Беларуская Біблія

КНІГА СЬВЯТАРСКАЯ

Разьдзел 1

  1. Госпад паклікаў Майсея і так сказаў яму з Палаткі Сустрэчы:
  2. “Гавары да сыноў Ізраэля ды кажы ім: Калі хто з вас захоча скласьці ахвяру з хатняе жывёлы, хай складае (ахвяру) з валоў або жывёл драбнейшых.
  3. Калі ён захоча скласьці ахвяру цэлапальную з быдла, хай ахвяруе самца без заганы ды прывядзе яго да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, каб Госпад прыняў яго ласкава,
  4. і паложыць руку на галаву ахвяры, каб была прынята як перамаленьне за яго.
  5. Потым заб’е цяля перад Госпадам, а сыны Аарона, сьвятары, ахвяруюць кроў і пакрапяць ёю кругом ахвярнiк, якi стаiць перад уваходам у Палатку Сустрэчы;
  6. а пасьля здыме ён скуру з ахвяры цэлапаленьня і пасячэ ахвяру на часткі.
  7. Сыны ж Аарона, сьвятары, прынясуць агонь на ахвярнiк і паложаць дровы на агні.
  8. Потым сыны Аарона, сьвятары, паложаць часткі разам з галавой і тлушчам на дровах, што ляжаць на агні на ахвярнiку.
  9. А нутро ахвяры і ногі яе вымые ён вадою, i спаліць сьвятар усё гэта на ахвярнiку; гэта цэлапаленьне, ахвяра агнявая на мілы пах Госпаду.
  10. Калі вось хто хоча скласьці ахвяру цэлапаленьня з дробнае жывёлы, з авец або козаў, хай возьме самца без заганы,
  11. і заб’е яго перад Госпадам на паўночным баку ахвярнiка, а сыны Аарона, сьвятары, пакропяць крывёй яго ахвярнiк наўкола.
  12. І расьсячэ яго на часткі, а сьвятар паложыць іх разам з галавой і тлушчам на дровы, што ляжаць на агні на ахвярнiку,
  13. а нутро і ногі вымые ён вадой; і сьвятар зложыць гэта ўсё на ахвярнiку і спаліць; гэта цэлапаленьне на мілы пах Госпаду.
  14. А калі хто захоча скласьці ў ахвяру Госпаду птушку на цэлапаленьне, хай ахвяруе турка або маладога галуба.
  15. І сьвятар прынясе яго на ахвярнiк, зломіць яму галаву і спаліць на ахвярнiку, а кроў яго выцісьне на сьцяну  ахвярнiка;
  16. і возьме валяк з пер’ем, і выкіне каля ахвярнiк на ўсходнім баку, дзе попел;
  17. i надломіць яго паміж крыльляў, не аддзяляючы іх, i спаліць іх сьвятар на ахвярнiку, на дровах, што ляжаць на агні; гэта цэлапаленьне, ахвяра агнявая на мілы пах Госпаду.

Разьдзел 2

  1. Калі хто захоча скласьці ахвяру Госпаду зь яды, хай прынясе пшанічнай мукі, увалье ў яе алею і дабавіць да яе кадзіла,
  2. потым прынясе яе да сьвятароў, сыноў Аарона, і возьме сьвятар поўную жменю мукі з алеем і з усім кадзілам ды спаліць гэта як памятную частку на ахвярнiку; гэта ахвяра агнявая, пах, мілы Госпаду.
  3. А што застанецца ад ахвяры зь яды, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта найсьвяцейшая частка з ахвяраў, паленых для Госпада.
  4. Калі захочаш скласьці ахвяру зь яды, з мукі, печанай у печы, хай гэта будуць праснакі, запраўленыя алеем, ці аладкі прэсныя, памазаныя алеем.
  5. Калі ахвяра тая будзе з патэльні, то хай будзе з пшанічнай мукі, не квашанай, запраўленай алеем.
  6. Падзеліш яе на кавалкі і пальеш яе алеем. Гэта вось ахвяра хлебная.
  7. Калі ахвяра твая будзе ў гаршчку смажаная, то хай будзе з мукі, запраўленай алеем.
  8. Тады прынясеш гэтак прыгатоўленую ахвяру Госпаду і аддасі ў рукі сьвятара, а ён прынясе яе да ахвярнiка;
  9. і возьме сьвятар памятную частку яе, i спаліць на ахвярнiку; гэта ахвяра агнявая, мілы пах Госпаду.
  10. А ўсё, што застанецца, будзе для Аарона і сыноў ягоных. Гэта найсьвяцейшая частка з ахвяраў, паленых для Госпада.
  11. Усякая ахвяра з мукі, якую складаеце Госпаду, хай ня будзе квашанай, бо анічога квашанага, ані мёду не павінны вы паліць у ахвяру Госпаду.
  12. Прыносьце гэтыя рэчы як пяршыны, як дары Госпаду, але не кладзіце іх на ахвярнiк, каб паліць на пах прыемны.
  13. Кожную ахвяру, якую складаеш зь яды, пасалі сольлю. І не пакідай хлебнай ахвяры тваёй бяз солі запавету Бога твайго. Кожную ахвяру тваю пасалі сольлю.
  14. Калі прыносіш ахвяру зь пяршын пладоў тваіх Госпаду, то прынось каласы высушаныя на агні, або тоўчанае зерне як ахвяру зь яды,
  15. палі іх алеем і палажы на іх кадзіла. Гэта ахвяра зь яды.
  16. І спаліць сьвятар як памятную частку з тоўчанага зерня і алею з усім кадзілам. Гэта ахвяра агнявая для Госпада.

Разьдзел 3

  1. Калі чыя ахвяра ёсьць ахвярай прымірэньня, ён складае яе з валоў; самца або саміцу без заганы хай прыносіць Госпаду,
  2. і паложыць руку сваю на галаве сваёй ахвяры, якую заб’е перад уваходам у Палатку Сустрэчы, а пасьля сьвятары, сыны Аарона, пакрапяць ахвярнiк крывёю яе наўкола.
  3. І складзе ён з ахвяры прымірэньня ахвяру цэлапаленьня Госпаду з тлустасьці, каторая пакрывае нутро, ды ўвесь тлушч, каторы над ім,
  4. а такжа абедзьве ныркі і тлушч, каторы іх пакрывае, каторы на сьцёгнах, поруч тлушч, каторы на вантробе; разам з ныркамі хай аддзеліць яго.
  5. І сыны Аарона спаляць гэта на ахвярнiку як цэлапаленьне на дровах, якія на агні; гэта ахвяра цэлапаленьня на мілы пах Госпаду.
  6. Калі б чыя ахвяра складалася з дробнай жывёлы як ахвяра прымірэньня для Госпада, хай складае ахвяру з жывёлы без заганы, самца або самкі.
  7. Калі з авец прыносіць хто ахвяру, хай прынясе яе перад Госпада,
  8. і паложыць руку сваю на галаву ахвяры сваёй, і потым заб’е яе перад Палаткаю Сустрэчы, а сыны Аарона пакропяць крывёй жывёлы ахвярнiк наўкола.
  9. I складзе ён як ахвяру прымірэньня Госпаду тлушч яе, увесь курдзюк, адрэзаўшы яго па самую хрыбетную косьць, і тлушч, пакрываючы нутро, ды ўвесь тлушч над ім,
  10. і абедзьве ныркі і тлушч на іх, і каторы на сьцёгнах, і тлушч, каторы на вантробе; з ныркамі хай аддзеліць яго.
  11. І сьвятар спаліць гэта на ахвярнiку; гэта ахвяра, спаленая для Госпада.
  12. Калі б хто складаў ахвяру з козаў, хай ахвяруе яе перад Госпадам,
  13. і паложыць ён руку сваю на галаву яе ды заб’е яе перад Палаткай Сустрэчы, а сыны Аарона пакропяць крывёй яе ахвярнiк наўкола.
  14. І складзе ён зь яе ахвяру сваю на спаленьне для Госпада – тлушч, каторы пакрывае нутро, разам увесь тлушч, каторы на нутрах,
  15. і абедзьве ныркі разам з тлушчам, каторы на іх, каторы на сьцёгнах, а такжа тлушч, каторы на вантробе; з ныркамі хай аддзеліць яго.
  16. Пасьля сьвятар спаліць усё гэта на ахвярнiку; гэта ахвяра, спаленая на мілы пах Госпаду; увесь тлушч – для Госпада.
  17. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых ва ўсіх паселішчах вашых: ані крыві, ані тлушчу зусім ня ешце”.

Разьдзел 4

  1. Вось што сказаў Госпад Майсею:
  2. “Гавары сынам Ізраэля: Калі хто празь няўвагу саграшыць адносна прыказаньняў Госпада, забараняючых нешта рабіць, а ён гэта зрабіў бы,
  3. дык калі гэтага грэху дапусьціцца памазаны сьвятар, так што яго віна спадае на народ, то складзе ён у ахвяру Госпаду як перамольную ахвяру за дапушчаны грэх маладога бычка без заганы.
  4. І прывядзе бычка да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы перад Госпада, і паложыць руку на галаву яго, ды заб’е яго перад Госпадам.
  5. Потым памазаны сьвятар возьме крыві таго бычка і ўнясе ў Палатку Сустрэчы.
  6. Пасьля памочыць сьвятар палец у крыві і пакропіць крывёй сем разоў перад Госпадам, перад заслонай Месца Сьвятога;
  7. Потым памажа сьвятар крывёй рагі ахвярнiка пахкага каджэньня, каторы перад Госпадам у Палатцы Сустрэчы, а рэшту крыві бычка вылье ён на падставу ахвярнiка цэлапальных ахвяраў, каторы стаіць перад уваходам у Палатку Сустрэчы.
  8. І выме з ахвяраванага бычка ўвесь тлушч, пакрываючы нутро, і ўсю тлустасьць, каторая на нутры,
  9. і абедзьве ныркі разам з тлушчам, які над імі, каторы дастае да сьцёгнаў, а такжа тлушч, каторы на вантробе; разам з ныркамі хай аддзеліць яго,
  10. такім жа чынам, як аддзяляецца тлушч бычка ахвяры прымірэньня. І спаліць сьвятар усё гэта на ахвярнiку цэлапаленьня.
  11. А скуру цяляці, усё мяса яго, галаву яго, ногі ягоныя, і нутро яго, і нячыстасьць яго,
  12. значыць, усяго бычка хай вынясуць па-за табар; на чыстае месца, дзе высыпаюць попел, і там хай будзе спалены агнём на дровах.
  13. Калі ўся супольнасьць Ізраэля саграшыць празь няўвагу, і схавана гэта будзе перад вачыма сабраньня Госпадавага, што такім чынам правініліся супраць прыка-заньняў Госпадавых,
  14. а потым яны зразумеюць грэх, якім саграшылі, дык хай прывядуць да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы бычка ў ахвяру за грэх.
  15. Тады старшыні супольнасьці ўскладуць рукі на галаву бычка перад Госпадам, і той бычок будзе забіты перад Госпадам.
  16. Памазаны сьвятар унясе ў Палатку Сустрэчы частку крыві цяляці,
  17. пасьля памочыць палец у крыві ды пакропіць сем разоў перад Госпадам перад заслонай.
  18. І памажа тою крывёю рагі ахвярнiка, каторы перад Госпадам у Палатцы Сустрэчы, а застаўшуюся кроў вылье на падставу ахвярнiка цэлапаленьня, каторы ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.
  19. А ўвесь тлушч яго аддзеліць ад яго і спаліць на ахвярнiку.
  20. І зробіць з бычком тое, што робіцца з бычком ахвяры за грэх; так павінен зрабіць зь ім.Так ачысьціць іх сьвятар, і будзе даравана ім.
  21. І вынясе бычка па-за табар, і спаліць яго так, як спаліў папярэдняга бычка. Гэта ахвяра перамольная за грэх супольнасьці.
  22. Калі саграшыць начальнік і празь няўвагу дапусьціцца нечага, што забара-няецца прыказаньнем Госпада, Бога ягонага, ды гэтак правініцца,
  23. то калі будзе даказаны грэх яго, якім саграшыў, хай прывядзе ў ахвяру Госпаду казла без заганы.
  24. І паложыць ён руку сваю на галаву ягоную ды заб’е яго на месцы, дзе забіваюцца ахвяры цэлапаленьня перад Госпадам. Гэта ахвяра за грэх.
  25. І памочыць сьвятар палец у крыві ахвяры за грэх, ды памажа ёю рагі ахвярнiка цэлапаленьня, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярнiка цэлапаленьня.
  26. А ўвесь тлушч яго спаліць на ахвярнiку, падобна як тлушч ахвяры прымірэньня. Так вось ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, i будзе яму даравана.
  27. Калі хто спаміж народу зямлі празь няўвагу саграшыць і дапусьціцца таго, што прыказаньнем Госпада забараняецца, і гэтак правініцца,
  28. то калі будзе выяўлены яму грэх ягоны, якім саграшыў, хай прывядзе ў ахвяру за грэх свой казу без заганы.
  29. Пасьля паложыць руку на галаву ахвяры за грэх, ды заб’е яе на месцы ахвяры цэлапаленьня.
  30. Сьвятар возьме пальцам сваім крыві і памажа ёю рагі ахвярнiка цэлапаленьня, а рэшту вылье на падставу ахвярнiка.
  31. Потым аддзеліць увесь тлушч так, як быў аддзелены тлушч ахвяры прымірэньня. І спаліць яго сьвятар на ахвярнiку на мілы пах Госпаду. Так ачысьціць яго сьвятар, і грэх будзе яму адпушчаны.
  32. А калі хто захоча скласьці за грэх авечку, то хай прывядзе авечку без заганы,
  33. узложыць руку на яе галаву ды заб’е яе як ахвяру за грэх на месцы, дзе забіваюць ахвяры цэлапаленьня.
  34. Потым возьме сьвятар пальцам сваім крыві і памажа рагі ахвярнiка цэлапаленьня, а астатак вылье на падставу ахвярнiка.
  35. А ўвесь тлушч яе аддзеліць, як аддзя-ляецца лой авечкі з ахвяры прымірэньня, ды спаліць яго сьвятар на ахвярнiку ў ахвяру Госпаду. Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху, якім ён саграшыў, і будзе яму даравана.

Разьдзел 5

  1. Калі хто саграшыць тым, што чуў праклён і мог засьведчыць пра праступак, каторы бачыў або ведаў, i не зрабіў гэтага, і такім чынам правініўся,
  2. або калі хто дакранецца чаго нячыстага, трупа зьвера нячыстага, або жывёлы, або паўзуна нячыстага, але ня будзе ведаць гэтага, што стаўся нячыстым, і гэтак правініўся,
  3. або калі нехта дакранецца нейкай нячыстасьці чалавечай, якой-колечы рэчы нячыстай, дзеля якой мог занячысьціцца і спачатку не ўсьведамляў сабе гэтага, а потым даведаецца, што правініўся,
  4. або калі хто прысягае, гаворачы легкадумна вуснамі на ліха або на дабро, так як бывае, што чалавек легкадумна прысягае, спачатку не ўсьведамляючы сабе гэтага, а пасьля спасьцерагае, што правініўся праз адну з гэтых рэчаў,
  5. дык калі хто правініўся ў адной з гэтых рэчаў, хай прызнаецца, што саграшыў,
  6. і хай прынясе ён Госпаду за грэх свой, каторым саграшыў, у ахвяру перамольную авечку са статку або казу як ахвяру за грэх, і ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага.
  7. Калі хто ня можа ахвяраваць авечку, хай ахвяруе за грэх свой два турка або двух маладых галубоў Госпаду: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэлапаленьне.
  8. Хай прынясе іх да сьвятара, каторы першага ахвяруе за грэх і надломіць яму галаву пры карку, але яе не аддзеліць.
  9. Пасьля пакропіць крывёй яго сьцяну ахвярнiка, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярнiка. Гэта вось ахвяра за грэх.
  10. Другога галуба хай складзе ён ў ахвяру цэлапаленьня, як звычайна бывае; так ачысьціць яго сьвятар ад грэху яго, якім ён правініўся, і ён будзе яму адпушчаны.
  11. Калі б хто ня мог ахвяраваць двух туркоў або двух маладых галубоў, хай прынясе за тое, што саграшыў, дзесятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; хай не палівае яе алеем ды хай не кладзе на яе кадзіла, бо гэта ахвяра за грэх.
  12. І прынясе яе да сьвятара, а той возьме з гэтага поўную жменю (мукі) як памятную частку і спаліць на ахвярнiку ў ахвяру Госпаду. Гэта ахвяра за грэх.
  13. Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, каторым ён саграшыў супраць аднаго з тых прыказаньняў, і будзе яму адпушчана. Застаўшуюся частку возьме сьвятар як ахвяру зь яды”.
  14. Вось што сказаў Госпад Майсею:
  15. “Калі хто спракудзіцца і саграшыць праз памылку, прысвойваючы сабе рэчы, пасьвячоныя Госпаду, хай за віну сваю са свайго статку авец прынясе Госпаду ягнё без заганы па цане двух сыкляў серабра паводле вагі сьвятыні як ахвяру за грэх.
  16. Хай тое, што прысвоіў, зьверне і дадасьць да таго пятую частку вартасьці, ды адасьць гэта сьвятару, а сьвятар ачысьціць яго ахвярай ягняці, і грэх будзе яму адпушчаны.
  17. Калі хто саграшыць, дапускаючыся нечага супраць прыказаньняў Госпада празь няведаньне, і правініцца, дапускаючыся злачынства,
  18. хай прынясе да сьвятара ягнё без заганы, узяте са статку, па сваёй ацэнцы, у ахвяру за грэх. Тады сьвятар ачысьціць яго ад праступку, якога несьвядома дапусьціўся, і будзе ён яму адпушчаны.
  19. Гэта ахвяра за праступак, якім ён правініўся перад Госпадам”.
  20. Вось што сказаў Госпад Майсею:
  21. “Калі хто саграшыць і дапусьціцца праступку перад Госпадам тым, што адмовіцца аддаць бліжняму тое, што яму было дадзена на захаваньне, або што яму было дадзена ў заклад, або што было ім скрадзена, або што адабрана яшчэ якім чынам (у бліжняга),
  22. або калі знайшоў ён згубленую рэч і запярэчыў гэтаму, або што фальшыва сьведчыў адносна якой рэчы, празь якую чалавек можа саграшыць,
  23. вось жа хто так саграшыў і мусіць аднагарадзіцца, павінен аддаць тое, што ўкраў, або тое, што адабраў, або што яму было даручана на захаваньне, або згубленае, што ён знайшоў,
  24. або рэч, адносна каторай прысягаў фальшыва, і хай ён верне поўную вартасьць той рэчы, дадаючы пры тым да яе пятую частку яе вартасьці. Павінен ён аддаць гэта ўласьніку ў той самы дзень, калі будзе складаць ахвяру аднагараджэньня.
  25. А за праступак ахвяруе ён Госпаду ягнё без заганы са статку, паводле ацаненьня твайго, на ахвяру аднагараджэньня, і прывядзе яго да сьвятара.
  26. І ачысьціць сьвятар яго перад Госпадам, і дараваны будзе яму праступак, якім саграшыў”.

