КНІГА ВЫХАДУ
Разьдзел 1
- Гэткiя iмёны сыноў Iзраэля, якiя разам зь Якубам прыбылi ў Эгiпет; кожны прыйшоў са сваёю сям’ёй:
- Рубэн, Сымон, Левi, Юда,
- Iсахар, Забулён i Бэн’ямiн,
- Дан і Нэфталi, Гад i Асэр.
- Усiх жа патомкаў Якуба было семдзесят асобаў, а Язэп ужо быў у Эгiпце.
- Потым памёр Язэп i ўсе ягоныя браты, і ўсё тое пакаленьне.
- А сыны Iзраэля размнажалiся, моцна дужэлi i запаўнялi хутка зямлю.
- І вось зьявіўся ў Эгiпце новы кароль, якi ня ведаў Язэпа.
- Ён сказаў свайму народу: “Вось народ сыноў Iзраэля лiчнейшы i мацнейшы ад нас.
- Давайце разумна абыйдземся зь iм, каб ён не размнажаўся. Бо калi нахлыне на нас вайна, ён злучыцца з нашымi ворагамі i, паканаўшы нас, выйдзе з нашай зямлi”.
- І паставіў ён наглядчыкаў работаў, каб уціскалi iх працаю. Будавалi тады для фараона на склады гарады Пiтом i Рамсэс.
- Але чым болей iх уцiскалi, тым больш яны разрасталiся i дужэлi.
- Дык Эгiпцяне яшчэ больш баялiся сыноў Iзраэля i загналi iх у няволю,
- і да горычы даводзiлi жыцьцё iхняе цяжкiмi работамi пры глiне i цэглах i праз розную працу, якую выконвалі яны ў полі пад прымусам.
- І сказаў кароль Эгіпецкі павiтухам Гебрайкам, з каторых адна звалася Шыфра, а другая — Пуа,
- загадаўшы ім: “Калi будзеце пры родах жанчынаў Гебрайскiх, то глядзiце: калi будзе (дзіцё) мужчынскага роду, то забiвайце яго, калi будзе жаночага роду, то захавайце”.
- Але павiтухi баялiся Бога i не спаўнялi загаду караля Эгiпецкага, пакiдаючы пры жыцьцi навародкаў.
- Дык паклікаў кароль iх да сябе i сказаў: “Чаму вы робiце гэта? Чаму пакiдаеце хлопцаў пры жыцьцi?”
- Яны адказалi: “Жанчыны Гебрайкi не такiя, як Эгiпцянкi; яны вось здаровыя, i пакуль мы прыйдзем да iх, яны ўжо нарадзiлi”.
- І Бог спагадаў павiтухам, а народ разрастаўся i ставаўся вельмі дужым.
- А таму, што павiтухi баялiся Бога, Ён збудаваў ім дамы.
- І загадаў фараон свайму народу: “Калi хто народзiцца (у Гебраяў) мужчынскага роду – укiнуць у рэчку, калi хто жаночага — захаваць”.
Разьдзел 2
- Адзiн чалавек з пакаленьня Левiя пайшоў і ўзяў жонку з таго ж пакаленьня.
- Яна пачала i нарадзiла сына, а бачачы, што ён прыгожы, хавала яго тры месяцы.
- Калi даўжэй хаваць ужо не магла, узяла кошык з трысьнёгу, абмазала бiтумам i смалою, i, палажыўшы туды дзiця, паставiла яго ў чароце каля берагу Ракі.
- А сястра яго стаяла недалёка i наглядала, што станецца.
- І вось дачка фараона ішла тудою, каб пакупацца ў Рацэ, а паслугачкi ейныя хадзілі па беразе Ракi. Калi яна ўбачыла кошык сярод чароту, паслала паслугачку, каб яна прынесла яго.
- І калi адкрыла яго, убачыла ў iм хлапчанё, якое плача. І пашкадавала яго, i сказала: “Ён зь дзяцей Гебрайскiх”.
- А сястра таго хлопчыка сказала ёй: “Хочаш, я пайду i паклічу табе жанчыну Гебрайку, і яна выкармiць дзiця?”
- Тая сказала: “Iдзi!” І пабегла дзяўчынка, i паклікала матку дзiцяці.
- І сказала ёй дачка фараона: “Вазьмi хлопчыка гэтага i выкармi мне яго. Я заплачу табе, што належыцца”. І ўзяла жанчына, i выгадавала хлопца, і дарослага аддала дачцы фараона.
- А яна ўсынавiла яго i назвала яго імем Майсей, кажучы: “Бо выцягнула яго з вады”.
- У той час Майсей вырас i аднойчы пайшоў да братоў сваiх. І ўбачыў ён гора iхняе, i ўбачыў Эгiпцянiна, які бiў Гебрая, брата яго.
- І аглянуўся ён туды і сюды, і ўбачыў, што нiкога няма, і забiў Эгiпцянiна, i схаваў яго ў пяску.
- І выйшаў ён зноў назаўтра, i ўбачыў двох Гебраяў вадзячыхся, дык сказаў таму, каторы крыўдзiў: “Чаму ты б’еш бліжняга свайго?”
- Той адказаў: “Хто цябе зрабiў начальнікам i судзьдзёю паміж намі? Цi ты хочаш і мяне забiць, як забiў Эгiпцянiна?” І спалохаўся Майсей, i падумаў: “Напэўна справа гэтая выявiлася”.
- Таксама фараон пачуў пра гэтую справу i хацеў забiць Майсея. Дык (Майсей) уцёк ад яго i падаўся ў зямлю Мадыян, i, прыйшоўшы ў зямлю Мадыян, сеў каля студнi.
- А сьвятар Мадыянскі меў сем дачок, каторыя прыйшлi чэрпаць ваду і, налiўшы карыты, паiлi статак бацькi свайго.
- Але надыйшлi пастухi i адагналi iх. І ўстаў Майсей, і абаранiў дзяўчат, i напаiў iхнiя авечкi.
- Калі яны вярнулiся да Рэўэля, бацькi свайго, ён спытаўся ў iх: “Чаму вы вярнулiся хутчэй, чым звычайна?”
- Яны адказалi: “Нейкі Эгiпцянiн абаранiў нас ад пастухоў, а таксама начэрпаў вады i напаiў авечкі”.
- І спытаўся ён: “А дзе ён? Чаму вы пакiнулi гэтага чалавека? Паклiчце яго, каб пасiлiўся хлебам”.
- І згадзiўся Майсей жыць зь iм, i ўзяў Цыпору, дачку ягоную, за жонку.
- І яна нарадзiла яму сына, якога ён назваў Гершом, бо казаў: “Прыхадзень я ў зямлi чужой”.
- Па доўгiм часе памёр кароль Эгiпецкi. А сыны Iзраэля стагналi i наракалi на сваю цяжкую працу, і лямант iхні ад працы дайшоў да Бога.
- I пачуў Ён стагнаньне iхняе, i прыпомнiў запавет, які заключыў з Абрагамам, Iзаакам i Якубам.
- І глянуў Бог на сыноў Iзраэля, i пашкадаваў iх.
Разьдзел 3
- А Майсей пасьвiў авечкi Етра, цесьця свайго, сьвятара Мадыянскага. І завёў ён статак па-за пустыню, i падыйшоў пад гару Божую Гарэб.
- І явiўся яму Анёл Госпадаў у полымi агню зь сярэдзiны куста. І бачыў ён, што куст гарыць, але не згарае.
- Тады сказаў Майсей: “Пайду i пагляджу зьяву гэтую вялiкую, чаму не згарае куст”.
- А Госпад, убачыўшы, што ён сьпяшае паглядзець зьяву, паклiкаў яго зь сярэдзiны куста, кажучы: “Майсей, Майсей!” Ён адказаў: “Вось я”.
- І сказаў Ён: “Не падыходзь сюды, здымi сандалы з ног тваiх, бо месца, на якiм стаiш, ёсьць зямля сьвятая”.
- І сказаў: “Я — Бог бацькi твайго, Бог Абрагама, Бог Iзаака i Бог Якуба”. І схаваў Майсей твар свой, бо не адважваўся глядзець на Бога.
- І сказаў яму Госпад: “Бачыў Я гора народу Майго ў Эгiпце, i чуў стогны яго ад зьдзекаў прыгнятальнiкаў ягоных.
- I, ведаючы цярпеньне ягонае, iду вызваліць яго з рук Эгiпцянаў i вывесьцi з гэтае зямлi ў зямлю добрую i прасторную, у зямлю, ацякаючую малаком i мёдам, на месца Хананейцаў i Гэтытаў, Амарэйцаў i Пэрэзэяў, Гівеяў i Ебусеяў.
- Крык вось сыноў Iзраэля дайшоў да Мяне, і бачыў Я гора iх, як крыўдзяць іх Эгiпцяне.
- Дык iдзi, Я пасылаю цябе да фараона, каб ты вывеў народ Мой, сыноў Iзраэля, з Эгiпту”.
- Сказаў Майсей Богу: “Хто я, каб iсьцi мне да фараона i вывесьцi сыноў Iзраэля з Эгiпту?”
- Адказаў яму Бог: “Я буду з табой. Вось табе знак, што Я паслаў цябе: калi вывядзеш народ з Эгiпту, будзеш служыць Богу на гэтай гары”.
- Майсей сказаў Богу: “Добра, я пайду да сыноў Iзраэля i скажу iм: «Бог бацькоў вашых паслаў мяне да вас». А калi яны запытаюць мяне: «Якое iмя Яго?», што я маю адказаць iм?”
- І сказаў Бог Майсею: “Я — Той, Хто Ёсьць”. І дадаў: “Так скажаш сынам Iзраэля: «Той, Хто Ёсьць, паслаў мяне да вас»”.
- І паўторна сказаў Бог Майсею: “Гэта скажаш сынам Iзраэля: «Той, Хто Ёсьць, Бог бацькоў вашых, Бог Абрагама, Бог Iзаака i Бог Якуба, паслаў мяне да вас»; гэта імя Маё ў вякi, i гэта памятны Мой знак з пакаленьня ў пакаленьне.
- Iдзi, i зьбяры старшыняў Iзраэля, i скажы iм: “Госпад, Бог бацькоў вашых, явiўся мне, Бог Абрагама, Бог Iзаака i Бог Якуба, i сказаў: «Я наведаў вас i ўбачыў усё, што перажываеце ў Эгiпце.
- Я вывяду вас з прыгнёту Эгiпецкага ў зямлю Хананейцаў i Гетытаў, Амарэйцаў i Пэрэзэяў, i Гівеяў, i Ебусеяў, у зямлю, ацякаючую малаком i мёдам».
- I яны паслухаюць голасу твайго, i ты, i старшыні Iзраэля пойдзеце да караля Эгiпецкага i скажаце яму: «Госпад, Бог Гебраяў, явіўся нам. Дык пусьцi нас, мы цяпер пойдзем у дарогу на тры днi ў пустыню, каб скласьцi ахвяру Госпаду, Богу нашаму».
- Але Я ведаю, што ня пусьцiць вас кароль Эгiпецкi, каб вы пайшлi, хiба будзе змушаны магутнаю рукою.
- І Я выцягну руку Маю, i ўдару Эгiпет усiмi цудамi Маiмi, якiя ўчыню пасярод яго, і тады пусьціць ён вас.
- І акажу Я ласку гэтаму народу адносна Эгiпцянаў, каб, калi выйдзеце, ня выйшлi вы з пустымi рукамi.
- Кожная вось жанчына выпрасіць у сваёй суседкi i ад гаспадынi сваёй залаты i серабраны посуд, а таксама адзеньне, i адзенеце ў яго сыноў i дачок вашых, i абрабуеце Эгiпцянаў”.
Разьдзел 4
- У адказ сказаў Майсей: “А што калi ня ўвераць мне i не паслухаюць голасу майго, але скажуць: «Госпад не аб’явiўся табе»?”
- І сказаў Госпад яму: “Што трымаеш у руцэ сваёй?” Адказаў Майсей: “Кій”.
- І сказаў яму Госпад: “Кiнь яго на зямлю!” І кiнуў яго, i зьмяніўся ён ў зьмяю, так што Майсей пачаў уцякаць.
- І загадаў Госпад: “Выцягнi руку сваю i схапi за яе хвост!” І выцягнуў ён руку, i схапiў, і зьмянілася (зьмяя) у кій.
- “Гэта дзеля таго, каб уверылi, — кажа (Госпад), — што аб’явiўся табе Госпад, Бог бацькоў іхніх, Бог Абрагама, Бог Iзаака i Бог Якуба”.
- І сказаў Госпад iзноў: “Улажы руку сваю ў запазуху!” Калi яе ўлажыў у запазуху i выцягнуў, рука сталася як сьнег белая ад праказы.
- I зноў сказаў Ён: “Улажы руку сваю ў запазуху сваю!” І ўлажыў ён, i выцягнуў зноў, i яна сталася падобная да другой.
- “Калi б не паверылi, — кажа, — табе i не паслухалi б словаў першага знаку, павераць слову знаку наступнага.
- А калi двум гэтым знакам не павераць i не паслухаюць голасу твайго, вазьмi ваду з Ракi i вылі яе на сухую зямлю, і вада, зачэрпнутая з Ракi, пераменіцца ў кроў”.
- І сказаў Майсей: “Даруй, Госпадзе, я не вымоўны, ад учора i пазаўчора, і нават ад часу, калi гаворыш да слугi Твайго. Ацяжэлi вусны мае i язык мой скасьцянеў”.
- Сказаў яму Госпад: “Хто даў вусны чалавеку? Або хто робiць чалавека нямым або глухiм, або вiдзячым, або сьляпым? Цi ня Я?
- Дык iдзi, а Я буду ў вуснах тваiх і навучу цябе, што маеш гаварыць”.
- А ён адказаў: “Малю Цябе, Госпадзе, пашлi (другога), каго маеш паслаць”.
- І разгневаўся на Майсея Госпад, і сказаў: “Аарон, брат твой, Лявiт, ведаю, што ён гаваркi. Вось жа ён выйдзе табе на спатканьне, i, убачыўшы цябе, усьцешыцца ў сэрцы сваiм.
- Ты будзеш гаварыць да яго i перакажаш словы Мае ў ягоныя вусны. Я вось буду ў вуснах тваiх i ў вуснах ягоных i пакажу вам, што маеце рабiць.
- За цябе ён будзе гаварыць да народу, i ён будзе вуснамi тваiмi, а ты будзеш яму як Бог.
- Таксама вазьмi рукою сваёй кій гэты, якім будзеш чынiць знакi”.
- І пайшоў Майсей, i вярнуўся да цесьця свайго Етры, i сказаў яму: “Пайду i вярнуся да братоў маiх у Эгiпет, i пагляджу, як яны жывуць”. Етра сказаў яму: “Iдзi ў супакоі”.
- І сказаў Госпад Майсею ў Мадыяне: “Iдзi, вярнiся ў Эгiпет, бо памерлi усе, каторыя цiкавалi на жыцьцё тваё”.
- Узяў тады Майсей жонку сваю i сыноў сваiх, i пасадзiў iх на асла, i вярнуўся ў Эгiпет, трымаючы кій Божы ў руцэ сваёй.
- І ў павароце ў Эгiпет сказаў яму Госпад: “Глядзi, каб усе знакi, якiя чынiць Я даў моц руцэ тваёй, чынiў ты перад фараонам. А Я зраблю ўпорыстым сэрца ягонае, i ён ня будзе хацець адпускаць народу.
- 2 Ты скажаш яму: «Гэта кажа Госпад: Iзраэль — гэта сын Мой першародны.
- Я кажу табе: Пусьцi сына Майго, каб ён служыў Мне. А калi не захочаш яго пусьцiць, то Я заб’ю твайго першароднага сына»”.
- І калi ён быў у дарозе ў заезьдзе, спаткаў яго (Майсея) Госпад i хацеў яго забiць.
- Тады Цыпора ўзяла востры камень i абрэзала плоць сыну свайму, i дакранулася iм нагi (Майсея), кажучы: “Ты мне жаніх крывi”.
- I пакiнуў (Госпад) яго, калi яна сказала: “Ты жаніх крывi праз абрэзаньне”.
- І сказаў Госпад Аарону: “Iдзi на спатканьне Майсею на пустыню”. Ён пайшоў на сустрэчу зь iм на гару Божую i пацалаваў яго.
- І Майсей расказаў Аарону ўсе Госпадавы словы, зь якiмi Ён яго паслаў, i ўсе знакi, якiя Ён прадказаў.
- І пайшлi яны, i сабралi ўсiх старшыняў сыноў Iзраэля.
- I сказаў Аарон ўсе словы, якiя быў сказаўшы Госпад Майсею, i ўчынiў (Майсей) знакi ў прысутнасьцi народу.
- І паверыў народ, i даведалiся, што Госпад адведаў сыноў Iзраэля i што ўзглянуў на iхняе гора; і, упаўшы на зямлю, пакланiлiся да зямлi.
Разьдзел 5
- І ўвайшлі Майсей i Аарон да фараона, i сказалi яму: “Вось што кажа Госпад, Бог Iзраэля: Пусьцi народ Мой, каб ён злажыў Мне ахвяру на пустынi”.
- А ён адказаў: “Хто такi Госпад, каб я меў Яго слухаць i адпусьцiць Iзраэля? Ня ведаю Госпада i не адпушчу Iзраэля”.
- І сказалi яны яму: “Гэта Бог Гебраяў явiўся нам. Дык вось мы пойдзем на тры днi дарогi ў пустыню i складзем ахвяру Госпаду, Богу нашаму, каб не наведаў Ён нас пошасьцю або мячом”.
- І сказаў iм кароль Эгiпту: “Чаму вы, Майсей i Аарон, стараецеся адцягнуць народ ад работаў iхнiх? Iдзiце чым хутчэй да сваiх работаў”.
- І сказаў фараон: “Народ на зямлi ўжо надта вялiкi, бачыце, як ён расьце, тым болей, калi яго адцягнеце ад работы”.
- І загадаў ён у той дзень наглядчыкам народу i пiсарам ягоным, кажучы:
- “Не давайце ўжо народу саломы на выраб цэглы, як раней, але хай самi iдуць i зьбiраюць салому.
- А колькасьць цэглы, якую выраблялi раней, накладайце на iх i цяпер, і не зьмяньшайце анi трохі. Бо ходзяць без работы i таму кажуць: «Iдзёмце i складзем ахвяру Богу нашаму».
- Дык уцісьнем iх работамi, i хай выпаўняюць iх, i не прыслухоўваюцца словам фальшывым”.
- І выступiлi наглядчыкi народу i пiсары iхнiя, i сказалi народу: “Фараон так сказаў: “Ня дам вам саломы.”
- Iдзiце i зьбярыце, колькi зможаце сабраць, але хай лiчба вырабу працы вашай анiтрохі ня зьменьшыцца”.
- І рассыпалiся людзi па ўсёй зямлi Эгiпецкай зьбiраць сьцяб’ё замест саломы.
- А наглядчыкi падганялi іх, кажучы: “Выпаўняйце работу вашую ў час, як раней звычайна выконвалi, калi вам дастаўлялi салому”.
- І бiлi пiсараў з сыноў Iзраэля, каторых наглядчыкi фараона паставiлi над iмi, кажучы: “Чаму не вырабляеце лiчбы цэглаў як раней, анi ўчора, анi сягоньня?”
- І прыйшлi пiсары з сыноў Iзраэля, i казалi ў голас фараону: “Чаму так робіш адносна слугаў тваiх?
- Саломы не дастаўляюць нам, а цэглы вырабляць загадваюць столькi сама. Вось жа б’юць слугаў тваiх i вiнавацяць народ твой”.
- А ён адказаў: “Гультуеце вы i таму кажаце: «Хадземце i складзем ахвяру Госпаду».
- Дык iдзiце i працуйце; саломы вам даваць ня будуць, а вырабляйце звычайную норму цэглаў”.
- І бачылi пiсары з сыноў Iзраэля, што апынулiся яны ў бядзе, таму што было сказана iм: “Не зьмяньшайце ані трохі дзённага вырабу цэглаў”.
- І калi выходзiлi яны ад фараона, сустрэлi Майсея i Аарона, каторыя iх чакалi,
- і сказалi iм: “Хай ўзгляне Госпад на вас i асудзiць, бо вы зрабiлi нас ненавiснымi ў вачах фараона i слугаў ягоных, i далi яму меч у рукi, каб забiваў нас”.
- І зьвярнуўся Майсей да Госпада, i сказаў: “Госпадзе, чаму перасьледуеш Ты народ Свой? Чаму паслаў мяне?
- Ад таго часу, калi я пайшоў да фараона, каб прамаўляць у iмя Тваё, ён стаў зьдзекавацца над народам Тваiм, і не вызвалiў Ты iх”.
Разьдзел 6
- Сказаў тады Госпад Майсею: “Цяпер убачыш, што Я зраблю фараону. Дзеля дужай рукi выпусьцiць iх ды дзеля сiльнай рукi выкiне iх зь зямлi сваёй”.
- І сказаў Госпад Майсею: “Я – Госпад,
- Каторы аб’явiўся Абрагаму, Iзааку i Якубу як Бог Усемагутны, але iмя Свайго, Ягвэ, не аб’явiў iм.
- І заключыў Я зь iмi запавет, што дам iм зямлю Ханаан, зямлю пілігрымаваньня iхняга, у каторай былi яны чужынцамi.
- І пачуў Я стогны сыноў Iзраэля, што Эгіпцяне ўціскаюць іх, і ўспомніў на запавет Мой.
- Дык ідзі і скажы сынам Ізраеля: Я — Госпад, Я вывяду вас з-пад ярма Эгiпцянаў i вырву вас зь няволi, і вызвалю вас выцягнутаю рукою i цяжкiмi карамi.
- I вазьму вас Сабе за народ, i буду вашым Богам; і вы даведаецеся, што Я — Госпад, Бог ваш, Якi вывеў вас з-пад ярма Эгiпцянаў,
- і Я ўвяду вас у зямлю, над якой падняў руку Сваю, каб даць яе Абрагаму, Iзааку i Якубу, і дам вам яе на ўласнасьць. Я — Госпад”.
- І расказаў Майсей усё сынам Iзраэля, але яны не паверылi яму дзеля маладушнасьцi i дзеля цяжкай працы.
- І прамовiў Госпад да Майсея:
- “Iдзi i кажы фараону, каралю Эгiпту, каб пусьцiў сыноў Iзраэля зь зямлi сваёй”.
- І адказаў Майсей на вiду ў Госпада: “Вось, сыны Iзраэля ня слухаюць мяне, а як паслухае мяне фараон, я ж ня ўмею гаварыць?”
- І сказаў Госпад Майсею i Аарону, i даў ім загад што да сыноў Iзраэля i фараона, караля Эгiпецкага, каб вывесьцi сыноў Iзраэля зь зямлi Эгiпецкай.
- Гэтыя вось князi пакаленьняў па сем’ях сваіх. Сыны Рубэна, першароднага Iзраэля: Генох і Пальлю, Хецрон і Кармi. Гэта сем’i Рубэна.
- Сыны Сымона: Емуэль, і Ямiн, і Агад, і Яхiн, і Цахар, і Шаўль, сын Хананейкi. Гэта сем’i Сымона.
- Вось iмёны сыноў Левiя зь iх сем’ямi: Гершон, Кегат i Мэрары. Гадоў жыцьця Левiя – сто трыццаць сем.
- Сыны Гершона: Лiбнi i Шымэй зь iх сем’ямі.
- Сыны Кегата: Амрам i Iцгар, Геброн i Ўзіэль. Гадоў жыцьця Кегата – сто трыццаць тры.
- Сыны Мэрары: Махлi i Мушы. Гэта сем’і Левія па родах іх.
- Амрам узяў за жонку Ёхабэд, цётку сваю, каторая нарадзiла яму Аарона i Майсея. Гадоў жыцьця Амрама – сто трыццаць сем.
- Сыны Iцгара: Карах, Нэфэг i Зіхры.
- Сыны Узіэля: Мiшаэль, Эльцафан i Сітры.
- Аарон узяў за жонку Элішэбу, дачку Амiнадаба, сястру Нахшона, каторая нарадзiла яму Надаба, Абiгу, Элеазара i Iтамара.
