Беларуская Біблія

КНІГА ІСУСА СЫНА НАВА

Разьдзел 1

1 Пасьля сьмерці Майсея, раба Гасподняга, Гасподзь сказаў Ісусу, сыну Нава, слузе Майсееваму:

2 Майсей, раб Мой, памёр; дык вось, устань, перайдзі цераз Ярдан гэты і ўвесь народ гэты, у зямлю, якую Я даю ім, сынам Ізраілевым.

3 Любое месца, на якое ступяць ступакі ног вашых, Я даю вам, як Я сказаў Майсею

4 ад пустыні і Лівана гэтага да ракі вялікай, ракі Еўфрата, усю зямлю Хэтэяў; і да вялікага мора на захад сонца будуць межы вашыя.

5 Ніхто ня ўстоіць перад табою: не адступлюся ад цябе і не пакіну цябе.

6 Будзь цьвёрды і мужны; бо ты народу гэтаму перадаеш у валоданьне зямлю, якую Я прысягаўся бацькам іхнім даць ім;

7 толькі будзь цьвёрды і вельмі мужны, і старанна захоўвай і выконвай увесь закон, які наказаў табе Майсей, раб Мой; ня ўхіляйся ад яго ні направа, ні налева, каб чыніць разумна ва ўсіх пачынаньнях тваіх.

8 Хай не адыходзіць гэтая кніга закона ад вуснаў тваіх: а павучайся ў ёй дзень і ноч, каб дакладна выконваць усё, што ў ёй напісана: тады ты мецьмеш посьпех на шляхах тваіх і будзеш дзеяць разумна.

9 Вось Я загадваю табе: будзь цьвёрды і мужны, ня бойся і не жахайся; бо з табою Гасподзь Бог твой усюды, куды ні пойдзеш.

10 І даў Ісус наказ наглядчыкам народу і сказаў:

11 прайдзеце па табары і дайце наказ народу і скажэце: назапашвайце сабе ежы на дарогу, бо праз тры дні вы пройдзеце за Ярдан гэты, каб прыйсьці ўзяць зямлю, якую Гасподзь Бог бацькоў вашых дае вам у спадчыну.

12 А племю Рувімаваму, Гадаваму і палавіне племя Манасіінага Ісус сказаў:

13 успомніце, што наказаў вам Майсей, раб Гасподні, кажучы: Гасподзь Бог ваш супакоіў вас і даў вам зямлю гэтую;

14 жонкі вашыя, дзеці вашыя і быдла ваша няхай застануцца ў зямлі, якую даў вам Майсей за Ярданам; а вы ўсе, хто можа змагацца, узброіўшыся, ідзеце перад братамі вашымі і пасабляйце ім.

15 пакуль Гасподзь не супакоіць братоў вашых, як і вас; пакуль і яны не атрымаюць у спадчыну зямлю, якую Гасподзь Бог ваш дае ім; тады вернецеся ў спадчыну вашую і валодайце зямлёю, якую Майсей, раб Гасподні, даў вам за Ярданам на ўсход сонца.

16 Яны адказалі Ісусу кажучы: усё, што ні загадаеш нам, зробім, і куды ні пашлеш нас, пойдзем;

17 як слухалі мы Майсея, так будзем слухаць і цябе: толькі Гасподзь Бог твой хай будзе з табою, як Ён быў з Майсеем;

18 кожны, хто ўсупрацівіцца загаду твайму і не паслухаецца слоў тваіх ва ўсім, што ты ні загадаеш яму, будзе аддадзены сьмерці. Толькі будзь цьвёрды і мужны!

 

Разьдзел 2

 

1 І паслаў Ісус, сын Наваў, зь Сітыма двух выведнікаў таемна і сказаў: ідзеце, агледзьце зямлю і Ерыхон. Пайшлі і прыйшлі ў дом блудніцы, імя якое Рааў: і засталіся начаваць там.

2 І сказана было цару Ерыхонскаму: вось, нейкія людзі з сыноў Ізраілевых прыйшлі сюды ў гэтую ноч, каб агледзець зямлю.

3 Цар Ерыхонскі паслаў сказаць Рааве: выдай людзей, якія прыйшлі да цябе, якія ўвайшлі ў твой дом, бо яны прыйшлі выведаць усю зямлю.

4 Але жанчына ўзяла двух людзей тых і схавала іх і сказала: праўда, прыходзілі да мяне людзі, але я ня ведала, адкуль яны;

5 калі ж у прысьмерку трэба было зачыняць вароты, тады яны пайшлі; ня ведаю, куды яны пайшлі; ганецеся хутчэй за імі, вы дагоніце іх.

6 А сама завяла іх на дах і схавала іх у снапах лёну, раскладзеных у яе на даху.

7 Пасланыя гналіся за імі па дарозе да Ярдана да самай пераправы; вароты ж адразу зачынілі, пасьля таго як выйшлі тыя, што пагналіся за імі.

8 Перш чым яны леглі спаць, яна паднялася да іх на дах

9 і сказала ім: я ведаю, што Гасподзь аддаў зямлю гэтую вам, бо вы нагналі на нас жаху, і ўсе жыхары зямлі гэтай спалохаліся вас;

10 бо мы чулі, як Гасподзь высушыў перад вамі ваду Чэрмнага мора, калі вы ішлі з Егіпта, і што зрабілі вы з двума царамі Амарэйскімі за Ярданам, зь Сігонам і Огам, якіх вы зьнішчылі;

11 калі мы пачулі пра гэта, аслабела сэрца нашае, і ні ў кім ня стала духу супроць вас; бо Гасподзь Бог на небе ўгары і на зямлі ўнізе;

12 дык вось, прысягнеце мне Госпадам, што, як я зрабіла вам міласьць, так і вы зрабеце міласьць дому бацькі майго, і дайце мне ўмоўлены знак,

13 што вы пакінеце жывым бацьку майго і маці маю, і братоў маіх і сясьцёр маіх, і ўсіх, хто ёсьць у іх, і выбавіце душы нашыя ад сьмерці.

14 Гэтыя людзі сказалі ёй: душа нашая замест вас хай будзе аддадзена сьмерці, калі вы ня выкрыеце гэтай справы нашай; калі ж Гасподзь аддасьць нам зямлю, мы зробім табе ласку і ісьціну.

15 І спусьціла яна іх на вяроўцы праз акно, бо дом яе быў у гарадскім муры і яна жыла ў муры;

16 і сказала ім: ідзеце на гару, каб не спаткалі вас перасьледнікі, і хавайцеся там тры дні, пакуль ня вернуцца тыя, што пагналіся; а пасьля ідзеце дарогаю вашай.

17 І сказалі ёй тыя людзі: мы вольныя будзем ад тваёй прысягі, якою ты нас закляла, калі ня зробіш так:

18 вось, калі мы прыйдзем у гэтую зямлю, ты прывяжы чырвоную вяроўку да акна, празь якое ты нас спусьціла, а бацьку твайго і маці тваю і братоў тваіх, усю сям’ю бацькі твайго зьбяры да сябе ў дом твой;

19 і калі хто-небудзь выйдзе зь дзьвярэй дома твайго, таго кроў на галаве ягонай, а мы вольныя; а хто будзе з табою ў доме, таго кроў на галаве нашай, калі чыя-небудзь рука дакранецца да яго;

20 калі ж ты адкрыеш гэтую нашую справу, дык мы таксама вольныя будзем ад прысягі тваёй, якою ты нас закляла.

21 Яна сказала: хай будзе паводле слоў вашых! І адпусьціла іх, і яны пайшлі, а яна прывязала да акна чырвоную вяроўку.

22 Яны пайшлі і прыйшлі на гару і прабылі там тры дні, пакуль не вярнуліся тыя, што гналіся за імі. Тыя шукалі іх па ўсёй дарозе і не знайшлі.

23 Такім чынам два гэтыя чалавекі пайшлі назад, сышлі з гары, перайшлі Ярдан і прыйшлі да Ісуса, сына Нава, і пераказалі яму ўсё, што зь імі здарылася.

24 І сказалі Ісусу: Гасподзь аддаў усю зямлю гэтую ў рукі нашыя, і ўсе жыхары зямлі ў страху перад намі.

 

Разьдзел 3

 

1 І ўстаў Ісус рана раніцай, і рушылі яны ад Сітыма і прыйшлі да Ярдана, ён і ўсе сыны Ізраілевыя, і начавалі там, яшчэ не пераходзячы яго.

2 Праз тры дні пайшлі наглядчыкі па табары

3 і далі народу загад, кажучы: калі ўбачыце каўчэг запавету Госпада Бога вашага і сьвятароў лявітаў, якія несьцімуць яго, дык і вы рушце зь месца свайго і ідзеце за ім;

4 адлегласьць паміж вамі і ім павінна быць да дзьвюх тысяч локцяў мераю; не падыходзьце да яго блізка, каб уведаць вам шлях, якім вам ісьці; бо вы не хадзілі гэтым шляхам ні ўчора, ні заўчора.

5 І сказаў Ісус народу: асьвяцецеся, бо заўтра ўчыніць Гасподзь сярод вас цуды.

6 А сьвятарам сказаў Ісус: вазьмеце каўчэг запавету і ідзеце перад народам. Узялі каўчэг запавету і пайшлі перад народам.

7 Тады Гасподзь сказаў Ісусу: у гэты дзень Я пачну праслаўляць цябе на вачах ва ўсяго Ізраіля, каб яны ўведалі, што як Я быў з Майсеем, так буду і з табою;

8 а ты дай загад сьвятарам, якія нясуць каўчэг запавету, і скажы: як толькі ўвойдзеце ў воды Ярдана, спынецеся ў Ярдане.

9 Ісус сказаў сынам Ізраілевым: падыдзеце сюды і выслухайце словы Госпада Бога вашага.

10 І сказаў Ісус: з гэтага даведаецеся, што сярод вас ёсьць Бог жывы, Які прагоніць ад вас Хананэяў, і Габрэяў, і Фэрэзэяў, і Гергесэяў і Амарэяў і Евусэяў;

11 вось каўчэг запавету Госпада ўсёй зямлі пойдзе перад вамі празь Ярдан;

12 і вазьмеце сабе дванаццаць чалавек з плямёнаў Ізраілевых, па адным чалавеку з племя;

13 І як толькі ступакі ног сьвятароў, што нясуць каўчэг Госпада, Уладара ўсёй зямлі, ступяць у ваду Ярдана, вада Ярданская высахне, а вада, якая цячэ зьверху, спыніцца сьцяною.

14 Дык вось, калі народ рушыў ад сваіх намётаў, каб пераходзіць Ярдан, і сьвятары панесьлі каўчэг запавету перад народам,

15 дык, як толькі тыя, што несьлі каўчэг увайшлі ў Ярдан, і ногі сьвятароў, што несьлі каўчэг, апусьціліся ў ваду Ярдана,

16 вада, якая цякла зьверху, спынілася і стала сьцяною на даволі вялікай адлегласьці, да горада Адама, які каля Цартана; а што цякла ў мора раўніны, у мора Салёнае, пайшла і высахла.

17 І народ пераходзіў насупраць Ерыхона; а сьвятары, якія несьлі каўчэг запавету Гасподняга, стаялі на сухім сярод Ярдана цьвёрдаю нагою. Усе Ізраілевыя пераходзілі па сухім, пакуль увесь народ не перайшоў празь Ярдан.

 

Разьдзел 4

 

1 Калі ўвесь народ перайшоў празь Ярдан, Гасподзь сказаў Ісусу:

2 вазьмеце сабе з народу дванаццаць чалавек, па адным чалавеку з племя,

3 і дайце ім загад і скажэце: вазьмеце сабе адсюль, зь сярэдзіны Ярдана, дзе стаялі ногі сьвятароў нерухома, дванаццаць камянёў, і перанясеце іх з сабою, і пакладзеце іх на начлезе, дзе начавацьмеце гэтай ночы.

4 Ісус заклікаў дванаццаць чалавек, якіх назначыў з сыноў Ізраілевых, па адным чалавеку з племя,

5 І сказаў ім Ісус: ідзеце перад каўчэгам Госпада Бога вашага ў сярэдзіну Ярдана і пакладзеце на плячо сваё кожны па адным камені, па ліку плямёнаў сыноў Ізраілевых,

6 каб яны былі ў вас знакам; калі спытаюцца ў вас у будучым сыны вашыя і скажуць: «навошта ў вас гэтыя камяні?»

7 вы скажаце ім: «у памяць таго, што вада Ярдана падзялілася перад каўчэгам запавета Госпада; калі ён пераходзіў празь Ярдан, тады вада Ярдана падзялілася»; такім чынам камяні гэтыя будуць сынам Ізраілевым помнікам навекі.

8 І зрабілі сыны Ізраілевыя так, як загадаў Ісус: узялі дванаццаць камянёў зь Ярдана, як казаў Гасподзь Ісусу, па ліку плямёнаў сыноў Ізраілевых, і перанесьлі іх з сабою на начлег, і паклалі іх там.

9 І дванаццаць камянёў паставіў Ісус сярод Ярдана на месцы, дзе стаялі ногі сьвятароў, якія несьлі каўчэг запавета. Яны там і да сёньня.

10 Сьвятары, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, стаялі сярод Ярдана, пакуль не закончана было ўсё, што Гасподзь загадаў народу — так, як наказваў Майсей Ісусу; а народ тым часам сьпешна пераходзіў.

11 Калі ўвесь народ перайшоў, тады перайшоў і каўчэг запавета Гасподняга, і сьвятары перад народам;

12 і сыны Рувіма і Гада і палавіна племя Манасіінага перайшлі ўзброеныя паперадзе сыноў Ізраілевых, як ім казаў Майсей.

13 Каля сарака тысяч узброеных на бітву перайшло перад Госпадам на раўніны Ерыхонскія, каб біцца.

14 У той дзень праславіў Гасподзь Ісуса на вачах ва ўсяго Ізраіля, і пачалі баяцца яго, як баяліся Майсея ва ўсе дні жыцьця ягонага.

15 І сказаў Гасподзь Ісусу, кажучы:

16 загадай сьвятарам, якія нясуць каўчэг сьведчаньня, выйсьці зь Ярдана.

17 Ісус загадаў сьвятарам і сказаў: выйдзіце зь Ярдана.

