КНІГА ПРАРОКА ІСАІ
Разьдзел 1
1 Уява Ісаі, сына Амосавага, якую ён бачыў пра Юдэю і Ерусалім, у дні Азіі Ёатама, Ахаза, Эзэкіі — цароў Юдэйскіх.
2 Слухайце, нябёсы, і ўважай, зямля; бо гаворыць Гасподзь: Я выхаваў і ўзвысіў сыноў, а яны ўзбунтаваліся супраць Мяне.
3 Вол ведае гаспадара свайго, і асёл ясьлі гаспадара свайго; а Ізраіль ня знае Мяне, народ Мой не разумее.
4 О, народзе грэшны, народзе пад цяжкімі беззаконьнямі, ліхадзейскае племя, сыны пагібельныя! Пакінулі Госпада, заняхаілі Сьвятога Ізраілевага, — павярнуліся назад.
5 Па чым вас біць яшчэ, калі далей жывяце ва ўпартасьці? Уся галава ў струпах, і ўсё сэрца струхлела.
6 Ад ступкоў да цемені няма на ім месца здаровага; струпы, плямы, гнойныя раны, неабмытыя і неперавязаныя, і алеем неразьмякчаныя.
7 Зямля ваша спустошана; гарады вашыя агнём спалены; палі вашыя на вашых вачах паядаюць чужынцы; усё запусьцела, быццам пасьля руйнаваньня чужынскага.
8 І засталася дачка Сіёна, як намёт у вінаградніку, як будан у гародзе, як абложаны горад.
9 Калі б Гасподзь Саваоф не пакінуў нам невялікае рэшты, дык мы былі б тое самае, што Садома, прыпадобніліся б да Гаморы.
10 Слухайце слова Гасподняе, князі Садомскія: уважай закону Бога нашага, народзе Гаморскі!
11 Навошта Мне мноства ахвяраў вашых? кажа Гасподзь. Я перанасыціўся цэласпаленьнямі бараноў і тлушчам укормленага быдла; і крыві цялят, і ягнят, і казлоў не хачу.
12 Калі вы прыходзіце, каб зьявіцца перад аблічча Маё, хто патрабуе ад вас, каб вы тапталі падворкі Мае?
13 Не насеце болей дарункаў марнотных; дым кадзільны агідны Мне; навамесяцаў і суботаў, сходаў сьвяточных трываць не магу: беззаконьне — і сьвяткаваньне!
14 Навамесяцы вашыя і сьвяты вашыя ненавідзіць душа Мая; яны цяжкія Мне; Мне цяжка іх несьці.
15 І калі вы працягваеце рукі вашыя, Я заплюшчваю ад вас Мае вочы; і калі памнажаеце вы малітвы свае, Я ня чую: вашыя рукі ў крыві.
16 Абмыйцеся, ачысьціцеся; адвядзеце ліхія ўчынкі вашыя ад вачэй Маіх; перастаньце рабіць зло;
17 навучэцеся рабіць дабро; шукайце праўды; ратуйце прыгнечанага; абараняйце сірату; заступайцеся за ўдаву.
18 Тады прыйдзеце, і рассудзім, кажа Гасподзь. Калі будуць грахі вашыя, як барвовае, — як сьнег адбялю; калі будуць чырвоныя, як пурпура, — як воўну адбялю.
19 Калі захочаце і паслухаецеся, дык есьцімеце даброты зямлі.
20 Калі ж адмовіцеся і будзеце ўпарціцца, дык меч зжарэ вас: бо вусны Гасподнія маўляюць.
21 Як зрабілася блудадзейкаю верная сталіца, поўная правасудзьдзя! Праўда жыла ў ёй, а цяпер забойцы.
22 Срэбра тваё зрабілася шлакам, віно тваё сапсавана вадою.
23 Князі твае — законаадступнікі і пасобнікі злодзеяў; усе яны любяць дарункі і ўгоньваюцца за грашыма; не бароняць сіраты, і гора ўдавы ня абыходзіць ім.
24 Таму кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф, Моцны Ізраілеў: о, Я ўсьцешу Сябе над супраціўцамі Маімі і адпомшчу ворагам Маім!
25 І павярну на цябе руку Маю, і, як лугам, адчышчу зь цябе дамесак, і аддзялю ад цябе ўсё сьвінцовае
26 і пастаўляцьму судзьдзяў табе, як раней, і радцаў, як напачатку; тады будуць казаць пра цябе: «горад праўды, сталіца веры».
27 Сіён уратуецца правасудзьдзем, і навернутыя сыны яго — справядлівасьцю.
28 А ўсім адступнікам і грэшнікам — пагібель, і тыя, што пакінулі Госпада, вынішчацца.
29 Яны будуць пасаромленыя за дубровы, якіх вы так прагнулі, і брыдка ім будзе за сады, якія вам так панадныя.
30 Бо вы будзеце, як дуб, зь якога лісьце апала, і як сад, у якім няма вады.
31 І моцны будзе ашмоцьцем, і дзея ягоная — іскраю; і будуць паліцца разам, — і ніхто не патушыць.
Разьдзел 2
1 Слова, якое было ва ўяве Ісаю, сыну Амосаваму, пра Юдэю і Ерусалім.
2 І будзе ў апошнія дні гара дома Гасподняга, будзе пастаўлена на чале гор, і ўзвысіцца над пагоркамі, і пацякуць да яе ўсе народы.
3 І пойдуць многія народы, і скажуць: прыйдзеце, і ўзыйдзем на гару Гасподнюю, у дом Бога Якаўлевага, і навучыць Ён нас Сваім шляхам; і хадзіцьмем па сьцежках Ягоных. Бо ад Сіёна выйдзе закон, і слова Гасподняе — зь Ерусаліма.
4 І будзе Ён судзіць народы, і выкрые многія плямёны; і перакуюць мячы свае на аралы, і дзіды свае — на сярпы; не падыме народ на народ меча, і ня будуць болей вучыцца ваяваць.
5 О, доме Якава! Прыйдзеце, і будзем хадзіць у сьвятле Гасподнім.
6 Але Ты адкінуў народ Твой, доме Якава, бо яны шмат перанялі ад усходу: і чарадзеі ў іх, як у Філістымлянаў, і з сынамі чужымі яны ў згодзе.
7 І напоўнілася зямля яго срэбрам і золатам, і ліку няма скарбам ягоным; і напоўнілася зямля яго конямі, і ліку няма калясьніцам ягоным;
8 і напоўнілася зямля ягоная ідаламі; яны пакланяюцца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы іхнія.
9 І пакланіўся чалавек, і прынізіўся мужчына; і Ты не даруеш ім.
10 Ідзі ў скалу, і схавайся ў зямлю ад страху Госпада і ад славы велічы Ягонай.
11 Панікнуць гордыя вочы чалавека, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.
12 Бо ідзе дзень Госпада Саваофа на ўсё ганарыстае і пыхлівае і на ўсё ўзьнесенае, — і яно будзе прыніжана,
13 і на ўсе кедры Ліванскія, высокія і выносныя, і на ўсе дубы Васанскія,
14 і на ўсе высокія горы, і на ўсе пагоркі, якія ўзвышаюцца,
15 і на ўсякую вежу высокую, і на ўсякі моцны мур,
16 і на ўсе караблі Тарсіскія, і на ўсе панадныя акрасы іхнія.
17 І ўпадзе чалавечая веліч, і высокае людское прынізіцца; і адзін Гасподзь будзе высокі ў той дзень.
18 І ідалы зьнікнуць зусім.
19 І ўвойдуць людзі ў расколіны скал і ў прорвы зямлі ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.
20 У той дзень чалавек кіне кратам і кажанам сваіх срэбраных і залатых сваіх ідалаў, якіх зрабіў сабе на пакланеньне ім,
21 каб увайсьці ў цясьніны скал і ў расколіны гор ад страху Госпада і ад славы велічы Яго, калі Ён паўстане сьцерці зямлю.
22 Перастаньце вы спадзявацца на чалавека, чыё дыханьне ў ноздрах у яго: бо што ён значыць?
Разьдзел 3
1 Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, адбярэ ў Ерусаліма і ў Юды посах і кій, усякае сілкаваньне хлебам і ўсякае сілкаваньне вадою,
2 адважнага правадыра і ваяра, судзьдзю і прарока, і празорцу і старца,
3 пяцідзясяцкага, і заможніка, і радцу, і мудрага мастака, і майстра ў слове.
4 І дам ім хлапцоў у начальнікі, і дзеці будуць валадарыць над імі.
5 І ў народзе адзін будзе прыгнятацца другім, і кожны блізкім сваім; малады будзе нахабна заносіцца над старым, і прасталюднік над заможнікам.
6 Тады ўхопіцца чалавек за брата свайго, у сямэі бацькі свайго, і скажа: «у цябе ёсьць адзеньне, будзь нашым правадыром, і хай будуць гэтыя руіны пад рукою тваёю».
7 А ён з прысягаю скажа: «не магу загоіць ранаў грамадства; і ў маім доме няма ні хлеба, ні вопраткі; не рабеце мяне правадыром народу».
8 Так рухнуў Ерусалім, і ўпаў Юда, бо язык іх і дзеі іхнія — супроць Госпада, абразьлівыя вачам славы Ягонай.
9 Выраз іх твараў сьведчыць супроць іх, і пра грэх свой яны расказваюць адкрыта, як Садомляне, не хаваюць: гора душы іхняй! бо самі на сябе наклікаюць ліха.
10 Скажэце праведніку, што добра яму: бо ён будзе есьці плады ўчынкаў сваіх;
11 а беззаконьніку гора: бо будзе яму адплата за дзеі рук ягоных.
12 Прыгнятальнікі народу Майго — дзеці, і жанчыны валадараць над ім. Народзе Мой! правадыры твае ўводзяць цябе ў аблуду, і дарогу сьцежак тваіх папсавалі.
13 Паўстаў Гасподзь на суд — і стаіць, каб судзіць народы.
14 Гасподзь уступае ў суд са старэйшынамі народу Свайго і з князямі яго: вы спустошылі вінаграднік; нарабаванае ў беднага — у вашых дамах.
15 Навошта ўціскаеце люд Мой і прыгнятаеце бедных? кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
16 І сказаў Гасподзь: за тое, што пышаюцца дочкі Сіёна, і ганарыста ходзяць, падняўшы шыю, і спакушаюць вачыма, і выступаюць гардзейскай хадою, і брынчаць ланцужкі на іхніх нагах,
17 сьпляшывіць Гасподзь цемя дочкам Сіёна, і адкрые Гасподзь сарамату іхнюю.
18 У той дзень адбярэ Гасподзь аздобы: прыгожыя ланцужкі на нагах і спражкі, і зорачкі, і дыядэмы,
19 завушніцы, і пацеркі, і наплечнікі, і вяслы і бранзалеткі, і паясы, і пляшачкі з пахошчамі, і падвескі чароўныя,
20 пярсьцёнкі і колцы ў нос,
21 вопратку і сподняе, і хусткі, і кашалькі,
22 сьветлыя шаты і вэлюмы, і павязкі, і покрывы.
23 І будзе замест пахошчаў смурод, і замест пояса будзе вяроўка, і замест кудзерак плешына, і замест багатае шаты вярэта цесная, замест хараства кляймо ганьбы.
24 Мужчыны твае загінуць ад меча, і адважнікі твае — на вайне.
25 І будуць енчыць і плакаць брамы сталіцы, і будзе яна сядзець на зямлі спусташэньня.
(26)
Разьдзел 4
1 І схопяцца сем жанчын за аднаго мужчыну ў той дзень, і скажуць: «свой хлеб будзем есьці, і сваю адзежу будзем насіць, толькі хай называцьмемся імем тваім, — здымі ганьбу з нас».
2 У той дзень галіна Госпада явіцца ў красе і пашане, і плод зямлі — у велічы і славе, ацалелым сынам Ізраіля.
3 Тады тыя, што засталіся на Сіёне і ацалелі ў Ерусаліме, назавуцца сьвятымі, усе запісаныя ў кнігу на жыцьцё ў Ерусаліме,
4 калі Гасподзь абмые бруд дачок Сіёна і ачысьціць кроў Ерусаліма з асяродзьдзя яго духам суду і духам агню.
5 І створыць Гасподзь над усякай мясьцінай гары Сіёна і над сходамі яе воблака і дым у час дня і зьзяньне полымнага агню ў час ночы; бо над усім пашанным будзе покрыва.
6 І будзе намёт для засені ўдзень ад сьпёкі і для сховішча і абароны ад непагадзі і дажджу.
Разьдзел 5
1 Засьпяваю Майму Любаснаму песьню Любаснага Майго пра вінаграднік Ягоны. У Любаснага Майго быў вінаграднік на вяршыні плоднай гары.
2 І Ён абкапаў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім адборныя вінаградныя лозы, і паставіў вежу пасярод яго, і выкапаў у ім чавільню, і чакаў, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў дзікія ягады.
3 І цяпер жыхары Ерусаліма і мужчыны Юдэйскія, рассудзеце Мяне зь вінаграднікам Маім.
4 Што яшчэ трэба было б зрабіць вінаградніку Майму, чаго Я не зрабіў яму? Чаму, калі Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, ён урадзіў дзікія ягады?
5 Дык вось Я скажу вам, што зраблю зь вінаграднікам Маім: здыму зь яго агароджу, і будзе ён спусташацца; разбуру сьцены яго, і будуць яго таптаць.
6 І пакіну яго ў запусьценьні; ня будуць ні абразаць, ні капаць яго; і зарасьце ён цернем і ваўчкамі, і загадаю хмарам не паліваць яго дажджом.
7 Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды — любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось — праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось — лямант.
8 Гора вам, хто дадае дом да дома, далучае поле да поля, так што іншым не застаецца месца, нібыта вы адны паселены на зямлі.
9 У вушы мае сказаў Гасподзь Саваоф: шматлікія дамы гэтыя будуць пустыя, вялікія і прыгожыя — зьбязьлюдзеюць;
10 дзесяць дзялянак у вінаградніку дадуць адзін бат, і хомэр пасеянага зерня ўродзіць заледзьве эфу.
11 Гора таму, хто з раньняй раніцы шукае сікеру і да позьняга вечара разагравае сябе віном;
12 і цытра і лютня, тымпан і жалейка, і віно на банкетах іхніх; а на дзеі Госпада не зважаюць яны, і пра чыны рук Ягоных ня думаюць.
13 За тое народ мой пойдзе ў палон непрадбачана, і заможнікі яго загаладаюць, і багацеі ягоныя спрагнуцца смагаю.
14 За тое пашырылася апраметная, і над меру разьзявіла пашчу сваю; і сыдзе туды слава іхняя, і багацьце іхняе, і шум іхні, і ўсё, што разьвесяляе іх.
15 І схіліцца чалавек, і ўпакорыцца мужчына, і вочы гардзеяў панікнуць;
16 А Гасподзь Саваоф узьнясецца высока ў судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праўдзе.
17 І будуць пасьвіцца авечкі па сваёй волі, і чужыя будуць карміцца пакінутымі тлустымі пашамі багацеяў.
18 Гора тым, якія цягнуць на сябе беззаконьне вяроўкамі марнасьці і грэх — як бы ляйчынамі калясьнічнымі;
19 якія кажуць: «Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзею Сваю, каб мы бачылі, і хай наблізіцца і выканаецца парада Сьвятога Ізраілевага, каб мы даведаліся!»
20 Гора тым, якія зло называюць дабром, і дабро — злом, цемру лічаць сьвятлом, і сьвятло — цемраю, горкае лічаць салодкім, і салодкае — горкім!
21 Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і разумныя перад самімі сабою!
22 Гора тым, якія багатыры піць віно і моцныя гатаваць моцны напой,
23 якія за хабар апраўдваюць вінаватага і праведных пазбаўляюць законнага!
24 Як агонь пажырае салому, і полымя зьнішчае сена, так спарахнее корань іхні і цьвет іх разьвеецца пылам; бо заняхаілі яны закон Госпада Саваофа і заняхаілі слова Сьвятога Ізраілевага.
25 За тое загарыцца гнеў Госпада на народ Ягоны, і працягне Ён руку Сваю на яго і ўразіць яго, аж здрыгануцца горы, і трупы іх будуць, як памёт на вуліцах. І пры ўсім гэтым гнеў Яго не адступіцца, і рука Яго яшчэ будзе працягнутая.
26 І падыме сьцяг народам далёкім і дасьць знак таму, хто жыве на краі зямлі, — і вось, ён лёгка і скора прыйдзе;
27 і ня будзе ў яго ні стомленага, ні зьнямоглага; ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня здымецца пояс са сьцёгнаў ягоных, і не парвецца рэмень на абутку ягоным;
28 стрэлы ў яго навостраныя, і ўсе лукі ў яго напятыя; капыты коней ягоных падобныя да крэменю, і колы яго, як віхура;
29 рык ягоны, як рык ільвіцы; ён рыкае як ільвяня, і зарыкае і схопіць здабычу, і панясе, і ніхто не адбярэ.
30 І зарыкае на яго ў той дзень быццам рыкам разьятранага мора; і гляне ён на зямлю, і вось — цемра, гора, і сьвятло патухла ў аблоках.
Разьдзел 6
1 У год сьмерці цара Азіі бачыў я Госпада, Які сядзеў на троне высокім і ўзьнесеным, і краі шатаў Ягоных напаўнялі ўвесь храм.
2 Вакол Яго стаялі серафімы; у кожнага зь іх па шэсьць крылаў: двума засланяў кожны аблічча сваё, і двума засланяў ногі свае, і двума лётаў.
3 І клікалі адзін аднаму і казалі: Сьвяты, Сьвяты, Сьвяты Гасподзь Саваоф! уся зямля поўная славы Ягонай!
4 І затрэсьліся бэлькі ў браме ад голасу тых, што клікалі, і дом напоўніўся дымам ахвярным.
5 І сказаў я: гора мне! загінуў я! бо я чалавек зь нячыстымі вуснамі, і жыву сярод люду таксама зь нячыстымі вуснамі, — і вочы мае бачылі Цара, Госпада Саваофа.
6 Тады прыляцеў да мяне адзін серафім, і ў руцэ ў яго распалены вугаль, які ён узяў абцугамі з ахвярніка,
7 і дакрануўся да вуснаў маіх і сказаў: вось, гэта кранулася вуснаў тваіх, і беззаконьне тваё адведзена ад цябе, і грэх твой ачышчаны.
8 І пачуў я голас Госпада, Які сказаў: каго Мне паслаць? і хто туды пойдзе за вас? І сказаў я: вось я, пашлі мяне.
9 А Ён сказаў: ідзі і скажы гэтаму народу: слыхам пачуеце, і не ўразумееце; і вачыма глядзецьмеце, і ня ўбачыце.
10 Агрубела бо сэрца ў людзей гэтых, і цяжка чуюць вушыма, і зьмежылі вочы свае, хай ня ўгледзяць вачыма, і не пачуюць вушыма, і сэрцам не ўразумеюць, і не навернуцца, каб Я ацаліў іх.
11 І сказаў я: ці надоўга, Госпадзе? Ён сказаў: пакуль не апусьцеюць гарады, і не застануцца без жыхароў, і дамы бязь людзей, і пакуль зямля гэтая зусім не запусьцеецца.
12 І выдаліць Гасподзь людзей, і вялікае запусьценьне будзе на гэтай зямлі.
13 І калі яшчэ застанецца дзясятая частка на ёй, і вернецца, яна зноў будзе спустошана; але, як ад ліпы і як ад дуба, калі яны сьсечаны, застаецца корань іх, так сьвятое насеньне будзе коранем яе.
Разьдзел 7
1 І было ў дні Ахаза, сына Ёатамавага, сына Азіі, цара Юдэйскага, Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліінаў, цар Ізраільскі, пайшлі супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго, — але не маглі заваяваць.
2 І было абвешчана дому Давідаваму, і сказана: Сірыяне разьмясьціліся ў зямлі Яфрэмавай; і пахіснулася сэрца ягонае і сэрца народа ягонага, як хістаюцца ад ветру дрэвы ў лесе.
3 І сказаў Гасподзь Ісаю: выйдзі ты і сын твой, Шэарасуў насустрач Ахазу, да канца канала верхняй сажалкі, на дарогу да поля бялільнага,
4 і скажы яму: сачы і будзь спакойны; ня бойся, і хай не занепадае сэрца тваё і не палохаецца гэтых двух недагарэлых дымных галавешак, ад распаленага гневу Рэцына і Сірыянаў, і сына Рэмаліінавага.
5 Сірыя, Яфрэм і сын Рэмаліінаў намышляюць супроць цябе ліхое, кажучы:
6 пойдзем на Юдэю, і ўзбурым яе, і авалодаем ёю, і паставім у ёй царом сына Тавэілавага.
7 Але Гасподзь Бог так кажа: гэта ня станецца і ня збудзецца;
8 бо галава Сірыі — Дамаск, і галава Дамаска — Рэцын; а праз шасьцьдзясят пяць гадоў Яфрэм перастане быць народам;
9 і галава Яфрэма — Самарыя, і галава Самарыі — сын Рэмаліінаў. Калі вы ня верыце, дык таму, што вы не засьведчаныя.
10 І Гасподзь гаварыў далей да Ахаза, і сказаў:
11 прасі сабе азнакі ў Госпада Бога твайго: прасі альбо ў глыбіні, альбо на вышыні.
12 І сказаў Ахаз: ня буду прасіць і ня буду спакушаць Госпада.
13 Тады сказаў Ісая: слухайце ж, доме Давідаў! няўжо мала вам абцяжваць людзей, што вы хочаце абцяжваць і Бога майго?
14 Дык вось Сам Гасподзь дасьць вам азнаку: вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму: Эмануіл.
15 Ён будзе карміцца малаком і мёдам, пакуль ня будзе ўмець адкідаць благое і выбіраць добрае.
16 Бо, перш чым гэтае дзіця ўмецьме адкідаць благое і выбіраць добрае, зямля тая, якое ты баішся, будзе пакінута абодвума царамі яе.
17 Але навядзе Гасподзь на цябе і на народ твой і на дом бацькі твайго дні, якія ня прыходзілі з часу адпаду Яфрэма ад Юды, навядзе цара Асірыйскага.
18 І станецца ў той дзень: Гасподзь дасьць знак мусе, якая пры ўтоку ракі Егіпецкай, і пчале, якая ў зямлі Асірыйскай,
19 і прыляцяць і пасядуць яны ўсе па далінах апусьцелых і па расколінах скал, і па ўсім калючым кустоўі і па ўсіх дрэвах.
20 У той дзень паголіць Гасподзь брытваю, узятаю па той бок ракі царом Асірыйскім, галаву і валасы на нагах, і нават здыме бараду.
21 І станецца ў той дзень: хто будзе трымаць карову і дзьве авечкі,
22 з багацьця малака, якое яны дадуць, спажываць будзе масла; масла і мёд будуць есьці ўсе, што засталіся ў гэтай зямлі.
23 І станецца ў той дзень: на ўсякім месцы, дзе расла тысяча вінаградных лозаў на тысячу срэбранікаў, будзе церне і калючы хмыз.
24 Са стрэламі і лукамі хадзіцьмуць туды, бо ўся зямля будзе цернем і калючым хмызам.
25 І ні на адну гару, якую капалі рыдлёўкамі, ня пойдзеш, баючыся церняў і калючых хмызаў: туды будуць выганяць валоў, і дробнае быдла таптацьме іх.
Разьдзел 8
1 І сказаў мне Гасподзь: вазьмі сабе вялікі сувой і накрэсьлі на ім чалавечымі пісьмёнамі: магер-шэлал-хаш-баз*************************************.
2 І я ўзяў сабе верных сьведкаў: Урыю сьвятара і Захарыю, сына Варахіінавага,
3 і наблізіўся я да прарочыцы, і яна зачала і нарадзіла сына. І сказаў мне Гасподзь: назаві яго імем: магер-шэлал-хаш-баз;
4 бо перш, чым дзіця навучыцца вымаўляць: «бацька мой», «маці мая», багацьці Дамаска і здабычы Самарыйскія панясуць перад царом Асірыйскім.
5 І гаварыў далей Гасподзь да мяне і сказаў яшчэ:
6 за тое, што гэты народ пагарджае водамі Сілаама, што плывуць ціха, і захапляецца Рэцынам і сынам Рэмалііным,
7 навядзе на яго Гасподзь воды бурлівыя і вялікія — цара Асірыйскага з усёю славаю ягонай; і падымецца яна ва ўсіх пратоках сваіх і выйдзе з усіх берагоў сваіх;
8 і пойдзе па Юдэі, і затопіць яе, і высока падымецца — дастане да шыі; і размах крылаў яе будзе на ўсю шырыню зямлі Тваёй, Эмануіле!
9 Варагуйце, народы, але дрыжэце, і слухайце, усе далёкія землі! Узбройвайцеся, але дрыжэце; узбройвайцеся, але дрыжэце!
10 Намышляйце намыслы, але яны задарэмняцца; кажэце слова, але яно ня спраўдзіцца: бо з намі Бог!
11 Бо так казаў мне Гасподзь, трымаючы на мне моцную руку і асьцерагаючы мяне не хадзіць дарогаю гэтага народа, і сказаў:
12 «не называйце змоваю ўсяго таго, што народ гэты называе змоваю; і ня бойцеся таго, чаго ён баіцца, і ня дрыжэце.
13 Госпада Саваофа — Яго шануйце сьвята, і Ён — страх ваш, і Ён — дрыжаньне вашае!
14 І будзе Ён сьвятыняю і каменем спатыканьня, і скалою спакусы абодвум дамам Ізраіля, пасткай і сеткай жыхарам Ерусаліма.
15 І многія зь іх спатыкнуцца і ўпадуць і разаб’юцца, і заблытаюцца ў сетцы і будуць злоўленыя.
16 Завяжы сьведчаньне, і запячатай навуку пры вучнях маіх».
17 Дык вось я спадзяюся на Госпада, Які схаваў аблічча Сваё ад дома Якаўлевага, і спадзяюся на Яго.
18 Вось я і дзеці, якіх даў мне Гасподзь, мы як азнакі і папярэджаньні ў Ізраілі ад Госпада Саваофа, Які жыве на гары Сіён.
19 І калі скажуць вам: зьвярнецеся да заклінальнікаў духаў памерлых і да чарадзеяў, да шаптуноў і нутрамоўцаў, — тады адказвайце: ці не павінен народ зьвяртацца да свайго Бога? ці пытаюцца ў мёртвых пра жывых?
20 Зьвяртайцеся да закона і сьведчаньня. Калі яны не гавораць, як гэтае слова, дык няма ў ім сьвятла.
21 І будуць яны бадзяцца па зямлі, жорстка ўцісканыя і галодныя; і ў часы голаду будуць злавацца, клясьці цара свайго і Бога.
22 І паглядзяць угору, і паглядзяць на зямлю; і вось — гора і змрок, густая цемра, і будуць укінуты ў цемру. Але не заўсёды будзе змрок там, дзе цяпер ён згусьціўся.
Разьдзел 9
1 Ранейшы час зьняцэніў зямлю Завулонавую і зямлю Нэфталімавую; а далейшы праславіць дарогу прыморскую, зямлю заярданскую, Галілею язычніцкую.