- Сыны Караха: Асiр, Элькана i Абiясаф. Гэта сем’i Караха.
- Элеазар, сын Аарона, узяў за жонку адну з дачок Пуцтыэля, і яна нарадзiла яму Пінхаса. Гэта вось галовы сем’яў Левiя па родах іхніх.
- Гэта вось Аарон i Майсей, каторым Госпад загадаў вывесьцi сыноў Iзраэля зь зямлi Эгiпецкай паводле iх дружынаў.
- Вось яны гаварылi фараону, каралю Эгiпту, каб вывесьці сыноў Iзраэля з Эгiпту, гэтыя Майсей i Аарон.
- І прамаўляў у той дзень Госпад да Майсея ў зямлi Эгiпецкай.
- І вось што сказаў Госпад Майсею: “Я — Госпад! Скажы фараону, каралю Эгiпту, усё, што Я кажу табе”.
- Але Майсей сказаў перад Госпадам: “Я не гаваркi, цi паслухае мяне фараон?”
Разьдзел 7
- І сказаў Госпад Майсею: “Глядзi, Я ўстанавiў цябе як бы Богам для фараона, а Аарон, брат твой, будзе тваiм прарокам.
- Ты скажаш яму ўсё, што Я табе даручу, а ён будзе гаварыць да фараона, каб ён пусьцiў сыноў Ізраэля зь зямлі сваей.
- Але Я зраблю ўпорыстым сэрца фараона i павялiчу знакi i цуды Мае ў зямлi Эгiпецкай.
- Але ён ня выслухае вас. І Я пакладу руку Маю на Эгiпет і вывяду войска Маё i народ Мой, сыноў Ізраэля, зь зямлi Эгiпецкай вялiкiмi карамi.
- Хай ведаюць Эгiпцяне, што Я — Госпад, Каторы выцягнуў руку Сваю над Эгiптам, каб вывесьцi сыноў Ізраэля спамiж iх”.
- Дык Майсей i Аарон зрабiлi ўсё гэта, як загадаў iм Госпад, гэтак усё і ўчынілі.
- Майсей меў восемдзесят гадоў, а Аарон восемдзесят тры, калi яны прамаўлялi да фараона.
- І казаў Госпад Майсею i Аарону:
- “Калi скажа табе фараон: “Дайце знак”, скажаш Аарону: «Вазьмi палку сваю i кiнь яе перад фараонам», і яна пераменiцца ў гадзюку”.
- І прыйшлі Майсей i Аарон да фараона i зрабiлi, як iм загадаў Госпад. Аарон кiнуў перад фараонам i слугамi яго палку, i яна зьмянiлася ў гадзюку.
- Дык фараон склікаў мудрацоў сваiх i чараўнiкоў, i варажбiты Эгiпецкiя зрабiлi тое самае сваiмi чарамi.
- І кожны зь iх кiнуў сваю палку, а яны перамянiлiся ў гадзюкаў. Але палка Аарона праглынула iхнiя палкi.
- Аднак зацьвярдзела сэрца фараона, i ён не паслухаў iх, як і прадказваў Госпад.
- І сказаў Госпад Майсею: “Зацьвярдзела сэрца фараона, ня хоча ён адпусьцiць народ.
- Ідзi да фараона рана, калi ён выйдзе да вады, і выйдзі яму на спатканьне, i стань на беразе Ракi. І вазьмi рукой палку, якая перамянiлася ў зьмяю,
- і скажы яму: Госпад, Бог Гебраяў, паслаў мяне да цябе сказаць: «Адпусьцi народ Мой, каб склаў Мне ахвяру ў пустынi»; але да цяпер не хацеў ты паслухаць.
- Дык вось што кажа Госпад: З гэтага даведаешся, што Я — Госпад, бо калi палкай, якая ў руцэ маёй, удару па вадзе ў Рацэ, яна заменiцца ў кроў.
- І рыбы, якiя ў Рацэ, счэзнуць, а вада засьмярдзiць, так што Эгiпцяне будуць брыдзiцца пiць ваду з Ракi”.
- Сказаў вось Госпад Майсею: “Скажы Аарону: Вазьмi палку i працягнi руку сваю над водамi Эгiпту, над рэкамi ягонымi i ручаямi, а таксама над балотамі i вазёрамі ягонымі, і яны заменяцца ў кроў. І хай будзе кроў ва ўсёй зямлi Эгiпецкай, як у начыньнях драўляных, так i ў глiняных”.
- І зрабілі так Майсей i Аарон, як загадаў Госпад. І падняў ён палку, і ўдарыў ваду ў Рацэ ў прысутнасьцi фараона i слугаў яго, і воды замяніліся ў кроў,
- і рыбы, якiя былi ў Рацэ, пагiнулi, і Рака засьмярдзела, i Эгiпцяне не маглi пiць рачной вады; і кроў была ва ўсёй зямлi Эгiпецкай.
- Але тое самае зрабiлi чараўнiкi Эгiпецкiя сваёю таёмнаю ведаю, і закамянела сэрца фараона, i не паслухаў ён iх, як і казаў Госпад.
- І павярнуўся ён, i пайшоў у дом свой, не беручы гэтага да сэрца.
- А ўсе Эгiпцяне капалi блiзка Ракі, шукаючы вады дзеля пiцьця, бо не маглi пiць вады з Ракi.
- І мiнула сем дзён ад таго, як Госпад ударыў Раку.
- Тады сказаў Госпад Майсею: “Ідзi да фараона i скажы яму: Вось што кажа Госпад: Пусьцi народ Мой, каб склаў Мне ахвяру.
- А калi не захочаш адпусьцiць, вось Я пакараю ўсю зямлю тваю жабамi.
- І запоўнiцца Рака жабамi, каторыя выйдуць i ўвойдуць у дом твой, і ў спальню тваю, і ў ложак твой, i ў дамы слугаў тваiх i народу твайго, а таксама ў печы твае i дзежы твае.
- І да цябе, i да народу твайго, i да ўсiх слугаў тваiх упаўзуць жабы”.
Разьдзел 8
- І сказаў Госпад Майсею: “Скажы Аарону: Працягнi руку сваю i палку на рэкі, ручаі i балоты і ўвядзi жабы ў зямлю Эгiпецкую».
- І Аарон працягнуў руку сваю на воды Эгiпту, i выпаўзьлi жабы, i пакрылi зямлю Эгiпецкую.
- Але чараўнiкi зрабiлi тое самае сваёю таёмнаю ведаю, i прывялi жабаў на зямлю Эгiпецкую.
- Паклiкаў тады фараон Майсея i Аарона i сказаў: “Прасiце Госпада, каб прыняў жабаў ад мяне i ад народу майго, тады выпушчу народ, каб склаў ахвяру Госпаду”.
- Адказаў Майсей фараону: “Падкажы мне, калi маю прасiць за цябе, i за слугаў тваiх, i за народ твой, каб Госпад ухiлiў жабаў ад цябе i ад дамоў тваiх, каб засталiся яны толькi ў Рацэ”.
- Ён адказаў: “Заўтра”. А Майсей сказаў: “Паводле просьбы тваёй зраблю гэта, каб ведаў ты, што няма нiкога як Госпад, Бог наш.
- І адступяцца жабы ад цябе, і ад дому твайго, i ад слугаў тваiх, i ад народу твайго, i застануцца толькi ў Рацэ».
- І адыйшлiся Майсей i Аарон ад фараона. І Майсей клікаў да Госпада адносна жабаў, як абяцаў фараону.
- І Госпад выслухаў просьбу Майсея, і папрападалi жабы ў дамах, у вёсках i палях.
- І сабралi iх у кучы, i зямля засьмярдзелася.
- Калi фараон заўважыў, што настаў супакой, зноў зацьвярдзела сэрца ягонае, i не паслухаў ён iх, як і прадказваў Госпад.
- І сказаў Госпад Майсею: “Скажы Аарону: Выцягнi палку сваю i ўдар у пыл зямлi, каб замянiўся ў камары на ўсёй зямлi Эгiпецкай”.
- І зрабiлi так; і выцягнуў Аарон руку, трымаючы палку, i ўдарыў у пыл зямлi, і паявiлiся камары на людзях i на жывёлах; і ўвесь пыл зямлi абярнуўся ў камароў па ўсёй зямлі Эгiпецкай.
- Падобна старалiся зрабiць чараўнiкi сваёй таемнай ведай, каб выклiкаць камароў, але не змаглi. А камары апанавалi i людзей, i жывёлу.
- Тады чараўнiкi сказалi фараону: “Гэта палец Божы”, але сэрца фараона закамянела, i не паслухаў ён іх, як і казаў Госпад.
- Зноў сказаў Госпад Майсею: “Устань рана i стань перад фараонам, бо выйдзе ён да вады, i скажы яму: Гэта кажа Госпад: Пусьцi народ Мой, каб Мне злажыў ахвяру.
- Калi ня пусьцiш народу Майго, то Я спашлю на цябе, i на слугаў тваiх, i на народ твой, i на дамы твае ўсякiх гатункаў мух. І запоўняцца мухамi дамы Эгiпцянаў, і нават зямля, на якой пражываюць.
- І выдзялю ў той дзень зямлю Гашэн, на якой пражывае народ Мой, каб там не было мухаў, i ты даведаешся, што Я — Госпад на ўсёй зямлi.
- І Я зраблю розьніцу памiж Маiм народам i тваiм народам. Заўтра будзе гэты знак”.
- І Госпад учынiў гэтак. І наляцела мноства мух у дамы фараона i слугаў яго, i на ўсю Эгiпецкую зямлю, і прападала зямля ад разнастайных мух.
- І паклiкаў фараон Майсея i Аарона, i сказаў iм: “Ідзiце, злажыце ахвяру Богу вашаму ў гэтай зямлi”.
- Але Майсей сказаў: “Нельга гэтага зрабiць, бо зьнявагай для Эгiпцянаў была б нашая ахвяра Госпаду, Богу нашаму, калі б злажылi мы ў ахвяру тое, што ў Эгiпцянаў не дазваляецца. Цi за гэта не ўкаменавалi б нас?
- Мы пойдзем у пустыню на тры днi дарогi i складзем ахвяру Госпаду, Богу нашаму, як Ён загадаў нам”.
- Фараон сказаў: “Адпушчу я вас у пустыню, каб склалi вы ахвяру Госпаду, Богу вашаму, але далей не адыходзьцеся i малiцеся за мяне”.
- І сказаў Майсей: “Адыйшоўшыся ад цябе, буду малiць Госпада, і заўтра адступяцца мухi ад фараона, i ад слугаў ягоных, i ад народу ягонага. Толькi хай фараон перастане ашукваць нас, не адпускаючы народ скласьцi ахвяру Госпаду”.
- І выйшаў Майсей ад фараона, i малiў Госпада.
- І Госпад учынiў паводле просьбы ягонай i аддалiў мухi ад фараона, i ад слугаў ягоных, i ад народу яго, і не засталося зь iх нiводнай.
- Але i гэтым разам закамянела сэрца фараона, i не пусьцiў ён народ.
Разьдзел 9
- І сказаў Госпад Майсею: “Ідзi да фараона i скажы яму: Вось што кажа Госпад, Бог Гебраяў: Пусьцi народ Мой, каб склаў ахвяру Мне.
- Калi iх ня пусьцiш, а будзеш iх трымаць,
- вось жа рука Госпадава будзе на маёмасьцi тваёй; на полі, на конях, аслах, вярблюдах, валах i авечках — зараза вельмi страшная.
- Але Госпад разрозьнiць памiж маё-масьцю Ізраэля i маёмасьцю Эгiпцянаў, каб нiчога не прапала з таго, што належыць да сыноў Ізраэля.
- Прызначыў Госпад час, кажучы: Заўтра споўнiць Госпад слова гэтае на зямлi”.
- І споўнiў Госпад слова гэтае наступнага дня, і загінула ўся жывёла Эгiпцянаў, а жывёла сыноў Ізраэля не загiнула.
- І паслаў фараон выведаць, i вось нiшто не прапала з жывёлы сыноў Ізраэля. Аднак сэрца фараона было зацьвярдзеўшы, i не пусьцiў ён народ.
- І сказаў Госпад Майсею i Аарону: “Вазьмiце поўнымi прыгаршчамi сажы зь печы, i Майсей хай кiне яе ў неба ў бок фараона.
- І падымецца пыл па ўсёй зямлi Эгiпецкай, i будзе на людзях i на жывёле выдзяляцца запаленьнем са скуламi на ўсёй зямлi Эгiпецкай”.
- І прынесьлi яны попел зь печы, i сталi перад фараонам, i сыпнуў Майсей пыл пад неба, i зьявіліся запаленьні са скуламi ў людзей i жывёлы.
- А чараўнiкi не маглi явiцца перад Майсеям дзеля пухлiнаў i скулаў, якiя на iх былi, як i па ўсёй зямлi Эгiпецкай.
- Але Госпад закамянiў сэрца фараона, і ён не паслухаў iх, як і сказаў Госпад Майсею.
- І сказаў Госпад Майсею: “Устань рана i iдзi да фараона, і скажы яму: Гэта кажа Госпад, Бог Гебраяў: Пусьцi народ Мой, каб склаў Мне ахвяру.
- Бо гэтым разам спашлю ўсе плягi Мае ў сэрца тваё, i на слугаў тваiх, i на народ твой, каб ведаў ты, што няма роўнага Мне на ўсёй зямлi.
- Бо вось цяпер, калі б Я выцягнуў руку і ўдарыў цябе i народ твой заразай, прапаў бы ты з паверху зямлi.
- Але дзеля таго Я захаваў цябе, каб на табе паказаць магутнасьць Маю, i каб было слаўлена iмя Маё па ўсёй зямлi.
- Дакуль ты будзеш трымаць народ Мой і ня будзеш пускаць яго?
- Вось жа заўтра, у той самы час, Я спашлю град надта вялiкi, якога яшчэ не было ў Эгiпце ад дня яго заснаваньня аж дасюль.
- Дык ужо цяпер пашлi i зьбяры жывёлу сваю, i ўсё, што маеш на полi, бо на людзей i жывёлу ўсю, што будзе на двары i што ня будзе сабрана з палёў, упадзе град, i яны пагiнуць”.
- Хто збаяўся слова Госпадавага са слугаў фараона, скора сабраў слугаў сваiх i жывёлу ў дамы,
- а хто занядбаў перасьцярогi Госпада, той пакiнуў слугаў сваiх i жывёлу на полi.
- І сказаў Госпад Майсею: “Выцягнi руку сваю да неба, каб пайшоў град на ўсю зямлю Эгiпецкую, на людзей, i на жывёлу, i на ўсю расьлiннасьць палявую ў зямлі Эгiпецкай”.
- І выцягнуў Майсей палку да неба, і Госпад спаслаў грымоты i град, i агонь разьлiваўся па зямлi. І спаслаў Госпад град на зямлю Эгiпецкую.
- І быў град, i маланкi з градам на перамену такiя велiзарныя, што не было такiх на зямлi Эгiпецкай ад часу, калi ён (Эгiпет) стаўся народам.
- І падаў град на ўсю зямлю Эгiпецкую, на ўсё, што было на полi, і зьнiшчыў град людзей, жывёлу i ўсю траву палявую, поруч паламаў кожнае дрэва на полi.
- Толькi ў зямлi Гашэн, дзе былi сыны Ізраэля, граду не было .
- І паслаў фараон, i паклікаў Майсея i Аарона, i сказаў iм: “Цяпер я саграшыў. Госпад справядлiвы, а я i мой народ правiнiлiся.
- Прасiце Госпада, каб спынiлiся грымоты Божыя i град, а я пушчу вас, i ўжо нiколi ня будзеце тут прабываць”.
- І сказаў Майсей: “Калi я выйду з гораду, выцягну далонi мае да Госпада, i спыняцца грымоты, i граду ня будзе, каб ведаў ты, што Госпадава зямля.
- Але я ведаю, што анi ты, анi слугi твае не баяцца яшчэ Госпада Бога”.
- Лён i ячмень былі пабітыя, таму што ячмень меў ужо каласы, а лён ужо меў семя;
- а пшанiца i жыта не былі пашкоджаны, бо яны пазьнейшыя.
- І выйшаў Майсей ад фараона з гораду, i выцягнуў рукі да Госпада, i спынiлiся грымоты i град, i спынiлiся навальнiцы на зямлi.
- А фараон, бачачы, што i навальнiца спынiлася, i град, i грымоты, працягваў грашыць.
- І зацьвярдзела сэрца яго i слугаў ягоных, і надта закамянела, і не пусьцiў ён сыноў Ізраэля, як і казаў Госпад праз Майсея.
Разьдзел 10
- І сказаў Госпад Майсею: “Ідзi да фараона, Я бо зрабіў цьвёрдым сэрца фараона i слугаў ягоных, каб мог паказаць знакi Мае пасярод iх,
- каб ты апавядаў дзецям сваiм i ўнукам, што Я даканаў у Эгiпце, і аб знаках Маiх сярод iх; каб ведалi вы, што Я — Госпад”.
- Дык пайшлi Майсей i Аарон да фараона i сказалi яму: “Вось што кажа Госпад, Бог Гебраяў: Дакуль жа не скарышся ты Мне? Пусьцi народ Мой, каб склаў Мне ахвяру.
- Калi ж будзеш працiвiцца i не захочаш пусьцiць яго, вось, Я заўтра напушчу на ўсю зямлю тваю шаранчу,
- каторая нахлыне на ўсю зямлю, так што ня будзе вiдаць зямлi, i пажарэ ўсё, што засталося па градзе, і зьнiшчыць усе дрэвы, каторыя растуць на палях вашых.
- І запоўнiць яна ўсе дамы твае, i слугаў тваiх, і ўсiх Эгiпцянаў; і такога ня бачылi бацькi твае, анi бацькі бацькоў, якія нарадзiлiся на гэтай зямлi аж да сягоньняшняга дня”. І павярнуўся (Майсей), i выйшаў ад фараона.
- І сказалi вось фараону слугі ягоныя: “Як доўга яшчэ будзем цярпець гэтае гора? Пусьцi людзей, хай складуць ахвяру Госпаду, Богу свайму. Цi ня бачыш, што прападае Эгiпет?”
- І паклікалі зноў Майсея i Аарона да фараона, а ён сказаў iм: “Ідзiце і складзіце ахвяру Госпаду, Богу вашаму. Хто ж тыя, што пойдуць?”
- Майсей сказаў: “Пойдзем мы зь дзецьмі нашымі i старымi, з сынамi i дочкамi, з авечкамi i валамi, бо для нас гэта вялiкая ўрачыстасьць Госпада”.
- Ён адказаў iм: “Хай будзе Госпад з вамi! Як жа я магу адпусьцiць вас зь дзецьмi вашымi? Глядзiце, якiя лiхiя намеры вашыя!
- Ня гэтак будзе, але хай ідуць толькi мужчыны; i складайце ахвяру Госпаду, бо гэтага вы самi прасiлi”. І зараз жа былi выкiнуты яны з-прад фараона.
- І сказаў Госпад Майсею: “Выцягнi руку сваю на зямлю Эгiпецкую, каб нахлынула шаранча i насела на зямлю, i зьела ўсю зеляніну, якая засталася ад граду”.
- І выцягнуў Майсей палку над зямлёй Эгiпту, i Госпад напусьцiў вецер гарачы праз ўвесь той дзень i ноч. І на сьвiтаньнi гарачы вецер падняў шаранчу,
- каторая асела на ўсёй зямл Эгіпецкай, i асела яе аж да межаў Эгiпту безьлiч, i такога перад гэтым не было, i ў будучыні ня будзе.
- І пакрыла шаранча ўвесь паверх зямлi, так што зямлi не было вiдаць. І паела яна ўсю зеляніну зямлi i што асталося з пладоў на дрэвах, ацалелых ад граду. І не засталося нiчога зялёнага на дрэвах i з травы палявой на ўсёй зямлi Эгiпецкай.
- І загадаў фараон чым хутчэй паклікаць Майсея i Аарона, i сказаў iм: “Саграшыў я што да Госпада, Бога вашага, i адносна вас.
- Дык прабачце мне i гэтым разам грэх мой i прасiце Госпада, Бога вашага, каб ухiліў прынамсі ад мяне гэтую сьмерць”.
- Вось выйшаў ад фараона Майсей i малiў Госпада.
- І Госпад навёў раптоўны заходнi вецер, каторы панёс шаранчу, i ўкiнуў у Чырвонае мора. І ва ўсёй зямлi Эгiпецкай шаранча цалкам прапала.
- Але Госпад закамянiў сэрца фараона, i ён не пусьцiў сыноў Ізраэля.
- Тады сказаў Госпад Майсею: “Выцягнi руку да неба, і станецца цемра на зямлi Эгiпецкай такая густая, што можна будзе дакрануцца цемры”.
- І выцягнуў Майсей руку да неба, i сталася страшэнная цемра на ўсёй зямлi Эгіпецкай тры днi.
- І брат брата свайго ня мог бачыць, анi вырушыць зь месца, на якім быў. А ўсюды, дзе жылi сыны Ізраэля, сьветла было.
- І паклікаў зноў фараон Майсея i Аарона, i сказаў iм: “Ідзiце i складайце ахвяру Госпаду; авечкi толькi вашыя i жывёла хай застануцца, а дзецi вашыя хай iдуць разам з вамi”.
- А Майсей сказаў: “Ты таксама мусiш даць нам ахвяры i цэлапаленьнi, каторыя складзём у ахвяру Госпаду, Богу нашаму.
- Таксама жывёла нашая пойдзе з намi, і не застанецца нават капыта, бо зь iх возьмем, што неабходнае на спахвалу Госпаду, Богу нашаму. Тым болей, што ня ведаем, з чаго маем складаць ахвяру, аж пакуль ня дойдзем да таго месца”.
- Але Госпад закамянiў сэрца фараона, i не захацеў ён пусьцiць iх.
- І сказаў яму (Майсею) фараон: “Адыйдзiся ад мяне, сьцеражыся i больш не паказвайся мне, бо ў каторы дзень пакажашся, будзеш пакараны сьмерцю”.
- Адказаў яму Майсей: “Так i станецца, як ты сказаў: болей не пабачу я аблічча твайго”.
Разьдзел 11
- І сказаў Госпад Майсею: “Яшчэ адну плягу Я спашлю на фараона i на Эгiпет. Па гэтай плязе пусьцiць ён вас, а нават змусiць вас выйсьцi.
- Дык паведамi ўсяму народу патаемна, каб кожны мужчына ў суседа свайго, а кожная жанчына ў суседкi сваёй пазычылі залаты i серабраны посуд”.
- І Госпад даў народу мець спагаднасьць у вачах Эгiпцянаў, а Майсей таксама быў чалавекам паважаным ў зямлi Эгiпецкай слугамi фараона i ўсiм народам.
- І сказаў Майсей: “Гэта кажа Госпад: Апоўначы Я перайду праз Эгiпет,
- і памрэ ўсё паршароднае ў зямлi Эгiпецкай, ад першароднага сына фараона, якi сядзiць на сваiм троне, аж да першароднага нявольнiцы, каторая працуе пры жорнах, і ўсё першароднае жывёлы.
- Тады ў-ва ўсёй зямлi Эгiпецкай будзе вялiкае бедаваньне, якога не было нiколi i якога ўжо болей ня будзе.
- А ва ўсiх сыноў Ізраэля не забрэша сабака, анi на чалавека, анi на жывёлу, каб вы ведалi, як цудоўна аддзяляе Госпад Ізраэля ад Эгiпцянаў.
- Тады прыйдуць усе слугi твае да мяне, i паклоняцца мне, i скажуць: “Выйдзi ты i ўвесь народ твой, каторы iдзе за табой”. І потым я выйду”. І выйшаў Майсей ад фараона з гневам вялiкiм.
- І сказаў Госпад Майсею: “Не паслухае фараон вас, каб многiя знакi сталiся ў зямлi Эгiпту”.
- Майсей i Аарон учынiлi ўсе гэтыя цуды перад фараонам, але Госпад закамянiў сэрца фараона, i ён не пусьцiў сыноў Ізраэля зь зямлi сваёй.
