Беларуская Біблія

КНІГА ПАЎТОРАНАГА ЗАКОНУ

Разьдзел 1

  1. Гэтымі словамі прамаўляў Майсей да ўсяго Ізраэля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфу, паміж Паранам, Тафелем, Лябанам, Хацэротам і Дызагабам,
  2. на адлегласьці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Гарэбу да Кадэш-Барнэа праз горы Сэір.
  3. У саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца сказаў Майсей сынам Ізраэля ўсё, што яму Госпад даручыў сказаць ім.
  4. Па перамозе над Сыгонам, каралём Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, і Огам, каралём Башану, каторы пражываў у Аштароце ў Эдрэі,
  5. за Ярданам, у зямлі Маабу, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і казаць:
  6. “Госпад, Бог наш, гаварыў да нас на Гарэбе, кажучы: Досыць ужо вам быць на гэтай гары.
  7. Завярніцеся і вырушыце, і ідзіце на гару Амарэйцаў і да ўсіх суседзяў іхніх, у Арабу, у горы і ў даліны, і ў Нэгэб, і на бераг мора, і ў зямлю Хананейцаў, і ў Лібан, аж да вялікай ракі Эўфрат.
  8. Глядзіце, вось Я даю вам гэтую зямлю. Ідзіце, вазьміце яе на ўласнасьць, бо яе запрысяг Госпад аддаць Абрагаму, Ізааку і Якубу, і патомству іхняму па іх”.
  9. Вось жа сказаў я вам ў той час: “Не магу я адзін весьці вас;
  10. Госпад, Бог ваш, памножыў вас, і сягоньня вас так многа, як зорак у небе.
  11. Дык хай Госпад, Бог бацькоў вашых, дадасьць да гэтай лічбы ў тысячу разоў і дабраславіць вас, як Ён абяцаў вам.
  12. Не магу я адзін забясьпечыць вашыя патрэбы, пераносіць вашыя цяжары і спрэчкі.
  13. Выбярыце сабе ў пакаленьнях вашых людзей мудрых, разумных і выспрабаваных, і я пастаўлю іх начальнікамі вашымі”.
  14. Тады адказалі вы мне: “Добрае гэта, што ты хочаш зрабіць”.
  15. Дык выбраў я тады з вашых пака-леньняў начальнікаў, мужоў справядлівых і паважаных, і паставіў іх начальнікамі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзе-сятнікамі, дзесятнікамі і загадчыкамі працы для пакаленьняў вашых.
  16. У той час загадаў я судзьдзям вашым: “Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва як брата, так і чужынца.
  17. Не глядзіце на асобу на судзе: выслухайце як вялікага, так і малога, ня бойцеся анікога, бо гэта суд Божы. А калі б якая справа была вам цяжкай, скіроўвайце яе да мяне, і я выслухаю яе”.
  18. У той час сказаў я вам усё, што вы маеце рабіць.
  19. Потым пакінулі мы Гарэб і прайшлі усю тую вялікую і страшную пустыню, каторую вы бачылі, у напрамку гор Ама-рэйскіх, як загадаў нам Госпад, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэш–Барнэа.
  20. І сказаў я вам: “Вы прыйшлі да гор Амарэйскіх, каторыя мае нам даць Госпад, Бог наш.
  21. Агледзь зямлю, якую дае табе Госпад, Бог наш, увайдзі і вазьмі яе ва ўладаньне, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх; ня бойся і нічога не палохайся”.
  22. Прыступілі тады вы ўсе да мяне і сказалі: “Пашлём людзей перад намі, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісьці, і пра гарады, у якія маем увайсьці”.
  23. Слова гэтае мне спадабалася, і я выбраў спаміж вас дванаццаць мужчынаў, па адным з кожнага пакаленьня.
  24. Яны выйшлі і скіраваліся ў горы, і дайшлі аж да даліны Эшколь, і агледзелі яе.
  25. І ўзялі яны ў рукі свае плады тае зямлі, і прынесьлі нам, і сказалі: ”Добрая тая зямля, якую дае нам Госпад, Бог наш”.
  26. Але вы не хацелі ісьці і не паслухалі слова Госпада, Бога нашага.
  27. І наракалі ў палатках сваіх, кажучы: ”Зь нянавісьці да нас вывеў нас Госпад зь зямлі Эгіпецкай, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў на загубу.
  28. Куды пойдзем? Нашыя браты напалохалі сэрцы нашыя, кажучы: Народ той шматлікі і перавышае нас ростам, гарады там вялікія і аж у неба ўмацаваныя; бачылі мы нават там сыноў Анака”.
  29. Дык сказаў я вам: ”Не дрыжыце і ня бойцеся іх.
  30. Госпад, Бог наш, Каторы ідзе перад намі, будзе за нас ваяваць, як зрабіў у Эгіпце на вачах нашых.
  31. Бачыў ты таксама на пустыні, як Госпад насіў цябе, як звычайна носіць бацька свайго сына малога, ва ўсякай дарозе, якой вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў гэтае месца.
  32. Але вы так і не паверылі Госпаду, Богу вашаму,
  33. Каторы ідзе перад вамі ў дарозе, каб шукаць вам месца, дзе маглі б паставіць палаткі — ноччу ў агні, каб асьвятляць вам дарогу, а ўдзень — у воблаку”.
  34. Калі Госпад пачуў голас словаў вашых, Ён разгневаўся і прысягнуў, кажучы:

35      ”Ня ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакаленьня ліхога тую добрую зямлю, якую Я пад прысягай абяцаў бацькам вашым,

  1. за выняткам Калеба, сына Ефунны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я гэтую зямлю, па якой ён хадзіў, бо ён быў паслухмяны Госпаду”.
  2. Праз вас і на мяне загневаўся Госпад і сказаў: ”І ты туды ня ўвойдзеш.
  3. Ешуа, сын Нуна, твой слуга, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён увядзе Ізраэля ў валаданьне (зямлёю).
  4. Дзеці вашыя, пра якіх гаварылі вы, што павядуць іх у палон, і сыны вашыя, каторыя сёньня не разумеюць, што добрае, а што ліхое, яны ўвойдуць; ім дам Я зямлю гэтую, і яны завалодаюць ёю.
  5. А вы павярніце i ідзіце праз пустыню ў напрамку мора Чырвонага”.
  6. Адказалі вы мне: ”Саграшылі мы перад Госпадам, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам Госпад, Бог наш”. І вы перапаясаліся зброяй баявой і адважыліся пайсьці на гару.
  7. Госпад сказаў мне: ”Скажы ім: Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо Я ня з вамі, каб не пабілі вас ворагі вашыя”.
  8. Перасьцерагаў я вас, але вы не хацелі слухаць, і супрацівіліся загаду Госпадаваму і, гнаныя пыхаю, узыйшлі на гару.
  9. Дык выйшлі супраць вас Амарэйцы, якiя пражывалi на той гары, і пагналі вас, як звычайна робяць пчолы, і білі вас ад Сэіру аж да Хармы.
  10. І вярнуліся вы, і плакалі перад Госпадам, але Госпад ня выслухаў вашага голасу i не зьвярнуў на вас увагі.
  11. І прабылі вы ў Кадэшы шмат часу, столькі дзён, колькі там заставаліся.

Разьдзел 2

  1. Тады, павярнуўшы, накіраваліся мы праз пустыню ў бок Чырвонага мора, як мне сказаў Госпад, і шмат часу абыходзілі наўкола гару Сэір.
  2. І Госпад сказаў мне:
  3. “Досыць вам хадзіць кругом гэтае гары, зьвярніце на поўнач.
  4. Вось жа загадай народу і скажы: Вы будзеце праходзіць праз пасяленьні братоў вашых, сыноў Эзава, што жывуць у Сэіры, яны баяцца вас, але і вы будзьце ўважлівымі,
  5. не чапайце іх, бо Я ня дам вам зямлі іхняй ні на стапу нагі дзеля таго, што гару Сэір Я даў у валаданьне Эзаву.
  6. Яду купляйце ў іх за серабро і ешце; таксама і ваду купляйце ў іх за серабро i піце.
  7. Бо Госпад, Бог твой, Каторы дабра-славіў цябе ў кожнай справе рук тваіх, суправаджаў цябе, як ты сорак гадоў праходзіў гэтую вялікую пустыню; Госпад, Бог твой, у гэтыя сорак год прабываў з табой, і нічога табе не бракавала”.
  8. Дык абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, каторыя пражывалі ў Сэіры, дарогай на Арабу, Элят і Эцыён-Гэбэр, і завярнулі, і пайшлі дарогай, каторая вядзе ў пустыню Мааб.
  9. Тады сказаў мне Госпад: ”Не варагуй супраць Маабу і не пачынай зь імі вайны, Я ня дам нічога ва ўладаньне табе зь іх зямлі, бо Я аддаў Ар у валаданьне сынам Лёта”.
  10. Першымі пасяленцамі яе былі Эмімы, народ вялікі, шматлікі і такі ж высокі, як сыны Акама.
  11. Залічалі іх да Рэфаімаў, як і сыноў Анама. Але Маабцы называюць іх Эмімамі.
  12. У Сэіры жылі раней Харэі, але сыны Эзава выгналі іх і выгубілі, каб пасяліцца на іх месцы, як зрабіў Ізраэль у зямлі, каторую даў яму Госпад у валаданьне.
  13. ”Дык уставайце і перайдзіце праз рэчку Зарэд.” І перайшлі мы рэчку Зарэд.
  14. Час жа, які мы ішлі з Кэдэш-Барнэа да рэчкі Зарэд, трываў трыццаць восем гадоў, аж пакуль не выгінула ў табары ўсё тое пакаленьне людзей, здатных да бою, як ім гэта запрысяг Госпад.
  15. Таксама рука Госпада была супраць іх, каб зьнішчыць іх.
  16. Калі згінулі ўсе, здатныя да вайны, і перавяліся ў табары,
  17. сказаў мне Госпад:
  18. “Ты сёньня пяройдзеш Ар, мяжу Маабу,
  19. і падойдзеш блізка да сыноў Амона. Высьцерагайся, не ваюй зь імі і не пачынай бою, бо Я ня дам табе нічога зь зямлі сыноў Амона, бо аддаў яе ў валаданьне сынам Лёта”.
  20. І яна лічылася зямлёй Рэфаімаў, калісьці жылі ў ёй Рэфаімы, каторых сыны Амона завуць Замзумімамі.
  21. Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як сыны Анака, але зьнішчыў іх Госпад перад сынамi Амону, каторыя іх выгналі і пасяліліся на іхнім месцы.
  22. Таксама зрабіў Госпад з сынамі Эзава, што жывуць у Сэіры, вынішчаючы перад імі Харэяў, каторых яны выгналі, і самі жывуць у іх мясьцінах аж да гэтага часу.
  23. У той спосаб і Авімаў, пражываючых у мясцовасьці аж да Газы, выгубілі Каф-тарымы, каторыя прыбылі з Кафтору, каб пасяліцца на іх месцы.
  24. “Уставайце, вырушце ў дарогу, пераходзьце рэчку Арнон: вось жа Я аддаў у рукі твае Сыгона, караля Хешбону, Амарэйца; бяры на ўласнасьць ягоную зямлю, і пачынай вайну супраць яго.
  25. Сёньня ж Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы пад усім небам, каб пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжэлі перад табою”.
  26. Дык паслаў я паслоў з пустыні Кэдэмот да Сыгона, караля Хешбону, са словамі мірнымі:
  27. “Дазволь мне прайсьці праз тваю зямлю. Я пайду гасьцінцам, проста, ня збочваючы ані направа, ані налева.
  28. Жыўнасьць прадавай мне за плату, каб меў я што есьці. Таксама ваду прадавай мне за грошы, каб я меў што піць. Дазволь мне толькі прайсьці пехатою,
  29. як дазволілі мне сыны Эзава, што пражываюць у Сэіры, і Маабцы, якiя пражываюць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдану і перайду ў зямлю, якую мае даць нам Госпад, Бог наш”.
  30. Але кароль Хешбону Сыгон не захацеў дазволіць нам прайсьці празь яго зямлю, бо закамяніў яму дух Госпад, Бог наш, і сэрца яго зрабіў упорыстым, каб быў ён аддадзены ў рукі твае, як гэта і сталася.
  31. Госпад сказаў мне: ”Вось Я пачынаю аддаваць табе Сыгона і зямлю ягоную. Пачынай займаць яе !”
  32. І выйшаў супраць нас Сыгон з усім народам сваім на вайну каля Ягацу.
  33. І выдаў яго нам Госпад, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны.
  34. У той час узялі мы ўсе гарады ягоныя і палажылі клятву на кожны горад, муж-чынаў і жанчынаў і дзяцей, нікога зь іх не астаўляючы ў жывых,
  35. апроч жывёлы, каторую сабе паза-біралі як здабычу з гарадоў, занятых намі.
  36. Ад Араэру, што на беразе рэчкі Арнон, і ад гораду ў даліне, аж да Гілеаду, не было для нас гораду недаступнага; усё аддаў нам Госпад, Бог наш,
  37. за выняткам зямлі сыноў Амона, да зямлі каторага ты не набліжаўся, і мяс-цовасьцяў вакол рэчкі Ябок, гарадоў ў горах, іншага месца, да каторага забараніў табе ісьці Госпад, Бог наш.

Разьдзел 3

  1. Потым мы зьвярнулі і пайшлі дарогай на Башан; і выступіў Ог, кароль Башану, супраць нас з усім сваім народам ваяваць каля Эрдэі.
  2. Госпад сказаў мне: ”Ня бойся яго, Я выдаў яго ў рукі твае з усім народам і зямлёй ягонай; зробіш ты яму тое, што зрабіў Сыгону, каралю Амарэйцаў, каторы жыў у Хешбоне”.
  3. І аддаў Госпад, Бог наш, у рукі нашыя Ога, караля Башану, і ўвесь народ ягоны, і вынішчылі мы яго так, што ніхто не ацалеў.
  4. У той час здабылі мы ўсе ягоныя гарады, і не засталося гораду незанятага: шэсьцьдзесят гарадоў ды ўвесь абшар Аргоб, каралеўства Ога ў Башане.
  5. Усе гэтыя гарады былі ўмацаваныя высокімі мурамі, і брамамі, і заваламі, ня лічачы многіх гарадоў адкрытых.
  6. І палажылі мы клятву на іх, як зрабілі Сыгону, каралю Хешбону, зьнішчаючы кожны горад, мужчынаў, і жанчынаў, і дзяцей,
  7. а жывёлу і здабычу з гарадоў пакідалі сабе.
  8. У той час узялі мы зямлю з рук двух каралёў Амарэйскіх, каторыя жылі за Ярданам, ад рэчкі Арнон аж па горы Гермону.
  9. Сідонцы называюць Гермон Сырыёнам, а Амарэйцы — Сэнірам.
  10. Усе гарады на раўніне, увесь Гілеад і Башан аж да Сальхі і Эдрэі, гарадоў каралеўства Ога ў Башане,
  11. бо Ог, кароль Башану, быў апошні з Рэфаімаў. Яго жалезная дамовіна знаходзіцца ў Раббе, у сыноў Амона: дзевяць локцяў даўжыні, і чатыры локці шырыні меркаю локця чалавечага.
  12. І ўзялі мы на ўласнасьць тады ўсю гэтую зямлю. Ад Араэру над рэчкаю Арнон і палову гары Гілеад зь іхнімі гарадамі аддаў я людзям з пакаленьня Рубэна і Гада.
  13. Астатак Гілеаду і ўвесь Башан, каралеўства Ога, даў я палове пакаленьня Манасы, увесь абшар Аргоб; увесь гэты прастор Башану называўся зямлёю Рэфаімаў.
  14. Яір, сын Манасы, здабыў увесь прастор Аргоб аж да мяжы Гешура і Мааха, і назваў яго сваім імем. І да сягоньня называюць гэтую частку Башану “Паселішча Яіра”.
  15. Махіру я даў Гілеад,
  16. а пакаленьнямі Рубэна і Гада даў частку зямлі Гілеад аж да рэчкі Арнон і да рэчкі Ябок, каторая ёсьць мяжою сыноў Амона,
  17. і яшчэ Арабу зь Ярданам як мяжою ад Кінэрэту да мора Арабы, мора Салонага ля падножжа гары Пісга на ўсход.
  18. У гэты час даў я вам гэткі загад: “Госпад, Бог ваш, даў вам гэтую зямлю ў спадчыну; дык вы ўсе, здатныя да бою, пойдзеце ўзброеныя наперадзе братоў вашых, сыноў Ізраэля.
  19. Толькі вашыя жонкі, дзеці і статкі, ведаю вось, што маеце вялікія статкі, застануцца ў вашых гарадах, каторыя я даў вам,
  20. аж пакуль Госпад дасьць супачынак братам вашым, як даў вам, каб і яны займелі зямлю, якую Госпад, Бог ваш, мае даць за Ярданам; тады кожны вернецца да ўласнасьці сваёй, якую я даў вам”.
  21. У той час я сказаў да Ешуа, кажучы: “Твае вочы бачылі ўсё, што зрабіў Госпад, Бог ваш, двум гэтым каралям; так зробіць Госпад усім каралеўствам, да каторых ты прыйдзеш.
  22. Ня бойся іх, бо Госпад, Бог ваш, будзе ваяваць за вас”.
  23. Маліў я ў той час Госпада ў гэтыя словы:
  24. “Госпадзе Божа, Ты пачаў Свайму слузе аб’яўляць Сваю веліч і руку магутную. Які ж бог на небе або на зямлі даканаў такіх справаў і чыноў магутных, як Ты?
  25. Дык дазволь мне прайсьці і ўбачыць тую добрую зямлю за Ярданам, тыя прыгожыя горы і Лібан”.
  26. Але разгневаўся Госпад на мяне з-за вас і ня выслухаў мяне. Ён сказаў мне: “Хопіць, больш ніколі не гавары Мне пра гэта.
  27. Узыйдзі на вяршыню Пісга і паглядзі вачыма сваімі на захад і поўнач, поўдзень і ўсход, і агледзь усё, бо гэтага вось Ярдану ты не пяройдзеш.
  28. Загадай Ешуа і падбадзёр яго, і падтрымай, бо ён пойдзе наперадзе гэтага народу і дасьць Ізраэлю ва ўладаньне тую зямлю, што ты бачыш”.
  29. Так былі мы ў даліне насупраць Бэт-Пэору.

