Беларуская Біблія

ДРУГАЯ КНІГА ЦАРСТВАЎ

Разьдзел 1

 

1 Пасьля сьмерці Саўла, калі Давід вярнуўся ад разгрому Амалікіцянаў і прабыў у Сэкелагу два дні,

2 вось, на трэці дзень прыходзіць чалавек з табара Саўлавага: вопратка на ім падраная і пыл на галаве ягонай. Прыйшоўшы да Давіда, ён упаў на зямлю і пакланіўся.

3 І сказаў яму Давід: адкуль ты прыйшоў? І сказаў той: я ўцёк з табара Ізраільскага.

4 І сказаў яму Давід: што адбылося? раскажы мне. І той сказаў: люд пабег зь бітвы, і мноства зь люду ўпала і памерла, і памерлі і Саўл і сын ягоны Ёнатан.

5 І сказаў Давід хлопчыку, які расказваў яму: як ты ведаеш, што Саўл і сын яго Ёнатан памерлі?

6 і сказаў хлопец, які расказваў Яму: я выпадкова прыйшоў на гару Гэлвуйскую, і вось, Саўл упаў на сваю дзіду, а калясьніцы і верхаўцы даганялі яго.

7 Тады ён азірнуўся назад і, угледзеўшы мяне, паклікаў мяне.

8 І я сказаў: вось я. Ён сказаў мне: хто ты? І я сказаў яму: я — Амалікіцянін.

9 Тады ён сказаў мне: падыдзі да мяне і забі мяне, бо скруха сьмяротная агарнула мяне, душа мая ўсё яшчэ ўва мне.

10 І я падышоў да яго і забіў яго, бо ведаў, што ён ня будзе жывы пасьля свайго падзеньня; і ўзяў я вянок, які быў на галаве ў яго, і запясьце, якое было на руцэ ў яго, і прынёс іх гаспадару майму сюды.

11 Тады схапіў Давід вопратку сваю і падраў яе, таксама і ўсе людзі, якія былі зь ім,

12 і галасілі і плакалі, і пасьціліся да вечара за Саўла і за сына ягонага Ёнатана, і за народ Гасподні і за дом Ізраілеў, што загінулі яны ад меча.

13 І сказаў Давід хлопцу, які расказваў яму: адкуль ты? і сказаў той: я — сын прыхадня Амалікіцяніна.

14 Тады Давід сказаў яму: як не пабаяўся ты падняць руку, каб забіць памазанца Гасподняга?

15 І паклікаў Давід аднаго хлопца і сказаў яму: падыдзі, забі яго. І той забіў яго, і ён памёр.

16 І сказаў яму Давід: кроў твая на галаве тваёй, бо твае вусны сьведчылі на цябе, калі ты казаў: я забіў памазанца Гасподняга.

17 І аплакаў Давід Саўла і сына ягонага Ёнатана гэтаю плачнаю песьняю

18 і загадаў навучыць сыноў Юдавых луку, як напісана ў кнізе праведнага, і сказаў:

19 краса твая, о Ізраіле, разьбітая на вышынях тваіх! як загінулі моцныя!

20 Не расказвайце ў Гэце, не абвяшчайце на вуліцах Аскалона, каб ня радаваліся дочкі Філістымлянаў, каб не весяліліся дочкі неабрэзаных.

21 Горы Гэлвуйскія! ні раса, ні дождж на вас, хай ня будзе на вас палёў з пладамі, бо там павалены шчыт моцных, шчыт Саўла, як бы ня быў ён памазаны алеем.

22 Бяз крыві параненых, бяз тлушчу моцных лук Ёнатана не вяртаўся назад, і меч Саўлаў не вяртаўся марна.

23 Саўл і Ёнатан, любасныя і згодныя ў жыцьці сваім, не разлучыліся і ў сьмерці сваёй; імклівейшыя за арлоў, дужэйшыя за львоў яны былі.

24 Дочкі Ізраільскія! плачце па Саўле, які апранаў вас у пурпуру з акрасамі і здабываў на вопратку вашую залатыя аздобы.

25 Як загінулі моцныя ў бітве! Забіты Ёнатан на вышынях тваіх.

26 Смуткую па табе, браце мой Ёнатане; ты быў вельмі дарагі мне; любоў твая была мне вышэйшая за любоў жаночую.

27 Як загінулі моцныя, загінула зброя баявая!

 

Разьдзел 2

 

1 Пасьля гэтага Давід спытаўся ў Госпада, кажучы: ці ісьці мне ў які-небудзь горад Юдаў? І сказаў яму Гасподзь: ідзі. І сказаў Давід: куды ісьці? І сказаў Ён: у Хэўрон.

2 І пайшоў туды Давід і абедзьве жонкі ягоныя, Ахінаама Ізрэіліцянка і Авігея, былая жонка Навалава, Кармэліцянка.

3 І людзей, якія былі зь ім, прывёў Давід, кожнага зь сямэёй ягонай, і пасяліліся ў горадзе Хэўроне.

4 І прыйшлі мужы Юдавыя і памазалі там Давіда на царства над домам Юдавым. І данесьлі Давіду, што жыхары Явіса Галаадскага пахавалі Саўла.

5 І выправіў Давід паслоў да жыхароў Явіса Галаадскага сказаць ім: дабраславёныя вы ў Госпада за тое, што зрабілі гэтую ласку гаспадару свайму Саўлу, і пахавалі яго;

6 І сёньня хай узычыць вам Гасподзь ласкаю і праўдаю; і я зраблю вам дабрачынства за тое, што вы гэта зрабілі;

7 сёньня хай умацуюцца рукі вашыя, і будзьце мужныя, бо гаспадар ваш Саўл памёр, а мяне памазаў дом Юдаў царом над сабою.

8 Але Авэнір, сын Ніраў, правадыр войска Саўлавага, узяў Евастэя, сына Саўлавага, і прывёў яго ў Маханаім,

9 і паставіў яго царом над Галаадам і Ашурам і Ізрэелем, і Яфрэмам і Веньямінам, і над усім Ізраілем.

10 Сорак гадоў было Евастэю, сыну Саўлаваму, калі ён уцараваўся над Ізраілем, і цараваў два гады. Толькі дом Юдаў застаўся з Давідам.

11 Усяго часу, як Давід цараваў у Хэўроне над домам Юдавым, было сем гадоў і шэсьць месяцаў.

12 І выйшаў Авэнір, сын Ніраў, і слугі Евастэя, сына Саўлавага, з Маханаіма ў Гаваон.

13 Выйшаў і Ёаў, сын Саруі, з слугамі Давідавымі, і сустрэліся каля Гаваонскай сажалкі, і заселі тыя па адзін бок сажалкі, а гэтыя па другі бок сажалкі.

14 І сказаў Авэнір Ёаву: няхай устануць маладыя хлопцы і падужаюцца перад намі. І сказаў Ёаў: няхай устануць.

15 І ўсталі і пайшлі лікам дванаццаць Веньямініцянаў з боку Евастэя, сына Саўлавага, і дванаццаць ад слуг Давідавых.

16 Яны схапілі адзін аднаго за галаву, усадзілі меч адзін аднаму ў бок і ўпалі разам. І была названа гэта мясьціна Хэлкат-Хацурым, што ў Гаваоне.

17 І адбылася таго дня вельмі лютая бітва, і Авэнір зь людзьмі Ізраільскімі быў пабіты слугамі Давідавымі.

18 І былі там тры сыны Саруі: Ёаў і Авэса і Асаіл. А Асаіл быў лёгкі на ногі, як сарна ў полі.

19 І пагнаўся Асаіл за Авэнірам і перасьледаваў яго, ня ўхіляючыся ні направа ні налева ад сьлядоў Авэніра.

20 І азірнуўся Авэнір назад і сказаў: ці ты гэта, Асаіл? Той сказаў: я.

21 І сказаў яму Авэнір: ухіліся направа або налева і выбяры сабе аднаго хлопца і вазьмі сабе ягоную зброю. Але Асаіл не захацеў адстаць ад яго.

22 І паўтарыў Авэнір яшчэ, кажучы Асаілу: адстань ад мяне, каб я не паваліў цябе на зямлю; тады зь якім тварам зьяўлюся я да Ёава, брата твайго?

23 Але той не захацеў адстаць. Тады Авэнір, павярнуўшы дзіду, ударыў яго ў жывот; дзіда прашыла яго наскрозь, і ён упаў там і памёр на месцы. Усе, хто праходзіў праз тую мясьціну, дзе ўпаў і памёр Асаіл, спыняліся.

24 І перасьледавалі Ёаў і Авэса Авэніра. Сонца ўжо зайшло, калі яны прыйшлі да пагорка Ама, што насупраць Гіяха, на дарозе да пустыні Гаваонскай.

25 І сабраліся Веньямініцяне вакол Авэніра і склалі адно рушэньне, і сталі на вяршыні аднаго пагорка.

26 І зьвярнуўся Авэнір да Ёава і сказаў: ці вечна будзе пажыраць мяне меч? ці ты ня ведаеш, што наступствы будуць горасныя? і дакуль ты ня скажаш людзям, каб яны перасталі перасьледаваць братоў сваіх?

27 І сказаў Ёаў: жывы Бог! калі б ты не казаў інакш, дык яшчэ раніцай перасталі б людзі перасьледаваць братоў сваіх.

28 І затрубіў Ёаў у трубу, і спыніўся ўвесь народ і не перасьледавалі больш Ізраільцянаў; бітва спынілася.

29 А Авэнір і людзі ягоныя ішлі раўнінаю ўсю тую ноч і перайшлі Ярдан, і прайшлі ўвесь Бітрон і прыйшлі ў Маханаім.

30 І вярнуўся Ёаў ад перасьледу Авэніра і сабраў увесь народ, і не хапала з слуг Давідавых дзевятнаццаці чалавек апрача Асаіла.

31 А слугі Давідавыя пабілі Веньямініцянаў і людзей Авэніравых; загінула іх трыста шэсьцьдзясят чалавек.

32 І ўзялі Асаіла і пахавалі яго ў магіле бацькі ягонага, што ў Віфляеме. А Ёаў зь людзьмі сваімі ішоў усю ноч і на сьвітаньні прыйшоў у Хэўрон.

 

Разьдзел 3

 

1 І была працяглая незлагадзь паміж домам Саўлавым і домам Давідавым. Давід усё больш і больш узмацняўся, а дом Саўлаў усё больш і больш занепадаў.

2 І нарадзіліся ў Давіда шэсьць сыноў у Хэўроне. Першынец ягоны быў Амон ад Ахінаамы Ізрэеліцянкі,

3 а другі сын ягоны — Далуя ад Авігеі, былой жонкі Навала, Кармэліцянкі; трэці — Авэсалом, сын Маахі, дачкі Талмая, цара Гесурскага;

4 чацьвёрты — Аданія, сын Агіты; пяты — Сафатыя, сын Авіталы;

5 шосты — Етэраам ад Эглы, жонкі Давідавай. Яны нарадзіліся ў Давіда ў Хэўроне.

6 Калі была незлагадзь паміж домам Саўла і домам Давіда, дык Авэнір падтрымліваў дом Саўла.

7 У Саўла была наложніца, імем Рыцпа, дачка Айя. І ўвайшоў да яе Авэнір. І сказаў Евастэй Авэніру: навошта ты ўвайшоў да наложніцы бацькі майго?

8 Авэнір моцна ўгневаўся на словы Евастэя і сказаў: хіба я — сабачая галава? Я супроць Юды зрабіў сёньня ласку дому Саўла, бацькі твайго, братам ягоным і сябрам ягоным, і ня выдаў цябе ў рукі Давіда, а ты спаганяеш сёньня зь мяне грэх праз жанчыну.

9 тое і тое няхай зробіць Бог Авэніру і яшчэ болей зробіць яму! Як прысягаў Гасподзь Давіду, так і зраблю яму:

10 адбяру царства ў дома Саўлавага і пастаўлю трон Давіда над Ізраілем і над Юдам, ад Дана да Вірсавіі.

11 І ня мог Евастэй запярэчыць Авэніру, бо баяўся яго.

12 І паслаў Авэнір ад сябе паслоў да Давіда сказаць: чыя гэта зямля? і яшчэ сказаць: заключы спрымірэнства са мною, і рука мая будзе з табою, каб навярнуць да цябе ўвесь народ Ізраільскі.

13 І сказаў Давід: добра, я заключу спрымірэнства з табою, толькі прашу ў цябе аднаго, менавіта — ты ня ўбачыш твару майго, калі не прывядзеш з сабою Мэлхолы, дачкі Саўла, калі прыйдзеш пабачыцца са мною,

14 І выправіў Давід паслоў да Евастэя, сына Саўлавага, сказаць: аддай жонку маю Мэлхолу, якую я атрымаў за сто краеабразаньняў Філістымскіх.

15 І паслаў Евастэй і ўзяў яе ў мужа, у Фалтыя, сына Лаішавага.

16 Пайшоў зь ёю і муж яе і з плачам праводзіў яе да Бахурыма; але Авэнір сказаў яму: ідзі назад. І ён вярнуўся.

17 І зьвярнуўся Авэнір да старэйшынаў Ізраільскіх, кажучы: і ўчора і заўчора вы хацелі, каб Давід быў царом над вамі;

18 цяпер зрабеце гэта, бо Гасподзь сказаў Давіду: «рукою раба Майго Давіда Я выратую народ Мой Ізраіля ад рукі Філістымлянаў і ад рукі ўсіх ворагаў ягоных».

19 Тое самае гаварыў Авэнір і Веньямініцянам. І пайшоў Авэнір у Хэўрон, каб пераказаць Давіду ўсё, чаго хацелі Ізраіль і ўвесь дом Веньямінаў.

20 І прыйшоў Авэнір да Давіда ў Хэўрон і зь ім дваццаць чалавек, і зрабіў Давід гасьціну Авэніру і людзям, якія былі зь ім.

21 І сказаў Авэнір Давіду: я ўстану і пайду і зьбяру да гаспадара майго цара ўвесь народ Ізраільскі, і яны ўступяць у запавет з табою, і будзеш цараваць над усімі, як жадае душа твая. І адпусьціў Давід Авэніра, і ён пайшоў зь мірам.

22 І вось, слугі Давідавы зь Ёавам прыйшлі з паходу і прынесьлі з сабою багата здабычы; але Авэніра ўжо ня было з Давідам у Хэўроне, бо Давід адпусьціў яго, і ён пайшоў зь мірам.

23 Калі Ёаў і ўсё войска, якое было зь ім, прыйшлі, дык Ёаву расказалі: прыходзіў Авэнір, сын Ніраў, да цара, і той адпусьціў яго, і ён пайшоў зь мірам.

24 І прыйшоў Ёаў да цара і сказаў: што ты зрабіў? вось, прыходзіў да цябе Авэнір; навошта ты адпусьціў яго, і ён пайшоў?

25 ты ведаеш Авэніра, сына Ніравага: ён прыходзіў ашукаць цябе, выведаць выхад твой і ўваход твой і разьведаць усё, што ты робіш.

26 І выйшаў Ёаў ад Давіда і паслаў ганцоў сьледам за Авэнірам; і вярнулі яны яго ад калодзежа Сіра, бязь ведаму Давіда.

27 Калі Авэнір вярнуўся ў Хэўрон, дык Ёаў узяў яго ў браму, быццам дзеля таго, каб пагутарыць зь ім таемна, і там ударыў яго ў жывот. І памёр Авэнір за кроў Асаіла, брата Ёава.

28 І дачуўся пасьля Давід і сказаў: невінаваты я і царства маё вавек прад Госпадам за кроў Авэніра, сына Ніравага;

29 няхай упадзе яна на галаву Ёава і на ўвесь дом бацькі ягонага; хай ніколі не застаецца дом Ёава бязь семяцечнага, альбо пракажонага, альбо абапертага на кій, альбо мечам забітага, альбо таго, каму патрэбен хлеб.