Разьдзел 12
- І сказаў Госпад Майсею i Аарону ў зямлi Эгiпецкай:
- “Месяц гэты будзе вам пачаткам месяцаў, і будзе ён першым месяцам году.
- Гаварыце ўсяму сабраньню сыноў Ізраэля i скажыце iм: У дзесяты дзень гэтага месяца кожны хай возьме ягнё на сям’ю сваю i на дом свой.
- А калi лiк сям’i будзе замалы для спажыцьця ягняцi, хай возьмуць каго з блiжэйшых суседзяў каля свайго дому паводле лiку душ, патрэбнага для спажыцьця ягняцi.
- Хай ягнятка будзе без заганы, самец гадавы. Паводле гэтага спосабу можна ўзяць i казьлянё.
- І захаваеце яго да чатырнаццатага дня гэтага месяца, а тады пад вечар заб’е яго ўся супольнасьць сыноў Ізраэля.
- І возьмуць крывi ягонай, каб памазаць ёю вушакі i парогi дамоў, у якiх будуць яго спажываць.
- І будуць есьцi у тую ноч мяса яго, печанае на агні, i праснакi з горкаю травою.
- Ня ешце зь яго нiчога сырога анi зваранага ў вадзе, але ешце сьпечанае на агнi, галаву з нагамi i нутро.
- Нiчога зь яго хай не застанецца да ранiцы; калi б што засталося, спалiце на агнi.
- Так вось спажывайце яго: падперажыце паясьніцы вашыя i мейце сандалы на нагах, трымаючы палкi ў руках, ешце пасьпешна, гэта бо ёсьць Пасха Госпада!
- У тую ноч Я перайду праз Эгiпет i пазабiваю ўсё першароднае ў зямлi Эгiпецкай, ад чалавека аж да жывёлы, i правяду суд над усiмi багамі Эгiпту. Я – Госпад.
- Кроў будзе вам на азначэньне дамоў, у каторых будзеце прабываць. Калi пабачу кроў, прайду мiж вас, i ня будзе мiж вас плягi зьнiшчэньня, калi Я буду караць зямлю Эгіпецкую.
- Дзень гэты стане вам памятным днём, i сьвяткаваць яго будзеце як сьвята для ўшанаваньня Госпада праз усе пакаленьнi вечным сьвятам.
- Сем дзён будзеце есьці праснакі. З самага першага дня прымеце ўсё кiслае з дамоў вашых, бо хто б еў кiслае ад першага дня да сёмага, зьнiшчана будзе душа тая спамiж Ізраэля.
- Першы дзень будзе сьвятым i ўрачыстым, і дзень сёмы будзе сьвяткавацца таксама з урачыстасьцю. Нiякай работы ня будзеце рабiць у тыя днi, за выняткам той, што трэба для прыгатаваньня яды.
- Захоўвайце сьвята праснакоў, бо ў гэты дзень Я вывеў дружыны вашыя зь зямлi Эгiпецкай. Захавайце гэты дзень у пакаленьнi вашыя як пастанову вечную.
- Чатырнаццатага дня першага месяца зь вечара павiнны вы есьцi праснакi аж да вечара дваццаць першага дня таго ж месяца.
- Сем дзён ня будзе ў вашых дамах нiякай кісьлі, бо хто б еў штосьцi квашанае, зьнiшчана будзе душа яго спамiж сабраньня Ізраэля, ці ён з чужынцаў, ці з тутэйшых.
- Нiчога квашанага ня будзеце есьцi . Ва ўсiх дамах вашых маеце есьцi праснакi”.
- І склікаў вось Майсей усiх старшыняў сыноў Ізраэля, i сказаў iм: “Выбярыце i вазьмiце ягнё для вашых сем’яў i забiце як пасху.
- І вазьмiце галінку гiзопу, i занурыце яе ў крыві, якая ў місе, i крывёй зь місы пакрапiце парог i вушакі. Аж да ранiцы не павiнен нiхто з вас выходзiць за дзьверы дому свайго.
- А калi Госпад будзе праходзiць, каб нішчыць Эгiпцянаў, i ўбачыць кроў на парозе i на вушаках, то абмiне Госпад такiя дзьверы i не дазволiць нiшчыцелю ўвайсьцi ў тыя дамы, каб забiваць вас.
- І трымайцеся гэтага прыказаньня, як закону для цябе i для дзяцей тваіх на векі.
- Калi ўвойдзеце ў зямлю, каторую дасьць вам Госпад, як абяцаў, трымайцеся гэтага звычаю.
- Калi вас запытаюць дзецi: “Што гэта за сьвяты звычай?”, дык скажыце ім: “Гэта ахвяра Пасхi на чэсьць Госпада, Каторы ў Эгiпце абмiнуў дамы сыноў Ізраэля. Эгiпцян пазабiваў, а дамы нашыя захаваў”. І народ тады ўкленчыў i пакланiўся.
- І, выйшаўшы, сыны Ізраэля зрабiлi, як Госпад загадаў Майсею i Аарону.
- Апоўначы Госпад пазабiваў усё перша-роднае ў зямлi Эгiпецкай, ад першароднага сына фараона, каторы сядзеў на троне, аж да першароднага вязьня, каторы сядзеў ў вастрозе, і ўсё першароднае жывёлы.
- І устаў ноччу фараон, i ўсе слугi ягоныя, i ўвесь Эгiпет, i падняўся вялiкi лямант у Эгiпце, бо не было дому, у каторым не было б нябожчыка.
- І, паклiкаўшы яшчэ ноччу Майсея i Аарона, фараон сказаў: “Уставайце i iдзiце спамiж народу майго, як вы, так i сыны Ізраэлевы! Ідзiце i складайце ахвяры Госпаду, як вы казалi.
- Бярыце авечкi вашыя i жывёлу, як прасiлi, і, адыходзячы, дабраславіце мяне”.
- І Эгiпцяне прынукалi народ, каб як найхутчэй выходзiў зь зямлi, кажучы: “Усе мы паўмiраем”.
- І ўзяў народ цеста незакавшанае, і дзежы, завернутыя накiдкамі, i панёс на плячах сваiх.
- І сыны Ізраэля зрабiлi так, як iм загадаў Майсей, i пазычылi ў Эгiпцянаў посуд серабраны i залаты, i мноства адзеньня.
- І Госпад даў спагаднасьць у вачах Эгiпцянаў для народу, так што яны пазычалі i гэтак абрабавалі Эгiпцянаў.
- І вырушылі сыны Ізраэлевы з Рамсэсу ў Сукот у лiку каля шасьцісот тысячаў пешых мужчынаў, апрача дзяцей.
- Таксама многа iншапляменьнікаў пайшло зь iмi, і авечкi, і быдла, i велiзарны набытак.
- Зь цеста, каторае вынесьлi з Эгiпту, напяклi яны бондачак прэсных, бо ня ўкiсла цеста, таму што былі яны выгнаныя з Эгiпту і не маглi затрымацца, каб прыгатаваць сабе страву на дарогу.
- А час прабываньня сыноў Ізраэля ў Эгiпце трываў чатырыста трыццаць гадоў.
- І вось у той самы дзень па чатырыста трыццацёх гадах выйшлi ўсе дружыны Госпада зь зямлi Эгiпецкай.
- У гэтую ноч Госпад чуваў дзеля вываду іх зь зямлi Эгiпецкай. Таму гэтая ноч павiнна быць чуваньнем на спахвалу Госпаду для ўсiх сыноў Ізраэля з пакаленньня ў пакаленьне.
- І сказаў Госпад Майсею i Аарону: “Гэта ёсьць закон Пасхi: Нiводзiн чужынец ня можа яе есьцi.
- Аднак нявольнiк, куплены за грошы, каторы прыняў абрэзаньне, можа яе спажываць.
- Прыбылец i наймiт ня могуць яе есьцi.
- У адным i тым самым доме мае яна спажывацца, нельга выносiць з дому найменшага куска мяса на двор, і косьцi яе няхай ня ломяцца.
- Усё сабраньне сыноў Ізраэля захавае гэта.
- Калi б чужынец, прабываючы ў цябе, захацеў сьвяткаваць Пасху Госпадаву, то абрэж у яго ўсiх мужчынскага роду, i тады можаш дапусьцiць яго да сьвяткаваньня Пасхi, бо тады будзе ён мець права тутэйшага. Нiводзiн жа неабрэзаны ня можа есьцi Пасхi.
- Такi самы закон будзе для тутэйшых i для чужынцаў, што прабываюць у вас”.
- І ўсе сыны Ізраэля зрабiлi так, як Госпад загадаў Майсею i Аарону.
- У той самы дзень вывеў Госпад сыноў Ізраэля дружынамi зь зямлi Эгiпецкай.
Разьдзел 13
- І сказаў Госпад Майсею:
- “Пасьвяцi Мне ўсё першароднае, што адкрывае ўлоньне ў сыноў Ізраэля, як зь людзей, так i з жывёлы, ўсё бо гэта Маё”.
- І сказаў Майсей народу: “Памятайце той дзень, у каторы выйшлi вы з Эгiпту, з дому няволi, бо дужаю рукою вывеў вас Госпад з таго месца; у той дзень нельга есьцi квашанага хлеба.
- Сёньня выходзiце вы, у месяцы Абiб.
- Калi завядзе цябе Госпад у зямлю Хананейцаў i Гэтытаў, Амарэйцаў, Гiвеяў i Ебусеяў, якую запрысяг Ён бацькам тваiм, што дасьць табе зямлю, ацякаючую малаком i мёдам, тады павiнен ты сьвяткаваць гэта ў тым самым месяцы.
- Сем дзён будзеш есьцi праснакi, а ў сёмы дзень будзе ўрачыстасьць Госпада.
- Праснакi будзеш есьцi сем дзён, i не зьявiцца ў цябе нiчога квашанага, i ня будзе квашанага ў межах зямлi тваёй.
- У той дзень раскажаш ты сыну свайму, гаворачы: “Гэта дзеля таго, што зрабiў мне Госпад, калi я выйшаў з Эгiпту”.
- І вось гэта будзе табе знакам на руцэ i напамiнам у вачах тваiх, каб закон Госпадаў быў заўсёды ў вуснах тваiх, бо рукою дужай вывеў цябе Госпад з Эгiпту.
- Спаўняй гэты закон у вызначаны час штогод.
- Калi ўвядзе цябе Госпад у зямлю Хананейцаў, як запрысяг Ён табе i бацькам тваiм, i дасьць табе яе,
- выдзялi Госпаду ўсё, што адкрывае ўлоньне i што першароднае ў жывёлы тваёй, і што будзеш мець мужчынскага роду — пасьвяцi Госпаду.
- Першароднага асла заменiш авечкай, а калi яго ня выкупiш, забi. Усё ж першароднае людзей з сыноў тваiх выкупiш.
- Калi ў будучынi спытае ў цябе сын твой: “Што гэта?”, ты скажаш яму: “Дужаю рукой вывеў нас Госпад з Эгiпту, з дому няволi.
- Бо калi фараон упёрся i не хацеў нас пусьцiць, выбiў Госпад усё паршароднае зь зямлi Эгiпецкай, ад першароднага чалавека аж да першароднай жывёлiны. Дзеля таго я складаю ў ахвяру Госпаду ўсё, што родзiцца мужчынскага роду, а ўсiх першародных сыноў маiх выкупляю”.
- І хай гэта будзе знакам на руцэ тваёй i павязкай на памяць над вачыма тваiмi, бо Госпад дужай рукой вывеў нас з Эгiпту”.
- Калi фараон асвабадзiў народ, не павёў яго Бог дарогай, вядучай у зямлю Фiлiстынцаў, хоць была яна найкарацейшай, бо сказаў: “Каб часам народ не пашкадаваў, бачучы ваяваньнi, якiя чакаюць яго, i не вярнуўся ў Эгiпет”.
- І павёў яго Бог дарогай праз пустыню, якая праходзiць каля Чырвонага мора. А сыны Ізраэля выйшлi ўзброенымі зь зямлi Эгiпецкай.
- І забраў Майсей з сабой косьцi Язэпа, бо ён запрысяг сыноў Ізраэля ў гэтыя словы: “Дапаможа вам Бог, а вы тады возьмеце з сабою адсюль косьці мае”.
- І выйшлi яны з Сукоту, i сталi табарам у Этаме, на скраю пустынi.
- А Госпад iшоў перад iмi днём у воблачным слупе, каб весьцi дарогаю, а ноччу як слуп агню, каб сьвяцiць iм, каб маглi iсьцi днём i ноччу.
- І не адыходзіў ад народу слуп воблачны днём, анi вогненны слуп ноччу.
Разьдзел 14
- І сказаў Госпад Майсею:
- “Скажы сынам Ізраэля, хай завернуцца i хай разложацца табарам пад Пi-Гахіротам, што памiж Мiгдолам i морам, насупраць Баал-Цэфону. Насупраць яго разлажыце табар пры моры.
- І скажа фараон пра сыноў Ізраэля: “Яны заблукалі ў зямлі гэтай, і замкнула іх пустыня”.
- І вось Я зраблю цьвёрдым сэрца фараона, i ён будзе гнацца за вамі, і тады Я ўслаўлюся над фараонам i над усiм войскам ягоным. І хай ведаюць Эгiпцяне, што Я — Госпад”. Яны так i зрабiлi.
- Калi паведамілі караля Эгiпецкага пра ўцёкі народу (Ізраэля), зьмянiлася сэрца фараона i слугаў ягоных адносна народу, i яны сказалi: “Што ж мы зрабiлi, дазваляючы Ізраэлю пакiнуць службу ў нас?”
- І фараон загадаў запрэгчы свае калясьніцы, i сабраў з сабой увесь свой народ.
- І ўзяў ён шэсьцьсот калясьніцаў адборных, поруч усе iншыя калясьніцы Эгiпецкiя, i на кожнай зь iх былi спраўныя ваяры.
- І зрабіў Госпад упорыстым сэрца фараона, караля Эгiпту, i ён кінуўся ў пагоню за сынамi Ізраэля. Але яны выйшлi пад рукою моцнаю.
- А Эгiпцяне гналіся за iмі, усе коні і калясьніцы фараона, коньнікі і войска ягонае, і дагналі іх у табары над морам, калі былі яны пад Пi-Гахiротамі насупраць Баал-Цэфону.
- Калi наблізіўся фараон, сыны Ізраэля паднялi вочы i ўбачылі Эгiпцянаў за сабой, і ад страху паднялi крык, i прызывалi Госпада,
- i казалi Майсею: “Цi не хапала магілаў у Эгiпце, што ты вывеў нас, каб мы паўмiралi на пустынi. Пашто было выводзiць нас з Эгiпту?
- Цi ж ня тое самае казалi мы табе ў Эгiпце: Пакiнь нас, каб мы служылi Эгiпцянам? Многа разоў лепей было служыць iм, чым прападаць у пустынi”.
- Але Майсей сказаў народу: “Ня бойцеся, стойце на месцы i ўбачыце збаўленьне Госпада, якое ўчыніць Ён вам сягоньня; Эгiпцянаў, якiх цяпер бачыце, ужо нiколi ня ўбачыце.
- Госпад будзе ваяваць за вас, а вы будзьце спакойнымі”.
- І сказаў Госпад Майсею: “Чаго прызываеш Мяне? Скажы сынам Ізраэля, хай iдуць.
- А ты падымi кій твой i працягнi руку тваю над морам, і разьдзялi яго на дзьве часткі, каб прайшлi сыны Ізраэля па сухiм сярэдзiнай мора.
- А Я зраблю ўпорыстым сэрца Эгiпцянаў, каб гналiся за iмi, i ўслаўлю Сябе над фараонам i над усiм войскам ягоным, над калясьніцамі i коньнiкамi.
- І хай ведаюць Эгiпцяне, што Я — Госпад, калi ўслаўлюся над фараонам, над калясьніцамі i над коньнiкамi ягонымi”.
- І Анёл Божы, каторы iшоў перад войскам Ізраэля, пайшоў за iмі, і слуп воблачны таксама перайшоў зь пераду i стаў за iмi.
- І стаў памiж войскам Эгiпцянаў i войскам Ізраэля, і там быў хмарай цёмнай, а тут сьвяцiў ноччу, так што не наблiзiлiся адны да другiх за ўсю ноч.
- І працягнуў Майсей руку сваю над морам, а Госпад дзьмуў гвалтоўным i сухiм ветрам усю ноч i зрабiў мора сухою зямлёю; воды разьдзяліліся .
- І пайшлi сыны Ізраэля сярэдзiнай мора па сухiм дне, і вада стаяла як бы мур з правага i левага iх боку.
- І, перасьледуючы, іх Эгiпцяне пайшлi за iмi, уся коньнiца фараона, калясьніцы фараона i коньнiкi па сярэдзiне мора.
- На сьвiтаньнi глянуў Госпад са слупа агня i воблака на войска Эгiпцянаў i прымусiў iх адступiцца.
- І гразьлi колы калясьніцаў, так што зь цяжкасьцю рухалiся. І казалi Эгiпцяне: “Уцякайма ад Ізраэля! Бо Госпад ваюе за iх супраць нас”.
- І сказаў Госпад Майсею: “Выцягнi руку сваю над морам, i хай нахлынуць воды на Эгiпцянаў, на калясьніцы iхнія i коньнiкаў”.
- І як толькi працягнуў руку сваю Майсей над морам, яно на разьвiдненьнi вярнулася на сваё месца. І на ўцякаючых Эгiпцянаў нахлынулi воды, i патапiў iх Госпад сярод хваляў.
- Наплываючая вада нахлынула на калясьніцы i коньнiкаў, i на ўсё войска фараона, каторае, гонячыся, увайшло ў мора, і ніводзін зь iх не не застаўся жывым.
- А сыны Ізраэля па сухім перайшлi сярэдзiнай мора, бо вада стала як мур з правага i левага боку.
- У той дзень вызваліў Госпад Ізраэля з рук Эгiпцянаў, і бачылi яны патопленых Эгiпцянаў на беразе мора,
- i магутную руку, якую выявіў Госпад супраць iх. Дык баяўся народ Госпада, i паверылi Госпаду i Майсею, слузе Ягонаму.
Разьдзел 15
- Тады Майсей i сыны Ізраэля засьпявалi гэтую песьню на спахвалу Госпада: “Засьпявайма Госпаду, бо Ён вельмі праславiўся, каня i коньніка ўкiнуў у мора.
- Моц мая i сiла мая — Госпад, Ён стаўся для мяне збаўленьнем. Гэта ж Бог мой, буду славiць Яго; Ён – Бог бацькi майго, буду ўзьвялiчваць Яго!
- Госпад — ваяр магутны! Ягвэ — iмя Яго!
- Вазы фараона i войска ягонае Ён кiнуў у мора, і адборныя ваяры ягоныя патанулi ў моры Чырвоным.
- Бяздоньнi паглынулi iх, пайшлi яны ўглыб, як камень.
- Правiца Твая, Госпадзе, праславiцца магутнасьцю! Правіца Твая, Госпадзе, перамагла ворага.
- У велiчы славы Тваёй зьнішчыў Ты працiўнiкаў Тваiх, і даў Ты волю гневу Твайму, i ён папалiў iх, як салому.
- У духу ярасьцi Тваёй сабраліся воды, i станулi, як сьцяна, цякучыя воды, i пасярэдзiне мора адкрыліся бяздоньнi.
- Вораг хвалiўся: “Буду гнацца за ім і даганю, падзялю здабычу і пацешу душу маю, дастану меч мой, і выб’е iх рука мая!”
- Падуў дух Твой, i нахлынула на iх мора; і яны патанулi, як волава, ва ўзбураных водах.
- Якi ж Бог падобны Табе, Госпадзе? Хто, як Ты, слаўны сьвятасьцю, страшны i праслаўлены, Творца цудаў?
- Працягнуў Ты руку Тваю, i паглынула iх зямля.
- У мiласэрдзi Тваiм вёў Ты народ, якi адкупiў, i праводзiў яго Тваёй сілай у Тваю сялібу сьвятую.
- Пачулi гэта народы i спалохалiся, жах апанаваў жыхароў Фiлiстынскiх.
- Тады ўстрывожылiся князi Эдому, магнатаў Маабу апанаваў страх, млеюць ад жаху ўсе жыхары Ханаану.
- Напала на iх дрыжаньне i жах, дзеля магутнасьці рукi Тваёй дрантвеюць яны, як камень, аж пакуль пяройдзе народ Твой, Госпадзе, пакуль не пяройдзе народ Твой, каторы ўзяў Ты на ўласнасьць.
- Увядзi яго i пасадзi на гары спадчыны Тваёй, у магутнай сялібе Тваёй, якую стварыў Ты, у сьвятынi Тваёй, Госпадзе, каторую заснавалi рукi Твае.
- І будзе Госпад валадарыць на вякі вечныя!”
- Увайшлi бо конi фараона ў мора з калясьніцамі i коньнiкамi ягонымi, i ўзьвёў на iх Госпад воды марскiя, а сыны Ізраэля прайшлі па сухiм дне пасярэдзiне мора.
- Дык сястра Аарона Мірыям, праракiня, узяла бубен рукою сваёй, а ўсе жанчыны iшлi за ёй у танцах з бубнамі.
- І Мiрыям засьпявала iм: “Сьпявайма Госпаду, бо Ён вельмі праславiўся, каня i вершніка ўкiнуў у мора!”
- Вывеў тады Майсей Ізраэля з-над Чырвонага мора, i пайшлi яны ў напрамку пустынi Шур. І тры днi iшлi яны праз пустыню, i не знаходзiлi вады.
- І прыбылi да мясцовасьцi Мара, але не маглi пiць вады з Мары, таму што была горкая. Дзеля таго названа гэта месца Мара.
- І наракаў народ на Майсея, кажучы: “Што будзем пiць?”
- І прызываў ён Госпада, а Госпад паказаў яму дрэва. І калi ўкiнуў ён яго ў ваду, вада перамянілася ў салодкую. Там устанавiў Госпад загады i закон для народу, i там выспрабоўваў яго,
- кажучы: “Калi верна будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, i будзеш рабіць справядлiвае перад воблiкам Яго, i будзеш паслухмяным прыказаньням Ягоным і будзеш спаўняць усе Яго законы, то Я не навяду на цябе нiводнай хваробы, каторыя навёў на Эгiпет. Я — Госпад, лекар твой”.
- Потым прыбылi яны ў Элiм, дзе было дванаццаць крыніцаў i семдзесят пальмаў. І там разлажылiся табарам каля вады.
Разьдзел 16
- І выйшлi яны з Эліму, i ўся супольнасьць сыноў Ізраэля прыбыла ў пустыню Сiн, якая знаходзiцца мiж Элiмам i Сынаем, у пятнаццаты дзень другога месяцу ад iхняга выхаду зь зямлi Эгiпецкай.
- І пачала наракаць у пустынi ўся супольнасьць сыноў Ізраэля на Майсея i на Аарона.
- І сыны Ізраэля казалi iм: “Лепш бы мы паўмiралi з рукi Госпада ў зямлi Эгiпецкай, калi сядзелi пры катлах зь мясам і калi мы елi хлеб удосталь. Навошта ты вывеў нас у гэтую пустыню, каб вынiшчыць голадам усю супольнасьць?”
- І сказаў Госпад Майсею: “Вось, Я спашлю вам хлеб зь неба ў выглядзе дажджу; і хай народ выходзiць, i зьбiрае кожны дзень паводле патрэбы дзённай. Гэтак хачу iх выспрабаваць, цi будуць яны хадзіць паводле Майго закону, цi не.
- Але шостага дня хай згатуюць тое, што прынясуць, i хай гэта будзе ўдвая больш таго, што зьбiраюць яны штодзень”.
- Дык Майсей i Аарон сказалi ўсiм сынам Ізраэля: “Вечарам пазнаеце, што Госпад вывеў вас зь зямлi Эгiпецкай.
- На ранiцы ўбачыце славу Госпада, бо Ён пачуў нараканьнi вашыя супраць Госпада. Хто ж бо мы, што вы наракаеце на нас?”
- І сказаў Майсей: “Вечарам дасьць вам Госпад мяса есьцi, а ранiцай дасыць хлеба ўдосталь, бо чуў Госпад нараканьнi вашыя супраць Яго. Хто такія мы? Не на нас наракалi вы, але на Госпада!”
