Беларуская Біблія

ЧАЦЬВЁРТАЯ КНІГА ЦАРСТВАЎ

Разьдзел 1

 

1 І адасобіўся Мааў ад Ізраіля пасьля сьмерці Ахава.

2 А Ахозія ўпаў праз краты са сьвяцёлкі сваёй, што ў Самарыі, і занямог. І паслаў паслоў і сказаў ім: ідзеце, спытайцеся ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага: ці выздаравею я ад гэтай хваробы?

3 Тады анёл Гасподні сказаў Ільлю Фэсьвіцяніну: устань, ідзі насустрач пасланым ад цара Самарыйскага і скажы ім: хіба няма Бога ў Ізраілі, што вы ідзяце пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага?

4 За гэта так кажа Гасподзь: з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш. І пайшоў Ільля.

5 І вярнуліся да Ахозіі пасланцы. І ён сказаў ім: што гэта вы вярнуліся?

6 І сказалі яму: насустрач нам выйшаў чалавек і сказаў нам: ідзеце, вярнецеся да цара, які паслаў вас, і скажэце яму: так кажа Гасподзь: хіба няма Бога ў Ізраілі, што ты пасылаеш пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага? За тое з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш.

7 І сказаў ім: які з выгляду той чалавек, які выйшаў напярэймы вам і казаў вам словы гэтыя?

8 Яны сказалі яму: чалавек той увесь у валасах і скураным поясам аперазаны па сьцёгнах сваіх. І сказаў ён: гэта Ільля Фэсьвіцянін.

9 І паслаў да яго пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І ён узышоў да яго, калі Ільля сядзеў наверсе гары, і сказаў яму: чалавек Божы? цар кажа: сыдзі.

10 І адказваў Ільля і сказаў пяцідзясятніку: калі я чалавек Божы, дык хай сыдзе агонь зь неба і папаліць цябе і твой пяцідзясятак. І сышоў агонь зь неба і папаліў яго і пяцідзясятак ягоны.

11 І паслаў да яго цар другога пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І ён пачаў гаварыць яму: чалавек Божы! так сказаў цар: сыдзі хутчэй.

12 І адказваў Ільля і сказаў яму: калі я чалавек Божы, дык хай сыдзе агонь зь неба і папаліць цябе і твой пяцідзясятак. І сышоў агонь Божы зь неба і папаліў яго і пяцідзясятак ягоны.

13 І яшчэ паслаў трэцім разам пяцідзясятніка зь ягоным пяцідзясяткам. І падняўся, і прыйшоў пяцідзясятнік трэці, і ўпаў на калені свае перад Ільлём, і ўмольваў яго і казаў яму: чалавек Божы! хай ня будзе пагарджана душа мая і душа рабоў тваіх — гэтых пяцідзесяці — перад вачыма тваімі;

14 вось, сышоў агонь зь неба і папаліў двух пяцідзясятнікаў ранейшых зь іхнімі пяцідзясяткамі; але цяпер хай ня будзе пагарджана душа мая перад вачыма тваімі!

15 І сказаў анёл Гасподні Ільлю; ідзі зь ім, ня бойся яго. І ён устаў і пайшоў зь ім да цара.

16 І сказаў яму: так кажа Гасподзь: за тое, што ты пасылаў пасланцаў пытацца ў Вэльзэвула, божышча Акаронскага, быццам у Ізраіле няма Бога, каб папытацца пра слова Ягонае, — з пасьцелі, на якую ты лёг, ня сыдзеш зь яе, а памрэш.

17 І памёр ён па слове Гасподнім, якое сказаў Ільля. І зацараваў Ёрам, брат Ахозіі, замест яго, у другі год Ёрама, сына Ёсафатавага, цара Юдэйскага, бо сына ў таго ня было.

18 Астатняе пра Ахозію, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

 

Разьдзел 2

 

1 У той час, як Гасподзь захацеў узьнесьці Ільлю ў віхуры на неба, ішоў Ільля зь Елісеем з Галгала.

2 І сказаў Ільля Елісею: застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне ў Вэтыль. Але Елісей сказаў: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І пайшлі яны ў Вэтыль.

3 І выйшлі сыны прарокаў, якія ў Вэтылі, да Елісея і сказалі яму: ці ведаеш, што сёньня Гасподзь узьнясе гаспадара твайго над галавою тваёю? Ён сказаў: я таксама ведаю, маўчэце.

4 І сказаў яму Ільля: Елісей, застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне ў Ерыхон. І сказаў ён: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І прыйшлі ў Ерыхон.

5 І падышлі сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, да Елісея і сказалі яму: ці ведаеш, што сёньня Гасподзь бярэ гаспадара твайго і ўзьнясе над галавою тваёю? Ён сказаў: я таксама ведаю, маўчэце.

6 І сказаў яму Ільля: застанься тут, бо Гасподзь пасылае мяне да Ярдана. І сказаў ён: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не пакіну цябе. І пайшлі абодва.

7 Пяцьдзясят чалавек з сыноў прарокавых пайшлі і сталі здалёк супроць іх, і яны абодва стаялі каля Ярдана.

8 І ўзяў Ільля аўчыну сваю, і згарнуў, і ўдарыў ёю па вадзе, і расступілася яна туды і сюды, і перайшлі абодва па сухім.

9 Калі яны перайшлі, Ільля сказаў Елісею: прасі, што зрабіць табе, перш чым я буду ўзяты ад цябе. І сказаў Елісей: дух, які ў табе, хай будзе на мне ўдвая.

10 І сказаў ён: цяжкага ты просіш; калі ўбачыш, як я буду ўзяты ад цябе, дык будзе табе так, а калі ня ўбачыш, ня будзе.

11 Калі яны ішлі і па дарозе гутарылі, раптам зьявілася калясьніца вогненная і коні вогненныя, і разлучылі іх абодвух, і панёсься Ільля ў віхуры на неба.

12 А Елісей глядзеў і ўсклікнуў: бацька мой, бацька мой, калясьніца Ізраіля і коньніца ягоная! І ня бачыў яго болей. І схапіў ён вопратку сваю і падраў яе на дзьве часткі.

13 І падняў аўчыну Ільлі, якая ўпала зь яго, і пайшоў назад, і стаў на беразе Ярдана;

14 і ўзяў аўчыну Ільлі, якая ўпала зь яго, і ўдарыў ёю па вадзе і сказаў: дзе Гасподзь, Бог Ільлі, — Ён Самы? І ўдарыў па вадзе, і яна расступілася туды і сюды, і перайшоў Елісей.

15 І ўбачылі яго сыны прарокаў, якія ў Ерыхоне, здалёк і сказалі: спачыў дух Ільлі на Елісеі. І пайшлі напярэймы яму, і пакланіліся яму да зямлі,

16 і сказалі яму: вось, ёсьць у нас, рабоў тваіх, чалавек пяцьдзясят — людзі дужыя; хай бы яны пайшлі і пашукалі гаспадара твайго; можа, панёс яго Дух Гасподні і скінуў яго на адной з гор, альбо на адной з далін. А ён сказаў: не пасылайце.

17 Але яны падступаліся да яго доўга, так што абрыдлі яму, і ён сказаў: пашлеце. І паслалі пяцьдзясят чалавек, і шукалі тры дні, і не знайшлі яго,

18 і вярнуліся да яго, тым часам як ён заставаўся ў Ерыхоне, і сказаў ім: ці ж не казаў я вам: не хадзеце?

19 І сказалі жыхары таго горада Елісею: вось, стан гэтага горада добры, як бачыць гаспадар мой; але вада нядобрая і зямля неўрадлівая.

20 І сказаў ён: дайце мне новую чару і пакладзеце туды солі. І далі яму.

21 І выйшаў ён да вытоку вады, і кінуў туды солі, і сказаў: так кажа Гасподзь: Я зрабіў ваду гэтую здароваю, ня будзе ад яе наперад ні сьмерці, ні неўрадлівасьці.

22 І вада зрабілася здароваю да сёньня, паводле слова Елісея, якое ён сказаў.

23 І пайшоў ён адтуль у Вэтыль. Калі ён ішоў дарогаю, малыя дзеці выйшлі з горада і сьмяяліся зь яго і казалі яму: ідзі, пляшывы, ідзі, пляшывы.

24 Ён азірнуўся і ўбачыў іх і пракляў іх імем Гасподнім. І выйшлі дзьве мядзьведзіхі зь лесу і разадралі зь іх сорак два дзіцяці.

25 Адсюль пайшоў ён на гару Карміл, а адтуль вярнуўся ў Самарыю.

 

Разьдзел 3

 

1 Ёрам, сын Ахава, зацараваў над Ізраілем у Самарыі ў васямнаццатым годзе Ёсафата, цара Юдэйскага, і цараваў дванаццаць гадоў,

2 і рабіў неспадобнае ў вачах Гасподніх, хоць ня так, як бацька ягоны і маці ягоная: ён зьняў статую Ваала, якую зрабіў бацька ягоны,

3 аднак жа грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў у грэх Ізраіля, ён трымаўся, не адставаў ад іх.

4 Меса, цар Маавіцкі, быў багаты на быдла і прысылаў цару Ізраільскаму па сто тысяч авечак і па сто тысяч нястрыжаных бараноў.

5 Але калі памёр Ахаў, цар Маавіцкі адасобіўся ад цара Ізраільскага.

6 І выступіў цар Ёрам у той час з Самарыі і зрабіў агляд усім Ізраільцянам,

7 і пайшоў і паслаў да Ёсафата, цара Юдэйскага, сказаць: цар Маавіцкі адасобіўся ад мяне, ці пойдзеш са мною на вайну супроць Маава? Ён сказаў: пайду; як ты, так і я, як твой народ, так і мой народ, як твае коні, так і мае коні.

8 І сказаў: якою дарогаю ісьці нам? Ён сказаў: дарогаю пустыні Эдомскай.

9 І пайшоў цар Ізраільскі і цар Юдэйскі і цар Эдомскі, і ішлі яны абыходам сем дзён, і ня было вады войску і быдлу, якое шло за імі.

10 І сказаў цар Ізраільскі: ах! склікаў Гасподзь трох цароў гэтых, каб аддаць іх у руку Маава.

11 І сказаў Ёсафат: ці няма тут прарока Гасподняга, каб нам папытацца ў Госпада празь яго? І адказваў адзін з слуг цара Ізраільскага і сказаў: тут Елісей, сын Сафатаў, які падаваў ваду на рукі Ільлю.

12 І сказаў Ёсафат: ці ёсьць у яго слова Гасподняе. І пайшлі да яго цары Ізраільскі Ёсафат і цар Эдомскі.

13 І сказаў Елісей цару Ізраільскаму: што мне і табе? ідзі да прарокаў бацькі твайго і да прарокаў маці тваёй. І сказаў яму цар Ізраільскі: не, бо Гасподзь склікаў сюды трох цароў гэтых, каб аддаць іх у руку Маава.

14 І сказаў Елісей: жывы Гасподзь Саваоф, прад Якім я стаю! калі б я не шанаваў Ёсафата, цара Юдэйскага, дык ня зірнуў бы на цябе і ня бачыў бы цябе;

15 цяпер паклічце мне гусьляра. І калі гусьляр іграў на гусьлях, тады рука Гасподняя дакранулася да Елісея,

16 і ён сказаў: так кажа Гасподзь: рабі ў гэтай даліне равы за равамі,

17 бо так кажа Гасподзь: ня ўбачыце ветру і ня ўбачыце дажджу, а даліна гэтая напоўніцца вадою, якую будзеце піць вы і дробнае і буйное быдла ваша;

18 але гэтага мала прад вачыма Госпада: Ён і Маава аддасьць у рукі вашыя,

19 і вы пабэяце ўсе гарады ўмацаваныя і ўсе гарады галоўныя, і ўсе лепшыя дрэвы сьсечаце, і ўсе вытокі водныя запрудзіце, і ўсе лепшыя дзялянкі польныя сапсуяце каменьнем.

20 Раніцай, калі ўзносяць хлебнае прынашэньне, раптам палілася вада па шляху ад Эдома, і напоўнілася зямля вадою.

21 Калі Маавіцяне пачулі, што ідуць цары ваяваць зь імі, тады сабраны былі ўсе, пачынаючы з таго, хто насіў пояс, і старэй, і сталі на мяжы.

22 Раніцай усталі яны завідна, і калі сонца зазьзяла над вадою, Маавіцянам здалёк здалася гэтая вада чырвонаю, як кроў.

23 І сказалі яны: гэта кроў; схапіліся цары паміж сабою і зьнішчылі адзін аднаго; цяпер на здабычу, Мааў!

24 І прыйшлі яны да табара Ізраільскага. І ўсталі Ізраільцяне і пачалі біць Маавіцянаў, і тыя пабеглі ад іх, а яны ўсё ішлі на іх і біць Маавіцянаў.

25 І гарады разбурылі, і на кожную лепшую дзялянку ў полі кінулі кожны па камені і закідалі яго, і ўсе вытокі водаў запрудзілі і ўсе дрэвы лепшыя сьсеклі, так што заставалася толькі каменьне ў Кір-Харэшаце. І абступілі яго таранчыкі і разбурылі яго.

26 І ўбачыў цар Маавіцкі, што бітва адольвае яго, і ўзяў з сабою сямсот чалавек, якія валодалі мечам, каб прабіцца да цара Эдомскага; але не маглі.

27 І ўзяў ён сына свайго першынца, якому належала цараваць замест яго, і прынёс яго на цэласпаленьне на сьцяне. Гэта выклікала вялікае абурэньне ў Ізраільцянаў, і яны адступіліся ад яго і вярнуліся ў сваю зямлю.

 

Разьдзел 4

 

1 Адна жонка сыноў прарокавых зь лямантам казала Елісею: раб твой, мой муж памёр; а ты ведаеш, што раб твой баяўся Госпада; цяпер прыйшоў пазыковец забраць абодвух дзяцей маіх у рабы сабе.

2 І сказаў ёй Елісей: што мне зрабіць табе? скажы мне, што ёсьць у цябе ў доме? Яна сказала: няма ў рабы тваёй нічога ў доме, акрамя посуду з алеем.

3 І сказаў ён: ідзі, папрасі сабе посуду на старане, ва ўсіх суседзяў тваіх, посуду парожняга; набяры многа,

4 і ідзі, замкні дзьверы за сабою і за сынамі тваімі, і налівай ва ўвесь гэты посуд; поўны адстаўляй.

5 І пайшла ад яго і замкнула дзьверы за сабою і за сынамі сваімі. Яны падавалі ёй, а яна налівала.

6 Калі посуд быў напоўнены, яна сказала сыну свайму: падай мне яшчэ пасудзіну. Ён сказаў: больш няма посуду. І спыніўся алей.

7 І прыйшла яна і пераказала чалавеку Божаму. Ён сказаў: ідзі, прадай алей і сплаці пазыку тваю; а што застанецца, тым будзеш жыць з сынамі тваімі.

8 Аднаго разу прыйшоў Елісей у Сонам. Там адна багатая жанчына запрасіла яго да сябе есьці хлеб, і калі б ён ні прыходзіў, заходзіў туды есьці хлеб.

9 І сказала яна мужу свайму: вось, я ведаю, што чалавек Божы, які пастаянна праходзіць міма нас, сьвяты;

10 зробім невялікую сьвяцёлку над сьцяною і паставім яму там пасьцель і стол, і сядзеньне і сьвяцільню, і калі ён будзе прыходзіць да нас, хай заходзіць туды.

11 Аднаго дня ён прыйшоў туды, і зайшоў у сьвяцёлку, і лёг там,

12 і сказаў Гіезію, слузе свайму: пакліч гэту Санаміцянку. І паклікаў яе, і яна стала перад ім.

13 І сказаў яму: скажы ёй: вось, ты так клапоцішся за нас: што б зрабіць табе? ці ня трэба табе пагаварыць з царом, альбо з ваеначальнікам? Яна сказала: не, сярод свайго народу я жыву.

14 І сказаў ён: што б зрабіць ёй? І сказаў Гіезій: ды вось, сына няма ў яе, а муж яе стары.

15 І сказаў ён: пакліч яе. Ён паклікаў яе, і стала яна ў дзьвярах.

16 І сказаў ён: праз год, у гэты самы час ты будзеш трымаць на руках сына. І сказала яна: не, спадару мой, чалавеча Божы, не падманвай рабы тваёй.

17 І жанчына стала цяжарная і нарадзіла сына на другі год, у той самы час, як сказаў ёй Елісей.

18 І падрасло дзіця і аднаго дня пайшло да бацькі свайго, да жняцоў.

19 І сказала бацьку свайму: галава мая! Галава мне баліць. І сказаў той слузе свайму: занясі гэта маці ягонай.

20 І панёс яго і прынёс яго маці ягонай. І яно сядзела на каленях у яе да полудня і памерла.

