Беларуская Біблія

ДРУГОЕ ПАСЛАНЬНЕ ДА ЦІМАФЕЯ СЬВЯТОГА АПОСТАЛА ПАЎЛА

Разьдзел 1

 

1 Павал, з волі Божае апостал Ісуса Хрыста, па абяцаньні жыцьця ў Хрысьце Ісусе,

2 Цімафею, любаснаму сыну: мілата, міласэрнасьць, мір ад Бога Айца і Хрыста Ісуса, Госпада нашага.

3 Дзякую Богу, Якому служу ад продкаў у чыстым сумленьні, што не перастаю ўспамінаць пра цябе ў малітвах маіх, удзень і ўначы,

4 і хачу бачыць цябе, памятаючы сьлёзы твае, каб мне напоўніцца радасьцю,

5 трымаючы ў памяці шчырую веру тваю, якая раней жыла ў бабулі тваёй Лаідзе і ў маці тваёй Яўніцы; упэўнены, што яна і ў табе.

6 З гэтай прычыны нагадваю табе падаграваць дар Божы, які ў табе праз ускладаньне маіх рук;

7 бо даў нам Бог Духа ня боязі, а сілы і любові і цноты.

8 Дык не саромейся сьведчаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста, ні мяне, вязьня Ягонага; а пакутуй з Дабравесьцем (Хрыстовым) сілаю Бога,

9 Які выратаваў нас і паклікаў званьнем сьвятым, не за дзеі нашыя, а паводле Свайго волевыяўленьня і мілаты, дадзенай нам у Хрысьце Ісусе раней адвечных часоў,

10 якая адкрылася цяпер зьяўленьнем Збаўцы нашага Ісуса Хрыста, Які разбурыў сьмерць і явіў жыцьцё нятленнае праз Дабравесьце,

11 прапаведаваць якое я пастаўлены і апосталам і настаўнікам язычнікаў.

12 З гэтай прычыны я і пакутую так; але не саромеюся. Бо я ведаю, у Каго ўвераваў, і ўпэўнены, што Ён мае сілу захаваць заруку маю на той дзень.

13 Трымайся ўзору здаровага вучэньня, якое ты чуў ад мяне, зь вераю і любоўю ў Хрысьце Ісусе.

14 Захоўвай добрую заруку Духам Сьвятым, Які жыве ў нас.

15 Ты ведаеш, што ўсе Асійцы пакінулі мяне; сярод іх і Фігел і Ермаген.

16 Няхай дасьць Гасподзь міласьць дому Анісіфора за тое, што ён колькі разоў прымаў мяне і не саромеўся кайданоў маіх,

17 а, як быў у Рыме, зь вялікім стараньнем шукаў мяне і знайшоў.

18 Няхай дасьць яму Гасподзь здабыць міласьць у Госпада ў той дзень; а колькі ён служыў (мне) ў Эфэсе, ты лепей ведаеш.

 

Разьдзел 2

 

1 Дык мацуйся, сыне мой, у мілаце Хрыстом Ісусам.

2 І што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое накажы верным людзям, якія былі б здольныя іншых вучыць.

3 Дык цярпі пакуты, як добры воін Ісуса Хрыста.

4 Ніякі воін ня зьвязвае сябе справамі буднымі, каб дагадзіць ваеначальніку.

5 Калі ж хто і змагаецца, вянка не здабудзе, калі будзе змагацца не паводле правіла.

6 Працоўны ратай першы павінен скаштаваць пладоў.

7 Разумей, што я кажу. Хай дасьць табе Гасподзь разуменьне ва ўсім.

8 Памятай (Госпада) Ісуса Хрыста ад семені Давідавага, Які ўваскрэс зь мёртвых, паводле зьвеставаньня майго.

9 за якое я пакутую аж да кайданаў, як злодзей; але на слова Божае няма кайданаў.

10 Таму я ўсё цярплю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збавеньне ў Ісусе Хрысьце зь вечнаю славаю.

11 Слушнае слова: калі мы зь Ім памерлі, дык зь Ім і ажывём;

12 калі церпім, дык зь Ім уладарыць будзем; калі зрачэмся, і Ён зрачэцца нас;

13 калі мы няверныя, Ён застаецца верны, бо Сябе зрачыся ня можа.

14 Гэта нагадвай, заклінаючы перад Госпадам ня ўступаць у спрэчкі, што зусім ня служыць на карысьць, а на разлад слухачам.

15 Старайся паставіць сябе прад Богам годным, працаўніком бездакорным, які правільна выкладае слова праўды.

16 А непатрэбнага пустаслоўя пазьбягай; бо яны яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасьць,

17 і слова іхняе, як пухліна, будзе пашырацца. Такія Іменей і Філіт,

18 якія адступіліся ад ісьціны, кажучы, што ўваскрэсеньне ўжо было, і разбураюць у некаторых веру.

19 Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы пячатку гэтую: «ведае Гасподзь Сваіх»; і: «хай адступіць ад няпраўды кожны, хто вызнае імя Госпада».

20 А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўняны і гліняны; і адзін у ганаровым, а другі ў нізкім ужытку.

21 Дык вось, хто будзе чысты ад гэтага, той будзе пасудзінай у гонары, асьвечанай і карыснай Уладыку, прыдатнай на ўсякую добрую патрэбу.

22 Юнацкіх пажадлівасьцяў пазьбягай, а трымайся праўды, веры, любові, згоды з усімі, хто заклікае Госпада ад чыстага сэрца.