- І сказаў Майсей Аарону: “Скажы ўсёй грамадзе сыноў Ізраэля: Станьце перад Госпадам, бо пачуў Ён нараканьнi вашыя”.
- Калi вось Аарон гаварыў да ўсёй грамады сыноў Ізраэля, яны глянулi на пустыню, i вось, хвала Госпада зьявiлася iм у воблаку.
- І прамовiў Госпад да Майсея ў гэтыя словы:
- “Чуў Я нараканьнi сыноў Ізраэля, дык скажы iм так: Вечарам будзеце есьцi мяса, а ранiцай наясьцёся хлеба. І даведаецеся, што Я — Госпад, Бог ваш”.
- І сапраўды, вечарам наляцела перапёлак, i накрылі яны табар, а назаўтра ляжала раса кругом табару.
- Калi адкрыўся паверх пустынi, тады паказалася нешта дробнае і зярнiстае, на падобнасьць шэрашы на зямлi.
- Калi ўбачылi гэта сыны Ізраэля, пыталiся адзiн аднаго: “Мангу?”, бо ня ведалi, што гэта было. І сказаў iм Майсей: “Гэта хлеб, якi даў вам Госпад на яду.
- Гэта загадаў вам Госпад: Кожны з вас зьбярэ для сябе па сваёй патрэбе, па гамору на чалавека; па колькасьцi душаў, што пражываюць у палатцы, возьмеце”.
- Так i зрабiлi сыны Ізраэля, і сабралі адзiн болей, другi меней.
- І мералi гаморам, i ў таго, хто сабраў многа, не было лiшняга, а ў таго, хто сабраў мала, не было нястачы. І кожны сабраў, колькi яму зьесьцi.
- Пасьля сказаў iм Майсей: “Хай нiхто з гэтага не пакiдае да ранiцы”.
- Некаторыя не паслухалi яго, але пакiнулi з гэтага да ранiцы, і завялiся ў іх чэрвi, i пачало сьмярдзець. І загневаўся на iх Майсей.
- І зьбiраў на ранiцы кожны патрэбнае да яды, а калi сонца прыпякала, яно раставала .
- У шосты ж дзень сабралi падвойную колькасьць яды, значыць, па два гаморы на чалавека. І сабраліся ўсе князi супольнасьці, i паведамiлi Майсею.
- А ён жа сказаў iм: “Гэта вось тое, што сказаў Госпад: Заўтра супачынак, сьвятая субота Госпадава. Што маеце пячы — пячыце, што маеце варыць — варыце, а што застанецца — пакiньце на раніцу”.
- І зрабiлi так, як загадаў Майсей, i не згнiло яно, i чарвяк не завёўся.
- І сказаў Майсей: “Ешце гэта сягоньня, бо гэта субота Госпадава, і нiхто хай не выходзiць на поле.
- Шэсьць дзён зьбiрайце, але ў сёмы дзень — субота Госпадава, i ня будзе нiчога ў полі”.
- І надыйшоў сёмы дзень, і некаторыя зь людзей пайшлi зьбiраць, але нiчога не знайшлi.
- І сказаў Госпад Майсею: “Дакуль жа ня будзеце хацець спаўняць прыказаньнi Мае i закон Мой?
- Бачыце, што Госпад даў вам суботу, i таму ў дзень шосты дае вам яды на два днi. Дзеля таго кожны з вас хай застанецца ў сябе, i нiхто хай не выходзiць зь месца свайго ў сёмы дзень”.
- І сёмага дня народ сьвяткаваў суботу.
- І назваў дом Ізраэля хлеб той “манна,” бо была яна белая, як зерне каляндравае, а смак мела як мёд.
- І сказаў Майсей: “Гэта загадаў Госпад: Напоўнiце гамор (маннаю) i захавайце яго для будучых вашых пакаленьняў, каб аглядалi яны яду, якою кармiў Я вас у пустынi па выхадзе вашым зь зямлi Эгiпецкай”.
- І сказаў Майсей Аарону: “Вазьмi начыньне i запоўнi яго гаморам манны, i пакладзi яго перад Госпадам, каб захаваць яе для будучых пакаленьня вашых”.
- І як загадаў Госпад Майсею, палажыў яе Аарон для захаваньня перад (каўчэгам) Сьведчаньня.
- А сыны Ізраэля елi манну сорак гадоў, пакуль не прыйшлi ў зямлю абжытую; елi яны манну, аж пакуль не прыбылi да межаў зямлi Ханаан.
- А гамор — гэта дзесятая частка эфы.
Разьдзел 17
- Па загаду Госпада ўся супольнасьць сыноў Ізраэля выйшла з пустынi Сiн у далейшую дарогу. І сталi яны табарам у Рэфiдыме, дзе народ ня меў вады да пiцьця.
- І дакараў народ Майсея, i казаў: “Дай нам вады напiцца”. Адказаў iм Майсей: “Што вы дакараеце мяне? Чаму спакушаеце Госпада?”
- Але народ там смагнуў вады, i таму наракаў на Майсея, i казаў: “Пашто ты выводзiў нас з Эгiпту, каб нас, i нашых дзяцей, i нашую жывёлу ўмарыць смагаю?”
- І прызываў Майсей Госпада, i казаў: “Што маю рабiць я з гэтым народам? Мала не хапае, і ўкамянуюць мяне!”
- Госпад адказаў Майсею: “Выйдзi перад народам i вазьмi некалькi старшыняў Ізраэля з сабою. Вазьмi ў руку палку, катораю ўдарыў Раку, i iдзi.
- Вось жа Я стану перад табой на скале, на Гарэбе. І ты ўдарыш у скалу, i пацячэ зь яе вада, i народ нап’ецца”. І Майсей зрабiў так на вачах старшыняў Ізраэля.
- І назваў ён гэтае месца Масса i Мэрыба, бо тут вадзiлiся сыны Ізраэля i спакушалi Госпада, кажучы: “Цi сапраўды Госпад прабывае памiж нас, цi не?”
- І прыйшоў Амалек ў Рэфiдым, каб ваяваць зь Ізраэлем.
- Майсей тады сказаў Ешуу: “Выбяры сабе мужчын i iдзi, ваюй з Амалекам. Заўтра я стану на вяршыні гары, трымаючы кій Божы ў руцэ маёй”.
- І зрабiў Ешуа, як сказаў яму Майсей, i ваяваў супраць Амалека. А Майсей, Аарон i Гур узыйшлi на верх гары.
- І пакуль Майсей трымаў рукі паднятымі, перамагаў Ізраэль, а калi апускаў, перамагаў Амалек.
- А рукi Майсея зрабiлiся цяжкiмi, дык узялi яны камень i палажылi пад яго, i ён сеў на iм, а Аарон i Гур падтрымоўвалi рукі ягоныя з абодвух бакоў. І так рукi яго не апускаліся да заходу сонца.
- І так Ешуа перамог Амалека i народ ягоны вострывам мяча.
- І сказаў тады Госпад Майсею: “Запiшы гэта на памятку ў кнiгу i перадай Ешуу, што Я вынiшчу цалкам памяць пра Амалека пад небам”.
- Пасьля Майсей пабудаваў ахвярнiк, каторы назваў Ягвэ Нiсi, кажучы:
- “Бо падняў руку на трон Госпада, дзеля таго вайна ў Госпада супраць Амалека будзе з пакаленьня ў пакаленьне”.
Разьдзел 18
- Калi Етра, цесьць Майсея, сьвятар Мадыянскі, пачуў пра ўсё, што Бог учынiў для Майсея i для Ізраэля, народу Свайго, і што Госпад вывеў Ізраэля з Эгiпту,
- дык узяў Цыпору, жонку Майсея, каторую той раней вярнуў,
- i двух сыноў ягоных, з каторых адзiн зваўся Гершон, бо сказаў (Майсей): “Я — прыхадзень у зямлi чужой”,
- а другi зваўся Элiезэр, бо казаў: “Бог бацькi майго быў ўспаможцам маiм i ўратаваў мяне ад мяча фараонавага”.
- І прыйшоў Етра, цесьць Майсеяў, i сыны ягоныя, i жонка ягоная да Майсея ў пустыню, дзе быў ён разлажыўшыся табарам каля гары Божай,
- i сказаў паведамiць Майсею: “Я, цесьць твой Етра, прыходжу да цябе, i жонка твая, i два сыны твае разам зь ёй”.
- І выйшаў Майсей на спатканьне цесьця свайго, і пакланiўся, і пацалаваў яго, i прывiталiся яны словамi мірнымі, і ўвайшлi ў палатку,
- І Майсей расказаў цесьцю свайму ўсё, што зрабiў Госпад фараону i Эгiпцянам дзеля Ізраэля, і пра ўсякiя цяжкасьцi, якiя перажылi ў дарозе, i як вызвалiў iх Госпад.
- І радаваўся Етра з дабрадзействаў, якiя ўчынiў Госпад Ізраэлю, і з таго, як вырваў яго з рук Эгiпцянаў.
- І сказаў ён: “Дабраслаўлены Госпад, Каторы вызваліў вас з рук Эгiпцянаў ды з рукi фараона.
- Цяпер я переканаўся, што Госпад магутнейшы за ўсiх багоў, таму што вырваў народ з рук Эгiпцянаў, каторыя пагарджалі ім “.
- Дык Етра, цесьць Майсея, склаў Богу цэлапаленьнi i ахвяры, а Аарон i ўсе старшыні Ізраэля прыйшлi i елі хлеб зь ім на вiду Бога.
- Назаўтра сеў Майсей судзiць народ, які стаяў перад Майсеям ад ранiцы да вечара.
- Калi цесьць Майсея ўбачыў усё, што ён робiць з народам, сказаў яму: “Чаму ты сам адзiн займаешся справамi народу? Чаму ты сам судзiш, а ўвесь народ мусiць стаяць перад табой ад раніцы да вечара?”
- І Майсей адказаў свайму цесьцю: “Народ прыходзiць да мяне даведацца рашэньня Божага.
- Калi памiж iмi ўзьнiкае спрэчка, прыходзяць да мяне як да судзьдзi памiж iмi, а я iм аб’яўляю прыказаньнi Божыя i Яго законы”.
- І сказаў цесьць Майсею: “Нядобра ты робіш.
- Мучаешся сам i мучаеш народ гэты, якi з табой. Па-над сiлы твае гэты занятак, сам адзiн ня зможаш зь ім справіцца.
- Цяпер паслухай словаў маiх i рады маёй, i хай будзе Бог з табой: Ты сам будзь прадстаўнiком свайго народу перад Богам, i выяўляй Богу яго справы,
- і навучай народ прыказаньням, i законам, i дарозе, якою павiнны iсьцi, i справам, якiя маюць рабiць.
- Але знайдзі сабе з усяго народу людзей здольных i багабаязных, i справядлiвых, i ненавiдзячых хцiвасьць; і ўстанавi зь iх начальнiкаў над тысячаю, над сотняю, над пяцьдзесяткай, i над дзесяткай людзей,
- каб маглi яны судзiць людзей у кожны час. Важнейшыя справы павiнны табе прадстаўляць, а справы малаважныя самi павiнны ладзiць. Табе будзе лягчэй, дык падзялiся зь iмi цяжарам.
- Калi тое зробiш, споўнiш прыказаньнi i волю Божую, i зможаш устаяць, а людзi задаволеныя вернуцца да сябе”.
- І паслухаўся Майсей парады цесьця, i зрабiў усё, што той яму сказаў.
- І выбраў сабе Майсей зь Ізраэля мужоў здольных, i зрабiў iх загадчыкамi народу, начальнiкамi над тысячаю, над сотняю, над пяцідзесяцёма i над дзесяцёма людзьмi,
- каб яны судзiлi народ у кожны час. А калi што важнейшае было, адклiкалiся да яго, меншыя ж справы самi судзілi.
- І адправiў Майсей цесьця свайго, і ён вярнуўся ў сваю зямлю.
Разьдзел 19
- У трэцiм месяцы па выхадзе Ізраэлю з Эгiпту, у той самы дзень прыбылi яны ў пустыню Сынай.
- Выйшлi яны з Рэфiдыму, i дайшлi аж да пустынi Сынай, i разлажылiся табарам у тым месцы, і паставiў Ізраэль палаткi насупраць гары.
- А Майсей узыйшоў (на гару) да Бога. І паклікаў яго Госпад з гары, i сказаў: “Вось што скажы дому Якуба i паведамi сынам Ізраэля:
- Вы самi бачылi, што Я зрабiў Эгiпцянам, і панёс вас, як на крыльлях арлiных, i прынёс вас да Сябе.
- Дык калi будзеце слухаць голасу Майго i выконваць запавет Мой, вы станецеся Мне асаблiвай уласнасьцю спамiж усiх народаў, бо Мая ўся зямля.
- І вы будзеце Мне валадарствам сьвятароў i народам сьвятым. Гэта вось тыя словы, каторыя ты скажаш сынам Ізраэля”.
- І прыйшоў Майсей, i склікаў старшыняў народу, i прадставiў ім усё, што загадаў Госпад.
- І ўвесь народ адказаў аднадушна: “Усё, што загадаў Госпад, – споўнiм”. І перадаў Майсей словы народу Госпаду.
- І сказаў яму Госпад: “Вось Я прыйду да цябе ў воблаку туманным, каб народ чуў, як Я буду гутарыць з табою, каб паверыў ён табе назаўжды”. І Майсей перадаў Госпаду словы народу.
- І сказаў Госпад Майсею: “Ідзi да народу i асьвяцi яго сягоньня i заўтра. Хай памыюць яны адзеньне сваё
- ды хай прыгатуюцца на дзень трэцi. Бо ў трэцi дзень на вачах усяго народу на гару Сынай зыйдзе Госпад.
- І вызначы народу мяжу кругом гары, i скажы яму: Высьцерагайцеся ўзыходзiць на гару i дакранацца яе падножжа, бо хто дакранецца гары — будзе пакараны сьмерцю.
- Хай i рука не дакранецца яе, бо вiнаваты будзе ўкаменаваны або прабiты стралой; і чалавек, i жывёла ня могуць застацца пры жыцьцi. Калi загучыць труба, хай тады падыйдуць пад гару”.
- І зыйшоў Майсей з гары да народу, i асьвяцiў народ, i памылi яны адзеньне сваё.
- І сказаў ён iм: “Будзьце прыгатаваныя на дзень трэцi, і не дакранайцеся жонак вашых”.
- На трэцi дзень на сьвiтаньнi загрымелі грымоты з маланкамі, і цёмнае воблака ахінула гару, i пачуўся магутны гук трубы, так што ўвесь народ, якi прабываў ў табары, дрыжэў ад страху.
- І вывеў Майсей людзей з табару на спатканьне да Бога, i паставiў іх ля падножжа гары.
- А ўся гара Сынай дымелася, бо зыйшоў на яе Госпад у агнi, і ўздымаўся дым зь яе, як зь печы. І ўся гара трэслася страшэнна.
- І гук трубы ставаўся штораз магутнейшы. Майсей гаварыў, а Бог адказваў яму голасам.
- І зыйшоў Госпад на гару Сынай, на самы яе верх, і паклiкаў Майсея на самую яе вяршыню. А калi ён узыйшоў,
- сказаў яму: “Зыйдзi ўнiз i папярэдзь народ, каб ён не захацеў перайсьцi вызначанай мяжы, каб пабачыць Госпада, бо пагiне зь iх многа.
- Таксама i сьвятары, каторыя маюць прыступiцца да Госпада, хай асьвяцяцца, каб Я ня выгубiў iх”.
- І сказаў Майсей Госпаду: “Ня можа народ узыйсьцi на гару Сынай, Ты бо папярэдзiў i забаранiў нам, кажучы: Вызначы мяжу кругом гары i асьвяцi яе”.
- І сказаў яму Госпад: “Ідзi, зыйдзi ўнiз, а потым прыйдзi ты i Аарон з табой, а сьвятары i народ хай не пераходзяць мяжы, каб наблiзiцца да Госпада, каб Я не забiў iх”.
- І зыйшоў Майсей ўнiз да народу, i ўсё iм пераказаў.
Разьдзел 20
- Тады вось сказаў Госпад усе гэтыя словы:
- “Я — Госпад, Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлi Эгiпецкай, з дому няволi.
- Ня мей другiх багоў побач Мяне.
- Не рабi разьбы i нiякай выявы таго, што ўверсе ў небе, анi што на зямлi ўнiзе, анi што ў вадзе нiжэй зямлi.
- Не пакланяйся ім і ня служы ім, бо Я — Госпад, Бог твой, Бог зайздросны, Які карае дзяцей за няправасьць бацькоў да трэцяга i чацьвёртага пакаленьня адносна тых, каторыя Мяне ненавiдзяць,
- і аказвае мiласэрдзе аж да тысячнага пакаленьня тым, каторыя любяць Мяне i спаўняюць прыказаньнi Мае.
- Не гавары імя Госпада, Бога твайго, легкадумна, бо Госпад не пакiне бяз кары таго, хто прызывае iмя Госпада, Бога свайго, надарэмна.
- Памятай, каб сьвяткаваць дзень суботы.
- Шэсьць дзён будзеш працаваць i выконваць усе працы свае,
- а сёмы дзень — субота Госпада, Бога твайго. Не працуй ты, i сын твой, i дачка твая, нявольнiк твой i нявольнiца твая, жывёла твая i чужынец, каторы жыве ў цябе.
- Бо ў шасьцi днях стварыў Госпад неба, i зямлю, i мора, ды ўсё, што на iх ёсьць, i супачыў у сёмы дзень. Дзеля таго багаславiў Госпад дзень суботы i ўсьвяцiў яго.
- Паважай бацьку свайго i мацi сваю, каб быў ты даўгавечны на зямлi, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.
- Не забiвай.
- Не чужалож.
- Не крадзi.
- Не гавары фальшывага сьведчаньня на блiжняга свайго.
- Не квапся на дом блiжняга свайго. Не жадай жонкi яго, анi слугi, анi служанкi, анi вала, анi асла, анi нiчога, што да яго належыць”.
- А народ увесь, чуючы грымоты i голас трубы, бачучы маланкi i гару дымячую, спалохаўся i дрыжэў ад страху, i стаяў здалёк,
- і казаў Майсею: “Ты гавары нам, i мы будзем слухаць! Хай не гаворыць да нас Бог, бо паўмiраем”.
- І сказаў Майсей народу: “Ня бойцеся, каб выспрабаваць вас, прыбыў Бог, i каб страх Ягоны быў у вас, каб вы не грашылi”.
- І народ усё стаяў воддаль, а Майсей наблiзiўся да цёмнага воблака, у каторым быў Бог.
- І сказаў Госпад Майсею: “Вось што скажаш сынам Ізраэля: Вы самi бачылi, як Я зь неба да вас прамаўляў.
- Не рабiце побач Мяне багоў серабраных, анi багоў з золата.
- Зробiце Мне ахвярнiк зь зямлi i на iм будзеце складаць цэлапаленьнi i ахвяры прымірэньня вашыя, авечкi вашыя i валы; на кожным месцы, дзе Я загадаю табе ўспамiнаць iмя Маё, прыйду да цябе i буду дабраславiць табе.
- А калi пабудуеш Мне ахвярнiк з каменьняў, то не будуй з каменьняў чэсаных, бо спаганiш яго, калi прыложыш да яго долата тваё.
- Ня будзеш узыходзiць па прыступках да Майго ахвярнiку, каб не адкрылася голасьць твая.
Разьдзел 21
- Вось гэткiя законы прадставiш iм:
- Калi купiш нявольнiка-Гебрая, ён будзе служыць табе шэсьць гадоў, а ў сёмы звольнiш яго бяз выкупу.
- Калi ён прыйшоў сам, адыйдзе сам, а калi меў жонку, адыйдзе з жонкаю.
- Але калi гаспадар ягоны даў яму жонку, каторая нарадзiла яму сыноў i дачок, тады жонка i дзецi будуць належаць да гаспадара, а ён адыйдзе сам.
- Калi б жа нявольнiк сказаў: “Люблю гаспадара свайго, i жонку, i дзецей, i не хачу адыходзiць на свабоду”,
- хай завядзе тады яго гаспадар перад Бога, i хай падвядзе да дзьвярэй або брамы, i хай праколе яму гаспадар ягоны шылам вуха, i будзе ён нявольнiкам яго назаўжды.
- Калi б хто прадаў сваю дачку, не адыйдзе яна, як адыходзяць iншыя нявольнiкi.
- А калi б яна не спадабалася гаспадару свайму, катораму была аддадзена, хай дазволiць выкупiць яе. Але ня мае ён права прадаць яе чужому народу, калi яе адкінуў.
- Калi ён прызначыў яе сыну свайму, хай зробіць зь ёю па праву дачок.
- Калi ж ён возьме сабе iншую, ня можа адмовіць ёй жыўленьня, адзеньня i супольнага ложку.
- Калi ж ня споўнiць ён адносна яе гэтых трох умоваў, то тады адыйдзе яна дарма, бяз выкупу.
- Калi хто так ударыць чалавека, што той памрэ, то хай будзе сьмерцяй пакараны.
- Калi ж ня меў ён намеру забiць, але Бог (прыпадкам) выдаў яго ў рукi ягоныя, вызначу табе месца, у каторае павiнен уцячы.
- А калi хто наўмысна забiў блiжняга свайго i падступна (хаваўся ля ахвярнiку), то ад ахвярнiку Майго адцягнi яго, i хай пакараны будзе сьмерцяй.
- Калi б хто ўдарыў бацьку свайго або матку, хай будзе пакараны сьмерцяй.
- Калi б хто ўкраў чалавека i прадаў яго, або быў бы ён знойдзены ў яго, хай будзе пакараны сьмерцяй.
- Хто плявузгае на бацьку або на матку, хай будзе пакараны сьмерцяй.
- Калі б хто ў звадцы ўдарыў блiжняга каменем або кулаком, і той не памрэ, а толькi зьляжа ў ложак,
- то калi падымецца i стане хадзiць па двары з палкаю, тады той, хто яго ўдарыў, будзе свабодны, аднак аднагародзiць яму перапынак у працы i лячэньне.
- Калі б хто пабiў нявольнiка свайго або нявольнiцу палкай, i той памёр ад рук ягоных, павiнен строга быць пакараны.
- Калі, аднак, нявольнік пражыве яшчэ дзень ці два, то ня будзе пакараны, бо гэта яго ўласнасьць.
- Калi б мужчыны, бiючыся, ўдарылi цяжарную жанчыну i выклiкалі спарон, але безь якой-колечы шкоды, то вiнаваты будзе пакараны платаю, якую наложыць муж той жанчыны, i выплацiць яе пры пасярэднiках.
- А калi б прычынiў шкоду, тады аддасьць жыцьцё за жыцьцё,
- вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу,
- апарэньне за апарэньне, рану за рану, сiняк за сiняк.
- Калi б хто ўдарыў нявольнiка або нявольнiцу ў вока i спрычынiў страту яго, хай адпусьцiць на волю за вока.
- Таксама, калi б выбiў зуб нявольнiку свайму або нявольнiцы, хай пусьцiць яго на свабоду за зуб.
- Калi б бык пабоў мужчыну або жанчыну, i яны памерлi б, то тады бык павiнен быць укаменаваны, але мяса яго ня есца; і гаспадар быка ня будзе караны.
- Калi, аднак, бык i раней боўся, i гаспадару была на гэта зьвяртана ўвага, але ён яго не пiльнаваў, i забiў ён мужчыну ці жанчыну, то бык павiнен быць укаменаваны, а гаспадар павiнен быць пакараны сьмерцяй.
- Калi б налажылi на яго плату, то павiнен за сваё жыцьцё даць толькi водкуп, якi на яго наложаць.
- Калі б бык пабоў хлопца або дзяўчыну, то маюць учыніць па тому самаму правілу.
- А калi б бык забоў нявольнiка або няволнiцу, то яго гаспадар мусiць выплацiць iхняму гаспадару трыццаць сыкляў серабра, а бык будзе ўкаменаваны.
- Калi хто адкрые студню або выкапае i не закрые яе, і ўвалiцца ў яе вол або асёл,
- то гаспадар студні выплацiць аднагароду ў грошах, а мёртвая жывёла будзе належаць яму.