21 І пайшла яна, і паклала яго на пасьцелі чалавека Божага, і замкнула яго, і выйшла,

22 і паклікала мужа свайго і сказала: прышлі мне аднаго слугу і адну асьліцу, я паеду да чалавека Божага і вярнуся.

23 Ён сказаў: навошта табе ехаць да яго? сёньня не навамесячны час і ня субота. Але яна сказала: добра.

24 І асядлала яна асьліцу і сказала слузе свайму: вядзі і йдзі; ня спыняйся, пакуль не скажу табе.

25 І выправілася і прыбыла да чалавека Божага, да гары Карміл. І калі ўбачыў чалавек Божы яе здалёк, дык сказаў слузе свайму Гіезію: гэта тая Санаміцянка;

26 бяжы ёй насустрач і скажы ёй: ці здаровая ты? ці здаровы твой муж? ці здаровае дзіця? — Яна сказала: здаровыя.

27 А калі прыйшла да чалавека Божага на гару, ухапілася за ногі ягоныя. І падышоў Гіезій, каб адвесьці яе; але чалавек Божы сказаў: пакінь яе, душа ў яе засмучаная, а Гасподзь утоіў ад мяне і не абвясьціў мне.

28 І сказала яна: ці прасіла я сына ў гаспадара майго? ці ж не казала я: не падманвай мяне?

29 І сказаў ён Гіезію: аперажы сьцёгны твае і вазьмі жазло маё ў руку тваю і йдзі; калі сустрэнеш каго, ня вітай яго, і калі хто будзе цябе вітаць, не адказвай яму; і пакладзі кій мой на твар дзіцяці.

30 І сказала маці дзіцяціна: жывы Гасподзь і жывая душа твая! не адстану ад цябе. І ён устаў і пайшоў зь ёю.

31 Гіезій пайшоў паперадзе іх і паклаў жазло на твар дзіцяці. Але ня было ні голасу, ні адказу. І выйшаў насустрач яму, і данёс яму, і сказаў: ня будзіцца дзіця.

32 І ўвайшоў Елісей у дом, і вось, дзіця памерлае ляжыць на пасьцелі ягонай.

33 І ўвайшоў, і замкнуў дзьверы за сабою, і памаліўся Госпаду;

34 і падняўся і лёг над дзіцём, і прыклаў свае вусны да яго вуснаў, і свае вочы да яго вачэй, і свае далоні да яго далоняў, і прасьцёрся на ім, і сагрэлася цела дзіцяці.

35 І ўстаў і прайшоў па сьвяцёлцы ўзад і ўперад; потым зноў падняўся і прасьцёрся на ім. І чыхнула дзіця разоў сем, і расплюшчыла дзіця вочы свае.

36 І паклікаў ён Гіезія і сказаў: пакліч гэтую Санаміцянку. І той паклікаў яе. Яна прыйшла да яго, і ён сказаў: вазьмі сына твайго.

37 І падышла, і ўпала яму ў ногі, і пакланілася да зямлі; і ўзяла сына свайго і пайшла.

38 А Елісей вярнуўся ў Галгал. І быў голад у зямлі той, і сыны прарокаў сядзелі перад ім. І сказаў ён слузе свайму: пастаў вялікі кацёл і згатуй поліўку сынам прарокавым.

39 І выйшаў адзін зь іх у поле зьбіраць гародніну, і знайшоў дзікую павойную расьліну, і набраў зь яе дзікіх пладоў поўную вопратку сваю; і прыйшоў і накрышыў іх у кацёл з поліўкаю, бо яны ня ведалі іх.

40 І налілі ім есьці. Але як толькі пачалі яны есьці поліўку, дык нарабілі крыку і сказалі: сьмерць у катле, чалавеча Божы! І не маглі есьці.

41 І сказаў ён: падайце мукі. І ўсыпаў яе ў кацёл і сказаў Гіезію: налівай людзям, хай ядуць. І ня стала нічога шкоднага ў катле.

42 Прыйшоў нехта з Ваалшалішы і прынёс чалавеку Божаму хлебны пачатак — дваццаць ячных хлебцаў і сырыя неабшалушаныя зярняты. І сказаў Елісей: аддай людзям, хай ядуць.

43 І сказаў слуга ягоны: што тут я дам ста чалавекам? І сказаў ён: аддай людзям, хай ядуць, бо так кажа Гасподзь: насыцяцца, і застанецца.

44 Ён падаў ім, і яны насыціліся, і яшчэ засталося, па слове Гасподнім.

 

Разьдзел 5

 

1 Нэеман, ваеначальнік цара Сірыйскага, быў вялікі чалавек у гаспадара свайго і паважаны, бо празь яго даў Гасподзь перамогу Сірыйцам; і чалавек гэты быў выдатны воін, але пракажоны.

2 Сірыйцы аднойчы пайшлі атрадамі і ўзялі ў палон зь зямлі Ізраільскай маленькую дзяўчынку, і яна слугавала жонцы Нэеманавай.

3 І сказала яна гаспадыні сваёй: о, калі б гаспадар мой пабываў у прарока, які ў Самарыі, дык ён зьняў бы зь яго праказу ягоную!

4 І пайшоў Нэеман і перадаў гэта гаспадару свайму, кажучы: так і так кажа дзяўчынка, якая зь зямлі Ізраільскай.

5 І сказаў цар Сірыйскі Нэеману: ідзі, схадзі, а я пашлю ліст да цара Ізраільскага. Ён пайшоў і ўзяў з сабою дзесяць талантаў срэбра і шэсьць тысяч сікляў золата і дзесяць перамен вопраткі;

6 і прынёс ліст цару Ізраільскаму, у якім было сказана: разам зь лістом гэтым, вось я пасылаю да цябе Нэемана, слугу майго, каб ты зьняў зь яго праказу ягоную.

7 Цар Ізраільскі, прачытаўшы ліст, падраў вопратку на сабе і сказаў: хіба Я Бог, каб усьмерчваць і ажыўляць, што ён пасылае да мяне, каб я зьняў з чалавека праказу ягоную? вось, цяпер ведайце і глядзеце, што ён шукае зачэпкі варагаваць супроць мяне.

8 Калі пачуў Елісей, чалавек Божы, што цар Ізраільскі падраў вопратку на сабе, дык паслаў сказаць цару: навошта ты падраў вопратку на сабе? хай ён прыйдзе да мяне і даведаецца, што ёсьць прарок у Ізраіле.

9 І прыбыў Нэеман на конях сваіх і на калясьніцы сваёй і спыніўся каля ўваходу ў дом Елісееў.

10 І выслаў да яго Елісей слугу сказаць: ідзі, абмыйся сем разоў у Ярдане, і абновіцца цела тваё ў цябе, і будзеш чысты.

11 І разгневаўся Нэеман, і пайшоў, і сказаў: вось, я думаў, што ён выйдзе, стане, і пакліча імя Госпада Бога свайго, і пакладзе руку сваю на тое месца, і здыме праказу;

12 хіба Авана і Фарфар, рэкі Дамаскія, ня лепшыя за ўсе воды Ізраільскія? хіба я ня мог бы абмыцца ў іх і ачысьціцца? І павярнуўся і пайшоў у гневе.

13 І падышлі рабы ягоныя, і казалі яму, і сказалі: бацька мой, калі б што-небудзь важнае сказаў табе прарок, дык ці не зрабіў бы ты? а тым болей, калі ён сказаў табе толькі: абмыйся, і будзеш чысты.

14 І пайшоў ён і акунуўся ў Ярдане сем разоў, па слове чалавека Божага, і абнавілася цела ягонае, як цела малога дзіцяці, і ачысьціўся.

15 І вярнуўся да чалавека Божага ён і ўсе, што суправаджалі яго, і прыйшоў, і стаў перад ім, і сказаў: вось, я даведаўся, што на ўсёй зямлі няма Бога, як у Ізраіля; дык вось прымі дарунак ад раба твайго.

16 І сказаў ён: жывы Гасподзь, прад абліччам якога стаю! ня прыму. І той прымушаў яго ўзяць, але ён не згадзіўся.

17 І сказаў Нэеман: калі ўжо ня так, дык хай рабу твайму дадуць зямлі, колькі панясуць два мулы, бо ня будзе больш раб твой прыносіць цэласпаленьні і ахвяры іншым багам, апрача Госпада;

18 толькі вось у чым хай даруе Гасподзь рабу твайму: калі пойдзе гаспадар мой у дом Рымона на пакланеньне там і абапрэцца на руку маю, і пакланюся я ў доме Рымона, дык, за маё пакланеньне ў доме Рымона, хай даруе Гасподзь рабу твайму ў гэтым выпадку.

19 І сказаў яму: ідзі зь мірам. І ён адэехаў ад яго на недалёкую адлегласьць.

20 І сказаў Гіезій, слуга Елісея, чалавека Божага: вось, гаспадар мой адмовіўся ўзяць з рукі Нэемана, гэтага Сірыйца, тое, што ён прыносіў. Жывы Гасподзь! пабягу я за ім і вазьму ў яго што-небудзь.

21 І пагнаўся Гіезій за Нэеманам. І ўбачыў Нэеман, што бяжыць за ім, і сышоў з калясьніцы насустрач яму, і сказаў: ці зь мірам?

22 Той адказваў: зь мірам; гаспадар мой паслаў мяне сказаць: вось, цяпер прышлі да мяне з гары Яфрэмавай двух маладых чалавекі з сыноў прарокавых; дай ім талант срэбра і дзьве перамены вопраткі.

23 І сказаў Нэеман: вазьмі, бадай што, два таланты. І ўпрошваў яго. І завязаў ён два таланты срэбра ў два мяхі і дзьве перамены вопраткі і аддаў двум слугам сваім, і панесьлі перад ім.

24 Калі ён прыйшоў да пагорка, дык узяў з рук іхніх і схаваў дома. І адпусьціў людзей, і яны пайшлі.

25 Калі ён прыйшоў і зьявіўся да гаспадара свайго, Елісей сказаў яму: адкуль, Гіезій? І сказаў ён: нікуды не хадзіў раб твой.

26 І сказаў ён яму: хіба сэрца маё не спадарожнічала табе, калі павярнуўся насустрач табе чалавек той з калясьніцы сваёй? ці час браць срэбра і браць вопратку, або масьлічныя дрэвы і вінаграднікі, і дробнае альбо буйное быдла, і рабоў альбо рабыняў?

27 няхай жа праказа Нэеманавая прыстане да цябе і да нашчадкаў тваіх навек. І выйшаў ён ад яго белы ад праказы, як сьнег.

 

Разьдзел 6

 

1 І сказалі сыны прарокавыя Елісею: вось, месца, дзе мы жывём пры табе, цесна нам;

2 пойдзем да Ярдана і возьмем адтуль кожны па адным бервяне і зробім сабе там месца жыхарства. Ён сказаў: ідзеце.

3 І сказаў адзін: зрабі ласку, ідзі і ты з рабамі тваімі. І сказаў ён: пайду.

4 І пайшоў зь імі, і прыйшлі да Ярдана і пачалі сячы дрэвы.

5 І калі адзін валіў бервяно, сякера ягоная ўпала ў ваду. І закрычаў ён і сказаў: ах, гаспадару мой! а ён узяў быў на патрыманьне!

6 І сказаў чалавек Божы: дзе яна ўпала? Ён паказаў яму месца. І адсек ён кавалак дрэва і кінуў туды, і выплыла сякера.

7 І сказаў ён: вазьмі сабе. Ён працягнуў руку сваю і ўзяў яе.

8 Цар Сірыйскі пайшоў вайною на Ізраільцян і раіўся са слугамі сваімі, кажучы: там-та і ў такім-та месцы я раскіну свой табар.

9 І пасылаў чалавек Божы да цара Ізраільскага сказаць: сьцеражэцеся праходзіць гэтым месцам, бо там Сірыйцы залеглі.

10 І пасылаў цар Ізраільскі на тое месца, пра якое казаў яму чалавек Божы і перасьцерагаў яго; і зьбярог сябе там ня раз і ня два.

11 І ўстрывожылася сэрца цара Сірыйскага з гэтай нагоды, і паклікаў ён рабоў сваіх і сказаў ім: скажэце мне, хто з вашых мае зносіны з царом Ізраільскім?

12 І сказаў адзін слуга ягоны: ніхто, гаспадару мой цар; а Елісей прарок, які ў Ізраіля, пераказвае цару Ізраільскаму і тыя словы, якія ты кажаш у спальні тваёй.

13 І сказаў ён: ідзеце, даведайцеся, дзе ён; я пашлю і вазьму яго. І данесьлі яму і сказалі: вось, ён у Датаіме.

14 І паслаў туды коні і калясьніцы і шмат войска. І прыйшлі ноччу і акружылі горад.

15 Раніцай служка чалавека Божага ўстаў і выйшаў; і вось, войска вакол горада і коні і калясьніцы. І сказаў яму слуга ягоны: шкада, гаспадару мой! што нам рабіць?

16 І сказаў ён: ня бойся, бо тых, якія з намі, больш, чым тых, якія зь імі.

17 І маліўся Елісей і казаў: Госпадзе! разамкні яму вочы, каб ён убачыў. І разамкнуў Гасподзь вочы слузе, і ён убачыў, і вось, уся гара напоўнена конямі і калясьніцамі вогненнымі вакол Елісея.

18 Калі пайшлі да яго Сірыйцы, Елісей памаліўся Госпаду і сказаў: спадобі іх сьлепатою. І Ён спадобіў іх сьлепатою па слове Елісея.

19 І сказаў ім Елісей: гэта ня тая дарога і ня той горад; ідзеце за мною, я правяду вас да таго чалавека, якога вы шукаеце. І прывёў іх у Самарыю.

20 Калі яны прыйшлі ў Самарыю, Елісей сказаў: Госпадзе! разамкні вочы ім, каб яны бачылі. І разамкнуў Гасподзь вочы ім, і ўбачылі, што яны ўсярэдзіне Самарыі.

21 І сказаў цар Ізраільскі Елісею, убачыўшы іх: ці не пабіць іх, бацька мой?

22 І сказаў ён: не забівай. Хіба мечам тваім і лукам тваім ты паланіў іх, каб забіваць іх? Прапануй ім хлеба і вады; няхай ядуць і п’юць, і пойдуць да гаспадара свайго.

23 І прыгатаваў ім вялікі абед, і яны елі і пілі. І адпусьціў іх, і пайшлі да гаспадара свайго. І не хадзілі больш тыя полчышчы Сірыйскія ў зямлю Ізраілеву.

24 Пасьля таго сабраў Вэенадад, цар Сірыйскі, усё войска сваё і выступіў, і аблажыў Самарыю.

25 І быў вялікі голад у Самарыі, калі яны аблажылі яе, так што асьліная галава прадавалася па восемдзесят сікляў срэбра, і чацьвёртая частка каба галубінага памёту — па пяць сікляў срэбра.

26 Аднойчы цар Ізраільскі праходзіў па сьцяне, і жанчына зь лямантам казала яму: памажы, гаспадару мой цар.

27 І сказаў ён: калі не паможа табе Гасподзь, з чаго я памагу табе? ці з гумна, ці з чавільні?

28 І сказаў ёй цар: што табе? І сказала яна: гэтая жанчына казала мне: аддай свайго сына, зьямо яго сёньня, а сына майго зьямо заўтра.

29 І згатавалі мы майго сына, і зьелі яго. І я сказала ёй на другі дзень: аддай жа твайго сына, і зьямо яго. Але яна схавала свайго сына.

30 Цар, выслухаўшы словы жанчыны, падраў вопратку на сабе; і праходзіў ён па сьцяне, і народ бачыў, што вярэта на самім целе ягоным.

31 І сказаў: няхай тое і тое зробіць мне Бог, і яшчэ болей зробіць, калі застанецца галава Елісея, сына Сафатавага, на ім сёньня.

32 А Елісей сядзеў у сваім доме і старцы сядзелі ў яго. І паслаў цар чалавека ад сябе. Перш чым прыйшоў пасланы да яго, ён сказаў старцам: бачыце, што гэты сын забойцы паслаў зьняць зь мяне галаву? Глядзеце, калі прыйдзе пасланец, зачынеце дзьверы і прыцісьніце яго дзьвярмі. А вось і тупат ног гаспадара яго за ім!

33 Яшчэ гаварыў ён зь імі, і вось пасланец прыходзіць да яго, і сказаў: вось якое бедства ад Госпада! чаго мне далей чакаць ад Госпада?

 

Разьдзел 7

 

1 І сказаў Елісей: выслухайце слова Гасподняе: так кажа Гасподзь: заўтра гэтым часам мера лепшай мукі будзе па сіклі, дзьве меры ячменю па сіклі, каля брамы Самарыі.

2 І адказваў саноўнік, на руку якога апіраўся цар, чалавеку Божаму, і сказаў: калі б Гасподзь і адчыніў вокны на небе, дык і тады ці можа гэта быць? І сказаў той: вось убачыш сваімі вачыма, але есьці гэтага ня будзеш.