Разьдзел 6

  1. Вось што сказаў Госпад Майсею:
  2. “Загадай Аарону і сынам ягоным, кажучы: Вось закон адносна ахвяры цэлапаленьня: Ахвяра цэлапаленьня будзе прыносіцца на вогнішчы на ахвярнiку ўсю ноч аж да раніцы, і агонь ахвярнiка будзе на ім гарэць.
  3. Сьвятар адзенецца ў ільняную шату і льняную бялізну, і зьбярэ попел ахвяры цэлапаленьня, каторую спаліў агонь на ахвярнiку, і высыпе каля ахвярнiка.
  4. Потым здыме зь сябе адзеньне сваё, а адзене на цела другое адзеньне, i вынясе попел за табар на чыстае месца.
  5. Агонь жа на ахвярнiку будзе гарэць заўсёды і ня будзе гаснуць. На ім сьвятар кожную раніцу будзе паліць дровы, і будзе складаць ахвяру цэлапаленьня, і паліць на ім тлушч ахвяраў прымірэньня.
  6. Агонь будзе заўсёды гарэць на ахвярнiку, і ніколі ня згасьне.
  7. Гэтакі закон адносна ахвяраў зь яды: Cыны Ааронавы павінны прыносіць іх перад аблічча Госпада перад ахвярнiкам.
  8. Сьвятар возьме жменю мукі, палітай алеем, з усім кадзілам, пакладзеным на муку, i спаліць на ахвярнiку на мілы пах як напамін Госпаду.
  9. Астатак жа мукі хай зьядуць Аарон з сынамі сваімі, хлеб прэсны хай ядуць на сьвятым месцы, на панадворку Палаткі Сустрэчы.
  10. Таму вось не пячыце хлябоў квашаных. Гэта частка, каторую Я даю ім з Маіх ахвяраў агнявых. Гэта ахвяра найсьвяцейшая, як і ахвяра за грэх, і ахвяра аднагараждэньня.
  11. Толькі мужчыны з патомства Аарона будуць яе есьці. Гэта закон вечны для вашых пакаленьняў адносна ахвяраў цэлапальных Госпаду. Кожны, хто іх дакранецца, будзе асьвечаны”.
  12. Далей казаў Госпад Майсею:
  13. “Гэта вось ахвяра Аарона і сыноў ягоных, якую павінны яны складаць Госпаду ў дзень іхняга памазаньня: Будуць яны складаць ахвяру штодзённую зь дзесятай часткі эфы мукі пшанічнай: палову яе на раніцы і палову — вечарам.
  14. Яна павінна быць прыгатавана з алеем на патэльні. Прынясеш яе цёплую і ахвяруеш яе, падзеленую на кавалкі, на мілы пах Госпаду.
  15. Сьвятар, памазаны на месца бацькі свайго, зробіць гэта. Гэта закон вечны. Ахвяра цалкам павінна быць спалена для Госпада.
  16. Кожная бо хлебная ахвяра сьвятара будзе спалена агнём, і ніхто ня будзе есьці яе”.
  17. Зноў казаў Госпад Майсею:
  18. “Скажы Аарону і сынам ягоным: Такі вось закон адносна ахвяры за грэх: Ахвяра за грэх павінна быць забівана перад Госпадам на тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэлапаленьня. Гэта справа сьвятая.
  19. Сьвятар, каторы будзе складаць ахвяру за грэх, будзе яе есьці на сьвятым месцы, на панадворку Палаткі Сустрэчы.
  20. Кожны, хто дакранецца яе мяса, будзе асьвечаны. А калі кроўю яе будзе апырскана адзеньне, то апырсканае абмый на сьвятым месцы.
  21. Калі тое мяса будзе варана ў пасудзіне глінянай, то яе трэба разьбіць, а калі пасудзіна мядзяная, то павінна быць яна добра вышаравана і выпаласкана.
  22. Кожны мужчына са сьвятарскага роду будзе есьці яе, бо гэта сьвятая рэч.
  23. А ўсякую ахвяру за грэх, кроў каторай уносяць ў Палатку Сустрэчы для ачыш-чэньня ў Месцы Сьвятым, ніхто хай ня есьць, але спальваецца яна агнём.

Разьдзел 7

  1. Вось закон адносна ахвяры аднага-раджэньня. Гэта сьвятая рэч.
  2. На тым самым месцы, дзе забіваецца ахвяра цэлапаленьня, будуць забіваць ахвяру аднагараджэньня, i кроў яе выльюць вакол ахвярнiка;
  3. але ўвесь тлушч зь яе будзе складзены ў ахвяру: курдзюк, тлушч, пакрываючы нутро,
  4. абедзьве ныркі, а тлушч на вантробе разам з ныркамі хай будзе аддзелены.
  5. Спаліць гэта ўсё сьвятар на ахвярнiку на мілы пах Госпаду. Такая вось ахвяра аднагараждэньня.
  6. Кожны мужчына са сьвятарскага роду будзе спажываць гэтае мяса на сьвятым месцы. Бо гэта вялікая сьвятая рэч.
  7. Для ахвяры за грэх і для ахвяры аднагараджэння закон адзін: Яна належыць сьвятару, каторы складаў гэтую ахвяру.
  8. Сьвятар, каторы складае ахвяру цэлапаленьня, атрымоўвае скуру жывёлы, каторую склаў ў ахвяру.
  9. Таксама кожная ахвяра зь яды, смажаная ў печы, у гаршчку або на патэльні, належыць сьвятару, каторым гэтая ахвяра складзена.
  10. Але кожная ахвяра зь яды з алеем або сухая, належыць усім сынам Аарона, як адному, так і другому.
  11. Вось закон адносна ахвяры прымі-рэньня, каторую складаюць Госпаду:
  12. Калі хто складае гэтую ахвяру як падзяку, то хай далучыць да гэтай ахвяры падзякі таксама прэсныя аладкі з алеем, і прэсныя сухарыкі, запраўленыя алеем, і пшанічную муку з алеем.
  13. Таксама хай прыносіць аладкі зь цеста квашанага пры ахвяры прымірэньня ў падзяку.
  14. З усіх ахвяраў хай адна будзе ахвяраваная як асаблівы дар Госпаду. Яна будзе належаць сьвятару, каторы вылье кроў прымірэньня.
  15. Мяса ахвяраў прымірэньня ў падзяку мусіць быць зьедзена ў той самы дзень, нельга нічога зь іх пакідаць да раніцы.
  16. Калі хто складае ахвяру як шлюба-ваньне або з добрай волі, то ахвяру яго трэба есьці ў дзень ахвяраваньня, але і на другі дзень можна есьці застаўшаеся.
  17. Калі што застанецца на трэці дзень, тое трэба спаліць.
  18. Калі хто зьесьць штосьці з ахвяры прымірэньня на трэці дзень, то такая ахвяра ня будзе прынятая; ня будзе яна залічана таму, хто яе склаў, бо гэта зьнявага; а той, хто будзе яе есьці, дапусьціцца грэху.
  19. Мяса, каторае дакраналася чаго нячыстага, нельга есьці, але спальваецца яно на агні; а мяса чыстае можа есьці кожны чысты.
  20. Калі аднак хто, будучы ў нячыстасьці, будзе есьці мяса ахвяры прымірэньня, каторая для Госпада, то будзе выключаны з народу свайго.
  21. Калі хто дакранецца якойсьці нячыстасьці чалавечай, або нячыстасьці жывёлы, або нячыстага паўзуна, і будзе есьці мяса ахвяры прымірэньня, каторая для Госпада, той будзе выключаны з народу свайго”.
  22. Далей казаў Госпад Майсею:
  23. “Скажы сынам Ізраэля: Нельга вам есьці тлушч цялят, авец і казлоў.
  24. Можна карыстацца тлушчам зьвяроў мёртвых або разьдзёртых у кожнай патрэбе, але ня ешце яго;
  25. калі хто будзе есьці тлушч жывёлаў, складаных на ахвяру цэлапаленьня для Госпада, той будзе выключаны з народу свайго.
  26. Дзе толькі будзеце жыць, нельга вам есьці ніякай крыві, ані крыві птушак, ані крыві быдла.
  27. Хто будзе есьці якую-колечы кроў, той будзе выключаны з народу свайго”.
  28. Далей казаў Госпад Майсею:
  29. “Скажы сынам Ізраэля: Хто складае ахвяру прымірэньня для Госпада, хай прынясе свой дар Госпаду з ахвяры прымірэньня.
  30. Сваімі рукамі хай прынясе ён ахвяру агнявую для Госпада: тлушч з грудзіны і грудзіну, каб трэсьці імі перад Госпадам.
  31. Тлушч спаліць сьвятар на ахвярнiку, а грудзіна належыць Аарону і сынам ягоным.
  32. Таксама правую лапатку аддасьцё сьвятару як частку сьвятарскую з ахвяраў прымірэньня.
  33. Каторы з сыноў Аарона складае ў ахвяру кроў і тлушч ахвяры прымірэньня, той як сваю частку атрымае правую лапатку,
  34. бо грудзіну патрасаную і лапатку падыманую Я бяру ад сыноў Ізраэля зь іхніх ахвяраў прымірэньня i даю іх Аарону сьвятару і сынам ягоным як вечны закон ад усяго народа Ізраэльскага”.
  35. Гэта ёсьць частка з ахвяраў, паленых для Госпада, каторая належыцца Аарону і сынам ягоным ад дня пасьвячэньня іх на сьвятароў Госпадавых.
  36. У дзень, калі іх Госпад памазаў, загадаў Ізраэлю даваць ім гэта. Гэта пастанова вечная ў пакаленьні іхнія.
  37. Гэта вось закон адносна ахвяры цэлапаленьня, ахвяры зь яды, ахвяры за грэх, ахвяры аднагараджэньня, ахвяры пасьвя-чэньня і ахвяры прымірэньня.
  38. Гэта загадаў Госпад Майсею на гары Сынай ў дзень, калі загадаў сынам Ізраэля складаць ахвяры Госпаду ў пустыні Сынай-скай.

Разьдзел 8

  1. Вось гэта сказаў Госпад Майсею:
  2. “Вазьмі Аарона і сыноў ягоных, адзеньне, алей памазаньня, бычка на ахвяру за грэх, два бараны і кош прэсных хлябоў.
  3. Пасьля зьбяры ўсю супольнасьць ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы”.
  4. Майсей зрабіў так, як яму Госпад загадаў, і супольнасьць сабралася ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.
  5. Сказаў ім Майсей: “Вось даручэньне, якое загадаў Госпад выканаць!”
  6. І прывёў Майсей Аарона і сыноў ягоных, і абмыў вадой.
  7. І ўсклаў на яго шату льняную, і падперазаў яго паясом, i адзеў на яго верхнюю шату, і наверх усклаў эфод, і апаясаў яго паясом эфоду, і прымацаваў на ім эфод.
  8. І ўсклаў яму нагруднік, на якім разьмясьціў урым і тумім,
  9. і ўсклаў яму на галаву кідар і на ім залатую бляху, сьвятую дыядэму, як загадаў Майсею Госпад.
  10. Потым узяў Майсей алей памазаньня, і памазаў Скінію разам з усім, што ў ёй было, і пасьвяціў гэтыя рэчы.
  11. І пакрапіў ён ахвярнiк сем разоў, і памазаў  ахвярнiк разам зь яго прына-лежнасьцямі, таксама ўмывальнік і яго падставу, каб пасьвяціць іх.
  12. А потым паліў ім галаву Аарона, і памазаў яго, каб пасьвяціць яго.
  13. Прывёў ён таксама сыноў Аарона і апрануў іх у шаты, падперазаў іх паясамі і ўсклаў на іх галовы мітры, як загадаў яму Госпад.
  14. І прывёў (Майсей) бычка на ахвяру за грэх. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі рукі свае на галаву ахвяры за грэх.
  15. І Майсей забіў яго, ды, узяўшы крыві яго, пальцам памазаў рагі ахвярнiка кругом, і такім чынам ачысьціў  ахвярнiка. Астатак крыві выліў на падставу  ахвярнiка і так пасьвяціў яго, ачышчаючы.
  16. Пасьля ўзяў увесь тлушч, каторы на нутры, і тлушч на вантробе, і абедзьве ныркі разам з тлушчам, ды спаліў іх на ахвярнiку,
  17. а бычка і скуру яго, і мяса яго, і нячыстасьці ягоныя спаліў у агні па-за табарам, бо так  загадаў Майсею Госпад.
  18. Потым прывёў (Майсей) барана на ахвяру цэлапаленьня. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі на галаву яго рукі свае.
  19. Майсей забіў яго і пакрапіў кругом ахвярнiка крывёю,
  20. пасьля пасек барана на часткі і спаліў галаву, і кавалкі, і тлушч,
  21. а нутро і ногі памыў вадой. І спаліў Майсей усяго барана ў агні на ахвярнiку. Гэта цэлапаленьне на мілы пах, гэта ахвяра Госпаду, як загадаў Госпад Майсею.
  22. Потым прывялі другога барана, барана пасьвячэньня сьвятароў. Аарон і сыны ягоныя ўсклалі свае рукі на галаву яго.
  23. Майсей забіў яго  i ўзяў крыху крыві ягонай, і памазаў ёю верх правага вуха Аарона, вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
  24. І прывёў Майсей сыноў Аарона, і памазаў крывёй верх правага вуха іхняга, i вялікі палец правай рукі іхняй, і вялікі палец правай нагі іхняй, i пакрапіў Майсей крывёю ахвярнiк з усіх бакоў.
  25. Потым узяў тлушч, хвост і ўвесь тлушч, каторы на нутры разам з тлушчам на вантробе, абедзьве ныркі і іхні тлушч, i правую лапатку,
  26. і з каша праснакоў, каторы стаяў перад Госпадам, узяў адзін праснак, адну аладку на алеі і адзін сухарык, і палажыў на тлушч і на правую лапатку.
  27. І палажыў усё гэта на рукі Аарона і сыноў яго, і патрос гэтым перад абліччам Госпада.
  28. Пасьля ўзяў усё гэта Майсей з рук іхніх i спаліў на ахвярнiку разам з цэла-паленьнем. Гэта была ахвяра пасьвячэньня на мілы пах, ахвяра агнявая для Госпада.
  29. Потым Майсей узяў грудзіну і патрос яе перад Госпадам; гэта была частка Майсею з барана, ахвяры пасьвячэньня, як загадаў Госпад Майсею.
  30. Потым Майсей узяў крыху алею памазаньня і крыху крыві з ахвярнiка і пакрапіў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іхнія. Гэтак пасьвяціў Аарона і шаты яго, а таксама сыноў яго і шаты іхнія.
  31. Па пасьвячэньні іх і шатаў іхніх Майсей загадаў ім: “Зварыце мяса ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы і там ешце яго з хлебам, каторы ў кашы пасьвячэньня, як мне было загадана: “Аарон і сыны яго будуць яго есьці,”
  32. а што застанецца зь мяса і хлябоў, спаліце агнём.
  33. Ад уваходу ў Палатку Сустрэчы не адыходзьцеся сем дзён, аж да дня заканчэньня пасьвячэньня вашага, бо сем дзён будзе працягвацца пасьвячэньне.
  34. І што я зрабіў сягоньня, так загадаў Госпад рабіць, каб ачысьціць вас.
  35. Ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы заставайцеся днём і ноччу сем дзён на варце Госпада, каб не паўміралі, бо гэтак мне было загадана”.
  36. І зрабілі Аарон і сыны ягоныя ўсё, што загадаў ім Госпад праз Майсея.