- Калi б бык аднаго гаспадара ўдарыў быка iншага гаспадара i забiў бы яго, тады прададуць жывога быка i падзеляцца платай за яго, падзеляцца таксама забiтым быком.
- Але калi б было вядома, што бык той боўся раней, i гаспадар яго не пiльнаваў яго, тады аддасьць ён быка жывога, а забiты будзе належаць яму.
- Калi б хто ўкраў вала або авечку і забiў бы iх або прадаў, то тады зьверне пяць валоў за аднаго вала, і чатыры авечкі за адну авечку.
Разьдзел 22
- Калi б хто схапiў злодзея, калi ён уломываецца або падкопваецца, i так бы яго пабiў, што той памёр, то ня будзе вiнны крывi.
- Але каб гэта зрабiў на ўзыходзе сонца, будзе вiнен крывi. Злодзей абавязаны да аднагараджэньня, а калi ня меў бы, чым аднагарадзiць, то трэба яго прадаць за тую самую суму, якую ўкраў.
- Калi ж тое, што ўкраў, знойдзецца ў яго жывое, цi то вол, цi асёл, цi авечка, аддасьць у падвойнай колькасьцi.
- Калi хто спасе поле або вiнаграднiк i пусьцiць быдла сваё, каб спасьвiць чужое поле, тады аднагародзiць тым, што мае найлепшае на сваiм полi ды ў сваiм вiнагараднiку.
- Калi ўзьнiкне агонь i ахопіць цернi, i спалiць сьцiрту збожжа або стаячае на пню збожжа, або поле, то тады той, па чыёй прычыне ўзьнiк пажар, павiнен аднагародзiць шкоду.
- Калi б хто даў другому грошы або каштоўныя рэчы на захаваньне, i яны б былi скрадзеныя ў доме таго чалавека, калі злодзей будзе выяўлены, павiнен выплацiць падвойнае адшкадаваньне.
- Калi б ня выяўлена злодзея, то тады той гаспадар дому стане перад Богам i прысягне, што ня выцягнуў рукi на дабро бліжнага свайго.
- У кожнай справе спрэчнай, цi то адносна вала, цi асла, цi авечкi, цi адзеньня, цi адносна ўсякай згубленай рэчы, аб каторай хто скажа: “Гэта маё”, справа абодвух павiнна быць прадстаўлена Богу, і каторага Бог прызнае вiнным, той зьверне другому ў два разы.
- Калi б хто даручыў другому ў апеку асла, вала, авечку або якую другую жывёлу, а яна б збегла або скалечылася, або была зьведзеная ворагамi, i нiхто гэта ня бачыў,
- то справу памiж абодвума вырашыць прысяга перад Госпадам, што перахоўваючы, адзін ня выцягнуў рукi на дабро другога; і хай гаспадар прыйме тое, што засталося, а той ня будзе плацiць аднагароды.
- А калі будзе ўкрадзена ў яго, то ён павінен заплаціць гаспадару.
- А калi тая жывёла разьдзёртая будзе дзiкiм якiм зьверам, то ён прынясе яе як доказ і ня будзе плацiць.
- Калi б хто пазычыў ад другога жывёлу, а яна акалячэла або пала ў адсутнасьцi гаспадара, то павiнен заплацiць упоўні.
- Але калi гаспадар прысутнiчаў, то ня плацiць. Калi яна была нанятая за грошы, то атрымае цану найму.
- Калi б хто зьвёў дзяўчыну яшчэ не заручаную ды спаў зь ёй, хай заплацiць плату, складаную пры заручынах, ды возьме яе за жонку.
- Калi б бацька не згадзiўся аддаць яе яму, тады павiнен ён заплацiць столькi, колькi вымагае плата, складаная пры заручынах.
- Не дазволiш жыць чараўнiцы.
- Хто ляжа з жывёлай, будзе пакараны сьмерцяй.
- Хто б складаў багам па-за адзiным Госпадам ахвяры, будзе пакараны сьмерцяй.
- Прыхадня не ўцiскай і не перасьледуй, бо прыхаднямі i вы самi былi ў зямлi Эгiпецкай.
- Удаве i сiраце не рабiце крыўды.
- Калi iх будзеш крыўдзiць, будуць яны прызываць Мяне, i Я выслухаю клiч iхнi,
- i разгарыцца гнеў Мой, i выгублю вас мячом, i стануць жонкi вашы ўдовамi, а дзецi вашыя — сiротамi.
- Калi пазычыш грошы ўбогаму з Майго народу, якi пражывае побач цябе, ня будзеш яму лiхвяром, i не накладай на яго адсоткі.
- Калi ў заклад возьмеш плашч ад блiжняга свайго, перад заходам сонца аддай яму,
- бо гэта адзiная яго шата, якой акрывае ён цела сваё, i ня мае iншага, пад чым спаў бы. Калi бо будзе ён прызываць Мяне, Я выслухаю яго, бо Я мiласэрны.
- Ня блюзьнi Богу i не праклiнай начальнiка народу свайго.
- Не марудзь з ахвяраю са шчодрасьцi току твайго i тоўчнi вiнаграду. І дасi Мне першароднага з сыноў тваiх.
- Тое самае зробiш з першародным з быкоў i авечак. Сем дзён хай будзе ён пры матцы сваёй, а ў восьмы дзень аддасi яго Мне.
- Вы будзеце Мне людзьмi сьвятымi. Ня ешце мяса зьвера, разьдзёртага на полi, але кiньце яго сабакам.
Разьдзел 23
- Не прыймай фальшывай весткi i не давай рукi лiхотнiку, каб сьведчыць фальшыва.
- Не хадзі за натоўпам на зло. Не згаджайся на судзе на рашэньне многiх, калi яно разьмiнаецца з праўдаю.
- Не шкадуй таксама беднага на судзе.
- Калi сустрэнеш вала ворага свайго або асла блукаючага, завядзi да яго.
- Калi ўбачыш асла ненавiсьнiка свайго, лежачага пад цяжарам, не абмiнi, але разам зь iм прыйдзi з дапамогай.
- Не судзi пераваротна на судзе ў справе беднага.
- Высьцерагайся хлусьні. Нявiннага i справядлiвага не забiвай, бо Я не апраўдаю няправасьцi.
- Не прыймай падарункаў, бо падарункi сьлепяць добра бачачых i крывяць справы справядлiвых.
- Ня крыўдзі прыхадня, бо вы ведаеце душу прыхадняў, бо i вы самi былi прыхаднямi ў зямлi Эгiпецкай.
- Шэсьць гадоў будзеш засяваць зямлю сваю i зьбiраць яе плады.
- У сёмы год запусьцiш яе i ня будзеш зьбiраць пладоў, каб елi ўбогiя твайго народу; а што яшчэ застанецца, хай жывяцца зьвяры палявыя. Тое самае зробiш з вiнаграднiкам тваім i алiўнiкам тваiм.
- Шэсьць дзён будзеш працаваць, а ў сёмы дзень спынiшся, каб адпачылi вол твой i асёл твой, ды аддыхнуў сын нявольнiцы тваёй i прыхадзень.
- Усё, што Я сказаў вам, споўнiце, i iмёны чужых багоў не прызывайце, і хай ня чуюцца яны ў вуснах тваiх.
- Тры ўрачыстыя сьвяты будзеш сьвяткаваць дзеля Мяне ў кожным годзе.
- Сьвяткуй ўрачыстасьць Праснакоў: сем дзён будзеш есьцi праснакі, як Я загадаў табе, у вызначаны час месяца Абiб, у якi выйшаў ты з Эгiпту. І не зьявішся перада Мною з пустымi рукамi.
- І урачыстасьць Жнiва пяршынаў працы тваёй з таго, што ты пасеяў на полi сваiм. Таксама ўрачыстасьць Збораў на канцы года, калi зьбярэш усе свае плады з поля.
- Тры разы ў год кожны твой мужчына мае явiцца перад Госпада Бога.
- Не складай крывi ахвяры Маёй з хлебам квашаным, i хай не застаецца да ранiцы тлустасьць сьвяточнай ахвяры Маёй.
- Прынось у дом Госпада, Бога твайго, пяршыны пладоў зямлi тваёй. І ня будзеш варыць казьлянё ў малаку маткi ягонай.
- Вось жа Я пасылаю анёла, ён папярэдзiць цябе i будзе сьцерагчы цябе ў дарозе ў месца, якое Я прыгатаваў.
- Паважай яго i слухай голасу ягонага, не працiўся яму, таму што ён не даруе грэху вашага, бо iмя Маё ў iм.
- Калi будзеш слухаць голас яго i будзеш рабiць усё, што Я кажу, то Я буду ворагам тваiх ворагаў i буду перасьледаваць тых, што цябе перасьледуюць.
- Папярэдзiць бо цябе анёл Мой i завядзе цябе да Амарэйца i Гетыта, Пэрэзэя і Хананейца, i Гівея, і Ебусея, каторых Я зьнiшчу.
- Ня будзеш пакланяцца багам iхнiм i ня будзеш iм служыць. Ня будзеш рабіць, як яны рабілі, але зьнiшчыш iх i паразьбiваеш каменьнi iхнiя.
- Будзеце служыць Госпаду, Богу вашаму, каб дабраславiў Я хлябы вашыя i воды, і ўхiлiў хваробу спамiж вас.
- Ня будзе спаронаў i бясплодзьдзя ў зямлi тваёй; і Я павялiчу лiчбу дзён жыцьця твайго.
- Страх Мой Я пашлю перад табою i ўстрывожу кожны народ, да каторага прыйдзеш, і зраблю, што будуць уцякаць перад табой усе ворагі твае,
- бо Я пашлю шаршанёў, каторыя выганяць Гівея, i Хананейца, i Гэтыта перш, чым ты прыйдзеш.
- Ня выганю iх перад табой у адзiн год, каб зямля ня сталася пустыняй, ды каб не павялiчылiся на некарысьць тваю дзiкiя зьвяры.
- Памалу выганю iх перад табою, пакуль павялiчышся i авалодаеш зямлёю.
- Я пашыру межы твае ад Чырвонага мора аж да мора Палястынскага i ад пустынi аж па Раку, і аддам у рукi вашыя жыхароў зямлi гэтай, i выганю iх спасярод вас.
- Не заключай запавету ані зь імі, ані з багамі іхнімі.
- Ня будуць яны жыць у зямлi тваёй, каб ня ўводзiлi вас у грэх адносна Мяне, калi будзеце служыць iхнiм багам, бо будзе табе гэта на згаршэньне”.
Разьдзел 24
- І сказаў Майсею (Госпад): “Узыйдзi да Госпада ты i Аарон, Надаб i Абiгу, i семдзесят старшых Ізраэля, і здалёк пакланiцеся.
- І толькi адзiн Майсей зблiзiцца да Госпада, але яны ня зблiзяцца, анi народ ня ўзыйдзе зь iм”.
- Дык прыйшоў Майсей i расказаў народу ўсе словы Госпада i законы. А ўвесь народ у адзiн голас адказаў: “Усе словы Госпада, каторыя Ён сказаў, — споўнiм”.
- І запiсаў Майсей усе словы Госпада. Назаўтра рана ўстаўшы, збудаваў ахвярнiк ля падножжа гары i паставiў дванаццаць камянёў, адпаведна да лiчбы дванаццацi пакаленьняў Ізраэля.
- Потым даручыў юнакам з сыноў Ізраэля, i яны склалi ахвяру цэлапаленьня, і склалі Госпаду ахвяру прымірэньня зь цялят.
- І ўзяў Майсей палову крыві, i ўлiў у чашы, а пазасталай часткаю крывi пакрапiў ахвярнiк.
- Потым узяў ён Кнiгу Запавету i чытаў яе ў голас народу, які сказаў: “Усё, што загадаў Госпад, — споўнiм i будзем паслухмяныя”.
- І ўзяў ён пакiнутую кроў, i пакрапіў на народ, i сказаў: “Гэта кроў Запавету, каторы Госпад заключыў з вамi на падставе ўсiх гэтых словаў”.
- Пасьля ўзыйшлi Майсей i Аарон, Надаб i Абігу, i семдзесят старшынь Ізраэля.
- І ўбачылi яны Бога Ізраэля, а пад Яго нагамі нешта, падобнае на твор з каменьня шафiру, i быццам самое неба ў пагоду.
- І на выбраных сыноў Ізраэля не падняў Ён рукi Сваёй; таму маглi яны глядзець на Бога, а потым елi i пiлi.
- І сказаў Госпад Майсею: “Узыйдзi да Мяне на гару i будзь там. Я дам табе каменныя таблiцы, i закон, i прыказаньнi, каторыя Я напiсаў, каб навучыць iх”.
- І ўстаў Майсей i Ешуа, яго памочнiк, i ўзыйшоў Майсей на гару Божую,
- і сказаў ён старшыням: “Чакайце тут, пакуль вернемся да вас. Маеце Аарона i Гура з вамi. Калi б узнiкла якая справа, зьвяртайцеся да iх”.
- І калi Майсей узыйшоў на гару, воблака закрыла яе.
- І супачыла хвала Госпада на Сынаi, акрываючы яе воблакам шэсьць дзён. У сёмы ж дзень паклікаў (Госпад) Майсея зь сярэдзiны воблака.
- А выгляд хвалы Госпада быў як бы палаючы агонь на вяршыні гары на вачах сыноў Ізраэля.
- І ўвайшоў Майсей у сярэдзiну воблака, i ўзыйшоў на гару, і заставаўся Майсей на гары сорак дзён i сорак начэй.
Разьдзел 25
- І вось што сказаў Госпад Майсею:
- “Скажы сынам Ізраэля, каб сабралi для Мяне дары; ад кожнага чалавека прыймiце, каторы складае дар дабравольна.
- Вось тыя рэчы, каторыя маеце прыняць: золата, серабро i медзь,
- пурпур фiялетавы i чырвоны, кармазын, вісон, казiную воўну,
- скуры бараноў фарбаваныя на чырвона ды скуры з дэльфiнаў, поруч дрэва акацыяў,
- алей да сьвечнiкаў, пахнiдлы для вырабу алею намашчэньня i пахкіх кадзiлаў,
- камянi оніксу i камянi брылянты для аздабленьня эфоду i нагрудніку.
- І хай зробяць Мне сьвятыню, i Я буду жыць памiж iх.
- Зробіце ўсё на падобнасьць скініі, каторую Я пакажу табе, таксама ўвесь посуд для служэньня. Усё так і зробіце.
- І зробіце каўчэг з дрэва акацыi. Даўжыня яго — два локцi з паловаю, шырыня — паўтары локці, а вышыня — паўтары локці.
- І пакрыеш яго шчырым золатам з вонку i з нутра, і зробiш на ім кругом залаты вянок.
- І выльеш да яго чатыры залатыя колцы i ўмацуеш на чатырох нiжнiх вуглах ягоных: два колцы на адным яго баку, і два колцы на другім.
- І зробiш з дрэва акацыi насілы, i пацягнеш iх золатам.
- І ўложыш (насілы) ў колцы па баках каўчэга, каб насiць яго.
- Насілы будуць заставацца ў колцах каўчэга i ня будуць зь iх вымацца.
- І ўложыш у каўчэг Сьведчаньне, якое Я дам табе.
- І зробiш накрыўку з найчысьцейшага золата: даўжыня яе — два з паловай локці, а шырыня — паўтары локці.
- З абодвух бакоў накрыўкі выкуеш з золата i паставiш двух хэрубімаў,
- аднаго хэрубіма з аднаго боку, а другога — з другога; разам з накрыўкай зробіш іх на абодвух баках яе.
- Хай (хэрубімы) узнімаюць крылы ўгору i закрываюць сваiмi крыламi накрыўку; а твары будуць мець зьвернутыя адзiн да аднаго, і твары будуць зьвернутыя да накрыўкi,
- якою павiнен закрывацца каўчэг, у каторы паложыш Сьведчаньне, якое Я дам табе.
- І буду Я сустракацца там з табою, i з-над накрыўкi, спамiж хэрубімаў, каторыя па-над Каўчэгам Сьведчаньня, буду гаварыць з табою пра ўсё, што загадаю празь цябе сынам Ізраэля.
- І зробiш таксама стол з дрэва акацыi, маючы два локцi даўжынi, і локаць шырынi, і паўтары локці вышынi.
- І пакрыеш яго найчысьцейшым золатам, i зробiш навокал залаты вянок.
- І абвядзеш кругом лiштвай на чатыры пальцы шырока, i зробiш залаты вянок навокал.
- І зробіш чатыры залатыя колцы для яго, i ўмацуеш кольцы на чатырох вуглах ля чатырох ножак ягоных.
- Пры ліштвах павiнны быць колцы, каб укладаць насілы і насіць стол.
- А насілы зробiш з дрэва акацыi i пацягнеш iх чыстым золатам, i будуць насiць на iх гэты стол.
- І прыгатуеш таксама для яго мiсы, чашы, збанкi i кубкi для складаньня ахвяраў вадкiх, і зробiш iх з чыстага золата.
- І будзеш класьцi на стол хлябы пакладныя перад аблiччам Маiм заўсёды.
- Зробiш таксама сьвечнiк з найчысьцейшага золата. Каваны мусiць быць сьвечнiк разам з падставай i сьцяблом яго, чашачкамi, яблыкамі і кветкамі.
- Шэсьць галiнаў павiнны выходзiць зь яго бакоў, тры галiны з адного яго боку, і тры галiны — з другога боку.
- Тры чашачкi ў форме краскаў мiгдалёвых зь яблыкамi i кветкамі на адной галіне, і тры чашачкі ў форме краскаў мiгдалёвых — на другой галiне, зь яблыкамі i кветкамi, і так на ўсiх шасьцi галiнах, якія выходзяць са сьцябла.
- А на сьцябле сьвечнiка павiнны быць чатыры чашачкi, падобныя да краскi мігдалёвай, зь яблыкамi i кветкамі.
- У шасьцi галiнаў, выходзячых са сьцябла сьвечнiка, яблык пад двума яго галiнамi, i яблык пад другiмi двума галiнамi, i яблык пад трэцiмi двума галiнамi ягонымi, і на сьцябле чатыры чашачкi, падобныя да мiгдалёвай краскi.
- Яблыкi i галiны iх, і ён зь імі разам павiнны быць выкаваныя з чыстага золата.
- І зробiш да яго сем лямпаў, i паставіш на яго лямпы ягоныя, каб асьвятлялi пярэдні яго бок.
- Да яго зробiш з чыстага золата шчыпцы i папяльнічкі.
- З талента чыстага золата трэба зрабiць сьвечнiк i ўсе прыналежнасьцi да яго.
- Глядзi, каб зрабiў паводле ўзору, якi Я на гары паказаў табе.
Разьдзел 26
- Скінію зробiш зь дзесяцi палотнаў: з кручанага вiсону, зь фiялетавага i чырвонага пурпуру, з кармазыну, з хэрубімамі, зробленымi мастацкай работаю.
- Даўжыня кожнага палатна — дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнага палатна — чатыры локцi. Усе палотны павiнны мець адну меру.
- Пяць палотнаў будуць павязаныя адно з другім, падобна другiя пяць палотнаў будуць павязаныя адно з другім.
- І прышыеш пяцелькi зь фiялетавага пурпуру па берагах аднаго палатна, дзе павiнна быць сьпята; і гэтаксама зробiш па берагах апошняга палатна, дзе павiнна быць сьпята.
- Пяцьдзесят пяцелек прышыеш да аднаго палатна і пяцьдзесят пяцелек прышыеш да другога палатна ў месцы, дзе маюць быць сьпятыя, так, каб пяцелькi былi прышытыя насупраць адна адной.
- Затым прышыеш пяцьдзесят залатых кручкоў i зьвяжаш палотны пры дапамозе кручкоў тых, i скінія будзе адным цэлым.
- Потым зробiш адзінаццаць пакрыцьцяў з казiнай воўны на палатку над скініяй.
- Даўжыня аднаго пакрыцьця будзе трыццаць локцяў, а шырыня – чатыры; усе адзiнаццаць пакрыцьцяў будуць мець аднолькавыя памеры.
- І палучыш пяць пакрыцьцяў асобна, а шэсьць пакрыцьцяў – асобна; і шостае пакрыцьцё зробiш падвойнае, яно мае вiсець ля ўваходу ў скiнiю.
- І зробiш пяцьдзесят пяцелек па краі апошняга пакрыцьця для сьпінаньня яго з другiм, i пяцьдзесят пяцелек па краі другога пакрыцьця.
- І зробiш пяцьдзесят кручкоў медных, i ўложыш кручкi ў пяцелькі, і злучыш іх, каб з усiх сталася адна палатка.
- А што засталося з пакрыцьцяў палаткі, палова пакрыцьця, што застанецца, хай будзе зьвісаць на заднім баку скiнii.
- А што засталося ад даўжынi пакрыцьцяў палаткі, на локаць з аднаго i другога боку, хай будзе зьвісаць па баках скініі для прыкрыцьця яе.
- Затым зробiш iншае пакрыцьцё на палатку з чырвоных баранiх скураў і яшчэ пакрыцьцё верхняе са скураў дэльфiнаў.
- І зробiш дошкi для скiнii з дрэва акацыi, каб яны стаялi проста.
- У даўжыню кожная дошка будзе мець дзесяць локцяў, а ў шырыню — паўтары локці.
- Кожная дошка будзе мець два шыпы, асаджаныя адзiн супраць другога. І так зробiш пры ўсiх дошках скiнii.
- Так зробiш дваццаць дошкаў для паўдзённага боку, што глядзіць на поўдзень.
- І пад дваццаць дошкаў зробiш сорак серабараных падножак: дзьве падножкi пад адну дошку для яе шыпоў.
- І зробіш дваццаць дошкаў для другога боку скiнii , што глядзіць на поўнач,
- i для iх сорак серабраных падножак; дзьве падножкi для двух шыпоў пад кожную дошку.
- Для задняга боку скiнii, на захад, зробiш шэсьць дошак.
- І дзьве дошкi зробiш для вуглоў скiнii на заходнім баку.
- Яны павiнны быць злучаныя ўнiзе і злучаныя ўверсе адным колцам. Так мае быць зь iмi абедзьвюма для абодвух вуглоў.
- І так будзе восем дошкаў, i для iх серабраных падножак шаснаццаць, па дзьве падножкi пад кожную дошку.
- І зробiш жэрдкі з дрэва акацыi, пяць для дошкаў аднога боку скiнii,
- i пяць для другога боку скiнii, i пяць для дошкаў задняга боку скiнi.
- А сярэдняя жэрдка будзе праходзiць пасярэдзiне дошкаў ад аднаго канца да другога.
- А дошкi пацягнi золатам, і колцы на ўкладаньне жэрдак зрабi з золата, і жэрдкі пацягнi золатам.
- І паставіш скiнiю паводле ўзору, каторы паказаны табе на гары.
- І зробiш заслону зь фiялетавага i чырвонага пурпуру, з кармазыну i з кручанага вiсону, з хэрубімамi, выгафтаванымi мастацкай работаю.
- І павесіш яе на чатырох слупках з акацыі, пацягнутых золатам, з залатымi кручкамi ды на чатырох серабраных падножках.
- І павесіш заслону на кручках, i ўнясеш туды за заслону Каўчэг Сьведчаньня, i будзе заслона аддзяляць месца Сьвятое ад Найсьвяцейшага.
- І паложыш накрыўку на Каўчэг Сьведчаньня ў месцы Найсьвяцейшым.
- Паставiш перад заслонай стол, а насупраць стала на паўдзённым баку скiнii – сьвечнiк; стол жа паставiш на паўночным баку.
- І зробiш заслону над уваходам у скiнiю зь фiялетавага i чырвонага пурпуру, з кармазыну i кручанага вiсону, шматколерна вышываную.
- І зробiш для заслоны пяць слупкоў з дрэва акацыi, пацягнуўшы iх золатам, кручкi да iх таксама залатыя, і адлi да iх пяць падножак медзяны.
Разьдзел 27
- І зробiш ахвярнiк з дрэва акацыi, якi будзе мець пяць локцяў даўжынi i пяць локцяў шырынi, значыць квадратны, i тры локцi вышынi.