3 Чатыры чалавекі пракажоныя былі каля ўваходу ў браму і казалі яны адзін аднаму: што нам сядзець тут, чакаючы сьмерці?

4 Калі рашымся мы пайсьці ў горад, дык у горадзе голад, і мы там памром, а калі сядзець тут, дык таксама памром. Хадзем лепей у табар Сірыйскі: калі пакінуць нас жывых, будзем жыць, а калі заб’юць, памром.

5 І ўсталі на досьвітку, каб ісьці ў табар Сірыйскі. І прыйшлі да краю табара Сірыйскага, і вось, няма там ніводнага чалавека.

6 Гасподзь зрабіў так, што табару Сірыйскаму пачуўся стукат калясьніц і ржаньне коней, шум войска вялікага. І сказалі яны адзін аднаму: мусіць, наняў супроць нас цар Ізраільскі цароў Хэтэйскіх і Егіпецкіх, каб пайсьці на нас.

7 І ўсталі і пабеглі на досьвітку, і пакінулі намёты свае, і коней сваіх, і аслоў сваіх, увесь табар, як ён быў, і пабеглі, ратуючыся.

8 І прыйшлі тыя пракажоныя да краю табара, і ўвайшлі ў адзін намёт, і елі і пілі, узялі адтуль срэбра, і золата і вопратку, і пайшлі і схавалі. Пайшлі яшчэ ў іншы намёт, і там узялі, і пайшлі і схавалі.

9 І сказалі адзін аднаму: ня так мы робім. Дзень гэты — дзень радаснай весткі, калі мы замарудзім і будзем чакаць ранішняга сьвятла, дык упадзе на нас віна. Хадземце ж і паведамім дому царскаму.

10 І прыйшлі, і паклікалі брамнікаў гарадскіх, і расказалі ім, кажучы: мы хадзілі ў табар Сірыйскі, і вось, няма там ніводнага чалавека, ні голасу чалавечага, а толькі коні прывязаныя, і аслы прывязаныя, і намёты, як якія яны ёсьць.

11 І паклікалі брамнікаў, і яны перадалі вестку ў сам палац царскі.

12 І ўстаў цар уначы, і сказаў слугам сваім: скажу вам, што робяць з намі Сірыйцы. Яны ведаюць, што мы церпім голад, і выйшлі з табара, каб схавацца ў полі, думаючы так: калі яны выйдуць з горада, мы захопім іх жывых і ўворвемся ў горад.

13 І адказваў адзін, што слугаваў пры ім, і сказаў: хай возьмуць пяць з астатніх коней, што засталіся ў горадзе і пашлем, і пабачым.

14 І ўзялі дзьве пары коней, запрэжаных у калясьніцы. І паслаў цар сьледам Сірыйскаму войску, сказаўшы: ідзеце, паглядзеце.

15 І ехалі за ім да Ярдана, і вось уся дарога ўсланая вопраткай і рэчамі, якія пакідалі Сірыйцы пры пасьпешлівых уцёках сваіх. І вярнуліся пасланцы, і данесьлі цару.

16 І выйшаў народ, і разрабаваў табар Сірыйскі, і была мера лепшай мукі па сіклі, паводле слова Гасподняга.

17 І цар паставіў таго саноўніка, на руку якога абапіраўся, каля брамы; і растаптаў яго народ у браме, і ён памёр, як сказаў чалавек Божы, які гаварыў, калі прыходзіў да яго цар.

18 Калі чалавек Божы гаварыў так цару: дзьве меры ячменю па сіклі, і мера лепшай мукі па сіклі будуць заўтра гэтым часам каля брамы Самарыі,

19 тады адказваў гэты саноўнік чалавеку Божаму і сказаў: калі б Гасподзь і адчыніў вокны на небе, дык і тады ці можа такое быць? А ён сказаў: убачыш на свае вочы, але есьці гэтага ня будзеш.

20 Так і збылося зь ім: і затаптаў яго народ у браме, і ён памёр.

 

Разьдзел 8

 

1 І казаў Елісей жанчыне, сына якое ён уваскрэсіў: устань, і йдзі, ты і дом твой, і пажыві там, дзе можаш пажыць, бо наслаў Гасподзь голад, і ён прыйдзе на гэтую зямлю на сем гадоў.

2 І ўстала тая жанчына, і зрабіла паводле слова Божага; і пайшла яна і дом яе, і жыла ў зямлі Філістымскай сем гадоў.

3 Празь сем гадоў вярнулася гэтая жанчына зь зямлі Філістымскай і прыйшла прасіць цара за дом свой і поле сваё.

4 Цар якраз гутарыў з Гіезіем, слугою чалавека Божага, і сказаў: раскажы мне ўсё пра выдатнае, што зрабіў Елісей.

5 І тым часам як ён расказваў цару, што той уваскрэсіў памерлага, жанчына, сына якое ён уваскрэсіў, прасіла цара за дом свой і за поле сваё. І сказаў Гіезій: гаспадару мой цар, гэта тая самая жанчына і той самы сын яе, якога ўваскрэсіў Елісей.

6 І спытаўся цар у жанчыны, і яна расказала яму. І даў ёй цар аднаго прыдворніка, сказаўшы: вярнуць ёй усё, што ёй належыць, і ўсе прыбыткі з поля, з таго дня, як яна пакінула зямлю, да сёньня.

7 І прыйшоў Елісей у Дамаск, калі Вэнадад цар Сірыйскі, быў хворы. І данесьлі яму, кажучы: прыйшоў чалавек Божы сюды.

8 І сказаў цар Азаілу: вазьмі ў рукі свае дарунак і йдзі насустрач чалавеку Божаму, і спытайся ў Госпада празь яго, кажучы: ці папраўлюся я ад гэтай хваробы?

9 І пайшоў Азаіл насустрач яму, і ўзяў дарунак у рукі свае і ўсяго найлепшага ў Дамаску, колькі могуць несьці сорак вярблюдаў, і прыйшоў і стаў перад абліччам ягоным, і сказаў: сын твой Вэнадад, цар Сірыйскі, паслаў мяне да цябе папытацца: ці папраўлюся я ад гэтай хваробы?

10 І сказаў яму Елісей: ідзі скажы яму: выздаравееш. Аднак жа адкрыў мне Гасподзь, што ён памрэ.

11 І скіраваў на яго Елісей позірк свой, і так заставаўся, аж зьбянтэжыў яго, і заплакаў чалавек Божы.

12 І сказаў Азаіл: чаго гаспадар мой плача? І сказаў ён: таму, што я ведаю, якога ліха наробіш ты сынам Ізраілевым; крэпасьці іхнія папаліш, а юнакоў іхніх пазабіваеш мечам, і немаўлят іхніх паб’еш, і цяжарных у іх пасячэш.

13 І сказаў Азаіл: што такое раб твой, сабака, каб мог зрабіць такую вялікую справу? І сказаў Елісей: указаў мне Гасподзь у табе цара Сірыі.

14 І пайшоў ён ад Елісея, і прыйшоў да гаспадара свайго. І сказаў яму гэты: што казаў табе Елісей? І сказаў: ён казаў мне, што ты паправішся.

15 А на другі дзень ён узяў коўдру, намачыў яе вадою і паклаў на твар ягоны, і той памёр. І зацараваў Азаіл замест яго.

16 У пяты год Ёрама, сына Ахава, цара Ізраільскага, зацараваў Ёрам, сын Ёсафатаў, цар Юдэйскі:

17 трыццаць два гады было яму, калі зацараваў, і восем гадоў цараваў у Ерусаліме;

18 і хадзіў шляхам цароў Ізраільскіх, як рабіў дом Ахаваў, бо дачка Ахава была жонкаю яго, і рабіў благое ў вачах Госпада.

19 Аднак не хацеў Гасподзь загубіць Юду, дзеля Давіда, раба Свайго, бо Ён абяцаў даць яму сьвяцільню ў дзецях ягоных на ўсе часы.

20 У дні ягоныя выступіў Эдом з-пад рукі Юды, і паставілі яны над сабою цара.

21 І пайшоў Ёрам у Цаір, і ўсе калясьніцы зь ім; і ўстаў ён уначы, і пабіў Ідумэянаў, якія акружалі яго, і начальнікаў над калясьніцамі, але народ уцёк у намёты свае.

22 І выступіў Эдом з-пад рукі Юды да сёньняшняга дня. У той самы час выступіла і Ліўна.

23 Астатняе пра Ёрама і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

24 І спачыў Ёрам з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ахозія, сын ягоны, замест яго.

25 У дванаццаты год Ёрама, сына Ахава, цара Ізраільскага, зацараваў Ахозія, сын Ёрама, цара Юдэйскага:

26 дваццаць два гады было Ахозію, калі зацараваў, і адзін год валадарыў у Ерусаліме. А імя маці ягонай Гатолія, дачка Амврыя, цара Ізраільскага.

27 І хадзіў шляхам дома Ахававага, і рабіў благое ў вачах Гасподніх, падобна дому Ахававаму, бо ён быў у радстве з домам Ахававым.

28 І пайшоў ён зь Ёрамам, сынам Ахава, на вайну з Азаілам, царом Сірыйскім, у Рамот Галаадскі, і паранілі Сірыйцы Ёрама.

29 І вярнуўся Ёрам цар, каб лячыцца ў Ізрэелі ад ранаў, якія прычынілі яму Сірыйцы ў Рамоце, калі ён ваяваў з Азаілам, царом Сірыйскім. І Ахозія, сын Ёрама, цар Юдэйскі, прыйшоў наведаць Ёрама, сына Ахава, у Ізрэель, бо ён быў хворы.

 

Разьдзел 9

 

1 Елісей прарок паклікаў аднаго з сыноў прарокавых і сказаў яму: аперажы сьцёгны свае і вазьмі гэты посуд з алеем у руку тваю, і йдзі ў Рамот Галаадскі;

2 прыйшоўшы туды, знайдзі там Іуя, сына Ёсафата, сына Намэсіевага, і падыдзі, і скажы яму выйсьці з асяродзьдзя братоў свах, і ўвядзі яго ва ўнутраны пакой;

3 і вазьмі посуд з алеем, і вылі на галаву ягоную, і скажы: так кажа Гасподзь: памазваю цябе ў цара над Ізраілем. Потым адчыні дзьверы, і бяжы, і не чакай.

4 І пайшоў хлопец, слуга прарока, у Рамот Галаадскі,

5 і прыйшоў. І вось сядзяць ваеначальнікі, і сказаў: у мяне слова да цябе, ваеначальніча. І сказаў Іуй: да каго з усіх нас? І сказаў ён: да цябе, ваеначальніча.

6 І ўстаў ён, і ўвайшоў у дом. І хлопец выліў алей на галаву ягоную, і сказаў яму: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: памазваю цябе ў цара над народам Гасподнім, над Ізраілем,

7 і ты зьнішчыш дом Ахава, гаспадара твайго, каб Мне адпомсьціць за кроў рабоў Маіх прарокаў і за кроў усіх рабоў Гасподніх, якія загінулі ад рукі Езавэлі;

8 і загіне ўвесь дом Ахава, і зьнішчу ў Ахава таго, хто мочыцца да сьцяны, і замкнутага і таго, хто застаўся ў Ізраіле,

9 і зраблю дом Ахава, як дом Ераваама, сына Наватавага, і як дом Ваасы, сына Ахіінага;

10 А Езавэль зжаруць сабакі на полі Ізрэельскім, і ніхто не пахавае яе. І адчыніў дзьверы і ўцёк.

11 І выйшаў Іуй да слуг гаспадара свайго, і сказалі яму: ці зь мірам ты? Навошта прыходзіў гэты апантанец да цябе? І сказаў ім: вы ведаеце гэтага чалавека і што ён кажа.

12 І сказалі: няпраўда, скажы нам. І сказаў ён: тое і тое ён сказаў мне, кажучы: так кажа Гасподзь: памазваю цябе ў цара над Ізраілем.

13 І паспяшаліся яны і ўзялі кожны вопратку сваю, і падаслалі яму на самых прыступках, і затрубілі ў трубу, і сказалі: зацаруй Іуй!

14 І паўстаў Іуй, сын Ёсафата, сына Намэсіевага, супроць Ёрама; а Ёрам быў з усімі Ізраільцянамі ў Рамоце Галаадскім на варце супроць Азаіла, цара Сірыйскага.

15 Зрэшты сам цар Ёрам вярнуўся, каб лячыцца ў Ізрэелі ад ран, якія прычынілі яму Сірыйцы, калі ён ваяваў з Азаілам, царом Сірыйскім. І сказаў Іуй: калі вы згодныя, дык няхай ніхто ня сыходзіць з горада, каб ісьці падаць вестку ў Ізрэелі.

16 І сеў Іуй на каня, і паехаў у Ізрэель, дзе ляжаў Ёрам і куды Ахозія, цар Юдэйскі, прыйшоў наведаць Ёрама.

17 На вежы ў Ізрэелі стаяў дазорца, і ўбачыў ён полчышча Іуевае, калі яно ішло, і сказаў: полчышча бачу я. І сказаў Ёрам: вазьмі вершніка, і пашлі насустрач ім, і няхай скажа: ці зь мірам?

18 І выехаў вершнік на кані насустрач яму, і сказаў: так кажа цар: ці зь мірам? І сказаў Іуй: што табе да міру? Едзь за мною. І данёс дазорца, і сказаў: даехаў да іх, але не вяртаецца.

19 І паслалі другога вершніка, і ён прыехаў да іх, і сказаў: так кажа цар: ці зь мірам? І сказаў Іуй: што табе да міру? Едзь за мною.

20 І данёс дазорца, сказаўшы: даехаў да іх і не вяртаецца. А паходка, як быццам Іуева, сына Намэсіевага, бо ён едзе імкліва.

21 І сказаў Ёрам: запрагай. І запрэглі калясьніцу ягоную. І выступіў Ёрам, цар Ізраільскі, і Ахозія, цар Юдэйскі, кожны на калясьніцы сваёй. І выступілі насустрач Іую, і сустрэліся зь ім на полі Навутэя Іэрэеліцяніна.

22 І калі ўбачыў Ёрам Іуя, дык сказаў: ці зь мірам Іуй? І сказаў ён: які мір пры любаблудстве Езавэлі, маці тваёй, і пры многіх яе чарадзействах?

23 І павярнуў Ёрам рукі свае, і пабег, і сказаў Ахозію: здрада, Ахозія!

24 А Іуй напяў лук рукою сваёю, і пацэліў Ёраму паміж плячэй ягоных, і прайшла страла праз сэрца яго, і ўпаў ён на калясьніцы сваёй.

25 І сказаў Іуй Бідэкару, саноўніку свайму: вазьмі, кінь яго на дзялянку поля Навутэя Ізрэеліцяніна, бо ўспомні, як мы з табою ехалі ўдвух за Ахавам, бацькам ягоным, і як Гасподзь сказаў на яго такое прароцтва.

26 Сапраўды кроў Навутэя і кроў сыноў ягоных бачыў Я ўчора, кажа Гасподзь, і адпомшчу табе на гэтым полі. Дык вось, вазьмі, кінь яго на поле, паводле слова Гасподняга.

27 Ахозія, цар Юдэйскі, убачыўшы гэта, пабег па дарозе да дома, што ў садзе. І пагнаўся за ім Іуй, і сказаў: і яго беце на калясьніцы. Гэта было на пагорку Гур, што каля Іўлеама. І пабег ён у Мэгідон, і памёр там.

28 І адвезьлі яго рабы ягоныя ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магільніцы ягонай, з бацькамі ягонымі, у горадзе Давідавым.

29 У адзінаццаты год Ёрама, сына Ахава, зацараваў Ахозія ў Юдэі.

30 І прыбыў Іуй у Ізрэель. А Езавэль, атрымаўшы вестку, нарумяніла твар свой і ўбрала галаву сваю, і глядзела ў акно.

31 Калі Іуй увайшоў у браму, яна сказала: ці мір Замврыю, забойцу гаспадара свайго?

32 І падняў ён твар свой да акна і сказаў: хто са мною, хто? І выглянулі да яго два, тры еўнухі.

33 І сказаў ён: выкіньце яе. І выкінулі яе. І пырснула кроў яе на сьцяну і на коней, і растапталі яе.

34 І прыйшоў Іуй, і еў, і піў, і сказаў: знайдзеце гэтую праклятую і пахавайце яе, бо царская дачка яна.

35 І пайшлі хаваць яе, і не знайшлі ад яе нічога, апрача чэрапа, і ног, і кісьцяў рук.

36 І вярнуліся, і данесьлі яму. І сказаў ён: такое было слова Госпада, якое Ён мовіў праз раба Свайго Ільлю Фэсьвіцяніна, сказаўшы: на полі Ізрэельскім зжаруць сабакі цела Езавэлі,

37 і будзе труп Езавэлі на дзялянцы Ізрэельскай, як гной на полі, так што ніхто ня скажа: гэта Езавэль.