Разьдзел 9

  1. Восьмага дня паклікаў Майсей Аарона, сыноў яго і старшыняў Ізраэля i сказаў Аарону:
  2. “Вазьмі са статку бычка ў ахвяру за грэх і барана на ахвяру цэлапаленьня, абодвух без заганы, i прынясі перад аблічча Госпада.
  3. А сынам Ізраэля скажы: “Вазьміце казла ў ахвяру за грэх, і цялё, і барана гадавога без заганы на ахвяру цэлапаленьня,
  4. і вала, і барана ў ахвяру прымірэньня, каб ахвяраваць іх перад Госпадам, і ахвяру зь яды, запраўленую алеем, бо сёньня Госпад зьявіцца вам”.
  5. І прынесьлі ўсё тое, што загадаў ім Майсей, да ўваходу ў Палатку Сустрэчы, і прыйшла ўся супольнасьць, і стала перад Госпадам.
  6. І сказаў ім Майсей: “Вось тое, што загадаў Госпад зрабіць, і аб’явіцца вам хвала Госпада!”
  7. Дык сказаў Майсей Аарону: “Прыйдзі да ахвярнiка, і складзі ахвяру за грэх і ахвяру цэлапаленьня, і ачысьці сябе і народ. І складзі ахвяру за народ, і ачысьці яго, як загадаў Госпад”.
  8. Тады Аарон прыступіўся да ахвярнiка і забіў цялё за грэх свой.
  9. Сыны яго далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец ў крыві, памазаў ёю рагі ахвярнiка, а астатак выліў на падставу  ахвярнiка.
  10. Тлушч, ныркі і тлушч на вантробе з ахвяры за грэх спаліў ён на  ахвярнiку, як загадаў Госпад Майсею,
  11. а мяса і скуру ягоную спаліў на агні за табарам.
  12. Пасьля забіў ахвяру цэлапаленьня; сыны яго далі яму кроў, і ён выліў яе кругом ахвярнiка.
  13. Далі яму таксама ахвяру цэла-паленьня, падзеленую на часткі, разам з галавой, і ён спаліў гэта на ахвярнiку.
  14. Потым абмыў нутро і ногі і спаліў як цэлапаленьне на ахвярнiку.
  15. Потым склаў ён ахвяру за народ. Узяў казла, каторы быў прызначаны на ахвяру за грэх народу, і забіў яго, і ахвяраваў за грэх, як і першага.
  16. Пасьля ўзяў ахвяру цэлапаленьня і ахвяраваў яе паводле пастановы.
  17. І прынёс ён ахвяру зь яды, і напоўніў ёю руку сваю ды спаліў на ахвярнiку, апрача ранішняй ахвяры цэлапаленьня.
  18. Пасьля забіў вала і барана, ахвяры прымірэньня ад народу; сыны ж яго далі яму кроў, каторую выліў ён кругом ахвярнiка.
  19. Тлушч жа вала і хвост барана, і ныркі з лоем, і тлушч на вантробе
  20. палажылі на грудзіну; і тлушч быў спалены на ахвярнiку;
  21. а грудзіна і правае плячо Аарон прынёс, патрасаючы перад Госпадам, як загадаў яму Майсей.
  22. І падняў Аарон рукі ў бок народу і дабраславіў яго, і па заканчэньні ахвяраў за грэх, ахвяраў цэлапаленьня і ахвяраў прымірэньня зыйшоў уніз.
  23. Потым Майсей і Аарон увайшлі ў Палатку Сустрэчы і, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. У гэты час аб’явіліся хвала Госпада ўсяму народу.
  24. І вось агонь выйшаў ад Госпада, і спаліў ахвяру цэлапаленьня разам з тлушчам, які быў на ахвярнiку. Калі ўбачылі гэта людзі, узрадаваліся вельмі, падаючы тварам да зямлі.

Разьдзел 10

  1. Сыны Аарона, Надаб і Абігу, узялі кожны сваю кадзільніцу і набралі ў іх агня, паклалі на яго кадзіла i ахвяравалі перад Госпадам іншы агонь, а ня той, што быў ім загаданы.
  2. Тады выйшаў агонь ад Госпада і спаліў іх, і яны памерлі перад абліччам Госпада.
  3. Дык сказаў Майсей Аарону: “Вось што сказаў Госпад: Я аб’яўлю Маю сьвятасьць тым, каторыя набліжаюцца да Мяне, i аб’яўлю хвалу перад усім народам ”. Аарон, чуючы гэта, маўчаў.
  4. Тады Майсей паклікаў Мішаэля і Эльцафана, сыноў Узіэля, дзядзькі Аарона, і сказаў ім: “Ідзіце і забярыце братоў вашых, і вынясіце іх зь Месца Сьвятога за табар”.
  5. Яны зараз пайшлі і забралі іх, ляжачых у шатах сваіх, і вынесьлі за табар, як ім было загадана Майсеем.
  6. Майсей сказаў тады Аарону ды Элеазару і Ітамару, сынам ягоным: “Не галіце валасоў вашых і не разьдзірайце адзеньня, каб часам не былі вы пакараныя сьмерцю, ды каб не ўзгарэўся гнеў Госпадаў на ўсю супольнасьць. Але браты вашыя і ўвесь дом Ізраэля можа плакаць дзеля тых, каторых спаліў Госпад.
  7. Вы ж не выходзьце па-за Палатку Сустрэчы, бо пагінеце, бо алей памазаньня Госпада на вас”. І яны зрабілі так, як Майсей ім загадаў.
  8. І казаў Госпад Аарону:
  9. “Калі маеце ісьці ў Палатку Сус-трэчы, то ані ты, ані твае сыны ня піце віна, ані ўсяго таго, што можа п’яніць, каб не паўміралі. Гэта закон вечны на ўсе пакаленьні вашыя,
  10. каб умелі адрозьніваць паміж сьвятым і паганым, чыстым і нячыстым,
  11. каб навучылі вы сыноў Ізраэля ўсім прыказаньням Маім, якія аб’явіў Госпад ім праз Майсея”.
  12. Вось што сказаў Майсей Аарону і застаўшымся сынам ягоным, Элеазару і Ітамару: “Вазьміце ахвяру зь яды, застаў-шуюся ад ахвяраў Госпадавых, і ешце яе прэсную каля ахвярнiка, бо гэта сьвятая рэч.
  13. Ешце яе ў сьвятым месцы, бо належыцца яна табе і сынам тваім з агнявых ахвяраў Госпадавых, бо так мне загадана.
  14. Грудзіну патрасаную і лапатку падыманую маеце есьці на чыстым месцы, ты і сыны твае, і дочкі твае з табою; гэта бо пакінута табе і дзецям тваім з ахвяраў прымірэньня сыноў Ізраэля.
  15. Лапатка падыманая і грудзіна патрасаная разам з часткамі тлустымі ахвяры цэлапаленьня, каторыя будуць трэсьці перад Госпадам, будуць належаць табе і сынам тваім як вечны закон, як загадаў Госпад”.
  16. Майсей шукаў казла ахвяры за грэх і даведаўся, што ён спалены. Дык разгневаўся ён на застаўшыхся сыноў Аарона, Элеазара і Ітамара і сказаў ім:
  17. “Чаму ня зьелі вы ахвяры за грэх у сьвятым месцы? Гэта ж сьвятая рэч. Яна дадзена вам здымаць грахі з супольнасьці, каб ачысьціць яе перад Госпадам.
  18. Вось жа кроў яго ня ўнесена у Месца Сьвятое. Дык мусілі вы зьесьці яе ў Месцы Сьвятым, як загадана мне”.
  19. Аарон адказаў: “Вось складзеная сёньня імі ахвяра за грэх і цэлапаленьне перад Госпадам, і такое здарылася. Калі сягоньня зьем ахвяру за грэх, ці гэта ўспадабае Госпад?”
  20. Майсей выслухаў гэта, і спадабалася яму.

Разьдзел 11

  1. І сказаў Госпад Майсею і Аарону:
  2. “Вось што кажыце сынам Ізраэля: Вось жывёлы з усіх жывёлаў зямных, каторыя можаце есьці:
  3. кожную жывёліну, у каторай раздвое-ныя капыты і на іх глыбокі разрэз, і каторая жуе жвайку, тую можаце есьці.
  4. З маючых раздвоеныя капыты і што жуюць жвайку ня ешце такіх: вярблюда, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;
  5. тушканчыка, каторы жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;
  6. таксама зайца, бо ён жуе жвайку, але ня мае раздвоеных капытоў, нячысты ён для цябе;
  7. і сьвіню, каторая мае раздвоеныя капыты і на капытах разрэз глыбокі, але не жуе жвайку, нячыстая яна для цябе.
  8. Іхнім мясам не карыстайцеся і падліны іхняй не дакранайцеся, бо яны нячыстыя для вас.
  9. Вось гэтых жывуноў, што родзяцца ў вадзе, можна есьці: кожнага вадзянога жывуна, каторы мае плаўнік і луску, ці ён з мора, ці з ракі, ці з ручая, есьці можаце.
  10. Каторы ж зь іх ня мае плаўніка і лускі, ці з мора, ці з ракі, усе, што, плаваюць у вадзе, і ўсе, каторыя жывуць у вадзе, яны паганыя для вас.
  11. Яны будуць брыдотай для вас. Ня ешце мяса іх і высьцерагайцеся падліны іхняй.
  12. Усе жывуны вадзяныя, ня маючыя плаўніка і лускі, будуць для вас нячыстымі.
  13. З птушак гэтых павінны вы высьце-рагацца і ня есьці: арла, грыфа і марскога арла,
  14. каршука і сокала з родам яго,
  15. усякіх гатункаў крумкачоў,
  16. страуса, савы, чайкі ды ястрабоў усякіх гатункаў,
  17. пугача, рыбалова, ібіса,
  18. лебедзя, пэлікана і сыча,
  19. чаплі, буслоў усякіх гатункаў, удода і кажана.
  20. Усе жывуны крылатыя, што на чатырох нагах, нячыстыя будуць для вас.
  21. Спаміж лятаючых жужлаў будзеце есьці толькі тых, у каторых галені вышэй ног, каб маглі скакаць па зямлі.
  22. Спаміж іх гэтых ешце: шаранчу ўсіх гатункаў, салам усіх гатункаў, харголь і хагаб усіх гатункаў.
  23. Усе іншыя гатункі чатырохножных жужлаў будуць для вас нячыстыя.
  24. Ад іх вы будзеце нячыстыя; хто дакранецца іхняй падліны, апаганіцца і будзе нячысты да вечара.
  25. І калі б каму выпала несьці падліну іх, хай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да заходу сонца.
  26. Кожная жывёла, каторая мае капыт раздвоены, але ня мае разрэзу ды не жуе жвайку, будзе нячыстая для вас; дык хто дакранецца яе, станецца нячыстым.
  27. З усіх жывёлаў чатырохножных тыя, што ходзяць на лапах, нячыстыя для вас; кожны хто дакранецца падліны іхняй, нячысты будзе да вечара.
  28. Дык кожны, хто нёс бы падліну іхнюю, хай вымые адзеньне сваё і будзе нячысты да вечара, бо ўсе яны нячыстыя для вас.
  29. Спаміж малых жывёлін, каторыя рухаюцца па зямлі, нячыстыя гэтыя: крот, мыш ды ўсе гатункі яшчарак,
  30. анака, хамэлеон, летаа, хамэт і тыншамэт.
  31. Усе гэтыя жывёлы нячыстыя. Хто дакранецца іх падліны, будзе нячысты аж да вечара.
  32. Калі з гэтых падлінаў упадзе што-ко-лечы ці то на посуд драўляны, ці на адзеньне, ці на скуру, ці на мяшок, то ўсякая рэч, катораю карыстаюцца, будзе нячыстай. Трэба намачыць іх у вадзе, і будуць яны нячыстыя аж да вечара, а потым будуць чыстыя.
  33. Посуд жа гліняны, у каторы штосьці з гэтага ўпала, будзе ўнутры нячысты, і яго трэба разьбіць.
  34. Кожная страва, каторую ясьцё, калі б на яе пацякла вада з таго посуду, будзе нячыстай, i ўсякае пітво, каторае п’юць з такога посуду, нячыстае.
  35. На што толькі нешта з гэтае падліны ўпадзе, тое будзе нячыстым; печ ці грубка маюць быць зьнішчаны, бо яны нячыстыя, і будуць нячыстыя для вас.
  36. Толькі крыніцы і студні, дзе ёсьць вада, будуць чыстымі. Але той, хто дакра-нецца той падліны, будзе нячысты.
  37. Калі што-колечы ад падліны ўпадзе на насеньне, не паганіць яго,
  38. але калі б зерне было мокрае і такога дакранулася штосьці ад падліны, то яно будзе для вас нячыстым.
  39. Калі здохне жывёла, каторую вам можна есьці, дык калі б хто дакрануўся яе, будзе нячысты да вечара.
  40. Калі хто зьесьць такой падліны, то хай памые адзеньне i будзе нячысты да вечара. Таксама і той, хто будзе несьці такую падліну, хай вымые адзеньне і будзе нячысты да вечара.
  41. Усякая жывёліна, каторая поўзае па зямлі – гэта брыдота, нельга яе есьці.
  42. Што-колечы поўзае па зямлі на жываце і на чатырох нагах, або мае многа ног, або цягнецца па зямлі, ня ешце гэтага, бо гэта брыдота.
  43. Не паганьце душаў вашых якімі-небудзь паўзунамі і не дакранайцеся да іх, каб ня сталіся нячыстымі.
  44. Я — Госпад, Бог ваш. Асьвячайцеся ды будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты! Не паганьце душаў вашых якім-колечы паўзуном, каторы поўзае па зямлі,
  45. бо Я — Госпад, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб быць вашым Богам. Будзьце сьвятымі, бо Я — Сьвяты!
  46. Гэта вось закон адносна быдла і птушак ды ўсякага жывуна, каторы жыве ў вадзе і поўзае па зямлі,
  47. каб адрозьнівалі, што чыстае, а што нячыстае, ды ведалі, што маеце есьці, а чым маеце брыдзіцца”.

Разьдзел 12

  1. Далей казаў Госпад Майсею:
  2. “Кажы сынам Ізраэля і вучы іх: Калі жанчына пачне і народзіць сына, сем дзён застанецца нячыстай; як у дні месячніцы яна будзе нячыстай.
  3. І ў восьмы дзень будзе абрэзаны (хлопец),
  4. а яна трыццаць тры дні будзе ачышчацца ад крыві сваёй, ня будзе дакранацца нічога сьвятога, ня будзе хадзіць у сьвятыню, пакуль ня скончацца дні яе ачышчэньня.
  5. Калі народзіць дачку, нячыстай будзе яна два тыдні як у дні месячніцы, і шэсьцьдзесят дзён будзе ачышчацца ад крыві сваёй.
  6. Калі скончацца дні ачышчэньня ейнага дзеля нараджэньня сына або дачкі, прынясе яна да сьвятара да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы аднагадовага барана ў ахвяру цэлапаленьня і маладога галубка або турка ў ахвяру за грэх.
  7. Ён складзе іх у ахвяру перад Госпадам і ачысьціць яе, і так ачысьціцца яна ад цячэньня крыві сваёй. Гэта закон адносна той, каторая нарадзіла сына або дачку.
  8. Калі б яна не змагла ахвяраваць барана, то хай ахвяруе двух туркоў або два маладыя галубкі, аднаго ў ахвяру цэлапаленьня, а другога ў ахвяру за грэх. Гэтак ачысьціць яе сьвятар і яна будзе ачышчаная”.