Разьдзел 4

  1. А цяпер, Ізраэль, слухай прыказаньні і законы, каторым я вучу вас, каб, выпаўняючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, каторую дае вам Госпад, Бог бацькоў вашых.
  2. Не дадавайце нічога да таго, што я вам кажу, ані адымайце ад яго, выконваючы прыказаньні Госпада, Бога вашага, якія я вам даручаю.
  3. Вочы вашыя бачылі ўсё, што зрабіў Госпад у Баал-Пэоры, як Госпад вынішчыў сярод вас усіх, што пайшлі за Баалам.
  4. А вы ўсе, каторыя засталіся вернымі Госпаду, Богу вашаму, жывіцё аж па сёньняшні дзень.
  5. Вось жа я навучыў вас прыказаньням і закону, як загадаў мне Госпад, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, у якую ўваходзіце, каб атрымаць яе ва ўладаньне.
  6. Беражыце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасьць вашая і разумнасьць перад народамі, каторыя, чуючы аб усіх прыказаньнях гэтых, будуць казаць: “Вось народ мудры і разумны, племя гэтае вялікае!”
  7. Бо дзе ж ёсьць такі народ вялікі, каторы б меў так блізкіх сабе багоў, як Госпад, Бог наш, калі мы Яго прызываем?
  8. І які ж другі народ так вялікі, які б меў прыказаньні і справядлівыя законы, як ўвесь гэты закон, які я сёньня даю вам?
  9. Дык сьцеражыся і пільна беражы душу сваю, і не забудзь усіх падзей, якія бачылі вочы твае, і хай захаваюцца яны ў сэрцы тваім ва ўсе дні жыцьця твайго, і ты навучыш гэтаму дзяцей і ўнукаў тваіх.
  10. Памятай той дзень, калі ты стаяў у прысутнасьці Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, калі Госпад сказаў мне: “Зьбяры да Мяне народ, хай пачуюць словы Мае, каб навучыліся баяцца Мяне ва ўсе дні жыцьця на зямлі і навучылі гэтаму сыноў сваіх”.
  11. Тады вы наблізіліся і стаялі ля падножжа гары, а гара палала аж пад неба, схаваная ў цемры, хмарах і змроку.
  12. І прамовіў Госпад да вас зь сярэдзіны агню; і гук словаў вы чулі, але па-за голасам нічога ня бачылі.
  13. Ён аб’явіў вам запавет Свой, калі загадаў вам спаўняць Дзесяць прыказаньняў, і напісаў іх на дзьвёх каменных табліцах.
  14. У гэты час загадаў мне Госпад вучыць вас прыказаньням і законам, каторыя павінны вы спаўняць на зямлі, каторую маеце атрымаць на ўласнасьць.
  15. Дык сьцеражыцеся і рупцеся пра душы вашыя, бо ня бачылі вы ў той дзень ніякага вобразу, калі гаварыў да вас Госпад на гары Гарэб спасярод агню,
  16. каб вы не сапсуліся і не зрабілі сабе ідала, вырабляючы яго на падабенства мужчыны або жанчыны,
  17. або выяву якой-небудзь жывёліны, каторая знаходзіцца на зямлі, або птушкі, што лётае ў небе,
  18. або (выяву) паўзуноў, якія рухаюцца па зямлі, або рыб, каторыя плаваюць у вадзе нiжей зямлi;
  19. і каб часам, калі падымеш вочы ў неба і ўбачыш сонца і месяц, і зоркі, і ўсё нябеснае войска, не спалохаўся і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо Госпад, Бог твой, прызначыў іх усім народам пад небам.
  20. А вас выбраў Госпад і вывеў вас з жалезнай печы Эгіпецкай, каб вы сталіся Яго народам, уласнасьцю Яго, як гэта ёсьць сёньня.
  21. Дзеля вашай гаворкі разгневаўся Госпад на мяне і прысяг, што я не перайду Ярдану і не ўвайду ў добрую зямлю, якую дасьць табе ў спадчыну Госпад, Бог твой.
  22. Вось жа я памру на гэтай зямлі, і не перайду празь Ярдан, але вы пяройдзеце празь яго і паселіцеся ў гэтай прыгожай зямлі.
  23. Дык сьцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе выяваў усяго, што забараніў Госпад, Бог твой,
  24. бо Госпад, Бог твой, ёсьць агонь зьнішчаючы, Бог зайздросны.
  25. Калі вы народзіце сыноў і ўнукаў і дажывяцё старасьці на гэтай зямлі, і спаганіцеся, і зробіце сабе статуі, выяўляючыя што-небудзь, робячы тое, што ліхім ёсьць у вачах Госпада, Бога вашага, і загнявіцё Яго,
  26. дык бяру сёньня неба і зямлю за сьведкаў супраць вас, што хутка будзеце вы выгубленыя з паверху зямлі, да каторай вы ідзіцё празь Ярдан, каб атрымаць яе. Ня доўга будзеце жыць на ёй, бо зьнішчыць вас Госпад
  27. І расьцярушыць вас Госпад сярод народаў, і нямногія з вас застануцца сярод чужых народаў, да каторых высяліць вас Госпад.
  28. Там будзеце служыць багам, зроб-леным рукамі людзей, дрэву і каменю, каторыя ня бачаць і ня чуюць, не ядуць і ня чуюць паху.
  29. І там, калі будзеш шукаць Госпада, Бога твайго, знойдзеш Яго, калі толькі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй.
  30. Калі ў горы тваім прыйдзе да цябе ў апошнія дні ўсё, што прадказана, то ты вернешся да Госпада, Бога твайго, і пачуеш голас Ягоны,
  31. бо Госпад, Бог твой, –Бог міласэрдны, Ён не пакіне цябе, ня зьнішчыць усяго і не забудзе запавету і таго, што ў ім запрысяг бацькам вашым.
  32. Папытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, і ад края неба да края неба, ці было што-колечы такое, як гэтая вялікая справа, і ці было чутно пра штосьці падобнае?
  33. Ці які народ чуў голас Божы зь сярэдзіны агню, каторы ты чуў і застаўся жывым?
  34. Або ці спрабаваў які бог прыйсьці і выбраць сабе народ спасярод другіх народаў праз выпрабаваньні, знакі і цуды, і войны ды рукою дужаю і плячом узьнятым праз жахі страшныя, як гэтае ўсё, што зрабіў вам Госпад, Бог ваш, у Эгіпце на вачах тваіх?
  35. Ты бачыў усё гэта, каб пераканацца, што Госпад ёсьць Бог, і апроч Яго няма іншага.
  36. Ён даў табе зь неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі даў табе ўбачыць агонь велізарны і чуць Свае словы зь сярэдзіны агню.
  37. Калі вось палюбіў Ён бацькоў тваіх, дык выбраў патомства іх і вывеў цябе з Эгіпту Сваёю сілаю вялікаю,
  38. каб выгнаць перад табой народы большыя і мацнейшыя за цябе і каб увесьці цябе ў іх зямлю і даць табе яе ў спадчыну, як ты гэта сёньня бачыш.
  39. Дык пераканайся сёньня і разваж у сэрцы сваім, што толькі Госпад ёсьць Бог, і на небе высока і на зямлі нізка няма іншага.
  40. Захоўвай прыказаньні Яго і закон, каторы я сёньня даручаю табе спаўняць, каб добра было табе і дзецям тваім па табе і каб ты жыў доўгі час на зямлі, якую Госпад, Бог твой, мае даць табе”.
  41. Потым вызначыў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца,
  42. каб туды мог уцячы забойца, каторы забіў бліжняга міма волі, ня маючы яго перад тым у нянавісьці, і каб схаваўшыся ў адзін з гэтых гарадоў, мог захаваць жыцьцё.
  43. Гэта Бэцэр у пустыні на раўніне для сыноў Рубэна; Рамот у Гілеадзе для сыноў Гада і Галян у Башане для сыноў Манасы.
  44. Такі вось закон даў Майсей сынам Ізраэля;
  45. вось такія прыказаньні і законы, якія абвясьціў ён сынам Ізраэля, калі выйшлі яны з Эгіпту,
  46. за Ярданам на лагчыне насупраць Бэт-Пэору, у зямлі Сыгона, караля Аммарэйцаў, які жыў у Хешбоне, каторага зьнішчыў Майсей і сыны Ізраэля па выхадзе з Эгіпту.
  47. І завалодалі яны зямлёю Ога, караля Башану, двух каралёў Амарэйцаў, каторыя жылі за Ярданам на ўсход сонца;
  48. ад Араэру на беразе ручая Арнон аж да гары Сырыён, значыць Гермон,
  49. і ўсю Арабу за Ярданам на ўсходзе, аж да Мора Арабы ля падножжа Пісгі.

Разьдзел 5

  1. І склікаў Майсей усяго Ізраэля, і сказаў ім: “Слухай, Ізраэль, прыказаньні, а таксама законы, якія я сёньня скажу вам; навучыцеся ім і выпаўняйце іх на дзеле.
  2. Госпад, Бог ваш, заключыў запавет з намі на гары Гарэб.
  3. Не з бацькамі нашымі заключыў Ён гэтую ўгоду, але з намі, каторыя тут сёньня ўсе жывём.
  4. Тварам у твар гаварыў з вамі Госпад на гары зь сярэдзіны агню.
  5. У той час я стаяў між Госпадам і вамі, каб вам абвесьціць словы Госпада, бо вы баяліся агню і не ўзыйшлі на гару, калі Ён казаў:
  6. “Я — Госпад, Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпту, з дому няволі.
  7. Ня мей другіх багоў, апроч Мяне.
  8. Не рабі сабе статуі і ніякай выявы таго, што на небе высока або на зямлі нізка, або ў вадзе ніжэй зямлі.
  9. Не пакланяйся ім і не служы ім, бо Я — Госпад, Бог твой, Бог зайздросны, Каторы карае ліхоту бацькоў на дзецях да трэцяга і чацьвёртага пакаленьня тых, што ненавідзяць Мяне,
  10. і аказвае міласэрдзе на тысячы (пакаленьняў) тым, што любяць Мяне і спаўняюць прыказаньні Мае.
  11. Не гавары імя Госпада, Бога твайго, надарэмна, бо Ён не пакіне непакараным таго, хто гаворыць імя Ягонае без пашаны.
  12. Беражы дзень суботні, каб ты сьвяткаваў яго, як загадаў табе Госпад, Бог твой.
  13. Шэсьць дзён ты будзеш працаваць і выпаўняць усякую працу сваю,
  14. а ў сёмым дні — субота Госпада, Бога твайго. Не рабі ў ім аніякай працы ты і сын твой, і дачка твая, і слуга твой, і служанка твая, і вол твой, і чужынец, каторы прабывае ў брамах тваіх; хай адпачывае твой нявольнік і твая нявольніца, як і ты.
  15. Памятай няволю ў Эгіпце, і што вывеў цябе адтуль Госпад, Бог твой, дужай рукою і ўзьнятым плячом, таму і загадаў Ён табе сьвяткаваць дзень суботы.
  16. Паважай бацьку свайго і матку, як загадаў табе Госпад, Бог твой, каб быў ты даўгавечны і добра табе было на зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.
  17. Не забівай.
  18. Не чужалож.
  19. Не крадзі.
  20. Ня сьведчы фальшыва супраць бліжняга свайго.
  21. Не пажадай жонкі бліжняга свайго, і не жадай дому бліжняга свайго, ані поля ягонага, ані служанкі яго, ані вала яго, ані асла яго і нічога, што ягонае».
  22. Гэта гаварыў Госпад да ўсіх вас на гары, зь сярэдзіны агню і хмары, і змроку моцным голасам, і нічога болей не гаварыў; і напісаў гэта на дзьвюх табліцах каменных, якія перадаў мне.
  23. I вось, калi пачулі вы голас спасярод цемры і калі ўбачылі гару, якая гарэла агнём, прыступілі да мяне ўсе князі пакаленьняў і старшыні,
  24. і казалі мне: “Вось жа аб’явіў нам Госпад, Бог наш, веліч Сваю і магутнасьць; мы чулі голас Ягоны зь сярэдзіны агню і пераканаліся сёньня, што калі Бог будзе гаварыць з чалавекам, чалавек не застанецца жывы.
  25. Цяпер жа пашто мы маем паміраць? Бо праглыне нас гэты вялікі агонь; калі мы яшчэ пачуем голас Госпада, Бога нашага, паўміраем.
  26. Бо хто з тых, каторыя б пачулі голас Бога жывога, якi прамаўляе зь сярэдзіны агню, як мы, застаўся б жывым?
  27. Ты сам прыступіся і выслухай усё, што скажа Госпад, Бог наш, і ты перакажаш нам усё, што скажа табе Госпад, Бог наш, і мы, выслухаўшы, зробім гэта”.
  28. Калі пачуў гэта Госпад, дык сказаў мне: “Чуў Я голас словаў гэтага народу, што яны казалі табе. Усё добра яны казалі.
  29. Хто дасьць ім такую памяць, каб яны баяліся Мяне і бераглі ўсе загады Мае ўвесь час, каб добра ім было і дзецям іхнім на вякі?
  30. Ідзі і скажы ім: Вярніцеся ў палаткі вашыя.
  31. Ты ж застанься тут са Мною, і Я скажу табе ўсе загады і прыказаньні, і закон, якім навучыш іх, каб спаўнялі іх на зямлі, якую дам ім на ўласнасьць”.
  32. Дык беражыце і спаўняйце, што загадаў вам Госпад, Бог ваш, не адхіляючыся ані ў права, ані ў лева.
  33. Ва ўсім ідзіце дакладна тою дарогаю, якую вызначыў вам Госпад, Бог ваш, каб жылі і былі шчасьлівыя, i каб доўга прабывалі на зямлі, якую атрымаеце.

Разьдзел 6

  1. Такія вось загады, і прыказаньні, і законы, якія даў Госпад, Бог ваш, каб навучыць вас, каб вы спаўнялі іх на зямлі, каторую ідзіцё ўзяць на ўласнасьць.
  2. Дык бойся Госпада, Бога твайго, і захоўвай ўсе прыказаньні і загады Ягоныя, якія даручаю табе, сынам і сынам сыноў тваіх на ўсе днi жыцця, каб даўгавечныя былі дні твае.
  3. Слухай, Ізраэль, і захоўвай, і спаўняй іх, каб добра табе было, і ўзрос лікам сваім, як абяцаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх, у зямлі, што ацякае малаком і мёдам.
  4. Слухай, Ізраэль: Госпад, Бог наш,– Госпад адзіны.
  5. Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй і ўсёй моцай тваёю.
  6. Гэтыя словы, каторыя я даручаю табе сёньня, хай будуць у сэрцы тваім.
  7. Паўтарай іх дзецям тваім, гавары іх, седзячы ў доме тваім, ідучы па дарозе, калі засынаеш і калі прачынаешся.
  8. Прывяжы іх як знак да рукі сваёй, хай будуць яны павязкаю над вачыма тваімі.
  9. Выпішы іх сабе на дзьвярах тваіх і на брамах тваіх.
  10. Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, якую запрысяг бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, калі дасьць табе гарады вялікія і багатыя, каторых ты не будаваў,
  11. дамы, поўныя усякіх багацьцяў, каторых ты не зьбіраў, выкапаныя студні, каторых ты не капаў, вінаграднікі і аліўкавыя сады, каторых ты не садзіў, калі будзеш есьці і наясіся,
  12. сьцеражыся, каб не забыўся ты пра Госпада, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
  13. Госпада, Бога твайго, бойся, і Яму служы, і Ягоным імем прысягай.
  14. Не ідзі за багамі чужымі, за багамі акружаючых цябе народаў,
  15. бо Госпад, Бог твой, Які ёсьць пасярод цябе, — Бог зайздросны, каб не ўзгарэўся гнеў Госпада, Бога твайго, на цябе і каб ня сьцёр Ён цябе з паверху зямлі.
  16. Не выстаўляйце Госпада, Бога вашага, на выпрабаваньне, як вы спакушалі ў Масе.
  17. Захоўвайце загады Госпада, Бога вашага, і сьведчаньні, і прыказаньні, якія даў Ён вам;
  18. і рабі, што належыцца і што добрае на віду ў Госпада, каб быў ты шчасьлівы і ўвайшоў у зямлю добрую, якую запрысяг Госпад бацькам тваім,
  19. каб выгнаў Ён усіх ворагаў тваіх перад абліччам тваім.
  20. Калі спытаецца цябе ў будучынi сын твой: “Што за сэнс гэтых сьведчаньняў, прыказаньняў і законаў, якія загадваў вам Госпад, Бог ваш?”,
  21. ты скажаш яму: ”Былі мы няволь-нікамі ў фараона ў Эгіпце, але вывеў нас Госпад з Эгіпту рукою дужаю,
  22. i чыніў цуды і знакі вялікія і жуда-сныя ў Эгіпце супраць фараона і ўсяго дому ягонага ў прысутнасьці нашай,
  23. і вывеў нас адтуль, каб увесьці нас у зямлю, якую запрысяг бацькам нашым даць нам.
  24. І загадаў нам Госпад, каб спаўнялі мы ўсе гэтыя прыказаньні і баяліся Госпада, Бога нашага, і каб добра нам было ўсе дні жыцьця нашага, як і сёньня жывём.
  25. І будзе нам справядлівасьць, калі мы будзем берагчы і спаўняць усе загады гэтыя на віду ў Госпада, Бога нашага, як Ён нам гэта загадаў”.

Разьдзел 7

  1. Калі Госпад, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, да каторай ідзеш, каб завалодаць ёю, выганіць Ён перад табой многія народы, Гетытаў і Гіргашэяў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзеяў, Гівеяў і Ебусеяў, сем народаў большых і дужэйшых за цябе.
  2. Госпад, Бог твой, аддасьць іх табе, а ты выгубіш іх, і пакладзеш на іх клятву, і не заключыш зь імі ўгоду, і ня выявіш да іх літасьці.
  3. Ня будзеш зь імі мець сужонстваў: іхнім сынам не аддасі за жонку дачкі сваёй i ня возьмеш ад іх дачкі для сына свайго,
  4. бо адыдуць твае сыны ад Мяне, каб служыць багам чужым. Тады ўзгарыцца гнеў Госпада на вас, і Ён хутка вас зьнішчыць.
  5. Але вось так маеце зрабіць зь імі: ахвярнiкi іхнія разбурыце, слупы іх паламіце, сьвятыя гаі выражце, а статуі спаліце агнём.
  6. Ты – народ, пасьвячаны Госпаду, Богу твайму. Цябе выбраў Госпад, Бог твой, каб быў ты яго выбраным народам з усіх народаў, якiя пражываюць на зямлі.
  7. Госпад выбраў вас і ўпадабаў вас не таму, што вы перавышаеце лікам ўсе народы, бо з усіх народаў вы найменшыя,
  8. але дзеля таго, што Госпад любіць вас і захаваў запавет, які заключыў з бацькамі вашымі, вывеў Ён вас рукою дужаю і выкупіў вас з дому няволі, з рукі фараона, караля Эгіпецкага.
  9. І ведай, што Госпад, Бог твой, ёсьць Бог адзіны, Бог верны, каторы зьберагае запавет і аказвае міласэрдзе тым, што любяць Яго, i тым, што спаўняюць загады Ягоныя, на тысячы пакаленьняў,
  10. і адгаджае ненавісьнікам Сваім так, каб зьнішчыць іх, і безадкладна аддае ім тое, на што заслужыліся.
  11. Дык спаўняй загады, і прыказаньні, і законы, каторыя Я сёньня даю табе, каб ты спаўняў.
  12. Калі вы будзеце слухаць гэтых загадаў, і выпаўняць іх, і берагчы iх, дык Госпад, Бог твой, зьберажэ запавет для цябе і акажа міласэрдзе, што запрысяг бацькам тваім,  
  13. і будзе любіць цябе, і дабраславіць плод жывата твайго, і плод зямлі тваёй, і збожжа тваё, таксама збор вінаграду і алею твайго, і раджэньне жывёлы тваёй, рост авец тваіх на зямлі, як запрысяг бацькам тваім, што дасьць гэта табе.
  14. Дабраслаўлены будзеш ты больш за ўсе народы. Ня будзе ў цябе бясплоднага і бясплоднай, як у людзей, так і ў статку тваім.
  15. Ухіліць ад цябе Госпад усякую немач, і страшныя хваробы Эгіпецкія, якія ты ведаў, не нашле на цябе, але на ўсіх ворагаў тваіх.
  16. Ты выгубіш усе народы, каторыя дасьць табе Госпад, Бог твой. Хай не пашкадуе іх вока тваё, і ня будзешь служыць багам іхнім, каб ня сталіся яны табе на загубу.
  17. Калі падумаеш у сэрцы сваім: ”Народы ж гэтыя большыя лікам за мяне, не змагу іх выгубіць”,
  18. ня бойся іх, але памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, фараону і ўсім Эгіпцянам:
  19. вялікія кары, якія бачылі вочы твае, і знакі, а таксама цуды, руку дужую і ўзьнятае плячо, якімі вывеў цябе Госпад, Бог твой: так зробіць Ён усім народам, каторых ты баішся.
  20. І спашле на іх Госпад, Бог твой, шэршняў, пакуль не пагінуць тыя, што засталiся, што хаваліся перад табой.
  21. Дык ня бойся іх, бо Госпад, Бог твой, пасярод цябе, Бог магутны і страшны.
  22. Ён будзе зьнішчаць гэтыя народы перад табою памалу. Ня будзеш іх нішчыць хутка, каб не разьвяліся супраць цябе зьвяры зямныя.
  23. Выдасьць іх табе Госпад, Бог твой, і будзе іх трывожыць вялікай трывогай, аж пакуль не прападуць зусім.
  24. У рукі твае аддасьць Ён каралёў іхніх, і ты сатрэш імёны іхнія з-пад неба; ніхто не супрацівіцца табе, пакуль ня выгубіш іх.
  25. Ідалаў іхніх спаліш агнём; і ня квапся на серабро і золата, якімі яны прыбраныя, анічога ня возьмеш зь іх сабе, каб не зьвяло цябе, бо гэта брыдота ў Госпада, Бога твайго.
  26. Нічога паганага не ўнясеш у дом твой, каб ня стаў ты клятвай, як і яно. Гэта будзеш уважаць за рэч гадкую і паганую, будзеш брыдзіцца гэтым, бо праклятае яно.