 

Разьдзел 10

 

1 У Ахава было семдзесят сыноў у Самарыі. І напісаў Іуй лісты, і паслаў у Самарыю начальнікам Ізрэельскім, старэйшынам і выхавальнікам дзяцей Ахававых, такога зьместу:

2 калі прыйдзе вам гэты ліст, дык, як што ў вас і сыны гаспадара вашага, у вас жа і калясьніцы, і коні, і ўмацаваны горад, і зброя,

3 выберыце найлепшага і найгоднейшага з сыноў гаспадара свайго, і пасадзеце на трон бацькі ягонага, і ваюйце за дом гаспадара свайго.

4 Яны вельмі спалохаліся і сказалі: вось, два цары не ўстаялі перад ім, як жа нам устаяць?

5 І паслаў начальнік над домам царскім, і начальнік горада, і старэйшыны, і выхавальнікі да Іуя сказаць: мы рабы твае, і што скажаш нам, тое і зробім; мы нікога не паставім царом, што заўгодна табе, тое і рабі.

6 І напісаў ён ім ліст другі раз такі: калі вы мае і слова майго слухаецеся, дык вазьмеце галовы сыноў гаспадара свайго, і прыйдзеце да мяне заўтра ў гэты час у Ізрэель.

7 Калі дайшоў да іх ліст, яны ўзялі царскіх сыноў, і закалолі іх — семдзесят чалавек, і паклалі галовы іхнія ў кашы, і паслалі да яго ў Ізрэель.

8 І прыйшоў пасланец, і данёс яму, і сказаў: прынесьлі галовы сыноў царскіх. І сказаў ён: раскладзеце іх на дзьве кучы каля ўваходу ў браму, да раніцы.

9 Раніцай ён выйшаў, і стаў, і сказаў усяму народу: вы не вінаватыя. Вось я паўстаў супроць гаспадара майго, і забіў яго, а іх усіх хто забіў?

10 Ведайце ж цяпер, што не ўпадзе на зямлю ніводнае слова Госпада, якое Ён мовіў пра дом Ахава: Гасподзь зрабіў тое, што мовіў праз раба Свайго Ільлю.

11 І аддаў Іуй сьмерці ўсіх, хто яшчэ заставаўся з дома Ахава ў Ізрэелі, і ўсіх вяльможаў ягоных, і блізкіх ягоных, і сьвятароў ягоных, так што не засталося ад яго ніводнага ацалелага.

12 І ўстаў, і пайшоў, і прыйшоў у Самарыю. Па дарозе пры Бэт-Экэдзе пастухоўскім,

13 сустрэў Іуй братоў Ахозіі, цара Юдэйскага, і сказаў: хто вы? Яны сказалі: мы браты Ахозіі, ідзём даведацца пра здароўе сыноў цара і сыноў гаспадарыні.

14 І сказаў ён: вазьмеце іх жывых. І ўзялі іх жывых, і закалолі іх — сорак два чалавекі, каля калодзежа Бэт-Экэда, і не засталося зь іх ніводнага.

15 І паехаў адтуль і сустрэўся зь Ёнадавам, сынам Рыхававым, які ішоў насустрач яму, і прывітаў яго, і сказаў яму: ці прыхіляецца тваё сэрца, як маё да твайго сэрца? І сказаў Ёнадаў: так. Калі так, дык дай руку тваю. І падаў ён руку сваю, і падняў ён яго да сябе ў калясьніцу,

16 і сказаў: едзь са мною і глядзі на руплівасьць маю за Госпада. І пасадзілі яго ў калясьніцу.

17 Прыехаўшы ў Самарыю, ён забіў усіх, хто заставаўся ў Ахава ў Самарыі, так што зусім вынішчыў яго, паводле слова Госпада, якое Ён мовіў Ільлю.

18 І сабраў Іуй увесь народ і сказаў ім: Ахаў мала служыў Ваалу; Іуй будзе служыць яму больш.

19 Дык вось, паклічце да мяне ўсіх прарокаў Ваала, усіх службітоў ягоных і ўсіх сьвятароў ягоных, каб ніхто ня быў адсутны, бо ў мяне будзе вялікая ахвяра Ваалу. А кожны, хто ня зьявіцца, не застанецца жывы. Іуй рабіў гэта з хітрым намерам, каб зьнішчыць службітоў Ваала.

20 І сказаў Іуй: назначце сьвяточны сход дзеля Ваала. І абвясьцілі сход.

21 І паслаў Іуй па ўсім Ізраілі, і прыйшлі ўсе службіты Ваала; не засталося ніводнага чалавека, хто ня прыйшоў бы; і ўвайшлі ў дом Ваалаў, і напоўніўся дом Ваалаў ад краю да краю.

22 І сказаў ён рызьніку: прынясі вопратку ўсіх служак Ваала. І ён прынёс ім вопратку.

23 І ўвайшоў Іуй з Ёнадавам, сынам Рыхававым, у дом Ваалаў, і сказаў служкам Ваала: разьведайце і разгледзьце, ці няма сярод вас каго з службітоў Гасподніх, бо тут павінны быць толькі адны службіты Ваала.

24 І прыступілі яны да ўчыненьня ахвяраваньняў і цэласпаленьняў. А Іуй паставіў па-за домам восемдзесят чалавек і сказаў: душа таго, у каго выратуецца хто-небудзь зь людзей, якіх я аддаю вам у рукі, будзе замест душы таго, хто выратаваўся.

25 Калі закончана было цэласпаленьне, Іуй сказаў скараходам і начальнікам: ідзеце, беце іх, каб ніводзін не ацалеў. І пабілі іх вастрыём меча, кінулі іх скараходы і начальнікі, і пайшлі ў горад, дзе было капішча Ваалавае,

26 і вынесьлі статуі з капішча Ваалавага і спалілі іх,

27 і разьбілі статую Ваала, і разбурылі капішча Ваалавае; і зрабілі зь яго месца нечысьці да сёньня.

28 І вынішчыў Іуй Ваала зь зямлі Ізраільскай.

29 У астатнім ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, ад іх не адступаў Іуй, — ад залатых цялят, якія ў Вэфілі, і якія ў Дане.

30 І сказаў Гасподзь Іую: за тое, што ты ахвотна зрабіў, што было справядліва ў вачах Маіх, выканаў над домам Ахававым усё, што было на сэрцы ў Мяне, сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым.

31 Але Іуй не стараўся хадзіць у законе Госпада Бога Ізраілевага ад усяго сэрца. Ён не адступаўся ад грахоў Ераваама, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

32 У тыя дні пачаў Гасподзь адразаць часткі ад Ізраільцянаў, і пабіваў іх Азаіл ва ўсіх межах Ізраілевых.

33 На ўсход ад Ярдана, усю зямлю Галаад, калена Гадава, Рувімава, Манасііна, пачынаючы ад Ароера, што пры патоку Арноне, і Галаад і Васан.

34 Астатняе пра Іуя і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі яго напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

35 І спачыў Іуй з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І зацараваў Ёахаз, сын ягоны, замест яго.

36 А часу валадараньня Іуя над Ізраілем, у Самарыі, было дваццаць восем гадоў.

 

Разьдзел 11

 

1 Гатолія, маці Ахозіі, бачачы, што сын яе памёр, устала і вынішчыла ўсё царскае племя.

2 Але Ёсавеф, дачка цара Ёрама, сястра Ахозіі, узяла Ёаса, сына Ахозіі, і тайна зьвяла яго з атачэньня забіваных сыноў царскіх, яго і карміцельку ягоную, у пасьцельны пакой; і схавалі яго ад Гатоліі, і ён ня быў забіты.

3 І хавалі яго зь ёю ў доме Гасподнім шэсьць гадоў, тым часам як Гатолія царавала над зямлёю.

4 У сёмы год паслаў Ёдай, і ўзяў сотнікаў зь целаахоўцаў і скараходаў, і прывёў іх да сябе ў дом Гасподні, і ўчыніў зь імі ўгоду, і ўзяў зь іх клятву ў доме Гасподнім, і паказаў ім царскага сына;

5 і даў ім загад, сказаўшы: вось, што вы зрабеце: трэцяя частка з вас, з тых, што прыходзяць у суботу, будзе трымаць варту пры царскім доме;

6 трэцяя частка каля брамы Сур, і трэцяя частка каля брамы ззаду целаахоўцаў, і трымайце варту дома, каб ня было якое пашкоды;

7 і дзьве часткі з вас, з усіх, што адыходзяць у суботу, будуць трымаць варту каля дома Гасподняга дзеля цара;

8 і атачэце цара з усіх бакоў, кожны са зброяй сваёй у руцэ сваёй; і хто ўвайшоў бы ў рады, той хай будзе забіты; і будзьце пры цары, калі ён выходзіць і калі ўваходзіць.

9 І зрабілі сотнікі ўсё, што загадаў Ёдай сьвятар і ўзялі кожны людзей сваіх, што прыходзяць у суботу і што адыходзяць у суботу, і прыйшлі да Ёдая сьвятара.

10 І раздаў сьвятар сотнікам дзіды і шчыты цара Давіда, якія былі ў доме Гасподнім.

11 І сталі скараходы, кожны са зброяй ў руцэ сваёй, з правага боку дома да левага боку дома, каля ахвярніка і каля дома, вакол цара.

12 І вывеў ён царскага сына, і ўсклаў на яго царскі вянок і ўкрасы, і ўцаравалі яго, і памазалі яго, і пляскалі ў далоні і ўсклікалі: хай жыве цар!

13 І пачула Гатолія голас народу, які бег, і пайшла да народу ў дом Гасподні.

14 І бачыць, і вось цар стаіць на ўзвышэньні, паводле звычаю, і князі і трубы каля цара; і ўвесь народ зямлі радуецца, і трубяць у трубы. І падрала Гатолія вопратку на сабе, і закрычала: змова! змова!

15 І даў загад Ёдай сьвятар сотнікам, начальнікам над войскам, і сказаў ім: выведзіце яе за рады, а хто пойдзе за ёю, забівайце мечам, бо сьвятар думаў, каб не забілі яе ў доме Гасподнім.

16 І далі ёй месца, і яна прайшла праз уваход конскі да дома царскага, і аддадзена сьмерці там.

17 І заключыў Ёдай запавет паміж Госпадам і царом і народам, каб ён быў народам Гасподнім, і паміж царом і народам.

18 І пайшоў увесь народ зямлі ў дом Ваала, і разбурылі ахвярнікі яго, і выявы ягоныя зусім пабілі, і Матфана, жраца Ваалавага, забілі перад ахвярнікамі. І ўстанавіў сьвятар нагляд над домам Гасподнім.

19 І ўзяў сотнікаў і целаахоўцаў і скараходаў і ўвесь народ зямлі, і праводзілі цара з дома Гасподняга, і прыйшлі па дарозе праз браму целаахоўцаў у дом царскі; і ён сеў на троне цароў.

20 І весяліўся ўвесь народ зямлі, і горад супакоіўся. А Гатолію ўсьмерцілі мечам у царскім доме.

21 Сем гадоў было Ёасу, калі зацараваў.

 

Разьдзел 12

 

1 У сёмы год Іуя зацараваў Ёас і сорак гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Цыўя, зь Вірсавіі.

2 І рабіў Ёас спадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсе дні свае, пакуль настаўляў яго сьвятар Ёдай;

3 толькі вышыні ня былі адменены; народ яшчэ прыносіў ахвяры і дымленьні на вышынях.

4 І сказаў Ёас сьвятарам: усё срэбра, якое пасьвячаецца, якое прыносяць у дом Гасподні, срэбра ад тых, што праходзяць, срэбра, якое ўносіцца за кожную душу паводле ацэнкі, усё срэбра, колькі каму находзіць на сэрца, прынесьці ў дом Гасподні.

5 хай бяруць сьвятары сабе, кожны ў свайго знаёмага, і хай папраўляюць яны пашкоджанае ў храме, усюды, дзе знойдзецца пашкода.

6 Але як да дваццаць трэцяга года цара Ёаса сьвятары не папраўлялі пашкодаў у храме,

7 дык цар Ёас паклікаў сьвятара Ёдая і сьвятароў і сказаў ім: чаму вы не папраўляеце пашкодаў у храме? Не бярэце ж ад сёньня срэбра ў знаёмых сваіх, а на паправу шкоды ў храме аддайце яго.

8 І згадзіліся сьвятары ня браць срэбра ў народу на паправу пашкодаў у храме.

9 І ўзяў сьвятар Ёдай адну скрынку, і зрабіў дзірку наверсе яе, і паставіў яе каля ахвярніка з правага боку, дзе ўваходзілі ў дом Гасподні. І клалі туды сьвятары, якія стаялі на варце каля парога, усё срэбра, якое прыносілі ў дом Гасподні.

10 І калі бачылі, што многа срэбра ў скрынцы, прыходзіў пісец царскі і першасьвятар, і завязвалі ў мяхі і пералічвалі срэбра, знойдзенае ў доме Гасподнім;

11 і аддавалі палічанае срэбра ў рукі майстрам, якія вялі работы і былі прыстаўлены да дома Гасподняга, а яны трацілі яго на цесьляроў і будаўнікоў, якія працавалі ў доме Гасподнім.

12 і на тых, што ладзілі сьцены, і на камнясекаў, а таксама на куплю драўніны і цясанага каменю і на папраўку пашкодаў у доме Гасподнім, і на ўсё, што трацілася на падтрыманьне храма.

13 Але ня зроблена было для дома Гасподняга срэбных місак, нажоў, чашаў, труб, усякага начыньня залатога і начыньня срэбнага з срэбра, што прыносяць у дом Гасподні,

14 работным майстрам аддавалі яго, і папраўлялі ім дом Гасподні.

15 І не патрабавалі адказу ў тых людзей, якім даручалі срэбра на раздачу майстрам, бо яны працавалі сумленна.

16 Срэбра за ахвяру па злачынстве і срэбра за ахвяру па грэху ня ўносілі ў дом Гасподні: сьвятарам яно належала.

17 Тады выступіў у паход Азаіл, цар Сірыйскі, і пайшоў вайною на Гет, і ўзяў яго; і намерыўся Азаіл ісьці на Ерусалім.

18 Але Ёас, цар Юдэйскі, узяў усё ахвяраванае, што ахвяравалі храму Ёсафат, і Ёрам і Ахозія, бацькі ягоныя, цары Юдэйскія, і што ён сам ахвяраваў, і ўсё золата, знойдзенае ў скарбніцах дома Гасподняга і дома царскага, і паслаў Азаілу, цару Сірыйскаму; і ён адступіў ад Ерусаліма.

19 Астатняе пра Ёаса і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

20 І паўсталі слугі ягоныя, і забілі Ёаса ў доме Міло, на дарозе да Сілы.

21 Яго забілі слугі ягоныя: Ёзакар, сын Шымэаты, і Егазавад, сын Шамэры; і ён памёр, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Амасія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 13

 

1 У дваццаць трэці год Ёаса, сына Ахозіінага, цара Юдэйскага, зацараваў Ёахаз, сын Іуя, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў сямнаццаць гадоў,

2 і рабіў благое ў вачах Гасподніх, і хадзіў у грахах Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, і не адставаў ад іх.

3 І загарэўся гнеў Госпада на Ізраіля, і Ён аддаваў іх у руку Азаіла, цара Сірыйскага, і ў руку Венадада, сына Азаілавага, ва ўсе дні.

4 І памаліўся Ёахаз абліччу Гасподняму, і пачуў яго Гасподзь, бо бачыў прыгнечанасьць Ізраільцян, бо цясьніў іх цар Сірыйскі.

5 І даў Гасподзь Ізраільцянам збаўцу, і выйшлі яны з-пад рукі Сірыйцаў, і жылі сыны Ізраілевыя ў намётах сваіх, як учора і заўчора.

6 Аднак не адступалі ад грахоў дома Ераваама, які ўвёў Ізраіля ў грэх; хадзілі ў іх, і дуброва стаяла ў Самарыі.

7 У Ёахаза заставалася войска толькі пяцьдзясят вершнікаў, дзесяць калясьніц і дзесяць тысяч пешых, бо вынішчыў іх цар Сірыйскі і абярнуў іх у пыл на патаптаньне.

8 Астатняе пра Ёахаза і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

9 І спачыў Ёахаз з бацькамі сваімі, і пахавалі яго ў Самарыі. І зацараваў Ёас, сын ягоны, замест яго.

10 У трыццаць сёмы год Ёаса, цара Юдэйскага, зацараваў Ёас, сын Ёахазаў, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў шаснаццаць гадоў,

11 і рабіў благое ў вачах Гасподніх; не адставаў ад усіх грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх, а хадзіў у іх.