30 А Ёаў і брат ягоны Авэса забілі Авэніра за тое, што ён забіў брата іхняга Асаіла ў бітве каля Гаваона.

31 І сказаў Давід Ёаву і ўсім людзям, якія былі зь ім: падзярэце вопратку вашую і апранецеся ў вярэты і плачце над Авэнірам. І цар Давід ішоў за труною ягонай.

32 Калі хавалі Авэніра ў Хэўроне, дык цар гучна плакаў над труною Авэніра; плакаў і ўвесь народ.

33 І аплакаў цар Авэніра, кажучы: ці сьмерцю подлага паміраць Авэніру?

34 рукі твае ня былі зьвязаныя, і ногі твае не ў кайданах, і ты загінуў, як гінуць ад разбойнікаў. І ўвесь народ пачаў яшчэ болей плакаць над ім.

35 І прыйшоў увесь народ прапанаваць Давіду хлеба, калі яшчэ быў дзень; але Давід прысягнуў, кажучы: тое і тое хай зрабіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі я да захаду сонца скаштую хлеба альбо чаго-небудзь.

36 І ўвесь народ даведаўся пра гэта, і спадабалася яму гэта, як і ўсё, што зрабіў цар, падабалася ўсяму народу.

37 І даведаўся ўвесь народ і ўвесь Ізраіль у той дзень, што не ад цара было забойства Авэніра, сына Ніравага.

38 І сказаў цар слугам сваім: ці ведаеце вы, што правадыр і вялікі муж загінуў у гэты дзень у Ізраілі?

39 я цяпер яшчэ слабы, хоць і памазаны на царства, і гэтыя людзі, сыны Саруі, мацнейшыя за мяне; хай жа дасьць Гасподзь таму, хто робіць ліхое па злосьці ягонай!

 

Разьдзел 4

 

1 І пачуў Евастэй, сын Саўлаў, што памёр Авэнір у Хэўроне, і апусьціліся рукі ў яго, і ўвесь Ізраіль сумеўся.

2 У Евастэя, сына Саўлавага, было два правадыры войска: імя аднаго — Баана і імя другога — Рыхаў, сыны Рэмона Бэерацяніна, з наступнікаў Веньямінавых, бо і Бэерот належаў да Веньяміна.

3 І ўцяклі Бэерацяне ў Гітаім і засталіся там прыхаднямі да сёньня.

4 У Ёнатана, сына Саўлавага, быў сын кульгавы. Пяць гадоў было яму, калі прыйшла вестка пра Саўла і Ёнатана зь Ізрэеля, і нянька, узяўшы яго, пабегла. І калі яна сьпешна бегла, дык ён упаў і стаўся кульгавы. Імя яго Мэмфівастэй.

5 І пайшлі сыны Рэмона Бэерацяніна, Рыхаў і Баана, і прыйшлі ў самую дзённую сьпёку да дома Евастэя; а ён спаў на пасьцелі аполудні.

6 Рыхаў і Баана, брат ягоны, увайшлі ў дом, як бы дзеля таго, каб узяць пшаніцы; і ўдарылі яго ў жывот і ўцяклі.

7 Калі яны ўвайшлі ў дом, Евастэй ляжаў на пасьцелі сваёй; і яны ўдарылі ў яго, і забілі яго, і адсеклі галаву ў яго, і ўзялі галаву ягоную з сабою, і ішлі пустыннаю дарогаю ўсю ноч;

8 і прынесьлі галаву Евастэя да Давіда ў Хэўрон і сказалі цару: вось галава Евастэя, сына Саўлавага, ворага твайго, які шукаў душы тваёй; сёньня Гасподзь адпомсьціў за гаспадара майго цара Саўлу і нашчадкам ягоным.

9 І адказваў Давід Рыхаву і Баану, брату ягонаму, сынам Рэмона Бээрацяніна, і сказаў ім: жывы Гасподзь, Які выбавіў душу маю ад усякага смутку!

10 калі таго, хто прынёс мне вестку, сказаўшы: «вось, памёр Саўл», і хто лічыў сябе радасным вястуном, я схапіў і забіў яго ў Сэкелагу, замест таго, каб даць яму ўзнагароду,

11 дык цяпер, калі нягодныя людзі забілі чалавека невінаватага ў ягоным доме на пасьцелі ягонай, няўжо я не спаганю крыві ягонай ад рукі вашай і ня вынішчу вас зь зямлі?

12 І загадаў Давід слугам, і забілі іх, і адсеклі ім рукі і ногі, і павесілі іх над сажалкай у Хэўроне. А галаву Евастэя ўзялі і пахавалі ў магіле Авэніра, у Хэўроне.

 

Разьдзел 5

 

1 І прыйшлі ўсе плямёны Ізраілевыя да Давіда ў Хэўрон і сказалі: вось, мы — косьці твае і плоць твая;

2 яшчэ ўчора і заўчора, калі Саўл цараваў над намі, ты выводзіў і ўводзіў Ізраіля; і сказаў Гасподзь табе: ты будзеш пасьвіць народ Мой Ізраіля і ты будзеш правадыром Ізраіля.

3 І прыйшлі ўсе старэйшыны Ізраіля да цара ў Хэўрон, і заключыў зь імі цар Давід запавет у Хэўроне прад Госпадам; і памазалі Давіда ў цара над Ізраілем.

4 Трыццаць гадоў было Давіду, калі ён зацараваў; цараваў сорак гадоў.

5 У Хэўроне цараваў над Юдаю сем гадоў і шэсьць месяцаў, і ў Ерусаліме цараваў трыццаць тры гады над усім Ізраілем і Юдам.

6 І пайшоў цар і людзі ягоныя на Ерусалім супроць Евусэяў, жыхароў той краіны; але яны казалі Давіду: ты ня ўзыйдзеш сюды; цябе адгоняць сьляпыя і кульгавыя, — гэта азначала: ня ўвойдзе сюды Давід.

7 Але Давід узяў крэпасьць Сіён: гэта — горад Давідаў.

8 І сказаў Давід у той дзень: кожны, забіваючы Евусэяў, хай пабівае дзідаю і кульгавых і сьляпых, якія ненавідзяць душу Давідавую. Таму і гаворыцца: сьляпы і кульгавы ня ўвойдзе ў дом Гасподні.

9 І асяліўся Давід у крэпасьці, і назваў яе горадам Давідавым, і адбудаваў вакол ад Міла і ўсярэдзіне.

10 І меў посьпех Давід і ўзьвялічваўся, і Гасподзь Бог Саваоф быў зь ім.

11 І прыслаў Хірам, цар Тырскі, паслоў да Давіда і кедровыя дрэвы і цесьляроў і муляроў, і яны збудавалі дом Давіду.

12 І зразумеў Давід, што Гасподзь сьцвердзіў яго царом над Ізраілем і што ўзвысіў царства ягонае дзеля народу Свайго Ізраіля.

13 І ўзяў Давід яшчэ наложніц і жонак зь Ерусаліма, пасьля таго, як прыйшоў з Хэўрона.

14 І нарадзіліся яшчэ ў Давіда сыны і дочкі. І вось імёны народжаных ім у Ерусаліме: Самус і Соваў, і Натан і Саламон,

15 і Эвэар і Элісуа, Нафэк і Яфія,

16 і Элісама і Элідае і Эліфалэт.

17 Калі Філістымляне дачуліся, што Давіда памазалі на царства над Ізраілем, дык падняліся ўсе Філістымляне шукаць Давіда. І пачуў Давід і пайшоў у крэпасьць.

18 А Філістымляне прыйшлі і атабарыліся ў даліне Рэфаім.

19 І спытаўся Давід у Госпада, кажучы: ці ісьці мне супроць Філістымлянаў? ці аддасі іх мне ў рукі? І сказаў Гасподзь Давіду: ідзі, бо Я аддам Філістымлянаў у рукі твае.

20 І пайшоў Давід у Ваал-Пэрацым і пабіў іх там, і сказаў Давід: Гасподзь разьнёс ворагаў маіх перад мною, як разносіцца вада. Таму і мясьціне той дадзена імя Ваал-Пэрацым.

21 І пакінулі там Філістымляне балваноў сваіх, а Давід зь людзьмі сваімі ўзяў іх.

22 І прыйшлі зноў Філістымляне, і разьмясьціліся ў даліне Рэфаім.

23 І спытаўся Давід у Госпада. І Ён адказваў яму: ня выходзь насустрач ім, а зайдзі ім з тылу і йдзі да іх з боку тутавага гаю;

24 і калі пачуеш шум, як бы калі хто ідзе па вершалінах тутавых дрэў, дык рушай, бо тады пойдзе Гасподзь перад табою, каб пабіць войска Філістымскае.

25 І зрабіў Давід, як загадаў яму Гасподзь, і пабіў Філістымлянаў ад Гаваі да Газэра.

 

Разьдзел 6

 

1 І сабраў зноў Давід усіх выбраных зь Ізраіля, трыццаць тысяч.

2 І ўстаў і пайшоў Давід і ўвесь народ, які быў зь ім, з Ваала Юдавага, каб перанесьці адтуль каўчэг Божы, на якім называецца імя Госпада Саваофа, Які сядзіць на херувімах.

3 І паставілі каўчэг Божы на новую калясьніцу і вывезьлі яго з дома Амінадававага, што на пагорку. А сыны Амінадава, Оза і Ахіо, вялі новую калясьніцу.

4 І павезьлі яе з каўчэгам Божым з дома Амінадава, што на пагорку; і Ахіо ішоў перад каўчэгам.

5 А Давід і ўсе сыны Ізраілевыя ігралі прад Госпадам на ўсякіх музычных інструментах з кіпарысавага дрэва, і на цытрах і на псалтырах, і на тымпанах і на сістрах і на кімвалах.

6 І калі дайшлі да гумна Нахонавага, Оза працягнуў руку сваю да каўчэга Божага і ўзяўся за яго, бо валы нахілілі яго.

7 Але Гасподзь угневаўся на Озу, і забіў яго Бог там жа за дзёрзкасьць, і памёр ён там каля каўчэга Божага.

8 І засмуціўся Давід, што Гасподзь забіў Озу. Месца гэта дагэтуль называецца: пагібель Озы.

9 І спалохаўся Давід у той дзень Госпада і сказаў: як увайсьці да мяне каўчэгу Гасподняму?

10 І не захацеў Давід везьці каўчэг Гасподні да сябе, у горад Давідаў, а завярнуў яго ў дом Авэдара Гэцяніна.

11 І заставаўся каўчэг Гасподні ў доме Авэдара Гэцяніна тры месяцы, і дабраславіў Гасподзь Авэдара і ўвесь дом ягоны.

12 Калі данесьлі цару Давіду, кажучы: «Гасподзь дабраславіў дом Авэдара і ўсё, што было ў яго, дзеля каўчэга Божага», дык пайшоў Давід і ўрачыста перанёс каўчэг Божы з дома Авэдара ў горад Давідаў.

13 І калі тыя, якія несьлі каўчэг Божы, праходзілі па шэсьць крокаў, ён прыносіў у ахвяру цяля і барана.

14 Давід танцаваў з усёй моцы прад Госпадам; а апрануты быў Давід у льняны наплечнік.

15 Так Давід і ўвесь дом Ізраілеў несьлі каўчэг Гасподні з крыкамі і трубнымі гукамі.

16 Калі ўваходзіў каўчэг Гасподні ў горад Давідаў, Мэлхола, дачка Саўла, глядзела ў акно і, убачыўшы цара Давіда, які скакаў і танцаваў прад Госпадам, прынізіла яго ў сэрцы сваім.

17 І прынесьлі каўчэг Гасподні і паставілі яго на сваім месцы пасярод скініі, якую зладзіў для яго Давід; і прынёс Давід цэласпаленьні прад Госпадам і ахвяры мірныя.

18 Калі Давід закончыў прынясеньне цэласпаленьняў і ахвяраў мірных, дык дабраславіў ён народ імем Госпада Саваофа;

19 і раздаў усяму народу, усяму мноству Ізраільцянаў, як мужчынам, так і жанчынам, па адным хлебе і па кавалку смажанага мяса і па адной ляпёшцы кожнаму. І пайшоў увесь народ кожны ў дом свой.

20 Калі Давід вярнуўся, каб дабраславіць дом свой, дык Мэлхола, дачка Саўла, выйшла яму насустрач і сказала: як вызначыўся сёньня цар Ізраілеў, агаліўшыся сёньня перад вачыма рабынь рабоў сваіх, як агаляецца які-небудзь пусты чалавек!

21 І сказаў Давід Мэлхоле: прад Госпадам, Які абраў мяне перад бацькам тваім і ўсім домам ягоным, паставіўшы мяне правадыром народу Гасподняга Ізраіля, прад Госпадам іграць і скакаць буду;

22 і я болей прыніжуся, і зраблюся яшчэ нікчэмнейшым у вачах маіх, і перад служанкамі, пра якіх ты кажаш, я буду слаўны.

23 І ў Мэлхолы, дачкі Саўлавай, ня было дзяцей да дня сьмерці яе.

 

Разьдзел 7

 

1 Калі цар жыў у доме сваім, і Гасподзь асланіў яго ад усіх навакольных ворагаў ягоных,

2 тады сказаў цар прароку Натану: вось, я жыву ў доме кедровым, а каўчэг Божы пад намётам.

3 І казаў Натан цару: усё, што ў цябе на сэрцы, ідзі, рабі, бо Гасподзь з табою.

4 Але тае самае ночы было слова Госпада Натану:

5 ідзі, скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь: ці ты пабудуеш Мне дом для Майго пражываньня,

6 калі Я ня жыў у доме з таго часу, як вывеў сыноў Ізраілевых зь Егіпта, і да сёньня, а пераходзіў у намёце і ў скініі?

7 Дзе Я ні хадзіў з усімі сынамі Ізраіля, ці казаў Я хоць слова каму-небудзь з плямёнаў, якому Я назначыў пасьвіць народ Мой Ізраіля: чаму ня збудуеце Мне кедровага дома?

8 І цяпер так скажы рабу Майму Давіду: так кажа Гасподзь Саваоф: Я ўзяў цябе ад статку авечак, каб ты быў правадыром народу Майго Ізраіля;

9 і быў з табою ўсюды, куды ні хадзіў ты, і зьнішчыў усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім, і зрабіў імя тваё вялікім, як імя вялікіх на зямлі.

10 І Я зладжу месца народу Майму, Ізраілю, і ўкараню яго, і будзе ён спакойна жыць на месцы сваім і ня будзе трывожыцца болей, і людзі грэшныя ня будуць болей уціскаць яго, як раней,

11 з таго часу, як Я паставіў судзьдзяў над народам Маім Ізраілем; і Я асланю цябе ад усіх ворагаў тваіх. І Гасподзь абвяшчае табе, што Ён зладзіць табе дом.

12 Калі ж закончацца дні твае, і ты спачнеш з бацькамі тваімі, дык Я пастаўлю пасьля цябе семя тваё, якое пойдзе са сьцёгнаў тваіх, і ўмацую царства ягонае.

13 Ён збудуе дом імю Майму, і Я ўмацую трон царства яго навек.

14 Я буду яму бацькам, і ён будзе Мне сынам; і калі ён згрэшыць, Я пакараю яго жазлом мужоў і ўдарамі сыноў чалавечых;

15 але ласкі Маёй не адбяру ў яго, як Я адабраў у Саўла, якога Я адкінуў перад абліччам тваім.

16 І будзе непахісны дом твой і царства тваё навек прад абліччам Маім, і трон твой стаяцьме вечна.

17 Усе гэтыя словы і ўсю гэтую ўяву Натан пераказаў Давіду.