Разьдзел 8

  1. Кожны загад, каторы я вам сягоньня даю, пільна беражыце і выпаўняйце, каб маглі вы жыць і множыцца, і ўвайшлі, і авалодалі зямлёю, якую запрысяг Госпад бацькам вашым.
  2. І памятай усю дарогу, катораю вёў цябе Госпад, Бог твой, сорак гадоў праз пустыню, каб зьмяніць цябе і выспрабаваць цябе, i даведацца, што ў душы тваёй, ці будзеш ты спаўняць прыказаньні Ягоныя, ці не.
  3. Ён мучыў цябе голадам і даваў табе манну, якой ня ведаў ты і бацькі твае, каб паказаць табе, што ня толькі хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада.
  4. Ня меў ты недахопу ў адзеньні, якім адзяваўся, і ня пухла нага твая праз усе гэтыя сорак гадоў.
  5. Дык разважай у сэрцы сваім, што як бацька гадуе сына свайго, так Госпад, Бог твой, гадаваў цябе,
  6. каб спаўняў ты загады Госпада, Бога твайго, ішоў дарогай Ягонаю і меў страх перад Ім.
  7. Бо Госпад, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю рэк і крыніцаў, што выбіваюцца на палях і гарах,
  8. у зямлю пшаніцы і ячменю, вінаграду і дрэваў фіговых, і гранату, у зямлю алівак і мёду,
  9. у зямлю, дзе безь ніякага недахопу будзеш есьці хлеб свой i будзеш цешыцца шчодрасьцю ўсякіх даброцьцяў; каменьні яе — жалеза, а з гор медзь здабываць будзеш.
  10. Вось, калі будзеш ты есьці і наясіся, дабраслаў Госпада, Бога твайго, за зямлю добрую, якую Ён даў табе.
  11. Сьцеражыся, каб часам не забыўся ты пра Госпада, Бога твайго, і каб не занядбаў загады Ягоныя, і закон, і прыказаньні, якія я даручаю табе сягоньня.
  12. Калі наясіся і насыцішся, пабудуеш сабе прыгожыя дамы і ў іх абжывешся,
  13. i калі табе намножыцца жывёла і авечкі, і багаты ты будзеш ў серабро і золата, i ўсякі дастатак,
  14. тады ўзганарыцца сэрца тваё і забудзешся ты пра Госпада, Бога твайго, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
  15. Ён правёў цябе праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі зьмеі і скарпіёны, зямля сухая і бязводзьдзе. І Ён вывеў табе ручаі са скалы цьвёрдай,
  16. і карміў цябе маннай на пустыні, якой ня ведалі бацькі твае, і калі Ён цябе загартаваў і выспрабаваў, наастатак пашкадаваў цябе.
  17. Дык не кажы ў сэрцы сваім: “Сіла мая і моц рукі маёй усё запрацавалі для мяне“,
  18. але памятай на Госпада, Бога твайго, што Ён даў табе сілы, каб асягнуў ты посьпех, што споўніў запавет Свой, які запрысяг бацькам тваім, як і паказвае сёньняшні дзень.
  19. А калі забудзеш ты пра Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за багамі чужымі, і будзеш ім служыць і пакланяцца, вось жа заручаю вам, што зусім папрападаеце.
  20. Як тыя народы, каторыя Госпад зьнішчыў перад абліччам вашым, так і вы загінеце, калі ня будзеце паслухмяныя голасу Госпада, Бога вашага.

Разьдзел 9

  1. Слухай, Ізраэль, ты сёньня маеш перайсьці празь Ярдан, каб завалодаць народамі большымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі велізарнымі і ўмацаванымі аж пад неба,
  2. народам вялікім і высокім, сынамі Анака, вядомымі табе, аб якіх ты чуў, што iм ніхто ня можа супрацівіцца.
  3. Дык ведай, што сёньня Госпад, Бог твой, пяройдзе перад табой, як агонь палючы. Ён зьнішчыць іх і аддасьць іх табе, каб ты хутка выгнаў і зьнішчыў іх, як Госпад сказаў табе.
  4. Дык не кажы ў сэрцы сваім, калі Госпад, Бог твой, выганіць іх перад воблікам тваім: “Дзеля справядлівасьці маёй увёў мяне Госпад, каб завалодаў я гэтаю зямлёю”, бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх Госпад перад табою.
  5. Бо вось не дзеля справядлівасьці тваёй і праваты сэрца твайго ўваходзіш ты, каб завалодаць зямлёю іхняй, але за тое, што яны жылі бязбожна, па прыходзе тваім Госпад, Бог твой, выганяе іх перад табою, каб споўніць слова Сваё, якое пад прысягай абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
  6. Дык ведай, што не дзеля справя-длівасьці тваёй Госпад, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю на пасяленьне, хоць ты  – народ цьвёрдага карку.
  7. Памятай і не забывайся, як вымусіў ты Госпада, Бога твайго, да гневу на пустыні; з таго дня, як выйшаў ты з Эгіпту і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, працівіліся вы Госпаду.
  8. Бо і на Гарэбе гневалі вы Яго і, разгневаны, хацеў Ён зьнішчыць вас,
  9. і калі я ўзыйшоў на гару атрымаць каменныя табліцы, табліцы запавету, які заключыў Госпад з вамі, і быў я на гары сорак дзён і начэй, ня еў хлеба і ня піў вады.
  10. І даў мне Госпад дзьве каменныя табліцы, запісаныя пальцам Бога, на якiх былi ўсе словы, каторыя вам сказаў Госпад на гары зь сярэдзіны агню ў дзень сабраньня.
  11. Калі мінула сорак дзён і столькі ж начэй, даў мне Госпад дзьве каменныя табліцы, табліцы запавету,
  12. і сказаў мне: “Устань і зыйдзі адсюль хутка, бо саграшыў народ твой, каторы вывеў ты з Эгіпту; скора зыйшлі з дарогі, каторую загадаў Я ім, і зрабілі сабе ідала з мэталю”.
  13. І зноў сказаў Госпад мне: “Бачу, што гэты народ ёсьць народам цьвёрдага карку.
  14. Дазволь Мне, каб Я зьнішчыў іх і сьцёр іхняе імя з-пад неба, а зь цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты”.
  15. І я павярнуўся, і зыйшоў з палаючай гары, трымаючы аберуч дьзве каменныя табліцы.
  16. І калі я ўбачыў, што вы саграшылі супраць Госпада, Бога вашага, і што зрабілі сабе літае цялё ды што хутка зыйшлі з дарогі, каторую Госпад вам загадаў,
  17. схапіў я абедзьве табліцы і кінуў іх, і разьбіў іх у вашай прысутнасьці;
  18. і упаў, і ляжаў я перад Госпадам як раней, сорак дзён і начэй, ня еў хлеба і ня піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, каторых вы дапусьціліся супраць Госпада і змусілі Яго да гневу,
  19. бо баяўся я ярасьці і гневу Ягонага, у якім, на вас разгневаны, Ён хацеў вас зьнішчыць.
  20. Таксама быў Ён надта разгневаны на Аарона і хацеў яго забіць, але і за яго тады я маліўся.
  21. А прычыну грэху вашага, значыць цялё літае, каторае вы зрабілі, я, схапіўшы, спаліў агнём, і разьбіў, і сьцёр на попел, і кінуў у ручай, якi сьцякаў з гары.
  22. І ў Табэры, у Масе і ў Кіброт-Гаттаве яшчэ спакушалі вы Госпада.
  23. І калі пасылаў вас Госпад з Кадэш-Барнэа, кажучы: “Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую даў Я вам”, то вы супрацівіліся волі Госпада, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не паслухалі голасу Яго;
  24. вы заўсёды працівіліся Госпаду, ад дня, як стаў я вас ведаць.
  25. Сорак дзён і начэй ляжаў я перад Госпадам і пакорна маліў Яго, каб ня нішчыў Ён вас, як сказаў.
  26. І ў малітве прасіў: “Госпадзе Божа, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Сваёй, якую Ты вывеў з Эгіпту дужаю рукою.
  27. Памятай слугаў Тваіх, Абрагама, Ізаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласьць народу гэтага і на бязбогасьць, а таксама грахі,
  28. каб часам жыхары зямлі, з каторай Ты вывеў нас, не сказалі: “Ня мог Госпад увесьці іх у зямлю, каторую абяцаў ім. Зь нянавісьці да іх вывеў Ён іх, каб памерлі на пустыні”.
  29. А яны ж Твой народ і спадчына Твая, тыя, каторых Ты вывеў Сваёй вялікаю сілаю і ўзнятым плячом Сваім”.

Разьдзел 10

  1. У гэты час сказаў мне Госпад: “Вычашы сабе дзьве каменныя табліцы, падобныя да першых, і ўзыйдзі да Мяне на гару. Зрабі таксама каўчэг з дрэва.
  2. Я напішу на табліцах прыказаньні, каторыя былі на першых табліцах, пабітых табою, і ты ўложыш іх у каўчэг”.
  3. Дык зрабіў я каўчэг з дрэва акацыі і вычасаў дзьве каменныя табліцы, падобныя да першых, і ўзыйшоў на гару, маючы ў руках абедзьве табліцы.
  4. І напісаў Ён (Госпад) на табліцах падобна, як быў раней напісаўшы, Дзесяць Прыказаньняў, якія абвясьціў вам Госпад на гары зь сярэдзіны агню пры сабраным народзе. І даў мне іх Госпад.
  5. Я разьвярнуўся і зыйшоў з гары, і палажыў табліцы ў каўчэг, які зрабіў; і там засталіся яны, як мне загадаў Госпад.
  6. А сыны Ізраэля выйшлі з Бээроту сыноў Яакана ў Масэру. Там памёр і быў пахаваны Аарон, а сын яго, Элеазар, стаў сьвятаром на месца яго.
  7. Адтуль прыбылі ў Гудгоду, а з Гудгоды ў Ётбату, у зямлю, шчодрую ручаямі.
  8. У гэты час Госпад выбраў пакаленьне Левія, каб насілі Каўчэг Запавету Госпада і каб яны стаялі пры Госпадзе і служылі Яму, і дабраслаўлялі ў імя Яго па сёньняшні дзень.
  9. Дзеля таго Леві ня мае часткі (зямлі) ані спадчыны паміж братоў сваіх, бо спадчына яго — Госпад, як абяцаў яму Госпад, Бог твой.
  10. І я стаяў на гары, як раней, сорак дзён і начэй, і ў гэты раз выслухаў мяне Госпад і не захацеў выгубіць цябе.
  11. І сказаў Ён мне: “Устань і ідзі, і ачольвай народ, каб ішоў і завалодаў зямлёй, якую Я запрысяг бацькам іхнім, каб даць ім”.
  12. А цяпер, Ізраэль, чаго жадае ад цябе Госпад, Бог твой? Толькі таго, каб ты баяўся Госпада, Бога твайго, і хадзіў дарогамі Ягонымі, любіў Яго і служыў Госпаду, Богу твайму, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
  13. каб выконваў ты загады Госпада і прыказаньні Ягоныя, каторыя я сягоньня загадваю табе, каб добра жылося табе.
  14. Госпаду, Богу твайму, належыць неба і нябёсы нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй.
  15. Толькі да тваіх бацькоў прыхінуўся Госпад і ўзьлюбіў іх, i выбраў патомства іхняе па іх, значыць, вас выбраў з усіх народаў, як сёньня гэта пацьвярджаецца.
  16. Дык абрэжце сэрца вашае і цьвёр-дасьць карку вашага, каб больш не рабілі яго цьвёрдым,
  17. бо Госпад, Бог ваш, — адзіны Бог над багамі і Валадар над валадарамі, Бог вялікі і страшны, Каторы не глядзіць на асобу ані на падарункі.
  18. Ён дае справядлівасьць сіраце і ўдаве, любіць чужынца, даючы яму ежу і адзеньне.
  19. Дык і вы любіце чужынцаў, бо і вы былі чужынцамі ў зямлі Эгіпецкай.
  20. Госпада, Бога твайго, бойся, Яму служы, да Яго туліся і на імя Ягонае прысягай.
  21. Ён — слава твая і Бог твой, Ён творыць дзеля цябе вялікія і жудасныя рэчы, якія бачылі вочы твае.
  22. У семдзесят душ перасяліліся бацькі твае ў Эгіпет, а вось цяпер памножыў цябе Госпад, Бог твой, як зоркі на небе.

Разьдзел 11

  1. Дык любі Госпада, Бога твайго, і захоўвай Ягоныя прыказаньні, і законы, і загады ўвесь час.
  2. І вы даведаецеся сягоньня тое, чаго ня ведаюць дзеці вашыя, каторыя ня бачылі караньня Госпада, Бога вашага, вялікіх чынаў Ягоных, і дужай рукі, і ўзьнятага пляча,
  3. знакаў і даконаў Ягоных, якіх даканаў Ён ў Эгіпце перад фараонам і ўсёй зямлёй ягонай,
  4. усім войскам Эгіпецкім, конямі і калясьніцамі; калі нахлынулі на іх воды Чырвонага мора, калі гналіся за вамі, і зьнішчыў іх Госпад, і так ёсьць да сягоньняшняга дня,
  5. і што зрабіў Ён вам на пустыні, пакуль вы не прыйшлі на гэтае месца,
  6. і што зрабіў Ён Датану і Абіраму, сынам Эліяба, каторы быў сынам Рубэна, каторых праглынула зямля, адкрыўшы сваю пашчу, іхнія дамы і палаткі, і ўсю іхнюю маёмасьць, якую мелі сярод Ізраэля.
  7. Вочы вашыя бачылі ўсе вялікія чыны Госпада, каторых Ён даканаў,
  8. каб вы выконвалі ўсе загады, каторыя сёньня я загадваю вам, каб набраліся вы сілы і ўвайшлі, і ўзялі зямлю, у каторую ўваходзіце,
  9. каб доўга жылі вы ў той зямлі, каторую з прысягай абяцаў Госпад бацькам вашым і патомству іхняму, у зямлі, ацякаючай малаком і мёдам.
  10. Бо зямля, каторую ты ідзеш заняць, ня ёсьць такою, як зямля Эгіпецкая, з каторай ты выйшаў, у каторай, укінуўшы зерне, як у агародзе, паліваў працаю ног сваіх.
  11. Зямля тая, якую ідзеш заняць, — гарыстая і лагчынная, патрабуючая дажджу,
  12. зямля, якою Госпад, Бог твой, апякуецца, і вочы Ягоныя зьвернуты на яе адпачатку году аж да канца.
  13. Дык калі ты будзеш слухаць загадаў Маіх, каторыя сёньня Я даю вам, каб любілі Госпада, Бога вашага, і служылі Яму ўсім сэрцам вашым ды ўсёю душой вашай,
  14. Я дам зямлі вашай дождж раньні і позьні ў свой час, каб мог ты сабраць збожжа, і віно, і аліву.
  15. Таксама дам Я траву з палёў на кармленьне жывёлы тваёй, каб ты сам еў і наеўся.
  16. Сьцеражыцеся, каб не ашукалася сэрца вашае, каб не адыйшлі вы ад Госпада і не служылі чужым багам ды не пакланяліся ім,
  17. бо разгневаецца Госпад на вас, і зачыніць Ён неба, і ня будзе дажджу, і зямля ня ўродзіць, і пагінеце вы хутка на добрай зямлі, якую дасьць вам Госпад.
  18. Дык захавайце гэтыя словы Мае ў сэрцы і ў душы вашай. Прывяжыце іх на знак на руках вашых і зрабіце іх павязкаю над вачыма вашымі.
  19. Навучыце ім дзяцей вашых, паўтараючы іх ім, калі сядзіцё дома, калі ідзіцё дарогаю, калі кладзіцёся і ўстаецё.
  20. І напішы іх над дзьвярыма дому свайго і над брамамі сваімі,
  21. каб дні твае і дзяцей тваіх на зямлі, каторую прысягнуў Госпад бацькам тваім, памножыліся на столькі, колькі днёў неба будзе над зямлёй.
  22. Калі вось будзеце берагчы ўсе загады гэтыя, якія я загадваю вам, i будзеце спаўняць іх, і будзеце любіць Госпада, Бога вашага, i будзеце хадзіць ўсімі дарогамі Ягонымі і будзеце туліцца да Яго,
  23. то Госпад прагоніць перад вамі ўсе гэтыя народы, і вы запануеце над імі, хоць яны большыя і дужэйшыя за вас.
  24. Кожнае месца, на каторае стане нага вашая, будзе вашым: ад пустыні і да Лібана, ад вялікай ракі Эўфрат аж да заходняга мора будуць межы вашыя.
  25. Ніхто не ўстаіць супраць вас, бо Госпад, Бог ваш, навядзе страх перад вамі на ўсякую зямлю, на каторую вы ступіце, як Ён вам казаў.
  26. Дык вось прапаную вам сягоньня дабраславенства і праклён:
  27. дабраславенства, калі паслухаеце загадаў Госпада, Бога вашага, каторыя я вам сягоньня абвяшчаю,
  28. і праклён, калі не паслухаеце загадаў Госпада, Бога вашага, але зыйдзеце з дарогі, каторую я вам сягоньня паказваю, і пойдзеце за багамі чужымі, каторых ня ведаеце.
  29. Калі ўвядзе цябе Госпад, Бог твой, у зямлю, каторую ты ідзеш атрымаць, тады абвясьці дабраславенства на гары Гарызім, а праклён — на гары Гэбаль.
  30. Горы гэтыя за Ярданам, за заходняй дарогай у зямлі Хананейцаў, якiя пражываюць у Арабе, насупраць Гільгалу, каля дубоў Марэ.
  31. Вы бо пяройдзеце празь Ярдан, каб завалодаць зямлёю, каторую Госпад, Бог ваш, дасьць вам, і будзеце жыць на ёй.
  32. Дык глядзіце, каб спаўнялі ўсе прыказаньні і законы, каторыя я даю вам сягоньня.

