ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІТА СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛА
Разьдзел 1
1 Павал, раб Божы, і апостал Ісуса Хрыста, па веры выбраных Божых і спазнаньня ісьціны, што вядзе да пабожнасьці,
2 у надзеі на вечнае жыцьцё, якое абяцаў нязьменны ў слове Бог за часу спрадвечнага,
3 а ў Свой час зьявіў Сваё слова ў казані, даверанай мне загадам Збаўцы нашага, Бога, —
4 Ціту, сапраўднаму сыну ў супольнай веры: мілата, міласэрнасьць і мір ад Бога Айца і Госпада Ісуса Хрыста, Збаўцы нашага.
5 На тое я пакінуў цябе ў Крыце, каб ты давяршыў незакончанае і паставіў ва ўсіх гарадах прасьвітэраў, як я табе наказваў:
6 калі хто беспахібны, адзін раз жанаты, дзяцей мае верных, не дакараных за распусту або непакорлівасьць.
7 Бо япіскап мусіць быць беззаганны, як Божы домабудаўнік, ня дзёрзкі, не гняўлівы, ня п’яніца, не звадыяш, не карысьлівец,
8 а гасьцінны да вандроўнікаў, дабралюбны, цнатлівы, справядлівы, пабожны, устрымлівы,
9 павінен трымацца праўдзівага слова, згоднага з вучэньнем, каб ён быў моцны і настаўляў у здаровым вучэньні і супраціўцаў выкрываў.
10 Бо ёсьць шмат і непакорлівых, пустасловаў і ашуканцаў, асабліва з абрэзаных,
11 якім трэба замыкаць вусны: яны разбэшчваюць цэлыя дамы, вучаць, чаго ня сьлед, з ганебнай карысьлівасьці.
12 Зь іх самых адзін, вершатворца, сказаў: «Крыцяне заўсёды хлусы, злыя зьвяры, вантробы ляныя».
13 Сьведчаньне гэта справядлівае. З гэтай прычыны выкрывай іх строга, каб яны былі здаровыя ў веры,
14 ня слухаючы Юдэйскіх баек і пастановаў людзей, якія цураюцца ісьціны.
15 У чыстых усё чыстае: а ў апаганеных і няверных няма нічога чыстага, а спаганены і розум іхні ды сумленьне.
16 Яны кажуць, што ведаюць Бога; а справамі выракаюцца, бо гнюсныя, непакорлівыя і няздольныя ні на якія добрыя ўчынкі.
Разьдзел 2
1 А ты кажы тое, што сугалосна са здаровым вучэньнем:
2 каб старцы былі пільныя, спаважныя, цнатлівыя, здаровыя ў веры, у любові, у цярплівасьці;
3 каб стѓрыцы таксама апраналіся, як прыстойна сьвятым, ня былі паклёпніцы, не аддаваліся п’янству, вучылі дабру,
4 каб настаўлялі на розум маладых кахаць мужоў, любіць дзяцей,
5 быць цнатлівымі, чыстымі, гаспадарлівымі ў доме, добрымі, пакорлівымі мужам, каб не зьневажалася слова Божае.
6 Хлопцаў таксама ўмаўляй быць цнатлівымі.
7 Ва ўсім паказвай у сабе ўзор добрых учынкаў, у настаўніцтве чысьціню, разважлівасьць, непарушнасьць,
8 слова здаровае, бездакорлівае, каб супрацівец быў пасаромлены, ня маючы нічога сказаць пра нас кепскага.
9 Рабоў умаўляй скарацца сваім гаспадарам, дагаджаць ім ва ўсім, не супярэчыць,
10 ня красьці, а выяўляць усю добрую вернасьць, каб мы ва ўсім былі акрасаю вучэньня Збаўцы нашага Бога.
11 Бо зьявілася мілата Божая, ратавальная ўсім людзям,
12 якая вучыць нас, каб мы, адкінуўшы бязбожнасьць і зямныя пахацінствы, цнатліва, праведна і пабожна жылі ў гэтым веку,
13 чакаючы дабрашчаснага спадзяваньня і прышэсьця славы вялікага Бога і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста,
14 Які аддаў Сябе за нас, каб выбавіць нас з усякай беззаконнасьці і ачысьціць Сабе народ адмысловы, шчыра адданы добрым учынкам.
15 Гэта кажы, умаўляй і выкрывай з усёю ўладаю, каб ніхто не пагарджаў табою.
Разьдзел 3
1 Нагадвай ім скарацца і ўпакорвацца начальству і ўладам, быць гатовымі на ўсякія добрыя дзеі,
2 нікога ня бэсьціць, быць не сварлівымі, а ціхмянымі, і паказваць поўную лагоду да ўсіх людзей.
3 Бо і мы былі колісь нмысьлі, нслухі, заблуды, былі рабы юру і розных асалодаў, жылі ў злосьці і зайздрасьці, былі гнюсныя, ненавідзелі адно аднаго.
4 Калі ж зьявілася мілата і чалавекалюбства Збаўцы нашага, Бога,
5 Ён выбавіў нас не за дзеі праведнасьці, якія б мы ўчынілі, а з Свайго мілажалю, праз купель адраджэньня і абнаўленьня Сьвятым Духам,
6 Якога выліў на нас шчодра празь Ісуса Хрыста, Збаўцу нашага,
7 каб, апраўдаўшыся Ягонай мілатою, мы згодна са спадзяваньнем зрабіліся спадкаемцамі жыцьця вечнага.
8 Слова гэта слушнае; і я жадаю, каб ты пацьвярджаў яго, каб тыя, што ўверавалі ў Бога, стараліся быць дбайнымі ў добрых учынках: гэта добра і карысна людзям.
9 А дурных перагаворстваў і радаслоўных звадаў, і спрэчак і калатні вакол закона пазьбягай, бо яны бескарысныя і марныя.
10 Ад ератыка, пасьля першага і другога настаўленьня на розум, цурайся,
11 ведаючы, што ён разбэсьціўся і грэшыць, і асуджаны сам сабою.
12 Калі прышлю да цябе Артэму або Тыхіка, пасьпяшайся прыйсьці да мяне ў Нікаполь; бо я пастанавіў там зазімаваць.
13 Зіну-законьніка і Апалоса паклапаціся выправіць так, каб у іх ні ў чым ня было нястачы.
14 Хай і нашыя вучацца практыкавацца ў добрых учынках, у задавольваньні неабходных патрэбаў, каб ня былі бясплодныя.
15 Вітаюць цябе ўсе, хто са мною. Вітай тых, хто любіць нас у веры. Мілата з усімі вамі. Амін.