2 Народ, які хадзіў у цемры, убачыць сьвятло вялікае; на жыхароў краіны ценю сьмяротнага сьвятло зазьзяе.
3 Ты памножыш народ, павялічыш радасьць ягоную. Ён будзе весяліцца перад Табою, як весяляцца ў час жніва, як радуюцца пры падзеле здабычы.
4 Бо ярмо, якое ўціскала яго, і жазло, якое біла яго, і кій прыгнятальніка — Ты паламаеш, як у дзень Мадыяма.
5 Бо ўсякі абутак воіна ў часе бітвы, і вопратка, залітая крывёю, будуць аддадзены на спаленьне, на ежу агню.
6 Бо дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; уладарства на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Дзівосны, Дарадца, Бог Моцны, Бацька Вечнасьці, Князь Міру.
7 Памнажэньню ўладарства Яго і міру няма краю на пасадзе Давідавым і ў царстве ў Яго, каб Яму сьцьвердзіць яго і ўмацаваць яго правасудзьдзем і праўдаю ад сёньня і давеку. Рупнасьць Госпада Саваофа зробіць гэта.
8 Слова пасылае Гасподзь на Якава, і яно сыходзіць на Ізраіля,
9 каб ведаў увесь народ, Яфрэм і жыхары Самарыі, якія з пыхаю і пагардлівым сэрцам кажуць:
10 «цэглы пападалі, пабудуем з часанага каменю; сікаморы высечаны, заменім іх кедрамі».
11 І падыме Гасподзь супроць яго ворагаў Рэцына, і супастатаў ягоных узброіць:
12 Сірыянаў з усходу, а Філістымлянаў з захаду; і будуць яны жэрці Ізраіля на поўную пашчу. Пры гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
13 Але народ не навяртаецца да Таго, Хто б’е яго, і да Госпада Саваофа не прыбягае.
14 І адсячэ Гасподзь у Ізраіля галаву і хвост, пальму і трысьціну, у адзін дзень:
15 старац і знакаміты, — гэта галава; а прарок-ілжэнастаўнік ёсьць хвост.
16 І правадыры гэтага народа ўвядуць яго ў аблуду, і тыя, каго яны ўвядуць, загінуць.
17 Таму за юнакоў яго не парадуецца Гасподзь, і сіротаў яго і ўдоваў не пашкадуе; бо ўсе яны — крывадушнікі і ліхадзеі, і вусны ўсіх гавораць зласьліва. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
18 Бо беззаконьне, як агонь, разгарэлася; пажырае церне і калючы хмыз і палае ў нетрах лесу, — і шугаюць слупы дыму.
19 Лютасьць Госпада Саваофа апаліць зямлю, і народ зробіцца спажывай агню; не ўмілажаліцца чалавек з брата свайго.
20 І будуць рэзаць з правага боку, і застануцца галодныя; і будуць есьці зь левага, і ня будуць сытыя; кожны будзе пажыраць плоць мышцы сваёй:
21 Манасія — Яфрэма і Яфрэм — Манасію, абодва разам — Юду. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Яго, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
Разьдзел 10
1 Гора тым, якія ставяць несправядлівыя законы і пішуць жорсткія пастановы,
2 каб адхіліць бедных ад правасудзьдзя і пазбавіць правоў маламоцных з народу Майго, каб удоваў зрабіць здабычаю сваёю і абрабаваць сіротаў.
3 І што вы будзеце рабіць у дзень пакараньня, калі прыйдзе пагібель здалёку? Да каго ўцечаце па дапамогу? і дзе пакінеце багацьце вашае?
4 Безь Мяне сагнуцца сярод вязьняў і ўпадуць сярод забітых. Пры ўсім гэтым не адкасьнецца гнеў Ягоны, і рука Яго яшчэ прасьцёртая.
5 О, Асур, жазло гневу Майго! і біч у руцэ ў яго — Маё абурэньне!
6 Я пашлю яго супроць народу бязбожнага і супроць народу гневу Майго, загадаю яму — абабраць рабункам і ўзяць здабычу, і таптаць яго, як бруд на вуліцах.
7 Але ён ня так падумае, і ня так намысьліць сэрца ягонае: у яго будзе на сэрцы — спустошыць і вынішчыць нямала народаў.
8 Бо ён скажа: «ці ня ўсе цары князі мае?»
9 Халнэ ці ж ня тое самае, што Кархэміс? Эмат ці ж ня тое самае, што Арпад? Самарыя ці ж ня тое самае, што Дамаск?
10 Бо рука мая авалодала царствамі ідальскімі, у якіх куміраў больш, чым у Ерусаліме і Самарыі,
11 ці ж не зраблю таго самага зь Ерусалімам і рэзьбамі яго, што зрабіў з Самарыяй ды ідаламі яе?
12 І станецца: калі Гасподзь завершыць усю Сваю дзею на гары Сіёне і ў Ерусаліме, скажа: пагляджу на посьпех пыхлівага сэрца цара Асірыйскага і на славалюбства высока паднятых вачэй ягоных.
13 Ён кажа: сілаю рукі маёй і маёю мудрасьцю я зрабіў гэта, бо я разумны: і перастаўляю межы народаў, і разбураю скарбы іхнія, і скідаю з тронаў, як волат;
14 і рука мая захапіла багацьце народаў, як гнёзды; і як забіраюць пакінутыя ў іх яйкі, так забраў я ўсю зямлю, і ніхто не варухнуў крылом і не разьзявіў рота і ня пікнуў.
15 Ці пахваляецца сякера перад тым, хто сячэ ёю? Ці ганарыцца піла перад тым, хто яе рухае? Хіба жазло паўстае на таго, хто падымае яго; хіба кій падымаецца на таго, хто ня дрэва!
16 За тое Гасподзь, Гасподзь Саваоф, пашле сухоты на тлустых яго і сярод знакамітых яго запаліць полымя, як полымя агню.
17 Сьвятло Ізраіля будзе агнём, і Сьвяты яго — полымем, якое спаліць і зжарэ церне яго і бадзякі яго за адзін дзень;
18 і славуты лес яго і сад яго, ад душы да цела, вынішчыць; і ён будзе, як чэзлы прысьмертнік.
19 І рэшта дрэў лесу будзе такая малая лікам, што дзіця зможа зрабіць вопіс.
20 І будзе ў той дзень: рэшта Ізраіля і хто ўратуецца з дома Якава, ня будуць больш спадзявацца на таго, хто пабіў іх, а пакладуць надзею на Госпада, Сьвятога Ізраілевага, са шчырым сэрцам.
21 Рэшта навернецца, рэшта Якава — да Бога моцнага.
22 Бо, хоць бы народу ў цябе, Ізраіле, было столькі, колькі пяску марскога, толькі рэшта яго вернецца; вынішчэньне вызначана, каб зьдзейсьнілася справядлівасьць;
23 бо вызначанае вынішчэньне ўчыніць Гасподзь, Гасподзь Саваоф, на ўсёй зямлі.
24 Таму так кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф: народзе мой, што жывеш на Сіёне! ня бойся Асура. Ён цябе вытне жазлом, і падыме свой кій на цябе, як Егіпет.
25 Яшчэ нямнога, зусім нядоўга, і пройдзе Маё абурэньне, і лютасьць Мая абернецца на вынішчэньне іх.
26 І падыме Гасподзь Саваоф біч на яго, як пад час паражэньня Мадыяма каля скалы Арыва, альбо як падняў на мора жазло і падыме яго, як на Егіпет.
27 І станецца ў той дзень: здымецца з плячэй тваіх цяжар ягоны, і ярмо ягонае — з шыі тваёй; і распадзецца ярмо ад тлушчу.
28 Ён ідзе на Аят; праходзіць Мігрон; у Міхмасе складвае запасы свае.
29 Праходзяць цясьніны; у Геве начлег іхні; Рама трасецца; Саўлава Гіва разьбеглася.
30 Галасі голасам тваім, дачка Галімава; хай пачуе цябе Лаіс, гаротны Анатот!
31 Мадмена разьбеглася, жыхары Гевіма пасьпешна ўцякаюць.
32 Яшчэ дзень прастаіць ён у Нове; пагражае рукою сваёю гары Сіёну, пагорку Ерусалімскаму.
33 Вось, Гасподзь, Гасподзь Саваоф, страшнаю сілаю сарве вецьце дрэў, і выбуялыя сьсечаны будуць, выносныя пахілены да зямлі.
34 І пасячэ нетры лесу жалезам, — і Ліван упадзе ад Усемагутнага.
Разьдзел 11
1 І пойдзе пасынак ад кораня Есэевага, і галіна вырасьце ад кораня ягонага;
2 і спачне на Ім Дух Гасподні, дух мудрасьці і розуму, дух рады і моцы, дух пазнаньня і пабожнасьці;
3 і ўпадабаньне Ягонае тым, у кім страх Божы, і будзе судзіць не з пагляду вачэй Сваіх і не са слыху вушэй Сваіх вырашаць справы.
4 Ён будзе судзіць бедных па праўдзе, і дзеі пакутнікаў зямлі рашаць паводле ісьціны; і жазлом вуснаў Сваіх заб’е бязбожніка.
5 І будзе апаясаньнем сьцёгнаў Яго — праўда, і апаясаньнем паясьніцы Яго — ісьціна.
6 Тады воўк будзе жыць разам зь ягнём, і барс будзе ляжаць разам з казьлянём; і цяля, і малады леў, і вол будуць разам, і малое дзіця будзе вадзіць іх.
7 І карова будзе пасьвіцца зь мядзьведзіхаю, і дзеці іх будуць ляжаць разам; і леў, як вол, будзе есьці салому.
8 І немаўля будзе бавіцца над нарою асьпіда, і дзіця працягне руку сваю на гняздо зьмяі.
9 І ня будуць рабіць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо зямля будзе напоўнена спазнаньнем Госпада, як воды напаўняюць мора.
10 І станецца ў той дзень: да кораня Есэевага, які стане нібы сьцяг народам, зьвернуцца язычнікі, — і спакоем яго будзе слава.
11 І станецца ў той дзень: Гасподзь зноў узьнясе руку Сваю, каб вярнуць Сабе рэшту народу Свайго, які застанецца ў Асура, і ў Егіпце, і ў Патросе, і ў Хусе, і ў Эламе, і ў Сэнаары, і ў Эмаце, і на выспах у моры.
12 І падыме сьцяг язычнікам і зьбярэ выгнанцаў Ізраіля, і расьсеяных Юдэяў скліча ад чатырох краёў зямлі.
13 І спыніцца зайздрасьць Яфрэмавая, і супраціўцы Юды будуць вынішчаны. Яфрэм ня будзе зайздросьціць Юду, і Юда ня будзе ўціскаць Яфрэма.
14 І паляцяць поруч зь Філістымлянамі на захад, абрабуюць усіх дзяцей Усходу; на Эдома і Маава накладуць руку сваю, і дзеці Амонавыя будуць падданцамі іхнімі.
15 І высушыць Гасподзь затоку мора Егіпецкага, і ўзьнясе руку Сваю на раку ў моцным ветры Сваім, і падзеліць яе на сем ручаін, так што ў сандалях можна будзе пераходзіць яе.
16 Тады рэшце народу Яго, які застанецца ў Асура, будзе вялікая дарога, як гэта было Ізраілю, калі ён выходзіў зь зямлі Егіпецкай.
Разьдзел 12
1 І скажаш у той дзень: слаўлю Цябе, Госпадзе; Ты гневаўся на мяне, але адвёў гнеў Твой і суцешыў мяне.
2 Вось, Бог — ратунак мой: спадзяюся на Яго, і не баюся; бо Гасподзь — сіла мая, і песьня мая — Гасподзь; і Ён быў мне збавеньнем.
3 І ў радасьці будзеце чэрпаць ваду з крыніц збавеньня,
4 і скажаце ў той дзень: слаўце Госпада, заклікайце імя Яго; абвяшчайце ў народах дзеі Яго; нагадвайце, што вялікае імя Яго;
5 сьпявайце Госпаду, бо Ён учыніў вялікае, — хай ведаюць гэта на ўсёй зямлі.
6 Весяліся і радуйся, жыхарка Сіёна, бо вялікі сярод цябе Сьвяты Ізраілеў.
Разьдзел 13
1 Прароцтва пра Вавілон, якое выказаў Ісая, сын Амосаў.
2 Падымеце сьцяг на голай гары, узвысьце голас; махнеце ім рукою, каб ішлі ў браму ўладароў.
3 Я даў наказ выбранцам Маім, і заклікаў на выкананьне гневу Майго моцных Маіх, якія трыумфуюць у велічы Маёй.
4 Вялікі гоман на горах, як бы шматлікага народу, мяцежны гул царстваў і народаў, што сабраліся разам: Гасподзь Саваоф азірае баявое войска.
5 Ідуць з далёкай краіны, ад краю неба, Гасподзь і носьбіты гневу Ягонага, каб зьнішчыць усю зямлю.
6 Галасеце, бо дзень Госпада блізкі, — ідзе, як разбуральная сіла ад Усемагутнага.
7 Таму рукі ва ўсіх апусьціліся, і сэрца ў кожнага чалавека растала.
8 Жахнуліся, курчы і боль ахапілі іх; пакутуюць, як парадзіха, зьдзіўлена глядзяць адзін на аднаго, твары ў іх разгарэліся.
9 Вось, прыходзіць дзень Госпада грозны, з гневам і палкаю лютасьцю, каб зрабіць зямлю пустыняю і вынішчыць зь яе грэшнікаў яе.
10 Зоркі нябесныя і сьвяцілы не даюць свайго сьвятла; сонца цьміцца пры ўзыходзе сваім, і месяц ня зьзяе сьвятлом сваім.
11 Я пакараю сьвет за ліха, і бязбожных — за беззаконьні іхнія, і пакладу канец высокаразумнасьці ганарыстых і зьнішчу пыхлівасьць прыгнятальнікаў;
12 зраблю так, што людзі будуць даражэйшыя за чыстае золата, і мужчыны — даражэйшыя за золата Афірскае.
13 Дзеля гэтага скалану неба, — і зямля зрушыцца зь месца свайго ад лютасьці Госпада Саваофа, у дзень палымянага гневу Яго.
14 Тады кожны, як гнаная сарна і як пакінутыя авечкі, вернецца да народу свайго, і кожны пабяжыць у сваю зямлю,
15 Але кожны злоўлены будзе заколаты, і каго схопяць, той памрэ ад меча.
16 І дзеці іх будуцуь разьбітыя на вачах у іх; дамы іхнія будуць зрабаваныя і жанкі іх зьняслаўленыя.
17 Вось, я падыму супроць іх Мідзянаў, якія ня цэняць срэбра і ня прагнуць золата.
18 Лукі іхнія пратнуць юнакоў і не пашкадуюць плоду ўлоньня: вока іхняе не ўмілажаліцца зь дзяцей.
19 І Вавілон, акраса царстваў, гонар Халдэяў, будзе зруйнаваны Богам, як Садома і Гамора,
20 не заселіцца ніколі, і з роду ў род ня будзе жыхароў у ім; не раскіне Аравіцянін намёту свайго, і пастухі са статкамі ня будуць адпачываць там.
21 А будуць вадзіцца ў ім зьвяры пустыні, і дамы напоўняцца совамі; і страўсы паселяцца, і касмачы будуць скакаць там.
22 Шакалы будуць выць у харомах іхніх, і гіены — у вясёлых дамах.
Разьдзел 14
1 І блізкі час яго, і не запаволяцца дні ягоныя. Бо памілуе Гасподзь Якава, і зноў палюбіць Ізраіля; і паселіць іх на зямлі іхняй, і далучацца да іх іншаземцы, і прылепяцца да дома Якава.
2 І возьмуць іх народы, і прывядуць на іхняе месца, і дом Ізраіля прыме іх на зямлі Гасподняй рабамі і возьме ў палон тых, што паланілі яго, і запануе над прыгнятальнікамі сваімі.
3 І станецца ў той дзень: калі Гасподзь дасьць табе адпачынак ад скрухі тваёй і ад страху і ад цяжкай няволі, якой ты аддадзены быў,
4 і ты запяеш пераможную песьню на цара Вавілонскага, і скажаш: як ня стала катавальніка — спынілася рабаўніцтва!
5 Зламаў Гасподзь кій бязбожных, жазло ўладыкаў,
6 што пабівала народы ў лютасьці ўдарамі няўхільнымі, у гневе ўладарыў над плямёнамі зь бязьлітаснымі ганеньнямі.
7 Уся зямля адпачывае, пакоіцца, усклікае ад радасьці.
8 І кіпарысы радуюцца за цябе, і кедры ліванскія, кажучы: з таго часу, як ты заснуў, ніхто ня прыходзіць сячы нас.
9 Пекла апраметнае ўзрушылася дзеля цябе, каб цябе сустрэць, калі прыйдзеш; разбудзіў дзеля цябе Рэфаімаў, усіх правадыроў зямлі; падняў усіх цароў язычніцкіх з тронаў іхніх.
10 Усе яны будуць казаць табе: і ты зьнясілеў, як мы! і ты стаў падобны да нас!
11 У апраметную скінута ганарыстасьць твая з усім шумам тваім; пад табой падсьцілаецца чарвяк, і чэрві — покрыва тваё.
12 Як упаў ты зь неба, дзяньніца, сыне зары! разьбіўся аб зямлю той, хто таптаў народы.
13 А казаў у сэрцы сваім: узыду на неба, вышэй за зоркі Божыя, узьнясу трон мой і сяду на гары ў гурце багоў, на краі поўначы;
14 узыду на вышыні хмарныя, буду падобны на Ўсявышняга.
15 Але ты скінуты ў пекла, у глыбіні апраметнай.
16 Тыя, хто цябе бачыць, углядаюцца ў цябе, разважаюць пра цябе: ці той гэта чалавек, які хістаў зямлю, патрасаў царствы,
17 сусьвет зрабіў пустыняю і разбурыў гарады яго, палонных сваіх не адпускаў дадому?
18 Усе цары народаў, усе ляжаць ганарова, кожны ў сваёй усыпальніцы;
19 а ты пакінуты за магільніцай сваёй, як пагарджаная галіна, як вопратка забітых, працятых мечам, якіх апускаюць у каменны дол, ты, як здрасаваны труп,
20 не зьяднаешся зь імі ў магіле; бо ты зьнішчыў зямлю тваю, забіў народ твой; навекі ня ўспомніцца племя ліхадзеяў.
21 Рыхтуйце разьню сынам ягоным за беззаконьне бацькі іхняга, каб не паўсталі і не завалодалі зямлёю і не напоўнілі сусьвету супастатамі.
22 І паўстану на іх, кажа Гасподзь Саваоф, і вынішчу імя Вавілона і ўсю рэшту — і сына і ўнука, кажа Гасподзь.
23 І зраблю яго аселінай вожыкаў і балотам, і вымяту яго памялом зьнішчальным, кажа Гасподзь Саваоф.
24 Прысягаючы, кажа Гасподзь Саваоф: як Я намысьліў, так і станецца; як Я вызначыў, так і спраўдзіцца,
25 каб сьцерці Асура зь зямлі Маёй і растаптаць яго на горах Маіх; і ападзе зь іх ярмо яго, і здымецца цяжар яго з плячэй іхніх.
26 Такая пастанова, прынятая для ўсёй зямлі, і вось рука, узьнесеная над усімі народамі;
27 бо Гасподзь Саваоф пастанавіў, і хто можа адмяніць гэта? рука Яго ўзьнесена, — і хто адвядзе яе?
28 У год сьмерці цара Ахаза было такое прарочае слова:
29 ня радуйся зямля Філістымская, што зламана жазло, якое біла цябе; бо з кораня зьмяінага выпаўзе асьпід, і плодам яго будзе лятучы дракон.
30 Тады бедныя будуць накормлены, і ўбогія будуць пакоіцца ў бясьпецы; а той корань вымару голадам, і ён даб’е рэшту тваю.
31 Галасі, брама! вый голасам, горадзе! Распадзешся ты, уся зямля Філістымская; бо з поўначы дым ідзе, і няма адсталага ў полчышчах іхніх.
32 Што ж скажуць весьнікі народныя? — Тое, што Гасподзь заснаваў Сіён, і ў ім знойдуць бедныя з народу Яго.
Разьдзел 15
1 Прароцтва пра Маава. — Так! уначы будзе зруйнаваны Ар-Мааў і зьнішчаны; так! уначы будзе зруйнаваны Кір-Мааў і зьнішчаны!
2 Ён узыходзіць да Баіта і Дывона, узыходзіць на вышыні, каб плакаць; Мааў галосіць над Нэво і Мэдэваю; ва ўсіх іх астрыжаныя галовы, ва ўсіх паголеныя бароды.
3 На вуліцах яго падпярэзваюцца вярэтаю; на дахах яго і на плошчах яго ўсё галосіць, тоне ў сьлёзах.
4 І лямантуе Эсэвон і Элеала: голас іх чуецца да самай Яацы; за імі і воіны Маава галосяць; душа яго абурана ў ім.
5 Галосіць сэрца маё па Мааве; уцякаюць зь яго да Сігора, да трэцяй Эглы; ідуць на ўсход Лухіцкі з плачам; па дарозе Харанаім з плачам; па дарозе Харанаімскай страшэнна лямантуючы;
6 бо воды Німрыма счэзьлі, лугі засохлі, трава выгарэла, — прапала зялёнае.
7 Таму яны рэшткі сабранага і ашчаджанага імі пераносяць за раку Аравійскую.
8 Бо лямант па ўсіх межах Маава, да Эглайма плач ягоны;
9 бо воды Дымона напоўніліся крывёю, і Я навяду на Дымон яшчэ новае, — ільвоў на ўцекачоў з Маава і на тых, што засталіся ў краіне.
Разьдзел 16
1 Пасылайце ягнят уласьніку зямлі з Сэлы ў пустыні на гару дачкі Сіёна;
2 бо да ўспалошанай птушкі выкінутай з гнязда, будуць падобныя дочкі Маава каля брадоў Арнонскіх.
3 «Складзі раду, пастанаві рашэньне; ахіні нас аполудні, як уначы, ценем тваім, акрый выгнаных, ня выдай падарожных.
4 Хай пажывуць у цябе мае выгнанцы Маавіцяне; будзь ім аслонаю ад грабежніка: бо прыгнятальніка ня стане, рабунак спыніцца, таптальнікі зьнікнуць зь зямлі.
5 І ўцьвердзіцца трон міласьцю, і сядзе на ім у ісьціне, у намёце Давідавым, судзьдзя, які шукае праўды і дбае пра правасудзьдзе».
6 «Мы чулі пра гонар Маава, гонар празьмерны, пра пыху яго і фанабэрства і сваволю яго: няшчырае слова ў яго».
7 Таму загалосіць Мааў па Мааве, — усе галасіцьмуць; енчыце па цьвярдынях Кірхарэшэта: яны зруйнаваныя цалкам.
8 Палі Эсэвонскія звыраднелі гэтак сама і вінаграднік Сэвамскі; уладары народаў вынішчылі найлепшыя лозы яго, што дасягалі Язэра, ішлі па пустыні; парасткі іх разьбягаліся, пераходзілі за мора.
9 Таму і я буду плакаць па лазе Сэвамскай плачам Язэра, аблівацьму цябе сьлязьмі маімі, Эсэвоне і Элеале; бо ў час збору вінаграду твайго і ў час жніва твайго няма болей шумнай радасьці.
10 Зьнікла з урадлівай зямлі весялосьць і радасьць, у вінаградніках не сьпяваюць, не весяляцца; вінаградар ня топча вінаграду ў чавільнях: я радавацца перастаў.
11 Таму нутроба мая стогне па Мааве, як арфа, і сэрца маё — па Кірхарэшэце.
12 Хоць і явіцца Мааў і таміцьмецца на вышынях, і прыйдзе да сьвятыні сваёй памаліцца, але не дапаможа нічога.
13 Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра Мааў даўно.
14 А сёньня так кажа Гасподзь: праз тры гады, лічачы гадамі найміцкімі, веліч Маава будзе зьняважана з усім вялікім шматлюдствам, і рэшта будзе вельмі малая і нязначная.
Разьдзел 17
1 Прароцтва пра Дамаск. — Вось, Дамаск перастане быць горадам, і будзе грудай руінаў.
2 Гарады Араэрскія будуць пакінуты, — застануцца пад статкі, якія адпачывацьмуць там, і ня будзе каму іх палохаць.
3 Ня стане цьвярдыні Яфрэмавай і царства Дамаскага з астатняю Сірыяй; зь імі будзе тое самае, што са славаю сыноў Ізраіля, кажа Гасподзь Саваоф.
4 І станецца ў той дзень: паменшыцца слава Якава, і тлустае цела ягонае схуднее.
5 Тое самае будзе, што і пасьля збору збожжа жняцом, калі рука ягоная сажне каласы, і калі зьбяруць каласы ў даліне Рэфаімскай.
6 І застануцца ў яго, як бывае пры абіваньні масьлін, дзьве-тры ягадзіны на самай вяршаліне, альбо чатыры, пяць на ўрадлівых галінах, кажа Гасподзь Бог Ізраілеў.
7 У той дзень аберне чалавек позірк свой да Творцы свайго, і вочы яго глядзецьмуць на Сьвятога Ізраілевага;
8 і ня зірне на ахвярнікі, на дзею рук сваіх, і не паглядзіць на тое, што зрабілі пальцы ягоныя, на куміраў Астарты і Ваала.
9 У той дзень умацаваныя гарады ягоныя будуць, як мясьціны ў лясах і на вяршынях гор, пакінутыя перад сынамі Ізраіля, — і ўсё запусьцеецца.
10 Бо ты забыў Бога ратунку твайго, і не ўспамінаў пра скалу прытулку твайго; таму і насадзіў сады на забавы і пасадзіў чаранкі ад чужой лазы.
11 У дзень, калі ты садзіў, ты калаціўся, каб яно расло, і каб пасеянае табою рана расьцьвіло; але ў дзень збору не багатае жніво будзе, а пакута вялікая.
12 Ды жаль! шум народаў многіх! бушуюць яны, як бушуе мора. Род плямёнаў! яны равуць, як равуць моцныя воды.
13 Равуць народы, як равуць моцныя воды; але Ён пагразіў ім, і яны далёка пабеглі, і былі гнаныя, як тло па гарах ад ветру і як пыл ад віхуры.
14 Вечар — і вось жудасьць! І да раніцы ўжо няма яе. Такая доля рабаўнікоў нашых, лёс спусташальнікаў нашых.
Разьдзел 18
1 Гора зямлі шумнакрылай па той бок рэк Эфіопскіх,
2 якая пасылае паслоў па моры, і ў папірусных суднах па водах! Ідзеце, борздыя паслы, да народу рослага і бліскучаскурага, да народу грознага нават здалёку і дагэтуль, да народу ўладарнага, які ўсё топча, зямлю якога расьсякаюць рэкі.
3 Усе вы, што засяляеце сьвет і жывяце на зямлі! Глядзеце, калі сьцяг падымецца на горах, і, калі загрыміць труба, слухайце!
4 Бо так Гасподзь сказаў мне: Я спакойна гляджу з жытла Майго, як сьветлая цяплыня пасьля дажджу, як воблака расы ў часе жніўнае сьпёкі.
5 Бо да збору вінаграду, калі ён адцьвіце, і гронка пачне дасьпяваць, Ён адатне нажом вецьце і адкіне, і абсячэ парасткі.
