Беларуская Біблія

ПАСЛАНЬНЕ ДА ГАЛЯТАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛА

Разьдзел 1

 

1 Павал апостал выбраны ня людзьмі і не праз чалавека, а Ісусам Хрыстом і Богам Айцом, Які ўваскрэсіў Яго зь мёртвых,

2 і ўсе браты, якія са мною, — цэрквам Галятыйскім:

3 мілата вам і мір ад Бога Айца і Госпада нашага Ісуса Хрыста,

4 Які аддаў Сябе Самога за грахі нашыя, каб выбавіць нас ад цяперашняга падступнага веку, па волі Бога і Айца нашага;

5 Яму слава на векі вечныя. Амін.

6 Зьдзіўляюся, што вы так хутка пераходзіце ад таго, хто заклікаў вас мілатою Хрыстоваю, да іншага зьвеставаньня,

7 якое, аднак, ня іншае, а толькі ёсьць людзі, якія зводзяць вас і хочуць перавярнуць зьвеставаньне Хрыстовае.

8 Але калі б нават мы, альбо анёл зь неба пачаў зьвеставаць вам ня тое, што мы зьвеставалі вам, хай будзе анатэма.

9 Як раней мы сказалі, так і цяпер яшчэ кажу: хто зьвястуе вам ня тое, што вы прынялі, хай будзе анатэма.

10 Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабаньня, ці ў Бога? ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, дык ня быў бы рабом Хрыстовым.

11 Абвяшчаю вам, браты, што Дабравесьце, якое я абвяшчаў, ня ёсьць чалавечае;

12 бо і я прыняў яго і навучыўся не ад чалавека, а праз адкрыцьцё Ісуса Хрыста.

13 Вы чулі пра мой ранейшы лад жыцьця ў Юдэйстве, як я жорстка прасьледаваў Царкву Божую і спусташаў яе,

14 і вызначыўся ў Юдэйстве сярод многіх равесьнікаў з роду майго, бо быў я зацяты прыхільнік бацькоўскіх маіх паданьняў.

15 Калі ж Бог, выбраўшы мяне ад улоньня маці маёй і заклікаўшы мілатою Сваёю,

16 зажадаў адкрыць ува мне Сына Свайго, каб я зьвеставаў Яго язычнікам, я не пачаў адразу ж раіцца з плоцьцю і крывёю,

17 і не пайшоў у Ерусалім да тых апосталаў, якія ішлі перада мною, а пайшоў у Аравію, і зноў вярнуўся ў Дамаск.

18 Пасьля, праз тры гады, хадзіў я ў Ерусалім пабачыцца зь Пятром і пабыў у яго дзён пятнаццаць.

19 А другога з апосталаў я ня бачыў нікога, акрамя Якава, брата Гасподняга.

20 А ў тым, што пішу вам, прад Богам, ня ілгу.

21 Пасьля гэтага адышоў я ў землі Сірыі і Кілікіі.

22 Цэрквам Хрыстовым у Юдэі асабіста я ня быў вядомы,

23 а толькі чулі яны, што колішні іхні ганіцель цяпер зьвястуе веру, якую раней вынішчаў,

24 і праслаўлялі за мяне Бога.

 

Разьдзел 2

 

1 Потым, праз чатырнаццаць гадоў, зноў хадзіў я ў Ерусалім з Варнавам, узяўшы з сабою і Ціта.

2 А хадзіў паводле адкрыцьця і абвясьціў там, і асобна самым пашаноўным, Дабравесьце, якое я прапаведую язычнікам: ці ня марна я дзею альбо дзеяў.

3 Але яны і Ціта, які быў са мною, хоць і Эліна, ня прымушалі абразацца.

4 А што да аблудных ілжэбратоў, якія пракраліся да нас падгледзець нашую свабоду, якую мы маем у Хрысьце Ісусе, каб паняволіць нас,

5 дык мы ні на хвіліну не паступіліся і не ўпакорыліся ім, каб ісьціна зьвеставаньня захавалася чыстаю ў вас.

6 І ў знакамітых праз што-небудзь, якія б яны ні былі калі-небудзь, для мяне няма нічога асаблівага: Бог не зважае на аблічча чалавека. І знакамітыя не дадалі мне больш анічога;

7 наадварот, што мне даверана зьвеставаньне неабрэзаным, як Пятру абрэзаным,

8 бо Той, Хто спрыяў Пятру ў апостальстве сярод абрэзаных, спрыяў і мне сярод язычнікаў, —

9 і даведаўшыся пра мілату, дадзеную мне, Якаў і Кіфа і Ян, якія былі ўважаныя за стаўпоў, падалі мне і Варнаву руку лучнасьці, каб нам ісьці да язычнікаў, а ім да абрэзаных,

10 толькі каб мы памяталі ўбогіх, што і намагаўся я выканаць дакладна.