Разьдзел 13

  1. Далей казаў Госпад Майсею і Аарону:
  2. “Калі ў якога чалавека на скуры цела зьявіцца пухліна, або лішай, або белая пляма, што ёсьць прыкметай праказы, то хай прывядуць яго да Аарона, сьвятара, або да аднаго з сыноў яго, сьвятароў.
  3. Сьвятар агледзіць пляму на скуры, і калі валасы на пляме зьменяцца на белыя ды пляма паглыбіцца на скуры цела, гэта хвароба праказы. Сьвятар праверыць яго і прызнае яго нячыстым.
  4. Калі, аднак, пляма на скуры цела яго белая, але ня ўглыбіўшыся ў цела, і валасы не пабялелыя, то сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
  5. Сёмага дня сьвятар агледзіць яго. Калі сьвятар сьцьвердзіць, што пляма не павялічылася і не пашырылася на скуры, то адасобніць яго яшчэ на сем дзён.
  6. Пасьля сямі дзён сьвятар зноў яго агледзіць. Калі пляма пацямнела і не пашырылася на скуры, то сьвятар прызнае яго чыстым; гэта лішай, дык хай ён вымые адзеньне сваё і будзе чысты
  7. Калі, аднак, лішай пашырыўся па скуры пасьля таго, як ён стаў перад сьвятаром для праверкі, то ён другі раз павінен стаць перад сьвятаром.
  8. Сьвятар агледзіць яго, і калі сьцьвердзіць, што лішай пашырыўся на скуры, прызнае яго тады нячыстым; гэта праказа.
  9. Калі на якім чалавеку выявіцца праказа, хай прывядуць яго да сьвятара.
  10. Калі сьвятар агледзіць яго і сьцьвердзіць, што на скуры ягонай ёсьць белая пухліна, паросшая белымі валасамі, і на пухліне жывое мяса,
  11. гэта значыць, што на скуры цела яго застарэлая праказа. Сьвятар прызнае яго нячыстым і адасобніць яго, бо ён нячысты.
  12. Калі ж праказа расьцьвіце на скуры і пакрые ўсю скуру хворага ад галавы да ног, на колькі могуць бачыць вочы сьвятара,
  13. i ўбачыць сьвятар, што праказа пакрыла ўсё цела ягонае, то ён аб’явіць хворага чыстым, таму што ўсё (цела) перамянілася ў белае; ён чысты.
  14. Калі выявіцца на ім жывое мяса, то ён нячысты.
  15. Сьвятар, убачыўшы жывое мяса, прызнае яго нячыстым; бо жывое мяса нячыстае; гэта праказа.
  16. Калі ж жывое мяса станецца зноў белым, хай ён прыйдзе да сьвятара.
  17. Сьвятар яго агледзіць і сьцьвердзіць, што плямы сталіся белымі і прызнае яго чыстым; ён чысты.
  18. Калі ў каго на скуры цела была скула і зажыла,
  19. але на месцы скулы будзе белая пухліна, або белая пляма, або чырвоная, то ён павінен паказацца сьвятару.
  20. Сьвятар агледзіць яго і сьцьвердзіць, што тая пляма паглыблена адносна скуры і што валасы на ёй пабялеўшыя, і прызнае тады яго нячыстым. Гэта хвароба праказы, каторая зацьвіла на скуле.
  21. Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што там няма белых валасоў, і што пляма не паглыблена адносна скуры, і што яна пацямнеўшы, то сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
  22. Калі ж яна пашырыцца на скуры, то сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта бо хвароба праказы.
  23. Калі, аднак, пляма застанецца бязь зьмены і не пашырыцца, то гэта шнар на скуле, і сьвятар прызнае яго чыстым.
  24. Калі хто мае на сваёй скуры апёк, і калі на той скуры паявіцца чырвоная або белая пляма,
  25. дык сьвятар агледзіць яго. Калі сьцьвердзіць, што валасы на пляме пабялеўшы, і калі выглядае, што пляма паглыблена адносна акружаючай скуры, значыць, гэта праказа, каторая зацьвіла на апёку. Сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.
  26. Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што на пляме няма белых валасоў і што яна не паглыблена адносна акружаючай скуры, ды што яна пацямнеўшы, дык сьвятар адасобніць яго на сем дзён.
  27. Сёмага дня сьвятар зноў яго агледзіць. Калі пляма пашырылася на скуры, то сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта хвароба праказы.
  28. Калі, аднак, пляма не пашырыцца на скуры, але пацямнее, значыць, гэта шнар ад апёку. Сьвятар прызнае яго чыстым, бо гэта ёсьць шнар ад апёку.
  29. Калі ў мужчыны або жанчыны на галаве або барадзе зьявіцца пляма,
  30. хай агледзіць яе сьвятар, і калі сьцьвердзіць, што яна паглыблена адносна акружаючай скуры, і што валасы на ёй сталіся жоўтыя і тонкія, дык сьвятар прызнае яго нячыстым. Гэта паршывасьць, праказа галавы або барады.
  31. Калі ж сьвятар агледзіць пляму, і яна не паглыблена адносна скуры, і валасы на ёй ня чорныя, дык адасобніць яго (чалавека) на сем дзён.
  32. У сёмы дзень сьвятар агледзіць пляму, і калі сьцьвердзіць, што пляма не пашырылася, і што на ёй няма жоўтых валасоў, і калі пляма не паглыбілася адносна скуры,
  33. то чалавек паголіцца, але не абголіць месца плямы, і сьвятар зноў адасобніць яго на сем дзён.
  34. Сёмага дня, калі сьвятар убачыць, што пляма трымаецца свайго месца і не паглыбілася адносна скуры, то сьвятар прызнае яго чыстым. Памыўшы адзеньне, будзе ён чыстым.
  35. А калі пасьля ачышчэньня зноў зьявіцца пляма на скуры,
  36. дык сьвятар аглядзіць яго. Калі сьцьвердзіць, што пляма пашырылася на скуры яго, то ўжо не патрабуе шукаць жоўтых валасоў, бо ясна, што ён нячысты.
  37. Калі ж пляма застаецца ў сваім выглядзе, ды ня бачна на ёй чорнага воласу, то хай ведае, што чалавек здаровы, і хай сьвятар сьмела заяўляе, што ён чысты.
  38. Калі ў мужчыны або жанчыны паявіцца на скуры цела іхняга шмат плямаў белых,
  39. хай агледзіць іх сьвятар. Калі сьцьвердзіць, што на іх скуры сьветлыя белыя плямы, дык гэта толькі крапіўка, каторая закрасавала на скуры. Ён чысты.
  40. Калі з чыёй галавы выпадуць валасы, то ён лысы, і ён чысты.
  41. Калі ў каго лоб палысее, ён лысы, і ён чысты.
  42. Але калі на лысіне або лысеючым чале паявіцца пляма белая або чырвоная, значыць, гэта праказа, каторая закрасавала на лысіне або палыселым чале.
  43. Дык калі сьвятар сьцьвердзіць, што ў яго пухліна белая або чырвоная на лысеючым чале, падобная да праказы на скуры цела,
  44. гэта значыць чалавек пракажаны, нячысты. У яго на галаве праказа.
  45. Пракажаны, крануты гэтай хваробай, будзе мець разадранае адзеньне, нячэсаныя валасы на галаве і бараду заслоненую і будзе крычаць: “Нячысты, нячысты!”
  46. Увесь час сваёй хваробы ён будзе нячыстым. Будзе жыць асобна па-за табарам.
  47. Калі на якімсьці адзеньні паявіцца праказа, ці на адзеньні ваўняным, ці на льняным,
  48. ці на аснове, ці на ўтоку льняным, ці ваўняным, ці на скуры, ці на якім вырабе скураным,
  49. і калі паявіцца пляма зелянявая або чырванявая на адзеньні або на скуры, на ўтоку або аснове, або на якім другім вырабе скураным, гэта хвароба праказы. Трэба паказаць гэта сьвятару.
  50. Сьвятар агледзіць заражанае і замкне (заражанае) на сем дзён.
  51. Сёмага дня агледзіць зноў пляму, і калі яна пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на скуры, або на якім іншым вырабе, зробленым са скуры, то гэта праказа ліхая; усё, на чым яна знойдзена, — нячыстае.
  52. І ён павінен спаліць гэтае адзеньне, ці аснову, ці ўток ільняны, ці ваўняны, ці выраб скураны, на якіх будзе гэтая зараза, бо гэта злаякасная праказа, яна павінна быць спалена агнём.
  53. Калі, аднак, сьвятар сьцьвердзіць, што пляма не пашырылася на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе,
  54. то ў такім выпадку сьвятар загадае вымыць рэч, заражаную язвай, і замкне яе яшчэ на сем дзён.
  55. Калі па вымыцьці сьвятар сьцьвер-дзіць, што пляма не зьмяніла свайго віду, то, значыць, гэта нячыстае, хоць пляма не пашырылася. Спаліш тое незалежна ад таго, ці рэч заражаная з аднога, ці з другога боку.
  56. А калі сьвятар сьцьвердзіць па вымыцьці, што пляма сталася сьвятлейшай, то ён адарве гэтае месца ад адзеньня або скуры, або асновы, або ўтоку.
  57. А калі пляма зноў зьявіцца на адзеньні, або на аснове, або на ўтоку, або на якім-колечы вырабе скураным, гэта красаваньне праказы; спаліш у агні тое, на чым ёсьць зараза.
  58. Аднак тое адзеньне, або аснова, або ўток, або які іншы выраб скураны, каторы ты вымыў i з каторага зьнікла пляма, хай будзе вымыты паўторна, і будзе ён чысты.
  59. Гэта вось закон адносна праказы на адзеньні ваўняным ці льняным, на аснове, або на ўтоку, або на якім скураным вырабе, каб прызнаць іх чыстымі ці нячыстымі”.

Разьдзел 14

  1. Далей казаў Госпад Майсею:
  2. “Гэта закон адносна пракажанага ў дзень ягонага ачышчэньня: Няхай прывядуць яго да сьвятара,
  3. і сьвятар выйдзе з табару, і калі (сьвятар) сьцьвердзіць, што праказа вылечаная,
  4. загадае, каб за таго, каторы ачышчаны, узялі дзьве птушкі жывыя, чыстыя, і кедровага дрэва, і кармазыновыя ніткі, і гізоп.
  5. Потым сьвятар загадае забіць адну птушку над гліняным начыньнем, напоў-неным жывою вадой.
  6. Пасьля возьме другую жывую птушку разам з кавалкам дрэва кедровага, зь ніткамі кармазыновымі, і гізоп, і ўмочыць іх і жывую птушку ў крыві (птушкі) забітай над жывою вадою,
  7. і папырскае на ачышчанага ад праказы сем разоў, і аб’явіць яго чыстым. А жывую птушку выпусьціць у поле.
  8. Ачышчаны памые адзеньне сваё, абголіць усе валасы на целе, і вымыецца ў вадзе, і будзе чысты. Пасьля ачышчаны ўвойдзе ў табар і будзе жыць сем дзён па-за сваёй палаткай.
  9. Сёмага дня абголіць ён усе валасы, вымые адзеньне, абголіць галаву і бараду, і бровы, абмые ўсё цела вадой і будзе чысты.
  10. Восьмага дня возьме ён двух баранчыкаў без заганы, адну гадавую авечку без заганы і тры дзесятыя часткі эфы пшанічнай мукі, зьмешанай з алеем, як ахвяру зь яды, і адзін лог алею.
  11. Потым сьвятар, каторы ачышчае, паставіць чалавека ачышчанага з усім гэтым перад Госпадам ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.
  12. Пасьля сьвятар возьме аднаго баранчыка і складзе яго ў ахвяру за грэх, поруч лог алею, і прынясе ўсё гэта, патрасаючы перад Госпадам.
  13. Далей заб’е гэтага баранчыка на месцы, на каторым забіваюцца ахвяры за грэх і ахвяры цэлапаленьня, на месцы сьвятым, бо ахвяра аднагараджэньня, як і ахвяра за грэх, належыць сьвятару; гэта сьвятая рэч.
  14. Далей возьме сьвятар кроў ахвяры аднагараджэньня і памажа ёю верх вуха чалавека ачышчанага, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі.
  15. Далей сьвятар возьме з лога алею і вылье яго на сваю левую далонь.
  16. Потым сьвятар памочыць палец правай рукі ў алеі, каторы на яго левай далоні, i пакрапіць пальцам, памочаным у алеі, сем разоў перад Госпадам.
  17. Астаткам алею, каторы на яго далоні, сьвятар памажа верх правага вуха чалавека, які ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі, над крывёй яго ахвяры аднагараджэньня.
  18. А астатак алею на яго далоні вылье ён на галаву таго, хто ачышчаецца. Гэтак ачысьціць яго перад Госпадам.
  19. Пасьля сьвятар складзе ахвяру за грэх і ачысьціць таго, хто ачышчаецца, ад нячыстасьці яго. Далей складзе ахвяру цэлапаленьня,
  20. і складзе гэтую ахвяру на ахвярнiку разам з ахвярай зь яды. І так сьвятар ачысьціць таго чалавека, і будзе ён чысты.
  21. Калі ж хто бедны ды жыве ў нястачы, то хай возьме аднаго барана ў ахвяру аднагараджэньня для патрасаньня, каб быць ачышчаным, а таксама дзесятую частку эфы мукі, запраўленай алеем, у ахвяру зь яды, і адзін лог алею,
  22. і два туркі або двое маладых галубкоў, на што будзе здольная рука яго; адну птушку ў ахвяру за грэх, а другую на цэлапаленьне.
  23. І прынясе іх на восьмы дзень свайго ачышчэньня да сьвятара да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы перад Госпада.
  24. Сьвятар возьме ягнё за грэх і лог алею ды разам патрасе перад Госпадам.
  25. І заб’е барана ў ахвяру за грэх. Пасьля возьме сьвятар кроў ахвяры за грэх і памажа верх правага вуха ачышчанага чалавека, і вялікі палец яго правай рукі, і вялікі палец яго правай нагі.
  26. Далей сьвятар налье алею на сваю левую далонь
  27. і, памачыўшы ў ім палец правай рукі сваёй, пакрапіць сем разоў перад абліччам Госпада.
  28. Далей сьвятар памажа алеем, які ў яго на далоні, верх правага вуха таго, хто ачышчаецца, а таксама вялікі палец яго правай рукі і вялікі палец яго правай нагі ў месцы крыві ахвяры аднагараджэньня.
  29. Астатак жа алею, што застаўся на левай руцэ яго, вылье сьвятар на галаву таго, хто ачышчаецца, каб перапрасіць за яго Госпада.
  30. Пасьля ахвяруе аднаго турка або маладога галубка, каторага прынясе рука таго, хто ачышчаецца,
  31. і ахвяруе аднаго за грэх, а другога на цэлапаленьне разам з ахвярай зь яды, і так ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам.
  32. Такая вось ахвяра пракажанага, якому не стае (маёмасьці) ў часе ачышчэньня свайго”.
  33. Гэта вось казаў Госпад Майсею і Аарону:
  34. “Калі ўвойдзеце ў зямлю Ханаан, каторую Я дам вам на ўласнасьць, і калі б зьявілася праказа на дамах пасяленьня вашага,
  35. хай той, чый гэта дом, ідзе і паведаміць сьвятара: ”Здаецца мне, што праказа завялася ў маім доме”.
  36. Сьвятар загадае, каб прынялі ўсё з дому, пакуль ён увойдзе ў яго, каб агледзець заразу, каб не запаганіла усяго, што ў доме. І ўвойдзе сьвятар, каб агледзець дом.
  37. І калі б заўважыў на сьценах яго нібы ямінкі, цьвільлю пакрытыя, і зеленявыя, уеўшыся ў сьцяну,
  38. тады выйдзе з дому да дзьвярэй і зараз жа зачыніць яго на сем дзён.
  39. Сёмага дня, вярнуўшыся, агледзіць дом. І калі заўважыць, што язва пашырылася,
  40. загадае тое каменьне заражанае вырваць ды выкінуць за горад на нячыстае месца.
  41. Дом жа кругом унутры абскрабуць і абскрэбкі выкінуць на месца нячыстае за горадам.
  42. Пасьля возьмуць іншыя каменьні і пакладуць на месца папярэдніх каменьняў, ды возьмуць іншую заправу і атынкуюць дом.
  43. Калі ж пляма зноў закрасавала ў доме, хоць вырвалі каменьні, а дом абскрэблі і атынкавалі,
  44. дык прыйдзе сьвятар і агледзіць яго. І калі сьцьвердзіць, што зараза ў доме пашырылася, значыць, гэта ліхая праказа, і дом нячысты.
  45. Тады дом гэты зараз жа разьбяруць, а каменьне, і дрэва, і ўвесь попел дому таго выкінуць за горад у нячыстае месца.
  46. Калі б хто ўвайшоў у дом, калі ён зачынены, будзе ён нячысты да вечара,
  47. а калі б хто спаў у ім або еў штосьці, хай памые адзеньне сваё.
  48. Калі вось сьвятар прыйдзе, і агледзіць яго, і сьцьвердзіць, што зараза не пашы-рылася ў гэтым доме па атынкаваньні, дык прызнае гэты дом чыстым, бо зараза была вылекавана.
  49. Каб ачысьціць дом, сьвятар возьме дзьве птушкі, кавалак дрэва кедровага, ніткі кармазыновыя і гізоп.
  50. І заб’е адну птушку над пасудзінай глінянай над жывою вадою.
  51. Пасьля возьме кедровага дрэва, гізоп, ніткі кармазыновыя і жывую птушку, памочыць іх у крыві забітай птушкі і ў жывой вадзе, i пакрапіць сем разоў дом.
  52. Такім чынам ачысьціць крывёй птушкі, і вадой жывой, і дрэвам кедровым, і ніткамі кармазыновымі, і гізопам.
  53. А жывую птушку пусьціць за горадам на полі. Такім чынам ачысьціць дом, і ён будзе чыстым.
  54. Гэта закон адносна ўсякай заразы, праказы і паршывасьці,
  55. праказы адзеньня і дому,
  56. пухліны, скулаў і белых плямаў,
  57. каб навучыць, калі што чыстае, а калі нячыстае. Гэта закон адносна праказы”.