6 І пакінуць усё драпежным горным птушкам і зьвярам польным; і птушкі будуць летаваць там, а ўсе зьвяры польныя зімавацьмуць там.
7 У той час будзе прынесены дарунак Госпаду Саваофу ад народу рослага і бліскучаскурага, ад народу грознага нават здалёку і дагэтуль, ад народу ўладарнага, які топча ўсё, зямлю якога расьсякаюць рэкі, — да месца імя Госпада Саваофа, на гару Сіён.
Разьдзел 19
1 Прароцтва пра Егіпет. — Вось, Гасподзь сядзіць на воблаку лёгкім і прыбывае ў Егіпет. І затрымцяць ад аблічча Яго ідалы Егіпецкія, і сэрца Егіпта растане ў ім.
2 Я ўзбуру Егіпцянаў і будуць ваяваць брат супроць брата і сябар супроць сябра, горад з горадам, царства з царствам.
3 І дух Егіпта зьняможацца ў ім, і заблытаю раду яго, — і пойдуць яны да ідалаў і да чарадзеяў, і да закліначоў мёртвых і да варажбітоў.
4 І аддам Егіпцянаў у рукі валадара жорсткага, і люты цар запануе над імі, кажа Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
5 І скончыцца вада ў моры і рака зьвядзецца і высахне;
6 і звузяцца рэкі, і каналы Егіпецкія сплытчэюць і высахнуць; павянуць чарот і трысьнёг.
7 Лугі над ракою, па берагах ракі, і ўсё, пасеянае каля ракі, засохне, разьвеецца і счэзьне.
8 І заплачуць рыбакі, і загалосяць усе, хто закідвае вуды ў раку, і хто ставіць мярэжы ў вадзе, западуць у роспач;
9 і будуць зьбянтэжаны тыя, што апрацоўваюць лён, і ткачы белых палотнаў;
10 і будуць панішчаны мярэжы, і ўсе, хто трымае садкі пад жывую рыбу, занепадуць духам.
11 Так! страцілі розум князі Цаанскія; рада мудрых дарадцаў фараонавых страціла глузд. Як скажаце вы фараону: «я сын мудрацоў, сын цароў старажытных?»
12 Дзе яны? дзе твае мудрацы? хай яны скажуць табе; хай даведаюцца, што Гасподзь Саваоф вызначыў пра Егіпет?
13 Звар’яцелі князі Цаанскія; ашукаліся князі Мэмфіскія, і збочыў Егіпет з дарогі галавы плямёнаў ягоных.
14 Гасподзь уліў у яго дух чмуру, — і яны ўвялі Егіпет у аблуду ва ўсіх чынах ягоных, падобна на тое, як ходзіць п’яны па ванітах сваіх.
15 І ня будзе ў Егіпце такое дзеі, якую ўчыніць умелі б галава і хвост, пальма і трысьціна.
16 У той дзень Егіпцяне будуць падобныя да жанчын і затрымцяць і забаяцца руху рукі Госпада Саваофа, якую Ён падыме на іх.
17 Зямля Юдава зробіцца жудасьцю Егіпту; хто ўзгадае пра яе, той затрымціць ад вызначэньня Госпада Саваофа, якое Ён пастанавіў пра яго.
18 У той дзень пяць гарадоў у зямлі Егіпецкай загавораць моваю Ханаанскай і будуць бажыцца Госпадам Саваофам; адзін назавецца горадам сонца.
19 У той дзень ахвярнік Госпаду будзе пасярод зямлі Егіпецкай, і помнік Госпаду — каля межаў яе.
20 І будзе ён азнакаю і сьведчаньнем пра Госпада Саваофа ў зямлі Егіпецкай, бо яны заклічуць да Госпада ад прыгнятальнікаў, і Ён пашле ім выратавальніка і заступніка, і выбавіць іх.
21 Гасподзь явіць Сябе ў Егіпце; і Егіпцяне ў той дзень спазнаюць Госпада і прынясуць ахвяры і дарункі, і дадуць абяцаньні Госпаду, і выканаюць.
22 І паб’е Гасподзь Егіпет, — паб’е і ацаліць: яны зьвернуцца да Госпада — і Ён пачуе іх і ацаліць іх.
23 У той дзень зь Егіпта ў Асірыю будзе вялікая дарога, і будзе прыходзіць Асур у Егіпет, і Егіпцяне — у Асірыю; і Егіпцяне разам з Асірыйцамі служыцьмуць Госпаду.
24 У той дзень Ізраіль будзе трэці зь Егіптам і Асірыяй; дабраславеньне будзе на зямлі,
25 якую дабраславіць Гасподзь Саваоф, кажучы: дабраславёны народ Мой, Егіпцяне, і дзея рук Маіх — Асірыяне, і спадчына Мая — Ізраіль.
Разьдзел 20
1 І ў год, калі Тартан прыйшоў у Азот, пасланы ад Саргона, цара Асірыйскага, і ваяваў супроць Азота і ўзяў яго, —
2 у той самы час Гасподзь сказаў Ісаю, сыну Амосаваму, так: ідзі і здымі вярэту са сьцёгнаў тваіх, і скінь сандалі твае з ног тваіх. Ён так і зрабіў: хадзіў разьдзеты і босы.
3 І сказаў Гасподзь: як раб Мой Ісая ходзіць разьдзеты і босы тры гады, на знак і прадказаньне пра Егіпет і Эфіопію, —
4 так павядзе цар Асірыйскі палонных зь Егіпта і перасяленцаў з Эфіопіі, маладых і старых, разьдзетых і босых і з аголенымі сьцёгнамі, на сорам Егіпту.
5 Тады жахнуцца і пасаромеюцца за Эфіопію, надзею сваю, і за Егіпет, якім хваліліся.
6 І скажуць у той дзень жыхары гэтай краіны: вось якія яны, на каго мы спадзяваліся і да якіх прыходзілі па дапамогу, каб уратавацца ад цара Асірыйскага! і як уратаваліся б мы?
Разьдзел 21
1 Прароцтва пра пустыню прыморскую. — Як буры на поўдні носяцца, ідзе ён з пустыні, зь зямлі страшнай.
2 Грозныя відзежы яўлены мне: рабаўнік рабуе, спусташальнік спусташае; выходзь, Эламе, аблажы, Мідзе! усім стогнам я канец пакладу.
3 Ад гэтага сьцёгны мае трасуцца; боль сьцяў мяне, як боль парадзіху. Я ўсхваляваны тым, што чую; я зьбянтэжаны тым, што бачу.
4 Сэрца маё трымціць; дрыготка калоціць мяне; радасная ноч мая абярнулася жудасьцю мне.
5 Рыхтуюць стол, расьсьцілаюць абрусы, — ядуць, п’юць. «Уставайце, князі, мажце шчыты!»
6 Бо так сказаў мне Гасподзь: ідзі, пастаў вартаўніка; хай ён скажа, што ўбачыць.
7 І ўбачыў ён верхаўцоў на конях, якія ішлі парамі, верхаўцоў на аслах, верхаўцоў на вярблюдах; і ўслухоўваўся ён пільна, зь вялікай увагаю, —
8 і закрычаў, як леў: гаспадару мой! я на варце стаяў увесь дзень, і на месцы маім заставаўся цэлыя ночы:
9 і вось, едуць людзі, верхаўцы конныя парамі. Потым усклікнуў ён і сказаў: загінуў, загінуў Вавілон, і ўсе ідалы божышчаў Ягоных ляжаць на зямлі разьбітыя.
10 О, памалочаны мой і сыне току майго! Што чуў я ад Госпада Саваофа, Бога Ізраілевага, тое і вам абвясьціў.
11 Прароцтва пра Думу. — Крычаць мне з Сэіра: варта! якая пара ночы? варта! якая пара ночы?
12 Адказвае вартаўнік: набліжаецца раніца, але яшчэ ноч. Калі вы дапытваецеся, дык павярнецеся і прыходзьце.
13 Прароцтва пра Аравію. — У лесе Аравійскім пачуйце, караваны Дэданскія!
14 Жыхары зямлі Тэмайскай! нясеце вады насустрач сасьмяглым; з хлебам сустракайце ўцекачоў;
15 бо яны ад мечаў уцякаюць, ад меча аголенага і ад лука няпятага і ад лютай вайны.
16 Бо так сказаў мне Гасподзь: яшчэ год, роўны год найміцкаму, — і ўся слава Кідарава зьнікне,
17 і лукаў і адважных сыноў Кідара няшмат: так сказаў Гасподзь Бог Ізраілеў.
Разьдзел 22
1 Прароцтва пра даліну відзежаў. — Што з табою, што ты ўвесь выйшаў на дахі?
2 Горад шумны, расхваляваны, горад поўны вясёлага галасу! Пабітыя твае ня мечам забітыя і ня ў бітве памерлі;
3 усе правадыры твае ўцякалі разам, але былі зьвязаныя лучнікамі; усе воіны твае зьвязаны разам, як ні далёка ўцякалі.
4 Таму кажу: пакіньце мяне, я паплачу горка; ня сільцеся суцешыць мяне, калі зруйнавана дачка народу майго.
5 Бо дзень смуты і патаптаньня і закалоту ў даліне відзежаў ад Госпада Бога Саваофа. Рушаць сьцяну, і крык узыходзіць на горы.
6 І Элам нясе калчан; людзі на калясьніцах і верхаўцы, і Кір падымае шчыт.
7 І вось, найлепшыя даліны твае напоўніліся калясьніцамі, і верхаўцы вырадаваліся насупраць брамы,
8 і здымаюць заслону зь Юдэі; і ты паглядзеў таго дня на запасы зброі ў доме кедровым.
9 Але вы бачыце шмат праломінаў у сьцяне горада Давідавага, і зьбіраеце воды ў ніжняй сажалцы;
10 і пазначаеце дамы ў Ерусаліме, і разбураеце дамы, каб умацаваць сьцяну;
11 і ладзіце паміж дзьвюма сьценамі сховішча на воды старое сажалкі. А на Таго, Хто гэта робіць, не пазіраеце, і не глядзіце на Таго, Хто здаўна вызначыў гэта.
12 І Гасподзь, Гасподзь Саваоф, заклікае вас у гэты дзень плакаць і бедаваць, і пастрыгчы валасы і вярэтаю аперазацца.
13 Але вось, весялосьць і радасьць! Колюць валоў, і рэжуць авечак; ядуць мяса, і п’юць віно: «будзем есьці і піць, бо заўтра памрэм!»
14 І адкрыў мне ў вушы Гасподзь Саваоф: ня будзе даравана вам гэта бязбожнасьць, пакуль не памраце, сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф.
15 Так сказаў Гасподзь, Гасподзь Саваоф: ідзі, ідзі да гэтага царадворца, да Сэўны, начальніка палаца, і скажы яму:
16 што ў цябе тут, і хто тут у цябе, што ты тут высякаеш сабе магілу? — Ён высякае сабе магілу на пагорку, вырубае ў скале сабе жытлішча.
17 Вось, Гасподзь перакіне цябе, як кідае дужы чалавек, і сьцісьне цябе ў камяк;
18 згорне цябе ў сувой і кіне цябе, як меч, у зямлю прасторную; там ты памрэш, і там раскошныя калясьніцы твае будуць агудаю дому гаспадара твайго.
19 і саштурхну цябе зь месца твайго, і скіну цябе з прыступкі тваёй.
20 І будзе таго дня, паклічу раба Майго Эльякіма, сына Хэлкіінавага,
21 і апрану яго ў адзеньне тваё і поясам тваім аперажу яго, і ўладу тваю перадам у рукі ягоныя; і будзе ён бацькам жыхарам Ерусаліма і дому Юдаваму.
22 І кліч дома Давідавага пакладу на плечы ягоныя; адчыніць ён, і ніхто не замкне; замкне ён, і ніхто не адчыніць.
23 І ўваб’ю яго, нібы цьвік, у цьвёрдае месца; і будзе ён як пасад славы дому бацькі свайго.
24 І будзе вісець на ім уся слава дома бацькі ягонага, дзяцей і ўнукаў, усяго хатняга начыньня да апошніх музычных прыладаў.
25 У той дзень, кажа Гасподзь Саваоф, расхітаецца цьвік, убіты ў цьвёрдае месца, і будзе выбіты, і ўпадзе, і зьнішчыцца ўвесь цяжар, што на ім: бо Гасподзь кажа.
Разьдзел 23
1 Прароцтва пра Тыр. — Галасеце, караблі Тарсіса, бо ён разбураны: няма дамоў, і няма каму заходзіць у дамы. Так ім абвешчана зь зямлі Кітыйскай.
2 Замоўкніце, насельнікі вострава, які напаўнялі купцы Сідонскія, што плаваюць морам.
3 Па вялікіх водах прывозілі ў яго насеньне Сіхора, ужынак вялікай ракі, і быў ён торжышчам народаў.
4 Пасаромейся, Сідоне; бо вось што кажа мора, крэпасьць марская: як ня мучылася родамі і не раджала, і ня выхоўвала юнакоў, не гадавала дзяўчат.
5 Калі вестка дойдзе да Егіпцянаў, здрыгануцца яны, пачуўшы пра Тыр.
6 Перасяляйцеся ў Тарсіс, галасеце, насельнікі вострава!
7 Ці гэта ваш узьвяселены горад, якога пачатак ёсьць ад дзён старадаўніх? Ногі ягоныя нясуць яго бадзяцца ў краіне далёкай.
8 Хто вызначыў гэта Тыру, які раздаваў вянкі, купцы якога былі князі, гандляры — знакамітасьці зямлі?
9 Гасподзь Саваоф вызначыў гэта, каб пасароміць пыхлівасьць усялякай славы, каб прынізіць усе знакамітасьці зямлі.
10 Хадзі па зямлі тваёй, дачка Тарсісава, як рака: няма болей завады.
11 Ён прасьцёр руку сваю на мора, скалануў царствы; Гасподзь даў наказ пра Ханаан — разбурыць крэпасьці ягоныя.
12 І сказаў: ты ня будзеш больш радавацца, пасаромленая дзяўчына, дачка Сідона! Уставай, ідзі ў Кітым, але і там ня будзе табе спакою.
13 Вось зямля Халдэяў. Гэтага народу раней ня было; Асур даў яму пачатак з насельнікаў пустыняў. Яны ставяць вежы свае, разбураюць харомы яго, ператвараюць яго ў руіны.
14 Галасеце, караблі Тарсіскія! бо цьвярдыня ваша спустошана.
15 І будзе таго дня, забудуць Тыр на семдзесят гадоў, на меру дзён аднаго цараваньня. А празь семдзесят гадоў з Тырам станецца тое, як у песьні пра блудадзейку:
16 «вазьмі цытру, хадзі па горадзе, забытая блудадзейка! Іграй складна, сьпявай многа песьняў, каб пра цябе ўспаміналі».
17 І будзе празь семдзесят гадоў, Гасподзь наверне Тыр; і ён зноў пачне браць прыбытак свой, і будзе блудадзейнічаць з усімі царствамі зямнымі па ўсім сьвеце.
18 Але гандаль яго і прыбытак ягоны прысьвячаюцца Госпаду; ня будуць замкнутыя і пакладзеныя ў каморы, бо да тых, што жывуць перад абліччам Госпада, будзе пераходзіць прыбытак ад гандлю ягонага, каб яны елі да сытасьці і мелі вопратку моцную.
Разьдзел 24
1 Вось, Гасподзь спусташае зямлю і робіць яе няплоднай; мяняе паверхню яе і расьсейвае тых, што жывуць на ёй.
2 І што будзе народу, тое і сьвятарам; што слузе, тое і гаспадару ягонаму; што служанцы, тое і гаспадыні яе; што пакупцу, тое і прадаўцу, што пазыкоўцу, тое і пазычальніку, што ліхвяру, тое і ліхвадаўцу.
3 Зямля спустошана ўшчэнт і зусім зрабаваная, бо Гасподзь вымавіў слова гэтае.
4 Бядуе заняпалая зямля; паніклы, заняпалы сусьвет; паніклі ўсе землі, што ўзвышаліся над народам.
5 І зямля апаганена пад тымі, што жывуць на ёй, бо яны пераступілі законы, зьмянілі статут, парушылі вечны запавет.
6 Затое праклён паядае зямлю, і нясуць кару тыя, што жывуць на ёй; затое спалены насельнікі зямлі, і няшмат засталося людзей.
7 Плача сок гронкі; баліць вінаграднай лазе; уздыхаюць усе, хто весяліўся сэрцам.
8 Спынілася весялосьць з тымпанамі; змоўк шум вясёлых; сьціхлі гукі арфы;
9 ужо ня п’юць віна зь песьнямі; згарчэла сікера піткам яе.
10 Разбураны апусьцелы горад, усе дамы замкнутыя, нельга ўвайсьці.
11 Плачуць па віне на вуліцах; запамрочылася ўсялякая радасьць; выгнана ўсялякая весялосьць зямлі.
12 У горадзе засталося запусьценьне, і брамы разваліліся.
13 А пасярод зямлі, паміж народамі, будзе тое самае, што бывае пры абіваньні масьлін, пры абіраньні вінаграду, калі закончаны збор.
14 Яны ўзвысяць свой голас, перамогуць у велічы Госпада, гучна клікацьмуць мора.
15 Дык вось, слаўце Госпада на ўсходзе, на выспах марскіх — імя Госпада Бога Ізраілевага.
16 Ад краю зямлі мы чуем песьню: «Слава Праведнаму!» І сказаў я: бяда мне, бяда мне! жаль мне! ліхадзеі ліхадзейнічаюць, і ліхадзейнічаюць ліхадзеі ліхадзейна.
17 Жудасьць і яма і пятля табе, жыхар зямлі!
18 Тады той, хто пабег ад крыку жудасьці, упадзе ў яму; і хто выйдзе зь ямы, трапіць у пятлю; бо вокны зь нябеснай вышыні адчыняцца, і асновы зямлі здрыгануцца.
19 Зямля руйнуецца, зямля распадаецца, зямля моцна патрэсена;
20 хістаецца зямля, як п’яны, і гойдаецца, як калыска, і беззаконьне яе цяжарам на ёй; яна ўпадзе — і ўжо ня ўстане.
21 І станецца таго дня: наведае Гасподзь войска вышняе ў высях і цароў зямных на зямлі.
22 І будуць сабраныя разам, як вязьні, у яму і будуць увязьнены ў цямніцы, і праз многа дзён будуць пакараныя.
23 І счырванее месяц, і пасаромеецца сонца, калі Гасподзь Саваоф зацаруе на гары Сіёне і ў Ерусаліме, і перад старэйшынамі яго ўславіцца.
Разьдзел 25
1 Госпадзе! Ты Бог мой; услаўлю Цябе, усхвалю імя Тваё, бо Ты зьдзейсьніў дзівоснае; вызначэньні даўнія — у ісьціне, амін.
2 Ты ператварыў горад у груду каменьня, цьвёрдую крэпасьць у крушню; харомаў іншапляменцаў ня стала ўжо ў горадзе; вавек ня будзе ён адбудаваны.
3 Таму будуць славіць Цябе народы моцныя; гарады жорсткіх плямёнаў будуць баяцца Цябе;
4 бо ты быў прытулкам беднаму, прытулкам убогаму падчас ягонага ўціску, абаронаю ад буры, ценем ад сьпёкі; бо гнеўнае дыханьне тыранаў было падобнае на буру супроць сьцяны.
5 Як сьпёка ў мясьціне бязводнай, Ты ўтаймаваў буянасьць ворагаў; як сьпёка ценем воблака, сунята радасьць прыгнятальнікаў.
6 І зробіць Гасподзь Саваоф на гары гэтай усім народам гасьціну з сытнай ежы, гасьціну з чыстых вінаў, з тлушчу костнага і з самых чыстых вінаў;
7 і зьнішчыць на гары гэтай заслону, што закрывае ўсе народы, заслону, якая ляжыць на ўсіх плямёнах.
8 Зьнішчана будзе сьмерць навекі, і вытра Гасподзь Бог сьлёзы з усіх твараў, і здыме ганьбу з народу Свайго на ўсёй зямлі; бо так кажа Гасподзь.
9 І скажуць таго дня: вось Ён, Бог наш! на Яго мы спадзяваліся, і Ён выратаваў нас! Гэты ёсьць Гасподзь; на Яго спадзяваліся мы; парадуемся і ўзьвесялімся з выратаваньня Яго!
10 Бо рука Госпада спачывае на гары гэтай, і Мааў будзе патаптаны на месцы сваім, як топчацца салома ў гнаішчы.
11 І хоць ён узьнясе сярод яго рукі свае, як плывец узносіць іх, каб плысьці; але Бог прынізіць гардзею ягоную разам з падступнасьцю рук ягоных.
12 І цьвярдыню высокіх муроў тваіх разваліць, аберне, долу кінел, у пыл.
Разьдзел 26
1 Таго дня пасьпяваная будзе песьня гэтая ў зямлі Юдавай: горад моцны ў нас; ратунак даў ён замест мура і вала.
2 Адчынеце браму; хай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць.
3 Цьвёрдага духам Ты ахоўваеш у дасканалым міры, бо на цябе спадзяецца ён.
4 Кладзеце надзею на Госпада заўсёды, бо Гасподзь Бог ёсьць цьвярдыня вечная:
5 Ён скінуў тых, што жылі на вышыні, высока пастаўлены горад; разваліў яго, абярнуў на зямлю, шпурнуў яго ў пыл.
6 Нага топча яго, ногі беднага, ступакі ўбогіх.
7 Дарога ў праведніка простая; Ты раўняеш сьцежку праведніку.
8 І на дарозе судоў Тваіх, Госпадзе, мы мелі надзею на Цябе; да імя Твайго і да ўспаміну пра Цябе парывалася душа нашая.
9 Душою маёю я парываўся да Цябе ўначы, і духам маім я буду шукаць Цябе ў нутробе маёй з раньняга рана: бо калі суды Твае адбываюцца на зямлі, тады тыя, што жывуць у сьвеце, вучацца праўдзе.
10 Калі бязбожнік будзе памілаваны, дык не навучыцца ён праўды, — будзе зладзейнічаць у зямлі справядлівасьці і ня будзе зважаць на веліч Госпада.
11 Госпадзе! рука Твая была высока паднятая, але яны ня бачылі яе; убачаць і пасаромеюцца ненавісьнікі народу Твайго; агонь зжарэ ворагаў Тваіх.
12 Госпадзе! Ты даруеш нам мір; бо ўсе дзеі нашыя Ты ўладжваеш нам.
13 Госпадзе Божа наш! Іншыя ўладыкі акрамя Цябе панавалі над намі; але толькі Табою мы славім імя Тваё.
14 Мёртвыя не ажывуць; Рэфаімы ня ўстануць, бо Ты адведаў і зьнішчыў усякую памяць пра іх.
15 Ты памножыў народ, Госпадзе, памножыў народ, — праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі.
16 Госпадзе! у нягодзе ён шукаў Цябе; ліў ціхія маленьні, калі кара Твая спаткала яго.
17 Як жанчына цяжарная на пачатку родаў пакутуе, лямантуе ад боляў сваіх, так мы былі перад Табою, Госпадзе.
18 Былі цяжарныя, пакутавалі, — і нараджалі як бы вецер; шчасьця зямлі ня ўчынілі, і астатнія жыхары сусьвету не загінулі.
19 Ажывуць мерцьвякі Твае, паўстануць мёртвыя целы! Паўстаньце і ўзрадуйцеся, кінутыя ў пыл: бо раса Твая — сьветлая раса, і зямля выкіне мерцьвякоў.
20 Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі твае і замкні за сабою дзьверы твае, схавайся на хвіліну, пакуль ня мінецца гнеў;
21 бо вось, Гасподзь выходзіць з жытлішча Свайго пакараць насельнікаў зямлі за іх беззаконьне, і зямля адкрые пралітую на ёй кроў, і ўжо не схавае забітых сваіх.
Разьдзел 27
1 Таго дня Гасподзь пакарае мечам Сваім цяжкім, і вялікім і моцным, левіяфана, зьмея, які проста бяжыць, і левіяфана, зьмея, які зьвіваецца, і заб’е пачвару марскую.
2 Таго дня засьпявайце пра яго — пра любасны вінаграднік:
3 Я, Госпадзе, даглядчык яго, кожнае хвіліны выпойваю яго; уначы і ўдзень вартую яго, каб хто не ўварваўся ў яго.
4 Няма гневу ўва Мне. Але каб даў Мне хто бадзякі і церне, Я вайной пайду на яго, выпалю яго зусім.
5 Хіба што прыйдзе пад абарону Маю, і заключыць мір са Мною? тады няхай заключыць мір са Мною.
6 У будучыя дні ўкарэніцца Якаў, дасьць атожылак і расьцьвіце Ізраіль; і напоўніцца пладамі сусьвет.
7 Ці так Ён біў яго, як біў тых, што білі Яго? Ці так забіў яго, як забітыя забойцы ягоныя?
8 Мераю Ты караў яго, калі адкідаў яго; выкінуў яго моцным подыхам Сваім як у дзень усходняга ветру.
9 І праз гэта загладзіцца беззаконьне Якава; і плодам гэтага будзе зьняцьце грэху зь яго, калі ўсе камяні ахвярнікаў аберне ён у кавалкі вапны, і ня будуць ужо стаяць дубровы і балваны сонца.
10 Бо ўмацаваны горад запусьцее, селішчы будуць пакінуты і заняхаены, як пустэльня. Там будзе пасьвіцца цяля, і там ня будзе спачываць і аб’ядаць гольле ягонае.
11 Калі гольле яго засохне, яго абламаюць; прыйдуць жанчыны і спаляць яго. Бо як што гэта народ неразумны, дык не ўмілажаліцца зь яго Творца Ягоны, і не памілуе яго Садзецель ягоны.
12 Але будзе таго дня: Гасподзь скалане ўсё ад вялікай ракі да патока Егіпецкага, і вы, сыны Ізраіля, будзеце сабраныя адзін да аднаго;
13 і будзе таго дня: затрубіць вялікая труба, і прыйдуць згубленыя ў Асірыйскай зямлі і выгнаныя ў зямлю Егіпецкую, і паклоняцца Госпаду на сьвятой гары ў Ерусаліме.
Разьдзел 28
1 Гора вянку ганарыстасьці п’яных Яфрэмлянаў, завялай кветцы прыгожага ўбранства ягонага, якая на версе ўрадлівай даліны пераможаных віном!
2 Вось моцны і дужы ў Госпада, як залева з градам і пагібельная віхура, як разьлітая паводка бурлівых водаў, зь сілаю кідае яго на зямлю.
3 Нагамі топчацца вянок ганарыстасьці п’яных Яфрэмлянаў.
4 І з завялаю кветкаю прыгожага ўбранства ягонага, якая на версе ўрадлівай даліны, робіцца тое самае, што бывае з заўчасна дасьпелаю смокваю, якую, як толькі хто ўбачыць, адразу бярэ ў руку і праглыне яе.
5 Таго дня Гасподзь Саваоф будзе цудоўным вянком і слаўнаю дыядэмаю рэшце люду Свайго,
6 і духам правасудзьдзя таму, хто сядзіць у судзілішчы, і мужнасьцю тым, што адбіваюць няпрыяцеля да брамы.