Разьдзел 12

  1. Такія вось прыказаньні і законы, якія вы павінны спаўняць у зямлі, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, дасьць вам, каб валодалі ёю ва ўсе дні жыцьця вашага на зямлі.
  2. Зьнішчыце ўсе месцы, дзе народы, каторых вы пазбавіце спадчыны, служылі багам сваім на горах, на ўзгорках і пад кожным зялёным дрэвам.
  3. Разваліце ахвярнiкi, пабіце слупы іхнія, агнём спаліце гаі іх, і ідалаў паразьбі-вайце, і сатрыце імёны іх з гэтага месца.
  4. Не рабіце так Госпаду, Богу вашаму,
  5. але прыходзьце на месца, каторае сам Госпад, Бог ваш, выбярэ з усіх пакаленьняў вашых, каб там памясьціць імя Сваё і на ім жыць,
  6. і ў гэтым месцы складайце цэлапа-леньні, крывавыя ахвяры, дзесяціны i дары рук вашых, і тое, што шлюбавалі, і дабра-вольныя ахвяры вашыя, і першародных валоў і авечак.
  7. Там, на віду Госпада, Бога вашага, ешце вы і сем’і вашыя і весяліцеся з усяго, што зрабілі рукі вашыя, у чым дабраславіў вам Госпад, Бог ваш.
  8. Ня будзеце там рабіць таго, што мы тут робім сягоньня, кожны, што яму здаецца добрым,
  9. бо вы яшчэ не прыйшлі ў месца супакою і да ўласнасьці, якую дае вам Госпад, Бог ваш.
  10. Калі вы пяройдзеце Ярдан і абжывіцёся на зямлі, якую дае вам Госпад, Бог ваш, каб жылі ў супакоі ад ўсіх ворагаў навокал ды жылі бязь ніякага страху,
  11. тады ў месцы, каторае выбраў Госпад, Бог ваш, каб у ім прабывала імя Яго, туды прыносьце ўсё, што я вам сёньня загадваю: цэлапаленьні, крывавыя ахвяры, дзесяціны, дары рук вашых і што шлюбавалі вы для Госпада.
  12. Там перад Госпадам, Богам вашым, цешцеся вы, і сыны, і дочкі вашыя, слугі і служанкі, а таксама левіт, каторы у брамах вашых прабывае; бо ня мае ён часткі, ані спадчыны паміж вамі.
  13. Сьцеражыцеся, каб не складаць сваіх ахвяраў цэлапальных на кожным месцы, якое ўбачыш,
  14. але на тое месца, якое выбярэ Госпад у адным з пакаленьняў тваіх, занясеш усё, што я табе загадваю.
  15. Аднак калі захочаш есьці, забі жывёлу і еш мяса яе ў кожным з тваіх гарадоў па дабраславенству Госпада, Бога твайго: чысты і нячысты можа есьці яго, як сарну і аленя,
  16. за выняткам крыві, каторую выльеш на зямлю, як ваду.
  17. Не можаш есьці ў гарадах тваіх дзесяціны са збожжа твайго, віна і алівы тваёй, першародных жывёлаў у статку, ані ўсяго таго, што шлюбаваў Госпаду, Богу твайму, ані ахвяраў дабравольных, ані дароў з тваёй рукі.
  18. Але будзеш есьці іх на віду Госпада, Бога твайго, ў месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой, ты і сын твой, і дачка твая, слуга і служанка, таксама левіт, якi прабывае ў брамах тваіх; і будзеш цешыцца перад Госпадам, Богам тваім, з усяго, да чаго прылажыў руку тваю.
  19. Уважай, каб не пакідаў ты левіта ўвесь час, калі будзеш жыць у зямлі тваёй.
  20. Калі пашырыць Госпад, Бог твой, межы твае, як сказаў Ён табе, і ты захочаш есьці мяса, якога жадае душа твая, тады еш мяса паводле прагненьня душы тваёй.
  21. Калі б месца, каторае выбраў Госпад, Бог твой, каб там памясьціць імя Сваё, будзе далёка ад цябе, то забі з жывёлы і статку, якія даў табе Госпад, і як загадаў я табе, і спажывай у брамах тваіх паводле жаданьня душы тваёй.
  22. Як ясьцё сарну і аленя, так іх еш; як чысты, так і нячысты нароўні могуць гэта спажываць.
  23. Адно толькі высьцерагайся спажываць крыві; бо кроў ёсьць душа іхняя, і таму не павінен ты есьці душу разам зь мясам.
  24. Не спажывай яе, але вылі на зямлю, як ваду.
  25. Не спажывай яе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе, калі будзеш рабіць тое, што падабаецца Госпаду.
  26. Але тое, што пасьвяціў ты і шлюбаваў Госпаду, вазьмі і занясі на тое месца, якое выбраў Госпад, каб было прызывана там імя Яго,
  27. і ахвяруеш цэлапаленьні свае, мяса і кроў, на ахвярнiку Госпада, Бога твайго; кроў ахвяраў выльеш на ахвярнiку, а мяса сам з’ясі.
  28. Уважліва слухай і выконвай ўсё, што я загадваю табе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе на вякі, калі споўніш, што добрае і што мілае на віду Госпада, Бога твайго.
  29. Калі Госпад, Бог твой, выганіць перад табою народы, да каторых ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на іх зямлі,
  30. сьцеражыся, каб не пайсьці ў іх сьляды, калі яны будуць выгубленыя, і не шукаць багоў іхніх, кажучы: “Як служылі гэтыя народы сваім багам, так і я буду ім служыць”.
  31. Не рабі гэтак Госпаду, Богу твайму, бо ўсё, чым брыдзіцца Госпад і што ненавідзіць, яны багам сваім рабілі, нават сваіх сыноў і дачок у агні палілі для сваіх багоў.

Разьдзел 13

  1. Што я загадваю вам, тое беражыце і рабеце, нічога не дадаючы і не адымаючы.
  2. Калі паўстане сярод цябе прарок або выясьніцель сноў і пакажа табе знак або цуд,
  3. і споўніцца той цуд, што ён прадказаў, i скажа табе снавідзец: “Пойдзем за іншымі багамі, каторых ты ня ведаеш, і будзем ім служыць”,
  4. то ня слухай словаў такога прарока або выясьніцеля, бо выспрабоўвае вас Госпад, Бог ваш, каб даведацца, ці любіш ты Яго ўсім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй, ці не.
  5. За Госпадам, Богам вашым, ідзіце і Яго бойцеся, і загады Яго спаўняйце, i слухайце голасу Ягонага, Яму служыце і да Яго туліцеся.
  6. Прарок жа той або выясьніцель хай будзе забіты, бо гаварыў, каб адвярнуць вас ад Госпада, Бога вашага, Каторы вывеў вас зь зямлі Эгіпецкай і вызваліў цябе з дому няволі, каб зьвесьці цябе з той дарогі, каторую табе загадаў Госпад, Бог твой, дык выкарані зло з асяродзьдзя твайго.
  7. Калі б хацеў угаварыць цябе брат твой, сын маці тваёй, або сын твой, або дачка, або жонка, каторая туліцца да цябе, або прыяцель, каторага любіш, як душу сваю, таемна кажучы: “Хадзем і будзем служыць багам чужым”, каторых ані ты ня ведаеш, ані бацькі твае,
  8. багам тых народаў, якія вакол цябе, блізкіх ці то далёкіх ад цябе ад аднаго канца зямлі да другога.
  9. Ня слухай яго і не згаджайся зь ім, і не глядзі на яго зь літасьцю, ня мей міла-сэрдзя, і не хавай яго злачынства,
  10. але забі яго; ты першы падымі руку, каб забіць яго, а потым увесь народ.
  11. Укамянуй яго на сьмерць, бо хацеў адцягнуць цябе ад Госпада, Бога твайго, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.
  12. Дык увесь Ізраэль, чуючы гэта, спалохаецца і перастане рабіць гэтую ліхоту ў асяродзьдзі сваім.
  13. Калі пачуеш у адным з гарадоў тваіх, якія Госпад, Бог твой, дае табе на пражы-ваньне, як нехта кажа,
  14. што выйшлі з асяродзьдзя твайго сыны Бэліяла, каторыя адварочваюць жыхароў горада свайго, кажучы: “Хадзем і будзем служыць чужым багам, якіх ты ня ведаеш”, —
  15. то распытай пільна і старанна і правер праўдзівасьць справы, і калі даведаешся, што праўду гавораць і што такую брыдоту робяць у асяродзьдзі тваім,
  16. то жыхароў гэтага горада выбі мячом і аддай клятве яго і усё, што ў ім, разам з жывёлаю.
  17. Усю ж здабычу зь яго сабяры на сярэдзіну плошчы горада і спалі горад разам са здабычаю на цэлапаленьне Госпаду, Богу твайму, і застанецца ён у руінах, і не адбудуецца болей.
  18. І няхай не прыліпне да рукі тваёй нічога з праклятага, каб Госпад адвярнуў ярасьць гневу Свайго, і зжаліўся над табой, і памножыў цябе, як Ён прысягнуў бацькам тваім,
  19. калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, спаўняючы ўсе загады Яго, якія я даю табе сягоньня, каб рабіць, што падабаецца Госпаду, Богу твайму.

Разьдзел 14

  1. Вы — дзеці Госпада, Бога вашага; ня будзеце наразаць скуры, выстрыгаць валасоў над вачыма вашымі па памёршых,
  2. бо ты – народ сьвяты Госпаду, Богу твайму, цябе Ён выбраў, каб стаўся ты асабліваю ўласнасьцю Ягонай спасярод усіх народаў на зямлі.
  3. Ня еш нічога паганага.
  4. Вось зьвяры, якія вы можаце есьці: вол, баран, каза,
  5. алень, сарна, буйвал, лань, казуля, антылёпа, горны казёл.
  6. Можаце есьці кожную жывёлу, якая мае разьдзеленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку, можаце есьці.
  7. Але некаторых, каторыя жуюць жвайку і маюць разьдзеленыя капыты з глыбокім разрэзам, такіх як вярблюд, заяц і тушканчык, ня ешьце, таму што хоць яны жуюць жвайку, але капыты ў іх не разьдзелены, яны для вас нячыстыя.
  8. Сьвіньня таксама, хоць капыты ў яе разьдзеленыя, але не жуе жвайку, будзе для вас нячыстай; мяса яе ня ешьце і падліны не датыкайцеся.
  9. З усіх жывёлаў, каторыя ў вадзе, ешьце ўсіх, каторыя маюць плаўнікі і луску.
  10. А тых, што без плаўніка і лускі, ня ешьце, бо яны для вас нячыстыя.
  11. Усе чыстыя птушкі — ешьце.
  12. Спасярод птушак ня будзеце есьці: арла, грыфа і марскога арла,
  13. каршука і сокала паводле роду іх,
  14. і ўсякага крука паводле роду яго,
  15. страуса, саву, чайкі і ястраба з гатункамі яго,
  16. пугача, ібіса і лебедзя,
  17. і пэлікана, і сіпа, і рыбалова,
  18. чаплі і бусла з гатункамі яго, і ўдода, і кажана.
  19. Кожная жужла крылатая для вас нячыстая, ня будзеце яе есьці.
  20. Усякія птушкі чыстыя можаце есьці.
  21. Ня будзеце есьці ніякай падліны. Дасі яе чужынцу, які здарыцца ў тваёй мясцовасьці, або прадасі чужому: бо ты – народ сьвяты Госпаду, Богу твайму. Не вары казьляці ў малаку маткі ягонай.
  22. Выдзяляй дзесятую частку з усіх пладоў насеньня, з таго, што зямля штогод родзіць,
  23. і еш перад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, каторае Ён выбярэ, каб прабывала там імя Яго, дзесяціну збожжа твайго, і віна, і алівы, і першароднай жывёлы, і авец тваіх, каб навучыўся ты ва ўсе дні баяцца Госпада, Бога твайго.
  24. Калі ж далёкай будзе дарога твая і ня зможаш гэта прынесьці на месца, каторае выбярэ Госпад, Бог твой, каб там памясьціць імя Сваё, і калі Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе,
  25. то памяняй гэта на серабро, і вазьмі серабро ў руку тваю, і ідзі на месца, каторае выбярэ Госпад, Бог твой,
  26. і купляй там за гэта серабро ўсё, чаго жадае душа твая: ці з жывёлы, ці з авец, таксама віно і сікеру, ды ўсё, чаго жадае душа твая; і будзеш есьці там перад Госпадам, Богам тваім, і будзеш весяліцца ты і ўся сям’я твая.
  27. І не пакідай левіта, каторы ў брамах тваіх, бо ён ня мае часткі ані спадчыны з табою.
  28. Пад канец трэцяга году адлажы ўсе дзесяціны з пладоў трэцяга году і пакінь у сьценах свайго жытла.
  29. Вось жа прыйдзе левіт, бо ён ня мае часткі і спадчыны з табой, прыйдзе чужынец, сірата або ўдава, каторыя знаходзяцца ў брамах тваіх, будуць яны есьці і наядуцца, каб дабраславіў табе Госпад, Бог твой, у кожнай працы рукі тваёй, што будзеш рабіць.

Разьдзел 15

  1. У канцы сёмага году даруй даўгі.
  2. Дараваньне даўгоў палягае на тым, што кожны пазыкадавец, каторы пазычыў бліжняму або брату свайму, даруе пазычаў-шаму і ня будзе вымагаць звароту ад бліжняга або брата свайго, бо абвешчаны год дараваньня на ўшанаваньне Госпада.
  3. Ад чужога можаш вымагаць звароту доўга, але што будзе ў брата твайго, даруе рука твая.
  4. Але жабрака не павінна быць у цябе, бо Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе ў зямлі, якую дасьць на ўласнасьць, каб ты ўзяў яе ў спадчыну,
  5. калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і выконваць кожны загад гэты, якія сёньня я табе загадваю.
  6. Бо Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе, як табе абяцаў. Будзеш пазычаць многім народам, а сам ня будзеш браць пазыкі; будзеш валадарыць над многімі народамі, а над табою ніхто ня будзе панаваць.
  7. Калі адзін з братоў тваіх, каторы пражывае ў адным з гарадоў тваіх, у зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой, дайшоў да ўбогасьці, не зацьвярдзі сэрца свайго адносна яго і не сашчамі рукі сваёй перад убогім братам тваім,
  8. але адкрый яму руку сваю і шчодра дай яму пазыку, на колькі яму будзе патрэбная.
  9. Сьцеражыся, каб не зьявілася ў сэрцы тваім нягодная думка: “Блізка сёмы год, год дараваньня”, каб ліхім вокам не глядзеў ты на ўбогага брата твайго і ня даў яму дапамогі, бо ён будзе прызываць Госпада супраць цябе, і ты абцяжарышся грэхам.
  10. Але дай яму, колькі ён просіць, і хай не сумуе сэрца тваё, што даеш, бо за тое будзе дабраславіць табе Госпад, Бог твой, у кожнай справе і ў кожнай працы рук тваіх.
  11. Будуць убогія ў зямлі пражываньня твайго, дзеля таго я загадваю табе: Адкрывай руку сваю патрабуючаму і ўбогаму, які жыве з табою на зямлі.
  12. Калі табе будзе прададзены брат твой, Гебрай або Гебрайка, хай будзе нявольнікам шэсьць гадоў. У сёмы год выпусьціш яго вольным ад сябе.
  13. Вызваляючы, не дасі яму адыйсьці з пустымі рукамі.
  14. Падаруеш яму штосьці з жывёлы тваёй, току твайго і тоўчні тваёй, якімі дабраславіў цябе Госпад, Бог твой.
  15. Прыпомні сабе, што і ты сам быў нявольнікам у зямлі Эгіпецкай, і высвабадзіў цябе Госпад, Бог твой; таму вось я цяпер загадваю табе гэта.
  16. А ён можа скажа: “Я не хачу адыходзіць, таму што люблю цябе і дом твой”, бо добра яму ў цябе.
  17. Тады возьмеш шыла і праколеш вуха яму пры дзьвярах дому твайго, і будзе ён табе служыць заўсёды. Падобна зробіш і зь нявольніцай.
  18. Хай ня будзе табе прыкрым у вачах тваіх, што пускаеш яго свабодна ад цябе, бо служачы табе шэсьць гадоў, зрабіў табе падвойную плату найміта, а Госпад, Бог твой, будзе дабраславіць табе ва ўсім, што робіш.
  19. Першародныя мужчынскага роду, каторыя родзяцца ў жывёлы і авец тваіх, маеш пасьвяціць Госпаду, Богу твайму, ня будзеш карыстацца ў працы першародным валом тваім і не стрыжы першароднага з авец.
  20. Штогод на віду Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбярэ сабе Госпад, Бог твой, будзеш спажываць іх ты і сям’я твая.
  21. Калі б мела яно якую загану, будзе сьляпое, кульгавае або зь іншай якой спракудай, ня зложыш такога ў ахвяру Госпаду, Богу твайму,
  22. а ў брамах тваіх спажывеш іх. Чысты і нячысты чалавек можа есьці яго, як сарну або аленя.
  23. Толькі крыві іхняй ня еш, але, як ваду, вылі на зямлю.

Разьдзел 16

  1. Захоўвай месяц Абіб і сьвяткаваньне Пасхі на ўшанаваньне Госпада, Бога твайго, бо ў гэтым месяцы Абіб вывеў цябе Госпад, Бог твой, з Эгіпту ноччу.
  2. Складзеш ахвяру пасхальную Госпаду, Богу твайму, з авец і цялят у месцы, якое Сам Госпад, Бог твой, выбярэ, каб было там імя Яго.
  3. Ня еш зь ёю хлеба квашанага. Сем дзён будзеш есьці з гэтымі ахвярамі праснакі, хлеб бедаваньня, бо пасьпешна выйшаў ты зь зямлі Эгіпецкай, каб ты памятаў пра дзень выхаду зь зямлі Эгіпецкай усе дні жыцьця свайго.
  4. Не павінна быць у цябе нічога кваснага ва ўсіх межах тваіх на працягу сямі дзён; зь мяса, якое будзе складзена ў ахвяру вечарам, у першы дзень, нічога хай не застанецца праз ноч да раніцы.
  5. Ня можаш ты складаць ахвяру Пасхі ў якім-колечы з гарадоў сваіх, якія дасьць табе Госпад, Бог твой,
  6. але толькі ў тым месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой, каб прабывала там імя Яго, складзеш ахвяру Пасхі вечарам пры захадзе сонца ў той самы час, калі выйшаў ты з Эгіпту.
  7. Сьпячы і зьеш на тым месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой; на раніцы ўстанеш і вернешся ў палаткі свае.
  8. Шэсьць дзён будзеш есьці праснакі, а на сёмы дзень будзе ўрачыстае сабраньне на ўшанаваньне Госпада, Бога твайго, не працуй (у гэты дзень).
  9. Адлічыш сабе сем тыдняў ад таго дня, у каторым серп пачне жаць збожжа,
  10. і будзеш сьвяткаваць сьвята Тыдняў на ўшанаваньне Госпада, Бога твайго, з ахвярай паводле шчодрасьці рукі тваёй, складзенай згодна з тым, як падабраславіць табе Госпад, Бог твой.
  11. Весяліся перад Госпадам, Богам тваім, і ты, і сын твой, і дачка твая, i слуга твой, і служанка твая, і левіт, прысутны ў вас, i прыбылец, і сірата, і ўдава, якая прабывае з табой у месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой, каб там прабывала імя Яго.
  12. І прыпомніш сабе, што ты быў нявольнікам у Эгіпце, таму будзеш берагчы і чыніць тое, што загадана табе.
  13. Будзеш сьвяткаваць сьвята Палаткаў сем дзён пасьля збору пладоў з твайго току і тоўчні (вінаграду).
  14. У гэта сьвята будзеш банкетаваць ты, і сын твой, і дачка твая, слуга твой і служанка, таксама левіт, чужынец, сірата і ўдава, каторыя жывуць у брамах тваіх.
  15. Сем дзён будзеш сьвяткаваць сьвяты Госпаду, Богу твайму, у месцы, якое выбярэ Сам Госпад; бо дабраславіць табе будзе Госпад, Бог твой, ва ўсіх пладах тваіх і ва ўсякай працы рук тваіх, і будзеш поўны радасьці.
  16. Тры разы ў год хай пакажацца кожны мужчына на від Госпада, Бога твайго, у месцы, якое Ён выбярэ Сабе: на сьвята Праснакоў, на сьвята Тыдняў і на сьвята Палаткаў. І ніхто хай не прыходзіць да Госпада з пустымі рукамі.
  17. І кожны хай ахвяруе паводле таго, што будзе мець, паводле дабраславенства Госпада, Бога твайго, якое Ён табе дасьць.
  18. Ва ўсіх гарадах тваіх, каторыя дасьць табе Госпад, Бог твой, установіш судзьдзяў і загадчыкаў працы на ўсе пакаленьні, каб судзілі людзей справядлівым судом.
  19. Не крыві закону. Не глядзі на асобу і на падарункі, каторыя засьляпляюць вочы мудрым і перакручваюць справы спра-вядлівых.
  20. Справядлівасьць спаганяй, каб ты жыў і атрымаў зямлю, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.
  21. Не садзі сабе гаёў зь якіх-колечы дрэваў каля ахвярнiка Госпада, Бога твайго, які збудуеш сабе.
  22. Ня стаў сабе слупы, бо гэта нена-відзіць Госпад, Бог твой.

