Беларуская Біблія

ТРЭЙЦЯЕ САБОРНАЕ ПАСЛАНЬНЕ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ЯНА БАГАСЛОВА

Разьдзел 1

 

1 Старац — любаснаму Гаію, якога я ў ісьціне люблю.

2 Любасны! малюся, каб табе здаровілася і шчасьціла ва ўсім, як шчасьціць душы тваёй.

3 Бо я вельмі ўсьцешыўся, калі прыйшлі браты і засьведчылі пра тваю вернасьць, як ты ходзіш у ісьціне.

4 Няма мне большае радасьці, як чуць, што дзеці мае ходзяць у ісьціне.

5 Любасны! ты як верны дзееш у тым, што робіш братам і вандроўнікам;

6 яны засьведчылі перад царквою пра любоў тваю; ты добра зробіш, калі адпусьціш іх, як яно трэба дзеля Бога,

7 бо яны дзеля імя Ягонага пайшлі, ня ўзяўшы нічога ад язычнікаў.

8 Дык вось павінны мы прымаць іх такіх, каб зрабіцца спрыяльнікамі ісьціне.

9 Я пісаў быў царкве; але Дыятрэф, які любіць быць першым у іх, ня прымае нас.

10 Таму, калі я прыйду, дык узгадаю ўчынкі, якія ён робіць, ганячы словамі ліхімі нас, і, не задавальняючыся гэтым, і сам ня прымае братоў, і забараняе тым, што жадаюць прымаць, і выганяе іх з царквы.

11 Любасны! не ўпадабняйся ліхому, а добраму. Хто робіць дабро, той Божы; а хто робіць ліха, ня бачыў Бога.

12 Пра Дзімітрыя засьведчылі ўсе і сама ісьціна; сьведчым таксама і мы, і вы ведаеце, што сьведчаньне нашае ў ісьціне.

13 Многае меўся я напісаць; ды не хачу пісаць табе чарнілам і трысьцінкаю,

14 спадзяюся ж бо неўзабаве пабачыць цябе і пагутарыць вуснамі ў вусны.

15 Мір табе! вітаюць цябе сябры; павітай сяброў паіменна. Амін.