7 Але і гэтыя хістаюцца ад віна і блукаюць ад сікеры; сьвятар і прарок спатыкаюцца ад моцных напояў; пераможаныя віном, звар’яцелі ад сікеры, у бачаньні памыляюцца, у разважаньнях спатыкаюцца.
8 Бо ўсе сталы напоўнены агіднаю блявоцінаю, чыстага месца няма.
9 А кажуць: «каго хоча вучыць ён веданьню? і каго наводзіць на розум пропаведзьдзю? аднятых ад груднога малака, адлучаных ад саскоў?
10 Бо ўсё запаведзь да запаведзі, запаведзь да запаведзі, правіла да правіла, правіла да правіла, тут крыху і там крыху».
11 Затое лепятлівымі вуснамі і чужой моваю прамаўляцьмуць да гэтага люду.
12 Ім казалі: «вось — спакой, дайце спакою струджанаму, і вось — супакаеньне». Але слухаць яны не хацелі.
13 І зрабілася ў іх словам Госпада: запаведзь да запаведзі, запаведзь да запаведзі, правіла да правіла, правіла да правіла, тут крыху, там крыху, — так што яны пойдуць, і ўпадуць наўзнакі і разаб’юцца, і пападуцца ў сетку і будуць злоўленыя.
14 Дык вось, слухайце слова Гасподняе, агуднікі, упраўцы народу гэтага, Ерусалімскага.
15 Як што вы кажаце: «мы заключылі саюз са сьмерцю і з апраметнаю згоду ўчынілі: калі карны біч будзе праходзіць, ён не застане нас, — бо падман мы зрабілі прытулкам сабе, падманам прыкрыем сябе».
16 Пасьля гэтага так кажа Гасподзь Бог: вось, Я закладаю на Сіёне камень, — камень выпрабаваньняў, вуглавы, каштоўны, моцны спод: хто верыць у яго, не пасаромеецца.
17 І пастаўлю суд мераю і праўду вагамі; і градам вынішчыцца прытулак падману, і воды затопяць месца схаваньня.
18 І саюз ваш са сьмерцю парушыцца, і згода вашая з апраметнай ня выстаіць. Калі пойдзе карны біч, вы будзеце патаптаныя.
19 Як толькі ён пойдзе, — схопіць вас; а халадзіць будзе кожнае раніцы, дзень і ноч, і адна чутка пра яго будзе сеяць жуду.
20 Закароткі будзе ложак, каб выцягнуцца; завузкая і коўдра, каб загарнуцца ў яе.
21 Бо паўстане Гасподзь, як на гары Парацыме; разгневаецца, як у даліне Гаваонскай, каб зрабіць дзею Сваю, незвычайную дзею, і ўчыніць дзеяньне Сваё, дзівоснае Сваё дзеяньне.
22 Дык вось, ня блюзьнерце, каб путы вашыя не памацнелі; бо я чуў ад Госпада, Бога Саваофа, што зьнішчэньне вызначана ўсёй вашай зямлі.
23 Прыхілеце вуха, і паслухайце майго голасу; будзьце ўважлівыя, і паслухайце слова маё.
24 Ці ж заўсёды ратай арэ дзеля сяўбы, барозьніць і скародзіць зямлю сваю?
25 Не; калі выраўняе паверхню яе, ён сее чарнушку, альбо рассыпае кмен, альбо раскідае пшаніцу радамі, і ячмень у пэўным месцы, і жыта побач зь ім.
26 І такому парадку вучыць яго Бог ягоны; Ён настаўляе яго.
27 Бо не малоцяць чарнушку катком зубчатым, і колаў малацільных не качаюць па кмене; а кіем выбіваюць чарнушку, і кмен — кіем.
28 Збажыну вымалочваюць, але не разьбіваюць яе; і водзяць па ёй малацільныя колы з конямі іхнімі, але не расьціраюць яе.
29 І гэта робіцца ад Госпада Саваофа: дзівосны лёс у Яго, вялікая мудрасьць Ягоная!
Разьдзел 29
1 Гора Арыілу, Арыілу, гораду, у якім жыў Давід! прыкладзеце год да года; няхай колюць ахвяры.
2 Але навяду ўціск на Арыіл, і будзе плач і бедаваньне; і ён будзе ў Мяне, як Арыіл.
3 Я стану аблогай вакол цябе і абстаўлю цябе вартаю назіральнаю, і ўзьвяду супроць цябе ўмацаваньні.
4 І будзеш прыніжаны, зь зямлі гаварыцьмеш і глухая будзе мова твая з-пад пылу, і голас твой будзе, як голас духа з нутробы, а мова твая будзе, як шэпт.
5 Мноства ворагаў тваіх будзе, як дробны пыл, і безьліч тыранаў, як разьвеяная мякіна; і гэта станецца раптоўна, у адно імгненьне.
6 Гасподзь Саваоф адведае цябе громам і землятрусам, і моцным голасам, бураю і віхураю, і полымем ўсёпажыральнага агню.
7 І як сон, як начное сьненьне будзе мноства ўсіх народаў, што ваююць супроць Арыіла, і ўсіх, што выступаюць супроць яго і ўмацаваньняў ягоных і абложнікаў яго.
8 І як галоднаму сьніцца, быццам ён есьць, але прачынаецца, і душа ў яго пустая; і як сасьмягламу сьніцца, быццам ён п’е, а прачнецца, і вось ён утохлы, і душа ў яго прагне: тое самае будзе і мноству народаў, якія ваююць супроць гары Сіёна.
9 Зьдзіўляйцеся і дзіву давайцеся; яны асьляпілі іншых, і самі асьлеплі; яны п’яныя, але не ад віна, — хістаюцца, але не ад сікеры;
10 бо навёў на вас Гасподзь дух засынаньня, і зьмежыў вочы вашыя, прарокі, і затлуміў галовы вашыя, празарліўцы.
11 І любое прароцтва для вас тое самае, што слова ў зяпячатанай кнізе, якую падаюць таму, хто ўмее чытаць кнігу, і кажуць: «прачытай яе»; і той адказвае: «не магу, бо яна пад пячаткай».
12 І падаюць кнігу таму, хто чытаць ня ўмее, і кажуць: «прачытай яе»; і той адказвае: «я ня ўмею чытаць».
13 І сказаў Гасподзь: як што людзі гэтыя шануюць Мяне вуснамі сваімі, і языком сваім шануюць Мяне, а сэрца іхняе далёка адлягае ад Мяне, і багавейнасьць іх перад Мною ёсьць вывучэньне запаведзяў чалавечых;
14 дык вось Я буду нязвыкла рабіць з гэтым народам, дзівосна і дзіўна, так што мудрасьць мудрацоў яго згіне, і розуму ў разумных яго не застанецца.
15 Гора тым, якія схаваюцца ў глыбіню, каб намысел свой утоіць ад Госпада, якія дзеюць дзеі свае ў змроку і кажуць: хто ўбачыць нас? і хто пазнае нас?
16 Якое безгалоўе! Хіба можна цаніць ганчара, як гліну? Ці скажа выраб пра вырабшчыка свайго: «ня ён зрабіў мяне?» і ці скажа твор пра мастака свайго: «ён не разумее?»
17 Яшчэ крыху, зусім крыху, і ці не ператворыцца Ліван у сад, а сад ці ня будуць цаніць як лес?
18 І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, і ўбачаць зь цемры і змроку вочы ў сьляпых.
19 І спрагненыя яшчэ больш будуць радавацца ў Госпадзе, і бедныя людзі цешыцца будуць за Сьвятога Ізраіля;
20 бо ня будзе больш крыўдзіцеля, і агуднік зьнікне, і будуць вынішчаны ўсе паборцы няпраўды,
21 якія блытаюць чалавека ў словах, і на таго, хто патрабуе суду каля брамы, ставяць сеткі, і адціраюць таго, чыя праўда.
22 Пасьля так кажа пра дом Якава Гасподзь, Які адкупіў Абрагама: тады Якаў ня будзе ў сораме, і твар у яго больш не зьбялее,
23 бо, калі ўбачыць у сябе дзяцей сваіх, дзею рук Маіх, дык яны сьвята будуць шанаваць імя Маё і сьвята шанаваць Сьвятога Якаўлевага і багавейна стаяць перад Богам Ізраілевым.
24 Тады духаблукальнікі ўведаюць мудрасьць, і непакорлівыя навучацца паслушэнства.
Разьдзел 30
1 Гора непакорлівым сынам, кажа Гасподзь, якія робяць народы, але безь Мяне, і ў спрымірэнства ўступаюць, але бяз духа Майго, каб далучаць грэх да грэху:
2 ня спытаўшыся вуснаў Маіх, ідуць у Егіпет, каб падмацаваць сябе сілаю фараонавай і схавацца пад ценем Егіпта.
3 Але сіла фараона будзе вам сорамам, і прытулак пад ценем Егіпта — ганьбаю;
4 бо князі ягоныя************************************** ўжо ў Цаане, і паслы ягоныя дайшлі да Ханэса.
5 Усе яны будуць пасаромленыя за народ, ад якога карысьці няма ім; ня будзе ад яго ні дапамогі, ні карысьці, а — сорам і глум.
6 Цяжар на жывёлах, якія ідуць на поўдзень, па зямлі прыгнёту і ўціску, адкуль выходзяць ільвіцы ды ільвы, асьпіды і лятучыя зьмеі; яны нясуць на хрыбтах аслоў багацьці свае і на гарбах вярблюдаў скарбы свае народу, ад якога ня будзе ім карысьці.
7 Бо дапамога Егіпта будзе марная і дарэмная; таму Я сказаў ім: сіла іхняя — сядзець спакойна.
8 Цяпер ідзі, накрэсьлі гэта на дошцы ў іх, і запішы гэта ў кнігу, каб засталося на будучы час, назаўсёды, навечна.
9 Бо гэта люд мяцежны, дзеці хлусьлівыя, дзеці, якія ня хочуць слухаць закону Гасподняга,
10 якія празорлівым кажуць: «перастаньце прарочыць», і прарокам: «не прарочце нам праўды, кажэце нам даспадобнае, прадказвайце прыемнае;
11 сыдзеце з дарогі, ухілецеся ад шляху; зьвядзеце з вачэй нашых Сьвятога Ізраілевага».
12 Пасьля гэтага кажа Сьвяты Ізраілеў: за тое, што вы адкідаеце слова гэтае, а спадзеяцеся на падман і няпраўду, і абапіраецеся на тое,
13 дык беззаконьне гэта будзе вам, як выяўленая трэшчына, што пагражае руйнаваньнем высокага муру, разбурэньне якога настане раптоўна, у адно імгненьне.
14 І Ён разбурыць яе, як разьбіваюць гліняны посуд, не шкадуючы, так што ў абломках яго ня знойдзецца і чарапка, каб узяць жару з агменю, альбо зачарпнуць вады з сажалкі;
15 бо так кажа Гасподзь Бог, Сьвяты Ізраілеў: застаючыся на месцы і ў спакоі, вы ўратаваліся б; у цішыні і спадзяваньні і моцнасьць вашая; але вы не хацелі
16 і казалі: «не, мы на конях уцячэм», — затое і пабяжыце; «мы на хуткіх паскачам» — затое і перасьледавальнікі вашыя будуць борздыя.
17 Ад пагрозы аднаго пабяжыць тысяча, ад пагрозы пяцёх пабяжыце так, што рэшта вас будзе як тычка на вяршыні гары і як харугва на пагорку.
18 І таму Гасподзь чакае, каб памілаваць вас, і таму яшчэ стрымліваецца, каб умілажаліцца з вас; бо Гасподзь ёсьць Бог праўды: дабрашчасныя — усе, хто надзею кладзе на Яго!
19 Народ будзе жыць на Сіёне ў Ерусаліме; ты ня будзеш доўга плакаць, — Ён памілуе цябе, паводле голасу твайго, і як толькі пачуе яго, — адкажа табе.
20 дасьць вам Гасподзь хлеб у гароце і ваду ў нягодзе; і настаўнікі твае ўжо ня будуць хавацца, і вочы твае будуць бачыць настаўнікаў тваіх;
21 і вушы твае будуць чуць словы за табою, што кажуць: «вось дарога, ідзеце па ёй», калі б вы збочылі направа, і калі б вы збочылі налева.
22 Тады вы будзеце лічыць за агіду аздобу балваноў з срэбра твайго і аздобу ідалаў з золата твайго; ты кінеш іх, як брыду; ты скажаш ім: прэч адгэтуль.
23 І дасьць Ён дажджу на насеньне тваё, якім засееш поле, і збажыну, плод зямлі, і яна будзе багатая і сакавітая; статкі твае ў той дзень будуць пасьвіцца на шырокіх пашах.
24 І валы і аслы, што ўрабляюць поле, есьцімуць корм салёны, ачышчаны шуфлем і гарфаю.
25 І на кожнай гары высокай і на кожным пагорку ўзвышаным пацякуць ручаі, патокі вады, у дзень вялікае бітвы, калі абваляцца вежы.
26 І сьвятло месяца будзе, як сьвятло сонца, а сьвятло сонца будзе сьвятлей у сем разоў, як сьвятло сямі дзён, таго дня, калі Гасподзь завяжа рану люду Свайго і загоіць накладзеныя на яго пошасьці.
27 Вось, імя Госпада ідзе здалёк, гарыць гнеў Ягоны, і полымя ў Яго вялікае, вусны ў Яго поўныя абурэньня, і язык у Яго, як агонь пажыральны,
28 і дыханьне ў Яго, як разьліты паток, які падымаецца нават да шыі, каб разьвеяць людзей на зьмізарненьне; і будуць у сківіцах люду цуглі, якія пакіруюць да аблуды.
29 А ў вас будуць песьні, як у ноч сьвяшчэннага сьвята, і весялосьць на сэрцы, як у таго, хто ідзе з жалейкаю на гару Гасподнюю, да цьвярдыні Ізраілевай.
30 І загрыміць Гасподзь велічным голасам Сваім і пакажа моц пляча Свайго моцным гневам і полымем пажыральнага агню, бураю і паводкаю і каменным градам.
31 Бо ад голасу Гасподняга скаланецца Асур, жазлом пабіваны.
32 І кожны рух вызначанага яму жазла, які Гасподзь скіруе на яго, будзе з тымпанамі і цытрамі, і Ён пойдзе супроць яго вайною спусташальнаю.
33 Бо Тофэт даўно ўжо гатовы; ён падрыхтаваны ўжо і цару, глыбокі і шырокі; у вогнішчы яго шмат агню і дроў; подзьмух Гасподні, як паток серкі, запаліць яго.
Разьдзел 31
1 Гора тым, што ідуць у Егіпет па дапамогу, спадзяюцца на коней і надзею кладуць на калясьніцы, бо іх багата, і на верхаўцоў, бо яны вельмі моцныя, а на Сьвятога Ізраілевага не глядзяць і Госпада ня шукаюць!
2 Але мудры Ён; і навядзе бедства, і не адменіць слоў Сваіх; паўстане супроць дома бязбожных і супроць дапамогі беззаконьнікам.
3 Егіпцяне — людзі, а ня Бог; і коні ў іх — плоць, а ня дух. І працягне руку Сваю Гасподзь, і спатыкнецца абаронца, і ўпадзе той, каго бароняць, і ўсе разам загінуць.
4 Бо так сказаў мне Гасподзь: як леў, як ільвяня, што скавычуць над лупам сваім, хай бы хоць шмат пастухоў крычалі на яго, ад крыку іхняга не здрыганецца і мноству іх не саступіць, — так Гасподзь Саваоф сыдзе змагацца на гару Сіён і на пагорак яго.
5 Як птушкі — птушанят, так Гасподзь Саваоф пакрые Ерусалім, абароніць і выбавіць, зьлітуецца і выратуе..
6 Зьвярнецеся да Таго, ад Якога вы далёка адпаліся, сынове Ізраіля!
7 У той дзень адкіне кожны чалавек сваіх срэбных ідалаў і залатых сваіх ідалаў, зробленых рукамі вашымі вам на грэх.
8 І Асур упадзе не ад чалавечага меча, і не чалавечы меч заб’е яго, ён уцячэ ад меча, і юнакі ягоныя стануць падаткам.
9 І ад страху пабяжыць міма крэпасьці сваёй; і князі яго будуць баяцца сьцяга, кажа Гасподзь, у Якога агонь на Сіёне і горан у Ерусаліме.
Разьдзел 32
1 Вось, Цар будзе цараваць паводле праўды, і князі будуць кіраваць паводле закона;
2 і кожны зь іх будзе абаронай ад ветру і покрывам ад непагадзі, як крыніцы вады ў стэпе, як цень ад высокай скалы ў зямлі выснаджанай.
3 І вочы відушчых ня будуць заплюшчвацца, і вушы чуйных будуць слухаць.
4 І сэрца легкадумных будзе ўмець разважаць; і гаркавыя будуць гаварыць выразна.
5 Невука ўжо не называцьмуць шаноўным, і пра падступнага ня скажуць, што ён сумленны.
6 Бо невук гаворыць дурное, і сэрца ягонае намышляе беззаконнае, каб рабіць крывадушна і вымаўляць агуду на Госпада, душу галоднага пазбаўляць хлеба і адбіраць пітво ў сасьмяглага.
7 У падступнага і ўчынкі згубныя: ён намышляе ліхое, каб загубіць беднага хлусьнёю, хай той бедны і будзе слушны.
8 А сумленны і думае пра сумленнае і цьвёрды ва ўсім, што сумленнае.
9 Жанчыны неабачлівыя! устаньце, паслухайце голасу майго; дочкі бестурботныя, прыхілеце вушы да маіх слоў!
10 Яшчэ некалькі дзён звыш году, і жахнецеся, неабачлівыя! бо ня будзе збору вінаграду, і пара жніва не настане.
11 Скаланецеся, бястурботныя! жахнецеся, неабачлівыя! і аперажэце сьцёгны.
12 Будуць біць сябе ў грудзі за цудоўныя палі, за вінаградную лазу пладавітую.
13 На зямлі народу майго будуць расьці церне і бадзякі, гэтак сама і на ўсіх дамах радасьці ў разьвяселеным горадзе;
14 бо харомы будуць пакінутыя; шумны горад будзе пакінуты; Афэл і вежа заўсёды будуць служыць замест пячораў, прытулкам дзікім аслам і напасьвеным статкам,
15 пакуль ня выльецца на нас Дух з высяў, і пустыня ня зробіцца садам, а сад ня будуць лічыць лесам.
16 Тады суд паселіцца ў гэтай пустыні, і правасудзьдзе будзе жыць на ўрадлівым полі.
17 І чынам ісьціны будзе мір, і плодам правасудзьдзя — спакайната і бясьпека вечная.
18 Тады народ мой жыцьме ў селішчы міру і ў селішчах бясьпечных і ў пакоях дабрашчасных.
19 І град будзе падаць на лес, і горад апусьціцца долу.
20 Дабрашчасныя вы, што сееце каля ўсіх водаў і пасылаеце туды вала і асла.
Разьдзел 33
1 Гора табе, спакушальніку, якога не спакушалі, і рабаўніку, якога не рабавалі! Калі скончыш спусташаць, будзеш спустошаны й ты; калі спыніш рабаваць, зрабуюць і цябе.
2 Госпадзе, памілуй нас, на Цябе спадзяёмся мы; будзь нашаю сілаю з раньняга рана і ратункам нашым у час уціску.
3 Ад грознага голасу Твайго пабягуць народы; калі паўстанеш, расьсеюцца плямёны,
4 і будуць зьбіраць здабычу вашую, як зьбірае вусень; кінуцца на яе, як кідаецца саранча.
5 Высокі Гасподзь, Які жыве ў вышынях; Ён напоўніў Сіён судом і праўдаю.
6 І настануць бясьпечныя часіны твае, надмернасьць ратунку, мудрасьці і веданьня; страх Гасподні будзе скарбам тваім.
7 Вось, моцныя іхнія крычаць на вуліцах; пасланцы на згоду горасна плачуць.
8 Апусьцелі дарогі; ня стала падарожнікаў; ён парушыў дагавор, зруйнаваў гарады, — ані ў што ня ставіць людзей.
9 Зямля бядуе, сохне; Ліван пасаромлены, завяў; Сарон падобны стаў на пустыню, і аголены ад лісьця свайго Васан і Карміл.
10 Цяпер Я паўстану, кажа Гасподзь, цяпер падымуся, цяпер узьнясуся.
11 Вы цяжарныя сенам, разродзіцеся саломаю; дыханьне ваша — агонь, які зжарэ вас.
12 І будуць народы, як палкая вапна, як сьсечаны ядловец, будуць спаленыя ў агні.
13 Слухайце, далёкія, што зраблю Я, і вы, блізкія, уведайце магутнасьць Маю.
14 Збаяліся грэшнікі на Сіёне; затрымцелі бязбожнікі: «хто з нас можа жыць пры агні пажыральным? хто з нас можа жыць пры вечным полымі?»
15 Той, хто ходзіць у праўдзе і кажа ісьціну; хто пагарджае карысьлівасьцю ад уціску, стрымлівае рукі свае ад хабару, затыкае вушы свае, каб ня чуць пра кравапусты, і заплюшчвае вочы свае, каб ня бачыць ліха;
16 той будзе жыць на вышынях: прытулак яго — няпрыступныя скалы; хлеб яму дадзены будзе; вада ў яго ня высахне.
17 Вочы твае ўбачаць Цара ў красе Ягонай, угледзяць зямлю далёкую;
18 сэрца тваё будзе толькі згадваць пра жахі: «дзе той, што рабіў перапіс? дзе той, што важыў даніну? дзе той, што аглядае вежы»?
19 Ня ўбачыш больш народу лютага, народу з глухою, неўразумелаю гаворкаю, з моваю дзіўнаю, не зразумелаю.
20 Зірні на Сіён, горад сьвяточных сходаў нашых; вочы твае ўбачаць Ерусалім, селішча мірнае, непахісную скінію; слупы яе ніколі ня вырвуцца, і ніводная вяроўка яе не парвецца.
21 Таму ў вас вялікі Гасподзь будзе замест рэк, замест шырокіх каналаў; туды ня ўвойдзе ніводнае вясельнае судна, і ня пройдзе вялікі карабель.
22 Бо Гасподзь — судзьдзя наш: Гасподзь — заканадавец наш, Гасподзь — цар наш. Ён уратуе нас.
23 Аслаблі вяроўкі твае, ня могуць утрымаць мачты і напяць ветразі. Тады будзе вялікі падзел здабычы, так што і кульгавыя пойдуць на рабунак.
24 І ніводзін жыхар ня скажа: «я хворы»; народу, які там жыве, будуць дараваны грахі.
Разьдзел 34
1 Падыдзеце, народы, слухайце і ўважайце, плямёны! Хай чуе зямля і ўсё, што яе напаўняе, сусьвет і ўсё, што нараджаецца ў ім!
2 Бо гнеў Госпада на ўсе народы, і лютасьць Яго на ўсё воінства іхняе. Ён аддаў іх на закляцьце, аддаў іх на закол.
3 І забітыя іхнія будуць раскіданы, і ад трупаў іх падымецца смурод, і горы размокнуць ад іхняй крыві.
4 І сатлее ўсё нябеснае воінства: і нябёсы згорнуцца, як сувой кніжны; і ўсё воінства іхняе ўпадзе, як ападае лісьце зь вінаграднай лазы, і як завялае лісьце — са смакоўніцы.
5 Бо ўпіўся меч Мой на нябёсах: вось, дзеля суду сыходзіць ён на Эдом і на народ, аддадзены Мною на закляцьце.
6 Меч Госпада напоўніцца крывёю, атлусьцее ад тлушчу, ад крыві ягнят і казлоў, ад тлушчу з нырак авечых: бо ахвяра ў Госпада ў Васоры і вялікі закол у зямлі Эдома.
7 І буйвалы ўпадуць зь імі, і цяляты разам з валамі, і ўп’ецца зямля іх крывёю, і прах іх разбухне ад тлушчу.
8 Бо дзень помсты ў Госпада, год помсты за Сіён.
9 І ператворацца рэкі яго ў смалу, і прах яго — у серку, і будзе зямля яго палкаю смалою:
10 ня будзе гаснуць ні ўдзень, ані ўночы; вечна будзе ўзьвівацца дым ад яе; будзе з роду ў род заставацца апусьцелаю; вавекі вякоў ніхто ня пройдзе па ёй;
11 і завалодаюць ёю пелікан і вожык; і сава і груган паселяцца ў ёй; і працягнуць па ёй вяроўку спусташэньня і адвес зьнішчэньня.
12 Нікога не застанецца там са знакамітых яе, каго можна было б заклікаць на царства, і ўсе князі яе будуць нішто.
13 І зарастуць палацы яе калючымі расьлінамі, крапівою і дзядоўнікам — цьвярдыня яе; і будзе яна селішчам шакалаў, прыстанішчам страўсам.
14 І зьвяры пустыні будуць сустракацца зь дзікімі катамі, і лясуны будуць перагукацца адзін з адным; там будзе адпачываць начны прывід і знаходзіць сабе спакой.
15 Там угняздуецца лятучы зьмей, будзе класьці яйкі і выводзіць дзяцей і зьбіраць іх пад цень свой; там і каршуны будуць зьбірацца адзін да аднаго.
16 Знайдзеце ў кнізе Гасподняй і прачытайце; ніводнае з гэтых не забавіцца прыйсьці, і адно адным не заменіцца. Бо самі вусны Яго загадалі, і сам дух Яго зьбярэ іх.
17 І Сам Ён кінуў ім жэрабя, і Яго рука падзяліла яе меркаю; вечна будуць яны валодаць ёю, род у род на ёй жыцьмуць.
Разьдзел 35
1 Разьвесяліцца пустыня і сухая зямля, і зарадуецца краіна ненаселеная і расквітнее як нарцыс;
2 цудоўна будзе цьвісьці і радавацца, будзе ўрачысьціцца і сьвяткаваць; слава Лівана дасца ёй, хараство Карміла і Сарона; яны ўбачаць славу Госпада, веліч Бога нашага.
3 Умацуйце аслабелыя рукі, і ўцьвердзіце калені дрыготкія;
4 скажэце нясьмелым душою: будзьце цьвёрдыя, ня бойцеся; вось Бог ваш, прыйдзе помста, адплата Божая; Ён прыйдзе і збавіць вас.
5 Тады адамкнуцца вочы сьляпых, і вушы глухіх расчыняцца.
6 Тады кульгавы падхопіцца, як алень, і язык нямка засьпявае; бо праб’юцца воды ў пустыні і ў стэпе патокі.
7 І ператворыцца прывід водаў у возера, і спрагненая зямля — у крыніцы водаў; у жытлішчы шакалаў, дзе яны спачываюць, будзе месца пад трысьнёг і чарот.
8 І будзе там вялікая дарога, і шлях па ёй назавецца шляхам сьвятым; нячысты ня будзе хадзіць па ім; але ён будзе ім адным. Хто пойдзе гэтым шляхам, нават і нявопытныя, не заблудзяцца.
9 Ільва там ня будзе, і драпежны зьвер ня ўзыдзе на яго; яго ня знойдзецца там, а хадзіцьмуць адкупленыя.
10 І вернуцца збаўленыя Госпадам, прыйдуць на Сіён з радасным гоманам; і радасьць вечная будзе над галавою ў іх; яны знойдуць радасьць і весялосьць, а смутак і зітханьне адыдуць.