Разьдзел 17

  1. Не складай у ахвяру Госпаду, Богу твайму, авечку і вала, калі б мелі загану або які-колечы брак, бо брыдзіцца гэтым Госпад, Бог твой.
  2. Калі знойдзецца ў асяродзьдзі тваім, у адным з гарадоў тваіх, якія дасьць табе Госпад, Бог твой, мужчына або жанчына, каторыя зробяць тое, што ліхім будзе перад Госпадам, Богам тваім, і парушаць запавет Яго,
  3. і пойдуць служыць чужым багам і пакланяцца ім ці сонцу, месяцу або ўсяму войску нябеснаму, што я табе забараніў,
  4. і аб гэтым паведамяць табе, ты выслухаеш і старанна дасьледуеш справу, і калі акажацца праўдаю, што такой брыдоты дапусьціліся ў Ізраэлю,
  5. завядзеш таго мужчыну або жанчыну, каторыя дапусьціліся гэтай агіднай рэчы ў Ізраэлю, да брамы горада твайго і ўкамянуеш.
  6. Паводле словаў двух або трох сьведкаў асудзіцца вінаваты на сьмерць, нельга асуджаць па словах аднаго сьведкі.
  7. Рука сьведкаў будзе першай, каб забіць асуджанага, а потым рука ўсяго народу, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя твайго.
  8. Калі па якой справе цяжка будзе табе вырашыць паміж крывёй і крывёй, паміж спрэчкай і спрэчкай, між бойкай і бойкай, і будуць нязгодныя рашэньні ў брамах тваіх, то ўстань і пайдзі на месца, каторае выбярэ Госпад, Бог твой,
  9. і прыйдзі да сьвятароў левітаў і да судзьдзі, каторы будзе ў гэтыя дні чыніць суд, і папытайся ў іх, і яны скажуць табе, як прысудзіць.
  10. І зрабі, як яны скажуць табе ў месцы, якое выбраў Госпад, і пільнуйся выпаўніць усё так, як яны навучаць цябе,
  11. па загаду, які яны загадаюць, і па рашэньню, якое табе скажуць. Не адхіляйся ані на права, ані на лева.
  12. Хто з пыхлівасьці не хацеў бы паслухаць волі сьвятара, каторы ў той час спаўняе службу Госпаду, Богу твайму, або рашэньне судзьдзі, будзе пакараны сьмерцю той чалавек, каб вынішчыць зло зь Ізраэля.
  13. А ўвесь народ, чуючы гэта, будзе баяцца і ўжо болей ня будзе пыхлівы.
  14. Калі ты прыйдзеш у зямлю, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, і завалодаеш ёю, і абжывешся на ёй, і скажаш: “Пастаўлю я над сабою караля, як маюць усе акружаючыя нас народы”,
  15. таго толькі паставіш над сабой каралём, каго Госпад, Бог твой, выбярэ з-пасярод братоў тваіх, ня можа быць каралём над табой іншаземец, які ня ёсьць тваім братам.
  16. Толькі хай не набывае ён сабе многа коней і не вяртае народ у Эгіпет, каб мець шмат коней, бо Госпад сказаў вам: “Ніколі больш гэтаю дарогаю ня вернецеся”.
  17. Хай ня будзе мець ён шмат жонак, каб не адвярнулася сэрца ягонае, і не зьбірае лішня серабра і золата.
  18. Калі сядзе ён на каралеўскім троне, няхай перапіша сабе на скрутку сьпіс гэтага Закону з кнігі, што ў сьвятароў левітаў,
  19. і мае яго пры сабе, і чытае яго ўсе дні жыцьця свайго, каб навучыўся баяцца Госпада, Бога свайго, і захоўваць словы гэтага Закону і гэтыя прыказаньні, каб выконваць іх,
  20. каб не падымалася сэрца яго над братамі яго, і каб не адхіляўся ён ад загадаў ані ў права, ані ў лева, каб доўга караляваў сам і дзеці ягоныя ў Ізраэлю.

Разьдзел 18

  1. Сьвятары левіты, усё пакаленьне Левія, ня будуць мець часткі ані спадчыны ў Ізраэлі. Будуць харчавацца з ахвяраў, паленых на ўшанаваньне Госпада і спадчыны Яго.
  2. Не атрымаюць яны спадчыны сярод братоў сваіх, бо Госпад – спадчына іх, як Ён гэта сказаў ім.
  3. Вось што належыць сьвятару з таго, што народ складае ў ахвяру: каторыя складаюць у ахвяру вала або авечку, даюць сьвятару лапатку, пашчэмку і страўнік.
  4. Аддаюць яму пяршыны збожжа свайго, віна, алею і пяршыны воўны ад стрыжкі авец.
  5. Бо іх выбраў Госпад, Бог твой, з усіх пакаленьняў тваіх, каб яны прабывалі на віду Госпада, Бога твайго, служылі і дабраслаўлялі ў імя Госпада, яны і сыны іх у-ва ўсе дні.
  6. Калі левіт, якi пражывае ў адным з гарадоў усяго Ізраэля, захоча калі-небудзь пайсьці па жаданьню душы сваёй у месца, выбранае Госпадам,
  7. і будзе служыць у імя Госпада, Бога свайго, як усе яго браты левіты, каторыя прабываюць там на службе ў прысутнасьці Госпада,
  8. хай атрымлівае для свайго пра-жываньня частку, роўную зь іншымі, незалежна ад прыбытку з свайго продажу бацькоўскага дому.
  9. Калі ты ўвойдзеш у зямлю, каторую дае табе Госпад, Бог твой, сьцеражыся, каб не захацеў ты насьледаваць брыдотаў гэтых народаў.
  10. Хай ня знойдзецца ў цябе той, хто б сына свайго або дачку праводзіў праз агонь, або займаўся варажбой ці чарадзействам,
  11. ці займаўся закляцьцямі, пытаўся ў духаў або выклікаў памёршых.
  12. Брыдкі перад Госпадам кожны, хто гэтак робіць. Дзеля гэтых брыдотаў выганяе іх Госпад ад твайго аблічча.
  13. Верным будзь і беззаганным перад Госпадам, Богам тваім.
  14. Тыя вось народы, у зямлю каторых ты ўваходзіш, слухаюць варажбітоў і выклікаючых духаў, гэтага не дазваляе табе Госпад, Бог твой.
  15. Прарока як мяне ўзьніме табе з народу твайго і з братоў тваіх Госпад, Бог твой; Яго (прарока) слухайце.
  16. Прасіў ты пра гэта ў Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, у дзень сабраньня, калі казаў ты: “Не магу болей слухаць голас Госпада, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці”.
  17. І сказаў мне Госпад: “Слушна тое, што яны сказалі табе.
  18. Я пастаўлю ім спаміж братоў іхніх Прарока, падобнага табе, i ўкладу словы Мае ў Ягоныя вусны, Ён скажа ім усё, што Я Яму загадаю.
  19. Хто ж словаў Маіх, каторыя будзе вясьціць Прарок той у імя Маё не захоча слухаць, Я пакараю таго.
  20. А прарок, каторы адважыцца гаварыць у імя Маё таго, чаго Я не загадаў, або ў імя чужых багоў, такі прарок павінен памерці.
  21. А калі ты падумаеш у сэрцы сваім: “Як я магу пазнаць словы, якія Госпад не гаварыў?”
  22. Гэтакі будзеш мець знак: калі прарок прадказаў у імя Госпада, а ня споўнілася, значыцца Госпад гэтага не казаў, але ў сваёй пыхлівасьці гэта сам прарок прыдумаў, таму ня бойся яго.

Разьдзел 19

  1. Калі Госпад, Бог твой, зьнішчыць народы, зямлю каторых дае табе, і завалодаеш ёю і абжывешся ў гарадах і дамах іхніх,
  2. тады выдзелі сабе тры гарады з усёй зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, на ўласнасьць,
  3. і прыгатуй дарогу старанна; і падзялі на тры роўныя часткі ўсю зямлю сваю, каб забойца знайшоў там прыбежышча.
  4. Такі закон забойцы-ўцекача, каторага жыцьцё мае быць захаванае: калі ён забіў бліжняга без намеру і калі супраць яго ані ўчора, ані раней ня меў нянавісьці, і гэта будзе даведзена,
  5. калі пайшоў хто з бліжнім сваім у лес сьсякаць дрэвы і, схапіўшы сякеру, размахнулася рука яго зь сякерай, каб сьсекчы дрэва, і саскочыла жалеза з тапарышча і ўдарыла бліжняга, такі можа схавацца ў адным з гарадоў гэтых, каб ратаваць жыцьцё,
  6. каб мсьцівец за кроў у гарачнасьці сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі далёкая дарога, і не забіў яго, бо ён ня вінен сьмерці, бо ня меў ня-навісьці да забітага ні ўчора, ні трэцяга дня.
  7. Таму я загадваю табе: Выдзялі сабе тры гарады.
  8. Калі Госпад, Бог твой, пашырыць межы твае, як гэта запрысяг тваім бацькам, i аддасьць табе ўсю зямлю, каторую запрысяг даць бацькам тваім,
  9. калі ты будзеш пільна выконваць гэты закон, каторы я табе сягоньня прадстаўляю, любячы Госпада, Бога свайго, ходзячы Яго дарогамі ўсе дні, тады дадасі да гэтых гарадоў яшчэ тры далейшыя гарады,
  10. каб не праліваць нявіннай крыві ў гэтай зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой на ўласнасьць, каб не было на табе віны крыві.
  11. Калі аднак чалавек зь нянавісьці да свайго бліжняга цікаваў на яго, паўстаў супраць яго, і забіў яго, і уцячэ ў адзін з гэтых гарадоў,
  12. то старшыні гэтага гораду пашлюць па яго, забяруць яго адтуль і аддадуць у рукі мсьціўца за кроў, і ён памрэ.
  13. Хай не пашкадуе яго вока тваё, і ты змыеш нявінную кроў зь Ізраэля, каб добра табе было.
  14. Не парушай мяжы бліжняга твайго, каторую вызначылі папярэднікі твае ў частцы тваёй, атрыманай у зямлі, якую дасьць табе на ўласнасьць Госпад, Бог твой.
  15. Не хапае слова аднаго сьведкі супраць каго-небудзь у якой-колечы віне, і ў якім-колечы праступку, і ў якім-колечы граху, якім ён саграшыў, але паводле словаў двух або трох сьведкаў выносіцца рашэньне.
  16. Калі выступіць сьведка фальшыва супраць якога чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве,
  17. то хай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад Госпадам, перад сьвятарамі і судзьдзямі, каторыя будуць у тыя дні.
  18. Судзьдзі павінны пільна праверыць, і калі сьведка той — сьведка фальшывы і фальшыва гаварыў на брата свайго,
  19. то зрабіце яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму, і так вынішчы зло з асяродзьдзя свайго.
  20. А другія, пачуўшы, будуць баяцца і ніколі больш у асяродзьдзі тваім такіх рэчаў не адважацца рабіць.
  21. Не шкадуй такога, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу запатрабуеш.

Разьдзел 20

  1. Калі выйдзеш на вайну супраць ворагаў сваіх і ўбачыш, што там і коней, і калясьніцаў, і людзей болей, чым у цябе, ня бойся іх, бо з табой Госпад, Бог твой, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай.
  2. Перад распачацьцем бою хай выступіць сьвятар, і прамовіць да народу, і скажа яму:
  3. “Слухай, Ізраэль! Пачынаеце вы сёньня супраць ворагаў вашых бой, хай не палохаецца сэрца вашае, ня бойцеся, не пужайцеся і не трывожцеся,
  4. бо Госпад, Бог ваш, ідзе з вамі, каб ваяваць за вас з ворагамі вашымі і каб выратаваць вас зь небясьпекі”.
  5. Начальнікі хай аб’явяць народу, кажучы: “Хто з вас пабудаваў новы дом, а яшчэ яго не пасьвяціў, хай ідзе і варочаецца дамоў, каб часам не загінуў у баі і хто іншы яго не пасьвяціў.
  6. Хто з вас завёў вінаграднік i не сабраў яго пладоў, хай варочаецца дамоў, бо мог бы загінуць на вайне, а хто іншы сабраў бы плады.
  7. Хто заручыўся з жонкаю, але не перавёў яе яшчэ да сябе, хай варочаецца дамоў, бо мог бы загінуць на вайне, а хто іншы завёў бы яе да сябе”.
  8. Хай яшчэ начальнікі запытаюцца ў людзей: “Хто баіцца і чыё сэрца дрыжыць, хай выступіць і ідзе дамоў, каб не напалохаў сэрцы братоў сваіх, як сам ён напалоханы”,
  9. Як начальнікі скажуць усё гэта народу, тады вы павінны паставіць ваенных начальнікаў на чале народу.
  10. Калі ты падыйдзеш пад горад, каб яго зваяваць, перш прапануй яму мір.
  11. Калі ён згодзіцца на мір і адчыніць табе брамы, хай увесь народ, які ў ім ёсьць, будзе плаціць табе даніну і служыць табе.
  12. А калі ён не захоча быць у міры з табою і пачне супраць цябе вайну, то аблажы яго.
  13. І калі Госпад, Бог твой, аддасьць яго ў рукі твае, выб’еш усіх мужчынаў мячом,
  14. за выключэньнем жанчын і дзяцей, жывёлы і ўсяго іншага, што ў ім знаходзіцца. Усю здабычу яго сабе возьмеш і будзеш есьці здабычу ворагаў тваіх, якую даў табе Госпад, Бог твой.
  15. Так зрабі з усімі гарадамі, каторыя ад цябе вельмі далёка, якія ня ёсьць уласнасьцю гэтых народаў.
  16. Толькі ў тых гарадах, каторыя даюцца табе, не пакінеш нікога жывым,
  17. але выб’еш мячом Гетытаў, Амарэй-цаў, Хананейцаў, Пэрэзэяў, Гівеяў і Ебусеяў, як загадаў табе Госпад, Бог твой,
  18. каб часам не навучылі яны вас усякім брыдотам, якія рабілі яны багам сваім, і каб вы не грашылі перад Госпадам, Богам сваім.
  19. Калі доўгі час будзеш аблягаць горад, каб заваяваць яго, не сьсякай дрэваў яго, з каторых можаш жывіцца, плады яго можаш есьці, а яго самога не сьсякай. Ці ж дрэва гэта чалавек, каб яго аблягаць?
  20. Калі ж дрэва не надаецца на ежу, сьсячы яго і пабудуй махіны, пакуль не здабудзеш гораду, каторы з табой ваюе.

Разьдзел 21

  1. Калі ў зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, будзе знойдзены труп чалавека забітага, і невядомы будзе забойца,
  2. то хай выйдуць старэйшыя родам і судзьдзі твае і адмераюць далёкасьць трупа ад гарадоў акружаючых.
  3. Дык старшыні гораду, каторы будзе найбліжэй забітага, возьмуць цялушку, каторая яшчэ не працавала і не насіла ярма,
  4. і цялушку гэту прывядуць старшыні да ракі невысыхаючай і на месца неаранае і неабсеянае, і зломяць ёй карак каля рэчкі,
  5. і тады прыйдуць сьвятары, сыны Левія, каторых выбраў Госпад, Бог твой, каб служылі Яму і дабраславілі ў імя Яго, і па іхнім слове павінна вырашацца ўсякая спрэчная справа і справа скалячэньня.
  6. Усе старшыні гораду, каторы найбліжэй забітага, будуць мыць рукі свае над цялушкай, каторай карак зламалі ля рэчкі,
  7. і скажуць яны: “Нашыя рукі ня вылілі гэтае крыві і вочы нашыя ня бачылі нічога.
  8. Міласьцівы будзь народу Твайму, Ізраэлю, каторы адкупіў Ты, Госпадзе, і не палічы гэтае крыві нявіннай народу Твайму, Ізраэлю”. І адпушчана будзе ім гэтая кроў.
  9. Такім чынам змыеш нявінную кроў спаміж сябе i зробіш тое, што ёсьць справядлівым у вачах Госпада.
  10. Калі выступіш на вайну супраць ворагаў тваіх, і аддасьць іх Госпад, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,
  11. і ўбачыш між палоннымі прыгожую жанчыну, і закахаешся ў яе, і захочаш зь ёю ажаніцца,
  12. то ўвядзеш яе ў дом свой, яна абстрыжэ галаву і абрэжа пазногці свае,
  13. і скіне зь сябе адзеньне палоннай, і седзячы ў доме тваім будзе аплакваць бацьку і матку сваю адзін месяц. Потым увойдзеш да яе, і будзеш яе мужам, а яна будзе жонкай тваёй.
  14. Калі яна табе перастане падабацца, адпусьціш яе куды захоча, не прадасі яе за серабро і ня ўчыніш зь ёй як зь нявольніцай, бо ты ўвайшоў да яе.
  15. Калі які муж будзе мець дзьве жонкі, адну любімую, а другую нелюбімую, і яны народзяць яму сыноў, любімая і нелюбімая, і першародны будзе сын нелюбімай,
  16. то калі хацеў бы падзяліць спадчыну паміж сыноў сваіх, ня можа сына любімай зрабіць першародным, вывышаючы яго над сына нелюбімай,
  17. але сына нелюбімай прызнае перша-родным і дасьць яму з усяго, што мае, падвойную частку, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, і яму належыцца права першародзтва.
  18. Калі хто будзе мець сына непаслух-мянага і ўпорыстага, які ня слухаў бы волі бацькі ані маткі сваёй, і хоць караны быў, але працівіўся ім,
  19. дык хай возьмуць яго і прывядуць да старшыняў гораду свайго і да брамы гораду,
  20. і скажуць ім: “Сын наш гэты непаслухмяны і ўпорысты, ня хоча ён слухаць нашых напамінаў, гардзіць імі, аддаецца распусьце і п’янству”.
  21. Тады мужчыны гораду ўкамянуюць яго да сьмерці, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя вашага. І ўвесь Ізраэль, чуючы гэта, будзе баяцца.
  22. Калі хто дапусьціцца злачынства, каранага сьмерцю, і будзе ён забіты і павешаны на дрэве,
  23. дык труп ягоны ня будзе вісець на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам кожны, хто вісіць на дрэве. Ніколі не пагань зямлю сваю, якую даў табе на ўласнасьць Госпад, Бог твой.

Разьдзел 22

  1. Калі ўбачыш вала брата свайго або авечку яго заблудзіўшую, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму.
  2. Калі ж брат твой ня блізка ад цябе, або калі яго ня ведаеш, завядзі іх у дом свой і хай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой, і тады аддасі іх яму.
  3. Так зробіш зь яго аслом, так зробіш зь яго плашчом, так зробіш з кожнаю згубленаю рэччу брата свайго, з усім, што ў яго згінула, а ты знайшоў; нельга табе ўхіліцца ад гэтага.
  4. Калі ўбачыш асла брата свайго або вала яго, упаўшых на дарозе, не пакідай іх, але падымі зь ім разам.
  5. Хай не адзяецца жанчына ў мужчынскае адзеньне, а мужчына хай не апранае адзеньня жаночага; бо агідны Госпаду, Богу твайму, кожны, хто гэтае робіць.
  6. Калі, ідучы дарогай, знойдзеш на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з маткай і птушанятамі або з маткаю, якая выседжвае яйкі, то не бяры маткі з птушанятамі.
  7. Матку пусьці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе добра было і каб доўгімі былі дні твае.
  8. Калі збудуеш новы дом, дык зрабі на даху кругом агароджу, каб не навесьці крыві на дом свой, калі хто-колечы зваліцца зь яго.
  9. Не засявай вінаградніку свайго двума гатункамі насеньня, каб не зрабіць табе заклятым і збор насеньня, каторае ты пасееш, і плады вінаградніку свайго.
  10. Не ары на вале і асьле разам.
  11. Не адзявай адзеньня, сатканага з воўны і лёну разам.
  12. Зрабі сабе фрэнзьлі на чатырох рагах плашчу, якім акрываешся.
  13. Калі хто возьме жонку і ўвойдзе да яе, а потым зьненавідзіць яе,
  14. і, закідаючы ёй ліхія ўчынкі, зьняславіць яе, кажучы: “Узяў я гэтую жанчыну, але, увайшоўшы да яе, не знайшоў у яе дзявоцтва”,
  15. тады бацька і маці ейныя занясуць знакі дзявоцтва ейнага да старшыняў гораду і да брамы, дзе яны сядзяць,
  16. і бацька скажа: “Даў я сваю дачку гэтаму чалавеку за жонку, а ён яе зьненавідзеў.
  17. Ён зьняслаўляе яе імя, кажучы: “Не знайшоў я ў дачкі тваёй азнак дзявоцтва”. Але вось доказы дзявоцтва маёй дачкі”, – і раскладзе адзеньне перад старшынямі гораду.
  18. Тады старшыні гораду возьмуць мужчыну таго і пакараюць яго,
  19. І накладуць на яго сто сыкляў серабра, і аддадуць іх бацьку тае жанчыны, бо зьняславіў ён імя дзяўчыны Ізраэля; яна застаецца яго жонкай, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсё жыцьцё.
  20. Але калі абвінавачваньне акажацца праўдзівым, бо не знайшліся доказы дзявоцтва тае жанчыны,
  21. то завядуць маладзіцу тую да дзьвярэй дому бацькі яе і каменаваць яе будуць мужчыны гэтага гораду аж да сьмерці, бо прынесла яна ганьбу Ізраэлю, распуствуючы ў доме бацькі свайго; так вынішчыш зло з асяродзьдзя свайго.
  22. Калі знойдзены будзе мужчына, што ляжыць з чужою жонкай, абое хай памруць: чужаложнік і чужаложніца, каб вынішчыць ліхоцьце зь Ізраэля.
  23. Калі будзе дзяўчына пашлюбавана мужу, а хто-колечы спаткаецца зь ёю у горадзе і ляжа зь ёю,
  24. то абаіх прывядзіце да брамы гораду таго і ўкамянуйце да сьмерці: дзяўчыну за тое, што не крычала, будучы ў горадзе, а таго мужчыну за тое, што згвалтаваў жонку бліжняга, і так вынішчыш зло спаміж сябе.
  25. Калі аднак мужчына знайшоў на полі заручаную дзяўчыну і згвалтаваў яе, ён адзін памрэ,
  26. а той дзяўчыне нічога не рабіце, бо яна не дапусьцілася праступку, вартага сьмерці, бо гэта падобна на тое, калі хто выступае супраць бліжняга свайго і адбірае яму жыцьцё.
  27. Бо яе знайшоў ён на полі, і дзяўчына заручаная крычала, але ніхто не прыйшоў ёй з дапамогаю.
  28. Калі б мужчына напаткаў дзяўчыну не заручаную, схапіў яе і лёг зь ёю, і справа гэтая выявіцца,
  29. той мужчына, каторы лёг зь ёю, дасьць бацьку дзяўчыны той пяцьдзесят сыкляў серабра, і яна будзе магчы стаць яго жонкай, таму што ён згвалтаваў яе, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсё жыцьцё.