- І зробiш рогi на чатырох вуглах яго так, каб рогi выставалi зь яго ўверх, i пацягнеш яго медзьдзю.
- І зробiш папяльнiцы на высыпаньне ў iх попелу, таксама лапаткi, крапiльнiцы, вiлкi i кадзiльнiцы; усе прыналежнасьцi зробіш зь медзi.
- Зь медзi зробiш да яго крату ў форме сеткi, а на чатырох вуглах – колцы зь медзi.
- І ўмацуеш крату зьнiзу пад краем ахвярнiка так, каб сетка даставала да паловы ахвярнiка.
- І зробiш насілы да ахвярнiка з дрэва акацыi ды пацягнеш iх медзьдзю,
- і ўкладзеш насілы ў колцы, і будуць насілы з абодвух бакоў ахвярнiка, калі будуць яго пераносіць.
- І зробiш яго з дошкаў так, каб быў пусты ўнутры. Як паказана табе на гары, хай так зробяць.
- І зробіш панадворак скiнii. На яго паўдзённым баку заслоны будуць з кручанага вiсону, даўжынёй у сто локцяў з аднаго боку.
- А да таго дваццаць слупкоў i дваццаць падножкаў зь медзi, поруч кручкi на слупках i зьвязы на iх зь серабра.
- Таксама на паўночным баку будуць заслоны ў сто локцяў даўжыні; і слупкоў для iх дваццаць, i падножак для iх дваццаць медзяных, поруч кручкi на слупках i зьвязы на iх зь серабра.
- Ушыркі панадворку з заходняга боку будуць заслоны ў пяцьдзесят локцяў, і слупкоў для iх дзесяць, i падножкаў дзесяць.
- У шырыню панадворак зь пярэдняга боку, што глядзіць на ўсход, – пяцьдзесят локцяў.
- У адзін бок будуць заслоны ў пятнаццаць локцяў, а да таго тры слупкi i тры падножкi.
- І заслоны з другога боку будуць у пятнаццаць локцяў, і слупкоў для iх тры, i падножкаў для iх тры.
- А пры ўваходзе на панадворак – заслона ў дваццаць локцяў зь фiялетавага i чырвонага пурпуру, кармазыну i кручанага вiсону, шматколерна вышываная, а да таго чатыры слупкi i чатыры падножкi.
- Усе слупкi кругом панадворку павiнны быць заагледжаныя ў серабраныя зьвязы, і кручкi зь серабра будуць, а падножкi – зь медзi.
- Даўжыня панадворку будзе сто локцяў, шырыня – пяцьдзесят, а вышыня – пяць локцяў; (усё будзе) з кручанага вiсону i будзе мець медзяныя падножкі.
- Усе прыналежнасьцi скiнii для ўсякага ўжытку ў ёй, усе яе калкi i калкi панадворку будуць зь медзi.
- І загадаеш сынам Ізраэля, каб прынесьлi ў сьвечнiк алей чысты, выцiснуты з алiвак, каб гарэла сьвятло ва ўсякi час
- у Палатцы Сустрэчы на вонкi заслоны, каторая перад Сьведчаньнем. І будзе запальваць яго Аарон i сыны ягоныя, каб ад вечара да ранiцы гарэў перад воблiкам Госпадавым. Гэта закон вечны на ўсе пакаленьнi сыноў Ізраэл.
Разьдзел 28
- Ты вось вазьмі да сябе брата свайго Аарона з сынамi ягонымi спамiж сыноў Ізраэля, каб служылi Мне сьвятарамi: Аарона, Надаба, Абiгу, Элеазара i Ітамара.
- І справiш адзеньне сьвятое Аарону, брату свайму, на славу i на аздабленьне.
- Пагавары з усiмi мудрымi сэрцам, каторых надзялiў Я духам мудрасьцi, каб справiлi шаты Аарону для пасьвячэння яго, і ён будзе служыць Мне.
- Такiя вось маюць быць шаты, каторыя зробяць: нагруднік i эфод, верхняя шата, шата вышываная, кідар i пояс. Хай зробяць сьвятыя шаты брату твайму Аарону i сынам яго, каб служылi яны Мне сьвятарамi.
- Хай яны возьмуць золата, фiялетавы i чырвоны пурпур, кармазын i вiсон.
- І хай зробяць эфод з золата, зь фiялетавага i чырвонага пурпуру, з кармазыну i з кручанага вiсону мастацкай работаю.
- І будзе ён мець два нараменьнiкi, злучаныя з сабою на абодвух найвышшых канцах.
- А пояс эфоду, каторы паўзьверх яго, павiнен быць аднолькавай зь iм работы з чыстага золата, зь фiялетавага i чырвонага пурпуру, кармазыну i кручанага вiсону.
- І возьмеш два камянi онiксу, i выражаш на iх iмёны сыноў Ізраэля,
- шэсьць iмёнаў iх на адным каменi i шэсьць iмёнаў iншых на другiм каменi па чарзе нараджэньня iх.
- Як разьбяр на каменi выразае пячатку, так i ты на абодвух камянях выражаш iмёны сыноў Ізраэлявых i асадзiш iх у залатыя аправы.
- І два гэтыя камянi памясьцi на абодвух нараменьнiках эфоду. Гэта камянi на памяць сынам Ізраэля. Вось жа Аарон будзе насiць iмёны iх перад Госпадам на абодвух рамёнах сваiх на памяць.
- А аправы зробiш з золата,
- таксама два ланцужкi з чыстага золата, як кручаныя шнуркi, i прычэпiш іх да аправаў.
- І зробiш нагруднiк судовы мастацкаю работай у такi самы спосаб, як эфод, з золата, зь фiялетавага i чырвонага пурпуру, карамзыну і кручанага вiсону.
- Будзе ён квадратны i падвойны, а даўжыня яго i шырыня будзе ў адну пядзь.
- Памясьцi на iм чатыры рады дарагiх каменьняў: у першым радзе – рубiн, тапаз і шмарагд,
- у другiм радзе – гранат, шафiр i бэрыль,
- у трэцiм радзе – яхонт, агат i амэтыст,
- у чацьвёртым радзе – хрызалiт, онікс i ясьпiс. Будуць асаджаны яны ў залатых аправах у адпаведных радах.
- Каменьнi гэтыя атрымаюць iмёны сыноў Ізраэля: будзе iх дванаццаць паводле iх iмёнаў і будуць яны рэзаны на ўзор пячаткі, кожны са сваiм iмем паводле дванаццаці пакаленьняў.
- Да нагруднiка зробiш ланцужкi кручаныя, як шнуркі, з чыстага золата.
- І зробiш да нагруднiка два залатыя пярсьценi, i прыправiш абодвы гэтыя пярсьценi на верхнiх канцах нагруднiка.
- Два залатыя ланцужкі працягнеш праз абодва пярсьценi на абодвух канцах нагруднiка.
- Іншыя ж два канцы абодвух ланцужкоў прышыеш да двух аправаў, якія прымацуеш да нараменьнiкаў эфоду сьпераду.
- Пасьля зробiш яшчэ два iншыя пярсьценi i прымацуеш да двух нiжнiх канцоў нагруднiка па беразе яго на ўнутраным баку, зьвернутым да эфоду.
- Затым зробiш яшчэ два залатыя пярсьценi i прышыеш да двух нараменьнікаў эфоду на зьнешнім баку ўнiзе, у месцы сьпяцьця эфоду з поясам.
- Потым зьвяжаш пярсьценi нагруднiка з пярсьценямi эфоду шнурком зь фiялетавага пурпуру так, каб нагруднік ляжаў на поясе эфоду i ня мог перасунуцца са свайго месца на эфодзе.
- Такiм чынам Аарон будзе насiць iмёны сыноў Ізраэля, выпiсаныя на нагруднiку судовым, на сваiм сэрцы, калi будзе ўваходзiць у сьвятыню, каб заўсёды меў іх у памяцi перад Госпадам.
- У нагруднiк судовы ўлажы Урым i Тумiм, каторыя будуць на сэрцы Аарона, калi ён будзе станавiцца перад воблiкам Госпада. І так будзе насiць Аарон на сэрцы сваiм суд для сыноў Ізраэля перад воблiкам Госпада заўсёды.
- І зробiш верхнюю шату пад эфод, усю зь фiялетавага пурпуру.
- І будзе мець яна ў сярэдзiне адтулiну на галаву i абшыўку вакол адтулiны тканую, падобную як пры адтуліне панцыра, каб не разьдзёрлася.
- На яе краях унізе па колу прышыеш яблыкi гранату зь фiялетавага i чырвонага пурпуру, кармазыну, i званочкi залатыя кругом памiж iх.
- Званок залаты i яблык гранату будуць на перамену вакол нiжняга крыса шаты.
- І будзе адзявацца ў яе Аарон у час спаўненьня служеньня, каб чуўся гук, калi будзе ўваходзiць у Сьвятыню перад аблiчча Госпада i выходзiць, і не памрэ.
- І зробiш дыядэму з чыстага золата, на якой выражаш, як выразана на пячатцы: “Сьвятое Госпада”.
- І прывяжаш яе шнуром зь фiялетавага пурпуру, каб была яна на пярэднім баку кідара.
- І будзе яна на чале Аарона, бо Аарон панясе на сабе правiны, дапушчаныя ў сьвятых рэчах, калі будуць складаць сыны Ізраэля ахвяры і дары свае. І будзе дыядэма заўсёды на яго чале для атрыманьня яму ласкi перад Госпадам.
- І вытчы шату зь вiсону, i кідар зь вiсону, i пояс, штучна вышываны.
- А сынам Аарона зробiш шаты ільняныя i паясы, i мiтры на славу i на аздабленьне.
- І адзенеш у iх брата свайго Аарона i сыноў яго разам зь iм, і памажаш iх, i напоўнiш рукi iхнiя, i пасьвяцiш iх, і яны будуць Мне сьвятарамi.
- І зробiш iм споднiя порткi, каб хавалi голасьць цела ад сьцёгнаў аж да лытак.
- І будуць карыстацца iмi Аарон i сыны ягоныя, калi будуць уваходзiць у Палатку Сустрэчы або калi будуць прыступаць да ахвярнiка, каб служыць у Сьвятыні, каб дзеля грэшнасьцi не паўмiралi. Гэта пастанова вечная будзе для Аарона i патомства ягонага па iм.
Разьдзел 29
- Так будзеш пасьвячаць iх на сьвятароў Мне: вазьмi аднаго бычка i двух бараноў без заганы,
- i хлябы няквашаныя, i праснакi, запраўленыя алеем, i бондачкi прэсныя, памазаныя алеем. Сьпячэш iх з найчы-сьцейшай мукi пшанічнай.
- І, палажыўшы гэта ў кош, складзеш у ахвяру, таксама бычка i двух бараноў.
- А Аарона i сыноў яго прывядзеш да ўваходу ў Палатку Сустрэчы i абмыеш iх вадою.
- Потым адзенеш Аарона ў ягоныя шаты, значыць, у споднюю шату, шату пад эфод, нагруднiк, i прымацуеш яго поясам эфоду.
- А ўсклаўшы яму кідар на галаву, памесьціш сьвятую дыядэму на кідары.
- Пасьля возьмеш алей памазаньня i выльеш яго на галаву яму, i памажаш яго.
- І прывядзеш таксама сыноў, i адзенеш iх у шаты льняныя, і падпярэжаш поясам,
- і наложыш на іх мiтры, i будуць яны Мне сьвятарамi па закону на вякі. І напоўнiш рукi Аарона i сыноў яго.
- Потым прывядзеш бычка перад Палатку Сустрэчы, і Аарон i сыны яго паложаць рукi на галаву бычка.
- І заб’еш яго перад Госпадам пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы.
- І, узяўшы крыху крывi таго бычка, памажаш пальцам рагi ахвярнiка, а астатак крывi выльеш ў падставы ахвярнiка.
- А пазьбiраўшы тлустасьць, пак-рываючую нутро, i сальнiк, каторы на вантробе, і абедзьве ныркi, i тлушч на iх, спалiш гэта на ахвярнiку.
- А мяса бычка i яго скуру, i нячыстасьць спалiш ў агнi па-за табарам. Гэта вось ахвяра за грэх.
- Возьмеш потым аднаго барана, i Аарон i сыны яго паложаць рукi на галаву таго барана.
- І заб’еш таго барана, і, узяўшы крыху крывi ягонай, пакрапiш кругом ахвярнiк.
- І падзелiш барана на часткi, i, абмыўшы нутро яго i ногi, паложыш iх на iншых яго частках i на галаве.
- І спалiш усяго таго барана на ахвярнiку. Гэта ахвяра цэлапаленьня Госпаду, мiлы пах, ахвяра, спальваная для Госпада.
- А потым возьмеш другога барана, і Аарон i яго сыны ўзложаць рукi на галаву таго барана.
- І заб’еш барана, і ўзяўшы крыху яго крывi, памажаш ёю верх правага вуха Аарона i верх правага вуха яго сыноў, i вялiкiя пальцы правай iх рукi i нагi, i пакрапiш крывёй кругом ахвярнiку.
- І возьмеш крыху крывi, каторая на ахвярнiку, i алею да памазаньня, i пакрапiш Аарона i шаты ягоныя, i сыноў яго, i шаты iхнiя, каб быў ён пасьвячаны разам з сваiмi шатамi, а зь iм таксама сыны яго i шаты сыноў яго.
- І возьмеш тлушч барана, i хвост, i тлустасьць, пакрываючую нутро, i сальнiк, каторы на вантробе, i абедзьве ныркi i тлушч, каторы на iх, i правае плячо, бо гэта баран пасьвячэньня,
- а таксама бохан хлеба i бондачку на алеі, i сухарык з каша праснакоў, каторыя перад Госпадам.
- І ўсё гэта паложыш на далонi Аарона i на далонi яго сыноў, каб трэсьці іх перад Госпадам.
- І возьмеш гэта потым зь iхнiх рук, i спалiш на ахвярнiку як цэлапаленьне на мiлы пах на вiду Госпада. Гэта ахвяра агнявая для Госпада.
- І возьмеш грудзь барана, ахвяраванага на пасьвячэньне Аарона, i патрасеш яе перад Госпадам, i прыпадзе ён табе як частка твая.
- І пасьвяцiш грудзь патрасаную i плячо падыманае з барана, што быў на пасьвячэньне Аарона і сыноў яго.
- Мае гэта належаць як частка Аарону i сынам яго ад сыноў Ізраэля як закон вечны. Гэта вось дар сыноў Ізраэля зь іхніх ахвяраў прымірэньня, іхні дар Госпаду.
- А шаты сьвятыя Аарона будуць па iм аддадзены сынам яго, i будуць яны ў іх ўбра-ныя, калi будуць памазаныя i пасьвячаныя.
- Сем дзён будзе ў iх адзявацца той зь яго сыноў, каторы па iм стане сьвятаром, i будзе ўваходзiць да Палаткi Сустрэчы, каб спраўляць служэньне ў сьвятыні.
- Возьмеш таксама барана, ахвяраванага пры пасвячэньні і пасьвячанага ў ахвяру, і зварыш яго мяса ў месцы Сьвятым,
- i будуць есьцi Аарон i яго сыны мяса барана i хлеб, каторы ў кашы, ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.
- І будуць есьцi тое, што было перамаленьнем за iх, каб iх пасьвяцiць i аддзялiць як сьвятых. Але нiхто з чужых ня будзе есьцi яго, бо гэта рэч сьвятая.
- А калi засталося нешта зь мяса (ахвяры) пасьвячэньня або з хлеба да раніцы, тады трэба гэта спалiць у агнi, i нельга гэтага есьцi, бо гэта рэч сьвятая.
- З Ааронам i сынамi яго ўчыні так ва ўсiм, як Я табе загадаў; сем дзён будзе працягвацца пасьвячэньне.
- І бычка складзеш у ахвяру за грэх кожны дзень на перамаленьне, і ачысьцiш ахвярнiк гэтаю ахвярай за грэх, i памажаш яго, каб яго ўсьвяцiць.
- Сем дзён ачышчай ахвярнiк i асьвячай яго, і станецца ён сьвятыняй вялiкай; усё, што дакранецца да ахвярнiка, стане сьвятым.
- І гэта будзеш рабіць на ахвярнiку: два гадавыя баранчыкi будзеш ахвяроўваць штодзень i пастаянна.
- Аднаго баранчыка ахвяруеш наранiцы, а другога баранчыка ахвяруеш вечарам.
- Да першага баранчыка дадасі дзесятую частку эфы найчысьцейшай мукi, запраўленай чацьвёртаю часткаю гiну выцiснутага алею, а як вадкую ахвяру складзеш вiно ў коль-касьцi чацьвёртай часткi гiну.
- А другога баранчыка ахвяруеш вечарам з такой самай ахвярай зь ежы i такой самай ахвярай з вадкасьці як на ранiцы, як мiлы пах, ахвяру агнявую для Госпада.
- Гэта будзе безупыннае цэлапаленьне, складанае ў пакаленьні вашыя ля ўваходу да Палаткi Сустрэчы перад Госпадам, дзе Я буду сустракацца з вамі, каб гаварыць з табою.
- Там буду сустракацца з сынамi Ізраэля, i гэта месца будзе асьвечанае Маёй хвалаю.
- І Я асьвячу Палатку Сустрэчы i ах-вярнiк, асьвячу Аарона i сыноў яго, каб служылi Мне сьвятарамi.
- І буду пражываць мiж сыноў Ізраэля, i буду iм Богам.
- І пазнаюць яны, што Я — Госпад, Бог iхнi, Каторы вывеў iх зь зямлi Эгiпецкай, каб заставацца памiж іх. Я — Госпад, Бог iх.
Разьдзел 30
- І зробiш таксама ахвярнiк з дрэва акацыi для каджэньня.
- Яго даўжыня — локаць, i шырыня — локаць, ён мае быць квадратны, а вышыня яго — два локцi. Зь яго павiнны выходзiць рагi.
- І пацягнеш яго чыстым золатам, як верх ягоны, так і сьцены кругом, i рагi. І зробiш на iм залаты вянок кругом.
- Пад вянком, па двух вуглах яго, зробiш два колцы з чыстага золата; зробiш iх з двух бакоў яго; і будуць яны для ўкладаньня двух насілаў, каб насiць яго на iх.
- А насілы гэтыя зробiш з дрэва акацыi i пацягнеш iх золатам.
- І паставiш ахвярнiк перад заслонай, каторая вiсiць перад Каўчэгам Сьведчаньня, перад накрыўкай, каторая над Сьведчаньнем, дзе Я буду з табой сустракацца.
- Кожнае ранiцы будзе на iм Аарон палiцiь пахкае кадзiла, калi будзе прыгатаўляць лямпы на асьвятленьне.
- І калi Аарон запалiць вечарам лямпы, палiць таксама кадзiла, каторае будзе безупынна спальвацца паред Госпадам усiмi пакаленьнямi вашымі.
- Не ахвяроўвайце на iм нiякага iншага кадзiла, i не складайце на iм цэлапаленьня, анi ахвяраў хлебных, анi ахвяраў вадкiх.
- Раз у год Аарон і павiнен ачышчаць яго (ахвярнiка) крывёй ахвяры, каторая будзе складацца за грэх. Раз у год павiнен ён на iм ачышчаць пакаленьнi вашыя. Гэта сьвятое зь сьвятых для Госпада” .
- І сказаў Госпад Майсею:
- “Калi будзеш лiчыць сыноў Ізраэля, кожны няхай складзе выкуп за жыцьцё сваё Госпаду, каб ня спала кара на iх, калi будуць перапісвацца.
- Гэта вось павiнен даць кожны, хто падпадае пад сьпiс: паўсыкля паводле вагi сьвятынi, а сыкаль мае дваццаць гераў, паўсыкля на ахвяру Госпаду.
- Кожны, падпадаючы пад сьпiс з сыноў Ізраэля, маючы дваццаць i болей гадоў, мае скласьцi ахвяру Госпаду.
- Багаты ня будзе дадаваць, а ўбогi зьмяншаць вагi паўсыкля, каб скласьцi ахвяру Госпаду на перамаленьне за сваё жыцьцё.
- І ўзяўшы гэтыя грошы выкупу ад сыноў Ізраэля, дасi iх на абслугу ў Палатцы Сустрэчы, каб былi памяцьцю сынам Ізраэля перад Госпадам і ўмiласьцiленьнем за душы iхнiя».
- І сказаў Госпад Майсею:
- “Зробiш медзяны ўмывальнiк для абмываньня з падставай медзяныя i памясьцi яго мiж Палаткай Сустрэчы i ахвярнiкам, і нальеш у яго вады.
- Аарон i сыны яго будуць абмываць у ім рукi i ногi свае.
- Перш, чым увойдуць яны ў Палатку Сустрэчы, маюць абмыцца ў вадзе, каб не памерлi. Таксама калi будуць прыступацца да ахвярнiка для служэньня і каб складаць ахвяру агнявую Госпаду,
- мусяць абмыць рукi i ногi, каб не памерлi. І будзе гэта пастановай вечнай яму i патомству яго на ўсе часы”.
- І сказаў Госпад Майсею:
- “Вазьмi сабе найлепшых пахнiдлаў, адборнай мiры пяцьсот сыкляў; палову толькi, значыць, дзьвесьце пяцьдзесят сыкляў, пахкага цынамону; таксама дзьвесьце пяцьдзесят сыкляў пахкага трысьнёгу,
- на астатак пяцьсот сыкляў касii паводле вагі сьвятынi, i адзiн гiн алею з алiвак.
- І зробiш з гэтага сьвяты алей для памазаньня. Гэта будзе пахкая масьць, зробленая так, як робяць знаўцы масьцяў. Будзе гэта сьвяты алей для памазаньня.
- І памажаш iм Палатку Сустрэчы i Каўчэг Сьведчаньня,
- i стол, i ўвесь посуд, таксама сьвечнiк з усiмi прыналежнасьцямi, ахвярнiк каджэньня
- i ахвярнiк цэлапаленьня з усiм тым, што да яго належыць, умывальнiк i яго падставу,
- І калі асьвяціш усё, стануцца яны сьвятымі зь сьвятых; кожны, хто дакранецца іх, асьвяціцца.
- Памажаш таксама Аарона i сыноў ягоных, i пасьвяцiш iх, каб служылi Мне сьвятарамi.
- А сынам Ізраэля скажаш так: “Гэты сьвяты алей для памазаньня будзе Маім у пакаленьнях вашых.
- Цела чалавека не памазвайце iм i не рабiце iншага саставу, апрача гэтага, бо ён сьвяты i сьвятым будзе для вас.
- А чалавек, каторы саставiў бы такі алей i памазаў бы ім чужынца, мае быць выключаны са свайго народу”.
- І сказаў Госпад Майсею: “Вазьмi сабе пахнiдлы: пахкую жывiцу, оныху, пахкі гальбан ды чыстае кадзiла, і хай будуць яны ў роўнай колькасьцi.
- І, зьмяшаўшы, зробiш зь iх пахкае кадзiла спосабам знаўцы, сьцёртае, чыстае i сьвятое.
- І сатрэш на парашок яго часткi i пакладзеш перад Сьведчаньнем у Палатцы Сустрэчы, дзе Я буду сустракацца з табой, i будзе гэтае кадзіла для вас сьвятое зь сьвятых.
- Не рабiце кадзiла такога саставу на свой ужытак, бо гэтае (кадзіла) будзе табе сьвятое перад Госпадам.
- Калi б хто зрабiў сабе падобнае, каб яго пахам захапляцца, той мае быць выключаны са свайго народу».
Разьдзел 31
- І сказаў Госпад Майсею:
- “Вось выбраў Я Бэцалеэля, сына Урыі, сына Гура з пакаленьня Юды,
- і напоўнiў яго Духам Божым, мудрасьцю, i розумам, i ўмеласьцю ва ўсякай працы,
- здольнасьцю ў вырабах з золата, серабра i медзi,
- i ў разьбе, і ва ўкладаньнi каштоўных каменьняў, у разьбе з дрэва для выкананьня розных рэчаў.
