Беларуская Біблія

ПЕРШАЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ФЕСАЛАНІКІЙЦАЎ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛА

Разьдзел 1

 

1 Павал і Сілуан і Цімафей Царкве Фесаланіцкай у Богу Айцы і Госпадзе Ісусе Хрысьце: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.

2 Увесь час дзякуем Богу за ўсіх вас, спамінаючы вас у малітвах нашых,

3 няспынна памятаючы вашу дзею веры і працу любові і цярплівасьць спадзяваньня на Госпада нашага Ісуса Хрыста прад Богам і Айцом нашым,

4 ведаючы выбраньне ваша, любасныя браты;

5 бо наша зьвеставаньне ў вас было ня ў слове толькі, а і ў сіле, і ў Сьвятым Духу і з многімі сьведчаньнямі, як вы самі ведаеце, якія мы былі для вас паміж вамі.

6 І вы пачалі пераймаць нас і Госпада, прыняўшы слова ў вялікіх смутках з радасьцю Духа Сьвятога,

7 так што вы зрабіліся ўзорам усім веруючым у Македоніі і Ахаі.

8 Бо ад вас пранеслася слова Гасподняе ня толькі ў Македоніі і Ахаі, але і па ўсіх усюдах прайшла слава пра веру вашую ў Бога, так што нам ні пра што ня трэба распавядаць.

9 Бо самі яны распавядаюць пра нас, які прыход мы мелі ў вас і як вы навярнуліся ад ідалаў да Бога, каб служыць Богу жывому і сапраўднаму

10 і чакаць зь нябёсаў Сына Ягонага, Якога Ён уваскрэсіў зь мёртвых, Ісуса, Які ратуе нас ад будучага гневу.

 

Разьдзел 2

 

1 Вы самі ведаеце, браты, пра наш прыход да вас, што быў ён не бясплённы;

2 але хоць перад тым мы зазналі пакутаў і мелі зьнявагу ў Піліпах, як вам вядома, мы адважыліся ў Богу нашым прапаведаваць вам Дабравесьце Божае зь вялікім подзьвігам.

3 Бо ў вучэньні нашым няма ні памылкі, ні нячыстых намыслаў, ні хітрыны;

4 а, як Бог выпрабоўваў нас, даверыўшы нам зьвеставаньне, так мы і гаворым, дагаджаючы ня людзям, а Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя.

5 Бо ніколі ня было ў нас (перад вамі) ані словаў лісьлівасьці, як вы ведаеце! ані рознай карысьлівасьці: Бог сьведка!

6 Ня шукаем славы людзкое ні ад вас, ні ад іншых:

7 мы маглі зьявіцца напышліва, як апосталы Хрыстовыя, але былі лагодныя сярод вас падобна таму, як карміцелька пяшчотна клапоціцца пра дзетак сваіх.

8 Так мы, пра вас дбаючы, захацелі перадаць вам ня толькі Дабравесьце Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любаснымі.

9 Бо вы памятаеце, браты, працу нашую і зьнемажэньне: уночы і ўдзень працуючы, каб не абцяжарыць каго з вас, мы прапаведавалі ў вас Дабравесьце Божае.

10 Сьведкі вы і Бог, як сьвята і праведна і бездакорна рабілі мы перад вамі, веруючымі,

11 бо вы ведаеце, як кожнага з вас, быццам бацька дзяцей сваіх,

12 мы прасілі і пераконвалі і ўгаворвалі рабіць годна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Царства і славу.

13 Таму і мы бесьперастанку дзякуем Богу, што, прыняўшы ад нас чутае слова Божае, вы прынялі ня як слова чалавечае, а як слова Божае, — якое яно і ёсьць у ісьціне, — якое і дзейнічае ў вас, веруючых.

14 Бо вы, браты, зрабіліся пераемцамі цэркваў Божых у Хрысьце Ісусе, якія ў Юдэі, таму што і тое самае адцярпелі ад сваіх аднапляменцаў, што і яны ад Юдэяў,

15 якія забілі і Госпада Ісуса і Ягоных прарокаў, і нас выгналі, і Богу ня годзяць, і ўсім людзям супрацівяцца,

16 якія не дазваляюць нам гаварыць язычнікам, каб выратаваліся, і праз гэта ўвесь час напаўняюць меру грахоў сваіх; але блізіцца на іх гнеў да канца.

