Беларуская Біблія

КНІГА ЭКЛЕЗІЯСТА, АЛЬБО ПРАПАВЕДНІКА

Разьдзел 1

 

1 Слова Эклезіяста, сына Давідавага, цара ў Ерусаліме.

2 Пустая марнасьць сказаў Эклезіяст, пустая марнасьць, — усё марнасьць!

3 Якая карысьць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам?

4 Пакаленьне прыходзіць, і пакаленьне праходзіць, а зямля векавечна стаіць.

5 Сонца ўзыходзіць, і сонца заходзіць і сьпяшаецца ў месца сваё, дзе ўстае.

6 Вее вецер на поўдзень і на поўнач вяртаецца, віруе, віхурыцца веючы, і на шлях віраваньня вяртаецца вецер.

7 Рэкі ўсе ў мора плывуць, а мора не перапаўняецца; да месца таго, адкуль рэкі плывуць, вяртаюцца зноў, каб далей пацячы.

8 Усё існае — поўніцца працай; ня можа ўсяго чалавек пакласьці на словы: не насыціцца бачаньнем вока; не напоўніцца слуханьнем вуха.

9 Што было, тое і будзе; што рабілася, тое й рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма.

10 Бывае такое, пра што людзі кажуць: «Дзівіся, вось гэта новае»; але яно ўжо было спрадвеку, да нас.

11 Няма памяці пра былое; ды і пра тое, што будзе, не застанецца згадкі між тымі, што прыйдуць пасьля.

12 Я, Эклезіяст, быў царом над Ізраілем у Ерусаліме.

13 І паклаў я на сэрца помысел мой, каб шукаць і дасьледаваць мудрасьцю ўсё, што пад небам робіцца: гэты прыкры занятак даў Бог сынам чалавечым, каб кіраваліся ім.

14 Я ўсе дзеі пабачыў, якія пад сонцам чыняцца, і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам!

15 Крывое ня выпрастаецца, і чаго няма, таго нельга зьлічыць.

16 Гаварыў я з сэрцам маім і сказаў: вось, узьвялічыўся я і здабыў мудрасьці болей за ўсіх, што былі да мяне над Ерусалімам, і сэрца маё шмат нагледзела мудрасьці ўсякай і ведаў.

17 І паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць уведаць, спасьцігнуць шаленства і неразумнасьць; спазнаў, што і гэта — пагоня за ветрам.

18 Бо пры многасьці мудрасьці множыцца й скруха; і хто памнажае спазнаньне, той памнажае і боль.

 

Разьдзел 2

 

1 І сказаў я ў сэрцы маім: «Ану ж бо праверу цябе я радасьцю, і нацешуся дабром»; але ж гэта — марнота!

2 Пра сьмех я сказаў: «Недарэчнасьць!», а пра радасьць: «Што яна дасьць?»

3 Намысьліў я ў сэрцы маім падбадзёрваць віном маё цела і, тым часам як сэрца маё кіравацьмецца мудрасьцю, ня цурацца і дурасьці, пакуль не пабачу, што добра сынам чалавечым, што маюць яны рабіць пад небам за кароткія дні свайго веку.

4 Учыніў я вялікія дзеі: дамы я сабе збудаваў, насадзіў сабе вінаграднікі;

5 завёў сабе сады і гаі, насадзіў у іх розных пладовых дрэў;

6 нарабіў сабе сажалак, каб паліваць зь іх гаі, у якіх дрэвы растуць;

7 наняў сабе слуг і служанак, і дамачадцы былі ў мяне; а таксама буйной і дробнай худобы было ў мяне болей, чым ва ўсіх, што жылі да мяне ў Ерусаліме;

8 сабраў сабе срэбра і золата й скарбаў каштоўных ад цароў і правінцый; завёў у сябе сьпевакоў і сьпявачак і асалоду сыноў чалавечых — мноства жонак і наложніц.

9 І ўзьвялічыўся я і ўзбагацеў над усімі, што жылі да мяне ў Ерусаліме; і мудрасьць мая засталася пры мне.

10 І нічога, чаго вочы мае ні прагнулі, я ім не адмовіў; ад ніводнае радасьці сэрца майго ня ўхіліў, бо сэрца маё суцяшалася кожнаю працай маёю; і гэта было маёй доляй ва ўсіх маіх працах.