Разьдзел 15

  1. Далей казаў Госпад Майсею і Аарону:
  2. “Аб’явіце сынам Ізраэля і скажыце ім: Мужчына, каторы мае выцёкі, будзе нячысты.
  3. Нячыстасьць яго палягае на тым, што ці цела яго дапускае выцёк, ці затрымоўвае яго, і гэта нячыстасьць ягоная.
  4. Кожны ложак, на каторым ляжаў маючы выцёкі, будзе нячысты, а таксама ўсё, дзе ён сядзеў.
  5. Кожны, хто дакранецца яго ложка, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
  6. Той, хто сеў на рэчы, на каторых сядзеў маючы выцёкі, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
  7. Той, хто дакранецца цела чалавека, маючага выцёкі, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
  8. Калі маючы выцёкі плюне на чалавека чыстага, той няхай вымые адзеньне сваё, памыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
  9. Кожнае сядло, на каторым сядзеў чалавек, маючы выцёкі, будзе нячыстае.
  10. Кожны, хто дакранецца чаго-колечы, што маючы выцёкі меў пад сабою, будзе нячысты аж да вечара. Кожны, хто пераносіць такія рэчы, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
  11. Таксама кожны, да каго дакранецца маючы выцёкі, не памыўшы перш рукі ў вадзе, хай вымые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
  12. Кожны посуд гліняны, да каторага дакранаецца маючы выцёкі, хай будзе пабіты, а кожны пасуд драўляны хай будзе вымыты вадой.
  13. Калі маючы выцёкі паздаравее ад выцёкаў, тады хай адлічыць сем дзён на сваё ачышчэньне, і, памыўшы адзеньне сваё і цела сваё ў жывой вадзе, будзе чысты.
  14. У восьмы дзень возьме двух туркоў або маладых галубкоў, і пойдзе перад аблічча Госпада да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, і аддасьць іх сьвятару.
  15. Сьвятар складзе іх ахвяру: аднаго ў ахвяру за грэх, другога ў ахвяру цэлапа-леньня, і такім чынам ачысьціць яго сьвятар перад Госпадам ад выцёкаў яго.
  16. Калі ў каго выльецца насеньне, то ён хай абмые вадою ўсё цела сваё, і будзе нячысты да вечара.
  17. І ўсякае адзеньне, і ўсякую скуру, на каторую выльецца насеньне, трэба вымыць вадою, і яны будуць нячыстыя да вечара.
  18. Калі мужчына ляжа з жанчынаю, і ў яго выльецца насеньне, хай абодва абмыюцца вадою, і будуць нячыстыя да вечара.
  19. Калі жанчына мае месячніцу, значыць, цячэньне крыві зь цела свайго, то хай яна адасобніцца на сем дзён. Кожны, хто яе дакранецца, будзе нячысты да вечара,
  20. ды ўсё, на чым яна ляжала або сядзела ў дні адасабленьня, лічыцца нячыстым.
  21. Хто дакранецца ложка ейнага, хай памые адзеньне сваё і сам абмыецца вадою, і будзе нячысты да вечара.
  22. Кожны, хто дакранецца рэчаў, на якіх яна сядзела, хай памые адзеньне сваё, вымыецца ў вадзе, і будзе нячысты да вечара.
  23. Калі хто дакранецца чагосьці, што ляжала на яе ложку, або рэчаў, на якіх яна сядзела, будзе нячысты да вечара.
  24. Калі які мужчына ляжа тады зь ёю, то нячыстасьць ейная пераходзіць на яго, і ён будзе нячысты сем дзён. Кожны ложак, на якім ён ляжаў, будзе нячысты.
  25. Калі жанчына церпіць цячэньне крыві многія дні ды ня ў час месячніцы, або калі пасьля месячніцы кроў не спыняецца і цячэ, тады яна, як доўга будзе мець гэтую хваробу, будзе нячыстая як падчас месячніцы.
  26. Кожны ложак, на каторым будзе спаць яна падчас хваробы сваёй, і рэчы, на каторых будзе сядзець, будуць нячыстымі, як нячыстыя падчас месячніцы яе.
  27. Хто дакранецца іх, занячысьціцца, дык хай памые адзеньне сваё вадою і сам вымыецца ў вадзе, i будзе нячысты да вечара.
  28. Калі кроў затрымаецца і спыніцца цячы, хай адлічыць яна сем дзён, і потым будзе чыстая.
  29. Восьмага дня возьме яна за сябе двух туркоў або двух маладых галубкоў і прынясе сьвятару да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы.
  30. Сьвятар складзе аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэлапаленьне. Гэта ачысьціць яе перад Госпадам ад цячэньня нячыстасьці яе.
  31. Дык вучыце сыноў Ізраэля, каб высьцерагаліся нячыстасьці і каб не памерлі ў нячыстасьці сваёй, паганячы дом Мой, каторы ёсьць паміж іх.
  32. Гэта закон адносна таго, хто мае выцёкі насеньня і  стаецца нячыстым,
  33. а таксама жанчыны, маючай месячніцу, ды агулам мужчыны і жанчыны, маючых выцёкі, таксама мужчыны, каторы ляжа з жанчынай нячыстай”.

Разьдзел 16

  1. Вось што сказаў Госпад Майсею па сьмерці двух сыноў Аарона, калі яны прыйшлі перад аблічча Госпада і былі забітыя,
  2. і загадаў яму: “Скажы Аарону, брату твайму, каб ня ў кожны час уваходзіў у Месца Найсьвяцейшае за заслону перад накрыўкай, каторая на Каўчэгу, каб ён не памёр, калі Я буду аб’яўляцца ў воблаку над накрыўкай.
  3. Вось такім спосабам будзе ён уваходзіць у Месца Найсьвяцейше – узяўшы маладое цялё ў ахвяру за грэх і барана ў ахвяру цэлапаленьня.
  4. І хай адзенецца ён у шату сваю льняную, у споднія льняныя, перапаяшацца паясом ільняным, а на галаву ўскладзе льняны кідар – гэта сьвятыя шаты. Хай абмые цела сваё вадою і апране іх.
  5. Ад супольнасьці сыноў Ізраэля возьме двух казлоў: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэлапаленьня.
  6. Потым Аарон прывядзе цялё ў ахвяру за грэх за сябе і ачысьціць сябе і дом свой.
  7. І возьме двух казлоў, і паставіць іх перад Госпадам перад уваходам у Палатку Сустрэчы.
  8. Пасьля кіне Аарон жэрабя на гэтых казлоў: адно жэрабя для Госпада, а другое жэрабя для Азазэля.
  9. Потым Аарон прывядзе таго казла, на каторага выпала жэрабя для Госпада, і складзе яго ў ахвяру за грэх,
  10. а казла, на каторага выпала жэрабя для Азазэля, паставіць жывога перад Госпадам, каб даканаць ачышчэньне і каб выгнаць яго для Азазэля ў пустыню.
  11. Потым Аарон прывядзе цялё ў ахвяру за грэх за сябе і на перамаленьне за сябе і за свой дом, і заб’е цялё ў ахвяру за грэх за сябе.
  12. Пасьля возьме поўную кадзільніцу напаленых вуглёў з ахвярнiка, каторы перад Госпадам, і поўныя жмені пахкага тоўчанага кадзіла і занясе за заслону;
  13. і кіне кадзіла на агонь перад Госпадам. Воблака кадзіла закрые накрыўку, каторая над Каўчэгам Сьведчаньня, і так не памрэ.
  14. Далей возьме крыві цяляці і пакрапіць пальцам сваім перад накрыўкай з усходу. Сем разоў пакрапіць перад накрыўкай пальцам, змочаным у крыві.
  15. Потым заб’е казла за грэх народу, і ўнясе кроў яго за заслону, і зробіць з крывёй яго тое самае, што зрабіў з крывёй цяляці, і пакрапіць ёю накрыўку зьверху і сьпераду,
  16. і ачысьціць Месца Сьвятое ад нячыстасьці сыноў Ізраэля i ад злачынстваў іх паводле ўсіх іхніх грахоў. Гэтак сама зробіць ён з Палаткаю Сустрэчы, якая знаходзіцца ў іх сярод іх нячыстасьці.
  17. Ніводзін чалавек не павінен быць у Палатцы Сустрэчы ад хвіліны, калі Аарон увойдзе, каб даканаць ачышчэньне ў Месцы Найсьвяцейшым, аж пакуль ён ня выйдзе. Вось так ачысьціць ён сябе, дом свой ды ўсю супольнасьць Ізраэлеву.
  18. Потым выйдзе да ахвярнiка, каторы перад Госпадам, і ачысьціць яго. Возьме крыві бычка і крыві казла і памажа ёю рагі ахвярнiка з усіх бакоў,
  19. і пакрапіць сем разоў яго пальцам, умочаным у крыві. Такім чынам ачысьціць яго ад нячыстасьці сыноў Ізраэля і асьвяціць яго.
  20. Калі ўжо скончыць ачышчэньне Месца Сьвятога, Палаткі Сустрэчы і ахвярнiка, тады прывядзе жывога казла.
  21. І ўскладзе Аарон абедзьве рукі на галаву жывога казла, і выкажа над ім усе правіны сыноў Ізраэля, усе іхнія злачынствы ды ўсе грахі іхнія, узложыць іх на галаву казла і выганіць яго праз прызначанага чалавека ў пустыню.
  22. Такім спосабам казёл забярэ з сабой усе іхнія правіны ў зямлю бязьлюдную, і выганіць ён казла ў пустыню.
  23. Тады Аарон увойдзе ў Палатку Сустрэчы, здыме шаты льняныя, каторыя надзеў, уваходзячы ў Месца Сьвятое, ды пакладзе іх там.
  24. І абмые цела вадою ў сьвятым месцы, ускладзе шаты, і выйдзе, і складзе ахвяру цэлапаленьня за сябе і за народ, і ачысьціць сябе і народ.
  25. Таксама тлушч ахвяры за грэх спаліць на ахвярнiку.
  26. А чалавек, каторы выгнаў казла для Азазэля, памые адзеньне, абмые цела вадою, а потым вернецца ў табар.
  27. А бычка за грэх і казла за грэх, каторых кроў унесена была для ачышчэньня Месца Сьвятога, вынясуць за табар і спаляць разам са скураю, мясам і нячыстасьцю іхняй.
  28. Той, хто спаліць іх, вымые адзеньне сваё і абмые цела сваё вадою, а пасьля вернецца ў табар.
  29. Гэта будзе вам вечнай пастановай: у сёмы месяц, у дзесяты дзень месяца, прыгнятайце душы вашыя пакутаю, не выконвайце ніякай працы ані тутэйшы, ані прыбылец, каторы паселіцца паміж вамі.
  30. У той дзень будзе перамаленьне вашае дзеля ачышчэньня ад усіх грахоў вашых, каб былі вы чыстымі перад абліччам Госпада.
  31. Гэта для вас субота супачынку, прыгнятайце душы вашыя пакутаю. Гэта пастанова вечная.
  32. Ачышчаць будзе сьвятар, каторы быў памазаны і пасьвячаны на сьвятарства на месца бацькі свайго. І ўскладзе ён на сябе льняныя шаты, адзеньне сьвятое,
  33. і ачысьціць Месца Найсьвяцейшае і Палатку Сустрэчы, ахвярнiк, а таксама сьвятароў і ўвесь народ супольнасьці.
  34. Гэта будзе для вас пастанова вечная, каб раз у год ачышчаць сыноў Ізраэля ад усіх іхніх грахоў”. І зрабіў ён, як загадаў Госпад Майсею.

Разьдзел 17

  1. Далей сказаў Госпад Майсею:
  2. ”Абвясьці Аарону, і сынам яго, і ўсім сынам Ізраэля і скажы ім: Такі вось загад даў Госпад:
  3. Калі хто з дому Ізраэля заб’е бычка, або авечку, або казу ў межах табару або па-за табарам
  4. і не прынясе іх да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы ў ахвяру Госпаду перад скініяй Госпада, будзе вінен крыві. Ён праліў кроў і будзе вынішчаны спасярод народу свайго.
  5. Дзеля таго сыны Ізраэля будуць прыводзіць ахвяры свае, каторыя дасюль складалі ў полі, да Госпада да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, да сьвятара, і будуць складаць іх як ахвяры прымірэньня для Госпада.
  6. І пакрапіць сьвятар крывёй ахвярнiк Госпада пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы, а тлушч спаліць на мілы пах Госпаду.
  7. Ужо ня будуць складаць ахвяраў дэманам, з каторымі распусьнічалі. Гэта будзе ім пастанова вечная для пакаленьняў іх.
  8. Далей скажаш ім: Калі хто з дому Ізраэля або з прыбыльцаў, каторыя жывуць сярод вас, складае ахвяру цэлапаленьня або іншую
  9. і не прывядзе яе да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы, каб ахвяраваць Госпаду, то будзе чалавек той выключаны з народу свайго.
  10. Калі хто з дому Ізраэля або спасярод прыбыльцаў, каторыя пражываюць сярод вас, еў бы кроў, Я скірую аблічча Маё супраць такога чалавека ды вынішчу яго спаміж народу яго.
  11. Бо жыцьцё цела ў крыві, і Я даў яе вам, каб на ахвярнiку ачышчалі ёю душы вашыя, бо кроў гэтая ачышчае душу.
  12. Дзеля таго даў Я загад сынам Ізраэля: Ніхто з вас ня будзе спажываць крыві. Таксама і прыбылец, каторы пасяліўся сярод вас, ня будзе спажываць крыві.
  13. Калі хто з сыноў Ізраэля або з прыбыльцаў, каторыя пасяліліся сярод вас, зловіць дзікага зьвяра або птушку, якіх можна есьці, хай вылье зь іх кроў і закрые яе зямлёю.
  14. Жыцьцё бо кожнага цела ў крыві ягонай; таму даў Я загад сынам Ізраэля: Не спажывайце крыві ніводнага цела, бо душа кожнага цела ў ягонай крыві. Кожны, хто будзе спажываць яе, загіне.
  15. Кожны тутэйшы або прыбылец, каторы еў бы мяса падліны або разарванае жывёлы, хай памые адзеньне і вымыецца ў вадзе, i будзе ён нячысты да вечара, а пасьля станецца чыстым.
  16. Калі ж хто не памые адзеньня ані цела свайго, будзе насіць правіну сваю”.

Разьдзел 18

  1. Далей казаў Госпад Майсею:
  2. ”Вучы сыноў Ізраэля і кажы ім: Я – Госпад, Бог ваш.
  3. Не рабіце паводле звычаю зямлі Эгіпецкай, у каторай вы жылі. Таго, што робяць у зямлі Ханаан, у каторую Я ўвяду вас, не рабіце і не хадзіце паводле іхніх звычаяў.
  4. Будзеце спаўняць закон Мой і прыказаньні Мае, i хадзіць паводле іх. Я — Госпад, Бог ваш.
  5. Беражыце пастановы Мае і закон Мой. Спаўняючы іх, чалавек будзе жыць дзякуючы ім. Я — Госпад!
  6. Ніхто ня можа набліжацца да сваяка, каб адкрыць голасьць ягоную. Я — Госпад.
  7. Не адкрывай голасьці бацькі і маткі тваёй, бо гэта – маці твая, не адкрывай голасьць ейную.
  8. Не адкрывай голасьці жонкі бацькі твайго, бо гэта голасьць бацькі твайго.
  9. Не адкрывай голасьці сястры тваёй, дачкі бацькі твайго або дачкі маткі тваёй, нягледзячы на тое, ці яна нарадзілася ў доме, ці па-за домам. Не адкрывай голасьці іх.
  10. Не адкрывай голасьці дачкі сына твайго або дачкі дачкі тваёй, бо гэта голасьць твая.
  11. Не адкрывай голасьці дачкі жонкі бацькі твайго, народжанай ад бацькі твайго; гэта сястра твая, не адкрывай голасьці яе.
  12. Не адкрывай голасьці сястры бацькі твайго, бо яна сваячка бацькі твайго.
  13. Не набліжайся да сястры маткі тваёй, бо яна сваячка маткі тваёй.
  14. Не адкрывай голасьці брата бацькі твайго, ня ўваходзь да жонкі ягонай, бо гэта цётка твая.
  15. Не адкрывай голасьці нявесткі тваёй, бо яна жонка сына твайго, не набліжайся да яе.
  16. Не адкрывай голасьці братавай тваёй, бо гэта голасьць брата твайго.
  17. Не адкрывай голасьці жанчыны і дачкі яе. Не бяры дачкі сына ейнага ані дачкі ейнай дачкі, каб адкрыць голасьць яе, бо яны цела яе. Гэта беззаконьне.
  18. Не бяры жанчыны разам зь яе сястрой, каб не зрабіць яе суперніцай, каб адкрыць яе голасьць за жыцьця гэтае.
  19. Не набліжайся да жанчыны ў час месячніцы, каб адкрыць голасьць яе.
  20. Не ўваходзь да жонкі бліжняга твайго, выліваючы насеньне; праз гэта станешся ты нячысты.
  21. Не аддавай дзіцяці твайго на ахвяру Малоху, каб не спаганіць імя Бога твайго. Я – Госпад.
  22. Не набліжайся да мужчыны так, як ляжаць з жанчынаю. Гэта агіда.
  23. Не лажыся ні зь якою жывёлаю, бо праз гэта станешся нячысты. Таксама і жанчына ня будзе лажыцца з жывёлай, бо гэта злачынства.
  24. Не паганьцеся ўсім гэтым, як апаганілі сябе ўсе народы, каторыя Я выганю перад вамі,
  25. ды каторымі была спракуджана зямля, злачынствы каторай Я пакараў, і выкінула зь сябе жыхароў сваіх.
  26. Дык вы пільнуйцеся пастановаў Маіх і законаў Маіх, і не дапускайцеся ўсіх гэтых брыдотаў, ані тутэйшыя, ані прыбыльцы, каторыя жывуць сярод вас,
  27. бо ўсіх гэтых брыдотаў дапускаліся жыхары зямлі, каторыя былі перад вамі і каторыя апаганілі яе.
  28. Дык сьцеражыцеся, каб і вас гэтая зямля ня выкінула, калі будзеце яе паганіць, як выкінула зь сябе народ, каторы быў перад вамі.
  29. Бо кожны чалавек, каторы б дапускаўся адной з гэтых брыдотаў, будзе вынішчаны спасярод народу свайго.
  30. Трымайцеся прыказаньняў Маіх. Не дапускайцеся брыдотных звычаяў, як дапускаліся тыя, што былі перад вамі, і не паганьцеся імі. Я – Госпад, Бог ваш”.