- І даю яму супрацоўнiка Агаліяба, сына Ахiсамаха з пакаленьня Дана, і ў сэрца кожнага ўмельца ўлажыў Я мудрасьць, каб выканалi яны ўсё, што Я загадаў табе:
- Палатку Сустрэчы, Каўчэг Сведчаньня, накрыўку, каторая на ім, і ўсе прына-лежнасьцi палаткі,
- i стол, i усё яго начыньне, сьвечнiк з найчысьцейшага золата i ўсе прылады, належачыя да яго, ахвярнiк каджэньня,
- ахвярнiк цэлапаленьня i ўсе яго прыналежнасьцi, умывальнiк i яго падставу,
- шаты тканыя i сьвятыя шаты для Аарона сьвятара, i шаты для сыноў яго, каб спаўнялi служэньне сьвятарскае,
- i алей для памазаньня, i пахкае кадзiла для сьвятыні. Усё, што табе загадаў, хай зробяць”.
- І зноў сказаў Госпад Майсею:
- “Скажы сынам Ізраэля i паведамi iм: Глядзiце, каб вы захоўвалі суботу Маю, бо гэта знак памiж Мною i вамi для ўсiх пакаленьняў вашых, каб па гэтым можна было пазнаць, што Я — Госпад, Каторы асьвячае вас.
- Дык беражыце суботу, бо яна сьвятая для вас. Хто спаганiў бы яе, будзе сьмерцяй пакараны. Хто працаваў бы ў суботу, то хай будзе зьнiшчана душа яго спасярод народу свайго.
- Шэсьць дзён будзеце выконваць працу сваю, а сёмы дзень — субота, сьвяты адпачынак для Госпада; кожны, хто будзе працаваць у той дзень, будзе пакараны сьмерцяй.
- Хай берагуць сыны Ізраэля суботу i сьвяткуюць яе з пакаленьня ў пакаленьне сваё. Гэта запавет вечны,
- памiж Мною i сынамi Ізраэля знак вечны; шэсьць бо дзён тварыў Госпад неба i зямлю, а ў сёмы дзень спынiў працу i супачыў”.
- Па спыненьнi гэтае размовы на гары Сынай даў Госпад Майсею дзьве каменныя таблiцы Сьведчаньня, напiсаныя пальцам Божым.
Разьдзел 32
- А народ, бачучы, што Майсей доўга не вяртаецца з гары, сабраўся да Аарона і сказаў яму: “Устань і зрабі нам бога, каторы ішоў бы перад намі, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем, з чалавекам, каторы вывеў нас зь зямлі Эгіпецкай”.
- Аарон сказаў ім: “Павымайце залатыя завушніцы, каторыя ў вушах жонак вашых, сыноў вашых і дачок, і прынясіце іх мне”.
- І ўвесь народ зрабіў, як загадаў ён, і зьнёс завушніцы да Аарона.
- Калі ён гэта атрымаў, загадаў іх стапіць і зрабіць зь іх выяву цяляці, вытапленага з мэталю. А яны сказалі: “Гэта бог твой, Ізраэлю, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай!”
- Калі ўбачыў гэта Аарон, пабудаваў ахвярнiк перад ім і абвясьціў у голас: “Заўтра – урачыстасьць Госпада”.
- І, устаўшы на другі дзень рана, склалі яны ахвяру цэлапаленьня і ахвяры прымірэньня, і засеў народ есьці, і піць, і весяліцца.
- Тады сказаў Госпад Майсею: “Зыйдзі ўніз, бо спракудзіўся народ твой, каторы вывеў ты зь зямлі Эгіпецкай.
- Завярнулі хутка з дарогі, каторую Я ім паказаў, і вылілі сабе цялё з мэталю і пакланіліся яму, і склалі яму ахвяры, кажучы: «Гэта бог твой, Ізраэлю, які вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай»”.
- І дадаў Госпад, і сказаў Майсею: “Бачу, што народ гэты цьвёрдага карку.
- Дык пакінь Мяне, каб разгарэўся гнеў Мой супраць іх і каб Я зьнішчыў іх, а зь цябе Я зраблю вялікі народ”.
- А Майсей стаў прасіць Госпада, Бога свайго, і сказаў: “Чаму, Госпадзе, узгарэўся гнеў Твой супраць народу Твайго, каторы вывеў Ты зь зямлі Эгіпецкай сілай вялікай ды рукою моцнаю?
- Ня гневайся, малю, каб не казалі Эгіпцяне: “На гібель Ён вывеў іх, каб выгубіць іх на гарах і сьцерці зь зямлі”. Хай спыніцца гнеў Твой, і будзь міласьцівы дзеля пера-варотнасьці народу Твайго.
- Памятай на Абрагама, Ізаака і Ізраэля, слугаў Тваіх, каторым запрысяг Ты на Самога Сябе, кажучы: «Размножу патомства вашае, як зоркі на небе, і ўсю гэтую зямлю, каторую абяцаў, дам патомству вашаму, і завалодаеце ёю назаўсёды»”.
- І даўся ўпрасіць Госпад, каб не рабіць зло, як быў сказаўшы адносна народу Свайго.
- І вярнуўся Майсей з гары, несучы ў руцэ сваёй дзьве табліцы Сьведчаньня, запісаныя з абодвух бакоў.
- Яны былі творам Божым, таксама пісанае на табліцах было высечана Богам.
- А Ешуа, чуючы гоман народу, які крычаў, сказаў Майсею: “Чуецца ў табары гармідар ваенны”.
- Майсей адказаў: “Гэта ня кліч пераможцаў, ані крык уцякаючых, але я чую голас сьпяваючых”.
- І калі Майсей наблізіўся да табару і ўбачыў цялё і хоры сьпевакоў, загневаўся надта, і выпусьціў табліцы з рук, і пабіў іх ля падножжа гары.
- І схапіўшы цяля, каторага зрабілі, спаліў яго і сьцёр у пыл, які ўсыпаў у ваду, і даў яе піць сынам Ізраэля.
- І сказаў Майсей Аарону: “Што зрабіў табе народ гэты, што ты ўзьвёў на яго вялікі грэх?”
- Аарон адказаў: “Хай ня гневаецца гаспадар мой, ведаеш ты вось народ гэты, што ён скоры да зла.
- Сказалі яны мне: “Зрабі нам бога, каторы ішоў бы перад намі, бо ня ведаем, што сталася з Майсеем, з тым чалавекам, каторы вывеў нас зь зямлі Эгіпецкай”.
- Тады сказаў я ім: “Хто мае золата, хай здыме зь сябе”. І склалі мне яго. Дык я ўкінуў яго ў агонь, і так паўстала гэтае цялё”.
- І ўбачыў Майсей, што народ стаўся неакелзаным, бо Аарон папусьціў яму келзы на пасьмешышча ворагаў іхніх.
- І стаў Майсей у браме табару, і закрычаў: “Хто за Госпада, да мяне!” Тады далучыліся да яго ўсе сыны Левія.
- І сказаў ім: “Вось што кажа Госпад, Бог Ізраэля: Хай кожны з вас прыпаяша меч да сьцягна свайго. І прайдзіце туды і назад ад брамы да брамы празь сярэдзіну табару, і хай забівае кожны брата, і сябра, і бліжняга свайго”.
- І сыны Левія зрабілі, як загадаў Майсей. І ў той дзень палегла з народу каля трох тысячаў чалавек.
- І сказаў ім тады Майсей: “Пасьвяцілі вы сёньня рукі вашыя для Госпада, бо кожны з вас быў супраць брата і сына свайго, каб даў вам Госпад дабраславенства”.
- І назаўтра так прамовіў Майсей да народу: “Дапусьціліся вы вялікага грэху. Дык я пайду да Госпада, можа, змагу як перапрасіць Яго за вашае злачынства”.
- І вярнуўся Майсей да Госпада, і сказаў: “Народ гэты дапусьціўся вялікага грэху, бо зрабіў сабе бога з золата,
- але Ты адпусьці ім гэтую правіну, або калі не, дык выкасуй і мяне з кнігі Тваёй, у каторую ўпісаў”.
- Госпад адказаў яму: “Толькі таго, хто саграшыў супраць Мяне, выкрасьлю Я з кнігі Маёй.
- Ты ж ідзі і вядзі народ гэты туды, куды Я табе загадаў, і анёл Мой пойдзе перад табою; а Я ў дзень помсты пакараю гэты грэх іхні”.
- І пакараў Госпад народ за літае цялё, каторае зрабіў Аарон.
Разьдзел 33
- І сказаў Госпад Майсею: “Ідзі і выйдзі адсюль з гэтага месца, ты і народ твой, каторы вывеў ты зь зямлі Эгіпецкай у зямлю, якую Я запрысяг Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы ім: Я дам яе патомству твайму.
- І Я пашлю перад табой анёла, і выганю Хананейцаў, Амарэйцаў, Гетытаў, Пэрэзеяў, Гівеяў і Ебусеяў.
- І ўвойдзеш ты ў зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, але Я Сам не пайду з табой, каб цябе ня выгубіць па дарозе, бо ты — народ цьвёрдага карку”.
- Народ, чуючы гэтыя строгія словы, адзеўся ў жалобу і не ўсклаў на сябе сваіх аздобаў.
- Тады сказаў Госпад Майсею: “Скажы сынам Ізраэля: Вы — народ цьвёрдага карку, і каб Я хоць хвілінку пайшоў пасярод цябе, вынішчыў бы цябе. Дык адкінь аздабленьні свае, а Я пагляджу, што маю зрабіць з табою”.
- І зьнялі сыны Ізраэля зь сябе аздобы перад адыходам з-пад гары Гарэб.
- А Майсей ўзяў і паставіў палатку сабе за табарам, і назваў яе Палаткаю Сустрэчы. І кожны, хто хацеў зьвярнуцца да Госпада, ішоў да Палаткі Сустрэчы, каторая была па-за табарам.
- Колькі разоў Майсей ішоў да Палаткі, увесь народ уставаў ля ўваходу ў свае палаткі і глядзеў на Майсея, аж пакуль ён не ўваходзіў у Палатку.
- Колькі ж разоў Майсей уваходзіў у Палатку, зыходзіў слуп воблачны і станавіўся ля ўваходу ў Палатку, і тады (Госпад) гаварыў з Майсеем.
- А ўвесь народ бачыў, як слуп воблачны станавіўся ля ўваходу ў Палатку. І ўвесь народ падымаўся, і кожны пакланяўся ля ўваходу ў сваю палатку.
- І гаварыў Госпад з Майсеем тварам у твар, як звычайна гаворыць чалавек зь сябрам сваім. Пасьля Майсей вяртаўся ў табар, а слуга ягоны, Ешуа, сын Нуна, юнак, не выходзіў з Палаткі.
- І сказаў Майсей Госпаду: “Вось жа Ты загадваеш мне, каб я вывеў народ гэты, але ня выявіў мне, каго пашлеш са мною. Ты ж сказаў: “Ведаю цябе па іменьні, і знайшоў ты ласку ў Мяне”.
- Дык пакажы мне дарогу Тваю, каб я пазнаў Цябе і знайшоў спагаднасьць у вачах Тваіх. Ведай таксама, што народ гэты — гэта Твой народ”.
- Госпад сказаў: “Воблік Мой пойдзе, і Я дам табе супакой”.
- Майсей сказаў тады: “Калі Ты ня пойдзеш Сам з намі, то не выводзь нас з гэтага месца.
- Па чым пазнаем я і народ Твой, што знайшлі мы ласку на віду Тваім, калі не па тым, што Ты пойдзеш з намі, каб я і народ Твой праславіліся перад усімі народамі, каторыя жывуць на зямлі?”
- І сказаў Госпад Майсею: “Тое, пра што ты просіш, Я зраблю, таму што ты знайшоў ласку перад воблікам Маім і таму што Я ведаю цябе па іменьні”.
- І сказаў Майсей: “Пакажы мне хвалу Тваю”.
- (Госпад) адказаў: “Я пакажу табе усю Маю дабрыню і выяўлю перад табою імя Госпада; і пашкадую, каго захачу, і міласьцівы буду таму, хто будзе Мне падабацца”.
- І яшчэ сказаў: “Ня можаш бачыць вобліку Майго, бо ніводзін чалавек ня можа аглядаць Мяне і заставацца пры жыцьці”.
- І дадаў : “Вось жа месца каля Мяне, стань на скале;
- калі будзе праходзіць хвала Мая, Я пастаўлю цябе ў шчыліне скалы і палажу правіцу Маю на цябе, аж пакуль перайду.
- А калі прыму руку Маю, убачыш Мяне ззаду, але вобліку Майго табе не пакажу”.
Разьдзел 34
- І сказаў Госпад Майсею: “Вычашы сабе дзьве каменныя табліцы, падобныя папярэднім, а Я напішу на іх словы, каторыя мелі тыя табліцы, каторыя ты пабіў.
- Будзь гатовы заўтра рана ўзыйсьці зараз жа на гару Сынай і стаць там перада Мною на вяршыні гары.
- Ніхто ня можа ўзыходзіць з табою, і ніхто ня можа паказацца на ўсёй гары. Таксама авечкі і валы ня можна пасьвіць насупраць (гары)”.
- Дык Майсей вычасаў дзьве каменныя табліцы, як раней былі, і, падняўшыся рана, узыйшоў на гару Сынай, як яму загадаў Госпад, несучы з сабой табліцы.
- І Госпад зыйшоў у воблаку, а ён ( Майсей) стаў каля Яго і прызваў імя Госпада.
- І калі Госпад праходзіў перад ім, ён клікаў Яго: “Госпадзе, Госпадзе Божа, міласэрны і спагадны, цярплівы і вельмі міласьцівы, і любячы праўду,
- Каторы захоўваеш міласэрдзе на тысячы пакаленьняў і Каторы прабачаеш беззаконьні, і злачынствы, і грахі, але не без пакараньня, Каторы адгаджаеш няправасьць бацькоў на сынах і ўнуках аж да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня”.
- І зараз жа Майсей упаў на зямлю і пакланіўся,
- кажучы: “Калі я знаходжу ласку перад абліччам Тваім, Госпадзе, малю, пайдзі з намі. Народ, што праўда, цьвёрдага карку, але Ты прабач правіннасьці нашыя і грахі, і зрабі нас Сваёй спадчынай”.
- Адказаў Госпад: “Вось Я заключаю запавет перад усім народам тваім. Буду чыніць цуды, ніколі яшчэ ня бачаныя на ўсёй зямлі і ні ў якіх народаў, каб убачыў увесь народ, у якім ты пражываеш, дакон Госпадаў страшны, які Я чыню з табою.
- Захавай усё, што Я табе загадваю сягоньня, а Я выганю перад табой Амарэйца, Хананейца, Гетыта, Пэрэзея, Гівея і Ебусея.
- Сьцеражыся, каб з жыхарамі зямлі, у якую ўвойдзеш, ніколі не завязваў сяброўства, бо яны табе будуць на загубу;
- але зьнішчыце іхнія ахвярнiкi, і разьбіце каменьні і павысякайце сьвятыя гаі.
- Не пакланяйся богу чужому, бо Зайздросны – імя Госпада, Ён — Бог зайздросны.
- Не заключай угоды зь людзьмі гэтае зямлі, каб, калі будуць яны распусьнічаць са сваімі багамі і складаць ім ахвяры, не запрасіў цябе хто, і каб ты ня еў ахвяры іхнія.
- Не бяры з дачок іхніх сынам сваім жонак, каб, калі яны будуць распусьнічаць з багамі сваімі, ня сталі з багамі іхнімі распусьнічаць і сыны твае.
- Не рабі сабе багоў літых.
- Сьвяткуй Урачыстасьць Праснакоў: сем дзён будзеш есьці прэснае, як Я загадаў табе, ў вызначаны час месяца Абіб, бо ў месяцы Абіб выйшаў ты з Эгіпту.
- Усё мужчынскага роду, што разрывае ўлоньне, Мне належыцца; усё са статку твайго, як з валоў, так і з авечак, Маім будзе.
- Першароднага асла выкупіш авечкай, а калі не заменіш, то скруці яму шыю. Усіх першародных сыноў сваіх выкупляй, і не прыходзь на від Мой з пустымі рукамі.
- Шэсьць дзён будзеш працаваць, а ў дзень сёмы перастанеш нават араць і жаць.
- Сьвяткуй Сьвята Тыдняў, сьвята Пяршынаў жніва пшаніцы, і сьвята Збораў у канцы года.
- Тры разы ў год павінен кожны мужчына твой явіцца перад аблічча Ўсемагутнага Госпада, Бога Ізраэля.
- Бо Я выганю народы ад цябе і пашыру твае межы, і ніхто ня будзе нападаць на зямлю тваю, калі тры разы ў год пойдзеш паказацца перад воблікам Госпада, Бога твайго.
- Не ахвяроўвай крыві ахвяры Маёй з квашаным хлебам; і нічога не павінна заставацца на другі дзень з ахвяры пасхальнай.
- Найлепшыя пяршыны зямлі тваёй прынясі ў дом Госпада, Бога твайго. Не вары казьлянё ў малаку маці ягонай”.
- І сказаў Госпад Майсею: “Запішы гэтыя словы сабе, бо ў гэтыя словы Я заключыў запавет з табою і зь Ізраэлем”.
- І быў (Майсей) у Госпада сорак дзён і сорак начэй, і ня еў хлеба ды ня піў вады, і напісаў на табліцах словы запавету, Дзесяць словаў.
- Калі Майсей зыходзіў з гары Сынай з дзьвюма табліцамі Сьведчаньня ў руцэ, ня ведаў ён, што твар яго праменяваў дзеля размовы яго з Госпадам.
- Калі Аарон і сыны Ізраэля убачылі здалёк, што твар Майсея праменяваў, баяліся прыступіцца да яго.
- А калі Майсей паклікаў іх, прыйшлі да яго Аарон і ўсе князі грамады, і калі Майсей гаварыў зь імі,
- прыйшлі да яго таксама ўсе сыны Ізраэля, каторым ён загадаў зрабіць усё, што чуў ад Госпада на гары Сынай.
- Па заканчэньні размоваў зь імі залажыў ён засланку на твар свой,
- каторую здымаў, калі ўзыходзіў да Госпада і гаварыў зь Ім, аж пакуль зыходзіў. І тады расказваў сынам Ізраэля ўсё, што яму было Госпадам загадана.
- І сыны Ізраэля маглі бачыць твар Майсея, як праменявала скура вобліку яго, але Майсей закрываў зноў твар свой, пакуль не ўзыходзіў гаварыць зь Ім.
Разьдзел 35
- І сабраў Майсей усю грамаду сыноў Ізраэля, і сказаў ім: “ Вось што загадаў Госпад споўніць:
- Шэсьць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень будзе вам сьвяты, субота і адпачынак для Госпада. Хто будзе працаваць у той дзень, будзе пакараны сьмерцю.
- Не распальвайце агню ў дзень суботні ва ўсіх жытлах вашых”.
- І далей гаварыў Майсей усёй грамадзе сыноў Ізраэля: “Вось што загадаў Госпад, кажучы:
- Выдзяліце ў сябе дары для Госпада. Кожны па шчырасьці хай зложыць дар для Госпада: золата, серабро і медзь,
- фіялетавы пурпур і чырвоны, і кар-мазын, і вісон, поруч казіную воўну,
- скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры дэльфінаў, а такжа дрэва акацыі,
- алей у сьвечнікі, пахнілы на выраб алею памазаньня і пахкіх кадзілаў,
- камяні оніксу і каштоўныя каменьні для аздобы эфоду і нагрудніка.
- Хто з вас здольны, хай прыйдзе і робіць, што загадаў Госпад:
- Скінію і палатку яе, і пакрыцьці, кручкі, дошкі з жэрдкамі, і падножкі іх;
- Каўчэг і насілы, накрыўку і заслону, якая прыкрывае яе,
- стол з насіламі і з усімі яго начыньнямі, поруч з хлебам пакладным;
- сьвечнік на асьвячэньні з усімі яго прыналежнасьцямі, лямпы разам з алеем на асьвячэньне,
- ахвярнiк каджэньня з насіламі, алей для памазаньня, пахкае кадзіла і заслону на ўваход у скінію;
- ахвярнiк цэлапаленьня зь медзянымі кратамі, з насіламі і ўсімі яго прыналеж-насьцямі, умывальнік зь яго падставаю;
- заслоны на ўваход у панадворак зь вяроўкамі да іх;
- калкі скініі і калкі панадворку зь вяроўкамі да іх;
- шаты для паслугі ў сьвятыні, сьвятыя шаты для Аарона сьвятара, і для сыноў яго, каб служылі сьвятарамі”.
- Пасьля адыйшоў ад Майсея ўвесь сход сыноў Ізраэля,
- і пайшоў кожны добрай волі, і прынёс ахвотна дары для Госпада на пабудову Палаткі Сустрэчы, і што трэба было для служэньня і шатаў сьвятых.
- Мужчыны і жанчыны, усе дабравольна прыносілі колцы, завушніцы, пярсьцёнкі і нашыйнікі; і ўсякае начыньне з золата было выдзелена ў дар Госпаду.
- А таксама фіялетавы і чырвоны пурпур, кармазын, вісон і казіную воўну, скуры баранаў, фарбаваныя на чырвона, і скуры дэльфінаў прыносілі ўсе, каторыя мелі іх у сябе.
- Таксама серабро, і медзь, і дрэва акацыі на ўсякі ўжытак ахвяроўвалі Госпаду.
- Таксама і жанчыны ўмелыя, якія пралі фіялетавы і чырвоны пурпур, кармазын і вісон,
- і казіную воўну, дабравольна ўсе прыносілі.
- А князі прыносілі каменьні оніксавыя і іншыя каштоўныя каменьні для аздабленьня эфоду і нагрудніку,
- а па-за гэтым пахнідлы і алей ў свечнікі, і патрэбнае для вырабу алею памазаньня і пахкага кадзіла.
- Усе сыны Ізраэля, мужчыны і жанчыны, каторых прынукала сэрца да складаньня дароў, патрэбных да выканання таго, што Госпад загадаў зрабіць за пасярэдніцтвам Майсея, прыносілі Госпаду дабравольна.
- Тады Майсей прамовіў да сыноў Ізраэля: “Вось жа Госпад паклікаў імя Бэцалеэля, сына Урыі, сына Гура з пакаленьня Юды,
- і напоўніў яго Духам Божым і муд-расьцю, і умеласьцю, і ведаю на ўсякую працу
- для сплянаваньня і выкананьня работы ў золаце і серабры, і медзі,
- поруч да рэзаньня і ўстаўляньня каштоўных камянёў і для апрацоўкі дрэва і выкананьня ўсякае мастацкае работы.
- Даў яму таксама ўмеласьць сэрца вучыць другіх, яму самому і Агаліябу, сыну Ахісамаха з пакаленьня Дана.
- І напоўніў Ён іх абодвух мудрасьцю, каб рабілі ўсякую работу мастацкую ткача і вышывальніка фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну, і вісону, і звычайнай тканіны, спаўняючы ўсякую работу і задумваючы такжа новыя рэчы.
Разьдзел 36
- Дык Бэцалеэль і Агаліяб, і кожны здольны мужчына, каторых Госпад надзяліў мудрасьцю і ўмеласьцю, каб разумелі работу рамесьніка, хай выканаюць усё патрэбнае на пабудову сьвятыні і іншае, што загадаў Госпад”.
- І паклікаў Майсей Бэцалеэля і Агаліяба, і кожнага здольнага чалавека, якому Госпад даў мудрасьць, і ўсіх, каторыя ахвотна ахвяроўваліся да выкананьня гэтае працы.
- Яны вось атрымалі ад Майсея ўсе дары, якія прынесьлі сыны Ізраэля на выкананьне работаў для служэньня ў сьвятыні. Пры тым штодзень на раніцы ахвяроўвалі новыя дары.
- Дзеля таго сабраліся ўсе здольныя рамесьнікі, кожны ў сваім рамясьле, для пабудовы сьвятыні,
- і сказалі Майсею: “Народ больш прыносіць, чым патрэбна для справы, якую Госпад загадаў выканаць”.
- Дык Майсей загадаў абвясьціць у табары у голас: “Хай мужчыны і жанчыны не прыносяць болей на пабудову сьвятыні”. Адсюль перасталі прыносіць дары,
- таму што ўжо зложаных аж надта хапала.