11 Калі ж Пётр прыйшоў у Антыахію, дык я адкрыта выступіў супроць яго, бо ён заслужыў дакораў.

12 Бо да прыходу некаторых ад Якава, еў разам зь язычнікамі; а калі тыя прыйшлі, пачаў таіцца і ўхіляцца, апасаючыся абрэзаных.

13 Разам зь ім крывадушнічалі і іншыя Юдэі, так што нават Варнава быў змушчаны іхняй крывадушнасьцю.

14 Але калі я ўбачыў, што яны ня проста дзеюць паводле ісьціны Дабравесьця, сказаў Пятру пры ўсіх: калі ты як Юдэй жывеш па-язычніцку, а не па-Юдэйску, дык навошта язычнікаў змушаеш жыць па-Юдэйску?

15 Мы з прыроды Юдэі, а не зь язычнікаў грэшнікі;

16 аднак жа, даведаўшыся, што чалавек апраўдваецца ня дзеямі закона, а толькі вераю ў Ісуса Хрыста, і мы ўверавалі ў Хрыста Ісуса, каб апраўдацца вераю ў Хрыста, а ня дзеямі закона; бо дзеямі закона не апраўдваецца ніякая плоць.

17 Калі ж, шукаючы апраўданьня ў Хрысьце, мы і самі сталіся грэшнікамі, — дык няўжо ж Хрыстос ёсьць служка грэху? Аніяк!

18 Бо калі я зноў будую, што быў разбурыў, дык сам сябе раблю злачынцам.

19 Праз закон я памёр для закона, каб жыць дзеля Бога. Я ўкрыжаваўся з Хрыстом,

20 і ўжо ня я жыву, а жыве ўва мне Хрыстос. А што цяпер жыву ў целе, дык жыву вераю ў Сына Божага, Які палюбіў мяне і аддаў Сябе за мяне.

21 Не адкідаю мілаты Божай. А калі праведнасьць дасягаецца праз закон, дык Хрыстос марна памёр.

 

Разьдзел 3

 

1 О, няцямныя Галяты! Хто падбіў вас не скарацца ісьціне, вас, у каго перад вачыма накрэсьлены быў Ісус Хрыстос, як бы сярод вас укрыжаваны?

2 Толькі гэта хачу ведаць ад вас: ці празь дзеі закона вы атрымалі Духа, ці праз настаўленьне ў веры?

3 Ці такія вы няцямныя, што, пачаўшы Духам, цяпер канчаеце плоцьцю?

4 Так многа вы перацярпелі няўжо марна? О, калі б толькі марна!

5 Той, Хто пада вам Духа і творыць сярод вас цуды, ці празь дзеі закона робіць гэта, ці праз пропаведзь веры?

6 Так Абрагам паверыў Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць.

7 Уведайце ж, што вернікі — сыны Абрагамавыя.

8 І Пісаньне, прадбачачы, што Бог вераю апраўдае язычнікаў, наперад узьвясьціла Абрагаму: «у табе дабраславяцца ўсе народы».

9 Вось так, веруючыя дабраславяцца зь верным Абрагамам.

10 А ўсе, хто сьцьвярджаецца на дзеях закона, жывуць пад пракляцьцем. Бо напісана: «пракляты кожны, хто ня выконвае пастаянна ўсяго, што напісана ў кнізе закона».

11 А што законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, гэта ясна, бо «праведны вераю жыць будзе».

12 А закон не ад веры; «а хто выконвае яго, той жыць будзе ім».

13 Хрыстос адкупіў нас ад пракляцьця закона, зрабіўшыся за нас пракляцьцем — бо напісана: «пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,

14 каб дабраславеньне Абрагамавае праз Хрыста Ісуса пашырылася на язычнікаў, каб нам атрымаць абяцанага Духа вераю.

15 Браты! кажу я па-людзку: нават чалавекам зацьверджанага запавету ніхто не адмяняе і не дадае да яго.

16 Але Абрагаму дадзеныя былі абяцаньні і нашчадку ягонаму. Ня сказана: «і нашчадкам», як бы пра многіх, а як бы пра аднаго: «і насеньню твайму», якое ёсьць Хрыстос.

17 Я кажу тое, што запавета пра Хрыста, раней Богам зацьверджанага, закон, які паявіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адмяняе так, каб абяцаньне страціла сілу.

18 Бо калі паводле закона спадчына, дык ужо не паводле абяцаньня; але Абрагаму Бог даў гэта паводле абяцаньня.

19 Навошта ж закон? Ён дадзены пасьля з прычыны злачынстваў, да часу прышэсьця насеньня, якому было дадзена абяцаньне, і ўчынена праз анёлаў, рукою пасрэдніка.