11 І калі я зірнуў на ўсе дзеі мае, якія ўчыняў я сваімі рукамі, на працу, якую рабіў я: і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам, і ніякай карысьці пад сонцам.

12 Пастанавіў я сабе пабачыць і мудрасьць, шаленства і дурасьць. Бо што зробіць пасьля цара чалавек звыш таго, што зроблена ўжо?

13 І ўбачыў я, што мудрасьць пераважае над дурасьцю так, як сьвятло над цемраю.

14 У мудрага вочы яго — у галаве яго, а бязглузды ходзіць у цемры. І даведаўся я таксама, што аднолькавая спаткае ўсіх доля.

15 І сказаў я ў сэрцы маім: «? мяне спасьцігне такая самая доля, як і дурнога: навошта ж я надта мудры зрабіўся?» І сказаў я ў сэрцы маім, што і гэта — марнасьць.

16 Бо мудрага помніць ня будуць вечна, як і дурнога; у днях наступных забудзецца ўсё, і памірае мудры гэтаксама, як і бязглузды.

17 І зьненавідзеў жыцьцё я: бо апрыкралі мне ўсе ўчынкі, якія пад сонцам зьдзяйсьняюцца; бо ўсё — пустая марнасьць і пагоня за ветрам!

18 І зьненавідзеў усю маю працу, якую рабіў я пад сонцам; бо мушу пакінуць яе чалавеку, які прыйдзе пасьля мяне.

19 І хто ведае: мудры ён будзе альбо дурны? А валодаць ён будзе ўсёй працай маёю, якую рабіў я і ў якой паказаў сябе мудрым пад сонцам. І гэта — марнасьць!

20 І спаняверыўся я і ўмаўляў маё сэрца адцурацца ад працы ўсяе, якую рабіў я пад сонцам:

21 Бо бывае такі чалавек, які ў працы і мудры, і ўдзельны, і плённы, а павінен пакінуць усё чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта — марнасьць і вялікае ліха!

22 Бо што будзе мець чалавек ад працы сваёй і клопату сэрца свайго, якімі мазоліцца ён пад сонцам?

23 Бо ўсе яго дні — пакуты, і праца ягоная — смутак; нават і ўночы сэрца яго спакою ня мае. І гэта — марнасьць!

24 Няма чалавеку ўлады над тою даброцьцю, каб есьці і піць і каб душа мела радасьць ад працы ягонай. Я ўбачыў: і гэта — з рук Божых.

25 Бо хто можа есьці і хто безь яго можа цешыцца з асалодаў?

26 Бо чалавеку, які перад абліччам Ягоным ёсьць добры, Ён мудрасьць дае, і веды, і радасьць; а грэшнаму клопат дае — зьбіраць, назапашваць, каб богаспадобнаму потым аддаць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!

 

Разьдзел 3

 

1 Усё мае сваю пару, і гадзіна кожнае дзеі — пад небам.

2 Ёсьць пара нарадзіцца, і пара памерці, пара насаджаць, і пара вырываць пасаджанае.

3 Пара забойства, і пара гаеньня; пара разбураць, і пара будаваць;

4 пара плачу, і пара весялосьці; пара бедаваць, і пара танцаваць;

5 пара раскідаць камяні, і пара зьбіраць камяні; пара абдымаць, і пара ўхіляцца абдоўмаў;

6 пара шукаць, і пара губляць; пара ашчаджаць, і пара выкідаць;

7 пара разьдзіраць, і пара зашываць; пара маўчаць, і пара прамаўляць;

8 пара кахаць, і пара ненавідзець; пара вайне, і пара міру.

9 Якая карысьць таму, хто працуе, з таго, над чым ён працуе?

10 Бачыў я гэты клопат, які Бог даў сынам чалавечым, каб мелі сабе турботу.

11 Усё Ён цудоўным зрабіў сваёю парою і вечнасьць паклаў ім у сэрца, хоць ня кемяць яны ў тых справах, што Бог учыніў, ад пачатку і да канца.

12 Уведаў я, што няма ім нічога лепшага, як весяліцца і ў жыцьці сваім добрае толькі ўчыняць.

13 І калі які чалавек есьць і п’е і бачыць дабро ва ўчынках сваіх, дык гэта — дар Божы.