12 Астатняе пра Ёаса і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, як ён ваяваў з Амасіем, царом Юдэйскім, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

13 І спачыў Ёас з бацькамі сваімі, а Ераваам сеў на троне яго. І пахаваны Ёас у Самарыі з царамі Ізраільскімі.

14 Елісей захварэў на хваробу, ад якое пасьля і памёр. І прыйшоў да яго Ёас, цар Ізраільскі, і плакаў над ім, і казаў: бацька мой! бацька мой! калясьніца Ізраіля і коньніца ягоная!

15 І сказаў яму Елісей: вазьмі лук і стрэлы. І ўзяў ён лук і стрэлы.

16 І сказаў цару Ізраільскаму: пакладзі руку тваю на лук. І паклаў ён руку сваю. І паклаў Елісей рукі свае на рукі цара,

17 і сказаў: адчыні акно на ўсход. І ён адчыніў. І сказаў Елісей: стрэльні. І ён стрэліў. І сказаў: гэта страла збавеньня ад Госпада і страла збавеньня супроць Сірыі, і ты паб’еш Сірыйцаў у Атэку дарэшты.

18 І сказаў Елісей: вазьмі стрэлы. І ён узяў. І сказаў цару Ізраільскаму: бі па зямлі. І ўдарыў ён тры разы, і спыніўся.

19 І ўгневаўся на яго чалавек Божы і сказаў: трэба было біць пяць ці шэсьць разоў, тады ты пабіў бы Сірыйцаў зусім, а цяпер толькі тры разы паб’еш Сірыйцаў.

20 І памёр Елісей, і пахавалі яго. І полчышчы Маавіцян прыйшлі ў зямлю на другі год.

21 І было, што калі хавалі аднаго чалавека, дык, убачыўшы гэта полчышча, пахавальнікі кінулі таго чалавека ў магілу Елісеевую, і ён, падаючы, дакрануўся да касьцей Елісея, і ажыў, і ўстаў на ногі свае.

22 Азаіл, цар Сірыйскі, цясьніў Ізраільцян ва ўсе дні Ёахаза.

23 Але Гасподзь умілажаліўся зь іх і памілаваў іх, і зьвярнуўся да іх дзеля запавету Свайго з Абрагамам, Ісакам і Якавам, і не хацеў зьнішчыць іх, і не адхіліў іх ад аблічча Свайго дагэтуль.

24 І памёр Азаіл, цар Сірыйскі, і зацараваў Венадад, сын ягоны, замест яго.

25 І ўзяў назад Ёас, сын Ёахаза, з рукі Венадада, сына Азаілавага, гарады, якія ён узяў вайною з рукі бацькі ягонага, Ёахаза. Тры разы разьбіў яго Ёас і вярнуў гарады Ізраілевыя.

 

Разьдзел 14

 

1 У другі год Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, зацараваў Амасія, сын Ёаса, цар Юдэйскі:

2 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Егаадань, зь Ерусаліма.

3 І рабіў ён добрае ў вачах Гасподніх, хоць і ня так, як бацька ягоны Давід: ён ва ўсім рабіў так, як бацька яго Ёас.

4 Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.

5 Калі ўмацавалася царства ў руках яго, тады ён аддаў сьмерці слуг сваіх, якія забілі цара, бацьку ягонага.

6 Але дзяцей забойцаў не забіў, бо напісана ў кнізе закона Майсеевага, у якой наказваў Гасподзь, кажучы: не павінны быць караныя сьмерцю бацькі за дзяцей, і дзеці не павінны быць караныя сьмерцю за бацькоў, а кожны за сваё злачынства павінен быць караны сьмерцю.

7 Ён пабіў дзесяць тысяч Ідумэянаў у даліне Саляной, і ўзяў Сэлу вайною, і даў ёй імя Ёктэіл, якое і да сёньня.

8 Тады паслаў Амасія паслоў да Ёаса, цара Ізраільскага, сына Ёахаза, сына Іуя, сказаць: выйдзі, пабачымся асабіста.

9 І паслаў Ёас, цар Ізраільскі, да Амасіія, цара Юдэйскага, сказаць: цярне, якое на Ліване, паслала да кедра, які таксама на Ліване, сказаць: аддай дачку сваю за жонку сыну майму. Але прайшлі дзікія зьвяры, што на Ліване, і вытапталі гэтае цярне.

10 Ты пабіў Ідумэянаў, і заганарылася сэрца тваё. Вялічайся і сядзі ў сябе дома. Навошта табе распальваць свару сабе на бяду? Загінеш ты і Юда з табою.

11 Але не паслухаўся Амасія. І выступіў Ёас, цар Ізраільскі, і пабачыліся асабіста ён і Амасія, цар Юдэйскі, у Бэтсамісе, што ў Юдэі.

12 І разьбіты былі Юдэі Ізраільцянамі, і разьбегліся па намётах сваіх.

13 І Амасію, цара Юдэйскага, сына Ёаса, сына Ахозіі, захапіў Ёас, цар Ізраільскі, у Бэтсамісе, і пайшоў у Ерусалім і разбурыў сьцяну Ерусалімскую ад брамы Яфрэмавай да брамаў вуглавых на чатырыста локцяў.

14 І ўзяў усё золата і срэбра, і ўвесь посуд, які знайшоўся ў доме Гасподнім і ў скарбніцах царскага дома, і заложнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.

15 Астатняе пра Ёаса, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, і як ён ваяваў з Амасіем, царом Юдэйскім, напісанага ў летапісе цароў Ізраільскіх.

16 І спачыў Ёас з бацькамі сваімі, і пахаваны ў Самарыі з царамі Ізраільскімі. І зацараваў Ераваам, сын ягоны, замест яго.

17 І жыў Амасія, сын Ёасаў, цар Юдэйскі, пасьля сьмерці Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, пятнаццаць гадоў.

18 Астатнія дзеі Амасіі запісаны ў летапісе цароў Юдэйскіх.

19 І склалі супроць яго змову ў Ерусаліме, і ўцёк ён у Лахіс. І паслалі за ім у Лахіс, і забілі яго там.

20 І прывезьлі яго на конях, і пахаваны ён быў у Ерусаліме з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым.

21 І ўзяў увесь народ Юдэйскі Азарыю, якому было шаснаццаць гадоў, і ўзьвялі яго ў цара замест бацькі ягонага Амасія.

22 Ён забудаваў Элат і вярнуў яго Юдэі, пасьля таго як цар спачыў з бацькамі сваімі.

23 У пятнаццаты год Амасіі, сына Ёасавага, цара Юдэйскага, зацараваў Ераваам, сын Ёасаў, цар Ізраільскі, у Самарыі і валадарыў сорак адзін год,

24 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адступаўся ад усіх грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

25 Ён аднавіў межы Ізраіля, ад уваходу ў Эмат да мора пустыні, паводле слова Госпада Бога Ізраілевага, якое Ён сказаў праз раба Свайго Ёну, сына Аматыінага, прарока з Гатхэфэра,

26 бо Гасподзь бачыў бедства Ізраіля, вельмі горкае, так што не заставалася ні замкнутага, ні таго, хто застаўся, і ня было памочніка ў Ізраіля.

27 І не захацеў Гасподзь выкараніць імя Ізраільцян з паднябеснай, і выратаваў іх рукою Ераваама, сына Ёасавага.

28 Астатняе пра Ераваама і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра мужныя подзьвігі ягоныя, як ён ваяваў і як вярнуў Ізраілю Дамаск і Эмат, што належаў Юду, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

29 І спачыў Ераваам з бацькамі сваімі, з царамі Ізраільскімі. І зацараваў Захарый, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 15

 

1 У дваццаць сёмы год Ераваама, цара Ізраільскага, зацараваў Азарый, сын Амасія, цар Юдэйскі:

2 шаснаццаць гадоў было яму, калі зацараваў, і пяцьдзясят два гады валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Ехолія, зь Ерусаліма.

3 Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Амасій, бацька ягоны.

4 Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях.

5 І пабіў Гасподзь цара, і быў ён пракажоны да дня сьмерці сваёй і жыў у асобным доме. А Ётам, сын цароў, начальнічаў над палацам і кіраваў народам зямлі.

6 Астатняе пра Азарыя і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

7 І спачыў Азарый з бацькамі сваімі, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ётам, сын ягоны, замест яго.

8 У трыццаць восьмы год Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Захарый, сын Ераваама, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў шэсьць месяцаў.

9 Ён рабіў благое ў вачах Гасподніх, як рабілі бацькі ягоныя; не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

10 І склаў супроць яго змову Сэлум, сын Явіса, і ўдарыў яго перад народам, і забіў яго, і зацараваў замест яго.

11 Астатняе пра Захарыя напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

12 Такое было слова Госпада, якое Ён сказаў Іую, сказаўшы: сыны твае да чацьвёртага роду будуць сядзець на троне Ізраілевым. І збылося так.

13 Сэлум, сын Явіса, зацараваў на трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, і цараваў адзін месяц у Самарыі.

14 І пайшоў Менаім, сын Гадыя з Тырцы, і прыйшоў у Самарыю, і пабіў Сэлума, сына Явісавага, у Самарыі, і забіў яго, і зацараваў замест яго.

15 Астатняе пра Сэлума і пра змову ягоную, якую ён склаў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

16 І пабіў Менаім Тыпсах і ўсіх, што былі ў ім і ў межах яго, ад Тырцы, за тое, што горад не адчыніў брамы, і разьбіў яго: і ўсіх цяжарных жанчын у ім парубаў.

17 На трыццаць дзявятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Менаім, сын Гадыя, над Ізраілем; і валадарыў дзесяць гадоў у Самарыі;

18 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх, ва ўсе дні свае.

19 Тады прыйшоў Фул, цар Асірыйскі, на зямлю Ізраілевую. І даў Менаім Фулу тысячу талантаў срэбра, каб рукі ягоныя былі за яго і каб умацаваць царства ў руцэ сваёй.

20 І расклаў Менаім гэта срэбра на Ізраільцянаў, на ўсіх людзей багатых, па пяцьдзясят сікляў срэбра на кожнага чалавека, каб аддаць цару Асірыйскаму. І пайшоў назад цар Асірыйскі, і не застаўся там у зямлі.

21 Астатняе пра Менаіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

22 І спачыў Менаім з бацькамі сваімі. І зацараваў Факія, сын ягоны, замест яго.

23 На пяцідзясятым годзе Азарыя, цара Юдэйскага, зацараваў Факія, сын Менаіма, над Ізраілем у Самарыі, і валадарыў два гады;

24 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіль у грэх.

25 І склаў супроць яго змову Факей, сын Рэмалія, саноўнік ягоны, і пабіў яго ў Самарыі ў палаце царскага дома, з Арговам і Арыем, маючы пры сабе шэсьцьдзясят чалавек Галаадыцянаў, і забіў яго, і зацараваў замест яго

26 Астатняе пра Факія і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

27 У пяцьдзясят другі год Азарыя, цара Юдэйскага, дацараваў Факей, сын Рэмалія, над Ізраілем у Самарыі і валадарыў дваццаць гадоў;

28 і рабіў ён благое ў вачах Гасподніх: не адставаў ад грахоў Ераваама, сына Наватавага, які ўвёў Ізраіля ў грэх.

29 У дні Факея, цара Ізраільскага, прыйшоў Тэглатфэласар, цар Асірыйскі, і ўзяў Ён, Авэл-бэт-Мааху і Янох і Кедэс і Асор, і Галаад і Галілею, усю зямлю Нэфталімавую, і перасяліў іх у Асірыю.

30 І склаў змову Асія, сын Ілы, супроць Факея, сына Рэмаліінага, і пабіў яго, і забіў яго, і зацараваў замест яго ў дваццаты год Ёатама, сына Азіінага.

31 Астатняе пра Факея і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Ізраільскіх.

32 На другім годзе Факея, сына Рэмаліінага, цара Ізраільскага, зацараваў Ёатам, сын Азіі, цара Юдэйскага.

33 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме. Імя маці ягонай Еруша, дачка Садока.

34 Ён рабіў спадобнае ў вачах Гасподніх: ва ўсім, як рабіў Азія, бацька ягоны, так рабіў і ён.

35 Толькі вышыні ня былі адменены: народ учыняў яшчэ ахвяры і дымленьні на вышынях. Ён пабудаваў верхнюю браму пры доме Гасподнім.

36 Астатняе пра Ёатама і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

37 У тыя дні пачаў Гасподзь пасылаць на Юдэю Рэцына, цара Сірыйскага, і Факея, сына Рэмаліінага.

38 І спачыў Ёатам з бацькамі сваімі ў горадазе Давіда, бацькі ягонага. І зацараваў Ахаз, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 16

 

1 На семнаццатым годзе Факея, сына Рэмаліінага, зацараваў Ахаз, сын Ёатама, цара Юдэйскага:

2 дваццаць гадоў было Ахазу, калі зацараваў, і шаснаццаць гадоў валадарыў ён у Ерусаліме, і не рабіў спадобнага ў вачах Госпада Бога свайго, як Давід, бацька ягоны,

3 а хадзіў шляхам цароў Ізраільскіх, і нават сына свайго правёў праз агонь, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых,

4 і ўчыняў ахвяры і дымленьні на вышынях і на пагорках і пад кожным цяністым дрэвам.

5 Тады пайшоў Рэцын, цар Сірыйскі, і Факей, сын Рэмаліін, цар Ізраільскі, супроць Ерусаліма, каб заваяваць яго, і трымалі Ахаза ў аблозе, але адолець не маглі.

6 Тым часам Рэцын, цар Сірыйскі, вярнуў Сірыі Элат і прагнаў Юдэяў з Элата; і Ідумэяне ўступілі ў Элат, і жывуць там да сёньня.

7 І паслаў Ахаз паслоў да Тэглатфэласара, цара Асірыйскага, сказаць: раб твой і сын твой я; прыйдзі і абарані мяне ад рукі цара Сірыйскага і ад рукі цара Ізраільскага, што паўсталі на мяне.

8 І ўзяў Ахаз срэбра і золата, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага, і паслаў цару Асірыйскаму ў дарунак.

9 І паслухаўся яго цар Асірыйскі; і пайшоў цар Асірыйскі ў Дамаск і ўзяў яго, і перасяліў жыхароў яго ў Кір, а Рэцына аддаў сьмерці.

10 І пайшоў цар Ахаз насустрач Тэглатфэласару, цару Асірыйскаму, у Дамаск, і ўбачыў ахвярнік, які ў Дамаску, і паслаў цар Ахаз да Урыя сьвятара выяву ахвярніка і рысунак усёй будовы.

11 І пабудаваў сьвятар Урыя ахвярнік паводле ўзору, які прыслаў цар Ахаз з Дамаска; і зрабіў так сьвятар Урыя да прыбыцьця цара Ахаза з Дамаска.

12 І прыйшоў цар з Дамаска, і ўбачыў цар ахвярнік, і падышоў цар да ахвярніка, і прынёс на ім ахвяру;

13 і ўчыніў цэласпаленьне сваё і хлебнае прынашэньне, і ўчыніў выліваньне сваё, і акрапіў крывёю мірнай ахвяры сваёй ахвярнік.

14 А медны ахвярнік, які прад абліччам Гасподнім, ён перасунуў ад пярэдняга боку храма, зь месца паміж ахвярнікам новым і домам Гасподнім, і паставіў яго збоку гэтага ахвярніка на поўнач.

15 І даў загад цар Ахаз сьвятару Урыю, сказаўшы: на вялікім ахвярніку ўчыняй ранішняе цэласпаленьне і вячэрняе хлебнае прынашэньне, і цэласпаленьне ад цара і хлебнае прынашэньне ад яго, і цэласпаленьне ад усіх людзей зямлі і хлебнае прынашэньне ад іх, і выліваньне ад іх і ўсякай крывёю цэласпаленьняў і ўсякаю крывёю ахвяр акрапляй яго, а ахвярнік медны застанецца да маёй распарады.

16 І зрабіў сьвятар Урыя ўсё так, як загадаў цар Ахаз.

17 І абламаў цар Ахаз абадкі на падстаўках, і зьняў зь іх умывальніцы, і мора зьняў з медных валоў, якія былі пад ім, і паставіў яго на каменную падлогу.

18 І адмяніў крыты суботні ход, які збудавалі пры храме, і зьнешні царскі ўваход да дома Гасподняга, дзеля цара Асірыйскага.

19 Астатняе пра Ахаза, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

20 І спачыў Ахаз з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў доме Давідавым. І зацараваў Эзэкія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 17

 

1 На дванаццатым годзе Ахаза, цара Юдэйскага, зацараваў Асія, сын Ілы, у Самарыі над Ізраілем і валадарыў дзевяць гадоў,

2 і рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх, але ня так, як цары Ізраільскія, якія былі да яго.

3 Супроць яго выступіў Салманасар, цар Асірыйскі, і зрабіўся Асія падуладны яму і даваў яму даніну.