Разьдзел 23

  1. Ніхто не павінен браць жонкі бацькі свайго і адкрываць крысо адзеньня бацькі свайго.
  2. Ніхто, хто мае струшчаныя яечкі або адрэзаны чэляс, ня ўвойдзе ў супольнасьць Госпадаву.
  3. Ня ўвойдзе байструк да супольнасьці Госпадавай, нават у дзесятым пакаленьні ня ўвойдзе ён у супольнасьць Госпада.
  4. Ня ўвойдзе сын Амона і Маабец у супольнасьць Госпада нават у дзесятым пакаленьні; ня ўвойдзе ён ў супольнасьць Госпада навекі,
  5. таму што ня выйшлі яны нам на дарогу з хлебам і вадой, калі мы ішлі з Эгіпту, ды аплацілі супраць цябе Білеама, сына Бэора, з Пэтору, што ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў.
  6. Але Госпад, Бог твой, не хацеў слухаць Білеама, і Госпад, Бог твой, замяніў праклён адносна цябе на дабраславенства, бо Госпад, Бог твой, узьлюбіў цябе.
  7. Ня будзеш жадаць для іх міру і дабра ва ўсе дні свае і навекі.
  8. Ня будзеш брыдзіцца Эдомцам, бо ён – твой брат, ані Эгіпціянінам, бо прыбыльцам быў ты ў зямлі яго.
  9. У трэцім пакаленьні іх нашчадкі іх могуць быць дапушчаны ў супольнасьць Госпадаву.
  10. Калі выступіш супраць ворагаў тваіх у бой, сьцеражыся ад усякай ліхой рэчы.
  11. Калі знойдзецца ў цябе чалавек нячысты дзеля начнога выпадку, дык хай выйдзе ён з табару і ў табар ня вернецца.
  12. Пад вечар няхай памыецца, а пасьля заходу сонца можа вярнуцца ў табар.
  13. Будзеш мець месца па-за табарам, у якое будзеш хадзіць па патрэбе.
  14. Заагледзішся ў колік, і калі выйдзеш навонкі, прыгатуеш ямку, а вяртаючыся, пакрыеш зямлёю нячыстасьць сваю.
  15. Бо Госпад, Бог твой, ходзіць пасярод табару твайго, каб берагчы цябе ад ворагаў тваіх і выдаваць табе непрыяцеляў тваіх; хай табар твой будзе сьвяты, і нічога ў ім ня мае быць паганага, каб Ён не пакінуў цябе.
  16. Ня выдавай нявольніка, каторы да цябе ўцёк, пану ягонаму.
  17. Будзе ён жыць з табою, у месцы, якое ён выбраў бы ў адным з гарадоў тваіх, які спадабаўся б яму, і ты не засмучай яго.
  18. Ня будзе распусьніцы сярод дачок Ізраэля, ані мужчыны распусьніка сярод сыноў Ізраэля.
  19. Не занясеш у дом Госпада, Бога твайго, заробку распусьніцы і грошы распусьніка, як шлюбаваныя, бо Госпад, Бог твой, брыдзіцца адным і другім.
  20. Не вымагай ад брата свайго адсоткаў з грошаў, ці з харчаваньня, ці з чаго другога, што пазычаецца на адсоткі.
  21. Ад чужога можаш вымагаць, але ад брата ня будзеш вымагаць адсоткаў, каб Госпад, Бог твой, дабраславіў табе ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку сваю ў зямлі, якою ідзеш авалодаць.
  22. Калі складзеш шлюбаваньне Госпаду, Богу твайму, не марудзь выпаўніць яго, бо Госпад, Бог твой, патрабуе гэтага ад цябе і залічыць гэта табе за грэх.
  23. Калі ўстрымаешся ад шлюбаваньня, будзеш бяз грэху.
  24. А што выйшла з вуснаў тваіх, тое захоўвай і рабі, як абяцаў ты Госпаду, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты гэта абяцаў.
  25. Калі ўвойдзеш у вінаграднік бліжняга свайго, еш вінаград, колькі табе падабаецца, але ў кошыку не вынось з сабой.
  26. І калі ўвойдзеш у збожжа бліжняга свайго, рві каласы рукою, а сярпом ня жні.

Разьдзел 24

  1. Калі чалавек возьме жонку і станецца яе мужам, і яна ня знойдзе ласкі ў вачах ягоных дзеля нейкай брыдкасьці, то хай напіша ён ёй пасьведчаньне разводнае, падасьць у рукі яе і адашле ў дом ейны.
  2. А калі тая, выйшаўшы, стане жонкаю іншага,
  3. а той таксама зьненавідзіць яе, і дасьць ёй пасьведчаньне аб разводзе, і адашле ў дом ейны або калі б ён памёр,
  4. то першы яе муж ня можа ўзяць яе за жонку, бо яна ўжо спаганена; гэта было б абрыдай перад Госпадам. Дык не пагань зямлі тваёй, якую табе дае на валаданьне Госпад, Бог твой.
  5. Калі які чалавек нядаўна ўзяў жонку, то хай не ідзе на вайну і хай не даручаецца яму абавязак грамадзкі, але хай застаецца свабодны дома і хай адзін год цешыцца з жонкаю сваёй.
  6. Нельга браць у заклад каменя млыновага, верхняга ці сподняга, бо бралася б гэтым само жыцьцё ў заклад.
  7. Калі будзе злоўлены чалавек, каторы зьневаляў каго з братоў сваіх, сыноў Ізраэля, і, прадаўшы яго, браў плату, хай будзе забіты. Так вынішчыш зло спасярод сябе.
  8. Глядзі пільна, калі выбухне праказа, чаму вучаць вас сьвятары левіты, і што я загадаў ім, тое спаўняйце старанна.
  9. Памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, Мірыям у дарозе, калі выйшлі вы з Эгіпту.
  10. Калі бліжняму свайму дасі якую рэч у пазыку, ня ўвойдзеш у дом ягоны, каб узяць што ў заклад,
  11. але пастаіш на двары, і ён прынясе табе заклад, які будзе мець.
  12. Калі б гэта быў чалавек бедны, хай не начуе ў цябе заклад гэты,
  13. але зараз жа аддасі яму да заходу сонца, каб спаў ён у адзетку сваім і дабраславіў табе, і каб меў ты справядлівасьць на віду Госпада, Бога свайго.
  14. Не адмаўляй платы патрабуючаму і ўбогаму з братоў сваіх ці прыбыльцаў, каторыя жывуць з табой у зямлі тваёй і ў брамах тваіх,
  15. але таго самага дня аддай яму плату за працу ягоную перад заходам сонца, бо ён бедны і платы патрабуе жыцьцё ягонае, каб не прызываў ён супраць цябе Госпада і не было залічана гэта табе за грэх.
  16. Хай ня будуць забіваныя бацькі за сыноў, і сыны за бацькоў, але хай кожны памірае за свой грэх.
  17. Не судзі крывадушна чужынца і сіраты, і ад ўдавы не бяры адзеньня ў заклад.
  18. Памятай, што ты быў нявольнікам у Эгіпце і выбавіў цябе адтуль Госпад, Бог твой; дзеля таго і я табе загадваю рабіць гэта.
  19. Калі будзеш жаць жніво на полі сваім і забудзешся снапа на полі, не вяртайся забраць яго, але хай застаецца ён для чужынца, сіраты i ўдавы, каб дабраславіў табе Госпад, Бог твой, ва ўсім, што будуць рабіць рукі твае.
  20. Калі будзеш зьбіраць аліўкі, і застанецца некалькі на дрэве, не варочайся забраць іх, але хай застануцца яны для чужынца, сіраты i ўдавы.
  21. Калі будзеш зьбіраць вінаград, не зьбірай застаўшыхся гронак, але пакінь іх на долю чужынца, сіраты і ўдавы.
  22. Памятай, што і ты быў нявольнікам у Эгіпце, таму я загадваю табе рабіць гэтак.

Разьдзел 25

  1. Калі ўзьнікне звадка паміж людзьмі, то хай прывядуць іх у суд і судзяць іх, і за справядлівага прызнаюць нявіннага, а вінаватага пакараюць.
  2. Калі вось судзьдзя таго, хто дапусьціўся праступку, прызнае вартым пакараньня, дык паложаць таго на зямлі і ў яго прысутнасьці будуць біць, гледзячы на вялікасьць праступку.
  3. Але не атрымае ён больш як сорак удараў, каб праз павелічэньне ўдараў над гэтую лічбу біцьцё не было над меру, і ня быў спаганены брат твой у вачах тваіх.
  4. Не завязвай пысы валу малоцячаму.
  5. Калі браты будуць жыць сумесна і адзін зь іх памрэ, і ня будзе мець сына, то ня выйдзе жонка памёршага замуж за каго іншага па-за сям’ёй, але швагер яе павінен узяць яе за жонку сабе і аднавіць патомства брата свайго.
  6. І найстарэйшаму сыну, каторага народзіць яна, дадуць імя памёршага брата, каб не загінула імя яго ў Ізраэлі.
  7. Калі б той мужчына не хацеў узяць сваёй братавай за жонку, пойдзе братавая ў браму гораду да старшыняў і скажа: “Швагер мой адмаўляецца аднавіць імя брата свайго ў Ізраэлю, ня хоча жаніцца са мною”.
  8. Старшыні гэтага гораду паклічуць яго і запытаюцца ў яго. Калі адкажа: “Не хачу яе браць за жонку”,
  9. дык тады братавая падыйдзе да яго і на вачах старшыняў здыме яму сандал з нагі, плюне яму ў твар і скажа: “Так робяць з чалавекам, каторы ня хоча адбудаваць дому брата свайго”.
  10. І будзе названа імя яго ў Ізраэлю: “Дом разутага”.
  11. Калі будуць біцца паміж сабою мужчыны, адзін супраць другога, а жонка аднаго зь іх, хочучы вырваць мужа з рук б’ючага, выцягне руку і схопіць яго за сорам ягоны,
  12. адрэжаш ёй рукі, ня будзеш мець літасьці над ёй.
  13. Ня май ў мяшку тваім двух гатункаў вагаў, большых і меншых.
  14. Ня будзе ў доме тваім эфы большай і меншай.
  15. Вага ў цябе павінна быць справядлівая і праўдзівая; і эфа хай будзе ў цябе справядлівая і праўдзівая, каб доўга ты жыў на зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой.
  16. Бо брыдзіцца Госпад, Бог твой, кожным, хто так робіць, кожным, хто паступае несправядліва.
  17. Памятай, што зрабіў табе ў дарозе Амалек, калі выйшаў ты з Эгіпту.
  18. Заступіў ён табе дарогу і напаў на ўсіх змучаных голадам, на ўсе апошнія шэрагі твае, калі ты быў змораны і зьняможаны, і ён не баяўся Бога.
  19. Дык калі Госпад, Бог твой, дасьць табе супакой ад усіх ворагаў тваіх, акружаючых цябе, у зямлі, якую дасьць табе, ты сатрэш імя Амалека спад неба. Глядзі, не забудзься.

Разьдзел 26

  1. Калі ўвойдзеш у зямлю, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой, на ўласнасьць, і завалодаеш ёю, і абжывешся ў ёй,
  2. возьмеш пяршыны з усіх пладоў зямлі, якія зьбярэш зь зямлі тваёй, якую дасьць табе Госпад, Бог твой. Уложыш іх у кошык і пойдзеш на тое месца, каторае Госпад, Бог твой, выбярэ, каб прабывала там імя Яго,
  3. і прыйдзеш да сьвятара, які будзе ў тыя дні, і скажаш яму: “Абвяшчаю сёньня перад Госпадам, Богам тваім, што я ўвайшоў у тую зямлю, якую Госпад запрысяг бацькам нашым, што дасьць Ён яе нам”.
  4. І вось возьме сьвятар кошык з рукі тваёй і паставіць на ахвярнiк Госпада, Бога твайго,
  5. а ты скажаш тады ў прысутнасьці Госпада, Бога твайго: “Бацька мой, вандроўны Арамеец, прыйшоў аж ў Эгіпет, а завандраваў туды малой грамадкай, і разросься ў вялікі народ, дужы і шматлікі.
  6. І прыгняталі нас Эгіпцяне, і перасьледавалі нас, накладаючы найця-жэйшыя работы.
  7. Дык мы клікалі да Госпада, Бога бацькоў нашых. І Ён выслухаў нас, і глянуў на ўпакарэньне нашае, і работу, і зьдзек.
  8. І вывеў Ён нас рукою магутнаю і плячом узьнятым сярод вялікага страху, знакаў і цудаў.
  9. І прывёў нас у гэтае месца, і даў нам зямлю, аплываючую ў малако і мёд.
  10. Вось таму прнёс я пяршыны пладоў зямлі, якую даў мне Госпад”. І паложыш іх на від Госпада, Бога твайго, і паклонішся Госпаду, Богу твайму.
  11. І будзеш цешыцца ва ўсіх даброцьцях, каторыя даў Госпад, Бог твой, табе і дому твайму, ты, і левіт, і чужынец, каторы пражывае ў цябе.
  12. Калі ў трэцім годзе, годзе дзесяціны, аддзеліш ўсе дзесяціны з усіх пладоў тваіх і аддасі іх левіту, чужынцу, сіраце і ўдаве, каб елі і насычаліся ўдосталь у брамах тваіх,
  13. тады скажаш на віду Госпада, Бога твайго: “Узяў я з дому свайго тое, што было пасьвячана, і даў левіту, чужынцу, сіраце і ўдаве, як Ты загадаў мне; я не парушыў загадаў Тваіх і не забыўся на волю Тваю.
  14. Не спажываў я іх у дзень жалобы сваёй, ня ўзяў нічога зь іх, калі быў нячысты, не даваў зь іх нічога памёршаму, я слухаў голас Госпада, Бога майго, і зрабіў усё, што загадаў Ты мне.
  15. Дык глянь са сьвятога прыстанішча Свайго, зь нябёсаў, і дабраслаў народ твой, Ізраэля, і зямлю, якую Ты даў нам, як запрысяг бацькам нашым, зямлю, аплываючую ў малако і мёд”.
  16. Сёньня загадвае табе Госпад, Бог твой, каб ты спаўняў прыказаньні гэтыя, а таксама закон і пільнаваўся гэтага ўсім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй.
  17. Выбраў ты сёньня Госпада, каб быў Ён табе Богам, і каб ты хадзіў дарогамі Ягонымі і трымаўся Яго пастановаў, прыказаньняў і закону ды быў паслухмяным волі Яго.
  18. І Госпад выбраў цябе сёньня, каб ты быў Яму народам выбраным, як Ён казаў табе, і каб ты спаўняў усе прыказаньні Ягоныя.
  19. І тады Ён ўзвысіць цябе ў пашане і славе над другімі народамі, якія Ён паклікаў да жыцьця, каб ты быў для Госпада, Бога твайго, народам сьвятым, як Ён казаў табе”.

Разьдзел 27

  1. Загадаў вось Майсей разам са старэйшымі Ізраэля ўсяму народу, кажучы: “Захавайце ўсякі загад, які я вам сёньня абвяшчаю.
  2. Калі пяройдзеш Ярдан і ўвойдзеш у зямлю, якую табе дасьць Госпад, Бог твой, пастаў велізарныя каменьні і абмаж іх вапнай,
  3. каб мог напісаць на іх усе словы гэтага закону, калі пяройдзеш Ярдан, каб увайсьці ў зямлю, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, у зямлю, якая аплывае ў малако і мёд, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх.
  4. Калі пяройдзеце Ярдан, пастаўце гэтыя каменьні, як я вам сёньня загадваю, на гары Гэбаль і абмажце іх вапнай.
  5. І пабудуй там ахвярнiк Госпаду, Богу твайму, з каменьняў, каторых не кранула жалеза,
  6. з каменьняў нячэсаных, і злажы на ім ахвяру цэлапаленьня Госпаду, Богу твайму.
  7. І складзі ахвяру прымірэньня, і еш там, і цешся на віду Госпада, Бога твайго;
  8. i напішы на каменьнях усе словы Закону гэтага выразна і ясна”.
  9. Потым Майсей і сьвятары левіты прамовілі да ўсяго Ізраэля: “Маўчы, Ізраэль, і слухай. У дзень сягоньняшні стаўся ты народам Госпада, Бога твайго.
  10. Будзеш слухаць голас Яго і спаўняць загады і прыказаньні Ягоныя, якія я загадваю табе”.
  11. У той дзень загадаў Майсей народу, кажучы:
  12. “Калі пяройдзеце Ярдан, стануць на гары Гарызім, каб дабраславіць народ, вось гэтыя: Сымон, Леві, Юда, Ісахар, Язэп і Бэн’ямін.
  13. На гары ж Гэбаль для праклінаньня будуць стаяць вось гэтыя: Рубэн, Гад, Асэр, Забулён, Дан і Нэфталі.
  14. І пачнуць левіты, і загамоняць гучным голасам да ўсяго Ізраэля:
  15. “Пракляты чалавек, каторы зробіць статую або літога ідала, брыдоту перад Госпадам, твор рук рамесьніка і паставіць яго ў месцы схаваным!” І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
  16. “Пракляты той, хто пагарджае бацькам сваім і маткай”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
  17. “Пракляты той, хто перасоўвае мяжу бліжняга свайго”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
  18. “Пракляты той, хто падманвае сьляпога ў дарозе”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
  19. “Пракляты той, хто крыўдзіць чужынца, сірату і ўдаву”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
  20. “Пракляты той, хто лажыцца з жонкай бацькі свайго, бо ён адкрывае крысо плашча ягонага”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
  21. «Пракляты той, хто лажыцца з усялякай жывёлаю». І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
  22. “Пракляты той, хто лажыцца зь сястрой сваёй, з дочкай бацькі свайго або маткі сваёй”. І ўвесь народ адкажа: “Амэн”.
  23. “Пракляты той, хто лажыцца зь цешчай сваёй”. І ўвесь народ адкажа: ”Амэн.”
  24. “Пракляты той, хто тайна забівае бліжняга свайго”. І ўвесь народ адкажа: ”Амэн.”
  25. “Пракляты той, хто бярэ хабар, каб праліць кроў нявінную”. І ўвесь народ адкажа: ”Амэн”
  26. “Пракляты той, хто не трымаецца словаў гэтага Закону, і не спаўняе іх на дзеле”. І ўвесь народ адкажа: ”Амэн.”