18 І калі сьвятары, якія несьлі каўчэг запавета Гасподняга, выйшлі зь Ярдана, дык, як толькі ступакі ног іхніх крануліся сухога, вада Ярдана памкнулася па сваім месцы і пайшла, як учора і заўчора, паверх усіх берагоў сваіх,

19 І выйшаў народ зь Ярдана на дзясятым дні першага месяца і атабарыўся ў Галгале, на ўсходнім баку Ерыхона.

20 І дванаццаць камянёў, якія ўзялі яны зь Ярдана, Ісус паставіў у Галгале

21 і сказаў сынам Ізраілевым: калі спытаюцца ў будучым сыны вашыя ў бацькоў сваіх: «што азначаюць гэтыя камяні?»,

22 скажэце сынам вашым: «Ізраіль перайшоў празь Ярдан гэты па сухім»;

23 бо Гасподзь Бог ваш высушыў воды Ярдана дзеля вас, пакуль вы не перайшлі яго, гэтак сама, як Гасподзь Бог ваш зрабіў з Чэрмным морам, якое высушыў перад намі, пакуль мы не перайшлі яго,

24 каб усе народы зямлі даведаліся, што рука Гасподняя моцная, і каб вы баяліся Госпада Бога вашага ва ўсе дні.

 

Разьдзел 5

 

1 Калі ўсе цары Амарэйскія, якія жылі па гэты бок Ярдана да мора, і ўсе цары Ханаанскія, якія каля мора, пачулі, што Гасподзь высушыў воды Ярдана перад сынамі Ізраілевымі, пакуль пераходзілі яны, тады аслабла сэрца іхняе, і ня стала ўжо ў іх духу супроць сыноў Ізраілевых.

2 У той час сказаў Гасподзь Ісусу: зрабі сабе вострыя нажы і абрэж сыноў Ізраілевых другі раз.

3 І зрабіў сабе Ісус крамянёвыя нажы, і абрэзаў сыноў Ізраільскіх на пагорку Аралот.

4 Вось прычына, чаму абрэзаў Ісус увесь народ, які выйшаў зь Егіпта, мужчынскага полу; усе здольныя ваяваць памерлі ў пустыні па дарозе, пасьля выхаду зь Егіпта;

5 а ўвесь народ, што выйшаў, быў абрэзаны, а ўвесь народ, які нарадзіўся ў пустыні ў дарозе, пасьля выхаду зь Егіпта, ня быў абрэзаны;

6 бо сыны Ізраілевыя сорак гадоў хадзілі па пустыні, пакуль не перамёр увесь народ, здольны да вайны, які выйшаў зь Егіпта, бо не паслухаліся голасу Гасподняга, а ім Гасподзь прысягаўся, што яны ня ўбачаць зямлі, якую Гасподзь з прысягаю абяцаў бацькам іхнім, даць зямлю, дзе малако і мёд,

7 а замест іх паставіў сыноў іхніх. Гэтых абрэзаў Ісус, бо яны былі неабрэзаныя; бо іх, у дарозе, не абрэзалі.

8 Калі ўвесь народ быў абрэзаны, заставаўся ён на сваім месцы ў табары, пакуль ня выздаравеў.

9 І сказаў Гасподзь Ісусу: сёньня Я зьняў з вас сарамату Егіпецкую. Чаму і называецца тая мясьціна «Галгал» аж да сёньня.

10 І стаялі сыны Ізраілевыя табарам у Галгале і ўчынілі Пасху ў чатырнаццаты дзень месяца ўвечары на раўнінах Ерыхонскіх;

11 і на другі дзень Пасхі пачалі есьці з пладоў зямлі гэтай, праснакі і сушаныя зярняты ў самы той дзень;

12 а манна перастала падаць на другі дзень пасьля таго, як яны пачалі есьці плады зямлі, і ня было болей манны ў сыноў Ізраілевых, а яны елі ў той год плады зямлі Ханаанскай.

13 Ісус, будучы паблізу Ерыхона, зірнуў і бачыць, і вось стаіць перад ім чалавек, і ў руцэ ў яго аголены меч. Ісус падышоў да яго і сказаў яму: ці наш ты, ці зь непрыяцеляў нашых?

14 Ён сказаў: не, я правадыр войска Гасподняга, цяпер прыйшоў. Ісус упаў тварам сваім на зямлю і пакланіўся і сказаў яму: што гаспадар мой скажа рабу свайму?

15 Правадыр войска Гасподняга сказаў Ісусу: здымі абутак твой з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, сьвятое. Ісус так і зрабіў.

16 Ерыхон замкнуўся і быў замкнуты ад страху сыноў Ізраілевых: ніхто ня выходзіў і ніхто не ўваходзіў.

 

Разьдзел 6

 

1 Тады сказаў Гасподзь Ісусу: вось, Я аддаю ў рукі твае Ерыхон і цара яго, і магутаў ягоных;

2 ідзеце вакол горада ўсе здольныя ваяваць і абыходзьце горад адзін раз; і рабі гэтак шэсьць дзён;

3 і сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам; а на сёмы дзень абыдзеце горад сем разоў, і сьвятары няхай трубяць у трубы;

4 калі затрубіць юбілейны рог, калі пачуеце гук трубы, тады ўвесь народ няхай гукне моцным голасам, і гарадскі мур абваліцца да зямлі, і народ пойдзе кожны са свайго боку.

5 І паклікаў Ісус, сын Наваў, сьвятароў і сказаў ім: нясеце каўчэг запавета; а сем сьвятароў няхай нясуць сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім.

6 І сказаў народу: ідзеце і абыдзеце вакол горада; а ўзброеныя няхай ідуць перад каўчэгам Гасподнім.

7 Як толькі Ісус сказаў народу, сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад Госпадам, пайшлі і затрубілі ў трубы, і каўчэг запавета Гасподняга ішоў за імі;

8 а ўзброеныя ішлі перад сьвятарамі, якія трубілі ў трубы; а тыя, што ішлі ззаду, ішлі за каўчэгам, пад час шэсьця трубячы ў трубы.

9 А народу Ісус даў загад і сказаў: ня гукайце і не давайце чуць голасу вашага, і каб слова ня выходзіла з вуснаў вашых да таго дня, пакуль я не скажу вам: «выгукніце!» і тады гукнеце.

10 Такім чынам каўчэг запавета Гасподняга пайшоў вакол горада і абышоў адзін раз; і прыйшлі ў табар і начавалі ў табары.

11 Ісус устаў рана раніцай, і сьвятары панесьлі каўчэг запавета Гасподняга;

12 і сем сьвятароў, якія несьлі сем труб юбілейных перад каўчэгам Гасподнім, ішлі і трубілі ў трубы; а ўзброеныя ішлі перад імі, а тыя, што ішлі ззаду, ішлі за каўчэгам запавета Гасподняга і ідучы трубілі ў трубы.

13 Такім чынам і на другі дзень абышлі вакол горада адзін раз і вярнуліся ў табар. І рабілі гэта шэсьць дзён.

14 На сёмы дзень усталі рана, як толькі занялася зара, і абышлі такім самым чынам вакол горада сем разоў; толькі ў гэты дзень абышлі сем разоў.

15 Калі сёмы раз сьвятары трубілі ў трубы, Ісус сказаў народу: радуйцеся, бо Гасподзь аддаў вам горад!

16 А горад будзе пракляты, і ўсё, што ў ім, — Госпаду; толькі Рааў блудніца няхай застанецца жывая, яна і кожны, хто ў яе ў доме; бо яна схавала пасланых, якіх мы пасылалі;

17 але вы асьцерагайцеся праклятага, каб і самім не паддацца заклёну, калі возьмеце што-колечы з праклятага, і каб на табар Ізраільскі не навесьці праклёну і ня ўчыніць яму бяды;

18 і ўсё срэбра і золата, і посуд медны і жалезны хай будуць сьвятыняю Госпаду і ўвойдуць у скарбніцу Гасподнюю.

19 Народ закрычаў, і затрубілі ў трубы. Як толькі пачуў народ голас трубы, усклікнуў народ гучным і моцным голасам, і абваліўся мур да самай зямлі, і народ пайшоў у горад, кожны са свайго боку, і ўзялі горад.

20 І праклялі ўсё, што ў горадзе, і мужчын і жанчын, і маладых і старых, і валоў і авечак і аслоў, вынішчылі мечам.

21 А двум хлопцам, якія аглядвалі зямлю, Ісус сказаў: ідзеце ў дом да тае блудніцы і выведзіце адтуль яе і ўсіх, хто ў яе, бо вы запрысягнуліся ёй.

22 І пайшлі хлопцы, якія аглядвалі, і вывелі Рааў і бацьку яе і маці яе, і братоў яе і ўсіх, што былі ў яе, і ўсіх родзічаў вывелі, і паставілі іх па-за табарам Ізраільскім.

23 А горад і ўсё, што ў ім, спалілі агнём; толькі срэбра і золата, і посуд медны і жалезны аддалі ў скарбніцу дома Гасподняга.

24 А Рааў блудніцу і дом бацькі яе і ўсіх, хто ў яе быў, Ісус пакінуў жывых, і яна жыве сярод Ізраіля да сёньня, бо яна схавала пасланцаў, якіх пасылаў Ісус на агледзіны Ерыхона.

25 У той час Ісус прысягнуўся і сказаў: пракляты перад Госпадам той, хто адродзіць і адбудуе горад гэты Ерыхон; на першынцы сваім ён закладзе аснову яго і на малодшым сваім паставіць браму яго.

26 І Гасподзь быў зь Ісусам, і слава яго неслася па ўсёй зямлі.

 

Разьдзел 7

 

1 Але сыны Ізраілевыя ўчынілі злачынства і ўзялі з заклятага. Ахан, сын Хармія сына Заўдыя, сына Зары, з племя Юдавага, узяў з заклятага, і гнеў Гасподні запаліўся на сыноў Ізраіля.

2 Ісус зь Ерыхона паслаў людзей у Гай, што паблізу Бэт-Авэна, з усходняга боку Вэтыля, і сказаў ім: ідзеце, агледзьце зямлю. Яны пайшлі і агледзелі Гай.

3 І вярнуўшыся да Ісуса, сказалі яму: ня ўвесь народ хай ідзе, а няхай пойдзе каля дзьвюх тысяч альбо каля трох тысяч чалавек, і заваююць Гай; усяго народу ня шлі туды, бо тых мала там.

4 Дык вось, пайшло туды з народу каля трох тысяч чалавек, але яны кінуліся наўцёкі ад жыхароў Гайскіх;

5 жыхары Гайскія забілі зь іх каля трыццаці шасьці чалавек і гналі іх ад брамы да Сэварым і разьбілі іх на спуску з гары; і праз гэта сэрца народу растала і зрабілася, як вада.

6 Ісус разадраў вопратку на сабе і ўпаў тварам сваім на зямлю перад каўчэгам Гасподнім і ляжаў да самага вечара, ён і старэйшыны Ізраільскія і пасыпалі пылам галовы свае.

7 І сказаў Ісус: о, Госпадзе Ўладару! навошта Ты перавёў народ гэты празь Ярдан, каб аддаць нас у рукі Амарэям і загубіць нас? о, калі б мы засталіся і жылі за Ярданам!

8 О, Госпадзе! што сказаць мне пасьля таго, як Ізраіль павярнуўся ад ворагаў сваіх?

9 Хананэі і ўсе жыхары зямлі пачуюць і акружаць нас і вынішчаць імя наша зь зямлі. І што зробіш тады імю Твайму вялікаму?

10 Гасподзь сказаў Ісусу: устань, навошта ты ўпаў на твар твой?

11 Ізраіль зграшыў, і пераступілі яны наказ Мой, які Я запавядаў ім; узялі з заклятага, і ўкралі, і ўтоілі і паклалі паміж сваімі рэчамі;

12 за гэта сыны Ізраілевыя не маглі ўстояць перад ворагамі сваімі, бо яны падупалі праклёну; ня буду болей з вамі, калі ня зьнішчыце з асяродзьдзя вашага заклятага.

13 Устань, асьвяці народ і скажы: асьвяцецеся да раніцы, бо так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: «заклятае сярод цябе, Ізраіле; таму ты ня можаш устояць перад ворагамі тваімі, пакуль ня выдаліш спаміж сябе праклятага»;

14 заўтра падыходзьце паводле плямёнаў вашых; а племя, на якое пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць па родах; род, на якое пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць пасямейна; сям’я, на якую пакажа Гасподзь, няхай падыходзіць па адным чалавеку;

15 і выкрытага ў рабаваньні заклятага няхай спаляць агнём, яго і ўсё, што ў яго, за тое, што ён пераступіў наказ Гасподні і ўчыніў беззаконьне сярод Ізраіля.

16 Ісус, устаўшы рана раніцай, загадаў Ізраілю падыходзіць паводле плямёнаў, і ўказана племя Юдава;

17 потым загадаў падыходзіць плямёнам Юдавым, і ўказана племя Зары; загадаў падыходзіць племю Зараваму пасямейна, і ўказана сям’я Заўдыева;

18 загадаў падыходзіць сямейству ягонаму па адным чалавеку, і ўказаны Ахан, сын Хармія, сына Заўдыя, сына Зары, з роду Юдавага.

19 Тады Ісус сказаў Ахану: сыне мой! узьнясі славу Госпаду Богу Ізраілеваму і зрабі перад Ім споведзь і абвясьці мне, што ты зрабіў; ня ўтоі ад мяне.

20 У адказ Ісусу Ахан сказаў: праўда, я зграшыў перад Госпадам Богам Ізраілевым і зрабіў тое і тое:

21 сярод здабычы ўбачыў я адну прыгожую Сэнарскую адзежыну і дзьвесьце сікляў срэбра і зьлітак золата вагою ў пяцьдзясят сікляў; гэта мне спадабалася, і я ўзяў гэта; і вось, яно схавана ў зямлі сярод намёта майго, і срэбра пад ім на сподзе.

22 Ісус паслаў людзей і яны пабеглі ў намёт; і вось, усё гэта схавана было ў намёце ягоным, і срэбра пад ім на сподзе.

23 Яны ўзялі гэта з намёта і прынесьлі да Ісуса і да ўсіх сыноў Ізраілевых і паклалі перад Госпадам.