4 І заўважыў цар Асірыйскі ў Асіі здраду, бо ён пасылаў паслоў да Сігора, цара Егіпецкага, і не дастаўляў даніны цару Асірыйскаму кожны год; і ўзяў яго цар Асірыйскі пад варту, і ўвязьніў яго ў цямніцу.

5 І пайшоў цар Асірыйскі на ўсю зямлю, і падступіўся да Самарыі, і трымаў яе ў аблозе тры гады.

6 На дзявятым годзе Асіі ўзяў цар Асірыйскі Самарыю, і перасяліў Ізраільцян у Асірыю, і пасяліў іх у Халаху і ў Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах Мідыйскіх.

7 Калі пачалі грашыць сыны Ізраілевыя прад Госпадам Богам сваім, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай, і пачалі ўшаноўваць багоў іншых;

8 і пачалі ўчыняць паводле звычаяў іншых народаў, якіх Гасподзь прагнаў ад аблічча сыноў Ізраілевых, і паводле звычаяў цароў Ізраільскіх, як учынялі яны;

9 і пачалі рабіць сыны Ізраілевыя дзеі незаўгодныя Госпаду Богу свайму, і зладзілі сабе вышыні ва ўсіх гарадах сваіх, ад дазорнай вежы да ўмацаванага горада;

10 і паставілі ў сябе статуі і выявы Астартаў на кожным высокім пагорку і пад кожным цяністым дрэвам;

11 і пачалі там учыняць дымленьні на ўсіх вышынях, як тыя народы, якіх прагнаў ад іх Гасподзь, і рабілі благія дзеі, што гнявілі Госпада;

12 і служылі ідалам, пра якіх казаў ім Гасподзь: не рабеце гэтага.

13 Тады Гасподзь праз усіх прарокаў Сваіх, праз кожнага празорліўца перасьцерагаў Ізраіля і Юду, кажучы: вярнецеся зь ліхіх шляхоў вашых і захоўвайце наказы Мае, пастановы Мае па ўсім вучэньні, якое Я запавядаў бацькам вашым і якое Я выклаў вам праз рабоў Маіх, прарокаў.

14 Але яны ня слухаліся і ўжарсьцьвілі шыю сваю, як была шыя бацькоў іхніх, якія ня верылі ў Госпада Бога свайго

15 і пагарджалі пастановамі Яго, і запаветам Ягоным, які Ён заключыў з бацькамі іхнімі, і адкрыцьцямі Ягонымі, якімі Ён перасьцерагаў іх, і пайшлі сьледам марнасьці і змарнаваліся, і сьледам народаў навакольных, пра якіх Гасподзь наказваў ім, каб не рабілі так, як яны,

16 і пакінулі ўсе запаведзі Госпада Бога свайго, і парабілі сабе літыя выявы двух цялят, і зладзілі дуброву, і пакланяліся ўсяму войску нябеснаму, і служылі Ваалу,

17 і праводзілі сыноў сваіх і дочак сваіх праз агонь, і варажылі, і чаравалі, і аддаліся таму, каб рабіць благое ў вачах Госпада і ўгняўляць Яго.

18 І ўгневаўся Гасподзь моцна на Ізраільцян, і адкінуў іх ад аблічча Свайго. Не засталося нікога акрамя калена Юдавага.

19 І Юда таксама ня трымаўся запаведзяў Госпада Бога свайго, і рабіў паводле звычаяў Ізраільцян, як рабілі яны.

20 І адвярнуўся Гасподзь ад усіх нашчадкаў Ізраіля, і ўпакорыў іх, і аддаваў іх у рукі грабежнікаў, і нарэшце адкінуў іх ад аблічча Свайго.

21 Ізраільцяне адпалі ад дому Давідавага і ўзьвялі царом Ераваама, сына Наватавага. І ўхіліў Ераваам Ізраільцян ад Госпада, і ўцягнуў іх у вялікі грэх.

22 І дзеялі сыны Ізраілевыя паводле ўсіх грахоў Ераваама, якія ён рабіў, не адставалі ад іх,

23 пакуль Гасподзь не адкінуў Ізраіля ад аблічча Свайго, як казаў праз усіх рабоў Сваіх, прарокаў. І пераселены Ізраіль зь зямлі сваёй у Асірыю, дзе ён і да гэтага дня.

24 І перавёў цар Асірыйскі людзей з Вавілона, і з Куты, і з Авы, і з Эмата, і з Сэпарваіма, і пасяліў іх у гарадах Самарыйскіх замест сыноў Ізраілевых. І яны валодалі Самарыяй, і пачалі жыць у гарадах яе.

25 І як на пачатку жыхарства свайго там яны не шанавалі Госпада, дык Гасподзь пасылаў на іх ільвоў, якія аддавалі іх сьмерці.

26 І данесьлі цару Асірыйскаму і сказалі: народы, якія ты перасяліў і пасяліў у гарадах Самарыйскіх, ня ведаюць закона Бога той зямлі, і за тое Ён пасылае на іх ільвоў, і вось яны забіваюць іх, бо яны ня ведаюць закона Бога той зямлі.

27 І загадаў цар Асірыйскі, і сказаў: адпраўце туды аднаго сьвятара з тых, што вы выселілі адтуль; няхай пойдзе і жыве там, і ён навучыць іх закону Бога той зямлі.

28 І прыйшоў адзін сьвятар з тых, каго выселілі з Самарыі, і жыў у Вэтылі, і вучыў іх, як шанаваць Госпада.

29 Прытым зрабіў кожны народ і сваіх багоў і паставіў у бажніцах вышыняў, якія ўсталявалі Самаране, — кожны народ у сваіх гарадах, дзе жывуць яны:

30 Вавілоняне зрабілі Сукотбэнот, Кутыйцы зрабілі Нэргала, Эмацяне зрабілі Ашыму,

31 Авійцы зрабілі Ніўхаза і Тартака, а Сэпарваімцы палілі сыноў сваіх у агні Адрамэлэху і Анамэлэху, багам Сэпарваімскім.

32 Тым часам шанавалі і Госпада, і паставілі ў сябе сьвятароў вышыняў з асяродзьдзя свайго, і яны служылі ў іх у капішчах вышыняў.

33 Госпада яны шанавалі, і багам сваім яны служылі паводле звычаю народаў, зь якіх выселілі іх.

34 Да гэтага дня робяць яны паводле сваіх звычаяў: не баяцца Госпада і ня ўчыняюць паводле пастановаў і абрадаў, якія наказаў Гасподзь сынам Якава, якому даў Ён імя Ізраіля.

35 Устанавіў Гасподзь зь імі запавет і наказаў ім, кажучы: не шануйце багоў іншых і не пакланяйцеся ім, і ня служэце ім, і ня прыносьце ахвяраў ім,

36 але Гасподзь, Які вывеў вас зь зямлі Егіпецкай сілаю вялікаю і мышцаю прасьцёртай, — Яго шануйце і Яму пакланяйцеся, і Яму прыносьце ахвяры,

37 і пастановы, і ўстанаўленьні, і закон, і наказы, якія Ён напісаў вам, старайцеся выконваць ва ўсе дні, і не шануйце багоў іншых;

38 і запавета, які я ўстанавіў з вамі, не забывайце, і не шануйце багоў іншых,

39 толькі Госпада Бога вашага шануйце, і Ён выбавіць вас ад рукі ўсіх ворагаў вашых.

40 Але яны не паслухаліся, а ўчынялі паводле сваіх ранейшых звычаяў.

41 Народы гэтыя шанавалі Госпада, але і балванам сваім служылі. Ды і дзеці іхнія і дзеці дзяцей іхніх да сёньня робяць гэтак сама, як рабілі бацькі іхнія.

 

Разьдзел 18

 

1 На трэцім годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, зацараваў Эзэкія, сын Ахаза, цара Юдэйскага:

2 дваццаць пяць гадоў было яму, калі зацараваў, і дваццаць дзевяць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Аві, дачка Захара.

3 І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Давід, бацька ягоны;

4 ён адмяніў вышыні, разьбіў статуі, высек дуброву і зьнішчыў меднага зьмея, якога зрабіў Майсей, бо да самых тых дзён сыны Ізраілевыя кадзілі яму і называлі яго Нэхуштан.

5 На Госпада Бога Ізраілевага спадзяваўся ён; і такога, як ён, ня было сярод усіх цароў Юдэйскіх і пасьля яго і да яго.

6 І прыляпіўся ён да Госпада і не адступаўся ад Яго, і выконваў наказы Ягоныя, якія запавядаў Гасподзь Майсею.

7 І быў Гасподзь зь ім: усюды, куды ён ні хадзіў, рабіў ён добра і разумна. І аддзяліўся ён ад цара Асірыйскага і перастаў служыць яму.

8 Ён пабіў Філістымлянаў да Газы і ў межах яе, ад дазорнай вежы да ўмацаванага горада.

9 На чацьвёртым годзе цара Эзэкіі, гэта значыць, на сёмым годзе Асіі, сына Ілы, цара Ізраільскага, пайшоў Салманасар, цар Асірыйскі, на Самарыю і аблажыў яе,

10 і ўзяў яе праз тры гады, на шостым годзе Эзэкіі, гэта значыць, на дзявятым годзе Асіі, цара Ізраільскага, узята Самарыя.

11 І перасяліў цар Асірыйскі Ізраільцянаў у Асірыю, і пасяліў іх у Халаху і ў Хаворы, каля ракі Гозан, і ў гарадах Мідыйскіх,

12 за тое, што яны ня слухаліся голасу Госпада Бога свайго і пераступілі запавет Ягоны: усяго, што наказаў Майсей раб Гасподні, яны ня слухалі і ня выконвалі.

13 На чатырнаццатым годзе цара Эзэкіі, пайшоў Сэнахірым, цар Асірыйскі, супроць усіх умацаваных гарадоў Юды і ўзяў іх.

14 І паслаў Эзэкія, цар Юдэйскі, да цара Асірыйскага ў Лахіс сказаць: вінаваты я; адыдзі ад мяне; што накладзеш на мяне, я ўнясу. І наклаў цар Асірыйскі на Эзэкію, цара Юдэйскага, трыста талантаў срэбра і трыццаць талантаў золата.

15 І аддаў Эзэкія ўсё срэбра, якое знайшлося ў доме Гасподнім і ў скарбніцах дома царскага.

16 У той час зьняў Эзэкія золата зь дзьвярэй дома Гасподняга і зь дзьвярных слупоў, якія пазалаціў Эзэкія, цар Юдэйскі, і аддаў яго цару Асірыйскаму.

17 І паслаў цар Асірыйскі Тартана і Рабсарыса і Рабсака з Лахіса да цара Эзэкіі зь вялікім войскам у Ерусалім. І пайшлі, і прыйшлі да Ерусаліма; і пайшлі, і прыйшлі, і сталі каля вадаправода верхняе сажалкі, якая на дарозе поля лямцавальнага.

18 І клікалі яны цара. І выйшаў да іх Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісар, і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец.

19 І сказаў ім Рабсак: скажэце Эзэкіі: так кажа цар вялікі, цар Асірыйскі: што гэта за спадзяваньне, на якое ты спадзяешся?

20 Ты казаў толькі пустыя словы: для вайны патрэбны рада і сіла. А сёньня на каго ты спадзяешся, што адпаўся ад мяне?

21 Вось, ты думаеш абаперціся на Егіпет, на гэтую трысьціну надламаную, якая, калі хто абапрэцца на яе, увойдзе яму ў руку і праколе яе. Такі фараон, цар Егіпецкі, для ўсіх, хто спадзяецца на яго.

22 А калі вы скажаце мне: на Госпада Бога нашага мы спадзяёмся, дык ці не на таго, вышыні і ахвярнікі якога адмяніў Эзэкія і сказаў Юду і Ерусаліму: толькі перад гэтым ахвярнікам пакланяйцеся ў Ерусаліме.

23 Дык вось, уступі ў саюз з гаспадаром маім царом Асірыйскім; я дам табе дзьве тысячы коней, ці можаш ты дастаць сабе вершнікаў на іх?

24 Як табе адолець і аднаго правадыра з найменшых слуг гаспадара майго? І спадзяешся на Егіпет дзеля калясьніц і коней?

25 Пры гэтым ці ж бо я бяз волі Гасподняй пайшоў на месца гэтае, каб спустошыць яго? Гасподзь сказаў мне: ідзі на зямлю гэтую і спустошы яе.

26 І сказаў Эліякім, сын Хэлкіін, і Сэўна і Ёах Рабсаку: кажы рабам тваім па-Арамейску, бо мы разумеем, а не гавары з намі па-Юдэйску ў вушы народу, які на сьцяне.

27 І сказаў ім Рабсак: хіба толькі да гаспадара твайго і да цябе паслаў мяне гаспадар мой сказаць гэтыя словы? Не, таксама і да людзей, якія сядзяць на сьцяне, каб есьці памёт свой і піць мачу сваю з вамі.

28 І ўстаў Рабсак і абвясьціў гучным голасам па-Юдэйску, і гаварыў, і сказаў: слухайце слова цара вялікага, цара Асірыйскага!

29 Так кажа цар: хай не спакушае вас Эзэкія, бо ён ня можа вас уратаваць ад рукі маёй;

30 і хай не абнадзейвае вас Эзэкія Госпадам, кажучы: выратуе нас Гасподзь і ня будзе горад гэты аддадзены ў рукі цара Асірыйскага.

31 Ня слухайце Эзэкіі. Бо так кажа цар Асірыйскі: прымірэцеся са мною і выйдзіце да мяне, і хай кожны есьць плады вінаграднай лазы сваёй і смакоўніцы сваёй, і хай кожны п’е ваду са свайго калодзежа,

32 пакуль я ня прыйду і не вазьму вас у зямлю такую самую, як і ваша зямля, у зямлю хлеба і віна, у зямлю пладоў і вінаграднікаў, ў зямлю масьлічных дрэў і мёду, і будзеце жыць, і не памраце. Ня слухайце ж Эзэкіі, які зводзіць вас, кажучы: Гасподзь уратуе нас.

33 Ці ўратавалі багі народаў, кожны сваю зямлю, ад рукі цара Асірыйскага?

34 Дзе багі Эмата і Арпада? Дзе багі Сэпарваіма, Эны і Івы? Ці выратавалі яны Самарыю ад рукі маёй?

35 Хто з усіх багоў зямель гэтых выратаваў зямлю сваю ад рукі маёй? Дык няўжо Гасподзь выратуе Ерусалім ад рукі маёй?

36 І маўчаў народ і не адказвалі яму ні слова, бо быў загад цара: не адказвайце яму.

37 І прыйшоў Эліякім, сын Хэлкіін, начальнік палаца, і Сэўна пісец і Ёах, сын Асафаў, дзеяпісец, да Эзэкіі ў падранай вопратцы, і пераказалі яму словы Рабсакавыя.

 

Разьдзел 19

 

1 Калі пачуў гэта цар Эзэкія, дык падраў вопратку на сабе і накрыўся вярэтай, і пайшоў у дом Гасподні.

2 І паслаў Эліякіма, начальніка палаца, і Сэўну пісца, і старэйшых сьвятароў, пакрытых вярэтай, да Ісаі прарока, сына Амосавага.

3 І яны сказалі яму: так кажа Эзэкія: дзень смутку і кары і паганьбеньня — дзень гэты; бо дайшлі немаўляты да адтуліны нутробы мацярынскай, а сілы няма нарадзіць.

4 Можа, пачуе Гасподзь, Бог твой, усе словы Рабсака, якога паслаў цар Асірыйскі, гаспадар ягоны, зьневажаць Бога жывога і ганіць яго словамі, якія чуў Гасподзь, Бог твой. Учыні ж малітву за пазасталых, якія яшчэ жывыя.

5 І прыйшлі слугі цара Эзэкіі да Ісаі,

6 і сказаў ім Ісая: так скажэце гаспадару вашаму: так кажа Гасподзь: ня бойся слоў, якія ты чуў, якімі ганілі Мяне слугі цара Асірыйскага.

7 Вось Я пашлю ў яго дух, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я паб’ю яго мечам у зямлі ягонай.

8 І вярнуўся Рабсак, і знайшоў цара Асірыйскага, які ваяваў супроць Ліўны, бо ён чуў, што той адышоў ад Лахіса.

9 І пачуў ён пра Тыргака, цара Эфіопскага; яму сказалі: вось, ён выйшаў біцца з табою. І паслаў ён паслоў да Эзэкіі сказаць:

10 так скажэце Эзэкію, цару Юдэйскаму: няхай не ашуквае цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, думаючы: ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі цара Асірыйскага.

11 Ты ж чуў, што зрабілі цары Асірыйскія з усімі землямі, наклаўшы на іх закляцьце, — дык жа ці ты ацалееш?