- І наймудрэйшыя сэрцам спаміж майстроў Скініі зрабілі дзесяць палотнаў з кручанага вісону і зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, і з кармазыну, з хэрубімамі, выгаф-таванымі мастацкай работаю.
- Даўжыня аднаго палатна двадцаць восем локцяў, а шырыня – чатыры локці; усе ж палотны мелі адну меру.
- Пяць палотнаў былі злучаны адно з другім, падобна другіх пяць палотнаў былі злучаны паміж сабою.
- І прышылі пяцелькі зь фіялетавага пурпуру па берагах аднаго палатна, дзе мае быць сьпята, таксама зроблена па берагах апошняга палатна, дзе павінна быць сьпята.
- Пяцьдзесят пяцелек прышылі да аднаго палатна і пяцьдзесят пяцелек – да другога ў месцы, дзе мае быць сьпята, так што пяцелькі былі прышытыя адна насупраць другой.
- Затым прышылі пяцьдзесят залатых кручкоў і зьвязалі палотны пры дапамозе гэтых кручкоў так, што Скінія тварыла адно цэлае.
- Таксама зрабілі адзінаццаць пакрыцьцяў з казінае воўны на палатку над Скініяй.
- Даўжыня аднаго пакрыцьця была трыццаць локцяў, а шырыня – чатыры локці, і гэтыя адзінаццаць пакрыцьцяў мелі аднолькавую меру.
- І зьвязалі паміж сабой пяць пакрыцьцяў асобна, а шэсьць другіх – асобна.
- І прышылі пяцьдзесят пяцелек па берагах аднаго пакрыцьця ў месцы, у каторым маюць быць сьцягнуты, і пяцьдзесят пяцелек па берагах другога пакрыцьця ў месцы, у каторым маюць быць сьцягнуты.
- Затым прышылі пяцьдзесят медзяных кручкоў і такім чынам зьвязалі пакрыцьці Скініі, што яны ўтварылі адно цэлае.
- Апрача таго зрабілі пакрыцьцё на палатку са скураў бараноў, пафарбаваных на чырвона, і, наастатак, пакрыцьцё на верх са скураў дэльфінаў.
- І зрабілі дошкі Скініі з дрэва акацыі, і паставілі іх проста.
- Даўжыня адной дошкі – дзесяць локцяў, а шырыня дошкі – паўтары локці.
- Кожная дошка мела два шыпы, асаджаныя адзін насупраць другога; і так зроблена на ўсіх дошках Скініі.
- І зроблена было на Скінію дваццаць дошак на паўднёвы бок, што глядзіць на поўдзень,
- і сорак падножак серабраных, зробленых пад гэтыя дваццаць дошак, пад кожную дошку дзве падножкі на абодва шыпы.
- А на другі бок, на паўночную сьцяну, зроблена таксама дваццаць дошак,
- і да іх сорак падножак серабраных, па дзьве падножкі пад кожную дошку.
- А на задні бок Скініі, на заходнюю сьцяну, зроблена шэсьць дошак.
- Пры вуглах гэтае задняе сьцяны Скініі пастаўлена па дзьве дошкі.
- Прыставалі яны шчыльна адна да другой i ўнізе і ўверсе былі шчыльна злучаны між сабою. Так зроблена з дошкамі на абодвух вуглах.
- Такім чынам у задняй сьцяне Скініі было восем дошак, а падножкаў серабраных – шаснаццаць, значыць, па дзьве падножкі на кожную дошку.
- І зрабілі таксама жэрдкі з дрэва акацыі для зьвязваньня дошкаў, пяць для аднаго боку Скініі,
- і пяць жэрдак для дошкаў другога боку Скініі, і пяць жэрдак для задняй, значыць, заходняй сьцяны Скініі.
- Жэрдку сярэднюю зроблена ў такі спосаб, што праходзіла яна ад аднаго канца да другога.
- Дошкі пацягнуты золатам, і колцы, у каторыя ўкладаліся жэрдкі, зроблены з золата, і жэрдкі пацягнуты золатам.
- Зроблена таксама заслону зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і кручанага вісону з хэрубімамі, выгафтаванымі мастацкаю работаю.
- І павесілі заслону на чатырох слупках з дрэва акацыі, пацягнутых золатам. Кручкі да іх зроблена з золата, а чатыры падножкі зроблена зь серабра.
- Зроблена таксама заслону ля ўваходу ў Скінію зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышываную.
- І зроблена да яе пяць слупкоў і кручкі, і пацягнута золатам іх вярхі і колцы, а падножкі да іх былі зь медзі.
Разьдзел 37
- Потым Бэцалеэль зрабіў каўчэг з дрэва акацыі. Даўжыня яго – два локці з паловаю, а шырыня і вышыня – паўтары локці.
- І пацягнуў ён яго чыстым золатам усярэдзіне і звонку, і зрабіў на ім вакол залаты вянок.
- І адліў да яго чатыры залатыя колцы да чатырох вуглоў ягоных: два колцы да аднаго яго боку, а два колцы да другога яго боку.
- З дрэва акацыі зрабіў таксама насілы і пацягнуў іх золатам,
- і ў колцы на абодвух баках каўчэгу ўлажыў тыя насілы, каб насіць яго.
- Таксама накрыўку зрабіў з чыстага золата; даўжыня яе два з паловаю локці, а шырыня яе – паўтары локці.
- Выкуў таксама двух хэрубімаў з золата, і памясьціў іх на абодвух канцах накрыўкі:
- аднаго хэрубіма на адным канцы, а другога хэрубіма на другім канцы накрыўкі. Хэрубімаў зрабіў разам з накрыўкай на абодвух яе баках.
- Хэрубімы мелі крылы, узьнятыя ўгару, і закрывалі імі накрыўку, а твары мелі яны зьвернуты адзін да другога, і да накрыўкі твары хэрубімаў былі зьвернутыя.
- І зрабіў стол з дрэва акацыі, у даўжыню – два локці, і ў шырыню – адзін локаць, а ў вышыню – паўтары локці,
- і пацягнуў яго чыстым золатам, і зрабіў на ім вакол залаты вянок.
- І зрабіў кругом ліштву на чатыры пальцы шырокую, і зрабіў таксама залаты вянок навокал гэтае ліштвы.
- Адліў пасьля чатыры залатыя колцы і прымацаваў гэтыя колцы да чатырох вуглоў, дзе знаходзяцца чатыры яго нагі.
- Каля ліштвы знаходзіліся колцы да ўкладаньня насілаў з дрэва акацыі, каб насіць стол.
- З чыстага золата зрабіў таксама посуд да стала, місы і чашы, збанкі і кубкі на складаньне ахвяраў вадкіх.
- І зрабіў сьвечнік з чыстага золата, з таго самага золата выкуў гэты сьвечнік разам зь яго падставай і сьцяблом, чашачкамі яго, поруч яблыкамі і кветкамі.
- Шэсьць галінаў выходзіла зь яго бакоў, тры галіны сьвечніка з аднаго яго боку і тры галіны сьвечніка з другога яго боку.
- На адной галіне знаходзіліся тры чашачкі ў форме краскаў мігдалёвых зь яблыкамі і кветкамі, і тры чашачкі ў форме красак мігдалёвых на другой галіне зь яблыкамі і кветкамі. І так было на шасьці галінах, што выходзілі са сьцябла сьвечніка.
- На сьцябле сьвечніка былі чатыры чашачкі ў форме красак мігдалёвых зь яблыкамі і кветкамі.
- І адно яблыка было пад кожнымі дзьвюма выходзячымі зь яго галінкамі, і гэтак было пад шасьцёма галінамі, што выходзілі са сьцябла.
- Гэтыя яблыкі і галіны былі адно са сьвечнікам і былі зроблены з таго самага чыстага золата.
- І зрабіў сем лямпаў, а такжа шчыпцы і папяльнічкі з чыстага золата.
- З талента вось чыстага золата зрабіў сьвечнік і ўсе яго прыналежнасьці.
- Потым з дрэва акацыі пабудаваў ахвярнiк каджэньня, квадратны; даўжыня аднаго боку яго – локаць, а вышыня яго – два локці; і выставалі зь яго рагі.
- І пацягнуў яго чыстым золатам, верх яго і бакі ягоныя кругом, і яго рогі; і зрабіў на ім залаты вянок кругом.
- Ніжэй ад таго вянка на двух яго баках памясьціў два залатыя колцы для ўкладаньня насілаў, каб можна было насіць ахвярнiк.
- А насілы зрабіў з дрэва акацыі і пацягнуў іх золатам.
- Прыгатаваў таксама сьвяты алей для памазаньня, поруч пахкае кадзіла, як прыгатаўляе знаўца пахнідлаў.
Разьдзел 38
- І зрабіў ахвярнiк цэлапаленьня з дрэва акацыі, пяць локцяў даўжыні і пяць локцяў шырыні, квадратны, і тры локці вышыні.
- І зрабіў рогі на чатырох вуглах ягоных, так што рогі выставалі зь яго, і пацягнуў іх медзьдзю.
- І зрабіў зь медзі ўсе прыналежнасьці да ахвярнiк: папяльніцы, гаршчкі, лапаткі, крапільніцы, вілкі і кадзільніцы.
- І зрабіў для ахвярнiка краты зь медзі ў форме сеткі, пад краем ахвярнiка зьнізу аж да паловы вышыні яго.
- І зрабіў чатыры колцы на чатырох вуглах медзянай краты на ўкладаньне насілаў.
- І зрабіў насілы з дрэва акацыі, і пацягнуў іх медзьдзю.
- І ўлажыў насілы ў колцы па баках ахвярнiка, каб яго на іх пераносіць. Сам жа ахвярнiк зрабіў з дошкаў, у сярэдзіне пусты.
- І зрабіў умывальнік медзяны з падставамі зь медзі; зрабіў яго зь люстэрак жанчынаў, якія служылі пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы.
- І зрабіў панадворак Скініі. З паўдзённага боку заслоны панадворку былі з кручанага вісону, доўгія ў сто локцяў,
- і слупкоў да іх дваццаць, і падножак да іх дваццаць медзяных, поруч кручкі і зьвязы серабраныя.
- На паўночным баку заслоны былі даўжынёй у сто локцяў, а да таго – дваццаць слупкоў і дваццаць падножак зь медзі, поруч кручкі пры слупках ды зьвязы на іх зь серабра.
- Ад заходняга боку заслоны мелі пяцьдзесят локцяў шырыні, а пры тым дзесяць слупкоў і дзесяць падножак, кручкі на слупках і зьвязы на іх зь серабра.
- Ад ўсходняга боку заслоны мелі такжа пяцьдзесят локцяў шырыні.
- З аднога боку заслоны былі ў пятнаццаць локцяў, а пры тым тры слупкі і тры падножкі.
- І з другога ж боку, па абодвух баках брамы панадворку, заслоны былі такжа ў пятнаццаць локцяў, а пры тым тры слупкі і тры падножкі.
- Усе заслоны, што утваралі агараджэньне панадворку, былі вытканы з кручанага вісону.
- А падножкі да слупкоў былі зь медзі, кручкі ж пры слупках, поруч іх зьвязы – зь серабра, а галоўкі іхнія былі пацягнуты серабром, і ўсе слупкі панадворка мелі серабраныя зьвязы.
- Заслона ля ўваходу на панадворак была зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону, шматколерна вышытая, і мела дваццаць локцяў шырыні і пяць локцяў вышыні згодна зь мерамі іншых заслонаў панадворку.
- Чатыры слупкі да яе ды іх падножкі былі зроблены зь медзі, а кручкі пры іх – зь серабра, поруч пакрыцьцё іх галоўкаў ды зьвязы былі зь серабра.
- Усе калкі Скініі і панадворку былі скрозь зь медзі.
- Вось падрахунак выдаткаў на Скінію, на Скінію Сьведчаньня, каторую па загаду Майсея пабудавалі левіты пад наглядам Ітамара, сына Аарона сьвятара.
- А Бэцалеэль, сын Урыі, сына Гура з пакаленнья Юды, выканаў усё, што загадаў Госпад Майсею.
- Зь ім працаваў Агаліяб, сын Ахісамаха з пакаленьня Дана, як выдатны разьбяр, ткач і вышывальнік па фіялетавым і чырвоным пурпуру, карамзыну поруч вісону.
- Выкарысталі ж усяго золата на работы пры пабудове сьвятыні дваццаць дзевяць талентаў з ахвяраваньняў і семсот трыццаць сыкляў па вазе сыкля сьвятыні.
- Серабра ж ад запісаных у супольнасьць было сто талентаў і тысяча семсот семдзесят пяць сыкляў паводле вагі сыкля сьвятыні.
- Адзін бэка на галаву, або паўсыкля, паводле вагі сыкля сьвятыні, брана ад усіх, каторыя падпалі пад сьпіс, пачынаючы ад дваццаці гадоў і вышэй, гэта значыць ад шасьцісот трох тысячаў пяцісот пяцідзесяці мужчынаў.
- Сто талентаў серабра скарыстана на адліцьцё падножак сьвятыні і падножак для заслонаў; сто талентаў на сто падножак, значыць, па таленце на адну падножку.
- З тысячы семісот сямідзесяці пяці сыкляў зроблена кручкі да слупкоў і пакрыцьці на іх галоўкі, і зроблена таксама для іх зьвязы.
- А медзі, каторую складзена ў ахвяру, было семдзесят талентаў і дзьве тысячы чатырыста сыкляў.
- Адліта зь яе падножкі для ўваходнай брамы ў Палатку Сустрэчы, медзяны ахвярнiк з кратай медзянай на ім і другія прыналежнасьці ахвярнiка,
- падножкі панадворку, падножкі ў браму на панадворак, усе калкі Скініі і ўсе калкі панадворку.
Разьдзел 39
- Зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну і вісону зрабілі яны сьвятарскія шаты на служэньне ў сьвятыні, а таксама сьвятыя шаты для Аарона, як гэта загадаў Госпад Майсею.
- І зрабілі яны эфод з золата, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.
- І выкляпалі з золата бляшкі, і расьцягнулі іх у нітку, каб уткаць іх у фіялетавы і чырвоны пурпур, у кармазын і ў вісон умелай работай.
- Зрабілі таксама два нараменьнікі, сьцягнутыя паміж сабой у абодвух верхніх канцох.
- А пояс эфоду, каторы на ім, быў зроблены аднолькавай работаю таксама зь нітак залатых, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну, з кручанага вісону, як загадаў Госпад Майсею.
- І прыгатавалі таксама два камяні оніксавыя, асаджаныя ў залатыя аправы, з высечанымі на іх імёнамі сыноў Ізраэля.
- І памясьцілі іх на абодвух нараменьніках эфоду як камяні на памяць сынам Ізраэля, як загадаў Госпад Майсею.
- Зрабілі таксама нагруднік мастацкаю работай, як і эфод, з золата, з пурпуру фіялетавага і чырвонага, з кармазыну і кручанага вісону.
- Нагруднік быў квадратны і падвойны, а даўжыня яго і шырыня — у адну пядзю.
- І прымацавалі на ім чатыры рады каштоўных каменьняў: у першым радзе рубін, тапаз, і шмарагд,
- у другім радзе гранат, шафір і бэрыль,
- у трэцім радзе яхонт, агат і амэтыст,
- у чацьвёртым радзе хрызаліт, онікс і ясьпіс. Асаджаныя яны былі ў залатых аправах у адпаведных радах.
- Гэтыя каменьні атрымалі імёны дванаццаці сыноў Ізраэля; і былі яны высечаны на ўзор пячаткі, кожны са сваім імем паводле дванаццаці пакаленьняў.
- На нагруднік зрабілі два ланцужкі кручаныя, як шнуркі, з чыстага золата.
- Зрабілі такжа да нагрудніка два залатыя пярсьцені, і асаджана абодва гэтыя пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.
- І ўцягнулі два залатыя ланцужкі праз абодвы пярсьцені на абодвух канцах нагрудніка.
- І два канцы другія абодвух ланцужкоў прышылі да аправаў, якія прымацавалі да нараменьніка эфоду сьпераду.
- Яшчэ зрабілі два залатыя пярсьцені і прымацавалі іх на абодвух іншых канцах нагрудніку на ўнутраным баку, зьвернутым да эфоду, як загадаў Госпад Майсею.
- Наастатак зрабілі яшчэ два іншыя пярсьцені з золата і прышылі іх да абодвух нараменьнікаў эфоду на зьнешнім баку ўнізе, у месцы, дзе эфод злучаецца з поясам.
- Пасьля зьвязалі пярсьцені нагрудніка зь пярсьценямі эфоду шнурком зь фіялетавага пурпуру так, каб нагруднік ляжаў на поясе эфоду і ня мог перасунуцца са свайго месца на эфодзе, як загадаў Майсею Госпад.
- Зрабілі таксама верхнюю шату пад эфод, усю тканую зь фіялетавага пурпуру.
- Мела яна ў сярэдзіне адтуліну на галаву з абшыўкай кругом адтуліны, як пры адтуліне панцыра, каб не разьдзёрлася.
- Унізе яе прышылі яблыкі гранату зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, кармазыну і кручанага вісону.
- Зрабілі таксама званочкі з чыстага золата, і прышылі іх між яблыкамі гранату кругом,
- каб званочак залаты і яблык гранату чаргаваліся на ніжнім крысе шаты, адзяванай першасьвятаром у час паслугаваньня, як загадаў Госпад Майсею.
- Зрабілі такжа для Аарона і сыноў яго сукні, вытканыя зь вісону,
- разам кідар зь вісону, мітры зь вісону і льняныя споднія з кручанага вісону,
- поруч пояс з кручанага вісону, зь фіялетавага і чырвонага пурпуру, з кармазыну, шматколерна вышываны, як загадаў Госпад Майсею.
- Зрабілі такжа дыядэму з чыстага золата, і выразалі на ёй, як выразана на пячатцы: “Сьвятое Госпада”.
- І прывязалі яе шнуром зь фіялетавага пурпуру, каб была на кідары, ды каб на пярэднім баку кідару была памешчана, як загадаў Госпад Майсею.
- Так была скончана ўся работа што да пабудовы Скініі і Палаткі Сустрэчы. І сыны Ізраэля выканалі ўсё; як загадаў Госпад Майсею, так і зрабілі.
- І прынесьлі да Майсея Скінію разам з палаткаю і ўсімі прыналежнасьцямі яе, кручкамі, дошкамі, жэрдкамі, слупкамі і падножкамі,
- пакрыцьці, адны са скураў бараноў, фарбаваных на чырвона, другія са скураў дэльфінаў, разам прыкрываючую заслону,
- Каўчэг Сьведчаньня з насіламі, накрыўку,
- стол з усімі прыналежнасьцямі яго і з хлябамі пакладнымі,
- і сьвечнік з чыстага золата зь лямпамі, расстаўленымі на ім, ды ўсе прыналежнасьці яго, і алей на асьвятленьне,
- таксама залаты ахвярнiк і алей для памазаньня, і пахкае кадзіла, поруч заслону пры ўваходзе ў палатку,
- ахвярнiк зь медзі разам з кратай медзянай і насіламі ды ўсе яго прыналежнасьці, умывальнік і яго падставу,
- заслону панадворка, слупкі і падножкі да іх, заслоны ля ўваходу ў панадворак, вяроўкі і калкі, ды ўсе другія прыналеж-насьці, патрэбныя пры службе ў Скініі, у Палатцы Сустрэчы,
- шаты з каштоўнага палатна для паслугі ў сьвятыні, і шаты для Аарона сьвятара, і шаты для сыноў ягоных.
- Як загадаў Госпад Майсею, так вось усё выканалі сыны Ізраэля.
- І калі Майсей убачыў, што ўсё выканана, як загадаў Госпад, дабраславіў іх.
Разьдзел 40
- І прамовіў Госпад да Майсея:
- “У першы дзень першага месяца паставіш Скінію Палаткі Сустрэчы,
- і паставіш у ёй Каўчэг Сьведчаньня, ды накрыеш яго заслонай.
- Унясеш таксама стол і паложыш на ім тое, што мае быць паложана, поруч прынясеш сьвечнік і паставіш на ім лямпы ягоныя.
- Паставіш такжа залаты ахвярнiк для каджэньня перад Каўчэгам Сьведчаньня і павесіш заслону ля ўваходу ў Скінію.
- А ахвярнiк цэлапаленьня (паставіш) перад уваходам звонку Палаткі Сустрэчы.
- І паставіш умывальнік між Палаткай Сустрэчы і ахвярнiкам, і нальеш ў яго вады.
- І зробіш навакол панадворак, а пры браме павесіш заслону.
- Потым возьмеш алей памазаньня і памажаш скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяціш яе і ўсе яе прыналежнасьці, і будзе яна сьвятыняй.
- І памажаш ахвярнiк цэлапаленьня з усімі яго прыналежнасьцямі, і асьвяціш яго, і будзе ён сьвятым зь сьвятых.
- Памажаш разам умывальнік і падставу яго, і асьвяціш яе.
- Тады прывядзеш Аарона і яго сыноў перад уваход у Палатку Сустрэчы і памыеш іх вадой.
- Пасьля адзенеш Аарона ў яго сьвятыя шаты і памажаш яго, і пасьвяціш яго, каб паслугаваў Мне сьвятаром.
- І прывядзеш сыноў яго, і адзенеш іх у сукні.
- І памажаш іх, як памазаў іх бацьку, каб служылі яны Мне сьвятарамі. Праз гэтае памазаньне ператрывае сьвятарства ў іхніх пакаленьнях навечна”.
- І Майсей зрабіў усё; як яму загадаў Госпад, так і зрабіў.
- Першага месяца другога года (па выхадзе іх з Эгіпту) у першы дзень месяца паставілі Скінію.
- І паставіў яе Майсей, і палажыў падставу яе, і паставіў дошкі яе, жэрдкі і слупы,
- і расьцягнуў палатку над Скініяй, і накрыў яе пакрыцьцём палаткі зьверху, як гэта загадаў Госпад Майсею.
- Потым узяў Сьведчаньне і палажыў яго ў Каўчэг, уклаў таксама насілы ў колцы Каўчэга і палажыў зьверху накрыўку.
- Пасьля ўнёс Каўчэг у Скінію і павесіў заслону закрываючую, як загадаў Госпад Майсею.
- І паставіў стол у Палатцы Сустрэчы на паўночным баку Скініі перад заслонай,
- а на ім разлажыў перад воблікам Госпада рад хлябоў, як загадаў Госпад Майсею.
- І паставіў сьвечнік у Палатцы Сустрэчы насупраць стала на паўдзёным баку Скініі,
- і на ім разьмясьціў лямпы перад Госпадам, як загадаў Госпад Майсею.
- Паставіў таксама залаты ахвярнiк у Палатку Сустрэчы насупраць заслоны,
- і загадаў на ім паліць пахкія кадзілы, як загадаў Госпад Майсею.
- І завесіў заслону ля ўваходу ў скінію.
- А ахвярнiк цэлапаленьня паставіў перад уваходам у сярэдзіну Палаткі Сустрэчы, і ахвяраваў на ім цэлапаленьне і ахвяру зь яды, як загадаў Госпад Майсею.
- Паставіў такжа ўмывальнік між Палаткай Сустрэчы і ахвярнiка, і наліў у яго вады для мыцьця.
- І мылі ў ім рукі і ногі Майсей, Аарон і сыны яго
- перад уваходжаньнем у Палатку Сустрэчы і падыходам да ахвярнiка, як загадаў Госпад Майсею.
- Наастатак зрабіў панадворак вакол Скініі і ахвярнiка, а пры ўваходзе завесіў заслону. Такім чынам Майсей скончыў работу.
- І тады воблака акрыла Палатку Сустрэчы, і хвала Госпада напоўніла Скінію.
- І ня мог Майсей увайсьці ў Палатку Сустрэчы, бо супачывала на ёй воблака, і хвала Госпада напаўняла Скінію.
- Колькі разоў воблака падымалася над скініяй, сыны Ізраэля выходзілі ў дарогу,
- а калі воблака не падымалася, не выходзілі яны ў дарогу аж да дня, калі падымалася воблака.
- Бо воблака Госпада ўдзень закрывала скінію, а ўночы сьвяціла, як агонь, на вачах усяго (дому) Ізраэля падчас усіх іхніх вандровак.