18 І пайшоў цар Давід, і стаў прад абліччам Госпада, і сказаў: хто я, Госпадзе, Госпадзе, і што такое дом мой, што Ты мяне так узьвялічыў!

19 І гэтага яшчэ мала здалося ў вачах Тваіх, Госпадзе мой, Госпадзе; а Ты абвясьціў яшчэ пра дом раба Твайго наперад. Гэта ўжо па-чалавечы, Госпадзе мой, Госпадзе!

20 Што яшчэ можа сказаць Табе Давід? Ты ведаеш раба Твайго, Госпадзе мой, Госпадзе!

21 Дзеля слова Твайго і па сэрцы Тваім Ты робіш гэта, адкрываючы ўсё гэта рабу Твайму.

22 Па ўсім вялікі Ты, Госпадзе мой, Госпадзе! бо няма падобнага на Цябе і няма Бога, апрача Цябе, па ўсім, што чулі мы на свае вушы.

23 І хто падобны на народ Твой Ізраіля, адзіны народ на зямлі, дзеля якога прыходзіў Бог, каб здабыць яго Сабе за народ і праславіць Сваё імя і зьдзейсьніць вялікае і страшнае перад народам Тваім, які Ты здабыў Сабе ў Егіпцян, прагнаўшы народы і божышчаў іхніх?

24 І Ты замацаваў за Сабою народ Твой Ізраіля, як уласны народ, навечна, і Ты, Госпадзе, зрабіўся ягоным Богам.

25 І сёньня, Госпадзе Божа, умацуй навечна слова, якое вымавіў Ты пра раба Твайго і пра дом Ягоны, і выканай тое, што Ты вымавіў.

26 І хай узьвялічыцца імя Тваё навекі, каб казалі: Гасподзь Саваоф — Бог над Ізраілем. І дом раба Твайго Давіда хай будзе цьвёрды прад абліччам Тваім.

27 Бо Ты, Госпадзе Саваоф, Божа Ізраілеў, адкрыў рабу Твайму, кажучы: «зладжу табе дом», дык раб Твой падрыхтаваў сэрца сваё, каб маліцца Табе такою малітваю.

28 Дык вось, Госпадзе мой, Госпадзе! Ты Бог, і словы Твае неадпрэчныя, і Ты абвясьціў рабу Твайму такое дабро!

29 І сёньня пачні і дабраславі дом раба Твайго, каб ён быў вечна прад абліччам Тваім, бо Ты, Госпадзе мой, Госпадзе, абвясьціў гэта, і дабраславеньнем Тваім зробіцца дом раба Твайго дабраславёным навечна.

 

Разьдзел 8

 

1 Пасьля гэтага Давід разьбіў Філістымлянаў і ўпакорыў іх, і ўзяў Давід Мэтэг-Гаама з рук Філістымлянаў.

2 І разьбіў Маавіцянаў і зьмерыў іх вяроўкаю, паклаўшы іх на зямлю; і адмерыў дзьве вяроўкі на забіваньне, і адну вяроўку на пакіданьне жывымі. І зрабіліся Маавіцяне ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну.

3 І разьбіў Давід Адраазара, сына Рэховага, цара Суўскага, калі той ішоў, каб аднавіць сваё валадараньне каля ракі Еўфрат;

4 і ўзяў Давід у яго тысячу сямсот вершнікаў і дваццаць тысяч чалавек пешых, і падрэзаў Давід жылы ва ўсіх коней калясьнічных, пакінуўшы зь іх на сто калясьніц.

5 І прыйшлі Сірыйцы Дамаскія на дапамогу да Адраазара, цара Суўскага; але Давід разьбіў дваццаць дзьве тысячы чалавек Сірыйцаў.

6 І паставіў Давід ахоўныя войскі ў Сірыі Дамаскай, і сталі Сірыйцы ў Давіда рабамі, якія плацілі даніну. І захоўваў Гасподзь Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.

7 І ўзяў Давід залатыя шчыты, якія былі ў рабоў Адраазара, і прынёс іх у Ерусалім.

8 А ў Бэце і ў Бэроце, гарадах Адраазаравых, узяў цар Давід вельмі многа медзі.

9 І пачуў Той, цар Імата, што Давід разьбіў усё войска Адраазарава,

10 і паслаў Той Ёрама, сына свайго, да цара Давіда, вітаць яго і дзякаваць яму за тое, што ён ваяваў з Адраазарам і разьбіў яго; бо Адраазар вёў войны з Тоем. А ў руках у Ёрама быў посуд срэбны, залаты і медны.

11 Іх таксама прысьвяціў цар Давід Госпаду, разам са срэбрам і золатам, якое прысьвяціў з адабранага ва ўсіх упакораных ім народаў:

12 у Сірыйцаў і Маавіцянаў, і Аманіцянаў і Філістымлянаў і Амалікіцянаў, і з адабранага ў Адраазара, сына Рэхавага, цара Суўскага.

13 І зрабіў Давід сабе імя, вяртаючыся з разгрому васямнаццаці тысяч Сірыйцаў у даліне Салёнай.

14 І паставіў ён ахоўныя войскі ў Ідумэі; па ўсёй Ідумэі паставіў ахоўныя войскі, і ўсе Ідумэяне былі рабамі Давіда ўсюды, куды ён ні хадзіў.

15 І цараваў Давід над усім Ізраілем, і тварыў Давід суд і праўду над усім народам сваім.

16 А Ёаў, сын Саруі, быў правадыром войска; і Ёсафат, сын Ахілудаў — дзеяпісальнікам;

17 Садок, сын Ахітуваў, і Ахімэлэх, сын Авіятараў, — сьвятарамі, Сэрая — пісцом;

18 і Ванэя, сын Ёдая — начальнікам над Хэлэтэямі і Фэлэтэямі, і сыны Давіда — першымі пры двары.

 

Разьдзел 9

 

1 І сказаў Давід: ці не застаўся яшчэ хто-небудзь з дома Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку дзеля Ёнатана.

2 У доме Саўла быў раб, якога звалі Сіва; і паклікалі яго да Давіда, і сказаў яму цар: ці ты Сіва? І той сказаў: я раб твой.

3 І сказаў цар: ці няма яшчэ каго-небудзь з дома Саўлавага? я зрабіў бы яму ласку Божую. І сказаў Сіва цару: ёсьць сын Ёнатана, кульгавы

4 І сказаў яму цар: дзе ён? І сказаў Сіва цару: вось, ён у доме Махіра, сына Аміэлавага, у Лодэвары.

5 І паслаў цар Давід, і ўзялі яго з дома Махіра, сына Аміэлавага, з Ладэвара.

6 І прыйшоў Мэмфівастэй, сын Ёнатана, сына Саўлавага, да Давіда, і ўпаў на аблічча сваё, і пакланіўся. І сказаў Давід: Мэмфівастэй! І сказаў той: вось раб твой.

7 І сказаў яму Давід: ня бойся: я зраблю табе ласку дзеля бацькі твайго Ёнатана і вярну табе ўсе палеткі Саўлавыя, бацькі твайго, і ты заўсёды будзеш есьці хлеб за маім сталом.

8 І пакланіўся Мэмфівастэй і сказаў: што такое раб твой, што ты прыхінуўся да такога мёртвага сабакі, як я?

9 І паклікаў цар Сіву, слугу Саўлавага, і сказаў яму: усё, што належала Саўлу і ўсяму дому ягонаму, я аддаю сыну гаспадара твайго;

10 дык вось, апрацоўвай яму зямлю ты і сыны твае і рабы твае, і дастаўляй плады яе, каб у сына гаспадара твайго быў хлеб для ежы; а Мэмфівастэй, сын гаспадара свайго, заўсёды будзе есьці за маім сталом. У Сівы было пятнаццаць сыноў і дваццаць рабоў,

11 і сказаў Сіва цару: усё, што загадвае гаспадар мой цар рабу свайму, выканае раб твой. Мэмфівастэй еў за сталом Давіда, як адзін з сыноў цара.

12 У Мэмфівастэя быў маленькі сын, імем Міха. Усе, хто жыў у доме ў Сівы, былі рабамі Мэмфівастэя.

13 І жыў Мэмфівастэй у Ерусаліме, бо ён еў заўсёды за царскім сталом. Ён быў кульгавы на абедзьве нагі.

 

Разьдзел 10

 

1 Празь некаторы час памёр цар Аманіцкі, і заваладарыў замест яго сын ягоны Анон.

2 І сказаў Давід: зраблю я ласку Анону, сыну Наасаваму, за дабрадзейства, якое зрабіў мне бацька ягоны. І паслаў Давід слуг сваіх суцешыць Анона за бацьку ягонага. І прыйшлі слугі Давідавыя ў зямлю Аманіцкую.

3 Але князі Аманіцкія сказалі Анону, гаспадару свайму: няўжо ты думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў да цябе суцешнікаў? ці не на тое, каб агледзець горад і высачыць у ім і пасьля разбурыць яго, прыслаў Давід слуг сваіх да цябе?

4 І ўзяў Анон слуг Давідавых і агаліў кожнаму зь іх палавіну барады, і абрэзаў вопратку іхнюю напалавіну, да сьцёгнаў, і адпусьціў іх.

5 Калі данесьлі пра гэта Давіду, дык ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі зьняважаныя. І загадаў цар сказаць ім: заставайцеся ў Ерыхоне, пакуль вырастуць бароды вашыя, і тады вяртайцеся.

6 І ўбачылі Аманіцяне, што яны зрабіліся ненавіснымі Давіду; і паслалі Аманіцяне наняць Сірыйцаў з Бэт-Рэхава і Сірыйцаў Сувы дваццаць тысяч пешых, у цара Маахі тысячу чалавек і зь Істова дванаццаць тысяч чалавек.

7 Калі пачуў пра гэта Давід, дык паслаў Ёава з усім войскам храбрых.

8 І выйшлі Аманіцяне і падрыхтаваліся да бітвы каля брамы, а Сірыйцы Сувы і Рэхава, і Істова і Маахі асобна ў полі.

9 І ўбачыў Ёаў, што няпрыяцельскае войска было пастаўлена супроць яго і сьпераду і ззаду, і выбраў воінаў з усіх адборных у Ізраілі і выставіў іх супроць Сірыйцаў;

10 а астатнюю частку войска даручыў Авэсу, брату свайму, каб ён выставіў іх супроць Аманіцян.

11 І сказаў Ёаў: калі Сірыйцы будуць адольваць мяне, ты дапаможаш мне; а калі Аманіцяне цябе пачнуць адольваць, я прыйду да цябе на дапамогу;

12 будзь мужны, і будзем стаяць цьвёрда за народ наш і за гарады Бога нашага, а Гасподзь зробіць, што яму даспадобы.

13 І выступіў Ёаў і народ, які быў у яго, на бітву зь Сірыйцамі, і яны пабеглі ад яго.

14 А Аманіцяне, убачыўшы, што Сірыйцы бягуць, пабеглі ад Авэсы і зайшлі ў горад. І вярнуўся Ёаў ад Аманіцянаў і прыйшоў у Ерусалім.

15 Сірыйцы, бачачы, што яны разьбіты Ізраільцянамі, сабраліся разам.

16 І паслаў Адраазар і паклікаў Сірыйцаў, якія за ракою Халамака, і прыйшлі яны да Элама; а Савак, ваеначальнік Адраазараў, узначальваў іх.

17 Калі данесьлі Давіду, дык ён сабраў усіх Ізраільцянаў і перайшоў Ярдан і прыйшоў да Элама. Сірыйцы выступілі супроць Давіда і ўступілі ў бітву зь ім.

18 І пабеглі Сірыйцы ад Ізраільцянаў. Давід зьнішчыў у Сірыйцаў сямсот калясьніц і сорак тысяч верхаўцоў; разьбіў і ваеначальніка Савака, які там і памёр.

19 Калі ўсе цары пакорныя Адраазару ўбачылі, што яны разьбіты Ізраільцянамі, дык заключылі мір зь Ізраільцянамі і скарыліся ім. А Сірыйцы баяліся далей дапамагаць Аманіцянам.

 

Разьдзел 11

 

1 Праз год, у той час, калі выходзяць цары ў паходы, Давід паслаў Ёава і слуг сваіх зь ім і ўсіх Ізраільцянаў; і яны разьбілі Аманіцянаў і аблажылі Раву; а Давід заставаўся ў Ерусаліме.

2 Аднаго разу падвечар Давід, устаўшы з пасьцелі, прагульваўся на даху царскага дома і ўбачыў з даху жанчыну, якая купалася; а тая жанчына была вельмі прыгожая.

3 І паслаў Давід разьведаць, хто гэтая жанчына? І сказалі яму: гэта Вірсавія, дачка Эліяма, жонка Урыі Хэтэяніна.

4 Давід паслаў слуг узяць яе; і яна прыйшла да яго, і ён спаў зь ёю. А калі яна ачысьцілася ад нячыстасьці сваёй, вярнулася ў дом свой.

5 Жанчына гэтая зацяжарыла і паслала абвясьціць пра гэта Давіду, кажучы: я цяжарная.

6 І паслаў Давід сказаць Ёаву: прыйшлі да мяне Урыю Хэтэяніна. І паслаў Ёаў Урыю да Давіда.

7 І прыйшоў да яго Урыя, распытаў яго Давід пра становішча Ёава і пра становішча народу і пра ход вайны.

8 І сказаў Давід Урыю: ідзі дамоў і абмый ногі свае. І выйшаў Урыя з Дома царскага, а сьледам за ім панесьлі і царскія стравы.

9 Але Урыя спаў каля брамы царскага дома з усімі слугамі свайго гаспадара і не пайшоў у свой дом.

10 І данесьлі Давіду, кажучы: не пайшоў Урыя ў дом свой. І сказаў Давід Урыю: вось ты прыйшоў з дарогі; чаму ж не пайшоў ты ў дом свой?

11 І сказаў Урыя Давіду: каўчэг і Ізраіль і Юда ў намётах, і гаспадар мой Ёаў і рабы гаспадара майго ў полі, а я ўвайшоў бы дом свой есьці і піць і спаць са сваёю жонкаю! прысягаю тваім жыцьцём і жыцьцём душы тваёй, гэтага я не зраблю.

12 І сказаў Давід Урыю: застанься тут і на гэты дзень, а заўтра я адпушчу цябе. І застаўся Урыя ў Ерусаліме на гэты дзень да заўтра.

13 І запрасіў яго Давід, і еў Урыя перад ім і піў, і напаіў яго Давід. Але ўвечары прыйшоў Урыя спаць на пасьцель сваю з рабамі гаспадара свайго, а ў свой дом не пайшоў.

14 Раніцай Давід напісаў пісьмо Ёаву і паслаў яго з Урыем.

15 У пісьме ён напісаў так: пастаўце Урыю там, дзе самая моцная бітва, і адступеце ад яго, каб ён быў забіты і памёр.

16 Таму, калі Ёаў аблажыў горад, дык паставіў ён Урыю на такім месцы, пра якое ведаў, што там храбрыя людзі.

17 Выйшлі людзі з горада і біліся зь Ёавам, і загінула некалькі з народу, са слуг Давідавых; быў забіты таксама і Урыя Хэтэянін.

18 І паслаў Ёаў данесьці Давіду пра ўвесь ход бітвы.

19 І загадаў пасланаму, кажучы: калі ты раскажаш цару пра ўвесь ход бітвы

20 і ўбачыш, што цар разгневаецца і скажа табе: «навошта вы так блізка падыходзілі да горада біцца? хіба вы ня ведалі, што са сьцяны будуць кідаць на вас?

21 хто забіў Авімэлэха, сына Еравалавага? ці не жанчына кінула на яго са сьцяны абломак жарона і забіла яго, і ён памёр у Тэвэцы? навошта ж вы блізка падыходзілі да сьцяны?» і тады ты скажы: «і раб твой Урыя Хэтэянін таксама забіты і памёр».