17 Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, але ня сэрцам, з тым большаю ахвотаю імкнуліся ўбачыць аблічча вашае.

18 І таму мы, я Павал, і раз і два хацелі прыйсьці да вас; але перашкодзіў нам сатана.

19 Бо хто наша надзея, альбо радасьць, альбо вянок пахвалы? Ці ж ня і вы, прад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прышэсьце Ягонае?

20 Бо вы — слава наша і радасьць.

 

Разьдзел 3

 

1 І таму, ня могучы болей трываць, мы захацелі застацца ў Афінах адны,

2 і паслалі Цімафея, брата нашага і службіта Божага і супрацоўніка нашага ў зьвеставаньні Хрыстовым, каб умацаваць вас і суцешыць у веры вашай,

3 каб ніхто не пахіснуўся ў смутках нашых; бо вы самі ведаеце, што так нам наканавана.

4 Бо мы і тады, калі былі ў вас, прадказвалі вам, што будзем пакутаваць, як і здарылася, і вы ведаеце.

5 Таму і я, не чакаючы болей, паслаў даведацца пра веру вашую, каб як не спакусіў вас змусьціцель і ня сталася марнаю праца нашая.

6 А цяпер, калі прыйшоў да нас ад вас Цімафей і прынёс нам добрую вестку пра веру і любоў вашую, і што вы заўсёды маеце добрую памяць пра нас, хочучы нас бачыць, як і мы вас, —

7 дык мы, пры ўсім смутку і гароце нашай, суцешыліся з вамі, браты, дзеля вашай веры;

8 бо цяпер мы жывыя, калі вы стаіце ў Госпадзе.

9 Якую падзяку можам мы ўзьнесьці Богу за вас, за ўсю радасьць, якою радуемся за вас перад Богам нашым,

10 ноч і дзень найруплівей молячыся за тое, каб бачыць аблічча ваша і дапоўніць, чаго не ставала веры вашай?

11 А Сам Бог і Айцец наш і Гасподзь наш Ісус Хрыстос хай скіруе шлях наш да вас.

12 А вас Гасподзь хай напоўніць любоўю ўзаемнай і да ўсіх, якою мы поўныя да вас,

13 каб умацаваць сэрцы нашыя беззаганнымі ў сьвятыні прад Богам і Айцом нашым у прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста з усімі сьвятымі Ягонымі. Амін.

 

Разьдзел 4

 

1 За гэтым, браты, просім і молім вас Ісусам Хрыстом, каб вы, прыняўшы ад нас, як трэба вам паводзіцца і дагаджаць Богу, у гэтым яшчэ большы посьпех займелі,

2 бо вы ведаеце, якія мы далі вам запаведзі ад Госпада Ісуса.

3 Бо воля Божая ёсьць асьвячэньне вашае, каб вы ўстрымліваліся ад распусты;

4 каб кожны з вас умеў захоўваць свой сасуд у сьвятасьці і гонары,

5 а не ў запале пахацінства, як язычнікі, што ня ведаюць Бога;

6 каб вы ні ў чым не паводзіліся з братам сваім супрацьзаконна і карысьліва: бо Гасподзь — мсьцівец за ўсё гэта, як і раней мы казалі вам і сьведчылі.

7 Бо паклікаў нас Бог не да нячысьціні, а да сьвятасьці.

8 А таму непакорлівы ёсьць непакорны не чалавеку, а Богу, Які і даў нам Духа Свайго Сьвятога.

9 Пра браталюбства ж няма патрэбы пісаць вам, бо вы самі навучаны Богам любіць адно аднаго,

10 бо вы так і робіце з усімі братамі па ўсёй Македоніі. Молім вас, браты, яшчэ болей старацца

11 і рупліва дбаць пра тое, каб жыць ціхмяна, рабіць сваю справу і працаваць сваімі рукамі, як мы наказвалі вам;

12 каб вы паводзіліся прыстойна перад чужымі і ні ў чым патрэбы ня мелі.