24 Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім узялі Ахана, сына Зарынага, і срэбра, і вопратку, і зьлітак золата, і сыноў ягоных і дочак ягоных, і валоў ягоных і аслоў ягоных, і авечак ягоных і намёт ягоны, і ўсё, што ў яго было, і вывелі іх у даліну Ахор.

25 І сказаў Ісус: за тое, што ты навёў на нас бяду, Гасподзь на цябе наводзіць бяду ў дзень гэты. І пабілі яго ўсе Ізраільцяне камянямі, і спалілі іх агнём, і накідалі на іх каменьня.

26 І накідалі на яго вялікую крушню, якая ацалела і да сёньня. Пасьля гэтага аціхла лютасьць гневу Гасподняга. Якраз таму і называецца мясьціна далінаю Ахора да сёньня.

 

Разьдзел 8

 

1 Гасподзь сказаў Ісусу: ня бойся і не жахайся; вазьмі з сабою ўвесь народ, здольны ваяваць, і ўстаўшы, ідзі да Гаю; вось, Я аддаю ў рукі твае цара Гайскага і народ ягоны, і горад і зямлю ягоную;

2 і зрабі з Гаем і царом ягоным тое самае, што зрабіў ты зь Ерыхонам і царом ягоным, толькі здабычу яго і быдла ягонае падзялеце сабе. Зрабі засаду за горадам.

3 Ісус і ўвесь народ, здольны ваяваць, устаў, каб ісьці да Гаю, і выбраў Ісус трыццаць тысяч чалавек адважных і паслаў іх уначы,

4 і даў ім загад і сказаў: глядзеце, вы будзеце ў засадзе за горадам; не адыходзьцеся далёка ад горада і будзьце ўвесь час напагатове;

5 а я і ўвесь народ, які са мною, пойдзем да горада; і калі выступяць супроць нас, як і раней, дык мы пабяжым ад іх;

6 яны памкнуцца за намі, так што мы адвядзем іх ад горада; бо яны скажуць: «уцякаюць ад нас, як і раней»; калі мы пабяжым ад іх,

7 тады вы ўстаньце з засады і завалодайце горадам, і Гасподзь Бог ваш аддасьць яго ў рукі вашыя;

8 калі возьмеце горад, запалеце горад агнём, паводле слова Гасподняга зрабеце; глядзеце, я загадваю вам.

9 Такім чынам паслаў іх Ісус, і яны пайшлі ў засаду і заселі паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку Гая; а Ісус тае ночы начаваў сярод народу.

10 Устаўшы рана раніцай, Ісус агледзеў народ, і пайшоў ён і старэйшыны Ізраілевыя паперадзе народу да Гая;

11 і ўвесь народ, здольны ваяваць, які быў зь ім, пайшоў, наблізіўся і падышоў да горада,

12 і паставіў табар з паўночнага боку Гая, а паміж ім і Гаем была даліна; потым узяў ён каля тысяч чалавек і пасадзіў іх у засадзе паміж Вэтылем і Гаем, з заходняга боку горада.

13 І народ разьмясьціў увесь табар, які быў з паўночнага боку горада, так што заходняя частка была з заходняга боку горада. І прыйшоў Ісус у тую ноч на сярэдзіну даліны.

14 Калі ўбачыў гэта цар Гайскі, адразу з жыхарамі горада, устаўшы рана, выступіў супроць Ізраіля на бітву, ён і ўвесь народ ягоны, на назначанае месца перад раўнінаю; а ён ня ведаў, што на яго ёсьць засада за горадам.

15 Ісус і ўвесь Ізраіль, нібыта разьбітыя ім, пабеглі да пустыні;

16 а яны клікнулі ўвесь народ, які быў у горадзе, каб гнаць іх і, гонячы Ісуса, аддаліліся ад горада;

17 у Гаі і ў Вэтылі не засталося ніводнага чалавека, які не пагнаўся б за Ізраілем; і горад свой яны пакінулі адчынены, гонячы Ізраіля.

18 Тады Гасподзь сказаў Ісусу: падымі дзіду, якая ў руцэ тваёй, на Гай, бо Я аддам яго ў рукі твае. Ісус падняў дзіду ў руцэ ягонай на горад.

19 Як толькі ён падняў руку сваю, засаднікі адразу ўсталі зь месца свайго і пабеглі, увайшлі ў горад і ўзялі яго і адразу запалілі горад агнём.

20 Жыхары Гая, азірнуўшыся, убачылі, што дым з горада падымаецца да неба. І ня было ім месца, куды бегчы — ні туды, ні сюды; бо народ, які бег да пустыні, павярнуўся на перасьледнікаў.

21 Ісус і ўвесь Ізраіль, убачыўшы, што засаднікі ўзялі горад, падымаўся дым ад горада, павярнуліся і пачалі біць жыхароў Гая;

22 а тыя з горада выйшлі насустрач ім, так што Гайцы былі ўсярэдзіне паміж Ізраільцянамі, адны зь якіх былі з таго боку, а другія з другога; так білі іх, што не пакінулі ніводнага зь іх ацалелага альбо беглага;

23 А цара Гайскага ўзялі жывога і прывялі яго да Ісуса.

24 Калі Ізраільцяне перабілі ўсіх жыхароў Гая на полі, у пустыні, куды яны гналі іх, і калі ўсе яны да апошняга палеглі ад меча, тады ўсе Ізраільцяне вярнуліся да Гая і пабілі яго вастрыём меча.

25 Загінуўшых у той дзень мужчын і жанчын, усіх жыхароў Гая, было дванаццаць тысяч.

26 Ісус не апускаў рукі сваёй, якую падняў зь дзідай, пакуль не аддаў заклёну ўсіх жыхароў Гая;

27 толькі быдла і задбычу горада гэтага Ізраільцяне падзялілі паміж сабою, паводле слова Госпада, якое сказаў Ісусу.

28 І спаліў Ісус Гай і абярнуў яго ў вечныя руіны, у пустыню, да сёньня;

29 а цара Гайскага павесіў на дрэве да вечара; а пасьля заходу сонца загадаў Ісус, і зьнялі труп яго з дрэва, і кінулі каля брамы гарадское, і накідалі над ім крушню каменьня, якая захавалася да сёньня.

30 Тады Ісус зладзіў ахвярнік Госпаду Богу Ізраілеваму на гары Гевал,

31 як наказаў Майсей, раб Гасподні, сынам Ізраілевым, пра што напісана ў кнізе закону Майсеевага, — ахвярнік з камянёў суцэльных, на якія не падымалі жалеза; і прынесьлі на ім цэласпаленьне Госпаду, і ўчынілі ахвяры мірныя.

32 І напісаў Ісус на камянях там сьпіс з закона Майсеевага, які ён напісаў перад сынамі Ізраілевымі.

33 Увесь Ізраіль, старэйшыны яго і наглядчыкі і судзьдзі ягоныя, сталі з таго і другога боку каўчэга насупраць сьвятароў лявітаў, якія носяць каўчэг запавета Гасподняга, як прыхадні, так і прыродныя жыхары, адна палавіна іх каля гары Гарызім, а другая палавіна каля гары Гевал, як раней загадаў Майсей, раб Гасподні, дабраслаўляць народ Ізраілеў:

34 І потым прачытаў усе словы закона, дабраславеньне і праклён, як напісана ў кнізе закона;

35 з усяго, што Майсей наказаў, ня было ніводнага слова, якога Ісус не прачытаў бы перад усім сходам Ізраіля і жанчынамі, і дзецьмі і прыхаднямі, якія былі сярод іх.

 

Разьдзел 9

 

1 Калі дачуліся пра гэта цары, якія жылі за Ярданам, на гары і на раўніне і па ўсім беразе вялікага мора блізь Лівана, Хэтэі, Амарэі, Хананэі, Фэрэзэі, Эвэі і Евусэі,

2 сабраліся разам, каб супольна ваяваць зь Ісусам і Ізраілем.

3 Але жыхары Гаваона, даведаўшыся, што Ісус зрабіў зь Ерыхонам і Гаем,

4 пайшлі на хітрасьць: запасьліся хлебам на дарогу і паклалі старыя мяхі на аслоў сваіх і старыя, падраныя і залатаныя мяхі віна;

5 і абутак на нагах у іх быў стары, з латкамі, і вопратка на іх старая; і ўвесь дарожны хлеб у іх быў чэрствы і зацьвілы.

6 Яны прыйшлі да Ісуса ў табар у Галгал і сказалі яму і ўсім Ізраільцянам: з даволі далёкай зямлі прыйшлі мы; дык вось, пастанавеце з намі спрымірэнства.

7 А Ізраільцяне сказалі Эвэям: можа, вы жывяце недалёка ад нас? як нам заключыць з вамі спрымірэнства?

8 Яны сказалі Ісусу: мы рабы твае. А Ісус сказаў ім: хто вы і адкуль прыйшлі?

9 Яны сказалі яму: з даволі далёкай краіны прыйшлі рабы твае ў імя Госпада Бога твайго; бо мы чулі пра славу Ягоную і пра ўсё, што зрабіў Ён у Егіпце,

10 і пра ўсё, што Ён зрабіў двум царам Амарэйскім, якія па той бок Ярдана, Сігону, цару сэвонскаму, і Огу, цару Васанскаму, які ў Астароце.

11 Старэйшыны нашыя і ўсе жыхары нашай зямлі сказалі нам: вазьмеце ў рукі вашыя хлеба на дарогу і ідзеце насустрач ім і скажэце ім: «мы рабы вашыя; і гэтак пастанавеце з намі спрымірэнства».

12 Гэты хлеб наш з дамоў нашых мы ўзялі цёплы ў той дзень, як выправіліся да вас, а цяпер вось, ён зрабіўся сухі і цьвілы;

13 і гэтыя мяхі зь віном, якія мы налілі новыя, вось, падраліся; і гэтая вопратка наша і абутак наш знасіліся ад даволі далёкай дарогі.

14 Ізраільцяне ўзялі іхняга хлеба, а ў Госпада ня спыталіся.

15 І пастанавіў Ісус зь імі мір і паклаў зь імі ўмову пра тое, што ён захавае ім жыцьцё; і прысягнулі ім правадыры супольства.

16 А праз тры дні, як спрымірыліся яны зь імі, даведаліся, што яны суседзі іхнія і жывуць паблізу ад іх;

17 бо сыны Ізраілевыя, выправіўшыся ў дарогу, прыйшлі ў горад іхні на трэці дзень; а гарады іхнія: Гаваон, Кефіра, Бээрот і Кірыят-Ярым.

18 Сыны Ізраілевыя не пабілі іх, бо правадыры супольства прысягнуліся ім Госпадам Богам Ізраілевым. За ўсё гэта супольства пачало наракаць на правадыроў.

19 Усе правадыры сказалі ўсяму супольству: мы прысягалі ім Госпадам Богам Ізраілевым і таму ня можам чапаць іх;

20 а вось што зь імі зробім: пакінем іх жывых, каб не паўстаў на нас гнеў за прысягу, якою мы запрысянуліся ім.

21 І сказалі ім правадыры: няхай яны жывуць, але будуць сячы дровы і чэрпаць ваду на ўсё супольства, як сказалі ім правадыры.

22 Ісус паклікаў іх і сказаў: навошта вы ашукалі нас, сказаўшы: «мы даволі далёка ад вас», тым часам як вы жывяце блізка ад нас?

23 за гэта праклятыя вы! бясконца вы будзеце рабамі, будзеце сячы дровы і чэрпаць ваду дому Бога майго!

24 Яны ў адказ Ісусу сказалі: дайшло да ведама рабоў тваіх, што Гасподзь Бог твой загадаў Майсею, рабу Свайму, даць вам усю зямлю і загубіць усіх жыхароў гэтай зямлі перад абліччам вашым; таму мы вельмі баяліся, каб вы не пазбавілі нас жыцьця, і зрабілі гэта;

25 Цяпер вось мы ў руцэ тваёй. Як лепей і справядлівей пакажацца зрабіць з намі, так і зрабі.

26 І зрабіў зь імі так: забраў іх з рук сыноў Ізраілевых, і тыя не забілі іх;

27 і вырашыў таго ж дня Ісус, каб яны секлі дровы і чэрпалі ваду ўсяму супольству і для ахвярніка Гасподняга; трывае гэта аж да сёньня, у мясьціне, якую выбраў.

 

Разьдзел 10

 

1 Калі Аданісэдэк, цар Ерусалімскі, дачуўся, што Ісус узяў Гай і аддаў яго праклёну, і што гэтак сама зрабіў з Гаем і царом яго, як зрабіў і зь Ерыхонам і царом яго, і што жыхары Гаваона пастанавілі спрымірэнства зь Ізраілем і засталіся сярод іх,

2 тады ён вельмі спалохаўся, бо Гаваон горад вялікі, як адзін з царскіх гарадоў, і большы за Гай, і ўсе жыхары яго людзі адважныя.

3 Таму Аданісэдэк, цар Ерусалімскі, паслаў да Гагама, цара Хэўронскага і да Фірама, цара Ярмуцкага, і да Яфія, цара Дахіскага, і да Дэвіра, цара Эглонскага, каб сказаць:

4 прыйдзеце да мяне і памажэце мне пабіць Гаваон за тое, што ён спрымірыўся зь Ісусам і сынамі Ізраілевымі.

5 Яны сабраліся, і пайшлі пяць цароў Амарэйскіх: цар Ерусалімскі, цар Хэўронскі, цар Ярмуцкі, цар Эглонскі, яны і ўсё рушэньне іхняе і спыніліся табарам каля Гаваона, каб ваяваць зь ім.

6 Жыхары Гаваона паслалі да Ісуса ў табар, у Галгал, сказаць: не адвядзі рукі тваёй ад рабоў тваіх; прыйдзі да нас хутчэй, выратуй нас і дай нам дапамогі; бо сабраліся супроць нас усе цары Амарэйскія, якія жывуць на горах.

7 Ісус пайшоў з Галгала сам, і зь ім увесь народ, здольны ваяваць, і ўсе мужчыны адважныя.

8 І сказаў Гасподзь Ісусу: ня бойся іх, бо Я аддаў іх у рукі табе: ніхто зь іх ня ўстоіць перад абліччам тваім.

9 І прыйшоў на іх Ісус раптоўна, бо ўсю ноч ішоў ён з Галгала.