22 І пайшоў пасланы і прыйшоў, і расказаў Давіду пра ўсё, дзеля чаго паслаў яго Ёаў, пра ўвесь ход бітвы.

23 Тады пасланы сказаў Давіду: адольвалі нас тыя людзі і выйшлі да нас у поле, і мы перасьледавалі іх да ўваходу ў браму;

24 тады стралялі стралкі са сьцяны па рабах тваіх, і памерлі некаторыя з рабоў цара; памёр таксама і раб твой Урыя Хэтэянін.

25 Тады сказаў Давід пасланаму: так скажы Ёаву: хай не бянтэжыць цябе гэтая справа, бо меч пажырае часам таго, часам гэтага; узмацні вайну супроць горада і разбуры яго. Так падбадзёры яго.

26 І пачула жонка Урыі, што памёр Урыя, муж яе, і плакала па мужы сваім.

27 Калі скончыўся час плачу, Давід паслаў і ўзяў яе ў дом свой, і яна зрабілася жонкаю ягонаю і нарадзіла яму сына. І быў гэты ўчынак, які ўчыніў Давід, благім у вачах Госпада.

 

Разьдзел 12

 

1 І паслаў Гасподзь Натана прарока да Давіда, і той прыйшоў да яго і сказаў яму: у адным горадзе былі два чалавекі, адзін багаты, а другі бедны;

2 у багатага было вельмі многа дробнага і буйнога быдла,

3 а ў беднага нічога, апрача адной авечкі, якую ён купіў маленькую і выкарміў, і яна вырасла ў яго разам зь дзецьмі ягонымі; хлеб ягоны яна ела, і зь ягонай чашы піла, і на грудзях у яго спала, і была яму, як дачка;

4 і прыйшоў да багатага чалавека дарожнік, і той пашкадаваў узяць са сваіх авечак ці валоў, каб прыгатаваць дарожніку, які прыйшоў да яго, а ўзяў авечку беднага і прыгатаваў яе чалавеку, які прыйшоў да яго.

5 Моцна ўгневаўся Давід на гэтага чалавека і сказаў Натану: жывы Гасподзь! варты сьмерці чалавек, які зрабіў гэта;

6 і за авечку ён павінен заплаціць учацьвяра, за тое, што ён зрабіў гэта, і за тое, што ня меў спагады.

7 І сказаў Натан Давіду: ты — той чалавек, які зрабіў гэта. Так кажа Гасподзь Бог Ізраілеў: Я памазаў цябе ў цара над Ізраілем і Я выбавіў цябе ад рукі Саўла,

8 і даў табе дом гаспадара твайго і жонак гаспадара твайго на ўлоньне тваё, і даў табе дом Ізраілеў і Юдаў, і, калі гэтага мала, дадаў бы табе яшчэ болей;

9 навошта ж ты занядбаў слова Госпада, зрабіўшы ліхое прад вачыма Ягонымі? Урыю Хэтэяніна ты пабіў мечам; жонку ягоную ўзяў сабе за жонку, а яго ты забіў мечам Аманіцянаў;

10 дык вось, не адступіцца меч ад дома твайго вавекі, за тое, што ты занядбаў Мяне і ўзяў жонку Урыі Хэтэяніна, каб яна была табе жонкаю.

11 Так кажа Гасподзь: вось, Я спараджу на цябе зло з дома твайго і вазьму жонак тваіх перад вачыма тваімі і аддам блізкаму твайму, і будзе ён спаць з жонкамі тваімі перад гэтым сонцам;

12 ты зрабіў тайна, а Я зраблю перад усім Ізраілем і перад сонцам.

13 І сказаў Давід Натану: зграшыў я прад Госпадам. І казаў Натан Давіду: і Гасподзь зьняў зь цябе грэх твой; ты не памрэш;

14 але як што ты гэтым учынкам даў прычыну ворагам Госпада няславіць Яго, дык памрэ сын, які народзіцца ў цябе.

15 І пайшоў Натан у дом свой. І ўразіў Гасподзь дзіця, якое нарадзіла жонка Урыі Давіду, і яно захварэла.

16 І маліўся Давід Богу за дзіця, і пасьціўся Давід, і адасобіўшыся правёў ноч, лежачы на зямлі.

17 І ўвайшлі да яго старэйшыны дома ягонага, каб падняць яго зь зямлі; але ён не хацеў, і ня еў зь імі хлеба.

18 На сёмы дзень дзіця памерла, і слугі Давыдавы баяліся данесьці яму, што памерла дзіця; бо, казалі яны, калі дзіця было яшчэ жывое, і мы ўгаворвалі яго, і ён ня слухаў голасу нашага, як жа скажам яму: «памерла дзіця»? і ён зробіць што-небудзь благое.

19 І ўбачыў Давід, што слугі ягоныя шэпчуцца паміж сабою, і зразумеў Давід, што дзіця памерла, і спытаўся Давід у слуг сваіх: памерла дзіця? І сказалі яму: памерла.

20 Тады Давід устаў зь зямлі і ўмыўся, і памазаўся, і памяняў вопратку сваю, і пайшоў у дом Гасподні, і маліўся. Вярнуўшыся дамоў, запатрабаваў, каб падалі яму хлеба, і ён еў.

21 І сказалі яму слугі ягоныя: што азначае, што ты так робіш: калі дзіця было яшчэ жывое, ты пасьціўся і плакаў; а калі дзіця памерла, ты ўстаў і еў хлеб?

22 І сказаў Давід: пакуль дзіця было жывое, і пасьціўся і плакаў, бо думаў: хто ведае, ці ня зьлітуецца зь мяне Гасподзь, і дзіця застанецца жывое?

23 А цяпер яно памерла; навошта ж мне пасьціцца? Хіба я магу вярнуць яго? Я пайду да яго, а яно ня вернецца да мяне.

24 І суцешыў Давід Вірсавію, жонку сваю, і ўвайшоў да яе і спаў зь ёю; і яна нарадзіла сына і дала яму імя: Саламон. І Гасподзь палюбіў яго

25 і паслаў прарока Натана, і ён даў яму імя: Едыдыя******************************, паводле слова Госпада.

26 Ёаў ваяваў супроць Равы Аманіцкай і ўзяў амаль царскі горад.

27 І паслаў Ёаў да Давіда сказаць яму: я напаў на Раву і авалодаў вадою горада;

28 цяпер зьбяры астатні народ і падступіся да горада і вазьмі яго; бо, калі я вазьму яго, дык маё імя будзе дадзена яму.

29 І сабраў Давід увесь народ і пайшоў да Равы, і ваяваў супроць яе і ўзяў яе.

30 І ўзяў Давід вянок цара іхняга з галавы ягонай, — а ў ім было золата талант і каштоўны камень, — і ўсклаў яго Давід на галаву сваю, і здабычы з горада вынес вельмі многа.

31 А народ, які быў у ім, ён вывеў і паклаў іх пад пілы, пад жалезныя малатарні, пад жалезныя сякеры, і кінуў іх у абпальныя печы. Так ён зрабіў з усімі гарадамі Аманіцкімі. І вярнуўся пасьля таго Давід і ўвесь народ у Ерусалім.

 

 

Разьдзел 13

 

1 І было пасьля таго: у Авэсалома, сына Давідавага, была сястра прыгожая, імем Тамар, і пакахаў яе Амнон, сын Давідаў.

2 І журыўся Амнон да таго, што захварэў праз Тамару, сястру сваю; бо яна была дзяўчына, і Амнону здавалася цяжкім што-небудзь зрабіць зь ёю.

3 Але ў Амнона быў сябар, імем Ёнадаў, сын Самая, брата Давідавага; і Ёнадаў быў чалавек вельмі хітры.

4 І ён сказаў яму: чаго ты так худнееш з кожным днём, сын цароў, — ці не адкрыеш мне? І сказаў яму Амнон: Тамар, сястру Авэсаломаву, брата майго, кахаю я.

5 І сказаў яму Ёнадаў: кладзіся ў пасьцель тваю і прыкінься хворым; і калі бацька твой прыйдзе адведаць цябе, скажы яму: хай прыйдзе Тамар, сястра мая, і падмацуе мяне ежаю, прыгатаваўшы ежу на вачах маіх, каб я бачыў і еў з рук яе.

6 І лёг Амнон і прыкінуўся хворым, і прыйшоў цар адведаць яго; і сказаў Амнон цару: хай прыйдзе Тамар, сястра мая, і сьпячэ ў мяне на вачах ляпёшку, або дзьве, і я паем з рук яе.

7 І паслаў Давід да Тамар ў дом сказаць: ідзі ў дом Амнона, брата твайго, і прыгатуй яму ежу.

8 І пайшла яна ў дом брата свайго Амнона; а ён ляжыць. І ўзяла яна мукі і замясіла, і прыгатавала на вачах у яго і сьпякла ляпёшкі,

9 і ўзяла патэльню і паклала перад ім; але ён не хацеў есьці. І сказаў Амнон: хай усе выйдуць ад мяне. І выйшлі ад яго ўсе людзі.

10 І сказаў Амнон Тамар: занясі ежу ва ўнутраны пакой, і я паем з рук тваіх. І ўзяла Тамар ляпёшкі, якія прыгатавала, і занесла Амнону, брату свайму, ва ўнутраны пакой.

11 І калі яна паставіла перад ім, каб ён еў, дык ён схапіў яе і сказаў: ідзі, кладзіся са мною, сястра мая.

12 Але яна сказала: не, браце мой, не няславі мяне, бо ня робіцца так у Ізраілі; не рабі гэтага вар’яцтва.

13 І я, куды я пайду з маёю няславаю? І ты, ты будзеш адным з вар’ятаў у Ізраілі; ты пагавары з царом; ён не адмовіцца аддаць мяне табе.

14 Але ён не хацеў слухаць словаў яе, і перасіліў яе і згвалціў яе, і ляжаў зь ёю.

15 Пасьля зьненавідзеў яе Амнон самай вялікай нянавісьцю, так што нянавісьць, якою ён зьненавідзеў яе, была мацнейшая за каханьне, якое меў да яе; і сказаў ёй Амнон: устань, сыдзі.

16 І сказала яму: не, прагнаць мяне — гэта зло большае за першае, якое ты зрабіў са мною. Але ён не хацеў слухаць яе.

17 І паклікаў хлопца свайго, які слугаваў яму, і сказаў: прагані гэтую ад мяне і замкні дзьверы за ёю.

18 На ёй была каляровая вопратка, бо такую верхнюю вопратку насілі царскія дочкі-дзяўчаты. І вывеў яе слуга прэч і замкнуў за ёю дзьверы.

19 І пасыпала Тамар попелам галаву сваю, і падрала каляровую вопратку, якую мела на сабе, і паклала рукі свае на галаву сваю, і так ішла і лямантавала.

20 І сказаў ёй Авэсалом, брат яе: ці не Амнон, брат твой, быў з табою? — а цяпер маўчы, сястра мая; ён — брат твой; ня журыся сэрцам тваім пра гэты ўчынак. І жыла Тамар у адзіноце ў доме Авэсалома, брата свайго.

21 І дачуўся цар Давід пра ўсё гэта і моцна разгневаўся.

22 А Авэсалом не гаварыў з Амнонам ні благога, ні добрага; бо зьненавідзеў Авэсалом Амнона за тое, што ён зьняславіў Тамар, сястру яго.

23 Праз два гады стрыглі авечак у Авэсалома ў Ваал-Гацоры, што ў Яфрэма, і паклікаў Авэсалом усіх сыноў царскіх.

24 І прыйшоў Авэсалом да цара і сказаў: вось, сёньня стрыжка авечак у раба твайго; хай пойдуць цар і слугі ягоныя з рабом тваім.

25 Але цар сказаў Авэсалому: не, сыне мой, мы ня пойдзем усе, каб ня быць табе цяжарам. І моцна ўпрошваў яго Авэсалом; але ён не захацеў ісьці і дабраславіць яго.

26 І сказаў яму Авэсалом: прынамсі, хай пойдзе з намі Амнон, брат мой. І сказаў яму цар: навошта яму ісьці з табою?

27 Але Авэсалом упрасіў яго, і ён адпусьціў зь ім Амнона і ўсіх царскіх сыноў.

28 А Авэсалом загадаў хлопцам сваім, сказаўшы: глядзеце, як толькі разьвесяліцца сэрца Амнона ад віна, і я сказаў вам: «беце Амнона», тады забеце яго, ня бойцеся; гэта я загадваю вам, будзьце сьмелыя і мужныя.

29 І зрабілі хлопцы Авэсаломавыя з Амнонам, як загадаў Авэсалом. Тады ўсталі ўсе царскія сыны, селі кожны на мула і ўцяклі.

30 Калі яны былі яшчэ ў дарозе, дайшла чутка да Давіда, што Авэсалом забіў усіх царскіх сыноў, і не засталося ніводнага зь іх.

31 І ўстаў цар, і разадраў вопратку сваю, і ўпаў на зямлю, і ўсе слугі ягоныя, што стаялі перад ім, разадралі вопратку сваю.

32 Але Ёнадаў, сын Самая, брата Давідавага, сказаў: хай ня думае гаспадар мой, што ўсіх хлопцаў, царскіх сыноў, забілі; адзін толькі Амнон памёр, бо ў Авэсалома быў гэты намысел з таго дня, як Амнон зьняславіў сястру ягоную;

33 дык вось, хай гаспадар мой цар ня трывожыцца думкаю пра тое, быццам памерлі царскія сыны: памёр адзін толькі Амнон.

34 І ўцёк Авэсалом. І падняў хлопец, які стаяў на варце, вочы свае і ўбачыў: вось, многа народу ідзе па дарозе схілам гары.

35 Тады Ёнадаў сказаў цару: гэта ідуць царскія сыны; як казаў раб твой, так і ёсьць.

36 І як толькі сказаў ён гэта, вось, прыйшлі царскія сыны і паднялі лямант і плакалі. І сам цар і ўсе слугі ягоныя плакалі вельмі вялікім плачам.

37 А Авэсалом уцёк і пайшоў да Талмая, сына Эміуда, цара Гесурскага. І плакаў цар Давід па сыне сваім ва ўсе дні.

38 Авэсалом уцёк і прыйшоў у Гесур і прабыў там тры гады.

39 І перастаў цар Давід перасьледаваць Авэсалома, бо ўцешыўся ў сьмерці Амнона.

 

Разьдзел 14

 

1 І заўважыў Ёаў, сын Саруі, што сэрца цара павярнулася да Авэсалома.

2 І паслаў Ёаў у Тэкою, і ўзяў адтуль разумную жанчыну, і сказаў ёй: прыкінься, быццам плачаш, і апрані жалобную вопратку, і ня мажся алеем, і назавіся жанчынаю, якая шмат дзён плакала па памерлым;

3 і йдзі да цара і скажы яму так і так. І ўклаў Ёаў у вусны яе, што сказаць.

4 І ўвайшла жанчына Тэкаіцянка да цара і ўпала тварам сваім на зямлю, і пакланілася і сказала: памажы, цару!

5 І сказаў ёй цар: што табе? І сказала яна: я ўдава, муж мой памёр;

6 і ў рабы тваёй было два сыны; яны пасварыліся ў полі, і ня было каму разьвесьці іх, і пабіў адзін другога і забіў яго.

7 І вось, паўстала ўся радня на рабу тваю, і кажуць: аддай забойцу брата свайго; і мы заб’ем яго за душу брата ягонага, якую ён загубіў, і зьнішчым нават спадчыньніка. І так яны патушаць астатнюю іскру маю, каб не пакінуць мужу майму імя і нашчадкаў на ўлоньні зямлі.

8 І сказаў цар жанчыне: ідзі спакойна дамоў, я дам загад пра цябе.

9 Але жанчына Тэкаіцянка сказала цару: на мне, гаспадару мой цар, хай будзе віна і на доме бацькі майго, а цар і трон ягоны невінаваты.