Разьдзел 19

  1. Далей казаў Госпад Майсею:
  2. “Гавары ўсёй супольнасьці сыноў Ізраэля і кажы ім: Будзьце сьвятымі, бо сьвяты Я, Госпад, Бог ваш.
  3. Хай кожны паважае матку і бацьку свайго. Сьвяткуйце суботы Мае. Я – Госпад, Бог ваш!
  4. Не зьвяртайцеся да ідалаў і не вылівайце сабе багоў з мэталю. Я – Госпад, Бог ваш!
  5. Калі будзеце складаць Госпаду ахвяру прымірэньня, дык складайце так, каб была яна Яму прыемнай.
  6. Будзеце есьці яе ў сам дзень ахвяры вашай ды ў наступны дзень. Тое, што застанецца на трэці дзень, будзе спалена агнём.
  7. Калі хто гэта будзе есьці на трэці дзень, паганым гэта будзе і ня будзе прыемным (Госпаду).
  8. Хто будзе яе есьці, правініцца, бо спаганіў сьвятасьць Госпада, i зьнішчана будзе душа тая спасярод народу свайго.
  9. Калі будзеце жаць збожжа зямлі вашай, не выжынай аж да канца поля ды не зьбірай застаўшыхся каласоў.
  10. Не абірай вінаградніка твайго да рэшты і пападаўшых ягадаў у вінаградніку не падбірай; пакінь гэта бедным і прыбыльцам. Я – Госпад, Бог ваш!
  11. Не крадзіце і не хлусьце. Не ашуквайце адзін аднаго.
  12. Не прысягайце на імя Маё, і не зьневажай імя Бога твайго. Я – Госпад!
  13. Не прыгнятай бліжняга твайго і ня крыўдзі яго. І хай не застаецца ў цябе плата найміта аж да раніцы.
  14. Не праклінай глухога ды перад сьляпым не кладзі перашкоды, але бойся Бога твайго. Я – Госпад!
  15. Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе. Не пагарджай бедным i не патурай багатаму. Справядліва судзі бліжняга свайго.
  16. Ня будзь паклёпнікам і пляткаром у сваім народзе. Не цікуй на кроў бліжняга свайго. Я – Госпад!
  17. Ня мей у сэрцы сваім нянавісьці да брата свайго; дакарай яго і ня будзеш мець грэху з прычыны яго.
  18. Ня помсьці ды ня гневайся на сыноў народу свайго. Любі бліжняга свайго як самога сябе. Я – Госпад!
  19. Спаўняй законы Мае. Жывёлы тваёй не лучы з жывёлай другой пароды; поля свайго не засявай двума гатункамі насеньня. Не апранай адзеньня з двух матэрыялаў.
  20. Калі хто ўвойдзе да жанчыны, выліваючы насеньне, а яна ёсьць нявольніцай, прызначанай для іншага мужа, але яшчэ ня выкуплена і не надзелена свабодай, абодва будуць пакараныя, але не карай сьмерцю, бо не была яна свабоднай.
  21. Дзеля таго складзе ён ахвяру Госпаду ля дзьвярэй Палаткі Сустрэчы за грэх свой, барана ў ахвяру аднагараджэньня.
  22. І ачысьціць яго сьвятар бараном ахвяры аднагараджэньня ад грэху ягонага перад Госпадам, і будзе адпушчаны яму грэх, якім саграшыў.
  23. Калі прыйдзеце вы ў зямлю і пасадзіце дрэвы пладовыя ўсякіх гатункаў, будзеце ўважаць іхнія плады за неабрэзаныя; тры гады будуць яны для вас нячыстыя як неабрэзаныя, і нельга іх есьці.
  24. У чацьвёртым годзе ўсе іхнія плады будуць пасьвечаны як дар для Госпада.
  25. У пяты год будзеце есьці плады іхнія, каб павялічыўся для вас ураджай зь іх. Я – Госпад, Бог ваш!
  26. Ня ешце нічога з крывёй. Не варажыце і не займайцеся чарамі.
  27. Не стрыжы валасоў кругом галавы, і не калечце край барады сваёй.
  28. Не рабіце нарэзы на целе вашым на знак жалобы па памершых ды не накалывайце (надпісы) на скуры. Я – Госпад!
  29. Не выдавай на ганьбу дачкі сваёй, робячы зь яе распусьніцу, каб не апаганілася зямля і не напоўнілася распустай.
  30. Сьвяткуйце Мае суботы і паважайце Маё сьвятое месца. Я – Госпад!
  31. 3 Не зьвяртайцеся да выклікаючых духі памершых ані да варажбітоў, каб у іх раіцца, каб празь іх не апаганіліся. Я – Госпад, Бог ваш!
  32. Перад сівой галавой устань, і шануй старога ды бойся Бога твайго. Я ‑ Госпад.
  33. Калі ў вашай зямлі паселіцца чужынец, ня крыўдзі яго,
  34. але хай будзе ён пасярод вас як тутэйшы, і любі яго як самога сябе, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Эгіпецкай. Я – Госпад, Бог ваш!
  35. Не дапускайцеся несправядлівасьці на судзе, у меры ды ў вагах.
  36. Будзеце мець вагі справядлівыя, справядлівую эфу i справядлівы гін. Я – Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай.
  37. І вы будзеце захоўваць усе прыказаньні Мае і ўсе пастановы Мае, і выконваць іх. Я – Госпад”.

Разьдзел 20

  1. Далей казаў Госпад Майсею:
  2. “Кажы сынам Ізраэля: Хто спасярод Ізраэля або спасярод прыбыльцаў, каторыя пасяліліся ў Ізраэлю, дасьць адно з сваіх дзяцей Малоху, будзе пакараны сьмерцю; землякі ягоныя ўкамянуюць яго.
  3. І Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць яго, і выкараню яго спаміж народу яго за тое, што ён даў патомства сваё Малоху, спаганіў сьвятыню Маю i зьняважыў сьвятое імя Маё.
  4. Калі землякі ягоныя закрыюць вочы свае на такога чалавека, каторы аддаў адно зь дзяцей сваіх Малоху, ды не заб’юць яго,
  5. то Я Сам зьвярну аблічча Маё супраць такога чалавека і супраць яго сям’і, i выкараню яго спасярод народу яго, а таксама усіх тых, каторыя насьлядуюць яго, каторыя распусьнічаюць з Малохам.
  6. Таксама супраць кожнага, хто зьвернецца да выклікаючых духі памершых або да варажбітоў, каб распусьнічаць зь імі, Я зьвярну аблічча Маё, і выкараню яго спаміж яго народу.
  7. Дык асьвяціцеся і будзьце сьвятымі, бо Я сьвяты, Я – Госпад, Бог ваш!
  8. Захоўвайце прыказаньні Мае і выпаўняйце іх. Я – Госпад, Каторы асьвячае вас!
  9. Хто праклінае бацьку і матку сваю, будзе пакараны сьмерцю; хто праклінаў бацьку або матку, той сьцягнуў сьмерць на сябе.
  10. Калі хто будзе чужаложыць з чужою жонкай, будзе пакараны сьмерцю і чужало-жнік, і чужаложніца.
  11. Хто ляжа з жонкаю бацькі свайго, той адкрывае голасьць бацькі; будуць пакараны сьмерцю абое, яны самі гэтую сьмерць сьцягнуць на сябе.
  12. Хто ляжа зь нявесткай, будзе разам зь ёю пакараны сьмерцю. Яны дапусьціліся брыдоты, і самі гэтую сьмерць сьцягнулі на сябе.
  13. Хто ляжа з мужчынам так, як з жанчынай, дапускаецца брыдоты. Абодва будуць пакараныя сьмерцю; яны самі на сябе гэтую сьмерць сьцягнулі.
  14. Калі хто бярэ за жонку жанчыну і яе матку, дапускаецца распусты; ён і яна будуць спалены ў агні, каб не было распусты сярод вас.
  15. Хто ляжа з жывёлай, выліваючы насеньне, будзе пакараны сьмерцю. Жывёлу таксама трэба забіць.
  16. Калі жанчына наблізіцца да якой жывёлы, каб зь ёй легчы, заб’еш жанчыну і жывёлу. Абое будуць пакараныя сьмерцю; самі гэтую сьмерць на сябе сьцягнулі.
  17. Калі хто возьме сваю сястру, дачку бацькі свайго або маткі сваёй, і будзе аглядаць яе голасьць, а яна будзе аглядаць яго голасьць, гэта сорам; хай будуць забітыя перад народам сваім; дзеля таго, што ён адкрыў голасьць сястры сваёй, грэху дапусьціўся ён.
  18. Калі хто ляжа з жанчынай у час месячніцы і адкрые яе голасьць, то ён адкрывае крыніцу яе крыві, і яна таксама адкрывае крыніцу сваёй крыві; абодва вынішчаны будуць спасярод народу свайго.
  19. Не аткрывай голасьці сястры маткі тваёй або сястры бацькі твайго, бо гэта было б тое самае, што адкрыць уласнае цела. Грэх свой яны панясуць самі.
  20. Хто ляжа са сваёй цёткай, той адкрывае голасьць дзядзькі свайго. Самі яны панясуць грэх свой, памруць бязьдзетныя.
  21. Хто бярэ жонку брата свайго, гэта паскудства. Адкрыў ён голасьць свайго брата, будуць яны бязьдзетныя.
  22. Захоўвайце ўсе пастановы Мае i ўсе законы Мае і выконвайце іх, каб ня выкінула вас зямля, у каторую Я ўвяду вас, каб вы там жылі.
  23. Не рабіце паводле звычаяў народу, каторы Я выганю перад вамі. Бо ўсяго гэтага дапускаліся яны, і таму сталіся для Мяне брыдкімі.
  24. Вось жа сказаў Я вам: Вы возьмеце зямлю іхнюю, Я дам яе вам на ўласнасьць, зямлю, ацякаючую малаком і мёдам. Я Госпад, Бог ваш, Каторы аддзяліў вас ад іншых народаў.
  25. Дык адрозьнівайце жывёлу чыстую ад нячыстай і птушку чыстую ад нячыстай, каб не апаганілі вы душаў вашых жывёлай, і птушкамі, ды ўсім другім, што рухаецца па зямлі, і што Я вылучыў вам як нячыстае.
  26. Будзьце перад Мною сьвятымі, бо Я сьвяты, Я – Госпад, Каторы аддзяліў вас ад другіх народаў, каб вы былі Маімі.
  27. Мужчына або жанчына, калі будуць яны выклікаць духаў памершых або варажыць, будуць пакараныя сьмерцю. Укамянуеце іх; яны самі заслужыліся на такую сьмерць”.

Разьдзел 21

  1. Далей казаў Госпад Майсею: “Гавары сьвятарам, сынам Аарона, і кажы ім: Хай не занечышчаецца сьвятар, дакранаючыся памёршага з народу свайго.
  2. Хіба толькі да блізкіх сваякоў, да бацькі і маткі, сына і дачкі, а таксама брата свайго
  3. і сястры сваёй, дзяўчыны, што жыве пры ім незамужняя, можна яму дакранацца і не занячысьціць сябе.
  4. І хай не занячысьціць сябе сьвятар з прычыны сваякоў жонкі сваёй, бо было б гэта зьнявагаю.
  5. Не павінны яны стрыгчы галавы і скраяў барады, i на целе сваім ня будуць рабіць нарэзаў.
  6. Сьвятымі будуць яны перад Богам сваім і ня будуць паганіць імя Ягонае, бо яны складаюць ахвяры цэлапаленьня Госпаду і ахвяры зь яды, таму мусяць яны быць сьвятымі.
  7. Ня возьмуць яны за жонку распусьніцы або зьняслаўленай; ня возьмуць жанчыны, выгнанай мужам, бо сьвятар пасьвечаны Богу.
  8. Будзеш уважаць яго за сьвятара, бо ён складае хлеб Богу твайму. Дык хай будзе ён сьвяты для цябе, бо сьвяты Я, Госпад, Каторы асьвячае вас.
  9. Калі дачка сьвятара паганіць сябе распустаю і няславіць імя бацькі свайго, будзе яна спалена ў агні.
  10. Найвышэйшы сьвятар паміж братоў сваіх, каторага галава была памазана алеем, каторага рукі пасьвечаныя ў сьвятарства ды каторы адзеты ў сьвятыя шаты, ня будзе распускаць валасоў сваіх і разьдзіраць шатаў,
  11. і ня будзе ён набліжацца да ніводнага памёршага, ня можа занячысьціцца нават з прычыны бацькі свайго і маткі.
  12. Ня будзе ён выходзіць са сьвятыні і не апаганіць сьвятога месца Госпадавага, бо ён памазаны алеем памазаньня для Бога свайго. Я – Госпад.
  13. За жонку возьме ён толькі дзяўчыну.
  14. Ня возьме за жонку ані ўдавы, ані разьведзенай, ані зьняслаўленай, ані распусьніцы, ніводнай з такіх ня возьме, але возьме дзяўчыну спасярод сваякоў сваіх.
  15. І не зьняславіць ён насеньня свайго сярод сваякоў сваіх, бо Я – Госпад, Каторы асьвячаю яго”.
  16. Далей казаў Госпад Майсею:
  17. “Скажы Аарону: Ніхто з патомства твайго ў-ва ўсе пакаленьні іх, у каторага на целе будзе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго.
  18. Ніхто, у каго на целе недахоп, не павінен прыступаць, ані сьляпы, ані кульгавы, ані маючы скалечаны твар,
  19. ані хто мае зламаную нагу або зламаную руку,
  20. ані гарбаты, ані кволы, ані той, хто мае бяльмо на воку, ані каросьлівы, ані паршывы, ані той, хто мае пашкоджаныя яечкі.
  21. Ніводзін чалавек з патомства Аарона сьвятара, у каторага на целе загана, не павінен прыступаць, каб складаць ахвяру агнявую Госпаду, Богу свайму; ён мае загану, не павінен ён прыступаць, каб складаць ахвяру Бога свайго
  22. Але можа ён есьці хлеб Бога свайго як з (дароў) сьвятых, так і з найсьвяцейшых.
  23. Толькі ня будзе ён падыходзіць да заслоны і ня будзе падыходзіць да ахвярнiка, бо мае загану. Ня будзе ён паганіць сьвятыню Маю, бо Я – Госпад, Каторы асьвячаю іх”.
  24. Майсей сказаў гэта Аарону, сынам яго  i ўсім сынам Ізраэля.

Разьдзел 22

  1. Вось што сказаў далей Госпад Майсею:
  2. “Скажы Аарону і сынам ягоным, каб яны паважалі сьвятыя дары сыноў Ізраэля i не зьнеслаўлялі сьвятое імя Маё ў тым, што яны Мне пасьвячаюць. Я – Госпад.
  3. Скажы ім, каб ведалі аб гэтым будучыя пакаленьні: Калі хто з патомкаў вашых, будучы ў нячыстасьці, прыступіцца да рэчаў сьвятых, каторыя сыны Ізраэля пасьвячаюць Госпаду, то такі чалавек будзе вынішчаны на віду Маім. Я – Госпад.
  4. Ніводзін патомак Аарона, каторы быў бы пракажаны або цярпеў бы на выцёкі, ня будзе магчы есьці рэчаў сьвятых, пакуль не паздаравее. І хто дакранецца да чаго нячыстага ад памёршага або ў каго здарыцца выцёк насеньня,
  5. або хто дакранецца паўзуна, каторым занячысьціцца, або чалавека, каторы зрабіў бы яго нячыстым сваёю нячыстасьцю,
  6. дык хто дакранецца такіх рэчаў, будзе нячысты аж да вечара і ня будзе есьці сьвятых рэчаў, пакуль не абмые сваё цела ў вадзе.
  7. Па заходзе сонца будзе ён ачышчаны, і тады будзе есьці сьвятыя рэчы, бо яны ёсьць ядой ягонаю.
  8. Ня будзе ён есьці падліны ані мяса разьдзёртых жывёлаў, бо праз гэта стаўся б нячысты. Я – Госпад.
  9. Хай выконваюць Мае прыказаньні, каб ня мелі дзеля таго грэху ды каб з гэтай прычыны не памерлі, калі спаганяць іх. Я – Госпад, Які асьвячаю іх.
  10. Ніводзін чужынец ня будзе есьці сьвятых рэчаў; ані пражываючы ў сьвятара або найміт ня будзе есьці гэтых рэчаў.
  11. Калі ж сьвятар купіць нявольніка за грошы, той можа есьці сьвятое, таксама народжаныя ў доме яго могуць есьці хлеб ягоны.
  12. Калі б дачка сьвятара выйшла замуж за чужога чалавека, то яна не павінна есьці гэтых сьвятых ахвяраваных дароў.
  13. Аднак, калі дачка сьвятара аўдавела або была кінута і, ня маючы дзяцей, вярнулася ў дом бацькі свайго, як звычайная дзяўчына, будзе жывіцца стравай бацькі свайго. Ніхто аднак чужы ня мае права есьці яе.
  14. Калі ж хто несьвядома зьесьць сьвятое, аднагародзіцца за гэта сьвятару, дадаючы яшчэ пятую частку яго (вартасьці).
  15. Яны ж (сьвятары) ня будуць паганіць сьвятых дароў, каторыя сыны Ізраэля складаюць у ахвяру Госпаду,
  16. і не павінны сьцягваць на сябе віну, калі будуць есьці сьвятыя рэчы. Я – Госпад, Каторы асьвячаю іх”.
  17. Далей казаў Госпад Майсею:
  18. “Гавары Аарону, і сынам ягоным, і ўсім сынам Ізраэля ды кажы ім: Калі хто спасярод Ізраэля або спаміж прыбыльцаў, якiя пражываюць у Ізраэлю, па шлюбаваньню якім або па добрай волі сваёй складае ахвяру сваю, каторую прыносіць Госпаду на цэлапаленьне,
  19. то, каб была прынятаю, мусяць прынесьці цялятаў, бараноў або козаў без заганы мужчынскага роду.
  20. Ніякай жывёлы, маючаю загану, не складайце ў ахвяру, бо ня будзе яна для вас спрыяльнай.
  21. Калі хто захоча скласьці Госпаду ахвяру прымірэньня, каб выпаўніць шлюбаваньне або як дар дабравольны, ці гэта з валоў, ці з авец, то хай будзе яна без заганы, каб была прынятай.
  22. Не складайце Госпаду ў ахвяру жывёлін сьляпых, скалечаных, кульгавых, апухлых, паршывых, у балячках. Ня будзеце такіх жывёлін складаць на ахвярнiку ў ахвяру цэлапаленьня Госпаду.
  23. Цялё або барана някшталтнага ці хворага можаш скласьці як ахвяру дабравольную, але як шлюбаваная ахвяра ня будзе прынятая.
  24. Жывёлу, у каторай яечкі сьціснутыя, разьбітыя, вырваныя або выразаныя, не складайце ў ахвяру Госпаду. І ня будзеце такога рабіць у вашай зямлі,
  25. ані з рук чужынцаў ня будзеце складаць такіх жывёлін у дар Богу вашаму, таму што гэты недахоп іхні ёсьць заганаю, і дзеля таго ня будуць яны для вас карыснымі”.
  26. Далей казаў Госпад Майсею:
  27. “Калі народзіцца табе цялё, або ягнё, або казлянё, то будзе яно сем дзён пры матцы. Пачынаючы ад восьмага дня і далей будзе яно прыемнай ахвярай агнявой для Госпада.
  28. Але ані каровы, ані авечкі не забівайце ў адзін дзень разам зь іх малым.
  29. Калі складаеце Госпаду ахвяру падзякі, складайце яе так, каб была яна прыемнай;
  30. у той самы дзень зьешце яе; хай не застаецца зь яе нічога да раніцы другога дня. Я – Госпад.
  31. Беражыце прыказаньні Мае і спаўняйце іх. Я – Госпад.
  32. Не паганьце імя Маё сьвятое, каб быў Я сьвятым паміж сыноў Ізраэля. Я – Госпад, Каторы асьвячае вас
  33. і Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб быць вашым Богам. Я – Госпад”.