10 Гасподзь наслаў на іх разгубленасьць, калі ўбачылі Ізраільцянаў, і яны пабілі іх у Гаваоне моцным разгромам, і гналі іх па дарозе да ўзвышшаў Вэтарона, і білі іх да Азэка і да Македа.

11 А калі яны беглі ад Ізраільцянаў па схіле гары Вэтаронскай, Гасподзь кідаў па іх зь нябёсаў вялікімі камянямі да самага Азэка, і яны гінулі: болей было тых, якія загінулі ад камянёў, чым тых, каго забілі сыны Ізраілевыя мечам.

12 Ісус заклікаў Госпада ў той дзень, у які аддаў Гасподзь Амарэяў у рукі Ізраілю, калі пабіў іх у Гаваоне, і яны былі пабітыя перад абліччам сыноў Ізраілевых, і сказаў перад Ізраільцянамі: стой, сонца, над Гаваонам, і месяц, над далінаю Аялонскаю!

13 І спынілася сонца, і месяц стаяў, пакуль народ помсьціў ворагам сваім. Ці ж ня гэта напісана ў кнізе Справядлівага: стаяла сонца сярод неба і не сьпяшалася на захад амаль цэлы дзень?

14 І ня было такога дня ні раней, ні пасьля таго, у які Гасподзь слухаў бы голас чалавечы. Бо Гасподзь змагаўся за Ізраіля.

15 Потым вярнуўся Ісус і ўвесь Ізраіль зь ім у табар, у Галгале.

16 А тыя пяць цароў уцяклі і схаваліся ў пячоры ў Македзе.

17 Калі Ісусу данесьлі і сказалі: «знайшліся пяць цароў, яны хаваюцца ў пячоры ў Македзе»,

18 Ісус сказаў: «прывалеце вялікія камяні да вусьця пячоры і прыстаўце да яе людзей пільнаваць іх;

19 а вы ня спыняйцеся, а перасьледуйце ворагаў вашых і зьнішчайце заднюю частку войска іхняга і не давайце ім уцячы ў гарады іхнія, бо Гасподзь Бог ваш аддаў іх у рукі вашыя».

20 Пасьля таго як Ісус і сыны Ізраілевыя цалкам пабілі іх вельмі вялікім разгромам, і рэшткі іх паўцякалі ў гарады ўмацаваныя,

21 увесь народ вярнуўся ў табар да Ісуса ў Македзе зь мірам, і ніхто з сыноў Ізраілевых не паварушыў языком сваім.

22 Тады Ісус сказаў: адчынеце вусьце пячоры і выведзіце да мяне зь пячоры пяці цароў тых.

23 Так і зрабілі: вывелі да яго зь пячоры пяці цароў тых: цара Ерусалімскага, цара Хэўронскага, цара Ярмуцкага, цара Ліхіскага і цара Эглонскага.

24 Калі вывелі цароў гэтых да Ісуса, Ісус заклікаў усіх Ізраільцян і сказаў правадырам войска, якія хадзілі зь ім: падыдзеце, наступеце нагамі вашымі на шыі царам гэтым. Яны падышлі і наступілі нагамі сваімі на шыі ім.

25 Ісус сказаў ім: ня бойцеся і не жахайцеся, будзьце цьвёрдыя і мужныя; бо так зробіць Гасподзь з усімі ворагамі вашымі, зь якімі будзеце ваяваць.

26 Потым пакараў іх Ісус і забіў іх і павесіў іх на пяці дрэвах: і віселі яны на дрэвах да вечара.

27 А як заходзіла сонца, загадаў Ісус, і зьнялі іх з дрэваў, і кінулі іх у пячору, у якой яны хаваліся, і прывалілі вялікія камяні да вусьця пячоры, якія там да сёньня.

28 Таго ж самага дня ўзяў Ісус Макед, і пабіў яго мечам і цара яго, і пракляў іх і ўсё, што дыхала, што было ў ім: нікога не пакінуў, хто б ацалеў; і зрабіў з царом Македскім гэтак сама, як і з царом Ерыхонскім.

29 І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Македа да Ліўны і ваяваў супроць Ліўны;

30 і аддаў Гасподзь і яе ў рукі Ізраілю, і цара яе, і зьнішчыў яе Ісус мечам і ўсё, што дыхала, што было ў ёй: нікога не пакінуў у ёй, хто б ацалеў, і зрабіў з царом яе гэтак сама, як і з царом Ерыхонскім.

31 Зь Ліўны пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім да Лахіса і разьмясьціўся каля яго табарам і ваяваў супроць яго;

32 і аддаў Гасподзь Лахіс у рукі Ізраілю, і ўзяў ён яго на другі дзень, і пабіў яго мечам і ўсё, што дыхала, што было ў ім, так як абышоўся зь Ліўнаю.

33 Тады прыйшоў на дапамогу Лахісу Гаарм, цар Газэрскі; але Ісус пабіў яго і народ ягоны так, што нікога ў яго не пакінуў, хто б ацалеў.

34 І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Лахіса да Эглона і разьмясьціўся каля яго табарам і ваявалі супроць яго;

35 і ўзялі яго таго ж самага дня і пабілі яго мечам, і ўсё, што дыхала, што было ў ім у той дзень, пракляў ён, як зрабіў з Лахісам.

36 І пайшоў Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім з Эглона да Хэўрона і ваявалі супроць яго;

37 і ўзялі яго і пабілі яго мечам, і цара яго, і ўсе гарады яго, і ўсё, што дыхала, што было ў ім; нікога не пакінуў, хто б ацалеў, як зрабіў ён і з Эглонам: пракляў яго і ўсё, што дыхала, што было ў ім.

38 Потым зьвярнуўся Ісус і ўвесь Ізраіль зь ім да Давіра і ваяваў супроць яго;

39 і ўзяў яго і цара яго, і пабілі іх мечам, і праклялі ўсё, што дыхала, што было ў ім: нікога не засталося, хто ацалеў бы; як зрабіў з Хэўронам і з царом яго, так зрабіў з Давірам і царом яго, і як абышоўся зь Ліўнаю і царом яе.

40 І пабіў Ісус усю зямлю нагорную, і нізкія мясьціны і зямлю каля гор, і ўсіх цароў іх: нікога не пакінуў, хто ацалеў бы, і ўсё, што дыхала, пракляў, як загадаў Гасподзь Бог Ізраілеў;

41 пабіў іх Ісус ад Кадэс-Варні да Газы і ўсю зямлю Гашэн аж да Гаваона;

42 і ўсіх цароў гэтых і землі іхнія Ісус узяў адным разам, бо Гасподзь Бог Ізраілеў змагаўся за Ізраіля.

43 Потым Ісус і ўсе Ізраільцяне зь ім вярнуліся ў табар, у Галгале.

 

Разьдзел 11

 

1 Пачуўшы гэта, Явін, цар Асорскі, паслаў да Ёвава, цара Мадонскага, і да цара Шымронскага, і да цара Ахсафскага,

2 і да цароў, якія жылі на поўначы на гары і на раўніне з паўднёвага боку Хінэрота, і на нізкіх мясьцінах, і ў Нафот-Доры на захад,

3 да Хананэяў, якія жылі на ўсход і да мора, да Амарэяў і Хэтэяў, да Фэрэзэяў і да Евусэяў, якія жылі на гары, і да Эвэяў, якія жылі каля Эрмона ў зямлі Масіфе.

4 І выступілі яны і ўсё рушэньне іхняе зь імі шматлікі народ, які мноствам раўняўся пяску марскому на беразе; і коней і калясьніц было вельмі многа.

5 І сабраліся ўсе цары гэтыя, і прыйшлі і разьмясьціліся табарам разам каля водаў Мэромскіх, каб зацяцца зь Ізраілем.

6 Але Гасподзь сказаў Ісусу: ня бойся іх, бо заўтра, пад гэты самы час, Я аддам усіх на пабіваньне Ізраіля; а коням іхнім падрэж жылы і калясьніцы іхнія спалі агнём.

7 Ісус і зь ім увесь народ, здольны ваяваць, неспадзявана выйшлі на іх да водаў Мэромскіх і напалі на іх.

8 І аддаў іх Гасподзь у рукі Ізраільцянам, і пабілі яны іх, і гналіся за імі да Сідона вялікага і да Місрэфот-Маіма і да даліны Міцфы на ўсход, і перабілі іх, так што нікога зь іх не засталося, хто ацалеў бы.

9 І абышоўся Ісус зь імі так, як сказаў яму Гасподзь: коням іх перарэзаў жылы і калясьніцы іхнія спаліў агнём.

10 Тым самым часам Ісус, вярнуўшыся, узяў Асор і цара яго забіў мечам;

11 і пабілі ўсё, што дыхала, што было ў ім, мечам, пракляўшы: не засталося ніводнай душы; а Асор спаліў ён агнём.

12 І ўсе гарады цароў гэтых і ўсіх цароў іх узяў Ісус і пабіў мечам, пракляўшы іх, як загадаў Майсей, раб Гасподні;

13 зрэшты, усе гарады, што ляжалі на ўзвышшы, не палілі Ізраільцяне, апрача аднаго Асора, які спаліў Ісус.

14 А ўсю здабычу з гарадоў гэтых і быдла разрабавалі сыны Ізраілевыя сабе; а людзей усіх перабілі мечам, так што вынішчылі ўсіх іх: не пакінулі ніводнай душы.

15 Як загадаў Гасподзь Майсею, рабу Свайму, так Майсей наказаў Ісусу, а Ісус так і зрабіў: не адступіўся ад ніводнага слова ва ўсім, што загадаў Гасподзь Майсею.

16 Такім чынам Ісус узяў усю гэтую нагорную зямлю, усю зямлю паўднёвую, усю зямлю Гашэн і нізінныя мясьціны, і раўніну і гару Ізраілевую, і нізінныя мясьціны каля гары,

17 ад гары Халак, якая прасьціраецца да Сэіра, да Ваал-Гада ў даліне Ліванскай, каля гары Эрмона, і ўсіх цароў іх узяў, пабіў іх і пазабіваў.

18 Доўгі час Ісус вёў вайну з усімі гэтымі царамі.

19 ня было горада, які заключыў бы мір з сынамі Ізраілевымі, апрача Эвэяў, жыхароў Гаваона: усё ўзялі яны вайною;

20 бо ад Госпада было тое, што яны зжарсьцьвілі сэрца сваё і вайною сустракалі Ізраіля — дзеля таго, каб былі праклятыя і каб ня было ім літасьці, а каб зьнішчаны былі так, як загадаў Гасподзь Майсею.

21 Тым самым часам прыйшоў Ісус і пабіў Энакімаў на гары, у Хэўроне, у Давіры, у Анаве, на ўсёй гары Юдавай і на ўсёй гары Ізраілевай; з гарадамі іхнімі аддаў іх Ісус праклёну;

22 не засталося ніводнага з Энакімаў у зямлі сыноў Ізраілевых, засталіся толькі ў Газе, у Гэце і ў Азоце.

23 Такім чынам узяў Ісус усю зямлю, як казаў Гасподзь Майсею, і аддаў яе Ісус Ізраільцянам, разьдзельна па плямёнах іхніх. І супакоілася зямля ад вайны.

 

Разьдзел 12

 

1 Вось цары той зямлі, якіх пабілі сыны Ізраілевыя і зямлю якіх узялі ў спадчыну па той бок Ярдана на ўсход сонца, ад патока Арнона да гары Эрмона, і ўсю раўніну на ўсход:

2 Сігон, цар Амарэйскі, які жыў у Эсэвоне і валодаў ад Араера, што каля берага патока Арнона, і ад сярэдзіны патока палавінаю Галаада, да патока Явока, мяжы Аманіцянаў,

3 і раўнінаю да самага мора Хінэрэцкага на ўсход і да мора раўніны, мора Салёнага, на ўсход па дарозе да Бэт-Эшымота, а на поўдзень мясьцінамі каля падножжа Фасгі.

4 Сумежны Ог, цар Васанскі, апошні з Рэфаімаў, які жыў у Астароце і ў Эдрэі,

5 і валодаў гарою Эрмонам і Салхою, і ўсім Васанам, да мяжы Гесурскай і Маахскай, і палавінаю Галаада, да мяжы Сігона, цара Эсэвонскага.

6 Майсей, раб Гасподні, і сыны Ізраілевыя забілі іх; і даў яе Майсей, раб Гасподні, у спадчыну племю Рувімаваму, і Гадаваму і палавіне племя Манасіінага.

7 І вось цары зямлі, якіх пабіў Ісус і сыны Ізраілевыя па гэты бок Ярдана на захад, ад Ваал-Гада ў даліне Ліванскай да Халака, гары, што прасьціраецца да Сэіра, якую аддаў Ісус плямёнам Ізраілевым у спадчыну, пасьля падзелу іх,

8 на гары, на нізінных мясьцінах, на раўніне, на мясьцінах каля гор, і ў пустыні і на поўдні, Хэтэяў, Амарэяў, Хананэяў, Фэрэзэяў, Эвэяў і Евусэяў:

9 адзін цар Ерыхона, адзін цар Гая, што каля Вэтыля,

10 адзін цар Ерусаліма, адзін цар Хэўрона,

11 адзін цар Ярмута, адзін цар Лахіса,

12 адзін цар Эглона, адзін цар Газэра,

13 адзін цар Давіра, адзін цар Гадэра,

14 адзін цар Хормы, адзін цар Арада,

15 адзін цар Ліўны, адзін цар Адалама,

16 адзін цар Македа, адзін цар Вэтыля,

17 адзін цар Тапуаха, адзін цар Хэфэра,

18 адзін цар Афэка, адзін цар Шарона,

19 адзін цар Мадона, адзін цар Асора,

20 адзін цар Шымрон-Мэрона, адзін цар Ахсафа,

21 адзін цар Таанаха, адзін цар Мэгідона,

22 адзін цар Кедэса, адзін цар Ёкнэама каля Кармілы,

23 адзін цар Дора каля Нафат-Дора, адзін цар Гаіма ў Галгале,

24 адзін цар Тырцы. Усіх цароў трыццаць адзін.

 

Разьдзел 13

 

1 Калі Ісус пастарэў, увайшоў у сталы век, тады Гасподзь сказаў яму: ты састарыўся, увайшоў у сталы век, а зямлі браць у спадчыну застаецца яшчэ многа.

2 Застаецца гэта зямля: усе акругі Філістымскія і ўся зямля Гесурская.