10 І сказаў цар: таго, хто будзе супроць цябе, прывядзі да мяне, і ён больш не чапацьме цябе.

11 Яна сказала: спамяні, цару, Госпада Бога твайго, каб не памножыліся помсьнікі за кроў і не загубілі сына майго. І сказаў цар: жывы Гасподзь! не ўпадзе і волас з сына твайго на зямлю.

12 І сказала жанчына: дазволь рабе тваёй сказаць яшчэ слова гаспадару майму цару.

13 Ён сказаў: кажы. І сказала жанчына: чаму ты так робіш супроць народу Божага? Цар, вымавіўшы гэтае слова, зьвінаваціў сябе самога, бо не вяртае выгнанца свайго.

14 Мы памром і будзем, як вада, вылітая на зямлю, якую нельга сабраць; але Бог ня хоча загубіць душу і думае, як бы не адкінуць ад Сябе і адкінутага.

15 І цяпер я прыйшла сказаць цару, гаспадару майму, гэтыя словы, бо народ палохае мяне; і раба твая сказала: пагавару я з царом, ці ня зробіць ён паводле слова рабы сваёй;

16 мабыць, цар выслухае і выбавіць рабу сваю з рук людзей, якія хочуць зьнішчыць мяне разам з сынам маім са спадчыны Божай.

17 І сказала раба твая: хай будзе слова гаспадара майго цара ўцехаю мне, бо гаспадар мой цар, як анёл Божы, і можа выслухаць і добрае і благое. І Гасподзь Бог твой будзе з табою.

18 І адказваў цар і сказаў жанчыне: не хавай ад мяне, пра што я спытаюся ў цябе. І сказала жанчына: кажы, гаспадару мой цар.

19 І сказаў цар: ці ня рука Ёава ва ўсім гэтым з табою. І адказвала жанчына і сказала: хай жыве душа твая, гаспадару мой цар; ні направа, ні налева нельга ўхіліцца ад таго, што сказаў гаспадар мой цар; правільна, раб твой Ёаў загадаў мне, і ён уклаў у вусны рабы тваёй усе гэтыя словы;

20 каб прытчаю даць справе такі выгляд, раб твой Ёаў навучыў мяне; але гаспадар мой мудры, як мудры анёл Божы, каб ведаць усё, што на зямлі.

21 І сказаў цар Ёаву: вось, я зраблю; ідзі ж, вярні хлопца Авэсалома.

22 Тады Ёаў упаў тварам на зямлю і пакланіўся, і дабраславіў цара і сказаў: цяпер ведае раб твой, што здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, гаспадару мой цар, бо цар зрабіў паводле слова раба свайго.

23 І ўстаў Ёаў, і пайшоў у Гесур, і прывёў Авэсалома ў Ерусалім.

24 І сказаў цар: хай ён вернецца ў дом свой, а твару майго ня бачыць. І пайшоў Авэсалом у свой дом, а твару царскага ня бачыў.

25 Ня было ва ўсім Ізраілі мужчыны такога прыгожага, як Авэсалом, і такога пахвальнага, як ён: ад падэшвы ног да верху галавы яго ня было ў ім пахібы.

26 Калі ён стрыг галаву сваю, — а ён стрыг яе кожны год, бо яна абцяжарвала яго, дык валасы з галавы ягонай важылі дзьвесьце сікляў па вазе царскай.

27 І нарадзіліся ў Авэсалома тры сыны і адна дачка, імем Тамар; яна была жанчына прыгожая.

28 І заставаўся Авэсалом у Ерусаліме два гады, а твару царскага ня бачыў.

29 І паслаў Авэсалом па Ёава, каб паслаць яго да цара; але той не захацеў прыйсьці да яго. Паслаў і другі раз, але той не захацеў прыйсьці.

30 І сказаў Авэсалом слугам сваім: бачыце дзялянку поля Ёава каля майго, і ў яго там ячмень: ідзеце, выпаліце яго агнём. І выпалілі слугі Авэсалома тую дзялянку поля агнём.

31 І ўстаў Ёаў, і прыйшоў да Авэсалома ў дом, і сказаў яму: навошта слугі твае выпалілі маю дзялянку агнём?

32 І сказаў Авэсалом Ёаву: вось, я пасылаў па цябе, кажучы: прыйдзі сюды, і я пашлю цябе да цара сказаць: навошта я прыйшоў з Гесура? Лепей бы мне заставацца там. Я хачу ўбачыць твар цара. Калі ж я вінаваты, дык забі мяне.

33 І пайшоў Ёаў да цара і пераказаў яму. І паклікаў цар Авэсалома. Ён прыйшоў да цара і ўпаў тварам сваім на зямлю перад царом. І пацалаваў цар Авэсалома.

 

Разьдзел 15

 

1 Пасьля гэтага Авэсалом завёў у сябе калясьніцы і коней і пяцьдзясят скараходаў.

2 І ўставаў Авэсалом рана раніцай, і станавіўся пры дарозе каля брамы, і калі хто-небудзь, маючы цяжбіну, ішоў да цара на суд, дык Авэсалом падклікаў яго да сябе і пытаўся: зь якога ты горада? І калі той адказваў: з такога племя Ізраілевага раб твой,

3 тады казаў яму Авэсалом: вось, справа твая добрая і справядлівая, але ў цара няма каму выслухаць цябе.

4 І казаў Авэсалом: о, калі б мяне паставілі судзьдзёю ў гэтай зямлі! да мяне прыходзіў бы кожны, хто мае спрэчку і цяжбіну, і я судзіў бы яго па праўдзе.

5 І калі падыходзіў хто-небудзь пакланіцца яму, дык ён працягваў руку сваю і абдымаў яго і цалаваў яго.

6 Так рабіў Авэсалом з кожным Ізраільцянінам, які ішоў на суд да цара, і ўкрадваўся Авэсалом у сэрцы Ізраільцянам.

7 Як прайшло сорак гадоў цараваньня Давіда, Авэсалом сказаў цару: пайду я і выканаю абяцаньне маё, якое я даў Госпаду ў Хэўроне;

8 бо я, раб твой, жывучы ў Гесуры ў Сірыі, даў абяцаньне: калі Гасподзь верне мяне ў Ерусалім, я прынясу ахвяру Госпаду.

9 І сказаў яму цар: ідзі зь мірам. І ўстаў ён і пайшоў у Хэўрон.

10 І разаслаў Авэсалом выведнікаў ва ўсе плямёны Ізраіля, сказаўшы: калі вы пачуеце гук трубы, дык кажэце: Авэсалом зацараваў у Хэўроне.

11 З Авэсаломам пайшлі зь Ерусаліма дзьвесьце чалавек, якія былі запрошаны ім, і пайшлі па прастаце сваёй, ня ведаючы, што сталася.

12 У час ахвяраваньня Авэсалом паслаў і паклікаў Ахітатэла Гіланяніна, дарадцу Давідавага, зь ягонага горада Гіло. І склалася моцная змова, і народ сьцякаўся і множыўся вакол Авэсалома.

13 І прыйшоў вястун да Давіда і сказаў: сэрца Ізраільцянаў ухілілася на бок Авэсалома.

14 І сказаў Давід усім слугам сваім, якія былі пры ім у Ерусаліме: устаньце, уцячэм, бо ня будзе нам ратунку ад Авэсалома; сьпяшайцеся, каб нам уцячы, каб ён не застаў нас і не навёў на нас бяды і ня зьнішчыў горада мечам.

15 І сказалі слугі царскія цару: ва ўсім, што да спадобы гаспадару нашаму цару, мы — рабы твае.

16 І выйшаў цар і ўвесь дом ягоны за ім пеша. А пакінуў цар дзесяць жонак, наложніц дзеля догляду дома.

17 І выйшаў цар і ўвесь народ пешыя, і спыніліся каля Бэт-Мэрхата.

18 І ўсе слугі ягоныя ішлі абапал яго, і ўсе Хэлэтэі, і ўсе Фэлэтэі, і ўсе Гэцяне да шасьцісот чалавек, якія прыйшлі разам зь ім з Гэта, ішлі наперадзе цара.

19 І сказаў цар Этэю Гэцяніну: навошта і ты ідзеш з намі? вярніся і заставайся з тым царом, бо ты чужаземец і прыйшоў сюды з свайго месца;

20 учора ты прыйшоў, а сёньня я прымушу цябе ісьці з намі? я іду, куды надарыцца; вярніся і вярні братоў сваіх з сабою; хай учыніць Гасподзь міласьць і ісьціну з табою!

21 І адказваў Этэй цару і сказаў: жывы Гасподзь, і хай жыве гаспадар мой цар: дзе б ні быў гаспадар мой цар, ці ў жыцьці, а ці ў сьмерці, там будзе і раб твой.

22 І сказаў Давід Этэю: тады ідзі і хадзі са мною. І пайшоў Этэй Гэцянін і ўсе людзі ягоныя і ўсе дзеці, якія былі зь ім.

23 І плакала ўся зямля вялікім голасам. І ўвесь народ пераходзіў, і цар перайшоў паток Кедрон; і пайшоў увесь народ і цар па дарозе да пустыні.

24 Вось, і Садок сьвятар, і ўсе лявіты зь ім несьлі каўчэг запавета Божага з Вэтары і паставілі каўчэг Божы; Авіятар жа стаяў на ўзвышэньні, пакуль увесь народ ня выйшаў з горада.

25 І сказаў цар Садоку: вярні каўчэг Божы ў горад. Калі я здабуду міласьць прад вачыма Госпада, дык Ён верне мяне і дасьць мне бачыць яго і жытлішча ягонае.

26 А калі Ён скажа так: «няма Маёй добрай волі да цябе», дык вось я: хай робіць са мною, што Яму заўгодна.

27 І сказаў цар Садоку сьвятару: бачыш, — вярніся ў горад зь мірам, і Ахімаас, сын твой, і Ёнатан, сын Авіятара, абодва сыны вашыя з вамі;

28 бачыце, я памаруджу на раўніне ў пустыні, пакуль ня прыйдзе вестка ад вас да мяне.

29 І вярнулі Садок і Авіятар каўчэг Божы ў Ерусалім і засталіся там.

30 А Давід пайшоў на гару Элеонскую, ішоў і плакаў; галава ў яго была пакрытая; ён ішоў босы, і ўсе людзі, якія былі зь ім, накрылі кожны галаву сваю, ішлі і плакалі.

31 Данесьлі Давіду і сказалі: і Ахітатэл у ліку змоўшчыкаў з Авэсаломам. І сказаў Давід: Госпадзе! разбуры раду Ахітатэлаву.

32 Калі Давід падняўся на вяршыню гары, дзе ён пакланяўся Богу, вось, насустрач яму ідзе Хусій Архіцянін, сябар Давідаў: вопратка на ім была падраная, і пыл на галаве ягонай.

33 І сказаў яму Давід: калі ты пойдзеш са мною, ты будзеш мне цяжарам;

34 але калі вернешся ў горад і скажаш Авэсалому: «цару, прайшлі міма цары твае, і цар бацька твой прайшоў, і сёньня і раб твой; пакінь мяне жывым, дагэтуль я быў рабом бацькі твайго, а цяпер я твой раб», дык ты разладзіш мне раду Ахітатэлаву.

35 Вось, там з табою Садок і Авіятар сьвятары, і ўсякае слова, якое пачуеш з дома цара, пераказвай Садоку і Авіятару сьвятарам.

36 Там зь імі і два сыны іхнія, Ахімаас, сын Садокаў, і Ёнатан, сын Авіятараў; празь іх пасылайце мне кожную вестку, якую пачуеце.

37 І прыйшоў Хусій, сябар Давідаў, у горад; а Авэсалом уступіў тады ў Ерусалім.

 

Разьдзел 16

 

1 Калі Давід крыху сышоў зь вяршыні гары, вось, сустракаецца яму Сіва, слуга Мэмфівастэя, з параю наўючаных аслоў, і на іх дзьвесьце хлябоў, сто вязанак разынак, сто вязанак смокваў і мех зь віном.

2 І сказаў цар Сіву: навошта гэта ў цябе? І адказваў Сіва: аслы для дома царскага, для язды, а хлеб і плады ў ежу хлопцам, а віно на піцьцё аслабелым у пустыні.

3 І сказаў цар: дзе сын гаспадара твайго? І адказваў Сіва цару: вось, ён застаўся ў Ерусаліме і кажа: вось цяпер дом Ізраілеў верне мне царства бацькі майго.

4 І сказаў Сіву: вось табе ўсё, што ў Мэмфівастэя. І адказваў Сіва пакланіўшыся: хай здабуду літасьць у вачах гаспадара майго цара!

5 Калі дайшоў цар Давід да Бахурыма, вось, выйшаў адтуль чалавек з роду Саўлавага, імем Сэмэй, сын Геры; ён ішоў і ліхасловіў,

6 і кідаў камянямі ў Давіда і па ўсіх рабах цара Давіда; а ўсе людзі і ўсе адважнікі былі па правы і па левы бок цара.

7 Так гаварыў Сэмэй, ліхасловячы яго: ідзі, ідзі, забойца і беззаконьнік!

8 Гасподзь абярнуў на цябе ўсю кроў дома Саўлавага, замест якога ты зрабіў сябе царом, і аддаў Гасподзь царства ў рукі Авэсалому, сыну твайму; і вось, ты ў бядзе, бо ты крывасмок.

9 І сказаў Авэса, сын Саруін, цару: навошта ліхасловіць гэты мёртвы сабака гаспадара майго цара? пайду я і здыму зь яго галаву.

10 І сказаў цар: што мне і вам, сыны Саруіны? хай ён ліхасловіць, бо Гасподзь сказаў яму ліхасловіць Давіда. Хто ж можа сказаць: навошта ты так робіш?

11 І сказаў Давід Авэсу і ўсім слугам сваім: вось, калі мой сын, які выйшаў са сьцёгнаў маіх, шукае душы маёй, тым болей сын Веньямініцяніна; пакіньце яго, хай ліхасловіць, бо Гасподзь сказаў яму;

12 можа, Гасподзь прыхіліцца і на прыніжэньне маё, і дасьць мне Гасподзь даброцьцю за цяперашняе ягонае ліхаслоўе.

13 І ішоў Давід і людзі ягоныя сваёй дарогаю, а Сэмэй ішоў па ўскраіне гары, і кідаў камянямі і пылам на бок ягоны.

14 І прыйшоў цар і ўвесь народ, які быў зь ім, стомлены, і адпачываў там.

15 А Авэсалом і ўвесь народ Ізраільскі прыйшоў у Ерусалім, і Ахітафэл зь ім.

16 Калі Хусій Архіцянін, сябар Давідаў, прыйшоў да Авэсалома, дык сказаў Хусій Авэсалому: хай жыве цар, хай жыве цар!

17 І сказаў Авэсалом Хусію: дык вось якая рупнасьць твая да твайго сябра! чаму ты не пайшоў зь сябрам тваім?

18 І сказаў Хусій Авэсалому: не, каго выбраў Гасподзь і гэты народ і ўвесь Ізраіль, з тым і я, і зь ім застануся.

19 І прытым каму я буду служыць? Ці ж ня сыну ягонаму? Як служыў я бацьку твайму, так буду служыць і табе.

20 І сказаў Авэсалом Ахітафэлу: дайце параду, што нам рабіць.

21 І сказаў Ахітафэл Авэсалому: увайдзі да наложніц бацькі твайго, якіх ён пакінуў ахоўваць дом свой; і пачуюць усе Ізраільцяне, што ты зрабіўся ненавісным бацьку твайму, і ўмацуюцца рукі ўва ўсіх, хто з табою.

22 І паставілі Авэсалому намёт на даху, і ўвайшоў Авэсалом да наложніц бацькі свайго на вачах усяго Ізраіля.