14 Уведаў я, што ўсё, што робіць Бог, застаецца навекі; Ён робіць так, каб багавейна ступалі перад абліччам Яго.

15 Што было, тое ёсьць і цяпер, і што будзе, тое было ўжо; і пакліча Бог мінулае.

16 Яшчэ я пад сонцам пабачыў: месца суду — а там беззаконьне; месца праўды — а там няпраўда

17 І сказаў я ў сэрцы маім: «Судзіць будзе Бог праведнага і грэшнага; бо на кожную справу прызначана пара і суд на кожную дзею тваю».

18 Сказаў я ў сэрцы маім сынам чалавечым, каб Бог іх выпрабаваў і каб убачылі яны, што самі ў сабе яны — жывёлы:

19 бо доля ў сыноў чалавечых і доля ў жывёлін — доля адна; як паміраюць тыя, так паміраюць і гэтыя, і адно дыханьне ва ўсіх, і няма ў чалавека над жывёлінаю перавагі, бо ўсё — марнасьць!

20 Усё ідзе ў адно месца; усё выйшла з тла, і ўсё вяртаецца ў тло.

21 Хто ведае: ці дух сыноў чалавечых падымаецца ўгору, а ці дух жывёл апускаецца долу, у зямлю?

22 І вось убачыў я, што няма нічога лепшага чалавеку, як радавацца з учынкаў сваіх: бо гэта — доля яго; хто ж бо яго прывядзе паглядзець на тое, што пасьля яго будзе?

 

Разьдзел 4

 

1 І прыгледзеўся зноў я, і ўгледзеў уціскі ўсялякія, што пад сонцам здараюцца: і вось сьлёзы прыгнечаных, а суцешніка ў іх няма; і ў руцэ ў прыгнятальнікаў іхніх — сіла, а суцешніка ў іх няма.

2 І прызнаў я шчасьлівымі мёртвых, якія памерлі даўно, больш, чым жывых, што дагэтуль жывуць;

3 а шчасьлівейшы той за абодвух, хто яшчэ не радзіўся, хто ня бачыў яшчэ ліхадзействаў, якія пад сонцам вядуцца.

4 І зноў я пабачыў, што ўсякая праца і посьпех усякі ў справах узаемную зайздрасьць паміж людзьмі спрычыняюць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!

5 Неразумны сядзіць, склаўшы рукі свае, і жарэ сваё цела.

6 Лепей жменя спакою за поўныя прыгаршчы клопату і пагоню за ветрам.

7 І зірнуў я, і зноў убачыў марнасьць пад сонцам:

8 самотнік, і ня мае нікога ён іншага: ні сына, ні брата няма ў яго; і ня мае канца ён турботам сваім, і не насыціцца вока яго багацьцем. «На каго ж я працую, і даброцяў душу сваю пазбаўляю?» І гэта — марнасьць і прапалая справа!

9 Дваім лепей, чым аднаму, бо ёсьць ім добрая дзяка за іхнюю працу.

10 Бо, як адзін упадзе, падыме другі свайго сябра! Але гора таму, хто адзін упадзе, а другога няма, хто падняў бы яго.

11 Гэтак сама, як двое ляжаць, дык ім цёпла; а дзе аднаму прыгрэцца?

12 І калі б хто напаў на другога, дык выстаяць двое супраць таго. І нітка, ссуканая з трох, ня скора парвецца.

13 Лепей бедны, ды разумны хлапчына, чым стары, ды неразумны цар, які рады ня слухае.

14 Бо той зь вязьніцы выйдзе на царства, хто нарадзіўся ў царстве сваім бедным.

15 Бачыў я ўсіх жывых, што ходзяць пад сонцам, з гэтым другім юнком, які зойме месца таго.

16 Ня было ліку ўсяму люду, які быў перад ім, хоць і наступныя радасьці ў ім ня мецьмуць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!

17 Сачы за нагою тваёю, калі ідзеш у дом Божы, і будзь гатовы больш слухаць, чым ахвяры прыносіць; ня думаюць бо яны, што благое ўчыняюць.

 

Разьдзел 5

 

1 Ня будзь на язык надта борзды, і сэрца тваё хай ня будзе сьпяшацца сказаць перад Богам слова, таму што Бог на небе, а ты на зямлі! Таму слова тваё хай ашчаднае будзе.