3 Ад Сіхора, што перад Егіптам, да межаў Экрона на поўнач, лічацца Ханаанскімі пяць валадароў Філістымскіх: Газскі, Азоцкі, Аскалонскі, Гэцкі, Экронскі і Авэйскі,

4 а на поўдзень уся зямля Ханаанская ад Мэары Сідонскай да Афэка, да межаў Амарэйскіх,

5 таксама зямля Геўла і ўвесь Ліван на ўсход сонца ад Ваал-Гада, каля гары Эрмона, да ўваходу ў Эмат.

6 Усіх горных жыхароў ад Лівана да Місрэфот-Маіма, усіх Сіданянаў Я праганю ад аблічча сыноў Ізраілевых. Падзялі ж яе ў надзел Ізраілю, як Я загадаў табе:

7 падзялі зямлю гэтую ў надзел дзевяці плямёнам і палавіне калена Манасіінага.

8 А калена Рувімавае і Гадавае з другою палавінаю калена Манасіінага атрымалі надзел свой ад Майсея за Ярданам на ўсход, як даў ім Майсей, раб Гасподні,

9 ад Араэра, які на беразе патока Арнона, і горад, які сярод патока, і ўсю раўніну Мэлдэву да Дывона;

10 таксама ўсе гарады Сігона, цара Амарэйскага, які валадарыў у Эсэвоне, да межаў Аманіцкіх,

11 таксама Галаал і вобласьць Гесурскую і Маахскую, і ўсю гару Эрмон і ўвесь Васан да Салхі,

12 усё царства Ога Васанскага, які валадарыў у Аштароце і ў Эдрэі. Ён заставаўся адзін з Рэфаімаў, якіх Майсей пабіў і прагнаў.

13 Але сыны Ізраілевыя ня выгналі сыноў Гесура і Маахі, і жыве Гесур і Мааха сярод Ізраіля да сёньня.

14 Толькі калену Лявіінаму ня даў ён надзелу: ахвяры Госпада Бога Ізраілевага вось надзел ягоны, як сказаў яму Гасподзь.

15 калену сыноў Рувімавых паводле плямёнаў іхніх даў надзел Майсей:

16 Мяжою іх быў Араэр, які на беразе патока Арнона, і горад, Які сярод патока, і ўся раўніна каля Мэдэвы,

17 Эсэвон і ўсе гарады яго, якія на раўніне, і Дывон, Вамот-Ваал і Бэт-Мэон,

18 Яаца, Кедэмот і Мэфаат,

19 Кірыятаім, Сіўма і Цэрэт-Шахар на гары Эмэк,

20 Бэт-Фэгор і мясьціны ля падножжа Фасгі і Бэт-Ешымот,

21 і ўсе гарады на раўніне, і ўсё царства Сігона, цара Амарэйскага, які валадарыў у Эсэвоне, якога забіў Майсей як і правадыроў Мадыямскіх, Эвія і Рэкема, і Цура і Хура і Рэву, князёў Сігонавых, якія жылі ў зямлі той;

22 таксама Валаама, сына Вэоравага, празарліўца, забілі сыны Ізраілевыя мечам у ліку забітых імі.

23 Мяжою сыноў Рувімавых быў Ярдан. Вось надзел сыноў Рувімавых паводле плямёнаў іхніх, гарады і сёлы іхнія.

24 Майсей даў таксама надзел калену Гадаваму, сынам Гадавым, паводле плямёнаў іхніх:

25 мяжою іхняй быў Язэр і ўсе гарады Галаадскія, і палавіна зямлі сыноў Амонавых да Араэра, што перад Раваю,

26 і землі ад Эсэвона Рамат-Міцфы і Вэтаніма і ад Маханаіма да межаў Давіра,

27 і ў даліне Бэт-Гарам і Бэт-Німра і Сакхот і Цафон, рэшта царства Сігонавага, цара Эсэвонскага; мяжою яго быў Ярдан да мора Хінэрэцкага за Ярданам на ўсход.

28 Вось надзел сыноў Гадавых паводле родаў іхніх, гарады і сёлы іхнія.

29 Майсей даў надзел і палавіне племя Манасіінага, які належаў палавіне племя сыноў Манасііных, паводле родаў іхніх;

30 мяжа іх была: ад Маханаіма ўвесь Васан, усё валадарства Ога, цара Васанскага, і ўсе селішчы Яіравыя, што ў Васане, шэсьцьдзясят гарадоў;

31 а палавіна Галаада і Астарот і Эдрэя, царскія гарады Ога Васанскага, сынам Махіра, сына Манасіінага, палавіне сыноў Махіравых, паводле родаў іхніх.

32 Вось, што Майсей даў у надзел на раўнінах Маавіцкіх за Ярданам насупраць Ерыхона на ўсход.

33 А племю Лявіінаму Майсей ня даў надзела: Гасподзь Бог Ізраілеў Сам ёсьць надзел іхні, як Ён казаў ім.

 

Разьдзел 14

 

1 Вось, што атрымалі ў надзел сыны Ізраілевыя ў зямлі Ханаанскай, што падзяліў ім у надзел Элеазар сьвятар і Ісус, сын Наваў, і правадыры пакаленьняў у плямёнах сыноў Ізраілевых;

2 па жэрабі дзялілі яны, як загадаў Гасподзь праз Майсея, дзевяці плямёнам і палавіне племя Манасіінага,

3 бо двум плямёнам і палавіне племені Гасподзь даў надзел за Ярданам, а лявітам ня даў надзелу сярод іх;

4 бо ад сыноў Язэпавых пайшлі два племі: Манасіінае і Яфрэмавае: таму яны і не далі лявітам часткі ў зямлі, а толькі гарады на жыхарства з прадмесьцямі іх пад быдла іхняе і дзеля выгодаў іхніх.

5 Як загадаў Гасподзь Майсею, так зрабілі сыны Ізраілевыя, калі дзялілі надзелы.

6 Сыны Юдавыя прыйшлі ў Галгал да Ісуса. І сказаў яму Халеў, сын Ефаніі, Кенэзіянін: ты ведаеш, што казаў Гасподзь Майсею, чалавеку Божаму, пра мяне і пра цябе ў Кадэс-Варне:

7 мне было сорак гадоў, калі Майсей, раб Гасподні, пасылаў мяне з Кадэс-Варні агледзець зямлю, і я прынёс яму адказ, што было ў мяне на сэрцы:

8 браты мае, якія хадзілі са мною, прывялі ў нясьмеласьць сэрца народу, а я дакладна сьледаваў Госпаду Богу майму;

9 і прысягаў Майсей таго дня і сказаў: «зямля, па якой хадзіла нага твая, будзе надзелам табе і дзецям тваім вавек, бо ты дакладна пасьледаваў Госпаду Богу майму»;

10 дык вось, Гасподзь пакінуў мяне жывога, як Ён казаў; ужо сорак пяць гадоў прайшло з таго часу, калі Гасподзь сказаў Майсею слова гэтае, і Ізраіль хадзіў па пустыні; цяпер, вось, мне восемдзесят пяць гадоў;

11 але і цяпер я такі самы моцны, як і тады, калі пасылаў мяне Майсей: колькі тады ў мяне было сілы, столькі і цяпер ёсьць на тое, каб ваяваць і выходзіць і ўваходзіць;

12 дык вось, дай мне гэтую гару, пра якую казаў Гасподзь у той дзень; бо ты чуў у той дзень, што там сыны Энакавыя, і гарады ў іх вялікія і ўмацаваныя; магчыма, Гасподзь са мною, і я выганю іх, як казаў Гасподзь.

13 Ісус дабраславіў яго, і даў у надзел Халеву, сыну Ефаніінаму, Хэўрон.

14 Такім чынам Хэўрон застаўся надзелам Халева, сына Ефаніінага, Кенэзіяніна, да сёньня, за тое, што ён дакладна пашоў за Госпадам Богам Ізраілевым.

15 Імя ў Хэўрона раней было Кірыят-Арбы, як называўся сярод сыноў Энака адзін чалавек вялікі. І зямля супакоілася ад вайны.

 

Разьдзел 15

 

1 Жэрабя племю сыноў Юдавых, паводле родаў іхніх, выпала такое: сумежна зь Ідумэяю была пустыня Сін, на поўдзень, пры канцы Тэмана;

2 паўднёвай мяжою іх быў край мора Салёнага ад затокі, якая прасьціралася на поўдзень;

3 на поўдні ідзе яна да ўзвышша Акравімскага, праходзіць Цын і, падымаючыся з паўднёвага боку да Кадэс-Варны, праходзіць Хецрон і, падымаючыся да Адара, паварочвае ў Каркаі,

4 потым праходзіць Ацмон, ідзе да патоку Егіпецкага, так што канец гэтай мяжы ёсьць мора. Гэта будзе ваша паўднёвая мяжа.

5 А мяжою на ўсход мора Салёнае, да ўтоку Ярдана; а мяжа з паўночнага боку ад затокі мора, ад утоку Ярдана;

6 адсюль мяжа падымаецца да Бэт-Хоглы і праходзіць з паўночнага боку да Бэт-Аравы, і ідзе мяжа ўгору да каменя Багана, сына Рувімавага;

7 потым падымаецца мяжа да Давіра ад даліны Ахор і на поўначы паварочвае да Галгала, які насупраць узвышша Адуміма, што з паўднёвага боку патока; адсюль мяжа праходзіць да водаў Эн-Шэмэша і канчаецца каля Эн-Рагела;

8 адсюль мяжа ідзе ўгору да даліны сына Эномавага з паўднёвага боку Евуса, які ёсьць Ерусалім, і падымаецца мяжа на вяршыню гары, якая на захад насупраць даліны Эномавай, якая на краі даліны Рэфаімаў на поўнач;

9 ад вяршыні гары мяжа паварочвае да крыніцы водаў Нэфтоах і ідзе да гарадоў гары Эфрона, і паварочвае мяжа да Ваала, які ёсьць Кірыят-Ярым;

10 потым паварочвае мяжа ад Ваала да мора, да гары Сэіра, і ідзе паўночным схілам гары Еарым, якая ёсьць Кесалон, і, сыходзячы да Вэтсаміса, праходзіць праз Тымну;

11 адсюль мяжа ідзе паўночным бокам Экрона, і паварочвае мяжа да Шыкарона, праходзіць праз гару Ваал і даходзіць да Яўнэіла, і канчаецца мяжа каля мора. Заходнюю мяжу ўтварае вялікае мора.

12 Вось мяжа сыноў Юдавых з родамі іхнімі з усіх бакоў.

13 І Халеву, сыну Ефаніінаму даў частку сярод сыноў Юдавых, як загадаў Гасподзь Ісусу: Кірыят-Арбы, бацькі Энакавага, інакш Хэўрон.

14 І выгнаў адтуль Халеў трох сыноў Энакавых: Шэшая, Ахімана і Талмая, дзяцей Энакавых.

15 Адсюль Халеў пайшоў супроць жыхароў Давіра.

16 І сказаў Халеў: хто разаб’е Кірыят-Сэтэр і возьме яго, таму аддам Ахсу, дачку маю, за жонку.

17 І ўзяў яго Гатанііл сын Кеназа, брата Халевавага, і аддаў ён за жонку яму Ахсу, дачку сваю.

18 І сталася, як яна мела ісьці, дык намовілі яе прасіць у бацькі свайго поля. І яна зышла з асла, а Халеў сказаў ёй: што табе?

19 Яна сказала: дай мне дабраславеньне: ты даў мне зямлю паўднёвую, дай мне і крыніцы водаў. І даў ён ёй крыніцы верхнія і крыніцы ніжнія.

20 Вось надзел племю сыноў Юдавых, паводле родаў іхніх:

21 гарады з краю плямёнаў сыноў Юдавых сумежныя з Ідумэяй на поўдні былі: Каўцэіл, Эдэр і Ягур,

22 Кіна, Дымона, Адада,

23 Кедэс, Асор і Ітнан,

24 Зіф, Тэлэм і Валот,

25 Гацор-Кадата, Кірыят, Хэцрон, інакш Гацор,

26 Амам, Шэма і Малада,

27 Хацар-Гада, Хэшмон і Вэт-Палет,

28 Хацар-Шуал, Вірсавія і Візіятэя,

29 Ваала, Іім і Ацэм,

30 Элталад, Кесід і Хорма,

31 Цыклаг, Мадмана і Сансана,

32 Леваот, Шэліхім, Аін і Рымон: усяго дваццаць дзевяць гарадоў зь сёламі.

33 На нізінных мясьцінах: Эштаол, Цора і Ашна,

34 Занаах, Эн-Ганім, Тапуах і Гаэнам,

35 Ярмут, Адалам, Соха і Азэка,

36 Шаараім, Адытаім, Гедэра альбо Гедэратаім: чатырнаццаць гарадоў зь іх сёламі.

37 Цэнан, Хадаша, Міглдал-Гад,

38 Дылеан, Міцфэ і Ёктэіл,

39 Лахіс, Вацкат і Эглон,

40 Хабон, Лахмас і Хітліс,

41 Гедэрот, Бэт-Дагон, Наэма і Мэкед: шаснаццаць гарадоў зь іх сёламі.

42 Ліўна, Этэр і Ашан,

43 Іфтах, Ашна і Нэцыў,

44 Кеіла, Ахзіў і Марэша: дзевяць гарадоў зь іх сёламі.

45 Экрон з залежнымі ад яго гарадамі і сёламі.

46 І ад Экрона да мора ўсё, што каля Азота, зь сёламі іх,

47 Азот, залежныя ад яго гарады і сёлы яго, Газа, залежныя ад яе гарады і сёлы яе, да самага патока Егіпецкага і вялікага мора, якое ёсьць мяжа.

48 На горах: Шамір, Ятыр і Соха,

49 Дана, Кірыят-Сана, інакш Давір,

50 Анат, Эштэма і Анім,

51 Гашэн, Халон і Гіла: адзінаццаць гарадоў зь іх сёламі.

52 Араў, Дума і Эшан,

53 Янум, Бэт-Тапуах і Афэка,

54 Хумта, Кірыят-Арбы, інакш Хэўрон, і Цыгор: дзевяць гарадоў зь іх сёламі.

55 Маон, Карміл, Зіф і Юта,

56 Іўзрээль, Ёкдам і Занаах,

57 Каін, Гіва і Тымна: дзесяць гарадоў зь іх сёламі.