23 А парады Ахітафэла, якія ён даваў, у той час лічыліся, як бы калі б хто пытаўся навукі ў Бога. Такая была кожная парада Ахітафэла як Давіду, так і Авэсалому.

 

Разьдзел 17

 

1 І сказаў Ахітафэл Авэсалому: выберу я дванаццаць тысяч чалавек і ўстану і пайду ў пагоню за Давідам гэтай жа ночы;

2 і нападу на яго, калі ён будзе стомлены і з апушчанымі рукамі, і прывяду яго ў страх; і ўсе людзі, якія зь ім, разьбягуцца; і я заб’ю аднаго цара

3 і ўсіх людзей павярну да цябе; і калі ня будзе аднаго, душу якога ты шукаеш, тады ўвесь народ будзе ў міры.

4 І спадабалася гэтае слова Авэсалому і ўсім старэйшынам Ізраілевым.

5 І сказаў Авэсалом: паклічце Хусія Архіцяніна; паслухаем, што ён скажа.

6 І прыйшоў Хусій да Авэсалома. І сказаў яму Авэсалом, кажучы: вось, што кажа Ахітафэл; ці зрабіць паводле ягоных слоў? а калі не, дык кажы ты.

7 І сказаў Хусій Авэсалому: ня добрая гэтым разам парада, якую даў Ахітафэл.

8 І сказаў далей Хусій: ты ведаеш твайго бацьку і людзей ягоных; яны адважныя і моцна раздражнёныя, як мядзьведзіха ў полі, у якой адабралі дзяцей, і бацька твой — чалавек ваяўнічы; ён ня спыніцца начаваць з народам.

9 Вось, цяпер ён хаваецца ў якой-небудзь пячоры, альбо ў іншым месцы, і калі хто загіне пры першым нападзе на іх, і пачуюць і скажуць: «была параза людзей, якія пасьледавалі за Авэсаломам»,

10 тады і самы аджважны, у якога сэрца, як сэрца львінае, упадзе духам; бо ўсяму Ізраілю вядома, які адважны бацька твой і мужныя тыя, якія зь ім.

11 Таму я раю: хай зьбярэцца да цябе ўвесь Ізраіль, ад Дана да Вірсавіі, у мностве, як пясок каля мора, і ты сам пойдзеш сярод яго;

12 і тады мы пойдзем супроць яго, у якім бы месцы ён ні быў, і нападзем на яго, як ападае раса на зямлю; і не застанецца ў яго ніводнага чалавека з усіх, якія зь ім;

13 а калі ён увойдзе ў які-небудзь горад, дык увесь Ізраіль прынясе да таго горада вяроўкі, і мы сьцягнем яго ў раку, так што не застанецца ніводнага каменьчыка.

14 І сказаў Авэсалом і ўвесь Ізраіль: парада Хусія Архіцяніна лепшая за параду Ахітафэлаву. Так Гасподзь судзіў разбурыць найлепшую параду Ахітафэла, каб навесьці Госпаду бяду на Авэсалома.

15 І сказаў Хусій Садоку і Авіятару сьвятарам: так і так раіў Ахітафэл Авэсалому і старэйшынам Ізраілевым, а так і так параіў я.

16 І цяпер пашлеце хутчэй і скажэце Давіду так: не заставайся гэтай ночы на раўніне ў пустыні, а хутчэй перайдзі, каб не загінуць цару і ўсім людзям, якія зь ім.

17 Ёнатан і Ахімаас стаялі каля крыніцы Рагэль. І пайшла служанка і расказала ім, а яны пайшлі і паведамілі цару Давіду; бо яны не маглі паказацца ў горадзе.

18 І ўбачыў іх хлопчык і данёс Авэсалому; але яны абодва хутка сышлі і прыйшлі ў Бахурым, у дом аднаго чалавека, у якога на дварэ быў калодзеж, і спусьціліся туды.

19 А жанчына ўзяла і расьцягнула над вусьцем калодзежа покрыва і насыпала на яго круп, так што не было нічога прыкметна.

20 І прыйшлі рабы Авэсалома да жанчыны ў дом і сказалі: дзе Ахімаас і Ёнатан? І сказала ім жанчына: яны перайшлі раку бродам. І шукалі яны, і не знайшлі, і вярнуліся ў Ерусалім.

21 Калі яны сышлі, тыя выйшлі з калодзежа, пайшлі і паведамілі цару Давіду і сказаді Давіду: устаньце і хутчэй перайдзеце ваду; бо так і так раіў пра вас Ахітафэл.

22 І ўстаў Давід і ўсе людзі, якія былі зь ім, і перайлі Ярдан; да сьвітаньня не засталося ніводнага, хто не перайшоў бы Ярдана.

23 І ўбачыў Ахітафэл, што ня выканана парада ягоная, і асядлаў асла, і сабраўся, і пайшоў у дом свой, і зрабіў тастамант дому свайму, і ўдавіўся, і памёр, і быў пахаваны ў магіле бацькі свайго.

24 І прыйшоў Давід у Маханаім, а Авэсалом перайшоў Ярдан, сам і ўвесь Ізраіль зь ім.

25 Авэсалом паставіў Амэсая замест Ёава над войскам. Амэсай быў сын аднаго чалавека, імем Ефэра зь Ізрэеля, які ўвайшоў да Авігеі, дачкі Нааса, сястры Саруі, маці Ёава.

26 І Ізраіль з Авэсаломам разьмясьціўся табарам у зямлі Галаадскай.

27 Калі Давід прыйшоў у Маханаім, дык Сові, сын Нааса, з Равы Аманіцкай, і Махір, сын Амііла, з Ладавара, і Вэрзэлій Галаадыцянін з Рагліма,

28 прынесьлі дзесяць падрыхтаваных пасьцеляў, дзесяць місак і гліняных пасудзін, і пшаніцы і ячменю, і мукі і проса, і бобу і сачыўкі і пражанага зерня,

29 і мёду і масла, і авечак і сыру каровінага, прынесьлі Давіду і людзям, якія былі зь ім, на ежу; бо казалі яны: народ галодны і стомлены і цярпеў смагу ў пустыні.

 

Разьдзел 18

 

1 І агледзеў Давід людзей, якія былі зь ім і паставіў над імі тысячнікаў і сотнікаў.

2 І выправіў Давід людзей — трэцюю частку пад рукою Ёава, трэцюю частку пад рукою Авэсы, сына Саруінага, брата Ёава, трэцюю частку пад рукою Этэя Гэцяніна. І сказаў цар людзям: я сам пайду з вамі.

3 Але людзі адказвалі яму: не хадзі; бо, калі мы і пабяжым, дык ня зьвернуць увагі на гэта; калі і памрэ палавіна з нас, таксама ня зьвернуць увагі; а ты адзін тое самае, што нас дзесяць тысяч; дык вось, нам лепей, каб ты дапамагаў нам з горада.

4 І сказаў ім цар: што спадобнае ў вачах вашых, тое і зраблю. І стаў цар каля брамы, і ўвесь народ выходзіў па сотнях і па тысячах.

5 І загадаў цар Ёаву і Авэсу і Этэю, кажучы: уберажэце мне хлопца Авэсалома. І ўсе людзі чулі, як загадваў цар усім правадырам пра Авэсалома.

6 І выйшлі людзі ў поле на сустрэчу Ізраільцянам, і была бітва ў лесе Яфрэмавым.

7 І быў разьбіты народ Ізраільскі рабамі Давідавымі; было там пабоішча вялікае ў той дзень, — забітых дваццаць тысяч.

8 Бітва пашырылася па ўсёй той краіне, і лес загубіў народу болей, чым колькі зьнішчыў меч, у той дзень.

9 І сустрэўся Авэсалом з рабамі Давідавымі; ён быў на муле. Калі мул убег зь ім пад гольле вялікага дуба, дык Авэсалом падчапіўся валасамі сваімі за вецьце дуба і павіс паміж небам і зямлёю, а мул, які быў пад ім, зьбег.

10 І ўбачыў гэта нехта і данёс Ёаву, кажучы: вось, я бачыў Авэсалома, што вісіць ён на дубе.

11 І сказаў Ёаў чалавеку, які данёс пра гэта: вось, ты бачыў; чаму ж ты не апусьціў яго там на зямлю? я даў бы табе дзесяць сікляў срэбра і адзін пояс.

12 І адказваў той Ёаву: калі б паклалі на рукі мае і тысячу сікляў срэбра, і тады я не падняў бы рукі на царскага сына; бо ўголас нам цар загадваў табе і Авэсу і Этэю, кажучы: уберажэце мне хлопца Авэсалома;

13 і калі б я зрабіў інакш зь небясьпекаю жыцьцю майму, дык гэта ня ўтоілася б ад цара, і ты ж паўстаў бы супроць мяне.

14 Ёаў сказаў: няма чаго мне марудзіць з табою. І ўзяў у рукі тры стралы і ўсадзіў іх у сэрца Авэсалому, які быў яшчэ жывы на дубе.

15 І абступілі Авэсалома дзесяць хлопцаў, збраяносцаў Ёава, і забілі і ўсьмерцілі яго.

16 І затрубіў Ёаў у трубу, і вярнуліся людзі з пагоні за Ізраілем, бо Ёаў шкадаваў народ.

17 І ўзялі Авэсалома, і ўкінулі яго ў лесе ў глыбокую яму, і накідалі на ім вялікую крушню. І ўсе Ізраільцяне разьбегліся, кожны ў намёт свой.

18 Авэсалом яшчэ пры жыцьці сваім узяў і паставіў сабе помнік у царскай даліне; бо сказаў ён: няма ў мяне сына, каб захаваць памяць імя майго. І назваў помнік сваім імем. І называецца ён «помнік Авэсалома» да сёньня.

19 Ахімаас, сын Садокаў, сказаў Ёаву: пабягу я, паведамлю цару, што Гасподзь судом сваім выбавіў яго ад рук ворагаў ягоных.

20 Але Ёаў сказаў яму: ня будзеш ты сёньня добрым весьнікам; абвесьціш іншым днём, а ня сёньня, бо памёр сын цара.

21 І сказаў Ёаў Хусію: ідзі, данясі цару, што бачыў ты. І пакланіўся Хусій Ёаву і пабег.

22 Але і Ахімаас, сын Садокаў, настойваў і казаў Ёаву: што б ні было, але і я пабягу за Хусіем. А Ёаў адказваў: навошта бегчы табе, сыне мой? не прынясеш ты добрай весткі.

23 І сказаў Ахімаас: хай так, але я пабягу. І сказаў яму Ёаў: бяжы. І пабег Ахімаас напрасткі па дарозе і апярэдзіў Хусія.

24 Давід тады сядзеў паміж дзьвюма брамамі. І вартаўнік падняўся на дах брамы да сьцяны і, падняўшы вочы, убачыў: вось, бяжыць адзін чалавек.

25 І закрычаў вартаўнік і абвясьціў цару. І сказаў цар: калі адзін, дык вестка ў вуснах ягоных. А той падыходзіў усё бліжэй і бліжэй.

26 Вартаўнік убачыў і другога чалавека, які бег; і закрычаў вартаўнік брамніку: вось, яшчэ бяжыць адзін чалавек. Цар сказаў: і гэта — весьнік.

27 Вартаўнік сказаў: я бачу паходку першага, падобную на паходку Ахімааса, сына Садокавага. І сказаў цар: гэты чалавек добры і йдзе з добраю весткаю.

28 І ўсклікнуў Ахімаас і сказаў цару: мір. І пакланіўся цару тварам сваім да зямлі і сказаў: дабраславёны Гасподзь Бог твой, Які выдаў людзей, што паднялі рукі свае на гаспадара майго цара!

29 І сказаў цар: ці добра хлопцу Авэсалому? І сказаў Ахімаас: я бачыў вялікае хваляваньне, калі раб цароў Ёаў пасылаў раба твайго; але я ня ведаю, што было.

30 І сказаў цар: адыдзі, стань тут. Ён адышоў і стаў.

31 Вось, прыйшоў і Хусій. І сказаў Хусій: добрая вестка гаспадару майму цару! Гасподзь явіў табе сёньня праўду ў выбаўленьні ад рук усіх паўсталых супроць цябе.

32 І сказаў цар Хусію: ці добра хлопцу Авэсалому? І сказаў Хусій: хай будзе з ворагамі гаспадара майго цара і з усімі зламысьнікамі тваімі тое самае, што сталася з хлопцам!

33 І сумеўся цар, і пайшоў у сьвятліцу над брамаю, і плакаў, і калі ішоў, казаў так: сыне мой Авэсаломе! сыне мой, сыне мой Авэсаломе! о, хто даў бы мне памерці замест цябе, Авэсаломе, сыне мой, сыне мой!

 

Разьдзел 19

 

1 І сказалі Ёаву: вось, цар плача і галосіць па Авэсаломе.

2 І абярнулася перамога таго дня ў плач усяму народу; бо народ пачуў у той дзень і казаў, што цар смуткуе па сыне сваім.

3 І выходзіў тады народ у горад крадком, як крадуцца людзі сарамлівыя, якія ў час бітвы кінуліся наўцёкі.

4 А цар закрыў твар свой і голасна завыў: сыне мой Авэсаломе! Авэсаломе, сыне мой, сыне мой!

5 І прыйшоў Ёаў да цара ў дом і сказаў: ты ў сорам прывёў сёньня ўсіх слугаў тваіх, якія ўратавалі сёньня жыцьцё тваё і жыцьцё сыноў і дочак тваіх, і жыцьцё жонак і наложніц тваіх;

6 ты любіш ненавісьнікаў тваіх і ненавідзіш любасных тваіх, бо ты паказаў сёньня, што нішто табе і правадыры і слугі; сёньня я даведаўся, што калі б Авэсалом застаўся жывы, а мы ўсе памерлі, дык табе было б прыемней.

7 Дык вось, устань, выйдзі і пагавары сэрцу рабоў тваіх; бо прысягаю Госпадам, што, калі ты ня выйдзеш, у гэтую ноч не застанецца ў цябе ніводнага чалавека; і гэта будзе табе горш за ўсе беды, якія находзілі на цябе ад юнацтва твайго і да сёньня.

8 І ўстаў цар і сеў каля брамы, а ўсяму народу абвясьцілі, што цар сядзіць каля брамы. І прыйшоў увесь народ перад аблічча цара; а Ізраільцяне разьбегліся па сваіх палатках.

9 І ўвесь народ ва ўсіх плямёнах Ізраілевых спрачаўся і казаў: цар вызваліў нас з рук ворагаў нашых і вызваліў нас з рук Філістымлянаў, а цяпер сам уцякаў зь зямлі гэтай ад Авэсалома.

10 Але Авэсалом, якога мы памазалі ў цара над намі, памёр на вайне; чаму ж цяпер вы марудзіце вярнуць цара?

11 І цар Давід паслаў сказаць сьвятарам Садоку і Авіятару: скажэце старэйшынам Юдавым: навошта вы хочаце быць апошнімі, каб вярнуць цара ў дом ягоны, тады як словы ўсяго Ізраіля дайшлі да цара ў дом ягоны?

12 Вы браты мае, косьці мае і цела маё — вы; навошта хочаце вы быць апошнімі ў вяртаньні цара ў дом ягоны?

13 І Амэсаю скажэце: ці ня косьць мая і цела маё — ты? Хай тое і тое зробіць са мною Бог і яшчэ болей зробіць, калі ты ня будзеш ваеначальнікам пры мне, замест Ёава, назаўсёды!

14 І схіліў ён сэрца ўсіх Юдэяў, як аднаго чалавека. І паслалі яны да цара сказаць: вярніся ты і ўсе слугі твае.

15 І вярнуўся цар і прыйшоў да Ярдана, а Юдэі прыйшлі ў Галгал, каб сустрэць цара і перавезьці цара празь Ярдан.