20 Але пасрэднік пры адным ня бывае, а Бог адзін.

21 Дык ці ж закон супроць абяцаньняў Божых? Ані! Бо калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, дык сапраўды праведнасьць была б ад закона;

22 але Пісаньне ўсіх замкнула пад грэх, каб абяцаньне веруючым было дадзена ад веры ў Ісуса Хрыста.

23 Але да прышэсьця веры, мы былі замкнутыя пад вартаю закона да таго часу, як мела адкрыцца вера.

24 Дык вось закон быў для нас павадыром да Хрыста, каб нам апраўдацца вераю;

25 а як прыйшла вера, мы ўжо не пад кіраваньнем павадыра.

26 Бо ўсе вы сыны Божыя па веры ў Хрыста Ісуса;

27 усе вы, хто хрысьціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся!

28 Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе.

29 Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы нашчадкі Абарагамавыя, і паводле абяцаньня спадкаемцы.

 

Разьдзел 4

 

1 Яшчэ скажу: спадкаемец, пакуль у маленстве, нічым не адрозьніваецца ад раба, хоць і гаспадар усяго:

2 ён пад апекунамі і кіраўнікамі аж да часу вызначанага бацькам.

3 Гэтак і мы, пакуль былі ў маленстве, былі паняволеныя рэчавым пачаткам сьвету;

4 але калі споўніўся час, Бог паслаў Сына Свайго (Адзінароднага), Які нарадзіўся ад жанчыны і хадзіў пад законам,

5 каб адкупіць падзаконных, каб нам атрымаць усынаўленьне.

6 А як што вы — сыны, дык Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Які ўсклікае: «Абба, Войча!»

7 Таму ты ўжо ня раб, а сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы празь Ісуса Хрыста.

8 Але тады, ня ведаючы Бога, вы служылі божышчам, якія па сутнасьці не багі;

9 а сёньня, уведаўшы Бога, альбо лепей, атрымаўшы пазнаньне ад Бога, навошта вяртаецеся зноў да бясьсілых і ўбогіх матар’яльных пачаткаў, і хочаце яшчэ зноў падняволіцца ім?

10 Вы пільна зважаеце на дні, месяцы, поры і гады.

11 Баюся за вас, ці ня марна я працаваў у вас.

12 Прашу вас, браты, будзьце, як я, таму што і я, як вы. Вы нічым не пакрыўдзілі мяне:

13 ведаеце, што, хоць я ў нядужай плоці зьвеставаў вам першы раз,

14 але вы не пагардзілі спакушэньня майго ў плоці маёй і не пагрэбавалі мною, а прынялі мяне, як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.

15 Якія вы былі дабрашчасныя! Сьведчу пра вас, што, калі б можна было, вы б вырвалі вочы свае і аддалі мне.

16 І вось, няўжо я стаўся ворагам вашым, кажучы вам праўду?

17 Рупяцца за вас нячыста, і хочуць вас адвярнуць, каб вы рупіліся пра іх.

18 Добра рупіцца ў добрым заўсёды, а не ў маёй толькі прысутнасьці ў вас.

19 Дзеці мае! я зноў дзеля вас у пакутах народзінаў, пакуль вобраз Хрыста ня выявіцца ў вас.

20 Хацеў бы я цяпер быць у вас і зьмяніць голас мой, бо я ў недаўменьні пра вас.

21 Скажэце мне вы, хто хоча быць пад законам: хіба вы ня слухаецеся закона?

22 Бо напісана: «Абрагам меў двух сыноў, аднаго ад рабыні, а другога ад вольнай».

23 Але які рабыніч, той народжаны па плоці; а які ад вольнай, той па абяцаньні.

24 У гэтым ёсьць іншы сэнс. Гэта два запаветы: адзін ад гары Сінайскай, які родзіць на рабства, які ёсьць Агар,

25 бо Агар азначае гару Сінай у Аравіі і адпавядае цяперашняму Ерусаліму, бо ён зь дзецьмі сваімі ў рабстве;

26 а вышэйшы Ерусалім вольны: Ён — маці ўсім нам.

27 Бо напісана: «узьвесяліся, няплодная, ты, што ня родзіш; усклікні і гукні, ты, што ня мучылася ў родах; бо ў пакінутай куды болей дзяцей, чым у той, што мае мужа».

28 Мы, браты, дзеці абяцаньня, як Ісаак.

29 Але як тады народжаны ад плоці гнаў таго, хто ад Духа, так і сёньня.

30 Што ж кажа Пісаньне? «Выгані рабыню і сына яе, бо сын рабыніч не спадчыньніць разам з сынам вольнае».

31 Таму, браты, мы дзеці не рабыні, а вольнай.