58 Халхуд, Бэт-Цур і Гедор,

59 Маарат, Бэт-Анот і Элтэкон: шэсьць гарадоў зь іх сёламі.

60 Кірыят-Ваал, інакш Кірыят-Ярым і Арава: два гарады зь іх сёламі.

61 У пустыні: Бэт-Арава, Мідын і Сэкаха,

62 Ніўшан, Ір-Мэлэх і Эн-Геды: шэсьць гарадоў зь іх сёламі.

63 А Евусэяў, жыхароў Ерусаліма, не маглі выгнаць сыны Юдавыя, і таму Евусэі жывуць з сынамі Юды ў Ерусаліме аж да сёньня.

 

Разьдзел 16

 

1 Потым выпала жэрабя сынам Язэпавым: ад Ярдана каля Ерыхона, каля водаў Ерыхонскіх на ўсход, пустыня, што прасьціралася ад Ерыхона да гары Вэтыльскай;

2 ад Вэтыля ідзе мяжа да Луза і пераходзіць да мяжы Архі да Атарота,

3 і апускаецца да мора, да мяжы Яфлета, да мяжы ніжняга Бэт-Арона і да Газэра, і канчаецца каля мора.

4 Гэта і атрымалі ў надзел сыны Язэпа: Манасія і Яфрэм.

5 Мяжа сыноў Яфрэмавых паводле родаў іхніх была: з усходу мяжою надзелу іхняга быў Атарот-Адар да Бэт-Арона верхняга;

6 потым ідзе мяжа да мора паўночным бокам Міхмэтата і паварочвае да ўсходняга боку Таанат-Сілома і праходзіць яго з усходняга боку Яноха;

7 ад Яноха, сыходзячы да Атарота і Наарата, прымыкае да Ерыхона і даходзіць да Ярдана;

8 ад Тапуаха ідзе мяжа да мора, да патока Каны, і канчаецца морам. Вось надзел племю сыноў Яфрэмавых, паводле родаў іхніх.

9 І гарады аддзелены сынам Яфрэмавым у надзеле сыноў Манасііных, усе гарады зь сёламі іх.

10 Але ня выгналі Хананэяў, якія жылі ў Газэры; таму Хананэі жылі сярод Яфрэмавых да сёньня, плацячы ім даніну.

 

Разьдзел 17

 

1 І выпала жэрабя калену Манасіінаму, бо ён быў першынец Язэпаў. Махіру, першынцу Манасіі, бацьку Галалада, адважнаму на вайне, дастаўся Галаад і Васан.

2 Дасталіся надзелы і астатнім сынам Манасіі, паводле родаў іхніх, і сынам Авіезэра, і сынам Хэлэка, і сынам Асрыіла, і сынам Шэхэма, і сынам Хэфэра, і сынам Шэміды. Вось дзеці Манасіі, сына Язэпавага, мужчынскага полу, паводле родаў іхніх.

3 А ў Салпаада, сына Хэфэравага, сына Галаадавага, сына Махіравага, сына Манасіінага, ня было сыноў, а дочкі. Вось імёны дочак ягоных: Махла, Ноа, Хогла, Мілка і Тырца.

4 Яны прыйшлі да сьвятара Элеазара, і да Ісуса, сына Нававага, і да правадыроў, і сказалі: Гасподзь загадаў Майсею даць нам надзел сярод братоў нашых. І дадзены ім надзел, паводле загаду Гасподняга, сярод братоў бацькі іхняга.

5 І выпала Манасіі дзесяць дзялянак, акрамя зямлі Галаадскай і Васанскай, якая за Ярданам;

6 бо дочкі сыноў Манасіі атрымалі надзел сярод сыноў ягоных, а зямля Галаадская дасталася астатнім сынам Манасіі.

7 Мяжа Манасіі ідзе ад Асіра да Міхмэтата, які насупраць Сіхема; адсюль мяжа ідзе направа да жыхароў Эн Тапуаха.

8 Зямля Тапуах дасталася Манасіі, а Тапуах каля мяжы Манасіінай — сынам Яфрэмавым.

9 Адсюль мяжа сыходзіць да патока Кана, з паўднёвага боку патока. Гарады гэтыя — Яфрэмавыя, хоць сярод гарадоў Манасіі. Мяжа Манасіі — на паўночным баку патока і канчаецца морам.

10 Што на поўдзень, тое Яфрэмава, а што на поўнач, тое Манасіінае: а мора было мяжою іхняй; да Асіра прымыкалі яны з паўночнага боку і да Ісахара з усходняга.

11 Каля Ісахара і Асіра — Манасіі Бэт-Чан і залежныя ад яго мясьціны, Іўлеам і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Дора і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Эн-Дора і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Таанаха і залежныя ад яго мясьціны, жыхары Мэгідона і залежныя ад яго мясьціны, і трэцяя частка Натэта.

12 Сыны Манасііныя не маглі выгнаць жыхароў гарадоў гэтых, і Хананэі засталіся жыць у зямлі гэтай.

13 А калі сыны Ізраілевыя ўвабраліся ў сілу, тады Хананэяў зрабілі яны даньнікамі, але выгнаць ня выгналі іх.

14 Сыны Язэпа гаварылі Ісусу і сказалі: чаму ты даў мне ў надзел адно жэрабя і адну дзялянку, тым часам як я шматлюдны, бо так дабраславіў мяне Гасподзь?

15 Ісус сказаў ім: калі ты шматлюдны, дык ідзі ў лясы і там, у зямлі Фэрэзэяў і Рэфаімаў, расьцерабі сабе месца, калі гара Яфрэмавая табе цесная.

16 Сыны Язэпа сказалі: не застанецца за намі гара, бо жалезныя калясьніцы ўва ўсіх Хананэяў, якія жывуць у даліне, як у тых, якія ў Бэт-Сане і ў залежных ад яго мясьцінах, так і ў тых, што ў даліне Ізрээльскай.

17 Але Ісус сказаў дому Язэпаваму, Яфрэмаваму і Манасіінаму: ты шматлюдны і сіла ў цябе вялікая; не адно жэрабя будзе ў цябе:

18 і гара будзе твая, і лес гэты; ты расьцярэбіш яго, і ён будзе твой да самага канца яго; бо ты выганіш Хананэяў, хоць у іх калясьніцы жалезныя, і хоць яны моцныя.

 

Разьдзел 18

 

1 Усё супольства сыноў Ізраілевых сабралася ў Сілом, і паставілі там скінію сходу, бо зямля была ўпакорана імі.

2 А з сыноў Ізраілевых заставалася сем плямёнаў, якія яшчэ не атрымалі надзелу свайго.

3 І сказаў Ісус сынам Ізраілевым: ці доўга вы яшчэ будзеце ня дбаць пра тое, каб пайсьці і ўзяць у спадчыну зямлю, якую даў вам Гасподзь Бог бацькоў вашых?

4 дайце ад сябе па тры чалавекі з племя; я пашлю іх, і яны, устаўшы, пройдуць па зямлі і апішуць яе, як трэба падзяліць ім на надзелы, і прыйдуць да мяне;

5 няхай падзеляць яе на сем надзелаў; Юда няхай застаецца ў межах сваіх на поўдні, а дом Язэпаў няхай застаецца ў межах сваіх на поўначы;

6 а вы расьпішэце зямлю на сем надзелаў і падайце мне сюды: я кіну вам жэрабя тут перад абліччам Госпада Бога нашага;

7 а лявітам няма долі паміж вамі, бо сьвятарства Гасподняе ёсьць доля іхняя; а Гад, Рувім і палавіна племя Манасіінага атрымалі надзел свой за Ярданам на ўсход, які даў ім Майсей, раб Гасподні.

8 Гэтыя людзі ўсталі і пайшлі. А Ісус тым, якія падышлі апісваць зямлю, даў такі загад: ідзеце, абыдзеце зямлю, апішэце яе і вяртайцеся да мяне; а я тут кіну вам жэрабя перад абліччам Гасподнім, у Сіломе.

9 Яны пайшлі, прайшлі па зямлі і апісалі яе, паводле гарадоў яе, на сем надзелаў, у кнізе, і прыйшлі да Ісуса ў табар, у Сілом.

10 Ісус кінуў ім жэрабя ў Сіломе перад Госпадам, і падзяліў там Ісус зямлю сынам Ізраілевым па дзялянках іх.

11 Жэрабя выпала калену сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх. Мяжа іх паводле жэрабя ішла паміж сынамі Юды і сынамі Язэпа;

12 Мяжа іх на паўночным баку пачынаецца каля Ярдана, і праходзіць мяжа гэтая каля Ерыхона з поўначы, і падымаецца на гару на захадзе, і канчаецца ў пустыні Бэтавэн;

13 адтуль мяжа ідзе да Луза, да паўднёвага боку Луза, Інакш Вэтыля, і сыходзіць мяжа да Атарот-Адара, да гары, якая на паўднёвым баку Бэт-Арона ніжняга;

14 потым мяжа паварочвае і схіляецца да марскога боку на поўдзень ад гары, якая на поўдні перад Бэт-Аронам, і канчаецца каля Кірыят-Ваала, інакш Кірыят-Ярыма, горада сыноў Юдавых. Гэта заходні бок.

15 А паўднёвым бокам ад Кірыят-Ярыма ідзе мяжа да мора і даходзіць да крыніцы водаў Нэфтааха;

16 потым мяжа сыходзіць да канца гары, якая перад далінаю сына Эномавага, у даліне Рэфаімаў, на поўнач і сыходзіць далінаю Энома да паўднэвага боку Евуса, і ідзе да Эн-Рагела;

17 потым паварочвае з поўначы і йдзе да Эн-Шамэша, і йдзе да Гелілота, які насупраць узвышша Адуміма, і сыходзіць да каменя Багана, сына Рувімавага;

18 потым праходзіць паблізу раўніны на поўнач і сыходзіць на раўніну;

19 адсюль праходзіць мяжу каля Бэт-Хоглы на поўнач, і канчаецца мяжа каля паўночнай затокі мора Салёнага, каля паўднёвага канца Ярдана. Вось мяжа паўднёвая. З усходняга ж боку мяжою служыць Ярдан.

20 Вось надзел сыноў Веньямінавых, зь межамі ягонымі з усіх бакоў, паводле родаў іхніх.

21 Гарады племя сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх, належалі гэтыя: Ерыхон, Бэт-Хогла і Эмэк-Кецыц.

22 Бэт-Арава, Цэмараім і Вэтыль,

23 Авім, Фара і Офра,

24 Кефар-Аманай, Афні і Гева: дванаццаць гарадоў зь іх сёламі.

25 Гаваон, Рама і Бэрот,

26 Міцфэ, Кефіра і Моца,

27 Рэкем, Ірфэіл і Тарала,

28 Цэла, Элэф і Евус, інакш Ерусалім, Гівэат і Кірыят: чатырнаццаць гарадоў зь іх сёламі. Вось надзел сыноў Веньямінавых, паводле родаў іхніх.

 

Разьдзел 19

 

1 Другое жэрабя выпала Сымону, племю сыноў Сымонавых, паводле родаў іхніх: і быў надзел іхні сярод надзелу сыноў Юдавых.

2 У надзеле іхнім былі: Вірсавія альбо Шэва, Малада,

3 Хацар-Шуал, Вала і Ацэм,

4 Элталад, Вэтул і Хорма,

5 Цыклаг, Бэт-Маркавот і Хацар-Суса,

6 Бэт-Леваот і Шарухен: трынаццаць гарадоў зь іх сёламі,

7 Аін, Рымон, Этэр і Ашан: чатыры гарады зь сёламі іх,

8 і ўсе сёлы, якія вакол гарадоў гэтых аж да Ваалат-Бээра, альбо паўднёвай Рамы. Вось надзел племю сыноў Сымонавых, паводле родаў іхніх.

9 Ад дзялянкі сыноў Юдавых выдзелены надзел племю сыноў Сымонавых. Як што дзялянка сыноў Юдавых была надта вялікая для іх, дык сыны Сымонавыя і атрымалі надзел сярод іхняга надзелу.

10 Трэцяе жэрабя выпала сынам Завулонавым паводле родаў іхніх, і цягнулася мяжа надзелу іхняга да Сарыда;

11 мяжа іх падымаецца да мора і да Маралы і прымыкае да Дабэшэта і прымыкае да патока, які перад Ёкнэамам;

12 ад Сарыда ідзе назад да ўсходняга боку, на ўсход сонца, да мяжы Кіслот-Тавора; адсюль ідзе да Даўрата і падымаецца да Яфіі;

13 адсюль праходзіць на ўсход у Гет-Хэфэр, у Іту-Кацын, і йдзе да Рымона, Мітаара і Нэі;

14 і паварочвае мяжа з поўначы да Ханатона і канчаецца далінаю Іфтах-Эл;

15 далей: Катаф, Нагалал, Шымрон, Ідэала і Віфляем: дванаццаць гарадоў зь іх сёламі.

16 Вось надзел сыноў Завулонавых, паводле іхніх родаў; вось гарады і сёлы іхнія.

17 Чацьвёртае жэрабя выпала Ісахару, сынам Ісахаравым, паводле родаў іхніх;

18 мяжою іх быў: Ізрээль, Кесулот і Сунэм,

19 Хафараім, Шыён і Анахаоат,

20 Равіт, Кішыён і Авец,

21 Рэмэт, Эн-Ганім і Бэт-Пацэц;

22 і прымыкае мяжа да Тавора і Шагацымы і Вэтсаміса, і канчаецца мяжа іхняя каля Ярдана: шаснаццаць гарадоў зь сёламі іх.

23 Вось надзел сыноў племя Ісахаравага паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іхнія.

24 Пятае жэрабя выпала племю сыноў Асіравых, паводле родаў іхніх;

25 мяжою іх былі: Хэлкат, Халі, Вэтэн і Ахсаф,

26 Аламэлэх, Амад і Мішал; і прылягае мяжа да Карміла з заходняга боку і да Шыхор-Ліўната;

27 потым ідзе назад на ўсход сонца ў Вэт-Дагон і прылягае да Завулона і да даліны Іфтах-Эл з поўначы, у Бэт-Эмэк і Нэеэл, і йдзе ў Кавула, зь левага боку;

28 далей: Эўрон, Рэхаў, Хамон і Кана, да Сідона вялікага;

29 потым мяжа вяртаецца да Рамы да ўмацаванага горада Тыра, і паварочвае мяжа да Хосы і канчаецца каля мора, у мястэчку Ахзіў;

30 далей: Ума, Афэк і Рэхаў: дваццаць два гарады зь сёламі іх.

