сорамна нам было, калі мы слухалі нагану; ганьба пакрывала твары нашыя, калі чужаземцы прыйшлі ў сьвятыню дома Гасподняга.

52 Затое вось, прыходзяць дні, кажа Гасподзь, калі я наведаю балваноў ягоных, і па ўсёй зямлі яго будуць стагнаць параненыя.

53 Хоць бы Вавілон узвысіўся да нябёсаў, і хоць бы ён на вышыні ўмацаваў цьвярдыню сваю; але ад мяне прыйдуць да яго спусташальнікі, кажа Гасподзь.

54 Праляціць гул ляманту ад Вавілона і вялікае разбурэньне — ад зямлі Халдэйскай,

55 бо Гасподзь спустошыць Вавілон і пакладзе канец ганарыстаму голасу ў ім. Зашумяць хвалі іх як вялікія воды, пачуецца шумны голас іх.

56 Бо прыйдзе на яго, на Вавілон, спусташальнік, і ўзяты будуць ратаборцы ягоныя, паламаныя будуць лукі іхнія; бо Гасподзь, Бог аддачаў, аддасьць аддачу.

57 І напаю дап’яна князёў яго і мудрацоў яго, начальнікаў вобласьцяў яго і кіроўцаў гарадоў яго, і ваяроў яго, і заснуць сном вечным і не прачнуцца, кажа Цар, — Гасподзь Саваоф імя Яго.

58 Так кажа Гасподзь Саваоф: тоўстыя муры Вавілона да падмурку будуць разбураны, і высокія брамы яго будуць спалены агнём; і вось, дарма працавалі народы, і плямёны мучылі сябе дзеля агню.

59 Слова, якое прарок Ерамія наказаў Сэраю, сыну Нірыі, сыну Маасэі, калі ён выпраўляўся ў Вавілон з Сэдэкіем, царом Юдэйскім, у чацьвёрты год яго цараваньня; Сэрая быў галоўны пасьцельнік.

60 Ерамія ўпісаў у адну кнігу ўсе бядоты, якія павінны былі прыйсьці на Вавілон, усе гэтыя прамовы, напісаныя на Вавілон.

61 І сказаў Ерамія Сэраю: калі ты прыйдзеш у Вавілон, дык глядзі, прачытай усе гэтыя прамовы,

62 і скажы: Госпадзе! Ты прамовіў пра месца гэтае, што зьнішчыш яго так, што не застанецца ў ім ні чалавека, ні быдла, а яно будзе вечнаю пустэльняю.

63 І калі закончыш чытаньне гэтай кнігі, прывяжы да яе камень і кінь яе на сярэдзіну Еўфрата,

64 і скажы: так апусьціцца Вавілон і не паўстане ад таго бедства, якое Я навяду на яго, і яны зусім зьнямогуцца. Дагэтуль прамовы Ераміі.

 

Разьдзел 52

 

1 Сэдэкію было дваццаць адзін год, калі пачаў цараваць, і цараваў у Ерусаліме адзінаццаць гадоў; імя маці ягонай — Хамуталь, дачка Ераміі зь Ліўны.

2 І ён рабіў благое ў вачах Госпада, усё тое, што рабіў Ёакім;

3 таму гнеў Госпада быў над Ерусалімам і Юдам да таго, што Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго; і Сэдэкія адпаўся ад цара Вавілонскага.

4 І было, у дзявяты год яго кіраваньня, у дзясятым месяцы, у дзясяты дзень месяца, прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, сам і ўсё войска ягонае, да Ерусаліма і аблеглі яго і зрабілі вакол яго насыпы.

5 І быў горад у аблозе да адзінаццатага года цара Сэдэкіі.

6 У чацьвёртым месяцы, у дзявяты дзень месяца, голад у горадзе ўзмацніўся, і ня было хлеба ў народа зямлі.

7 Зроблена была праломіна ў горад, і пабеглі ўсе ваенныя з горада ўначы праз браму, што была паміж дзьвюма сьценамі каля царовага саду, і пайшлі стэпавай дарогаю; а Халдэі былі вакол горада.

8 Войска Халдэйскае пагналася за царом, і дагнала Сэдэкію на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсё войска ягонае разьбеглася ад яго.

9 І ўзялі цара і прывялі яго да цара Вавілонскага ў Рыўлу, у зямлі Эмат, дзе ён учыніў над ім суд.