2 Бо як сны бачацца ад вялікае працы, так голас дурнога пазнаецца па пустаслоўі.

3 Калі даеш абяцаньне Богу, не замаруджвай выконваць яго, бо ня мае Ён упадабаньня да неразумных: што абяцаўся — зрабі.

4 Лепей табе не абяцацца, чым абяцаць і не зрабіць.

5 Не дазваляй тваім вуснам уводзіць у грэх тваё цела і не кажы перад анёлам Божым: «гэта — памылка!» Навошта табе, каб загневаўся Бог на слова тваё і зруйнаваў дзеі рук тваіх?

6 Бо ў мроіве сноў, як і ў мроіве слоў — марнасьці шмат; а ты бойся Бога.

7 Калі ты ўбачыш у якім-небудзь краі ўціскі беднаму і парушэньне суду і праўды, дык ня зьдзіўляйся з гэтага, бо за высокім назірае вышэйшы, а над імі яшчэ вышэйшы;

8 а найвышэйшасьць краіны ёсьць цар, які дбае за ўсю краіну.

9 Хто любіць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любіць багацьце, ня мае карысьці зь яго. І гэта — марнасьць!

10 Калі множыцца маёмасьць, множацца і тыя, што яго спажываюць; і якая карысьць яго ўласьнікам: хіба толькі сваімі вачмі сузіраць?

11 Салодкі сон у таго, хто працуе, ці мала ён есьць, а ці многа; а сытасьць багатаму спаць не дае.

12 Ёсьць нядоля балючая, якую я пад сонцам бачыў: багацьце, якое ўласьнік пільнуе на шкоду сабе.

13 І гіне багацьце яго ад няшчасных выпадкаў: нарадзіў ён сына, а нічога няма ў руках у яго.

14 Як выйшаў ён голы з улоньня маці сваёй, такі і адыдзе, якім прыйшоў, і нічога ня возьме ад працы сваёй, што мог бы панесьці ў руцэ сваёй.

15 І гэта нядоля балючая: які ён прыйшоў, такі адыходзіць. Якая ж карысьць яму, што працаваў ён на вецер?

16 А да таго ўсе дні свае еў ён у цемры, у вялікай дакуцы, скрусе й маркоце.

17 Вось яно, што я добрага і прыемнага бачыў: есьці і піць і добрае бачыць ва ўсёй сваёй працы, якую ён робіць пад сонцам ва ўсе дні свайго веку, якія даў яму Бог; бо гэта — ягоная доля.

18 І калі якому чалавеку Бог даў багацьце і маёмасьць, і даў яму ўладу іх спажываць і браць сваю частку ад працы сваёй, дык гэта — дар Божы.

19 Ня многа бо дзён жыцьця свайго мецьме на памяці; таму яго Бог адарае радасьцю сэрца ягонага.

 

Разьдзел 6

 

1 Ёсьць зло, якое я ўбачыў пад сонцам, і багата яго між людзьмі:

2 Бог дае чалавеку багацьце, і маёмасьць, і славу, і душы ягонай ніякай нястачы няма ані ў чым, чаго зажадае; ды ня даў яму Бог карыстацца з таго, а чужы чалавек спажывае: гэта — марнасьць і ліхая нядоля!

3 Калі б сотню дзяцей напладзіў чалавек і пражыў шмат гадоў і памножыліся дні яго веку, а душа яго ўцехі ня мела б з дабротаў і каб ня было яму і пахаваньня, я сказаў бы: неданосак шчасьлівейшы за яго,

4 бо дарма ён прыйшоў і ў цемру сышоў, і імя яго ўкрылася змрокам:

5 ані сонца ня бачыў і не спазнаў: яму спакайней, чым таму.

6 А той, хоць пражыў бы дзьве тысячы год і не насыціўся б дабром, ці ж не ў адно і тое месца ідзе?

7 Уся праца людская — для рота, а душа чалавека — не насычаецца.

8 Якая ж перавага ў мудрага над неразумным, якая — у гаротніка, што ўмее хадзіць, над тымі, што жывуць?

9 Лепей бачыць вачыма, чым душою блукаць. А гэта — таксама марнасьць і пагоня за ветрам!

10 Што існуе, таму дадзена ўжо найменьне, і вядома, што гэта — чалавек і што ня можа ён прававацца з тымі, якія мацнейшыя за яго.