16 І пасьпяшаўся Сэмэй, сын Геры, Веньямініцянін з Бахурыма, і пайшоў зь Юдэямі насустрач цару Давіду,

17 І тысяча чалавек зь Веньямініцянаў зь ім, і Сіва, слуга дома Саўлавага, зь пятнаццацьцю сынамі сваімі і дваццацьцю рабамі сваімі; і перайшлі яны Ярдан перад абліччам цара.

18 Калі пераправілі судна, каб перавезьці цароў дом і паслужыць яму, тады Сэмэй, сын Геры, упаў перад царом, як толькі ён перайшоў Ярдан,

19 і сказаў цару: не залічы мне, гаспадару мой, у злачынства, і не спамяні таго, чым зграшыў раб твой у той дзень, калі гаспадар мой цар выходзіў зь Ерусаліма, і ня трымай таго, цару, на сэрцы сваім;

20 бо ведае раб твой, што зграшыў, і вось, цяпер я прыйшоў першы з усяго дома Язэпавага, каб выйсьці насустрач гаспадару майму цару.

21 І адказваў Авэса, сын Саруін, і сказаў: няўжо Сэмэй не памёр за тое, што ліхасловіў памазанца Гасподняга?

22 І сказаў Давід: што мне і вам, сыны Саруіны, што вы робіцеся сёньня мне нагаворшчыкамі? ці сёньня аддаваць сьмерці каго-небудзь у Ізраілі? ці ня бачу я, што сёньня я — цар над Ізраілем?

23 І сказаў цар Сэмэю: ты не памрэш. І прысягнуўся яму цар.

24 І Мэмфівастэй, сын Ёнатана, сына Саўлавага, выйшаў насустрач цару. Ён не абмываў ног сваіх, не абрэзваў пазногцяў, не клапаціўся пра бараду сваю і ня мыў вопраткі сваёй з таго дня, як выйшаў цар, да дня, калі ён выйшаў зь мірам.

25 Калі ён выйшаў зь Ерусаліма насустрач цару, цар сказаў яму: чаму ты, Мэмфівастэй, не пайшоў са мною?

26 Той адказваў: гаспадару мой цару! слуга мой падмануў мяне; бо я, раб твой, казаў: «асядлаю сабе асла, і я сяду на яго і паеду з царом», бо раб твой кульгавы.

27 А ён ашальмаваў раба твайго перад гаспадаром маім царом. Але гаспадар мой цар, як анёл Божы; рабі, што табе заўгодна;

28 хоць увесь дом бацькі майго быў варты сьмерці перад гаспадаром царом маім, але ты пасадзіў раба твайго сярод бяседнікаў за сталом тваім; якое ж я маю права скардзіцца яшчэ перад царом?

29 І сказаў яму цар: навошта ты гаворыш усё гэта? я сказаў, каб ты і Сіва падзялілі паміж сабою палі.

30 Але Мэмфівастэй адказаў цару: хай ён возьме нават усё, пасьля таго як гаспадар мой цар зь мірам вярнуўся ў дом свой.

31 І Вэрзэлій Галаадыцянін прыйшоў з Рагліма і перайшоў з царом Ярдан, каб правесьці яго за Ярдан.

32 А Вэрзэлій быў вельмі стары, гадоў васьмідзесяці. Ён прадуктаваў цара, калі той быў у Маханаіме, бо быў чалавек багаты.

33 І сказаў цар Вэрзэлію: ідзі са мною, і я буду прадуктаваць цябе ў Ерусаліме.

34 Але Вэрзэлій адказаў цару: ці доўга мне засталося жыць, каб ісьці з царом у Ерусалім?

35 Мне цяпер восемдзесят гадоў; ці адрозьню добрае ад благога? Ці спазнае раб твой смак у тым, што буду есьці, і ў тым, што буду піць? І ці змагу чуць голас сьпевакоў і сьпявачак? Навошта рабу твайму быць цяжарам гаспадару майму цару?

36 Яшчэ крыху пройдзе раб твой з царом за Ярдан; за што ж цару ўзнагароджваць мяне так шчодра?

37 Дазволь рабу твайму вярнуцца, каб памерці ў сваім горадзе, каля магілы бацькі майго і маці маёй. Але вось, раб твой Кімгам няхай пойдзе з гаспадаром маім царом, і рабі зь ім, як табе заўгодна.

38 І сказаў цар: хай ідзе са мною Кімгам, і я зраблю яму, што табе заўгодна; і ўсё, чаго б ты ні зажадаў ад мяне, я зраблю табе.

39 І перайшоў увесь народ Ярдан, і цар таксама. І пацалаваў цар Вэрзэлія і дабраславіў яго, і ён вярнуўся ў месца сваё.

40 І выправіўся цар у Галгал, выправіўся зь ім і Кімгам; і ўвесь народ Юдэйскі праводзіў цара, і палавіна народу Ізраільскага.

41 І вось, усе Ізраільцяне прыйшлі да цара і сказалі цару: навошта браты нашыя, мужы Юдавыя, захапілі цябе і праводзілі цара і дом ягоны і ўсіх людзей Давідавых зь ім празь Ярдан?

42 І адказвалі ўсе мужы Юдавыя Ізраільцянам: таму, што цар блізкі нам; і за што вам злавацца на гэта? хіба мы што-небудзь зьелі ў цара, альбо атрымалі ад яго дарункі?

43 І адказвалі Ізраільцяне мужам Юдавым і сказалі: мы дзесяць частак у цара, таксама і ў Давіда мы болей, чым вы; навошта ж вы прынізілі нас? ці ня нам належала першае слова пра тое, каб вярнуць нашага цара? Але слова мужоў Юдавых было мацнейшае, чым слова Ізраільцянаў.

 

Разьдзел 20

 

1 Там выпадкова быў адзін нягодны чалавек, імем Савэй, сын Біхры, Веньямініцянін; ён затрубіў у трубу і сказаў: няма нам часткі ў Давідзе, і няма нам долі ў сыне Есэевым; усе па намётах сваіх, Ізраільцяне!

2 І аддзяліліся ўсе Ізраільцяне ад Давіда і пайшлі за Савэем, сынам Біхры; а Юдэі засталіся на баку цара свайго, ад Ярдана да Ерусаліма.

3 І прыйшоў Давід у свой дом у Ерусаліме, і ўзяў цар дзесяць жанчын наложніц, якіх ён пакідаў сьцерагчы дом, і разьмясьціў іх у асобным доме пад нагляд, і ўтрымліваў іх, але не хадзіў да іх. І ўтрымліваліся яны там да дня сьмерці сваёй, жывучы як удовы.

4 І сказаў Давід Амэсаю: пакліч да мяне Юдэяў за тры дні і сам зьявіся сюды.

5 І пайшоў Амэсай клікаць Юдэяў, але прамарудзіў больш назначанага яму часу.

6 Тады Давід сказаў Авэсу: цяпер наробіць нам ліха Савэй, сын Біхры, больш, чым Авэсалом; вазьмі ты слуг гаспадара свайго і перасьледуй яго, каб ён не знайшоў сабе ўмацаваных гарадоў і ня зьнік з вачэй нашых.

7 І выйшлі за ім людзі Ёававы, і Хэлэтэі і Фэлэтэі, і ўсе адважныя пайшлі зь Ерусаліма перасьледаваць Савэя, сына Біхры.

8 І калі яны былі паблізу вялікага каменя, што каля Гаваона, дык сустрэўся зь імі Амэсай. Ёаў быў апрануты ў вайсковую вопратку сваю і аперазаны мечам, які вісеў каля сьцягна ў похвах і які лёгка выходзіў зь іх і ўваходзіў.

9 І сказаў Ёаў Амэсаю: ці здаровы ты, браце мой? І ўзяў Ёаў праваю рукою Амэсая за бараду, каб пацалаваць яго.

10 А Амэсай не ўпільнаваўся ад меча, які быў у руцэ ў Ёава, і той ударыў яго ім ў жывот, так што выпалі вантробы яго на зямлю, і не паўтарыў яму ўдару, і ён памёр. Ёаў і Авэса, брат ягоны, пагналіся за Савэем, сынам Біхры.

11 Адзін з хлопцаў Ёававых стаяў над Амэсаем і казаў: той, хто адданы Ёаву і хто за Давіда, хай ідзе за Ёавам!

12 А Амэсай ляжаў у крыві сярод дарогі. І той чалавек, убачыўшы, што ўвесь народ спыняецца над ім, сьцягнуў Амэсая з дарогі ў поле і накінуў на яго вопратку, бо ён бачыў, што кожны прахожы спыняўся над ім.

13 Але калі ён быў сьцягнуты з дарогі, дык увесь народ Ізраільскі пайшоў сьледам за Ёавам перасьледаваць Савэя, сына Біхры.

14 І ён прайшоў праз усе плямёны Ізраільскія да Авэла-Бэт-Мааха і праз увесь Бэрым; і жыхары гарадоў зьбіраліся і ішлі за ім.

15 І прыйшлі і аблажылі яго ў Авэле-Бэт-Мааху; і насыпалі вал перад горадам і падступіліся да сьцяны, і ўсе людзі, якія былі зь Ёавам, стараліся разбурыць сьцяну.

16 Тады адна разумная жанчына закрычала са сьцяны горада: паслухайце, паслухайце, скажэце Ёаву, каб ён падышоў сюды, і я пагавару зь ім.

17 І падышоў да яе Ёаў, і сказала жанчына: ці ты Ёаў? І сказаў: я. Яна сказала: паслухай словаў рабы тваёй. І сказаў ён: слухаю.

18 Яна сказала: раней казалі: хто хоча спытацца, спытайся ў Авэле; і так вырашалі справу.

19 Я зь мірных, верных гарадоў Ізраіля, а ты хочаш зьнішчыць горад, маці гарадоў у Ізраілі. Навошта табе разбураць спадчыну Гасподнюю?

20 І адказваў Ёаў і сказаў: хай ня будзе гэтага ад мяне, каб я зьнішчыў альбо разбурыў!

21 Гэта ня так; але чалавек з гары Яфрэмавай, імем Савэй, сын Біхры, падняў руку сваю на цара Давіда; выдайце мне яго аднаго, і я адступлюся ад горада. І сказала жанчына Ёаву: вось, галава ягоная будзе табе скінута са сьцяны.

22 І пайшла жанчына да ўсяго народу са сваім разумным словам. І адсеклі галаву Савэю, сыну Біхры, і кінулі Ёаву. Тады Ёаў затрубіў у трубу, і разышліся ад горада ўсе па сваіх намётах; а Ёаў вярнуўся ў Ерусалім да цара.

23 І быў Ёаў пастаўлены над усім войскам Ізраільскім, а Ванэя, сын Ёдаеў, — над Хэлэтэямі і над Фэлэтэямі;

24 Адарам — над зборам падаткаў; Ёсафат, сын Ахілуда — дзеяпісальнікам;

25 Суса — пісцом; Садок і Авіятар — сьвятарамі;

26 таксама і Іра Ярыцянін быў сьвятаром, у Давіда.

 

Разьдзел 21

 

1 Быў голад на зямлі ў дні Давіда тры гады, год у год. І спытаўся Давід у Госпада. І сказаў Гасподзь: гэта праз Саўла і крыважэрны дом ягоны, за тое, што ён забіў Гавааніцянаў.

2 Тады цар паклікаў Гавааніцянаў і гаварыў зь імі. Гавааніцяне былі ня з сыноў Ізраілевых, а з рэштак Амарэяў; а Ізраільцяне далі ім прысягу, але Саўл хацеў іх зьнішчыць з рэўнасьці сваёй за нашчадкаў Ізраіля і Юды.

3 І сказаў Давід Гавааніцянам: што мне зрабіць вам і чым прымірыць вас, каб вы дабраславілі спадчыну Гасподнюю?

4 І сказаді яму Гавааніцяне: ня трэба нам ні срэбра, ні золата ад Саўла, альбо ад дома ягонага, і ня трэба нам, каб забілі каго ў Ізраілі. Ён сказаў: чаго ж вы хочаце? я зраблю вам.

5 І сказалі яны цару: таго чалавека, які губіў нас і хацеў зьнішчыць нас, каб ня было нас ні ў адной з частак Ізраіля,

6 зь ягоных нашчадкаў выдай нам сем чалавек, і мы павесім іх прад Госпадам у Гіве Саўла, выбранага Госпадам. І сказаў цар: я выдам.

7 Але пашкадаваў цар Мэмфівастэя, сына Ёнатана, сына Саўлавага, дзеля прысягі імем Гасподнім, якая была паміж імі, паміж Давідам і Ёнатанам, сынам Саўлавым.

8 І ўзяў цар двух сыноў Рыцпы, дачкі Айя, якая нарадзіла Саўлу Армона і Мэмфівастэя, і пяць сыноў Мэлхолы, дачкі Саўлавай, якіх яна нарадзіла Адрыэлу, сыну Вэрзэлія з Мэлхолы,

9 і аддаў іх у рукі Гавааніцянаў, і яны павесілі іх на гары прад Госпадам. І загінулі ўсе сем разам; яны забітыя ў першыя дні жніва, у пачатку жніва ячменю.

10 Тады Рыцпа, дачка Айя, узяла вярэту і паслала сабе на той гары, і сядзела яна ад пачатку жніва і да таго часу, пакуль не паліліся на іх воды Божыя зь неба, і не дазваляла кранаць іх птушкам нябесным удзень і зьвярам польным уначы.

11 І данесьлі Давіду, што зрабіла Рыцпа, дачка Айя, наложніца Саўлавая.

12 І пайшоў Давід і ўзяў косьці Саўла і косьці Ёнатана, сына ягонага, у жыхароў Явіса Галаадскага, якія тайна ўзялі іх з пляца Бэт-Сана, дзе яны былі павешаны Філістымлянамі, калі забілі Філістымляне Саўла на Гэлвуе.

13 І перанёс ён адтуль косьці Саўла і косьці Ёнатана, сына ягонага; і сабралі косьці павешаных.

14 І пахавалі косьці Саўла і Ёнатана, сына Ягонага, у зямлі Веньямінавай, у Цэла, у магіле Кіса, бацькі ягонага. І зрабілі ўсё, што загадаў цар. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны пасьля таго.

15 І пачалася зноў вайна паміж Філістымлянамі і Ізраільцянамі. І выйшаў Давід і слугі ягоныя зь ім, і ваявалі зь Філістымлянамі; і Давід стаміўся.

16 Тады Есьвій, адзін з нашчадкаў Рэфаімаў, у якога дзіда была вагою ў трыста сікляў медзі і які аперазаны быў новым мечам, хацеў забіць Давіда.

17 Але яму дапамог Авэса, і забіў Філістымляніна і аддаў сьмерці яго. Тады людзі Давідавыя прысягнулі, кажучы: ня выйдзеш ты болей з намі на вайну, каб не пагасла сьвяцільня Ізраіля.

18 Потым зноў была вайна зь Філістымлянамі ў Гобе; тады Савахай Хушацянін забіў Сафута, аднаго з нашчадкаў Рэфаімавых.

19 Была і другая бітва ў Гобе; тады забіў Элханан, сын Ягарэ-Аргіма Віфляемскага, Галіяфа Гэцяніна, у якога тронка дзіды была, як ткацкі навой.

20 Была яшчэ бітва ў Гэце; і быў там адзін чалавек рослы, які меў па шасьці пальцаў на руках і на нагах, усяго дваццаць чатыры, таксама з нашчадкаў Рэфаімаў,

21 і ён бэсьціў Ізраільцянаў; але яго забіў Ёнатан, сын Сафая, брата Давідавага.

22 Гэтыя чатыры былі з роду Рэфаімаў у Гэце, і яны загінулі ад рукі Давіда і слуг ягоных.