 

Разьдзел 5

 

1 Дык стойце ж у свабодзе, якую даў нам Хрыстос, і ня схіляйцеся зноў пад ярмо рабства.

2 Вось, я, Павал, кажу вам: калі вы абразаецеся, ня будзе вам ніякае карысьці ад Хрыста.

3 Яшчэ сьведчу кожнаму чалавеку, які абразаецца, што ён павінен выконваць увесь закон.

4 Вы, хто апраўдвае сябе законам, засталіся бяз Хрыста, адпаліся ад мілаты,

5 а мы духам чакаем і спадзяёмся на праведнасьць ад веры;

6 бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а вера, якая дзее празь любоў.

7 Вы ішлі хораша: хто спыніў вас, каб вы не скараліся ісьціне?

8 Такое перакананьне не ад Таго, Хто заклікае вас.

9 Каліва закваскі расчыняе ўсё цеста.

10 Я пэўны за вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць іначай; а той, хто змушчае вас, хто б ён ні быў, панясе на сабе асуду.

11 За што ж гоняць мяне, браты, калі я і цяпер прапаведую абразаньне? Тады ганьба крыжа спынілася б.

12 О, калі б выдаліць тых, якія баламуцяць вас!

13 Да вольнасьці закліканы вы, браты, толькі вольнасьць ваша ня была б повадам дагаджаць плоці; а любоўю служэце адно аднаму.

14 Бо ўвесь закон у адзін сказ укладваецца: «любі блізкага твайго, як самога сябе».

15 Калі ж паміж сабою грызяцеся і ясьце адно аднаго, дык глядзеце, каб не панішчылі вы адно аднаго.

16 Я кажу: рабеце паводле Духа, і вы ня будзеце паддавацца пажадзе плоці;

17 бо плоць жадае супраціўнага Духу, а Дух — супраціўнага плоці: яны адно аднаму супрацівяцца, так што вы ня тое робіце, чаго хацелі б.

18 Калі ж вас Дух водзіць, дык вы не пад законам.

19 Дзеі плоці вядомыя; вось яны: пералюбства, блуд, нечыстата, непатрэбства,

20 ідаласлужэньне, чарадзейства, варожасьць, свары, зайздрасьць, гнеў, звады, раздоры (спакусы), ерасі,

21 нянавісьць, забойствы, п’янства, закалоты і іншае такое; папярэджваю вас, як і раней папярэджваў, што тыя, хто робіць так, Царства Божага не ўспадкуюць.

22 А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера,

23 лагоднасьць, устрымлівасьць. На такіх няма закона.

24 А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пажадлівасьцю і пахацінствамі.

25 Калі мы жывём Духам, дык згодна з Духам і рабіць павінны.

26 Ня будзем пустаславіцца, адно аднаго дражніць, адно аднаму зайздросьціць.

 

Разьдзел 6

 

1 Браты! калі і дапусьціць чалавек якую пагрэшнасьць, вы, духоўныя, папраўляйце такога ў духу лагоды, зважаючы кожны на сябе, каб ня дацца спакусе.

2 Насеце цяжары адно аднаго, і такім чынам выканаеце закон Хрыстовы.

3 Бо хто лічыць, што ён нешта такое, калі ён нішто, той ашуквае самога сябе.

4 Кожны няхай правярае сваю дзею, і тады мецьме пахвалу толькі ў сабе, а ня ў іншым,

5 бо кожны панясе свой цяжар.

6 Той, каго настаўляюць словам, дзяліся ўсякім дабром з тым, хто настаўляе.

7 Ня крывеце душою: Бог паганьбёны ня бывае. Што пасее чалавек, тое і сажне:

8 хто сее ў плоць сваю, ад плоці пажне прахласьць; а хто сее ў Дух, ад Духа пажне жыцьцё вечнае.

9 Робячы дабро, ня струджваймася: бо ў свой час пажнём, калі не аслабнем.

10 Дык вось, пакуль ёсьць час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш сваім аднаверцам.

11 Бачыце, як многа напісаў я вам сваёю рукою.

12 Тыя, што хочуць хваліцца паводле цела, змушаюць вас абразацца толькі дзеля таго, каб унікнуць ганеньняў за крыж Хрыстовы,

13 бо і самі абрэзаныя ня трымаюцца закона, але хочуць, каб вы абразаліся, каб пахваліцца ў вашай плоці;

14 а я не хачу хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, Якім для мяне сьвет укрыжаваны, а я для сьвету.

15 Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ні абразаньне, ні неабразаньне, а новае стварэньне.

16 Тым, якія чыняць у згодзе з гэтым правілам, мір ім і міласьць, і Ізраілю Божаму.

17 У астатнім, хай ніхто не стурбуе мяне, бо я нашу раны Ісусавыя на целе маім.

18 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.