Разьдзел 36
1 І было на чатырнаццатым годзе цара Эзэкіі, пайшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі супроць усіх умацаваных гарадоў Юдэі і ўзяў іх.
2 І паслаў цар Асірыйскі з Лахіса ў Ерусалім да цара Эзэкіі Рабсака зь вялікім войскам; і ён спыніўся каля канала Верхняй сажалкі на дарозе поля бялільнага.
3 І выйшаў да яго Эліякім, сын Хэлкіінаў, начальнік палаца, і Сэўна пісар, і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісальнік.
4 І сказаў ім Рабсак: скажэце Эзэкію: так кажа цар вялікі, цар Асірыйскі: што гэта за надзея, на якую ты спадзяешся?
5 Я думаю, што гэта — адны пустыя словы, а вайне патрэбныя рада і сіла: дык вось, на каго ты спадзяешся, і чаго адпаў ад мяне?
6 Вось, ты думаеш абаперціся на Егіпет, на гэтую трысьціну надламаную, якая, калі хто на яе абапрэцца, увойдзе таму ў руку і пратне яе? Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто на яго спадзяецца.
7 А калі скажаш мне: на Госпада Бога нашага мы спадзяёмся, — дык ці на таго, чые вышыні і ахвярнікі скасаваў Эзэкія і сказаў Юду і Ерусаліму: «перад гэтым толькі ахвярнікам пакланяйцеся».
8 Дык вось, уступі ў супольства з гаспадаром маім, царом Асірыйскім; — я дам табе дзьве тысячы коней, ці можаш ты дастаць сабе верхаўцоў на іх?
9 І як ты хочаш змусіць адступіць правадыра, аднаго з самых малых рабоў гаспадара майго, спадзяючыся на Егіпет, дзеля калясьніц і коней.
10 Ды хіба я бяз волі Гасподняй пайшоў на зямлю гэтую, каб зруйнаваць яе? Гасподзь сказаў мне: «ідзі на зямлю гэтую і зруйнуй яе».
11 І сказаў Эліякім і Сэўна і Ёах Рабсаку: гавары рабам тваім па-Арамейску, бо мы разумеем, а не гавары па-Юдэйску, у вушы люду, які на сьцяне.
12 І сказаў Рабсак: хіба толькі да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой сказаць словы гэтыя? Не, таксама і да людзей, якія сядзяць на сьцяне, каб есьці нечысьць сваю і піць мачу сваю з вамі.
13 І ўстаў Рабсак і абвясьціў моцным голасам па-Юдэйску, і сказаў: слухайце слова, цара вялікага, цара Асірыйскага!
14 Так кажа цар: хай ня зводзіць вас Эзэкія, бо ён ня можа выратаваць вас;
15 І хай не абнадзейвае вас Эзэкія Госпадам, кажучы; «збавіць нас Гасподзь; ня будзе горад гэты аддадзены ў рукі цара Асірыйскага».
16 Ня слухайце Эзэкіі, бо так кажа цар Асірыйскі: замірэцеся са мною і выйдзіце да мяне, і хай кожны есьць плады вінаграднай лазы сваёй і смакоўніцы сваёй, і хай кожны п’е ваду з свайго калодзежа,
17 пакуль я ня прыйду і не вазьму вас у зямлю такую самую, як і ваша зямля, у зямлю хлеба і віна, у зямлю пладоў і вінаграднікаў.
18 Дык вось, хай жа ня зводзіць вас Эзэкія, кажучы: «Гасподзь збавіць нас». Ці ж уратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара Асірыйскага?
19 Дзе багі Эмата і Арпада? дзе багі Сэпарваіма? ці ж уратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?
20 Каторы з усіх багоў земляў гэтых убараніў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо ўбароніць Гасподзь Ерусалім ад рукі маёй?
21 Але яны маўчалі і не адказвалі яму ні слова, бо ад цара быў загад: не адказвайце яму.
22 І прыйшоў Эліякім, сын Халкіінаў, начальнік палаца і Сэўна пісар, і Ёах, і сын Асафаў, дзеяпісальнік, да Эзэкіі, у падранай адзежы, і пераказалі яму слова Рабсака.
Разьдзел 37
1 Калі пачуў гэта цар Эзэкія, дык разадраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтаю, і пайшоў у дом Гасподні;
2 і паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісара, і старэйшых сьвятароў, накрытых вярэтаю, да прарока Ісаі, сына Амосавага.
3 І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень скрухі і кары і паганьбеньня — дзень гэты, бо дзеці прыйшлі нарадзіцца з улоньня матчынага, а сілы няма нарадзіць.
4 Можа, пачуе Гасподзь Бог твой словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, ганіць Бога жывога і бэсьціць словамі, якія чуў Гасподзь Бог твой; узьнясі ж малітву за тых, што засталіся, якія жывыя яшчэ.
5 І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі.
6 І сказаў ім Ісая: дык скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі бэсьцілі Мяне слугі цара Асірыйскага.
7 Вось, Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку і вернецца ў зямлю сваю, і Я заб’ю яго мечам у зямлі ягонай.
8 І вярнуўся Рабсак і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны; бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.
9 І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. Пачуўшы гэта, ён паслаў да Эзэкіі, сказаўшы:
10 так скажэце Эзэкіі, цару Юдэйскаму: хай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.
11 Вось, ты чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, паклаўшы на іх закляцьце; ці ты ацалееш?
12 Багі народаў, якіх зруйнавалі бацькі мае, ці ж уратавалі іх, ці ўратавалі Гозан і Харан, і Рэцэф і сыноў Элена, што ў Таласары?
13 Дзе — цар Эмата і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?
14 І ўзяў Эзэкія ліст з рукі пасланцаў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні і разгарнуў яго Эзэкія перад абліччам Гасподнім;
15 і маліўся Эзэкія перад абліччам Гасподнім і казаў:
16 Госпадзе Саваофе, Божа Ізраілеў, Які сядзіць на херувімах! Ты адзін — Бог усіх царстваў зямлі; Ты стварыў неба і зямлю.
17 Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; адамкні, Госпадзе, вочы Твае і зірні, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў бэсьціць Цябе, Бога жывога.
18 Праўда, о Госпадзе! цары Асірыйскія спустошылі ўсе краіны і землі іхнія,
19 і пакідалі багоў іхніх у агонь; але гэта былі не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень, таму і вынішчылі іх.
20 І сёньня, Госпадзе Божа наш, уратуй нас ад рукі ягонай; і ўведаюць усе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.
21 І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: за што ты молішся супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага,
22 вось слова, якое Гасподзь прамовіў пра яго: пагрэбуе табою, пасьмяецца зь цябе дзевая дачка Сіёна, пахітае ўсьлед табе галавою дачка Ерусаліма.
23 Каго ты ганіў і бэсьціў? і на каго ўзвысіў голас, і падняў так высока вочы твае? на Сьвятога Ізраілевага.
24 Праз рабоў тваіх ты ганіў Госпада і сказаў: «з мноствам калясьніц маіх я ўзышоў на вышыню гор, на хрыбты Лівана, і сьсек гонкія кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйшоў на самую вяршыню яго, у гай саду яго;
25 і адкопваў я і піў ваду; і асушу ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія».
26 Хіба ня чуў ты, што Я даўно зрабіў гэта, у старадаўнія дні наперад вызначыў гэта, а цяпер зьдзейсьніў праз тое, што ты спусташаеш моцныя гарады, ператвараючы іх у груды руінаў?
27 І жыхары іх зрабіліся нясілыя, трымцяць і застаюцца ў ганьбе; яны зрабіліся як трава на полі і пяшчотная зеляніна, як парасьліна на дахах і апаленая рунь, перш чым выкаласіцца.
28 Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, а ці ўвойдзеш, Я ведаю ўсё, ведаю і дзёрзкасьць тваю супроць Мяне.
29 За тваю дзёрзкасьць супроць Мяне і за тое, што пыхлівасьць твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае — у рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою ты прыйшоў.
30 І вось, табе, Эзэкія, азнака: ежце сёлета, што вырасла ад апалага насеньня, і налета — самасейнае; а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады, і ежце плады іх.
31 І ацалелыя ў доме Юдавым рэшта пусьціць зноў корань унізе і прынясе плод угары,
32 бо зь Ерусаліма пойдзе рэшта, а выратаваньне — ад гары Сіёна. Руплівасьць Госпада Саваофа ўчыніць гэта.
33 Пасьля гэтага так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: «ня ўвойдзе ён у гэты горад і ня кіне туды стрэлаў, і не падступіцца да яго з шчытом і не насыпле супроць яго вала:
34 па той самай дарозе, па якой прыйшоў, — вернецца, а ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.
35 Я буду бараніць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго».
36 І выйшаў анёл Гасподні і забіў у лагеры Асірыйскім сто восемдзесят пяць тысяч чалавек. І ўсталі раніцай, і вось, усе — целы мёртвыя.
37 І адступіў, і пайшоў і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.
38 І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Арамэлэх і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын ягоны, замест яго.
Разьдзел 38
1 У тыя дні Эзэкія сьмяротна захварэў. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амосаў, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: зрабі запавет дому твайму, бо ты памрэш, не ачуняеш.
2 Тады Эзэкія адвярнуўся тварам да сьцяны, і маліўся Госпаду, кажучы:
3 «о, Госпадзе! успомні, што я хадзіў перад абліччам Тваім верна і з адданым Табе сэрцам і рабіў спадобнае ў вачах Тваіх». І заплакаў Эзэкія моцна.
4 І было слова Гасподняе Ісаю, і сказана:
5 ідзі і скажы Эзэкію: так кажа Гасподзь, Бог Давідаў, бацькі твайго: Я пачуў малітву тваю, угледзеў сьлёзы твае, і вось, Я дадаю да дзён тваіх пятнаццаць гадоў,
6 і ад рукі цара Асірыйскага ўратую цябе і горад гэты, і абараню горад гэты.
7 І вось табе азнака ад Госпада, што Гасподзь спраўдзіць слова, якое Ён сказаў.
8 Вось, Я вярну назад на дзесяць прыступак сонечны цень, які прайшоў па прыступках Ахазавых. І вярнулася сонца на дзесяць прыступак па прыступках, па якіх яно сыходзіла.
9 Малітва Эзэкіі, цара Юдэйскага, калі ён хворы быў і ачуняў ад хваробы:
10 «я сказаў сам сабе: апалавіне дзён маіх я мушу ісьці ў браму апраметнай; я пазбаўлены рэшты гадоў маіх.
11 Я казаў: ня ўбачу я Госпада, Госпада на зямлі жывых; не пабачу больш чалавека паміж жывымі ў сьвеце;
12 жытло маё здымаецца зь месца і зносіцца ад мяне, як будан пастушыны; я павінен адкроіць, як ткач, жыцьцё маё: Ён адкроіць мяне ад асновы; дзень і ноч я чакаў, што Ты спашлеш мне скон.
13 Да раніцы я чакаў; як леў, Ён крышыў косьці мае; дзень і ноч я чакаў, што Ты спашлеш мне скон.
14 Як журавель, як ластаўка, падаваў я голас, сумаваў як голуб; паныла глядзелі вочы мае на неба: Госпадзе! цесна мне; уратуй мяне.
15 Што скажу я? Ён сказаў мне, Ён і зрабіў. Ціха буду праводзіць усе гады жыцьця майго, памятаючы немарасьць душы маёй.
16 Госпадзе! так жывуць, і ва ўсім гэтым — жыцьцё майго духу; Ты ацаліш мяне, падаруеш жыцьцё мне.
17 Вось, на дабро мне была вялікая гарота, і Ты выбавіў душу маю ад рову пагібелі, і кінуў усе грахі мае за плечы Свае.
18 Бо не апраметная Цябе славіць, ня смерць праслаўляе Цябе, ня прыхадні ў магілу спадзяюцца на ісьціну Тваю.
19 Жывы, толькі жывы Цябе ўславіць, як сёньня я: бацька абвесьціць дзецям ісьціну Тваю.
20 Гасподзь уратуе мяне; і мы ва ўсе дні жыцьця нашага з гукамі струнаў маіх сьпявацьмем песьні ў доме Гасподнім.
21 І сказаў Ісая: няхай прынясуць скрылі смокваў і абкладуць імі нарыў; і ён ачуняе.
22 А Эзэкія сказаў: якая азнака, што я буду хадзіць у дом Гасподні?
Разьдзел 39
1 На той час Мэрадах Валадан, сын Валаданаў, цар Вавілонскі, прыслаў Эзэкіі ліст і дарункі, бо чуў, што ён быў хворы і ачуняў.
2 І зарадаваўся пасланцам Эзэкія і паказаў ім дом скарбаў сваіх, срэбра і золата, і пахошчы і каштоўныя масьці, увесь збройны свой дом, і ўсё, што было ў скарбніцах ягоных, — нічога не засталося, чаго не паказаў бы ім Эзэкія ў доме сваім і ва ўсім валоданьні сваім.
3 І прыйшоў прарок Ісая да цара Эзэкіі і сказаў яму: што казалі гэтыя людзі? і адкуль яны прыходзілі да цябе? Эзэкія сказаў: з далёкай зямлі прыходзілі яны да мяне, з Вавілона.
4 І сказаў Ісая: што бачылі яны ў доме тваім? Эзэкія сказаў: бачылі ўсё, што ёсьць у доме маім; нічога не засталося ў скарбніцах маіх, чаго я не паказаў бы ім.
5 І сказаў Ісая Эзэкіі: выслухай слова Госпада Саваофа:
6 вось, прыйдуць дні, і ўсё, што ёсьць у доме тваім і што назьбіралі бацькі твае да гэтага дня, будзе зьнесена ў Вавілон; нічога не застанецца, кажа Гасподзь.
7 І возьмуць з сыноў тваіх, якія выйдуць зь цябе, якіх ты народзіш, — і яны будуць еўнухамі ў палацы цара Вавілонскага.
8 І сказаў Эзэкія Ісаю: добрае слова Гасподняе, якое ты прамовіў; бо, дадаў ён, спакой і дабрабыт будуць у дні мае.
Разьдзел 40
1 Суцяшайце, суцяшайце народ Мой, кажа Бог ваш;
2 кажэце да сэрца Ерусаліма і абвяшчайце яму, што споўніўся час змаганьня ягонага, што за няпраўды яго дадзена дараваньне, бо ён ад рукі Гасподняй атрымаў удвая за ўсе грахі свае.
3 Голас таго, хто кліча: у пустыні падрыхтуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце ў стэпе сьцежкі Богу нашаму;
4 кожны дол хай напоўніцца, і кожная гара і пагорак хай панізяцца, крывізны выпрастуюцца, і няроўныя дарогі зробяцца гладкімі;
5 і зьявіцца слава Гасподняя, і ўбачыць кожная плоць выратаваньне Божае; бо вусны Гасподнія мовілі гэта.
6 Голас кажа: абвяшчай! і сказаў: што мне абвяшчаць? Кожная плоць — трава і ўся краса яе — нібы кветка польная.
7 Жухне трава; вяне кветка, як павее на яе ад Госпада: так і народ — трава.
8 Трава жухне, кветка вяне, а слова Бога нашага жыцьме вечна.
9 Узыдзі на высокую гару, Сіёне, які абвяшчаеш дабро! узвысь моцна твой голас, Ерусаліме, які абвяшчаеш дабро! узвысь, ня бойся; скажы гарадам Юдавым: вось — Бог ваш!
10 Вось, Гасподзь Бог ідзе з моцаю, і сіла Яго з уладаю. Вось, узнагарода Яго зь Ім і аддача Ягоная перад абліччам Яго.
11 Як пастух Ён будзе пасьвіць Свой статак; ягнят будзе браць на рукі і насіць на грудзях Сваіх, і вадзіць дойных.
12 Хто вычарпаў воды прыгаршчамі сваімі і пядзяю вымераў нябёсы, і паклаў у меру пыл зямлі і ўзважыў на вагах горы і на шалях вагавых пагоркі?
13 Хто ўразумеў дух Госпада, і быў дарадцам у Яго і вучыў Яго?
14 З кім раіцца Ён, і хто наводзіць на розум Яго і настаўляе Яго на шлях праўды, і вучыць Яго ведам і паказвае Яму дарогу мудрасьці?
15 Вось народы — як кропля зь вядра, і лічацца як пылінка на вагах. Вось, выспы як парушынку ўзносіць Ён.
16 І Лівана ня хопіць на ахвярны агонь, і жывёлаў на ім — на цэласпаленьне.
17 Усе народы перад Ім як нішто, — менш за нішто і за пустату ўважаюцца ў Яго.
18 Дык вось, да каго ж прыпадобніце вы Бога? І якое падабенства знойдзеце Яму?
19 Балвана вылівае майстар і залатар пакрывае яго золатам і срэбныя ланцужкі прырабляе.
20 А хто бедны на такое прынашэньне, выбірае нятрухлае дрэва, шукае сабе ўмелага майстра, каб зрабіць балвана, які стаяў бы цьвёрда.
21 Хіба ня ведаеце? хіба вы ня чулі? хіба вам не казана было ад пачатку? хіба вы не ўразумелі асноваў зямлі?
22 Ён ёсьць Той, Які сядзіць над колам зямлі, і жыхары яе — як саранча перад Ім; Ён распрасьцёр нябёсы, як тонкую тканіну, і расхінуў іх, як намёт пад жытло.
23 Ён ператварае князёў у нішто, нікчэмніць судзьдзяў зямных.
24 Ледзь толькі яны пасаджаны, ледзь толькі пасеяны, ледзь толькі ўкараніўся ў зямлю камель іх, як толькі Ён дзьмухнуў на іх, яны высахлі, і віхура іх зьнесла, як салому.
25 Да каго ж вы Мяне прыпадобніце і з кім параўнаеце? кажа Сьвяты.
26 Узьвядзеце вочы вашыя ў высі нябёсаў і паглядзеце, хто стварыў іх? Хто выводзіць войска іх лікам? Ён іх усіх называе імем: праз моцную магутнасьць і вялікую сілу ў Яго нішто не прападае.
27 Як жа кажаш ты, Якаве, і выказваеш, Ізраіле: «дарога мая схавана ад Госпада, і дзея мая забытая ў Бога майго»?
28 Хіба ты ня ведаеш? хіба ты ня чуў, што вечны Гасподзь Бог, Які стварыў канцы зямлі, не стамляецца і не зьнемагае; розум Яго недасьледны.
29 Ён дае стомленаму сілу і даруе зьнямогламу маладосьць.
30 Стамляюцца і юнакі і слабнуць, і маладыя людзі падаюць,
31 а тыя, што спадзяюцца на Госпада, абновяцца ў сіле: падымуць крылы, як арлы, пацякуць і ня стомяцца, пойдуць і ня стомяцца.
Разьдзел 41
1 Змоўкніце перада Мною, выспы, і народы хай абновяць сваю сілу; няхай яны наблізяцца і скажуць: «станьма разам на суд».
2 Хто абудзіў з усходу мужа праўды, заклікаў яго ісьці сьледам за сабою, аддаў яму народы і ўпакорыў цароў? Ён абярнуў іх мечам ягоным у пыл, лукам ягоным у салому, якую разносіць вецер.
3 Ён гоніць іх, ідзе спакойна дарогаю, па якой ніколі не хадзіў нагамі сваімі.
4 Хто зрабіў і зьдзейсьніў гэта? Той, Хто ад пачатку выклікае роды; Я — Гасподзь першы, і ў апошніх — Я такі самы.
5 Убачылі выспы і жахнуліся, канцы зямлі затрымцелі. Яны зьблізіліся і сышліся;
6 кожны дапамагае свайму прыяцелю і кажа свайму брату: «мацуйся!»
7 Каваль падбадзёрвае гутніка, кляпальшчык — таго, хто куе на кавадле, кажучы пра спайку: «добрая»; і мацуе цьвікамі, каб было цьвёрда.
8 А ты, Ізраіле, рабе Мой, Якаве, якога Я выбраў, насеньне Абрагама, сябра Майго,
9 ты, каго Я ўзяў ад канцоў зямлі, і паклікаў ад краёў яе, і сказаў табе: ты — Мой раб, Я выбраў цябе і не адкінуў цябе,
10 ня бойся, бо Я — з табою; не бянтэжся, бо Я — Бог твой; Я ўмацую цябе і дапамагу табе, і падтрымаю цябе правіцаю праўды Маёй.
11 Вось, у сораме і ганьбе застануцца ўсе, угневаныя на цябе, — будуць як нішто, і загінуць тыя, што спрачаюцца з табою.
12 Будзеш іх шукаць — і ня знойдзеш іх, што варагуюць з табою; змаганцы супроць цябе будуць як нішто, зусім нішто;
13 бо Я — Гасподзь Бог твой; трымаю цябе за правую руку тваю; кажу табе: «ня бойся, Я пасабляю табе».
14 Ня бойся, чарвяк Якаў, малалюдны Ізраіле, — Я пасабляў табе, кажа Гасподзь і Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў.
15 Вось, Я зрабіў цябе спраўнаю малатарняю, новаю, зубчатаю; ты будзеш малаціць і пераціраць горы, і пагоркі зробіш, як мякіну.
16 Ты будзеш веяць іх, і вецер разьнясе іх, і віхура разьвее іх; а ты зарадуешся ў Госпадзе, будзеш хваліцца Сьвятым Ізраілевым.
17 Бедныя і ўбогія шукаюць вады, і няма яе; язык іх сохне ад смагі; Я, Гасподзь, пачую іх, Я, Бог Ізраілеў, не пакіну іх.
18 Адчыню на горах рэкі і сярод далінаў крыніцы; пустыню зраблю возерам і сухую зямлю — крыніцамі вады;
19 пасаджу ў пустыні кедр, сітым і мірту і масьліну; пасаджу ў стэпе кіпарыс, явар і бук разам,
20 каб убачылі і пазналі, і разгледзелі і ўразумелі, што рука Гасподняя ўчыніла гэта, і Сьвяты Ізраілеў стварыў гэта.
21 Пакажэце дзею вашую, кажа Гасподзь; прывядзеце вашыя доказы, кажа Цар Якава.
22 Хай яны пакажуць і скажуць вам, што адбудзецца; хай абвесьцяць што-небудзь раней, чым яно адбылося, і мы ўвойдзем розумам сваім і ўведаем, чым яно скончылася, альбо хай наперад абвесьцяць нам пра будучыню.
23 Скажэце, што адбудзецца ў прыйшласьці, і мы будзем ведаць, што вы багі, альбо зрабеце што-небудзь, хай яно добрае, хай благое, каб мы дзіву даліся і разам з вамі пабачылі.
24 Але вы — нішто, і дзея вашая — нікчэмная; мярзота — той, хто выбірае вас.
25 Я ўзьнёс яго з поўначы, і ён прыйдзе; з усходу сонца будзе заклікаць імя Маё і таптаць уладыкаў, як бруд, і мясіць як ганчар гліну.
26 Хто абвясьціў пра гэта спачатку, каб нам ведаць, і задоўга да таго, каб нам можна было сказаць: «праўда?», але ніхто не сказаў, ніхто не абвясьціў, ніхто ня чуў слоў вашых.
27 Я першы сказаў Сіёну: вось яно! і даў Ерусаліму дабравесьніка.
28 Дык вось, Я глядзеў, і ня было нікога, і сярод іх не знайшлося дарадцы, каб Я мог спытацца ў іх, і яны далі адказ.
29 Вось, усе яны — нішто, нікчэмныя і дзеі іхнія; вецер і пустата — балваны іхнія.
Разьдзел 42
1 Вось, Юнак мой, Якога Я трымаю за руку, выбраны Мой, Якому спрыяе душа Мая. Пакладу дух Мой на Яго, і абвесьціць народам суд;
2 не залямантуе і ня ўзвысіць голасу Свайго, і ня дасьць пачуць яго на вуліцах;
3 трысьціны надламанай ня зломіць, і лёну, які тлее, не атушыць; суд чыніцьме паводле ісьціны;
4 не аслабне і не зьняможацца, пакуль на зямлі не ўсталюе суду, і на закон Яго будуць класьці надзею выспы.
5 Так кажа Гасподзь Бог, Які стварыў нябёсы і прастору іх, распрасьцёр зямлю з утворамі яе, дае дыханьне народу на ёй і дух тым, што ходзяць па ёй.
6 Я, Гасподзь, паклікаў Цябе ў праўду, і буду трымаць Цябе за руку і ахоўваць Цябе, і пастаўлю цябе запаветам народу, сьвятлом язычнікам,
7 каб разамкнуць вочы сьляпым, каб вязьняў вывесьці зь вязьніцы і тых, што сядзяць у цемры, — зь цямніцы.
8 Я Гасподзь, гэта — Маё імя, і ня дам славы Маёй іншаму і хвалы Маёй балванам.
9 Вось, прадказанае раней збылося, і новае Я абвяшчу; перш чым яно адбудзецца, Я абвяшчу вам.
10 Сьпявайце Госпаду новую песьню, хвалу Яму ад краёў зямлі, вы, хто плавае па моры, і ўсе, хто напаўняе яго, выспы і хто жыве на іх.
11 Хай узвысіць голас пустыня і гарады яе, селішчы, дзе жыве Кідар; хай трыумфуюць насельнікі скал, хай аказваюцца голасам зь вяршыняў гор.
12 Хай аддадуць Госпаду славу, і хвалу Яго хай абвесьцяць на выспах.
13 Гасподзь выйдзе, як волат, як муж бітваў абудзіць рэўнасьць; закліча і падыме воінскі крык, і пакажа Сябе моцным супроць ворагаў Сваіх.
14 Доўга маўчаў Я, трываў, стрымліваўся; цяпер буду крычаць, як парадзіха, буду разбураць і паглынаць усё;
15 спустошу горы і пагоркі, і ўсю траву іх высушу; і рэкі зраблю выспамі, і асушу азёры.
16 І павяду сьляпых дарогаю, якое яны ня ведаюць, невядомымі шляхамі буду весьці іх; змрок зраблю сьвятлом перад імі, і крывыя шляхі — простымі: вось, што Я зраблю ім і не пакіну іх.
17 Тады адступяцца і вялікім сорамам пакрыюцца тыя, што спадзяюцца на ідалаў, што кажуць балванам: «вы — нашыя багі».
18 Слухайце, глухія, і глядзеце сьляпыя, каб бачыць.
19 Хто так сьляпы, як раб Мой, і глухі, як вястун Мой, Мною пасланы? Хто так сьляпы, як закаханы, так сьляпы, як раб Госпада?
20 Ты бачыў многае, але не заўважаў; вушы былі растуленыя, але ня чуў.
21 Госпаду заўгодна было дзеля праўды Сваёй узвысіць і праславіць закон.
22 Але гэта народ зруйнаваны і абрабаваны: усе яны зьвязаныя ў сутарэньнях і схаваныя ў цямніцах; зрабіліся здабычаю, і няма збаўцы, абрабаваныя, і ніхто ня скажа: «аддай назад»!
23 Хто з вас прыхіліў да гэтага вуха, увайшоў і выслухаў гэта дзеля будучыні?
24 Хто выдаў Якава на спусташэньне і Ізраіля рабаўнікам? Ці не Гасподзь, супроць Якога мы грашылі? не хацелі яны хадзіць шляхамі Яго, і ня слухалі закону Яго.