23 Ад дурных і невуцкіх спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджаюць незлагадзь;

24 а рабу Госпада нельга сварыцца, а трэба быць прыязным да ўсіх, навучальным, нязлосным,

25 здольным лагодна настаўляць праціўнікаў, — можа, дасьць ім Бог пакаяньне для спазнаньня праўды,

26 каб яны вызваліліся зь цянётаў д’ябла, які залучыў іх у сваю волю.

 

Разьдзел 3

 

1 Ведай жа, што ў апошнія дні настануць часіны цяжкія.

2 Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, ганарыстыя, пыхлівыя, злоязыкія, бацькам непаслухмяныя, няўдзячныя, бязбожныя, няпрыязныя,

3 непамяркоўныя, паклёпнікі, нястрымлівыя, жорсткія, зьнялюбныя да дабра,

4 здраднікі, нахабы, пыхліўцы, прыхільныя больш да раскошы, чым да Бога,

5 з выгляду богабаязныя, а да сілы Божай варожыя. Пазьбягай такіх.

6 Да гэтакіх належаць тыя, якія лісьліва віжуюцца ў дамы і ачмураюць жанчын, што купаюцца ў грахах і ў юрлівасьці песьцяцца,

7 заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да спазнаньня ісьціны.

8 Як Яній і Ямврый супрацівіліся Майсею, так і гэтыя супрацівяцца ісьціне, людзі са зьвіхнёным розумам, невукі ў веры.

9 Але яны няшмат пасьпеюць; бо іхняе безгалоўе выявіцца перад усімі, як і з тамтымі сталася.

10 А ты пайшоў сьледам за мною ў вучэньні, жыцьці, станоўчасьці, веры, велікадушнасьці, любові, цяпрлівасьці.

11 у ганеньнях, цярпеньнях, якія выпалі мне ў Антыахіі, Іканіі, Лістрах; такія ганеньні я перанёс, і ад усіх выбавіў мяне Гасподзь.

12 Ды і ўсе, хто хоча жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, будуць прасьледавацца;

13 а ліхія людзі і ашуканцы будуць раскашаваць у зьле, зводзячы ў аблуды і ўпадаючы ў аблуды.

14 А ты трымайся таго, чаго навучаны, і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны;

15 пры гэтым ты змалку ведаеш сьвятыя Пісаньні, якія могуць умудрыць цябе ў збавеньне вераю ў Хрыста Ісуса.

16 Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,

17 каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны.

 

Разьдзел 4

 

1 Дык, заклінаю цябе перад Богам і Госпадам (нашым) Ісусам Хрыстом, Які будзе судзіць жывых і мёртвых у прышэсьце Ягонае і Царстве Ягоным:

2 прапаведуй слова, настаўляй у час і ня ў час, выкрывай, забараняй, умаўляй доўга з поўнай цярплівасьцю і настаўленьнем.

3 Бо будзе час, калі здаровага вучэньня прымаць ня будуць, а паводле сваіх прыхамацяў будуць выбіраць сабе настаўнікаў, лісьлівых слыху;

4 і ад ісьціны адвернуць вушы і прыгорнуцца да баек.

5 Але ты будзь пільны ва ўсім, цярпі скрушнасьць, выконвай справу дабравесьніка, выконвай служэньне тваё.

6 Бо я ўжо раблюся ахвяраю, і час майго ўшэсьця настаў.

7 Подзьвігам добрым я змагаўся, шлях закончыў, веру захаваў;

8 а цяпер рыхтуецца мне вянок праўды, які дасьць мне Гасподзь, справядлівы Судзьдзя, у дзень той; і ня толькі мне, але і ўсім, што палюбілі прышэсьце Яго.

9 Пастарайся прыйсьці да мяне неўзабаве.

10 Бо Дымас пакінуў мяне, палюбіўшы цяперашняе жыцьцё, і пайшоў у Фесалоніку, Крыскент у Галятыю, Ціт у Далмацыю; адзін Лукаш са мною.

11 Марка вазьмі і прывядзі з сабою, бо ён мне патрэбен на служэньне.

12 Тыхіка я паслаў у Эфэс.

13 Як пойдзеш, прынясі плашч, які я пакінуў у Траадзе ў Карпа, і кнігі, асабліва пергамэнтныя.

14 Аляксандр-меднік шмат учыніў мне ліха. Няхай яму Бог аддасьць паводле ўчынкаў ягоных!

15 Асьцерагайся яго і ты, бо ён надта ж супрацівіўся нашым словам.

16 Пры першай маёй абароне нікога ня было са мною, а ўсе мяне пакінулі. Хай не залічыцца ім!

17 А Гасподзь зьявіўся мне і ўмацаваў мяне, каб празь мяне сьцьвердзілася Дабравесьце, і пачулі ўсе язычнікі; і я пазьбег ільвінай пашчы.

18 І выратуе мяне Гасподзь ад усякіх ліхіх дзеяў і захавае для Свайго Нябеснага Царства. Яму слава на векі вякоў. Амін.

19 Вітай Прыскілу і Акілу і дом Анісіфораў.

20 Эраст застаўся ў Карынфе; а Трахіма я пакінуў хворага ў Міліце.

21 Пастарайся прыйсьці да зімы. Вітаюць цябе Эвул і Пуд, і Лін і Клаўдзія, і ўсе браты.

22 Гасподзь Ісус Хрыстос з духам тваім. Мілата з вамі. Амін.