13 Не хачу, браты, пакінуць вас у няведаньні пра памерлых, каб вы не маркоціліся, як іншыя, што ня маюць надзеі.

14 Бо калі мы верым, што Ісус памёр і ўваскрэс, дык і памерлых у Ісусе Бог прывядзе зь Ім.

15 Бо гэта кажам вам словам Гасподнім, што мы, жывыя, што засталіся да прышэсьця Гасподняга, не папярэдзім памерлых;

16 бо Сам Гасподзь пры абвяшчэньні, пры голасе арханёла і трубе Божай, сыдзе зь неба, і мёртвыя ў Хрысьце ўваскрэснуць раней;

17 потым мы, хто застанецца жывы, разам зь імі ўзятыя будзем на воблакі на сустрэчу з Госпадам у паветры, і так вечна з Госпадам будзем.

18 Дык вось, суцяшайце адно аднаго гэтымі словамі.

 

Разьдзел 5

 

1 А пра часы і часіны няма патрэбы пісаць вам, браты,

2 бо самі вы дакладна ведаеце, што дзень Гасподні так прыйдзе, як злодзей уначы.

3 Бо, калі будуць казаць: «мір і бясьпека», тады зьнянацку спасьцігне іх пагібель, як мука родамі спасьцігае цяжарную, і ня ўнікнуць.

4 Але вы, браты, ня ў цемры, каб дзень застаў вас, як злодзей;

5 бо ўсе вы — сыны сьвятла і сыны дня: мы — ня сыны ночы, ні цемры.

6 Дык вось, ня будзем спаць, як іншыя, а будзем чуваць і цьвярозіцца.

7 Бо, хто сьпіць, сьпіць уночы, і хто ўпіваецца, упіваецца ўночы.

8 Мы ж як сыны дня, будзем цьвярозіцца, апрануўшыся ў браню веры і любові і ў шалом надзеі на збавеньне,

9 таму што Бог вызначыў нас не на гнеў, а на атрыманьне збавеньня праз Госпада нашага Ісуса Хрыста,

10 Які памёр за нас, каб мы, ці то чуваем, ці то сьпім, жылі разам зь Ім.

11 Таму ўмаўляйце адно аднаго і навучайце адно аднаго, як вы і робіце.

12 Просім жа вас, браты, паважаць тых, якія працуюць у вас, і якія пастаўлены над вамі ў Госпадзе, і якія на розум вас настаўляюць,

13 і шанаваць іх пераважна зь любоўю за справу іхнюю; будзьце ў згодзе паміж сабою.

14 Молім вас таксама, браты, настаўляйце на розум бясчынцаў, суцяшайце маладушных, падтрымлівайце слабых, будзьце цярплівыя з усімі.

15 Глядзеце, каб хто каму не плаціў злом за зло; а заўсёды шукайце дабра і адно аднаму і ўсім.

16 Заўсёды радуйцеся.

17 Бесьперастанку малецеся.

18 За ўсё дзякуйце: бо такая за вас воля Божая ў Ісусе Хрысьце.

19 Духа не гасеце.

20 Прароцтваў не прыніжайце.

21 Усё выпрабоўвайце, добрага трымайцеся.

22 Ухіляйцеся ад ліхаты ў любым яе выглядзе.

23 Сам жа Бог міру няхай асьвеціць вас ва ўсёй поўніцы, і ваш дух і душа і цела ва ўсёй цэласьці няхай захаваюцца без пахібы ў прышэсьце Госпада нашага Ісуса Хрыста.

24 Верны Той, Хто заклікае вас, Які і зьдзейсьніць гэта.

25 Браты! малецеся за нас.

26 Вітайце ўсіх братоў цалаваньнем сьвятым.

27 Заклікаю вас Госпадам прачытаць гэта пасланьне ўсім сьвятым братам.

28 Мілата Госпада нашага Ісуса Хрыста з вамі. Амін.