25 І Ён выліў на іх шал гневу Свайго і лютасьць вайны: яна атачыла іх полымем з усіх бакоў, але яны не заўважалі; і гарэла ў іх, але яны не ўразумелі гэтага сэрцам.
Разьдзел 43
1 А сёньня так кажа Гасподзь, Які стварыў цябе, Якаве, і ўладзіў цябе, Ізраіле: ня бойся, бо Я адкупіў цябе, назваў цябе імем тваім; ты — Мой.
2 Ці будзеш пераходзіць праз воды, Я з табою, — альбо цераз рэкі, яны цябе не патопяць; а ці пойдзеш цераз агонь, не апячэшся, і полымя цябе не апаліць.
3 Бо Я — Гасподзь Бог твой; Сьвяты Ізраілеў, Збаўца твой; на адкуп за цябе аддаў Егіпет, Эфіопію і Савею за цябе.
4 Як што ты дарагі ў вачах Маіх, шматкаштоўны, і Я палюбіў цябе, дык аддам іншых людзей за цябе, і — народы за душу тваю.
5 Ня бойся, бо Я з табою; з усходу прывяду племя тваё і з захаду зьбяру цябе.
6 Поўначы скажу: аддай; і поўдню: ня стрымлівай; вядзі сыноў Маіх здалёку і дачок Маіх ад канцоў зямлі,
7 кожнага, хто называецца імем Маім, каго Я стварыў дзеля славы Маёй, сфармаваў і зладзіў.
8 Выведзі народ сьляпы, хоць у яго ёсьць вочы, і глухі, хоць у яго ёсьць вушы.
9 Хай усе народы зьбяруцца разам, і згуртуюцца плямёны. Хто сярод нас прадказваў гэта? хай абвесьцяць, што было на пачатку; хай паставяць сьведак ад сябе і апраўдаюцца, каб можна было пачуць і сказаць: праўда!
10 А Мае сьведкі, кажа Гасподзь, вы і раб Мой, якога Я выбраў, каб вы ведалі і верылі Мне, і разумелі, што гэта — Я: раней за Мяне ня было Бога, і пасьля Мяне ня будзе.
11 Я, Я — Гасподзь, і няма Збаўцы, апрача Мяне.
12 Я прадказаў і ўратаваў, і абвясьціў; а іншага няма ў вас, і вы — сьведкі Мае, кажа Гасподзь, што Я — Бог;
13 ад пачатку дзён Я — Той Самы, і ніхто не ўратуе ад рукі Маёй; Я зраблю, і хто адменіць гэта?
14 Так кажа Гасподзь, Адкупнік ваш, Сьвяты Ізраілеў: дзеля вас Я паслаў у Вавілон і скрышыў усе завалы і Халдэяў, што выхваляліся караблямі.
15 Я Гасподзь, Сьвяты ваш, Творца Ізраіля, Цар ваш.
16 Так кажа Гасподзь, Які адкрыў у мора дарогу, у моцных водах сьцежку,
17 вывеў калясьніцы і коні, войска і сілу; усе палеглі разам, ня ўсталі; патухлі, як сьвяцільня, пагасьлі.
18 Але вы ня згадваеце ранейшага і пра старадаўняе не намышляеце.
19 Вось, Я раблю новае; а цяпер яно зьявіцца; няўжо вы і гэтага ня хочаце ведаць? Я правяду дарогу ў стэпе, рэкі — у пустыні.
20 Палявыя зьвяры праславяць Мяне, шакалы і страўсы, бо Я ў пустынях дам ваду, рэкі — у сухім стэпе, каб паіць выбраны народ Мой.
21 Гэты народ я ўтварыў Сабе; ён будзе абвяшчаць славу Маю.
22 А ты, Якаве, ня клікаў Мяне; ты, Ізраіле, не працаваў дзеля Мяне.
23 Ты ня прыносіў Мне ягнятак тваіх на цэласпаленьне, ахвярамі тваімі не шанаваў Мяне. Я ня змушаў цябе служыць Мне хлебным прынашэньнем і не абцяжарваў цябе фіміямам.
24 Ты ня купляў Мне пахучага трысьнёгу за срэбра і тлушчам ахвяраў тваіх не карміў Мяне; але ты грахамі тваімі бянтэжыў Мяне; беззаконьнямі тваімі бянтэжыў Мяне.
25 Я, Я Сам згладжваю злачынствы твае дзеля Сябе Самога і грахоў тваіх не ўзгадаю.
26 Прыгадай Мне; пачнем судзіцца; кажы ты, каб апраўдацца.
27 Прабацька твой зграшыў, і хадайнікі твае адступіліся ад Мяне.
28 За тое Я першых у сьвяцілішчы пазбавіў сьвяшчэнства і Якава аддаў на закляцьце і Ізраіля на паганьбеньне.
Разьдзел 44
1 А цяпер слухай, Якаве, рабе Мой, і Ізраіле, якога я выбраў.
2 Так кажа Гасподзь, Які стварыў цябе, і ўзгадаваў цябе, дапамагае табе ад улоньня мацярынскага, ня бойся, рабе Мой, Якаве, і любасны Ізраіле, якога Я выбраў;
3 бо Я вылью вады на спрагненае; вылью дух Мой на племя тваё і дабраславеньне Маё на нашчадкаў тваіх.
4 І будуць расьці сярод травы, як вербы пры патоках водаў.
5 Адзін скажа: «я — Гасподні», другі назавецца імем Якава; а іншы напіша рукою сваёю: «я — Гасподні», і назавецца імем Ізраіля.
6 Так кажа Гасподзь, Цар Ізраіля, і Адкупнік ягоны, Гасподзь Саваоф: Я — першы, і Я — апошні; і акрамя Мяне няма Бога,
7 бо хто — як Я? Хай ён раскажа, абвесьціць і ў парадку паставіць перад Мною ўсё з таго часу, як Я зладзіў народ старажытны, альбо хай абвесьціць наступнае і будучае.
8 Ня бойцеся і не палохайцеся: ці не здавён Я абвясьціў табе і прадказаў? І вы — Мае сьведкі. Ці ёсьць Бог апрача Мяне? няма, іншай цьвярдыні ніякай ня ведаю.
9 Тыя, што робяць ідалаў, — усе нікчэмныя, і самыя прагавітыя зь іх ня прыносяць ніякай карысьці, і яны самі сабе ў тым сьведкі. Яны ня бачаць і не разумеюць, і таму будуць пасаромленыя.
10 Хто зрабіў бога і выліў ідала, што ня прыносіць ніякай карысьці?
11 Усе ўдзельныя ў гэтым будуць пасаромленыя, бо і майстры самі — таксама зь людзей; яны ўбаяцца, і ўсе будуць пасаромленыя.
12 Каваль робіць з жалеза сякеру і працуе на вугольлі, малаткамі абрабляе яе і працуе над ёю моцнаю рукою сваёю да таго, што аж робіцца галодны і бясьсілы, ня п’е вады і зьнемагае.
13 Цясьляр, сьсекшы дрэва, праводзіць па ім лінію, вострым канцом прылады робіць на ім абрыс, потым абрабляе яго разцом і акругляе яго, і вырабляе зь яго вобраз чалавека прыгожага выгляду, каб паставіць яго ў доме.
14 Ён і сячэ сабе кедры, бярэ сасну і дуб, якія выбера з-паміж дрэваў у лесе, садзіць ясень, а дождж росьціць яго.
15 І гэта служыць чалавеку палівам, і частку гэтага ўжывае ён на тое, каб яму было цёпла, і разводзіць агонь, і пячэ хлеб. І з таго ж самага робіць бога, і пакланяецца яму, робіць ідала і падае перад ім.
16 Частку дрэва паліць у агні, другою часткаю гатуе мяса на ежу, смажыць і есьць удосыць, а таксама грэецца і кажа: «добра, я сагрэўся; адчуў агонь».
17 А з рэшты таго робіць бога, ідала свайго, пакланяецца яму, падае перад ім і моліцца яму, і кажа: «выратуй мяне, бо ты бог мой».
18 Ня ведаюць і не разумеюць яны: Ён заплюшчыў вочы іх, каб ня бачылі, і сэрцы іх, каб не разумелі.
19 І ня возьме ён гэтага да свайго сэрца, і няма ў яго столькі веданьня і розуму, каб сказаць: «палавіну яго я спаліў у агні і на вугольлі яго сьпёк хлеб, засмажыў мяса і зьеў: а з рэшты яго ці ж зраблю мярзоту? ці буду пакланяцца кавалку дрэва»?
20 Ён ганяецца за пылам; ашуканае сэрца ўвяло яго ў аблуду, і ён ня можа вызваліць душы сваёй і сказаць: ці не падман у правай руцэ маёй?
21 Памятай гэта, Якаве і Ізраіле, бо ты — раб Мой; Я ўзгадаваў цябе: раб Мой — ты, Ізраіле, не забывай Мяне.
22 Разьвяду беззаконьні твае, як туман, і грахі твае, як воблака; зьвярніся да Мяне, бо я адкупіў цябе.
23 Радуйцеся, нябёсы, бо Гасподзь зрабіў гэта. Усклікайце, глыбіні зямлі; гудзеце ад радасьці, горы; лес і ўсе дрэвы ў ім; бо адкупіў Гасподзь Якава і праславіцца ў Ізраілі.
24 Так кажа Гасподзь, Які адкупіў цябе і ўзгадаваў цябе ад нутра мацерынага: Я — Гасподзь, Які стварыў усё, адзін раскінуў нябёсы і Сваёю сілаю разаслаў зямлю,
25 Які робіць нікчэмнымі азнакі ілжэпрарокаў і выкрывае вар’яцтва чарадзеяў, мудрацоў праганяе назад, і веды іх робіць глупствам,
26 Які сьцявярджае слова раба Свайго і дае выкананьне выслоўю Сваіх пасланцаў, Які кажа Ерусаліму: «ты будзеш населены» і гарадам Юдавым: «вы будзеце пабудаваныя, і руіны яго Я аднаўлю,
27 Які бездані кажа: «ссохні!» і рэкі твае Я высушу,
28 Які кажа пра Кіра: «пастыр Мой», і ён выканае ўсю волю Маю і скажа Ерусаліму: «ты будзеш пабудаваны!» і храму: «ты будзеш заснаваны!»
Разьдзел 45
1 Так кажа Гасподзь памазанцу Свайму Кіру: Я трымаю цябе за правую руку, каб упакорыць табе народы, і здыму паясы з пасьніц цароў, каб адчыніліся табе дзьверы і брама не зачынялася:
2 Я пайду перад табою і горы зраўняю, медныя дзьверы патрушчу і завалы жалезныя паламаю;
3 і аддам табе хаваныя ў цемры скарбы і схаваныя багацьці, каб ты ўведаў, што Я Гасподзь, Які называе цябе імем, — Бог Ізраілеў.
4 Дзеля Якава, раба Майго, і Ізраіля, выбранага Майго, я назваў цябе імем, ушанаваў цябе, хоць ты ня ведаў Мяне.
5 Я — Гасподзь, і няма іншага; няма Бога, апрача Мяне; Я аперазаў цябе, хоць ты і ня ведаў Мяне,
6 каб спазналі ад усходу сонца і ад захаду, што няма апрача Мяне; Я — Гасподзь, і няма іншага.
7 Я ўтвараю сьвятло і ствараю цемру, раблю мір і чыню беды; Я, Гасподзь, раблю ўсё гэта.
8 Крапеце, нябёсы, згары, і воблакі хай праліваюць праўду; хай разамкнецца зямля і прыносіць выратаваньне, і хай расьце разам праўда. Я, Гасподзь, твару гэта.
9 Гора таму, хто спрачаецца з Творцам сваім, чарапок з чарапкоў зямных! Ці скажа гліна ганчару: «што ты робіш?» і твая дзея ці скажа пра цябе: «у яго няма рук»?
10 Гора таму, хто кажа бацьку: навошта ты спарадзіў мяне на сьвет, а маці: навошта ты нарадзіла мяне?
11 Так кажа Гасподзь, Сьвяты Ізраіля і Творца яго: вы пытаецеся ў Мяне пра будучыню сыноў Маіх і хочаце Мне ўказваць у дзеях рук Маіх?
12 Я зрабіў зямлю і стварыў на ёй чалавека; Я — Мае рукі і распасьцёрлі нябёсы, і ўсяму воінству іхняму даў закон Я.
13 Я ўзьвёў яго ў праўдзе і спрастую ўсе дарогія яго. Ён збудуе горад Мой і адпусьціць палонных Маіх, не за выкуп і не за дары, кажа Гасподзь Саваоф.
14 Так кажа Гасподзь: працы Егіпцян і гандаль Эфіоплянаў, і Савэйцы, людзі рослыя, да цябе пяройдуць і будуць твае; яны пойдуць сьледам за табою, у ланцугах прыйдуць і ўпадуць перад табою, і будуць маліць цябе, кажучы: у цябе толькі Бог, і няма іншага Бога.
15 Сапраўды, Ты — Бог таямнічы, Бог Ізраілеў, Збаўца.
16 Усе яны будуць паганьбаваныя і пасаромленыя; разам зь імі ў сораме пойдуць і ўсе, хто робіць ідалаў.
17 А Ізраіль будзе выратаваны ратункам вечным у Госпадзе; вы ня будзеце паганьбаваныя вавекі вякоў.
18 Бо так кажа Гасподзь, Які стварыў нябёсы, Ён — Бог, даў вобраз зямлі і зрабіў яе; Ён уцьвердзіў; не дарма стварыў яе, Ён зладзіў яе на жыхарства; Я — Гасподзь, і няма іншага.
19 Не таемнае Я гаварыў, ня ў цёмным месцы зямлі; не казаў Я племю Якава: дарма шукаеце Мяне. Я — Гасподзь, Які прамаўляе праўду, адкрывае ісьціну.
20 Зьбярэцеся і прыйдзеце, наблізьцеся ўсе, хто ацалеў з народаў. Невукі тыя, якія носяць драўлянага свайго ідала і моляцца богу, які не ратуе.
21 Абвясьцеце і скажэце, параіўшыся паміж сабою: хто абвясьціў гэта са старадаўніх часоў, наперад сказаў гэта? Ці ня Я, Гасподзь? і няма іншага Бога акрамя Мяне, — Бога праведнага і ратавальнага няма, акрамя Мяне.
22 Да Мяне зьвярнецеся і будзеце выратаваныя, усе канцы зямлі; бо Я — Бог, і няма іншага.
23 Мною прысягаю: з вуснаў Маіх сыходзіць праўда, слова нязьменнае, што перад Мною схіліцца кожнае племя, Мною будзе прысягаць кожны род.
24 Толькі ў Госпада, будуць казаць пра Мяне, праўда і сіла; да Яго прыйдуць і пасаромяцца ўсе, што варагавалі супроць Яго.
25 Госпадам будзе апраўдана і праслаўлена ўсё племя Ізраілева.
Разьдзел 46
1 Упаў Віл, паваліўся Нэво; балваны іхнія — на быдле і ўючных жывёлах; вашая ноша сталася цяжкаю стомленым жывёлам.
2 Паваліліся, упалі разам; не маглі абараніць тых, што несьлі, і самі пайшлі ў палон.
3 Паслухайце мяне, доме Якава і ўся рэшта дома Ізраілевага, прынятыя Мною ад улоньня, каго Я насіў ад утробы матчынай:
4 і да старасьці вашай Я той самы буду, і да сівізны вашай Я ж буду насіць вас; Я стварыў і буду насіць, падтрымліваць і ахоўваць вас.
5 Да каго прыпадобніце Мяне і з кім параўнаеце, і з кім зьверыце, каб мы былі падобныя?
6 Высыпаюць золата з кашалька і важаць срэбра на вагах, і наймаюць срабрака, каб ён зрабіў зь яго бога; кланяюцца яму і ўпадаюць перад ім,
7 падымаюць яго на плечы, нясуць яго і ставяць яго на сваё месца; ён стаіць, зь месца свайго не кранецца; крычаць яму — ён не адказвае, не ратуе ад бяды.
8 Успомніце гэта і пакажэце сябе мужамі; прымеце гэта, адступнікі, да сэрца;
9 успомніце былое раней, ад пачатку веку, бо Я — Бог, і няма іншага Бога, і няма падобнага да Мяне.
10 Я ўзьвяшчаю на пачатку, што будзе ў канцы, і ад старадаўніх часін тое, што яшчэ не зрабілася, кажу: Мая рада адбудзецца, і ўсё, што Мне заўгодна, Я зраблю.
11 Я паклікаў арла з усходу, з далёкай краіны, спраўцу вызначэньня Майго. Я сказаў — і спраўджу гэта; прадпісаў — і зраблю.
12 Паслухайце Мяне, жорсткія сэрцам, далёкія ад праўды:
13 Я наблізіў праўду Маю, — яна не далёка, і ратунак Мой не замарудзіць; і дам Сіёну выратаваньне, Ізраілю — славу Маю.
Разьдзел 47
1 Сыдзі і сядзь у пыл, дзяўчына, дачка Вавілона; сядзі на зямлі: трона няма, дачка Халдэяў, і больш не называцьмуць цябе пяшчотнаю і раскошнаю.
2 Вазьмі жорны і мялі муку; здымі покрыва тваё, падбяры прыпол, адкрый галені, пераходзь цераз рэкі:
3 адкрыецца галізна твая, і нават відаць будзе сорам твой. Зьдзейсьню помсту і не пашкадую нікога.
4 Адкупнік наш — Гасподзь Саваоф імя Яму, Сьвяты Ізраілеў.
5 Сядзі моўчкі і сыдзі ў цемру, дачка Халдэя: бо болей ня будуць называць цябе гаспадыняю царстваў.
6 Я ўгневаўся на народ Мой, зьнішчыў спадчыну Маю і аддаў іх у рукі твае; а ты не ўмілажалілася зь іх, — на старца ўскладала занадта цяжкае ярмо тваё.
7 І ты казала: «вечна буду гаспадыняю», а не ўяўляла таго ў розуме тваім, ня думала, што будзе пасьля.
8 Але сёньня выслухай мяне, сьпешчаная, што жывеш бястурботна, што гаворыш у сэрцы сваім: «я, — і другое падобнае да мяне няма: ня буду сядзець удавіцаю і не зазнаю страты дзяцей».
9 Але зьнянацку, у адзін дзень, прыйдзе да цябе тое і другое — страта дзяцей і ўдоўства; поўнаю мераю сыдуць яны на цябе, нягледзячы на мноства чарадзействаў тваіх і на вялікую сілу варажбіцтва твайго.
10 Бо ты спадзявалася на зладзейства тваё, казала: «ніхто ня бачыць мяне». Мудрасьць твая і веды твае — яны зьбілі цябе з дарогі, і ты казала ў сэрцы тваім: «я, і ніхто апрача мяне».
11 І прыйдзе на цябе нягода: ты не даведаешся, адкуль яна падымецца, і наваліцца на цябе бяда, якое ты ня мецьмеш сілы ўхіліць, і раптоўна прыйдзе на цябе загуба, пра якую ты ня думаеш.
12 Заставайся ж з тваімі варажбіцтвамі і з мноствам чарадзействаў тваіх, якімі ты займалася з маладосьці тваёй: можа стацца — пасобіш сабе, можа стацца — выстаіш.
13 Ты стомленая мноствам парадаў тваіх: хай жа выступяць назіральнікі нябёсаў і зьвездары і прадказальнікі па маладзіках, і ўратуюць цябе ад таго, што мае прыпасьці табе.
14 Вось яны, як салома: агонь спаліў іх, — ня збавілі душы сваёй ад полымя; не засталося вугалю, каб пагрэцца, ні агню, каб пасядзець каля яго.
15 Такімі зрабіліся табе тыя, з кім ты працавала, з кім вяла гандаль з маладосьці тваёй. Кожны пайшоў у свой бок; ніхто не ратуе цябе.
Разьдзел 48
1 Слухайце гэта, доме Якава, які называецца імем Ізраіля, і паходжанцы ад крыніцы Юдавай, што прысягаюць імем Госпада і вызнаюць Бога Ізраілевага, хоць не паводле ісьціны і не паводле праўды.
2 Бо яны называюць сябе паходжанцамі ад сьвятога горада і апіраюцца на Бога Ізраілевага; Гасподзь Саваоф — імя Яму.
3 Ранейшае Я загадзя абвяшчаў; з Маіх вуснаў выходзіць яно, і Я абвяшчаў гэта і зьнянацку рабіў, — і ўсё збывалася.
4 Я ведаў, што ты ўпарты, і што ў шыі тваёй жылы жалезныя, і лоб твой — медны;
5 таму і абвяшчаў табе загадзя, раней чым гэта здарылася, і перадаваў табе, каб ты не сказаў: «ідал мой зрабіў гэта, і балван мой і выліты мой загадаў гэтаму быць».
6 Ты чуў — паглядзі на ўсё гэта! І няўжо вы не прызнаеце гэтага? А сёньня Я абвяшчаю табе новае, і ты ня ведаў гэтага.
7 Яно сталася сёньня, а не даўно і не за дзень, і ты ня чуў пра тое, каб ты не сказаў: «вось! я ведаў гэта».
8 Ты і ня чуў, і ня ведаў пра гэта, і вуха тваё ня было раней адкрытае; бо Я ведаў, што ты ўчыніш вераломна, і ад самага ўлоньня матчынага ты празваны адступнікам.
9 Дзеля імя Майго адкладваў гнеў Мой, і дзеля славы Маёй стрымліваў Сябе ад зьнішчэньня цябе.
10 Вось, Я растапіў цябе, але не як срэбра; выпрабаваў цябе ў гарніле пакуты.
11 Дзеля Сябе, дзеля Сябе Самога раблю гэта, — бо якое было б нараканьне на імя Маё! славы Маёй ня дам іншаму.
12 Паслухай Мяне, Якаве і Ізраіле, пакліканы Мой: Я той самы, Я першы і Я апошні.
13 Мая рука паклала зямлю, і Мая правіца расхінула нябёсы; паклічу іх, — і яны стануць разам.
14 Зьбярэцеся ўсе, і слухайце: хто спаміж іх прадказаў гэта? Гасподзь палюбіў яго, і ён выканае волю Яго над Вавілонам і пакажа сілу Яго над Халдэямі.
15 Я, Я сказаў, і паклікаў яго; Я прывёў яго, і шлях ягоны будзе пасьпяховы.
16 Падыдзеце да Мяне, слухайце гэта: Я і спачатку гаварыў не таемна; з таго часу, як гэта адбываецца, Я быў там; і сёньня паслаў Мяне Гасподзь Бог і Дух Ягоны.
17 Так кажа Гасподзь, Адкупнік твой, Сьвяты Ізраілеў: Я Гасподзь Бог твой, вучу цябе карыснаму, вяду цябе па той дарозе, па якой табе трэба ісьці.
18 О, калі б ты слухаў запаведзі Мае! Тады мір твой быў бы, як рака, і праўда твая — як хвалі марскія.
19 І насеньне тваё было б, як пясок, і паходжанцы ад нутра твайго — як пясчынкі: ня згладзілася б імя ягонае перад Мною.
20 Выходзьце з Вавілона, бяжэце ад Халдэяў, з голасам радасьці абвяшчайце і прапаведуйце гэта, пашырайце гэтую вестку да краю зямлі; кажэце: Гасподзь адкупіў раба Свайго Якава».
21 І ня сьмягнуць яны ў пустынях, празь якія Ён вядзе іх: Ён крынічыць ім ваду з каменя; расьсякае скалу, — і ліюцца воды.
22 А бязбожным няма спакою, кажа Гасподзь.
Разьдзел 49
1 Слухайце Мяне, выспы, і ўважайце, народы далёкія: Гасподзь паклікаў Мяне ад улоньня, ад нутробы маці Маёй назваў імя Маё;
2 і зрабіў вусны Мае, як востры меч; ценем рукі Сваёй накрываў Мяне, і зрабіў Мяне стралою завостранаю: у калчане Сваім захоўваў Мяне;
3 і сказаў Мне: ты раб Мой, Ізраіле, — у табе Я праслаўлюся.
4 А Я сказаў: дарма Я працаваў, на нішто і марна нікчэмніў сілу Сваю. Але Маё права — у Госпада, і ўзнагарода Мая — у Бога Майго.
5 І сёньня кажа Гасподзь, Які выгадаваў Мяне ад улоньня рабом Сабе, каб павярнуць да Яго Якава, і каб Ізраіль сабраўся ў Яго; Я ўшанаваны ў вачах Госпада, і Бог мой — сіла Мая.
6 І Ён сказаў: мала таго, што ты будзеш рабом Маім на ўзнаўленьне каленаў Ізраілевых і дзеля вяртаньня рэшты Ізраіля, але Я зраблю Цябе сьвятлом народаў, каб ратаваньне Маё пашырылася да краю зямлі.
7 Так кажа Гасподзь, Адкупнік Ізраіля, Сьвяты Яго, пагарджанаму ўсімі, клятаму народам, рабу ўладароў: цары ўбачаць — і ўстануць; князі паклоняцца дзеля Госпада, Які верны, дзеля Сьвятога Ізраілевага, Які выбраў Цябе.
8 Так кажа Гасподзь: у час спрыяльны Я пачуў Цябе, і ў дзень выратаваньня дапамог Табе; і Я буду ахоўваць Цябе і зраблю Цябе запаветам народу, каб узнавіць зямлю, каб вярнуць спадчыньнікам спадчыну спусташэньня,
9 сказаў вязьням: «выходзьце», і тым, якія ў цемры: «пакажэцеся». Яны пры дарогах будуць пасьвіць, і на ўсіх пагорках будуць пашы іхнія;
10 ня будуць цярпець голаду і смагі, і не дастане іх сьпёка і сонца; бо Той, Хто мілуе іх, будзе весьці іх і прывядзе іх да крыніцы водаў.
11 І ўсе горы Мае зраблю шляхам, і дарогі Мае будуць паднятыя.
12 Вось, яны прыйдуць здалёку; і вось, — адны з поўначы і мора, а другія — зь зямлі Сінім.
13 Радуйцеся, нябёсы, і весяліся, зямля, і гудзеце, горы, ад радасьці; бо суцешыў Гасподзь народ Свой і памілаваў пакутнікаў Сваіх.
14 А Сіён казаў: «пакінуў мяне Гасподзь, і Бог мой забыў мяне!»
15 Ці забудзе жанчына немаўля сваё, каб не пашкадаваць сына ўлоньня свайго? але калі б і яна забыла, дык Я не забуду цябе.
16 Вось, Я накрэсьліў цябе на далонях Маіх; сьцены твае заўсёды перада Мною.
17 Сыны твае пасьпяшаюцца да цябе, а руйнавальнікі і спусташальнікі твае пойдуць ад цябе.
18 Узьвядзі вочы твае і паглядзі навокал, — усе яны зьбіраюцца, ідуць да цябе. Жыву Я! кажа Гасподзь, ва ўсе іх ты апранешся, як ва ўбранства, і ўбярэшся ў іх, як нявеста.
19 Бо руіны твае і пустыні твае і спустошаная зямля твая — будуць цяпер занадта цесныя жыхарам, і тыя, што глыталі цябе, адыдуць ад цябе.
20 Дзеці, якія будуць у цябе пасьля страты ранейшых, скажуць уголас табе: «цеснае мне месца; саступі мне, каб я мог жыць».