Разьдзел 28

  1. “Дык калі будзеш ты слухаць голас Госпада, Бога твайго, і спаўняць, і захоўваць ўсе загады Ягоныя, каторыя я загадваю табе сягоньня, то Госпад, Бог твой, узвысіць цябе над усе народы, якiя пражываюць на зямлі,
  2. і сплывуць на цябе ўсе гэтыя дабраславенствы, і споўняцца на табе, калі толькі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго.
  3. Дабраслаўлены ты ў горадзе і дабраслаўлены ў полі.
  4. дабраслаўлены плод ўлоньня твайго і плод зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй, і прыплод валоў тваіх і авец тваіх.
  5. дабраслаўлен кош твой і жорны твае.
  6. дабраслаўлены ты ўваходзячы і дабраслаўлены выходзячы.
  7. Дасьць табе Госпад, што ворагі твае, каторыя паўстаюць супраць цябе, будуць пабітыя на віду ў цябе. Адной дарогай яны пойдуць супраць цябе, а сямёма шляхамі ўцякуць ад цябе.
  8. Спашле Госпад дабраславенства на сьвірны твае і на ўсякую працу рук тваіх; і будзе дабраславіць табе на зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой.
  9. І паставіць цябе Госпад як народ сьвяты, як запрысяг табе, калі будзеш захоўваць прыказаньні Госпада, Бога твайго, і хадзіць дарогамі Ягонымі.
  10. І ўбачаць усе народы на зямлі, што імя Госпада прызывана вамі, і будуць баяцца вас.
  11. І дасьць табе Госпад дастатак усякіх даброцьцяў; і плод ўлоньню твайму, прыплод жывёле тваёй, плён зямлі тваёй, якую запрысяг Госпад бацькам тваім, што дасьць табе.
  12. Адкрые табе Госпад багатыя скарбы нябесныя, каб даць у свой час дождж зямлі тваёй і дабраславенства ўсім працам рук тваіх; ты будзеш пазычаць многім народам, а сам ні ад каго пазычаць ня будзеш.
  13. І зробіць цябе Госпад галавою, а не хвастом, і будзеш ты заўсёды на версе, а не ў нізе, калі будзеш слухаць загады Госпада, Бога твайго, каторыя сёньня я загадваю табе, каб ты захоўваў і спаўняў іх,
  14. і не адступай ад словаў, каторыя даручаю табе сягоньня, ані ўправа, ані ўлева, і не ідзі за багамі чужымі, і не пакланяйся ім.
  15. А калі не захочаш слухаць голас Госпада, Бога твайго, захоўваць і спаўняць усе загады Яго і прыказаньні, каторыя я сягоньня загадваю табе, то прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны і споўняцца на табе.
  16. Пракляты ты ў горадзе і пракляты на полі.
  17. Пракляты кош твой і кладоўка твая.
  18. Пракляты плод улоньня твайго і плён зямлі тваёй, плод жывёлы тваёй і прыплод авец тваіх.
  19. Пракляты ты пры ўваходзе тваім і пры выхадзе тваім.
  20. Спашле на цябе Госпада праклён, і трывогу, і няшчасьце ва ўсіх працах тваіх, што будзеш рабіць, пакуль ня зьнішчыць цябе і не прападзеш ты хутка дзеля ліхіх учынкаў сваіх, дзеля якіх пакінуў ты Мяне.
  21. Спашле на цябе Госпад пошасьць, пакуль ня выкараніць цябе зь зямлі, у каторую ты ўвойдзеш на пражываньне.
  22. Дакране цябе Госпад сухотамі, гарачкаю, трасцай, сьпякотаю, засухаю, палючым ветрам і іржою, яны будуць мучыць цябе, пакуль ты ня будзеш зьнішчаны.
  23. І неба, каторае над галавой тваёй, зробіцца медзьдзю, а зямля пад табою — жалезам.
  24. Заменіць Госпад дождж на зямлі тваёй у пыл, а зь неба будзе падаць на цябе попел, пакуль ня зьнішчыць цябе.
  25. І аддасьць цябе Госпад на паражэньне ворагам тваім; адной дарогай будзеш ісьці на іх, а сямю дарогамі будзеш уцякаць ад іх, і станеш ты страхоцьцем для ўсіх каралеўстваў зямлі.
  26. Труп твой будзе пажываю усім птушкам паднебным і зьвярам зямным, і ніхто ня будзе адганяць іх.
  27. Дакране цябе Госпад праказай Эгіпецкай і балячкамі, каростаю і скуламі, каторых ня зможаш вылячыць.
  28. Пакарае цябе Госпад вар’яцтвам, сьлепатою і неспакоем сэрца.
  29. У поўдзень будзеш хадзіць навоб-мацак, як сьляпы навобмацак ходзіць у поцемках, і ва ўсіх справах тваіх ня будзеш мець посьпеху. Увесь час будзеш крыўджаны і рабаваны, і ня будзе каму ратаваць цябе.
  30. Заручышся з жонкай, а другі хто будзе спаць зь ёй. Будзеш будаваць дом, але ня будзеш жыць у ім, пасадзіш вінаграднік, але не зьбярэш пладоў яго.
  31. Вол твой будзе забіты на вачах у цябе і не пакаштуеш яго. Асёл твой будзе забраны і ня вернецца да цябе; авечкі твае будуць аддадзены ворагам тваім, і ня будзе каму дапамагчы табе.
  32. Сыны твае і дочкі твае будуць аддадзены іншаму народу на вачах тваіх, і ўвесь дзень будзеш, плачучы, выглядаць іх дарма, і ня будзе сілы ў руках тваіх.
  33. Плады зямлі тваёй і ўсю працу тваю зьесьць народ, якога ня ведаеш, і будзеш ты заўсёды крыўджаны і прыгнечаны ўвесь час.
  34. І звар’яцееш, бачачы тое, што пабачаць вочы твае.
  35. Дакране цябе Госпад балючымі скуламі на каленях і нагах, і ня зможаш вылечыцца, і пакрыюць цябе ад стопаў аж да чубу галавы.
  36. Цябе і караля твайго, каторага выбярэш, завядзе Госпад да народу, якога ня ведаў ты і бацькі твае, і будзеш служыць там багам чужым, дрэву і каменю,
  37. і будзеш страхоцьцем, і прыказкай, і пасьмешышчам усім народам, да якіх высяліць цябе Госпад.
  38. Насеньня многа кінеш у зямлю, а зьбярэш мала, бо шаранча паесьць усё.
  39. Вінаграднікі засадзіш, будзеш даглядаць, а віна піць ня будзеш, ды нічога зь іх не зьбярэш, бо будуць паедзены чарвякамі.
  40. Аліўкі будзеш мець на ўсіх межах сваіх, але ня выцісьнеш алею, бо змарнеюць і прападуць.
  41. Народзіш сыноў і дачок, але не пацешышся зь іх, бо павядуць іх у няволю.
  42. Усе дрэвы твае і плод зямлі тваёй паядуць жужлы.
  43. Чужынец, які жыве з табой на зямлі, падымецца па-над цябе і стане высокім, а ты зыйдзеш і будзеш нізкім.
  44. Ён будзе пазычаць табе, а ты не пазычыш яму; ён будзе галавой, а ты будзеш хвастом.
  45. І прыйдуць на цябе ўсе гэтыя праклёны, і будуць цябе перасьледваць, і зьдзеквацца над табой, пакуль не прападзеш, бо ня слухаў ты Госпада, Бога твайго, і не выконваў загадаў Ягоных і прыказаньняў, якія Ён даў табе.
  46. Яны будуць знакам і довадам табе і патомству тваёму навек.
  47. За тое, што ты не служыў Госпаду, Богу твайму, зь вясёласьцю і радасьцю сэрца твайго ў дастатку тваім,
  48. будзеш служыць ворагу твайму, каторага Госпад навядзе на цябе, у голадзе і смазе, у чаласьці і недастачы ўсяго, і ён павесіць ярмо жалезнае на карку тваім, пакуль ня вынішчыць цябе.
  49. Навядзе на цябе Госпад народ далёкі, з канца зямлі, як арол, наляціць народ гэты, мовы каторага ты не разумееш,
  50. народ жудасны, які не ўшануе старога і не пашкадуе дзіцяці.
  51. І ён зжарэ плод тваёй жывёлы і зборы зямлі тваёй, пакуль цябе ня выгубіць; і не пакіне табе пшаніцы, віна і алею, прыплоду жывёлы і прыплоду авец, пакуль цябе ня зьнішчыць.
  52. І возьме ён у аблогу цябе ва ўсіх гарадах тваіх, пакуль не разваліць муры твае моцныя і высокія, у якіх ты пакладаў надзею, ва ўсёй зямлі тваёй. І будзе трымаць цябе ў аблозе ва ўсіх гарадах, на ўсёй зямлі, якую даў табе Госпад, Бог твой.
  53. Будзеш ты есьці плод улоньня твайго, целы сыноў тваіх і дачок тваіх, якія даў табе Госпад, Бог твой, у аблозе ды ў бядзе, якімі прыцісьне цябе вораг твой.
  54. У цябе чалавек чульлівы і вельмі далікатны будзе ненавідзець брата свайго і жонку, якая туліцца да яго, і рэшту дзяцей сваіх, каторыя засталіся ў яго.
  55. Ня дасьць нікому ён целы сыноў сваіх, каторыя будзе есьці, бо ён ня будзе ўжо больш нічога мець дзеля аблогі і бяды, якімі вораг твой прыцісьне цябе ва ўсіх брамах тваіх.
  56. Жанчына ў цябе, вельмі чульлівая і далікатная, і так расьпешчаная, што не хацела нагі паставіць на зямлю дзеля далікатнасьці і расьпешчанасьці, цяпер ліхім вокам гляне на мужа ўлоньня свайго, на сына свайго і дачку сваю
  57. і ня дасьць ім ложышча, якое выйшла зь яе ўлоньня, і дзяцей, ёю народжаных, бо есьці іх будзе таемна дзеля нястачы ўсяго ў час аблогі і гора, якімі прыцісьне цябе вораг ва ўсіх брамах тваіх.
  58. Калі ня будзеш берагчы і выпаўняць усіх словаў гэтага Закону, якія напісаныя на гэтым скрутку, і ня будзеш баяцца гэтага слаўнага і страшнага імя Госпада, Бога твайго,
  59. то многа больш павялічыць Госпад плягі твае і плягі на патомства тваё, і кары цяжкія і доўгатрывалыя,
  60. і навядзе на цябе ўсе плягі Эгіпецкія, каторых ты баяўся, і нахлынуць яны на цябе.
  61. І ўсе хваробы і плягі, не запісаныя ў гэтым скрутку Закону, напусьціць Госпад на цябе, пакуль цябе ня выгубіць.
  62. І застанецёся вы ў малой лічбе, тады як раней вы былі, як зоркі на небе, у колькасьці сваёй, бо ня слухаў ты голас Госпада, Бога твайго.
  63. Як перад тым цешыўся Госпад з вас, добра вам робячы і памнажаючы вас, так будзе цешыцца з вас, нішчачы вас і сьціраючы з паверху зямлі, у якую ідзіцё, каб завалодаць.
  64. Госпад расьцярушыць вас сярод усіх народаў, ад канца да канца зямлі, і там будзеш ты служыць чужым багам, каторых ня ведаў ты і бацькі твае, дрэвам і каменьням.
  65. І ня будзеш ты мець супакою ў гэтых народаў, стапа тваёй нагі не супачыне. І дасьць там табе Госпад сэрца, дрыжачае ад страху, вочы, заплаканыя з тугі, і душу збалелую.
  66. Жыцьцё тваё будзе вісець перад табою; будзеш баяцца ноччу і днём, і ня будзеш пэўны жыцьця свайго.
  67. Нараніцы ты скажаш: “Хто дасьць мне дачакацца вечара?”, а ўвечары: “Хто мне дасьць дачакацца раніцы?” дзеля страху сэрца свайго, якое будзе баяцца дзеля ўсяго таго, што ўбачаць вочы твае.
  68. І верне цябе Госпад у Эгіпет на караблях тою дарогаю, пра якую Ён казаў табе, што ты яе больш не пабачыш; там будзеце вы прададзеныя ворагам вашым як нявольнікі і нявольніцы ды ня будзе каму купляць”.
  69. Гэткія вось словы запавету, які загадаў Госпад Майсею заключыць з сынамі Ізраэля ў зямлі Маабу, апрача запавету, які заключыў зь імі на Гарэбе.

Разьдзел 29

  1. І склікаў Майсей увесь Ізраэль, і сказаў ім: “Вы бачылі ўсё, што ў зямлі Эгіпецкай на вашых вачах зрабіў Госпад фараону і ўсім слугам ягоным, і ўсёй зямлі,
  2. тыя вялікія плягі, якія бачылі вочы вашыя, знакі і цуды вялікія,
  3. ды ня даў вам Госпад сэрца разумею-чага, вачэй бачачых і вушэй, каторыя маглі б чуць, аж да сягоньняшняга дня.
  4. І вёў я вас сорак гадоў праз пустыню; ня сьцёрліся адзеньні вашыя, сандалы на нагах вашых ад старасьці не знасіліся.
  5. Хлеба вы ня елі, віна і сікеры не пілі, каб вы ведалі, што Я — Госпад, Бог ваш.
  6. І прыйшлі вы потым на гэтае месца, і Сыгон, кароль Хешбону, і Ог, кароль Башану, выступілі супраць вас вайною, і мы іх пабілі.
  7. І забралі мы іхнюю зямлю, і аддалі яе на ўласнасьць пакаленьням Рубэна і Гада і палове пакаленьня Манасы.
  8. Дык захоўвавайце словы гэтага запавету і спаўняйце іх, каб мелі вы посьпех ва ўсім, што робіце.
  9. Вы стаіцё сёньня ўсе ў прысутнасьці Госпада, Бога вашага; князі вашыя, начальнікі пакаленьняў вашых, старшыні вашыя, судзьдзі, таксама кожны Ізраэлец,
  10. дзеці і жонкі вашыя, і чужаземец твой, каторы з табой прабывае ў табары, пачынаючы ад дрывасекаў аж да тых, каторыя чэрпаюць ваду,
  11. каб увайшоў ты ў запавет Госпада, Бога твайго, і прысягай запячтаў тое, што сёньня Госпад, Бог твой, заключыў з табою,
  12. каб зрабіць цябе сягоньня Сваім народам, і каб Ён быў тваім Богам, як прырок табе і як запрысяг Ён бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
  13. Ня толькі з вамі аднымі заключаю я гэты запавет і зацьвярджаю яго прысягай,
  14. але з усімі тут прысутнымі перад Госпадам, Богам нашым, і з тымі, каго сёньня тут няма.
  15. Вы ж ведаеце, як мы жылі ў зямлі Эгіпцкай і як ішлі між народамі, празь якія вы прайшлі.
  16. Бачылі вы брыдоты і ідалы іхнія, дрэвы і камяні, серабро і золата, якім яны пакланяліся.
  17. Хай ня будзе часам паміж вас мужчыны або жанчыны, сям’і або пакаленьня, каторага сэрца было б адвярнуўшыся ад Госпада, Бога вашага, каб ісьці і служыць багам гэтых народаў, ды каб гэтак не знайшоўся паміж вас корань, родзячы атруту і палын.
  18. Калі б хто чуў словы гэтага праклёну і патураў сабе ў сэрцы сваім, думаючы: “Супакой душы мець буду, хоць буду жыць у крывадушнасьці сэрца свайго,” той сьцягвае загубу на зямлю як наводненую, так і сухую.
  19. Госпад не даруе яму, але тады тым больш узгарыцца гнеў Ягоны і лютасьць супраць таго чалавека, і прыйдуць на яго ўсе праклёны, запісаныя ў гэтым скрутку, і выкрасьліць Госпад імя яго спад неба,
  20. і аддзеліць яго на загубу з усіх пакаленьняў Ізраэля, паводле ўсіх праклёнаў запавету, запісаных ў гэтай кнізе Закону.
  21. Тады будучыя пакаленьні, сыны вашыя, каторыя народзяцца пасьля вас, і здалёка прыйшоўшы чужынец убачаць плягі гэтае зямлі і немачы, якімі будзе караць яго Госпад, і скажуць:
  22. “Серка і соль, і пажарышча — уся яго зямля, так што ня будзе яна больш засяваная і не зазелянее яна, як пасьля загубы Садомы і Гаморы, Адмы і Цэбоіма, каторыя Госпад зьнішчыў у гневе Сваім і ярасьці”.
  23. Тады скажуць усе народы: “Чаму Госпад зрабіў так зямлі гэтай? Чаму так страшна ўзгарэўся Яго гнеў?”
  24. І адкажуць: “Бо пакінулі яны запавет Госпада, Бога бацькоў іхніх, які заключыў Ён зь імі, калі вывеў іх зь зямлі Эгіпецкай,
  25. і пайшлі, і служылі багам чужым, і пакланяліся ім, тым, каторых ня ведалі, і якіх Ён ім не прызначыў,
  26. таму узгарэўся гнеў Госпада супраць гэтай зямлі, і навёў Ён на яе ўсе праклёны, запісаныя ў гэтым скрутку.
  27. І выгнаў Ён іх зь зямлі іхняй у гневе, ярасьці і абурэньні страшным, і выгнаў іх у зямлю чужую, як гэта ёсьць сёньня”.
  28. Скрытае належыць Госпаду, Богу нашаму, а адкрытае — нам і сынам нашым аж навек, каб спаўнялі мы ўсе словы гэтага Закону.

Разьдзел 30

  1. Калі споўняцца на табе ўсе гэтыя словы дабраславенства і праклёну, каторыя я абвясьціў табе, і ты прымеш іх у сэрца сваё сярод усялякіх народаў, у якія выгнаў цябе Госпад, Бог твой,
  2. і вернешся да Яго, і будзеш слухаць Яго голас ва ўсім, што я сягоньня табе загадваю, ты і сыны твае, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
  3. тады адменіць Госпад, Бог твой, няволю тваю і пашкадуе цябе, і зноў сабярэ цябе з усіх народаў, у каторыя цябе перад тым выгнаў.
  4. Хоць бы ты быў выгнаны на канец неба, адтуль сьцягне і адтуль зьбярэ цябе Госпад, Бог твой, і возьме цябе,
  5. і ўвядзе ў зямлю, якую мелі бацькі твае, і атрымаеш яе ва ўладаньне, і дабра-славіць, і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.
  6. Госпад, Бог твой, абрэжа сэрца тваё і сэрца патомства твайго, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй, каб жыў ты.
  7. Тады зьверне Госпад, Бог твой, усе гэтыя праклёны на ворагаў тваіх і на тых, каторыя ненавідзяць цябе і крыўдзяць цябе.
  8. Ты вось навернешся, і будзеш слухаць голас Госпада, і выканаеш усе прыказаньні, якія я загадваю табе сягоньня.
  9. Госпад, Бог твой, дасьць табе посьпех ва ўсіх працах рук тваіх, у пладах улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ўрадлівасьці зямлі тваёй табе на дабро. Уласкавіцца бо Госпад, каб цешыцца зь цябе, даючы ўсякія даброцьці, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,
  10. калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і берагчы будзеш загады Ягоныя і прыказаньні, якія запісаны ў гэтым Законе, і навернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
  11. Загад гэты, які я табе сягоньня даю, ня ёсьць невыканальны для цябе, па-над магчымасьць тваю.
  12. Ня ў небе ён памешчаны, каб мог ты жаліцца: “Хто з нас будзе магчы ўзыйсьці ў неба і прынесьці яго нам, каб маглі мы пачуць і выканаць яго?”
  13. І не за морам ён, каб мог ты жаліцца і казаць: “Хто з нас можа пераплысьці мора і прынесьці яго да нас, каб мы маглі пачуць і выканаць тое, што загадана?”
  14. Але ж слова гэтае блізка каля цябе, яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб мог ты яго споўніць.
  15. Глядзі, я прапаную табе сягоньня жыцьцё і шчасьце, сьмерць і няшчасьце.
  16. Калі будзеш выконваць загады Госпада, Бога твайго, якія я загадваю табе сёньня, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў Яго дарогамі, і захоўваў Яго загады, і прыказаньні, і законы, будзеш жыць, і памножыць Ён цябе, і будзе дабраславіць табе ў зямлі, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.
  17. А калі адвернецца сэрца тваё і не захочаш слухаць, і, зьведзены, паклонішся багам чужым,  і будзеш ім служыць,
  18. то я прадказваю вам сягоньня, што прападзецё і за кароткі час пагінеце на зямлі за Ярданам, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.
  19. За сьведкаў клічу неба і зямлю, што прапаную вам жыцьцё і сьмерць, дабра-славенства і праклён. Дык выбірай жыцьцё, каб жыў ты і патомства тваё,
  20. і любі Госпада, Бога твайго, і слухай голас Яго, і туліся да Яго, Ён бо жыцьцё тваё і даўгавечнасьць твая, каб жыў ты на зямлі, якую абяцаў Госпад бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, што дасьць ім яе”.