11 Шмат ёсьць такога, што памнажае марнасьць: што ж чалавеку лепей?

12 Бо хто ведае, што чалавеку добра ў жыцьці, у безьлічы дзён марнага веку яго, якія праходзяць, бы цень? І хто чалавеку скажа, што будзе пад сонцам пасьля яго?

 

Разьдзел 7

 

1 Імя добрае лепш за масьць дарагую, а дзень сьмерці — за дзень нараджэньня.

2 Лепей хадзіць у дом жалобы па мёртвым, чым у харомы банкету; бо такі ёсьць канец усякаму чалавеку, і жывы бярэ гэта да сэрца свайго.

3 Смутак лепшы за сьмех; бо пры скрусе аблічча сэрца робіцца лепшым.

4 Сэрцы мудрых — у доме плачу а сэрцы бязглуздых — у доме вясёлым.

5 Лепей слухаць дакоры ад мудрага, чым слухаць пахвалы ад неразумных;

6 бо сьмех неразумных ёсьць тое, што й трэск сухога ядлоўцу пад горшчыкам. І гэта — марнасьць!

7 Уціскаючы іншых, разумны дурнее, і хабар сэрца псуе.

8 Канец працы лепшы за пачатак яе; цярплівы лепшы за пыхлівага.

9 Не сьпяшайся да гневу духам тваім, бо гняздуецца гнеў у сэрцы бязглуздых.

10 Не кажы: «чаму гэта колісь было лепей, чым сёньня?» — не зь вялікага розуму ты папытаўся пра гэта.

11 Добрая мудрасьць — як і добрая спадчына, асабліва ж бо тым, што сонца бачаць:

12 бо пад шатамі мудрасьці, як пад шатамі срэбра; а перавага пазнаньня ў тым, што мудрасьць жыцьцё зьберагае таму, хто яе мае.

13 Прыгледзься да дзеяў Божых: хто можа выправіць тое, што Ён зрабіў крывым.

14 У добрыя дні карыстайся з дабротаў, а ў ліхія дні разважай: і тое і іншае стварыў Бог, каб ня мог чалавек нічога сказаць пасьля сябе.

15 Нагледзеўся я ў дні марноты сваёй усялякага ўдосыць: справядлівы гіне ў сваёй справядлівасьці; бязбожны доўга жыве ў бязбожнасьці сваёй.

16 Ня будзь лішне строгі, і не выстаўляйся залішне мудрым; навошта табе нішчыць сябе?

17 Не ўпадай у грахі і ня будзь шалёны; навошта табе паміраць заўчасна?

18 Добра, калі трымацьмешся толькі аднога і не адымеш рукі ад другога; бо хто богабаязны, той пазьбегне ўсяго благога.

19 Мудрасьць робіць мудрага мацнейшым за дзесяць уладароў, якія ў горадзе.

20 Няма чалавека справядлівага на зямлі, які рабіў бы дабро і не грашыў;

21 таму не на ўсякае сказанае слова зважай, каб не пачуць табе, як твой раб цябе ганіць.

22 Бо многа выпадкаў ведае сэрца тваё, калі сам ты ганіў іншых.

23 Я ўсё гэта мудрасьцю выпрабаваў; я сказаў: «буду я мудры»; але мудрасьць далёка ад мяне.

24 Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?

25 І паклаў я на сэрца помысел мой, каб дазнацца, дасьледаваць, і знайсьці мудрасьць і розум, і каб ведаць бязбожнасьць дурноты, невуцтва і шаленства.

26 І знайшоў я, што горш за сьмерць жанчына, таму што яна — сетка, і сэрца ў яе — пастка, рукі ў яе — кайданы; любасны Богу ўратуецца ад яе, а грэшніка схопіць яна.

27 Вось гэта знайшоў я, сказаў Эклезіяст, выпрабоўваючы адно за адным.

28 Чаго яшчэ шукала душа мая, і я не знайшоў? Мужчыну аднаго з тысячы я знайшоў, а жанчыны сярод іх усіх не знайшоў.

29 Толькі гэта знайшоў я, што Бог стварыў чалавека праведнага, а людзі кінуліся ў вымудры ўсякія.

 

Разьдзел 8

 

1 Хто ёсьць — як мудрэц, і хто разумее значэньне слова? Мудрасьць прасьвятляе чалавеку аблічча яго, і суровасьць твару яго зьмяняецца.