31 Вось надзел калена сыноў Асіравых, паводле плямёнаў іхніх; вось гарады і сёлы іх.

32 Шостае жэрабя выпала сынам Нэфталімавым, сынам Нэфталіма паводле родаў іхніх;

33 мяжа ішла ад Хэлэфа ад дубровы, што ў Цананіме, да Адамі-Нэкева і Яўнэіла, да Лакума, і канчалася каля Ярдана;

34 адсюль вяртаецца мяжа на захад да Азнот-Тавора і йдзе адтуль да Хукока, і прылягае да Завулона з поўдня, і да Асіра прылягае з захаду, і да Юды каля Ярдана, ад усходу сонца.

35 гарады ўмацаваныя: Цыдым, Цэр, Хамат, Ракат і Хінэрэт,

36 Адама, Рама і Асор,

37 Кедэс, Эдрэя і Эн-Гацор,

38 Ірэон, Мігдал-Эл, Харэм, Бэт-Анат і Вэтсаміс: дзевятнаццаць гарадоў зь іх сёламі.

39 Вось надзел племю сыноў Нэфталімавых паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іх.

40 Племю сыноў Данавых, паводле родаў іхніх, выпала жэрабя сёмае;

41 мяжою надзелу іхняга былі: Цора, Эштаол і Ір-Шэмэш,

42 Шаалавін, Аялон і Ітла,

43 Элон, Тымната і Экрон,

44 Элтэке, Гівэтон і Ваалат,

45 Ігуд, Бэнэ-Вэрак і Гат-Рымон,

46 Мэ-Яркон і Ракон зь мяжою пабліз Ёпіі. І выпаў надзел сыноў Данавых малы для іх.

47 І сыны Данавыя пайшлі вайною на Ласэм і ўзялі яго, і пабілі яго мечам, і атрымалі яго ў спадчыну, і пасяліліся ў ім, і назвалі Ласэм-Данам, імем Дана, бацькі свайго.

48 Вось надзел племю сыноў Данавых, паводле родаў іхніх; вось гарады і сёлы іхнія.

49 Калі закончылі падзел зямлі, паводле межаў яе, тады сыны Ізраілевыя далі сярод сябе надзел Ісусу, сыну Нава:

50 паводле загаду Гасподняга далі яму горад Тамнат-Сараі, якога ён прасіў, на гары Яфрэмавай; і паставіў ён горад і жыў у ім.

51 Вось надзелы, якія Элеазар сьвятар, Ісус, сын Наваў, і правадыры пакаленьняў падзялілі плямёнам сыноў Ізраілевых, паводле жэрабя, у Сіломе, перад абліччам Гасподнім, каля ўваходу ў скінію сходу. І закончылі падзел зямлі.

 

Разьдзел 20

 

1 І наказаў Гасподзь Ісусу казаць:

2 скажы сынам Ізраілевым: зрабеце ў сябе гарады-сховы, пра якія Я казаў вам праз Майсея,

3 каб мог уцякаць туды забойца, які забіў чалавека памылкова, без намыслу; няхай будуць у вас сховішчам ад помсьніка за кроў.

4 І хто ўцячэ ў адзін з гарадоў гэтых, няхай стане каля брамы горада і раскажа ўголас старэйшынам горада гэтага справу сваю; і яны прымуць яго да сябе ў горад і дадуць яму месца, каб ён жыў у іх;

5 і калі пагоніцца за ім помсьнік за кроў, дык яны не павінны выдаваць у рукі яго забойцу, бо ён без намыслу забіў блізкага свайго, ня меў да яго нянавісьці ні ўчора, ні заўчора;

6 няхай ён жыве ў гэтым горадзе, пакуль ня стане перад супольствам на суд, пакуль не памрэ вялікі сьвятар, якія будзе ў тыя дні. А потым няхай вернецца забойца і пойдзе ў горад свой і ў дом свой, зь якога ён уцёк.

7 І выдзелілі Кедэс у Галілеі на гары Нэфталімавай, Сіхем на гары Яфрэмавай, і Кірыят-Арбы, інакш Хэўрон, на гары Юдавай;

8 за Ярданам, насупраць Ерыхона на ўсход, аддзялілі: Бэцэр у пустыні, на раўніне, ад племя Рувімавага, і Рамот у Галаадзе ад племя Гадавага, і Галан у Васане ад племя Манасіінага:

9 гэтыя гарады вызначаны ўсім сынам Ізраілевым і прыхадням, якія жывуць у іх, каб уцякаў туды кожны, хто забіў чалавека памылкова, каб не памёр ён ад рукі помсьніка за кроў, пакуль ня стане перад супольствам.

 

Разьдзел 21

 

1 Правадыры пакаленьняў лявіцкіх прыйшлі да Элеазара сьвятара і да Ісуса, сына Нава, і да правадыроў пакаленьняў сыноў Ізраілевых,

2 і казалі ім у Сіломе, у зямлі Ханаанскай, і сказалі: Гасподзь загадаў праз Майсея даць нам гарады на жыхарства і прадмесьці іх пад быдла наша.

3 І далі сыны Ізраілевыя лявітам з надзелаў сваіх, паводле загаду Гасподняга, гэтыя гарады з прадмесьцямі іх.

4 Выпала жэрабя плямёнам Каатавым; і дасталася па жэрабі сынам Аарона сьвятара, лявітам, ад племя Юдавага і ад племя Сымонавага і ад племя Веньямінавага трынаццаць гарадоў;

5 а астатнім сынам Каата ад родаў племя Яфрэмавага і ад племя Данавага і ад палавіны племя Манасіінага паводле жэрабя дзесяць гарадоў;

6 сынам Гірсонавым — ад родаў племя Ісахаравага і ад племя Асіравага і ад племя Нэфталімавага і ад палавіны племя Манасіінага ў Васане па жэрабі трынаццаць гадоў;

7 сынам Мэрарыным, паводле іх родаў, ад племя Рувімавага, ад племя Гадавага і ад племя Завулонавага — дванаццаць гарадоў.

8 І аддалі сыны Ізраілевыя лявітам гэтыя гарады з прадмесьцямі іх, як загадаў Гасподзь праз Майсея, паводле жэрабя.

9 Ад племя сыноў Юдавых і ад племя сыноў Сымонавых далі гарады, якія названы паводле імя:

10 сынам Аарона, з родаў Каатавых, з сыноў Лявіі,

11 далі Кірыят-Арбы, бацькі Энакавага, інакш Хэўрон, на гары Юдавай, і прадмесьці яго вакол яго;

12 а поле гэтага горада і сёлы яго аддалі ва ўласнасьць Халеву, сыну Ефаніінаму.

13 І вось сынам Аарона сьвятара далі горад сховішча забойцаў, Хэўрон і прадмесьці яго, Ліўну і прадмесьці яе,

14 Іятыр і прадмесьці яго, Эштэмо і прадмесьці яго,

15 Халон і прадмесьці яго, Давір і прадмесьці яго,

16 Аін і прадмесьці яго, Юту і прадмесьці яе, Бэт-Шэшэм і прадмесьці яго: дзевяць гарадоў ад двух плямёнаў гэтых;

17 а ад племя Веньямінавага: Гаваон і прадмесьці яго, Геву і прадмесьці яе,

18 Анатот і прадмесьці яго, Алмон і прадмесьці яго: чатыры гарады.

19 Усіх гарадоў сынам Ааронавым, сьвятарам, трынаццаць гарадоў з прадмесьцямі іх.

20 І родам сыноў Каатавых, лявітаў, астатнім з сыноў Каатавых, паводле жэрабя іхняга, дасталіся гарады ад племя Яфрэмавага;

21 далі ім горад сховішча забойцаў, Сіхем і прадмесьці яго, на гары Яфрэмавай, Газэр і прадмесьці яго;

22 Кіўцаім і прадмесьці яго, Бэт-Арон і прадмесьці яго: чатыры гарады;

23 ад племя Данавага: Элтэке і прадмесьці яго, Гівэтон і прадмесьці яго,

24 Аялон і прадмесьці яго, Гат-Рымон і прадмесьці яго: чатыры гарады;

25 ад палавіны племя Манасіінага: Фаанах і прадмесьці яго, Гат-Рымон і прадмесьці яго: два гарады.

26 Усіх гарадоў з прадмесьцямі іх пастатнім родам сыноў Каатавых дзесяць.

27 А сынам Гірсонавым, з родаў лявіцкіх: ад палавіны племя Манасіінага горад сховішча забойцам, Галан у Васане і прадмесьці яго, і Бээштэру і прадмесьці яе: два гарады;

28 ад племя Ісахаравага: Кішыён і прадмесьці яго, Даўрат і прадмесьці яго,

29 Ярмут і прадмесьці яго, Эн-Ганім і прадмесьці яго: чатыры гарады;

30 ад племя Асіравага: Мішал і прадмесьці яго, Аўдон і прадмесьці яго,

31 Хэлкат і прадмесьці яго, Рэхаў і прадмесьці яго: чатыры гарады;

32 ад племя Нэфталімавага горад сховішча забойцам, Кедэс у Галілеі і прадмесьці яго, Хамот-Дор і прадмесьці яго, Картан і прадмесьці яго: тры гарады.

33 Усіх гарадоў сынам Гірсонавым, паводле родаў іхніх, трынаццаць гарадоў з прадмесьцямі іх.

34 Родам сыноў Мэрарыных, астатнім лявітам: ад племя Завулонавага Ёкнэам і прадмесьці яго, Карту і прадмесьці яе,

35 Дымну і прадмесьці яе, Нагалал і прадмесьці яго: чатыры гарады;

36 ад племя Рувімавага Бэцэр і прадмесьці яго, Яаца і прадмесьці яе,

37 Кедэмот і прадмесьці яго, Мэфаат і прадмесьці яго: чатыры гарады;

38 ад племя Гадавага: гарады сховішчы забойцаў — Рамот у Галаадзе і прадмесьці яго, Маханаім і прадмесьці яго,

39 Эсэвон і прадмесьці яго, Язэр і прадмесьці яго: усіх гарадоў чатыры,

40 Усіх гарадоў сынам Мэрарыным паводле родаў іхніх, астатнім родам лявіцкім, паводле жэрабя дасталася дванаццаць гарадоў.

41 Усіх гарадоў лявіцкіх сярод валоданьняў сыноў Ізраілевых было сорак восем гарадоў з прадмесьцямі іх.

42 Пры гарадах гэтых былі каля кожнага горада прадмесьці вакол яго: так было пры ўсіх гарадах гэтых.

43 Такім чынам аддаў Гасподзь Ізраілю ўсю зямлю, якую даць прысягаўся бацькам іхнім, і яны атрымалі яе ў спадчыну і пасяліліся на ёй.

44 І даў ім Гасподзь спакой з усіх бакоў, як прысягаўся бацькам іхнім, і ніхто з усіх ворагаў іхніх ня ўстояў супроць іх; усіх ворагаў іхніх аддаў Гасподзь у рукі ім.

45 Не засталося няспраўджанае ніводнае слова з усіх добрых слоў, якія Гасподзь казаў дому Ізраілеваму: усё збылося.

 

Разьдзел 22

 

1 Тады Ісус паклікаў племя Рувімавае, Гадавае і палавіну племя Манасіінага і сказаў ім:

2 вы выканалі ўсё, што загадаў вам Майсей, раб Гасподні, і слухаліся слоў маіх ва ўсім, што я загадваў ім;

3 вы не пакідалі братоў сваіх многія дні да сёньня і выканалі, што мелі выканаць па загадзе Госпада Бога вашага;

4 сёньня Гасподзь Бог ваш супакоіў братоў вашых, як казаў ім; дык жа вярнецеся і ідзеце ў намёты вашыя, у зямлю вашага валоданьня, якую даў вам Майсей, раб Гасподні, за Ярданам;

5 толькі старайцеся рупліва выконваць запаведзі і закон, якія наказаў вам Майсей, раб Гасподні: любіць Госпада Бога вашага, хадзіць усімі шляхамі Ягонымі, захоўваць запаведзі Ягоныя, прыляпляцца да Яго і служыць Яму ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашаю.

6 Потым Ісус дабраславіў іх і адпусьціў іх, і яны разышліся па намётах сваіх.

7 Адной палавіне племя Манасіінага даў Майсей надзел у Васане, а другой палавіне яго даў Ісус надзел з братамі ягонымі па гэты бок Ярдана, на захад. І калі адпускаў іх Ісус у намёты іхнія і дабраславіў іх,

8 дык сказаў ім: зь вялікім багацьцем вяртаецеся вы ў намёты вашыя, зь вялікім мноствам быдла, з срэбрам. з золатам, зь медзьдзю і з жалезам, і зь вялікім мноствам вопраткі: падзялеце здабычу, узятую ў ворагаў вашых з братамі вашымі.

9 І вярнуліся, і пайшлі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага ад сыноў Ізраілевых зь Сілома, які ў зямлі Ханаанскай, каб ісьці ў зямлю Галаад, у зямлю свайго валоданьня, якую атрымалі ў валоданьне па загадзе Гасподнім, дадзеным праз Майсея.

10 Прыйшоўшы ў ваколіцы Ярдана, што ў зямлі Ханаанскай, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага спарудзілі там каля Ярдана ахвярнік, ахвярнік вялікі з выгляду.

11 І пачулі сыны Ізраілевыя, што кажуць: вось, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага спарудзілі ахвярнік на зямлі Ханаанскай, у ваколіцах Ярдана, насупраць сыноў Ізраілевых.

12 Калі пачулі гэта сыны Ізраілевыя, дык сабралася ўсё супольства сыноў Ізраілевых у Сілом, каб ісьці супроць іх вайною.

13 Аднак жа сыны Ізраілевыя найперш паслалі да сыноў Рувімавых і да сыноў Гадавых і да палавіны племя сыноў Манасііных у зямлю Галаадскую Фінээса, сына Элеазара, сьвятара,

14 і зь ім дзесяць правадыроў, па правадыры пакаленьня ад усіх плямёнаў Ізраілевых; кожны зь іх быў правадыром пакаленьня ў тысячах Ізраілевых.