21 І ты скажаш у сэрцы тваім: «хто мне нарадзіў іх? я была бязьдзетная і бясплодная, адведзена ў палон і выгнана; хто ж выгадаваў іх? — вось, я заставалася адзінокая; дзе ж яны былі?»
22 Так кажа Гасподзь Бог: вось, Я падыму руку Маю да народаў, і выстаўлю сьцяг Мой плямёнам, — і прынясуць сыноў тваіх на руках і дачок тваіх на плячах.
23 І будуць цары карміцелямі тваімі, і царыцы іх — карміцелькамі тваімі; тварам да зямлі будуць кланяцца табе і лізаць пыл ног тваіх, і ўведаеш, што Я — Гасподзь, што тыя, хто спадзяецца на Мяне, ганьбы ня мецьмуць.
24 Ці можа быць адабрана ў дужага здабыча, і ці могуць быць адабраны ў пераможцы палонныя?
25 Так! так кажа Гасподзь: і палонныя дужым будуць адабраныя, і здабыча тырана будзе вызвалена; бо я буду спаборнічаць з супраціўнікамі тваімі і сыноў тваіх Я выратую;
26 і ўціскальнікаў тваіх накармлю іхняю плоцьцю, і яны будуць упітыя крывёю сваёю, як маладым віном; і ўсякая плоць даведаецца, што Я — Гасподзь, Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Якаваў.
Разьдзел 50
1 Так кажа Гасподзь: дзе разводны ліст вашай маці, зь якім Я адпусьціў яе? альбо якому з маіх пазыкоўцаў Я прадаў вас? Вось, вы прададзены за грахі вашыя, і за злачынствы вашыя адпушчана маці вашая.
2 Чаму, калі Я прыходзіў, нікога ня было, і калі Я клікаў, ніхто не азываўся? Хіба рука Мая кароткая стала, каб выбаўляць, альбо няма сілы ўва Мне, каб ратаваць? Вось, грозьбаю Маёю Я высушваю мора, ператвараю рэкі ў пустыню; рыбы ў іх гніюць ад нястачы вады і паміраюць ад смагі.
3 Я апранаю нябёсы ў морак, і вярэту раблю покрывам іхнім.
4 Гасподзь Бог даў Мне язык мудрых, каб Я мог словам мацаваць зьнямоглага: кожнае раніцы Ён будзіць, будзіць вуха Маё, каб Я чуў, быццам вучань.
5 Гасподзь Бог адкрыў Мне вуха, і Я не ўсупрацівіўся, не адступіў назад.
6 Я аддаў хрыбет Мой тым, што б’юць, і шчокі Мае — пабойцам; твару Майго не засланяў ад кляцьбы і апляваньня.
7 І Гасподзь Бог дапамагае Мне: таму Я не саромеюся, таму Я трымаю твар Мой, як крэмень, і ведаю, што не застануся ў ганьбе.
8 Блізкі Апраўдальнік Мой; хто хоча спаборнічаць са Мною? станем разам. Хто хоча судзіцца са Мною? хто падыдзе да Мяне.
9 Вось, Гасподзь Бог дапамагае Мне: хто асудзіць Мяне? Вось, усе яны як вопратка зьлядашчацца; моль зьесьць іх.
10 Хто з вас баіцца Госпада, слухаецца голасу Раба Ягонага? Хто ходзіць у мораку, безь сьвятла, хай спадзяецца на імя Госпада і хай мацуецца ў Богу сваім.
11 Вось, усе вы, што разводзіце агонь, запасеныя запальнымі стрэламі, ідзеце ў полымя агню вашага і стрэлаў, распаленых вамі! Гэта будзе вам ад рукі Маёй: у пакутах сканаеце.
Разьдзел 51
1 Паслухайце Мяне, хто імкнецца да праўды, хто шукае Госпада! Зірнеце на скалу, зь якой вы высечаны, і ў глыбіню рова, зь якога вас дасталі.
2 Паглядзеце на Абрагама, бацьку вашага, і на Сару, якая нарадзіла вас; бо Я паклікаў яго аднаго і дабраславіў яго і памножыў яго.
3 Так, Гасподзь суцешыць Сіён, суцешыць усе руіны яго і зробіць пустыні яго, як рай, і стэп яго, як сад Госпада: радасьць і весялосьць будуць у ім, славаслоўе і песнапеньне.
4 Паслухайце Мяне, народзе Мой, і племя Маё, прыхілеце вуха да Мяне! бо ад Мяне пойдзе закон, і суд Мой пастаўлю за сьвятло народам.
5 Праўда Мая блізкая; выратаваньне Маё ўзыходзіць, і сіла Мая будзе судзіць народы; выспы спадзявацьмуцца на Мяне і будуць класьці надзею на сілу Маю.
6 Узьвядзеце вочы вашыя да нябёсаў, і паглядзеце на зямлю ўніз: бо нябёсы зьнікнуць, як дым, і зямля зьлядашчыцца, як вопратка, і жыхары яе таксама вымруць; а Маё выратаваньне будзе вечнае, і праўда Мая ня спыніцца.
7 Паслухайце Мяне, знаўцы праўды, народзе, у якога ў сэрцы закон Мой! Ня бойцеся ганьбаваньня ад людзей, і ліхаслоўя іхняга не палохайцеся.
8 Бо, як вопратку, зьесьць іх моль і, як воўну, зьесьць іх чарвяк; а праўда Мая жыцьме вечна, і выратаваньне Маё — род у род.
9 Паўстань, паўстань, апраніся ў моц, сіла Гасподняя! Паўстань, як у дні старадаўнія, у роды старажытныя! Ці ж ня ты зваліла Раава, пабіла кракадзіла?
10 Ці ня ты высушыла мора, воды вялікае бездані, ператварыла глыбіні мора ў дарогу, каб прыйшлі адкупленыя?
11 І вернуцца выбаўленыя Госпадам і прыйдуць на Сіён са сьпевамі, і радасьць вечная — над галавою іх; яны знойдуць радасьць і весялосьць: смутак і ўздыханьні адыдуць.
12 Я, Я Сам — Суцешнік ваш. Хто ты, што баішся чалавека, які памірае, і сына чалавечага, які тое самае, што трава,
13 і забываеш Госпада Творцу свайго, Які раскінуў нябёсы і ўтварыў зямлю; і бесьперастанку, кожны дзень баішся лютасьці прыгнятальніка, як бы ён гатовы быў зьнішчыць? Але дзе лютасьць прыгнятальніка?
14 Хутка вызвалены будзе палонны, і не памрэ ў яміне, і ня мецьме патрэбы ў хлебе.
15 Я — Гасподзь Бог твой, Які ўзбурвае мора, так што хвалі яго равуць: Гасподзь Саваоф — імя Яго.
16 І Я ўкладу словы Мае ў вусны твае, і ценем рукі Маёй пакрыю цябе, каб зладзіць нябёсы і ўцьвердзіць зямлю і сказаць Сіёну: «ты Мой народ».
17 Акрыяй, акрыяй, паўстань, Ерусаліме, ты, які з рукі Госпада выпіў келіх лютасьці Ягонай, выпіў да дна келіх ап’яненьня, асушыў.
18 Ня было каму весьці яго з усіх сыноў, народжаных ім, і ня было каму падтрымаць яго за руку з усіх сыноў, якіх ён выгадаваў.
19 Цябе спасьціглі два бедствы, хто пашкадуе цябе? — спусташэньне і зьнішчэньне, голад і меч: кім Я суцешу цябе?
20 Сыны твае зьнемаглі, ляжаць па закутках усіх вуліц, як сарна ў цянётах, поўныя гневу Госпада, грозьбы Бога твайго.
21 Дык вось, выслухай гэта, пакутнік і ап’янелы, але не ад віна.
22 Так кажа Гасподзь твой, Гасподзь і Бог твой, што помсьціць за Свой народ: вось, Я бяру з рукі тваёй келіх ап’яненьня, дрожджы з келіха лютасьці Маёй: ты ўжо ня будзеш піць зь іх,
23 і падам яго ў рукі катам тваім, якія казалі табе: «упадзі ніцма, каб нам прайсьці па табе»; і ты хрыбет твой рабіў як бы зямлёю і вуліцаю праходжым.
Разьдзел 52
1 Паўстань, паўстань, апраніся ў сілу тваю, Сіёне! Апраніся ў строі велічы тваёй, Ерусаліме, горадзе сьвяты! бо ня будзе болей уваходзіць у цябе неабрэзаны і нячысты.
2 Абтрасі зь сябе пыл; устань, палонны Ерусаліме! здымі ланцугі з шыі тваёй, паланёная дачка Сіёна!
3 Бо так кажа Гасподзь: за нішто былі вы прададзены, і бяз срэбра адкуплены будзеце;
4 бо так кажа Гасподзь: народ Мой хадзіў раней у Егіпет, каб там пажыць, і Асур уціскаў яго нізавошта.
5 І цяпер што ў Мяне тут? кажа Гасподзь, — народ Мой узяты дарам, уладары іхнія шалеюць, кажа Гасподзь, і ўвесь час, кожны дзень імя Маё няславіцца.
6 Таму народ Мой уведае імя Маё; таму ўведае ў той дзень, што Я той самы, Які сказаў: вось Я!
7 Якія прыгожыя на горах ногі дабравесьніка, што абвяшчае мір, зьвястуе радасьць, прапаведуе збавеньне, кажа Сіёну: «зацараваў Бог твой!»
8 Голас вартаўнікоў тваіх — яны ўзвысілі голас, і ўсе разам радуюцца, бо на свае вочы бачаць, што Гасподзь вяртаецца ў Сіён.
9 Радуйцеся, сьпявайце разам, руіны Ерусаліма, бо суцешыў Гасподзь народ Свой — адкупіў Ерусалім.
10 Агаліў Гасподзь сьвятую сілу Сваю на вачах усіх народаў, — і ўсе канцы зямлі ўбачаць збавеньне Бога нашага.
11 Ідзеце, ідзеце, выходзьце адтуль: не дакранайцеся да нячыстага; выходзьце з асяродзьдзя ягонага, ачысьціце сябе, носьбіты сасудаў Гасподніх!
12 бо вы выйдзеце не пасьпешліва, і не пабяжыце; бо паперадзе ў вас пойдзе Гасподзь, і Бог Ізраілеў будзе вартаю за вамі.
13 Вось, раб мой будзе ўсьцешаны посьпехам, узвысіцца і ўзьнясецца і ўзьвялічыцца.
14 Як многія дзіву даваліся, гледзячы на Цябе, — так было зьнявечана больш за ўсякага чалавека аблічча Яго, і выгляд Ягоны больш за сыноў чалавечых!
15 Так многія народы прывядзе Ён да подзіву; цары затуляць перад Ім вусны свае, бо яны ўбачаць тое, пра што ня было казана ім, і даведаюцца пра тое, чаго ня чулі.
Разьдзел 53
1 Госпадзе! хто паверыў чутаму ад нас, і каму адкрылася сіла Гасподняя?
2 Бо ён узышоў перад Ім, як атожылак і як росьцік з сухой зямлі; няма ў Ім ні выгляду, ні велічы; і мы бачылі Яго, і ня было ў Ім выгляду, які вабіў бы нас да Яго.
3 Ён быў пагарджаны і прыніжаны перад людзьмі, Муж скрухі і дасьведчаны ў хваробах, і мы адварочвалі ад Яго твар свой; Ён быў пагарджаны, і мы ані ў што ня ставілі Яго.
4 Але Ён узяў на Сябе нашыя немачы і забраў нашыя хваробы; а мы думалі, што Ён быў паранены, пакараны і зьнішчаны Богам.
5 Але Ён паранены быў за грахі нашыя і пакутаваў за беззаконьні нашыя; кара міру нашага была на Ім, і ранамі Яго мы ацаліліся.
6 Усе мы блукалі, як авечкі, зьвярнулі кожны на сваю дарогу, — і Гасподзь усклаў на Яго грахі ўсіх нас.
7 Ён катаваны быў, але цярпеў з добрай волі і не размыкаў вуснаў Сваіх; як авечку, вялі Яго на закол, і як ягня перад стрыгалём ягоным, маўчыць, так Ён не размыкаў вуснаў Сваіх.
8 Зь вязьніцы і суду Ён быў узяты; але род Ягоны хто высьветліць? бо Ён адарваны ад зямлі жывых; за злачынствы народу Майго перацерпеў сьмерць.
9 Яму выраклі магілу са зладзеямі, але Ён пахаваны ў багатага, бо ня ўчыніў грэху, і ня было маны ў вуснах Ягоных.
10 Але Госпаду заўгодна было ўтрапіць Яго цярпеньнямі, і Ён аддаў Яго на пакуты; калі ж душа Яго прынясе ахвяру ўмілажаленьня, Ён убачыць нашчадства даўгавечнае, і воля Гасподняя пасьпяхова будзе зьдзяйсьняцца рукою Ягонай.
11 На подзьвіг душы Сваёй Ён будзе глядзець з прыемнасьцю; праз спазнаньне Яго Ён, Праведнік, Раб Мой, апраўдае многіх і грахі іх на Сабе панясе.
12 Пасьля гэтага Я дам Яму долю паміж вялікімі, і з моцнымі будзе дзяліць здабычу, за тое, што аддаў душу Сваю на сьмерць, і да зладзеяў залічаны быў, тады як Ён панёс на Сабе грахі многіх і за злачынцаў зрабіўся хадайнікам.
Разьдзел 54
1 Разьвесяліся, няплодная, неўрадлівая; усклікні і голасам скажы ты, якая ня мучылася родамі; бо ў пакінутай намнога болей дзяцей, чым у замужняе, кажа Гасподзь.
2 Расхіні месца намёту твайго, пашыры покрывы жытлішчаў тваіх; не саромейся, — адпусьці даўжэй шнуры твае і ўцьвердзі калкі твае;
3 бо ты пашырышся направа і налева, і нашчадкі твае завалодаюць народамі і заселяць спустошаныя гарады.
4 Ня бойся, бо ня будзеш пасаромленая; не бянтэжся, бо ня будзеш у паганьбеньні: ты забудзеш ганьбу маладосьці тваёй і ня будзеш болей згадваць пра няслаўе ўдоўства твайго.
5 Бо твой Творца ёсьць муж твой; Гасподзь Саваоф — імя Яго, і Адкупнік твой — Сьвяты Ізраілеў: Богам усёй зямлі назавецца Ён.
6 Бо як жонку, пакінутую і скрушлівую духам, заклікае цябе Гасподзь, і як жонку маладосьці, якая была адкінутая, кажа Бог твой.
7 На кароткі час Я пакінуў цябе, але зь вялікаю літасьцю прыму цябе.
8 У гарачцы гневу Я схаваў ад цябе аблічча Маё на час, але вечнаю літасьцю памілую цябе, кажа Адкупнік твой Гасподзь.
9 Бо гэта Мне, як воды Ноя: як Я пакляўся, што воды Ноя ня прыйдуць больш на зямлю, як пакляўся ня гневацца на цябе і не дакараць цябе.
10 Горы скрануцца і пагоркі пахіснуцца, — а літасьць Мая не адступіць ад цябе, і запавет міру Майго не пахісьнецца, кажа Гасподзь, Які спагадае табе.
11 Бедная, кіданая бураю, няўцешная! Вось, Я пакладу камяні твае на рубін і зраблю аснову тваю з сапфіраў;
12 і зраблю вокны твае з рубінаў і браму тваю — з жамчужын, і ўсю агароджу тваю — з каштоўных камянёў.
13 І ўсе сыны твае будуць навучаны Госпадам, і вялікі спакой будзе ў сыноў тваіх.
14 Ты ўмацуешся праўдаю; будзеш далёкая ад уціску, бо табе баяцца няма чаго, і ад жудасьці, бо ён не наблізіцца да цябе.
15 Вось, будуць узбройвацца супроць цябе, але не ад Мяне; хто б ні ўзброіўся супроць цябе, — загіне.
16 Вось, Я стварыў каваля, які разьдзімае жар у агні і робіць прыладу для сваёй працы, — і Я ствараю згубцу на вынішчэньне.
17 Ніякая зброя, зробленая на цябе, ня дасьць посьпеху; і кожны язык, які будзе спаборнічаць з табою на судзе, — ты зьвінаваціш. Гэта спадчына рабоў Госпада, апраўданьне іх ад Мяне, кажа Гасподзь.
Разьдзел 55
1 Спрагненыя! ідзеце ўсе да водаў; нават і вы, у каго няма срэбра, ідзеце, купляйце і ежце; ідзеце, купляйце бяз срэбра і бяз платы віно і малако.
2 Навошта вам наважваць срэбра за тое, што ня хлеб, і заробак свой за тое, што не насычае? Паслухайце ўважліва і ежце дабро, і душа вашая хай раскашуецца тлушчам.
3 Прыхілеце вуха ваша і прыйдзеце да Мяне; паслухайце, і жывая будзе душа вашая, — і дам вам запавет вечны, нязьменныя міласьці, абяцаныя Давіду.
4 Вось, Я даў Яго ў сьведкі народам, у правадыры і настаўнікі народам.
5 Вось,ты заклічаш народ, якога ты ня ведаў, і народы, якія цябе ня ведалі, пасьпяшаюцца да цябе дзеля Госпада Бога твайго і дзеля Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіў цябе.
6 Шукайце Госпада, калі можна знайсьці Яго; клічце Яго, калі Ён блізка.
7 Хай пакіне бязбожнік дарогу сваю і беззаконьнік — намыслы свае, і хай зьвернецца да Госпада, — і Ён памілуе яго, і да Бога нашага, — бо Ён мілажальны.
8 Мае думкі — ня вашыя думкі, ні вашыя шляхі — не Мае шляхі, кажа Гасподзь.
9 Але Як неба вышэй за зямлю, так дарогі Мае вышэй за дарогі вашыя, і думкі Мае вышэй за думкі вашыя.
10 Як дождж і сьнег зыходзяць зь неба і туды не вяртаюцца, а напойваюць зямлю і робяць яе здольнаю радзіць і вырошчваць, каб яна давала насеньне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есьць,
11 так і слова Маё, якое зыходзіць з вуснаў Маіх, — яно не вяртаецца да Мяне марным, а выконвае тое, што Мне заўгодна, і зьдзяйсьняе тое, на што Я паслаў яго.
12 Дык вось, вы выйдзеце зь весялосьцю і вас правядуць зь мірам; горы і пагоркі будуць сьпяваць перад вамі песьню, і ўсе дрэвы ў полі — папляскаюць вам.
13 Замест цярноўніку вырасьце кіпарыс; замест крапівы вырасьце мірт; і гэта будзе на славу Госпаду, на знак вечны, непарушны.
Разьдзел 56
1 Так кажа Гасподзь: захоўвайце суд і кіруйцеся праўдаю; бо блізка збавеньне Маё і адкрыцьцё праўды Маёй.
2 Шчасны муж, які робіць гэта, і сын чалавечы, які моцна трымаецца гэтага, які захоўвае суботу ад апаганьваньня і стрымлівае руку сваю, каб не зрабіць ніякага ліха.
3 Хай ня кажа сын іншапляменца, які далучыўся да Госпада: «Гасподзь зусім адлучыў мяне ад Свайго народа», і хай ня кажа еўнух: «вось, я сухое дрэва».
4 Бо Гасподзь так кажа пра еўнухаў: хто шануе Мае суботы і выбірае заўгоднае Мне і моцна трымаецца запавету Майго,
5 тым дам Я ў доме Маім і ў сьценах Маіх месца і імя лепшае, чым сынам і дочкам: дам ім вечнае імя, якое ня вынішчыцца.
6 І сыноў іншапляменцаў, якія далучыліся да Госпада, каб служыць Яму і любіць імя Госпада, быць рабамі Яго, — усіх, хто захоўвае суботу ад апаганьваньня і цьвёрда трымаецца запавету Майго,
7 Я прывяду на сьвятую гару Маю і парадую іх у Маім доме малітвы; цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць на ахвярніку Маім, бо дом Мой называецца домам малітвы для ўсіх народаў.
8 Гасподзь Бог, Які зьбірае расьсеяных Ізраільцянаў, кажа: да сабраных у яго Я буду яшчэ зьбіраць іншых.
9 Усе зьвяры польныя, усе зьвяры лясныя, ідзеце есьці!
10 Вартаўнікі ў іх сьляпыя ўсе і невукі: усе яны нямыя сабакі, якія ня ўмеюць брахаць, пазяхаюць лежачы, любяць спаць.
11 І гэта — сабакі, прагныя душою, ня ведаюць сытасьці; і гэта — пастухі бесталковыя: усе глядзяць на сваю дарогу, кожны да апошняга, на сваю радасьць;
12 прыходзьце, кажуць, я дастану віна, і мы нап’емся сікеры; і заўтра тое самае будзе, што сёньня, ды яшчэ і болей.
Разьдзел 57
1 Праведнік памірае, і ніхто не бярэ гэтага да сэрца; і мужоў пабожных забіраюць зь зямлі, і ніхто не падумае, што праведніка забіраюць ад ліха.
2 Ён адыходзіць да спакою; тыя, што ходзяць простаю дарогаю, будуць пакоіцца на ложках сваіх.
3 Але падыдзеце сюды, вы, сыны чарадзейкі, семя пералюбніка і распусьніцы.
4 З каго вы глум чыніце? супроць каго разьзяўляеце рот, высалопваеце язык? ці ня дзеці вы злачынства, семя падману?
5 распаля±ныя пажадаю да ідалаў пад кожным галінастым дрэвам, гартавальнікі дзяцей каля ручаёў, у расколінах скал?
6 У гладкіх камянях ручаёў доля твая; яны, яны — доля твая; ім ты робіш паліваньні і прыносіш ахвяры: ці ж магу Я быць задаволены гэтым?
7 На высокай і выноснай гары ты ставіш ложак твой і туды ўзыходзіш прыносіць ахвяру.
8 За дзьвярыма і за вушакамі ставіш помнікі твае, бо: адвярнуўшыся ад Мяне, ты агаляешся і ўзыходзіш; расхінаеш ложак твой і дамаўляешся з тымі зь іх, зь якімі любіш ляжаць, — вышукваеш месца.
9 Ты хадзіла таксама да цара з пахучаю масьцю і памнажала масьці твае, і далёка пасылала паслоў тваіх і прыніжалася да апраметнай.
10 Ад доўгай дарогі тваёй стамлялася, але не казала «надзея страчана!», усё яшчэ знаходзіла жывасьць у руцэ тваёй і таму не адчувала паслабкі.
11 Каго ж ты спалохалася і збаялася, што зрабілася нявернаю і Мяне перастала памятаць і захоўваць у тваім сэрцы? ці не таму, што Я маўчаў, і пры тым доўга, ты перастала баяцца Мяне?
12 Я пакажу праўду тваю і ўчынкі твае, — і яны будуць не на карысьць табе.
13 Калі ты будзеш галасіць, ці ўратуе цябе зборня твая? — усіх іх зьнясе вецер, разьнясе подых; і хто спадзяецца на Мяне, той успадкуе зямлю, і будзе валодаць сьвятою гарою Маёю.
14 І сказаў: падымайце, падымайце, раўняйце дарогу, прымайце перашкоды са шляху народа Майго.
15 Бо так кажа Высокі і Ўзьнесены, вечна Жывы, — Сьвяты імя Яго: Я жыву на вышыні нябёсаў і ў сьвяцілішчы, і гэтак сама з уціснутымі і ўпакоранымі духам, каб ажыўляць дух упакораных і ажыўляць сэрцы ўціснутых.
16 Бо ня вечна буду Я весьці цяжбіну і не да канца гневацца; інакш зьняможацца перада Мною дух і ўсякае дыханьне, Мною створанае.
17 За грэх карысталюбнасьці яго Я гневаўся і пабіваў яго, хаваў твар і абураўся; але ён адвярнуўшыся пайшоў па дарозе свайго сэрца.
18 Я бачыў шляхі яго і ацалю яго, і буду вадзіць яго і суцяшаць яго і гаротнікаў ягоных.
19 Я стрымаю слова: спакой, спакой далёкаму і блізкаму, кажа Гасподзь, і ацалю яго.
20 А бязбожныя — як мора ўсхваляванае, якое ня можа супакоіцца, і воды якога выкідаюць глей і бруд.
21 Няма спакою бязбожным, кажа Бог мой.
Разьдзел 58
1 Заклікай голасна, ня стрымлівайся; узвысь голас твой, каб быў, як труба, і пакажы народу Майму на беззаконьне яго, і дому Якаваму — на грахі ягоныя.
2 Яны кожнага дня шукаюць Мяне і хочуць ведаць шляхі Мае, як народ, што робіць справядліва і не адступаецца ад законаў Бога свайго; яны пытаюцца ў Мяне пра суды праўды, хочуць наблізіцца да Бога:
3 «чаму мы посьцім, а Ты ня бачыш? упакорваем душы свае, а Ты ня ведаеш?» — Вось, у дзень посту вашага вы выконваеце волю вашу і патрабуеце цяжкае працы ад іншых.
4 Вось вы посьціце дзеля свараў і разладаў, і дзеля таго, каб дзёрзкаю рукою біць іншых; вы ня посьціце ў гэты час так, каб голас ваш быў пачуты на вышыні.
5 Ці такі той пост, які Я выбраў, — дзень, у які томіць чалавек душу сваю, калі нурыць галаву сваю, як трысьнёг, і падсьцілае пад сябе зрэб’е і попел? Ці гэта называеш постам і днём, заўгодным Госпаду?
6 Вось пост, які Я выбраў: разамкні аковы няпраўды, разьвяжы путы ярма, і прыгнечаных адпусьці на волю і разарві кожнае ярмо:
7 падзяліся з галодным хлебам тваім, і бяздомных бедных увядзі ў дом; калі ўбачыш голага, адзень яго, і ад адзінакроўнага твайго не хавайся.
8 Тады адкрыецца, як зара, сьвятло тваё, і ацаленьне тваё хутка вырасьце, і праўда твая пойдзе перад табою, і слава Гасподняя будзе з табою.
9 Тады ты паклічаш — і Гасподзь пачуе, залямантуеш — і Ён скажа: Вось Я! Калі ты адвядзеш з асяродзьдзя твайго ярмо, перастанеш падымаць палец і гаварыць зьняважлівае
10 і аддасі галоднаму душу тваю і накорміш душу пакутніка, — тады сьвятло тваё ўзыдзе ў цемры, і морак твой будзе як полудзень;
11 і будзе Гасподзь правадыром тваім заўсёды, і ў час засухі будзе насычаць душу тваю і мацаваць косьці твае, і ты будзеш як напоены вадою сад і як крыніца, воды якое ніколі не перасыхаюць.
12 І забудуюцца нашчадкамі тваімі пустыні векавечныя: ты адродзіш асновы многіх пакаленьняў, і называцьмуць цябе адраджэнцам руінаў, адраджэнцам шляхоў насельніцтву.
13 Калі ты ўтрымаеш нагу тваю дзеля суботы ад выкананьня прымхаў тваіх у сьвяты дзень Мой, і будзеш называць суботу радасьцю, сьвятым днём Гасподнім, шанавальным, і ўшануеш яе тым, што ня будзеш займацца звычнымі тваімі справамі, дагаджаць тваёй прыхамаці і пустасловіць,
14 дык мецьмеш радасьць у Госпадзе, і Я ўзьвяду цябе на вышыні зямныя і дам скаштаваць табе спадчыну Якава, бацькі твайго: вусны Гасподнія прамовілі гэта.