2 Я кажу: трымайся царскага слова, і гэта дзеля прысягі перад Богам.

3 Не сьпяшайся ўхіляцца аблічча яго і не зацінайся ў слове благім; бо ён усё можа зрабіць, што захоча.

4 Дзе слова цара, там улада, і хто яму скажа: «што ты робіш?».

5 Хто выконвае запаведзь, той не зазнае нічога ліхога. Сэрца мудрага ведае час і ўправу;

6 бо на ўсякую рэч ёсьць свая пара і ўправа; а чалавеку вялікае ліха з таго,

7 бо ня ведае ён, што будзе; і як яно будзе — хто скажа яму?

8 Чалавек ня мае ўлады над духам, каб дух утрымаць, і няма ў яго ўлады над сьмертнай часінай, і няма збавеньня ў гэтым змаганьні, і не ўратуе бязбожнасьць бязбожніка.

9 Усё гэта бачыў я і да сэрца майго браў усякую справу, якая пад сонцам чыніцца. Бывае час, калі чалавек валадарыць над чалавекам на шкоду яму.

10 Бачыў тады я, што хавалі бязбожных, і прыходзілі ў магілу, і адыходзілі далёка ад сьвятога месца, і забывалі ў горадзе іх, што жылі праведна. І гэта — марнасьць!

11 Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату.

12 Хоць сто разоў робіць грэшнік ліхое і зацінаецца ў тым, але ведаю я, што добра будзе богабаязным, якія перад абліччам Ягоным стаяць багавейна;

13 а бязбожнаму добра ня будзе, і як цень, нядоўга стаяцьме той, хто перад Богам не багавейны.

14 Ёсьць на зямлі і такая марнота: праведнага спасьцігае тое, чаго заслугоўваюць дзеі бязбожных, а зь бязбожнымі чыніцца тое, чаго заслугоўваюць дзеі праведнікаў. І сказаў я: і гэта — марнасьць!

15 І ўславіў я радасьць; бо няма лепшага чалавеку пад сонцам, як есьці, піць і радавацца; гэта ідзе зь ім у працы ў дні жыцьця яго, якія даў яму Бог пад сонцам.

16 Калі паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць спазнаць і пабачыць справы, што робяцца на зямлі і сярод якіх чалавек ані ўдзень, ані ўночы спачыну ня мае:

17 тады я і ўбачыў усе дзеі Божыя і зразумеў, што ня можа чалавек спазнаць дзеі пад сонцам. Колькі б ні працаваў чалавек, каб дашукацца, а не зразумее таго; і калі б сказаў які-небудзь мудрэц, што ён ведае, — а ня здолее ён даўмецца да таго.

 

Разьдзел 9

 

1 Усё гэта ў сэрца я ўзяў, каб дазнацца, што праведнікі і грэшнікі і іх учынкі — у Божай руцэ і што чалавек ні любові ні злосьці ня знае ва ўсім, што перад ім.

2 Усяму і ўсім — адно: адна доля праведніку і бязбожнаму, добраму і ліхому, чыстаму і нячыстаму, таму, хто прыносіць ахвяры, і таму, хто ахвяр ня прыносіць; як дабрачыннаму, так і грэшнаму; як таму, хто прысягаецца, так і таму, хто цураецца клятвы.

3 Вось гэта ёсьць ліха ва ўсім, што пад сонцам робіцца, што адна доля ўсім, і сэрца сыноў чалавечых напоўнена злом, і неразумнасьць у сэрцы ў іх, у жыцьці іхнім; а потым яны адыходзяць да мёртвых.

4 Хто сярод жывых, той мае яшчэ надзею, бо і сабаку жывому лепей, чым мёртваму льву.

5 Жывыя ведаюць, што памруць, а мёртвыя нічога ня ведаюць, і ўжо ім аддзякі няма, бо і памяць пра іх адышла ў забыцьцё,

6 і любоў іхняя, і нянавісьць іхняя, і зайздрасьць іхняя ўжо зьніклі, і няма болей учты ім вавекі ні ў чым, што пад сонцам робіцца.

7 Дык вось, ідзі, з радасьцю еж твой хлеб, у радасьці сэрца пі віно тваё, калі будзе на справы твае добрая Божая воля.