12 Багі народаў, якіх спустошылі бацькі мае, ці ж выратавалі іх? — Ці выратавалі Газан, і Харан, і Рэцэф, і сыноў Эдэна! што ў Таласары?

13 Дзе цар Эмата, і цар Арпада, і цар горада Сэпарваіма, Эны і Івы?

14 І ўзяў Эзэкія ліст з рукі паслоў і прачытаў яго, і пайшоў у дом Гасподні, і разгарнуў яго Эзэкія прад абліччам Гасподнім,

15 і маліўся Эзэкія прад абліччам Гасподнім і казаў: Госпадзе Божа Ізраілеў, Які сядзіць на херувімах! Ты адзін Бог усіх царстваў зямлі, Ты стварыў неба і зямлю.

16 Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё і пачуй; разамкні, Госпадзе, вочы Твае і паглядзі, і пачуй словы Сэнахірыма, які паслаў ганіць Бога жывога!

17 Праўда, о, Госпадзе, цары Асірыйскія спустошылі народы і землі іхнія,

18 і паўкідалі багоў іхніх у агонь, але гэта не багі, а вырабы рук чалавечых, дрэва і камень, — таму і вынішчылі іх.

19 І сёньня, Госпадзе Божа наш, выратуй нас ад рукі ягонай, і даведаюцца ўсе царствы зямлі, што Ты, Госпадзе, Бог адзін.

20 І паслаў Ісая, сын Амосаў, да Эзэкіі сказаць: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: тое, за што ты молішся Мне супроць Сэнахірыма, цара Асірыйскага, Я пачуў.

21 Вось слова, якое сказаў Гасподзь пра яго: пагардзіць цябе, пасьмяецца зь цябе дзеўная дачка Сіёна; усьлед табе пахітае галавою дачка Ерусаліма.

22 Каго ты асуджаў і ганіў? І на каго ты падняў голас, і падняў так высока вочы свае? На Сьвятога Ізраілевага?

23 Праз паслоў тваіх ты асуджаў Госпада і сказаў: з мноствам калясьніц маіх я ўзышоў на вышыню гор, на рэбры Лівана, і сьсек рослыя кедры яго, выдатныя кіпарысы яго, і прыйшоў на самае крайняе прыстанішча яго, у гай саду яго:

24 і адкопваў я і піў ваду чужую, і асушыў ступакамі ног маіх усе рэкі Егіпецкія.

25 Хіба ты ня чуў, што Я здаўна зрабіў гэта, у даўнія дні наканаваў гэта, а сёньня выканаў тым, што ты спусташаеш умацаваныя гарады, ператвараючы ў груды развалін?

26 І жыхары іх зрабіліся маламоцныя, трымцяць і застаюцца ў сораме. Яны сталі як трава на полі і сьвежая зеляніна, як пораст на дахах і апалены хлеб, да таго як выкаласіцца.

27 Ці сядзеш ты, ці выйдзеш, ці ўвойдзеш, Я ўсё ведаю; ведаю і дзёрзкасьць тваю супроць Мяне.

28 За тваю дзёрзкасць супроць Мяне і за тое, што пагарда твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўвяду колца Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і вярну цябе назад тою самаю дарогаю, якою прыйшоў ты.

29 І вось табе, Эзэкія, азнака: ежце ў гэты год тое, што вырасла ад апалага зерня, і на другі год — самароднае, а на трэці год сейце і жнеце, і садзеце вінаградныя сады і ежце плады іх.

30 І ацалелае ў доме Юдавым, што засталося, пусьціць зноў корань унізе і ўродзіць плод наверсе,

31 бо зь Ерусаліма павядзецца рэшта, і выратаваньне ад гары Сіёна. Руплівасць Госпада Саваофа зробіць гэта.

32 Таму так кажа Гасподзь пра цара Асірыйскага: ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня кіне туды стрэлы, і не падступіцца да яго з шчытом, і не насыпле супроць яго вала.

33 Тою самаю дарогай, якою прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа Гасподзь.

34 Я буду ахоўваць горад гэты, каб уратаваць яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.

35 І сталася тае ночы: пайшоў анёл Гасподні і пабіў у табары сто восемдзесят пяць тысяч. І ўсталі раніцай, і вось усе целы мёртвыя.

36 І выправіўся, і пайшоў, і вярнуўся Сэнахірым, цар Асірыйскі, і жыў у Нінэвіі.

37 І калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, дык Адрамэлэх і Шарэцэр, сын ягоны, забілі яго мечам, а самыя ўцяклі ў зямлю Арарацкую. І зацараваў Асардан, сын Гоны, замест яго.

 

Разьдзел 20

 

1 У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна; і прыйшоў да яго Ісая, сын Амосаў, прарок, і сказаў яму: так кажа Гасподзь: учыні тастамент дому твайму, бо памрэш ты і ня выздаравееш.

2 І адвярнуўся Эзэкія тварам сваім да сьцяны і маліўся Госпаду, кажучы:

3 о, Госпадзе, успомні, што я хадзіў прад абліччам Тваім верна і з адданым сэрцам, і рабіў спадобнае ў вачах Тваіх. І заплакаў Эзэкія моцна.

4 Ісая яшчэ ня выйшаў з горада, як было яму слова Гасподняе:

5 вярніся і скажы Эзэкію, уладыку народу Майго: так кажа Гасподзь Бог Давіда, бацькі твайго: Я пачуў малітву тваю, убачыў сьлёзы твае. Вось, я ацалю цябе; на трэці дзень пойдзеш у дом Гасподні;

6 і дадам да дзён тваіх пятнацаць гадоў, і ад рукі цара Асірыйскага ўратую цябе і горад гэты, і абараню горад гэты дзеля Сябе і дзеля Давіда, раба Майго.

7 І сказаў Ісая: вазьмеце скрылік смоквы. І ўзялі, і прыклалі да нарыву: і ён выздаравеў.

8 І сказаў Эзэкія Ісаю: якая азнака, што Гасподзь ацаліў мяне, і што пайду я на трэці дзень у дом Гасподні?

9 І сказаў Ісая: вось табе азнака ад Госпада, што выканае Гасподзь слова, якое Ён мовіў: ці наперад прайсьці ценю на дзесяць прыступак ці вярнуцца на дзесяць прыступак?

10 І сказаў Эзэкія: лёгка ценю пасунуцца наперад на дзесяць прыступак; не, хай вернецца цень назад на дзесяць прыступак.

11 І заклікаў Ісая прарок Госпада, і вярнуў цень на прыступках, дзе цень апускаўся па прыступках Ахазавых, на дзесяць прыступак.

12 Тым часам паслаў Бэродах Баладан, сын Баладана, цар Вавілонскі, лісты і дарунак Эзэкію, бо ён чуў, што Эзэкія быў хворы.

13 Эзэкія, выслухаўшы пасланцаў, паказаў ім кладоўкі свае, срэбра і золата, і пахошчы, і масьці дарагія, і ўвесь збройны дом свой і ўсё, што было ў скарбніцах ягоных: не заставалася ніводнай рэчы, якой не паказаў бы ім Эзэкія ў доме сваім і ва ўсім валоданьні сваім.

14 І прыйшоў Ісая прарок да цара Эзэкіі і сказаў яму: што казалі гэтыя людзі, і адкуль яны прыходзілі да цябе? І сказаў Эзэкія: зь зямлі далёкай яны прыходзілі, з Вавілона.

15 І сказаў Ісая: што яны бачылі ў доме тваім? І сказаў Эзэкія: усё, што ў доме маім, бачылі, не засталося ніводнай рэчы, якое б я не паказаў ім у скарбніцах маіх.

16 І сказаў Ісая Эзэкію; выслухай слова Гасподняе:

17 вось прыйдуць дні, і ўзята будзе ўсё, што ў доме тваім і, што сабралі бацькі твае да сёньня, у Вавілон; нічога не застанецца, кажа Гасподзь.

18 З сыноў тваіх, якія пойдуць ад цябе, якіх народзіш ты, возьмуць, і будуць яны еўнухамі ў палацы цара Вавілонскага.

19 І сказаў Эзэкія Ісаю: добрае слова Гасподняе, якое ты сказаў. І сказаў далей: хай будзе мір і дабрабыт у дні мае!

20 Астатняе пра Эзэкію і пра ўсе подзьвігі ягоныя, і пра тое, што ён зрабіў сажалку і вадаправод і правёў ваду ў горад, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

21 І спачыў Эзэкія з бацькамі сваімі, і зацараваў Манасія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 21

 

1 Дванаццаць гадоў было Манасію, калі зацараваў, і пяцьдзясят гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хэфцыба.

2 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх, пераймаючы мярзоты народаў, якіх прагнаў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.

3 І зноў зладзіў вышыні, якія зьнішчыў бацька ягоны Эзэкія, і паставіў ахвярнікі Ваалу, і зрабіў дуброву, як зрабіў Ахаў, цар Ізраільскі; і пакланяўся ўсяму войску нябеснаму, і служыў яму,

4 і спарудзіў ахвярнікі ў доме Гасподнім, пра які сказаў Гасподзь: у Ерусаліме пакладу імя Маё.

5 І спарудзіў ахвярнікі ўсяму воінству нябеснаму на абодвух дварах храма Гасподняга.

6 І правёў сына свайго праз агонь, і чараваў, і варажыў, і завёў закліначоў мёртвых і чарадзеяў; многа зрабіў неспадобнага ў вачах Госпада, каб угнявіць Яго.

7 І паставіў балвана Астарты, які зрабіў у доме, пра які казаў Гасподзь Давіду і Саламону, сыну ягонаму: у доме гэтым і ў Ерусаліме, які Я выбраў з усіх каленаў Ізраілевых, Я кладу імя Маё навек;

8 і ня дам наперад выступіць назе Ізраільцяніна зь зямлі, якую Я даў бацькам іхнім, калі толькі яны будуць старацца рабіць згодна з усім тым, што Я загадаў ім, і з усім законам, які наказаў ім раб Мой Майсей.

9 Але яны не паслухаліся; і зьвёў іх Манасія да таго, што яны рабілі горш за тыя народы, якія вынішчыў Гасподзь ад аблічча сыноў Ізраілевых.

10 І казаў Гасподзь праз рабоў Сваіх прарокаў і сказаў:

11 за тое, што зрабіў Манасія, цар Юдэйскі, такія мярзоты, горш за ўсё тое, што рабілі Амарэі, якія былі да яго, і ўвёў Юду ў грэх ідаламі сваімі,

12 за тое, так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў, вось, Я навяду такое зло на Ерусалім і на Юду, пра якое калі хто пачуе, зазьвініць увушшу ў таго;

13 і працягну на Ерусалім мерны шнур Самарыі і вагу дома Ахававага, і вытру Ерусалім так, як выціраюць шалю, вытруць і перакуляць яе;

14 і адкіну рэшту спадчыны Маёй, і аддам у рукі ворагаў іхніх, і будуць на разрабаваньне і спусташэньне ўсім нязычліўцам сваім

15 за тое, што яны рабілі благое ў вачах Маіх і гнявілі Мяне з таго дня, як выйшлі бацькі іхнія зь Егіпта, і да сёньня.

16 А яшчэ праліў Манасія і даволі многа нявіннай крыві, так што напоўніў ёю Ерусалім ад краю да краю, звыш свайго грэху, што ён увёў Юду ў грэх — рабіць благое ў вачах Гасподніх.

17 Астатняе пра Манасію і пра ўсё, што ён зрабіў, і пра грахі ягоныя, у чым ён зграшыў, напісана ў летапіе цароў Юдэйскіх.

18 І спачыў Манасія з бацькамі сваімі, і пахаваны ў садзе каля дома ягонага, у садзе Узы. І зацараваў Амон, сын ягоны, замест яго:

19 дваццаць два гады бло Амону, калі зацараваў, і два гады валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Мэшулэмэт, дачка Харуца, зь Ятбы.

20 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх так, як рабіў Манасія, бацька ягоны;

21 і хадзіў тою самаю дарогаю, якою хадзіў бацька ягоны, і служыў балванам, якім служыў бацька ягоны, і пакланяўся ім,

22 і пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх, не хадзіў шляхам Гасподнім.

23 І склалі змову слугі Амонавыя супроць яго, і забілі цара ў доме ягоным.

24 Але народ зямлі перабіў усіх, хто быў у змове супроць цара Амона; і паставіў народ зямлі царом Ёсію, сына ягонага, замест яго.

(25)

26 І пахавалі яго ў магільніцы ягонай, у садзе Узы. І зацараваў Ёсія, сын ягоны, замест яго.

 

Разьдзел 22

 

1 Восем гадоў было Ёсію, калі зацараваў, і трыццаць адзін год валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Едыда, дачка Адаі, з Боцкафы.

2 І рабіў ён добрае ў вачах Гасподніх, і хадзіў ва ўсім шляхам Давіда, бацькі свайго, і ня ўхіляўся ні направа, ні налева.

3 На васемнаццатым годзе цара Ёсіі, паслаў цар Шафана, сына Ацаліі, сына Мэшуламавага, пісца ў дом Гасподні, сказаўшы:

4 ідзі да Хэлкіі першасьвятара, хай ён пералічыць срэбра, прынесенае ў дом Гасподні, якое сабралі ў народу дазорныя каля парога,

5 і хай аддадуць яго ў рукі майстрам на працы, што прыстаўлены да дома Гасподняга, а гэтыя хай раздаюць яго тым, што працуюць у доме Гасподнім, на паправу пашкодаў у доме,

6 цесьлярам і каменярам, і мулярам сьцен, і на куплю драўніны і часанага каменю на папраўленьне дома;

7 зрэшты не патрабаваць у іх адказу за срэбра, перададзенае ў рукі іхнія, бо яны сумленныя.

8 І сказаў Хэлкія першасьвятар Шафану пісцу: кнігу закона я знайшоў у доме Гасподнім. І падаў Хэлкія кнігу Шафану, і ён чытаў яе.

9 І прыйшоў Шафан пісец да цара, і прынёс цару адказ, і сказаў: узялі рабы твае срэбра, і знойдзена ў доме, перадалі яго ў руку майстрам працы, прыстаўленым да дома Гасподняга.

10 І данёс Шафан пісец цару, кажучы: кнігу даў мне Халкія сьвятар. І чытаў яе Шафан перад царом.

11 Як пачуў цар словы кнігі закона, дык разадраў вопратку сваю.

12 І загадаў цар Хэлкію святару, і Ахікаму, сыну Шафанаваму, і Ахбору, сыну Міхееваму, і Шафану пісцу, і Асанію, слузе царскаму, кажучы:

13 ідзеце, папрасеце Госпада за мяне і за народ і за ўсю Юдэю пра словы гэтай знойдзенай кнігі, бо вялікі гнеў Гасподні, які загарэўся на нас за тое, што ня слухалі бацькі нашыя слоў кнігі гэтай, каб рабіць згодна з прадпісаным нам.

14 І пайшоў Хэлкія сьвятар, і Ахікам, і Ахбор, і Шафан, і Асая да Алдамфы прарочыцы, жонкі Шалума, сына Тыквы, сына Хархаса, захавальніка вопраткі, — а жыла яна ў Ерусаліме, у другой частцы, — і гаварылі зь ёю.

15 І яна сказала ім: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: скажэце чалавеку, які паслаў вас да мяне:

16 так кажа Гасподзь: навяду ліха на месца гэтае і на жыхароў яго — усе словы кнігі, якую чытаў цар Юдэйскі.

17 За тое, што пакінулі Мяне, і дымяць іншым багам, каб раздражняць Мяне ўсімі дзеямі рук сваіх, загарэўся гнеў Мой на месца гэтае, і не патухне.

18 А цару Юдэйскаму, які паслаў вас папытацца ў Госпада, скажэце: так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў пра словы, якія ты чуў:

19 як што зьмякчылася сэрца тваё, і ты ўпакорыўся прад Госпадам, пачуўшы тое, што Я сказаў пра месца гэтае і пра жыхароў яго, што яны будуць прадметам жаху і пракляцьця, і ты падраў вопратку сваю і плакаў прад Мною, дык і Я пачуў цябе, кажа Гасподзь.

20 За гэта, вось, Я прыкладу цябе да бацькоў тваіх, і ты пакладзены будзеш у магільніцу тваю ў міры, і ня ўбачаць вочы твае ўсяго таго бедства, якое Я навяду на месца гэтае. І прынесьлі цару адказ.

 

Разьдзел 23

 

1 І паслаў цар, і сабралі да яго ўсіх старэйшынаў Юды і Ерусаліма.

2 І пайшоў цар у дом Гасподні, і ўсе Юдэі, і ўсе жыхары Ерусаліма зь ім, і сьвятары, і прарокі, і ўвесь люд ад малога да вялікага, і прачытаў уголас ім усе словы кнігі запавета, знойдзенай у доме Гасподнім.