Разьдзел 23

  1. Вось што казаў Госпад Майсею:
  2. “Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: Гэтыя вось дні сьвятыя ў Госпада, у каторыя вы будзеце склікаць сабраньні сьвятыя; гэтыя вось сьвяты Мае.
  3. Шэсьць дзён будзеце працаваць, а сёмы дзень – субота супачынку, сход сьвяты, ня будзеце зусім працаваць, бо гэта субота – Госпадава ў-ва ўсіх месцах пражываньня вашага.
  4. Вось сьвяты Госпадавы, сьвятыя сабраньні, каторыя павінны вы сьвяткаваць у свой час.
  5. У першы месяц, чатырнаццатага дня месяца, вечарам выпадае Пасха Госпадава.
  6. А пятнаццатага дня таго самага месяца выпадае ўрачыстасьць Праснакоў на хвалу Госпада. Сем дзён будзеце есьці толькі праснакі.
  7. У першы дзень будзе ў вас сабраньне сьвятое; ня будзеце выконваць ніякай працы ў той дзень,
  8. але сем дзён будзеце складаць Госпаду ахвяры агнявыя. У сёмы ж дзень будзе сабраньне сьвятое, ніякай работы ў той дзень ня будзеце рабіць”.
  9. Пасьля сказаў Госпад Майсею:
  10. “Гавары сынам Ізраэля і кажы ім: Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, якую Я дам вам, і будзеце жаць збожжа, то прынясіце сьвятару першы сноп жніва вашага.
  11. Ён патрасе сноп перад Госпадам, каб Ён быў вам спрыяльным; у другі дзень пасьля суботы прынясе ён яго.
  12. Таксама ў той дзень, у якім прынясяце сноп, складзіцё ахвяру цэла-паленьня Госпаду з гадавога ягнёнка без заганы,
  13. і ахвяру зь яды з двух дзесятых эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру агнявую на мілы пах Госпаду, а таксама ахвяру вадкую, чвэрць гіна віна.
  14. Аж да гэтага дня ня будзеце есьці ані хлеба, ані сушанага зерня, ані сырога зерня, пакуль не складзеце ахвяру Богу вашаму. Гэта пастанова вечная ўсім пакаленьням вашым у-ва ўсіх месцах прабываньня вашага.
  15. Адлічыце сабе ад другога дня пасьля суботы, ад дня, у каторы прынясецё снапы для патрасаньня, сем поўных тыдняў,
  16. аж да дня па сёмай субоце адлічыце пяцьдзесят дзён, і тады складзіце новую ахвяру Госпаду.
  17. Прынясіце з вашых месцаў пражываньня па два хлябы для патрасаньня, кожны з двух дзесятых эфы мукі квашанай, каторыя сьпячыце як пяршыны Госпаду.
  18. Апрача хлеба складзіцё ў ахвяру сем бараноў без заганы, аднагадовых, аднаго маладога бычка і два бараны. Яны будуць ахвяраю цэлапаленьня Госпаду разам з ахвяраю зь яды і з вадкай ахвяраю. Будзе гэта ахвяра агнявая на мілы пах Госпаду.
  19. Ахвяруйце таксама аднаго казла як ахвяру за грэх і два баранчыкі аднагадовыя як ахвяру прымірэньня.
  20. Сьвятар патрасе іх перад Госпадам разам з хлябамі пяршынаў і разам з двума баранчыкамі; будзе гэта сьвятыняй Госпада на ўжытак сьвятара.
  21. Таго самага дня склічце сабраньне, гэта будзе для вас сабраньне сьвятое. Ніякай работы ня будзеце рабіць у той дзень. Гэта вечная пастанова на ўсякім месцы пра-жываньня вашага, на ўсе пакаленьні вашыя.
  22. 2 Калі будзеце жаць на зямлі вашай, ня будзеце дажынаць да мяжы поля i ня будзеце зьбіраць да рэшты каласоў. Пакіньце іх убогім і прыбыльцам. Я — Госпад, Бог ваш”.
  23. Далей казаў Госпад Майсею:
  24. “Скажы сынам Ізраэля: У першы дзень сёмага месяца будзеце адпачываць, і будзе ў вас сабраньне сьвятое пры гуку трубаў.
  25. Ня будзеце рабіць аніякай работы ў той дзень, але будзеце складаць Госпаду ахвяру агнявую”.
  26. Далей казаў Госпад Майсею:
  27. “Вось жа дзесятага дня гэтага самага сёмага месяца будзе дзень Ачышчэньня, і будзе ў вас сьвятое сабраньне. У той дзень будзеце пасьціць і будзеце складаць Госпаду ахвяры агнявыя.
  28. Ня будзеце рабіць у той дзень ніякай работы, бо гэта дзень Ачышчэньня, дзеля ачышчэньня вашага перад Госпадам, Богам вашым.
  29. Усякая душа, каторая ня будзе пасьціць ў той дзень, будзе вынішчана спасярод народу свайго.
  30. І кожнага, хто б працаваў у той дзень, Я вынішчу спаміж народу ягонага.
  31. Дык нічога ня будзеце рабіць у той дзень. Гэта вечная пастанова на ўсе пакаленьні вашыя на ўсіх месцах пражываньня вашага.
  32. Гэта ўрачысты адпачынак ваш. Вы будзеце пасьціць зь вечара дзевятага дня месяца; зь вечара да вечара дзесятага дня месяца будзеце сьвяткаваць суботу вашую”.
  33. Зноў сказаў Госпад Майсею:
  34. “Скажы сынам Ізраэля: У пятнаццаты дзень гэтага сёмага месяца прыпадае сьвята Палатак, сем дзён Госпадавых.
  35. У першы дзень – сьвятое сабраньне; у той дзень не рабіце ніякай работы.
  36. Усе сем дзён складайце ахвяры Госпаду. Восьмага дня будзе ў вас сьвятое сабраньне, і складзеце ахвяру Госпаду. Гэта ўрачыстае сабраньне, не рабіце ніякай работы.
  37. Гэтыя вось сьвяты Госпадавы, у каторых будзеце склікаць сьвятыя сабраньні, у якіх будзеце складаць ахвяры Госпаду: цэлапаленьні, ахвяры зь яды, крывавыя ахвяры ды вадкія ахвяры – кожную ў свой дзень,
  38. апрача суботаў Госпадавых і апрача дароў вашых, ды апрача ўсяго, што будзеце ахвяроўваць па шлюбаваньні або дабравольна Госпаду.
  39. Дык вось, у пятнаццаты дзень сёмага месяца, калі сабярыцё ўсе плады зямлі, будзеце сьвяткаваць урачыстасьць Госпада сем дзён; у першы дзень і восьмы будзе адпачынак.
  40. У першы дзень возьмеце сабе найпрыгажэйшыя плады дрэваў, лісты пальмавыя i галіны дрэваў густых і вербаў рачных, і будзеце весяліцца перад Госпадам, Богам вашым, сем дзён.
  41. Будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята штогод сем дзён. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых. У сёмы месяц будзеце сьвяткаваць гэтае сьвята.
  42. Сем дзён будзеце жыць у намётах. Кожны, хто з роду Ізраэля, будзе жыць у намёце,
  43. каб памяталі нашчадкі вашыя, што загадаў Я сынам Ізраэля жыць у шалашах, калі вывеў іх зь зямлі Эгіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!”
  44. Так вось расказаў Майсей сынам Ізраэля пра ўрачыстасьці Госпадавы.

Разьдзел 24

  1. Далей казаў Госпад Майсею:
  2. “Загадай сынам Ізраэля, каб пры-несьлі табе да сьвечніка найчысьцейшага алею, выціснутага з алівак, празрыстага, для пастаяннага гарэньня сьвечак сьвечніка.
  3. Прыгатуе яго Аарон за заслонай сьведчаньня ў Палатцы Сустрэчы, каб заўсёды ад вечара аж да раніцы гарэў перад Госпадам. Гэта пастанова вечная для пакаленьняў вашых.
  4. Прыгатуе ён тыя сьвечкі на чыстым сьвечніку, каб гарэлі заўсёды перад Госпадам.
  5. Вазьмі таксама мукі і сьпячы зь яе дванаццаць хлябоў; у кожным хлебе павінна быць дзьве дзесятых эфы.
  6. Пасьля пакладзеш іх у два рады, па шэсьць у кожным радзе, на чыстым стале перад Госпадам,
  7. i пакладзеш на кожны рад найчысь-цейшага кадзіла; гэта будзе памятная частка хлеба, ахвяра, паленая для Госпада.
  8. У кожную суботу пастаянна будуць класьцi іх перад Госпадам як дар ад сыноў Ізраэля; гэта запавет вечны.
  9. Яны належацца Аарону і яго сынам, каб спажывалі іх у асьвечаным месцы, бо гэта сьвятыя рэчы, якія належаць яму спаміж ахвяраў агнявых для Госпада. Гэта пастанова вечная”.
  10. Між сынамі Ізраэля знаходзіўся сын адной Ізраэлькі, народжаны ад Эгіпцяніна. У табары ён павадзіўся з адным Ізраэльцам,
  11. і сын Ізраэлькі зблюзьніў супраць імя (Госпада) і пракляў Яго. Прывялі яго да Майсея. Маці яго называлася Шэляміт, дачка Дыбры, з пакаленьня Дана.
  12. Аддалі яго пад варту, пакуль ня высьветліцца прысуд ад Госпада.
  13. І Госпад сказаў Майсею:
  14. “Выведзі блюзьнерцу за табар, і ўсе, каторыя яго чулі, паложаць рукі свае на ягоную галаву, і ўвесь сход укамянуе яго.
  15. А сынам Ізраэля скажы: Чалавек, каторы зблюзьніць супраць Бога свайго, адкажа за свой грэх.
  16. І хто зблюзьніць супраць імя Госпада, будзе пакараны сьмерцю. Увесь сход укамянуе яго, ці ён будзе прыхадзень, ці тутэйшы. Хто блюзьніць на імя Госпада, той будзе пакараны сьмерцю.
  17. Хто ўдарыць і заб’е чалавека, будзе пакараны сьмерцю.
  18. Хто заб’е жывёлу, будзе абавязаны да звароту: жывёлу за жывёлу.
  19. Хто скалечыць бліжняга, будзе пакараны; як ён зрабіў, так і яму зробяць.
  20. Пералом за пералом, вока за вока, зуб за зуб. У які спосаб ён скалечыў, такім чынам і ён будзе скалечаны.
  21. Хто заб’е жывёлу, аддасьць іншую (жывёлу); хто заб’е чалавека, будзе пакараны сьмерцю.
  22. Роўны суд хай будзе ў вас, ці пры-хадзень саграшыць, ці тутэйшы. Бо Я — Госпад, Бог ваш!”
  23. Потым загадаў Майсей сынам Ізраэля вывесьці блюзьнерцу за табар і закідаць каменьнямі. І сыны Ізраэля зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею.