8 Хай сьветлай будзе ва ўсякую пору адзежа твая і хай не абсохне алей на тваёй галаве.

9 Радуйся жыцьцю з жонкай тваёю, якую кахаеш, ва ўсе часіны жыцьця твайго марнага, якое даў табе Бог пад сонцам на ўсе дні твайго марнага веку; бо гэта — доля твая ў жыцьці і ў працы тваёй, якую ты робіш пад сонцам.

10 Усё, што можа зрабіць твая рука, па сіле рабі; бо ў магіле, у якую ты ляжаш, няма ні працы, ні разважаньня, ні ведаў, ні мудрасьці.

11 І зноў я пабачыў пад сонцам, што ня ўвішным пасьпяховы бег дастаецца, не адважным — перамога, ня мудрым — хлеб, і не ў разумных — багацьце, і ня ўмельцам — прыхільнасьць, а ад пары й нагоды залежаць яны.

12 Бо чалавек сваёй пары ня знае. Як рыбы ловяцца ў згубную сетку, як птушкі ў сілах заблытваюцца, так сыны чалавечыя за ліхі час хапаюцца, калі ён раптоўна находзіць на іх.

13 Яшчэ вось якую мудрасьць пад сонцам я ўгледзеў, і яна мне здалася важнаю:

14 горад невялікі, і людзей у ім небагата; падступіўся да яго вялікі цар, і атачыў яго шчыльна, і падрыхтаваў супроць яго аблогу;

15 але знайшоўся ў ім мудры бядняк, і ён выратаваў мудрасьцю горад; але ж потым ніхто не згадаў таго бедака.

16 І сказаў я: мудрасьць лепшая за сілу, але мудрасьць бедняка заняхайваецца, і словаў ягоных ня слухаюць.

17 Словы мудрых, спакойныя, выслухоўваюцца лепей, чым крык валадара сярод дурняў.

18 Мудрасьць лепшая за вайсковую зброю; але адзін грэшнік загубіць многа дабра.

 

Разьдзел 10

 

1 Мёртвыя мухі псуюць і смуродзяць пахучую масьць міраварніцы, тое самае робіць малая дурнота шаноўнага чалавека зь яго мудрасьцю й гонарам.

2 Сэрца мудрага — праваруч, а сэрца бязглуздага — леваруч.

3 І па дарозе, калі дурань ідзе, не стае яму глузду, і кожнаму пакажа, што ён дурны.

4 Калі ўспыхне начальніцкі гнеў на цябе, не пакідай свайго месца; бо рахманасьць даводзіць да дараваньня вялікіх правінаў.

5 Ёсьць зло, якое бачыў я пад сонцам, падобнае да памылкі, якая ад валадара паўстала:

6 на вялікіх вышынях, бывае, сядзіць дурнота, а багатыя нізка садзяцца;

7 бачыў я конных рабоў, а князёў, што пеша, нібы рабы, хадзілі.

8 Хто яму капае, той у яе і ўпадзе, і хто разбурае агароджу, таго ўкусіць зьмяя.

9 Хто зносіць каменьне, той можа сябе надсадзіць, і хто коле дровы, той мае пагрозу ад іх.

10 Калі прытупляецца сякера і хтось ляза не навострыць, шмат намогі дадаць давядзецца; перавага плённае дзеі — мудрасьць.

11 Калі гадзіна ўкусіць без заклінаньня, дык ня лепшы за яе і злоязыкі.

12 Слова з вуснаў мудрага — мілата, а вусны дурнога яго ж і нішчаць:

13 пачатак слоў зь яго вуснаў — глупства, а канец яго казані з вуснаў — шаленства.

14 Дурны шмат чаго нагаворыць, хоць ня ведае чалавек, што будзе, і хто скажа яму, што пасьля яго станецца?

15 Праца дурнога стамляе яго, бо ён і ня ведае нават дарогі да горада.

16 Гора табе, зямля, калі цар твой — дзіця і калі ўладыкі твае ядуць рана!

17 Шчасьце табе, зямля, калі цар твой з высокага роду і ўладыкі твае ядуць у назначаны час, каб мацавацца, а не разьядацца!

18 Ад гультайства і столь прасядае; і як апусьцяцца рукі, дык дом пацячэ.

19 Гасьціны спраўляюць для асалоды, і віно зьвесяляе жыцьцё; а за ўсё адказвае срэбра.