15 І прыйшлі яны да сыноў Рувімавых і да сыноў Гадавых і да палавіны племя сыноў Манасііных у зямлю Галаад і казалі ім і сказалі:

16 так кажа ўсё супольства Гасподняе: што гэта за злачынства ўчынілі вы перад Богам Ізраілевым, адступіўшы сёньня ад Госпада, спарудзіўшы сабе ахвярнік і паўстаўшы сёньня супроць Госпада?

17 хіба мала вам беззаконьня Фэгоравага, ад якога мы не ачысьціліся да сёньня і за якое было пабіта супольства Гасподняе?

18 а вы адступаецеся сёньня ад Госпада! сёньня вы паўстаяце супроць Госпада, а заўтра ўгневаецца Гасподзь на ўсё супольства Ізраілевае;

19 калі ж зямля вашага валоданьня здаецца вам нячыстаю, дык перайдзеце ў зямлю валоданьня Гасподняга, вазьмеце надзел сярод нас, але не паўставайце супроць Госпада, і супроць нас не паўставайце, спаруджаючы сабе ахвярнік, акрамя ахвярніка Госпада Бога нашага;

20 ці ж не адзін Ахан, сын Зары, учыніў злачынства, узяўшы з заклятага, а гнеў быў на ўсё супольства Ізраілевае? ці не адзін ён памёр за сваё беззаконьне.

21 Сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і палавіна племя Манасіінага ў адказ казалі правадырам тысяч Ізраілевых:

22 Бог багоў Гасподзь, Бог багоў Гасподзь, Ён ведае, і Ізраіль хай ведае! Калі мы паўстаём і адступаемся ад Госпада, дык хай ня літуе нас Гасподзь у дзень гэты!

23 Калі мы спарудзілі ахвярнік дзеля таго, каб адступіцца ад Госпада, і дзеля таго, каб прыносіць на ім цэласпаленьне і прынашэньне хлебнае і каб учыняць на ім ахвяры мірныя, дык няхай спагоніць Сам Гасподзь!

24 Але мы зрабілі гэта з боязі таго, каб у прыйшлыя часы не сказалі вашыя сыны нашым сынам: «што вам да Госпада Бога Ізраілевага!

25 Гасподзь паставіў мяжу паміж вамі і намі, сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя, Ярдан: няма вам долі ў Госпадзе». Такім чынам вашыя сыны не дапусьцілі б нашых сыноў шанаваць Госпада.

26 Таму мы сказалі: спарудзім сабе ахвярнік ня дзеля цэласпаленьня і ня дзеля ахвяраў,

27 а каб ён паміж вамі і намі, паміж наступнымі родамі нашымі, быў сьведкам, што мы можам служыць Госпаду цэласпаленьнямі нашымі і ахвярамі нашымі і падзякамі нашымі, і каб у прыйшлыя часы не сказалі сыны вашыя сынам нашым: «няма вам долі ў Госпадзе».

28 Мы казалі: калі скажуць так нам і родам нашым у прыйшлы час, дык мы скажам: бачыце падабенства ахвярніка Госпада, якое зрабілі бацькі нашыя ня дзеля цэласпаленьня і ня дзеля ахвяры, а каб гэта было сьведкам паміж намі і вамі.

29 Хай ня будзе такога, каб нам паўстаць супроць Госпада і адступіцца сёньня ад Госпада, і спарудзіць ахвярнік дзеля цэласпаленьня і дзеля прынашэньня хлебнага і дзеля ахвяраў, акрамя ахвярніка Госпада Бога нашага, які перад скініяй Ягонай.

30 Фінээс сьвятар, правадыры супольства і галовы тысяч Ізраілевых, якія былі зь ім, пачуўшы словы, якія казалі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя і сыны Манасііныя, ухвалілі іх.

31 І сказаў Фінээс, сын Элеазара, сьвятар, сынам Рувімавым і сынам Гадавым і сынам Манасііным: сёньня мы даведаліся, што Гасподзь сярод нас, што вы ня ўчынілі перад Госпадам злачынства гэтага; вы цяпер выбавілі сыноў Ізраіля ад рукі Гасподняй.

32 І вярнуўся Фінээс, сын Элеазара, сьвятар, і правадыры ад сыноў Рувімавых і ад сыноў Гадавых у зямлю Ханаанскую да сыноў Ізраілевых і прынесьлі ім адказ.

33 І сыны Ізраілевыя ўхвалілі гэта, і дабраславілі сыны Ізраілевыя Бога і адмовіліся ісьці супроць іх вайною, каб спустошыць зямлю, на якой жылі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя.

34 І назвалі сыны Рувімавыя і сыны Гадавыя ахвярнік: Эд********************, бо, сказалі яны, ён сьведка паміж намі, што Гасподзь ёсьць Бог наш.

 

 

Разьдзел 23

 

1 Праз многа часу пасьля таго, як Гасподзь супакоіў Ізраіля ад усіх ворагаў ягоных з усіх бакоў, Ісус састарыўся, увайшоў у сталы век.

2 І склікаў Ісус усіх сыноў Ізраілевых, старэйшынаў іхніх, судзьдзяў іхніх і наглядчыкаў іхніх, і сказаў ім: я састарыўся, увайшоў у сталы век.

3 Вы бачылі ўсё, што зрабіў Гасподзь Бог ваш перад абліччам вашым з усімі гэтымі народамі, бо Гасподзь Бог ваш Сам змагаўся за вас.

4 Вось, я падзяліў вам па жэрабі астаткі народаў гэтых у надзел плямёнам вашым, усе народы, якія я вынішчыў, ад Ярдана да вялікага мора, на захад сонца.

5 Гасподзь Бог ваш Сам прагоніць іх ад вас; і зьнішчыць іх перад вамі, каб вы атрымалі ў спадчыну зямлю іхнюю, як казаў Гасподзь Бог ваш.

6 Таму ва ўсёй дакладнасьці старайцеся захоўваць і выконваць напісанае ў кнізе закона Майсеевага, ня ўхілейцеся ад яго ні направа, ні налева.

7 Ня зносьцеся з гэтымі народамі, якія засталіся сярод вас, ня ўзгадвайце імёнаў божышчаў іхніх, не прысягайце і ня служэце ім і не пакланяйцеся ім,

8 а прыляпецеся да Госпада Бога вашага, як вы рабілі да гэтага дня.

9 Гасподзь прагнаў ад вас народы вялікія і моцныя, і перад вамі ніхто ня ўстояў да сёньня;

10 адзін з вас праганяе тысячу, бо Гасподзь Бог ваш Сам змагаецца за вас, як казаў вам.

11 Таму ўсяляк старайцеся любіць Госпада Бога вашага.

12 Калі ж вы адвернецеся і прыстанеце да пазасталых з народаў гэтых, якія засталіся сярод вас, і ўступеце ў роднасьць зь імі і будзеце хадзіць да іх і яны да вас.

13 Дык ведайце, што Гасподзь Бог ваш ня будзе ўжо праганяць ад вас народы гэтыя, а яны будуць вам пятлёю і сеткаю, бічом на рэбры вашыя і цернем у вочы вашыя, пакуль ня будзеце вынішчаныя з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь Бог ваш.

14 Вось, я сёньня адыходжу на шлях усёй зямлі. А вы ведаеце ўсім сэрцам вашым і ўсёю душою вашаю, што не засталося марным ніводнае слова з усіх добрых слоў, якія гаварыў пра вас Гасподзь Бог ваш: усё збылося дзеля вас, ніводнае слова не засталося няспраўджаным.

15 Але як збылося над вамі ўсякае добрае слова, якое гаварыў вам Гасподзь Бог ваш, так Гасподзь Бог ваш выканае над вамі ўсякае ліхое слова, пакуль ня вынішчыць вас з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь Бог ваш.

16 Калі вы пераступіце запавет Госпада Бога вашага, які Ён пастанавіў вам, і пойдзеце і будзеце служыць іншым багам і пакланяцца ім, дык загарыцца нам вас гнеў Гасподні, і хутка зьгінеце з гэтай добрай зямлі, якую даў вам Гасподзь.

 

Разьдзел 24

 

1 І сабраў Ісус усе плямёны Ізраілевыя ў Сіхем і склікаў старэйшынаў Ізраіля і правадыроў яго, і судзьдзяў яго і наглядчыкаў яго, і сталі перад Богам.

2 І сказаў Ісус усяму народу: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: «за ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку, Тара, бацька Абрагама і бацька Нахора, і служылі іншым багам.

3 Але Я ўзяў бацьку вашага Абрагама з-за ракі і вадзіў яго па ўсёй зямлі Ханаанскай, і памножыў семя ягонае і даў яму Ісаака.

4 Ісааку даў Якава і Ісава. Ісаву даў Я гару Сэір у спадчыну; а Якаў і сыны ягоныя перайшлі ў Егіпет.

5 І паслаў Я Майсея і Аарона і пакараў Егіпет пошасьцямі, якія ўчыніў Я сярод яго, і потым вывеў вас.

6 Я вывеў бацькоў вашых зь Егіпта, і вы прыйшлі да мора. Тады Егіпцяне гналіся за бацькамі вашымі з калясьніцамі і вершнікамі да Чэрмнага мора.

7 Але яны заенчылі да Госпада, і Ён паклаў цемру паміж вамі і Егіпцянамі і навёў на іх мора, якое іх і накрыла. Вочы вашыя бачылі, што Я зрабіў у Егіпце. Многа часу прабылі вы ў пустыні.

8 І прывёў Я вас да зямлі Амарэяў, якія жылі за Ярданам; яны ўступілі ў бітву з вамі, але Я аддаў іх у рукі вашыя, і вы атрымалі ў спадчыну зямлю іхнюю, і Я вынішчыў іх перад вамі.

9 Паўстаў Валак, сын Сэпфораў, цар Маавіцкі, і пайшоў вайною на Ізраіля, паслаў і паклікаў Валаама, сына Вэоравага, каб ён пракляў вас;

10 але Я не хацеў слухаць Валаама, — і ён дабраславіў вас, і Я выбавіў вас з рук ягоных.

11 Вы перайшлі Ярдан і прыйшлі да Ерыхона. І пачалі ваяваць з вамі жыхары Ерыхона, Амарэі і Фэрэзэі, і Хананэі і Хэтэі, і Гергесэі і Эвэі і Евусэі, але Я аддаў іх у вашыя рукі.

12 Я паслаў перад вамі шаршнёў, якія прагналі іх ад вас, двух цароў Амарэйскіх, ня мечам тваім і ня лукам тваім зроблена гэта.

13 І даў Я вам зямлю, на якой ты не працаваў, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывяце ў іх; зь вінаградных і аліўкавых садоў, якіх вы не садзілі, вы ясьце плады.

14 Дык вось, бойцеся Бога і служэце Яму ў чысьціні і шчырасьці; адкіньце багоў, якім служылі бацькі вашыя за ракою ў Егіпце, а служэце Госпаду.

15 Калі ж не спадоба вам служыць Госпаду, дык выберыце сабе сёньня, каму служыць, ці багам, якім служылі бацькі вашыя, што былі за ракою, ці багам Амарэяў, у зямлі якіх жывяце; а я і дом мой будзем служыць Госпаду.

16 І адказваў народ і сказаў: не, ня будзе таго, каб мы пакінулі Госпада і пачалі служыць іншым багам!

17 Бо Гасподзь — Бог наш, Ён вывеў нас і бацькоў нашых зь зямлі Егіпецкай, з дому рабства, і рабіў перад вачамі нашымі вялікія азнакі і захоўваў нас на ўсім шляху, па якім мы ішлі, і сярод усіх народаў, празь якія мы праходзілі.

18 Гасподзь прагнаў ад нас усе народы і Амарэяў, якія жылі ў гэтай зямлі. Таму і мы служыцьмем Госпаду, бо Ён — Бог наш.

19 Ісус сказаў народу: ня зможаце служыць Госпаду, бо Ён Бог сьвяты, Бог руплівец, не пацерпіць беззаконьня вашага і грахоў вашых.

20 Калі вы пакінеце Госпада і будзеце служыць чужым багам, дык Ён навядзе на вас ліха і вынішчыць вас, пасьля таго як дабрачыніў вам.

21 І сказаў народ Ісусу: не, мы Госпаду будзем служыць.

22 Ісус сказаў народу: вы сьведкі за сябе, што выбралі вы сабе Госпада — служыць Яму? Яны адказалі: сьведкі.

23 Дык вось, адкіньце чужых багоў, якія ў вас, і павярнеце сэрца сваё да Госпада Бога Ізраілевага.

24 Народ сказаў Ісусу: Госпаду Богу нашаму будзем служыць і голасу Яго будзем слухацца.

25 І заключыў Ісус з народам запавет у той дзень і даў яму пастановы і закон у Сіхеме.

26 І ўпісаў Ісус словы гэтыя ў кнігу закона Божага, і ўзяў вялікі камень, і ўзяў вялікі камень і паклаў яго там пад дубам, які каля сьвятыні Гасподняй.

27 І сказаў Ісус усяму народу: вось камень гэты будзе нам сьведка, бо ён чуў усе словы Госпада, якія Ён гаварыў з намі; ён хай будзе сьведка супроць вас, каб вы не зманілі перад Богам вашым.

28 І адпусьціў Ісус народ, кожнага ў свой надзел.

29 Пасьля гэтага памёр Ісус, сын Наваў, раб Гасподні, было яму сто дзесяць гадоў.

30 І пахавалі яго ў межах яго надзелу ў Тамнат-Сараі, што на гары Яфрэмавай, на поўнач ад гары Гааша.

31 І служыў Ізраіль Госпаду ва ўсе дні Ісуса і ва ўсе дні старэйшынаў, жыцьцё якіх прадоўжылася пасьля Ісуса, і якія бачылі ўсе дзеі Госпада, якія Ён учыніў Ізраілю.

32 І косьці Язэпа, якія вынесьлі сыны Ізраіля зь Егіпта, пахавалі ў Сіхеме, на дзялянцы поля, якое купіў Якаў у сыноў Эмора, бацькі Сіхемавага за сто манет і якое дасталася ў надзел сынам Язэпавым.

33 Памёр і Элеазар, сын Аарона, і пахавалі яго на пагорку Фінээса, сына ягонага, які дадзены яму на гары Яфрэмавай.