10 І закалоў цар Вавілонскі сыноў Сэдэкіі на вачах у яго, і ўсіх князёў Юдэйскіх закалоў у Рыўле;

11 а Сэдэкію выкалаў вочы і загадаў закаваць яго ў медныя аковы; і завёў яго цар Вавілонскі ў Вавілон і пасадзіў яго ў дом варты да дня сьмерці яго.

12 У пяты месяц, у дзясяты дзень месяца, — гэта быў дзевятнаццаты год цара Навухаданосара, цара Вавілонскага, — прыйшоў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, які стаяў перад царом Вавілонскім, у Ерусалім,

13 і спаліў дом Гасподні, і дом цара і ўсе дамы ў Ерусаліме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём.

14 І ўсё войска Халдэйскае, што было з начальнікам целаахоўцаў, разбурыла ўсе сьцены вакол Ерусаліма.

15 Бедных з народу і астатні люд, што заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перакінуліся да цара Вавілонскага, і наогул рэшту простага люду Навузардан, начальнік целаахоўцаў, высяліў.

16 Толькі некалькіх зь беднага люду зямлі Навузардан, начальнік целаахоўцаў, пакінуў дзеля вінаграднікаў і земляробства.

17 І слупы медныя, якія былі ў доме Гасподнім, і падставы, і меднае мора, якое ў доме Гасподнім, паламалі Халдэі і занесьлі ўсю медзь іхнюю ў Вавілон.

18 І тазы і лапаткі, і нажы і чары, і лыжкі і ўвесь медны посуд, ужываны пры набажэнстве, забралі;

19 і місы і абцугі, і чары і катлы, і лампады, — і фіміямнікі, і кубкі, што было залатое — залатое, і што было срэбнае — срэбнае, узяў начальнік целаахоўцаў;

20 таксама два слупы, адно мора і дванаццаць медных валоў, якія служылі падстаўкамі, якія цар Саламон зрабіў у доме Гасподнім, — медзі ва ўсіх гэтых рэчах немагчыма было зважыць.

21 Слупы гэтыя былі кожны слуп у васямнаццаць локцяў вышыні, і шнурок у дванаццаць локцяў абымаў яго, а таўшчыня сьцен яго, усярэдзіне пустога, у чатыры пальцы.

22 І вянок на ім медны, а вышыня вянка пяць локцяў; і сетка і гранатавыя яблыкі вакол былі ўсе медныя; тое самае і на другім слупе з гранатавымі яблыкамі.

23 Гранатавых яблыкаў было па ўсіх баках дзевяноста шэсьць; усіх яблыкаў вакол сеткі — сто.

24 Начальнік целаахоўцаў узяў таксама Сэраю першасьвятара і Цэфанію, другога сьвятара, і трох вартавых парога.

25 І з горада ўзяў аднаго еўнуха, які быў начальнікам над ваеннымі людзьмі, і сем чалавек, што стаялі перад абліччам цара, якія былі ў горадзе, і галоўнага пісара ў войску, што запісваў у войска народ зямлі, і шэсьцьдзясят чалавек — з народу краіны, знойдзеных у горадзе.

26 І ўзяў іх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і завёў іх да цара Вавілонскага ў Рыўлу.

27 І перабіў іх цар Вавілонскі і аддаў сьмерці іх у Рыўле, у зямлі Эмат; і выселены быў Юда зь зямлі сваёй.

28 Вось народ, які выселіў Навухаданосар: у сёмы год тры тысячы дваццаць тры Юдэі;

29 у васямнаццаты год Навухаданосара зь Ерусаліма выселена васемсот трыццаць дзьве душы;

30 у дваццаць трэці год Навухаданосара Навузардан, начальнік целаахоўцаў, выселіў Юдэяў сямсот сорак пяць душ: усяго чатыры тысячы шасьцьсот душ.

31 У трыццаць сёмы год пасьля перасяленьня Ёакіма*******************************************, цара Юдэйскага, у дванаццатым месяцы, у дваццаць пяты дзень месяца, Эвільмэрадах, цар Вавілонскі, у першы год цараваньня свайго, узвысіў Ёакіма, цара Юдэйскага, і вывеў яго зь цямнічнага дома;

32 і гутарыў зь ім прыязна, і паставіў трон ягоны вышэй за троны цароў, якія былі ў яго ў Вавілоне;

33 і памяняў цямнічную вопратку ягоную, і ён заўсёды ў яго абедаў ва ўсе дні жыцьця свайго.

34 І ўтрыманьне яго, утрыманьне пастаяннае выдавалася яму ад цара дзень у дзень да дня сьмерці яго, ва ўсе дні жыцьця ягонага.