20 Нават і ў думках тваіх не ліхаслові цара, і ў спальні тваёй не ліхаслові багатага; бо і птушка нябесная можа словы твае перанесьці, а крылатая — казань тваю пераказаць.

 

Разьдзел 11

 

1 Хлеб свой пускай па вадзе, час міне, і зноў знойдзеш яго.

2 Давай частку на сем і нават на восем, бо ня ведаеш, якая нагода чакае зямлю.

3 Як напоўняцца хмары, яны выльюць дождж на зямлю; і як паваліцца дрэва на поўдзень, на поўнач, так і ляжацьме, як яно ўпала.

4 Хто зважае на вецер, той сеяць ня будзе; і хто паглядае на хмары, ня будзе той жаць.

5 Як ня ведаеш ты дарогі вятроў і таго, як ствараюцца косьці ва ўлоньні ў цяжарнай, так ня можаш ты ведаць і дзеяў Бога, Які робіць усё.

6 Раніцай сей насеньне тваё і ўвечары не давай адпачынку руцэ; бо ня ведаеш ты, ці тое, ці іншае дасьць большы плён альбо тое і іншае будзе аднолькава добра.

7 І сьвятло салодкае, і добра вачам бачыць сонца.

8 Калі чалавек пражывае многа гадоў, хай весяліцца ўвесь час праз гады, і хай памятае пра цёмныя дні, якіх будзе шмат: усё, што будзе, — марнасьць!

9 Весяліся, хлопча, у юнацтве тваім, і хай сэрца тваё вясёлае будзе ва ўсе дні маладосьці тваёй, і хадзі пуцявінамі сэрца твайго і сьветлым бачаньнем вачэй тваіх; толькі ведай, што за ўсё гэта Бог пакліча на суд.

10 І смутак гані ад сэрца твайго, і адпрэчвай благое ад цела твайго, бо маладосьць і маленства — марнасьць!

 

Разьдзел 12

 

1 І памятай Творцу твайго ў дні юнацтва твайго, пакуль ня прыйшлі цяжкія дні і гады не насталі, пра якія ты будзеш казаць: «няма мне ад іх асалоды!»,

2 пакуль не патухлі сонца, і сьвятло, і месяц, і зоркі і не насунуліся новыя хмары пасьля дажджу.

3 У той дзень, калі задрыжаць тыя, што дом ацаляюць, і сагнуцца мужы сілы; і перастануць малоць тыя, што мелюць, бо няшмат ужо іх засталося; і зацьмяцца тыя, якія глядзяць у акно;

4 і замыкацца будуць дзьверы на двор; калі аціхне гул жорнаў, і будзе ўставаць чалавек на пеўнеў крык, і замоўкнуць дочкі пяяньня;

5 і вышыні іх будуць палохаць, і на дарозе жахі; і міндаль зацьвіце, і ў траве зьнярухомее конік, і рассыплецца каперс, — бо адыходзіць чалавек у вечны свой дом, і гатовыя абступіць яго плакальшчыцы на дарозе;

6 пакуль не парваўся срэбраны ланцужок, і не разьбілася залатая чаша, і не разьбіўся збанок ля крыніцы, і не абвалілася кола над студняй.

7 І вернецца тло ў зямлю, чым і было яно; і вернецца дух да Бога, Які даў яго.

8 Наймарнейшая марнасьць, сказаў Эклезіяст, усё — марнасьць!

9 Акрамя таго, што Эклезіяст быў мудры, ён вучыў яшчэ народ ведам. Ён усё выпрабоўваў, дасьледаваў і склаў многа выслоўяў.

10 Стараўся Эклезіяст вышукваць зграбныя выслоўі і словы праўды напісаў слушна.

11 Словы мудрых — што іголкі, як убітыя цьвікі, і складальнікі іх — ад адзінага пастыра.

12 А што звыш усяго гэтага, сыне мой, таго асьцерагайся: складаць многа кніг — канца ім ня будзе, і многа чытаць — стамляецца цела.

13 Выслухаем сутнасьць усяго: бойся Бога і запаведзяў Ягоных трымайся, бо чалавеку ў гэтым — усё.

14 Бо ўсякі ўчынак Бог прывядзе на суд і ўсё таемнае, ці яно добрае, а ці благое.