Разьдзел 31

  1. Гэтымі яшчэ словамі прамовіў Майсей да ўсяго Ізраэля:
  2. “Маю ўжо сёньня сто дваццаць гадоў. Не магу больш хадзіць, і Госпад сказаў мне: “Не пяройдзеш ты Ярдан гэты”.
  3. Госпад, Бог твой, Сам пойдзе перад табою; Ён зьнішчыць гэтыя народы на віду ў цябе, і ты завалодаеш імі, і Ешуа пойдзе перад табою, як сказаў Госпад.
  4. І зробіць ім Госпад, як зрабіў Сыгону і Огу, каралям Амарэйцаў, і зямлі іхняй, зьнішчыўшы іх.
  5. І выдасьць Госпад іх вам, і зробіце вы зь імі паводле ўсіх прыказаньняў, якія я загадаў вам.
  6. Дзейнічайце мужна і будзьце адважнымі, ня бойцеся і не палохайцеся іх, бо Госпад, Бог твой, ёсьць правадыром тваім, Ён не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе”.
  7. Потым паклікаў Майсей Ешуа і сказаў яму перад усім Ізраэлем: “Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш народ гэты ў зямлю, якую запрысяг Госпад бацькам іхнім даць яе, і ты яе падзеліш жэрабем.
  8. А Госпад, Які ёсьць правадыром тваім, Сам будзе з табою, не пакіне цябе і не адступіцца ад цябе, дык ня бойся і не трывожся”.
  9. І напісаў Майсей Закон гэты і перадаў яго сьвятарам, сынам Левія, каторыя насілі каўчэг запавету Госпада, і ўсім старшыням Ізраэля.
  10. І загадаў ім Майсей, кажучы: “Па сямі гадах, у год адпушчэньня даўгоў, у сьвята Палатак,
  11. калі ўвесь Ізраэль прыйдзе на від Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбярэ Госпад, перачытаеш словы гэтага Закону ўголас перад усім Ізраэлем, каб чулі ўсе.
  12. Зьбяры ўвесь народ, мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і чужынцаў, каторыя пражываюць з табой, каб яны шукалі і вучыліся баяцца Госпада, Бога вашага, і бераглі, і спаўнялі ўсе словы гэтага Закону.
  13. Таксама сыны іхнія, каторыя яшчэ ня ведаюць гэтага, хай слухаюць і вучацца баяцца Госпада, Бога вашага, усе дні, як доўга будзеце жыць на зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, ідзіцё атрымаць на ўласнасьць”.
  14. І сказаў Госпад Майсею: “Вось жа набліжаецца дзень сьмерці тваёй. Пакліч Ешуа і станьце ў Палатцы Сустрэчы, і Я дам яму даручэньні”. Дык Майсей і Ешуа пайшлі і сталі ў Палатцы Сустрэчы.
  15. І Госпад аб’явіўся там у воблачным стаўбе, які стаяў ля ўваходу ў палатку.
  16. І сказаў Госпад Майсею: “Вось жа ты засьнеш з бацькамі сваімі, а народ гэты паўстане, каб распуставаць з чужымі багамі гэтай зямлі, у каторую ўвойдзе; і пакінуць яны Мяне, і парушаць запавет, які Я заключыў зь імі.
  17. І ўзгарыцца гнеў Мой супраць яго ў той дзень, і пакіну Я іх, і схаваю аблічча Маё ад іх, і будзе ён на загубу; прыйдуць на яго многія беды і ўціскі, так што скажа ён у той дзень: “За тое, што няма Бога са мной, нахлынулі гэтыя беды на мяне”.
  18. Я вось схаваю і не пакажу аблічча Майго ў той дзень дзеля ўсіх злачынстваў, якіх ён дапусьціўся, бо пайшоў ён за багамі чужымі.
  19. Запішыце цяпер сабе гэты гімн. Навучы яму сыноў Ізраэля, каб быў ён на вуснах іх, і гэтая песьня будзе Мне сьведкаю супраць сыноў Ізраэля.
  20. Бо Я ўвяду яго ў зямлю, якую запрысяг Я бацькам яго, аплываючую ў малако і мёд. І будзе ён есьці, і наесца да сытасьці, у сытасьці павернецца да чужых багоў, і будзе служыць ім, а Мною ўзгардзіць і разарве запавет Мой.
  21. А калі наведаюць яго многія беды і крыўды, гэтая песьня будзе сьведчыць супраць яго, бо вусны патомкаў яго яе не забудуцца. Я бо ведаю думкі ягоныя, што ён робіць сягоньня, перш, чым увяду яго ў зямлю, каторую абяцаў яму”.
  22. Дык запісаў Майсей гэтую песьню ў той дзень і навучыў яе сыноў Ізраэля.
  23. А Госпад загадаў Ешуу, сыну Нуна, кажучы: “Будзь мужным і моцным, бо ты ўвядзеш сыноў Ізраэля ў зямлю, якую Я абяцаў ім, а Я буду з табою”.
  24. Дык калі Майсей закончыў пісаць словы гэтага Закону ў кнізе,
  25. то загадаў левітам, каторыя насілі каўчэг запавету Госпада, кажучы:
  26. “Вазьміце гэтую кнігу Закону і ўлажыце яе побач каўчэгу запавету Госпада, Бога вашага, каб была яна сьведкам супраць цябе.
  27. Я вось знаю ўпартасьць тваю і цьвёрды твой карак. Вось і зараз, калі жыву з вамі, заўсёды вы былі ўпартыя адносна Госпада, а тым больш па сьмерці маёй.
  28. Зьбярыце да мяне ўсіх старшыняў пакаленьняў вашых, а таксама начальнікаў вашых, каб сказаць мне ў вушы іхнія словы гэтыя і паклікаць супраць іх неба і зямлю на сьведкаў.
  29. Бо я ведаю, што пасьля маёй сьмерці ліхоту чыніць будзеце і адвернецеся ад дарогі, якую я вам загадаў, і напаткаюць вас у апошнія часы няшчасьці, калі дапусьціцеся ліхоцьця на віду Госпада і разгневаеце Яго ўчынкамі рук вашых”.
  30. Дык прамаўляў Майсей да ўсяго сабраўшагася Ізраэля словы гэтай песьні аж да канца:

Разьдзел 32

  1. “Слухайце, нябёсы, што я гавару, і хай чуе зямля словы вуснаў маіх!
  2. Хай цячэ, як дождж, навука мая, хай падае, як раса, мова мая, як імгла, хай імжыць на траву ды, як кроплі, капае на зямлю.
  3. Бо прызываць я буду імя Госпада, дык дайце хвалу Богу нашаму!
  4. Ён — скала, і дасканалыя творы Яго, бо ўсе шляхі Яго справядлівыя. Бог верны, і няма ў Ім няпраўды, Ён беззаганны і справядлівы.
  5. Саграшылі супраць Яго, не Яго гэта дзеці, пакаленьне паганае і ліхое.
  6. Чым аднагараджаеце Госпаду, народ дурны і сапсуты? Ці ж Ён ня Бацька твой? Ён стварыў цябе і трымае пры жыцьці цябе.
  7. Памятай аб днях даўнейшых, разважай пра паасобныя пакаленьні; папытайся бацькі свайго, і ён скажа табе, старшынь тваіх, і яны раскажуць табе.
  8. Калі надзяляў Узвышні народы, калі разьдзяляў сыноў Адама, Ён вызначыў межы народам паводле лічбы сыноў Ізраэля.
  9. Уласнасьць Госпада – народ Ягоны. Якуб — удзел спадчыны Ягонай.
  10. Ён знайшоў яго на зямлі пустыннай, у месцы жаху, Ён хадзіў за ім і глядзеў, і сьцярог яго, як зрэнку вока Свайго.
  11. Як арол прынукае лятаць птушанятаў сваіх і над імі кружляе, раскінуўшы крылы свае, і бярэ іх ды нясе на крылах сваіх,
  12. так Госпад Сам вадзіў яго, і не было зь ім бога чужога.
  13. І паставіў яго на высокай зямлі, каб спажываў плады палёў, каб піў мёд са скалы і алей зь цьвёрдага каменя,
  14. масла кароў і малако авец, лой бараноў і ягнятаў Башану, і казлоў разам з найчысьцейшай пшаніцай, і каб піў кроў вінаграду адборнага.
  15. Насыціўся Ешурун і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і гладкі, і пакінуў Бога, Творцу свайго, і зьняважыў скалу збаўленьня свайго.
  16. І гневалі яны Яго багамі чужымі ды брыдотамі прынукалі да гневу.
  17. Ахвяры складалі яны дэманам, а ня Богу, багам, каторых ня ведалі; новым, каторыя нядаўна зьявіліся, каторым не пакланяліся бацькі іхнія.
  18. Заступніка, каторы цябе нарадзіў, пакінуў ты, не памятаў ты Госпада, Творцу свайго.
  19. Убачыў гэта Госпад і абурыўся, бо гнявілі Яго сыны Ягоныя і дочкі.
  20. Дык сказаў: “Схаваю аблічча Маё ад іх і пабачу будучыню іхнюю, бо пакаленьне гэта ліхое, сыны няверныя.
  21. Яны ўгнявілі Мяне тым, што ня богі, неразумнасьцю сваёй раздражнілі Мяне; а Я ўгняўлю іх тым, што не народ, народам дурным раздражню іх.
  22. Узгарэўся агонь ярасьці Маёй і будзе гарэць аж да найглыбейшага пекла, і спаліць зямлю з расьліннасьцю яе, і спапяліць падваліны гор.
  23. Я зьбяру на іх няшчасьці, пушчу на іх стрэлы Мае.
  24. Будуць мораны яны голадам, паляны трасцаю і лютай пошасьцю, і пашлю Я на іх зубы зьвяроў і атруту поўзаючых у пыле зьмеяў.
  25. На двары будзе нішчыць іх меч, а ў дамах — жах, юнака разам зь дзяўчынаю, немаўля разам са старым чалавекам.
  26. Я сказаў: Вынішчу іх і спыню ў людзей памяць пра іх.
  27. Але спыніў гэта дзеля пыхлівасьці ворагаў, каб ворагі іхнія не вывышаліся і не казаліі: “Рука нашая ўзьнятая, а ня Госпад зрабіў усё гэта!”
  28. Народ бо гэта бязрадны і неразважны.
  29. Ці ж разважаюць яны, і ці зра-зумеюць гэта, і ці змогуць прадбачыць будучыню сваю!
  30. Ці мог бы адзін гнаць тысячу, а дваіх адганяць дзесяць тысячаў, калі б Заступнік іх не пакінуў іх, і Госпад ня выдаў іх?
  31. Бо іхні заступнік не такі, як наш Заступнік; і ворагі нашыя сьведкі ў гэтым.
  32. Бо вінаград іх ад вінаграднага ўшчэпу Садомскага і з палёў Гаморскіх. Ягады іхнія атрутныя і гронкі – як палын.
  33. Віно іхняе — атрута зьмяіная і сьмяротная атрута гадзючая.
  34. Ці ж гэта не схавана ў-ва Мне і не заагледжана пячацьцю ў скарбніцах Маіх?
  35. У свой час Мая помста і аднагарода ў час, калі пахісьнецца нага іхняя! Блізка ўжо дзень загубы і надыходзіць рашэньне лёсу іхняга.
  36. І будзе судзіць Госпад народ Свой, і пашкадуе Ён слугаў Сваіх; калі ўбачыць, што рука іх аслабла і што няма ні нявольнікаў, ні вольных.
  37. І скажа: “Дзе ж багі іхнія, скала, у якой яны пакладалі надзею,
  38. што елі тлустасьць ахвяраў, і пілі віно іх вадкіх ахвяраў? Хай устануць і дапамогуць вам, і хай у бядзе абароняць вас!
  39. Паглядзіце цяпер, што Я — адзіны, і няма Бога апрача Мяне, Я забіваю і Я даю жыць, Я калечу і аздараўляю, і няма такога, хто б з Маёй рукі мог вырвацца.
  40. Падыму Я аж да неба руку Маю і скажу: “Жыву вечна!”
  41. Калі Я вывастру Мой меч бліскучы і рука Мая выканае прысуд, адпомшчу Я ворагам Маім, і тым, што ненавідзяць Мяне, аднагараджуся.
  42. Насычу кроўю стрэлы Мае і меч Мой насыціцца мясам, крывёй забітых і палонных, галовамі варожых правадыроў!”
  43. Хваліце, народы, народ Ягоны, бо адпомсьціць Ён кроў слугаў Сваіх і міласьцівы будзе да зямлі народу Свайго”.
  44. Дык пайшоў Майсей зь Ешуа, сынам Нуна, і пераказаў усе словы гэтае песьні ў вушы народу.
  45. Калі Майсей скончыў пераказваць усе гэтыя словы ўсяму Ізраэлю,
  46. сказаў ім: “Захавайце ў сэрцы вашым ўсе словы, якія я вам сёньня аб’яўляю, і загадайце вашым дзецям берагчы іх, і спаўняць усе словы гэтага Закону.
  47. Бо слова гэтае ня ёсьць для вас малаважнае, але гэта жыцьцё вашае; і ў слове гэтым доўга жыць будзеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, увойдзеце, каб завалодаць ёю”.
  48. У той самы дзень сказаў Госпад Майсею:
  49. “Узыйдзі на гэтую гару Абарым, на гару Нэбо, якая ў зямлі Маабу супраць Ерыхону, і паглядзі на зямлю Ханаан, якую Я дам сынам Ізраэля на ўласнасьць.
  50. І памрэш ты на гары, на каторую ты ўзыйдзеш, і далучыўся да народу свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народу свайго.
  51. Бо саграшылі вы адносна Мяне між сынамі Ізраэля пры водах Мэрыбы каля Кадэшу, на пустыні Цын, бо ня выявілі пашаны да Мяне сярод сыноў Ізраэля.
  52. Таму толькі здалёк убачыш тую зямлю, але ты сам ня ўвойдзеш у тую зямлю, каторую Я даю сынам Ізраэля”.

Разьдзел 33

  1. Вось гэта дабраславенства, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраэля перад сваёй сьмерцю.
  2. Ён сказаў: “Госпад прыйшоў з Сынаю і з Сэіру зьявіўся ім; зьявіўся з гары Паран і прыбывае з Мэрыбы пад Кадэш, зь Яго правіцы агонь палае.
  3. Сапраўды Ён любіць народы, усе сьвятыя Яго ў руцэ Ягонай, і тыя, каторыя туляцца да ног Тваіх, слухаюць мудрасьць з навукі Тваёй.
  4. Закон даў нам Майсей, спадчыну супольнасьці Якуба.
  5. І быў выбраны ў Ешуруна кароль на сабраньні князёў народу разам з пакаленьнямі Ізраэля.
  6. Хай жыве Рубэн і хай не ўмірае, хоць ён невялікі лікам.
  7. Гэткае дабраславенства Юды: “Выслухай, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народу Свайго. Рука ягоная ваяваць будзе за яго, а Ты ўспаможаш яго супраць ворагаў ягоных”.
  8. Да Левія таксама сказаў: “Твае тумім і ўрым дай чалавеку сьвятому Твайму, якога выставіў Ты на выпрабаваньне ў Масе і з каторым спрачаўся ля водаў Мэрыбы.
  9. Ён аб бацьку сваім і маці сваёй сказаў: “Ня ведаю вас”. І ня ведае братоў сваіх і дзяцей сваіх. Так берагуць яны словы Твае і запавет Твой захоўваюць.
  10. Вучаць яны пастановам Тваім Якуба і Закону Твайму Ізраэля; і паляць кадзіла перад Табою і цэлапаленьні на ахвярнiку Тваім.
  11. Дабраслаў, Госпадзе, моц ягоную i прымі творы рук ягоных. Стаўчы сьцёгны непрыяцелям ягоным, і тыя, што зьне-навідзелі яго, хай не падымуцца”.
  12. Аб Бэн’яміне сказаў: “Умілаваны Госпадам будзе пражываць упэўнена зь Ім, Узвышні будзе апекавацца ім увесь дзень, і супачыне ён на руках Яго”.
  13. Аб Язэпе таксама сказаў: “Дабра-слаўлена Госпадам зямля ягоная дарамі неба, расою, а таксама крыніцамі бездані падземнай,
  14. дарамі сонца і пладамі месяцаў,
  15. багацьцем гор адвечных і дарамі ўзгоркаў векавых,
  16. пладамі зямлі і багацьцем яе. Дабра-славенствы Таго, Хто аб’явіўся ў кусьце, сплывуць на галаву Язэпа і на галаву пасьвячонага пасярод братоў сваіх.
  17. Прыгажосьць яго – як першароднага быка, і рогі яго – як рогі буйвала, імі збадае народы аж да канца зямлі. Такая шматлікасьць Эфраіма, і такія тысячы Манасы”.
  18. Аб Забулёне сказаў: “Цешся, Забулён, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у палатках тваіх!
  19. Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры справядлівасьці. Яны будуць карыстацца шчодрасьцю мора і багацьцямі, схаванымі у пяску”.
  20. Аб Гадзе вось што сказаў: “Дабра-слаўлены, хто пашырае Гада! Як леў будзе ён адпачываць, разарве ён плячо і галаву.
  21. І ён убачыць найлепшае для сябе, бо там памешчана частка правадыра, і быў ён з князямі народу, і рабіў справядлівае перад Госпадам і прысуды Ягоныя адносна Ізраэля”.
  22. Пра Дана гэтак сказаў: “Дан — ільвянятка, каторае выскоквае часта з Башану”.
  23. Пра Нэфталі сказаў: “Нэфталі перапоўнены спагаднасьцю і поўны будзе дабраславенства Госпадавага; завалодае морам і поўднем”.
  24. Аб Асэры вось што сказаў: “Дабра-слаўлены Асэр між сынамі! Ён будзе падабацца братам сваім і будзе мачыць у алею нагу сваю.
  25. З жалеза і медзі засаўкі твае, як дні твае, трывае сіла твая”.
  26. Няма другога такога, як Бог Ешуруна, Каторы ідзе па небе на дапамогу табе ды ў славе Сваёй па воблаках.
  27. Прыбежышча тваё — Бог адвечны, абарона твая — рукі вечныя. Ён выганіць перад табою ворага і скажа: “Зьнішчы”.
  28. Ізраэль будзе жыць бясьпечна, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю, багатую хлебам і віном, і нябёсы яго сыплюць расу.
  29. Шчасьлівы ты, Ізраэль, хто ж падобны табе? Народ, беражоны Госпадам, Ён – шчыт абароны тваёй і меч славы тваёй. Ворагі твае скараюцца перад табой, і ты будзеш таптаць іх каркі”.

Разьдзел 34

  1. Дык Майсей з раўніны Маабу ўзыйшоў на гару Нэбо, на вяршыню Пісга насупраць Ерыхону. І паказаў яму Госпад усю зямлю Гілеад аж да Дану,
  2. і ўсю зямлю Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, i ўсю зямлю Юды аж па заходняе мора,
  3. Нэгэб і абшар раўніны Ерыхону, гораду пальмаў, аж да Цоару.
  4. І сказаў Госпад яму: “Гэта ёсьць тая зямля, якую Я запрысяг Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы: “Я дам яе патомству твайму”. Бачыў ты яе вачыма сваімі, але ня ўвойдзеш у яе”.
  5. Там, у зямлі Маабу, з волі Госпада памёр Майсей, слуга Божы.
  6. І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Маабу насупраць Бэт-Пэору. І ніхто зь людзей ня ведае магілы ягонай па сёньняшні дзень.
  7. Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы яго не прыцьміліся, і быў ён поўны сілы.
  8. Плакалі дзеля сьмерці Майсея сыны Ізраэля трыццаць дзён на раўніне Маабу. Пасьля скончыліся дні жалобы па Майсею.
  9. Ешуа, сын Нуна, на каторага Майсей усклаў рукі, быў поўны духа мудрасьці. І слухалі яго сыны Ізраэля, і рабілі ўсё, як загадаў Госпад праз Майсея.
  10. І не знайшоўся больш у Ізраэлю прарок такі, як Майсей, каторага ведаў бы Госпад тварам у твар
  11. і каторага б паслаў чыніць у зямлі Эгіпецкай перад фараонам і перад слугамі яго, і перад усёй зямлёй яго
  12. такія знакі і цуды, якія чыніў Майсей на вачах усяго Ізраэля.