Разьдзел 25

  1. Вось што сказаў Госпад Майсею на гары Сынай:
  2. “Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: Калі вы ўвойдзеце ў зямлю, каторую Я дам вам, тады і зямля таксама павінна сьвяткаваць суботу Госпада.
  3. Шэсьць гадоў будзеш засяваць поле сваё і шэсьць гадоў будзеш абразаць вінаграднік свой i зьбіраць зь іх плады,
  4. але ў сёмы год хай будзе супачынак для зямлі, субота для Госпада. Ня будзеш засяваць поля свайго і падразаць вінаградніка свайго.
  5. Што само вырасьце на полі, ня будзеш жаць таго, і ня будзеш зьбіраць вінаграду неабрэзанага. Бо гэта будзе год адпачынку для зямлі.
  6. Што само вырасьце на зямлі, будзе вам служыць за яду, табе, слузе твайму, служанцы тваёй, парабку твайму і пасяленцу твайму, каторы жыве ў цябе,
  7. і жывёле тваёй, і зьвярам, якія жывуць на зямлі тваёй, увесь ураджай будзе служыць вам за яду.
  8. Палічы таксама сабе сем гадоў суботніх, значыць, сем разоў па сем гадоў так, што час сямі гадоў суботніх будзе налічваць сорак дзевяць гадоў.
  9. У дзесяты дзень сёмага месяца затрубіш у трубу, у дзень Ачышчэньня, затрубіш у трубу па ўсёй зямлі.
  10. І будзеце сьвяткаваць пяцідзесяты год, і аб’явіце свабоду на зямлі ўсім жыхарам ейным. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны з вас вернецца да сваёй уласнасьці, i кожны вернецца ў сваю сям’ю.
  11. Увесь гэты пяцідзесяты год будзе для вас годам юбілейным; ня будзеце сеяць, ня будзеце жаць таго, што вырасьце, і ня будзеце зьбіраць неабрэзанага вінаграду,
  12. бо гэта будзе для вас юбілей, гэта будзе для вас сьвяты час. Будзеце есьці тое, што вырасьце на полі.
  13. У гэты год юбілейны кожны з вас вернецца да сваёй уласнасьці.
  14. Калі што будзеш прадаваць бліжняму або купляць ад яго, ня крыўдзіце адзін аднаго.
  15. Паводле ліку гадоў пасьля юбілею ты павінен купляць у бліжняга свайго, i паводле ліку гадоў ураджаю ён павінен прадаваць табе.
  16. Чым больш гадоў застаецца да юбілею, тым большую цану заплаціш; а чым менш гадоў застаецца, тым меншую цану заплаціш, бо колькасьць пладоў ён прадае табе.
  17. Ня крыўдзіце адзін аднаго, але бойцеся Бога свайго, бо Я — Госпад, Бог ваш!
  18. Спаўняйце прыказаньні Мае і законы, беражыце і выконвайце іх, каб маглі жыць на зямлі безь ніякага страху.
  19. І будзе зямля даваць плод свой, і вы будзеце сытымі, і спакойна будзеце жыць на ёй.
  20. А калі запытаеце: “Што мы будзем есьці ў сёмым годзе, калі ня будзем сеяць ані зьбіраць пладоў?”
  21. Я спашлю на вас дабраславенства ў шостым годзе так, што хопіць вам ураджаю на тры гады.
  22. У восьмым годзе будзеце сеяць і будзеце есьці з даўнейшых пладоў аж да дзевятага году, аж да новага ўраджаю будзеце есьці даўнія плады.
  23. Зямлю не належыцца прадаваць назаўсёды, бо яна Мая, а вы — прыхадні і пасяленцы ў Мяне.
  24. Таму ўся зямля, якая у вашым валаданьні, будзе прадавацца вамі пад умовай выкупу.
  25. Калі зьбяднее брат твой і прадасьць частку сваёй маёмасьці, дык хай прыйдзе блізкі яго сваяк і выкупіць маёмасьць, прададзеную братам.
  26. Калі ж хто ня мае адкупіцеля, але сам будзе мець належныя сродкі на выкуп,
  27. дык падлічыць ён гады ад часу продажу і зьверне рэшту таму, каму прадаў зямлю, і вернецца да сваёй маёмасьці.
  28. Калі аднак не здабудзе належных сродкаў на выкуп, то маёмасьць застанецца ў валаданьні купіўшага аж да юбілейнага году. А ў юбілейны год зямля пяройдзе ў валаданьне ранейшага ўладальніка.
  29. Калі хто прадасьць дом жылы ў горадзе, акружаным мурам, то будзе мець права выкупу аж да канца году продажу; закон выкупу будзе трываць год.
  30. Калі дом ня выкупяць на працягу году, дык у такім выпадку дом у горадзе застанецца назаўсёды ўласнасьцю купіўшага і яго патомкаў. Ня выйдзе зь іх рук у юбілейны год.
  31. Дамы на вёсках, каторыя не абведзеныя мурам, будуць лічыцца на роўні зь зямлёю; дык будуць яны падлягаць выкупу, а ў юбілейным годзе выйдуць з валаданьня купіўшага.
  32. Што да гарадоў левітаў, дык яны заўсёды могуць выкупіць дамы свае.
  33. Калі хто купіць ад левітаў дом у горадзе, то маёмасьць гэта выйдзе зь яго рук у годзе юбілейным, бо дамы левітаў лічацца іх маёмасьцю сярод сыноў Ізраэля.
  34. Таксама і палёў вакол іхніх гарадоў нельга прадаваць, дзеля таго што гэта іх вечная маёмасьць.
  35. Калі брат твой зьбяднее і аслабее рука яго, дык падтрымай яго, каб мог жыць з табою хаця б як прыбылец або пасяленец.
  36. Не бяры ад яго адсоткаў ані ліхвы. Бойся Бога твайго, каб брат твой мог жыць у цябе.
  37. Не давай яму грошы на адсоткі і не вымагай ад яго ліхвы за яду.
  38. Я — Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб даць вам зямлю Ханаан ды каб быць вашым Богам!
  39. Калі брат твой з убогасьці змушаны будзе прадацца табе, не прыціскай яго работаю нявольнічай,
  40. але будзеш зь ім абыходзіцца як з парабкам і пасяленцам. Будзе ён табе служыць толькі да году юбілейнага,
  41. а тады разам са сваімі дзяцьмі вернецца ад цябе да сваёй радні, у валаданьне бацькоў сваіх.
  42. Бо яны — Мае нявольнікі, Я іх вывеў зь зямлі Эгіпецкай; не павінны яны быць прадаваныя як нявольнікі.
  43. Ня будзеш уціскаць іх сурова, але будзеш баяцца Бога.
  44. Калі б патрэбен быў табе нявольнік або нявольніца, купляй іх у акружаючых цябе народаў.
  45. Таксама купляйце дзяцей прыхадняў, пасяліўшыхся ў вас, і зь сем’яў іхніх, каторыя жывуць у вас, і каторыя нарадзіліся на вашай зямлі. Яны будуць вашай уласнасьцю,
  46. і як спадчыну перадавайце іх сынам вашым, і мейце іх назаўсёды як нявольнікаў. Але братоў сваіх, сыноў Ізраэля, ня крыўдзіце.
  47. Калі чужынец або пасяленец твой разбагацее, а брат твой зьбяднее і запрадасца чужынцу, што пасяліўся ў вас, або каму другому зь яго сям’і,
  48. дык пасьля продажу можа ён быць выкуплены. Хай тады хто з братоў ягоных выкупіць яго:
  49. ці дзяцька, ці сын ягоны, ці сваяк, ці хто блізкі. А нават сам сябе можа выкупіць, калі будзе ў стане.
  50. І ён павінен разьлічыцца з купіўшым яго, пачынаючы з таго году, калі ён прадаў сябе, да году юбілейнага, і грошы, за якія ён прадаў сябе, належыцца аддаць яму па лічбе гадоў; як найміт ён павінен быць у яго.
  51. Але калі да юбілейнага году застаецца многа гадоў, то адпаведна да лічбы іх павялічыць ён цану выкупу.
  52. А калі застаецца нямнога гадоў да юбілейнага году, палічыць іх і, адпаведна ліку тых гадоў, заплаціць свой выкуп.
  53. Ён будзе ў яго як найміт, з году на год. Хай не ўціскае яго строга ў сябе.
  54. Калі ж такім чынам выкупіцца ня зможа, то ў годзе юбілейным асвабодзіцца разам зь дзецьмі сваімі.
  55. Бо сыны Ізраэля — гэта Мае нявольнікі, каторых вывеў Я зь зямлі Эгіпецкай. Я — Госпад, Бог ваш!

Разьдзел 26

  1. Не рабіце сабе ідалаў і выяваў і не стаўляйце слупоў, ані каменных фігураў не стаўляйце ў зямлі вашай, каб пакланяцца ім. Бо Я — Госпад, Бог ваш.
  2. Сьвяткуйце суботы Мае і шануйце сьвятыню Маю. Я – Госпад!
  3. Калі будзеце хадзіць паводле прыказаньняў Маіх, і берагчы загады Мае, і спаўняць іх,
  4. Я дам вам дажджы ў патрэбны час, і зямля будзе даваць ураджай, і дрэвы напоўняцца пладамі.
  5. І малацьба хлеба працягнецца да збору вінаграду, а зьбіраньне вінаграду працягнецца да сяўбы, і будзеце есьці хлеб ваш удосталь, і спакойна будзеце жыць на сваёй зямлі.
  6. Я дам мір на межах вашых, і будзеце вы спаць, і ня будзе каму вас палохаць. Я прыму дзікіх зьвяроў, і меч ня пройдзе па зямлі вашай.
  7. Вы будзеце гнаць ворагаў вашых, і будуць яны падаць ад мяча вашага.
  8. Пяцёх з вас прагоняць сотню чужынцаў, і сотня з вас прагоніць дзесяць тысячаў. І будуць падаць ворагі вашыя ад мяча вашага.
  9. Я прыхілюся да вас і дам вам плоднасьць, і вы размножыцеся; і заключу Я запавет Мой з вамі.
  10. Вы будзеце есьці збожжа зь леташніх збораў, а калі прыйдуць новыя зборы, павыкідаеце старыя.
  11. Я пастаўлю прыпынак Мой сярод вас, і ня будзе брыдзіцца вамі душа Мая.
  12. Я буду жыць сярод вас і буду Богам вашым, а вы будзеце Маім народам.
  13. Я — Госпад, Бог ваш, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай, каб вы не былі там нявольнікамі. Я зламаў пруты ярма вашага, каб хадзілі вы з паднятымі галовамі.
  14. А калі ня будзеце Мяне слухаць і ня будзеце спаўняць усіх гэтых прыказаньняў Маіх,
  15. калі ўзгардзіце пастановамі Маімі, і ня будзеце зважаць на законы Мае, і ня будзеце выконваць усяго, што Мною пастаноўлена, i будзеце парушаць Мой запавет,
  16. тады Я так зраблю вам: наведаю вас жахам раптоўным, сухотамі і гарачкай, каторыя спрычыняюць сьлепату і нішчаць здароўе. Надарма будзеце сеяць насеньне, бо зьядуць яго ворагі.
  17. Я павярну аблічча Маё на вас, і будзеце вы падаць ад ворагаў вашых, і будуць панаваць над вамі тыя, каторыя вас зьненавідзілі, і будзеце вы ўцякаць, хоць ніхто ня будзе гнацца за вамі.
  18. А калі і тады ня будзеце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас дзеля грахоў вашых у сем разоў,
  19. i сатру пыхлівасьць сілы вашай. Я зраблю для вас неба як жалеза, а зямлю як медзь.
  20. Надарма будзе марнавацца праца ваша; зямля ня будзе даваць ураджаю, а дрэвы палявыя не дадуць пладоў.
  21. Калі і далей будзеце Мне працівіцца і не захочаце слухаць Мяне, Я павялічу кары на вас за грахі вашыя ў сем разоў.
  22. Я напушчу на вас зьвяроў палявых, каторыя пажаруць дзецей вашых і зьнішчаць жывёлу вашую, і зьменшаць колькасьць людзей; пустымі стануцца дарогі вашыя.
  23. Калі і далей ня будзеце напраў ляцца i будзеце Мне працівіцца,
  24. дык і Я пайду супраць вас і буду вас караць у сем разоў цяжэй за грахі вашыя.
  25. Я навяду на вас меч, мсьціўцу за парушэньне запавету Майго. А калі паўцякаеце ў гарады вашыя, Я пашлю заразу на вас, і будзеце вы выдадзены ў рукі ворагаў.
  26. Калі Я зьнішчу хлеб, вашу падпору жыцьця, тады пекчы будуць дзесяць жанчынаў хлеб сабе ў адной печцы і будуць выдаваць пад мерку, і вы будзеце есьці і не наясьцёся!
  27. А калі і дзеля гэтых караў ня будзеце слухаць Мяне і будзеце хадзіць супраць Мяне,
  28. дык Я выступлю супраць вас з гвалтоўнаю ярасьцю; Я пакараю вас сямікроць за грахі вашыя,
  29. так што будзеце есьці целы сыноў і дачок вашых.
  30. Я зруйную вашыя ўзгоркі, паб’ю вашыя слупы, і будзе брыдзіцца душа Мая вамі.
  31. Гарады вашыя зраблю пустыняй, і спустошу сьвятыні вашыя, і не прыму больш паху ахвяраў вашых.
  32. Я спустошу зямлю вашую, аж будуць дзівіцца ворагі вашыя, каторыя яе заселяць.
  33. Вас жа расьцярушу між народамі і пушчу меч усьлед за вамі; і будзе зямля вашая пустая, а гарады будуць зруйнаваныя.
  34. Тады зямля будзе адзначаць свае суботы ўсе дні свайго спусташэньня, а вы апынецеся ў зямлі ворагаў. Тады зямля адпачываць будзе і сьвяткаваць свае суботы.
  35. Усе дні спусташэньня свайго будзе сьвяткаваць яна адпачынак, каторага не сьвяткавала ў гадах суботніх, калі вы ў ёй жылі.
  36. А тым, каторыя з вас застануцца, Я напушчу страх у сэрцы іхнія ў зямлі ворагаў. Будзе палохаць іх шум лятучага ліста так, што будуць уцякаць, як ад мяча; і хоць ніхто ня будзе за імі гнацца, упадуць.
  37. Будуць спатыкацца адзін аб другога, быццам ад мяча, хоць ніхто ня будзе гнацца за імі. Ня змогуць яны ўстаяць перад ворагам.
  38. Вы загінеце паміж народамі, праглыне вас зямля варожая!
  39. А тыя, хто з вас застануцца, будуць марнець у сваіх беззаконьнях з прычыны свайго злачынства ў землях сваіх ворагаў, дзеля грахоў бацькоў сваіх змарнеюць, як і яны.
  40. Тады прызнаюцца яны да сваіх грахоў і да злачынства бацькоў сваіх, каторымі спаганіліся адносна Мяне і хадзілі супраць Мяне.
  41. Таму Я выйшаў супраць іх ды ўвёў іх у зямлю варожую, каб упакарылася іхняе неабразанае сэрца, і каб яны панесьлі кару за свае беззаконьні.
  42. Тады Я ўзгадаю запавет Мой, які заключыў зь Якубам, і Ізаакам, і Абрагамам. Тады вось узгадаю Я зямлю,
  43. каторая была пакінутая імі; і будзе яна сплочваць свае суботы праз тое, што будзе спустошана па іх віне, а яны будуць несьці кару за свае правіны, бо адкінулі Мае законы і ўзгардзілі пастановамі Маімі.
  44. Але і тады, калі яны будуць у зямлі ворагаў іхніх, не адкіну іх зусім і ня буду брыдзіцца імі так, каб цалкам іх зьнішчыць i зламаць Мой запавет зь імі, бо Я –Госпад, Бог іхні.
  45. Дык прыгадаю Я ім запавет Мой з продкамі, каторых вывеў Я зь зямлі Эгіпецкай на віду ўсіх народаў, каб быць іх Богам. Я — Госпад!”
  46. Гэта пастановы, прыказаньні і законы, якія даў Госпад на гары Сынай адносна Сябе і сыноў Ізраэля праз Майсея.

Разьдзел 27

  1. Далей казаў Госпад Майсею:
  2. “Кажы сынам Ізраэля і гавары ім: Калі які чалавек дае шлюбаваньне пасьвяціць душу Госпаду па ацаненьні тваім,
  3. дык калі б гэта быў мужчына ад дваццаці да трыццаці гадоў, то будзе ён ацэнены на пяцьдзесят сыкляў серабром па вазе сьвятыні,
  4. а калі жанчына, то будзе ацэнена на трыццаць сыкляў.
  5. А ад пятага году да дваццатага будзе твая ацэнка мужчыны — дваццаць сыкляў серабра па мерцы сьвятыні, а жанчыны — дзесяць.
  6. А ад аднаго месяца да пяці год даецца за мужчыну пяць сыкляў, а за жанчыну — тры сыклі.
  7. Ад шасьцідзесяці год і вышэй за мужчыну даецца пятнаццаць сыкляў, а за жанчыну – дзесяць.
  8. Калі б хто быў так бедны і ня мог бы заплаціць ацаненьня, то хай паставяць яго перад сьвятаром, а той ацэніць; і што ён можа даць, хай тое дасьць.
  9. Калі гэта будзе быдла, каторае складаецца ў ахвяру Госпаду, дык усё, што шлюбаваў для Госпада, ёсьць рэччу сьвятою.
  10. Нельга яго замяніць, ані лепшае – горшым, ані горшае – лепшым. Калі б жа хто замяніў, то і тое, што заменена, і на што заменена, будзе сьвятой рэччу для Госпада.
  11. Калі б хто шлюбаваў жывёлу нячыстую, каторай ня можна складаць у ахвяру Госпаду, то прывядуць яе да сьвятара,
  12. каторы ацэніць яе, ці яна добрая, ці благая, ды якую ўстановіць цану, такая і будзе.
  13. Калі хто захоча выкупіць яе, то хай дадасьць пятую частку да яго ацэнкі.
  14. Калі хто пасьвяціць дом свой Госпаду як сьвятую рэч, дык сьвятар ацэніць той дом паводле таго, ці ён добры, ці благі. Як сьвятар яго ацэніць, такая будзе ягоная вартасьць.
  15. А калі той, хто яго ахвяраваў, захоча адкупіць яго, то дадасьць пятую частку кошту яго і будзе мець дом.
  16. Калі хто пасьвяціць Госпаду частку ўласнага поля, то ацэнка твая павінна быць паводле засеву: за засеў гамэру ячменя – пяцьдзесят сыкляў серабра.
  17. Калі хто пасьвяціць сваё поле ў год юбілейны, твая ацэнка будзе важная.
  18. Калі ж хто пасьвяціць сваю зямлю па годзе юбілейным, то сьвятар палічыць суму грошаў па гадах, каторыя застаюцца да наступнага году юбілейнага, i належна абніжыць ацэнку.
  19. Калі той, хто пасьвяціў зямлю, адкупіць яе, то дадасьць пятую частку вышэй ацэнкі і будзе мець яе.
  20. А калі ён ня выкупіць зямлі, і калі гэтая зямля будзе прададзена каму іншаму, то ня можа быць выкупленая.
  21. У такім выпадку, калі зямля ў юбілейным годзе станецца свабоднай, будзе яна належаць Госпаду як рэч сьвятая, як зямля пад клятвай. Станецца яна ўласнасьцю сьвятара.
  22. А калі хто пасьвяціць Госпаду зямлю, купленую не з уласнасьці продкаў,
  23. то сьвятар палічыць вялікасьць ацэнкі да юбілейнага году, і павінен ён аддаць яшчэ таго самага дня Госпаду суму ацаненьня як сьвятую рэч.
  24. У год юбілейны зямля вернецца да таго, ад каго была куплена, чыёй была ўласнасьцю.
  25. Кожная твая ацэнка павінна быць паводле сыклю сьвятыні. Адзін сыкль раўняецца дваццаці герам.
  26. Ніхто ня можа пасьвяціць і шлюбаваць Госпаду першароднае з быдла, якое і так належыць Госпаду, ці то вол, ці то авечка, бо яны – Госпадавы.
  27. Калі гэта жывёла нячыстая, то можна яе выкупіць за суму тваёй ацэнкі, дадаючы да яе адну пятую. Калі ня будзе выкуплена, то прадасца па суме тваёй ацэнкі.
  28. Калі хто пасьвяціць штосьці з сваёй уласнасьці Госпаду як клятву: чалавека, жывёлу або частку уласнай зямлі – то гэта рэч ня будзе ані прададзена, ані выкуплена. Кожная клятва – гэта рэч найсьвяцейшая для Госпада.
  29. Ніводзін чалавек, каторы пасьвячаны Госпаду як клятва, ня можа быць выкуплены, павінен быць ён забіты.
  30. Кожная дзесяціна зямлі з пасеву зямлі і з пладоў дрэваў ёсьць Госпадава, гэта сьвятая рэч для Госпада.
  31. Калі б хто хацеў выкупіць частку сваёй дзесяціны, то дадасьць да яе адну пятую.
  32. Кожная дзесяціна з валоў, авец, козаў, каторыя праходзяць пад палкай пастыра, ёсьць пасьвечаныя Госпаду.
  33. Ня будзе адрознівацца, што добрае, а што благое, і ня будзе рабіцца ніякай замены. Калі хто, аднак, зробіць замену, то абедзьве жывёліны, і адна, і другая, будуць пасьвечаныя Госпаду. Ня могуць яны быць выкуплены”.
  34. Такія вось прыказаньні, якія даў Госпад Майсею і сынам Ізраэля на гары Сынай.