 

Разьдзел 22

 

1 І засьпяваў Давід песьню Госпаду ў дзень, калі Гасподзь выбавіў яго ад рукі ўсіх ворагаў і ад рукі Саўла, і сказаў:

2 Гасподзь — цьвярдыня мая і моц мая і збаўца мой.

3 Бог мой — скала мая; на Яго я спадзяюся; шчыт мой, рог выратаваньня майго, агароджа мая і прытулак мой; Ратаўнік мой, ад бедаў Ты выбавіў мяне!

4 Паклічу Госпада, Якому шчыра пакланяюся, і ад ворагаў маіх выратуюся.

5 Агарнулі мяне хвалі сьмерці, і патокі беззаконьня напалохалі мяне;

6 ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.

7 Але вось у цеснаце маёй я паклікаў Госпада і Бога майго і заклікаў, і Ён пачуў з харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Яго.

8 Затрэслася, закалыхалася зямля, задрыжалі і парушыліся асновы нябёсаў, бо разгневаўся на іх Гасподзь.

9 Падняўся дым ад гневу Яго і з вуснаў Яго агонь пажыральны; жарнае вугольле сыпалася ад Яго.

10 Нахіліў Ён нябёсы і сышоў; і морак пад нагамі ў Яго;

11 і сеў на херувімаў, і паляцеў, і панёсься на крылах ветру;

12 і моракам пакрыў Сябе, як ценем, згусьціўшы воды хмар нябесных;

13 ад бляску прад Ім разгаралася вугольле вогненнае.

14 Загрымеў зь нябёсаў Гасподзь, і Ўсявышні даў голас Свой;

15 пусьціў стрэлы і расьсеяў іх; бліснуў маланкаю і зьнішчыў іх.

16 І адчыніліся крыніцы мора, агаліліся асновы сусьветныя ад грознага голасу Госпада, ад подыху духу гневу Яго.

17 Працягнуў Ён руку з вышыні і ўзяў мяне, і дастаў мяне з водаў многіх;

18 выбавіў мяне ад ворага майго моцнага, ад ненавісьнікаў маіх, якія былі мацнейшыя за мяне.

19 Яны паўсталі на мяне ў дзень бедства майго; але Гасподзь быў апораю мне

20 і вывеў мяне на прасторнае месца, выбавіў мяне, бо Ён дабраволіць мне.

21 Даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне.

22 Бо я захоўваў шляхі Госпада і ня быў грэшны прад Богам маім,

23 бо ўсе запаведзі Яго перад мною, і ад пастановаў Яго я не адступаў,

24 і быў беззаганны прад Ім, і пільнаваўся, каб не зграшыць мне.

25 І даў мне Гасподзь па праўдзе маёй, па чысьціні маёй прад вачыма Яго.

26 Зь мілажальным Ты — мілажальны, з чалавекам шчырым — шчыры,

27 з чыстым — чысты, а з хітрым — па хітрасьці ягонай.

28 Людзей прыгнечаных Ты ратуеш і позіркам Сваім прыніжаеш пыхлівых.

29 Ты, Госпадзе, сьвяцільня мая; Гасподзь прасьвятляе цемру маю.

30 З Табою я разьбіваю войска; з Богам маім падымаюся на сьцяну.

31 Бог! — беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова Госпада, шчыт Ён усім, хто спадзяецца на Яго.

32 Бо хто Бог, акрамя Госпада, і хто абарона, акрамя Бога нашага?

33 Бог апаясвае мяне сілаю, пракладвае мне правільны шлях;

34 робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях ставіць мяне;

35 вучыць рукі мае бітве і цягліцы мае напінае, як медны лук.

36 Ты даеш мне шчыт выратаваньня Твайго, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.

37 Ты пашыраеш крок мой пад мною, і ня хістаюцца ногі мае.

38 Я ганяюся за ворагамі маімі і зьнішчаю іх, і не вяртаюся, пакуль ня зьнішчу іх;

39 і зьнішчаю іх і б’ю іх, і не ўстаюць і падаюць пад ногі мае.

40 Ты апярэзваеш мяне сілаю для вайны і кладзеш перад мною тых, што паўстаюць на мяне;

41 Ты абяртаеш да мяне тыл ворагаў маіх, і я зьнішчаю ненавісьнікаў маіх.

42 Яны клічуць, але няма выратавальніка, — да Госпада, але Ён ня слухае іх.

43 Я расьсейваю іх, як пыл зямны, у гразь вулічную мну іх і тапчу іх.

44 Ты ўратаваў мяне ад мяцяжу народу майго; Ты захаваў мяне, каб быць мне галавою над іншапляменцамі; народ, якога я ня ведаў, служыць мне.

45 Іншапляменцы лісьлівяць перад мною; па чутках пра мяне падпарадкуюцца мне.

46 Іншапляменцы бляднеюць і дрыжаць ва ўмацаваньнях сваіх.

47 Жывы Гасподзь і дабраславёны абаронца мой! Хай будзе праслаўлены Бог, прытулак выратаваньня майго,

48 Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы

49 і выбаўляе мяне ад ворагаў маіх! Над паўсталымі супроць мяне Ты ўзвысіў мяне; ад чалавека жорсткага Ты выбавіў мяне.

50 За тое я буду славіць Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму,

51 велікадушна ратуючы цара Свайго і творыць міласьць памазанцу Свайму Давіду і нашчадкам ягоным вечна!

 

Разьдзел 23

 

1 Вось апошнія словы Давіда, выслоўе Давіда, сына Ясэевага, выслоўе чалавека, пастаўленага высока, памазанца Бога Якава і салодкага песьняра Ізраілевага:

2 Дух Гасподні гаворыць ува мне, і слова Яго на языку ў мяне.

3 Сказаў Бог Ізраілеў, гаварыў пра мяне скала Ізраілевая: валадарны над людзьмі будзе праведны, валадарачы ў страху Божым.

4 І як на сьвітаньні, пры ўзыходзе сонца на бясхмарным небе, ад зьзяньня пасьля дажджу вырастае трава зь зямлі,

5 ці ня так і дом мой у Бога? Бо запавет вечны паклаў Ён са мною, цьвёрды і нязьменны. Ці ня так зыходзіць ад Яго ўсё выратаваньне маё і ўсё хаценьне маё?

6 А грэшныя будуць, як выкінутае церне, якога не бяруць рукою;

7 а хто дакранецца да яго, узбройваецца жалезам альбо тронкай дзіды, і агнём спальваюць яго на месцы.

8 Вось імёны адважных у Давіда: Ісбасэт Ахаманіцянін, галоўны з трох: ён падняў дзіду сваю на васямсот чалавек і пабіў іх за адзін раз.

9 Пасьля яго Элеазар, сын Дадо, сына Ахохі, адзін з трох адважных, што былі з Давідам, калі яны ганьбаваньнем выклікалі Філістымлянаў, што сабраліся на вайну;

10 Ізраільцяне выйшлі супроць іх, і ён устаў і біў Філістымлянаў да таго, што рука яго стамілася і прыліпла да меча. І дараваў Гасподзь у той дзень вялікую перамогу, і народ пайшоў за ім дзеля таго толькі, каб абіраць забітых.

11 За ім Шама, сын Аге, Гарарыцянін. Калі Філістымляне сабраліся ў Тырыю, дзе было поле, засеянае сачыўкаю, народ пабег ад Філістымлянаў,

12 дык ён стаў сярод поля і зьбярог яго і пабіў Філістымлянаў. І даў тады Гасподзь вялікую перамогу.

13 Трое гэтых галоўных з трыццаці правадыроў пайшлі і ўвайшлі ў час жніва да Давіда ў пячору Адалам, калі натоўпы Філістымлянаў стаялі ў даліне Рэфаімаў.

14 Давід быў тады ва ўмацаваным месцы, а атрад Філістымлянаў — у Віфляеме.

15 І захацеў Давід піць і сказаў: хто напоіць мяне вадою з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы?

16 Тады трое гэтых адважных прабіліся праз табар Філістымскі і зачарпнулі вады з калодзежа Віфляемскага, што каля брамы, і ўзялі і прынесьлі Давіду. Але ён не захацеў піць яе і выліў яе дзеля славы Госпада,

17 і сказаў: ахавай мяне, Госпадзе, каб я зрабіў гэта! ці ня кроў гэта людзей, якія хадзілі пад небясьпекаю іх жыцьцю? і не хацеў піць яе. Вось, што зрабілі гэтыя трое адважных!

18 І Авэса, брат Ёава, сын Саруін, быў галоўны з трох: ён забіў дзідаю сваёю трыста чалавек і быў у славе ў тых трох.

19 З трох ён быў самы знакаміты і быў начальнік, але з тымі трыма не раўняўся.

20 Ванэя, сын Ёдая, мужа адважнага, вялікі па дзеях, з Каўцаіла: ён пабіў двух сыноў Арыіла Маавіцкага; ён жа сышоў і забіў ільва ў рове ў сьнежны час;

21 ён жа забіў аднаго Егіпцяніна, чалавека віднага; у руцэ ў Егіпцяніна была дзіда, а ён пайшоў да яго з кіем і адабраў дзіду з рук у Егіпцяніна і забіў яго ягонай жа дзідай:

22 вось, што зрабіў Ванэя, сын Ёдаеў, і ён быў у славе ў трох адважных;

23 ён быў знатнейшы за трыццаць, але з тымі трыма не раўняўся. І паставіў яго Давід бліжэйшым выканаўцам сваіх загадаў.

24 Асаіл, брат Ёава — у ліку трыццаці; Элханан, сын Дадо, зь Віфляема,

25 Шама Харадзіцянін, Эліка Харадзіцянін,

26 Хэрэц Палціцянін, Іра, сын Ікеша, Тэкаіцянін,

27 Эвіезэр Анатацянін, Мэбунай Хушацянін,

28 Цалмон Ахахіцянін, Магарай Нэтафатыцянін,

29 Хэлэў, сын Бааны, Нэтафатыцянін, Ітай, сын Рыбая, з Гівы сыноў Веньямінавых,

30 Ванэя Піратанянін, Ідай з Нахлэ-Гааша,

31 Аві-Арбатыцянін, Азмавэт Бархуміцянін,

32 Эліяхба Шаалбанянін; з сыноў Яшэна — Ёнатан,

33 Шама Гарарыцянін; з сыноў Яшэна — Ёнатан,

34 Эліфэлэт, сын Ахасбая, сына Магахаці, Эліям, сын Ахітафэла, Гіланянін,

35 Хэцрай Кармэліцянін, Паарай Арбіцянін,

36 Ігал, сын Натана, з Цобы, Бані Гадзіцянін,

37 Цалэк Аманіцянін, Нахарай Бэрацянін, збраяносец Ёава, сына Саруі,

38 Іра Ітрыцянін, Гарэб Ітрыцянін,

39 Урыя Хэтэянін. Усіх трыццаць сем.

 

Разьдзел 24

 

1 Гнеў Гасподні зноў загарэўся на Ізраільцянаў, і абудзіў Ён у іх Давіда сказаць: ідзі, палічы Ізраіля і Юду.

2 І сказаў цар Ёаву ваеначальніку, які быў пры ім: прайдзі па ўсіх плямёнах Ізраілевых і Юдавых ад Дана да Вірсавіі, і палічэце народ, каб мне ведаць лік народу.

3 І сказаў Ёаў цару: Гасподзь Бог твой хай памножыць столькі народу, колькі ёсьць, і яшчэ ў столькі разоў столькі, а вочы гаспадара майго цара хай убачаць; але навошта гаспадар мой цар жадае гэтай дзеі?

4 Але словы цара Ёаву і ваеначальнікам перамагло. І пайшоў Ёаў з начальнікамі ад цара лічыць народ Ізраільскі.

5 І перайшлі яны Ярдан і спыніліся ў Араэры, на правым баку горада, які сярод даліны Гадавай, да Язэра;

6 і прыйшлі ў Галаад і ў зямлю Тахтым-Хадшы; і прыйшлі ў Дан-Яан і абышлі Сідон;

7 і прыйшлі да ўмацаваньня Тыра і ва ўсе гарады Хівэянаў і Хананэянаў і выйшлі на поўдзень Юдэі ў Вірсавію;

8 і абышлі ўсю зямлю і прыйшлі празь дзевяць месяцаў і дваццаць дзён у Ерусалім.

9 І падаў Ёаў сьпіс народнага перапісу цару; і выявілася, што Ізраільцянаў было васямсот тысяч мужчын моцных, здольных ваяваць, а Юдэянаў пяцьсот тысяч.

10 І здрыганулася сэрца Давідава пасьля таго, як ён палічыў народ. І сказаў Давід Госпаду: цяжка зграшыў я, зрабіўшы так; і сёньня малю Цябе, Госпадзе, даруй грэх рабу Твайму, бо надта неразумна зрабіў я.

11 Калі Давід устаў на другі дзень раніцай, дык было слова Госпада Гаду прароку, празарліўцу Давідаваму:

12 ідзі і скажы Давіду: так кажа Гасподзь: тры кары прапаную Я табе; выберы сабе адну зь іх, якая спасьцігла б цябе.

13 І прыйшоў Гад да Давіда, і абвясьціў яму, і сказаў яму: выбірай сабе, ці быць голаду ў краіне тваёй сем гадоў, альбо каб ты тры месяцы бегаў ад непрыяцеляў тваіх, і яны перасьледавалі цябе, альбо каб тры дні была згубная пошасьць у краіне тваёй? цяпер рассудзі і вырашы, што мне адказваць Таму, Хто паслаў мяне.

14 І сказаў Давід Гаду: цяжка мне вельмі; але няхай упаду я ў рукі Госпаду, бо вялікая міласэрнасьць Ягоная; толькі б у рукі людзкія ня ўпасьці мне.

15 І паслаў Гасподзь пошасьць і паморак на Ізраільцянаў ад раніцы да назначанага часу; і памерла з народу, ад Дана да Вірсавіі, семдзесят тысяч чалавек.

16 І працягнуў анёл Божы руку сваю на Ерусалім, каб спустошыць яго; але Гасподзь пашкадаваў пра бедства і сказаў анёлу, які пабіваў народ: досыць, цяпер адпусьці руку тваю. А анёл Гасподні быў тады каля гумна Орны Евусэяніна.

17 І сказаў Давід Госпаду, калі ўбачыў анёла, які біў народ, кажучы: вось, я зграшыў, я зрабіў беззаконна; а гэтыя авечкі, што зрабілі яны? хай жа рука Твая абернецца на мяне і на дом бацькі майго.

18 І прыйшоў у той дзень Гад да Давіда і сказаў: ідзі, пастаў ахвярнік Госпаду на гумне ў Орны Евусэяніна.

19 І пайшоў Давід па слове Гада, як загадаў Гасподзь.

20 І зірнуў Орна і ўбачыў цара і слуг ягоных, якія ішлі да яго, і выйшаў Орна і пакланіўся цару тварам сваім да зямлі.

21 І сказаў Орна: навошта прыйшоў гаспадар мой цар да раба свайго? І сказаў Давід: купіць у цябе гумно, каб зладзіць ахвярнік Госпаду, каб спынілася пабіваньне народу.

22 І сказаў Орна Давіду: хай возьме і ўзьнясе ў ахвяру гаспадар мой цар, што яму заўгодна. Вось валы для цэласпаленьня і падводы і вупраж валовая на дровы.

23 Усё гэта, цару, Орна аддае цару. Яшчэ сказаў Орна цару: Гасподзь Бог твой хай будзе мілажальны да цябе!

24 Але цар сказаў Орну: не, я заплачу табе, што каштуе, і не ўзьнясу Госпаду Богу майму ахвяры, узятай дарам. І купіў Давід гумно і валоў за пяцьдзясят сікляў срэбра.

25 І зладзіў там Давід ахвярнік Госпаду і прынёс цэласпаленьні і мірныя ахвяры. І ўмілажаліўся Гасподзь з краіны, і спынілася пошасьць у Ізраільцянаў.