Разьдзел 59
1 Вось, рука Госпада не пакарацела, каб ратаваць, і вуха Яго не ацяжэла, каб чуць.
2 А беззаконьні вашыя зрабілі падзел паміж вамі і Богам вашым, і грахі вашыя адварочваюць аблічча Яго ад вас, каб ня чуць.
3 Бо рукі вашыя апаганены крывёю і пальцы вашыя — беззаконьнем; вусны вашыя кажуць ману, язык ваш вымаўляе няпраўду.
4 Ніхто не падае голасу за праўду, і ніхто не заступаецца за ісьціну: спадзяюцца на пустое і хлусяць, зачынаюць ліха і спараджаюць ліхадзейства;
5 выседжваюць зьмяіныя яйкі і ткуць павуціну: хто паесьць яек іх, — памрэ, а калі раздушыць, — выпаўзе яхідна.
6 Павуціньне іхняе на вопратку няпрыдатнае, і яны не накрыюцца сваім творам; учынкі іхнія — учынкі няправедныя, і насільле ў руках у іх.
7 Ногі іхнія бягуць ад ліха, і яны сьпяшаюцца праліваць нявінную кроў; думкі іхнія — думкі бязбожныя; спусташэньне і пагібель на сьцежках іхніх.
8 Шляху спакойнага яны ня ведаюць, і няма суду на сьцежках іхніх; шляхі іхнія скрыўленыя, і ніхто, калі ідзе па іх, ня ведае спакою.
9 Таму і далёкі ад нас суд, і правасудзьдзе не дастае нас: чакаем сьвятла, і вось цемра, — азарэньня, і ходзім у змроку.
10 Адчуваем, як сьляпыя сьцяну, і, як без вачэй, ходзім навобмацак; спатыкаемся аполудні, як упоцемках, сярод жывых — як мёртвыя.
11 Усе мы равем, як мядзьведзі, і вуркочам, як галубы; чакаем суду, і няма яго, — ратунку, але ён далёкі ад нас.
12 Бо злачынствы нашыя шматлікія перад Табою, і грахі нашыя сьведчаць супроць нас; бо злачынствы нашыя з намі і беззаконьні нашыя мы ведаем.
13 Мы здрадзілі і зманілі перад Госпадам, і адступіліся ад Бога нашага; гаварылі паклёп і здраду, зачыналі і нараджалі з сэрца ілжывыя словы.
14 І суд адступіў назад, і праўда стала здалёку, бо ісьціна спатыкнулася на плошчы, і сумленнасьць ня можа ўвайсьці.
15 І ня стала ісьціны, і той, хто бяжыць ад ліха, падпадае пад зьнявагу. І Гасподзь убачыў гэта, і агідна было вачам Яго, што няма суду,
16 і бачыў, што няма чалавека, і зьдзіўляўся, што няма заступніка; і памагла Яму сіла Яго, і праўда Ягоная падтрымала Яго.
17 І Ён усклаў на Сябе праўду, як браню, і шлем ратунку — галаву Сваю; і апрануўся ў шату мсьцівасьці, як у вопратку, і пакрыў Сябе руплівасьцю, як плашчом.
18 Па меры адпомсты, паводле гэтай меры Ён дасьць праціўнікам Сваім — лютасьць, ворагам Сваім — помстаю, выспам аддасьць мусовую плату.
19 І збаяцца імені Госпада на захадзе і славы Яго — на ўсходзе сонца. Калі вораг прыйдзе як рака, — подых Госпада прагоніць яго.
20 І прыйдзе Адкупнік Сіёна і сыноў Якава, што адвярнуліся ад бязбожнасьці, кажа Гасподзь.
21 І вось, запавет Мой зь імі, кажа Гасподзь: Дух Мой, які на табе, і словы Мае, якія ўклаў Я ў вусны твае, не адступяць ад вуснаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў тваіх і ад вуснаў нашчадкаў нашчадкаў тваіх, кажа Гасподзь, ад сёньня і давеку.
Разьдзел 60
1 Паўстань, сьвяціся, Ерусаліме; бо прыйшло сьвятло тваё, і слава Гасподняя ўзышла над табою.
2 Бо вось, цемра пакрые зямлю, і змрок народы; а над табою зазьзяе Гасподзь, і слава Яго зьявіцца над табою.
3 І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і цары — да зьзяньня, якое ўзыходзіць над табою.
4 Падымі вочы твае і паглядзі навокал: усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе: сыны твае здалёк ідуць і дачок тваіх на руках нясуць.
5 Тады ўбачыш і зарадуешся, і затрымціць і расхінецца сэрца тваё, бо багацьце мора зьвернецца да цябе, здабытак народу прыйдзе да цябе.
6 Мноства вярблюдаў пакрые цябе — драмадэры з Мадыяма і Эфы; усе яны з Савы прыйдуць, прынясуць золата і ладан і ўзьвесьцяць славу Гасподнюю.
7 Усе авечкі Кідарскія будуць сабраныя да цябе; бараны Нэваёцкія паслужаць табе: узыдуць на алтар Мой ахвяраю спадабанаю, і Я праслаўлю дом славы Маёй.
8 Хто гэта ляціць, як воблакі, і як галубы — да галубятняў сваіх?
9 Так, Мяне чакаюць выспы і наперадзе іх — караблі Фарсіскія, каб перавезьці сыноў тваіх здалёк і зь імі срэбра іхняе і золата іхняе, у імя Госпада Бога твайго і Сьвятога Ізраілевага, бо Ён праславіць цябе.
10 Тады сыны іншаземцаў будавацьмуць сьцены твае, і цары іхнія — будуць служыць табе; бо ў гневе Маім Я пабіваў цябе, а ва ўпадабаньні Маім буду мілажальны да цябе.
11 І заўсёды будуць адчынены брамы твае, зачыняцца ня будуць ні ўдзень, ні ўначы, каб прыносілі табе здабытак народаў і прыводзілі цароў іхніх.
12 Бо народ і царства, якія не захочуць служыць табе, — загінуць, і такія народы цалкавіта вынішчацца.
13 Слава Лівана прыйдзе да цябе, кіпарыс, ядловец і кедр злучацца, каб упрыгожыць месца сьвяцілішча Майго, — і Я праслаўлю падножжа ног Маіх.
14 І прыйдуць да цябе ў пакоры сыны прыгнятальнікаў тваіх, і ўпадуць да ступакоў ног тваіх усе, хто пагарджаў табою, і назавуць цябе горадам Госпада, Сіёнам Сьвятога Ізраілевага.
15 Замест таго, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, так што ніхто не праходзіў празь цябе, — Я зраблю цябе веліччу навекі, радасьцю ў роды родаў.
16 Ты будзеш насычацца малаком народаў, і грудзі царскія смактаць будзеш, і ўведаеш, што Я Гасподзь — Збаўца твой і Адкупнік твой, Моцны Ізраілеў.
17 Замест медзі буду дастаўляць табе золата, і замест жалеза — срэбра, і замест дрэва — медзь, і замест камянёў — жалеза; і пастаўлю кіраўніком тваім спакой і наглядчыкамі тваімі — праўду.
18 Ня чуваць будзе болей насільля ў зямлі тваёй, спусташэньня і разбурэньня — у межах тваіх; і будзеш называць сьцены твае ратункам і брамы твае — славаю.
19 Ня будзе ўжо сонца служыць табе сьвятлом дзённым, і зьзяньне месяца — сьвяціць табе; а Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і Бог твой — славаю тваёю.
20 Ня зойдзе ўжо сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо Гасподзь будзе табе вечным сьвятлом, і закончацца дні жальбы тваёй.
21 І народ твой увесь будзе праведны, навекі ўспадкуе зямлю, — парасьліну насаджэньня Майго, дзею рук Маіх, на праслаўленьне Маё.
22 Ад малога пойдзе тысяча, і ад самага слабога — моцны народ. Я, Гасподзь, паскору зьдзейсьніць гэта сваім часам.
Разьдзел 61
1 Дух Госпада Бога на Мне, бо Гасподзь памазаў Мяне зьвеставаць убогім, паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне і вязьням — адкрыцьцё цямніцы,
2 прапаведаваць год Гасподні спрыяльны і дзень помсты Бога нашага; суцешыць усіх, хто бядуе,
3 абвясьціць тым, хто жаліцца на Сіён, што ім замест попелу дасца акраса, замест плачу — алей радасьці, замест заняпалага духу — слаўная вопратка; і назавуць іх моцнымі праўдаю, асалодаю Госпада ў славу Яго.
4 І забудуюць пустыні спрадвечныя, адновяць старадаўнія руіны і адновяць гарады разбураныя, запусьцелыя з даўніх родаў.
5 І прыйдуць іншаземцы, і будуць пасьвіць статкі вашыя; і сыны чужаземцаў будуць вашымі ратаямі і вашымі вінаградарамі.
6 А вы будзеце называцца сьвятарамі Госпада, — службітамі Бога нашага называцьмуць вас; будзеце карыстацца здабыткамі народаў і славіцца славаю іхняю.
7 За пасаромленьне вам будзе ўдвая; за паглумленьне яны будуць радавацца сваёй долі, бо ў зямлі сваёй удвая атрымаюць; весялосьць вечная будзе ў іх.
8 Бо Я, Гасподзь, люблю правасудзьдзе, ненавіджу рабункі з гвалтам, і дам узнагароду ім паводле ісьціны, і запавет вечны пастаўлю зь імі;
9 і будзе вядома між народамі семя іхняе, і нашчадкі іхнія — сярод плямёнаў; усе, хто бачыць іх, спазнаюць, што яны — насеньне, дабраславёнае Госпадам.
10 Радасьцю буду радавацца ў Госпадзе, разьвесяліцца душа мая ў Богу маім: бо Ён апрануў мяне ў шаты ратаваньня, адзеньнем праўды ахінуў мяне, як на жаніха ўсклаў вянок і, як нявесту, аздобіў убранствам.
11 Бо — як зямля ўтварае расьліны свае, і як сад гадуе пасеянае ў ім, — так Гасподзь Бог выявіць праўду і славу перад усімі народамі.
Разьдзел 62
1 Ня змоўкну дзеля Сіёна, і дзеля Ерусаліма не супакоюся, пакуль ня ўзыйдзе, як сьвятло, праўда яго, і збавеньне яго — як запаленая сьвяцільня.
2 І ўбачаць народы праўду тваю і ўсе цары — славу тваю, і назавуць цябе новым імем, якое дадуць вусны Гасподнія.
3 І будзеш вянком славы ў руцэ ў Госпада і царскаю дыядэмаю — на далоні Бога твайго.
4 Ня будуць ужо называць цябе «пакінутым», і зямлю тваю ня будуць называць «пустыняю», а будуць называць цябе: «Маё ўпадабаньне да яго», а зямлю тваю — «замужняю», бо Гасподзь упадабаў цябе, і зямля твая спалучаецца.
5 Як юнак спалучаецца зь дзяўчынаю, так спалучаюцца з табою сыны твае; і як жаніх радуецца за нявесту, так будзе радавацца за Цябе Бог твой.
6 На сьценах тваіх, Ерусаліме, я паставіў вартаўнікоў, якія ня змоўкнуць ні ўдзень, ні ўначы. О вы, хто нагадвае пра Госпада! — не змаўкайце,
7 не змаўкайце перад Ім, пакуль Ён не адновіць і пакуль ня зробіць Ерусаліма славаю на зямлі.
8 Гасподзь прысягнуў правіцаю Сваёю і моцнаю сілаю Сваёю: ня дам зерня твайго болей на ежу ворагам тваім, і сыны чужых ня піцьмуць віна твайго, над якім ты працаваў;
9 але зборшчыкі яго будуць есьці яго і славіць Госпада, і зборшчыкі вінаграду будуць піць віно яго ў дварах сьвяцілішча Майго.
10 Праходзьце, праходзьце ў браму, рыхтуйце дарогу народу! Раўняйце, раўняйце дарогу, прымайце каменьне, падымайце сьцяг народам!
11 Вось, Гасподзь абвяшчае да краю зямлі: скажэце дачцэ Сіёна: ідзе Збаўца твой; узнагарода Яго зь Ім і дараваньне Ягонае — перад Ім.
12 І назавуць іх народам сьвятым, адкупленым Госпадам, а цябе назавуць знойдзеным, горадам непакінутым.
Разьдзел 63
1 Хто гэта ідзе ад Эдома, у чырванёных шатах ад Васора, такі велічны ў Сваім адзеньні, выступае ў паўнаце сілы Сваёй? — «Я — Хто вымаўляе праўду, моцны, каб ратаваць».
2 Чаго ж адзеньне Тваё прыгожае, і шаты ў Цябе — як у таптальніка ў чавільні?
3 «Я таптаў у чавільні адзін, і з народаў нікога ня было са Мною; і Я таптаў іх у гневе Маім і мясіў іх у лютасьці Маёй; кроў іх пырскала на шаты Мае, і Я запляміў усё адзеньне Маё;
4 бо дзень помсты — у сэрцы Маім, і год Маіх адкупленьняў настаў.
5 Я глядзеў, — і ня было памочніка; дзіваваў, што ня было таго, хто падтрымлівае; але дапамагла Мне сіла Мая, і лютасьць Мая — яна падтрымала Мяне:
6 і патаптаў Я народы ў гневе Маім, і пабіў іх у лютасьці Маёй, і выліў на зямлю кроў іхнюю».
7 Узгадаю міласьці Гасподнія і славу Гасподнюю за ўсё, што Гасподзь дараваў нам, і вялікую даброць Ягоную дому Ізраілеваму, якую ўзычыў Ён яму зь міласэрнасьці Сваёй і ад мноства шчадротаў Сваіх.
8 Ён сказаў: «сапраўды яны — народ Мой, дзеці, якія ня зманяць», — і Ён ім Збаўца.
9 У любым смутку іхнім Ён не пакідаў іх, і анёл аблічча Ягонага ратаваў іх; зь любові Сваёй і добрасардэчнасьці Сваёй Ён адкупіў іх, узяў і насіў іх усе дні старадаўнія.
10 Але яны абурыліся і засмуцілі Сьвятога Духа Яго; таму Ён ператварыўся ў няпрыяцеля іхняга: Сам ваяваў супроць іх.
11 Тады народ Ягоны ўспомніў даўнія дні Майсеевыя: дзе Той, Які вывеў іх з мора з пастырам авечак Сваіх? дзе Той, Які ўклаў у сэрца ягонае Сьвятога Духа Свайго,
12 Які вёў Майсея за правую руку велічнаю мышцаю Сваёю, разьдзяліў перад ім воды, каб зрабіць сабе вечнае імя;
13 Які вёў іх церазь бездані, як каня па стэпе, і яны не спатыкаліся?
14 Як статак сыходзіць у даліну, — Дух Гасподні вёў іх да спакою. Так вёў Ты народ Твой, каб зрабіць Сабе славутае імя.
15 Прыгледзься зь нябёсаў і паглядзі з жытлішча сьвятыні Тваёй і славы Тваёй: дзе руплівасьць Твая і магутнасьць Твая? — узрушэньне нутробы Тваёй і міласьці Твае да мяне затрыманы.
16 Толькі Ты — Айцец наш; бо Абрагам не пазнае нас, і Ізраіль не прызнае нас за сваіх; Ты, Госпадзе, — Айцец наш, ад веку імя Тваё: «Адкупнік наш».
17 Навошта, Госпадзе, Ты дапусьціў нам зьбіцца з дарог Тваіх, зжарсьцьвець сэрцу нашаму, каб не баяцца Цябе? Зьвярніся дзеля рабоў Тваіх, дзеля родаў спадчыны Тваёй.
18 Нядоўгі час валодаў ім народ сьвятыні Тваёй: ворагі нашыя патапталі сьвяцілішча Тваё.
19 Мы зрабіліся такімі, над якімі Ты як бы ніколі не валадарыў, і над якімі не называлася імя Тваё.
Разьдзел 64
1 О, калі б Ты разадраў нябёсы і сышоў! горы расталі б ад аблічча Твайго,
2 як ад палючага агню, як ад таго, што кіпяціць ваду, каб імя Тваё зрабіць вядомым ворагам Тваім; ад аблічча Твайго здрыгануліся б народы.
3 Калі Ты ўчыняў страшэнныя дзеі, якіх мы не чакалі, і сыходзіў, — горы ратавалі ад аблічча Твайго.
4 Бо адвеку ня чулі, ня слухалі вухам, і ніякае вока ня бачыла іншага бога, акрамя Цябе, каб столькі зрабіў тым, што спадзяюцца на яго.
5 Ты літасьціва сустракаў таго, хто радуецца і робіць праўду, спамінае Цябе на шляхах Тваіх. Але вось, Ты згневаўся, бо мы здавён грашылі; і як жа мы будзем выратаваны?
6 Усе мы зрабіліся — як нячысты, і ўся праведнасьць наша — як запэцканая вопратка; і ўсе мы пабляклі, як ліст, і беззаконьні нашыя, як вецер, нясуць нас.
7 І няма каму заклікаць імя Тваё, хто пастанавіў бы моцна трымацца за Цябе: таму Ты схаваў ад нас аблічча Тваё і пакінуў нас гінуць ад беззаконьняў нашых.
8 Але сёньня, Госпадзе, Ты — Айцец наш; мы — гліна, а Ты — стваральнік наш, і ўсе мы — творы рукі Тваёй.
9 Ня гневайся, Госпадзе, бязь меры, і ня вечна памятай беззаконьне. Паглядзі ж: мы ўсе народ Твой.
10 Гарады сьвятыні Тваёй зрабіліся пусткаю; пусткаю стаўся Сіён, Ерусалім спустошаны.
11 Дом асьвячэньня нашага і славы нашай, дзе бацькі нашы праслаўлялі Цябе, спалены агнём, і ўсе каштоўнасьці нашыя зрабаваныя.
12 Пасьля гэтага ці ж будзеш яшчэ стрымлівацца, Госпадзе, ці будзеш маўчаць і караць нас бязь меры?
Разьдзел 65
1 Я адкрыўся ня тым, што пыталіся пра Мяне; Мяне знайшлі ня тыя, што штурхалі Мяне: «вось Я! вось Я!» казаў Я народу, які не называўся імем Маім.
2 Кожны дзень працягваў Я рукі Мае народу непакорліваму, што хадзіў шляхам нядобрым, паводле сваіх намыслаў,
3 народу, які пастаянна зьневажае Мяне ў твар, прыносіць ахвяры ў гаях і паліць фіміям на цэглах,
4 сядзіць у магілах і начуе ў пячорах; есьць сьвіное мяса, і агіднае варыва ў посудзе ягоным;
5 які кажа: «спыніся: не падыходзь да мяне, бо я сьвяты для цябе». Яны — дым у нос Мой, — агонь, што гарыць кожны дзень.
6 Вось, што напісана перад абліччам Маім: ня змоўчу, а аддам, аддам у нетры іх,
7 беззаконьні вашыя, кажа Гасподзь, і разам беззаконьні бацькоў вашых, якія палілі фіміям на горах, і на пагорках ганілі Мяне; і адмераю ў нутробу іхнюю ранейшыя ўчынкі іх.
8 Так кажа Гасподзь: калі ў вінаграднай гронцы ёсьць сок, тады кажуць: не пашкодзь яе, бо ў ёй добрае слаўленьне; тое самае зраблю Я і дзеля рабоў Маіх, каб ня ўсіх загубіць.
9 Я ўтвару ад Якава семя, і ад Юды — спадкаемца гор Маіх, і ўспадкуюць гэта выбранцы Мае, і рабы Мае будуць жыць там.
10 І будзе Сарон пашаю авечкам і даліна Ахор — месцам адпачынку валам народу Майго, які знайшоў Мяне.
11 А вас, якія пакінулі Госпада, забылі сьвятую гару Маю, гатуеце трапезу Гаду і распускаеце поўную чару Мне,
12 вас асуджаю Я пад меч, і ўсе вы схіліцеся на закол, бо Я клікаў — і вы не адказвалі, казаў — і вы ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што было не даспадобы Мне.
13 Таму так кажа Гасподзь Бог: вось, рабы Мае будуць есьці, а вы будзеце галадаць; рабы мае будуць піць, а вы зьнемагацьмеце ад смагі;
14 рабы Мае будуць весяліцца, а вы будзеце ў сораме; рабы Мае сьпявацьмуць ад сардэчнай радасьці, а вы будзеце крычаць ад сардэчнай скрухі і галасіць ад заняпаду духу.
15 І пакінеце імя ваша выбраным Маім на пракляцьце; і заб’е цябе Гасподзь Бог, а рабоў Сваіх назаве іншым імем,
16 якім хто будзе дабраслаўляць сябе на зямлі, будзе дабраслаўляцца Богам ісьціны; і хто будзе прысягацца на зямлі, будзе прысягаць Богам ісьціны, — бо ранейшыя смуткі будуць забытыя і схаваныя ад вачэй Маіх.
17 Бо вось, Я ствараю новае неба і новую зямлю, і ранейшыя ўжо ня будуць успамінацца і ня прыйдуць на сэрца.
18 А вы будзеце весяліцца і радавацца вавекі з таго, што Я ствараю: бо вось, Я ствараю Ерусалім весялосьцю і народ яго радасьцю.
19 І буду радавацца за Ерусалім і весяліцца за народ Мой, і не пачуецца ў ім болей голасу плачу і голасу ляманту.
20 Там ня будзе болей малалетняга і старога, які не дасягнуў бы паўнаты дзён сваіх; бо стогадовы памірацьме юнаком, але стогадовы грэшнік будзе праклінацца.
21 І будуць будаваць дамы і жыць у іх, і садзіць вінаграднікі і есьці плады іх.
22 Ня будуць будаваць, каб іншы жыў, ня будуць садзіць, каб іншы еў; бо дні народа Майго будуць, як дні дрэва, і выбранцы Мае доўга будуць карыстацца вырабам рук сваіх.
23 Ня будуць працаваць марна і нараджаць дзяцей на гора; бо будуць насеньнем, дабраславёным ад Госпада, і нашчадкі іхнія зь імі.
24 І станецца, што раней чым яны паклічуць, Я адкажу; яны яшчэ будуць гаварыць, і Я ўжо пачую.
25 Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмяі пыл будзе ежаю; яны ня будуць учыняць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, кажа Гасподзь.
Разьдзел 66
1 Так кажа Гасподзь: неба — трон Мой, а зямля — падножжа ног Маіх; дзе ж набудзеце вы дом Мне, і дзе месца спакою Майго?
2 Бо ўсё гэта зрабіла рука Мая, і ўсё гэта было, кажа Гасподзь. А вось, на каго Я пагляджу: на ўпакоранага і зламанага духам і на таго, хто трымціць перад словам Маім.
3 А хто коле вала — тое самае, што і забівае чалавека; ахвяравальнікі ягняці — тое самае, што гіцаль; ахвяравальнік ежы — тое самае, што ахвяравальнік сьвіное крыві; кадзільнік фіміяму — тое самае, што мольбіт ідалу; і як яны выбралі свае шляхі, і душа іх знаходзіць асалоду ў мярзотах іхніх,
4 так і я ўжыву іхнюю панаду і навяду на іх жахлівае для іх; бо Я клікаў — і ня было адказьніка, казаў — і яны ня слухалі, а рабілі ліхое ў вачах Маіх і выбіралі тое, што не даспадобы Мне.
5 Выслухайце слова Госпада, хто трымціць перад словам Яго: вашы браты, што ненавідзяць вас і выганяюць вас за імя Маё, кажуць: «няхай явіць Сябе ў славе Гасподзь, і мы паглядзім на весялосьць вашу». Але яны будуць пасаролмленыя.
6 Вось, шум з горада, голас з храма, голас Госпада, Які помсьціцца ворагам Сваім.
7 Яшчэ ня мучылася родамі, а нарадзіла; перш чым насталі болі яе, нарадзіла сына.
8 Хто чуў такое? хто бачыў падобнае на гэта? ці ўзьнікла краіна ў адзін дзень? ці нараджаўся народ за адзін раз, як Сіён, ледзь толькі пачаўшы родамі мучыцца — нарадзіў сыноў сваіх.
9 Ці давяду Я да родаў, і ці ня дам радзіць? кажа Гасподзь. Альбо, даючы сілу радзіць, ці зачыню нутробу? кажа Бог твой.
10 Весялецеся зь Ерусалімам і радуйцеся за яго, усе, хто любіць яго! парадуйцеся зь ім радасьцю ўсе, хто скардзіўся на яго,
11 каб вам карміцца і насычацца ад саскоў суцяшэньняў ягоных, упівацца і мець асалоду ад лішку славы Ягонай.
12 Бо так кажа Гасподзь: вось, Я пасылаю да яго спакой, як раку, і багацьце народаў — як паток, што разьліваецца, для асалоды вашай; на руках насіцьмуць вас і на каленях будуць песьціць.
13 Як суцяшае каго-небудзь маці яго, так суцешу вас Я, і вы будзеце суцешаныя ў Ерусаліме.
14 І ўбачыце гэта, і парадуецца сэрца ваша, і косьці вашыя расьцьвітуць, як маладая зеляніна, і растуліцца рука Госпада рабам Яго, а на ворагаў Сваіх Ён разгневаецца.
15 Бо вось, прыйдзе Гасподзь у агні і калясьніцы Яго — як віхура, каб выліць гнеў Свой зь лютасьцю і дараваньне Сваё з палаючым агнём.
16 Бо Гасподзь у агні і мечам Сваім учыніць суд над усякаю плоцьцю, і многа будзе пабітых Госпадам.
17 Тыя, якія асьвячаюць і ачышчаюць сябе ў гаях, адзін за адным, ядуць сьвіное мяса і мярзоту і мышэй, — усе загінуць, кажа Гасподзь.
18 Бо Я ведаю ўчынкі іхнія і думкі іхнія; і вось, прыйду сабраць усе народы і роды, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю.
19 І пакладу на іх азнаку, і пашлю з выратаваных ад іх да народаў: у Тарсіс, у Пулу і Луду, да тых, што напінаюць лук, у Тубалу і Явану, на далёкія астравы, якія ня чулі пра Мяне і ня бачылі славы Маёй; і яны абвесьцяць народам славу Маю
20 і прадставяць усіх братоў вашых ад усіх народаў у дарунак Госпаду на конях і калясьніцах, і на насілках і на мулах і на борздых вярблюдах, — на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа Гасподзь, — падобна на тое, як сыны Ізраілевыя прыносяць дарунак у дом Госпада ў чыстай пасудзіне.
21 Зь іх буду браць таксама ў сьвяшчэньнікі і лявіты, кажа Гасподзь.
22 Бо, як новае неба і новая зямля, якія я ствару, заўсёды будуць перад абліччам Маім, кажа Гасподзь, так будзе і насеньне ваша і імя ваша.
23 Тады зь месяца ў месяц і з суботы ў суботу будзе прыходзіць усякая плоць перад аблічча Маё на пакланеньне, кажа Гасподзь.
24 І будуць выходзіць, і ўбачаць трупы людзей, што адступіліся ад Мяне: бо чарвяк іх не памрэ, і агонь іх не пагасьне; і будуць яны мярзотаю для ўсякай плоці.