3 Потым устаў цар на ўзвышанае месца і даў перад домам Гасподнім запавет — трымацца Госпада і захоўваць наказы Ягоныя і адкрыцьці Ягоныя, і пастановы Ягоныя, ад усяго сэрца і ад усёй душы, каб выканаць словы запавету гэтага, напісаныя ў кнізе гэтай. І ўвесь народ уступіў у запавет.

4 І загадаў цар Хэлкію першасьвятару і іншым сьвятарам і дазорным каля парога вынесьці з храма Гасподняга ўсе рэчы, зробленыя дзеля Ваала і дзеля Астарты і дзеля ўсяго войска нябеснага, і спаліў іх за Ерусалімам у даліне Кедрон, і загадаў попел ад іх аднесьці ў Вэтыль.

5 І пакінуў жрацоў, якіх паставілі цары Юдэйскія, каб учыняць дымленьне на вышынях у гарадах Юдэйскіх і ваколіцах Ерусаліма, — і якія кадзілі Ваалу, сонцу, і месяцу, і сузор’ям і ўсяму войску нябеснаму;

6 І вынес Астарту з дома Гасподняга за Ерусалім да патока Кедрон і спаліў яе каля патока Кедрон, і сьцёр яе ў пыл і кінуў пыл яе на могілках агульнанародных;

7 і разбурыў дамы блудныя, якія былі пры храме Гасподнім, дзе жанчыны ткалі вопратку Астарце;

8 і вывеў усіх жрацоў з гарадоў Юдэйскіх, і спаганьбіў вышыні, на якіх учынялі дымленьне жрацы, ад Гевы да Вірсавіі, і разбурыў вышыні перад брамаю — тую, якая перад уваходам у браму Ісуса начальніка горада, і тую, якая зь левага боку каля гарадское брамы.

9 Зрэшты жрацы вышыняў ня прыносілі ахвяр на ахвярніку Гасподнім у Ерусаліме, а праснакі елі разам з братамі сваімі.

10 І спаганьбіў ён Тафэт, што ў даліне сыноў Энома, каб ніхто не праводзіў сына свайго і дачкі сваёй праз агонь Малоху;

11 і адмяніў коней, якіх ставілі цары Юдэйскія сонцу перад уваходам у дом Гасподні паблізу пакояў Нэтан-Мэлэха еўнуха, што ў Фарурыме, а калясьніцы сонца спаліў агнём.

12 І ахвярнікі на даху сьвятліцы Ахазавай, якія зрабілі цары Юдэйскія, і ахвярнікі, якія зрабіў Манасія на абодвух дварах дома Гасподняга разбурыў цар і выкінуў адтуль, і кінуў пыл іх у паток Кедрон.

13 І вышыні, якія каля Ерусаліма, направа ад Алейнай гары, якія спарудзіў Саламон, цар Ізраілеў, Астарце, мярзоце Сідонскай, і Хамосу, мярзоце Маавіцкай, і Мілхому, мярзоце Аманіцкай, спаганьбіў цар;

14 і паламаў статуі, і высек дубровы, і напоўніў месца іх касьцямі чалавечымі.

15 Таксама і ахвярнік, які ў Вэтылі, вышыню, спаруджаную Ераваамам, сынам Наватавым, які ўвёў Ізраіля ў грэх, — таксама і ахвярнік той і вышыню ён разбурыў, і спаліў гэтую вышыню, сьцёр у пыл, і спаліў дуброву.

16 І зірнуў Ёсія, і ўбачыў магілы, якія там на гары, і паслаў, і ўзяў косьці з магілаў, і спаліў на ахвярніку, і спаганьбіў яго па слове Гасподнім, якое абвясьціў чалавек Божы, які прадказаў падзеі гэтыя,

17 і сказаў Ёсія: што гэта за помнік, які я бачу? І сказалі яму жыхары горада: гэта магіла чалавека Божага, які прыходзіў зь Юдэі, і абвясьціў пра тое, што ты робіш над ахвярнікам Вэтыльскім.

18 І сказаў ён: пакіньце яго ў спакоі, ніхто хай не чапае касьцей ягоных. І захавалі косьці яго і косьці прарока, які прыходзіў з Самарыі.

19 Таксама і ўсе капішчы вышыняў у гарадах Самарыйскіх, якія спарудзілі цары Ізраільскія, прагняўляючы Госпада, разбурыў Ёсія, і зрабіў зь імі тое самае, што зрабіў у Вэтылі;

20 і закалоў усіх жрацоў вышыняў, якія там былі, на ахвярніках, і спаліў косьці чалавечыя на іх, — і вярнуўся ў Ерусалім.

21 І загадаў цар усяму народу, сказаўшы: учынеце пасху Госпаду Богу вашаму, як напісана ў гэтай кнізе запавета, —

22 таму што ня была ўчынена такая пасха ад дзён судзьдзяў, якія судзілі Ізраіля і ва ўсе дні цароў Ізраільскіх і цароў Юдэйскіх;

23 а на васемнаццатым годзе цара Ёсіі была ўчынена гэтая пасха Госпаду ў Ерусаліме.

24 І закліначоў мёртвых, і чараўнікоў, і тэрафімаў, і ідалаў, і ўсе мярзоты, якія паяўляліся ў зямлі Юдэйскай і ў Ерусаліме, зьнішчыў Ёсія, каб выканаць словы закона, напісаныя ў кнізе, якую знайшоў Хэлкія сьвятар у доме Гасподнім.

25 Падобнага да яго ня было цара да яго, які зьвярнуўся б да Госпада ўсім сэрцам сваім, і ўсёю душою сваёю, і ўсімі сіламі сваімі, па ўсім законе Майсеевым; і пасьля яго не паявіўся падобны да яго.

26 Аднак жа Гасподзь не адклаў вялікай лютасьці гневу Свайго, якою загарэўся гнеў Ягоны на Юду за ўсе зьнявагі, якімі ўгневаў Яго Манасія.

27 І сказаў Гасподзь: і Юду адкіну ад аблічча Майго, як адкінуў Я Ізраіля, і адкіну горад гэты, Ерусалім, які Я выбраў, і дом, пра які Я сказаў: будзе імя Маё там.

28 Астатняе пра Ёсію, пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

29 У дні ягоныя пайшоў фараон Нэхаа, цар Егіпецкі, супроць цара Асірыйскага на раку Еўфрат. І выйшаў цар Ёсія насустрач яму, і той забіў яго ў Мэгідоне, калі ўбачыў яго.

30 І рабы ягоныя павезьлі яго мёртвага з Мэгідона, і прывезьлі яго ў Ерусалім, і пахавалі яго ў магільніцы ягонай. І ўзяў народ землі Ёахаза, сына Ёсінага, і памазалі яго і паставілі царом замест бацькі ягонага.

31 Дваццаць тры гады было Ёахазу, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.

32 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.

33 І затрымаў яго фараон Нэхаа ў Рыўле, у зямлі Эматскай, каб ён не валадарыў у Ерусаліме, — і наклаў спагону на зямлю ягоную сто талантаў срэбра і талант золата.

34 І паставіў царом фараон Нэхаа Эліякіма, сына Ёсіінага, замест Ёсіі, бацькі ягонага, і памяняў імя ягонае на Ёакіма; а Ёхаза ўзяў і вывез у Егіпет, дзе ён і памёр.

35 І срэбра і золата даваў Ёакім фараону; ён зрабіў ацэну зямлі, каб даваць срэбра па загадзе фараона; ад кожнага народу зямлі, паводле ацэны сваёй, ён спаганяў срэбра і золата, каб аддаваць фараону Нэхаа.

36 Дваццаць пяць гадоў было Ёакіму, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Зэбуда, дачка Фэдаі, з Румы.

37 І рабіў ён неспадобнае ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабілі бацькі ягоныя.

 

Разьдзел 24

 

1 У дні ягоныя выступіў Навухаданосар цар Вавілонскі, і зрабіўся Ёакім падуладным яму на тры гады, але потым адпаў ад яго.

2 І пасылаў на яго Гасподзь полчышчы Халдэяў, і полчышчы Сірыйцаў, і полчышчы Маавіцянаў, і полчышчы Аманіцянаў, — пасылаў іх на Юду, каб пагубіць яго па слове Госпада, якое Ён сказаў праз рабоў Сваіх прарокаў.

3 Па загадзе Госпада было гэта зь Юдам, каб адкінуць яго ад аблічча Яго за грахі Манасіі, за ўсё, што ён зрабіў;

4 і за кроў нявінную, якую ён праліў, напоўніўшы Ерусалім крывёю нявіннаю, Гасподзь не захацеў дараваць.

5 Астатняе пра Ёакіма і пра ўсё, што ён зрабіў, напісана ў летапісе цароў Юдэйскіх.

6 І спачыў Ёакім з бацькамі сваімі, і зацараваў Еханія, сын ягоны, замест яго.

7 Цар Егіпецкі ня выходзіў болей зь зямлі сваёй, бо ўзяў цар Вавілонскі ўсё, ад патока Егіпецкага да ракі Еўфрата, што належала цару Егіпецкаму.

8 Васямнаццаць гадоў было Еханіі, калі зацараваў, і тры месяцы валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Нэхушта, дачка Элнафана, зь Ерусаліма.

9 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў бацька ягоны.

10 У той час падступіліся рабы Навухаданосара, цара Вавілонскага, да Ерусаліма, і падупаў горад аблозе.

11 І прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, да горада, калі рабы ягоныя аблажылі яго.

12 І выйшаў Еханія, цар Юдэйскі, да цара Вавілонскага, ён і маці ягоная, і слугі ягоныя, і князі ягоныя, і еўнухі ягоныя, — і ўзяў яго цар Вавілонскі на восьмым годзе свайго валадараньня,

13 і вывез ён адтуль усе скарбы дома Гасподняга і скарбы царскага дома; і паламаў, як сказаў Гасподзь, увесь залаты посуд, які Саламон, цар Ізраільскі, зрабіў у храме Гасподнім;

14 і сьсяліў увесь Ерусалім, і ўсіх князёў, і ўсё адважнае войска, — дзесяць тысяч было пераселеных, — і ўсіх цесьляроў і кавалёў; нікога не засталося, апрача беднага люду зямлі.

15 І перасяліў ён Еханію ў Вавілон; і маці цара, і жонак цара, і еўнухаў ягоных, і моцных зямлі вывеў на пасяленьне зь Ерусаліма ў Вавілон.

16 І ўсё войска лікам сем тысяч, і ўмельцаў, і будаўнікоў тысячу, усіх адважных, якія ходзяць на вайну, вывеў цар Вавілонскі на пасяленьне ў Вавілон.

17 І паставіў царом цар Вавілонскі Матанію, дзядзьку Еханіі, замест яго, і перамяніў імя ягонае на Сэдэкію.

18 Дваццаць адзін год было Сэдэкію, калі зацараваў, і адзінаццаць гадоў валадарыў у Ерусаліме; імя маці ягонай Хамутал, дачка Ераміі, зь Ліўны.

19 І рабіў ён благое ў вачах Гасподніх ва ўсім так, як рабіў Ёакім.

20 Гнеў Гасподні быў над Ерусалімам і над Юдам да таго, што Ён адкінуў іх ад аблічча Свайго. І адпаў Сэдэкія ад цара Вавілонскага.

 

Разьдзел 25

 

1 На дзявятым годзе валадараньня свайго, на дзясятым месяцы, у дзень дзясяты месяца прыйшоў Навухаданосар, цар Вавілонскі, з усім войскам сваім да Ерусаліма, і аблажыў яго, і насыпаў вакол яго вал.

2 І быў горад у аблозе да адзінаццатага года цара Сэдэкіі.

3 На дзявяты дзень месяца ўзмацніўся голад у горадзе, і ня было хлеба ў народу зямлі.

4 І ўзяты быў горад, і пабеглі ўсе вайсковыя ўначы па дарозе да брамы, паміж дзьвюма сьценамі, што каля царскага саду; а Халдэі стаялі вакол горада, і цар пайшоў дарогаю да раўніны.

5 І пагналася войска Халдэйскае за царом, і дагналі яго на раўнінах Ерыхонскіх, і ўсё войска ягонае разьбеглася ад яго.

6 І ўзялі цара, і завялі яго да цара Вавілонскага ў Рыўлу, і ўчынілі над ім суд;

7 і сыноў Сэдэкіі закалолі на вачах у яго, а самому Сэдэкію асьляпілі вочы і закавалі яго ў кайданы, і завялі яго ў Вавілон.

8 На пятым месяцы, у сёмы дзень месяца, гэта значыцца, на дзевятнаццатым годзе Навухаданосара, цара Вавілонскага, прыйшоў Навузардан, начальнік целаахоўцаў, слуга цара Вавілонскага, у Ерусалім

9 і спаліў дом Гасподні і дом цара, і ўсе дамы ў Ерусаліме, і ўсе дамы вялікія спаліў агнём;

10 і сьцены вакол Ерусаліма разбурыла войска Халдэйскае, якое было ў начальніка целаахоўцаў.

11 І астатні люд, які заставаўся ў горадзе, і перабежчыкаў, якія перакінуліся да цара Вавілонскага і астатні просты люд выселіў Навузардан, начальнік целаахоўцаў.

12 Толькі некалькіх зь беднага люду зямлі пакінуў начальнік целаахоўцаў работнікамі вінаграднікаў і ратаямі.

13 І слупы медныя, якія былі каля дома Гасподняга, і падставы, і мора меднае, якое ў доме Гасподнім, паламалі Халдэі, і занесьлі медзь іх у Вавілон;

14 і тазы, і лапаткі, і нажы, і лыжкі, і ўвесь посуд медны, які ўжываўся пры служэньні, узялі;

15 і кадзільніцы, і чары, што было залатое і што было срэбнае, узяў начальнік целаахоўцаў:

16 слупы лікам два, мора адно, і падставы, якія зрабіў Саламон у дом Гасподні, — медзі ва ўсіх гэтых рэчах ня было вагі.

17 Васемнаццаць локцяў вышыні ў адным слупе; вянок на ім медны, а вышыня вянка тры локці, і сетка і гранатавыя яблыкі вакол вянка — усе зь медзі. Тое самае і на другім слупе зь сеткаю.

18 І ўзяў начальнік целаахоўцаў Сэраю першасьвятара і Цэфанію, сьвятара другога, і трох, якія стаялі на варце каля парога.

19 І з горада ўзяў аднаго еўнуха, які начальнічаў над людзьмі ваеннымі, і пяць чалавек, якія стаяць перад абліччам цара, якія былі ў горадзе, і пісца галоўнага ў войску, які запісваў у войска людзей зямлі, якія былі ў горадзе.

20 І ўзяў іх Навузардан, начальнік целаахоўцаў, і адвёў іх да цара Вавілонскага ў Рыўлу.

21 І пабіў іх цар Вавілонскі і забіў іх у Рыўле, у зямлі Эмат. І выселены Юдэі зь зямлі сваёй.

22 А над людам, які заставаўся ў зямлі Юдэйскай, які пакінуў Навухаданосар, цар Вавілонскі, — над імі паставіў начальнікам Гадолію, сына Ахікама, сына Шафанавага.

23 Калі пачулі ўсе ваеначальнікі, яны і людзі іх, што цар Вавілонскі паставіў начальнікам Гадолію, дык прыйшлі да Гадоліі ў Масіфу, і менавіта: Ісмаіл, сын Нэтаніі, і Ёханан, сын Карэя, і Сэрая, сын Танхумэта з Нэтафата, і Езанія, сын Маахіцяніна, яны і людзі іхнія.

24 І запрысягнуўся Гадолія ім і людзям іхнім, і сказаў ім: ня бойцеся быць падуладнымі Халдэям, сялецеся на зямлі і служэце цару Вавілонскаму, і хай будзе добра вам.

25 Але на сёмым месяцы прыйшоў Ісмаіл, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з племя царскага, зь дзесяцьцю чалавекамі, і пабіў Гадолію, і ён памёр, і Юдэяў і Халдэяў, якія былі зь ім у Масіфе.

26 І ўстаў увесь народ, ад малога да вялікага, і ваеначальнікі, і пайшлі ў Егіпет, бо баяліся Халдэяў.

27 На трыццаць сёмым годзе перасяленьня Еханіі, цара Юдэйскага, на дванаццатым месяцы, у дваццаць сёмы дзень месяца, Эвілмэродах, цар Вавілонскі, у год свайго ўцараваньня, вывеў Еханію, цара Юдэйскага, з дома турэмнага.

28 і гаварыў зь ім дружалюбна, і паставіў трон ягоны вышэй за трон цароў, якія былі ў яго ў Вавілоне;

29 і перамяніў турэмную вопратку ягоную, і ён усюды меў ежу ў яго, ва ўсе дні жыцьця ягонага.

30 І ўтрыманьне яго, утрыманьне пастаяннае, выдавалася яму ад цара, дзень у дзень, ва ўсе дні жыцьця ягонага.